Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Нядзеля пасьля Богаяўленьня

(Мацьв. 4, 12-19)

У нядзелю пасьля Богаяўленьня чытаецца фрагмэнт 4-га разьдзелу Евангельля паводле Мацьвея пра пачатак навучаньня Ісуса Хрыста. Невыпадкова пачатак місіі Хрыста ў сьвеце быў зьвязаны з Галілеяй і ваколіцамі Генісарэцкага возера — адным з найпрыгажэйшых куткоў зямлі. Вестка пра Царства Божае павінна была ўпершыню прагучэць не ў запыленых вялікіх гарадах, поўных мітусьні і шуму. Евангельскія словы прагучэлі на фоне пальмаў, вінаграднікаў і квітнеючых садоў, бо прыгажосьць зямлі адлюстроўвае прыгажосьць Неба. Тамашні просты, шчыры, працавіты народ быў найбольш падатлівым грунтам для пашырэньня новай навукі і там упершыню прагучэлі словы „пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае”.

„Евангельле Царства” сталася цэнтральнай тэмай Хрыстовай навукі. Усім дзяржавам ды імпэрыям сьвету супрацьпастаўляецца валадарства, якое „ня з гэтага сьвету” і прыносіць на зямлю законы Неба. У адрозьненьні ад зямных установаў — гэта новае жыцьцё чалавечай душы, сьвет, у якім неразьдзельна пануе Бог. Паводле Хрыста, Божае Царства — гэта стан душы асобнага чалавека, сям’і і грамадзтва, прычым гэта ідэальны стан, унутры якога будзе пераадолена ўсякае зло. Слабыя, дыскрымінаваныя і прыгнечаныя атрымаюць паўнату шчасьця ў гэтым новым жыцьці. Тыя, што плачуць — суцешацца, галодныя і сасмаглыя —насыцяцца. Гэта будзе царства, у якім верх возьмуць міласэрныя, міратворцы, чыстыя сэрцам і прасьледаваныя за праўду. Яны дасягнуць вяршыні шчасьця — еднасьці з Богам. Царства Божае не абмяжоўваецца аддзельнай душой: яно непазьбежна ператвараецца ў царства агульначалавечай, духоўнай еднасьці. Гэтую думку проста і ясна выказаў сярэдневяковы аскет Дарафей: „Чым бліжэй радыусы да цэнтру, тым яны бліжэй сябе, чым душы бліжэй да Бога, тым яны бліжэй адна да адной. У цэнтры ўсё зьліваецца ў адно”. Хрыстос сее зерне гэтай еднасьці. Ён стварыў Царкву, якая паступова набліжае людзей да сусьветнага царства. Яно пачалося з малога, але ахопіць усё...

Хрыстос застаў сьвет пагружаны ў цемру грахоў і фальшывых ідэяў. Уцалелыя творы мастацтва, філязофія і літаратура нічога не гавораць пра разгубленасьць і несправядлівасьць, якія характарызавалі антычны сьвет. У яўрэяў нават рэлігійнасьць сфармалізавалася і ператварылася ў абрадавер’е. Каб узварушыць сэрцы, вярнуць сапраўдную шкалу каштоўнасьцяў, адкрыць людзям вочы на Бога, на бліжняга і на вартасьць душы, патрэбна была Нагорная казань. Ніякія праграмы, якія не ператвараюць чалавека ўнутрана, асуджаны на правал, хаця-б зьмяшчалі найпрыгажэйшыя словы. На фоне сучаснай разбэшчанасьці ідэя Царства Божага — відавочная ўтопія, але-ж яна сапраўды запаланіла сэрцы першых хрысьціян. Апостал Павал называў першых хрысьціян сьвятымі і паводле цяперашніх мерак яны напэўна такімі былі. Перамена жыцьця пасьля хрышчэньня была настолькі грунтоўная і шчырая, што філёзаф Тэртульян мог з упэўненасьцяй заявіць: „Мы ня ведаем хрысьціяніна, які быў-бы дрэнным чалавекам, а калі ўжо і знойдзецца такі вырадак, дык ён напэўна толькі прыкідваецца вернікам”. Безумоўна, гэты стан — далёка ня зьдзейсьнены факт. Гэта хутчэй за ўсё ідэал, працяглы працэс, які патрабуе натугі і змаганьня, бо Царства Нябеснае „дасягаецца сілаю” (Мацьв. 11,12). Людзі ніколі не былі дасканалымі, але высокія ідэалы дадзены нам як свайго роду закваска, як патэнцыяльная моц адабратварэньня сьвету. Рост царства справядлівасьці і дабра тармозіць павярхоўнае ўспрыманьне праўды, чалавечую слабасьць і пагоню за тымчасовымі ідэаламі. Людзі схільныя тлумачыць усякае зло вонкавымі прычынамі, але Евангельле пераконвае, што прычына знаходзіцца ў саміх нас. Мы таксама імкнемся да мноства другарадных рэчаў, але Евангельле кажа: „Шукайце перш за ўсё Царства Божага і праўды яго, а ўсё астатняе будзе дадзена вам”.

Панаваньне Божае блізкае, яно набліжаецца, Божае Царства знаходзіцца ў саміх нас. За цану штодзённага павярненьня да Бога мы знаходзім сэнс жыцьця. За цану штодзённага намаганьня запэўніць Богу месца ў нашым жыцьці знаходзім надзею і сьвятло ў нашай шэрай будзённасьці. За цану натугі, каб усё падпарадкаваць Таму, хто зьяўляецца адзіным Валадаром, атрымоўваем моц стацца дзяцьцмі сьвятла.