Czasopis

Białoruskie pismo społeczno-kulturalne

01/2003


Календарыюм

Cтудзень – гадоў таму:

1000 – 1003 год. Пачатак княжаваньня ў Полацку Брачыслава Ізяславіча (да 1044 г.), унука княгіні Рагнеды. Значна расшырыў тэрыторыю Полацкага Княства, зрабіў паход на Ноўгарад Вялікі.

820 – У 1183 г. гарадзенскія князі (у іх уладаньні тады знаходзіліся землі цяперашняй паўночна-ўсходняй Беласточчыны) разам з князямі іншых усходнеславянскіх княстваў ваявалі супраць полаўцаў.

410 – 13.01.1593 г. памёр (паводле кс. Уладыслава Чарняўскага быў забіты ў Вішневе кала Валожына) выдатны рэфармацыйны дзеяч, асьветнік, філёзаф, філёляг, гісторык і паэт Сымон Будны (нар. каля 1530 г.). У Нясьвіжы заснаваў друкарню: выдаў „Катэхізіс” (1562) і Біблію (1572), у Лоску выдаў Новы Запавет (1574), аўтар трактату „Пра сьвецкую ўладу”.

185 – 21.01.1818 г. нар Адам Кіркор (пам. 23.11.1886 г.), фальклярыст, гісторык, краязнавец, пісьменьнік, пэдагог, археоляг, аўтар кнігі „Пра літаратуру брацкіх славянскіх народаў” (1874), соцень артыкулаў, у сваіх дасьледаваньнях многа месца адвёў Беларусі.

170 – 30.01.1833 г. у маёнтку Уборкі каля Беразіны нар. Апалінары Гараўскі (пам. у 1900 г.), жывапісец-пэйзажыст. Вучыўся ў Акадэміі Мастацтва ў Пецярбурзе, Дзюсэльдорфе, Рыме і Парыжы. У 1960-1880-ыя гады жыў ва Уборках, зімой выязджаў у Пецярбург, дзе ў 1862-1886 гадах выкладаў у рысавальнай школе Таварыства Заахвочваньня Мастацтваў. Намаляваў м.ін. „Пейзаж з ракой і дарогай”, „Вечар у Мінскай губерні”, „Ліпы”, „На радзіме”, „Пінскія балоты”, „Рака Бярэзіна”, „Сьвіслач”, „Пэйзаж з каровамі”, „Старая моліцца”, „Час жніва”. Памёр у 1900 годзе.

165 – 19.01.1838 г. пачалі выходзіць „Гродненскіе губернскіе ведомости” (да 13.08.1915 г.)

155 – 9.01.1848 г. у Наднёмане каля Узды нар. Якаў Ядкевіч-Ёдка, прыродазнавец, мэдык. Закончыў гімназію ў Менску, вучыўся ў Маскве і Парыжы. З 1890 г. член-супрацоўнік Інстытуту Экспэрымэнтальнай Мэдыцыны ў Пецярбурзе. У 1886 г. у сваім маёнтку стварыў мэтэаралягічную станцыю і адкрыў санаторый. Распрацаваў м.ін. спосаб лячэньня нэрвовахворых электрычным масажам і токам, спосабы вымярэньня атмасфэрнай электрычнасьці, хуткасьці руху воблакаў, барацьбы з градам.

140 – у канцы студзеня 1863 г. на беларускіх землях пачалося студзеньскае паўстаньне, фарміраваньне і пачатак дзейнасьці першых паўстанцкіх атрадаў у заходніх паветах Беларусі.

140 – 7.01.1863 г. нар. Бірута (сапр. Амелія Даравінская, пам. 27.07.1891 г.), этнограф, пэдагог. Сьпісвала беларускія легенды, паданьні, сабрала „Беларускія песьні з Лідзкага павету” (1892).

125 – 29.01.1878 г. у Менску нар. Уладзімір Самойла, публіцыст, літаратурны крытык. У 1916 г. закончыў Пецярбургскі унівэрсытэт; з 1918 г. жыў у Вільні, у 1939 г. арыштаваны савецкімі уладамі, загінуў у 1941 г.

115 – 12.01.1888 г. у Слойніках каля Саколкі нар. Дамінік Аніська, ідэоляг і дзеяч беларускага хрысьціянскага руху. У міжваенны час жыў у Саколцы, пасылаў карэспандэнцыі з Сакольшчыны у „Крыніцу”, „Беларускую Крыніцу”, „Хрысьціянскую Думку”, сабраў беларускія прыказкі на Сакольшчыне. На пачатку ІІ сусьветнай вайны мабілізаваны ў польскую армію, быў арыштаваны савецкімі ўладамі і трапіў у Казельск. З 1942 г. у арміі Андэрса, з якой трапіў праз Палестыну і Егіпет у Вялікабрытанію. Памёр 28.12.1971 г. у Лёндане – пахаваны на могілках сьв. Пянкрата.

110 – 14.01.1893 г. у Вільні нар. Канстанцыя Буйло (сапр. Калечыц), паэтка, аўтарка слоў вядомай песьні „Люблю наш край...” Закончыла настаўніцкія курсы ў Вільні (1914) і працавала настаўніцай. З 1923 г. жыла ў Маскве. Дэбютавана ў 1909 г. на старонках „Нашай Нівы”, у 1914 г. выйшаў зборнік яе вершаў „Курганная кветка”. Памерла 4.06.1986 г. у Маскве.

105 – 15.01.1898 г. выйшаў першы нумар газэты „Витебский листок” (выдавалася да 2.04.1899 г.).

100 – 25.01.1903 г. у маёнтку Каўшова каля Мастоў нар. Любоў Мазалеўская, рэжысёр, актрыса, пэдагог. Закончыла Беларускую Драматычную Студыю ў Маскве ў 1926 г., працавала ў тэатрах імя Якуба Коласа ў Віцебску і імя Янкі Купалы ў Менску. Арганізавала (і была галоўным рэжысёрам) Тэатра Юнага Гледача ў Менску. Памерла 18.07.1964 г.

95 – 15.01.1908 г. у в. Маўчаны каля Сенна нар. Заір Азгур, вядомы беларускі скульптар, аўтар помнікаў м.ін.Янку Купалу і Якубу Коласу ў Менску. Вучыўся ў мастацкім тэхнікуме ў Віцебску і ў мастацкіх інстытутах у Ленінградзе і Кіеве. Памёр 18.02.1995 г. у Менску.

90 – 20.01.1913 г. выйшаў у Вільні першы нумар грамадзка-палітычнай газэты „Беларус”. Выходзіла раз у тыдзень, друкавалася лацінкай. Першым рэдактарам быў Адам Бычкоўскі (родам з Сакольшчыны). Разбуджвала ў чытачоў патрыятычныя пачуцьці, зьмяшчала творы беларускіх пісьменьнікаў, выданьне спынілася ў жніўні 1915 г.

90 – 31.01.1913 г. выйшаў у Гародні альманах „Колас беларускай нівы”, выдадзены вучнёўскай беларускай моладзьдзю, у ім зьмяшчаліся творы беларускіх пісьменьнікаў, вучнёўскія літаратурныя спробы, весткі з Гарадзеншчыны ды Беласточчыны.

85 – 14.01.1918 г. нар. Віктар Анікін, архітэктар і пэдагог.

85 – 17.01.1918 г. нар. Яўген Барбашын, славуты матэматык і пэдaгог.

85 – 25.01.1918 г. нар. Іван Новікаў, журналіст і пісьменьнік.

85 – 25-28.01.1918 г. у Вільні адбылася беларуская канфэрэнцыя, у якой удзельнічалі прадстаўнікі беларускіх арганізацыяў, якія дзейнічалі на акупаванай Немцамі часьці Беларусі. Мэтай канфэрэнцыі было „апрацаваць асновы беларускага народнага прадстаўніцтва” і „палажыць першы камень пад будоўлю нашай гасударственнай будучыні”. Удзельнікі выказаліся за літоўска-беларускую канфэдэрацыю. Была выбрана Віленская Беларуская Рада як прадстаўнічы орган.

80 – 1.01.1923 г. у в. Сенькава каля Магілёва нар. Віктар Грамыка, жывапісец і пэдагог. Закончыў Беларускі Тэатральна-Мастацкі Інстытут у Мінску, дзе пасьля працаваў выкладчыкам; у гадах 1968-1972, 1977-1982 – старшыня Саюза Мастакоў Беларусі.

80 – 3.01.1923 г. нар. Валянціна Гапанава, літаратуразнавец.

80 – 3.01.1923 г. нар. Алесь Шашкоў, пісьменьнік.

80 – 7.01.1923 г. нар. Віктар Сахненка (пам. 26.04.1973 г.), мастак і пэдагог.

80 – 27.01.1923 г. нар. Аляксандар Казлоўскі, жывапісец.

80 – 29.01.1923 г. нар. Уладзімір Камароў, выдатны хімік.

65 – 1.01.1938 г. у Біскупцах каля Ліды нар. Данута Бічэль-Загнетава, паэтка. Закончыла Гродзенскі Пэдагагічны Інстытут (1962), друкуецца з 1958 г. – першы зборнік вершаў „Дзявочае сэрца” (1961). Жыве ў Гродне, у 90-ыя гады была там дырэктарам музея Максіма Багдановіча.

65 – 23.01.1938 г. у Саратаве расстраляны Вацлаў Ластоўскі (нар. 8.11.1883 г. у маёнтку Калесьнікаў каля Глыбокага), палітычны дзеяч, гісторык, пісьменнік. З 1909 г. быў рэдакцыйным сакратаром „Нашай Нівы”, у 1916-1917 гадах рэдактар газэты „Гоман”, у 1917 г. – газэты „Крывічанін”, у 1923-1927 гадах часопіса „Крывіч” (Коўна). Аўтар „Кароткай гісторыі Беларусі” (1910), „Падручнага расійска крыўскага (беларускага) слоўніка” (1924), „Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі” (1926). У сьнежні 1919 г. стаў прэм’ер-міністрам ураду БНР (да 1923 г.). З 1918 г. да 1927. жыў у Коўне, пазьней пераехаў у Менск, дзе стаў дырэктарам Беларускага Дзяржаўнага Музэя і неадменным сакратаром БАН. У 1930 г. арыштаваны і пазбаўлены званьня акадэміка, сасланы ў Саратаў, дзе працаваў ва унівэрсытэцкай бібліятэцы. 20.08.1937 г. ізноў арыштаваны.

65 – 25.01.1938 г. у Празе памёр Тамаш Грыб (нар. 19.03.1895 г. у Палянах на Ашмяншчыне), грамадзкі і палітычны дзеяч беларускага руху ў час І сусьветнай вайны і на эміграцыі – удзельнічаў ва Ўсебеларускім Зьезьдзе ў 1917 г. у Менску, быў членам яго Выканаўчага Камітэта, народным сакратаром земляробства і замежных спраў ва ўрадзе БНР, адным з ініцыятараў стварэньня і кіраўніком Беларускай Партыі Сацыялістаў- Рэвалюцыянераў. З 1921 г. на эміграцыі ў Каўнасе, з 1922 г. у Празе, дзе закончыў Карлаў Унівэрсытэт і дзейнічаў ў Беларускім Культурным Таварыстве імя Францішка Скарыны, Аб’яднаньні Беларускіх Студэнцкіх Арганізацыяў, працаваў у Беларускім Загранічным Архіве.

65 – 27.01.1938 г. расстраляны разам з двума сынамі і братам Уладзімір Беняшэвіч (нар. 21.08.1874 г. у Друі), гісторык царкоўнага права, візанцініст, палеограф, член-карэспандэнт АН СССР, акадэмік Бэрлінскай, Мюнхенскай і Страсбургскай АН. У 1897 г. закончыў Пецярбургскі унівэрсытэт, з 1909 працаваў там прафэсарам. Рэдагаваў „Помнікі старажытнарускага кананічнага права” (1908, 1920), „Агляд прац па славяназнаўстве, 1908-1913” (1909-1918)

60 – 8.01.1943 г. нар. Міхась Пташук, кінарэжысёр, сярод яго прац „Знак бяды” (1986, паводле В. Быкава) і „Чорны замак Альшанскі” (1983, паводле У. Караткевіча).

25 – 22.01.1978 г. у Аўстраліі памёр Алесь Салавей (сапр. Альфрэд Радзюк – нар. 1.05.1922 г. у Крысаве каля Койданава), беларускі паэт. Вучыўся ў Мінскім Пэдагагічным Тэхнікуме, працаваў у лагойскай раённай газэце. Вершы пісаў з дзяцінства, друкаваўся з 1937 г. у раённых і рэспубліканскіх газэтах, м.ін. у „Літаратуры і Мастацтве”, у час вайны – у „Беларускай Газэце”, „Голасе Вёскі”, „Новым Шляху”. У 1944 г. эміграваў у Нямеччыну, у 1949 г. у Аўстралію. Выдаў кнігі паэзіі „Мае песьні” (Менск 1944), „Сіла гневу” (Остэргофен 1948), „Зьвіняць званы сьвятой Сафіі” (1948).

15 – у студзені 1988 г. выйшаў у Менску першы нумар беларускага маладзёжнага часопіса „Крыніца”.

Апрацавалі Вячаслаў Харужы і Лена Глагоўская