Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Розныя тэмы - Тыдзень малітваў аб еднасьці хрысьціян

У днях 18—25 студзеня, штогод па ўсім сьвеце адзначаецца Тыдзень малітваў аб еднасьці хрысьціян. Зь ініцыятывай такіх сумесных багаслужбаў выступілі ў саракавыя гады Спэнсэр Джонс і Левіс Уотсан. Да пашырэньня Тыдня экумэнічных малітваў спрычыніўся таксама а. Павал Кутэр’ер (пам. у 1953 г.), які сфармуляваў вядучы прынцып: імкнуцца да еднасьці, якой жадае Хрыстос, і сродкамі, якія Ён акрэсьліў.

Евангельле ўвекавечыла адназначны заклік Хрыста, каб усе Ягоныя вучні „былі адно” (Яан. 17, 20). „Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў паміж сабою” (Яан. 13, 35). Бясспрэчна, якраз недахоп любові, якім хрысьціяне не выконваюць галоўнага запавету, спрычыніўся да недахопу еднасьці. Сьвет адчужаны ад Бога і падзелены сам у сабе. Тым часам Хрыстос прынёс Сябе ў ахвяру за ўсё чалавецтва, — не за нейкую выбраную групу людзей, і ласка дадзена была ўсім раўнамерна. Царква была паслана ў сьвет, каб быць слугою любові і прымірэньня, каб быць універсальнай грамадою, па?над усемагчымымі розьніцамі расы, нацыянальнасьці і культуры. Самі людзі дапусьцілі аднак да таго, што раскол украўся і ў Царкву. Яна безупынна апавяшчае Евангельле Прымірэньня, аднак, на самай справе, неаднойчы дзейнічала насуперак свайму апавяшчэньню. Сам раскол унутры Царквы пярэчыць ягонай сутнасьці і робіць дарэмнай ягоную місію. Яшчэ шмат засталося зрабіць; яшчэ ня ўсе народы ахрышчаны, а там, дзе хрысьціянства існуе ад стагодзьдзяў, яно часта толькі намінальнае — самі хрысьціяне замала ахрыстоўленыя...

Усьведаміўшы ўсю супярэчнасьць паміж тэорыяй і практыкай, хрысьціянскія цэрквы вырашылі спыніць адмоўны працэс узаемнай адчужанасьці і далейшага аддаленьня. Для шмат каго стала ясным, што падзелы дыскрэдытуюць хрысьціянства і шкодзяць ягонай місіі згодна прынцыпу: „лекар — сьпярша вылеч сябе самога”. У якасьці своеасаблівага дакору сумленьня ўзьнік, адносна нядаўна — у першай палове 20-га стагодзьдзя — экумэнічны рух. Само паняцьце экумэнізму паходзіць ад грэцкага слова „экумэнікос” — агульнасусьветны, і азначае рух, які імкнецца да аб’яднаньня хрысьціян усяго сьвету.

Ад самога пачатку экумэнічны рух спатыкае шматлікія перашкоды. Шматвяковая ізаляцыя спрычынілася да таго, што цэрквы розьняцца паміж сабою ў сэнсе догматаў, абрадаў, традыцыяў і нават самога погляду на еднасьць. Рымскія католікі разумеюць прынцып „адзіны статак і адзін пастыр” як падпарадкаваньне ўсіх Рыму, тады калі іншыя канфэсіі бачаць еднасьць не ў вяртаньні адных да другіх, але ў вяртаньні да супольных крыніц, да Евангельля і Хрыста. Пакуль што ўсіх аб’ядноўвае адно Сьвятое Пісаньне, але толькі тады, калі яно зачыненае; калі пачынаюць яго чытаць, усе тлумачаць яго па-рознаму. Рух экумэнічны вельмі павольна прабіваецца таксама праз гушчар прадузятасьцяў, узаемных крыўдаў і прэтэнзіяў. У мінулым еднасьць неаднойчы ажыцьцяўлялася дзеля зямных мэтаў і скампраметаванымі сродкамі: шляхам сілы або каварства. Таму з палёгкай і нават з узрушэньнем успрыняты быў факт, калі ў 1965 годзе папа Павал VІ і патрыярх Афінагор абмяняліся мірным пацалункам і скасавалі ўзаемныя адлучэньні ад Царквы ў 11-м стагодзьдзі. Абнадзейвае таксама тэалягічны дыялёг, падчас якога тэолягі прабуюць нівэліраваць дактрынальныя разыходжаньні.

Тым ня менш Канстанцінопаль і Рым даволі далёка ад Беларусі, а тэолягі могуць дыскутаваць дзесяцігодзьдзямі. Звычайным вернікам, не азнаёмленым з дагматычнымі нюансамі, застаецца ажыцьцяўляць практычны экумэнізм, у штодзённым жыцьці пераадольваць фанатызм, узаемныя прадузятасьці і недавер. Духоўны экумэнізм, на які апошнім часам настойваюць амаль усе бакі, заключаецца ў адмаўленьні ад усякага празэлітызму, пыхі і ганарлівасьці. Тэолягі могуць спрачацца пра дактрыны, аднак хто мае слушнасьць ведае толькі Бог. Проста, кожнага чалавека трэба лічыць братам. Ён часта без свайго ўплыву быў ахрышчаны ў сваёй Царкве і зжыўся зь ёю. Калі захоўвае ў сваім жыцьці ўсё, што сапраўды хрысьціянскае — дасягне сьвятасьці і збаўленьня.