be

Бароўскі Анатоль

Бароўскі Анатоль

Нарадзіўся 12 траўня 1942 года ў вёсцы Крушнікі Мазырскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і настаўніка. Але маці сказала, што я нарадзіўся годам пазней, – баяліся пытанняў ад строгіх уладаў: чаму я гэта нарадзіўся пасярод вайны? Так што сапраўдны мой год нараджэння 1943 год.

Бацька – Мікола Сямёнавіч – вучыў дзяцей расейскай мове. Маці – Ганна Іванаўна – працавала па хатняй гаспадарцы, выхоўвала дваіх дзяцей: мяне і брата майго Міколу. Чамусьці бацьку перакідвалі з адной школы ў другую – то беларуская яна была, то расейская. Гэта наклала нейкі адмоўны адбітак на маю вучобу. Не давалася мне хімія і алгебра, фізіка і матэматыка. Ці настаўнікі былі не педагогамі, ці я сам не мог зразумець той навукі. Але калі мяне прасілі напісаць складана-залежны сказ на дошцы (на роднай мове ці расейскай), то і месца не хапіла на дошцы. Здаралася, што пісаў знарок з памылкамі, але настаўнікі іх не бачылі, значыць, і самі не ведалі дасканала свайго прадмета…

Вучыўся ў розных школах Магілёўшчыны і Гомельшчыны. Сярэднюю школу скончыў у вёсцы Асавец (1960) Мазырскага раёна. Працаваў нейкі час у калгасе, потым на Мазырскім заводзе жалезабетонных вырабаў у Мазыры, настаўнікам пачатковых класаў непадалёк ад сваёй вёскі – у Турбінцы.

У 1961 годзе паступіў вучыцца ў Мазырскі педінстытут. Правучыўся да сакавіка 1962 года і позва ваенкамата паклікала ў войска. З 1962 па 1964 год служыў у Групе Савецкіх войскаў у Нямеччыне. Вярнуўся ў Мазыр, працягваў вучыцца завочна і працаваў у Мазырскай газеце “Камуніст Палесся”. Працаваў інструктарам райкама партыі, – так што пра жыццё гэтай арга-нізацыі вядома не з вуснаў іншых, а сам варыўся ў той чорнай смале хлусні і падману і, як літаратар, расказваў пра тое ў сваіх творах.

У 1968 годзе зноў паклікалі, пад прымусам ужо, служыць у войска – афіцэрам, лейтэнантам, так званым “двухгадавіком”, на працягу двух гадоў – у Полацку. Лічыць другім “чорным перыядам” свайго жыцця – пасля працы ў гаркаме. Служыў начальнікам клуба без клуба.

Пасля зноў вярнуўся ў Мазыр. Працаваў адказным сакратаром гарадской арганізацыі таварыства “Веды” на працягу трох гадоў. Потым перайшоў працаваць у гаркам партыі, спадзеючыся, што на гэтай працы выдзеляць жыллё. Надзеі не спраўдзіліся. Бо Малафееў і яго памагатыя сваёй адмовай ледзьве не адправілі на той свет... Не дабыўшы і года на гэтай пасадзе, перайшоў працаваць намеснікам дырэктара ПТВ геалогіі.

Працуючы ў вучылішчы, напісаў нарыс “На далёкай буравой” і даслаў у газету “Чырвоная змена”. Нарыс заняў першае месца ў конкурсе. Валодзя Касько, тадышны рэдактар, запрасіў працаваць у газету. Так, з 1975 года – уласны карэспандэнт газеты “Чырвоная змена” па Гомельскай, а пасля і па Берасцейскай абласцях. Пятнаццаць гадоў працы ў гэтай газеце адыгралі сваю дадатную ролю ў станаўленні як публіцыста, так і пісьменніка. З 1990 года – сябра Саюза пісьменнікаў СССР і БССР.

Друкавацца пачаў з 1961 года, змясціўшы першыя вершы ў раённай петрыкаўскай газеце. Падчас службы друкаваў свае апавяданні, вершы і нарысы ў газетах “Чырвоная змена” і ў газеце (ГСВГ) “Савецкая Армія”. Нарыс “Іван Нахаба” заняў другое месца ў конкурсе, які аб’явіла вайсковая газета.

У 1979 годзе надрукаваў аповесць “Тросніца” ў часопісе “Маладосць” №3. Рэдактарам тады быў слынны паэт Генадзь Бураўкін, які ўбачыў “нешта” ў прапанаванай аповесці і даў ёй “зялёнае святло”.

У 1980 годзе выйшла ў свет кніга “Надзейная змена” ў выдавецтве “Беларусь”. У гэтыя гады друкуе свае нарысы ў рэспубліканскіх газетах і часопісах. За нарыс “Поле Радкевічаў” (1980) стаў лаўрэатам прэміі часопіса “Маладосць”.

Добрым словам заўсёды падтрымліваў Сцяпан Кухараў, супрацоўнік часопіса, дапамагаў у асваенні літаратурных вяршыняў. Але найбольш з усіх пісьменнікаў, якія сталі дарадцамі і сябрамі, удзячны Уладзіміру Дамашэвічу. Яго парады і вучоба сталі для будучага пісьменніка самым галоўным літаратурным універсітэтам...

У 1982 годзе аповесць “Тросніца” выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” пад агульнай назвай “Знаёмства”, у якую былі ўключаныя тры аўтары.

У часопісе “Маладосць” надрукаваў у 1986 годзе (№7) аповесць “Да свайго берага”.

У суаўтарстве з А.Бачурынскім (дырэктарам Гомельскай ЦЭЦ-2) выдаў літаратурна-публіцыстычную кнігу “Цеплыня” – 1996 год.

“Чорны бусел – белы цень” – кніга публіцыстыкі пра энергетыкаў гомельшчыны, якія працавалі ў чарнобыльскай зоне, – выйшла у 1997 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” і была вылучаная на дзяржаўную прэмію імя К.Каліноўскага. Прэмію, на жаль, не атрымала.

У выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў 2002 годзе ўбачыла свет кніга фантастычна-фантасмагарычных аповесцяў і апавяданняў “Пякельны рай».

У першай кніжцы 2003 года часопіса “Маладосць” надрукаваная аповесць “Сцеражыся майго гневу” (часопісны варыянт).

У другім нумары часопіса “Полымя” 2003 года расказаў пра свой родны горад Мазыр – нарыс “Бурштынавы бераг Прыпяці”.

Выдаў кнігу вершаў “Заручуся з бліскавіцай”.

Пераклаў свой жа раман “Спакушэнне” на расійскую мову, выдаў у менскім выдавецтве “Асобны”.

“Будуем заўтрашні дзень” – кніга (2008 год) публіцыстыкі пра працоўны калектыў “Белэнергабуд”, што знаходзіцца ў Менску.

Выдаў дакументальны раман “Мы – Юніцкія” пра геніяльнага вынаходніка-беларуса Анатоля Юніцкага, акадэміка Расійскай Акадэміі навук, – нарадзіўся на Брагіншчыне Гомельскай вобласці.

Сёння выступае ў друку як празаік, публіцыст, паэт і мастак.

Быў абраны старшынёй Гомельскай абласной грамадскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы (ТБМ) імя Францішка Скарыны і больш за дваццаць гадоў узначальваў гэтую арганізацыю.

Сёння з’яўляецца старшынёй Гомельскай абласной грамадскай арганізацыі “Гомельскае аддзяленне беларускіх пісьменнікаў” – СБП.

Бароўскі Анатоль. Выданьні

Апавяданні
epub

Апавяданні

Апавяданні і абразкі
Бароўскі Анатоль

Завіруха ўсчалася яшчэ з вечара… Скуголіў, шараваў свае бакі аб шурпатыя сцены хатаў вірлівы вецер, біліся адна аб адну галінкі-рукі дрэваў, гухкала нешта за сценамі, аж уздрыгвала, здаецца, хата. Гуло пагрозліва ў коміне печы, быццам нячысцікі скакалі на нарышчы, наладжваючы свае скокі, стараліся знесці... Болей »

Ахутавана
epub

Ахутавана

Аповесць
Бароўскі Анатоль

Адкуль прыйшлі да мяне гэтыя радкі, я не ведаў. Яны нарадзіліся самі, без майго жадання. Складаць іх я не збіраўся, толькі ў думках нашэптваў словы. Падумалася: а мо хто падслухаў мае радкі і паклаў іх на паперу. Але хто? Верш я знайшоў у сваім стале. Замок у мяне быў адмысловы, і ніхто не мог адамкнуць... Болей »

Алачка, альбо норавы савецікусаў
epub

Алачка, альбо норавы савецікусаў

Аповесць
Бароўскі Анатоль

Алачка любіла раскошу. Не так каб і надта, але ўсё ж... Дробязныя перашкоды ці бытавая неўладкаванасць раздражнялі і прыгняталі яе, быццам напаміналі, што яна такая ж, як і ўсе. Ну, амаль усе, у якіх нечага не стае, у нечым маюць патрэбу, праз што і пакутуюць простыя смяротныя, сварацца, нават ненавідзяць... Болей »

Муха
epub

Муха

Аповесць
Бароўскі Анатоль

Мая госця праяўляла ўсё большую надакучлівасць – звінела пад столлю, як спявала нейкую нудную песню… «Адчапіся… – адпрэчыў думкава, не расплюшчваючы вачэй, ува мне пачынала ўжо нараджацца слабая злосць на яе за тое, што яна дражніцца, цьвеліць з мяне, стараецца вывесці з душэўнай раўнавагі. – Адчапіся... Болей »

Сцеражыся майго гневу
epub

Сцеражыся майго гневу

Аповесць
Бароўскі Анатоль

Маўчун успоўз старому чараўніку на грудзі. Ён, вуж, ведаў, што старога блажыла, што яму было кепска яшчэ звечара, калі легла за балотам у мяккія імхі счырванелае сонца. Але тады трывожны покліч не даходзіў да паўзучай істоты, і тым больш дзед сам не прасіў помачы, – ужо нат і не спадзяваўся на яе...... Болей »

Замалі мой грэх
epub

Замалі мой грэх

Аповесць
Бароўскі Анатоль

За акном – цемрадзь. За акном – цішыня... Нават галінка ясакору, што настойліва церлася аб тоўстую шыбіну акна, напамінаючы пра сябе, аціхла, супакоілася... А то на нейкі момант блісне ў шыбы зыркае святло ад фар легкавушак, што ўязджаюць у вароты бальніцы, ды зноў сутонніцца ноч у двары. У акно кабінета... Болей »

Вужык
epub

Вужык

Аповесць
Бароўскі Анатоль

– Тады скажыце, калі ласка, а вы самі ў той час дзе знаходзіліся, калі не сакрэт? Позірк у следчага спакойны, у шэрых вачах – абыякавасць, падобная на стому. Было ўражанне, што ён і папытаўся нехаця, яму і не трэба быў адказ. Бо ён яго ведаў загадзя. Кожны раз, калі прамаўляў свае пытанні, правае брыво... Болей »

Вужык. Голуб на плячы. Дак
epub pdf

Вужык. Голуб на плячы. Дак

Аповесці
Бароўскі Анатоль

Другі том выдання складаюць аповесці, апавяданні і нарыс пра родны горад Мазыр. Перапляценне розных жанраў – прытчы і казкі, фантасмагорыя і фантазія... Усё пераплецена і ўзаемазвязана, і ўсе творы пранізаны дабрынёй і шчырасцю, клопатам і занепакоенасцю будучым лёсам роднага краю; характары герояў выпісаны... Болей »

Воляй абраны. Дамова на спакусу
pdf epub fb2 mobi

Воляй абраны. Дамова на спакусу

Раманы
Бароўскі Анатоль

У першую кнігу аўтар уключыў два раманы – “Воляй абраны” і “Дамова на спакусу”. Першы раман – пра падзеі 1863-га года, пра вызвольнае паўстанне супраць расійскага царызму, якое ўзначаліў Кастусь Каліноўскі. Пра каханне кіраўніка паўстання і яго нарачонай – Марыі Ямант. Аўтар паспрабаваў з вышыні сённяшняга... Болей »

Мы - Юницкие (ХIX - XX - XXI стст.)
pdf

Мы - Юницкие (ХIX - XX - XXI стст.)

Документальный роман
Боровский Анатоль

Анатолия Юницкого – я знаю лет двадцать пять, если не больше. Первый раз мы с ним встретились в то время, когда я работал в молодёжной газете, и со своей коллегой Галиной Пшоник брали у Анатолия интервью. Он на то время был уже известным изобретателем, о нём писали в газетах. Мы долго сидели в гостиничной... Болей »

Камунікат.org – Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у друку спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая.
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у Інтэрнэце прамая гіпэрспасылка на Kamunikat.org абавязковая.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк
Fundacja Kamunikat.org | KRS 0000735360 | NIP 5423316380 | REGON 380450384 ul. Proletariacka 11 |15-449 Białystok| Polska
Правы © 2000-2024 by Kamunikat.org