Cьнежань – гадоў таму:
1140 – 862 год. Першыя летапісныя зьвесткі пра Смаленск як адзін з гарадоў крывічоў, продкаў беларусаў.
765 – 1237 год. Разгром войскамі князя Данілы Раманавіча крыжацкіх рыцараў пад Драгічынам на Бугу.
640 – У 1362 годзе войскі Старабеларускай Дзяржавы (Вялікага Княства Літоўскага), узначаленыя вялікім князем Альгердам-Аляксандрам разграмілі на рацэ Сінія Воды (паўднёвая Украіна) татарскую арду і прагналі яе на Крым і за Дон. Паўднёвыя межы дзяржавы ўста-навілі на беразе Чорнага мора.
240 – У 1762 г. нар Мікалай Вольскі (пам. у 1803 г. у Беластоку), мысьліцель, гісторык, літаратар. Выхаванак Галоўнай Школы Вялікага Княства Літоўскага. Супрацоўнік астранома М. Пачабута, бібліятэкар І. Храптовіча ў Шчорсах, прысутнічаў пры ягонай сьмерці. Аўтар папулярна-навуковых публікацый, панэгірычных вершаў, рэляцый пра апошнія гады жыцьця Станіслава Аўгуста.
195 – У 1807 г. памёр Казімір Нарбут (нар. у 1738 г.), мысьліцель, асьветнік. Вучыўся ў Вільні і Рыме, настаўнічаў у піярскіх школах, рэдагаваў выданьні віленскай друкарні, Аўтар „Лёгікі або навукі разважаньня і разумнай размовы” і „Этычнай філязофіі”.
165 – нар. Аляксандар Вярына (пам. 26.03.1905 г.), хімік, пэдагог, выпускнік Пецярбурскага Унівэрсытэту, вучань Д. Мендзялеева, пашыраў свае веды за мяжой. Дасьледаваў хімічны склад прыроднага газу, прафэсар Новасібірскага Унівэрсытэту, аўтар шэрагу дасьледаваньняў па хіміі.
150 – 10.12.1852 г. у Начы каля Воранава нар. Вандалін Шукевіч (пам. 1.12.1919 г.), археоляг, этнограф, краязнавец. Вучыўся ў Вільні, з 1872 г. жыў у Начы. Дасьледаваў археалягічныя помнікі Цэнтральнай Беларусі, раскапаў каля 570 старажытных пахаваньняў (магіл і курганоў).
135 – 5.12.1867 г. у маёнтку Зулава Сьвянцянскага павету нар. Юзаф Пілсудскі (памёр 12.05.1935 г.), польскі палітычны і дзяржаўны дзеяч, з 1892 г. у сацыялістычным руху, з 1906 г. лідэр правага крыла ў Польскай Сацыялістычнай Партыі (ППС), у 1918-1922 г.г. – начальнік адноўленай польскай дзяржавы, у 1926-1928 г.г. і 1930 г. прэм’ер-міністр.
110 – 10.12.1892 г. у Гродне нар. Павал Аляксюк, палітычны дзеяч, закончыў унівэрсытэт у Пецярбургу (1915), адзін з заснавальнікаў Беларускага Таварыства Дапамогі Пацярпелым ад Вайны ў Вільні (1915), член Вялікай Беларускай Рады і Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады (1917), з восені 1920 г. старшыня Беларускага Палітычнага Камітэту ў Варшаве, у 20-ыя гады працаваў адвакатам у Наваградку, далейшы лёс невядомы.
110 – 29.12.1892 г. памёр Фэлікс Тапчэўскі (нар. каля 1938 г. у фальварку Лёсава Ушацкага р-на) – беларускі паэт; закончыў павятовае вучылішча ў Лепелі, удзельнік студзеньскага паўстаньня, працаваў у маёнтку Ухвішчы каля Полацка. Пісаў гумарыстычныя творы на аснове мясцовага жыцьця: „Саўсім не тое, што было”, „Грошы і праца”, „Ён і яна”, „Вечарынка”, „Панскае ігрышча”.
100 – у сьнежні 1902 г. стварылася Беларуская Рэвалюцыйная Грамада, пазьней перайменаваная на Беларускую Сацыялістычную Грамаду. Яе стваральнікамі і кіраўнікамі былі: Іван і Антон Луцкевічы, Алайза Пашкевіч (Цётка), Аляксандр Бурбіс, Кастусь Кастравіцкі (Карусь Каганец), Вацлаў Іваноўскі, Аляксандр Уласаў, Францішак Умястоўскі і іншыя.
100 – 2.12.1902 г. нар. Анатоль Вольны (сапр. прозьвішча Ажгірэй), расстраляны НКВД 29.10.1937 года. Выпускнік Беларускага Унівэрсытэту, член аб’яднаньня „Маладняк”. Друкавацца пачаў у 1920 годзе. Раман „Ваўчаняты” (1925), аповесьці, апавяданьні, гумарэскі, фэльетоны, п’есы-жарты: „Міколка”, „У агранома”, сцэнарыі фільмаў: „Хвоі гамоняць” (1929), „Сонечны паход” (1931) і інш.
85 – 8.12.1917 г. – памёр Мэндэлэ-Мойхер-Сфорым (сапр. Шолам Якаў – нар. 20.12.1836 г. у Капылі), яўрэйскі пісьменьнік, заснавальнік новай яўрэйскай клясічнай літаратуры, аўтар твораў: „Вучыцеся добра” (1862), „Такса” (1869), „Фішка Кульгавы” (1869), „Падарожжа Веніяміна Трэцяга” (1878), „Запаветны пярсьцёнак” (1888).
85 – 5-17(18-30).12.1917 г. у гарадзкім тэатры ў Менску адбыўся І Усебеларускі з’езд, на якім вырашалася пытаньне пра самавызначэньне і дзяржаўнасьць Беларусі. Удзельнічала 1872 дэлегатаў. Распушчаны Саветам Народных Камісараў Заходняй Вобласьці і Фронту, а прэзідыум з’езду арыштаваны. Рада з’езду працягвала сваю дзейнасьць, быў створаны Выканаўчы Камітэт Рады, які падрыхтоўваў акты незалежнасьці Беларусі.
85 – 24.12.1917 г. у фальварку Загасьціньне каля Міёраў нар. Ян Гушча, польскі пісьменьнік і перакладчык, памёр у 1986 г.
85 – 25.12.1917 г. нар. Тацьцяна Заранок, актрыса. З 1931 г. на сцэне Беларускага тэатра імя Я. Коласа, потым у іншых.
85 – 26.12.1917 г. нар. Яўген Васілёнак (пам. 23.09.1973 г.), пісьменьнік, журналіст. У друку выступіў зь вершамі ў 1936 г., потым перайшоў на прозу, аўтар некалькіх зборнікаў аповесьцей і апавяданьняў, драмы „Каралеўскі гамбіт”.
80 – у сьнежні 1922 г. выйшаў І нумар часопіса „Полымя”.
80 – 9.12.1922 г. адкрыты ў гарадзенскім Старым Замку Гарадзенскі гісторыка-археалягічны музэй. Частка экспанатаў паходзіць зь Бе-ласточчыны.
70 – у сьнежні 1932 г. ЦК КП(б)Б прыняў пастанову аб стварэньні школ дзесяцігодак.
65 – 8.12.1937 г. – расстраляны Язэп Гаўрылік (нар. у в. Калодчына Вілейскага р-на), дзеяч беларускага руху, настаўнік; закончыў настаўніцкую сэмінарыю ў Барунах (1914 г.), быў адным з заснавальнікаў Беларускай Гімназіі імя Ф. Скарыны ў Радаўкавічах (1922 г.), дзеячам Таварыства Беларускай Школы і БСР Грамады, дэпутатам польскага сойма (1928-1930), адным са стваральнікаў і старшынёй „Змаганьня”. У 1930 г. арыштаваны польскімі ўладамі і засуджаны на 9,5 года турмы; з 1932 г. у БССР, у 1933 г. рэпрэсіраваны.
65 – 8.12.1937 г. на Салаўках загінуў Антон Грыневіч (нар. 3.05.1877 г. у в. Іваноўшчына Лепельскага павета), кампазітар, збіральнік і папулярызатар беларускай музыкі. З 1906 г. быў членам выдавецкай суполкі „Загляне сонца і ў наша ваконца” ў Пецярбургу, з 1920 г. жыў у Вільні, дзейнічаў у Таварыстве Беларускай Школы, вучыў музыкі ў Віленскай Беларускай Гімназіі. З 1925 г. жыў у Менску, працаваў у Інбелкульце, Акадэміі Навук Бела-русі, у 1933 г. арыштаваны. Сабраў і выдаў „Беларускія песьні з нотамі” (т. 1, 1910 г., т. 2, 1912 г.), некалькі сьпеўнікаў: „Беларускі дзіцячы сьпеўнік”, „Школьны сьпеўнік”, падручнік „Навука сьпеву” (1923 г.).
65 – 8.12.1937 г. расстраляны Ігнат Дварчанін (нар. 8.06.1895 г. у Погірах каля Дзятлава, беларускі дзеяч, паэт і літаратуразнавец, закончыў унівэрсытэт у Празе (1925 г.), з 1926 г. у Вільні выкладаў літаратуру ў Беларускай Гімназіі, склаў „Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.)” (Вільня 1927); у 1928-1930 г.г. быў дэпутатам польскага сойму, дзейнічаў у ТБШ і ў „Змаганьні”, у 1930 г. арыштаваны польскімі ўладамі і засуджаны на 8 гадоў турмы, з 1932 г. у БССР – працаваў у камісіі па вывучэньні Заходняй Беларусі АН Беларусі, у 1933 г. рэпрэсіраваны савецкімі ўладамі.
65 – 20.12.1937 г. у Менску расстраляны Сьцяпан Некрашэвіч (нар. 8.05.1883 г. у в. Данілаўка Сьветлагорскага р-на), дзеяч беларускага адраджэнскага руху, мовазнавец, сааўтар з Міколай Байковым „Беларуска-расійскага слоўніка” (1925) і „Расійска-беларускага слоўніка” (1928). У 1913 г. закончыў Настаўніцкі Інстытут у Вільні, з 1926 г. быў старшынёй аддзела гуманітарных навук Інбелкульта, з 1928 г. – віцэ-прэзыдэнтам Акадэміі Навук Беларусі і дырэктарам Інстытуту Мовазнаўства. Дасьледаваў лексікаграфію і гісторыю беларускай мовы – аўтар манаграфіяў: „Мова кнігі Касьяна Рымляніна Ераміты „О уставах монастирских” (1928) і „Васіль Цяпінскі. Яго прадмова, пераклад евангельля на беларускую мову і мова перакладу”. Быў таксама аўтарам „Беларускага лемантара” (1922) і чытанкі „Роднае слова” (1922). У 1930 г. арыштаваны і высланы ў Удмурцыю, у 1937 г. арыштаваны паўторна.
65 – 20.12.1937 г. у Менску расстраляны Міхал Піотуховіч (нар. 23.02.1891 г. у в. Алексінічы Сеньненскага р-на), крытык і літаратуразнавец. Закончыў Гісторыка-Філялягічны Інстытут у Нежыне (1917 г.), з 1921 г. у Менску працаваў выкладчыкам у Беларускім Пэдагагічным Тэхнікуме і Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэце, з 1921 г. быў правадзейным членам Інбелкульта, з 1926 г. – прафэсар; аўтар „Нарысаў гісторыі беларускай літаратуры. Ч. 1. Агляд літаратурна-ідэалягічных плыняў ХІХ і пачатку ХХ вякоў” (1928) і артыкулаў пра беларускіх літаратараў. З 1936 г. выкладаў у Паўночна-Каўкаскім і Паўночна-Асэцінскім Пэдагагічных Інстытутах, 9.01.1937 г. – арыштаваны.
65 – 26.12.1937 г. нар. Уладзімір Гніламёдаў, літаратуразнавец, прафэсар. У друку выступае з 1962 г. Сярод дасьледаваньняў: „Лірычны летапіс часу”, „Сучасная беларуская паэзія”, „Іван Мележ: нарыс жыцьця і творчасьці”.
65 – 26.12.1937 г. у Менску расстраляны Антук Крыніца (Антон Ждановіч – нар. 18.04.1898 г.), акцёр БДТ-1, вызначаўся асаблівым талентам.
65 – 30.12.1937 г. у Менску расстраляны Аляксандр Цьвікевіч (нар. у 1888 г. у Берасьці), гісторык і палітычны дзеяч; закончыў унівэрсытэт у Пецярбургу (1912 г.), удзельнічаў у беларускім адраджэньскім руху, быў міністрам замежных спраў ва ўрадзе БНР, з 1923 г. – прэм’ер-міністрам эміграцыйнага ўраду БНР у Празе. У 1925 г. падпісаў акт аб ліквідацыі ўраду БНР і пераехаў у БССР. Працаваў у Наркамаце фінансаў, сакратаром Інбелкульта, з 1929 г. – у Інстытуце Гісторыі БАН. Напісаў працы: „Беларусь: Палітычны нарыс” (1919), „Адраджэньне Беларусі і Польшча” (1921), „Погляд П. Бяссонава на бе-ларускую справу” (1922), „Западно-русізм”: Нарысы па гісторыі грамадзкай думкі на Беларусі ў ХІХ і пач. ХХ ст.” (1929). У 1930 г. арыштаваны і сасланы ў Сібір, 17.12.1937 г. арыштаваны паўторна.
60 – 24.12.1942 г. быў арыштаваны немцамі ў Менску кс. Вінцэнт Гадлеўскі (нар. 1888 г. у Поразаве), сьвятар, актыўны нацыянальны дзеяч (адзін з лідэраў беларускага вызвольнага руху падчас ІІ сусьветнай вайны). Выпускнік Пецярбургскай Каталіцкай Духоўнай Акадэміі (1916 г.). Удзельнік Усебеларускага Зьезду 1917 г. Член уладаў БНР. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі. У 1925 г. арыштаваны польскімі ўладамі за беларусізацыю парафіі ў Жодзішках. У 1930 г. пераклаў на беларускую мову „Новы Запавет”. Выдаваў газэту „Беларускі Фронт”, дзе зьмясьціў шмат артыкулаў на тэмы міжнародных адносін і беларускага жыцьця.
55 – 5.12.1947 г. нар. Алесь Разанаў, паэт, пэдагог, рэдактар. Актыўны дзеяч дэмакратычнай плыні беларускай літаратуры.
50 – 25.12.1952 г. у Лодзі памёр Уладыслаў Стшэміньскі (нар. 21.11.1893 г. у Менску), мастак- авангардыст, закончыў кадэцкі корпус у Маскве, вучыўся ў Вышэйшым Ваенным Іжынерным Вучылішчы ў Пецярбургу (1911-1914), у 1918-1919 г.г. працаваў у Менску, у 1922 г. пераехаў у Вільню, з 1936 г. жыў у Вілейцы, стварыў цыкл „Заходняя Беларусь”, з 1940 г. жыў у Лодзі.
45 – 21.12.1957 г. устаноўленыя літаратурныя прэміі імя Я. Купалы і Я. Коласа за лепшыя творы паэзіі, драматургіі, прозы і літаратурнай крытыкі.
40 – 16.12.1962 г. у Ракаве нар. Валяр’ян Янушкевіч, скульптар, аўтар м. ін. помнікаў Адаму Міцкевічу ў Наваградку і Лідзе, Францішку Скарыне ў Празе, мэмарыяльных дошак прысьвечаных Францішку Скарыне ў Ягелонскім і Падуанскім унівэрсытэтах.
30 – 4.12.1972 г. памёр Мікалай Аладаў (нар. 21.12.1890 г. у Пецярбургу), кампазітар і пэдагог; закончыў кансэрваторыю ў Пецярбургу (1910), з 1924 г. жыў у Менску, быў адным з арганізатараў і першых выкладчыкаў Беларускага Музычнага Тэхнікума і кансэрваторыі.
15 – 26 – 27.12.1987 г. у Палачанцы пад Менскам адбыўся І Агульны сойм беларускіх суполак – прадстаўнікоў самадзейных аматарскіх аб’яднаньняў моладзі гісторыка- культурнага і краязнаўчага напрамку.
Апрацавалі Лена Глагоўская і Вячаслаў Харужы