Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Багаты юнак

(Мацьв. 19, 16-26)

У рэдкім прыліве жаласьлівага настрою шмат каму здараецца паставіць сабе пытаньне: што мне рабіць? Тым часам нагодаў для таго, каб рабіць дабро, хапае. Ісус Хрыстос проста зьвяртае ўвагу на запаветы, у прыватнасьці на тыя пяць, якія тычацца адносінаў да іншага чалавека. Калі нехта пажадае іх выконваць, улічваючы ня толькі тое, што яны забараняюць, але асабліва іхны станоўчы зьмест, гэтага было-б дастаткова. Аднак справа ня толькі ў тым, каб быць добрым. Добрым у звычайным разуменьні можа быць таксама нехрысьціянін.

„Кожны з вас, хто не адрачэцца ўсёй сваёй маёмасьці, ня можа быць маім вучнем”, — гаворыцца ў Евангельлі і гэта праўдападобна найбольш непапулярны фрагмэнт Бібліі. На самай справе Хрыстос не патрабаваў ад юнака, каб той сапраўды прадаў і раздаў бедным усё, але толькі тое, што не зьяўляецца неабходным. Ён паддаў экзамену яго здольнасьць да самавырачэньня, даў магчымасьць выбару, перад якім можа апынуцца ў жыцьці кожны чалавек. Ён палюбіў гэтага юнака і жадаў ягонага ператварэньня. У яго характары паказаў яму адзін слабы пункт і чакаў ягонай рэакцыі. Аднак адмаўленьне ад рэальных выгодаў жыцьця ўзамен за нябачныя скарбы неба здалося яму малапрывабнай пэрспэктывай. Яму дадзены быў непаўторны шанц зьмяніць сваё жыцьцё, але не пакарыстаўся ім. Калі-б у той вырашальны момант выбраў Хрыста, яго жыцьцё выглядала-б цалкам інакш, але ён адышоў і нічога больш ня ведаем пра яго і пра ягоны лёс. Ён застаўся ў межах пасрэднасьці, сваёй асноўнай сумленнасьці, задаволены, што прынамсі не забівае і не крадзе...

Амбітны хрысьціянін, нават выконваючы запаветы, не задавальняецца гэтым і хвалюецца, ці не хапае яму яшчэ нечага. Выходзячы насупраць гэтых высакародных імкненьняў Хрыстос дае нам зразумець, што толькі пасрэдны хрысьціянін абмяжоўваецца маральлю дзесяці запаветаў. Ён заклікае да большага, да дасканаласьці і кажа бы багатаму юнаку: „Прадай усё, што маеш”. Хрысьціяніна такое патрабаваньне цалкам не павінна зьдзіўляць. Адзін з тэолягаў (Джордж Мюльлер) выказаўся гэтак: „Не выпадае слугу намагацца быць багатым, вялікім і шанаваным у сьвеце, калі яго Госпад быў бедны, сьціплы і пагарджаны”. Нехта можа сказаць: да мяне гэта прытча не адносіцца, бо ў чым я багаты? Але на самай справе, чым мы толькі не багатыя? За што мы толькі не трымаемся, чаго мы толькі не разглядаем як сваю ўласнасьць? Хаця-б нашае жыцьцё, здароўе, розум або дасягнутую пазыцыю ў грамадзтве. Такім чынам гэта значыць: пазбудзься сваіх самалюбных амбіцыяў і прэтэнзіяў, адмоўся ад сваіх празьмерных патрабаваньняў, вызваліся ад дарэмных жаляў, маладушных крыўдаў, адмоўся ад непатрэбных і вельмі часта небясьпечных прыхільнасьцяў... Мы акружаемся мноствам дробных, марных рэчаў, якімі запханы нашы шафы, сталы і сундукі. Бы хамяк мы іх зьбіраем на ўсялякі выпадак, бо можа некалі прыдадуцца, але вельмі часта не прыдаюцца яны ні нам, ні нікому іншаму. І такім чынам расьце той вярблюджы горб, які не дазваляе вярблюду прайсьці ня толькі празь іголачнае вуха, але нават празь цесную браму.

Перад падобным як у выпадку багатага юнака выбарам стаялі многія людзі. Некаторыя бы апостал Павал адгукнуліся на Божы заклік, адкінулі ўсе свае прывязанасьці і меркаваньні і ступілі на шлях, які Бог палічыў найбольш адпаведным для іх. Такім быў айцец Сяргей у аповесьці Льва Талстога і мноства іншых, якія здольныя былі да поўнага самавырачэньня.

„Не вы мяне выбралі, але Я выбраў вас, каб ішлі вы і прынесьлі трывалы плён”, — гаворыць Хрыстос у Евангельлі. Чалавек можа пайсьці сваёй дарогай, пагрэбаваць ласкай і разьмінуцца са сваім прызваньнем, але дабра ад гэтага не бывае.