2. Пасьля лукашэнкаўскiх рэфэрэндумаў сьпiс табуяваных тэмаў значна пашырыўся, таму незалежныя часопiсы ў пэўным сэнсе выйгралi, узяўшы на сябе жыцьцядайную функцыю рэабiлiтатараў.
Так, напрыклад, рэдакцыя некалi досыць лiбэральнага часопiса «Крынiца» з эстэтычнага гледзiшча забракавала аповесьцi Iгара Сiдарука «Як цётка Прузына нацыю шукала» i Вiтаўта Чаропкi «Эрагенная зона». Натуральна, што калi гэтыя рэчы не паважылася друкаваць «Крынiца», дык у «Полымi» цi «Маладосьцi» яны б не прайшлi па вызначэньнi. Аднак вышэйпамянёныя аповесьцi, як значныя мастацкiя зьявы мусiлi атрымаць права на жыцьцё i патрапiць у культурнiцкi архiў. I надзею на другое жыцьцё iм дала публiкацыя ў «Калосьсi». Гэты выпадак не выключэньне, прыклады можна доўжыць i доўжыць. Сутнасьць у тым, што ў лiтаратараў зьявiлася права выбару: «Хай мне не заплоцяць зусiм, цi заплоцяць мала, але я буду ведаць, што мае высiлкi былi не дарэмныя».
Сама праблема аплаты лiтаратурнае працы сёньня, як нiколi, надзвычай актуальная. Прафэсiйныя лiтаратары ня хочуць друкавацца забясплатна. Вось i атрымлiваецца традыцыйны двухбаковы мэдаль: з аднаго боку творы не патрапляюць у дзяржаўны друк з прычыны палiтычнае цэнзуры, з другога боку ў незалежныя з прычыны фiнансавае нестабiльнасьцi апошнiх.
I дурню зразумела, што чалавек пiсаў два-тры гады раман ня толькi дзеля таго, каб пасьля надрукаваць яго забясплатна накладам 299 паасобнiкаў! Вось чаму шэраг лiтаратараў пайшоў на адкрытае супрацоўнiцтва з рэжымам. Усё тыя ж пазывы страўнiка. Вышэйзгаданая спадарыня Рублеўская – найбольш красамоўны прыклад.
Звольненыя галоўныя рэдактары дзяржаўных лiтчасопiсаў i некаторыя найбольш амбiтныя iх паплечнiкi таксама ня могуць пагадзiцца са сваiм цяперашнiм сацыяльным статусам, таму абвяшчаюць пра стварэньне альтэрнатыўных выданьняў. I ня толькi таму, што яны патрыёты цi апантаныя адраджэнцы. Проста ўжо звыклiся кiраваць i выступаць у якасьцi вяршыцеляў чужых лёсаў. А тут нехта ўзяў i адным махам вырашыў iхнi лёс. Гэта ж якiм самаўпэўненым трэба быць, каб меркаваць, што застанесься ў фатэлi кiраўнiка да канца дзён сваiх? Няўжо нельга было прадбачыць аварыйнага падзеньня i падрыхтаваць запасны аэрадром? Самазадаволена кайфавалi ў летаргiчным здранцьвеньнi, пакуль не дачакалiся грымотаў зь яснага неба…
Што здолеюць прапанаваць у якасьцi альтэрнатывы пакрыўджаныя? Прынiжаны i абражаны колiшнi галоўны рэдактар «Полымя» Сяргей Законьнiкаў абраў для свайго новага выдавецкага праекту надта няўдалую назву «Будзем». Ну, канешне, калi не падохнем з голаду, дык абавязкова будзем нечым займацца, у тым лiку i пiсаньнем. Зусім нядаўна ў тэлефоннай размове Сяргей Законьнікаў мне прызнаўся, што абярэ для свайго новага праекту іншую назву. Некалi збэшчаны, а пасьля зьлiквiдаваны часопiс «Першацьвет» выглядаў куды больш шматабяцальна, чым пакуль эфэмэрны «Будзем». Ягоны рэдактар Алесь Масарэнка, хочучы таго цi не, выканаў тытанiч-ную працу, узгадаваўшы дзесяткi маладых лiтаратараў, якiя сёньня ўпэўнена i плённа працуюць у лiтаратуры. Школа чырвоназьменаўскiх «Крынiцаў» дала значна больш новых iмёнаў, чым некалi славутая суполка «Тутэйшыя». Куды цяпер дзявацца таленавiтым пачаткоўцам? Дзе дэбютаваць? Няйнакш як кiдацца ў кiпцюры дзяржаўных эскуляпаў i, каб быць пачутымi, iсьцi па шляху спадарынi Рублеўскай, гэта значыць стацца паслухмянымi канфармiстамi. Незалежныя ж лiтвыданьнi ня ў стане праводзiць мэтанакiраванай працы з маладымi з прычыны сваёй нерэгулярнай пэрыядычнасьцi, браку часу, а нават з-за амбiцыйнасьцi цi звычайнай фанабэрыi. Хiба што новапрызначаная галоўная рэдактарка «Маладосьцi» Раiса Баравiкова здолее ператварыць гэты часопiс сапраўды ў трыбуну маладых. Але й гэта падаецца малаверагодным…
Заканчэньне будзе