Czasopis

Białoruskie pismo społeczno-kulturalne

11/2002


На радзіме Коласа і Купалы – з нагоды юбілею

...Неяк не пішацца папольску пра клясікаў беларускай літаратуры, Янку Купалу і Якуба Коласа. Не дапамагае нават магія волі. Зневаляе кожнага з іх выбар Менска – адданасьць Беларусі, негледзячы на ўмовы палітычныя 20-ых, асабліва 30--ых гадоў у БССР. Самі выбралі лёс беларускіх клясікаў, бо кім-жа былі-б, калі-б выбралі Польшчу, дзе асталіся іхнія родныя мясьціны. Рыскі мір закончыў адначасова вандраваньні сем’яў Купалы і Коласа па ўсіх беларускіх землях – з захаду на ўсход, з поўначы на поўдзень і ў адваротных напрамках, у пошуках хлеба. У іхнія 39 гадоў (у 1921 г.), з багатым ужо пісьменьніцкім багажом, хацелася, пэўна, жыцьцёвай стабілізацыі, хаця-б за заслугі перад беларускім народам. І зажылі паэты ў Менску, пакінуўшы свае калыскі па той бок мяжы, пад Польшчай. Пасьля другой сусьветнай вайны гэтыя месцы сталі мітычнымі, і здаецца, добра, што хаця была БССР, якая не адмовілася ад сваіх клясікаў, а стварала іхні культ сярод вучняў, працаўнікоў сферы культуры, сярод сялянскай нацыі беларусаў. Пэўна, калі-б інакш абышлася-б гісторыя, на “крэсах” не было-б мэмарыяльных комплексаў прысьвечаных беларускім паэтам.

А так – у Вязынцы няма сьлядоў па ўласьніках Замбжыцкіх, а дом, у якім нарадзіўся Янка Купала, стаіць. Быўшае “панскае” ўладаньне нічым не нагадвае культурных Замбжыцкіх, якія пакінулі радавое гняздо толькі пасьля ІІ сусьветнай вайны. Вязынка стала Купалавай “уласнасьцю”, хаця тут ён толькі нарадзіўся. Купалу больш пашчасьціла, чым сапраўдным уласьнікам. Філіял Купалаўскага музея, купалаўскія сьвяты някепска ўпісваюцца ў быўшы панскі маёнтак на пагорку са ставам і рамантычна над ім пахіленымі старымі вербамі.

Пабыўка ў Вязынцы два гады таму натхніла да падарожжа шляхам клясікаў. І нагода не абы-якая –

120-годзьдзе ад іхняга нараджэньня, прываблівала ў месцы, дзе фармавалася іх паэтычная душа. Хацелася ехаць, падыхаць тым паветрам, пабачыць краявіды, пашукаць сьлядоў. Дапамогу аказала самая ўнучка Якуба Коласа – Марыя Міцкевіч (старшыня Дзіцячага фонду духоўнага і культурнага адраджэньня “Сакавік”), прапануючы кіроўцу з бусам “Ambulance”, падараваным некалі фонду ў рамках гуманітарнай дапамогі. Падарожжа пад лёзунгам “Шляхам клясікаў” знайшло прыхільнікаў. Сабралася нас сем асоб: Ганна Кандрацюк з братняй “Нівы” з мужам Стэфанам Сьвярубскім, Анна Сабэцкая – перакладчыца і журналістка “Радыё Гданьск”, гісторык Вячаслаў Харужы, Іаанна Томчук – студэнтка Беластоцкага унівэрсытэта, гродзенскі паэт Юры Гумянюк і ніжэйпадпісаная.

Проста з начнога цягніка Гродна – Мінск, у спасаўскую панядзелкавую раніцу, памчаліся ў Акінчыцы, дзе нарадзіўся Кастусь Міцкевіч, у будучыні – Якуб Колас. Кіроўца наш меў засвоены шлях па коласаўскіх мясьцінах, няраз, пэўна, калясіў з падобнымі экскурсіямі. Недаспаўшыя, без сьняданку мы кінуліся пад яблыньку пры доме Сафіі і Юркі Міцкевічаў, якія якраз упраўляліся каля хаты. На іхняй хаце вісіць інфармацыя пра Коласаўскі музей, з якой даведаліся, што ў панядзелкі музей не працуе. Аднак пані Сафія, бачачы перад сабою кампанію чужаземцаў, ахвотна згаджаецца нам распавесьці і паказаць музей. Яе муж Юрка – унук Коласавага брата Юзіка. Зараз былы засьценак Акінчыцы знаходзіцца ў межах горада Стоўбцы. Там пры старажытным гасьцінцы “Кацярынцы”, дзе крыжаваліся дарогі з Пецярбурга ў Варшаву, Бэрлін, Парыж і Ватыкан, стаіць адбудаваная ў 1982 “камора”, у адну ізбу домік, у якім з 1881 г. каморным стражнікам працаваў Міхал Казіміравіч Міцкевіч. Там 3 лістапада 1882 г. нарадзіўся ў яго сын – Кастусь. Экспазіцыя ў “каморы” нагадвае выгляд тадышняй ізбы з арыгінальнай калыскай падвешанай да столі. Стаяць там стол з лавай, драўлянае ложка і старадаўняя печ. Хатка папоўненая прыладамі штодзённага жыцьця канца ХІХ ст. Пані Сафія адкрывае нам сьвет, такім, якім ён адкрываўся народжанаму хлопчыку. Адтуль у 1883 г. Міхала Міцкевіча перавялі ў Мікалаеўшчынскую лясную камору – Кастусю было ўсяго чатыры з паловай месяца. У 1888 г. – у Ласток. – Усё гэта вельмі блізка – у навакольлі, – паказвае пані Сафія і дадае нам тонам прафесійнага экскурсавода: – Зараз пад’едзеце ў Альбуць з маім мужам. Аповеды пані Сафіі, нягледзячы на нашу стому і галодныя страўнікі, сталі асалодай на пачатак нашай вандроўкі. Выказваньні шчырыя, адкрытыя, захапляльныя. “Нуль савецкасьці на радзіме савецкага Коласа”, – падумалася. На нашы пытаньні пані Сафія адказвала з веданьнем справы або з агульнавядомым сумнівам у нявысьветленых дэталях Коласавай біяграфіі, як, напрыклад: невядома, дарэчы, дзе хрысьцілі яго – у царкве, ці ў касьцёле, вядома , што ў Новым Сьвержні. Даведаліся мы таксама, што сям’я Коласа жыве ў Польшчы – у Чорнай-Беластоцкай, Цехацінку, Познані, Влацлаўку, Кашаліне і часам наведвае родныя мясьціны. Якраз адна з пляменьніц была ў Акінчыцах, хацелі мы з ёй пазнаёміцца, нават пагаварылі па тэлефоне, каб пераканацца, што яна ўжо полька і не мае патрэбы з намі сустракацца. На развітаньне атрымалі яблыкі на дарогу, “Новую зямлю” на памяць і пана Юрку Міцкевіча – як гіда на далейшае падарожжа. Па дарозе ў Альбуць заехалі да хаты стоража коласаўскай сядзібы на сьняданак. Прыгожая паляна сярод лесу, добрае месца на пікнік. Ранняе сонечнае надвор’е таксама спрыяла. Наш апякун Юрка хутка сарганізаваў маленькае вогнішча, каб падпячы каўбаскі прывезеныя з Беластока. Перамогшы праблемы з электрычным токам, напіліся мы нават кавы і гарбаты. На радзіме Якуба Коласа смакавала ўдвая лепш чым звычайна, а ў галаве снаваліся апісаньні застольля з “Новай зямлі”. Зьдзіўляла нас толькі, як жыве тут стораж, далёка ад цывілізацыі. Аказалася, ён жыве ў Стоўбцах, а сюды прыязджае наглядаць. Прытым зьдзіўляла нас, што тут даглядаць, калі апетая Коласам “лесьнікова пасада” пару вёрст адсюль. Праз лес, звычайнай лясной дарогай дабраліся мы ў Альбуць. Затрымаўшыся на паляне, пан Юрка пачаў з памяці зачытваць нам “Новую зямлю”: “Вось гэта ўсё пра што я Вам дэклямаваў, ёсьць тут!”. Радзівілаўская Альбуць гэта і ёсьць музей “Новай зямлі”. У Альбуці Кастусь Міцкевіч падрастаў і дасьпяваў – жыў там з 8 па 20 год жыцьця. Тут пачаў вучыцца разам з братамі ў “дарэктараў” Алеся Фурсевіча і Яські Міцкевіча. Адсюль вандраваў у народнае вучылішча ў Мікалаеўшчыну і адправіўся спярша ў Нясьвіжскую настаўніцкую сэмінарыю, а пасьля на працу настаўніка на Палесьсе. Лесьнікова пасада, таксама адноўлены скансэн, нагадвае сваім выглядам мінулае. “Так тут сапраўды было”, – пераконвае нас пан Юрка, паказваючы дубы, мосьцік і крынічку. Нас уражвае мадэрнае пластмасавае ўвасабленьне чатырох пор года ў лесьніко-вай хаце, якое разбурае хатні дух Коласавых строфаў.

З Альбуці едзем у Смольню, дзе пан Юрка перадае нас у рукі сваёй цёткі Сафіі, дачкі Коласавага брата Юзіка. Цётка Сафія, занятая штодзённымі гаспадарскім праблемамі, прадаўжае жыцьцё сядзібы Міцкевічаў з пачатку стагодзьдзя. Тут у мэмарыяльнай хаце выстаўленыя сямейныя рэчы: шафа з арыгінальным адзеньнем маці Якуба Коласа, кнігі, нават ікона Міколы Цудатворца на покуці.

Хаця Міцкевічы жылі тут чатыры гады (1911-1915), Смольня ўпіса-лася не толькі ў коласазнаўства, але і ў купалазнаўства. Сюды ў жніўні 1912 г. са станцыі ў Стоўбцах прыцёпаў Янка Купала, каб пазнаёміцца з Якубам Коласам. Сустрэча зараз стала легендарнай. Пані Сафія Язэпаўна паказала на ліпы перад домам: “Як думаеце, колькі іх тут расьце?”, – запыталася ў нас з хітрай усьмешкай. “– Гэтыя ліпы на памяць аб сустрэчы ў 1912 г. пасадзілі Колас і Купала. Школьнікі часта мыля-юцца і кажуць, што тут іх пяць, а гэта дзьве так разрасьліся”.

Пакідалі Смольню, так як і ранейшыя мясьціны з найлепшымі ўражаньнямі пра іх апекуноў, Коласавых пляменьнікаў. Вядома, усе нашыя гіды нарадзіліся ў міжваеннай Польшчы, але не спаляні-заваліся і не адмовіліся ад спадчыны Якуба Коласа, а сталі яе ахоўнікамі і даражаць ёю як роднай, блізкай іхняму сэрцу.

Захацелася яшчэ пабачыць Ласток, але кіроўца адмовіўся нас туды везьці – маўляў: дарога дрэнная, сядзіба на адноўленая, няма чаго там глядзець. Ён яшчэ ня ведаў, што нас больш за ўсё цікавіць сапраўдны стан захаваньня сядзібаў, чым іх рэканструкцыя. “Завязу Вас да турбазы Высокі Бераг над Нёманам”, – прапанаваў. Пасьля дагледжаных музейных Коласавых мясьцін хацелася пабачыць нешта аўтэнтычнае – хаця-б Нёман, пра які ў гэты дзень чулі ад раніцы. Таму і кінуліся з з высокага пяшчанага берагу ў Нёман, некаторыя з нас з жаданьнем пакупацца. Аднак аказалася, што можна на ўсёй шырыні схаваць у воду поўнасьцю ногі – нідзе не было глыбей. Налюбаваўшыся пакручастым Нёманам, паехалі далей.

Заканчэньне будзе