Лекцыя „Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй”


Лекцыя Анатоля Івашчанкі пройдзе ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Менску.

Разанаў – загадка. Разанаў – разэнкрэйцэр. Разанаў – і камень, і скульптар. Ствараючы новыя формы, ён разбурае існыя нормы і парушае непахісныя догмы. Разанаў – крэпасць, аб якую ламаюцца паэталагічныя дзіды…

Пра Алеся Разанава гаворыцца шмат. Чатыры дзесяцігоддзі ягонае імя не сыходзіць з вуснаў неабыякавых да паэзіі. І яшчэ – невядома колькі – не будзе сыходзіць. Пішацца – меней. Бо як напісаць пра тое, як расце дрэва ці цячэ ручай?.. І заўжды, як пішацца акадэмічна, грунтоўна, “аб’ектыўна”, з дэклараваннем апошняе праўды, адчуваеш: “трэба глыбей”. Як адчуваў дваццаціпяцігадовы паэт, калі абіраў свой Шлях (ці, можа, Шлях абіраў яго), ствараючы паэму “Назаўжды”, дзе развітваўся з сілаба-тонікай. Развітаўся не назаўжды…

Даследнік творчасці Алеся Разанава Анатоль Івашчанка запрашае ў падарожжа па творах паэта – між медытацыяй і рацыяй.

16 сакавіка. Музей Максіма Багдановіча (Менск, вул. Багдановіча, 7а).Пачатак а 18:30.

Фота Васіля Кроквы

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя