Паліталёгія

Асноўны курс


3. Міжнародная палітыка - Імпэрыялізм, унівэрсалізм, гегемонія

Панятак «імпэрыялізм» — гэта перадусiм надзвычай нэгатыўна афарбаванае слова ў палiтычнай рыторыцы. Нягледзячы на яго пэёратыўнае ўжываньне або з прычыны такога ўжываньня застаецца ўсё ж няясна, якi ж комплекс зьяваў мiжнароднай палiтыкi яно пазначае. У гiстарычнай навуцы і паліталёгіі таксама наўрад цi магчыма дасягчы згоды што да таго, якi фэномэн абдымае гэты панятак. Цi йдзецца пра простае апiсаньне пашырэньня, экспансii якой-небудзь імпэрыi або буйной дзяржавы, пра надгiстарычную, пазачасавую, у канцавым выніку, зьяву? Ці паняткам імпэрыялiзму, у духу катэгорыяў крытыкi палiтычнай эканомii, характарызуюцца пэўныя грамадзкія дачыненьні — напрыклад, вымываньне капіталу з прычыны перападу ў прадукцыйнасьці дзьвюх дзяржаваў, паміж якiмі адбываецца капiталiстычны абмен?

У дадатак да ўсяго таксама і прыметнiк імпэрыялiстычны пасьпеў трывала ўвайсьці ў штодзённую мову. Ён прэтэндуе на азначэньне дачыненьняў вяршэнства і падпарадкаваньня ўсякага роду — у тым ліку і ў iнтымных стасунках. Можа, гэты панятак дзякуючы iнфляцыі яго значэньня і паводле аналёгii з прапанаваным Ёзэфам Шумпэтэрам вызначэньнем імпэрыялізму як «безаб’ектнай схiльнасьці дзяржавы да гвалтоўнай экспансii, межы якой вызначыць немагчыма» (1919, S. 3), у сваю чаргу, сам стаў беспрадметным — зрабiўся безьзьмястоўнай мэтафарай палiтычных маніпуляцыяў? Нават калi гэта цалкам слушна, гэты выдатны фэномэн усё роўна прыцягваў бы да сябе абгрунтаваную ўвагу, бо магiчнае ўзьдзеяньне палiтычнай мовы вымагае тлумачэньня ў такой жа ступені, як і комплексныя сацыяльныя ўзаемасувязі (параўн. Koebner / Schmidt 1952). Думаецца, што значэньне панятку «імпэрыялізм» трэба шукаць там, дзе непразрыстыя ўзаемасувязі міжнароднай супольнасьці становяць сабой выклік мадэлям інтэрпрэтацыі, у якiх iдэалягічныя і тэарэтычна-рацыянальныя трактоўкi вагаюцца памiж адваротным бокам праекцыяў палiтычнай змовы і абстрактнай унівэрсалізацыяй. Таму «імпэрыялізму» часта даводзіцца служыць апошнім тлумачэньнем, калi трэба мімаходзь вытлумачыць комплексныя і абстрактныя сувязі ў грамадзтве тым, што ёсьць пад рукой. Тым ня менш, нi ў якiм выпадку не выпадае выказваць падазрону ў агульнай iдэалягiзацыi, калі панятак імпэрыялізму ўжываецца для апісаньня фэномэнаў міжнароднай супольнасьці. Усеабдымная ўзаемазалежнасьць у сьвеце палiтычных падзеяў, гiерархiя дзяржаваў, грамадзтваў і прадукцыйнасьці сапраўды існуе. У сьвятле начэпнай рэчаiснасьці гэта падаецца трывiяльным. Таму й няма дзіва, што імпэрыялiзм, насуперак усяму, застаецца цэнтральным паняткам міжнароднай супольнасьці як у палiтычна-пэёратыўным, так і ў навукова-аналiтычным сэнсе.

1. Імпэрыялізм — палiтычны лёзунг і яго гiстарычныя перадумовы

Нярэдка адначасна са стварэньнем палiтычнага лёзунгу адбываецца значнае зьмяненьне грамадзкiх абставінаў. Адны толькі нэалягiзмы, праўда, яшчэ ня сьведчаць пра ўзьнікненьне новых сацыяльных фэномэнаў; але яны ўсё-ткі ёсьць сэйсмаграфiчным iндыкатарам агулам адчувальных гiстарычных ператварэньняў. Гэтак, часам узьнікненьня ў грамадзтве панятку імпэрыялізму трэба лічыць прыблiзна сярэдзiну XIX стагодзьдзя, г.зн. эпоху свабоднага гандлю, у якiм дамiнавала Англiя. Яго значэньне закранае асаблiвае дачыненьне, якое толькі пачынаюць усьведамляць, памiж дзяржаўнай супольнасьцю цi дамінуючай у сьвеце сілай і эканамічнай сыстэмай, якая пачынае ахопліваць увесь сьвет. Мова йдзе пра новую, няведамую дагэтуль узаемазалежнасьць палiтыкi і эканомiкi. Лічыцца, што публiцыст Канстанцін Франц у 1878 годзе адным зь першых устанавіў сувязь паміж экспансiянiсцкім разгортваньнем палiтычнай улады і нічым ня стрыманым капiталiстычным спосабам вытворчасьці (параўн. Imperialismus, S. 176). У той час канстатацыя гэтага зусiм не была сама сабой зразумелая. З гледзішча гiсторыi слова, панятак імпэрыялізму, які ўжо за тых часоў меў пэёратыўны сэнс, тады яшчэ датычыў, вiдавочна, унутрыпалiтычнага становішча, у меншай ступенi — вонкавай актыўнасьці дзяржавы. Пад імпэрыялізмам разумелі — перш за ўсё ў Англii — панаваньне Люi Напалеона, якое пагардліва лічылі дэспатычным. Банапартызм і панаваньне ваеншчыны тлумачылі кантынэнтальнымi ўяўленьнямi пра заваёву сьвету (systčme impérial), з палiтычнай і тэрытарыяльнай экспансiяй. На саму Англiю, краiну, якую з гiстарычнага пункту гледжаньня як нiводную iншую выпадала зьвязваць з імпэрыялізмам, гэты панятак пашырыўся толькi ў 1877—1878 гг. Пакуль што, прыблiзна да прамовы Дызраэлi ў Крышталёвым палацы[1] ў 1872 г., калi ён упікнуў лiбэралаў, што яны хочуць разбурыць імпэрыю, значэньне панятку было вельмi далёкім ад таго, што будзе пад iм разумецца неўзабаве. Нават тады, калi ўжо за тых часоў стаў відавочным зрух фокусу ад імпэрыі да імпэрыялізму, пра выкарыстаньне гэтага панятку для заакiянскай цi каляніяльнай палiтыкi яшчэ ня думалi. Панятак імпэрыялізму — паводле намераў ягонага правадніка ў Англii, лiбэрала Робэрта Лоў, — быў скіраваны супраць Дызраэлi і датычыў выкарыстаньня грубай сiлы ў вонкавай палiтыцы (параўн. Koebner 1952, S. 738). Тым ня менш, ня выключана, што зьмяненьне на першы погляд нэўтральнай палiтычнай характарыстыкі Злучанага Каралеўства з імпэрыі ў «імпэрыялізм» узьнікла невыпадкова і мела глыбейшыя падставы ў міжнароднай палітыцы.

Выкарыстаньне слова «імпэрыя» для азначэньня Англii бярэ пачатак ад барацьбы Генрыха VIII за незалежнасьць ад Рыму. «Імпэрыя» за тых часоў значыла сувэрэнiтэт, але нi ў якiм выпадку не сусьветнае панаваньне. Перадусім гаворка йшла пра дэманстрацыю дыстанцыі да ўнiвэрсальнага канцэпту каталiцкай царквы. Але ўжо прыблiзна з 1760 году палiтычная характарыстыка Англii як British Empire дзякуючы яе заакiянскiм валоданьням зьмяняе значэньне. Перадусім пасьля Ірляндзкага дэклярацыйнага акту (Irish Declaratory Act) 1720 году, акту уніі (Act of Union) памiж Вялiкабрытанiяй і Iрляндыяй, парлямэнт у Вэстмiнстэры пераймяноўваецца ў імпэрскі парлямэнт (Imperial Parliament) (тамсама, S. 730). Гэта паказвае на магчымы кантэкст, у якім слова, пад якім разумелі панаваньне, можа набыць структурна-гiстарычнае значэньне: Алiвэр Кромвэл, заваёўнiк каталiцкай Iрляндыi і вораг каталiцкай Гішпанii, сваім змаганьнем супраць папства, якое абгрунтоўвалася рэлігійнымі прычынамі, заразом закладаў асновы брытанскай імпэрыi, калi пры дапамозе здабытай у барацьбе Навiгацыйнай хартыi (1651), якая забясьпечыла Англіі манаполiю на гандлёвы ўздым, адбыўся прарыў у палiтычна-эканамiчнай сфэры. Вайна супраць пратэстанцкай Галяндыi (1652—1674) была ўжо мэркантылiсцка-сьвецкай, і таму яна легiтымавалася ў якасьці гандлёвай вайны. Скасаваньне Навiгацыйнай хартыi ў 1848 годзе, або, дакладней кажучы, зацьвярджэньне «Corn Laws»[2] у 1846 годзе абвясьціла канец старой і пачатак новай эры брытанскага дамінаваньня — эры свабоднага гандлю. Ейным элiксiрам жыцьця быў ужо ня гандаль, а прамысловая вытворчасьць. Пераход ад імпэрыi да імпэрыялізму ў апошняй трэцi XIX стагодзьдзя ёсьць хутчэй знакам паступовага падрыву глябальнага брытанскага дамінаваньня, падставай для якога было лідэрства ў прадукцыйнасьці вытворчасьці. Заваёва Эгiпту (1882), Бэрлінская канфэрэнцыя (1885)[3] і пачатак першай сусьветнай вайны становяць сабой межы той стадыі, якую называюць клясычнай эпохай імпэрыялізму або «сталым імпэрыялізмам» (В.Момзэн). За тых часоў бесьпярэчнае панаваньне Вялiкабрытанii, што было вынікам ейных эканамiчных перавагаў, адмянілася ў палiтычнае спаборнiцтва за гегемонiю. Гiсторыкамi гэты пэрыяд разглядаецца як «імпэрыялiстычная эра» ўва ўласным сэнсе слова (параўн. Friedjung 1919 ff, а таксама Mommsen 1969).

Панятак «імпэрыялізму» быў зарэзэрваваны для Вялiкабрытанii, тым часам як вiльгельмаўская Нямеччына, па кантынэнтальных мерках ня менш імпэрыялiстычная, ажыцьцяўляла «сусьветную палiтыку» («Weltpolitik»). Рабочаму руху XIX стагодзьдзя гэты панятак быў невядомы. На слыху была хутчэй каляніяльная палiтыка, ці «каляніяльнае пытаньне». Карл Маркс ня ведаў або не выкарыстоўваў гэтага панятку; тое, для азначэньня чаго словам «імпэрыялізм» будуць паслугоўвацца пазьней, у яго называецца «сусьветным рынкам». У аналiтычным сэнсе «імпэрыялізм» як азначэньне эканамiчных узаемасувязяў, якія падштурхоўваюць да палiтычнай дзейнасьці, толькi на пачатку XX стагодзьдзя пачаў ужываць ангельскi лібэрал Гобсан. Пераняты Ленiным, панятак, з аднаго боку, стаецца ўнівэрсальным палiтычным лёзунгам, а зь іншага боку, катэгорыяй марксiсцкай, г.зн. постмарксавай, крытыкi палiтычнай эканомii. Гобсан надае панятку імпэрыялізму выразныя рысы тэорыі змовы, нават антысэмiцкiя рысы (Gollwitzer, Bd.2, S.112; S.72). Адзiн з дасьледнікаў гiсторыi панятку імпэрыялізму зазначаў, што ў кантынэнтальна-эўрапейскай традыцыi ён меў жыдоўскае аблічча і гаварыў па-ангельску (Koebner / Schmidt 1964, S.XXIII). Аж да нашага часу імпэрыялізм прасякнуты прыкметамі заходняй, англасаксонскай цывiлiзацыi.

Калi забыцца пра клясычную эпоху імпэрыялізму (1882—1914) як гiстарычную, або акрэсьленую гiсторыкамi, эру і пастарацца зразумець імпэрыялізм як палiтычны фэномэн, то нельга не заўважыць, што ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя (час росквiту свабоднага гандлю, у якiм дамiнавала Брытанiя) варункам, пры якiх ён узьнік, спадарожнiчаў парадаксальны працэс: утварэньне нацыянальных дзяржаваў як удасканаленьне тэрытарыяльнай дзяржаўнасьці з адначасным падрывам адміністрацыйнага значэньня дзяржавы сусьветным рынкам. Тое, што ў палiтычнай рэальнасьці iмкнуліся ўкласьці ў панятак «імпэрыялізм», разыходзілася з клясычным адрозьненьнем палiтыкi і эканомiкi, дзяржавы і грамадзтва. Імпэрыялізм як сусьветны фэномэн падрывае значэньне палiтыкi, і адначасна ён — нешта большае, чымся голая эканоміка. Карацей кажучы, амаль няўлоўная зьява імпэрыялізму, здаецца, палягае ў асаблiвым дачыненьні паміж нацыянальнай дзяржавай і капiталiстычным сусьветным рынкам (аналягічна ў Grabowsky 1923, S. 32). Тое, што якраз у сярэдзіне XIX стагодзьдзя паўстае ўсьведамленьне імпэрыялізму — усьведамленьне, якое ў XX стагодзьдзi станецца цэнтральным паняткам мiжнароднай палiтыкi і палемiкi, — сьведчыць пра ўзьнікненьне трывалага, так і не пераадоленага да канца крызысу міжнароднай супольнасьці: фэномэну супярэчлiвага адзiнства эканомікi на базе ўсяго сьвету і палiтыкi на грунце нацыянальнай дзяржавы (аналягічна ўжо ў Gumpert 1954, S. 348). Цяжка вызначальныя значэньні імпэрыялізму стаюцца вiрулентнымi перадусім тады, калi кагадзе ўсталяваны дзяржаўны сувэрэнiтэт буйной тэрытарыяльнай дзяржавы дзякуючы абстрактнай уладзе сусьветнага рынку выяўляе сваю няздатнасьць да рэалiзацыi шырака зразуметага самавызначэньня, cuius regio, eius oeconomia. Абстракцыя глябальнага панаваньня што да сусьветнага рынку ажыцьцяўляецца ў адпаведнай гегеманiчнай уладзе, якая гарантуе захаваньне палiтычных умоваў сусьветнага рынку. Ёй надаецца азначэньне «імпэрыялiстычная». Тое, што сусьветны рынак аб’ектыўна адлюстроўваецца адпаведнай катэгорыяй палiтычнай эканомii, набывае пэёратыўнае адценьне ў палiтычным лёзунгу імпэрыялізму. Але сусьветны рынак і імпэрыялізм — не сынонімы аднаго і таго ж фэномэну. Тым ня менш якраз у антыімпэрыялiстычнай рыторыцы выяўляецца, якое непаразуменьне глябальнае аграмаджаньне выклiкае ўжо само зь сябе. Ува ўяўленьнях пра «імпэрыялізм» амаль заўсёды вялікую ролю граюць палiтычна-дзяржаўныя мiстыфiкацыi так і не зразуметага эканамiчнага ўзаемадачыненьня: сусьветнага рынку.

2 Сусьветны рынак і міждзяржаўны парадак

Сусьветны рынак: узьнікненьне і функцыянаваньне

Паводле Карла Маркса, пад сусьветным рынкам трэба разумець «выхад буржуазнага грамадзтва за рамкі дзяржавы» (1953, S. 175). Гэтае фундамэнтальнае вызначэньне глябальнага аграмаджаньня мае як адцягнены, так і гiстарычны сэнс. Гістарычна вялiкiя гандлёвыя кампанii пракладалі шлях каляніяльным імпэрыям. Яны не былi дзяржавай, але паводле сваёй формы не абмяжоўвалiся адно гаспадарчымi функцыямi. Дзякуючы гандлёваму капiталу ў iх ужо было закладзена тое, што будзе супрацьстаяць клясычнаму тэрытарыяльна-дзяржаўнаму разьмежаваньню палiтыкi і эканомiкi: яны прэтэндавалi як на палiтычнае права вядзеньня вайны, так і на заключэньне эканамiчных дамоваў (Gollwitzer, Bd. I, S. 224). Адылі панятак сусьветнага рынку абазначае больш, чымся проста спарадычны ці нават арганiзаваны сусьветны гандаль, якiя б формы апошнi ні набываў: рабаваньня, марадзёрства, ашукі ці абмену. Сусьветны рынак ёсьць хутчэй такой катэгорыяй, якая абумоўлівае наяўнасьць усебаковай глябальнай і ўзаемнай залежнасьці, залежнасьці, угрунтаванай на iснаваньні «адзінага сьвету», у якiм паміж кажным сэгмэнтам міжнароднай супольнасьці і цэлым існуе дачыненьне падзелу працы. Згодна з гэтым, сусьветны рынак як пасярэднік толькi тады набывае катэгарыяльнае значэньне ў кантэксьце міжнароднай супольнасьці, калi паміж дзяржавамі пачынае фармавацца iндустрыйны падзел працы. Сусьветны рынак, згодна з гэтым — больш, чымся эмпірычная сума вузкагалiновых сусьветных рынкаў, больш, чымся сродак абарачэньня: ён улучае ў сябе ўсю сукупнасьць вытворчых дачыненьняў (Rotermund u.a 1977, S. 26 f). Калi гандаль напачатку дзякуючы тэхнiцы, транспарту і камунiкацыям, асвоiў («адкрыў») сьвет гарызантальна, то вэртыкальна арганізаваны капiталiстычны сусьветны рынак стаецца наканаваньнем найразьнейшых супольнасьцяў. У гэтым сэнсе абстракцыя сусьветнага рынку ёсьць сапраўдным суб’ектам міжнароднай супольнасьці. Тэрытарыяльныя дзяржавы, заснаваныя на палiтычным прынцыпе, — якiмі б магутнымі яны нi былi — у гэтым дачыненьні могуць толькi падпарадкавацца гэтаму аграмаджаньню вышэйшага парадку. Мытная палiтыка і палiтыка абменнага курсу не ўтвараюць неадольных абмежаваньняў для сусьветнага рынку як глябальнага грамадзкага пасярэдніка; яны самi хутчэй ёсьць часткай, праявай ягонай усюдыіснасьці. Гэтак, у менавых курсах ня столькi выяўляецца адміністрацыйная сiла дзяржаваў, колькi раскрываюцца адпаведныя ўсярэдненыя варункі капiталаў, прывязаных да нацыянальных эканомiк. Не нацыянальныя эканомікі палітычна абмяжоўваюць валюты; валюты хутчэй адлюстроўваюць гiерархiю прадукцыйнасьцяў. У гэтым сэнсе іх можна ўважаць за абстрактныя і таму адзiна сапраўдныя межы ў міжнароднай супольнасьці (параўн. Neusüß 1972, S. 125 ff; Busch 1974, S. 42).

З гiстарычнага пункту гледжаньня пра капiталiстычны сусьветны рынак можна гаварыць толькi пачынаючы ад сярэдзiны XVIII стагодзьдзя — эры вольнага гандлю пад знакам перавагi брытанскай прадукцыйнасьці. За гэтых часоў упершыню робіцца адчувальным таксама і ўзглядны характар буйной нацыянальнай дзяржавы, якую палiтычны гегемон сусьветнага рынку падрывае пры дапамозе вольнага гандлю. Геаграфiчнае разьмяшчэньне Англii як морскай імпэрыі адпавядала сутнасьці сусьветнага рынку: гiстарычна яна была з Эўропы, але не ў Эўропе (параўн. Rein 1961, S. 110).

Сусьветны гандлёвы рынак, сродак глябальнай камунiкацыi — але не міжнароднай iнтэграцыi, якая адбываецца толькi празь мiжнародны падзел працы — рэалiзуецца пры дапамозе эўрапейскай заакіянскай экспансii. Сама гэтая экспансія, падставай для легітымацыі якой была заклік папы да мiсiянэрства як працяг iдэі крыжовых паходаў і рэканкiсты, разбурае старую сакральную кандыцыю сьвету каталiцкай civitas maxima і праз пратэстанцкі супрацiў старому ўнiвэрсалiзму прыводзiць да ўтварэньня эўрапейскiх дзяржаваў. Парадокс міжнароднай палiтыкі: ад распаду фiктыўнай унівэрсальнай res publica christiana ўзьнікла і праз каляніяльнае спаборніцтва пашырылася па земной кулі шматстайнасьць асобных сэкулярызаваных дзяржаваў, і толькі гэтая шматстайнасьць здолела ўкараніцца ў сьвядомасьці і ў рэчаіснасьці як сапраўднае адзiнства (Gollwitzer, Bd. I, S. 82). Пра ўзаемасувязь паміж утварэньнем тэрытарыяльных дзяржаваў і фармаваньнем сусьветнага рынку разважаў ужо тэарэтык сувэрэнiтэту Бадэн, якi выказваўся за безумоўную свабоду абарачэньня тавараў і грошай (Gollwitzer, Bd. I, S. 82 / 66).

Формай сусьветнага гандлёвага рынку ёсьць рабаваньне. Адно падзел працы на базе індустрыйнай вытворчасьці набывае форму гандлёвай камунікацыі: абмену (Schmitt-Egner 1975, S. 20). Для канкурэнцыi дзяржаваў падчас эўрапейскай экспансii за акіян і рабаваньня як формы прысабечаньня характэрнае лiнійнае мысьленьне, падзел сьвету на пазбытую права зону неабмежаванага ўжыцьця гвалту і зону прававых формаў, дамоваў і абмену. Дзеля гэтага ад полюсу да полюсу праз Атлянтыку былi праведзеныя лiнii як манапалiстычныя межы палiтычнай дэмаркацыi, пры дапамозе якiх абвяшчалася каталiцка-iбэрыйская прэтэнзія на Новы Сьвет (Rein 1961, S. 70). Толькi пазьней яны страцілі палiтычнае значэньне і зрабiлiся геаграфiчнай лiнiяй заходняга мэрыдыяну. Пратэстанцкiя дзяржавы не прызнавалi такой мяжы з прэтэнзiяй на манаполiю і выстаўлялi супрацьлежнае патрабаваньне свабоды мораў, г.зн. свабоды акiянскага суднаходзтва, міжнароднага гандлю і акупацыi заакiянскiх тэрыторыяў. Практычнае значэньне прававога тэзысу аб свабодзе мораў робiцца вiдавочным, калi ўсьвядоміць, што твор Гуга Гроцыя «Mare liberum», якi зьявiўся ананiмна ў 1609 годзе, хаця і быў накiраваны супраць ангельскiх манапалiстычных прэтэнзiяў на пэўныя морскiя тэрыторыi, але задумваўся як разьдзел вялiкай працы аб трафэйным праве, de jure praedae, якую замовіла Гроцыю Нiдэрляндзка-ост-індыйская гандлёвая кампанiя (параўн. Fulton 1911, а таксама Knight 1925). Гаворка йшла пра тую свабоду, якая давала права рабаваць гiшпанскiх і партугальскiх рабаўнiкоў Новага Сьвету.

Мэтраполія і пэрыфэрыя: дачыненьні, заснаваныя на гвалце і абмене

Прасторавае разьмежаваньне сьвету на зону беспасярэдняга ўжываньня гвалту і зону ўзаемаадносінаў права і гвалту, што адбылося ў XVI i XVII стагодзьдзях, характарызуе дуалiзм формаў камунікацыі, якiя пазьней дзякуючы скасаваньню лінійных межаў можна будзе напаткаць у калёнiях побач адна з адной. Аднак на той момант гвалт як беспасярэдняя форма прысабечаньня быў ужо прасторава акрэсьлены і занесены ў Новы Сьвет.

Карл Шмiт зазначыў, што Томас Гобс, тэарэтык рэлiгiйна нэўтральнай і тым самым унемагчымляючай грамадзянскую вайну дзяржавы, «Левiятана», хаця і называў выяўлены iм «натуральны стан» нiчыйнай зямлёй, але не гаварыў, што яго «нiдзе» няма. Хутчэй ён лякалізаваў яго ў Новым Сьвеце, «beyond the line» (Drake, цыт. паводле Rein 1961, S.74) — па той бок мяжы, якую Рышэльё як скрайнюю заходнюю лiнiю эўрапейскай сыстэмы дзяржаваў і яе прававога парадку ў 1634 годзе вызначыў у якасьці мяжы цывiлiзацыi (Rein 1961, S. 105). Выказваньне, што па той бок экватару няма граху, дало Эдмунду Бёрку падставу гаварыць пра «геаграфiчную мараль», што панавала за ягоным часам (тамсама). Гэты стан безь дзяржавы ці бяз права, якi існаваў у Новым Сьвеце, палiтычныя мысьлiцелi iдэнтыфiкавалi як першабытны палiтычны стан. «In the beginning all the world was America», — адзначаў Джон Лок (1690, II, Chap. V, sec. 49). Для Гегеля ж Амэрыка ўвогуле становіць сфэру буржуазнага грамадзтва безь дзяржавы (тамсама, S. 65). Той факт, што эўрапейскім формам дзяржавы і права ўсё ж выпала пашырыцца на гэтую нiчыйную зямлю, ёсьць перадусiм вынiкам уяўленьня аб палiтычнай раўнавазе на самім эўрапейскiм кантынэнце. Пачынаючы з Вэстфальскага мiру 1648 году, якi зьмяшчае таксама дамоўленасьці аб прызнаньні каляніяльных уладаньняў, адбываецца пашырэньне эўрапейскага права на каляніяльныя тэрыторыі (Rein 1961, S. 106). Праўда, там яно можа мець моц толькi для эўрапейцаў — г.зн. яно ня ёсьць правам самiх тэрыторыяў. Яно тэрытарыяльна не распаўсюджваецца на ўсё насельнiцтва. Такiм чынам, у нутраных дачыненьнях калёнii суiснуюць менавыя, альбо прававыя, формы і гвалтоўныя формы. Пануе фэномэн падвоенага правапарадку, у якiм надзвычайнае права, ці права надзвычайнага становiшча, увесь час мае першынство. Узьніклая ў Англii ў XVI—XVII стагодзьдзях палiтычная тэорыя адпавядала гэтаму дуалiзму калёнii і мэтраполii, адрозьнівачы сфэры права і ўлады. Пакуль яшчэ, здавалася, яны былі разьмежаваныя ў прасторы: «Кароль меў абсалютную ўладу над морам; неабмежаваны гвалт панаваў у калёнiях; нутраное ядро імпэрыi падпарадкоўвалася ўладзе common law і станавага права» (Freund 1930, S. 255).

Мэркантыльная канкурэнцыя рэжымаў і дзяржаваў Эўропы ўтварыла сусьветны гандлёвы рынак і дзякуючы падзелу працы, якi рабiўся мiжнародным, сфармавала сусьветны рынак. У працэсе ўтварэньня новых дзяржаваў у XX стагодзьдзi нельга ўгледзець паралельнага працэсу, бо калі ў вядучых эўрапейскiх краiнах разьвіцьцё капiталiстычнага спосабу вытворчасьці адбывалася адначасна з разьвіцьцём тэрытарыяльных суб’ектаў, дык дзяржаўнасьць новых, акцэнтуючых сваю сувэрэннасьць незалежных супольнасьцяў у сутнасьці станавіла сабой простую рэакцыю на iснаваньне сусьветнага рынку, якi папярэднічаў іх узьнікненьню (Evers 1977, S.19). Дзяржаўны сувэрэнiтэт гэтых супольнасьцяў, іхны ўдзел у мiжнароднай камунікацыі ў якасьці суб’ектаў мiжнароднага права ёсьць вынiкам таварных дачыненьняў, што зрабiлiся ўсеагульнымi. Супольнасьці, якiм калiсьцi быў навязаны статус калёніяў, стаюцца сувэрэннымi ў сэнсе фармальнай незалежнасьці настолькi, наколькi форма iхнага ўдзелу ў мiжнародных прававых адносінах адпавядае форме дзяржавы. Дзяржава пераносiць у сябе варункі сусьветнага рынку ў мадыфікаваным выглядзе, і за ёй самой як суб’ектам права міжнароднай супольнасьці, базавай формай якога ёсьць абмен, прызнаюць права ўкладаць дамовы і тым самым ажыцьцяўляць міжнародную камунікацыю. Першапачатнае дачыненьне, заснаванае на гвалце, памiж дзяржавай-мэтраполіяй і калёнiяй, якое грунтавалася на гандлёвых прывiлеях і беспасярэднім панаваньні, саступае месца больш абстрактным формам лучнасьці. У мiждзяржаўных дачыненьнях гвалт як нармальны стан праз усё большае пашырэньне менавых стасункаў меншае настолькi, што можна гаварыць пра закон узгляднага «памяншэньня гвалту» (Triepel 1974, S. 146). Пры гэтым трэба ўлiчваць, што пад менавымi стасункамі не абавязкова трэба разумець беспасярэдне эмпiрычна вэрыфікаваны мiждзяржаўны абмен; менавыя стасункі могуць таксама (і перадусiм) значыць якаснае ўлучэньне арганiзаваных у форме дзяржавы суб’ектаў мiжнароднага права ў палiтычна-эканамiчную сыстэму сусьветнага рынку, бо такое ўлучэньне становіць сабой праяву iхнай iнтэграцыi ў мiжнацыянальныя і наднацыянальныя арганiзацыi міжнароднай супольнасьці. Ажыцьцяўленьне менавых стасункаў у мiжнародным кантэксьце не абавязкова абазначае перамогу свабоды і роўнасьці, «гвалту зь ніводнага боку» (Marx, 1953, S. 156) усярэдзiне пэўнай дзяржаўнай сыстэмы, а абмяжоўваецца ў сутнасьці ейнымі вонкавымі дачыненьнямі. Першапачатныя дачыненьні гвалту, уласьцівыя каляніяльнай палітыцы, з прычыны перападаў у інтрасацыяльнай эканамічнай прадукцыйнасьці выклікаюць далейшыя наступствы. Нельга не заўважыць, што краiны, якiя з гледзішча ступені разьвіцьця называюць пэрыфэрыйнымі, у адрозьненьне ад клясычных нацыянальных дзяржаваў-мэтраполіяў не валодаюць абстрактна ўнівэрсальнай палiтычнай сфэрай. Гэта тлумачыцца той акалічнасьцю, што iхныя сацыяльныя структуры расколатыя, гетэрагенныя. У гэтых краінах побач сустракаюцца розныя спосабы вытворчасьці, якiя, у сваю чаргу, лучацца мiжсобку толькi праз пасярэднiцтва сфэры абарачэньня (Evers 1977, S. 29). Гэтая нястача грамадзкай аднароднасьці замінае ўтварэньню палiтычнага ладу, які б грунтаваўся на свабодзе і роўнасьці. Дачыненьні, заснаваныя на абмене, і дачыненьні, заснаваныя на гвалце, суiснуюць.

Фэномэн «структурнай гетэрагеннасьці», якi сёньня назiраецца ў краiнах Трэцяга сьвету, ёсьць праявай вэртыкальнай пабудовы міжнароднай супольнасьці. Словам «вэртыкальны» перадаецца тое, што форма тэрытарыяльнай дзяржавы, клясычная гарызантальная форма ўдзелу супольнасьцяў у мiжнароднай камунікацыі, перажывае заняпад і што дзяржавы дзякуючы нябачным і эканамiчна дэтэрмiнаваным стасункам сусьветнага рынку знаходзяцца міжсобку ў гiерархiчных дачыненьнях. Пры такіх стасунках дзяржава, калі выходзіць з палiтычнага разуменьня сувэрэнiтэту, выяўляецца анахранiчнай арганiзацыйнай формай — чыста адмiнiстрацыйнай абалонкай сусьветнага рынку. Гэтай нязначнасьці дзяржавы, страце нутраной арганiзацыйнай сiлы ў адпаведнасьці з палiтычным прыматам cuius regio, eius oeconomia, адпавядае пашыраная, а таму і з гледзішча міжнароднай палітыкі малазначная тэндэнцыя апошнiх дзесяцiгодзьдзяў да ўтварэньня дзяржаваў, а таксама прававы прынцып роўнасьці дзяржаваў, якi і надалей захоўваецца пры вiдавочнай рэальнай няроўнасьці iхнай вагi. Вэртыкальны, нетэрытарыяльны вэктар міжнароднай супольнасьці — для якога ўжываюць таксама назву «транснацыянальная палiтыка» (Kaiser 1969, S. 103) — выцясьняе ўяўленьні аб тым, што зазвычай асацыюецца з «імпэрыялізмам». Гаворка цяпер ідзе пра ключавое пытаньне міжнароднай супольнасьці: пра суадносiны палiтыкi і эканомiкi.

3. Фармальная роўнасьць і рэальная няроўнасьць дзяржаваў

Тэрытарыяльнасьць дзяржаўнасьці

Мiжнародны прававы парадак jus publicum europaeum грунтаваўся на земным парадку, якi браў за сваю аснову тэрытарыяльную дзяржаву як натуральны суб’ект права міжнароднай супольнасьці. Стаўпамі гэтага міждзяржаўнага парадку былі дзьве формы прызнаньня: прызнаньне iншага тэрытарыяльным суб’ектам права і тым самым роўным сабе ў прававых адносінах, прычым іншая тэрыторыя не разглядаецца як нiчыйная, а таксама прызнаньне права іншага на вядзеньне вайны ў якасьці паўнапраўнага ворага — прызнаньне, якое выключае яго зьнішчэньне як суб’екта права (Diner 1980, S. 447). Тэрытарыяльнасьць, г.зн. зямная матэрыялізацыя дзяржавы альбо міждзяржаўнага парадку, цягам разьвіцьця цывілізацыі ад сьпярша сельскагаспадарчага да iндустрыйнага спосабу вытворчасьці ўвесь час губляе значэньне. Прасторавая матэрыяльнасьць зямлi замяняецца ўзглядна незалежнай ад прасторавасьці iндустрыйнай вытворчасьцю. Багацьце мае тэндэнцыю да набыцьця абстрактных формаў. Пры гэтым мы не засяроджваем увагі на тым, што дзякуючы павелічэньню індустрыйнай вытворчасьці зноў павялiчваецца значэньне зямлi, а таксама морскага дна, як радовішчаў сыравiны (Massarrat 1980, S. 338 f). Гэтак матэрыяльная канкрэтызацыя багацьця зноў падвышае імавернасьць ваенных і тым самым гвалтоўных формаў разьвязаньня канфлiктаў. Адылі ў цэлым, як падаецца, разьвіцьцё міжнароднай супольнасьці ў кiрунку ўсё большай эканамiчнай абстрактнасьці ня могуць павярнуць назад тыя фактары, якія йдуць на карысьць тэрытарыяльнасьці. Застаецца дадаць, што форму палiтычнай тэрытарыяльнай дзяржавы можна лiчыць скасаванай вэртыкальна арыентаваным кірункам руху сусьветнай эканомікі. Унівэрсалізм liberum commercium, свабода руху капiталу і працы, гарантыя прыватнай уласнасьці і зьвязанага зь ёй пераводу прыбыткаў, карацей кажучы, умовы свабоднага сусьветнага гандлю стаюцца нутранымi фундамэнтальнымі крытэрамi ўдзелу ў міжнароднай супольнасьці і ягоным пасярэдніку, сусьветным рынку. Палiтычным прынцыпам унівэрсальнага ўдзелу ў міжнароднай камунікацыі, згодна з гэтым, ёсьць лібэральны, спрыяльны для рынкавых стасункаў падзел дзяржаўнай структуры на абсягі палiтыкi і эканомiкi, або грамадзкую і прыватную сфэры. У гэтым сэнсе дуалiзм грамадзкага і прыватнага права, характэрны для буржуазнага грамадзтва, рэлевантны таксама і як умова ўдзелу ў формах і iнстытуцыях міжнароднай супольнасьці. Дзякуючы гэтаму «лібэральнаму канстытуцыялiзму» (Schmitt 1950, S. 209) грамадзтва стаецца часткай мiжнародна-прававога парадку не гарызантальна, празь дзяржаўны прымат палiтыкi, а ўлучаецца ў яго вэртыкальна, праз уважаную за непалiтычную эканамічную свабоду дзейнасьці на сусьветным рынку. У сувязі з прапанаваным Лёрэнцам фон Штайнам адрозьненьнем (гарызантальнага) мiжнароднага права і (вэртыкальнага) мiжнацыянальнага права, Карл Шмiт уважае, што тэрытарыяльны сувэрэнiтэт ператварыўся ў абалонку для ўжо непадкантрольных дзяржаўнай палiтыцы эканамічных працэсаў (тамсама, S. 253). Такiм чынам, замацаваная ў мiжнародным праве ўнівэрсальная гарантыя тэрытарыяльнага сувэрэнiтэту абяртаецца ў поўную супрацьлежнасьць сваёй першапачатнай (мэркантыльнай) адміністрацыйнай ролі: яна забясьпечвае рамкі, абароненую дзяржавай браму для ўварваньня свабоднай эканамічнай дзейнасьці ўсiх, хто на падставе эканамiчнай эфэктыўнасьці можа скарыстаць з гэтай свабоды. Але дзеля таго што шмат якiя асобныя капiталы ня могуць выступаць як такiя, а заўсёды мусяць быць прывязаныя, прынамсi юрыдычна, да пэўнай краіны, iхнае зьяўленьне ў эканоміцы заўсёды абазначае прысутнасьць iншай сілы, якая часта прэтэндуе на гегеманiчны статус. У выніку яна дзякуючы перадусім недзяржаўнай эканомiцы падпарадкоўвае сабе адпаведную тэрытарыяльную дзяржаву. Да складанасьці такога фэномэну належыць тая акалічнасьць, што гаворка йдзе ўжо не пра пэўную чужую, праводзячую тэрытарыяльную экспансiю супольнасьць, а йдзецца пра сiлу, што ўжо не выступае як дзяржава. Яна стварае палiтычны кантэкст, які выходзіць за дзяржаўныя межы, «informal empire» (Gallagher / Robinson 1970, S.183 ff), што немагчыма геаграфiчна лякалізаваць. Яе сфэра ўплыву вызначаецца хутчэй абстрактнымi навеянымі эканомікай прынцыпамi. Гэтая сыстэма і непалiтычны палiтычны лад, якi забясьпечвае яе, ідуць у кірунку той зьявы, якой можа адпавядаць панятак «імпэрыялізму». Навочнымі прыкладамі гэтага ёсьць прынцып «адчыненых дзьвярэй» і рэжым найбольшага спрыяньня.

Прынцып тэрытарыяльнай дзяржавы, на якi абапiраецца традыцыйнае мiжнароднае права, грунтуецца на прынцыпе роўнасьці дзяржаваў. Пры гэтым маецца на ўвазе роўнасьць паводле формы, створаная на ўзор буржуазнай роўнасьці грамадзянаў перад правам. Таму мусова йдзецца таксама і пра такі пастулят роўнасьці, якi дзеля захаваньня дзеяздольнасьці гарызантальнага капiталiстычнага сусьветнага рынку мусіць не зважаць менавіта на рэальную адрознасьць, адрознасьць у магутнасьці і багацьці дзяржаваў. Фармальная роўнасьць дзяржаваў як падмурак мiжнароднага права пры адначаснай рэальнай няроўнасьці дзяржаваў эксплікуе цэнтральны элемэнт суадносiнаў палiтыкi і эканомiкi ў міжнароднай супольнасьці. Пры гэтым выяўляецца як гiстарычная, так і лягічная ўзаемасувязь эўрапейскай раўнавагi і заакiянскай экспансii, фармальнай роўнасьці дзяржаваў і ўнівэрсальнага прынцыпу роўнасьці перад правам.

Мысьленьне ў катэгорыях раўнавагi ў міжнароднай палiтыцы бярэ свой пачатак ад эўрапейскай міждзяржаўнай сыстэмы (Dehio 1960). Яно традыцыйна скіраванае супраць гегемонii адной вялiкай дзяржавы, супраць унівэрсальнай прэтэнзіі ці здольнасьці пэўнай дзяржавы або сыстэмы дзяржаваў самавольна вызначаць гіерархію супольнасьцяў у сусьветным маштабе (Triepel 1974, S. 213). Гэты прынцып утрымлівае зусiм не патрабаваньне справядлiвага разьмеркаваньня наяўнай улады, а забарону канцэнтрацыі звышулады над усiмi iншымi. «Раўнавага хістаецца не паміж усімі і кажным, а паміж бальшынёй і наймацнейшым у дадзеных абставiнах» (тамсама, S. 212). У гэтым сэнсе прынцып раўнавагi ёсьць антытэзай прынцыпу гегемонii (Gollwitzer, Bd. І, S. 324).

У аснове ідэі раўнавагі ляжыць дуалiстычная па сваёй сутнасьці канцэпцыя ўлады. Гэтае ў канцавым выніку арганiзаванае «бiпалярна» супрацьстаяньне сілаў было ведамае ўжо ў iдэале пэнтархii[4] ў эпоху Мэтэрнiха і Бiсмарка, калi роздумы пра ўраўнаважаньне эўрапейскай і тым самым глябальнай улады зводзiліся да таго, што перавагi можна было б дабіцца, аб’ядноўваючыся ўтрох, а ня ўдвох (Rein 1961, S. 116). У гэтым сэнсе цяперашні дуалiзм у міжнароднай палiтыцы, закладзены дзяржавамі-гегемонамі або звышдзяржавамі, ЗША і СССР, па сваёй структуры як супрацьстаяньне сiлаў ня так адрозны ад ягоных папярэднiкаў, як гэта можа падавацца (супрацьлежная пазыцыя ў Мюнклера ў гэтай кнiзе). Праўда, вага фактару эканамiчнага дастатку — вядучага элемэнту сьпярша эўрапейскай экспансii дзяржаваў як складніка палiтычнай раўнавагi — у выніку якаснай рэвалюцыі, якую зрабіла ў мiжнароднай палiтыцы ядравая зброя і атамная раўнавага страху, істотна паменшылася. Палiтычная магутнасьць ужо нават у прыблiжэньні не карэлюе з эканамiчным багацьцем.

Палiтычнае мысьленьне ў катэгорыях раўнавагi гiстарычна паходзiць з супрацьстаяньня паміж Францыяй і Габсбургамі, якое скаланала кантынэнт у XVI і XVII стагодзьдзях. Каб нэўтралiзаваць гэтае супрацьстаяньне дзьвюх сухапутных дзяржаваў, Англiя, якая ўжо тады атрымлiвала сілу і багацьце заакiянскай экспансiі, а не кантынэнтальнаму спаборнiцтву, прадстала ў якасьці трацейскага судзьдзі памiж дзяржавамі, паміж якімі ўзьнік антаганізм. Зноў жа, заакiянская актыўнасьць Англii з прычыны раўнавагi сiлаў на кантынэнце паслужыла рухаючай сілай заакiянскай калянiзацыйнай палiтыкі iншых эўрапейскiх дзяржаваў, перадусiм Францыi. Ужо тады багацьцi, набытыя пры заакiянскай калянiзацыі, пачыналi рабiцца паказьнiкам пашырэньня ўплыву на кантынэнце, заступаючы сабой тэрытарыяльную форму пашырэньня ўплыву. Уплыў за акiянам, дасягнуты шляхам рабаваньня і плюндраваньня, зрабiўся складнікам разьмеркаваньня ўлады паміж дзяржавамі ў Эўропе. У гэтым сэнсе адбываецца скрыжаваньне «палiтычна-камэрцыйнага вымеру сьвету з эўрапейскім балянсам» (Gollwitzer, Bd. І, S. 245). І ня толькi таму, што заакiянскі высакародны мэтал, «nervus rerum» мэркантылiзму (Rein 1961, S. 107), абмежаваў значэньне зямельных уладаньняў.

У зьвязку з гэтым уяўляе цiкавасьць iдэалягічнае ўзьвелічэньне сувязi ўлады і эканомiкi ў эпоху мэркантылiзму. Мяркуецца, што ідэя палiтычнай раўнавагі ўзьнікла з панавалай тады тэорыi гандлёвага балянсу. Цi была насамрэч лягічная сувязь паміж «balance of power» і балянсам гандлю, пытаньне спрэчнае. Гайнц Гальвiцэр бачыць іхную блізіню там, дзе сутыкаюцца палiтычныя і эканамiчныя ўяўленьні пра балянс: у фiзычных мэтафарах, агульнаўжывальных у XVII стагодзьдзi. «Датуль дактрына раўнавагi як вучэньне або сыстэма была не да падуманьня» (Bd. I, S. 243 / 244).

Штуршком да гiстарычнага ангельска-францускага супрацьстаяньня сталася павелiчэньне брытанскай магутнасьці за акiянам. Каб зраўнаваць дысбалянс на кантынэнце, Францыя ўвесь час iмкнулася пашырыць на Новы Сьвет палiтыку раўнавагi. Гэта датычыць Сямейнага пакту Бурбонаў 1761 году, якi шляхам доўгатэрміновай падтрымкі Гішпанii павiнен быў прадухiлiць пераход яе амэрыканскiх уладаньняў у рукi ангельцаў, а таксама падтрымкi iмкненьня да незалежнасьці трынаццацёх паўночнаамэрыканскiх калёнiяў — пазьнейшых Злучаных Штатаў Амэрыкi — як складніка аслабленьня Англii ў яе ўласнай сфэры ўплыву. Канчальнае зацьвярджэньне панаваньня Англii ў акiяне адбываецца дзякуючы правалу гегеманiчных дамаганьняў Напалеона на кантынэнце. У вынiку памяншаецца роля кантынэнтальнай Эўропы ў міжнароднай палiтыцы. Дамiнуюць узьмежныя дзяржавы — Англiя і Расiя, супрацьстаяньне якiх будзе вызначальным фактарам для мiжнароднай сыстэмы ажно да ўзьнікненьня Нямецкай імпэрыi і яе позьняга і агрэсiўнага ўдзелу ў міжнароднай палiтыцы пры канцы XIX стагодзьдзя і да першай сусьветнай вайны ўлучна. Аднак супрацьстаяньне паміж імі ідзе ўскосным шляхам, перадусiм як спаборнiцтва ў так званым «усходнiм пытаньні» (Асманская імпэрыя і індыйскае паўзьмежжа). Тое, што канфлікт гэтых краінаў выяўляўся ўва ўскосных формах, не ў апошнюю чаргу магло быць абумоўлена прынцыпова розным характарам іхнай магутнасьці: Англiя як выяўна морская дзяржава і Расiя як клясычная сухапутная дзяржава, якая раскінулася на вялізных абшарах, з прычыны рознай структуры ўзбраеньняў проста не былi прыгатаваныя да вядзеньня вайны міжсобку (Rein 1961, S. 109). У сучасным бiпалярным супрацьстаяньні Злучаных Штатаў і Савецкага Саюзу фармальнае супрацьстаяньне сушы і мора пераадольваецца праз тэхналягічную рэвалюцыю сыстэм узбраеньня і зьвязаным з гэтым мэдыюмам — паветранай прасторай і космасам. Дзеля гэтага сама прастора з ваеннага гледзішча сьціскаецца і ператвараецца ў вымер часу.

Эканамiчныя iнтарэсы і матывы палiтыкі сілы

Пасьля аднаўленьня эўрапейскай раўнавагi, што было вынiкам паразы Напалеона, палiтычная роля прысутнага і адначасна фізычна адсутнага фактару Англii дзякуючы брытанскай палiтыцы вольнага гандлю ператвараецца ў абстрактнае і тым самым эканамiчнае дамiнаваньне. Дасягнутая на такi спосаб «дэпалiтызацыя сыстэмы камэрцыi», якая дала пачатак панаваньню капiталiстычнага сусьветнага рынку, паводле свайго значэньня тоесная iндустрыялiзацыi, якую першай ажыцьцявіла Англiя. Пашырэньне і ўзрост магутнасьці ўрэшце перасталі залежаць як ад здабыцьця тэрыторыі, так і ад здабыцьця заакiянскiх калёнiяў як формы гандлёвага капiталу. Мiжнароднае панаваньне канчальна набывае эканамiчную форму. Адно пры канцы XIX стагодзьдзя, падчас стадыi так званага «сталага імпэрыялізму», важнасьць калёнiяў і тэрытарыяльнага пашырэньня заакiянскіх валоданьняў ізноў павялiчыцца. Іх значэньне тлумачыцца не эканамiчным iнтарэсам у вузкiм сэнсе слова, а матывуецца палiтычным уплывам. Гэта, праўда, паказвае, што сыстэма абстрактнага мiжнароднага панаваньня, падмуркам якой дагэтуль было брытанскае дамінаваньне на аснове вольнага гандлю, заснаванае на перавазе ў прадукцыйнасьці найважнейшых галiнаў, за тых часоў пачало хiнуцца да крызысу. Адроджаная тэрытарыяльная каляніяльная палiтыка была ня столькі праявай далекасяжнай і арыентаванай на каляніяльныя тэрыторыі эканамiчнай экспансii, колькі вынiкам выпярэджваючых падзеi разьлікаў наконт дасягненьня раўнавагі ў духу палітыкі сілы, а таксама навеянай пратэкцыянiсцкiмі развагамі канцэптуалiзацыi палiтыкi. Ува ўсiх выпадках, яна — не зважаючы на супрацьлежную рыторыку — не абавязкова грунтавалася на эканамічнай мэтазгоднасьці.

Загана чыста эканамiчных тэорыяў імпэрыялізму, якiя ў канцавым выніку прэтэндуюць адно на тлумачэньне экспансiўнай і агрэсiўнай формы мiжнароднай палiтыкi, палягае ў тым, што яны ня робяць сваім прадметам суадносiны палiтыкi і эканомiкi ў рамках міжнароднай супольнасьці і што эканамічна абгрунтаваны, але ў сваім ужываньні адарваны ад эканамiчных разьлікаў вымер улады ў iх не падлягае палітычнай рэфлексіі. Эканамічна капiталiстычная сыстэма сусьветнага рынку ў сваёй сутнасьці заўсёды экспансiўная. Але эканамiчная экспансiя не абавязкова — прынамсi, не з прычыны прамысловага капiталу і яго абстрактнага характару — адбываецца ўзапар з тэрытарыяльнай. Праўда, геаграфiчная прастора застаецца рэлевантнай ужо з прычыны таго, што сфэра абарачэньня не губляе сваёй важнасьці; але павелiчэньне тэрыторыi ня ёсьць неабходным і беспасярэднім вынiкам капiталiстычнай экспансii. Адно ў зьвязку са здабычай сыравiны ці яе забесьпячэньнем прастора можа зноў стаць рэлевантнай. Але пытаньне забесьпячэньня сыравiны і дэфiцыту сыравiны ў канцавым выніку аказваецца пытаньнем цаны і, такiм чынам, ізноў зьвязваецца з прадукцыйнасьцю адпаведнай нацыянальнай эканомікі — калi гаворка ня йдзе пра абсалютны матэрыяльны дэфiцыт. Марксiсцкiя, г.зн. пост-марксавыя тэорыi імпэрыялізму, выточным пунктам якiх найчасьцей ёсьць мэтраполія, а не дэфармацыя на пэрыфэрыi, як у тэорыях разьвіцьця, не бяруць пад увагу (дзеля таго што яны ня робяць сваім прадметам рух капiталу на сусьветным рынку, сьвядома абмiнаючы палiтыку, а імкнуцца растлумачыць беспасярэднія палiтычныя фэномэны, як вайна і мiр, тэрытарыяльная экспансiя і гегемонiя, утварэньне і гiбель дзяржаваў праз капiталiстычны спосаб вытворчасьці як такi) надзвычай самабытную лёгiку палiтычнага вымеру сілы і раўнавагi сілы ў сьвеце дзяржаваў. Гэтыя словы трэба разумець не як рэвiзiю аснаватворнага значэньня эканамiчнай дынамiкi, а як канстатацыю таго, што эканомiка хоць і акрэсьлівае магчымасьці палiтычнай дзейнасьці, але не абавязкова дэтэрмiнуе канкрэтнае рашэньне. Сама палiтычная дзейнасьць заўсёды прадвызначаная той рэчаiснасьцю, якая выклікае да жыцьця фэномэны ўлады. Такім чынам, трэба падкрэсьліць сутнаснае адрозьненьне памiж лёгкапазнавальнай палiтыкай забесьпячэньня рамкавых умоваў капiталiстычнага сусьветнага рынку і толькі з выгляду матываванай эканомiкай дзейнасьцю вышэйшых дзяржаўных урадоўцаў. Першае, напрыклад, поўніцай адпавядае сыстэмнай супярэчнасьці памiж ЗША і СССР — з аднаго боку — здамiнаваны ЗША сусьветны рынак, зь іншага — падкантрольны саветам сацыялiстычны лягер. Аднак форма, якую мае канфлiкт памiж дзьвюма звышдзяржавамi, у значна большай ступенi вызначаецца лёгiкай глябальнага супрацьстаяньня сілаў, прасякнутым палiтыкай сілы мысьленьнем аб раўнавазе, ідэяй роўнасьці бясьпекi.

Эканамiчныя інтэрпрэтацыі і абгрунтаваньні канфлiктаў краiн і блёкаў можна растлумачыць хутчэй эканамiсцкай карцінай сьвету — як на Захадзе, так і ў краінах, дзе марксiзм прыйшоў да ўлады ў якасьці дзяржаўнай ідэалёгіі. Каб быць заакцэптаванымі грамадзтвам, у ЗША рашэньні што да вонкавай і міжнароднай палітыкі заўсёды вымагалі таксама і ўтылiтарысцкага абгрунтаваньня. Але эканамiсцкую рыторыку і аб’ектыўна наяўныя эканамічныя патрэбы наўрад цi можна спалучыць міжсобку. Так, напрыклад, падчас «страты» Кiтаю ў 1949 годзе ў ЗША, што й натуральна для традыцыi «адкрытых дзьвярэй», гучалі эканамiсцкія аргумэнты. Пры гэтым у сапраўднасьці гаворка йшла пра палiтычны зрух на шкале «balance of power» не на карысьць ЗША ў тады яшчэ раньнім канфлiкце Ўсходу і Захаду (Lichtheim 1971, S. 141). Акурат дзеля гэтага пры гiстарычнай рэканструкцыi палiтыкi Злучаных Штатаў узьнікаюць iстотныя мэтадалягічныя праблемы ў зьмястоўнай рэлевантнасьці крынiцаў, што ляжаць у яе аснове, выкліканыя эканамiсцкім тлумачэньнем сваіх учынкаў палітычнымі дзеячамі (параўн.Williams 1962 і да мэтад. крытыкi Junker 1975, S. 12 f; працяг у Wehler 1974).

У зьвязку з праблемай суадносiнаў паміж сапраўднымі разыходжаньнямі iнтарэсаў і чыстым супрацьстаяньнем сілаў у лiтаратуры прыводзяць прыклад нямецка-ангельскiх дачыненьняў наконадні першай сусьветнай вайны (параўн. Gollwitzer, Bd. II, S. 119 f, якi спасылаецца на Люіса Эпштайна: «The United States and the Anglo-German Rivalry», у: The National Review 60 / II, 1912 / 13, S. 736—745, S. 740, таксама пра гэта Ganzel u.a. 1972). Пры гэтым увагу зьвяртаюць на тое, што супярэчнасьць памiж Нямеччынай і Англiяй перарасла ў вайну зусiм ня дзякуючы канфлiкту iнтарэсаў, а якраз таму, што паміж гэтымі дзяржавамі бракавала канкрэтных і тым самым заснаваных на перамоўным працэсе дачыненьняў. Тое, што заставалася, было голым супрацьстаяньнем сілы. Палiтычны складнік гэтага спаборнiцтва, які ўвасобіўся ў неэканамiчнай нямецкай морскай палiтыцы і праекце сусьветнага панаваньня, як такi ня мог быць прадметам дамоўленасьцяў. Зусiм iншымi былi дачыненьні Англii і Францыi з Расiяй. Якраз таму, што тут фігуравалі канкрэтныя канфлiкты iнтарэсаў, iх можна было ўрэгуляваць у рабочым парадку, шляхам дасягненьня кампрамiсу, унікаючы — у адрозьненьне ад спаборнiцтва голай сілы — далікатных пытаньняў прэстыжу.

Функцыя раўнапраўнасьці дзяржаваў

Ужо наконадні першай сусьветнай вайны сыстэма раўнавагi дзяржаваў была падарваная. Прынцып раўнавагi, рэальна ўвасоблены і фармалiзаваны ў «эўрапейскiм ансамблі»[5], згубіў свой палітычны зьмест. Тым часам у пару росквiту «эўрапейскага ансамблю» дзяржавы, прызнаючы роўнасьць адна адной, рэгулявалi міждзяржаўныя дачыненьні на аснове адзінагалоснага прыняцьця рашэньняў. Раўнапраўнымі і тым самым роўнымі можна было быць толькі ў якасьці складнікаў сыстэмы раўнавагi (Schmitt 1950, S. 139). Перадусім пасьля першай сусьветнай вайны, што прывяла да працэсу ўтварэньня дзяржаваў на руінах Расіі, Аўстра-Вугоршчыны і Асманскай імпэрыі, прынцып роўнасьці дзяржаваў у сутнасьці больш ужо не ўвасабляўся ў сыстэме раўнавагi вялiкiх дзяржаваў. Адцяпер роўнасьць дзяржаваў пачала зводзiцца да роўнасьці паводле формы: форма дзяржавы як перадумова ўдзелу ў міжнароднай супольнасьці. Ад гэтага часу роўнасьць можа абазначаць хіба толькі тое, што кожная дзяржава павiнна роўным чынам паважаць кожную iншую — нават найменшую — як суб’екта права. «Гэта значыць таксама, што стаўленьне дзяржаваў адна да адной павінна грунтавацца на ўсеагульных прынцыпах мiжнароднага права, не зважаючы на суадносiны палiтычных сiлаў, упаасобку моцная дзяржава ня мае права выстаўляць да менш моцнай празьмерных патрабаваньняў і павiнна ставіцца да яе ня горш, чымся адважылася б патрабаваць ад роўнай па моцы і чым пагадзiлася б паступіцца мацнейшай дзяржаве» (Triepel 1974, S. 215). Але фундамэнтальнае права на роўнасьць датычыць толькi так званага фундамэнтальнага права на павагу. На практыцы яно абмяжоўваецца пашанай да сувэрэнiтэту як формы. Сюды ж належыць, напрыклад, права на ўдзел у мiжнародных канфэрэнцыях. Аднак фармальная роўнасьць мае нутраны сэнс таксама і ў тым, што, напрыклад, на мiжнародных канфэрэнцыях пануе прынцып кансэнсусу і адзінагалоснасьці. Тым самым малой дзяржаве адводзіцца большае значэньне, чымся тое, што можа ёй належаць на падставе ейнай рэальнай сiлы. Значэньне асобнага голасу як абароньніка фармальнай роўнасьці ўзмацняецца пры дапамозе працэдуры ратыфiкацыi, а таксама немагчымасьці прыняцьця рашэньняў бальшынёй галасоў. Рашэньні, прынятыя бальшынёй, могуць ужывацца там, дзе дзяржавы добраахвотна забавязалiся падпарадкоўвацца iм — напрыклад, у Генэральнай Асамблеi ААН дзякуючы самому факту ўдзелу ў ёй, а таксама ў арганiзацыях, якiя маюць хутчэй тэхнiчнае, чымся палiтычнае значэньне (параўн. Schaumann 1957). Такiм чынам, у прызнаньні фармальнай «сувэрэннай роўнасьці» дзяржаваў ужо дасягнуты кампрамiс памiж рэчаiснасьцю — фактычнай адрознасьцяй дзяржаваў — і неабходнасьцю функцыянаваньня дзеяздольнай мiжнароднай сыстэмы шляхам прыцягненьня ўсiх дзяржаваў, што бяруць у ёй удзел. У гэтым, зрэшты, палягае сэнс той рацыяналiзацыi, што фармалiзавалася ў якасьці мiжнароднага права (параўн. Luhmann 1971, S. 3).

Адылі ў прынцыпе прававой роўнасьці не iгнаруецца матэрыяльная адрознасьць дзяржаваў. Прынцып «адна дзяржава, адзiн голас — роўныя правы, роўныя абавязкi» (рэзалюцыя ААН 2625, XXV) усё ж нельга разумець як унівэрсальны «прынцып мiжнароднага права, які сьцьвярджае роўныя правы ўдзелу ў арганiзацыях без улiку канкрэтных функцыяў і мэтаў гэтых арганiзацыяў» (Reinhard 1980, S. 103). Мiжнароднае права пры забесьпячэньні equality before the law усё ж не дае поўнай equality in law (Triepel 1974, S. 216). У гэтым сэнсе роўнасьць дзяржаваў як фармальная катэгорыя не адрозьніваецца ад роўнасьці жыхароў у якасьці грамадзянаў, якую забясьпечвае канстытуцыя. І тут роўнасьць забясьпечваецца толькi ў сэнсе ўзгляднай справядлiвасьці; г.зн. што «роўнае абыходжаньне павінна датычыць таго, што на роўнае абыходжаньне заслугоўвае — у сэнсе ўзгляднай, а не абсалютнай роўнасьці» (Schaumann 1957, S. 144; параўн. Tucker 1977, S. 13 ff). Гэтаму адпавядае сыстэма рознай вагі галасоў у рамках мiжнародных арганiзацыяў (параўн. Wahlendorf 1953). Гэтак, напрыклад, статуты Мiжнароднага валютнага фонду і Мiжнароднага банку рэканструкцыi і разьвіцьця прадугледжваюць розную вагу галасоў у залежнасьці ад фiнансавых унёскаў, г.зн. прадукцыйнасьці ці фінансавых рэсурсаў дзяржаваў-удзельнiц.

Наколькi вялiкае значэньне мае роўнасьць дзяржаваў паводле формы, выяўляецца ў тым, што рэальная вага дзяржаваў — напрыклад, паводле тэрыторыi ці колькасьці насельнiцтва — нiколi не адпавядае фактычнай гiерархii на сусьветным рынку: гiерархii прадукцыйнасьці. Толькi абстрактная роўнасьць паводле формы гарантуе, што ўсьцяж зьменлівы ўзровень прадукцыйнасьці будзе замацаваны ў якасьці рэальнай падставы гiерархii дзяржаваў.

Разьвіваныя краiны, iмкнучыся да выраўноўваньня сыстэмы сусьветнай эканомікі, зацiкаўленыя ў тым, каб эгалiтарна зразуметы ўдзел у мiжнародным працэсе прыняцьця рашэньняў для аховы iхных iнтарэсаў ад легiтымізаванай эканамiчна перавагi індустрыйна разьвітых дзяржаваў забясьпечваўся на iнстытуцыйным узроўні. Капiталiстычныя індустрыйна разьвітыя дзяржавы, насупраць, апраўдваюць свой прывiлеяваны статус у міжнародных дачыненьнях вялікай перавагай сваёй долі ў сусьветным гандлi. Нэўтралiзацыя палiтычнага і абсалютная вага эканамiчнага фактару ў міжнароднай супольнасьці знаходзіць свой далейшы працяг у тым, што прынцып роўных правоў дзяржаваў-удзельніц у сыстэме ААН дзеiць толькi ў тых органах, якiя маюць па сутнасьці рэкамэндацыйную кампэтэнцыю, «тым часам як iнстытуцыі і органы з апэратыўнымі функцыямi кіруюцца іншым прынцыпам» (Reinhard 1980, S. 105).

На выказваньне, што прававая роўнасьць дзяржаваў паводле формы ёсьць перадумоваю замацаваньня ўсьцяж зьменлівай матэрыяльнай няроўнасьці і што форма дзяржавы ёсьць умовай удзелу адпаведнай супольнасьці ў працэсе мiжнароднага аграмаджаньня, сусьветным рынку, трэба накласьці абмежаваньне. Таму што вiдавочна, што ня ўсе дзяржавы інтэграваныя ў сусьветны рынак. У гэтым сэнсе патрабуецца далейшая рэлятывацыя значэньня дзяржавы ў міжнароднай супольнасьці. Такiм чынам, можна гаварыць пра дзяржаву як вылучна «аўтахтонную» iнстанцыю, пра дзяржаву як сувэрэнную дзяржаву, паколькі яна «ёсьць найвышэйшым начальнікам для сваiх падданых». Пры гэтым не істотна, цi можна ўважаць дзяржаву поўніцай незалежнай. У вонкавапалiтычнай дзейнасьці яна можа быць абмежаваная ў сваёй свабодзе дзеяньняў узятымі на сябе ў пэўных дамовах забавязаньнямі ці з прычыны гегеманiчнай ролi якой-небудзь iншай дзяржавы. Сувэрэннай у гэтым сэнсе яна застаецца, нягледзячы ні на што, «у той меры і да таго часу, пакуль яна становіць сабой абсалютна апошнюю вырашальную iнстанцыю для сваiх падданых» (Triepel 1974, S. 143). Згодна з гэтым, у палiтычным сэнсе трэба разглядаць як сувэрэнныя таксама і такiя дзяржавы, якiя паводле крытэру свабоды прыняцьця рашэньняў і пануючай мiжнароднай маралi ня могуць уважацца за незалежныя. У вынiку гэтага мiжнароднае права iгнаруе — не зважаючы на рэгiянальныя асаблiвасьці — рэальную дынамічнасьць (свабоду) дзяржаваў і забясьпечвае iм статус палiтычна сувэрэнных супольнасьцяў як дзяржаваў. Гэтаму разуменьню дзяржавы адпавядаюць і такія дзяржавы, якія адсутнічаюць на сусьветным рынку. Таму што для iнтэграцыi ў сусьветны рынак патрэбны такі лад, які заканадаўча замацоўвае разьмежаваньне палiтычнай і эканамічнай сфэраў. Толькi функцыянальны падзел на гарызантальна-фармальны і вэртыкальна-матэрыяльны абсягі ў палiтыцы і эканомiцы ўмагчымляе поўнае мiжнароднае аграмаджаньне як удзел у сусьветным рынку, як міжнародную iнтэграцыю (пра гэта Junne u.a. 1973, S. 124 ff).

«Ядравае апасродкаваньне» краiн дзяржаўнага гандлю

Але што рабіць з тымi існуючымі ў форме дзяржаваў супольнасьцямі, якiя хоць і належаць да супольнасьці дзяржаваў дзякуючы гарызантальнай прывязцы, але нутраная структура якiх падпарадкаваная палiтычнаму прымату, які проста ня можа дапусьціць iнтэграцыi ў сусьветны рынак? Пра якую прывязку йдзе тут гаворка? Эканамiчная выключаецца. На абмен гэтых дзяржаваў дзяржаўнага гандлю з улучанымi ў сусьветны рынак дзяржавамi можна зусiм не зважаць. І ня толькi таму, што ён застаецца досыць нязначным у параўнаньні з сукупным аб’ёмам сусьветнага гандлю, але і таму, што гэты гандаль не апасродкаваны абстрактнымі менавымі формамі сусьветнага рынку, а вызначаецца іх вельмi канкрэтным пазьбяганьнем як менавых ці бартэрных угодаў. Найважнейшым паказьнiкам існаваньня вонках сусьветнага рынку ёсьць неканвэртаванасьць «валютаў» ці, інакш кажучы, наяўнасьць собскай, iзаляванай ад сусьветнага рынку сыстэмы плянаваньня і абмену (РЭУ). Праўда, заўсёды можна выявіць таксама і ўплывы сусьветнага рынку, напрыклад, у вызначэньні цэнаў на сыравiну. Аднак колькі-небудзь істотная арыентацыя на капiталiстычную сыстэму вартасьцяў ня свомая для сыстэмы плянавай эканомікі. Адсутнічае рэальны ўдзел у мiжнародным падзеле працы, апасродкаваным сусьветным рынкам. Такiм чынам, узаемасувязь iнтэграваных і неiнтэграваных у сусьветны рынак супольнасьцяў як дзяржаваў адбываецца не ў абсягу эканомікі, а дзякуючы ўзьдзеяньню глябальнага палiтычнага прымату бiпалярнасьці.

З гледзішча прымату гэтай супярэчнасьці як у заходняй, так і ўва ўсходняй зоне цывiлiзацыі міжсобку зьліваюцца тыя грамадзкiя элемэнты, якiя зазвычай — прынамсi, на Захадзе — вырозьніваюцца як палiтыка і эканомiка. Узьніклая з гэтага амальгама ідзе ўразрэз з адрозьненьнем палiтыкi і эканомiкi. Яе выражэньнем ёсьць фэномэн сілы. Суадносiны сілы, у сваю чаргу, спараджаюць выяўна неэканамiчнае, цалкам адарванае ад эканамічнай рацыянальнасьці спаборнiцтва. І сіла iмкнецца наўпрост да страчанай палiтычнай першакрынiцы роўнасьці дзяржаваў як роўнасьці вялiкiх дзяржаваў: да раўнавагi. Такiм чынам, акурат парытэт палiтычнай магутнасьці звышдзяржаваў ці, інакш, адстойваны перадусім эканамiчна слабейшым Савецкiм Саюзам прынцып «роўнасьці і роўнай бясьпекi» мае вынiкам формы камунікацыі, якія былі створаныя на ўзор эканамiчнага абмену, ня будучы народжаныя эканамiчным абменам. Роўнасьць звышдзяржаваў (парытэт) стварае, са свайго боку, палiтычную «валюту» для колькаснага вымярэньня сусьветнай улады. Яна выяўляецца ўва ўзаемным прызнаньні сыстэмаў узбраеньня.

Дзякуючы абсалютнай зьнішчальнай сіле ядравай зброi ў мiжнароднай палiтыцы ўзьнікла новая якасьць сілавых сродкаў. Магчымасьць татальнага зьнішчэньня ўсяго жывога надала колькаснаму вымярэньню гэтай абсалютнай зброi ў значнай ступені палiтычнае значэньне. Узаемнае, зафіксаванае ў дамовах прызнаньне сыстэмаў узбраеньня характарызуе гэтыя сродкi зьнішчэньня хутчэй як меркі і вагі ў глябальным балянсе сілаў, як палiтычную валюту, а не як рэальную вайсковую зброю. У гэтым сэнсе ўзбраеньне і гонка ўзбраеньняў становіць сабой для звышдзяржаваў пэўную форму глябальнай акумуляцыi ўлады. Праўда, здольнасьць вытрымліваць гэтую гонку ці, інакш кажучы, забясьпечваць захаваньне раўнавагi, утрымлівае, ведама, і эканамiчны вымер, і ў гэтым сэнсе распрацоўка і вытворчасьць гэтых сыстэмаў узбраеньня можа вызначаць і нават дэфармаваць эканомiку звышдзяржавы. Улада або неабходныя для яе забесьпячэньня сілавыя сродкi могуць таму разглядацца як агрэгатны стан эканомiкi. Гэта як бы форма выхаду з палiтыкi — народжаная мысьленьнем у катэгорыях раўнавагi — на эканомiку і тым самым урэшце форма iнтэграцыi ў палiтычную міжнародную супольнасьць, хай нават і апасродкаваная. Прыблiзная адпаведнасьць палiтыкi і эканомiкi (або ўлады і гаспадаркi) была падарваная рэвалюцыйным эфэктам абсалютнай зброi — атамнай бомбы. Гэтая неадпаведнасьць выяўляецца ў тым, што дзьве звышдзяржавы супрацьстаяць як раўнавартыя ці, інакш кажучы, раўнаважкія, дарма што з гледзішча эканамічнай магутнасьці паміж імі існуе істотнае адрозьненьне. Роўнасьць зьнішчальнай здольнасьці скасавала амаль усе iншыя эквiвалентныя крытэры. Гэта ейная лёгіка вызначае кодэкс паводзінаў звышдзяржаваў міжсобку. Дзеля гэтага прынцып глябальнай роўнасьці на аснове магчымасьці ўзаемазьнішчэньня стаецца крынiцай унівэрсальнай здольнасьці звышдзяржаваў да перамоваў. У гэтым сэнсе краiны «рэальнага сацыялiзму» ўлучаныя ў мiжнародную супольнасьць не праз эканамiчны абмен, а праз палiтычную форму, сканструяваную паводле аналёгіі з абстракцыяй абмену. Не сьляпая эканамiчная неабходнасьць выступае з абодвух бакоў за pacta sunt servanda, а прынцып раўнавагi стаецца абгрунтаваньнем роўнасьці паводле формы.

Калi разьмежаваньне палiтыкi і эканомiкi ёсьць структурнай нутраной перадумовай удзелу ў мiжнароднай камунікацыі, калi ўяўленьне пра незалежную ад дзяржавы грамадзянскую супольнасьць, глябальнае civil society, у якасьці канстытутыўнага элемэнту закладаецца ў аснову ўсёй міжнароднай супольнасьці, дык тыя дзяржаўныя арганізмы, нутраная пабудова якiх ня ўтрымлівае такога падзелу сфэраў, з гледзішча прынцыпу менавога грамадзтва могуць падавацца ня цалкам надзейнымі міжнароднымі партнэрамі. Такая ацэнка прысутнічае ў навейшай амэрыканскай вонкавапалiтычнай рыторыцы. Дзякуючы адрозьненьню паміж аўтарытарна-дыктатарскiмі рэжымамі, якiя з шкадобай талеруюцца, і таталiтарнымі рэжымамі, зь якiмі абавязкова трэба змагацца, праводзіцца дыфэрэнцыяцыя, вызначальным момантам якой ёсьць акурат тое, ці мова йдзе пра грамадзтвы, якія адпавядаюць унівэрсальнай перадумове «terms of conduct» і грунтуюцца на разьдзяленьні палiтыкi і эканомiкi ўнутры дзяржавы, ці пра такія грамадзтвы, якія ўжо або яшчэ не адпавядаюць гэтаму.

4. Дзьве формы імпэрыялізму: пранiкненьне ў форме абмену і гвалтоўная экспансiя

Палiтычная амбiвалентнасьць унівэрсалізму

Наколькi выразна разьдзяленьне палiтыкi і эканомiкi можна правесьці ўнутры дзяржавы, настолькi яно неймавернае ў сфэры міжнароднай супольнасьці – калi толькі не прымаць фiкцыi сусьветнай дзяржавы. У міжнароднай палiтыцы эканоміка і палітыка зьмешваюцца і выяўляюцца ў дамiнаваньні пэўнай вялiкай дзяржавы альбо глябальнай каалiцыi, а таксама ў ейных намаганьнях пашырыць на ўвесь сьвет адэкватныя ёй формы цывілізацыі і камунікацыі. Такi ўнівэрсалізм ёсьць амбiвалентным у тым сэнсе, што ён бароніць дэмакратычны ўнівэрсалізм, абяцае кажнай супольнасьці справядлiвы ўдзел у міжнародных узаемадачыненьнях і тым самым выступае супраць любой простай формы панаваньня, напрыклад, формы каляніяльнай сыстэмы. Адначасна абвешчаныя такiм чынам дэмакратычныя формы — роўнасьць і палiтычнае неўмяшаньне — служаць якраз таму, хто здольны дзякуючы гэтым формам дасягчы сапраўднай перавагi — эканамiчнай. Яны, вiдавочна, перадусiм служаць моцным удзельнікам міжнароднай супольнасьці. Фрыдрых Лiст аднойчы паскардзіўся, што ўнівэрсальны прынцып вольнага гандлю ёсьць ня чым iншым, як брытанскiм экспартным таварам (Lichtheim 1971, S. 62 / 63); а Карл Шмiт (1941, S. 24) наўпрост тлумачыць унівэрсалізм як нетэрытарыяльную структуру прасторава дэлякалізаванай брытанскай імпэрыi. Унівэрсалізм як мiжнароднае адзiнства прававых і камунікацыйных формаў на грунце заходняй капiталiстычнай сыстэмы вартасьцяў — гэта і ёсьць «ультраімпэрыялізм» паводле Карла Каўцкага? — Такi ўнівэрсалізм, на першы погляд, адарваны ад паасобнага панаваньня адной нацыi, дарма што ён, зноў жа, найбольш адпавядае ладу жыцьця той нацыi, якая дамiнуе на сусьветным рынку таксама і палiтычна. Няма сумневу: у XIX стагодзьдзi сыстэма міжнародных дачыненьняў была прадвызначана Англiяй і формай яе цывілізацыі, і палітыка стаяла пад знакам яе гегемонii. Тое ж самае ў XX стагодзьдзі датычыць дамiнаваньня ЗША. Сучасная сыстэма, нягледзячы на бiпалярнасьць і раўнавагу страху, дзякуючы капiталiстычнаму сусьветнаму рынку як міжнароднаму мэдыюму таксама ёсьць амэрыканскай сыстэмай. Формай яе панаваньня тут ёсьць абстрактны і фармальна эквiвалентны абмен ці, інакш кажучы, абмен няроўнымі квантамі працы на сусьветным рынку (Neusüß 1972, S. 137 f). Гвалт – прымус, які выходзіць вонкі рынкавых формаў (Wehler 1970, S. 11 ff) — які ў іншых выпадках ёсьць характэрнай прыкметай агульных уяўленьняў пра імпэрыялізм, тут толькi выключны сродак.

Ужо форма брытанскага імпэрыялізму, заснаваная на гандлi і гегемонii (Gallagher / Robinson 1970, S. 183 ff), на «free trade» і стратэгiчным кантролi морскiх шляхоў («Britain rules the waves»; параўн. Brown 1963, S. 63), абапiралася на «нефармальнае» панаваньне (Mommsen 1980, S. 77). Гiстарычны імпэрыялізм як «эпоха» (ад 1882 да 1914), насупраць, быў спробай падзялiць сьвет на сфэры ўплыву. Пратэкцыянiзм і нэамэркантылiзм, а таксама палiтыка стварэньня каляніяльных імпэрыяў («scramble for Africa»), у адрозьненьне ад «нефармальнасьці» мiжнароднага панаваньня, не ўтвараюць сапраўднай тэарэтычнай праблемы. Беспасярэдняе калянiяльнае панаваньне канчаецца разам з здабыцьцём ці аднаўленьнем дзяржаўнай незалежнасьці калёніяў. Але адно стойкая неэфэктыўнасьць выканаўчай улады ў дзяржаве сыгналізуе пра фэномэн імпэрыялізму. Для амэрыканскай сыстэмы міжнародных дачыненьняў была і застаецца характэрнай скіраванасьць ейных агульных прынцыпаў супраць беспасярэдняга панаваньня ў форме каляніяльных рэжымаў. У выніку гэтага ЗША патраплялі быць антыкаляніяльнымi і пры тым ува ўнівэрсалiсцкiм сэнсе імпэрыялiстычнымi. І ў гэтым няма супярэчнасьці. Яшчэ Адам Смiт у «The Wealth of Nations» зьвяртаў увагу на тое, што заснаваныя на каляніяльнай сыстэме простае панаваньне і ўжыцьцё гвалту эканамiчна нерацыянальныя. Заміж гэтага ён выказваўся на карысьць дачыненьняў на дамоўнай аснове з захаваньнем адэкватнасьці абмену. У сыстэме вартасьцяў, што грунтуецца на абмене, ужыцьцё гвалту зьяўляецца апраўданым тады, калi трэба падпарадкаваць пэўныя дзяржавы гэтым уважаным за абавязковыя для ўсіх прынцыпам.

У найчыстшым выглядзе гэтыя ўнівэрсальныя прынцыпы свабоды і роўнасьці выявіліся ў самаразуменьні Злучаных Штатаў як «market place-society» (Williams 1962), супольнасьці, што ў якасьці «імпэрскай рэспублiкi» (Раймон Арон) пашырае сваю візію цывiлiзацыі на ўвесь сьвет. Адначасна эканамiчны прынцып амэрыканскай экспансii трэба разумець таксама і ў сэнсе маральнай прэтэнзiі. Нельга недаацэньваць гэтага маральнага моманту амэрыканскай сьвядомасьці — як сьвядомасьці нацыi эмiгрантаў ды ўцекачоў — для замежнапалітычнай дзейнасьці. Напрыклад, незразумелай з эўрапейскай пэрспэктывы і спасьцігальнай толькi выходзячы зь сьвядомасьці нетэрытарыяльнасьці была адозва дэмакратычных нямецкiх эмiгрантаў 1853 году («The New Rome or the United States of the World»), у якой патрабавалася iнтэрвэнцыя ЗША ў Эўропу для ўстанаўленьня сусьветнай рэспублiкi, усеагульнага права голасу, узброенай барацьбы народу супраць якой-любя формы тыранii («Imperialismus», S. 190). Гэтаму адпавядае дваiсты характар раньняй дэклярацыi Манро (1823). Яе маральна-палiтычнае значэньне было накiраванае супраць палiтыкi рэстаўрацыi Сьвятарнага Саюзу. Яна мела антыманархiчны, рэспублiканскi характар і паводле сваёй задумы была антыдэспатычнай, дэмакратычнай, прасякнутай духам вольнага гандлю (Krakau 1967, S. 181). Кансэрватыўная эўрапейскасьць і свабодалюбны касмапалiтызм процiстаялi адзін аднаму (Gollwitzer, Bd. II, S. 349). Адначасна гэтая дактрына ўтрымвала ў сабе фундамэнтальны прынцып бязьмежнай, надтэрытарыяльнай экспанiсii буржуазнага грамадзтва. Сам назоў гэтай каляніяльнай (тут «каляніяльная» перадусiм значыць разгарненьне буржуазнай дынамiкi, свабоднай ад усiх фэадальных і панскiх аковаў) супольнасьці — «Злучаныя Штаты Амэрыкi» — зьмяшчае ў сабе iдэю неабмежаванага пашырэньня на кантынэнце (тамсама, S. 465). Той факт, што ЗША толькi ў 1893 годзе пачалі прызначаць дыпляматычных прадстаўнiкоў у рангу паслоў (Krakau 1967, S. 178), немалаважны для самасьвядомасьці палiтычнай супольнасьці, якая толькi паступова пачынае набываць адпаведную старым эўрапейскiм дзяржавам тэрытарыяльную форму. Толькi калі выходзіць з таго, што Злучаныя Штаты разьвівалiся як непалiтычнае civil society, можна зразумець, чаму iхныя формы глябальнага пашырэньня абстрактныя ды ўнівэрсалiсцкія і тым самым ужо ў сутнасьці сваёй супрацьстаяць прынцыпу тэрытарыяльнай дзяржавы. Гэта ня значыць, што ЗША супрацьстаяць утварэньню сувэрэнных дзяржаваў ува ўсiм сьвеце; зусiм наадварот. І робіцца гэта не дзеля палiтычных дывідэндаў — маўляў, невялiкiм дзяржавам абяцаюць свабоду толькi для таго, каб яны памянялi свайго гаспадара (Friedrich Naumann, цыт. паводле Dehio 1974, S. 316), — а таму, што ўвогуле адно палiтычна незалежныя супольнасьці, нутраное ўладкаваньне якiх умагчымляе эканамiчнае пранiкненьне звонку (каляніяльныя тэрыторыi каляніяльная дзяржава пратэкцыянiсцка-экслюзiўным чынам пакiдае за сабой), робяцца дасягальнымі для ЗША. ЗША спрыяюць утварэньню нацыянальных тэрытарыяльных дзяржаваў, таму што прынцып iх існаваньня, нягледзячы на тэрытарыяльныя і прававыя абмежаваньні, палягае якраз не ў адасабленьні тэрытарыяльнай дзяржавы, а ў прынцыпе бязьмежнага civil society сусьветнага рынку. Дзякуючы «закону палiтычнай сiлы прыцягненьня» (Williams 1974, S. 415) дзяржавы як бы ўцягваюцца ў вэртыкальна арганiзаваную сыстэму цывiлiзацыi, у якой дамiнуюць ЗША.

Уладкаваньне «нефармальных» імпэрыяў на матэрыяле дактрын

Палiтычна абстрактнай формай тэрытарыяльна не лякалізаванага і прадвызначанага Амэрыкай civil society ёсьць дактрына. Абсяг дзеяньня дактрынаў ці прынцыпаў пазначае сапраўдныя, нетэрытарыяльнаыя палiтычныя межы «нефармальнай» імпэрыi. Іх лічаць настолькi аснаватворнымі для замежнапалітычнай дзейнасьці, што прызналі за iмi значэньне fundamental law (Krakau 1967, S. 274). Дзеля таго што яны ў сваёй сутнасьці скіраваныя на пабудову «аднаго сьвету», амэрыканская замежная палiтыка набывае характар міжнароднай нутраной палiтыкi. Ёй уласьцівая тэндэнцыя да таго, каб успрымаць мiжнародныя канфлiкты як складнікі пэрманэнтнай сусьветнай грамадзянскай вайны. Палiтычнымі бар’ерамі гэткай «нефармальнай» прасторы зьяўляюцца супольнасьці, эканамiчная структура якіх не адпавядае рынкавым прынцыпам і не спрыяе «free enterprise». Да дактрыны Трумана (1947) палiтыка Злучаных Штатаў Амэрыкi выказвалася супраць сфэраў уплыву (тамсама, S. 180). Сфэры ўплыву дзеля іхнага прасторава-канкрэтнага і абмежавальнага характару ўважаліся за традыцыйны сродак палiтыкi сiлы ў кантынэнтальнай Эўропе. Таму дактрына Трумана сталася першай скіраванай на пэўныя тэрыторыі засьцярогай ЗША, таму што ў ёй ужо пачынала выяўляцца глябальная супярэчнасьць памiж Усходам і Захадам. Дзеля свайго лятэнтнага ваеннага характару гэтая супярэчнасьць набыла геаграфiчную канкрэтызацыю.

Дактрына Манро, першая зьвернутая «навонкi» дэклярацыя прынцыпаў Злучаных Штатаў, хаця і была спачатна тэрытарыяльна скіраванай супраць «Старога Сьвету» абарончай пазыцыяй, але неўзабаве набыла абстрактнае значэньне. Ужо ў 1848 годзе яна была пашыраная на Гаваi, г. зн. перанесеная таксама і на цiхаакiянскi рэгіён. Яна аказалася надзвычай «дынамiчнай канцэпцыяй» (тамсама, S. 280). Дзякуючы гэтаму ейны першапачатна палiтычны зьмест эканамiзаваўся ў ідэю рынкавай экспансіі ў заходне-заакіянскім кірунку да Кiтаю, таму што апошні аказаўся ў сфэры містычнага амэрыканскага наканаваньня. Насамрэч Далёкi Ўсход у эканамiчным сэнсе быў для ЗША тым, чым для Эўропы калісьці Блiзкi Ўсход. Так, амэрыканска-цiхаакiянская арыентацыя заўсёды абгрунтоўвалася гандлем з Кiтаем. Таму зусім зразумела, што цэнтральны на працягу дзесяцігодзьдзяў вэктар амэрыканскай вонкавай палiтыкі першапачатна быў накiраваны на Кiтай, перш як адарвацца ад сваёй геаграфiчнай фiксацыi і зрабiцца ўнівэрсальным: палiтыкай open door.

Прынцып open door знаходзіцца ў сьціслай сувязі з новай фазай экспансii амэрыканскай вонкавай палiтыкі. Яна прывяла да амэрыканска-гішпанскай вайны 1898 году перадусiм у карыбскiм басэйне (Куба), а таксама і ў Цiхiм акiяне. І гэта не геаграфiчны парадокс, калі ўзяць пад увагу расьцярушанасьць гішпанскiх уладаньняў і спэцыфіку ЗША, што абкружаныя двума акiянамі. Гішпанскiя Фiлiпiны дастаюцца Злучаным Штатам — адзiная, дарэчы, тэрыторыя ЗША, якая адгэтуль і да 1945 году мела каляніяльны статус. Фiлiпiны набываюць для ЗША значэньне геастратэгiчнага морскага маста да Кiтаю. Сама Сярэдзінная імпэрыя за тых часоў сталася аб’ектам перадусiм расейскага і японскага падзелу сфэры iнтарэсаў. Гэта несла пагрозу эканамiчнай самаізаляцыі краiны, а якраз такога з англасаксонскага пункту гледжаньня нельга было дазволіць. Імкненьне праводзіць у Кiтаi палiтыку «адчыненых дзьвярэй» першапачатна выходзiла ад Вялiкабрытанii, якая ад 1896 году намагалася далучыць да гэтай iнiцыятывы ЗША (Gollwitzer, Bd. II, S. 175). Назоў жа open door — амэрыканскі. Мiнiстар замежных справаў Злучаных Штатаў Джон Гэй трыма нотамі да вялiкiх дзяржаваў сьвету ў 1899—1900 гадох зрабіў прынцып «адчыненых дзьвярэй» афiцыйнай дактрынай Злучаных Штатаў.

У дактрыне «адчыненых дзьвярэй» выклікае цiкавасьць ейны дваiсты характар. Палiтычна гэты прынцып нібыта бароніць незалежнасьць і тэрытарыяльную цэльнасьць Кiтаю ад каляніяльнага паглынаньня і раздрабненьня. Гэтая дактрына сьцьвярджае антыкаляніяльны прынцып абароны нацыянальнага сувэрэнiтэту пэўнай дзяржавы ад беспасярэдняга ўварваньня iншых дзяржаваў. Аднак эканамiчнае значэньне дактрыны — імпэрыялiстычнае. Акурат дзякуючы палiтычнай незалежнасьці Кiтаю за ЗША — як і за iншымі дзяржавамі – трэба прызнаць права на вольную гаспадарчую дзейнасьць на падставе роўнасьці і раўнапраўнасьці. І далей: тое, што ў канфлiкце ў Кiтаi і вакол яго прывяло да амэрыканскай дактрыны open door, неўзабаве пазбаўляецца сваёй канкрэтнай прычыны і ўнівэрсалізуецца — унівэрсалізуецца і радыкалізуецца ў якасьці прэтэнзіі ЗША на эканамічную раўнапраўнасьць у сусьветным маштабе (тамсама, S. 175); выдатны амэрыканскi публiцыст Уолтэр Лiпман аднойчы сфармуляваў так: «The open door is, at bottom, a short name for the American way of life, projected abroad...» (цыт. паводле Krakau 1967, S. 294).

Дактрыны Злучаных Штатаў у прынцыпе і перадусiм скiраваныя супраць пашырэньня прынцыпу сувэрэнiтэту нацыянальных дзяржаваў на сфэру эканомікі, супраць cuius regio, eius oeconomia. Тое, што тэрыторыя, на якую яны распаўсюджваюцца, складаецца з традыцыйных і нефармальных сфэраў уплыву ЗША — Лацiнскай Амэрыкі і Далёкага Ўсходу — ня надта дзiвіць з гледзішча генэзы гэтых прынцыпаў. Гэтак, напрыклад, дактрына Стымсана, якая адмаўляецца прызнаваць гвалтоўна захопленыя тэрыторыі, першапачатна была скiраваная супраць японскай захопнiцкай палiтыкi ў Манчжурыi, але неўзабаве ў якасьці ўнівэрсальнага маральнага прынцыпу адасобілася ад сваёй першапрычыны. Прыкладна тое самае датычыць дактрыны Тэйбара (1907), зьмест якой палягае — што было навiной у міжнародным праве — у прызнаньні ўрадаў Лацiнскай Амэрыкі. Паводле гэтай дактрыны, ЗША ўважалі ўрады за легiтымныя толькi тады, калi яны былi сфармаваныя свабодна выбранымi народнымi прадстаўнiцтвамi. «Тым самым дэмакратычная форма легальнасьці і легiтымнасьці была абвешчана стандартам мiжнароднага права» (Schmitt 1950, S. 282). Пры гэтым вiдавочна, што інакш уладкаваныя або прызнаныя ў якасьці іншых формы легітымнасьці на падставе гэткай амэрыканскай засьцярогі што да «recognition» могуць падбухторваць да iнтэрвэнцыянiзму. Гэта можа выяўляцца ў форме прызнаньня паўстанцаў у якасьці боку ў канфлікце ці як-небудзь яшчэ інакш. Ува ўсякім разе палiтыка прызнаньня, якая выходзiць з прымату легiтымнасьці пэўнай палiтычнай мадэлi ці, іншымі словамі, прымату падзелу на палiтыку і эканомiку ўнутры дзяржавы, носiць характар міжнароднай лятэнтнай грамадзянскай вайны. Згодна зь ёй за найвышэйшую прававую вартасьць можа ўважацца ня статус-кво і тым самым мiр ды разам зь ім легітымнасьць дзяржавы як формы — як у традыцыйным мiжнародным праве эўрапейскага паходжаньня, — а падрываючая гарызантальны міждзяржаўны парадак легітымнасьць вэртыкальнага international law. Але як бы ні наракалі на спадарожнае гэтаму скасаваньне прынцыпу тэрытарыяльнай дзяржаўнасьці і ягонай легітымнасьці ў форме дзяржавы, гэтая легітымнасьць як гарызантальная сыстэма сваё ўжо аджыла з прычыны вэртыкальнага падзелу працы ў сусьветным рынку.

У сапраўднасьці палiтыка «адчыненых дзьвярэй» практыкавалася Злучанымi Штатамi ня так глябальна, як гэта прадугледжвала ейная ўнівэрсалiсцкая рыторыка. Прагалошанай палiтыцы «адчыненых дзьвярэй» і зьвязанаму зь ёй патрабаваньню рэжыму найбольшага спрыяньня спадарожнічаў пратэкцыянiзм і бiлятэралiзм[6]. У гэтым сэнсе ўнівэрсалізм i глябалізм ЗША быў, асабліва ў такiя важныя для сусьветнай гісторыі трыццатыя гады і да ўступленьня ЗША ў вайну ў 1941 годзе, хутчэй праграмай і праектам пазьнейшага сусьветнага парадку, заснаванага на вольнай сусьветнай эканоміцы, чымся рэальнай палiтыкай. «Патрабавалi адчыненых дзьвярэй, самі не адчыняючы сваіх» (Junker 1975, S. 24).

ЗША поўніцай адкрылi сябе міжнароднаму гандлю даволі позна. Праўда, пэрыядычна назіраліся фазы адкрытасьці, але ў агульным і цэлым ЗША старалiся разьвіваць сваю эканамічную магутнасьць пад аховай высокiх мытных бар’ераў. Пасьля першай сусьветнай вайны (1922—1923), калi ЗША раптоўна ператварыліся з краiны-даўжніка ў краiну-крэдытора, практыкаваны з 1778 году двухбаковы рэжым найбольшага спрыяньня быў заменены замежнагандлёвай палiтыкай шматбаковага рэжыму найбольшага спрыяньня. Вялiкая дэпрэсiя, немагчымасьць падтрымліваць стабільны кошт на золата прывялi да рэвiзii палiтыкi «адчыненых дзьвярэй» і рэжыму найбольшага спрыяньня. Адно разам з палiтыкай «New Deal», якая вымагала моцнага замежнаэканамiчнага забесьпячэньня для захадаў у эканомiцы ўнутры краіны (Стымсан: «America must trade abroad to preserve her national character and welfare», цыт. тамсама, S. 72), адбыўся паварот да абсалютнага рэжыму найбольшага спрыяньня. Ужо адно з прычыны праблемаў перавытворчасьці ў селавой гаспадарцы трэба было праводзiць актыўную замежнагандлёвую палiтыку. Адылі на практыцы патрабаваным рэжымам найбольшага спрыяньня паслугоўваліся дваяка. Каля 90 працэнтаў усiх дамоваў мелi двухбаковы, дыскрымiнуючы трэцiя краiны характар (тамсама, S. 85). Бадай, собская тэорыя ня надта пераконвала яе стваральнікаў, бо, паводле яе, аптымальны міжнародны даход найлепш дасягаецца пры дапамозе адзiнага, непадзельнага сусьветнага рынку. Тым ня менш, палiтычна, г.зн. для вонкавай палiтыкі прынцыпы адкрытага і непадзельнага сусьветнага рынку застаюцца вызначальнымі. Не ў апошнюю чаргу акурат яны спрычыніліся да ўступленьня ЗША ў вайну супраць Нямеччыны, а таксама абвастрылi амэрыканска-японскую канфрантацыю.

«Усеазiяцкая сфэра дабрабыту» Японii

Калi не зважаць на Манчжурыю і Кiтай, японскi гандаль да 1937 году быў шматбаковы і вольны ад абмежаваньняў на iмпарт. Пазьнейшыя аўтаркісцкiя памкненьні Японii былi ўжо выражэньнем ваенна-эканамiчнага плянаваньня. Пры канцы 1938 году стала ясна, што Японiя адкінула прынцып «адчыненых дзьвярэй» і маніцца сфармаваць палiтычна / эканамiчна замкнёную прастору, якая б улучала падпарадкаваныя ёй кiтайска-манчжурскiя тэрыторыі. Адмiнiстрацыя Рузвэльта, у сваю чаргу, была поўная рашучасьці забясьпечыць функцыянаваньне эканомiкi ў адпаведнасьці зь лібэральнымі прынцыпамі і запабегчы ўтварэньню арыентаваных на аўтаркію эканамiчных зонаў як у Азii, так і ў Эўропе. Паўстала незамірэнчая супярэчнасьць паміж прынцыпамі палiтычнага ладу cuius regio, eius oeconomia і cuius oeconomia, eius regio. Дарма што і ў Савецкiм Саюзе зь ягонай сацыялiстычнай плянавай эканомікай не магло йсьці гаворкі пра «free enterprise», гэта, што цiкава, не ўтварала эканамiчнай супярэчнасьці. Гэта можна патлумачыць тым, што Савецкi Саюз хоць і быў эканамічнай аўтаркiяй, але як сацыялiстычная дзяржава ня браў удзелу ў капiталiстычным сусьветным рынку. Таму з эканамiчнага гледзішча ён не станавіў сабой канкурэнта і не праводзiў, як капiталiстычныя «дзяржавы восi», эканамiчна ўгрунтаванай экспансiянiсцкай палiтыкі захопу новых тэрыторыяў. Вызначальным для канфлікту было не адно толькi cuius regio, eius oeconomia, але прынцып утварэньня аўтаркiчных эканамічных зонаў дзікага капiталiзму, што iмкнулiся да геаграфiчнага пашырэньня. Карацей: амэрыканскаму боку трэба было перашкодзіць тэрытарыяльнаму перадзелу сусьветнага рынку. Гэты факт пацьвярджаецца таксама амэрыканскай рэакцыяй на нацыянал-сацыялiстычную Нямеччыну. Не сама палiтыка аўтаркii, але толькi экспансiя Нямеччыны за свае межы прывяла да ўступленьня ЗША ў вайну ці, іншымі словамі, да палiтыкi, якая зводзілася да падрыхтоўкі да ўступленьня ў вайну. Пра супрацьдзеяньне райху ў ягоных межах 1937 ці 1939 году не было й гаворкі, нягледзячы на тое, што нацысцкая замежнагандлёвая палiтыка «новага пляну» пры Г’ялмару Шахту[7] з 1934 году зачыняе для ЗША «адчыненыя дзьверы» і пры гэтым перадусiм з лацiнаамэрыканскiмi дзяржавамi праводзяцца бартэрныя і менавыя зьдзелкi; плацяжы зьдзяйсьняліся праз двухбаковыя пагадненьні аб узаемазаліку. Тым самым гаворка йшла пра замежнаэканамiчную палiтыку, якая не магла даваць гэтым краiнам валютных паступленьняў, што, у сваю чаргу, адбiвалася на абслугоўваньні іх доўгу перад Злучанымі Штатамі.

Злучаныя Штаты ў адрозьненьне ад нацыянал-сацыялiстычнай Нямеччыны, фашысцкай Iталіі і мілітарысцкай Японіі — з гледзішча эканамiсцкага канцэпту інтарэсаў — ня мелі беспасярэдняй неабходнасьці ўступаць у вайну. Да ўступленьня ў вайну прывяла хутчэй — калi не зважаць на пачатак баявых дзеяньняў — амэрыканская філязофiя гандлю і мiру, якая кiравалася прынцыпам «адчыненых дзьвярэй» і роўных магчымасьцяў. Праўда, не было выключана, што ў Эўропе і Ўсходняй Азiі дзякуючы перадзелу сусьветнага рынку на буйныя замкнёныя эканамiчныя зоны паўстане сур’ёзная пагроза для амэрыканскай сыстэмы і разам зь ёй для ЗША. На карысьць гэтага сьведчыў прагалошаны ў 1938 годзе японскi «новы ўсходнеазiяцкi парадак»; у 1943 годзе была абвешчаная «ўсеазiяцкая сфэра дабрабыту» пад гегемонiяй Японii. Але гэта было ўжо падчас самой вайны. Вырашальным фактарам уступленьня ЗША ў вайну была, бадай, абарона ўнівэрсальнага прынцыпу свабоднага капiталiстычнага сусьветнага рынку ад імпэрскага і, як правiла, «дзікага» капiталiзму. Гаворка ішла пра арганiзацыйны прынцып эканамiчнай глябальнасьці, прынцып, якi падлягаў палiтызацыі і мiлiтарызацыі дзеля таго, каб забесьпечыць «непадзельную свабоду і бясьпеку» (тамсама, S. 229).

Кантынэнтальны імпэрыялізм: аўтаркiя і вялікая тэрыторыя

Замежнаэканамiчная палiтыка нацыянал-сацыялiстычнай Нямеччыны была арыентаванана на аўтаркiю (параўн. Petzina 1968), прычым ня толькi з унутрыэканамiчнай пэрспэктывы, але і як сьвядомая антытэза ўнівэрсалiзму сусьветнага рынку (параўн. Gollwitzer, Bd. II, S. 568). Спачатна ёй быў нададзены статус адзiнай адпаведнай эканамічнай формы для нацыянальнай дзяржавы, якая ўважае сябе за абсалютна сувэрэнную. Адылі сама праграма аўтаркii вымагае тэрытарыяльнага пашырэньня, якое бедная на сыравiну Нямеччына плянавала ўжо адно з прычыны сваёй гiганцкай праграмы ўзбраеньня — нават зусім не зважаючы на падмацаваную iдэалёгіяй расы палiтыку экспансii і заняволеньня, якую нацысты пачалі ажыцьцяўляць пазьней. Увогуле можна выходзiць з таго, што нацыянал-сацыялiстычныя экспансiянісцкія памкненьні мелі розныя духоўна-гiстарычныя, палiтычныя і iдэалягічныя вытокі. Дамiнантнымі былі — пры ўсёй разнастайнасьці — варажнеча да сусьветнага рынку і антыўнівэрсалізм, кантынэнтальна-імпэрыялiстычная геапалiтыка і матываванае расавай iдэалёгіяй iмкненьне да сусьветнага панаваньня (параўн. Michalka 1978).

Значным тэарэтыкам крайняга антыўнівэрсалiзму быў Карл Шмiт (параўн. Gruchmann 1962). Ядром ягоных развагаў на карысьць антыўнівэрсалiсцкага мiжнароднага права быў прынцып вялікай тэрыторыі. Паводле Шміта, статус дзяржавы ў даўнейшым кантынэнтальным і дапасаваным да невялікіх тэрыторыяў мiжнародным праве трэба перагледзець на карысьць «плянэтарнага прынцыпу», прынцыпу, паводле якога за імпэрыямi як «сапраўднымi творцамi новых вялiкiх тэрытарыяльных сыстэмаў і тэрытарыяльных утварэньняў» трэба было прызнаць суб’ектнасьць апошняй iнстанцыi (Schmitt 1941, S. 49). На гэтыя адмежаваныя адна ад адной буйныя тэрытарыяльныя адзінкі павiнна распаўсюджвацца забарона iнтэрвэнцыi. Шмiт меркаваў, што гэтыя ідэі глябальнага парадку адпавядаюць амэрыканскай дактрыне Манро, якую ён абагульніў як «прэцэдэнт зафіксаванага ў мiжнародным праве панятку вялікай тэрыторыі» (тамсама, S.12 f). Ужо ў пераносе прынцыпу дактрыны Манро на буйныя тэрытарыяльныя ўтварэньні накшталт імпэрыяў выяўлялася ідэалягічнае непаразуменьне: дактрына Манро была, у канцавым выніку, абстрактным прынцыпам гегемонii сусьветнага рынку. Якраз тое, што ейныя каардынаты нельга было лякалізаваць у прасторы, і было ейнай iстотнай прыкметай. Шмiтава ідэя імпэрыi зь вялікай тэрыторыяй, наадварот, уяўляла сабой натужную спробу абагульненьня спэцыфічна нямецкай і кантынэнтальна-імпэрыялістычнай ідэяў, г.зн. была прывязанай да прасторы і тым самым паводле свайго характару выразна канкрэтнай ідэяй панаваньня — акурат варыянтам «мысьленьня пра канкрэтны парадак» (Шміт), а не амэрыканскiх нетэрытарыяльных прынцыпаў. Гэтай ідэі кантынэнтальна-імпэрыялiстычнага паходжаньня, якая ў канцавым выніку грунтавалася на беспасярэднім ужыцьці гвалту, спадарожнiчалi адпаведныя геапалiтычныя праекты.

Геапалiтыка ў Нямеччыне, ператвораная Карлам Гаўсгофэрам у антызаходнi субстытут тэорыі мiжнароднай палiтыкi, паспрабавала канкрэтызаваць антылібэральныя і антыабстрактныя традыцыi. Таксама і ягоная геаграфiчная дактрына была скіраваная на тэрытарыяльна-аўтаркiчнае сумяшчэньне палiтычнай улады і замкнёнай эканамiчнай прасторы (Diner 1984). Праўда, і ў рамках ягонай геапалiтыкi на падставе нібыта натуральна зададзеных велічыняў была распрацоўвалася антыўнівэрсальная «геаюрыспрудэнцыя» (параўн. Langhaus-Ratzerburg 1928, S.77 ff); але палiтычным намерам ягонай геапалiтыкi па сутнасьці было стварэньне вялікай прасторы. Яна павiнна была злучыць Эўропу, Расiю — у выглядзе Савецкага Саюзу — і Японiю ў «кантынэнтальны блёк», накіраваны супраць морскiх англасаксаў і iхнай цывiлiзацыi. Але Гаўсгофэр быў пангерманскiм імпэрыялiстам, а не нацыянал-сацыялiстам. З нацыянал-сацыялiзмам непарыўна была зьвязана расавая iдэя. Адылі пангерманска-імпэрыялiстычная праграма мела дастаткова пунктаў судакрананьня з нацыянал-сацыялiзмам — і напачатку яны ішлі разам. Ім абодвум была ўласьцівая кантынэнтальная арыентацыя на геапалітычнае, прасторавае адзiнства Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы пры гегемоніі Нямеччыны. Калі Гаўсгофэр — як, зрэшты, і Рыбэнтроп — меркаваў, што гэтае прасторавае адзiнства ўжо дасягнутае дзякуючы дамове Гiтлера з Сталiнам, то для нацыстаў зь iхнай заснаванай на iдэалёгіі расы «праграмай усходняй тэрыторыі» гэтае пагадненьне было толькi прамежкавай мэтай. Нацыяналістычны імпэрыялізм ідэоляга чыстага нацыянал-сацыялiстычнага вучэньня, Альфрэда Розэнбэрга, сягаў далёка за межы iдэалёгіі прасторы. Праўда, ён пагаджаўся з iдэалягічнымi геапалiтыкамi ў тым, што трэба спрыяць «абуджэньню новай iдэi прасторы і зямлi» як руху, супрацьлежнаму «мiжнароднаму, нетэрытарыяльнаму сьвету фiнансавай арыстакратыi» (цыт. паводле Gollwitzer, Bd. II, S. 545) — але пры гэтым адначасна неабходна правесьці ў жыцьцё на Ўсходзе антыбальшавiцкую расавую праграму. Такая палiтыка супярэчыла ідэям геапалiтыкаў, што выходзiлi адно з геаграфiчнай прасторы, а ня з расавай ідэалёгii. Карл Гаўсгофэр разглядаў напад на Савецкi Саюз ня толькi як пачатак ваеннай катастрофы, а як крыш ягонай эўразiйскай канструкцыi «кантынэнтальнага блёку».

Ідэя Сярэдняй Эўропы таксама пранікла ў геапалiтычныя канцэпцыі вялікай тэрыторыі, кантынэнтальнай імпэрыi пад кіраўніцтвам Нямеччыны. Гаворка йдзе пра распрацаваную ў духу імпэрскай iдэi аўтаркічную канцэпцыю, якая мела ўхiл у паўднёва-ўсходнiм кірунку, у бок Балканаў, а эканамiчна хінулася на Блiзкі і Сярэдні Ўсход. Эўрапейская канцэпцыя наднацыянальнай, але падпарадкаванай Нямеччыне Сярэдняй Эўропы распрацоўвалася Фрыдрыхам Наўманам (1860—1919). Сярэдняя Эўропа павiнна была абдымаць, апроч Нямеччыны і Аўстра-Вугоршчыны, Турэччыну, Румынiю, Грэцыю і Галяндыю. Хаця задумвалася яна як фэдэрацыя, ейнае адзiнства павiнна была забясьпечваць моцная і цэнтралiсцкая сярэдзінная дзяржава, а ў якасьці палітычнага ладу прадугледжваўся «дзяржаўны сацыялiзм» (Naumann 1915). І тут задума ішла супраць унівэрсалізму, здамінаванага англасаксамi сусьветнага рынку. Больш выражаныя аўтаркiчныя структуры фігуруюць у развагах Рудольфа К’елена, геапалiтычнага папярэднiка Гаўсгофэра. Будучы прыхільнікам варожай да абстракцыi, аграрнай традыцыі мысьленьня ў межах арганiчнай тэорыi грамадзтва і дзяржавы, ён бачыць у аўтаркii і неабходнай для яе эканамiчнай прасторы рэакцыю супраць iндустрыялiсцкага тыпу XIX стагодзьдзя. «Гэты тып у сваёй сутнасьці быў касмапалiтычны, ён пакідаў нацыянальныя эканомiкi на волю канкурэнцыi ўсеагульнага сусьветнага рынку, дзе моцны заўсёды мае магчымасьць паглынуць слабога» (1924, S. 143). Высновы, якiя К’елен робiць з рэальнасьці сусьветнага рынку, апярэджваюць ідэі Карла Шмiта пра падзел сьвету на вялікія блёкі. Гэтак, земную кулю трэба разьбіць, у адрозьненьне ад нябачнай абстракцыi сусьветнага рынку як мэдыюму, на імпэрыялiстычна-канкрэтныя і геаграфiчна выразна акрэсьленыя зоны. Гэтак, Англiя мае «ўжо ў сваёй вялiкай імпэрыi сфэру iнтарэсаў...; Нямеччына ж мусiць сьпярша стварыць сабе гэтую сфэру», а наймя ў форме праграмы кантынэнтальнай экспансіі: «Бэрлін—Багдад і Сярэдняя Эўропа на базе добраахвотнага аб’яднаньня дзяржаваў-удзельніц: такім чынам, закрытая сфэра інтарэсаў, у якой слаба разьвітае эканамічнае жыцьцё Блiзкага Ўсходу разглядаецца як дадатак да нямецкай iндустрыi». Пры гэтым К’елен спасылаецца на «замкнёную гандлёвую дзяржаву» Фiхтэ (тамсама, S.144), у межах якой неабходна скасаваць міжнародны гандаль, устанавіць «натуральныя межы і забарону любой беспасярэдняй камунікацыі з замежнікамі» (Gollwitzer, Вd. І, S. 241). З геапалiтыкай мае пункты судакраненьня таксама і традыцыя Гiстарычнай школы, якая хінулася да разьмежаваньня земнай кулі памiж імпэрыямi, што спаборнічаюць міжсобку (Lichtheim 1971, S. 67).

Геапалiтыка Гаўсгофэра як варыянт абгрунтаваньня нямецкiх імпэрыялiстычных iмкненьняў да пашырэньня зь неабходнасьцю адмаўляе ўнівэрсальнасьць міжнароднай супольнасьці. Выходзячы з свайго вылучна партыкулярнага iнтарэсу, яна ацэньвае палiтычныя прасторы ў сэнсе нібыта прывязанага да зямлі натуральнага права на долю ўлады ў геаграфiчна легітымізаванай сусьветнай дзяржаве — проста-такi «пазямельная кнiга плянэты» (Haushofer; цыт. паводле Jacobsen 1979, Bd. I, S. 489—490). Самаразуменьне геапалiтыкi Гаўсгофэра як падштурхоўваючай да дзейнасьці «прапэдэўтыкi вонкавай палiтыкi» (Haushofer; цыт. тамсама, S. 537 ff) скіравана супраць абстрактнага і фармалiзаванага разуменьня дзяржавы і прасторы ў разьвітым заходнім капiталiзьме і тым самым супраць абумоўленай англасаксонскiмi формамi цывiлiзацыi міжнароднай супольнасьці. Міжнародны парадак, якi абмалёўваўся ў праектах геапалiтыкi, быў імпэрыялізмам, якi легітымаваўся не эканамiчна, праз абстракцыю абмену і гiерархiю прадукцыйнасьцяў, а праз палiтычны падзел сьвету, якi павiнен быў забясьпечыць адпаведны імпэрыі ўдзел у той вялікай частцы прасторы, дзе дамiнаваў Нямецкі Райх — прэтэнзія, выкананьня якой можна было дасягчы толькi пры дапамозе ўзброенай сiлы і якая змабiлiзавала супраць сябе сусьветную каалiцыю» (Diner 1984, S. 27 f).

Супярэчнасьць памiж заходнiм, заснаваным на ўнівэрсалiзьме сусьветнага рынку, у сваёй сутнасьці абстрактна-менавым і нефармальным пашырэньнем, і гвалтоўнай нямецкай імпэрскай экспансiяй на кантынэнце тлумачыцца ня спосабам вытворчасьці. У абодвух выпадках мы маем справу з капiталiстычна ўладкаванымі грамадзтвамі. Але адначасна мы маем справу зь дзьвюма рознымі «civic cultures» (Lippman; цыт. у Gollwitzer, Bd. II, S. 357) — зь дзьвюма адрозна ўладкаванымі палiтычнымі формамі ў рамках капiталiзму. З гледзішча маральнага і гiстарычнага значэньня, ведама, мы сутыкаемся з аснавасяжнай розьніцай. Таму атлянтычная iнтэграцыя Фэдэратыўнай Рэспублiкi Нямеччыны — ня толькi працэс уваходу ў пэўны палiтычны блёк. Мы маем дачыненьне з iнтэграцыяй у iншую палiтычную культуру, культуру civil society як заходнюю цывiлiзацыю, чаму спрыяе сусьветны рынак.

Літаратурныя жаролы

Выкарыстаная літаратура

Aron, Raymond 1963: Frieden und Krieg. Eine Theorie der Staatenwelt. Frankfurt/M.

Brown, Michael B. 1963: After Imperialism, London.

Busch, Klaus 1974: Die multinationalen Konzerne. Zur Analyse der Weltmarktbewegung des Kapitals, Frankfurt/M.

Dehio, Ludwig 1960: Gleichgewicht oder Hegemonie. Betrachtungen über ein Grundproblem der neuen Staatengeschichte, Krefeld.

— 1970: «Gedanken über die deutsche Sendung 1900—1918»; in: Hans-Ulrich Wehler (Hrsg.): Imperialismus, S. 309 ff.

Diner, Dan 1980: «Anerkennung und Nichtanerkennung. Zum Begriff des Politischen bei Carl v. Clausewitz und Carl Schmitt»; in: Günter Dill (Hrsg.): Clausewitz in Perspektive, Frankfurt / Berlin / Wien, S. 447 ff.

— 1984: «Grundbuch des Planeten». Zur Geopolitik Karl Haushofers»; in: Vierteljahreshefte für Zeitgeschichte 32 (1984), S. l ff.

Evers, Tilman 1977: Bürgerliche Herrschaft in der Dritten Welt. Zur Theorie des Staates in ökonomisch unterentwickelten Gesellschaftsformationen, Köln / Frankfurt.

Freund, Michael 1942: «Zur Deutung der Utopia des Thomas Moms. Ein Beitrag zur Geschichte der Staatsraison in England»; in: Historische Zeitschrift 1942 (1930), S. 254—278.

Friedjung, Heinrich 1919—1922: Das Zeitalter des Imperialismus 1884—1914, 3 Bde., Berlin.

Fulton, T. W. 1911: The Sovereignty of the Sea, London.

Gallagher, John / Robinson, Ronald 1970: «Der Imperialismus des Freihandels»;

in: Hans-Ulrich Wehler (Hrsg.): Imperialismus, S. 183 ff.

Gantzel, Klaus J. / Kress, Gisela / Rittberger, Volker 1972: Konflikt-Eskalation-Krise. Sozialwissenschaftliche Untersuchungen zum Ausbruch des Ersten Weltkrieges, Düsseldorf.

Gollwitzer, Heinz 1972 / 1982: Geschichte des weltpolitischen Denkens, 2 Bde., Göttingen.

Grabowsky, Adolf 1923: «Das Wesen der Imperialistischen Epoche»; in: Zeitschrift für Politik 12, S. 30—66.

Gruchmann, Lothar 1962: Nationalsozialistische Großraumordnung. Die Konstruktion einer «deutschen Monroe-Doktrin», Stuttgart.

Gumpert, Julius 1954: «Erscheinungsformen und Wesen des Imperialismus» in: Schmollers Jahrbuch für Gesetzgebung, Verwaltung und Volkswirtschaft 74, S. 305—349.

Imperialismus. Stichwort, in: Geschichtliche Grundbegriffe. Historisches Lexikon zur politisch-sozialen Sprache in Deutschland, Bd. 3, S. 171-236, Stuttgart 1984, bearbeitet von Jörg Fisch, Dieter Groh und Rudolf Walther.

Jacobsen, Hans-Adolf 1979: Karl Haushofer. Leben und Werk, 2 Bde., Boppard am Rhein.

Junne, Gerd / Nour, Salua / Schlupp, Frieder 1973: «Zur Grobstruktur des internationalen Systems»; in: Ekkehart Krippendorff (Hrsg.): Internationale Beziehungen, Köln.

Junker, Detlef 1975: Der unteilbare Weltmarkt. Die ökonomischen Interessen in der Außenpolitik der USA 1933—1941, Stuttgart.

Kaiser, Karl 1969: «Transnationale Politik. Zu einer Theorie multilateraler Politik», in: Politische Vierteljahresschrift 10 (1969), Sonderheft 1, S. 80—100.

Kjellén, Rudolf 1924: Der Staat als Lebensform, Berlin.

Knight, William S. M.1925: The Life and Works of Hugo Grotius, London.

Koebner, Richard 1952: «The Emergence of the Concept of Imperialism»; in: Cambridge Journal 5, S. 726—741.

— / Schmidt, Dan Helmut 1964: Imperialism. The Story and Significance of a Political Word, 1840—1960, Cambridge.

Krakau, Knud 1967: Missionsbewußtsein und Völkerrechtsdoktrin in den Vereinigten Staaten von Amerika, Frankfurt / Berlin.

Krippendorff, Ekkehart (Hrsg.) 1973: Internationale Beziehungen, Köln.

Landes, David S. 1970: «Über das Wesen des ökonomischen Imperialismus» in: Hans-Ulrich Wehler (Hrsg.): Imperialismus, Köln, S. 66 ff.

Langhaus-Ratzerburg, Manfred 1928: «Begriff und Aufgaben der geographischen Rechtswissenschaft (Geojurisprudenz)»; in: Zeitschrift für Geopolitik, Beiheft II (1928), S. 77 ff.

Lichtheim, George 1971: Imperialism, London.

Locke, John 1690 (1966): Two Treatises of Civil Government, London / New York.

Luhmann, Niklas 1971: «Die Weltgesellschaft»; in: Archiv für Rechts- und Sozialphilosophie 57 (1971), S. l ff.

Marx, Karl 1953: Grundrisse der Kritik der politischen Ökonomie, Berlin.

Massarrat, Mohsen 1980: Weltenergieproduktion und Neuordnung der Weltwirtschaft, Frankfurt / New York.

Michalka, Wolfgang (Hrsg.) 1978: Nationalsozialistische Außenpolitik, Darmstadt.

Mommsen, Wolfgang J. 1969: Das Zeitalter des Imperialismus (Fischer Weltgeschichte, Bd. 28), Frankfurt/M.

—1980: Imperialismustheorien, Göttingen.

Naumann, Friedrich 1915: Mitteleuropa, Berlin.

Neusüß, Christel 1972: Imperialismus und Weltmarktbewegung des Kapitals, Erlangen.

Petzina, Dieter 1968: Autarkiepolitik im Dritten Reich, Stuttgart.

Rein, Gustav Adolf 1961: Europa und Übersee. Gesammelte Aufsätze, Göttingen / Berlin / Frankfurt.

Reinhard, Hans 1980: Rechtsgleichheit und Selbstbestimmung der Völker in wirtschaftlicher Hinsicht, Berlin / Heidelberg / New York.

Rotermund, Rainer/Schmiederer, Ursula/Becker-Panitz, Helmut 1977: Entspannung, Systemkonkurrenz und «Realer Sozialismus» Nürnberg/Osnabrück.

Schaumann, W. 1957: Die Gleichheit der Staaten, Wien.

Schmitt, Carl 1941: Völkerrechtliche Großraumordnung mit Interventionsverbot für raumfremde Mächte. Ein Beitrag zum Reichsbegriff im Völkerrecht, Berlin / Leipzig / Wien.

— 1950 (1974): Der Nomos der Erde im Völkerrecht des Jus Publicum Europaeum, Berlin.

Schmitt-Egner, Peter 1975: Kolonialismus und Faschismus, Lollar bei Gießen. Schumpeter, Joseph A. 1919: Zur Soziologie der Imperialismen, Tübingen.

Triepel, Heinrich 1974: Die Hegemonie. Ein Buch von führenden Staaten, Aalen (repr. Stuttgart 1943).

Tucker, Robert W. 1977: The Inequality of Nations, New York.

Wahlendorf von Schwarz-Lieberstein, H. A. 1953: Mehrheitsentscheid und Stimmenwägung, Tübingen.

Wehler, Hans-Ulrich (Hrsg.) 1970: Imperialismus, Köln.

— 1974: Der Aufstieg des amerikanischen Imperialismus. Studien zur Entwicklung des Imperium Americanum 1865-1900, Göttingen.

Williams, William A. 1962: The Tragedy of American Diplomacy, New York.

— 1970: «Amerikas "idealistischer" Imperialismus» in: Hans-Ulrich Wehler (Hrsg.): Imperialismus, Köln.

Карысная літаратура

Altvater, Elmar 1969: Die Weltwährungskrise, Frankfurt / Wien.

Arendt, Hannah 1962: Elemente und Ursprünge totaler Herrschaft, Frankfurt/M.

Cohen, Benjamin J. 1974: The Question of Imperialism. The Political Economy of Dominance and Dependence, London.

Emmanuel, Arghiri 1972: Unequal Exchange: A Study of the Imperialism of Trade, London.

Etherington, Norman 1984: Theories of Imperialism, War, Conquest and Capital, London / Canberra.

Fisch, Jörg 1984: Die europäische Expansion und das Völkerrecht, Stuttgart.

Fischer, Fritz 1961: Der Griff nach der Weltmacht. Die Kriegsziele des kaiserlichen Deutschland 1914—18, Düsseldorf.

Gantzel, Klaus Jürgen 1975: Herrschaft und Befreiung in der Weltgesellschaft, Frankfurt/M.

Hallgarten, George W.F. 1963: Imperialismus vor 1914. Die soziologischen Grundlagen der Außenpolitik der europäischen Großmächte vor dem Ersten Weltkrieg, 2 Bde., München.

Hampe, Peter 1976: Die «ökonomische» Imperialismustheorie. Kritische Untersuchungen, München.

Hilferding, Rudolf 1910: Das Finanzkapital, Wien (Berlin 1955).

Hobsbawn, Eric 1969: Industrie und Empire. Britische Wirtschaftsgeschichte seit 1750, 2 Bde., Frankfurt/M.

Hobson, John A. 1968: Der Imperialismus, Köln.

Jalée, Pierre 1971: Das neueste Stadium des Imperialismus, München.

Jedin, Hubert 1958: «Weltmission und Kolonialismus »; in: Saeculum 9, S. 393—404.

Kettenbach, Hans Werner 1965: Lenins Theorie des Imperialismus, Teil I: Grundlagen und Voraussetzungen, Köln.

Küntzel, Ulrich 1968: Der Dollar-Imperialismus, Neuwied/Berlin.

List, Friedrich 1961: Das natürliche System der politischen Ökonomie (entst. 1838), Berlin.

Luxemburg, Rosa 1913: Die Akkumulation des Kapitals, Berlin; Frankfurt/M. 1969.

Magdoff, Harry 21970: Das Zeitalter des Imperialismus, Frankfurt/M.

Mommsen, Wolfgang J. 1977: Der Imperialismus. Seine geistigen, politischen und wirtschaftlichen Grundlagen, Hamburg.

Morgenthau, Hans J. 1963: Macht und Frieden. Grundlegung einer Theorie der internationalen Politik, Gütersloh.

Salz, Arthur 1931: Das Wesen des Imperialismus, Leipzig / Berlin.

Schmidt, Gustav 1985: Der europäische Imperialismus, München.

Schöllgen, Gregor 1986: Das Zeitalter des Imperialismus, München.

Schröder, Hans Christoph 1973: Sozialistische Imperialismusdeutung, Göttingen. Senghaas, Dieter (Hrsg.) 1972: Imperialismus und strukturelle Gewalt. Analysen über abhängige Reproduktion, Frankfurt/M.

— 1982: Von Europa lernen. Entwicklungsgeschichtliche Betrachtungen, Frankfurt/M.

Sternberg, Fritz 1926: Der Imperialismus, Berlin.

Wehler, Hans-Ulrich 1977: Bibliographie zum Imperialismus, Göttingen.

Зацемы рэдактара

1. Крышталёвы палац (ням. Kristallpalast, анг. Crystal Palace) — паводле нямецкіх крыніцаў (Architektur des 20. Jahrhunderts P. Gossel, G. Leuthauser Taschen Verlag; Köln; 1990, S. 21) памятка архітэктуры сярэдзіны XIX стагодзьдзя (1850—1851 гг.), збудаваная паводле праекту архітэктара сэра Джозэфа Пакстана (Sir Joseph Paxton) з нагоды правядзеньня ў Лёндане міжнароднай выстаўкі. Мела ўдаўжкі 600 мэтраў. У цяпершні час не існуе.

2. «Corn Laws» — шэраг прынятых у Вялікабрытаніі законаў, згодна зь якімі на імпартаванае збожжа ўводзіліся мытныя зборы. Лічыцца, што яны прывялі да павелічэньня багацьця буйных вытворцаў аграрнай прадукцыі. Прыняцьцю гэтых законаў прысьвечаны крытычны разгляд Фрыдрыха Энгельса «Geschichte der englischen Korngesetze» (Karl Marx / Friedrich Engels. Werke, Band 2, S. 585—590, Dietz Verlag, Berlin,1972).

3. Падчас Бэрлінскай канфэрэнцыі 1885 году прадстаўнікамі эўрапейскіх дзяржаваў былі ўстаноўленыя канчальныя межы паміж іхнымі каляніяльнымі ўладаньнямі ў Афрыцы.

4. Прынцып пэнтархіі быў сфармуляваны пасьля Венскага кангрэсу 1814—1815 гадоў і зводзіўся да канстатацыі таго, што вызначальную ролю ў міжнародных дачыненьнях у Эўропе маюць пяць дзяржаваў — Англія, Прусія, Расія, Аўстрыя і Францыя.

5. Эўрапейскі ансамбль (ням. das europäische Konzert, літаральна «эўрапейскі канцэрт») — у нямецкай гуманітарнай навуцы яшчэ адзін назоў прынцыпу пэнтархіі.

6. Білятэралізм (ням. Bilateralismus) — сыстэма двухбаковых пагадненьняў у міжнароднай эканамічнай дзейнасьці.

7. Г’ялмар Шахт (1877—1970) — нямецкі банкір і палітык. У 1933 годзе, пасьля захопу ўлады ў Нямеччыне Гітлерам, стаецца прэзыдэнтам Імпэрскага банку (Reichsbankpräsident) Нямеччыны, у 1934 — міністрам імпэрскай эканомікі ўва ўрадзе Гітлера. У студзені 1939 складае зь сябе ўсе паўнамоцтвы ў знак пратэсту супраць нацыянал-сацыялістычнай ваеннай і фінансавай палітыкі. У ліпені 1944 году за сувязь зь нямецкім падпольлем, што арганізавала замах на Гітлера, трапляе ў канцлягер Равэнсбрук, тады ў канцлягер Флёсэнбург. У 1946 годзе быў апраўданы на нюрнбэрскім працэсе над ваеннымі злачынцамі. Пасьля вайны працаваў эканамічным і фінансавым дараднікам, кіраўніком банку «Außenhandelsbank Schacht und Co».