1. Вайна і мір: паняцьці, тыпалёгіі, прамежкавыя станы
Паняцьцёвая канструкцыя і палітычная рэальнасьць
На першы погляд здаецца, што вайна i мiр — два выразна адрозныя адзiн ад аднаго палiтычныя станы: калi пануе мiр, няма вайны, i наадварот. Вайна i мiр, мiр i вайна — так называлi свае манумэнтальныя творы Леў Талстой, Жазэф Прудон i Рэймон Арон. Вайна i мiр, аддзеленыя адно ад аднаго абвяшчэньнем вайны i мiрным дагаворам, зьяўляюцца, згодна з гэтай дактрынай, палiтычнымi станамi, якiя ўзаемна выключаюць адзiн аднаго i зь якiх заўсёды пануе толькi адзін: вайна цi мiр, трэцяга ня дадзена. Тым ня менш ужо паняцьце «халоднай вайны» паказвае, што палiтычная рэальнасьць складанейшая за бiнарную канструкцыю вайны i мiру. «Мяжа памiж вайной i мiрам зьнiкла», — пiша Бёрнгем (Burnham 1950, S.100). Каб прывесьцi навейшыя прыклады, варта ўзгадаць Лiбан, Нiкарагуа, Грэнаду, Аўганiстан — чатыры выпадкi, калi войскi страляюць, уступаюць у населеныя пункты, наступаюць i адступаюць, i ўсё гэта адбываецца без абвяшчэньня вайны. Вiетнам зьяўляецца прыкладам таго, што можна дамагчыся мiру, не абвяшчаючы вайны памiж канфлiктуючымi бакамi. Памiж вайной i мiрам iснуе прамежкавы стан, калi ўжо ня мiр, але яшчэ, у строгiм сэнсе, не вайна. Нават абеглы агляд канфлiктаў пачынаючы з канца другой сусьветнай вайны паказвае, што лiк сутыкненьняў, якiя не дасягалi парогу «сапраўднай» вайны, увесь час нарастае. «Клясычныя» войны, як блiзкаўсходнiя войны памiж Iзраiлем, Сырыяй, Эгiптам i Ярданiяй, у супрацьлегласьць гэтаму, зрабiлiся рэдкасьцю.
Цi не зьяўляецца разрозьненьне вайны i мiру толькi юрыдычнай фiкцыяй? Тэзысы дасьледчыкаў паводзiнаў, этолягаў, нiбыта пацьвярджаюць гэта. Эталёгiя, навуковае спасьцераганьне паводзiнаў жывёлаў i чалавека, гаворыць пра кантынуум агрэсii, крайнiм пунктам якой зьяўляецца вайна. Так, Iрэнэус Айбл-Айбэсфэльт хаця i адмежавала вайну ад iншых формаў унутрывiдавай агрэсii, вызначыўшы iх як «узброены канфлiкт памiж групамi» (1984, S. 205), але апiсаны ёй стан «не-вайны» наўрад цi можна назваць мiрам. Дакладнае разрозьненьне вайны i мiру i без таго чужое эталёгii: яна выходзiць з таго, што агрэсii належыць вырашальная роля ў глыбака iнстынктыўным самазахаваньнi i памнажэньнi вiду (адхiленьне слабых i хворых ад удзелу ў працягваньнi вiду) i ў функцыянальным разьмеркаваньнi абмежаваных рэсурсаў (параўн.: Lorenz 1974, S. 8). Гэта тычыцца i вайны: «Вайна, — пiша Айбл-Айбэсфэльт (1984, S. 225), — тлумачыцца анi сапсаванымi, дэзарыентаванымi, жывёльнымi iнстынктамi, анi нэкрафiлiяй цi iншымi паталягiчнымi трансфармацыямi матываў, якiмі кiруецца чалавек у сваiм жыцьцi. Рэч не ў раптоўным адхiленьнi, а ў спэцыфiчна чалавечай форме мiжгрупавой агрэсii, пры дапамозе якой у людзей адбываецца канкурэнцыя за зямлю i прыродныя багацьцi».
Але ў той жа час эталёгiя ўказвае на iнстынктыўныя гамавальнікі забойства ў жывёлаў i людзей, а таксама на сацыяльныя рытуалы стрымлiваньня канфлiктаў у першабытных народаў накшталт адмаўленьня ад ужываньня небясьпечнай для жыцьця зброi цi ад перасьледу ўцекачоў (Eibl-Eibesfeldt 1976, S. 147 f; ders.1984, S. 49). На думку Айбл-Айбэсфэльд, вырашальным крокам у зьмяненьнi функцыi агрэсii было разьвiцьцё вайсковай зброi:
«Зброя была, безумоўна, вырашальным фактарам разьвiцьця дэструкцыйнай агрэсii. Збройная тэхнiка ў пэўнай ступенi перахiтрыла нашы прыроджаныя рэфлексы гамаваньня. Хуткi ўдар зброяй можа зьнепрытомніць суродзiча, перш як у яго зьявiцца нагода апэляваць да нашага спачуваньня пры дапамозе адпаведных жэстаў пакоры. Гэта ўдаецца яшчэ лепей, калi забойства адбываецца на адлегласьцi, пры дапамозе, напрыклад, стралы» (1984, S. 148).
Такiм чынам, з пункту гледжаньня дасьледаваньня паводзiнаў вайна i мiр зьяўляюцца хутчэй мэтафарычнымi паняцьцямi для азначэньня двух станаў, якiх нельга адназначна разьмежаваць у кантынууме агрэсii, што захоўвае i памнажае вiд; пры гэтым разьвiцьцё збройнай тэхнiкi (i вайсковая муштра, якая адключыла iнстынктыўнае iмкненьне да ўцёкаў) прытупiлi iнстынктыўныя тармазныя рэфлексы i зрабiлi вайну свабоднай ад iнстынктаў формай вырашэньня ўнутрывiдавых канфлiктаў. Калi Айбл-Айбэсфэльт усё ж сьцьвярджае, што вайна «праз экстрэмальныя ўмовы сэлекцыі» паскарае «бiялягiчную i культурную эвалюцыю» (1984, S. 148), то мы маем справу, пры ўсiх трапных назiраньнях эталёгii, з навукова афарбаваным сацыяльным дарвiнiзмам.
Тым часам як эталёгiя тэрмiналягiчна лiквiдуе вайну i пры дапамозе паняцьця агрэсii пераводзiць яе ў сфэру, якую звычайна называюць мiрам, Карл фон Кляўзэвiц, бадай, найбуйнейшы тэарэтык вайны, паняцьце вайны разумее вельмi вузка: вайна, на яго думку, пачынаецца не з нападу, а з абароны:
«Калi па-фiлязофску абдумаць узьнiкненьне вайны, то сутнасьцю вайны зьяўляецца не напад, таму што яе абсалютная мэта не барацьба, а (хутчэй) захоп, але толькi абарона, бо барацьба ёсьць яе беспасярэдняй мэтай, паколькi абараняцца i змагацца, вiдавочна, не адно i тое ж» (1980, S. 644).
Заваёвы адбываюцца мiрна, калi той, на каго напалi, не супрацiўляецца, i ў такiм выпадку не зьяўляюцца вайною. Калi ж той, на каго напалi, аказвае супрацiў, пачынаецца вайна. Вайна тут вызначаецца не праз агрэсiю, а праз супрацiў агрэсii.
Азначэньне вайны Кляўзэвiца зьяўляецца крайняй высновай мiжнароднага права Новага часу, якое прызнала за кажнай сувэрэннай дзяржавай ius ad bellum i гэтым самым апраўдвала агрэсiю. У супрацьлегласьць гэтаму Мiхаэль Вальцэр (Michael Walzer 1982), абапiраючыся на позьнесярэднявечнае вучэньне пра справядлiвую вайну, назваў агрэсiю злачынствам («У тэорыi агрэсii зноў фармулюецца старая дактрына справядлiвай вайны, бо яна тлумачыць, калi вайна зьяўляецца злачынствам i калi яна дазволеная i, пагатоў, маральна пажаданая», S. 100) i настойваў на тым, што «агрэсiя, якой не супрацiўляюцца, усё роўна застаецца агрэсiяй, хаця кроў i не пралiваецца» (S. 90). У якасьцi прыкладу Вальцэр выкарыстоўвае акупацыю Чэхаславаччыны i Польшчы нямецкiмi ўзброенымi сiламi ў 1939 годзе: чэхi не супрацiўлялiся, i нiводны чэх не памёр, тым часам як супрацiў Польшчы паслужыў пачаткам другой сусьветнай вайны. На Нюрнбэрскiм працэсе па ваенных злачынствах нацысцкае кiраўнiцтва абвiнавачвалася i было прызнанае аднолькава вiнаватым і ў тым, i ў другiм. Склад злачынства агрэсiўнай вайны, згодна з гэтай канцэпцыяй, не прывязаны да крытэру ваенных дзеяньняў у вузейшым сэнсе. Кляўзэвiц вызначыў вайну як «акт гвалту, неабходны для таго, каб прымусiць працiўнiка выканаць нашу волю» (S. 191 f); пад гвалтам сам ён разумеў тыя сродкi, якiя выкарыстоўваюцца для таго, каб працiўнiк, што чынiць супрацiў, саступiў. Для Вальцэра, у адваротнасьць гэтаму, гвалт — гэта ўжо тое, чым пагражаюць працiўнiку, каб утрымаць яго ад супрацiву ўвогуле.
Ёган Гальтунг разумеў гвалт яшчэ шырэй, уключаючы ў паняцьце «структурнага гвалту» (у адрозьненьне ад «пэрсанальнага гвалту») розныя формы сацыяльнай несправядлiвасьцi: «Гвалт навiдавоку тады, калi на людзей узьдзейнiчаюць такiм чынам, што iх актуальная саматычная i духоўная рэалiзацыя стаецца меншай за iхную патэнцыйную рэалiзацыю... Гвалт тут вызначаецца як прычына адрозьненьня памiж патэнцыйным i актуальным, памiж тым, што магло б быць, i тым, што ёсьць» (1971, S. 57; ders.1975, S. 9). Стасуючы да паняцьця мiру пазычаны з Арыстотэлевай антрапалёгii, па-ўнiвэрсалiсцку зыначаны нарматыўны крытэр, Гальтунг прыходзiць да разрозьненьня нэгатыўнага мiру (адсутнасьць вайны пры захаваньнi структурнага гвалту) i пазытыўнага мiру (поўная сацыяльная справядлiвасьць). Аднак магчымасьць дасягненьня пазытыўнага мiру падлягае сумневу, бо тое, чым чалавек зьяўляецца патэнцыйна, варыюецца цягам гiсторыi i таму само можа быць прадметам гвалтоўна вырашаных палiтычных спрэчак. Гальтунгаваму максымалiсцкаму паняцьцю мiру (не-вайны) даводзiцца заплацiць за свае больш высокiя, у параўнаньнi зь мiнiмалiсцкiм паняцьцем мiру, нарматыўныя вымогі стратай магчымасьцi дасягненьня згоды, г.зн. стратай сваёй мiратворчай функцыi.
Гэта зноў прыводзiць да спэцыфiчнага разрозьненьня вайны i мiру на пачатку Новага часу: пад уражаньнем рэлiгiйных i грамадзянскiх войнаў у Эўропе настолькi супрацьлежныя тэарэтыкi, як Франсыска Саарэш («De charitate», disp. 13) i Томас Гобс («Левіятан») адасобiлi мiрны стан ад матэрыяльных патрабаваньняў справядлiвасьцi i памкнулiся абмежаваць вайну ўзброеным канфлiктам памiж дзяржавамi. Пераўвасабленьне вайны як юрыдычна рэглямэнтаванай формы ўзброенага вырашэньня канфлiктаў (мiжнароднае права, ваеннае права) у вайну паміж дзяржавамі i вызначэньне мiру як «не-вайны» зрабiлi вайну i мiр палiтычна актуальнымi канструкцыямi. Пры гэтым яны зьяўляюцца не паняцьцёвымi адпаведнiкамi палiтычна-сацыяльных станаў, а палiтычна-юрыдычнымi канструкцыямi, пры дапамозе якiх уся разнастайнасьць палiтычных i сацыяльных канфлiктных сытуацыяў была абстрактна падзеленая на дзьве часткi — гiстарычна, несумненна, зь мiратворчымi намерамi. Аднак калi няправiльна разумеюць паняцьце мiру, г.зн. калi ад канструкцыi мiру патрабуюць, каб яна дакладна суадносiлася з сацыяльнымi i палiтычнымi дачыненьнямi, стан i паняцьце могуць прыйсьцi ў палемiчнае сутыкненьне.
Тыпалёгіі вайны і міру
Палiтычна-юрыдычная дыхатамiзацыя вайны i мiру не нiвэлюе, ведама, разуменьня таго, што вайна не адразу робiцца вайною, а мiр не адразу робiцца мiрам. Максымалiсцкiя дэфiнiцыi грунтуюцца на тым, што яны вылучаюць адзiн пэўны тып як вайну або як мiр, а ўсё астатняе разглядаюць толькi як папярэднiя этапы. Гальтунгаваму пазытыўнаму мiру ў якасьцi сыстэмнага эквiваленту адпавядае татальная вайна Людэндорфа (1935):
«Сутнасьць вайны зьмянiлася, сутнасьць палiтыкi зьмянiлася, таму мусiць перамянiцца i стаўленьне палiтыкi да вядзеньня вайны. Усе тэорыi Кляўзэвiца трэба адкiнуць. Вайна i палiтыка служаць жыцьцезабесьпячэньню народу, але вайна — найвышэйшае выяўленьне народнай волi да жыцьця. Таму палiтыка павiнна служыць вядзеньню вайны» (1980, S. 518).
У вынiку абсалютызацыi надзвычайнага ваеннага высілку (Людэндорф) або пацыфiсцкага iдэалу сацыяльнай роўнасьцi (Гальтунг) вайна i мiр пачынаюць узвышацца над узроўнем штодзённых палiтычных рэалiяў, што можа аб’ектыўна пагражаць мiру, паколькi зьмяншаецца вартасьць мiру як «не-вайны» i ўзьнiкае тэндэнцыя нiвэляцыi мяжы памiж вайной i мiрам. У выпадку вайны гэтая тэндэнцыя можа спарадзiць штуршок да эскаляцыi або iнструмэнталiзацыi вайны i яе новай экзыстэнцыялiсцкай дэфiнiцыi.
Выступ Людэндорфа супраць Кляўзэвiца тычыўся ягонай славутай дэфiнiцыi вайны «як працягу палiтычных зносiн, зьдзейсьненьня таго ж самага iншымi сродкамi» (S. 993). На падставе гэтага тэзысу Кляўзэвiц разрозьнiваў тры стратэгii эскаляцыi i тры стратэгii стрымлiваньня. Першая стратэгiя эскаляцыi выводзiцца беспасярэдне з паняцьця барацьбы: той, хто найбязьлiтасьней паслугуецца гвалтам, атрымлiвае перавагу. Паколькi гэта ведаюць абодва працiўнiкi, такая стратэгiя практычна не выкарыстоўваецца. Другая стратэгiя эскаляцыi вынiкае зь няведаньня варожых сiлаў, якiя трэба перамагчы, трэцяя — зь немагчымасьцi разгадаць варожыя матывы i ў вынiку гэтага таксама зь неабходнасьцi перамагчы iх (S.192 ff). Тром стратэгiям эскаляцыi Кляўзэвiц супрацьстаўляў тры стратэгii стрымлiваньня. Першая зводзiцца да таго, што сiлы i матывы нiколi ня могуць быць зусiм неразгаданымi, бо працiўнiкi ведаюць адзiн аднаго. У якасьцi другой стратэгii стрымлiваньня выступае тое, што нязьдзейсьненая адным бокам эскаляцыя можа ўтрымаць працiўнiка ад сустрэчнай эскаляцыi. Па-трэцяе, абедзьве партыi вайны ведаюць, што любы зыход вайны можа быць пазьней перагледжаны (пры лепшых умовах, меншымi намаганьнямi).
У канцавым вынiку тэзыс Кляўзэвiца пра інструмэнтальнасьць вайны грунтуецца на тым, што матывам i мерай вайны зьяўляецца палiтычная мэта: «Вайну не пачынаюць, не сказаўшы сабе, чаго хочуць дасягчы пры дапамозе гэтай вайны i ў яе ходзе, першае зьяўляецца мэтай, другое зьяўляецца заданьнем» (S. 952). Палiтыка вызначае мэты, стратэгiя — заданьні. Гэта азначае наступнае: «Чым меншая ахвяра, якую мы патрабуем ад нашага працiўнiка, тым меней мы можам чакаць ягоных намаганьняў адмовiць нам у ёй, а чым меншыя гэтыя намаганьнi, тым меншыя могуць быць i нашыя» (S. 200). I наадварот!
На падставе аналiтычнай трыяды Кляўзэвiца — мэты, заданьня i сродку — можна адрозьнiваць розныя формы вайны: кабінэтная вайна i партызанская вайна, міждзяржаўная вайна i народная вайна, вайна на зьнясiленьне i вайна да разгрому. Яны разрозьнiваюцца на падставе канкрэтных суадносiнаў мэты, заданьня i сяродку, пры гэтым, праўда, трэба ўлiчваць, што гэтыя элемэнты нельга адвольна камбiнаваць, бо iхнае спалучэньне ў першую чаргу залежыць ад палiтычных i сацыяльных дачыненьняў тых, хто вядзе вайну. Фармаваньне народнага войска, як яно было зьдзейсьнена амэрыканскай, францускай i расiйскай рэвалюцыямi, было немагчымым для асьвечана-абсалютысцкай дзяржавы, але рэальным для аўтакратыi з рэлiгiйным фундамэнтам (такой як аўтакратыя расiйскіх цароў).
Пры пошуках прыкладаў розных тыпаў вайны неабавязкова зьвяртацца да гiсторыi: вайна за Фальклэндзкiя (Мальвiнскiя) астравы — адзiн з (нешматлiкiх) прыкладаў клясычнай — праведзенай амаль што ў кабiнэтным стылi — вайны між дзяржавамі: абмежаванае поле бiтвы, рэгулярныя армii, дакладнае адрозьнiваньне ўдзельнiкаў i няўдзельнiкаў, дасканалае выкананьне палажэньняў ваеннага права. Аўганiстан, насуперак гэтаму, зьяўляецца прыкладам клясычнай партызанскай вайны: паўстанцы, якiя значна саступаюць працiўнiку ўва ўзбраеньнi, кампэнсуюць гэта павышанай матывацыяй барацьбы, высокай рухомасьцю i аптымальным выкарыстаньнем мясцовасьцi (параўн. Münkler 1982b, 109 ff). Iзраiль, якi заўсёды iмкнуўся весьцi свае блiзкаўсходнiя войны як войны да разгрому (вырашальны бой, капiтуляцыя/замiрэньне), у Лiбане пераканаўся на практыцы, што гэта наўрад цi магчыма супраць партызанаў з палiтычнай i асаблiва рэлiгiйнай матывацыяй. Вайна ў затоцы памiж Iранам i Iракам уяўляе сабой вайну дзяржаваў на зьнясiленьне, аднак iснуе тэндэнцыя яе перарастаньня ў народную вайну. Прыклады можна прыводзiць бясконца.
Апрача гэтага, трэба адрозьнiваць сухапутныя i морскiя войны. Кляўзэвiц, напрыклад, апісваў вайну адно ў аспэкце манэўраў i бiтваў, што тыпова для сухапутнай, але не для морскай вайны, улюблёным iнструмэнтам якой зьяўляецца гандлёвая блякада. Карл Шмiт у сваёй невялiкай працы «Зямля i мора» назваў сусьветную гiсторыю «гiсторыяй змаганьня морскiх дзяржаваў супраць сухапутных i сухапутных супраць морскiх» (S. 16) i адвёў войнам сухапутных дзяржаваў памiж сабой усяго толькi маргiнальны статус у вялiкiм канфлiкце памiж зямлёй i морам. У кабалiстычным тлумачэньнi змаганьня мiтычных жывёлаў Левiятана i Бэгемота (Кніга Ёва 40/41) Шмiт бачыць сымбаль вайны памiж сухапутнай i морскай дзяржавай: Бэгемот стараецца разьдзерцi Левiятана рагамi i зубамi, Левiятан жа затыкае Бэгемоту пашчу i нос, каб той ня змог дыхаць i есьцi: вырашальны бой супраць эканамiчнай блякады.
Згодна з Шмiтам, сухапутную вайну ад XVI стагодзьдзя вызначае наступнае:
«У якасьцi ворагаў адзін аднаму супрацьстаяць толькi войскi, якiя змагаюцца, тым часам як цывiльнае насельнiцтва, што беспасярэдне ня ўдзельнiчае ў барацьбе, застаецца па-за ваеннымi дзеяньнямi... Морская вайна, у адваротнасьць ад гэтага, грунтуецца на iдэi паражэньня гандлю i гаспадаркi ворага. У такой вайне ворагам зьяўляецца ня толькi працiўнiк, якi змагаецца, але i кажны падданы варожай дзяржавы, а таксама нэўтрал, якi гандлюе з ворагам i падтрымлiвае зь iм эканамiчныя сувязi. Сухапутная вайна мае тэндэнцыю да вырашальнай адкрытай палявой бiтвы. У морскай вайне, ведама, справа таксама можа дайсьцi да морскай бiтвы, але яе тыповымi сродкамi ды мэтадамi зьяўляюцца абстрэл i блякада варожых берагоў, а таксама канфiскацыя варожых i нэўтральных караблёў па праве прыза. У сутнасьцi гэтых тыповых сродкаў морскай вайны закладзена iх накiраванасьць як на тых, хто змагаецца, так i на тых, хто не змагаецца. Блякада з мэтай выклiкаць голад упаасобку б’е па насельнiцтве ўсёй блякаванай тэрыторыi: па армii i цывiльным насельнiцтве, мужчынах i жанчынах, старых i малых» (1981, S. 87).
Такiм чынам, морская вайна (паводле Шмiта) заўсёды мае тэндэнцыю да татальнай вайны, тым часам як сухапутная вайна — прынамсi ў прынцыпе — дае магчымасьць стрымаць канфлiкт i абмежаваць распаўсюджаньне ваенных дзеяньняў толькi беспасярэднімi ўдзельнiкамi.
Публiцыстычныя спрэчкi пра морскую вайну ўпершыню дасягнулi свайго апагею падчас Напалеонавых войнаў: кульмiнацыйны момант францускай крытыкi ангельскага вядзеньня вайны быў у закiдзе, што Англiя — вораг мiжнароднага права, бо яна ваюе ня зброяй, а морскiм флётам, каб перамагаць ня з мэтай накладаньня данiны, але з мэтай увозу сваiх тавараў. А таму яна не прызнае на моры анiякага нэўтралiтэту i захоплiвае ўсе караблi, якiя спрабуюць прарваць блякаду. «З пункту гледжаньня Францыi, — так абагульнiў гэтую крытыку Роман Шнур — права морскай вайны, на якое прэтэндавала Англiя, было вiдавочным парушэньнем мiжнароднага права. У Францыi не прызнавалi разрозьнiваньня сухапутнай i морскай войнаў i тым самым самастойнасьцi паняцьцяў, што абазначалi абодва гэтыя вiды вайны. Калi разглядаць права морскай вайны выходзячы з нормаў права вайны сухапутнай, яно ўвогуле не зьяўляецца правам» (1983, S. 42). Да разрозьненьня паміж сухапутнай i морскай вайнамі належыць таксама дывэргентнасьць вартасных крытэраў абодвух афiцэрскiх корпусаў: калi ў сухапутным войску на пярэднiм пляне былi асабiстыя храбрасьць i гонар, то ў морскiм флёце ўжо на раньнiм этапе дамiнавалi фiнансавыя, лягiсцкія i адмiнiстрацыйныя здольнасьцi (параўн. McNeill 1984, S. 99) — варыянт мiтычнай карцiны змаганьня Левiятана з Бэгемотам.
У канцавым вынiку Карл Шмiт вытлумачыў розьнiцу памiж сухапутнай i морскай войнамi магчымасьцю або немагчымасьцю тэрытарыялiзацыi: «Лад сушы палягае ў тым, што суша падзеленая тэрыторыямi дзяржаваў; мора, насупраць, свабоднае, г.зн. свабоднае ад дзяржаўнасьцi i не падпарадкаванае нiякаму тэрытарыяльнаму сувэрэнiтэту» (1981, S. 86). Ува ўсякiм разе так гучаў вынiк дыспуту памiж Сэлдэнам i Гроцыем, якi лiчыўся слушным на працягу стагодзьдзяў. У сваёй працы «Mare clausum», укладзенай у 1617—1618 гг., Джон Сэлдэн трактаваў мора як сушу i паддаваў яе тэрытарыялiзацыi, праўда, за кошт таго, што ён абмежаваўся ў асноўным узьбярэжнымi водамi i не ахоплiваў акiяну. У супрацьвагу гэтаму Гуга Гроцый у сваёй працы «Mare liberum», якая ананiмна была апублiкавана ў 1609 г., баранiў iдэю свабоднага морскага гандлю. Хаця гiстарычна гэтая праца i была скiраваная супраць ангельскiх намаганьняў манапалiзацыi, яна ўзаконьвала вызначальны статус брытанскай морскай дзяржавы, бо вядучая морская дзяржава атрымлiвала ад свабоды мора найбольшыя выгады. Пасьля пратрывалай два дзесяцiгодзьдзi «эканамiчнай барацьбы за сусьветны акiян» iдэя тэрытарыяльнага падзелу мора з прычыны абмежаванасьцi прыродных рэсурсаў была выстаўленая наноў (параўн. Massart, in: Friedensanalysen 11, S. 31 ff), i ў дэбатах вакол канвэнцыi па морскiм праве было ўзьнятае пытаньне пра тое, у якой меры тэхналягiчна высокаразьвiтыя дзяржавы рэзэрвуюць морскiя тэрыторыi для iх пазьнейшага выкарыстаньня адсталымi дзяржавамi.
Дарма што ад слова мiр, у супрацьлежнасьць да слова вайна, нельга ўтварыць множнага лiку, iснуюць усё ж некалькi тыпаў мiру. Мы кажам пра могiлкавы спакой, калi маем на ўвазе мiр у вынiку скарэньня, ад якога трэба адрозьнiваць мiр, што грунтуецца на раўнавазе інтарэсаў. Урэшце, ёсьць яшчэ мiр, якi зьяўляецца толькi перапынкам памiж дзьвюма войнамi. Фукiдыд акурат так трактаваў Нiкiянскі мiр i апiсваў Архiдамскую i Дэкелейскую войны як адну, Пэляпанэскую вайну. Як ведама, ягоны пункт гледжаньня атрымаў усеагульнае прызнаньне. Напалеону належыць наступнае выслоўе: «Бязь мiру з Англiяй любое ўкладаньне мiру — толькi замiрэньне». Гэта павiнна было азначаць наступнае: усе, з кiм ён укладаў мiр, толькi чакалi больш спрыяльных умоваў для аднаўленьня вайны, i яны рабiлi гэта, пакуль Англiя вяла вайну, i яны маглi разьлiчваць на яе падтрымку.
Фукiдыд i Напалеон мелi на ўвазе дзяржаўна-палiтычны аспэкт дамоваў аб мiры i стаўлялi пад сумнеў iх стабiльнасьць, калi не адбывалася поўнага скарэньня або шчырага кампрамiсу. У адпаведнасьцi з гэтым мiрныя дамовы стабiльныя толькi тады, калi саступаючы бок ня мае нi падставаў, нi магчымасьцяў плянаваць рэванш. Ангельскi фiлёзаф Генры Сiджвiк, якi дасьледаваў выпадкі ўкладаньня мiру з пункту гледжаньня iхнай маральнай дзейснасьцi, прыйшоў да аналягiчных высноваў. Так, напрыклад, нямецка-францускi мiр 1871 г., згодна зь якiм Францыя пагаджалася на нямецкую анэксiю Эльзасу i часткi Лятарынгii, ён вызначаў як «часовае прыпыненьне ваенных дзеяньняў, якое можа быць скасавана пакрыўджанай дзяржавай у любы момант». Але ў дадатак ён выстаўляў наступнае абмежаваньне:
«Усё ж такi можна меркаваць, што час, узвычаеньні i памяркоўны ўрад паўплываюць на бальшыню насельнiцтва такiм чынам, што яно ўжо ня будзе жадаць узьяднаньня; да гэтага можа далучыцца тая акалiчнасьць, што самыя палкiя прадстаўнiкi старога патрыятызму добраахвотна пакiнуць краiну... Калi такi працэс адбыўся, маральнае ўзьдзеяньне несправядлiвай зьмены тэрытарыяльнай прыналежнасьцi можна лiчыць скончаным, i кажная спроба адваяваць страчаную зямлю сама робiцца актам агрэсii» (цыт. паводле: Walzer 1982, S. 96).
Бег часу затушоўвае несправядлiвасьць анэксii i мае такiм чынам мiратворчае ўзьдзеяньне. У прынцыпе дэбаты пра нацыянальную цэльнасьць i права народаў на самавызначэньне да нашых дзён ня выйшлi за рамкi пазыцыi Сiджвiка. Праблема, праўда, у тым, што «час, узвычаеньні i памяркоўны ўрад» — гэта катэгорыi, якiя толькi зь цяжкасьцю паддаюцца палiтычнай i юрыдычнай апэрацыялізацыі. У бальшынi выпадкаў сярод насельнiцтва анэксаванай тэрыторыi маюць месца два пункты гледжаньня: згодна зь першым новы ўрад сапраўды памяркоўны, другi, насуперак гэтаму, сьцьвярджае адваротнае, i ў распараджэньнi апошняга аказваецца тэрарызм — iнструмэнт, пры дапамозе якога даволi часта можна прымусiць раней памяркоўны ўрад зрабiцца не такiм памяркоўным i такiм чынам давесьцi слушнасьць тых, хто заўсёды баранiў другi пункт гледжаньня.
Дольф Штэрнбэргер (Dolf Sternberger 1984, S. 10) устанавiў адрозьненьне памiж палiтычным i эсхаталягiчным паняцьцем мiру. Найбольш выразна эсхаталягiчны мiр адлюстраваны ў вiдзежы прарока Iсаi (11, 6—7) пра ваўкоў, што адпачываюць разам зь ягнятамi, пра кароваў i мядзьведзяў, якiя пасьвяцца разам, i пра iльвоў, што ядуць салому. Тут мiр больш не перапынак памiж дзьвюма войнамi, а памысны вынiк татальнага ператварэньня сьвету. Праўда, Штэрнбэргер лiчыць, што пры дапамозе палiтыкi нельга дасягчы гэтага, і стаўляе пад сумнеў магчымасьць спраўджаньня эсхаталягiчных мэтаў палiтычнымi сродкамi (хаця ён i выходзiць з таго, што палiтыка сёньня ў стане прывесьцi да апакалiпсысу). Эсхаталягiчны мiр, паводле Штэрнбэргера (S.13), грунтуецца на адзiнстве, сommunio, палiтычны, насуперак гэтаму, на яднаньнi, сommunicatio. Эсхаталягiчны мiр дасягаецца толькi празь зьмяненьне складу мысьленьня, палiтычны, насуперак гэтаму, толькi праз паразуменьне. Калi адштурхоўвацца ад вобразу прарока Iсаi, палiтыка ня можа зьмянiць прыроды ваўкоў, мядзьведзяў i iльвоў, але яна можа накласьцi на iх абмежаваньнi, адвесьцi iм адгароджаныя тэрыторыi, пры неабходнасьцi нават накiнуць на iх путы. Калi ж яна спрабуе зьмянiць iх прыроду, яна асуджауцца на правал або стаецца таталiтарнай.
Ад вайны да міру: сацыялягічныя досьледы і гістарычна-філязафічныя пэрспэктывы
Тое, што ад слова «мiр» (прынамсi, у нямецкай мове) нельга ўтварыць множнага лiку, дало Гюнтэру Андэрсу падставу для наступнага цьверджаньня: «Мiр разглядаўся — ня будзем высьвятляць, справядлiва цi не — кантынуумам, а войны — яго перапыненьнямi» (1983, S. 67). Тут таксама ўсё залежыць ад таго, што разумець пад вайной i мiрам: да ўзьнікненьня ўставічных дзяржаўных утварэньняў, напрыклад у антычнай Грэцыi, паводле Гельмута Бэрвэ (Helmut Berve 1967, S. 4), вайна была нармальным станам. Кланы i дружыны бесьперапынна змагалiся, выкраданьне рагатай жывёлы i жанчын было звычайнай справай. Вялiкiя эпасы, як уяўляецца, пацьвярджаюць гэта. Паводле Бэрвэ, толькi пасьля станаўленьня дзяржаўнасьцi пачалi ўкладацца сапраўдныя мiрныя дамовы (spondai), якiя адмяжоўвалi мiрныя часы ад пэрманэнтнага ваеннага стану (S. 7).
Але што да пададзенай вышэй дэфiнiцыi вайны i мiру, трэба зазначыць, што да станаўленьня дзяржаўнасьцi не было, строга кажучы, нi вайны, нi мiру, а быў толькi пэрманэнтны ваенны стан, якi, аднак, знаходзіўся за парогам таго, што ад узьнiкненьня дзяржаўнасьцi называюць вайной. З узьнiкненьнем дзяржаваў мiр зрабiўся нармальным станам, затое ўзброеныя канфлiкты сталi больш жорсткiмі i крывавымi. Мiратворчай функцыi дзяржаўнасьцi адпавядала iнтэнсiфiкацыя ваеннага вырашэньня канфлiктаў. Цяпер Арыстотэль (Politik VII, 1333a 30—36) мог напiсаць: «Вось так i ўсё жыцьцё падзелена на дзьве часткi — працу i вольны час, вайну i мiр», — i зрабiць з гэтага выснову, «што вайну неабходна весьцi дзеля мiру, а працаваць — дзеля вольнага часу». Пазьней наконт гэтага аналягiчна выкажацца Гроцый (De jure belli ac pacis, I, 1): «Вайну распачынаюць дзеля мiру... Вайна сама павядзе нас да мiру як да сваёй мэты».
Апошняе цьверджаньне iзноў i iзноў выклікала палемiку з зусiм розных пазыцыяў, накіраваную на выяўленьне таго, што аднясеньне вайны да катэгорыi мiру азначае замаскаваньне адваротнага. Так, Вiльгельм Дыльтэй даводзiў (Dt. Rundschau, 27. Jg., S. 218): «Сам мiр ёсьць усяго толькi працягам вайны iншай зброяй». Або Мiшэль Фуко: «Улада ёсьць вайной, вайной, якая працягваецца iншымi сродкамi; такiм чынам, можна было б перафразаваць фамулёўку Кляўзэвiца i сказаць, што палiтыка — гэта працяг вайны iншымi сродкамi» (1978, S. 71).
Сацыёлягi i фiлёзафы ўвесь час спрабавалi разбурыць гiстарычна абумоўленую ўзаемасувязь вайны i мiру i зьвязаць лiквiдацыю войнаў з мадэрнiзацыяй грамадзтва (параўн. Die Zusammenstellung bei Wachtler, 1983). Так, Агюст Конт у сваiм законе трох стадыяў адводзiў вайне i ваеннаму духу цэлую эпоху, якую ён лiчыў пераадоленай у сусьветнай гiсторыi, бо цяпер пачаўся пэрыяд навукi i iндустрыi. Гербэрт Спэнсэр таксама супрацьстаўляў мiлiтарысцкае ды iндустрыяльнае грамадзтвы i выходзiў з таго, што канстытуцыйныя прынцыпы iндустрыяльных грамадзтваў (свабода аб’яднаньняў i вольны абмен тавараў) несумяшчальныя з канстытуцыйнымi прынцыпамi мiлiтарысцкiх грамадзтваў. Ёзэф Шумпэтэр таксама называў вайну ў капiталiстычных умовах атавiзмам; яна мусiць зьнiкнуць, як толькi капiталiзм умацуецца канчаткова.
Iншыя, насупраць, чакалi ад мадэрнiзацыi грамадзкiх структураў не зьнiкненьня, а iнтэнсiфiкацыi войнаў. Алексыс дэ Таквiль (S. 290) устанавiў наступны парадокс: «З усiх армiяў дэмакратычныя войскi найбольш горача жадаюць вайны i з усiх народаў найбольш любяць мiр дэмакратычныя народы; сытуацыя робiцца экстраардынарнай таму, што абодва гэтыя супрацьлежныя эфэкты выклiкаюцца роўнасьцю». Макс Вэбэр разглядаў устанаўленьне вайсковай дысцыплiны ў эўрапейскiх армiях пачынаючы ад XVI стагодзьдзя як школу сучаснай працоўнай дысцыплiны: «Армейская дысцыплiна была калыскай дысцыплiны ўвогуле. Другi выхавальнiк дысцыплiны — буйныя вытворчыя прадпрыемствы». Вэрнэр Зомбарт урэшце выявiў, што вайна i капiталiзм узаемна ўмацоўваюць адно аднаго: армiя вымагала ня толькi дысцыплiны, вышкаленьня i пачуцьця часу, але ў якасьцi заказчыка i рынку зьяўлялася яшчэ i перадумовай для ўзьнiкненьня капiталiстычнага дабрабыту, i адно вайна стварыла бiржу.
Гэтыя сацыялягiчныя досьледы, зьвязаныя з гiстарычна-фiлязофскiмi пэрспэктывамi, прынесьлi розныя вынiкi, i хаця ў сапраўднасьцi пацыфiсцкiя пэрспэктывы так і ня спраўдзіліся, цяжка назваць беспадстаўнымi тыя досьледы, на якiх яны грунтуюцца. Iх памылка была, вiдавочна, у тым, што яны празьмерна прывязвалi магчымасьць вайны да ваяўнiчага грамадзтва i мiлiтарысцкiх iдэалаў; пры гэтым яны не зважалi на тое, што тэхналягiчны прагрэс таксама можа ўтвараць выбуховае злучэньне з вайной. Якiя цяжкасьцi выклiкае гэта цяпер, паказваюць лёзунгi руху за мiр: «Уявi сабе, што пачалася вайна, i нiхто ня йдзе на яе», — быццам пры сёньняшнiх сыстэмах узбраеньня трэба кудысьцi iсьцi, каб зрабiцца ўдзельнiкам вайны. Дыялектычнае палажэньне дактрыны Троцкага — «магчыма, табе няма нiякай справы да вайны, але вайна мае справу да цябе», — мае сёньня, пры несупыннай пагрозе атамнай вайны, яшчэ большую актуальнасьць, чымся ў часы яго фармуляваньня. Другi мiрны лёзунг — «перакуць мячы на нарогi» — беспадстаўна выходзiць з таго, што нарогi ёсьць нечым зусiм супрацьлежным мячом. Вытворчасьць нарогаў гiстарычна была перадумовай утварэньня большых i лепш узброеных войскаў (параўн. McNeill, 1983., S. 21). Дылема чыстай пацыфiсцкай маралi добра раскрываецца на прыкладзе сучаснага варыянту «вытворчасьцi нарогаў»: расiйскi мiнiстар фiнансаў Вiтэ падтрымаў царскую iнiцыятыву па раззбраеньнi 1898 году, бо спадзяваўся на даплыў з вайсковага бюджэту грошай, на якiя мела пашырыцца чыгуначная сетка — i дзякуючы гэтаму павiнна была павялiчыцца эфэктыўнасьць расiйскай армii (параўн. Dülffer, 1981, S. 34 f). Зьмяншэньне вайсковых выдаткаў як у бюджэце царскай Расii, так i яе суседзяў ды канкурэнтаў аб’ектыўна павялiчала iх ваенную небясьпечнасьць — i гэтым самым распачынала новае кола гонкi ўзбраеньняў.
2. Вядзеньне вайны
Гісторыя і будучыня вайны: палітычны і тэхналягічны падыход
Пытаньне, якое доўгi час было рэлевантным толькi для гiсторыкаў, зрабiлася цэнтральнай палiтычнай праблемай сучаснасьцi: наколькі iстотна палiтыка i тэхналёгiя абумоўлiваюць ваенна-гiстарычныя рэвалюцыi? Проста-такi клясычным прыкладам пры абмеркаваньнi гэтага пытаньня былi посьпехi францускай армii пасьля рэвалюцыi 1789 году i перадусiм пад кiраўнiцтвам Напалеона Банапарта. Гэтыя посьпехi былi вынiкам пераўтварэньня грамадзтва шляхам рэвалюцыi, што прывяло да павелiчэньня колькасьцi войскаў i павышэньня iхнай матывацыi — так гучыць тэзыс, якога датрымвалiся дасьледнікi ад Кляўзэвiца да Фагтса (1959, S. 104 ff, параўн. Münkler, 1982a. S. 16 ff). Гэтыя посьпехi былi запозьненым вынiкам тэхналягiчных навацыяў у артылерыi, прамаўляе супрацьлежны тэзыс (McNeill, 1984, S. 153 f). Што датычыць артылерыi: цi была стаўка на яе вынiкам грамадзкiх пераўтварэньняў або павялiчанай шляхам тэхналягiчных навацыяў эфэктыўнасьцi? Акадэмiчнае, здавалася б, пытаньне, але ў дачыненьнi да атамнай зброi яно раптам набывае надзвычайную палiтычную актуальнасьць.
Калi рэвалюцыi ў гісторыі ўзбраеньняў iснасна абумоўлiваюцца акурат палiтыкай, то з вынаходам i выкарыстаньнем атамнай зброi нiчога не зьмянiлася ў тым сэнсе, што вайна i надалей зьяўляецца сродкам палiтыкi. Гэта пазыцыя «нэакляўзэвiцыянцаў» (Aрoн, Kiсінджэр), якiя датрымваюцца тэорыi iнструмэнтальнасьцi вайны, але настойваюць на тым, што падчас атамнай эпохi яна ўжо ня можа «весьцiся», а можа толькi «ўяўляцца» (параўн. Aron 1980), што яшчэ мацней увыразьняе палiтычны элемэнт вайны. Прыкладна гэта маюць на ўвазе, калi кажуць пра атамную зброю як пра палiтычную зброю.
Калi ж пераломныя ў гiсторыi маманты вызначаюцца не палiтыкай, а тэхналёгiяй, то нельга выключыць, што ў вынiку аднаго з гэтых тэхналягiчных пераваротаў вайна ня зможа больш служыць сродкам палiтыкi. Акурат гэтак адбылося са скiданьнем атамнай бомбы, прамаўляе тэзыс прадстаўнiкоў аргумэнту абсурднасьцi (Anders 1983; Schell 1982): вайна ўжо ня сродак палiтыкi, бо праз ужываньне гэтага сродку робiцца неактуальнай мэта, якой яна павiнна служыць. У гэтым дачыненьнi якая-любя вайна абсурдная, нават i тая, што толькi «ўяўляецца», таму што яе сцэнары грунтуюцца на пагрозе распачаць яе, i таму нельга выключыць, што вайна, якая «ўяўляецца», не абернецца ў вайну, якая «вядзецца» — усё роўна, цi будзе яе прычынай памылка чалавека або тэхнiкi. Альбэрт Айнштайн надаў гэтай пазыцыi крайнi выгляд, заявiўшы наступнае: «Атамная энэргiя зьмянiла ўсё, апрача нашага ладу мысьленьня. Такiм чынам, мы рушым насустрач нечуванай катастрофе. Калi чалавецтва хоча выжыць, патрэбны прынцыпова новы лад мысьленьня». Пры гэтым вырашальнае значэньне належыць таму, каб вайна як магчымасьць вырашэньня канфлiктаў зьнiкла з чалавечага мысьленьня.
Нэакляўзэвiцыянцы i тэарэтыкi абсурднасьцi аднадушныя ў перакананьнi, што ядравую вайну неабходна прадухiляць нягледзячы на ўсё, але разыходзяцца ў высновах, якiя трэба зрабiць на падставе гэтага, паколькi яны маюць розныя ўяўленьнi аб палiтыцы i тэхналёгii. Нэакляўзэвiцыянцы мяркуюць, што разьвiцьцё ваенных тэхналёгіяў можна падпарадкаваць палiтыцы, але палiтыка — гэта небясьпечнае канфлiктнае поле, таму яны выказваюцца за запалохваньне як за адзiна пасьпяховую стратэгiю прадухiленьня вайны. Тэарэтыкi абсурднасьцi ад Айнштайна да Расэла, насупраць, бяруць пад сумнеў кампэтэнтнасьць палiтыкi ў дачыненьнi тэхналёгii. Яны лiчаць, што палiтычныя канфлiкты можна вырашаць мiрным шляхам, i таму выступаюць за поўнае раззбраеньне як адзiную магчымасьць пазьбегчы атамнай катастрофы.
Ад гэтага трэба адрозьнiваць прынцыпова супрацьлежную пазыцыю, якая i ў эпоху атамнай зброi настойвае на магчымасьцi вядзеньня вайны. Гэтая пазыцыя таксама распадаецца на два розныя варыянты з увагi на пытаньне аб прымаце палiтыкi або тэхналёгii. Першы варыянт выстаўляе лёзунг магчымасьцi вядзеньня атамных войнаў на абмежаванай тэрыторыі. Гэтая новая стратэгiчная дактрына грунтуецца на iдэi «дэпалiтызацыi» i «рэмiлiтарызацыi» атамнай зброi: праз памяншэньне зьнiшчальнай сiлы атамнай зброi i павелiчэньне дакладнасьцi паражэньня цэляў вайна можа весьцiся i як атамная вайна, не канчаючыся зьнiшчэньнем чалавецтва. Да захадаў што да абмежаваньня атамнай вайны належыць таксама разьмяшчэньне ў космасе супрацьракетных сыстэмаў, якія пры дапамозе зброi паклiканы прадухiлiць эскаляцыю распаўсюджаньня атамнай зброi на стратэгiчна прывiлеяваныя тэрыторыi. Гэтая новая дактрына кiруецца ў канцавым вынiку тым перакананьнем, што тэхналягiчныя навацыi толькi часова выключаюць вайну з арсэналу сродкаў палiтыкi i што разьвiцьцё тэхналёгiяў iзноў зрабiла магчымым вядзеньне вайны.
Ад гэтай пазыцыi трэба адрозьнiваць тэорыю стрымлiваньня вайны, якая таксама настойвае на тым, што ад вайны як формы палiтычнага вырашэньня канфлiктаў адмовiцца нельга, але адначасова ня верыць у тое, што адкрытымi ў вынiку разьвiцьця ваенных тэхналёгіяў магчымасьцямi можна кiраваць, i таму абвяшчае, што зброя масавага зьнiшчэньня стаiць па-за мараляй i правам. Пры гэтым яна замiраецца або сьвядома iмкнецца да таго, каб iзноў зрабiлася магчымым вядзеньне традыцыйнай вайны. У якасьцi прыкладу можна прывесьцi адмаўленьне японскiх вояў ад ужываньня агнястрэльнай зброi напрыканцы XVI стагодзьдзя (параўн. Perrin 1982). Але яна можа адштурхоўвацца i ад разважаньняў, якiя Карл Шмiт (1950, S. 285 ff) выклаў пад уражаньнем бамбардаваньняў буйных гарадоў i ў якiх ён спасылаўся на стрымваньне вайны шляхам «Jus publiсum europaeum» напачатку Новага часу; тады гэтая дактрына рабiла стаўку на палiтычныя канвэнцыi аб адмаўленьнi ад ужываньня зброi масавага зьнiшчэньня, дзякуючы чаму iзноў адбываецца вяртаньне палiтыкі вайны як аднаго зь яе важных сродкаў («ultima ratio»). Тэорыя стрымлiваньня вайны ў аспэкце яе iнтэнцыяў застаецца амбiвалентнай: абмежаваньне ахвяраў i стратаў або забесьпячэньне магчымасьцi весьцi вайну — у вынiку першае выклiкае другое.
Вайна — юрыдычнае пакараньне пры дапамозе зброi або двубой дзяржаваў
У прынцыпе вайна як узброенае вырашэньне канфлiкту iнтарэсаў можа быць рэалiзавана як у юрыдычным, так i ў маральным пляне ў выглядзе дзьвюх мадэляў: цi гаворка iдзе пра канфлiкт, у якiм адзiн бок абараняецца, а другi нападае, або абодва бакi могуць прэтэндаваць на абгрунтаваную прававую пазыцыю. Тут гэта мае значэньне ня толькi як эмпiрычнае пытаньне ў дачыненьнi пэўных канфлiктаў, але i як маральна-юрыдычны прысуд наконт права на вайну: цi зьяўляецца вайна легiтымнай толькi ў якасьцi юрыдычнага пакараньня пры дапамозе зброi або таксама i ў якасьцi двубою дзяржаваў? Пункт гледжаньня, згодна зь якiм вайна зьяўляецца юрыдычным пакараньнем пры дапамозе зброi i легiтымная толькi ў гэтым выпадку, панаваў у часы Сярэднявечча i, абапёрты на гiстарычна-фiлязафічнай базе, сустракаецца сёньня як у афiцыйным марксiзьме (эксплiцытна), так i ў пэўных вонкавапалiтычных дактрынах ЗША ў выглядзе маральнай дыхатамізацыі сьвету (iмплiцытна). У пару Новага часу, у адваротнасць ад гэтага, не пазьней як ад 1648 г. i да пачатку першай сусьветнай вайны, вайну разумелi як двубой дзяржаваў i прызнавалi за кажнай дзяржавай (ува ўсякiм разе, за кажнай эўрапейскай дзяржавай!) маральна не дыскрымiнаванае jus ad bellum. Вайна лiчылася ultima ratio, калi канфлiкту нельга было ўрэгуляваць iншым шляхам. Згодна з разуменьнем, прынятым у Новым часе, эўрапейская вайна дзяржаваў была bellum justum ex utraque parte (параўн. Kimminich 1985, S. 93); тэолягi Сярэднявечча, у супрацьлежнасьць гэтаму, заяўлялi, што ня можа быць вайны, справядлiвай для абодвух бакоў (параўн. Walzer 1982, S. 100).
Адной з самых крайнiх візіяў справядлiвай вайны, bellum justum, было i ёсьць рэлiгiйнае асьвячэньне вайны, як яно мае месца ў iсламскiм уяўленьнi пра джыгад (параўн. Raewski, in: Friedensanalysen 12, S. 16 ff) i ў хрысьцiянскай тэалёгii крыжавых паходаў позьняга сярэднявечча. Той, хто загiнуў падчас джыгаду, лучаў наўпрост у рай, а той, хто вырушыў на Ерусалiм, вызваляўся ад царкоўных пакараньняў, i, паводле распаўсюджанага меркаваньня, яму даравалiся грахi. Гэтае ўяўленьне адлюстроўваецца яшчэ ў палемiчным творы Лютэра «Супраць рабаўнiцкiх i забойнiцкiх хеўраў сялян», напрыканцы якога зазначаецца: «Калi, бi, душы, хто можа. Калi ты загiнеш у вынiку гэтага — добра табе! Больш кунежнай сьмерцi табе нiколi не дасягчы».
Але сярэднявечная ваенная дактрына прызнавала справядлiвай вайной ня толькi крыжовыя паходы цi змаганьне з бунтаўнiкамi ўсярэдзiне краiны, але i канфлiкт памiж дзьвюма хрысьцiянскiмi дзяржавамi, якi вырашаўся пры дапамозе зброi. Ад Аўгустына да Тамаша з Аквiну права на абвяшчэньне вайны прывязвалася да трох умоваў: вайна мела абвяшчацца законнай уладай (auctoritate), прычынай вайны мусiла быць прадухiленьне або выпраўленьне несправядлiвасьцi (causa jucta), i вайна мусiла весьцiся з правiльнымi перакананьнямi, г.зн. без прагненьня помсты i адплаты або імкненьня да заваёваў (intentione recta). Калi гэтыя тры ўмовы выконвалiся, вайна лiчылася справядлiвай (параўн. Engelhardt, in: Friedensanalysen 12, S. 72 ff).
Вайна тут вызначаецца як узброеная акцыя для ўстанаўленьня або аднаўленьня справядлiвасьцi. Згэтуль вынiкае, што абедзьве партыi вайны маюць неаднолькавы маральны i прававы статус: адзiн бок баронiць справядлiвасьць, другi — яе парушае. Вырашальным пры гэтым зьяўляецца наступнае пытаньне: цi не пазбаўляецца партыя, якая супрацьпраўна карысталася jus ad bellum i вяла несправядлiвую агрэсiўную вайну, таксама i права патрабаваць выкананьня jus in bello. Згодна з старавечнарымскай прыказкай, пры бразгатаньні зброi законы маўчаць. Але jus in bello ператварыла i ваенны стан у прававы, падпарадкаваўшы форму барацьбы пэўным нормам i правiлам, накшталт абавязку дбаць аб варожых параненых цi ваеннапалонных. Мiхаэль Вальцэр (1982, S. 191 ff) падрабязна разгледзеў гэтае пытаньне i ўстанавiў, што i ў выпадку, калi адзiн бок з поўнай падставай лiчыць вайну bellum justum са свайго боку (як, напрыклад, ЗША падчас другой сусьветнай вайны), ён усё ж ня мае права парушаць jus in bello, нават калi парушэньне ваенных канвэнцыяў скарацiла б вайну. У гэтым сэнсе англа-амэрыканскiя бамбардаваньні Дрэздэну або скiданьне атамных бомбаў на Хiрасiму i Нагасакi былi ваеннымi злачынствамi.
Насуперак меркаваньню Карла Шмiта, якi лiчыў, што iдэi causa jucta i justus hostis (працiўнiка, якi не абвешчаны злачынцам) супярэчаць адна адной (1950, S. 91), iдэя справядлiвай вайны i прызнаньне ваенных канвэнцыяў самi па сабе не выключаюць адно аднаго. У сваю чаргу Мiхаэль Вальцэр, якi настойвае на выкананьнi jus in bello i ў выпадку bellum justum, павiнен усё ж прызнаць, што тыя, хто лiчыць, што справядлiвасьць на iхным баку, схiляююцца да таго, каб урэзаць правы працiўнiка. Адзiн з прыкладаў — Чэрчыль, якi ў 1939—40 гг. патрабаваў мiнiраваньня нарвэскiх узьбярэжных водаў i такiм чынам парушэньня нарвэскага нэўтралiтэту пры дапамозе наступных аргумэнтаў:
«Мы маем права, нават абавязак, часова спынiць дзеяньне акурат тых законаў, аўтарытэт якiх мы хочам аднавiць... Лiтара закону не павiнна ў выпадку крайняй небясьпекi замiнаць тым, каму даручаныя яго абарона i яго выкананьне... Кiравацца гуманнасьцю яшчэ больш важна, чымся законнасьцю» (цыт. паводле Walzer 1982, S. 351).
Чэрчыль пры гэтым адкрыта датрымваўся тэзысу, што мэта апраўдвае сродкi. Пазьней, на нюрнбэрскiм працэсе супраць ваенных злачынцаў, нямецкае кiраўнiцтва абвiнавачвалася ў парушэньнi нарвэскага нэўтралiтэту (пасьля мiнiраваньня ўзьбярэжных водаў ангельцамi нямецкiя войскi напалi на Нарвэгiю i захапiлi яе). Гэта ня толькi значна пахiснула прэтэнзiю нюрнбэрскага трыбуналу на вяршэньне правасудзьдзя, а не правасудзьдзя пераможцаў, але i закранула аснавасяжныя праблемы тэорыi справядлiвай вайны: хто ў канцавым вынiку вызначае, якiя прычыны справядлiвыя i якiя несправядлiвыя?
Якраз з гэтага пункту выводзiцца пачатак выстаўленага эўрапейскiм мiжнародным правам тэзысу пра bellum justum ex utraque parte, якi мэханiчна прыпiсваў абодвум удзельнiкам вайны аднародныя прычыны i намеры, i, такiм чынам, прызнаваў за ўсiмi аднолькавы прававы i маральны статус: ад гэтага часу легiтымнасьць вайны ў Эўропе ня зьвязвалася больш з правам на юрыдычнае пакараньне пры дапамозе зброi, вайна ў якасьцi ўжо не ўнармаванага матэрыяльна i толькi фармальна яшчэ ўнармаванага ўзброенага сутыкненьня дзьвюх дзяржаваў ператварылася ў двубой дзяржаваў. Калi рэальны зыход вайны нельга вызначыць як перамогу справядлiвасьцi, гаварыць пра яе тут ужо можна толькi мэтафарычна. Фрэнсыс Бэкан так сфармуляваў гэта: «Войны — гэта зварот да трыбуналу справядлiвасьцi Бога, калi на зямлi няма нiкога вышэйшага, каб рассудзiць дадзены выпадак». Але ў Эўропе Ўсявышняга ня стала ад таго часу, як каралi абвясьцiлi, што ў сьвецкiх пытаньнях няма нiкога вышэйшага за iх (in temporabilus superiorem non recognoscens), i зрабiлi гэтае цьверджаньне iснаснай прыкметай сувэрэнiтэту. З гiстарычнага пункту гледжаньня разуменьне вайны як двубою дзяржаваў было вынiкам заняпаду, якi давялося перажыць спачатку iмпэратарскай уладзе, а пасьля папству. У мiрнай дамове, укладзенай у Мюнстэры i Аснабруку (1648), упершыню было пiсьмова зафiксавана, што эўрапейскiя сувэрэны не прызнаюць над сабой нiкога вышэйшага. Ад гэтага моманту цэнтральнае пытаньне тэорыi справядлiвай вайны — «Quis judicabit?» — застаецца без адказу.
Дзякуючы гэтаму права на вядзеньне вайны зрабiлася натуральным прывiлеем сувэрэннай дзяржавы — правам, якое не падлягала анiякай юрыдычнай або маральнай ацэнцы з боку Ўсявышняга i якiм карысталiся выходзячы выключна зь дзяржаўных iнтарэсаў. Вайна зрабiлася ultima ratio regum. Гэта адначасова азначала, што салдаты юрыдычна i маральна прыраўноўвалiся адзiн да аднаго (justus hostis), што камбатанты (якiх можна было распазнаць па iхнай унiформе) адрозьнiвалiся ад нонкамбатантаў i што вайна — пасьля Трыццацiгадовай вайны, ад якой давялося пацярпець найперш цывiльнаму насельнiцтву — iзноў вялася армiямi памiж сабой, тым часам як мiрнае насельнiцтва было ў высокай ступенi абаронена. Яно ўдзельнiчала ў вайне толькi ў той меры, у якой выплата падаткаў рабiла магчымым зьбiраньне i ўтрыманьне рэгулярных войскаў (miles perpetuus); гэтыя войскi навучалiся гадамi вайсковаму майстэрству i рабiлiся каштоўным i незаменным iнструмэнтам вядзеньня вайны. Бiтвы дзеля гэтага зрабiлiся радзейшымi, войны менш крывавымi, пакуль француская рэвалюцыя праз абвяшчэньне levée en masse iзноў не дала генэралам таннага «гарматнага мяса».
Палажэньне мiжнароднага права, якое прызнавала за кажным сувэрэнам права абвяшчаць вайну iншаму сувэрэну, мела сiлу да канца першай сусьветнай вайны, калi Нямеччына ў Вэрсальскай мiрнай дамове была прызнаная вiнаватай у вядзеньнi агрэсiўнай вайны. У супрацьлежнасьць гэтаму, галяндзкi ўрад цьвёрда трымаўся палажэньняў даваеннага мiжнароднага права, адмовiўшыся выдаць нямецкага iмпэратара, якi ўцёк у Галяндыю, на той падставе, што ў адпаведнасьцi зь дзейным мiжнародным правам, кiраўнiк дзяржавы ня можа быць прыцягнуты да адказнасьцi з прычыны свайго рашэньня весьцi вайну (параўн. Kimminich, in: Friedensanalysen 12, S. 214).
Статут новасьпечанай Лiгi нацыяў абавязваў сувэрэнаў забясьпечваць мiр (частковая забарона вайны) i разбураў такiм чынам адну з асноваў мiжнароднага права Новага часу: пачынаючы ад Гроцыя вайна i мiр лiчылiся эквiвалентнымi станамi; ад гэтага часу праз фармулёўку «права прадухiленьня вайны» (пагаджальная працэдура ўрэгуляваньня спрэчкi) мiр зрабiўся маральна i юрыдычна прывiлеяваным станам, а вайна — дыскрымiнаваным. Такiм чынам у статуце Лiгi Нацыяў былi зробленыя высновы выходзячы з новай якасьцi, якую ўзброенае вырашэньне канфлiктаў набыло на працягу першай сусьветнай вайны, калi двубой колькасна абмежаваных войскаў ператварыўся ў масавую бойню з жудасным лiкам ахвяраў, i адрозьнiваньне камбатантаў i нонкамбатантаў у вынiку ангельскай гандлёвай блякады i нямецкай (неабмежаванай) падводнай вайны зрабiлася састарэлым. Паветраная вайна i ўжываньне атамнай зброi падчас другой сусьветнай вайны пазначаюць далейшыя формы «стрымлiваньня» (Шмiт) вайны. Пакт Брыяна—Келага[1] ў 1928 г. пашырыў частковую забарону вайны (пра што гаварылася ў статуце Лігі Нацыяў) да поўнай забароны вайны; п. 5 статуту ААН пераўтварыў яе ўва ўсеагульную забарону гвалту. У дачыненьнi да мiжнароднага права Кiмiнiх выводзiў з гэтага наступнае (у: Friedensanalysen 12, S. 216): «Ад jus ad bellum клясычнага мiжнароднага права, такiм чынам, не засталося нiчога. Вайна як сродак мiжнароднай палiтыкi забароненая i абвешчаная па-за законам. Апраўданьня вайне няма».
Каляніяльныя і антыкаляніяльныя войны
Тым ня менш вайна ня зьнiкла з палiтычнага парадку дня, а ў бальшынi выпадкаў проста зьмянiла свае праявы. Вайна дзяржаваў, якая мае праводзiцца ў адпаведнасьцi з нормамi i правiламi эўрапейскага мiжнароднага права, у сапраўднасьцi зрабiлася рэдкай зьявай; яе месца заняла антыкалянiяльная вызваленчая вайна, звычайна партызанская вайна, якая вядзецца не памiж дзьвюма дзяржавамi, якiя ў прынцыпе прызнаюць адна адну раўнапраўнымi, а памiж паўстанцамi i ўрадам або калянiяльнай дзяржавай ды пратэктаратам. Ад Альжыру празь Вiетнам да Аўганiстану выяўляецца нечуваная жорсткасьць гэтых войнаў, у якiх не зважаюць на ваенныя канвэнцыi. Адна з падставаў гэтага ў тым, што канфлiктуючыя бакi не прызнаюць адзiн аднаго justus hostis, а разглядаюць варожых салдатаў або баевiкоў як злачынцаў, для зьнiшчэньня якiх дазволеныя ўсе сродкi.
Абмеркаваньне пытаньня пра правамоцнасьць калянiяльных заваёваў i супрацiў аўтахтонных народаў гаспадаром-чужынцам пачынае весьцiся ўжо ў самым пачатку гiсторыi мiжнароднага права ў Эўропе Новага часу. Такiм чынам, наўрад цi можна сказаць, што тут iдзе гаворка пра прынцыпова новыя працэсы, якiя сваiм зьяўленьнем абавязаныя эпосе iдэалягiзацыi i сусьветнай грамадзянскай вайны. Партызанскiя спосабы вайны можна назiраць як у часе Трыццацiгадовай вайны ў вырашэньнi канфлiктаў памiж селавым насельнiцтвам i рэквiзацыйнымi (рабаўнiцкiмi) аддзеламi (партызанамi), так i ў гiшпанскай герыльлi (малой вайне) супраць армiяў Напалеона, жудасныя зьверствы якiх адлюстраваныя на карцiнах Гоi.
Пытаньне аб праве эўрапейцаў на гвалтоўную калянiзацыю Новага Сьвету пранiкла ў мiжнароднае права праз спрэчку памiж Барталамэ дэ Лас Казасам i Хуанам Жынэсам дэ Сэпульвэдам ужо ў XVI стагодзьдзi, пры гэтым хрысьцiянскае мiсiянэрства i палiтычнае падпарадкаваньне шчыльна зьвязвалiся адно з адным. Так, Сэпульвэда сьцьвярджаў: «Царква можа выконваць даручэньне Хрыста абвяшчаць Эвангельле ўсяму сьвету толькi ў тым выпадку, калi язычнiкi папярэдне будуць палiтычна падпарадкаваныя хрысьцiянам». Канкрэтна гэта азначала мiсiянэрства агнём i мячом. У супрацьлежнасьць гэтаму Лас Казас адмаўляў «права» эўрапейцаў на гвалтоўнае падпарадкаваньне аўтахтонных народаў i ўрэшце нават выставiў тэзыс аб тым, што ўсе без выключэньня войны i заваёвы гiшпанцаў у Новым Сьвеце несправядлiвыя. У паноўнай дактрыне мiжнароднага права дзякуючы Франсыску дэ Вiтор’я замацавалася пазыцыя, якая была блiжэйшая да пазыцыi Лас Казаса, чымся да пазыцыi Сэльпульвэды (параўн. Kimminich 1985, S. 79 ff, а таксама Engelhardt, у: Friedenanalysen 12 S. 88 ff).
Для практыкi калянiялiзму, аднак, гэта наўрад цi мела вынiкi на працягу стагодзьдзяў, тым болей, што ў XIX стагодзьдзi, у эру калянiялiзму i iмпэрыялiзму, хрысьцiянскiя матывы пры калянiзацыi ўжо i афiцыйна адышлi на заднi плян, i наперад высунулася эканамiчная зацiкаўленасьць. Толькi ў XX стагодзьдзi канцэпцыя мiжнароднага права аб праве народаў на самавызначэньне, якая ўпершыню ўзьнiкла ў другой палове XVI стагодзьдзя, зрабiлася палiтычнай сапраўднасьцю — у шматлiкiх выпадках, аднак, толькi пасьля бязьлiтасных партызанскiх войнаў, падчас якiх на ваенныя канвэнцыi зусiм не зважалi. Унiкненьне эўрапейскiмi калянiяльнымi дзяржавамi выкананьня мiжнародна-прававых канвэнцыяў у войнах супраць калянiзаваных народаў выявiлася ўжо ў 1899 годзе падчас 1-й Гаагскай мiрнай канфэрэнцыi, калi Вялiкабрытанiя, спасылаючыся на свае калянiяльныя войны, адмовiлася далучыцца да дамовы аб забароне куляў тыпу дум-дум (пляскатыя стралковыя боепрыпасы, якiя пры трапленьнi наносяць асаблiва вялiкiя раны). У ходзе дыскусii брытанскi прадстаўнiк заявiў, што ў Эўропе можна адмовiцца ад боепрыпасаў такога роду, бо тут паранены выходзiць з бою. «Зь дзiкуном жа зусiм па-iншаму. Нават калi ў яго трапiлi два цi тры разы, ён не перастае рушыць наперад, ня клiча санiтараў, а iдзе далей, i перш чым хто-небудзь пасьпее растлумачыць яму, што ён абражае сваімі дзеяньнямі рашэньнi Гаагскай канфэрэнцыi, ён адрэжа каму-небудзь галаву» (цыт. паводле Dülfer 1981, S.76 f, 151). Вайну памiж «цывiлiзаванымi» людзьмі належыцца стрымлiваць, у барацьбе супраць дзiкуноў, насупраць, дазволеныя ўсе сродкi. Уваччу многiх эўрапейцаў калянiяльная вайна i бяз гэтага наўрад цi магла прэтэндаваць на статус вайны ў юрыдычным сэнсе. «Барбары, — зазначаў яшчэ Джон Ст’юарт Мiль, — ня маюць нiякiх правоў як нацыя», г.зн. у iх няма i jus ad bellum.
Палiтычна-юрыдычны аспэкт таксама паспрыяў крайняй бязьлiтаснасьцi войнаў за дэкалянiзацыю пасьля другой сусьветнай вайны: з пункту гледжаньня дзяржаўнага i мiжнароднага права гэтыя войны займалi прамежкавае становiшча памiж вайной дзяржаваў i грамадзянскай вайной, або, дакладней кажучы, яны пачыналiся як грамадзянская вайна i канчалiся, калi посьпех быў на баку паўстанцаў, як вайна дзяржаваў (параўн. Аron 1963, S. 47 f). Аднак палонны, захоплены ў грамадзянскай вайне, не падлягае абароне згодна з Гаагскай канвэнцыяй аб правiлах вядзеньня сухапутнай вайны i Жэнэўскай канвэнцыяй; такiм чынам, ён не прызнаецца justus hostis і можа патрабаваць для сябе хiба што выкананьня агульных правоў чалавека. Часта юрыдычна ён зьяўляецца злачынцам, якi можа быць асуджаны на сьмерць за забойства (замах на забойства). У сапраўднасьцi пытаньне права тут зьяўляецца пытаньнем моцы: толькi калi паўстанцы дасягнулi пэўнай вайсковай моцы, яны маюць шанцы быць прызнанымi рэгулярным войскам з усiмi правамi на абарону. Як правiла, сымбаль такога прызнаньня — абмен ваеннапалоннымi; якраз з гэтай прычыны Iзраiль дагэтуль адмаўляецца абменьваць ваеннапалонных беспасярэдне з Арганізацыяй Вызваленьня Палестыны.
Гэта таксама тычыцца прызнаньня сэпаратысцкага або вызваленчага руху трэцiм бокам. Джон Ст’юарт Мiль разгледзеў гэтае пытаньне на прыкладзе вугорскага паўстаньня супраць габсбурскага панаваньня ў 1848 i 1849 гадох i ў сувязi з праблемай маральнай i юрыдычнай легiтымнасьцi брытанскай дапамогi паўстанцам. (Каб папярэдзiць непаразуменьнi: вугорскае паўстаньне было не антыкалянiяльным, а антыiмпэрскiм.) Пры гэтым ён прыйшоў да высновы, якая i сёньня паўсюдна лiчыцца слушнай: прызнаньне i падтрымка паўстанцаў легiтымныя, калi тыя ў барацьбе давялi сур’ёзнасьць сваiх дамаганьняў i магчымасьць iх зьдзяйсьненьня. Мiль пiша:
«Калi ж расiйскi дэспат, пасьля таго як аказалася, што вугорцы могуць выйсьцi пераможцамi з гэтай барацьбы, умяшаўся ў змаганьне i зьяднаў свае сiлы з аўстрыйскiмi ды iзноў вярнуў зьвязаную па руках i нагах Вугоршчыну яе надзвычай бязьлiтаснаму прыгнятальнiку, з боку ангельцаў было б сумленна i дабрачынна абвясьцiць, што так не павiнна быць i што Англiя, калi Расiя дапамагае несправядлiваму боку, будзе дапамагаць справядлiваму» (цыт.паводле Walzer 1982. S. 145).
Сьцiсла фармулюючы: перадумовай юрыдычнага прызнаньня вызваленчых рухаў у кажным выпадку зьяўляецца ўжываньне гвалту, якое абяцае посьпех; але гэты прыведзены крывёю доказ сур’ёзнасьцi вызваленчых iмкненьняў не гарантуе прызнаньня трэцiм бокам, якi сымпатызуе руху, бо патрабаваньнi палiтычнай дальнабачнасьцi могуць забараняць мiжнародна-прававое прызнаньне i вайсковую падтрымку паўстанцаў. Прыкладам гэтага зьяўляецца вугорскае паўстаньне 1956 году i надзвычай стрыманая рэакцыя ЗША.
Iнтэнсiўнасьць варажнечы ў вызваленчых войнах стымулюецца трыма фактарамi: да ўжо згаданай расiсцкай пагарды да паўстанцаў (у антыкалянiяльных войнах) i да той акалiчнасьцi, што паўстаньне пачынаецца як грамадзянская вайна, далучаецца тое, што яно, як правiла, адбываецца ў форме партызанскай вайны. У агульных рысах партызанскую вайну можна вызначыць як скасаваньне падзелу на камбатантаў i нонкамбатантаў (цывiльных) i як лiквiдацыю розьнiцы памiж фронтам i тылам. У партызанскай вайне змаганьне як патэнцыйнае змаганьне, г.зн. як пагроза, робiцца пэрманэнтным i ўсюдыiсным. Вайна лiтаральна «нiчым ня стрымваецца», перастаюць (у тэндэнцыi) iснаваць зоны мiру i спакою для любога з бакоў. Але тым часам як пэрманэнтнасьць i ўсюдыiснасьць барацьбы складаюць сутнасьць партызана, салдату рэгулярнай армii гэты спосаб змаганьня наўрад цi прыдатны: паколькi ён ня можа весьцi гэтую барацьбу рэгулярна, г.зн. у адпаведнасьцi з ваенна-прававымi канвэнцыямi, ён праводзiць зьнiшчальны паход супраць партызанаў i цывiльных або прыпадабняе свой спосаб барацьбы да партызанскага. У абодвух выпадках ваенны працiўнiк робiцца асабiстым ворагам; гэтая павышаная варажнеча зьяўляецца ўнiвэрсальнай прыкметай партызанскай вайны.
Партызанская вайна — гэта спрадвечная форма барацьбы слабых (у сэнсе вайсковай моцы); гэта працяг супрацiву пасьля зьнiшчэньня ўласнай рэгулярнай армii або пачатак змаганьня за iдэю цi за краiну, якая яшчэ ня мае рэгулярнай армii. Гэтая вайна слабых сіляе сваю моц з таго, што яна перакручвае патрабаваньнi вялiкай вайны да iх супрацьлежнасьцi: калi там салдаты бароняць цывiльнае насельнiцтва, то ў партызанскай вайне партызаны бароняцца цывiльнымi, хаваючыся сярод iх — партызаны рухаюцца сярод насельнiцтва як рыбы ў вадзе, адзначаецца ў ведамым выславе Мао Цзэ-дуна. Каб трапляць пад абарону Гаагскай рэглямэнтацыi вядзеньня сухапутнай вайны i Жэнэўскай канвэнцыi (адпаведна пераасэнсаванай пасьля другой сусьветнай вайны), партызаны павiнны вызначацца характэрнымi, добра бачнымi здалёк знакамi i адкрыта насiць сваю зброю. Праўда, тады яны трацяць абарону, якую яны мелi ў вынiку таго, што iх немагчыма было адрозьнiць ад цывiльнага насельнiцтва, i наблiжаюцца да ўмоваў рэгулярнага вядзеньня вайны. Аднак партызаны могуць дазволiць сабе гэта толькi пасьля дасягненьня адноснай вайсковай раўнавагi з працiўнiкам; ува ўмовах iх адставаньня ад працiўнiка яны змушаны аддаць перавагу абароне пры дапамозе цывiльнага насельнiцтва, а не абароне пры дапамозе ваеннай канвэнцыi (якая абавязвае да «раўнавагi зброi»). Вынiкам гэтага зьяўляецца вельмi хуткае распаўсюджаньне (рэгулярным) працiўнiкам ваенных дзеяньняў на цывiльнае насельнiцтва або ўцiск на яго (захоп закладнікаў, разбурэньне дамоў, расстрэлы) з мэтай iзаляваць партызанаў або ўтрымаць iх ад далейшых нападаў. Перафразуючы вобраз Мао, каб злавiць рыбу, асушваецца стаў. Ад Альжыру празь Вiетнам да Аўганiстану гэта выклiкае спэцыфiчную бязьлiтаснасьць партызанскай вайны.
У эпоху, калi вялiкую вайну толькi з прычыны iснаваньня зброi масавага зьнiшчэньня немагчыма весьцi, бо яе пачатак быў бы канцом чалавецтва, партызан выклiкае цiкавасьць усiх тых тэарэтыкаў, якiя ўпарта не жадаюць адмовiцца ад вайны як модусу вырашэньня палiтычных канфлiктаў. Так, Рольф Шроэрс апiсаў партызана як чалавека, што настойвае на пэрсанальнай аўтаномii якраз ува ўмовах усёабсяжнай тэхнiзацыi сьвету i падпарадкаваньня чалавека. Партызан — гэта «элемэнтарны антыпод тэхнiчнай цывiлiзацыi» (1961, S. 32), ён усьведамляе ганебнасьць пакорлiвага жыцьця i, аддаючы сябе сьмерцi, вяртае сабе годнасьць жыцьця. Для Шроэрса партызан — радыкальны экзыстэнцыялiст. «Групавая салідарнасьць забясьпечвае недатыкальнасьць годнасьцi як таямнiцу кажнага асобнага партызана, якому пагражае ня сьмерць, але ўсьцяж само прагненьне жыцьця» (S. 330). У гэтым «палiтычна-антрапалягiчным», як яго называе Шроэрс, разглядзе партызана, прысутнiчаюць, безумоўна, моманты стылiзацыi i гераiзацыi, але ў той жа самы час ён уздымае пытаньне, на якое ня можа даць адказу выключна ваенна-тэхнiчная iнтэрпрэтацыя партызанскай вайны: чароўнасьць, якая iдзе ад партызана, мiт партызанскай вайны, якi распаўсюдзiўся па Заходняй Эўропе ў канцы шэсьцьдзясятых гадоў на ведамым прыкладзе Чэ Гевары. Падыход Шроэрса робiць вiдавочным i тое, чым i чаму тып партызана адрозьнiваецца ад тыпу салдата: салдат, зусiм у духу Кляўзэвiца, падыходзіць да вайны iнструмэнтальна, партызан, насупраць, у гэтым падобны да салдата добраахвотнiцкага корпусу i перажывае вайну экзыстэнцыйна. Добрыя партызаны нiколi ня зробяцца добрымi салдатамi — i наадварот. Але найперш яны адрозьнiваюцца тым, што салдата можна дэмабiлiзаваць, партызана ж у экзыстэнцыяльным сэнсе — нiколi; ад Чэ Гевары да Эдэна Пасторы[2] ім даводзіцца працягваць барацьбу да сваёй сьмерці.
Карл Шмiт, у супрацьлежнасьць гэтаму, паспрабаваў вызначыць партызанаў пры дапамозе спэцыфiчных крытэраў iх спосабаў барацьбы: згодна з такiм падыходам, iрэгулярнасьць (адсутнасьць унiформы), павышаная мабiльнасьць (усюдыiснасьць фронту), павышаная iнтэнсiўнасьць палiтычнай заангажаванасьцi (барацьба не па загадзе, а па сваім уласным перакананьні) i тэлюрычны характар (прывязанасьць да зямлi ў сэнсе прынцыпова абарончай асноўнай устаноўкi) зьяўляюцца чатырма iстотнымi прыкметамi сапраўднага партызана (1963, S. 20 ff). Аднак у пошуках сутнасьцi сапраўднага партызана Шмiт спалучыў памiж сабой неспалучальнае: ён хаця i адрозьнiў «абаронча-аўтахтоннага заступніка Радзiмы» ад «сусьветна-агрэсiўнага, рэвалюцыйнага актывiста» (S. 35), але не надаў гэтай розьнiцы значэньня пры разглядзе вызначальных крытэраў партызана. У сапраўднасьцi, аднак, адрозьненьнi паміж «партызанам традыцыi» (у Аўганiстане) і «партызанам рэвалюцыi» (у Лацiнскай Амэрыцы) больш глыбокiя, чымся iхныя стратэгiчныя i тактычныя супольныя рысы: першы змагаецца за старое права, другi — за лепшую будучыню, першы хоча абаранiць успадкаваныя традыцыi, другi — ажыцьцявiць абстрактны iдэал, першы палiтычна баронiцца, другi — наступае (параўн. Münkler, 1982 b, S. 111 f). Толькi калi палiтыка, насуперак дэфiнiцыi вайны Кляўзэвiца, выходзiць за рамкi стратэгii i тактыкi, супольныя рысы пачынаюць пераважаць над адрозьненьнямi. Але нават паводле вылучаных Шмiтам чатырох iстотных прыкметаў абодва тыпы партызана адрозьнiваюцца: супольным у iх зьяўляецца толькi iрэгулярнасьць; партызану традыцыi не стае той мабiльнасьцi i той iнтэнсiўнай палiтычнай заангажаванасьцi, якiя вызначаюць партызана рэвалюцыi, тым часам як у апошняга адсутнiчае прывязанасьць да зямлi, якая ў першую чаргу матывуе барацьбу партызана традыцыi. Чэ Гевара, аргентынец, якi перамог на Кубе i загінуў у Балiвii, — гэта поўнае адмаўленьне прывязанасьцi да зямлi, i наўрад цi можна назваць прывязаным да зямлi Доўгi паход, якi ажыцьцявiлi партызаны Мао, прайшоўшы больш за 12 000 кiлямэтраў ад сваiх апорных пунктаў на паўднёвым усходзе ў новую зону апэрацыяў на паўночным захадзе Кiтаю. Палiтычная iдэя зрабiлася для iх сапраўднай Радзiмай, тым часам як для партызанаў традыцыi, пакуль яны застаюцца такiмi, Радзiма нiколi ня стане голай iдэяй. «Сьвятасьць» iдэi i «сьвятасьць» зямлi немагчыма злучыць у адно» (Münkler, 1982 b, S. 112).
Апошнiм часам стала агульнапрынятым практычна атаесамляць паняцьцi «партызанка» i «тэрарызм». Гэтаму паспрыяла тая акалiчнасьць, што тэрарысты больш ахвотна называюць сябе партызанамi — тым часам як на партызанаў, наадварот, начапляецца этыкетка тэрарыстаў, каб маральна i палiтычна дыскрэдытаваць iх. Тым ня менш партызанка i тэрарызм — гэта дзьве формы вырашэньня канфлiктаў, якiя хаця i могуць iншага разу спалучацца памiж сабой, але зьяўляюцца прынцыпова рознымi. Рэгулярныя войскi таксама могуць карыстацца тэрарыстычнымi мэтадамi, напрыклад, у барацьбе з партызанамi. Таму апраўдана разумець тэрарызм як самастойную форму ўзброенага вырашэньня канфлiктаў, якая, асаблiва калi яна не зьвязаная з партызанскiмi акцыямi або ваеннымi дзеяньнямi рэгулярных армiяў, адназначна стаiць нiжэй за парог вайны, хаця i лiчыць сябе генэратарам дасягненьня i перасягненьня гэтага парогу. Адрозьненьне партызанкi i тэрарызму найлепш выяўляецца ў тым, што гвалт выкарыстоўваецца з рознымi iнтэнцыямi (параўн. Fromkin 1977, S. 95): калi для партызанаў, якiя, напрыклад, падрываюць мост, маюць значэньне фiзычныя вынiкi выкарыстаньня гвалту, разбурэньне гэтага канкрэтнага моста, то ў тэрарыстаў, калi б яны падрывалi той жа самы мост, мэта была б iншая: для iх важныя псыхалягічныя вынiкi выкарыстаньня гвалту, розгалас i жах (лац. terror), якi яны выклiкаюць, запалохваньне адных i падахвочваньне iншых. Iх мэта — не разбурэньне моста, а паведамленьнi пра гэта. «Тэрарыстычнай, — пiша Рэймон Арон, — называюць такую гвалтоўную акцыю, псыхалягiчнае ўзьдзеяньне якой непараўнальнае зь яе чыста фiзычным вынiкам» (1963, S. 205). Перадусiм, аднак, стратэгiя партызанкi абавязкова мае перадумовай падтрымку насельнiцтва, тым часам як стратэгiя тэрарызму яшчэ толькi хоча дамагчыся яе пры дапамозе псыхалягiчных вынiкаў акцыяў (параўн. Münkler 1980, S. 314 ff).
Амаль усе вызваленчыя рухi пасьля другой сусьветнай вайны запачаткоўвалiся тэрарыстычнымi актамi. Яны мелiся паказаць, што супрацiў магчымы, яны мелiся справакаваць iснуючую адмiнiстрацыю на рэпрэсii, якiмi яна б падрывала давер, што аказваўся ёй дагэтуль, i тым самым забясьпечвала даплыў у стан паўстанцаў новых прыхiльнiкаў. Такiм чынам, рэакцыя дзяржавы павiнна была стварыць перадумовы для пераходу ад стадыi тэрарызму да стадыi партызанкi. У гэтым сэнсе тэрарызм зьяўляецца «стартэрам» усiх вызваленчых войнаў: у некаторых выпадках «матор» партызанскай вайны заводзіцца, у iншых — не. Пасьпяховасьць або беспасьпяховасьць даволi часта вызначалiся рэакцыяй працiўнага боку.
3. Забесьпячэньне міру
У навуковай дыскусii пра вайну i мiр, якая вядзецца ў апошнiя 10—15 гадоў найперш у кiрунку дасьледаваньня мiру i канфлiктаў (параўн. Senghaas1971, а таксама Eberwein / Reinchel 1976), паўсюль падкрэсьлiваецца — у супрацьлежнасьць валюнтарысцкiм тэорыям, якiя бяруць у якасьцi падставы для iнтэрпрэтацыі волю палiтыкаў, — што эканамiчныя i сацыяльныя, палiтычныя i геаграфiчныя рамкавыя ўмовы могуць спрыяць мiру або павялiчваць верагоднасьць вайны. Таму абедзьве альтэрнатыўныя мадэлi забесьпячэньня мiру, унiвэрсальная дзяржава i прынцып раўнавагi (усе iншыя мадэлi зьяўляюцца толькi камбiнацыямi гэтых дзьвюх), трэба дасьледаваць беручы пад увагу таксама i спэцыфiчныя рамкавыя ўмовы, толькi пры якiх стаецца магчымым iх паўнаварты аналiз. Так, напрыклад, мірны iмпэрскi парадак можа раптоўна ператварыцца ў iмпэрыялiстычнае панаваньне гегеманiсцкай дзяржавы або сыстэма раўнавагі можа аказацца асновай для халоднай вайны i бясконцай гонкi ўзбраеньняў. Аднак у абодвух выпадках раптоўныя пераўтварэньнi адбываюцца не аўтаматычна з прычыны iманэнтнай функцыянальнай лёгiкi мадэлi, а вынiкаюць з вонкавых фактараў, якiя тут трэба разглядаць як рамкавыя ўмовы.
Адно толькi дэмаграфiчнае тлумачэньне вайны і міру вымагае асаблiвага статусу, бо дадзеныя мадэлi забесьпячэньня мiру разглядаюцца ў iм хутчэй як умоўныя. Гэтая гiпотэза, якую выстаўляюць некаторыя этолягi i гiсторыкi, шукае ключ для iнтэрпрэтацыi вайны i мiру ў населенасьцi тэрыторыi: згодна з гэтым верагоднасьць войнаў расьце ў адпаведнасьцi з колькасьцю насельнiцтва i памяншаецца таксама ў адпаведнасьцi зь ёй. Так, Айбл-Айбэсфэльт падагульняе этнаграфiчныя паведамленьнi аб сутыкненьнях у нiзкакультурных грамадзтвах i прыходзiць да наступных высноваў: «Верагоднасьць зьяўленьня сутычак павышаецца хутчэй за тэмпы ўзросту насельнiцтва, а менавiта пры лiнійным прыросьце папуляцыi прыкладна ў геамэтрычнай прагрэсii» (1984, S. 221). Гiсторык МакНэйл таксама зьвязаў войны ў краiнах Трэцяга сьвету з дэмаграфiчным выбухам у гэтых краiнах i спрагназаваў, што пры наяўнасьцi «дэмаграфiчнага крызысу... войны i рыхтаваньнi да войнаў... i ў будучынi, напэўна, у большай частцы Трэцяга сьвету будуць пашыранай зьявай» (1984, S. 336).
Унівэрсальная дзяржава і гегемонія
Найменш iнтэнцыянальна складанай мадэльлю забесьпячэньня мiру зьяўляецца iдэя ўнiвэрсальнай дзяржавы, бо намер, мэтад i вынiк тут супадаюць — у супрацьлежнасьць старажытнарымскаму дэвiзу ўрадаваньня, згодна зь якiм той, хто хоча мiру, мусiць рыхтавацца да вайны: Si pacem vis, para bellum. Калі ў адпаведнасьцi з гэтым найбольш мэтазгодна рыхтавацца ад супрацьлежнасьцi таго, чаго хочаш дасягнуць, то ўнiвэрсальная манархiя гарантуе тоеснасьць сродку i эфэкту. На чале яе стаiць унiвэрсальны ўладар, што — як увасобленая справядлiвасьць — чынiць правасудзьдзе i, пры неабходнасьцi, устанаўляе яго сiлай. Аднак гэты гвалт — юрыдычна аформлены гвалт, улада (пра паняцьцi «ўлада» i «гвалт» гл. Arendt 1970); парадкуючае ўмяшаньне адбываецца ў аб’ектыўных (падпарадкаваных лёгiцы мадэлі) iнтарэсах тых, супраць каго яна скiраваная, i нiхто i нiшто ня мае права пярэчыць гэтай уладзе. Мiратворчая сутнасьць гэтай мадэлi — гэта (падпарадкаванае) поўнае аднясеньне гвалту да катэгорыi права i зьнiкненьне ўсiх неправавых сфэраў, у якiх справядлiвасьць устанаўляецца гвалтам («нарматыўная сiла фактычнага»). Iдэi ўнiвэрсальнай дзяржавы, якая можа ахоплiваць каралеўствы, вольныя гарады i да т.п. i не павiнна разумецца як гамагеннае адзiнства, адпавядае iдэя справядлiвай вайны. I карныя акцыi ўнiвэрсальнага ўладара супраць збунтаваных падданых зьяўляюцца справядлiвымi войнамi par excellence.
Папа i iмпэратар у часы Сярэднявечча — зь пераменным посьпехам — дамагалiся для сябе становiшча ўнiвэрсальнага ўладара. Пры гэтым яны не прэтэндавалi на беспасярэдняе ўладараньне над усiмi людзьмi, а патрабавалi прызнаньня сябе ў якасьцi апошняй вырашальнай iнстанцыi над каралеўствамi хрысьцiянскай Эўропы. Iдэя ўнiвэрсальнай дзяржавы — гэта спроба адказаць на пытаньне Quis judicabit узьвядзеньнем на трон найвышэйшай абсалютнай iнстанцыi; пры гэтым iдэя ўнiвэрсальнай дзяржавы зьяўляецца вынiкам сярэднявечнага перакананьня ў тым, што гвалтам немагчыма ўстанавiць права, i ён мусiць быць узаконены ў якасьцi ўлады. Гвалт можа ўжывацца толькi для юрыдычнага пакараньня — але гэта не азначае, што рэалii сапраўды заўсёды былi такiя. У супрацьлежнасьць гэтаму сярэднявечнаму перакананьню, напачатку Новага часу ўжываньне гвалту з прычыны афармленьня ўяўленьняў аб раўнавазе сiлаў дазнала абмежаваны, але выразны прырост легiтымнасьцi: гвалт зрабiўся «аргумэнтам». Ключавым паняцьцем пры гэтым зрабіліся дзяржаўныя iнтарэсы (параўн. Meinicke 1976; Münkler 1985).
Iдэя iмпэратарскай унiвэрсальнай дзяржавы атрымала сваё найбольш блiскучае выяўленьне ў «De monarchia» Дантэ — i гэта ў тым часе, калi палiтычныя перадумовы яе функцыянаваньня — гегеманiчная ўлада iмпэратара i прызнаньне ягонага аўтарытэту эўрапейскiмi каралямi — ужо зьнiклi. Зьвернутымі ў будучыню аргумэнтамi Дантэ ўгрунтаваў iдэю, якая ў яго часе палiтычна ўжо састарэла; новыя павевы i туга за мiнулым, палiтычны рэалiзм (у духу тэзысу аб «нарматыўнай сiле фактычнага») i iдэалiстычнае iмкненьне да мiру — усё гэта зьлiваецца ў адно ў ягонай працы (параўн. Seidlmayer 1965). Акурат гэта зрабiла працу Дантэ ад Эразма Ратэрдамскага i Русо да мадэляў Лiгi Нацыяў XX стагодзьдзя заўсёдным выходным пунктам дыскусii пра забесьпячэньне мiру.
Першая кнiга «Манархii» дасьлядуе пытаньне, «цi зьяўляецца манархiя (г.зн. унiвэрсальная манархiя. — Аўт.) неабходнай для дабрабыту сьвету», другая — «цi залежыць аўтарытэт манархii беспасярэдне ад Бога або ад памазаньнiка або намесьнiка Бога» (1, 2). У адпаведнасьцi з гэтым у першай кнiзе дасьлядуецца функцыянальнасьць унiвэрсальнай манархii, у другой — абгрунтаваньне яе легiтымнасьцi i ў трэцяй — перадача гэтай легiтымнасьцi. Мiр неабходны, згодна з адказам Дантэ на першае пытаньне, каб чалавецтва магло дасягчы зададзенай яму Богам i прыродай мэты, свайго telos у Арыстотэлевым сэнсе. Гэты мiр можна забясьпечыць толькi заснаваньнем унiвэрсальнай манархii, бо там, дзе ўладараць двое, заўсёды магчымая спрэчка; там жа, дзе пануе толькi адзiн, няма больш прагнасьцi, таму што ён ужо мае ўсё — аргумэнт, якi пазьней перахоплiвае Эразм i якi ад таго часу гучыць пастаянна. Такiм чынам, калi браць канкрэтна, то Дантэ займаў пазыцыю супраць публiцыстаў францускага караля Фiлiпа Прыгожага i iталійскiх гвэльфаў, якiя аспрэчвалi неабходнасьць унiвэрсальнай манархii i замест гэтага рабiлi стаўку на сыстэму незалежных дзяржаваў i гарадоў-дзяржаваў. Дантэ закiдае iм: «Яны ўдаюць зь сябе прыхільнікаў справядлiвасьці, але ня хочуць нiчога, што б прыводзiла да ажыцьцяўленьня справядлiвасьцi» (1, 12).
Але чаму гэты хто-небудзь, хто б ён нi быў, мае законнае права прымаць рашэньнi ў якасьцi апошняй iнстанцыi? Або, кажучы словамi Ансэльма з Солсбэры, якiя тычылiся прэтэнзiяў iмпэратараў з дынастыi Штаўфаў на вярхоўную ўладу: «Хто зрабiў немцаў судзьдзямi над iншымi народамi? Хто даў гэтым грубым i дзiкiм людзям права ўстанаўляць сваё панаваньне над iншымi людзьмi?» На гэтае пытаньне ў прынцыпе можна было даць два адказы: хтосьцi iншы або яны самi; канкрэтна: папа або меч. Калi права судзiць было дадзенае папам, то найвышэйшай вырашальнай iнстанцыяй хрысьцiянскага сьвету быў ён, а не iмпэратар, бо ён мусiў судзiць таксама i iмпэратара, яго ж судзiў толькi Бог. Папа Банiфацы VIII надаў гэтай думцы крайняе выражэньне ў буле «Unam sanсtam» (1302): «Духоўная ўлада павiнна прызначаць сьвецкую i судзiць яе, калi тая кепская... вось жа мы абвяшчаем, што кажная чалавечая iстота мусiць падпарадкоўвацца папу рымскаму, калi ня хоча загубiць кунегу сваёй душы; так мы кажам i ўставуем». Тут папа — найвышэйшая паўнамоцная iнстанцыя, унiвэрсальны манарх, i легiтымнасьць ягоных дамаганьняў вынiкае беспасярэдне з таго, што ён прызначаны Богам. Памякчонай формай гэтай папскай прэтэнзii на вярхоўную ўладу зьяўляецца апэляцыя да Канстанцінавага дару, згодна зь якой iмпэратар Канстанцiн перадаў папу Сыльвэстру iмпэратарскую ўладу, каб затым iзноў атрымаць яе з папавых рук. Фiлёлягi XV стагодзьдзя давялi, што дакумэнт, на якi спасылалася курыя, быў фальшыўкай.
Супрацьлежная пазыцыя, згодна зь якой права судзiць здабываецца мячом, ад самага пачатку ня мела пад сабой цьвёрдага грунту, бо яна супярэчыла iдэi ўнiвэрсальнай манархii: гэтая iдэя была па сутнасьцi адмаўленьнем магчымасьцi гвалтоўнага ўстанаўленьня справядлiвасьцi, паколькi тут якраз апошняя павiнна была грунтавацца на гвалце. Магчымым вырашэньнем гэтай дылемы была сакралiзацыя гвалту шляхам перамогi ў крыжовым паходзе, бо такая перамога нiбыта надаецца самiм Богам. Пасьпяховы крыжовы паход ператварыў звычную ўладу ўва ўзаконеную Богам уладу. Фрыдрых Барбароса пайшоў гэтым шляхам сакралiзацыi сваёй улады: ужо на iмпэрскiм сойме ў Ранкалii адбылося ператварэньне imperium у sacrum imperium, i калi падчас крыжовага паходу ён патануў у Салефе, то ён, несумненна, быў блiзкi да сваёй мэты. Але паколькi яму i ягоным канцлерам — у супрацьлежнасьць папству — не ўдалося разрозьнiць памiж сабой пасаду i асобу, разам з iмпэратарам захлынулася i частка ягонай iмпэрскай iдэi разам зь яе легiтымнасьцю.
Калi Дантэ ў другой кнiзе «Манархii» сьцьвярджаў, што ўнiвэрсальная манархiя выпала рымлянам з поўным правам, ён у пэўнай ступенi iзноў пераняў гэтую выстаўленую Штаўфамi думку, аддзялiўшы, аднак, пры гэтым iнстытут манархii ад асобы манарха. Уздым Рыму, як пiшуць гiсторыкi, адбыўся пры дапамозе цудаў. Цуды — гэта выяўленьне волi Бога, такiм чынам, Бог захацеў, каб Рым узвысiўся да ўнiвэрсальнай манархii; таму гэты ўздым справядлiвы. Дзякуючы цудам гвалт тут зрабiўся легiтымным i легiтымуецца посьпехам.
Канструкцыя Дантэ была тут разгледжана падрабязна таму, што адказы, якiя яна дае, i зьвязаныя зь iмi тэарэтычныя праблемы, распрацаваныя Эразмам, абатам дэ Сэн-П’ерам[3] i Русо, дагэтуль застаюцца актуальнымi. Дыскусiя па-ранейшаму вядзецца перадусiм вакол пытаньня, цi зьяўляецца прасторава абмежаваная i неўнiвэрсальная гегемонiя (або вярхоўная ўлада) якой-небудзь дзяржавы легiтымнай з увагi на сваю функцыю забесьпячэньня мiру (pax romana, pax britannica, pax americana, pax sovietica) або гаворка iдзе пра iмпэрыялiзм, схаваны пад маскай забесьпячэньня мiру. Цi абмяжоўваецца гэтая гегемонiя адным кантынэнтам (дактрына Манро), цi робiцца ўнiвэрсальнай, як, напрыклад, у iдэi Ф.Д.Рузвэльта пра «чатырох сусьветных палiцыянтаў» (параўн. Craig / George 1984, S. 125 f) — усё адно, пытаньне пра легiтымнасьць гегемонii адной дзяржавы над iншымi застаецца тым жа самым. Як на ўсходзе, так i на захадзе гегеманiчнае становiшча адпаведных вядучых дзяржаваў вынiкае з вайсковай моцы i гаспадарчых рэсурсаў. Цi надае гэта гегемонii дастатковую легiтымнасьць з пункту гледжаньня дзяржаваў-саюзьнiц, вiдавочна, залежыць ад канфрантацыi блёкаў: калi канфрантацыя абвастраецца, прызнаньне легiтымнасьцi расьце, калi канфрантацыя меншае, згортваецца i прызнаньне легiтымнасьцi. Праўда, пры трывалым мiрным стане гэтая канструкцыя функцыянуе кепска, бо нутраная гармонiя саюзу набываецца за кошт абвостранай вонкавай канфрантацыi (параўн. Bender 1981).
Раўнавага сілаў
Iдэя забесьпячэння мiру шляхам раўнавагi сiлаў, што канкуруюць i канфлiктуюць адна з адной, зьяўляецца поўнай супрацьлежнасьцю забесьпячэньню мiру шляхам заснаваньня ўнiвэрсальнай дзяржавы. Тут адказ на пытаньне Quis judicabit даецца ня шляхам устанаўленьня пэрсаналiзаванай вырашальнай iнстанцыi, а шукаецца ў мэханiчным збалянсаваньнi сiлаў, прычым вайна як ultima ratio не выключаецца. Iдэя раўнавагi сiлаў заўсёды зьвязвалася з вобразам шаляў (параўн.Vagts 1979, S. 144): мэркантыльнае ўстанаўленьне балянсаў у галiне эканомiкi i мадэль мяшанай канстытуцыi зь яе checks and balances у нутраной i канстытуцыйнай палiтыцы ў якасьцi раўнавагi сiлаў былi перанесеныя на мiжнародныя дачыненьнi. Месца гiерархiчна структураванай мадэлi ўнiвэрсальнай дзяржавы тут заступае эгалiтарная мадэль палiтычнага плюралiзму, дакладна збалянсаванай сыстэмы дзяржаваў. Крэйг i Джордж выстаўлялi тры перадумовы функцыянаваньня гэтай сыстэмы (1984, S. 19): рэгулярнае войска ў кажнай дзяржаве, дзейсная адмiнiстрацыя i палiтыка ў адпаведнасьцi з прынцыпамi дзяржаўных iнтарэсаў. Такiм чынам, мiратворчае ўзьдзеяньне раўнавагi сiлаў грунтуецца на мiлiтарызацыi, эфэктыўнасьцi i скрупулёзным перасьледаваньнi сваiх iнтарэсаў. Iнакш кажучы, забесьпячэньне мiру тут адбываецца шляхам падрыхтоўкi да вайны, i кажная вайна зьяўляецца, у адпаведнасьцi зь лёгiкай сыстэмы раўнавагаў, хутчэй вынiкам недастатковай узброенасьцi ахвяры, чымся вынiкам нястачы волi да мiру ў агрэсара.
З гэтай прычыны як бальшыня асьветнiкаў, так i Iмануэль Кант у сваёй працы «Аб вечным мiры» крытыкавалi мадэль раўнавагi, адмаўлялi яе мiратворчае ўзьдзеяньне i замест гэтага рабiлi стаўку на саюз дзяржаваў, якi быў выразна блiжэйшы да ўнiвэрсалiсцкай мадэлi, чымся да мадэлi раўнавагi. Рэгулярныя войскi, адно зь перадумоваў функцыянаваньня раўнавагi, мусяць быць скасаваныя, «бо яны, — пiсаў Кант (Bd. 9, S. 197), — бесьперапынна пагражаюць iншым дзяржавам вайной, пастаяннай гатоўнасьцю да яе; яны змушаюць дзяржавы перасягаць адна адну ў колькасьцi салдатаў, i, калi ў вынiку выдаткаў на ўзбраеньне мiр урэшце робiцца цяжэйшым за кароткую вайну, якраз яны зьяўляюцца прычынай агрэсiўных войнаў, накiраваных на пазбаўленьне ад гэтага цяжару».
У сапраўднасьцi раўнавага сiлаў забясьпечыла хутчэй палiтычную плюральнасьць, чымся мiр у Эўропе. Людвiг Дэгiё кажа пра пасьлядоўныя гегеманiчныя памкненьнi Гiшпанii, Францыi (Люi XIV), Англii (Пiт)[4] i iзноў Францыi (Напалеон), якiя ўсе разьбiлiся аб эўрапейскi мэханiзм раўнавагi. Аднак нельга не прызнаць гэтаксама i таго, што старая сыстэма раўнавагi ў Эўропе на працягу XVIII стагодзьдзя хаця i не прадухiлiла, але моцна абмежавала войны. Магчыма, Венскi кангрэс (1815 г.) паставiў сабе за мэту «аднаўленьне раўнавагi» таксама i з той прычыны, што пасьля Напалеонавых войнаў яе ўзьдзеяньне разглядалася як мiратворчае (параўн. Craig/George 1984, S. 43 ff).
Пiк узьдзеяньня прынцыпу раўнавагi, несумненна, наступiў у XIX стагодзьдзi пасьля Венскага кангрэсу; але ўжо ў Утрэхцкiм мiры (1712 г.) гэтая раўнавага была зафiксаваная дамовай: мiр быў заключаны «ad conservandum in Europa equilibrium» (Vagts 1979, S. 142). Яшчэ за два з паловай стагодзьдзi да гэтага гаворка пра раўнавагу вялася ў Iталii; у адпаведнасьцi з гэтым прынцыпам дзейнiчалi пры заключэньнi мiру ў Лёды (1454 г.)[5]: Фiлiп дэ Камiн у сваiх «Mémoires» першы апiсаў мэханiзм раўнавагi:
«Наагул кажучы, мне здаецца, што Бог не стварыў на гэтым сьвеце нiкога, анi чалавека, анi жывёлы, каму б ён ня даў працiўнiка, якога трэба трымаць у пакоры i ляку... Бо францускаму каралеўству ён даў працiўнiкамi ангельцаў, ангельцам — шатляндцаў, а Гiшпанскаму каралеўству — Партугалiю... Трэба ведаць, што з прычыны сапсутасьцi людзей, упаасобку вялiкiх, якiя анi не пазналi самiх сябе, анi ня вераць у iснаваньне Бога, неабходна, каб кажны манарх або князь меў свайго працiўнiка, каб трымаць яго ў ляку i пакоры; бо iначай нiхто ня зможа жыць анi сярод iх, анi побач зь iмi» (цыт. паводле Vagts 1979, S. 133 f).
Неўзабаве прынцып дзеяньня раўнавагi апiсалi Мак’явэлi i Гвiчыярдынi — без усякiх рэлiгiйных нотак, што дало магчымасьць у створаных Лярэнца дэ Мэдычы бiяграфiчных партрэтах апошнiх выявiць iх як палiтычных архiтэктараў iталійскай раўнавагi. Тым самым Мак’явэлi i Гвiчыярдынi ператварылi раўнавагу з боскага дару, як яе разумеў Камiн, у палiтычны артэфакт. У палiтычных аналізах абодвух разам з гэтым упершыню высьветлiлася, што сыстэма раўнавагi мае кансэрватыўнае ўзьдзеяньне ўнутры асобных дзяржаваў (увогуле пра гэта Fetscher 1973, S. 30 f).
Зь пераносам мэханiзмаў раўнавагi на Эўропу (канфлiкт памiж Францыяй i Габсбургамi) i ўтварэньнем эўрапейскай сыстэмы дзяржаваў (параўн. Fueter 1972) ролю стабiлiзатара раўнавагi пераняла Англiя: Англiя набыла вырашальнае значэньне ў эўрапейскай раўнавазе перадусiм дзякуючы свайму астраўному становiшчу (параўн. Elliot 1980, passim). Герцаг дэ Раан у творы «De l’interest es princes et Etats de la chrestienté» (1638) апiсаў эўрапейскiя дачыненьнi як раўнавагу памiж Гiшпанiяй i Францыяй, вакол якiх групуюцца iншыя дзяржавы:
«Усе iншыя дзяржавы найбольш зацiкаўленыя ўва ўтрыманьнi раўнавагi памiж гэтымi манархiямi такiм чынам, каб нiводная зь iх анi зброяй, анi празь перамовы нiколi не атрымала значнай перавагi. Толькi на гэтай раўнавазе грунтуецца спакой i бясьпека ўсiх iншых» (цыт. паводле Windelband 1964, S. 27).
Утрыманьне шаляў у раўнавазе не выключае вядзеньня пры нагодзе прэвэнтыўнай вайны. Мэханiзм раўнавагi i вучэньне аб справядлiвай вайне супярэчылi адно аднаму. Фрэнсыс Бэкан усьведамляў гэта:
«Ня варта прыслухоўвацца да меркаваньняў некаторых навукоўцаў, якiя сьцьвярджаюць, што справядлiвая вайна можа быць толькi вынiкам папярэдняй вераломнасьцi або правакацыi. Абгрунтаваны ляк перад небясьпекай — нават калi яшчэ не адбыўся абмен ударамi — несумненна, зьяўляецца законнай падставай да вайны» (цыт. паводле Walzer 1982, S. 123).
Згодна з гэтым вайна зьяўляецца пытаньнем дзяржаўных інтарэсаў, i тэорыя справядлiвай вайны стаецца, такiм чынам, састарэлай. Апраўданьне вайны ўжо ў тым, як зазначыў Дэвiд Юм у сваёй працы «On Balance», што адзiн бок баiцца, што iншы бок на доўгi час зробiцца магутнейшым за яго. Вайна, вынiкаючая з гэтае прычыны, таксама справядлiвая. Эдмунд Бёрк зрабiў з гэтага адпаведныя высновы i пачаў шукаць заданьні раўнавагi хутчэй у забесьпячэньнi свабоды, чымся ў забесьпячэньнi мiру: «Раўнавага сiлаў, — пiсаў ён у 1760 г., — гонар сучаснай палiтыкi..., была вынайдзена, каб забясьпечваць усеагульны мiр i свабоду Эўропы, ахоўвала выключна свабоду; яна была крынiцай незьлiчоных i безвынiковых войнаў» (цыт. паводле Walzer 1982, S. 122). Фрыдрых Генц, нямецкi перакладнік Эдмунда Бёрка, у прынцыпе далучыўся да ягонага пункту гледжаньня, назваўшы раўнавагу ў сваiх «Фрагмэнтах найноўшай гiсторыi палiтычнай раўнавагi ў Эўропе» (1806) «асноўным законам эўрапейскiх дзяржаваў», «з прычыны якога нiводная зь iх ня можа рабiць шкоды незалежнасьцi або сутнасным правам iншай дзяржавы без актыўнага супрацiву зь якога-небудзь боку i ў вынiку гэтага безь небясьпекi для сябе самой» (цыт. паводле Windelband 1964, S. 26).
Малыя, адносна бясьсiльныя дзяржавы ў вынiку гэтай дактрыны таксама бясьпечна жылi пад дахам эўрапейскай раўнавагi, бо ў выпадку пагрозы з боку адной вялiкай дзяржавы iх баранiла iншая — не з прычыны гуманнасьцi або прыхiльнасьцi да незалежнасьцi малых дзяржаваў, а толькi з прычыны ўласнае карысьцi, а менавiта, каб не дазволiць працiўнiку праз анэксiю меншых дзяржаваў зрабiцца мацнейшым i ўрэшце дасягчы абсалютнай перавагi. «Палiтычныя iнтарэсы, прыцягненьнi i адштурхоўваньнi, — пiсаў Кляўзэвiц пра гэты час (1980, S. 968), — разьвiлiся ў вельмi вытанчаную сыстэму, так што нiводны гарматны стрэл у Эўропе ня мог адбыцца без удзелу ўсiх урадаў. Такiм чынам, новы Аляксандар мусiў бы побач са сваiм мячом трымаць добрае пяро, але падчас сваiх заваёваў ён бы паслугаваўся iм досыць рэдка».
У сваёй дыфэрэнцыяванай форме тэорыя раўнавагi была сфармуляваная прыкладна тады, калi Адам Смiт сфармуляваў тэорыю свабоднай рынкавай эканомiкi, i абедзьве яны грунтуюцца на аднолькавых базавых перакананьнях: калi кажны пасьлядоўна перасьлядуе толькi свае iнтарэсы, пры гэтым дасягаецца — арганiзаваны як бы «нябачнай рукой» — усеагульны дабрабыт. Гучалi, праўда, перасьцерагаючыя галасы, як, напрыклад, голас сатырыка Джонатана Свiфта, якi называў эўрапейскую раўнавагу будынкам такой хiтрадумнай канструкцыi, што ён разбурыцца, калi на яго сядзе нават верабей. Гэтым вераб’ём быў у адным выпадку Напалеон, у другiм — Сэрбiя.
Хаця i ў розных канстэляцыях, але дасягнутая на Венскiм кангрэсе раўнавага сiлаў у Эўропе трымалася да 1914 году. Крэйг i Джордж (1984, S. 42 ff) адрозьнiваюць тры галоўныя фазы гэтай раўнавагi: спачатку пэрыяд, на працягу якога на адным баку шаляў стаялi лiбэральныя Англiя i Францыя, а на другiм — кансэрватыўныя Прусiя, Расiя i Аўстра-Вугоршчына. Нягледзячы на гэтую канцэнтрацыю сiлаў на двух полюсах, сыстэма раўнавагi не зрабiлася бiпалярнай i дачыненьнi памiж краiнамi «эўрапейскай пэнтархii» былi шматгранныя: так, анi Прусiя, анi Аўстра-Вугоршчына не ўмяшалiся на баку Расii ў Крымскую вайну. Адносная тэндэнцыя да палярызацыi ў далейшым аслабiлася падчас знаходжаньня Бiсмарка на пасадзе канцлера Нямецкай iмпэрыi. Пасьля пасьпяховага заснаваньня iмпэрыi Бiсмарк абвясьцiў, што Нямеччына дасягнула сваёй найважнейшай мэты i дзякуючы гэтаму, а таксама з прычыны сваёй адноснай перавагi ў Эўропе, iмпэрыя прэтэндуе на ролю гаранта i стабiлiзатара раўнавагi. Становiшча зьмянiлася напрыканцы XIX стагодзьдзя, калi наступнiкi Бiсмарка ўзялi назад тэзыс пра дасягненьне найважнейшай мэты i зьвязаную зь iм «тэрытарыяльную гарантыю» i — агрэсiўна прынамсi на словах — паспрабавалi ўмяшацца ў мiжнародную палiтыку. У гэты час адбылася палярызацыя суадносiнаў сiлаў у Эўропе на дзьве вялiкiя сыстэмы саюзаў: на адным баку апынулiся Нямецкая iмпэрыя, Аўстра-Вугоршчына i Iталiя (Траiсты саюз), на другiм — Англiя, Францыя i Расія (Антанта). Пачатак вялiкай гонкі узбраеньняў у Эўропе супадае з гэтай палярызацыяй.
Здаецца, бiпалярная раўнавага дае больш моцны штуршок для гонкi ўзбраеньняў, чымся шматполюсная (iх агульнае адрозьненьне гл. у: Aron 1963, S. 166 ff). «Сыстэма шматполюснай раўнавагi, — пiша Арон (тамсама, S. 186), — мае тэндэнцыю да стабiлiзацыi дачыненьняў памiж адзiнкамi, якiя ўзаемна прызнаюць адна адну, i да абмежаваньня канфлiктаў, падчас якiх назiраецца супрацьстаўленьне гэтых адзiнак». Пры шматполюснай раўнавазе павелiчэньне ўзбраеньняў адной дзяржавы можа не кампэнсавацца «даўзбраеньнем» другой дзяржавы, калi якая-небудзь дзяржава, што была дагэтуль саюзьнiцай першай, адмяжоўваецца ад яе i такiм чынам нiвэлюе прырост ваеннай моцы. Пры бiпалярнай раўнавазе, насупраць, павелiчэньне ўзбраеньняў, як правiла, тоеснае павелiчэньню магутнасьцi. З пункту гледжаньня канцэпцыi iдэальных тыпаў, павелiчэньне ўзбраеньняў пры шматполюснай раўнавазе вядзе да палiтычнай iзаляцыi, г.зн. як правiла, да аслабленьня вайсковага патэнцыялу, тым часам як пры бiпалярнай раўнавазе павелiчэньне ўзбраеньняў беспасярэдне ўвасабляецца ўва ўзмацненьні палiтычнага ўплыву. Такiм чынам, у першым выпадку палiтычныя санкцыi стрымліваюць сьпiраль гонкi ўзбраеньняў, у другiм выпадку яна паскараецца ваеннымi гратыфiкацыямi.
Пасьля заканчэньня другой сусьветнай вайны ўтварыўся бiпалярны распадзел у глябальным маштабе, якi, з аднаго боку, прадухiлiў «Вялiкую вайну», а з другога боку — крыў у сабе заўсёдную небясьпеку канфлiкту (параўн. Lukacs 1970, S. 15 ff, а таксама Bracher 1979, S. 286 ff). Варшаўскi пакт i Паўночна-Атлянтычны пакт (параўн.Grosser 1978), у iншых выпадках аддзеленыя адзiн ад аднаго нэўтральнымi дзяржавамi з «буфэрнай функцыяй» (Швэцыя, Аўстрыя, Югаславiя), беспасярэдне сутыкаюцца адна з адной у Нямеччыне, якая выклікала другую сусьветную вайну i была пераможаная. Небясьпека ператварэньня палiтычных канфлiктаў у ваенныя тут, натуральна, найбольшая: ува ўсiх ваенных сцэнарох Нямеччына зьяўляецца «галоўным тэатрам ваенных дзеяньняў». З канцом халоднай вайны i пачаткам паступовага распружаньня памiж Захадам i Ўсходам пасьля кубiнскага крызысу распружылася i сытуацыя з абедзьвюма нямецкiмi дзяржавамi. Засталася патэнцыйная небясьпека. Варыянты яе прадухiленьня сягаюць ад патрабаваньня ўмацаваньня саюзу i шчыльнай лучнасьцi з ЗША шляхам узмацненьня ўласнай вагi Эўропы (Bender 1981) да лiквiдацыi сыстэмаў саюзаў i наданьня Цэнтральнай Эўропе статусу нэўтральнай тэрыторыi (Löser / Schilling,1984). Iншым варыянтам распружаньня была палiтыка амэрыканскага мiнiстра замежных справаў Кiсынджэра, якую Крэйг i Джордж iнтэрпрэтавалi як спробу пераадолець палiтычную бiпалярнасьць сьвету i шляхам уключэньня ў адну сыстэму Кiтаю, Японii i Эўропы дасягчы новай шматполюснай раўнавагi на глябальным узроўнi.
Крэйг i Джордж адзначылi яшчэ адно адрозьненьне памiж старой шматполюснай раўнавагай у Эўропе i новай бiпалярнай раўнавагай у глябальным маштабе: «рэвалюцыю ў дыпляматыi», якая адбылася разам з расейскай кастрычнiцкай рэвалюцыяй. Для маладога Савецкага Саюзу дыпляматыя была больш, «чымся iнструмэнт для аховы i падтрымкi нацыянальных iнтарэсаў; яна была зброяй у бесьперапыннай барацьбе супраць капiталiзму» (1984, S. 105). Аднак ня толькi Савецкi Саюз, але i Гiтлер карыстаўся дыпляматыяй па-рэвалюцыйнаму, дзеля чаго Крэйг i Джордж адрозьнiвалi «дыпляматыю таталiтарных i дэмакратычных дзяржаваў» (тамсама, S.102 ff). Думаецца, тым ня менш, што гаворка тут iдзе хутчэй пра супярэчнасьці паміж накіраванай на дасягненьне нацыянальных iнтарэсаў, з аднаго боку, i iдэалягiчна абумоўленай, з другога боку, дыпляматыяй, чымся пра «дэмакратычную» i «таталiтарную» дыпляматыю. Так, дыпляматычная актыўнасьць дзяржаваў, якiя пасьлядоўна, але з рацыянальным разьлiкам, г.зн. узважваючы шкоду i карысьць, бароняць свае iнтарэсы, прынцыпова адрозьнiваюцца ад дыпляматычнай дзейнасьцi тых дзяржаваў, для якiх дыпляматыя зьяўляецца адным з сродкаў ажыцьцяўленьня вялiкай мэты — мэты, дзеля якой варта паставiць на карту нават iснаваньне дзяржавы. У адпаведнасьцi з гэтым Крэйг i Джордж адрозьнiваюць стратэгiю, зарыентаваную на кампрамiс, i максымалiсцкую стратэгiю.
«Дыпляматы з грамадзтваў з камэрцыйнымi традыцыямi часта карыстаюцца зарыентаванай на кампрамiс стратэгiяй выгандлёўваньня, г.зн. яны пасуляюць што-небудзь i патрабуюць наўзамен ненашмат болей за тое, што яны лiчаць мэтазгодным i прымальным для iншай дзяржавы. У супрацьлежнасьць гэтаму, прадстаўнiкi рэвалюцыйнай або таталiтарнай палiтычнай культуры часта трымаюцца максымалiсцкай стратэгii, г.зн. яны пасуляюць як мага менш i вымагаюць як мага больш ды не саромяцца здацца няўрымсьлiвымi, не саромяцца запалохваць або зьневажаць» (1984, S.183).
Праблема самых раньнiх двухбаковых перамоваў памiж ЗША i СССР пра кантроль над узбраеньнямi i абмежаваньне ўзбраеньняў была, здаецца, разам зь iншым i ў тым, што абодва бакi прыпiсвалi адзiн аднаму выкарыстоўваньне максымалiсцкай стратэгii ў сваёй дыпляматычнай дзейнасьцi. Не зважаючы на тое, цi было так у сапраўднасьцi — а калi так, то ў якiм маштабе — боязь, што другi бок вытлумачыць зарыентаванае на кампрамiс вядзеньне перамоваў як слабасьць, была адной з галоўных перашкодаў у перамовах пра кантроль i абмежаваньне ўзбраеньняў ды дагэтуль замiнае любым «прарывам».
4. Дзьве вонкавапалітычныя школы: ідэалісты і рэалісты
Хаця супярэчнасьць памiж iдэалiстамi i рэалiстамi як палiтычнымi школамi ўзьнiкла ў ЗША толькi ў гэтым стагодзьдзi, супярэчлiвасьць адказаў на пытаньне аб сутнасьцi палiтыкi прасякае ўсю гiсторыю палiтычнага мысьленьня ад яго пачаткаў: на адным баку стаяў Плятон, якi ў сваiх этычна-палiтычных творах («Палiтэя», «Законы») выставiў тэзыс аб тым, што толькi праз арыентацыю (добраахвотную або вымушаную) чалавека на iдэю справядлiвасьцi можна дасягчы стану гармонii i мiру — i ажыцьцяўленьне гэтага iдэалу магчымае ў палiтыцы. На другiм баку стаiць Фукiдыд, якi ў апiсаньнi Пэляпанэскай вайны кiруецца тэзысам аб тым, што ўлада i гвалт складаюць самастойную сфэру палiтыкi, у якой апэляцыi да этычных перакананьняў i маральных аргумэнтаў зьяўляюцца бессэнсоўнымi ў прынцыпе. Згодна з Плятонам, заданьне палiтыкi палягае ў тым, каб ажыцьцявiць у грамадзтве пастаўленую этыкай мэту справядлiвасьцi (дзеля чаго палiтыка тут не зьяўляецца самастойнай сфэрай i ня можа прэтэндаваць на статус самастойнай навуковай дысцыплiны, а застаецца толькi галiной этыкi). Згодна з Фукiдыдам, палiтыка зьяўляецца суплётам уладных зносiнаў i актаў гвалту, накіраваных на працяг iснаваньня i пашырэньне ўплыву палiтычных суб’ектаў. Iдэалiсты ў азначаным тут сэнсе не аспрэчваюць, што гвалт зьяўляецца галоўным сродкам палiтычнай дзейнасьцi; але яны паставiлi сабе за мэту рана цi позна выключыць гэты сродак з палiтыкi i лiчаць прынцыпова магчымым дасягненьне гэтае мэты, прычым пасьля скiданьня першай атамнай бомбы зьвязваюць гэтае перакананьне з тым, што чалавецтва павiнна дасягчы гэтае мэты пад страхам згiбеньня (Schell 1982, S. 252 ff). Рэалiсты (як правiла) не бяруць пад сумнеў, што мiр i справядлiвасьць — высокiя мэты, да якiх трэба iмкнуцца; але яны аспрэчваюць магчымасьць дасягненьня гэтых мэтаў паўсюль i на доўгi час: гвалт, магчыма, зьнiкне з нутраных дачыненьняў палiтычнай супольнасьцi, але затое ён, узмацнiўшыся, перакiнецца на вонкавыя дачыненьнi. Канструкцыя дзяржавы, якую Томас Гобс адлюстраваў у сваiм «Левiятане», дакладна адпавядае гэтаму меркаваньню. Таму, згодна з крэдам рэалiстаў, ад гвалту як сродку палiтыкi нельга адмовiцца. Iдэалiсты перакананыя ў тым, што гвалт можна аднесьцi да катэгорыi права, i ў канцавым вынiку ўлада як самастойная велiчыня таксама расплывецца ў справядлiвым ладзе; рэалiсты, насупраць, схiляюцца да скептычнага тэзысу аб тым, што права (часта) iдзе за гвалтам, а ўлада — спрадвечная і пастаянная велiчыня палiтыкі. У дачыненьнi да сучасных дэбатаў на тэму вайны й міру гэта значыць наступнае: iдэалiсты выступаюць (сур’ёзна i ня толькi з прапагандысцкiх прычынаў) за мэту поўнага раззбраеньня, тым часам як рэалiсты хочуць стабiлiзаваць раўнавагу запалохваньня (на як мага нiжэйшым узроўнi).
Iдэалісты
Iдэалiзм як замежнапалiтычная школа перажыў свой росквiт у эру амэрыканскага прэзыдэнта Вудра Ўiлсана, дзякуючы чаму яго нярэдка называюць i вiльсанiзмам. У вонкавапалiтычным iдэалiзьме, якi фармаваўся ў Злучаных Штатах, калi ў Эўропе бушавала першая сусьветная вайна, i, нягледзячы на гэта, усё ж глыбока ўкаранiўся ў палiтычнай культуры ЗША пасьля гэткiх гiстарычных здарэньняў, iдэя палiтычна-маральнага паляпшэньня сьвету зьлiваецца з пагардай да эўрапейскай палiтыкi сiлы i спадарожных ёй тэорыяў. Iдэалiзм грунтуецца на такім рашуча аптымiстычным дапушчэньнi, што «iснуюць унiвэрсальныя маральныя ўяўленьнi, i на базе гарманiзацыi дзяржаўных iнтарэсаў можна пабудаваць новы сусьветны парадак», прычым «ажыцьцяўленьне нацыянальных iнтарэсаў» у далейшым павiнна «замянiцца ўнiвэрсальнымi прынцыпамi» (Behrens / Noack 1984, S. 59). Месца сыстэмы нацыянальных дзяржаваў, гэткай велiчнай зьяўляецца пэрспэктыва, заступiць касмапалiтычная сусьветная супольнасьць, якая павiнна быць выбудавана хутчэй з iндывiдаў, чымся з палiтычных групаў (параўн. Herz 1959, S. 83). Вонкавая палiтыка накшталт кантынэнтальнай сiлавой палiтыкi, як яна выяўлялася (i ўслаўлялася) перадусiм у нямецкай гiстарыяграфii дасьледнікамi ад Леапольда фон Ранке да Гайнрыха фон Трайчке (параўн. Iggers 1971, S. 86 ff), павiнна быць заменена на заснаваную на праве сусьветную нутраную палiтыку. У гэтым сэнсе iдэалiзм таксама толькi з засьцярогай можна назваць «вонкавапалiтычнай» школай.
Мэтай iдэалiзму было i ёсьць пасьлядоўнае ды падрабязнае дасьледаваньне прычынаў эгаiстычных матываў i паводзiнаў iндывiдаў i групаў, iхнага iмкненьня да бясьпекi i iхных спэцыфiчных iнтарэсаў, а таксама iх пераадоленьне пры дапамозе раскрыцьця іх сутнасьці. Такiм чынам, гэтай мэтай зьяўляецца дасягненьне рацыянальнага iдэалу гарманiчнага палiтычнага ладу (параўн. Herz 1959, S. 49; таксама 1974, S. 40), якая вынiкае з патрабаваньня да палiтычных рашэньняў, у адпаведнасьцi зь якiм яны павiнны абумоўлiвацца не абмежаванымi iнтарэсамi iндывiдаў i групаў, а этычнымi меркаваньнямi, актуальнымi для ўсяго чалавецтва. У гэтым сэнсе лiбэральна-дэмакратычная мроя прэзыдэнта Ўiлсана аб глябальным палiтычным ладзе па-за ўсялякай сiлавой палiтыкай у роўнай ступенi супрацьстаяла як «рэвалюцыйнаму антыiмпэрыялiзму» Ленiна, так i «кантынэнтальнаму iмпэрыялiзму» i традыцыйнай сiлавой палiтыцы эўрапейскiх вялiкiх дзяржаваў — гэта не выключае, праўда, што iдэалы Ўiлсана таксама былi абумоўлены палiтычнымi iнтарэсамi (параўн. тэкст Д.Дынэра ў гэтай кнiзе).
Жадаючы замянiць мадэль мiжнароднага парадку раўнавагi сiлаў, вытвараную на працягу доўгага часу дзяржавамi, унiвэрсальнай сусьветнай супольнасьцю, iдэалiзм працягвае традыцыю фiлязофii Асьветніцтва, упаасобку Канта i дактрыны натуральнага права. Шляхам выразнага акцэнтаваньня этычных уяўленьняў аб мэтах, якiя супрацьстаўленыя мадэлi рацыянальна-эгаiстычнага перасьледаваньня сваiх iнтарэсаў, ён актуалiзуе цэнтральную iдэю клясычнай палiтыкi Арыстотэля (праўда, не ў дачыненьнi да полiсу, як у Арыстотэля, а да айкумэны). Яго аснавасяжная загана ў тым, што ён ня можа прапанаваць iншага шляху да дасягненьня сваiх палiтычных мэтаў апроч звароту да розуму iндывiда. У гэтым дачыненьнi яго таксама тычыцца крытычны закiд Дольфа Штэрнбэргера (1984), якi сьцьвердзiў, што iдэалiзм iмкнецца не да (рэальнага) мiру на аснове ўзаемапаразуменьня, а да (утапiчнага) мiру на аснове зьмяненьня ладу мысьленьня.
Рэалісты
Горкае расчараваньне ад няспраўджаных спадзяваньняў на глябальны мiр пасьля першай i другой сусьветных войнаў прывяло да ўзьнiкненьня ў ЗША ў саракавых i пяцьдзясятых гадох вонкавапалiтычнай школы рэалiзму, на якую вельмi моцна паўплывалi кантынэнтальныя, упаасобку нямецкiя, уяўленьнi аб гiсторыi i палiтыцы. Рэалiстычная школа пры гэтым абапiралася на разважаньнi гiсторыкаў Чарльза О.Бiрда (1939) i Эдварда Гелета Кара (1939). Кар крытычна прааналiзаваў заходнюю вонкавую палiтыку эры Лiгi нацыяў i назваў iлюзорнымi яе спадзяваньнi; Бiрд, выходзячы з эўрапейскай традыцыi дзяржаўных iнтарэсаў, iмкнуўся даць гiстарычна абумоўленую, зьмястоўна вызначаную дэфiнiцыю national interest у амэрыканскай вонкавай палiтыцы. У якасьцi блiжэйшай папярэднiцы рэалiзму трэба ўзгадаць кнiгу Нiкаласа Спiкмэна (1942), у якой раcпрацоўвалася агульная канцэпцыя амэрыканскай вонкавай палiтыкi, арыентаваная на мадэль раўнавагi.
Аднак толькi Нiбур i Моргентаў ажыцьцявiлi прарыў, у вынiку якога ўтварылася гэтая школа. Райнгальд Нiбур (1953, 1959), з адукацыi тэоляг, заатакаваў асноўныя пастуляты iдэалiстычнай школы, узяўшы пад сумнеў — адштурхоўваючыся ад Артура Шапэнгаўэра — тое, што розум зьяўляецца гаспадаром чалавечае волi, i замест гэтага зынтэрпрэтаваў яго як iнструмэнт гэтае волi, якi можа служыць як дабру, так i лiху. Такiм чынам, асноўная перадумова iдэалiстычнай канцэпцыi новага палiтычнага парадку, магчымасьць доўгачасовага разумовага кантролю палiтычнай волi, была пастаўлена пад сумнеў. Нiбур выводзiў са свайго тэзысу пра канстытутыўную недасканаласьць чалавека канстытутыўную недасканаласьць кажнай формы ўлады, дзеля чаго, на яго думку, найлепшай формай улады зьяўляецца канстытуцыянальнае разьдзяленьне ўладаў зь ягонай нібыта iнстытуцыялiзаванай засьцярогай ад памылак i ягонымі шматлiкiмi мэханiзмамi рэвiзii палiтычных рашэньняў. У галiне замежнай палiтыкi таксама i найвышэйшым iдэалам заўсёды пагражае небясьпека быць інструмэнтам прагматычнага ўласнага iнтарэсу пэўных сiлаў i заняпасьцi да прэтэнзiяў на iдэалягiчную абсалютнасьць — з разбуральнымi палiтычнымi вынiкамi.
Ганс Яахiм Моргентаў палiталягiчна сыстэматызаваў тэалягiчна-антрапалягiчныя разважаньнi Нiбура. Дзякуючы гэтаму паняцьце iнтарэсу, зразуметае як сiлавыя сродкi, неабходныя для ажыцьцяўленьня iнтарэсаў (the concept of interest defined in terms of power), стаецца ключавым паняцьцем, пры дапамозе якога можна адмежаваць сфэру палiтычнага ад iншых сфэраў (эканомiкi, этыкi i г.д.). Палiтычныя досьледы, згодна з Моргентаў, павiнны арыентавацца на тое, што палiтыка ў азначаным сэнсе зьяўляецца змаганьнем за ўладу. «Мiжнародная палiтыка, як i ўся палiтыка, зьяўляецца змаганьнем за ўладу. Якiмi б нi былi канчатковыя мэты мiжнароднай палiтыкi, беспасярэдняй мэтай заўсёды зьяўляецца ўлада» (1963, S. 69). Пры гэтым трэба разрозьнiваць палiтычную i ваенную ўладу: палiтычная ўлада, паводле Моргентаў, ёсьць псыхiчным стасункам памiж двума целамі, ваенная ўлада, насупраць, фiзычным стасункам памiж двума целамi. Моргентаў аспрэчвае тое, што ўлада ў iстотнай ступенi трацiць сваю сутнасьць пры канстытуцыйным кантролі над ёй: «Улада ёсьць панаваньнем чалавека над чалавекам незалежна ад таго, цi кiруецца яна, як у заходнiх дэмакратыях, маральнымi мэтамi i падпарадкоўваецца канстытуцыйным гарантыям, цi азначае яна бязьмежны i барбарскi гвалт, законам якога зьяўляецца толькi яго ўласная моц, а адзiным апраўданьнем — яго павелiчэньне» (1963, S. 50). Аб прынцыпова вышэйшым маральным становiшчы заходняй палiтыкi, як гэта сьцьвярджае iдэалiстычная мадэль, ня можа, згодна з Моргентаў, быць i гаворкi.
Тым ня менш Моргентаў не адмаўляў маральнага вымеру палiтыкi, але разумеў яго — у духу Макса Вэбэра — як маральную адказнасьць, а не як маральнае перакананьне: у дачыненьнi да палiтычных праблемаў важныя ня добрыя намеры, а толькi добрыя вынiкi.
«Палiтычны рэалiзм усьведамляе маральнае значэньне палiтычных учынкаў. Ён разумее немiнучую супярэчнасьць памiж маральнымi прынцыпамi i патрабаваньнямi пасьпяховай палiтычнай дзейнасцi. Рэалiзм баронiць пункт гледжаньня, згодна зь якiм унівэрсальныя маральныя прынцыпы ў абстрактнай, агульнапрынятай фармулёўцы ня могуць стасавацца да дзяржаўных рашэньняў, а мусяць разглядацца ў сьвятле канкрэтных часавых i прасторавых умоваў. Няма палiтычнай маралi без разважлiвасьцi — г.зн. без улiку палiтычных вынiкаў звонку маральна апраўданага спосабу дзеяньняў» (1963, S. 50 f).
Гэта было аднаўленьне кантынэнтальна-эўрапейскай тэорыi дзяржаўных iнтарэсаў i зьвязанага зь ёй уяўленьня пра раўнавагу сiлаў, мадыфiкаванае маральнымi меркаваньнямi. Пры мiнiстру замежных справаў Генры А.Кiсынджэру амэрыканская палiтыка найболей наблiзiлася да сфармуляваных рэалiстычнай школай намераў i патрабаваньняў.
Iдэалёгія і дзяржаўнасьць
Пачынаючы ад паступовага затуханьня прапаганды крыжовых паходаў на зыходзе Сярэднявечча i разьвiцьця эўрапейскай сыстэмы дзяржаваў, двух гiстарычна ў значнай меры паралельных працэсаў, вонкавая палiтыка эўрапейскiх дзяржаваў стаецца па сутнасьцi вольнай ад iдэалягiчных (наддзяржаўных) абавязкаў i патрабаваньняў. Iнтарэсы дзяржавы зрабiлiся апошняй iнстанцыяй для палiтычных рашэньняў, як гэта прадугледжвала тэорыя дзяржаўнае бясьпекi. Гэта адкрыта выявiлася i падчас рэлiгiйных войнаў у Эўропе, калi каталiцкiя i пратэстанцкiя дзяржавы — у адпаведнасьцi зь iхнымi тагачаснымi iнтарэсамi — заключылi адпаведныя дамовы памiж сабой.
З Францускай рэвалюцыяй i антырэвалюцыйнай iнтэрвэнцыяй эўрапейскiх дзяржаваў на (вонкава-)палiтычную сцэну вярнулася iдэалёгiя. «Iснуе ня толькi зачараваньне ўладай, — пiша Карл Роэ (Pipers Wörterbuch zur Politik, Bd. 5, S. 197), — але i зачараваньне iдэалёгiяй, якое, праўда, можа разьвiцца толькi тады, калi iдэалёгiя праводзiцца ня проста пры дапамозе маны i голай прапаганды, але мае пэўную, заўсёды зьменлiвую прывязку да грамадзкiх рэалiяў i iдэалаў». Сутыкненьне рэвалюцыйнай Францыi i кансэрватыўных iнтэрвэнтаў было больш чымся канфлiктам двух дзяржаўна-палiтычных iнтарэсаў: гэта было супрацьстаяньне дзьвюх прынцыпова розных канцэпцыяў палiтычнага ладу. Аднак iдэалягiчная супярэчнасьць неўзабаве iзноў ператварылася ў звычайны канфлiкт дзяржаўна-палiтычных iнтарэсаў зь некаторымi iдэалягiчнымi элемэнтамi.
Эўрапейская сыстэма раўнавагi да Францускай рэвалюцыi i пасьля Венскага кангрэсу функцыянавала не ў апошнюю чаргу дзякуючы таму, што ўсе бакi зыходзiлiся ў прынцыповых уяўленьнях пра палiтычны парадак, у вынiку чаго палiтычныя канфлiкты зводзiлiся да разыходжаньня памiж iнтарэсамi i прэтэнзiямi. Гэта рабiла магчымым вядзеньне перамоваў, г.зн. канфлiкты можна было вырашаць дыпляматычным шляхам. У супрацьлежнасьць гэтаму, догматы i iдэалягiчныя перакананьнi несумяшчальныя зь вядзеньнем перамоваў; там, дзе яны сутыкаюцца адно з адным, з iнструмэнтальнага канфлiкт перарастае ў экзыстэнцыяльны.
У адпаведнасьцi з гэтым трэба адрозьнiваць супярэчнасьцi iнтарэсаў ад супярэчнасьцяў сыстэмаў; першыя вызначаюцца дзяржаўна-палiтычнымi меркаваньнямi, апошнiя — iдэалягiчнымi фактарамi. Праўда, толькi ў найрадчэйшых выпадках адзiн з гэтых двух тыпаў канфлiктаў можна назiраць у чыстай форме; у XX стагодзьдзi амаль да кажнай дзяржаўна-палiтычнай супярэчнасьцi прымешваюцца iдэалягiчныя моманты. I наадварот, амаль кажны канфлiкт сыстэмаў на пэўным узроўнi зьвязаны з канфлiктам iнтарэсаў. Пры гэтым удзельная вага абедзьвюх мадэляў канфлiкту ў межах пэўнага канфлiкту лёгка можа зьмяняцца зь цягам часу. Так, напрыклад, першая сусьветная вайна пачалася практычна як канфлiкт дзяржаўна-палiтычных iнтарэсаў; але ўжо ў хуткiм часе яна перарасла — так, прынамсi, сьцьвярджалi прапагандысты абодвух бакоў — у канфлiкт сыстэмаў (параўн. Tuchman 1981, insbes. S. 365 ff). З другога боку, апошнiм часам усё болей чуюцца галасы, якiя настойваюць на тым, што супярэчнасьць памiж Усходам i Захадам iзноў ператвараецца ў канфлiкт iнтарэсаў, калi яна ўвогуле не зьяўляецца iдэалягiчна замаскаваным канфлiктам iнтарэсаў. Пасьля таго як доўгi час пераважалi iдэалягiчныя мадэлi тлумачэньня канфлiкту (свабода / няволя), у апошнiя гады на пярэднi плян мацней высунулiся дзяржаўна-палiтычныя iнтэрпрэтацыйныя падыходы (напр., iмкненьне атрымаць доступ да цёплых мораў; адцясьненьне ад атлянтычных i цiхаакiянскiх камунiкацыяў) (параўн. Link 1980).
Гэтаму адпавядае рэабiлiтацыя нацыянальных дзяржаваў як носьбiтаў палiтычных рашэньняў на мiжнародным узроўнi, якая ўзмацнiлася ў апошнiя гады. Яшчэ ў 50-х гадох палiтычны рэалiст Джон Г.Герц, напрыклад, канстатаваў усеагульнае разбурэньне «дзяржаўнасьцi» дзяржаваў, паколькi прынцып тэрытарыяльнасьцi як вызначальны крытэр дзяржаўнасьцi ўсё больш трацiў сiлу: узаемапранiкальнасьць, здольнасьць дзяржаваў да ўзаемапранiкненьня, скасавала дзяржаву як палiтычную адзiнку, межы якой можна вызначыць. Таму, паводле Герца, наўрад цi яшчэ магчыма выходзiць з таго, што нацыянальныя дзяржавы зьяўляюцца цэнтральнымi адзiнкамi мiжнароднай сыстэмы. Iснаваньне атамнай бомбы, на яго думку, зьяўляецца самым важным пярэчаньнем супраць угрунтаванага абаронай тэрыторыяў значэньня нацыянальных дзяржаваў; таму з гэтага часу насельнiцтва адной дзяржавы зьяўляецца пэрманэнтным атамным закладнікам другой: яго выжываньне залежыць не ад мiралюбства або ваеннай моцы ўласнае дзяржавы, а ад ляку або ваенна-стратэгiчнага разьлiку другой.
«Раней жыцьцё людзей, iх уласнасьць, iх спадзяваньнi i iх шчасьце былi зьвязаныя з доляй краiны, у якой яны жылi, i, такiм чынам, iх цiкавiла ў асноўным iх краiна i яе праблемы. Сёньня, калi зьнiшчэньне пагражае кажнаму, а менавiта яго самым кроўным, самым iнтымным i асабiстым iнтарэсам, дзяржаўная карысьць павiнна саступiць агульнай зацiкаўленасьцi ўсiх людзей у простым выжываньнi або, прынамсi, пачаць палемiку аб ім» (1974, S. 81). Герц выснаваў з гэтага тэндэнцыю да ўнiвэрсалiзму, прынамсi, да сыстэмы калектыўнай бясьпекi (тамсама, S. 73). Гэты прагноз быў вельмi блiзкi да «iдэалiстычных» спадзяваньняў, але ён угрунтоўваўся «рэалiстычна»: не асьвета i ўдасканаленьне людзей, а эгаiстычнае перасьледаваньне сваiх iнтарэсаў імі прывядзе да новага, унiвэрсальнага сусьветнага парадку.
Пазьней Герц усё ж перагледзеў свой прагноз:
«Тэорыю аб клясычнай тэрытарыяльнасьцi i фактарах, што пагражаюць яе iснаваньню, я падтрымлiваю. Але я ўжо ня ўпэўнены, цi зойме яе месца што-небудзь вельмi новае. Ёсьць сымптомы, якiя высьвечваюць зусiм iншы кiрунак: не да ўнiвэрсалiзму, а да звужэньня; не да ўзаемнай залежнасьцi, а да новай самадастатковасьці, да стану, у якiм тэрытарыяльная дзяржава ня трацiць свайго ўплыву, а вяртае яго; карацей кажучы, да новай тэрытарыяльнасьцi» (тамсама, S. 140).
З гэтай «нэатэрытарыяльнасьцi» Герц выснаваў наступнае: «У будучынi, у адпаведнасьцi з гэтым, функцыяй палiтычнай адзiнкi будзе забесьпячэньне iдэнтычнасьцi, абароны i дабрабыту насельнiцтва, карацей кажучы, легiтымная функцыя нацыi» (тамсама, S. 141). Ход падзеяў здаецца, таксама пацьвярджае, што нацыянальна-дзяржаўная арганiзацыя, пры ўсiм згортваньнi дзяржаўнага сувэрэнiтэту ў сфэрах эканомiкi i палiтычнай бясьпекi (адносна гэтага пытаньня параўн. тэкст Д.Дынэра ў гэтай кнiзе), дагэтуль засталася асноўным кiрункам мiжнароднай палiтыкi — магчыма, хутчэй у вынiку адсутнасьцi альтэрнатывы, чымся праз свае пераканаўчыя арганiзацыйныя дасягненьнi. Гэта, натуральна, найбольш выразна выяўляецца ў тым, што пратэст супраць блёкавай стратэгii запалохваньня ў Эўропе сфармаваўся на нацыянальна-дзяржаўным узроўнi.
Запалохваньне і раззбраеньне
У эпоху атамнай зброi i мiжкантынэнтальных ракетаў нiводная дзяржава ня можа эфэктыўна абаранiць сваё насельнiцтва ад нападаў патэнцыяльнага працiўнiка ваеннымi сродкамi. Успадкаваны ўзор палiтычнага мысьленьня, паводле якога прапарцыянальна ўласнай ваеннай моцы павялiчваецца абароненасьць насельнiцтва, — так i не даведзена, цi спраўджваўся гэты ўзор у такой форме калi-небудзь, — зрабiўся састарэлым. Што ваенная моц дзяржавы ўсё ж можа, дык гэта стварыць пагрозу зрабiць насельнiцтву працiўнiка тое ж самае, што працiўнiк прычынiць яе насельнiцтву. На гэтым узаемным захопе насельнiцтва ў закладнiкi грунтуецца прынцып запалохваньня. У адпаведнасьцi з гэтым трансфармавалася i мадэль раўнавагi: з раўнавагi (ваенных) сiлаў паўстала раўнавага (ядравага) жаху, пры якой вайна пэрманэнтна «ўяўляецца», бо яна нi ў якiм выпадку ня можа «весьцiся». На ўзор ведамай фармулёўкi Кляўзэвiца — «узброенае вырашэньне ўсiх вялiкiх i малых апэрацыяў вайны тое ж самае, што плацеж гатоўкай для менавага гандлю» (1980, S. 226) — Рэймон Арон назваў запалохваньне «абменам без плацяжу гатоўкай» (1980, S. 455); амэрыканскi аналiтык Томас Шэлiнг вызначыў стратэгiю ядравай эры як «умелае невыкарыстаньне гвалту» (1960, S. 9).
Ваеннае запалохваньне грунтуецца на здольнасьцi прычынiць патэнцыйнаму працiўнiку шкоду, большую за карысьць, якую могуць прынесьцi пасьпяховае ажыцьцяўленьне ваенных апэрацыяў i дасягненьне палiтычных мэтаў. У гэтым дачыненьнi дзейснае запалохваньне грунтуецца, як паказалi Крэйг i Джордж (1984, S.192 ff), на адной перадумове i трох iмпэратывах. Так, заўсёды маецца на ўвазе, што патэнцыйны працiўнiк — «рацыянальны» супернiк, якi перад пачаткам сваiх акцыяў складае каштарыс выдаткаў i прыбыткаў i ажыцьцяўляе iх «правiльную» калькуляцыю. Каб гэта было магчымым, запалохваючы бок (якi, у сваю чаргу, зьяўляецца i запалохваным бокам), мусiць задавальняць тром запатрабаваньням: ён мусiць падтрымлiваць праўдападобную i адчувальную пагрозу, ён мусiць паказваць цьвёрдую волю i рашучасьць да таго, каб пры пэўных абставiнах спраўдзiць гэтую пагрозу, i ён мусiць ясна абазначыць супрацьлежнаму боку свае жыцьцёвыя iнтарэсы i мэты. Тады i толькi тады запалохваньне зьяўляецца стратэгiяй прадухiленьня вайны. Калi адзiн з гэтых фактараў адсутнiчае, «блеф» можа ператварыцца ў ядравую эскаляцыю.
Праблема стратэгii запалохваньня ў тым, што тры запатрабаваньнi знаходзяцца ў лятэнтнай супярэчнасьцi міжсобку. Гэта можна паказаць на прыкладзе ўзаемасувязі памiж адчувальнасьцю i праўдападобнасьцю ядравай пагрозы (параўн. Schelling 1966): чым больш адчувальная ядравая пагроза, тым менш iмаверна, што яна будзе спраўджаная пры нязначных парушэньнях iнтарэсаў; але ж чым больш нязначная (i тым самым менш праўдападобная) пагроза прычыненьня шкоды за невялiкiя парушэньнi iнтарэсаў, тым меншы i эфэкт запалохваньня i, такiм чынам, тым большая рызыка эскаляцыi. Зьмены ў стратэгii NATO ад дактрыны massive retalitation (1954—1960) да flexible response (1961—1968) i ўрэшце да realistie deterrence (ад 1969) зьяўляюцца рэакцыямi на гэтую цэнтральную дылему стратэгii запалохваньня (параўн. Stichwort «Militärstrategie», in: Pipers Wörterbuch zur Politik, Bd. 5, S. 324 ff).
У мiнулыя гады ўпаасобку ў Эўропе выказвалася шырокая і грунтоўная крытыка стратэгii запалохваньня, прычым магчымасьць яе неспрацоўваньня ў вынiку ваенна-тэхналягiчных навацыяў (скарачэньне часу для раньняга папярэджаньня) або палiтычных канфлiктаў пачала разглядацца як значна больш iмаверная, чымся дагэтуль. Небясьпека таго, што пагроза запалохваньня перастане дзейнiчаць, зьяўляецца, згодна з Джонатанам Шэлам, недапушчальнай рызыкай, бо гэта можа азначаць ня толькi сьмерць мiльярдаў людзей, але i канец чалавецтва ўвогуле i будзе, такiм чынам, неабарачальным працэсам (1982, S. 110 ff, 166 f; а таксама Anders 1983, S. 170 ff). Крытыка стратэгii запалохваньня i патрабаваньне раззбраеньня (пры пэўных умовах аднабаковага) зьяўляецца найбольш распаўсюджанай формай дыстанцыяваньня ад палiтычных аргумэнтацыяў, якiя ўсьцяж будуюцца на магчымасьцi гвалту. Гэта адмаўленьне ад палiтычных парадоксаў (si pacem vis, para bellum) i круты паварот да прадказальных этычных пэрспэктываў. Таму таксама трошкi дзiўна, што напоўненая маральна-тэалягiчнымі аргумэнтамі кнiга Франца Альта «Мiр магчымы. Палiтыка нагорнай пропаведзi» атрымала шырокае прызнаньне, тым часам як уперад вядомасьць палiталягічных працаў, што зьмяшчаюць альтэрнатывы ваеннай абароне, была абмежаваная вузкiм колам спэцыялiстаў (параўн. Ebert 1968; ён жа 1971). Незалежна ад пытаньня, наколькi ўдала функцыянуе запалохваньне, незалежна таксама ад эканамiчных выдаткаў на яго, iснуе перакананьне, што ягоныя маральныя i псыхiчныя выдаткi (быць адначасова закладнікам i ўтрымальнiкам закладнікаў) нашмат большыя, калi ўвогуле не нязносныя.
Літаратурныя жаролы
Выкарыстаная літаратура
Anders, Günther 1983: Die atomare Bedrohung. Radikale Überlegungen. 4. durch ein Vorw. erw. Auflage von «Endzeit und Zeitende», München.
Arendt, Hannah 1970: Macht und Gewalt, München.
Aron, Raymond 1963: Frieden und Krieg. Eine Theorie der Staatenwelt, Frankfurt/M.
- 1980: Clausewitz. Den Krieg denken, Frankfurt/M. u.a.
Beard, Charles A. 1934: The Idea of National Interest, New York.
Behrens, Henning / Noack, Paul 1984: Theorien der internationalen Politik, München.
Bender, Peter 1981: Das Ende des ideologischen Zeitalters. Die Europäisierung Europas, Berlin.
Berve, Helmut 1967: Friedensordnungen in der griechischen Geschichte, München.
Bracher, Karl Dietrich 1979: Europa in der Krise. Innengeschichte und Weltpolitik seit 1917, Frankfurt/M. u.a.
Burnham, James 1950: Strategie des Kalten Krieges, Stuttgart.
Carr, Edward H. 1939: The Twenty Years’ Crisis 1919—1939, London.
Clausewitz, Carl von 1980: Vom Kriege, hrsg. und eingel. von W. Hahlweg, Bonn.
Craig, Gordon A. / George, Alexander L. 1984: Zwischen Krieg und Frieden. Konfliktlösungen in Geschichte und Gegenwart, München.
Dante Alighieri 1974: Monarchie (De Monarchia), übersetzt von C. Sauter, Aalen.
Dehio, Ludwig (o.J.): Gleichgewicht oder Hegemonie. Betrachtungen über ein Grundproblem der neueren Staatengeschichte, Krefeld.
Dülffer, Jost 1981: Regeln gegen den Krieg? Die Haager Friedenskonferenzen von 1899 und 1907 in der internationalen Politik, Berlin u.a.
Ebeling, Hans 1983: Rüstung und Selbsterhaltung. Kriegsphilosophie, Paderborn u.a.
Ebert, Theodor 1968: Gewaltfreier Aufstand. Alternative zum Bürgerkrieg, Freiburg.
— 1971: Vom passiven Widerstand zur sozialen Verteidigung, Wien / Trier.
Eberwein, Wolf-Dieter / Reichel, Peter 1976: Friedens- und Konfliktforschung. Eine Einfühmng, München.
Eibl-Eibesfeldt, Irenäus 1976: Der vorprogrammierte Mensch. Das Ererbte als bestimmender Faktor im menschlichen Verhalten, München.
— 1984: Krieg und Frieden aus der Sicht der Verhaltensforschung (überarb. Neu-ausg.), München.
Elliot, J.H. 1980: Das geteilte Europa, 1559—1598, München.
Fetscher, Iring 21973: Modelle der Friedenssicherung, München.
Foucault, Michel 1978: Dispositive der Macht, Berlin.
Friedensanalysen 11. Schwerpunkt: Kampf um die Weltmeere, Frankfurt/M. 1980.
Friedensanalysen 12. Der gerechte Krieg: Christentum, Islam, Marxismus, Frankfurt/M. 1980.
Fromkin, David 1977: Die Strategie des Terrorismus; in: M. Funke (Hrsg.), Terrorismus, Bonn, S. 83-99.
Fueter, Eduard 1972: Geschichte des europäischen Staatensystems von 1492-1559 (= Handbuch der mittelalterlichen und Neueren Geschichte, hrsg. von G. von Below und F. Meinecke, Abt. II, l), Osnabrück (Neudruck der Ausg. München/Berlin 1919).
Galtung, Johan 1971: Gewalt, Frieden und Friedensforschung; in: Dieter Senghaas (Hrsg.), Kritische Friedensforschung, Frankfurt/M., S. 55—104.
— 1975: Strukturelle Gewalt. Beiträge zur Friedens- und Konfliktforschung, Reinbek bei Hamburg.
Grosser, Alfred 1978: Das Bündnis. Die westeuropäischen Länder und die USA seit dem Krieg, München.
Herz, John H. 1959: Politischer Realismus und politischer Idealismus, Meisenheim / Glan.
— 1974: Staatenwelt und Weltpolitik, Hamburg.
Hume, David 1912: On the Balance of Power (1741); in: Essais: Moral, Political and Literary, Bd. l, London.
Iggers, Georg G. 1971: Deutsche Geschichtswissenschaft, München.
Kant, Immanuel 1970: Werke, hrsg. von W. Weischedel, 10 Bde., Darmstadt.
Kimminich, Otto 1985: Die Entstehung des neuzeitlichen Völkerrechts; in: Fetscher / Münkler (Hrsg.), Pipers Handbuch der politischen Ideen, München, S. 73—100.
Link, Werner 1980: Der Ost-West-Konflikt. Die Organisation der internationalen Beziehungen im 20. Jahrhundert, Stuttgart.
Löser, J. / Schilling, U. 1984: Neutralität für Mitteleuropa. Das Ende der Blöcke, München.
Lorenz, Konrad 1974: Das sogenannte Böse. Zur Naturgeschichte der Aggression, München.
Ludendorff, Erich 1980: Das Wesen des totalen Krieges; in: Günter Dill (Hrsg.), Clausewitz in Perspektive, Frankfurt/M. u.a., S. 511—519.
Lukacs, John 1970: Konflikte der Weltpolitik nach 1945 (= dtv-Weltgeschichte Bd. 12), München.
McNeill, William H. 1984: Krieg und Macht. Militär, Wirtschaft und Gesellschaft vom Altertum bis heute, München.
Meinecke, Friedrich 1976: Die Idee der Staatsräson in der neueren Geschichte, München / Wien.
Morgenthau, Hans J. 1963: Macht und Frieden. Grundlegung einer Theorie der Internationalen Politik, Gütersloh.
Münkler, Herfried 1980: Guerillakrieg und Terrorismus, in: Neue Politische Literatur, XXV. Jg., Heft 3, S. 299—326.
— 1982 a: Krieg und Frieden bei Clausewitz, Engels und Carl Schmitt; in: Leviathan, 10. Jg., Heft l, S. 16—40.
— 1982 b: Partisanen der Tradition; in: Der Monat Nr. 282, S. 109—119.
— 1985: Staatsraison und politische Klugheitslehren; in: Fetscher/Münkler (Hrsg.), Pipers Handbuch der politischen Ideen, München, S. 23—72.
Niebuhr, Reinhold 1953: Christian Realism and Political Problems, New York.
— 1959: The Structure of Nations and Empires, New York; dt.: Staaten und Großmächte, Gütersloh 1960.
Passet, Peter / Modena, Emilio 1983: Krieg und Frieden aus psychoanalytischer Sicht, Basel / Frankfurt/M.
Perrin, Noel 1982: Keine Feuerwaffen mehr. Japans Rückkehr zum Schwert, Frankfurt/M.
Šahovic, Milan 1977: Völkerrecht und Frieden; in: A. Große-Jütte / R. Jütte (Hrsg.), Entspannung ohne Frieden, Frankfurt/M., S. 37—55.
Schell, Jonathan 1982: Das Schicksal der Erde. Gefahr und Folgen eines Atomkriegs, München/Zürich.
Schelling, Thomas C. 1960: The Strategy of Conflict, Cambridge.
— 1966: Arms and Influence, New Haven.
Schmitt, Carl 1950: Der Nomos der Erde im Völkerrecht des Jus Publicum Europaeum, Köln.
— 1963: Theorie des Partisanen. Zwischenbemerkung zum Begriff des Politischen, Berlin.
— 1981: Land und Meer. Eine weltgeschichtliche Betrachtung, Köln-Lövenich.
Schnur, Roman 1983: Land und Meer — Napoleon gegen England. Ein Kapitel der Geschichte internationaler Politik; in: ders., Revolution und Weltbürgerkrieg, Berlin, S. 33—58.
Schroers, Rolf 1961: Der Partisan. Ein Beitrag zur politischen Anthropologie, Köln / Berlin.
Seidimayer, Michael 1965: Dantes Reichs- und Staatsidee; in: ders., Wege und Wandlungen des Humanismus, Göttingen, S. 33—46.
Senghaas, Dieter (Hrsg.) 1971: Kritische Friedensforschung, Frankfurt/M.
- 1972: Abschreckung und Frieden. Studien zur Kritik organisierter Friedlosigkeit, Frankfurt/M.
Spykman, Nicholas 1942: America’s Strategy in World Politics, New York.
Sternberger, Dolf 1984: Über die verschiedenen Begriffe des Friedens, Stuttgart.
Tuchman, Barbara 1981: August 1914. Der Ausbmch des Ersten Weltkriegs, Bergisch Gladbach.
Vagts, Alfred 1959: A History of Militarism. Civilian and Military, rev. ed., New York.
— 1979: Bilanzen und Balancen. Aufsätze zur internationalen Finanz und internationalen Politik, hrsg. von H.-U. Wehler, Frankfurt/M.
Wachtier, Günther (Hrsg.) 1983: Militär, Krieg, Gesellschaft. Texte zur Militärsoziologie, Darmstadt.
Walzer, Michael 1982: Gibt es den gerechten Krieg? Stuttgart.
Windelband, Wolfgang 1964: Die auswärtige Politik der Großmächte in der Neuzeit. Von 1494 bis Versailles, Darmstadt (Nachdruck der 5. erw. Aufl., Essen 1942).
Карысная літаратура
Afheldt, Horst 1979: Verteidigung und Frieden. Politik mit militärischen Mitteln, München.
Craig, Gordon A. 1980: Die preußisch-deutsche Armee 1640—1945. Staat im Staate, Königstein / Ts.
Delbrück, Hans 1908 ff: Geschichte der Kriegskunst im Rahmen der politischen Geschichte, 4 Bde., Berlin.
Friedensanalysen 16: Die neue Friedensbewegung, Frankfurt/M. 1982.
Gantzel, Klaus-Jürgen (Hrsg.) 1988: Krieg in der Dritten Welt, Baden-Baden.
Henrich, Dieter 1990: Ethik zum nuklearen Frieden, Frankfurt/M.
Howard, Michael 1981: Der Krieg in der europäischen Geschichte. Vom Ritterheer zur Atomstreitmacht, München.
Joas, Hans / Steiner, Helmut (Hrsg.) 1989: Machtpolitischer Realismus und pazifistische Utopie, Frankfurt/M.
Kennedy, Paul 1989: Aufstieg und Fall der Großen Mächte, Frankfurt/M.
Krell, Gert (Hrsg.) 1981: Die Rüstung der USA. Gesellschaftliche Interessen und politische Entscheidungen, Baden-Baden.
Krippendorff, Ekkehart 1985: Staat und Krieg — Die historische Logik politischer Unvernunft, Frankfurt/M.
Link, Werner, 1988: Der Ost-West-Konflikt, Stuttgart.
Lippert, Ekkehart / Wachtier, Günther (Hrsg.) 1988: Frieden — Ein Handwörterbuch, Opladen.
Mendler, Martin / Schwegler-Rohmeis, Wolfgang 1986: Kriegsursachen Forschung als empirische Sozialwissenschaft; in: PVS-Literatur, 27. Jg., Heft l, S. 12—25.
Münkler, Herfried 1987: Die Weisheit der Regierenden. Alternativen der Kriegsursachenanalyse; in: Gewerkschaftliche Monatshefte, S. 486—495.
— 1988: Instrumentelle und existentielle Auffassung vom Krieg bei Carl von Clausewitz; in: Leviathan, S. 235—251.
— (Hrsg.) 1990: Der Partisan. Theorie, Strategie, Gestalt, Opladen.
Ritter, Gerhard 1954 ff: Staatskunst und Kriegshandwerk. Das Problem des in Deutschland, 4 Bde., München.
Weizsäcker, Carl Friedrich 1979: Wege in die Gefahr. Eine Studie über Wirtschaft, Gesellschaft und Kriegsverhütung, München.
Wallach, Jehuda L. 1972: Kriegstheorien. Ihre Entwicklung im 19. und 20. Jahrhundert, Frankfurt/M.
Wette, Wolfram 1971: Kriegstheorien deutscher Sozialisten. Marx, Engels, Lassalle, Bernstein, Kautsky, Luxemburg, Stuttgart u.a.
Зацемы рэдактара
1. Пакт Брыяна—Келага (ням. der Briand-Kellogg-Pakt, назоў паходзіць ад прозьвішчаў тагачасных міністраў замежных справаў Францыі і ЗША) – дамова аб забароне ваенных дзеяньняў (наступальнай вайны), якую падпісалі 54 дзяржавы, у тым ліку і Нямеччына. Галоўнай мэтай дамовы дасьледнікі называюць «адмову ад вайны як сродку нацыянальнай палітыкі», бо дамова абмяжоўвала свабоду весьці вайну (параўн. артыкул 1 дамовы: «Урачыста абвяшчаем ад імя сваіх народаў, што асуждаем вайну як сродак разьвязаньня міжнародных канфліктаў і адмаўляемся ад яе як інструмэнту нацыянальнай палітыкі ў нашых узаемадачыненьнях»). Дамова не прадугледжвала санкцыяў для яе парушальнікаў і фактычна не закранала пытаньняў раззбраеньня. Больш інфармацыі на гэты конт можна атрымаць у грунтоўным (на 439 старонак) дасьледаваньні нямецкай навукоўцы Эвы Бухгайт (Eva Buchheit, Der Briand-Kellogg-Pakt von 1928 — Machtpolitik oder Friedensstreben? (= Studien zur Friedensforschung, Bd. 10), Münster 1998).
2. Эдэн Пастора — паводле фармулёўкі нямецкага часопіса «Die Welt», у 70-80-я гады «радыкальна-кансэрватыўны» лідэр нікарагуанскіх партызанаў.
3. Абат дэ Сэн-П’ер (Abbé de Saint-Pierre) — францускі ідэаліст і рэфарматар XVIII стагодзьдзя, паплечнік Жан-Жака Русо.
4. Маецца на ўвазе, відаць, англасаксонскі палітык і стратэг Уільям Піт малодшы (1759—1806). Нямецкая інтэрнэт-энцыкляпэдыя гісторыі www.weltchronik.de называе яго супернікам Напалеона.
5. Пагадненьне ў 1454—1455 аб міры ў італійскім месьце Лёды азначылася ўтварэньнем пяцьма найважнейшымі італійскімі палітычнымі сіламі — местамі-мінідзяржавамі (Мілян, Флярэнцыя, Вэнэцыя, Рым і Нэапаль) — палітычнага аб’яднаньня «Lega Italica». Гэтая падзея прынесла на італійскую зямлю мір і стабільнасьць, якія трывалі прынамсі сорак гадоў.