Прамаскоўскі рэжым

альбо як адбываецца разбурэньне беларусі

Пазьняк Зянон


Дачыненьні

Ёсьць адносіны і палажэньні, пра якія гаворыцца даўжэйшы час і якія павінны мы ўсьведамляць, усе беларусы. Але не зьнікае неабходнасьць паўтарацца ізноў.

Незалежная дзяржава Беларусь вярнулася ў эўрапейскі кантэкст, сталася суб’ектам міжнароднай палітыкі. Правілы кантэксту існуюць незалежна ад нас, і таму, ня гледзячы на тое, ведаем мы пра іх, ці не, разумеем, ці не, нарэшце, хочам, ці ня хочам, мы мусім па гэтых правілах існаваць.

Галоўнае правіла, якое павінна быць выканана ва ўнутранай палітыцы – мусіць быць рэабілітавана і ўдзяржаўлена мова нацыі – беларуская мова. Без вырашэньня гэтай задачы нічога іншага ня будзе вырашана ў Беларускай дзяржаве, будзе страчаны нават суверэнітэт.

Генэральнае правіла, якое трэба беларусам ўсьвядоміць у зьнешняй палітыцы – гэта тое, што пакуль існуе Расея ў якасьці імпэрыі, Беларусь ніколі ня будзе спакойнай за сваю незалежнасьць, эканоміку і вольны вобраз жыцьця.

Дзеяньні тут могуць быць розныя: нічога не рабіць, наладжваць мірнае суіснаваньне на грунце саступак, уступіць у Эўразьвяз, стварыць Балта-Чарнаморскую Супольнасьць (БЧС), нарошчваць уласную сілу і г.д. Але лёгіка застаецца адна: каб не было небясьпекі, трэба ліквідаваць прычыну небясьпекі. Беларуская зьнешняя палітыка заўсёды мусіць мець на ўвазе гэты стратэгічны аспэкт нацыянальнага выжываньня. Прытым трэба ўлічыць, што імпэрыя не рэфармуецца, імпэрыя развальваецца. Адсутнасьць (ці страта) геапалітычнай звышзадачы прыводзіць у гэтых умовах да страты пэрспэктывы. ВКЛ Беларусь павінна будзе займацца геапалітыкай у інтарэсах уласнага нацыянальнага існаваньня. Інакш геапалітыка зоймецца Беларусяй, што і было перад гэтым на працягу двухсот гадоў.

Трэцяе генэральнае правіла: Беларусь мусіць абавязкова ліквідаваць аднабаковую энэргетычную залежнасьць ад паставак рэсурсаў з Расеі. Спосабы вырашэньня гэтай праблемы вядомыя.

Пасьляялцінская сітуацыя складваецца так, што разьвіцьцё падзеяў увесь час будзе падводзіць да кансалідацыі Ўсходняй Эўропы. Ужо цяпер, калі дамінуе яшчэ ідэя Эўразьвязу, трэба хутчэй усьвядоміць, што ідэя БЧС – гэта добрая ідэя, якая дапаможа стварыць раўнавагу сілаў у Эўропе і гарантаваць бясьпеку незалежнасьці нацыянальных дзяржаваў.

Да БЧС падштурхне таксама зьяўленьне паўночнага газаправоду паміж Расеяй і Нямеччынай па дне Балтыйскага мора (гзаправод плянуюць, безумоўна, і з палітычным разьлікам). Бо зразумела, якія магчымасьці маніпуляцыяў і ціску на Беларусь ды Польшчу ўзьнікнуць пасьля яго будаўніцтва. Стварэньне альтэрнатыўнай энэргетычнай лініі Поўнач-Поўдзень павінна стаць першачарговай задачай першага нацыянальнага ўраду Беларусі, які паўстане пасьля ліквідацыі акупацыйнага рэжыму.

15 верасьня 2005 г., Нью-Ёрк