Czasopis

Białoruskie pismo społeczno-kulturalne

12/2002


Закуліссе правінцыйнага тэатра

1.

Калi айчынная прэса закранае тэатральнае жыццё ў Беларусi, дык у публiкацыях хапае ўсяго: i захапляльнага вiскату з нагоды той цi iншай падзеi i песiмiстычна-iранiчнага ёрнiцтва. Аднак мала хто з зацiкаўленых асобаў паспрабаваў скалупнуць узнятыя праблемы знутры ды распавесцi: што сапраўды адбываецца за кулiсамi тэатра. I не сталiчнага, а правiнцыйнага. Дык вось мне, як былому лiтаратурнаму рэдактару Гарадзенскага абласнога тэатра лялек захацелася падзялiцца з шаноўнымi чытачамi некаторымi (далёка не поўнымi) звесткамi-замалёўкамi пра мясцовае (дый не толькi) закулiснае жыццё.

Гледачы i артысты

Памiж першымi i другiмi, здаецца, няма анiякага супрацьстаяння. Гледачы прыходзяць у тэатр адпачыць ад тэлевiзару, паглядзець жывую акторскую гульню, атрымаць станоўчы зарад эмоцый. Карацей, прыемна прабавiць час. Iм няўцям, што артысты ды iншыя супрацоўнiкi тэатра перагрызуцца, перасварацца, знервуюцца дарэшты яшчэ да таго, як выпусцяць на сцэну канчатковы прадукт сваёй супольнай працы – спектакль. Акрамя ўсяго не апошнюю ролю граюць прафесiйная зайздрасць i грошы. Артысты ў беларускiх тэатрах падзяляюцца на чатыры катэгорыi. Апаведна на другую з найнiжэйшай аплатай, першую з крыху большай, вышэйшую з яшчэ большай. Ёсць i стаўка вядучага майстра сцэны, якая супернiчае з дырэктарскай. Найвышэйшы заробак не дасягае нават 100 даляраў у месяц. Пра астатнiя стаўкi i не варта згадваць, бо гэта зусiм дробязь у параўнаннi з заробкамi мiлiцыянтаў, КГБiстаў цi звычайных рабочых вялiкiх дзяржпрадпрыемстваў. Як нi дзiўна, але ў Беларусi нейкi сяржант мiлiцыi афiцыйна атрымоўвае большы заробак чым дацэнт унiверсiтэта.

Шаноўныя гледачы часта памыляюцца, мяркуючы, што артысты ў тэатрах зарабляюць шмат. За шкоднасць i дрэнныя ўмовы працы (асаблiва падчас гастроляў у глухой правiнцыi i на так званых „выездах”) iм нiхто не даплочвае. Сядай у брудную смярдзючую калымагу (тэатральны аўтобус) i выпраўляйся „несцi культуру ў масы”. А есцi ж хочацца! Таму артысты згодны на абы-якiя падпрацоўкi (так званы „халт”), каб прадацца за бясцэнак i хоць крыху паправiць свой бюджэт. Халера з iм, прынiжэннем гонару i годнасцi, абы хоць крыху плацiлi. Памятаю, як адна шаноўная гарадзенская акторка, ветэран сцэны, ладзiла па выходных у клубе-рэстаране „Калiзей” клаунаду з дзецьмi лiтаральна за пяць пляшак вядомага расейскага пiва „Балтыка”… Астатнiя таксама кiдаюцца без разбору хто куды. Цяперашнi дырэктар гарадзенскага тэатра лялек, калi быў яшчэ звычайным артыстам, таксама падзарабляў… распаўсюджваннем каляровых расейскiх папсовых часопiсiкаў, тым самым спрычыняючыся да маскалiзацыi тутэйшага люду…

Колькi словаў пра гледачоў. Яны таксама розныя. Не буду казаць пра дзетак, якiя пакуль не ўсведамляюць, у якой краiне жывуць. Iх не цiкавiць, што недзе iснуе „вертыкаль” i „паралель”, абласное ўпраўленне культуры, нейкiя штучныя расклады. Iм казку падавай! Хай па-куль цешацца салодкiм падманам. Потым падрастуць i, сутыкнуўшыся з жорсткiмi рэалiямi сапраўднага жыцця, зразумеюць, што па чым. Але яны бяруць прыклад з дарослых, найперш – з бацькоў. А тут усё бачна наскрозь. Тыя, хто паважае тэатр, не прыйдзе туды ў спартовых штанах i красоўках, з базарнай торбай, ад якой патыхае пратухлай рыбай, не спытае адразу ля ўваходу: „Колькi каштуе пiва ў буфеце?”, не будзе лузгаць семкi, жэрці чыпсы цi печыва падчас спектакля. А то, здаралася, выйдзеш на сцэну i ўбачыш увесь гэты бардак увачавiдкi. Дык хочацца не запрасiць на прагляд пастаноўкi, а шпурнуць мiкрафоннай стойкай у шамкаюча-чмякаючыя самазадаволеныя пысы.

Але ж не! Ты працуеш для гэтага гледача i вымушаны крывадушна ўсьмiхацца i згiнацца ў ненатуральных рэверансах. Некаторыя акторы скардзiлiся, што часам раз’ятраныя школьнiкi страляюць на спектаклях з рагатак, кiдаюць на сцэну агрызкi ды iншыя небяспечныя прадметы. Вось дзе праблема для настаўнiкаў i бацькоў. Балазе, на маёй памяцi нiкога не пакалечылi. У асноўным артысты, дзякуючы свайму прафесiйнаму майстэрству, удала манiпулююць эмоцыямi гледачоў. Але тэатральнае кiраўнiцтва хвалюе зусiм iншае. Для яго найважнейшая задача – любым коштам выканаць план па колькасцi наведвальнiкаў, своечасова ўзяць грошы за бiлеты ды адрапартаваць перад „усемагутным” упраўленнем культуры аблвыканкама. А там хай хоць трава не расце…

Памiж Сцылай эстэтыкi i Харыбдай прагматыкi

Адна з галоўных праблем правiнцыйных тэатраў – абнаўленне рэпертуару. Дзеля гэтага патрэбныя свежыя спектаклi i немалыя грошы. Спачатку неабходна знайсцi сродкi на новую пастаноўку, каб забяспечыць матэрыяльную частку: выраб лялек, дэкарацый, пашыўка касцюмаў i г. д. Ну, вядома, трэба заплацiць запрошанаму рэжысёру, мастаку, кампазiтару… Свае – штатныя – будуць працаваць i за мiзэрны заробак. Але часта бывае, што й не хапае мiнiмальных сродкаў. Адзiная надзея – датацыя i мiнiстэрскi дзяржзаказ, якi трэба вымольваць, як невядома што. Зрэшты, грошы з дзяржзаказу перападуць далёка не ўсiм, а толькi вузкаму колу „давераных” асобаў. Таму кiраўнiцтва тэатра сумы ганарараў iмкнецца схаваць за сямю пячацямi, каб не выклiкаць пралетарскага гневу астатнiх – „недавераных” (а такiх бальшыня) супрацоўнiкаў, якiя i будуць цягнуць гэтую лямку шмат гадоў…

Гады тры таму ў Гродна прыязджаў былы актор мясцовага тэатра лялек Iван Цiмохiн (зараз жыве i працуе ў Расеi), каб з колiшнiмi калегамi рэалiзаваць цiкавую iдэю – паставiць спектакль паводле п’есы расейскага пiсьменнiка-эмiгранта Яўгена Замяцiна „Блыха”. У тэатры гэтай iдэяй захапiлiся i пачалi рабiць пэўныя захады. Патэнцыйны рэжысёр-пастаноўшчык казаў, што ў яго ёсць нават свой мастак i, увогуле, усё падрыхтавана. На аплату працы трэба толькi нейкiх 300 даляраў, маўляў, па расейскiх мерках – iсная дробязь. Аднак упраўленне культуры гродзенскага аблвыканкама паставiла крыж на шляхетнай iдэi:

Як гэта мы будзем аднаму чалавеку плацiць такiя грошы!?

Ну, пэўна, для людзей, свядомасць якiх можна ацанiць не болей як на 25-30 даляраў, трыста – астранамiчная сума!

З гэтай нагоды для параўнання прывяду вельмi красамоўны, хоць i не звязаны з галоўным прадметам нашае гутаркi, прыклад, дзе сапраўды фiгуруюць астранамiчныя для беларусаў сумы. Гэта цытата (у перакладзе з рускай мовы) з iнтэрввiю кампазiтара Эдуарда Ханка га-зеце (таксама забароненай беларускiмi ўладамi, як i „Пагоня”) „Свободные новости” за 21-28.07.2000 года:

– Калi здымалi фiльм „Момант iсцiны”, да мяне патрапiла папера з ганарарамi нашых i расейскiх удзельнiкаў. Я бачыў на ўласныя вочы падпiсаны мiнiстрам культуры дакумент. Найвышэйшы ганарар нашых – $300 (паводле курсу Нацбанку), для расейцаў практычна за тую ж працу найвышэйшая планка – $30000!

Во што робiцца на дзяржаўным узроўнi! Ну добра, каб рознiца ў дзесяць, але ж не ў 100 разоў! Гэта ж якiм паскудным здраднiкам трэба быць, каб заплацiць чужынцам больш чым сваiм! Зрэшты, абыдземся без каментароў…

Калi не даюць грошай на новыя пастаноўкi, дык як жа выканаць вялiзны план наведвання гледачамi тэатра? Большасць спектакляў „пракруцiлi” па тых самых iнстанцыях па некалькi разоў. А глядач увесь час патрабуе свежага мяса! Калi не дасi свежанiны – у яго прападзе апетыт. Выйсце адно – узнаўляць крыху падзабытыя старыя спектаклi, выцягнуць са складу пашарпаныя дэкарацыi ды спарахнелыя лялькi, крыху падмазаць-падлатаць, парэпетыраваць акторам i – уперад, на барыкады!

Такiм чынам нiвелюецца дыспрапорцыя памiж эстэтыкай i прагматыкай. Здаецца, i козы сытыя, i сена цэла. I грошы можна зарабляць. Толькi не артыстам i тэхперсаналу. Грошы ад сабранай касы са спектакляў не йдуць у акторскi заробак. Памятаю, як падчас гастроляў па вобласцi ўвесну 1999 года настаўнiца з правiнцыйнай школкi ўзрушана прамовiла:

– Вы, пэўна, добра зарабляеце. Гэта ж столькi грошай за пару спектакляў згарнулi!

Давялося ёй растлумачыць, што тэатр, як установа культуры паводле ўзроўню заробку знаходзiцца ў тым самым глыбокiм заднiм месцы, дзе i яе школка, як установа адукацыi. А настаўнiца, убачыўшы жмуты хрумсткiх купюраў у руках адмiнiстратаркi, здаецца, так мне i не паверыла.

Аказваецца, як я даведаўся пасля ў бухгалтаркi, уся сабраная каса ідзе на гаспадарчыя ды iншыя патрэбы. Што гэта за iншыя патрэбы, i ў каго яны найбольшыя, я не ўдакладняў, бо ўсё роўна не атрымаў бы ўцямнага адказу…

Заканчэньне будзе