„Гарадзенскія майстэрні ведаў”: з новымі ведамі ў новы год

„Гарадзенскія майстэрні ведаў”: з новымі ведамі ў новы год


Чарговыя, пятыя „Гарадзенскія майстэрні ведаў” пройдуць 21-га студзеня. Гэта цэлая серыя публічных лекцыяў і майстар-класаў, якія даюць магчымасць пазнаёміцца гарадзенцам з новымі напрамкамі самаразвіцця.

Прапануецца 12 заняткаў, сярод іх: „Асновы медычных ведаў”, „Як прасоўваць свой бізнес у інтэрнэце”, „Чытай па тварах. Міміка і нашыя эмоцыі”.

Кажа пра майстэрні адна з арганізатарак Вольга Галецкая:

– Так у мінулым годзе, як і ў гэтым, і з боку слухачоў, і з боку выкладчыкаў самы распаўсюджаны напрамак – гэта псіхалогія. Вельмі шмат майстар-класаў і самі выкладчыкі прапанавалі па псіхалогіі, і больш за ўсё слухачоў прыходзіла на іх. Заняткі па інфаграфіцы, па журналістыцы. А ў гэтым годзе будзе вельмі цікавы майстар-клас, якога яшчэ не было, пра неадкладную дапамогу і асновы медыцынскіх ведаў.

Удзельнічаць у гэтых майстар-класах гарадзенцы могуць задарма. Але адна з умоваў – неабходна зарэгістравацца праз інтэрнэт да 17-га студзеня. Кажа сябра Цэнтру дадатковай адукацыі дарослых „Студыя карысных кампетэнцыяў” Дар’я Радзевіч:

– Чалавек, які хоча развівацца, зможа набыць веды для таго, каб сябе рэалізаваць. Магчыма, чалавек усё жыццё хацеў нешта вывучаць, але ў яго не было такой магчымасці. І мы даем яму магчымасць паспрабаваць, зарумець, ці яго гэта. І далей ён зможа развівацца ў гэтым кірунку. Можна цягам аднаго дня пабыць на некалькіх майстар-класах. А таксама ў якасці выкладчыка правесці майстар-клас і падзяліцца сваімі ведамі.

Заняткі будуць праводзіцца ў чатырох памяшканнях з 11-й гадзіны ў нядзелю, 21-га студзеня.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя