Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Як дасягнуць жыцьцё вечнае?

(Лук. 18, 18-27)

Аднойчы шчыра заклапочаны сваім збаўленьнем багаты, малады чалавек зьвярнуўся да Хрыста з пытаньнем: што ён павінен зрабіць, каб дасягнуць жыцьцё вечнае? У адказ Хрыстос прыгадаў яму асноўныя запаветы. „Усяго гэтага я прытрымоўваўся змалку лет маіх”, — шчыра адказаў юнак. Ведаючы, што ён гаворыць праўду, Ісус сказаў яму: „Яшчэ аднаго табе не хапае: усё, што маеш, прадай і раздай убогім і будзеш мець скарб на небе і прыходзь ды ідзі за Мною”. Пачуўшы гэтае юнак засумаваў ды адышоў. Аддача рэальнай маёмасьці і зьвязаных зь ім выгадаў узамен за няпэўныя скарбы неба здалася яму вельмі рызыкоўным крокам...

Безумоўна, ня кожны калі-небудзь у сваім жыьцьці задумваўся над тым, што хвалявала евангельскага юнака. Мноства людзей паводзіць сябе гэтак, як некалі сказаў Напалеон Банапарт: „Хопіць мне зямлі, а неба пакідаю вераб’ям”. Яшчэ іншыя ня бачаць ні сэнсу, ні патрэбы адмаўляцца ад выгоднага, заможнага жыцьця і з поўным перакананьнем заяўляюць, што заможнасьць можна лёгка спалучыць з пабожнасьцю і хрысьціянскімі цнотамі.

Нямецкая пісьменьніца Люізэ Рынзэр у сваёй кніжцы „Брат-агонь” напісала пра журналіста, які прыбыў у Асіз для збору матэрыялаў пра жыцьцё сьв. Францыска. „Ці чулі вы, — зьвярнуўся да журналіста адзін стары сьвятар, — апавяданьне пра багатага юнака?” — „Нешта чуў, — адказаў журналіст. — Памятаю, што прыйшоў да Хрыста адзін малады чалавек і даказваў, які гэта ён добры. Ня ведаю, чаго ён хацеў, але Хрыстос параіў яму раздаць сваю маёмасьць бедным, аднак той не захацеў гэтага зрабіць і пайшоў. Хіба так было”. „Больш-менш гэтак, — адказаў ксёндз. — Але ці ведаеце вы, чаму Ісус рэкамэндаваў юнаку стаць бедняком”. „Ня ведаю, не магу ўцяміць, — адказаў журналіст. — На сьвеце мноства бедных і мы намагаемся дапамагчы ім. Ведаю, што беднасьць — нічога добрага. Будучы яшчэ студэнтам, я сам быў бедны , бо мае бацькі — малазямельныя сяляне... Я часта недаядаў і магу Вас, Ойча, запэўніць, што беднасьць — нічога прыемнага”. „Я згодзен з вамі; мае бацькі таксама былі бедныя”, — адказаў ксёндз. „Дык можа Хрысту залежала на тым, каб кожны на сабе адчуў, што гэта значыць быць бедным?” — спытаўся журналіст. „Так, на гэтым таксама”, — адказаў сьвятар. „Дык на чым-жа яшчэ?” — дапытваўся той. „Бачыце гэты кубак? Калі ён поўны, у яго нельга больш нічога уліць. Калі-б у кубку быў пясок, а я захацеў наліць у яго віна, што павінен быў-бы зрабіць? Зразумела, высыпаць пясок. Вось багацьце і ёсьць тым пяском”, — сказаў стары ксёндз. „А што-ж тады зьяўляецца тым віном?” — спытаўся яго суразмоўца. „Я гэта называю духам любові”, — адказаў сьвятар („Брат-агонь”, 1978 г., стар. 77-78).

Журналіст са згаданай кніжкі напэўна лепш зразумеў сэнс евангельскага аповеду пра багатага юнака, але сабраўшы матэрыялы пра сьв. Францыска Асізскага, якога асобай шчыра захапіўся, не пайшоў за ягоным прыкладам, але за прыкладам багатага юнака. Гэтак, дарэчы, паступаюць многія сучасныя хрысьціяне ўсіх канфэсіяў. Яны прынцыпова не супраць рэлігіі і лічаць сябе вернікамі. Ім неабыякавае збаўленьне, яны вераць у яго і хацелі-б яго дасягнуць. Яны толькі задумваюцца, ці напэўна Богу патрэбны тыя шматлікія самаахвяраваньні і ахвяры з боку чалавека. Сьвецкія людзі неаднойчы бунтуюцца супраць забароны разводаў і абортаў, духавенства бунтуецца супраць цэлібату і па гэтай прычыне і адны, і другія скідаюць зь сябе ярмо царкоўных патрабаваньняў. Ім тым болей цяжка зразумець, што нават багацьце, якое заўсёды прывабнае, можа ім у нечым перашкаджаць. „Мы адкуплены Хрыстом, аднак служым золату; прапаведуем панаваньне аднаго, але падпарадкоўваемся другому”, — пісаў сьв. Яан Залатавусны.

Згодна Евангельлю, усё зводзіцца да пачуцьця меры. Ні багацьце само па сабе не зьяўляецца грахом, ні беднасьць не зьяўляецца цнотай. Евангельле перасьцерагае толькі перад маральнай небясьпекай, якая тоіцца ў празьмернай прывязанасьці да зямных каштоўнасьцяў. „Не зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль ды іржа нішчаць, і дзе зладзеі падкопваюць і крадуць, але зьбірайце сабе скарбы ў небе... бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша”. Гэтую думку разьвіў блажэнны Аўгусьцін у словах: „Не прывязвай свайго сэрца да таго, што даецца табе на кароткі час... Гэта не багацьце, якое хутка пакіне цябе. Сапраўднае багацьце тое, якім валодаючы не страціш яго”.

Акрэсьліць, дзе залатая сярэдзіна і разумная мера няпроста, але ў Кнізе Прытчаў ёсьць словы, якія маглі-б стаць жыцьцёвым эпіграфам: „Жабрацтва ні багацьця не давай мне, Божа. Дай толькі гэтулькі, колькі неабходна, каб перасычаны не адрокся ад Цябе або каб прымушаны беднасьцяй ня узяўся за крадзеж”.