Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Пра мытніка і фарызэя

(Лук. 18, 10-14)

Аднойчы Хрыстос сказаў да некаторых самаупэўненых у тым, што яны справядлівыя, і якія іншых мелі ў пагардзе, прытчу пра фарызэя і мытніка. Першы зь іх, перакананы ў сваёй справядлівасьці, стаў самаўпэўнена ў храме на бачным месцы і ганарыста маліўся: „Дзякую Табе, Божа, што я не такі як іншыя людзі: зьдзірцы, крыўдзіцелі, пралюбадзеі, або як гэты вось мытнік. Пашчуся два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што прыдбаю”, — пералічваў свае заслугі. А мытнік, стаяўшы здалёк, не адважваўся нават падняць вачэй на неба, толькі, б’ючы сябе ў грудзі, паўтараў: „Божа, будзь міласьцівы нада мною, грэшным!” — „Кажу вам, — напісана ў заканчэньні прытчы, — што гэты апошні пайшоў у дом свой апраўданы болей, чымсьці той, бо кожны, хто сябе ўзьвялічвае, будзе паніжаны, а паніжаючы сябе — узвысіцца” (Лук. 18, 11-14).

Каб лепш зразумець парадокс гэтай сытуацыі, трэба памятаць, што ў той час прыблізна шасьцітысячная каста фарызэяў была духоўнай арыстакратыяй і элітай народу, увасабленьнем набожнасьці і дабрадзейнасьці. Аскетычнае жыцьцё фарызэі спалучалі з гарачым патрыятызмам. За ўсё гэта народ аднадушна шанаваў іх і ставіў у прыклад. Другі з герояў прытчы быў мытнікам — памагатым рымскіх акупантаў.

Евангельле невыпадкова паказала двух вельмі розных людзей, два характары, два жыцьці ў надзвычай інтымнай сытуацыі, якая найлепш адлюстроўвае сапраўднае нутро чалавека — у малітве. Паводзіны і словы часта моцна разыходзяцца з думкамі і намерамі: калі нешта робім або гаворым, не заўсёды гэтак думаем. Звычайна людзі падпраўляюць свае біяграфіі, намагаюцца зрабіць на іншых добрае ўражаньне, паказаць сябе ў як найлепшым сьвятле. Робім і гаворым не заўсёды тое, што думаем. Заўсёды праўдзівым і шчырым, аднак, чалавек бывае толькі ў тым, што нябачнае і нячутнае: у думках, у марах і ў малітве.

Прытча пра мытніка і фарызэя ўсьведамляе нам памылковасьць і павярхоўнасьць чалавечых ацэнак: яны пераважна адлюстроўваюць суб’ектыўныя настроі і пачуцьці, а не аб’ектыўную рэчаіснасьць. Кахаем або ненавідзім, захапляемся або пагаджаемся безь ніякага разумнага вытлумачэньня. Народ кахаў Сталіна і гатовы быў пайсьці ў агонь за іншымі сучаснымі дыктатарамі, але Евангельле напамінае Божыя словы: „Вашы думкі — не мае думкі і шляхі вашы — не мае шляхі”. Народная пагаворка перасьцерагае: „Ня ўсё золата, што блішчыць”.

Паводле халоднага падліку, фарызэй быў больш справядлівы за мытніка і гэтак — паводле фактаў — рассудзіў-бы кожны суд. Аднак фарызэі сталіся сынонімамі пазёрства і крывадушнасьці. Гісторыя адназначна ацаніла, што, незалежна ад добрых намераў, яны мелі шкодны ўплыў на людзей. Гарачыя малітвы, ахвярнасьць, узьнёслыя лёзунгі і бескампраміснасьць могуць успрымацца як фанатызм. Гэтыя людзі чэрпалі са сваіх добрых учынкаў сьведамасьць сваёй уяўнай праведнасьці, але сапраўднай любові і міласэрнасьці ў дачыненьні да іншых не выяўлялі. Ім нехта павінен быў падказаць, каб добрае, да чаго яны лічаць сябе пакліканымі, рабілі, а ня толькі гаварылі аб гэтым. Яны не павінны былі называць сябе справядлівымі, ня дзякаваць Богу, што яны лепшыя за іншых, нават ня думаць гэтак, бо такімі думкамі яны перакрэсьліваюць усе добрыя ўчынкі і сьцягаюць на сябе асуджэньне.

Відаць, адным з найцяжэйшых уменьняў зьяўляецца пачуцьцё меры. Калі ў сваіх абавязках бываем скрупулёзнымі і педантычнымі, тады нагадваем машыну — бяз душы і пачуцьцяў. Калі дасягаем высокіх пасадаў і званьняў, губляем пакору і самакрытыцызм. Калі вырашаем жыць толькі з думкай аб дасканаласьці, можам стацца нелюдзьмі, адарванымі ад рэальнага жыцьця і без разуменьня яго. Можа здарыцца таксама, што, прапаведуючы высакародныя ідэі, у жыцьці сваім застаемся маладушнымі і людзі з нашага атачэньня хутка ўбачаць супярэчнасьць паміж тэорыяй і практыкай.

У адрозьненьні ад набожнага фарызэя мытнік — паводле Хрыста — быў сапраўдным грэшнікам і вырадкам у грамадзтве. Гэта не ідэал чалавека, ні тым болей хрысьціяніна. Аднак пры ўсіх сваіх заганах ён выявіў адну рысу характару, якая выратавала яго. Ён усьведамляў сваю заганнасьць і хацеў пераадолець яе. Хто ня ўмее самакрытычна і аб’ектыўна ацаніць свае ўчынкі і не ўсьвядоміць сваю заганнасьць, той не паправіцца, бо ня бачыць такой патрэбы. Мытнік ведаў, што ён грэшны і што паводле чалавечага і Боскага суду ён заслугоўвае толькі на жорсткасьць, якую сам штодзень выяўляў. Ён спасылаўся толькі на міласэрнасьць, бо яе нельга заслужыць, ні купіць, а можна толькі выпрасіць і ён выпрасіў яе.

Евангельскі прысуд шмат каму падасца несправядлівым, але каб зразумець яго, варта чарговы раз прачытаць гэты фрагмэнт, пачынаючы ад слоў: „Сказаў да некаторых, якія былі самаўпэўненыя, што яны справядлівыя і іншымі пагарджалі” да знамянальнага заканчэньня: „Бо кожны, хто сябе ўзвышае, будзе паніжаны, а хто прыніжае сябе — будзе ўзвышаны”.