Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола

Будкін Сяргей, Сьвярдлоў Павал, Жбанкоў Максім


PERSONAL DEPECHE.

2002. АПОШНІ МУЗЫЧНЫ ПОСЬПЕХ

Дзеля справядлівасьці варта зазначыць, што „Personal Depeche” ня першы беларускі трыб'ют. У 1996 г. беларускія музыкі праектам „Песьнярок” аддалі даніну павагі „Песьнярам”. Але ж менавіта прысьвячэнне культавай камандзе зь Вялікабрытаніі „Depeche Mode” адыграла куды большую ролю ў гісторыі беларускай музыкі.

Ажыцьцявіў гэты праект Адам Старповіч — вядомы менскі ды-джэй і шчыры прыхільнік творчасці „Depeche Mode”. Што праўда, працаваў ён не адзін — яшчэ да запісу трыб'юту кампанію яму склалі сябры-калегі Руслан Макараў і Андрэй Халадзінскі. Атрымалася такая моцная прадзюсарская каманда, для якой цяжкасьцяў папросту не было. Такім чынам, з 2001 г. пачаўся першы этап працы — перамовы (узгадненне аўтарскіх правоў, пошук спонсараў, дамовы з музыкамі й студыямі і г.д.). У выніку — праект фінансава падтрымала фірма „Philips” (раней такіх знакамітых фундатараў у беларускай музыцы не было), а сусьветна вядомая карпарацыя EMI Publishing выдала эксклюзіўную ліцэнзію на выданьне беларускага варыянту „дэпешаў”. Варыянту, таму што ўжо існавалі падобныя трыб'юты ў Англіі, Эстоніі, Літве, Польшчы, Расеі. Прычым у апошняй з выхадам таго альбому (пад назвай „Депеша для депешей”) усчаўся скандал, бо стваральнікі трыб'юту не ўзгаднілі аўтарскія правы. Беларусы пра гэта паклапаціліся загадзя, потым яшчэ даслалі запіс з адваротным перакладам.

Удзельнікі „Personal Depeche” падбіраліся па некалькіх крытэрах: вядомасьць, досьвед працы ў студыі, наяўнасьць прафесійных запісаў. Стваральнікі трыб'юту намагаліся зрабіць рознастылёвы зборнік, таму запрашалі да супрацоўніцтва каманды розных музычных кірункаў. Да ўсіх высоўвалася адзіная ўмова — не згубіць уласнага твару падчас выкарыстаньня мелодыі „Depeche Mode” і лірыкі Марціна Гора.

На дыску можна пачуць 16 вядомых гуртоў, але плянавалася болей (з розных прычынаў ня скончылі працу над праектам „Drum XTC”, мэталісты з „Vicious Crusade”, электронны гурт „Штрых кот” ды інш.). Студыйная праца праходзіла адразу на трох менскіх студыях — Белдзяржрадыё (асноўная), „Меца Фортэ” й ў Генадзя Сыракваша — і доўжылася чатыры месяцы (студзень-красавік 2002 г.), рэліз адбыўся 25 сьнежня 2002 г. А вось прэзэнтацыя праекту так і не адбылася. Старповіч патлумачыў гэта тым, што ён ажыцьцявіў сваю мару й выдаў дыск, а канцэртамі хай займаюцца іншыя людзі. Так ці інакш, ужывую беларускія кавер-вэрсіі „DepecheMode” грамадскасьць так і не пачула.

„Personal Depeche” стаўся самай прадавальнай беларускай кампіляцыяй. Трыб'ют меў невялічкі працяг — увесну 2003 г. выйшаў сынгл з кавер-версіяй песьні „дэпешаў” „Engoy the Silence” гурта „Крама”, увосень 2003 г. — вэрсія беларускага трыб'юту для расейскага рынку (да 15 кампазыцый дадаліся вэрсіі „Крамы” й гурта „Логіка мэтро”). Як сьведчаць гіт-парады улюбёнай песьняй масаў сталася „Без гучных словаў” (у арыгінале „Freelove”) у выкананьні „Крыві”, але добрых песень на дыску больш чым дастаткова. Аднаму з удзельнікаў „DepecheMode” Дэйву Гэхану, дарэчы, больш за ўсё спадабаўся варыянт „Троіцы”. „Personal Depeche” — пакуль апошні беларускі музычны посьпех.