НАШЫ САПАТЫСТЫ
Хард-ф'южн, складзены з розных пазлаў экстрэмальнай музыкі і замяшаны на вострасацыяльнай тэматыцы з элемэнтамі брутальнага патрыятызму, статус інкогніта на рок-эстрадзе - пра што яшчэ можна марыць заўзятарам old school? Адназначна пра "Zet" - беларускую банду, з дыскаграфіі якой вядомы толькі адзін альбом "З Новым годам".
Ня ў час прыйшоў - гэта не праклён, а лёс суайчыньнікаў. Зьявіцца ў час і ў прызначаным месцы - як кепскі тон: жыві не сьпяшаючыся, і цябе заўважаць актывісты. Па легендах, "Zet" утварыўся яшчэ ў 1970-ыя, але дзякуючы палітыцы карных органаў БССР калектыў так і ня здолеў перасягнуць межы сацыялістычнай бацькаўшчыны ў пошуках лепшай канцэртнай долі ў Лёндане і на пэўны час раскідаў удзельнікаў і натхняльнікаў. Яны сабраліся толькі напрыканцы 1990-х, каб стаць нашымі фаварытамі напачатку 2003-га.
Сапатысты - не такія простыя людзі, каб зьдзіраць зь іх маску і з "пристрастием" дапытвацца пра месцазнаходжаньне Камандантэ. Зусім магчыма, што "Zet" падпявалі сэпаратыстам ля вогнішчаў у джунглях Балівіі, бо адкуль такая прага да экстрэмісцкай крэольскай патэтыкі? Але, едкі пах пораху - ці ня ў кожнай песьні. Прыгадайце дэбілаў з Riot, касталомаў з Rage Against і ідэалягічнага закідона Пазьняка, - і яны не падобныя да "Zet"? No passaran - адзіны правільны код для трэш-прыхільнікаў.
Яны, далібог, занадта культавыя, каб бачыць іх на кожным клюбным канцэрце і пасьля шторазу назаляць Канцлеру "Лявон, сфатаграфуйцеся са мною!" Таму толькі дыскі і сайт www.radzima. Дамэнная зона невядомая.
ПРЫЕЖДЖЫЯ АРТЫСТЫ
Для ўсё большай колькасьці заежджых трубадураў беларускія канцэртныя пілігрымкі ператвараюцца ў псыхарэляксацыйныя ваяжы з элемэнтамі цырку на дроце. Найбольш экзальтаваным тубыльцам адныя "Імёны" засьцяць вочы, мы ж прапануем толькі факты.
Міха Воран, расейскі электра-агент, пад чый прыезд "недаакультураныя правінцыялы" не замаўлялі хіба што лімузынаў у ружовых танах, павёў сябе цалкам адэкватна. www.mixtura.org, дыстрыбутары якога мелі гонар прысутнічаць на сэце спадара ў "Цветах" (гл. мінулы CD), зь непрыхаваным спакоем канстатавала: "Міха Воран непарушна граў Chemical Brothers з альбома Dig Your Own Hole". Пасьля непрацяглага экскурсу ў гісторыю фэномэна клюбнай фанэрнай музыкі безыменны дыстрыбутар дае грунтоўную і досыць інфарматыўную выпіску са справы "М.Воран у Менску. Як гэта выглядала": "Музычны матэрыял аб'ядноўваецца ў спэцыяльныя блёкі аднойчы і назаўжды. Робіцца гэта загадзя. Так бы мовіць, у студыйных умовах. На вечарынцы варта адно што зьвесьці між сабой гатовыя часткі сэту". Магчыма, расейскі працаўнік пульта і плытаў - праваднік новай эстэтыкі ў калянізаваных рэгіёнах, але так ці інакш у нашай гісторыі толькі і ўражвае, што няхітрасьць дыск-жакей-імітацыяў.
Другі (але ці апошні) выпадак псыхарэляксацыйных сэансаў для любых менскіх слухачоў давялося ўбачыць на канцэрце power-flower rockers "Vopli Vidoplassova", з банды якіх у нашай сталіцы застаўся толькі сп. Скрыпка. Вострае рэсьпіраторнае захворваньне, падмацаванае грыпам невядомай групы, скасіла ўвесь украінскі ансамбль. Афіцыйныя крыніцы трымаюцца менавіта гэтай вэрсіі.
Да гонару фронтмэна, VV могуць быць замененыя і ім адным , калі да яго дадаць пару "комбікаў", гітару, баян, трубу і драм-машынку. Праўда, жарты, песьні, пот і кроў, разбаўленыя авацыямі тысячы зь нечым наведнікаў к/з "Менск", так і не маглі заглушыць тупое: "Што адбываецца?" Замест адмены канцэрту, якое выдавала б на больш эфэктны працяг шоў наступным разам, атрымалі звар'яцелага на другой гадзіне ўкраінца.
Так і трэба - no actors in relax.