Барыс Гарэцкі: Магчыма, ва ўладаў ёсць план працягу „справы БелТА”

Барыс Гарэцкі: Магчыма, ва ўладаў ёсць план працягу „справы БелТА”


Спынены крымінальны пераслед 13-ці з 15-ці фігурантаў так званай „справы БелТА” аб несанкцыянаваным доступе да ленты навінаў гэтага дзяржаўнага тэлеграфнага агенцтва.

Абвінавачванне прад’яўлена галоўным рэдактарам БелаПАН і TUT.BY Ірыне Леўшынай і Марыне Золатавай, – распавядае намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі:

– Крымінальны пераслед 13-ці чалавек спынены, і справы пераведзены ў адміністрацыйны працэс. Журналісты заплацілі адміністрацыйныя штрафы. Зараз пад пераследам застаюцца два галоўныя рэдактары – Ірына Леўшына і Марына Золатава. Пакуль нейкая паўза, калі следчыя знялі пераслед іншых фігурантаў, але пакінулі “на кручку” галоўных рэдактараў.

„Мы вельмі спадзяемся, што і супраць іх крымінальны пераслед бузе спынены, але пакуль гэтага не адбылося. Магчыма, ва ўладаў ёсць нейкі план працягу гэтай справы, працягу пераследу гэтых двух ключавых асобаў з найбуйнейшых незлежных СМІ Беларусі”, – не выключае Барыс Гарэцкі.

Нагадаем, што Ірыну Леўшыну абвінавачваюць па частцы 2 артыкула 349 Крымінальнага кодэксу (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі), а Марыну Золатаву па больш цяжкім артыкуле 425, частка 2, (бяздзейнасць службовай асобы), які прадугледжвае як штраф, так і пазбаўленне волі да 5 гадоў, а таксма забарону займаць пэўныя пасады.

Па словах журналісткі БелаПАН Таццяны Каравянковай, супраць якой справа спынена, яна не разумее, навошта ўладам спатрэбілася гэтая справа, якая выклікала такі адмоўны рэзананс і ў Беларусі, і за яе межамі:

– Хацелі запалохаць, ускладніць працу, стварыць непрыемнасці. Я б не сказала, што на мяне гэта моцна падзейнічала. У мяне няма страху. Вельмі адчувалася падтрымка і дапамога калег, БАЖу. Я пра гэта адразу як выйшла з ізалятару пісала. Вялікі дзякуй усім за падтрымку!

Таццяна Каравянкова спадзяецца, што справу закрыюць таксама і супраць галоўных рэдактараў БелаПАНа і TUT.BY Ірыны Леўшынай і Марыны Золатавай і яна ўвогуле не дойдзе да суда.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.

Гутарыў Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Калаж: twitter.com/kazz_by

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя