Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Узьвіжаньне Сьвятога Крыжа

(Яан. 19, 6-11, 13-20, 25-28, 30-35)

„Калі сьвет мудрасьцяй не пазнаў Бога ў мудрасьці Божай, дык заўгодна было Богу юродзтвам пропаведзі збавіць вернікаў” (1 Кар. 1, 21). Перш чым перайсьці да практычнага аспэкту гэтых слоў паспрабуем разважыць гэтую таямніцу, пранікнем у яе нашым духам, каб сталася ўнутраным сьвятлом і поўным любові зразуменьнем Божага пляну. Апостал Павал выказаў сваё адчуваньне наступным чынам: Ісус Хрыстос будучы Богам прыняў чалавечую натуру і быў паслушным ажно да сьмерці, і то крыжовай сьмерці. У евангельскім чытаньні пра гутарку Хрыста зь Нікадзімам знаходзім тую самую падзею, апісаную ў гімне зь Лісту да піліпянаў: прыход Сына Чалавечага, які завяршаецца на крыжы і затым вяртаньне ў славе да Айца: „Ніхто ня ўзышоў на неба акрамя Таго, Які сышоў зь неба”. Апостал заўважае ў жыцьці Хрыста пакору, тое, што прыняў чалавечую прыроду.

„Прыніжыў сам сябе... бо так Бог узьлюбіў сьвет, што Сына Свайго Адзінароднага даў... не паслаў Бог Сына Свайго, каб асудзіць сьвет, але каб сьвет быў збаўлены празь Яго”.

Якія формы набыла хрысьціянская пабожнасьць у адносінах да таямніцы Крыжа? Перш за ўсё шанаваньне самога Крыжа, тое, што ён спадарожнічае нам ад народзінаў да сьмерці. З дуругога боку трэба прызнаць, што на самай справе Крыж, на якім спыняецца наш позірк, ужо не існуе. Ён зьвязаны быў толькі з адным момантам жыцьця Хрыста, быў актам, які закончыўся сьмерцю. Зараз „існуе” ўкрыжаваны, які ўваскрэс. Дакладна гэтае сказаў міраносіцам анёл у дзень Пасхі: „Шукаеце Ісуса з Назарэту ўкрыжаванага: Яго няма тут, Ён устаў зь мёртвых”.

Тым часам, аднак, і гэта зьяўляецца сапраўднай таямніцай. Ісус надалей укрыжаваны сярод нас . Гэтак, дарэчы, будзе назаўсёды: заўсёды нехта будзе ўкрыжаваны, будзе пакутаваць на крыжы да канца сьвету. Хто гэта і дзе ён, каб пайсьці і паплакаць над ім? Гэта яго бедныя члены, што пакутуюць, зьняважаныя, пакінутыя і прыгнечаныя. Гэта сучасны ўкрыжваны, пакінуты на крыжы Хрыстос. У адным старажытным хрысьціянскім дакуманце з 2-га стагодзьдзя чытаем: „Браты, мы павінны быць пільныя, бо Ён зараз за нас у зьняволеньні; Ён у магілах, у аковах, зьняважаны і суджаны... Ён пакутуе з тымі, хто пакутуе”.

Укрыжаваным целам зьяўляецца перш за усё Царква, якая „дапаўняе ў сваім целе нястачу натугаў Хрыстовых” (Кал. 1, 24). Аднак на гэтым крыжы некаторыя члены пакутуюць больш за іншых. Хай кожны падумае аб тым, што бачыў у шпіталях, турмах, канцлагерах, аб тым, што чуў і чуе кожны дзень.

Якую-ж форму набудзе наша шанаваньне Крыжа, калі ўсё гэта зразумеем? Сьв. Аўгусьцін выказаў вельмі моцныя словы. Ён уявіў сабе гутарку паміж Ісусам і адным хрысьціянінам, якім мог-бы быць кожны з нас. Ён, поўны павагі да Хрыста, услаўляе Яго, упрыгожвае Ягоны алтар, аднак не заўважае братоў вакол сябе, нічога для іх ня робіць і нават спрычыняе зло. Ісус кажа да гэтага чалавека: „Што робіш? Рупішся пра тое, каб цалаваць Маю галаву, але растоптваеш Мае ногі падкаванымі ботамі”. Нагамі Хрыста зьяўляюцца Ягоныя члены, Яго браты, якія пакутуюць. „Што зробіце аднаму з братоў Маіх, усё роўна, што зрабілі Мне”.

Пара ўжо, каб мы, як хрысьціяне, зьвярнуліся да сапраўднага шанаваньня Крыжа, якім зьяўляецца любоў да бедных, тых хто адкінуты і пакутуе. Аднойчы, тлумачачы выліцьцё алею на Сябе, Хрыстос сказаў, што „бедных заўсёды будзеце мець сярод сябе” (Мацьв. 26, 11). Каштоўны алей міласэрнасьці, якога ня можам ужо выліць на Ягоную галаву, мы павінны прызначыць нашым бліжнім.

Такіх укрыжаваных маем побач сябе, толькі ня хочам іх бачыць. Гэта можа быць бедны, хворы сусед, самотны стары, бездапаможны інвалід. Ісус просіць нас, каб не абміналі Яго, як некаторыя абмінулі параненага і абрабаванага чалавека па дарозе ў Ерыхон. Празь Сьвятое Прычасьце ў сьвяточны дзень мы аб’ядноўваемся з усім Хрыстом: з укрыжаваным, які ўваскрэс і жыве ў Славе Айца, а таксама зь Яго пакутуючым целам, якое жыве тут на Зямлі. Зь верай прымем абодвух.