Паводле старой ангельскай легенды, больш за тысячу гадоў таму жыў у мястэчку Ковэнтры аднайменны граф. І так закатаваў ён падданых непамернымі падаткамі, што ягоная жонка - лэдзі Godiva, добрай душы жанчына, пачала прасіць у мужа літасьці да васалаў. І тады граф сказаў: "Добра, каханая. Я зьніжу падаткі, але толькі ў тым выпадку, калі ты абсалютна аголеная праедзеш праз увесь горад на кані". І Godiva - дзіўнае спалучэньне камуністкі са стрыптызёркай - зрабіла гэта. Папярэджаныя жыхары зачыніліся ў дамах, калі яна пачала сваё падарожжа па вуліцах, убраная як Эва.
Можна меркаваць, што граф Ковэнтры быў аўтарам і рэжысэрам першага ў гісторыі reality show. Няхай, ня ў прыклад сучасным адпаведнікам, шоў прынесла яму страты (падаткі давялося зьнізіць), а адзінага гледача, цікаўнага "падглядальніка Джэка" (peeping Jack) Бог, паводле легенды, пакараў сьлепатою. Шоў-біз - мастацтва зарабляць хлеб на відовішчах - дзіця пазьнейшай цывілізацыі.
Reality-TV як такое ўзьнікла ў 1948 годзе. Першая ластаўка - Candid Camera ("Схаваная камэра") зь яе нязьменным вядучым Аленам Фантам. Праграмы, сюжэты якіх заснаваныя на дакумэнтальных падзеях, стварылі трывалы грунт, і менавіта на ім стаіць цяперашняя індустрыя рэальных шоў. Сусьветная тэлевізія паціху акумулявала практыку здымкаў і трансьляцыі звычайных людзей у незвычайных умовах, каб выбухнуць у 1998 галяндзкім Big Brother. Неўзабаве ўвесь сьвет ахапіў сындром peeping Jack. Цяпер ажыятаж прайшоў, падобных шоў паболела, іх сцэнары сталі больш разнастайнымі. Сёньня RSh's ператварыліся ў рутыну і даюць хоць не такі шалёны, як спачатку, але стабільны прыбытак.
ТЭОРЫЯ ЖАНРУ
Прычынай папулярнасьці рэальных шоў у мільёнаў тэлегледачоў самых розных краінаў аналітыкі лічаць вуаерызм. У вузкім сэнсе - гэта сэксалягічны панятак, у шырокім - уласьцівае ці ня кожнаму чалавеку жаданьне ведаць, што ў дадзены момант адбываецца за парканам у суседа.
Вытокамі рэальных шоў называюць сацыялягічныя досьледы амэрыканскіх псыхолягаў і сацыёлягаў. Адпраўным пунктам прынята лічыць 1971 год, калі Філіп Зомбарда, прафэсар Стэнфардзкага ўнівэрсытэту (ЗША), зладзіў экспэрымэнт над сваімі студэнтамі. Групу паддосьледных падзялілі на вязьняў ды наглядчыкаў і зьмясьцілі іх у імправізаваную турму. Усё, што адбывалася там, фіксавалі схаваныя камэры. Праз тыдзень экспэрымэнт давялося спыніць: "наглядчыкі" пачалі жорстка зьдзекавацца зь "вязьняў".
Па словах стваральніка Big Brother галяндца Джона дэ Мола, яму і яго калегам стала цікава паназіраць за ўзаемаадносінамі людзей у замкнёнай прасторы.
У словазлучэньні reality show аўдыторыя звычайна есьць першае слова, аўтары праектаў - другое. Пастаўце камэру ў турме ці ў вайсковай часьці (вы будзеце ня першымі: украінцы ў казарме ўжо ставілі), і што цікавае вы там убачыце?
Рэальнасьць як такая нікога ня вабіць. Самае відовішчнае рэальнае шоў заўсёды добра зрэжысаванае, пачынаючы ад сюжэту ды студыі і ажно да падбору ўдзельнікаў. Магчымасьць пабачыць на тэлеэкране непрафэсійных актораў - толькі палова справы. У ангельскім Big Brother гледачы выбралі пераможцу - 28-гадовага будаўніка зь Лівэрпуля, які выйграныя грошы аддаў на апэрацыю цяжка хворай жанчыне. Наўрад ці перамога Робін Гуда была падтасаваная. Гледачы галасуюць сэрцам, але не за самога ўдзельніка, а за той імідж, які ствараюць вакол яго аўтары.
Элемэнты reality show ужо даўно тычацца ня толькі тэлевізійнага шоў-бізу. Вазьміце польскага пісьменьніка Анджэя Стасюка: яго проза разыходзіцца вокамгненна і вялікімі накладамі. Інтэлектуалы і ня вельмі балдзеюць ад падрабязных, амаль занудных апісаньняў краявідаў, птушак, побыту польскіх калгасьнікаў. Крытыкі дзівуюцца, чаму амаль рэалістычныя, ды яшчэ так неахайна напісаныя тэксты маюць шалёны посьпех. Насамрэч усё проста: Стасюк, які жыве зь сям'ёю ў польскай глухамані на пакінутым хутары, прываблівае чытача не так прозай, як рэальнасьцю, нават reality, што стаіць за ёй.
А забавы бін Лядэна і Буша? Відаць, сёньня рэальнае шоў ёсьць фарматам для чаго заўгодна.
КЛЯСЫКА ЖАНРУ
Big Brother/"Вялікі брат", першы этэр - у 1999 годзе ў Нідэрляндах, на прыватным тэлеканале Veronica.
12 удзельнікаў цягам 100 дзён жывуць у адасобленым ад сьвету доме ў горадзе Алмэр, напханым відэакамэрамі. Умовы ў доме спартанскія. Права памыцца ў гарачай вадзе ці пакарыстацца электрычнасьцю нечага каштуе. Ежу трэба гатаваць на вогнішчы, хлеб і сьмятану рабіць самім. Задача ўдзельнікаў - спадабацца тэлегледачам і пражыць у доме да канца тэрміну. Той, хто здолеў пратрымацца да канца, атрымлівае грошы.
Ва ўсіх двух тузінах краінаў сьвету, дзе былі запушчаныя свае Big Brother, шоў праходзяць прыкладна аднолькава.
Цягам n-най колькасьці дзён удзельнікі дохнуць ад нуды, валяючыся на канапах, выконваюць няхітрыя заданьні Бігбразэра (сугестыўны голас аднекуль са столі), лаюцца міжсобку, гутараць з псыхолягам. Прыкметна ажываюць, калі надыходзіць час каго-небудзь выкідаць. Сэксам займаюцца, каб павысіць рэйтынг і каб зьнізіць стрэс, але няшмат, бо праект забароняць, як гэта адбылося ў Грэцыі. (Для "гэтага" звычайна заводзяць асобныя шоў - "дазволена ўсё, апрача садызму".)
Лёс удзельнікаў з розных краінаў падобны. Да звычайнага жыцьця вяртаецца меншасьць. Некаторыя (асабліва першыя "выкідкі") заканчваюць жыцьцё самагубствам; палова, у незалежнасьці ад музычных здольнасьцяў, робіць кар'еру поп-зоркі, выпускае залатыя і плятынавыя дыскі. У асноўным жа ахвяры разбрыдаюцца па дробных тэле- і радыёстудыях, здымаюцца ў рэкляме, жывуць зь інтэрвію таблёідам. Дзялкі шоў-бізу, якія падбіраюць іх, значна эканомяць на раскрутцы.
Survivor/"Той, хто выжыў", запушчана ў 1997 годзе ў Швэцыі (арыгінальная назва Expedition Robinson).
Натоўп незнаёмых міжсобку гульцоў высаджваецца на ненаселенай трапічнай высьпе з экіпіроўкай і тымі прыпасамі, якія пасьпяваюць за дзьве хвіліны зьнесьці з карабля, і застаецца сам-насам зь дзікай прыродай і сотняй-другой тэлекамэраў.
Удзельнікі дзеляцца на дзьве каманды, выконваюць розныя заданьні на кемлівасьць ды сілу і выжываюць, самастойна здабываючы ежу. Паступова, адзін за адным пакідаюць выспу. Апошні - "той, хто выжыў" - забірае касу.
Да нас Survivor дайшоў у трошкі згладжаным выглядзе. Ня ведаю: навошта вывозіць "апошніх герояў" на край сьвету, калі пад бокам дзікія стэпы Забайкальля і зялёнае мора тайгі?..
ГЛЯДЗІЦЕ НА ПЕРШЫМ НАЦЫЯНАЛЬНЫМ?
Думка пра магчымасьць зладзіць беларускае рэальнае шоў падаецца настолькі нерэальнай, што, высоўваючы свае вар'яцкія праекты, я пачуваюся абсалютна вольнай і нічым не магу абмежаваць хворую фантазію. Фінансы? Праблема амаль непераадольная, ды гэта і не мая турбота: знайсьці грошы ў шоў-бізе - справа самая лёгкая, а вось крэатыву звычайна бракуе.
Reality Country Show
частка І
тып: extreme
заходні аналяг: Survivor
працоўная назва: "Палескія рабінзоны"
© maryjka & Янка Маўр
ідэя: яшчэ Янка Маўр - найлепшы спэцыяліст па экзатычных краінах у беларускай літаратуры - прасёк, што пасьля Дэфо тэму рабінзанады смачней есьці з нацыянальнай поліўкай.
Ніякіх тропікаў: месца дзеяньня - кавалак сушы, абкружаны балотам, дзе-небудзь на Століншчыне. Час дзеяньня - верасень-кастрычнік, каб спачатку сьціплае, але гожае беларускае бабіна лета, а напрыканцы - усе вабноты позьняе восені. Калі ўдзельнікам пашанцуе, мароз ударыць раней, чым скончацца здымкі, балота падмерзьне, і да вялікай зямлі дабяруцца ўсе.
Дарэчы, пра ўдзельнікаў. Палігонам па дасьледаваньні статкавых інстынктаў няхай застаецца Ціхі акіян. Нашых герояў будзе няшмат, 7 +/- 2 чалавекі. Але што гэта будуць за хлопцы!!! Ну і адна-дзьве дзяўчыны: якія і зубра на скаку, і вужаку сырцом.
Мэта гульцоў: а) пакінуць выспу, пераадолеўшы балота, б) зрабіць гэта ў жывым выглядзе. Мэта аўтараў: прыкласьці ўсё намаганьні, каб сыход падаваўся немагчымым.
Я прапанавала б абмежавацца двума прадметамі: нажом і каробкай запалак. Ну, белую хустку - каб той, хто адчуе, што трываць больш ня можа, змог падаць сыгнал гелікоптэру. Як выключэньне - дазволіць акуляры ўдзельніку са зрокам -4,5 адзінкі. Але толькі для таго, каб хто-небудзь кокнуў іх яму напачатку апошняга тыдня. А вось цыгарэтаў курцам не дамо. Цікава паглядзець, як яны будуць паліць кару дрэваў і іншае сьмецьце. Пакуль запалкі ня скончацца.
Сама эстэтыка балота падказвае, што тут ня месца спаборніцтвам, якія нагадваюць дзіцячыя эстафэты. Зносіны з арганізатарамі могуць адбывацца ў рэжыме дзіцячай гульні "12 цыдулак". Знайшоў паперчыну з заданьнем - выконвай. Выканаў - атрымаў наступную і заплечнік з хлебам, салам і цыбуляй. Ня выканаў - смаж жабак.
Галоўная інтрыга палягае ў наступным: героям бесьперастанку будзе закладвацца ўстаноўка "адзін супраць усіх і ўсе супраць аднаго". У той жа час мы падбаем пра тое, каб любое памкненьне перамагчы самому заканчвалася брутальна.
Яны выйдуць разам - альбо ня выйдзе ніхто.
Reality Country Show
частка ІІ
тып: authentic
працоўная назва: "Людзі на балоце"
© maryjka & Іван Мележ
заходні аналяг: у Вялікабрытаніі папулярнае шоў, у якім героі жывуць у віктарыянскім маёнтку, цалкам занураныя ў быт арыстакратыі ХІХ ст. Беларусам прапануем на час вярнуцца туды, адкуль прыйшлі.
ідэя: усё амаль банальнае. Тое ж балота і яго ваколіцы ператвараюць у скансан (музэй пад адкрытым небам) на дзьве вёсачкі, куды з надыходам вясны засяляюць два досыць вялікія натоўпы ўдзельнікаў. Ад Мележа пакідаем соцспаборніцтва: абарыгены спрабуюць высушыць сена па калена ў вадзе і не пахезаць даручаныя буракі і жыта. Штотыдзень - куды ж бяз гэтага! - на агульным сходзе ў кожнай вёсцы рэпрэсуецца нехта з удзельнікаў.
Аднаўляецца побыт беларускай вёскі пачатку ХХ ст. У андараках і вышыванках толькі на першы погляд няма нічога ўзбуджальнага (NB! апэратарам у адрынах і гумнах усталяваць камэры для начных здымкаў). Жанчынам давядзецца ткаць, мужчынам - касіць. Некалькі разоў на тыдзень заняткі па традыцыйнай культуры і практычныя курсы палескай гаворкі для пачаткоўцаў.
У гэты час каля тэлевізараў тэмпы продажу перавыданьняў "Палескай кронікі" б'юць "Уладара пярсьцёнкаў" і "Гары Потэра" разам узятых. Шляхам тэлефоннага і інтэрнэт-галасаваньняў вырашаецца, каго гледачы бачаць прэтэндэнтамі на галоўныя ролі ў новай экранізацыі шэдэўра Мележа. Балота перастае быць сынонімам запусьценьня і адсталасьці - да яго вяртаецца былая слава стыхіі, што гартуе сапраўдных людзей.
Religious Reality Show
працоўная назва: "Вялікі пост"
© maryjka
заходнія аналягі: "Каханьне зь першага погляду" + "У пошуках праўды". Сэнс першага ўсім добра вядомы. Аўтарства другога належыць амэрыканскай баптысцкай царкве. 12 хлопчыкаў вандруюць па ЗША, ведучы апостальскі лад жыцьця.
У Беларусі, дзе праваслаўе абвешчанае дамінуючай рэлігіяй, грэх не скарыстацца багатай фактурай.
Ідэя грунтуецца на праблемах выпускнікоў праваслаўных сэмінарыяў з пошукам жонкі.
Час дзеяньня - 40 дзён перад Вялікаднём, вялікі пост. Шэсьць прыстойных хлопцаў, што рыхтуюць сябе да служэньня пастве, і шэсьць "харошых дзевачак". У адрозьненьне ад астатніх шоў, хлопцы і дзяўчаты маюць доступ да тэлевізара, інтэрнэту, а таксама да лядоўні, набітай смачнай, але скаромнай ежай. Заданьні тычацца рэлігійнай тэматыкі і называюцца "паслушэньнямі". У праекце сустрэчы з равесьнікамі, дыспуты пра Бога і сэнс жыцьця.
Кожны тыдзень удзельнікі выбіраюць:
а) асобу супрацьлеглага полу, якой найбольш сымпатызуюць;
б) таго, каго б не хацелі болей бачыць побач.
Беручы да ўвагі гэтую інфармацыю, глядацкі інтэрактыў выбірае "выкідка". І так адбываецца, пакуль удзельнікі не застануцца ўдваіх. У ідэале пара пераможцаў бярэ шлюб на вачах у замілаваных гледачоў.
Незалежна ад рэлігійнасьці і веравызнаньня, беларускі глядач неадрыўна сочыць за падзеямі. Спакусы сьвецкага жыцьця і вечныя каштоўнасьці - што пераможа? Форумы tut.by: "Кацярына разгавелася!" або "Ці прызнаецца Фёдар Марылі ў каханьні на Вербніцу?"
Галоўны прыз новасьпечаным бацюшку і матухне - што-небудзь сымбалічнае: утульны прыход з сымпатычнай цэркаўкай, сьвячны заводзік...
Criminal Reality Show
працоўная назва: "Дзесяць мурынчыкаў"
© maryjka & Агата Крысьці
Ідэя заюзаная як сама бабуля дэтэктыву.
Група людзей, адрэзаная ад усяго сьвету абставінамі - і раптам на тэрасе знаходзяць труп. Пад падазрэньнем усе.
Нашыя галубкі трапяць у рэжым "яны ня ведаюць, што іх здымаюць". Дзясятак-другі маладых і ня вельмі людзей атрымлівае халяўны шанец бясплатна адпачыць на якой-небудзь маленькай нарачанскай ці браслаўскай турбазе. У праекце - невялічкая party з "зоркамі", адну зь якіх там і знаходзяць. Хто забіў? Цікава пабачыць, які адказ на гэтае пытаньне знойдуць аматары бясплатнага сыру.
Праект кароткатэрміновы - не даўжэй за дзесяць дзён. Калі скончыцца ўся гарэлка, глядзець будзе нецікава.
Truman's show
У гэтым шоў няма фальшу - проста ўсё пад кантролем
Фільм "Шоў Трумана"(дзе Джым Кэры граў хлопца, які ад моманту зачатку гадоў да трыццаці быў галоўным героем рэальнага шоў - адзіным рэальным чалавекам сярод цэлага гораду актораў і статыстаў) сам па сабе ніякі. Аднак яго ідэя жыцьця як няспыннага reality show вельмі працінае.
Гэта рэальна: трэці месяц праспэкт Скарыны абсталяваны відэакамэрамі. Хаця што тут такога: вось і мы, нарэшце, Эўропа, і ў нас ёсьць сваё real-TV, хіба што гледачоў у гэтай перадачы значна менш, чым удзельнікаў. І ніякага фальшу, блін.