Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола

Будкін Сяргей, Сьвярдлоў Павал, Жбанкоў Максім


Гурт МРОЯ

1989. АРТ-РОК У ЧАСЫ ПЕРАБУДОВЫ

Пры канцы 80-х наступіла другая „рок-адліга” (першая была выкліканая Алімпіядай-80). Камсамольскія арганізацыі актывізавалі працу з моладзьдзю, рок-музыка пазбавілася ўсялякіх забаронаў, канцэрты й фэсты пачалі праводзіцца абсалютна легальна, а гурт „Мроя”, што так пужаў чыноўнікаў сваёй „антысавецкай” грамадзянскай пазыцыяй, нарэшце атрымаў атэстацыю ў гарвыканкаме. Цяпер музыканты маглі даваць канцэрты й не баяцца, што іх разгоняць, афіцыйна выдаваць свае запісы, атрымліваць грошы за сваю музычную дзейнасьць і г.д. Гэтую акалічнасьць адразу ж скарысталі музычныя журналісты Анатоль Мяльгуй і Вітаўт Мартыненка.

Улетку 1989 г. яны даслалі ліст на маскоўскую студыю гуказапісу „Мэлёдыя” з прапановай зрабіць запіс песень таленавітых музыкаў з гурту „Мроя”. У гурта ўжо былі сякія-такія аматарскія запісы („Стары храм”, „Зрок”), зробленыя з дапамогай двух шпулевых магнітафонаў. Дзіва, але факт — кіраўнікі „Мэлёдыі” адрэагавалі даволі хутка й праз некалькі месяцаў даслалі ў Менск вялікую перасоўную станцыю МСА дзеля запісу альбома „Мроі”. Як сёньня заўважае лідэр гурта Лявон Вольскі, такі цуд быў магчымы толькі пры канцы 80-х. Якраз у гэты час унутры „Мроі” адбываліся зьмены. Пайшоў з групы гітарыст Уладзімер Давыдоўскі. Адзін з заснавальнікаў гурта зразумеў, што ня можа рэалізаваць свае творчыя магымасьці ў ягоных рамках, таму вырашыў выступаць сольна. Гітарыстам на некаторы час стаў „мроеўскі” гукарэжысэр з экзатычным прозвішчам — Конеў-Петушкевіч.

Тры дні амаль безперапынна „Мроя” запісвала „28-зорку”. Па „рэглямэнту” працаваць можна было толькі ўдзень, але музыкі за дадатковую плату й „праставон” працавалі ўначы. Вольскі ўзгадвае, што падчас запісу ў студыі было вельмі халодна — на двары зіма, а памяшканьне не ацяплялася. Гукарэжысэрам альбому быў Аляксандр Шцільман — той самы, які 18 год да гэтага запісаў першы альбом „Песьняроў”.

На кружэлку, якая выйшла масавым накладам у 1990 г., патрапіла 8 песень. Музыкі стварылі невытлумачальную й запатрабаваную „перабудовачным” слухачом атмасфэру: цяжкі хардавы гук, надрыўны вакал і абавязковая сацыяльная заклапочанасьць у тэкстах. „У гэтым альбоме быў налёт арт-року, уплыву якога мы ў далейшым намагаліся пазьбягаць” — кажа Вольскі. Вокладку аформілі ў цьмяных „пінкфлойдаўскіх” традыцыях: Вольскі й Дземідовіч зрабілі з пластыліну твары ўдзельнікаў гурта, абгарнулі пап'е-машэ й сфатаграфавалі.

З усяго альбому вылучаецца песьня-маніфэст „Рок-музыкант”. Ня ведаў тады Вольскі, калі сьпяваў пра нянавісьць да песень „рэстараннага варыянту”, што праз 13 год на фоне азэзлых ад крамбамбулі твараў будзе прэзэнтаваць альбом застольных песень у нятанных менскіх рэстарацыях. Сёньня лідэр „Мроі” збольшага ўспрымае тыя музычныя творы 80-х, як праяву юнацкага максымалізму.

„28-я зорка” па-сутнасьці стаўся „лебедзінай песьняй” „Мроі”. Пасьля распаду вялікай краіны, гурт ня здолеў упісацца ў новую грамадскую сытуацыю. „Думаю, варта было пасьля гэтага запісу распусьціць гурт”,— кажа сёньня Вольскі. Усё ж, „Мроя” праіснавала яшчэ чатыры гады — да верасьня 1994 г. Пастаянна зьмяняліся гітарысты (Л.Шырын, А.Піпін, В.Смольскі ды інш.), пакуль пры канцы 1993 г. у гурце не зьявіўся Піт Паўлаў.

У гэтым складзе — Вольскі—Паўлаў—Дземідовіч—Ляўкоў — гурт грае й дагэтуль. Што праўда, „N.R.M.” наўрад ці можна лічыць працягам „Мроі”.

ДЫСКАГРАФІЯ

1. „Стары храм” (1983, 1986)

2. „Зрок” (1987)

3. „Студыя БМ” (1988)

4. „Дваццаць восьмая зорка” (LP, 1989, МС, 1997)

5. „Біяполе” (1990, 1997)

6. „Лепшыя песьні з альбомаў 1988—1990” ( МС, 1992)