Эскіз да іконы святога Юрыя. Танканогі аргамак са строгім рыцарам уздымаецца над старажытным таямнічым местам. А цмок дзе? – пытаемся на выстаўцы аўтара карціны. А ён, Юрка Федарук, магічна ўсміхаецца...
Ад пятніцы 19 кастрычніка ў Ружовай зале-галерэі ў Ваяводскім асяродку анімацыі культуры ў Беластоку (па вул. Кілінскага, 8) адкрылі выставу жывапісу „Магічны квадрат і іншыя апавяданні” Юрыя Федарука родам з Рыбалаў. Ружова зала, вядомая таксама іншымі выставамі творцаў звязаных з беларускім асяроддзем зноў запоўнілася беларусамі і іх сябрамі, рознага ўзросту, якія з зацікаўленнем глядзелі карціны і творы з памежжа жывапісу і інсталяцыі ці скульптуры (34 творы). Асацыяцыі, што нармальна і пры загалоўку, і пры прысутнасці іншых магічных асоб і інспірацый, былі літаратурныя. – Юрка гэта адзін з самых цікавых мастакоў, якія паявіліся ў апошнія гады ў Беластоку, – сцвердзіў Багдан Дудко, галоўны рэдактар літаратурна-мастацкага часопіса „Карткі”, у новым нумары якога будуць прэзентавацца творы Юрка Федарука. Якраз на вокладку трапіць той „Эскіз іконы святога Юрыя”.
Успамінаючы светлы настрой і нейкую лагоду, якую выпраменьвае з сябе гэты малады выпускнік мінскай Акадэміі мастацтваў (інтэр’ерыст па спецыялізацыі, 1991 – 1996), хочацца яшчэ раз наведаць галерэю і ў цішы любавацца дасканаласцю тэхнікі, колерам і кайфаваць ад тых асацыяцый. На жаль, выстава ў ВААКу была адкрыта толькі да 15 лістапада. Дык застанецца чакаць „Картак”, дзе, апроч рэпрадукцый Юркі Федарука маюцца быць яшчэ іншыя інспірацыі для вачэй і духа. Між іншым – „Нарваўскія апавяданні” іншага хлопца з нашых ваколіц – Міраслава Грыкі з Рыбакоў.