Жыхар Глыбокага: Ніхто не хоча працаваць задарма

Жыхар Глыбокага: Ніхто не хоча працаваць задарма


Каля паўмільёна беларусаў запісалі ў базу так званых дармаедаў. Як аказалася, многія людзі трапілі туды выпадкова.

Адныя ўжо пачалі разбірацца са сваім статусам і хадзіць па кабінетах чыноўнікаў. Іншых жа па чарзе выклікаюць на так званыя “камісіі па дармаедству”. Як падкрэсліваюць улады, мэта „дэкрэта аб дармаедах”, — садзейнічанне працаўладкаванню.

Па словах жа Андрэя Ж. з Глыбокага, якога ўжо тройчы выклікалі на такія камісіі з прыцягненнем участковага міліцыянта, ніхто там не прапаноўвае канкрэтнай і добрааплачваемай працы:

– Стаіш, як школьнік, які правініўся, і павінен тлумачыцца. Чалавек пятнаццаць там сядзела – ўсе райвыканкамаўскія, уключна з міліцыяй. Асноўная там у камісіі сядзіць жанчына – шыя ад золата ломіцца, пальцы хутка скруціць ад гэтага золата. Такая дзелавая кажа, што ідзі і знайдзі сабе працу. Дзе яе знайсці, калі яе няма? Сапраўды, калі б выклікалі, прапанавалі нейкую працу, штосьці. Я схадзіў у цэнтр занятасці адзін раз, пасля таго маёй нагі там не будзе. Я прыйшоў у цэнтр занятасці, яны паглядзелі ў мой пашпарт і сказалі: „Ты на свой узрост даўно глядзеў?”. Мне ў гэтым годзе ўжо 48 гадоў будзе.

Як дадае Андрэй Ж., ён лічыць сябе добрым спецыялістам і задарма на гэтую ўладу не будзе працаваць нават пад дулам аўтамата:

– Вы стварыце працоўныя месцы і плаціце людзям нармальныя грошы. Чалавек пойдзе працаваць, ён не будзе дармаедам сядзець. Ніхто не хоча працаваць задарма. Чаму мы павінны ісці працаваць задарма, калі чынушы сядзяць, набіваюць на нашым горы, на нашай працы сабе кішэні. Я павінен за капейкі ісці кавырацца, каб жыць ад палучкі да палучкі.

Паводле ўладаў, камісія павінна інфармаваць грамадзян аб тым, што яны ўключаныя ў спісы так званых дармаедаў. Да таго з 1 снежня 2018 беларусы ўжо могуць самі праверыць, ці не трапілі яны ў базу людзей, незанятых у эканоміцы. Яна размешчаная на Адзіным партале электронных паслуг. Спіс такіх грамадзян будзе фармавацца кожныя паўгода і актуалізавацца кожны квартал.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ostrovets.by

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя