Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Паралізаваны і чатыры сябры

(Мацьв. 9, 1-8)

Чатыры сябры прынесьлі на насілках паралізаванага чалавека і апусьцілі Яго да ног Хрыста. „Бачачы веру іх, — чытаем у Евангельлі, — Ісус сказаў паралізаванаму: даруюцца табе грахі твае”. Чытаючы-ж у думках прысутных там фарызэяў, якія ўспрынялі адпушчэньне грахоў як блюзьнерства, паколькі можа гэта рабіць толькі Бог, Хрыстос прамовіў да іх: „Каб ведалі вы, што Сын Чалавечы мае ўладу дароўваць грахі, — тады кажа паралітыку: устань, вазьмі ложак свой ды ідзі ў дом свой”.

Варта адзначыць, што Хрыстос аздаравіў чалавека па веры іншых. Справа ў тым, што гэта была ня проста вера, але ажыцьцяўленьне жывой малітвы і жывой любові. Гэты няшчасны чалавек нечым выклікаў да сябе любоў сваіх сяброў, якія не паленаваліся прынесьці яго да Хрыста. Малітва павінна заключаць у сабе ўсё, усё жыцьцё наша павінна быць стаяньнем сярод людзей і перад людзьмі. Калі мы будзем гэтак жыць, тады хрысьціян ня будуць папракаць у тым, што яны моцныя толькі на словах, а калі прыходзіць да справы, яны бездапаможныя і абыякавыя. Толькі тады можна будзе сказаць, што малітва — гэта справа ператвораная ў сузіраньне, а справа — гэта малітва, якая стала ўчынкам.

Сьведкі аздараўленьня паралізаванага ўспрынялі цуд па-рознаму. Для адных ён стаўся прычынай асуджэньня, а для іншых паказаў, што сапраўды прычынай хваробаў зьяўляецца грэх. Сьвятое Пісаньне вучыць, што грэх наагул зьяўляецца прычынаю ўсякага зла. Кожнае выяўленьне зла — гэта вынік асноўнага грэху, які можа мець шматлікія формы, але яго сутнасьць застаецца нязьменнай з самога пачатку, калі ён увайшоў у чалавечую гісторыю.Той самы грэх схіляе дзікуна з кап’ём у руцэ забіваць іншапляменцаў і гэтак-жа пілота сучаснага самалёта кідаць бомбы на безабаронныя вёскі. Ахінаючы сваёй абалонкай душу грэх не дазваляе пранікнуць у яе Божай ласцы і чалавек становіцца чэрствым, хмурым і непадатлівым на дабро. Грэх быў прычынаю першага братазабойства і першай магілы. Сёньня вынікі грэху назіраем у яшчэ больш павялічаных маштабах, у незьлічоных турмах, шпіталях і на могільніках.

Хрыстос аздаравіў паралізаванае цела, але сьпярша паставіў на ногі паралізаваную душу, паказваючы такім чынам што важнейшае. Сучасная мараль ставіць на першым месцы гуманную дбайнасьць пра людзей хворых, галодных і інвалідаў, аднак ня хоча бачыць бяды, у якой апынуліся галодныя, калекія і паралізаваныя душы. Беднасьцяй сучаснага сьвету, больш жаласнай за самыя грахі, зьяўляецца той факт, што чалавек ня бачыць сваіх грахоў і не прызнаецца да ніякай віны. Гэта зразумелае ў сытуацыі, калі слабее рэлігійная вера. Чалавек, як гаварыў адзін з выдатных ерархаў, ня можа перанесьці пачуцьця віны, калі ня бачыць магчымасьці яе адпушчэньня. Тады проста гаворыць, што нічога ён ня мае на сваім сумленьні, што грэх наагул не існуе. Гэта аднак найбольшая крывадушнасьць, якую можна сабе ўявіць. Праўда тут такая, што ніхто не безь віны, але гэтую праўду чалавек умее сабе сказаць толькі тады, калі сутыкнецца зь іншай вышэйшай праўдай: з праўдай аб Божым прабачэньні. Дык трэба вучыцца прызнаваць свае грахі і атрымоўваць прабачэньне.

Усе пакуты, боль, гвалты, трагедыі і сорам чалавецтва заключаюцца ў адным старамодным слове „грэх”. Сучасныя людзі могуць пазьбягаць гэтае архаічнае слова і паспрабаваць замяніць яго паняцьцем слабасьці, памылкі або прыроднай заганнасьці чалавека, але Бог празь Сьвятое Пісаньне называе яго трагедыяй.

Мы можам паспрабаваць прайсьці міма яго і забыцца, як пра кашмарны сон або непрыемную заўвагу, але Бог лічыць грэх агідным.

Чалавек увесь час хоча паправіць сваю біяграфію і апраўдаць свае ўчынкі, але Бог паказвае яму сапраўдную небясьпеку грэху і вучыць пазьбягаць яго.

Чалавека, які звычайна ня мае ні часу, ні ахвоты задумацца над сваімі дзеяньнямі, Царква падахвочвае да самааналізу ў супастаўленьні зь евангельскімі сюжэтамі. Насуперак чалавечаму мудрагельству і адвечнаму пошуку прычыны зла па?за сабою, Царква паўтарае: „Даруюцца табе грахі твае, ідзі і больш не грашы”.