Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва

Беларускія эміграцыйныя калекцыі

Дадатак да альманаху "Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва" (№36. Нью-Ёрк – Менск, 2013)

Мультымэдыйнае выданьне Укладальнік: Натальля Гардзіенка

Да калекцыіНа галоўную

Творы мастацтва

Сярод беларусаў у паваеннай эміграцыі была адметная колькасьць мастакоў. Іх творы часам прэзэнтаваліся на тых ці іншых выставах, выявы публікаваліся на старонках пэрыёдыкаў. Лёс жа твораў пасьля сьмерці мастака складваўся па-рознаму. На жаль, адмысловы музэй эміграцыйнага мастацтва ня быў створаны. Мэтанакіраваным зьбіраньнем працаў амаль не займаліся. Бадай, адзінай установай, дзе творы эміграцыйных мастакоў знаходзілі прытулак найчасьцей, была Беларуская бібліятэка імя Ф. Скарыны. Аднак абмежаваная плошча не дазваляла стварыць вялікую калекцыю. Тое ж, што захоўваецца, як і наогул фэномэн беларускага эміграцыйнага мастацтва, патрабуе спэцыяльнага сур’ёзнага вывучэньня.

Асобныя творы мастацтва, пераважна партрэты, у тым ліку аўтарства мастака Пётры Мірановіча, захоўваюцца ў Фундацыі П. Крэчэўскага. Сюды ж быў перададзены Лявонам Юрэвічам атрыманы ад Барыса Рагулі партрэт сэнатара Васіля Рагулі, напісаны мастаком Міхасём Саўкам.

Шмат твораў мастацтва захоўваецца ў прыватных калекцыях. Прыкладам, у зборы Лявона Юрэвіча захоўваюцца творы Янкі Юхнаўца, Аляксандра Ісачова, “Беларусачка” Івонкі Сурвілы, “Сланечнікі” Галіны Русак.

Беларускі інстытут навукі й мастацтва адмысловым зьбіраньнем твораў мастацтва не займаўся. Аднак некаторыя працы таго ці іншага аўтара маглі трапіць туды разам зь нейкімі асабістымі архівамі, у працэсе ліставаньня з кіраўніцтвам інстытуту й г.д. Тут можна знайсьці, прыкладам, невядомыя шырокай публіцы арыгінальныя мастацкія працы Янкі Юхнаўца. Разам з паперамі Надзеі Абрамавай-Тэадаровіч у зборах БІНіМу апынуліся малюнкі яе бацькі Аляксандра Сушчынскага. У якасьці ілюстрацыяў да альманаху “Конадні” дасылаў свае малюнкі ў БІНіМ беларускі мастак, што жыў у Аўстраліі, Аляксандар Раманоўскі. Магчыма, яшчэ з часоў паваенных лягераў DP захоўваліся ў паперах Вітаўта Тумаша ці Антона Адамовіча дасланыя Алесем Салаўём зробленыя ім эскізы ілюстрацыяў да зборніку “Сіла гневу”. Дакладны шлях тых ці іншых мастацкіх твораў у зборы Інстытуту бывае складана прасачыць. Тым ня менш, і накіды Міхася Наўмовіча з Францыі тут трапляюцца, і эскізы беларускіх марак ды грошай, зробленыя Ўладзімерам Шыманцом.

БІНіМаўская калекцыя, не зьбіраная сыстэматычна, тым ня менш, мае сваю цікавасьць для дасьледнікаў гісторыі беларускага мастацтва на эміграцыі.

КАЛЕКЦЫІ