Родны схоў

Швед Віктар


Увесь зборнік

ВЯТРАК

За вёскай, у полі, на ўзгорку,
Дзе ўецца гасцінец-бальшак,
Аб долі задумаўся горкай
Стары спарахнелы вятрак.

,,Найбольш адзінокі на свеце,
Аджыў, як відаць, я свой век,
З мяне насміхаецца вецер,
Пакінуў мяне чалавек.

Не рвуцца ў палёт мае крылы,
Шчаслівых не ўбачыць ім дзён,
Не хопіць напэўна ім сілы
Каб з месца крануць мой жарон”.



ПАЛЯВЫЯ ДАРОГІ

Палявыя дарогі
Між гаёў і палеткаў,
Мае босыя ногі
Вас краналіся ўлетку.

На пастронку карову
Сваю пасвіў на золку,
Часта ў полі жытнёвым
Слухаў крык перапёлкі.

Палявыя дарогі
Павялі ў свет шырокі,
Затаміліся ногі,
Запаволелі крокі...

Палявыя дарогі
Па вандроўках багатых
Давядуць да парога
Роднай бацькавай хаты.



МАЯ МАЛЕНЬКАЯ АЙЧЫНА

Мая маленькая айчына,
Мой беластоцкі родны край.
Тут басанож стаптаў сцяжыны,
Што праляглі праз поле, гай.

Цаніць тут навучыўся працу,
Гамонку шчырую, народ.
І не магу цябе я страціць,
Ты – даражэйшая штогод.

Далёка ад цябе – сумую,
Убачу – дык шчаслівы зноў.
У сэрцы заўсягды нашу я
Крыніцу мар маіх і сноў.

Мая маленькая айчына,
Я твой адданы верны сын.
Цябе ніколі не пакіну,
Мая калыска, мой спачын.



ДРЭВА КРАІНЫ

Расце няспынна
Дрэва краіны.
Адна галіна –
Białorusini.

Дрэва краіны,
Без перабою,
Квітнець павінна
З кожнай вясною.

Каб зноў у восень
Усім у хаты
Магло прыносіць
Свой плён багаты.

Калі ж галіна
Адна завяне –
Дрэва краіны
У хворым стане.



* * *

Прывабнасць кожнай кветкі-краскі
І сэрца кожнага раскоша
Ёсць у звароце
,,Калі ласка”
У польскай мове
,,Bardzo proszę”.

Убачыш сонечны прамень,
За ім і дня таемны вобраз
У прывітанні
,,Добры дзень”
Даслоўнасць польскаму
,,Dzień dobry”.

І беларусаў, і палякаў
Заўжды аднолькава хвалюе
І дарагое слова
,,Дзякуй”
І непаўторнае
,,Dziękuję”.



У РОДНАЙ ВЁСЦЫ

Вось я ізноў у вёсцы Мора –
І цешыцца надзвычай сэрца!
У старой студні доўгі жораў
Поіць бляшанае вядзерца.

Крадуся, п’ю ваду са смакам, -
Я ж тут бываю толькі госцем.
Можа пільнуе тут сабака
Слядоў мінулай маладосці?

Здаецца, ўсё тут не іначай,
Як і раней было – такое ж.
Слядоў сваіх, аднак, не бачу, -
Пазарасталі ўжо травою.
ГАНЧАРЫ

Ганчары прыехалі, ганчары!
І так стала весела на двары.
- Гладышы купляйце, гладышы! –
І бягуць за возам малышы.

У збанкоў такі журботны звон!
Вабіць да сябе вяскоўцаў ён.
Многа іх, збанкоў і гладышоў,
Панясуць жанкі сабе дамоў!

У збанок пад матчынай рукой
Зацурчыць духмяны сырадой.
Выклікаў натоўп дзіцячых мар
З гладышамі звонкімі ганчар.



СЕНАКОС

Малаткі па бабках,
Як буслы клякочуць,
І плыве па вёсцы
Звон сталёвых кос.
І з расой выходзяць
Па кароткай ночы
На лугі сяляне –
Будзе сенакос!
У руках жылістых
Засвісталі косы,
Вострыя, як брытвы,
Голяць твар лугоў.
Лёг дыван квяцісты
Роўненька ў пракосах;
Млеюць, млеюць травы
Па слядах касцоў.
Выпесціла сонца
Кожную сцябліну
І сухое сена
Пахне быццам мёд.
Едзе на калёсах
Ласунак скаціны.
Водар сена ў клуні
Будзе цэлы год.



ЦЫГАНСКІ ТАБАР

У латах старыя шатры,
Што на вазах драбінястых,
І начныя на лузе кастры
Мне ўспамінаюцца часта.

І песні, што пад барабан
Ды сумныя гукі гітары
Спяваў барадаты цыган,
З асветленым полымем тварам.

І тыя, з дзяцьмі на руках,
Апрануты дзіўна цыганкі,
Што ў загадкавых варажбах
Прадказвалі шчасце сялянкам.

Ад’ехала ўсё іх дабро,
І гора, і дзетак слёзы,
І тое пустое вядро,
Што гайдалася пад возам.



ПОЎНА ХАТА ЭКСПАНАТАЎ

Дзедаўская хата
Поўна экспанатаў:
З карэнняў калыска,
Гліняная міска,
Драўляная лыжка,
Двайная гладышка,
Святыя іконы,
Круглы серп зублёны,
Вялікія кросны,
Кадаўбец дзівосны,
Каменныя жорны,
Дзяжа на хлеб чорны,
Стары калаўротак,
Са сноўніцай мотак,
Гладкая качалка,
Крэсіва-запалка...



АГУЛЬКІ

Агулькі, агулькі,
Народныя песні.
Спявалі бабулькі
Іх з подыхам веснім.
Красуні-дзяўчаты
Цудоўна спявалі,
На лаўках ля хаты,
Бывала, сядалі,
І песні-вяснянкі
Ліліся па вёсках,
Да самага ранку
Плылі адгалоскі.

А дзе ж вы, агулькі,
Дзе песні-вяснянкі?

Памерлі бабулькі,
Старыя сялянкі.
Бабулькамі сталі
Пявуні-дзяўчаты
І ўжо задрамалі
Ля печак у хатах.
Дзе ж моладзь вясковая
З голасам звонкім?
Яна песні ловіць
Сучасныя з плёнкі.
Не хоча фальклору,
Народнае песні,
Яе не паўторыць
Ужо на прадвесні.
І будзе такое –
Памруць нам бабулькі,
Ды возьмуць з сабою
Нат след па агульках.



СУШАНЫЯ ГРУШЫ

Я памятаю час асенні:
Мне і дагэтуль пахнуць грушы,
Што ў печы хлебнай на чарэні
Матуля безупынку сушыць

І пах мядовы ў нашай хаце,
І выгляд груш сухіх харошы,
Што выгартае з печы маці
І спакваля ссыпае ў кошык.

Яны зімуюць у каморы,
І, асабліва, калі святы
Іх мама прыгаршчамі дорыць
Усім, хто толькі прыйдзе ў хату.

Матуля, помню, грушы варыць,
Ямо, ажно трасуцца вушы...
Зноў у мінулым мае мары:
Мне сняцца сушаныя грушы.



КАЛЯДНІКІ

З васьмікутнаю звяздою
Дзеці цэлаю гурбою
Выйшлі сёння на мароз.
З канца вёскі, на змярканні,
Пачалі калядаванне: -
Нарадзіўся нам Хрыстос!

Ад хаціны да хаціны,
Да гаспадароў гасцінных,
З каляроваю звяздой
Ходзяць радасныя дзеці,
Пад акенцам звязда свеціць.
Так прыгожа, Божа мой!

Праспявалі пад акенцам,
Дзверы заскрыпелі ў сенцах,
На двор выйшаў гаспадар.
Ён з душэўнай асалодай,
Уручае, як заўсёды.
Дзецям свой грашовы дар.



МІЛЫ ДРУЖА

Мілы дружа, слухаць горка,
Ты набыў дурных манер:
Брыдкаю завеш гаворкай
Мову родную цяпер.
Нат ,,тутэйшым”, як калісьці,
Не завеш сябе, дружок.
Адарваным з дрэва лісцем
Мкнеш, дзе дзьмухне вецярок.

Мо, забыў адкуль паходзіш,
Што ты нарадзіўся тут?
Ты ж плюеш на асяроддзе,
На бацькоўскі родны кут.

Ты на гарадской пасадзе
Адцураўся ад сяброў.
Нават прозвішча ўжо здрадзіў
Сваіх прадзедаў, бацькоў.

І, магчыма, па парадку
Зробіш ты апошні крок:
Здрадзіш бацьку, здрадзіш матку,
Астанешся, як калок.



АСІМІЛЯЦЫЯ

Мы ад свайго ўцякаем і ўцякаем,
Быццам усе мы з нейкай горшай гліны.
І ў родным асяроддзі прападаем –
Мы мовы выракаемся, айчыны.

Імёны дзецям мы даем чужыя,
Сваіх, спрадвечных, родных нам, не цэнім.
І толькі прозвішчы пакуль яшчэ старыя,
Ды прыйдзе час – і прозвішчы мы зменім.

І з кожным днём усё нас меней, меней –
У польскім моры расстаем няспынна.
І будзе згодным з праўдаю сцвярджэнне,
Што Польшча аднародная краіна.



ХТО МЫ?

У вёсцы пачаліся спрэчкі:
Жывем мы над адною рэчкай,
Адна зямелька ў апрацоўцы,
І молімся ў адной царкоўцы,
Адно ў нас сонейка, нябёсы,
Адным спалучаны мы лёсам,
Адно нам толькі невядома
І нас хвалюе гэта: хто мы?
Азваўся Ян – тут найстарэйшы:
- Усё жыццё я быў тутэйшым.
Відаць, мы ад пачатку свету
Будзем тутэйшымі усе тут.
- Павінны кімсьці быць, вядома, -
Негаваркі азваўся Сёма, -
Усёткі людзі мы, не гускі,
Мяне завуць заўсёды рускім.
- Можа мы родам з Украіны? –
Тут запыталася Паўліна. –
Кажуць, што з украінскай мовы
Заўсёды пазычаем словы.
Лявон дакінуў сваё слоўца:
- А можа ўсе мы тут літоўцы?
Было ж тут, пішуць летапісцы,
Княства літоўскае калісьці.
- Жывем мы ў Польшчы, мы – палякі.
Запальчывы азваўся Якаў.
Жывем мы ў прагрэсіўным свеце –
Ужо палякі мае дзеці.
Нервова ўскрыкнуў тут Кастксь:
- Дзе ж наша, браткі, Беларусь?
Бачу, пазбыцца мы гатовы
Нацыянальнасці і мовы.
І быццам бы нам невядома,
Адкуль выводзімся і хто мы.
І сапраўды ўжо слухаць горка,
Што наша брыдкая гаворка,
Што быццам бы мы з горшай гліны -
Цурацца роднага павінны,
Што быццам існуе прымус,
Каб свайго зрокся беларус.
Ніхто нас не змушае, брацця,
Каб свайго роднага цурацца,
Каб пастаянна, з года ў год,
Мы паміралі як народ.
Шануйма роднае, паверце,
Каб ведаць хто мы, каб не ўмерці.



ВЁСКА МОРА

Сню: з вялікаю натугай
Я ару зямельку плугам,
Плуг нялёгка мне ўтрымаць.
І з агромністай сявенькі,
Я. хлапчына маладзенькі,
Еду зёрны рассяваць.

На плячы з касой кляпанай
Луг касіць іду я рана,
З белай, срэбранай расой;
Зноўку серп бяру зублёны, -
Жаць іду я на загоны,
На палетак родны свой.

Сню, як мы зімой заўзята,
На таку цапамі з татам
Змалацілі ўвесь авёс.
Як у жорсткі час зімовы
З Белавежскай пушчы дровы
З татам позняй ноччу вёз.

Сніцца мне, што ў сенцах жыта
З татам я малоў нібыта
На хлеб чорны, аржаны.
Хлеб пякла матуля потым,
Елі мы яго з ахвотай...
Сны, цудоўныя вы, сны!

Не злічу ўжо, раз каторы
Снішся мне ты, вёска Мора,
І мая там маладосць.
Надалей мне часта сніся!
Хоць у снах мне адазвіся –
Я ж цяпер твой рэдкі госць.



ПАДЗЯКА

За сэрца шчырае,
За рукі руплівыя,
За кожную казку,
За дабрату і ласку,
За матчыну пяшчоту,
За вечную турботу,
За цёплыя словы,
За любоў да мовы,
За роднасць з палямі –
Дзякую табе
Мама.



ДЗВЕ МАТКІ

У сястрынай хаце
век дажываюць
дзве маці
родныя
яе і мужа.
Адна кволая,
нядужая.
Другая –
сляпая.
Тая,
што мела зрок,
вяла сляпую
ў садок,
збірала
грушы ў кошык.
Сляпая
нясла
ў хату ношу.
Радасць
на тварах
у маці:
яшчэ патрэбныя
ў хаце.



* * *

Была зямля і добры дом –
лічыўся бацька кулаком.
Хоць на руках меў мазалі
І быў амаль што інвалід.
Хаця з прычыны хворых ног
Ён працвавць ужо не мог –
Сцвярджалася заўсёды так:
Як ёсць зямля – дык ты кулак!
Было нядобра штосьці мець,
Ніхто не мог разбагацець.
Калі ты голы, як жабрак,
Тады ты добры – ты бядняк!
І з кожным годам, кожным днём
Край станавіўся бедняком.




АПУСЦЕЛАЯ ВЁСКА

Пайшоў бацька наш следам,
Як і трэба, за дзедам.
Гаспадарыў у вёсцы
На збяднелай палосцы.
Ну і мы ўслед за татам
Гаспадарылі з братам.
Ды ўжо нашыя дзеці
Разбрыліся па свеце.
У вясковых мы хатах
Дажываем век з братам.
Апусыела ўжо вёска,
Зарастае палоска.



КАЛІСЬЦІ БЫЎ ГАСПАДАРОМ

Калісьці ў вёсцы быў гаспадаром,
Сям’ю меў, поле, луг і добрых коней,
І ганарыўся ён сваім дабром,
Здабытым мазалямі на далонях.

Нічога ўжо не мае сёння ён.
Сын пераняў турботы, абавязкі.
І ў сынавай сям’і на схіле дзён,
Як хлеба, просіць ён – дабра і ласкі.



У КЛЕТЦЫ З БЕТОНУ

У хатах з бярвенняў
Лясных, смаляных
Жылі пакаленні
Ў стагоддзях былых.

А ў век наш дваццаты
Спяшаемся мы
З драўлянае хаты
Ў гіганты-дамы.

І птушка з балкона
Глядзіць, як на здзек:
У клетцы з бетону
Жыве чалавек.



Я НЕПАТРЭБНЫ ТУТ НІКОМУ

Я непатрэбны тут нікому,
У калаўроце гарадскім.
Мне вельмі хочацца дадому,
Туды, дзе буду родны ўсім.

Хачу сардэчна пакланіцца
Палям айчынным і лугам.
Напіцца з роднае крыніцы,
Даць волю сэрцу і нагам.

Хачу пачуць спеў жаўруковы,
І гоман белавежскіх дрэў,
І гукі беларускай мовы,
І песні роднае напеў.

Хачу я ў вас, лугі і гоні,
Пакінуць тлум увесь і зман
І цалаваць да слёз далоні
З зямлёю зродненых сялян.



ВЯРТАННІ

Не высушаць маіх карэнняў
Пласты асфальту і бетону.
Жывучых сокаў і натхнення
Мне родны кут дае да скону.

Чую пад босаю ступнёю
Кожны шматок сваёй зямліцы.
Усё тут блізкае, святое,
Я прычашчаюся ў крыніцы.

І ў шчабятанні жаўруковым,
Што льецца з высі напрадвесні,
Я чую гукі роднай мовы
І роднай беларускай песні.

Мне кроўныя сялян турботы,
Іх добрая і злая доля.
Сялянскага пах чую поту
У летнюю спякоту ў полі.

Калі спяваюць – падпяваю,
Іх кожнай цешуся удачай.
Няшчасце толькі завітае –
Я плачу, калі нехта плача.

І ад калыскі да сканання
Булу ў душы я селянінам.
Маё жыццё – гэта вяртанні
Няспынна ў родныя мясціны.



ВАСІЛЬКІ-ВАЛОШКІ

Глядзіце, глядзіце –
Валошкі у жыце!
У золаце жыта
Так многа блакіту.
Міргаюць, як вочкі,
Да нас васілёчкі.
Пайду пакланюся
Красе Беларусі.



СУНІЦЫ

Як зоры на паляне,
Рассыпаны суніцы.
Сабрала іх у збане
Дзяўчына-чараўніца.

А хлопец топаў следам
І захацеў вадзіцы,
Як быццам бы не ведаў,
Што ў збане тым суніцы.

Калі ізноўку глянуў,
Крадком, каб не сурочыць,
Угледзеў зоры ў збане
І быццам зоры вочы.



ТРЫЯЛЕТ

Імкнуся сэрцам да каханай –
Надоўга раздзяліў нас лёс.
Ён многа нам тугі прынёс,
Імкнуся сэрцам да каханай.
Мне ноччу сніцца стук калёс,
Дамоў я еду пастаянна...
Імкнуся сэрцам да каханай –
Надоўга раздзяліў нас лёс.



ІЗНОЎ МЫ РАЗАМ

Ізноў мы разам, дарагая,
Пасля расстання.
Са словам вернасці: кахаю,
Стрэлі світанне.

Ізноў мы цешымся сабою,
Шчыра, як дзеці.
І мы шчаслівыя абое
Ізноў на свеце.

Сабе ствараем свет уласны
І непаўторны.
Са шчаснай зоркай непагаснай
На небе зорным

Ізноў мы разам, дарагая,
І назаўсёды.
Са словам вернасці: кахаю,
П’ем шчасця слодыч.



АДЗІНОТА

Жанчын у цябе, кажаш, многа,
Значыць – не маеш нікога;
Доказ, што ты адзінокі,
Ад свайго шчасця далёкі.
Шчасце людское не ў суме,
Сэрца не любіць тлуму,
Сэрцу трэба нямнога,
Сэрца шукае другога.
Шчасце людское, паверце,
У двух закаханых сэрцах.



ДАЗВОЛЬ ЦЯБЕ КАХАЦЬ

Мне сумна, надта сумна, дарагая,
Балюча так, што слёзаў не стрымаць.
Прашу цябе, малю цябе ў адчаі:
Дазволь цябе, дазволь цябе кахаць.

Далёка вельмі ад цябе, далёка,
Што толькі ў думках і магу паслаць
Сваё прызнанне-просьбу сінявокай:
Дазволь цябе, дазволь цябе кахаць.

Мне вечнасцю здаецца час расстання,
На жаль, канца расстання не відаць.
Я шлю сваё сардэчнае жаданне:
Дазволь цябе, дазволь цябе кахаць.

І з кожным новым днём расце, мацнее
Неўтаймаваны ў маім сэрцы боль.
Прашу цябе з вялікаю надзеяй:
Кахаць цябе, кахаць цябе дазволь.



ЗМЕНЛІВАЯ, ЯК НАДВОР’Е

Думаў я – пакутваў столькі ж, -
Даў цябе ласкавы лёс,
У вачах тваіх вясёлкі
Зіхацелі, аж да слёз.

Нечакана бачу: зранку
Цяжка ўжо цябе пазнаць.
У вачах тваіх маланкі
Безупынна зіхацяць.

Стала страшна мне, вядома,
Стала грознай ты, павер,
І чакаць , напэўна, грому,
Засталося мне цяпер.



ПАМІДОРЫ

Валянціне Тэрлецкай

Ах, памідоры, памідоры!
Прыехалі ў пасылцы ,,скорым”.
Такая ў сэрцы асалода –
Запахла раптам агародам.

Здалося што трымаю ў жмені
Я сонца летняга праменні,
Каштоўны дар зямлі айчыннай
Ад дарагой маёй дзяўчыны.

Пунсовыя яны, як вусны,
І чырванеюць так спакусна.
Захоўваў бы, здаецца, дзесьці
І цалаваў іх, каб не есці.

Пакаштаваў – дык як маліна!
Хацеў бы есці іх няспынна.
І быццам я ўжо ў родным Моры...
Ах, памідоры, памідоры!



ГОСЦЬ

Калі ж у наш гасцінны дом
Нам госця прывядуць багі –
Ён любы нам, як весні гром,
І залаты, і дарагі.

Ды толькі пару дзён міне,
Не залатых папраўдзе дзён, -
Наш госць паменшае ў цане,
Раптоўна срэбрам стане ён.

І запаволіць бег свой час,
З трывогай лічым мы дзянькі –
Калі ж пакіне ўрэшце нас
Госць, як жалеза, нам цяжкі.



ГОРЫ, ГОРЫ

Горы, горы
прадкажыце,
што там
на маёй арбіце?
Што рыхтуюць
мне нябёсы?
І што суджана
мне лёсам?
Што жыццё
мне абяцае?
Можа – славу
прадракае?
Мо, пасля
майго сканання,
нат не будзе
ўспамінанняў? –
Ды стаяць
маўкліва горы.
Гора, гора...



* * *

Як вогнішча ўначы, жыццё людское:
Спачатку цепліцца іскрынкай кволай
Агенчык доўга поўзае змяёю –
І полымем успыхвае вясёлым.

Яно гарыць сабе спакойна потым,
І прытухае на вачах лагодна.
Патлее так, скананае лянотай,
І попелам становіцца халодным.



ПАГАВАРЫ СА МНОЮ, МАМА

Памяці маці

У сне сваю матулю бачыў:
Яшчэ ў старое хаты сценах,
Малы я, у гадах дзіцячых,
Сяджу у мамы на каленах;

Матуля баіла мне казкі,
Песні цудоўныя спявала,
Сваёю дабратой і ласкай
Мяне зусім зачаравала.

Няўлоўныя вы сну хвіліны!
Няма, няма матулі ў Моры!
У снах маіх галубіць сына,
У снах маіх дзяцінства дорыць.



КАБ ХОЦЬ РАЗОК БУДЗІЛА МАМА

Бывала, мама будзіць рана:
- Ужо пара ўставаць, сынок!
Прачнуўшыся, яшчэ заспаны,
Вяду я коней не лужок.

На лузе коні срэбны іней
Глытаюць з вялаю травой.
А я, скрунуўшыся ў лагчыне,
Хаваю ногі пад палой.

Так часта марыцца, каб мама
Мяне будзіла хоць разок,
Каб мог я босымі нагамі
Ізноў пабегчы на лужок.

Хай як калісьці восень сцеле
Халодны іней – ну і што ж!
Бягу я ў думках ля аселіц
І малады, і басанож.

Не скажа мама: - Пасвіць коней
Устань, хутчэй устань, мой сын...
А іней сыплецца на скроні,
Як маладосці успамін.



ПРАМІНАННЕ

Памяці бацькі

Кволае дрэўца лясное бярозкі
Калісьці прынёс шустры хлопец
у вёску.
Сталася дрэўца бярозай ля тына,
А з шустрага хлопца – дарослы
мужчына.
Гадоў прамінуў ужо сёмы дзесятак.
Бяроза красуецца кронай багатай -
З мужчыны зрабіўся слабенькі старэча.
Дрэмле ля дрэва, згорбіўшы плечы.
Пад стройнай бярозаю месца пустое –
Не стала старэчы з сівой барадою.
Сумуе па ім прыгажуня-бяроза,
Плывуць па лісточках расіначкі-слёзы.



ДЗЯЦІНСТВА

Не ведаюць аб гэтым нашы дзеці:
Яны найбольш шчаслівыя на свеце.
У іх вясна заўсёды маладая,
Здаецца, ёй канца не будзе, краю.
Не ведаюць, калі ім бестурботна,
Што іх дзяцінства пройдзе беззваротна.
Ім прыйдзецца даведацца пра гэта,
Калі вясну ў жыцці заменіць лета.
І скажуць: як прыгожа нам жылося, -
Калі ў жыцці іх загасцюе восень.



СУМЛЕННЕ

Мне птушка помніцца на плоце,
Што мела жоўценькі жывоцік.
А я, гарэзлівы хлапчына,
У тую птушку кіем кінуў.
Думаў, што толькі напуджаю –
Яна ж упала, нежывая...
І доўга мёртвую ўжо птушку
Я на сваёй далоні гушкаў.
Нябогу лашчыў я рукою
І паліваў яе вадою...

На жаль, усе мае турботы
Не ажывілі птушкі з плоту.



СОЛЬ ЗЯМЛІ

Колькі ж салёнага поту
За цяжкай у полі работай
Бацькам праліць было трэба,
Каб дома быў бохан хлеба.

Таму то і чэрствая луста,
Як соллю пасыплеш густа,
Халоднай пальеш вадою,
Здавалася смачнай такою



* * *

Аж кружыцца галава,
Пульсуе мацней кроў у венах:
Дурманіць нас пахам трава,
Калі становіцца сенам.

Аж блякне нябёс сінява,
Што тут цішыня грабавая:
Ціхутка, ціхутка трава
На скошаным лузе ўмірае.



* * *

Па леце лодак рад смуткуе.
Лісцём заплакалі галіны.
З кім у дарогу паплыву я?
Хіба ўжо толькі з успамінам.

Ты адплыла, а я тут з марай,
Як Рабінзон пасля крушэння.
Блукаю ў восеньскім пажары...
Я сам таксама ўжо асенні.



КРАСУЕ ЛЕС МОЙ ЗАЛАТЫ

Красуе лес мой залаты.
Нібыта ў казцы я, здалося.
Пад ногі сцелюцца лісты,
Калі іх пафарбуе восень.

Яна ідзе на мой парог
І астаецца дамаседам.
Шукаю я жыцця дарог –
Са мною восень крочыць следам.

Мянге ўжо з восенню, відаць,
Ніхто ў жыцці не раз’яднае.
Калі мне з ёю сябраваць –
Заўжды хай будзе залатая.



ЧАС

Калі ўсё жыццё перамолата,
Калі ўсе хвіліны растрачаны –
Часу не купіш за золата,
Не атрымаеш у спадчыне.

Жыццё маем толькі адзінае,
Разумна жыць мусім, напружана.
Таму трэба кожнай хвілінаю
Больш даражыць, як жамчужынай.



А МАЛАДЫЯ НАПРАСТКІ ЛЯЦЯЦЬ

А маладыя напрасткі ляцяць,
Здаецца ім – наперадзе замала,
Усё прабегчы хочацца, абняць,
Усё засвоіць для сябе трывала.

Калі ім давялося пасталець,
Як стома стала дакучаць таксама,
Ахвота знікла напрасткі ляцець,
Працертымі ідуць яны шляхамі.

Гадоў старых прыйшлося ім дажыць –
Падбегчы ўжо зусім няма ахвоты.
Не спешна стала да жыцця мяжы,
Якая можа ўжо за паваротам.



ЛЁС ЧАЛАВЕЧЫ

Лёс чалавечы –
Шчасце і мукі.
Радасць сустрэчы –
Горыч разлукі.
Слодыч кахання –
Сум адзіноты.
Людзей прызнанне –
З людзьмі турботы.
У блізкіх вера –
Расчараванне.
Планы, намеры –
Іх распаданне.
Расце маёмасць –
Растуць і страты.
Шчаслівы дома –
Або распяты.
Надзея ў дзецях –
Дзеці чужымі.
Дык ці ж на свеце
Шчасце магчыма?
Чакаць мы сталі:
Добразычлівы
Піхне лёс шалю
На бок шчаслівы.