Выйшаў новы зборнік сучаснай украінскай паэзіі ў перакладзе на беларускую мову - “Пра словы і цішыню між імі”
2024-03-27 17:01
Онлайн-часопіс "Таўбін" на працягу апошніх двух год друкуе пераклады актуальнай украінскай паэзіі на беларускую мову - у знак салідарнасці з украінскімі сябрамі і ў пошуку ўзаемаразумення.
За гэты час на «Таўбіне» былі апублікаваны вершы 40 сучасных украінскіх паэтаў і паэтак -
26 паэтычных падборак.
У выніку атрымалася стылёвае выданне, якое хутка можна будзе замовіць у Варшаве або Стакгольме, але пакуль нельга - у Менску.
"У ім прадстаўлены вершы 13 аўтараў і аўтарак, некаторыя з якіх проста зараз ваююць на фронце. Украінцаў і ўкраінак вайна раскідала па свеце, прымушаючы гаварыць пра свой боль, каб свет працягваў дапамагаць іх радзіме змагацца са злом. Беларусы таксама павінны гэта чуць", - упэўнены стваральнікі кнігі.
Каманды «Таўбіна» і шведскага выдавецтва «Ariel Förlag» рызыкнулі выдаць нефармат для вайсковага часу, але ёсць усе шанцы, што менавіта такія кнігі прыспешваюць перамогу дабра над злом. Будуюць масты замест таго, каб паліць іх.