Дзень Волі сёлета адзначаецца ў інтэрнет-прасторы ці ў хатніх умовах

Дзень Волі сёлета адзначаецца ў інтэрнет-прасторы ці ў хатніх умовах


У справу святкавання 102-ой гадавіны абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі нечакана ўмяшаўся каронавірус, – кажа старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў.

І таму трэба быць паслядоўнымі. Зараз суседнія, і не толькі, краіны абвясцілі каранцін у сувязі з пандэміяй, больш абмежаванняў уводзіцца і ў самой Беларусі. Таму беларуская апазіцыя не можа быць выключэннем. Але, па словах палітыка, – свята, тым не менш, не адменена:

– Яно сыходзіць у больш індывідуальны фармат. Тое, што прапаноўваюць калегі з “Арт Сядзібы” сцэнар святкавання, у прынцыпе, ён слушны. Будзе анлайн-канцэрт, будуць фотаздымкі ў інтэрнэце з вывешваннем сцягоў, хтосьці будзе запускаць феерверкі. Я мяркую, што ў тых умовах, калі можна абмежаваць аўдыторыю і групы, гэта, напэўна, самы падыходзячы фармат. Таму раю далучацца да гэтага фармата, які прапанаваны, і такім чынам святкаваць.

Разам з тым Ігар Барысаў кажа, што прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі і сябры аргкамітэту па святкаванні Дня Волі ўжо задумаліся пра планы на наступны год. “Тыя сродкі, якія мы сабралі для святкавання ў гэтым годзе, а гэта каля трох тысяч рублёў, яны нікуды не падзенуцца, а будуць захаваны да наступнага Дня Волі. І мы будзем ведаць, што ў нас ёсць падмурак для арганізацыі новага мітынгу-канцэрту. І спадзяемся таксама, што тады ўжо дакладна ні каронавірусу, і ніякіх іншых перашкод не будзе”, – кажа палітык.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота spring96.org

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя