CD, Студэнцкая Думка

03/2003


СУПЭРМАНІЯ

Як бы мы ні грэбавалі супэргероямі, як бы ні абзывалі іх танным прадуктам амэрыканскай поп-культуры, яны - гэта мы. Яны вельмі многае распавядаюць нам пра нас саміх. Гледзячы на супэргерояў розных часоў, мы можам скласьці для сябе карціну эвалюцыі сучаснага чалавека. І зразумець, чаму анёлападобны Супэрмэн раптам ператварыўся ў д'ябла Hellspawn. І навошта амэрыканцам у пачатку ХХІ ст. зноў спатрэбіўся пэнсіянэр Captain America.

CAPTAIN AMERICA

- тыпова амэрыканскі пэрсанаж. Справа нават ня ў імені. СА - хадзячы сымбаль амэрыканскага патрыятызму. Граміла з гіпэртрафаванымі плячыма, бычынай шыяй і шварцэнэгераўскім біцэпсам. У параўнаньні зь ім нейкі там Спайдэрмэн падаецца ня большым за павука. Твар СА выпраменьвае моц і непахіснасьць - сталёвы погляд, маркантная сківіца... Перад намі Геркулес, Тэсэй & Со іншых антычных герояў у адным фляконе. Стваральнікі вобразу СА скарысталіся праверанай тысячагодзьдзямі сымболікай. Геркулеса шанавалі і ў Грэцыі, і ў Рыме. Прымхлівыя рымляне амаль у кожным горадзе пабудавалі яму храм. Прымхлівыя амэрыканцы часоў "нараджэньня" СА друкавалі і раскуплялі мільённыя наклады коміксу.

Гэта было ў часе Другой Сусьветнай. Фашызм паставіў на калені амаль усю Эўропу, нібыта стаўшыся той бурлівай сілай, якую Бог абяцаў чалавецтву да апакаліпсісу. Людзі ўпершыню амаль фізычна адчулі канец сьвету.

Грамадзтва мела патрэбу ў мэсіі, які ўратаваў бы свой статак. Captain America да нітачкі прапітаны сымбалямі, якія ад пачатку павінны былі надаваць яму выгляд нябеснага выратавальніка. Ён пакрыты строем сіняга колеру, колеру неба. На ягоным ілбе арол, знак панаваньня нябесных парадкаў - менавіта арол быў атрыбутам Зэўса. Гэта таксама і сымбаль свабоды, а да таго ж, не забудземся, птушка з гербу ЗША. На грудзях і шчыце СА вялікая белая зорка, што сымбалізуе надзею і выратаваньне - у свой час зорка вяла валхвоў да Езуса. На патыліцы - два белыя крыльцы, асацыяцыя з Гермесам, пасланцам Зэўса. Атрымліваецца, Captain America - нейкі хрысьціянска-грэцкі бог, які прыйшоў на зямлю, каб уратаваць нас.

Натуральна, зьявіўшыся ў часе ўступленьня ЗША ў Другую Сусьветную вайну, змагаўся СА амаль выключна зь "нямецка-фашысцкімі агрэсарамі". Недзе ўжо чулі? Ня дзіва. Толькі савецкая прапаганда 40-х была здольная на такі самы патас. Але тая была настроеная на іншага выратавальніка: маленькага харызматычнага стальнога грузіна зь люлькай. Кожнаму сваё...

Ва ўсякім выпадку, Captain America цалкам адпавядае амэрыканскай поп-культуры: яркі, патасны, стракаты... Майкл Джэксан саракавых. Ён дапамог моладзі адчуць сябе моцнай і самаўпэўненай. Ён быў сымбалем адзінства амэрыканскай нацыі і моцы амэрыканскага духу. Ён быў запатрабаваны самім часам. Гэты ж час яго і пахерыў, калі фашызм ды камунізм фактычна зьніклі, і чалавек зразумеў, што армагедон у чарговы раз адкладаецца.

СПАЙДЭРМЭН

Спайдэрмэн надзвычай спрытны, скача нібы гумовы, ня думаючы пра суставы ды зьвязкі, якія можна вывіхнуць ці парваць. Ён вольны ў сваім целе. Яго не хвалююць створаныя чалавецтвам фізычныя межы - пераходы, сьветлафоры, пробкі. Ён лётае па дахах хмарачосаў, не зважаючы на цеснату гораду. Звычайнаму ж чалавеку ад гэтай цеснаты хочацца ванітаваць - ён "нарадзіўся" ў дзікіх лясах ды балотах, жыў у прасторнай прэрыі. Нездарма Чалавек-павук зьявіўся ў 60-х, калі індустрыялізацыя ўжо глыбока пранікла ў амэрыканскі соцыюм. Жыхары гарадоў-мурашнікаў працавалі на фабрыках ды ў офісах - у маленькіх штучных сусьветах, дзе ад чалавека патрабуецца толькі працоўная эфэктыўнасьць. Амэрыканцам зрабілася духоўна цесна. Чалавеку ад прыроды ўласьціва заглядацца на зоркі, але на небе мэгаполісу зорак ужо не было відаць. І людзі марылі пра тое, каб дасягнуць краю свайго вузкага бэтоннага сьвету - дахаў хмарачосаў. Таму Спайдэрмэн перасоўваецца па дахах Нью-Ёрку. Ён спускаецца ў бруд і гнільлё гораду, змагаецца там з агіднымі прадуктамі мэгаполісу, з тым сьветам, які мы самі сабе стварылі: злачынства квітнее на закінутых складах, у прагнілых сутарэньнях, там, дзе цёмна і міліцыя далёка. Гэткія страхі настолькі рэальныя ў нашым штодзённым жыцьці, што мы іх ужо папросту ігнаруем. І тады яны перабіраюцца ў нашыя сны: ты можаш касіць пад самаўпэўненага, але табе таксама вядома, што такое страх. Таму ты хочаш лётаць, хочаш зьбегчы са сваёй бэтоннай клеткі, хочаш пазбавіцца комплексаў. Ты хочаш быць Чалавекам-павуком. Сям'я, хатняя гаспадарка, заробак - усё пофігу, калі ты ведаеш, што горад твой. Ты апранеш маску - чырвоную, як агонь, і строй - сіні, як акіян тваёй душы, якая ў глыбіні прагне спакою і гармоніі. Узброены гэтымі знакамі, прапітаны магічнай энэргіяй, ты сыходзіш у ноч...

HELLSPAWN

Сучасны чалавек, асабліва амэрыканец, церпіць ад недахопу рэальнасьці. Вакол яго - віртуальны сьвет дыснэйлэндаў і галівудаў. Мікі-маўсы, салодкая вата плюс амэрыканская мара... гэты плястмасавы "пазытыў" раздражняе несьвядомае, і яно патрабуе раўнавагі. Нечага, што кампэнсавала б тое бязьмежнае празакавае шчасьце. Амэрыканская поп-індустрыя адказала на гэтыя позывы несьвядомага своеасаблівым стварэньнем - Hellspawn.

У апошнія гады ён зьяўляецца каралём камэрцыйнай мастацкай культуры. Hellspawn ("нашчадак пекла") сёньня самы папулярны ў сьвеце коміксавы герой. Пра яго зьнялі фільм, яго стваральнікі ілюстравалі вядомы кліп KORN "Freak on a Leash". Пры жыцьці Hellspawn быў прафэсійным кілерам, якога забілі па загадзе ўласнага камандаваньня. Пасьля сьмерці ён па сваіх злых справах трапіў у пекла і быў прыняты д'яблам шостага кругу. Той надзяліў яго патаемнай сілай і выправіў назад на зямлю. У абяскроўленым гнілым целе Hellspawn жывуць чарвякі. Ня самае прыемнае відовішча, але хвала мастаку: нашчадак пекла цалкам пакрыты цёмна-чырвоным строем, чорнай маскай, чорнай накідкай і доўгімі ланцугамі. Так што ягоную замагільную сутнасьць даводзіцца разглядаць толькі ў рэдкіх выпадках. Затое вочы блішчаць містычным, сапраўды пякельным агнём.

Але што мы маем агульнага з гэткім зомбі? Нешта ж маем, калі купляем, чытаем і ходзім у кіно.

Насамрэч, усё як заўсёды ня так проста. Агідны звонку мярцьвяк - насамрэч справядлівы і высакародны. Праўда, яго мэтады наўрад ці знайшлі б ухвалу ў міжнародным судзе па правах чалавека. У адным з амэрыканскіх нумароў часопіса "Spawn" ён наказвае бацьку, які зачыніў уласную дачку на тры дні ў пакоі і зьбіраўся яе зьбіць - усяго толькі за тое, што тая паламала тэлевізар. Hellspawn зьяўляецца ўначы. Ён заходзіць праз акно. Наступнай раніцай паліцыя знойдзе нявыхаванага бацьку на тэлевізары з праколатымі антэнай вачыма. "Кашмар!" - скажа цывілізаваны чалавек. Вядома. Але будзем шчырыя: калі бачыш зьдзекі таўстога алькаголіка з уласнага дзіцяці, тваё першае памкненьне - зусім не тэлефанаваць у паліцыю. І ня надта хочацца спакойна запэўніваць бацьку ў яго няправасьці. Табе карціць яго пакараць - менавіта тут, менавіта зараз. І нікуды ад гэтага пачуцьця не падзенесься, якім бы цывілізаваным ты ня быў. Нашае несьвядомае - страшны судзьдзя. Hellspawn зьдзяйсьняе гэты суд за нас.

COME BACK, MY CAPTAIN!

Cупэргероі будуць заўсёды, таму што чалавек слабы. Варта было адбыцца падзеям 11 верасьня, як усе адразу зразумелі, што і Спайдэрмэн, фізык-трэцякурсьнік, і Hellspawn, забойца зь пекла, неяк адразу пажухлі. Спатрэбіўся герой для надзвычайных сытуацыяў. Ужо сьпісаны ў запас Captain America, "ад прыроды" выдатны выведнік, адразу адшукаў тых, хто сёньня пагражае амэрыканізму. Аўтары коміксу сьцямілі, што Бін Ладэн - бездакорны антыгерой. Худы, зласьлівы і з д'ябальскай усьмешкай, нехрысьць, дый неакультураны ён нейкі ў сваім турбане i жаночым халаце. Карацей, нягоднік, які замахваецца на чэсных амэрыканскіх рабочых. Вось вам і поле дзейнасьці для Captain America новага тысячагодзьдзя.

Калі заўтра на плянэту нападуць UFO, першым змагацца зь імі выйдзе Супэргерой. А імя ўжо яму прыдумляюць. Справа нават ня ў імені.