Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Пра блуднага сына

(Лук. 15, 11-32)

Хвалюючы, лірычны аповед пра раскаяньне блуднага сына — адзін з найбольш глыбоказьмястоўных і папулярных. Малодшы сын захацеў стаць свабодным і ад нікога незалежным. Папрасіўшы ў бацькі частку маёмасьці, якая і так калісьці яму прыпала-б, сын накіраваўся на чужыну і там жывучы распусна растраціў усё, што меў. Прыціснуты голадам і правучаны прыніжэньнем ён апамятаўся і, пераадолеўшы сорам ды пачуцьцё віны, ён усё-такі вырашыў вярнуцца ў родны дом. Насуперак ягоным найгоршым спадзяваньям бацька не патрабаваў у яго тлумачэньняў, бяз слова ўсё зразумеў, усё дараваў, наладзіў урачысты банкет і вярнуў яму ўсе ягоныя правы. Калі старэйшы, акуратны сын паскардзіўся на гэтую незаслужаную ўзнагароду для свайго безадказнага брата, бацька адказаў яму: „Ты заўсёды са мною і ўсё маё — тваё. А з таго трэба цешыцца і весяліцца, што брат твой быў памерлы і ажыў, прападаў і знайшоўся”.

У акалічнасьцях выхаду з роднай хаты аднаго з сыноў, потым ягоным раскаяньні, вяртаньні, перажываньнях, сораме, а таксама ў тым, зь якой радасьцяй прыняў блуднага сына бацька, ёсьць звышчасовая, псыхалягічная праўда. Не адны бацькі перажылі падобнае. Збунтаваныя падлеткі ў пошуках самастойнасьці і свабоды, або пасварыўшыся з бацькамі, неаднойчы ўцякаюць з хаты або проста пакідаюць яе. Нацешыўшыся бескантрольным жыцьцём, растраціўшы ўзятыя з хаты грошы, спазнаўшы нястачу і зьнеахвоціўшыся сваёй новай кампаніяй, засаромленыя вяртаюцца дахаты і бацькі пераважна прымаюць іх назад, забыўшыся пра ўвесь сорам і перажыты боль, рады, што іхны блудны сын або дачка прынамсі жывыя і здаровыя.

Хрыстос расказаў тры вельмі падобныя прытчы: аб страчанай драхме, аб авечцы і аб сыне, але страту сына Ён асабліва выдзяліў. Згубленую манету можа адшукаць або нават абысьціся безь яе, страчаную авечку таксама можна знайсьці і прыгнаць у загарадзь, але страчанага сына — насуперак ягонай волі — немагчыма загнаць у хату. Чалавеку дадзена права свабодна думаць, вырашаць, рабіць той або іншы выбар. Гэтага права не парушае нават Бог і нават Ён ня збавіць чалавека насуперак ягонаму жаданьню. Блудны сын добраахвотна і сьвядома пакінуў бацькоўскі дом і гэтак-жа добраахвотна павінен туды вярнуцца...

Жыцьцё прыносіць незьлічоную колькасьць самых розных прыкладаў, але ў прытчы пра блуднага сына Хрыстос паказаў перш за ўсё адносіны паміж Богам і чалавекам. Чалавек — гэта блудны сын, а Бог — спагадлівы і ўсёдаравальны бацька, які любіць сваіх дзяцей больш за чалавечых бацькоў. „Ці-ж забудзе жанчына грудное дзіцё сваё? Але калі-б яна і забыла, дык я не забуду”, — сказаў прарок ад імя Божага. Неаднойчы людзі грэбуюць Божымі запаветамі, адкідаюць маральныя вузы і, жывучы легкадумна, растрачваюць сваё духоўнае багацьце. Аднак Бог быццам бацька цярпліва чакае таго дня, калі падахвочаны жахлівай пустатой у душы чалавек сам вырашыць зьмяніць сваё жыцьцё. Дапамагае ў гэтым паступовае адабраньне яму ўсяго, на чым абапіраўся яго саманадзейны, ганарысты спосаб жыцьця: грошай, кампаніі і потым нават элемэнтарных рэчаў. Каб падмануты сваімі посьпехамі, усёдазволенасьцю і самаўпэўненасьцю чалавек спакарнеў і ўсьведаміў сваю памылку, часам патрэбны такі ўдар. Зіноўеў, старшыня Камуністычнага Інтэрнацыяналу пакінуў сваё яўрэйскае асяродзьдзе ды насьміхаўся над яго верай і традыцыямі. Калі аднак паміраў па загаду Сталіна, яго апошнімі словамі былі: „Слухай, Ізраіль, наш Бог — адзіны Бог”. Емяльян Яраслаўскі, старшыня Лігі бязбожнікаў заявіў перад сьмерцю: „Спаліце мае кніжкі... глядзіце, Бог тут... Ён чакае мяне... спаліце ўсе мае кніжкі”. Апамятаньне прыйшло ў іхным выпадку запозна: скончылася кар’ера і скончылася гульня. Усё, што яны прапаведавалі і чым жылі, было толькі да пары...

Бывае аднак, што незалежна ад гэтага абясцэньваюцца ранейшыя каштоўнасьці, зьяўляецца дакор сумленьня і агіда да сваіх учынкаў. Дзякуючы гэтаму сын вярнуўся да бацькі і небывалая радасьць напоўніла яго дом. „Кажу вам, — паясьніў Хрыстос, — што гэтак у небе бывае больш радасьці ад аднаго грэшніка, які раскаяўся, чымсьці ад дзевяноста дзевяці справядлівых, якія не патрабуюць раскаяньня”.

Прытчу пра блуднага сына некаторыя акрэсьліваюць „Евангельлем у Евангельлі”, бо ў некалькіх словах так многа сказана пра Бога і пра чалавека. Бываюць розныя адыходы, але заўсёды з дапамогай ласкі магчымае вяртаньне да Бога, да бацькоў, да пакінутай сям’і, вяртаньне на добрую дарогу зь п’янства, распусты, наркаманіі або іншых грахоў. На гэта ніколі не запозна і не задалёка!