Czasopis

Białoruskie pismo społeczno-kulturalne

01/2003


Быць сабою

У мой крынкаўскі пачатак даросласці навагодняя ноч не існавала. Гэта было свята дармаеднай „інцілігенцыі” і далёкага Беластока. Балявалі пад Новы год лайдакі і палятухі. Працавітыя людзі спалі, храплі. Пакуль не з’явіліся тэлевізары ў кожным доме і ўсёночныя ў іх, да белага дня, навагоднія праграмы, у чароўнасці якіх Крынкі адчуваюць сябе часткаю вялізнага свету; нават Амерыкі, дзе засела нямала тае местачковай басоты. Буяняць у Крынках, таксама światowe, гулянкі, бахаюць цяпер петарды, зіхацяць ракетныя агні. Чагосьці такога я не памятаю з маладосці. Паўвеку назад стаяла ціш. Дзе-нідзе ў тую пару, можа быць, выпівалі ды закусвалі – за сталінскім часам на правінцыі – але ў настроі morda w kubeł.

Містыкай святочнасці жылося затое ў Каляду. Была гэта сапраўды вялікая падзея! Калядны стол уяўляў сабою ўдачы года. Быў ён свайго роду рэманентам. У багатых – багаты стол, а ў бедных і бяздарных – бедны. Сама Каляда посная, але гаспадыня ўдалага гаспадара рыхтавала мноства блюдаў (дванаццаць?). Куцця з мёдам і макам, рыбы, пляцкі, стравы з грыбамі і без, кампоты, і да т.п. Оргія смакаты, вельмі языцкая, хоць прыстасаваная да хрысціянскае веры. Як бы банкет у заканчэнне гаспадарчага году – вясны, лета, восені – перад зімою, у якую спажывалі назапашанае. Малацілі, малолі, паршукоў калолі, са скляпоў бралі гародніну.

Не Новы год, але Каляда мела сэнс і чакалася яе з салодкім прадчуваннем урачыстага зборышча хатняга племя. У нас гэта тады „на навіну” здымалі потайна з крукоў вароты суседзям ды выносілі ў кусты

Новы год уведзена ў звычай штучна, па імперскай традыцыі Рыма, адкуль шырылася хрысціянства (Канстантынопаль лічыўся Другім Рымам, а Іван Грозны Маскву апавясціў Трэцім, сказаўшы, што Чацвертага не будзе).

Новы год у іншых цывілізацыях ды рэлігіях святкуюць у іншыя тэрміны.

Як доўга ў нашым жыцці пераважала вясковая цывілізацыя, так доўга Новы год не выклікаў усенароднага шаленства, радасці; народ калядаваў. Асабісты лёс чалавека ў асноўным не быў тады залежны ад дзяржавы. Не адміністрацыя карміла хлебам, а наадварот, лупіла толькі падаткі. Новы год цяперашні, па-п’янаму гучны, прыйшоў да нас адначасна са знікненнем вёскі ды паўсюднай гарадызацыяй, якая вызначае век чалавека ад нарадзінаў па смерць (у карэтках, у бальніцах, не ў хаце).

Новы год – па сваёй сутнасці – гэта дзяржаўнае свята, каляндарнае. Гарадское. І чым большы ўдзел дзяржавы ў нашым асабістым лёсе і чым болей мы залежым ад дзяржаўных установаў, як у горадзе, тым болей у нас саміх таго дрыготкага чакання бальнага Новага года, не Каляды. Якога чакання? Чаму – чакання? Гэта лёгка тлумачыцца ў параўнанні з вечным застоем вясковага побыту, у які нават збожжа жалі сярпамі ад каменнага веку аж да паловы дваццатага стагоддзя (не кажучы пра тое, што мыліся ўсяго пару разоў у год, у кашулі ў балеі, якую ўносілі ў цёплую кухню у перадсвяточны балаган). У прапажу вёскі адбыўся хуткі наступ быту, у які з кожным годам нам надта паляпшалася, – то матацыкл купіў, то шафу, то павысілі заробкі, то нешта карыснае збылося. У маё дзяцінства было „гало, але весяло”, рыхтык на краязнаўчых фільмах пра Чорную Афрыку з яе галадухаю.

Навагоднія балі ў Беларускім таварыстве музыканілі, быццам у пачатку новага якога свету – назаўтра ў світанне можна спадзявацца якогасьці цуду. Баль у Цэнтральным Камітэце партыі, пра які распісваліся пасля ў газетах, паказваючы на фотках tańczącego towarzysza Wiesława, падаваўся радасным знакам добравесця.

Але памяць кароткая. Учора незнарокам чуў у краме гутарку крынкаўскіх мужычак. – Nie ma co oglądać w telewizji, – наракала таўставатая праўнучка панскага парабка. – Toż tak, moja droga. O, powiem pani: przed wojną, za Pilsudzkiego, to dopiero była ciekawa telewizja!.. – пахвалілася дабрабытным успамінам засмоктаніца з парасонам у руцэ.