CD, Студэнцкая Думка

03/2003


РАСЧЛЯНЁНКА

У архаічныя эпохі чалавек атаясамліваў сусьвет з уласным целам. Індусы, напрыклад, уяўлялі сабе сьвет неабсяжным першачалавекам Пурушам. Цяпер усё трошкі інакш: чалавек настолькі спасьціг самога сябе, што пачаў напаўняць часткі свайго цела самымі рознымі, часам вельмі далёкімі ад фізіялёгіі сэнсамі. У наш час цела мысьліцца чалавекам як ідыёма: значэньне кожнай часткі даўно ўжо ня роўнае значэньню цэлага. Ніжэй я паспрабую гэта пацьвердзіць, прапанаваўшы на ваш суд некалькі кавалачкаў цела культуры.

ЛЁГКІЯ І БАГДАНОВІЧ

Француз Фрэдэрык Бэгбэдэр займае ў сучаснай літаратуры пасаду абвяргальніка непахісных, здавалася б, ісьцінаў. Асабіста мяне моцна торкнулі наступныя развагі аднаго зь яго герояў:

- Каханьне ня мае нічога агульнага з сэрцам - гэтым агідным насосам, які качае кроў. Каханьне перш за ўсё сьціскае лёгкія. <…> Лёгкія - самы рамантычны з чалавечых органаў: усе закаханыя хварэюць на сухоты, нездарма ад іх памерлі Чэхаў, Кафка, Фрэдэрык Шапэн , Джордж Оруэл і сьвятая Тэрэза зь Лізьё…"

Нават на фізіялягічным узроўні стаў пераймальнікам эўрапейскіх традыцыяў Максім Багдановіч - "лірык тонкай душы", дзякуючы якому кожны вучань РБ ведае, як будзе "тубэркулёз" па-беларуску (сыфілісу ў гэтым пляне пашанцавала менш).

Невядомы мне аўтар скульптурнага партрэту, які можна пабачыць у холе менскага музэю Багдановіча, стварыў магутны вобраз. Паэт выпрастаўся на пастамэнце ў дзіўнай позе: ці то ў парыве натхненьня, ці то ў прыступе сухотнага кашлю. Можа таму Багдановіч і пісаў незвычайна лёгкія, празрыстыя вершы, што таяў на вачах?

Сухоты былі для Багдановіча нечым большым за спадчынную хваробу: яны ўспрымаліся як рок, які кіруе чалавечым лёсам. Першыя беларускія вершы і першыя прыкметы тубэркулёзу лёгкіх зьявіліся ў адзін год - калі хлопцу было васямнаццаць. Кажуць, што ён меў шанец па накіраваньні ад Віленскай беларускай грамады паступіць у Пецярбургскі ўнівэрсытэт, аднак па стане здароўя ў паўночную сталіцу імпэрыі паехаць ня змог. Вучыцца на філёляга выправілі Браніслава Тарашкевіча (sic!). Сухоты былі тым, што канчаткова разлучыла Багдановіча з Радзімай, да якой ён фанатычна імкнуўся ўсё жыцьцё. У 1917 годзе ён ад'яжджае зь Беларусі ў Ялту, каб памерці ў белым доме ля сіняй бухты.

У наш час сухоты перасталі быць сацыяльнай хваробай. Лёгкія беларусаў узятыя пад татальны кантроль рэакцыі Манту, і кожны патэнцыйны сухотнік стаіць на ўліку ў тубдыспансэры. Эру сухотаў пакрысе замяшчае эра раку (лёгкіх). Цяперашнія аматары нікатыну няблага падкаваныя ў сфэры мэдыцыны, аднак гэта не замінае ім падстаўляць свае трахеі і бронхі пад чэпкія клюшні невылечнай хваробы. І толькі самым дасьціпным з курцоў прыходзіць да галавы, што пісаць "лёгкія" на пачку цыгарэтаў - гэта як зьмяшчаць слова "печань" на цэтліку гарэлкі.

Наіўная эротыка пачатку ХХ ст. эвалюцыянавала да яго завяршэньня ў жорсткае порна - зборнік "Вянок" на худых грудзях паміраючага Багдановіча і чорныя лёгкія на плякатах з антырэклямай паленьня розьняцца гэтак жа, як каханьне і сэкс. Бэгбэдэр, разважаючы пра тубэркулёз, пры ўсёй сваёй ультрасучаснасьці гучыць па-француску сэнтымэнтальна:

Кожны чалавек тоіць у душы мілосны смутак, які да часу дрэмле. Сэрца, не разьбітае каханьнем, яшчэ ня сэрца. Лёгкія чакаюць сухотаў, каб адчуць, што яны існуюць. <…> Любому з вас варта завесьці вадзяную лілею ў грудной клетцы…

ВУХА, МАЙК І ЮЛІЯ

Калі адно вуха стаіць, а другое - не, то ніякія дабаўкі вам не дапамогуць

з парадаў сабакаводам

Калі пяць год таму навіны спорту пачыналіся з кадраў акрываўленай пысы Майка Тайсана, які толькі што адгрыз вуха Эвандэру Холіфільду, я вельмі спачувала апошняму. І зусім не таму, што парванае вуха - гэта балюча і непрыгожа: усё адно адгрызены кавалак небараку потым прышылі, і ён нават прыжыўся. Затое вельмі крыўдна, думалася мне, - усё жыцьцё трэніраваць кулакі, а праславіцца на ўвесь сьвет дзякуючы кавалку ўласнага вуха. Крыўдна ведаць, што чарнаскурыя хлопчыкі, якія раней зьбіралі твае фатаздымкі, цяпер запіваюць кока-колай шакалядныя "вушы Холіфільда".

Вуха маёра Амельчанкі ледзь ня ўпала на беларускую палітычную арэну ў траўні 2001 г. Яно пацярпела ад зубоў жонкі былога прэм'ер-міністра Міхала Чыгіра. Кабета, імкнучыся прайсьці на закрыты судовы працэс над мужам, пабілася на ганку з амапаўцамі. Амельчанку наклалі шэсьць швоў, Юлія Чыгір атрымала два гады калёніі з адтэрміноўкай за напад на прадстаўніка ўлады.

Абодва канфлікты маюць адваротны бок. Тайсан, які ўляцеў праз скандал з вухам на вялікія грошы, пасьля жаліўся журналістам, што перад тым як пакусаць Холіфільда ён атрымаў ад таго два разы ілбом у вока. Спадарыня Чыгір таксама пачала ня першая… Гэтыя дзьве тыпалягічна блізкія гісторыі паказваюць, як неглыбока ў падсьвядомасьці сучаснага чалавека ляжаць зьвярыныя інстынкты. Сківіцы - апошняя зброя прыгнечаных і абражаных, калі рукі бездапаможна сьцятыя баксёрскімі пальчаткамі альбо абцугамі пальцаў ахоўніка.

ВАЛАСЫ І СЭМІЁТЫКА

Сэміётыка - навука пра знакі і сыстэмы знакаў. Яе заснавальнік Чарльз Пірс упершыню клясыфікаваў некаторыя аб'екты, створаныя чалавечым грамадзтвам альбо зьвязаныя зь ім як сыстэмы для перадачы інфармацыі.

Некалькі вядомых мне знакавых сыстэмаў зьвязаныя непасрэдна з чалавечым целам (чалавечая мова, міміка, сыстэма жэстаў, зэкаўскія татуіроўкі). Думаю, валасы таксама ёсьць часткай чалавека, задзейнічанай у перадачы інфармацыі. Вельмі часта адметнае становішча ў грамадзтве абазначала адметная фрызура - варта згадаць, напрыклад, танзуры сярэднявечных манахаў альбо "осэлэдці" запароскіх казакоў. У маім позьнеперабудовачным дзіцячым садку насіць у валасах белыя банцікі, калі няма сьвята і не нарадзіўся дзядуля Ленін, мелі права толькі імяніньніцы.

Мусіць, найпрасьцейшая і разам з тым найцікавейшая апазыцыя валосьсевай сэміётыкі - "кароткія - даўгія валасы". Самае стэрэатыпнае яе значэньне "мужчына - жанчына" ў ХХ ст. актыўна пераадольвалася. (Маю цётку бацькі лупцавалі аднойчы ў жыцьці - за адрэзаную касу: кароткая жаночая фрызурка была для бабулі знакам непрыстойным.) На мужчынскай галаве даўжыня валасоў стала мець канцэптуальнае значэньне: няволя - свабода, таталітарызм - бунт, make love - war. У мюзыкле Майкла Ўэлера "Hair" валасатаму сьвету гіпі супрацьстаіць безвалосая вайна ў Віетнаме. З савецкіх часоў патлатыя нефармалы пазнаюць гопнікаў і скіноў па лысых патыліцах (адсутнасьць знаку - таксама знак), і наадварот.

РУКА І МАРАДОНА

22 чэрвеня 1986 г. на Чэмпіянаце сьвету па футболе Дыега Марадона ўсадзіў рукою мяч у браму ангельцаў. Аднак дзіўным было ня гэта, а тое, што судзьдзя гол залічыў. "Мая рука - рука Бога", - пракамэнтаваў тое, што адбылося, Марадона.

У канцы мінулага году ў Аргентыне была створаная "Царква Рукі Божай". Брацтва дыегарыянцаў вядзе летазьлічэньне anno Diego (цяпер мы жывём у 42-м годзе AD). Самае галоўнае сьвята мусіць адзначацца ў дзень эпахальнага матчу. Усе, хто не прызнае Марадону за бога, абвешчаныя ерэтыкамі, а тыя, хто дапамагаў яму ў кар'ерным росьце, прылічаныя да сьвятых.

Звар'яцелых фанатаў можна зразумець. Няма таго, што раньш было: Марадона-бацька ўшчэнт скакаініўся і ператварыўся ў старога няўломка. Марадона-сын толькі-толькі стаў нагамі на футбольнае поле. Вернікі жывыя адно сьвятым духам былой славы куміра.

СЭРЦА І ДАЛОНЬ

бег запыханы Данка

са сваёй валянтынкай…

Джэці

У 1976 годзе анамальная малпа Кінг-Конг у аднайменным фільме на вачах ва ўражаных гледачоў ляснулася з хмарачоса. Ад такога паміраюць, аднак празь дзесяць год улюбёнца публікі вырашылі ўваскрасіць. "Кінг-Конг жывы" (1986 г.) пачынаецца з эфэктнай сцэны перасадкі Кінг-Конгу гіганцкага мэханічнага сэрца.

Народ торкнула. Пасьля выхаду фільму ў амэрыканскіх цэнтрах трансплянтацыі паболела замоваў на новае сэрца, а сама ідэя штучных органаў пачала набываць новых прыхільнікаў.

Трансплянтацыя органаў - бадай што самае значнае дасягненьне ХХ ст. Першая пасьпяховая перасадка сэрца адбылася ў Кейптаўне ў 1967 годзе, і ўжо праз год гэтую справу паставілі на паток. Аднак яшчэ ў 1964-м, калі шараговы абываталь і ўявіць сабе ня мог сэрца асобна ад цела, беларускі нарпісьменьнік Іван Шамякін у рамане "Сэрца на далоні" зрабіў героем хірурга, якому па ходзе сюжэту давялося патрымаць на далоні жывое чалавечае сэрца. У кантэксьце трансплянтацыйных досьледаў тагачасны Шамякін - вельмі нават прасунуты празаік.

ДАЛОНЬ І СЭРЦА

"Чалавек - мера ўсіх рэчаў," - сказаў неяк Пратагор. Чалавек, як заўжды, усё зразумеў літаральна. Гісторыі вядомыя такія меры даўжыні, як славянскі локаць альбо ангельскі foot. Мара сучаснага чалавека прыручыць навукова-тэхнічны прагрэс увасобілася ў palm'е - кампутары велічынёй з далонь.

Называць palm'ам любую мадэль personal digital agent не зусім правільна, бо "Palm OS" - толькі адна зь некалькіх праграмаў, якія ўжываюць для pda. Аднак мэтафара распаўсюдзілася на любы від "надалоньніка".

Першыя кішэнныя кампутары зьявіліся ў Беларусі гады чатыры таму і, нягледзячы на свой немалы кошт, вельмі хутка сталі папулярнымі. Яны, вядома, не дублююць кампутар альбо ноўтбук, аднак маюць тэкставы, графічны рэдактар, калькулятар, нататнікі, арганайзэр, гульні і шмат іншага. (З усіх праграмаў у машынцы маёй сяброўкі мне больш за ўсё падабаецца люстэрка: запускаеш - і можна глядзецца ў манітор.) Palm дазваляе забыцца нават на кнігі, калі ўсталяваць у яго электронную бібліятэчку.

Звычайных уладальнікаў palm'аў варта адрозьніваць ад пальмаводаў - людзей, якія "гадуюць" свае кампутары ўсялякімі наваротамі. Pda - гэта тэхніка зь вельмі шырокімі магчымасьцямі, што і вабіць да яе шанавальнікаў прагрэсу.

Менскія пальмаводы - цэлая субкультура (падрабязна - на www.pda.by): palm-клюб зьбіраецца прыкладна раз на месяц. Менчукі падкрэсьліваюць, што ад аналягічных мясцовых тусовак ФІДОшнікаў альбо інтэрнэтчыкаў іхная розьніцца сваёй практычнай накіраванасьцю. У palm-клюбе пачаткоўцы могуць паслухаць даклады дасьведчаных пальмаводаў, паглядзець на навінкі рынку і атрымаць карысныя парады наконт наваротаў (напрыклад, як спалучыць palm з мабільным тэлефонам альбо выйсьці зь яго ў інтэрнэт).

Прагрэс прагрэсам, аднак чалавек, які засяроджана тыцкае стылюсам у надалоньнік, няўлоўна нагадвае аўта-бітламана, калі той праводзіць рукой па капоце свайго бліскучага "жука". Большасьць уладальнікаў palm'аў поўняцца незвычайнай пяшчотай да сваіх маленькіх машынак за вялікія грошы. Цалкам натуральна для людзей, у чыіх сем'ях галоўная скацінка-карміцелька - кампутарная мышка.

НОГІ. ПРОСТА НОГІ.

Гэтая скульптура стаіць у Менску, на рагу вуліцаў Рыбалкі і Фабрычнай. Ногі ўдала спалучаюцца з навакольным архітэктурным ансамблем і выглядаюць цалкам самадастаткова. Праўда, кавалак арматуры, які строма вытыркаецца з блакітных шорцікаў, сьведчыць, што калісьці тут месьцілася нешта больш антрапаморфнае. Спробы высьветліць гісторыю ўсталяваньня кампазыцыі і прозьвішча скульптара ні да чаго не прывялі. Сябры маіх сяброў апавядаюць, што іх сябар калісьці меў знакавы дыялёг са старажылкай кварталу:

- Бабуля, а каму помнік? Чые гэта ногі?

- Тут быў мальчык.

- А што за хлопчык? Мо, піянер які?

- Мальчык, проста мальчык.

Здатныя стаць акрасай любой выставы сучаснага мастацтва занядбаныя, падрапаныя ногі тужліва зьвісаюць з высачэзнага пастамэнту, пасяляючы дэканструктыўныя ідэі ў мазгі раённых забойцаў-бытавушнікаў. Каля іх не фатаграфуюцца турысты, іх абмінаюць вясельныя картэжы. У той жа час яны вартыя ўвагі менчукоў ня менш, чым парасон бронзавай дзяўчынкі ў Ленінградзкім сквэры альбо стручок гаротнага анёла на Высьпе Сьлёзаў. У эпоху панаваньня фрагмэнтарнага мысьленьня абсалютна неістотна, ці быў хлопчык. Ногі ўзвышаюцца на рагу Рыбалкі і Фабрычнай помнікам у гонар перамогі Часткі над Цэлым.