У беластоцкім драмтэатры паказалі «Рэвізора» са Львова

У беластоцкім драмтэатры паказалі «Рэвізора» са Львова


«Да нас прыехаў рэвізор». У Беластоку класічная фраза прагучала ў выкананні ўкраінскіх акцёраў. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Марыі Занькавецкай са Львова выступіў на сцэне мясцовага тэатра.

Тут у рамках фестывалю «Напрамак Усход» паказалі спектакль «Рэвізор» паводле Мікалая Гогаля. Выступ артыстаў чакаўся яшчэ ў верасні, калі праходзіла асноўная частка фестывалю, але тады па тэхнічных прычынах яго перанеслі.

Беластоцкая публіка чакала «Рэвізора», у тэатры паведамлялі пра ажыятаж вакол запрашэнняў, якія разбіраліся за дзень. А львоўскія акцёры таксама рыхтаваліся да сустрэчы з польскай публікай – кажа народная артыстка Украіны Людміла Ніканчук.

– Польскі тэатр мы вельмі любім. Любім гэтую школу. Любім іх за тое, што гэта надзвычай таленавітыя людзі. Мы даволі часта ездзілі да іх у госці, і яны часта да нас прыязджаюць, таму ў нас ужо такое даўняе сяброўства. Мы заўсёды радасна іх сустракаем і з вялікай радасцю едзем у Польшчу. З вялікай радасцю мы рыхтаваліся, як заўсёды. І тут нас, як заўсёды, прымалі вельмі добра.

Беластоцкая публіка, сапраўды, авацыямі вітала ўкраінскіх акцёраў. Са сцэны дырэктар беластоцкага драматычнага тэатра Пётр Паўторак паведаміў, што такім чынам завершыліся падзеі фестывалю «Напрамак Усход» у 2018 годзе і зараз адміністрацыя рыхтуецца да наступнага фестывалю. Ён пройдзе традыцыйна ўвосень.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота dramatyczny.pl

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя