Паліталёгія

Асноўны курс


4. Грамадзтва і ўлада - Эвалюцыя, рэвалюцыя, рэформа

1. Вызначэньне паняцьцяў і гісторыя тэрмінаў

XX стагодзьдзе называюць стагодзьдзем рэвалюцыяў. З гэтым можна пагадзiцца, калi мець на ўвазе звыклае значэньне слова «рэвалюцыя». Сёньня гаворка вядзецца ня толькi аб палiтычных, сацыяльных, але i аб культурных, тэхнiчных, экалягiчных, iсламскiх, сэксуальных i iншых рэвалюцыях. Пад рэвалюцыяй разумеюць iстотную, больш-менш хуткую зьмену. Тое, што ў XIX стагодзьдзi лiчылi «эвалюцыяй», сёньня называюць «рэвалюцыяй». Таму гэтаму слову найчасьцей надаецца пазытыўная афарбоўка, нават калi ў вузейшым, сацыяльна-палiтычным сэнсе не заўсёды праяўляецца яго ўсеагульны «прагрэсіўны характар». «Наша паняцьце аб рэвалюцыi... можна вызначыць як элястычнае ўнiвэрсальнае паняцьце, якое ў сьвеце ўспрымаецца надзвычай разнаяка. Дакладны сэнс яго нечувана вагаецца ад адной краiны да другой, ад аднаго палiтычнага лягера да другога. Здаецца, што слова «рэвалюцыя» само мае рэвалюцыйную сiлу, дзякуючы якой яно ўвесь час пашыраецца, закранаючы ўсiх i кажнага на земнай кулі» (Koselleck1980, S. 24). Такiм чынам, мы не памылімся, сьцьвердзіўшы, што гэта слова трэба разумець у агульнапрынятым i размытым сэнсе фарсiраваных зьменаў, якiя сёньня можна назiраць амаль усюды. Цэнтар гэтага паскоранага разьвiцьця — ужо болей за дзьвесьце гадоў — тэхнiка вытворчасьці, якая зь цягам часу ператварылася ў новыя сыстэмы сувязі i кампутарную тэхніку.

Зьмены палiтычнага ўладкаваньня здаралiся ўжо ў антычнасьцi. На думку Арыстотэля, Палiба, Цыцэрона i iнш. яны заўсёды адбываюцца па адной i той жа ў iстоце схеме: манархiю, здэгенэраваную да тыранiзму, заступае арыстакратыя, якая iзноў занепадае да алiгархii i заступаецца дэмакратыяй, форма заняпаду якой, ахлякратыя, або панаваньне найгоршых, адкрывае дарогу для вяртаньня адзiнаўладзьдзя. Гэты заняпад палiтычнага ўладкаваньня можна разглядаць як наканаваны i немiнучы. Паводле Арыстотэля, па магчымасьцi трэба iмкнуцца арганiзаваць дзяржаўнае ўладкаваньне такiм чынам, каб яно заставалася стабiльным хаця б на працягу адносна доўгага пэрыяду. Не прагрэс, а традыцыя зьяўляецца iдэалам. Гэтае metabolé politeion, гэтае чаргаваньне ўладкаваньняў было бесьперапынным кругабегам, аб якiм рымляне гаварылi як аб rerum conversio. Таксама арыентавалiся на гэты ўзор прадстаўнiкi сярэднявечча i раньняга новага часу. «Для гэтага квазiнатуральнага дасьведчаньня ў XVII стагодзьдзi прыжылося паняцьце «рэвалюцыя», якое Лё Руа раскрываў як пасьлядоўнасьць формаў уладкаваньня: «Telle est la révolution naturelle des polices»... (гэта — натуральная рэвалюцыя дзяржаўнага ўладкаваньня, у адпаведнасьцi зь якой iзноў i iзноў трансфармуецца стан супольнасьці, вяртаючыся ўрэшце да выходнага пункту) (Koselleck 1980, S. 24).

Выраз «рэвалюцыя» прыйшоў з астраномii i стаў вядомым дзякуючы знанай кнiзе Мiкалая Капэрнiка «De revolutionibus orbium coelestium» (1543). Пад рэвалюцыяй разумеўся кругазварот нябёсных сьветлаў, якiя iзноў i iзноў вярталiся да выходнага пункту. Яшчэ Томас Гобс, адштурхоўваючыся ад гэтай традыцыi, уяўляў разьвiцьцё падзеяў ад рэвалюцыi Кромвэла да рэстаўрацыi 1660 году як «revolution a circular motion». Сёньняшняе (больш дакладнае) трактаваньне рэвалюцыi можа быць угрунтавана адно на агульнапрынятай веры ў прагрэс. Аднак такое трактаваньне ў XVIII стагодзьдзi яшчэ не было пануючым. Нават Русо, да прыкладу, быў хутчэй прыхiльнiкам тэорыi заняпаду. Мантэск’ё — як i Русо — таксама ў вялiкай ступенi арыентаваўся на антычны iдэал малога свабоднага грамадзтва. Яны марылi аб тым, што ў будучынi стане магчымай «вальналюбная» i лепшая грамадзкая супольнасьць. Цэлы шэраг рэвалюцыянэраў 1789 году свае мэты i задачы зьвязваў з грэцкай полiснай дэмакратыяй або з рымскай рэспублiкай. Вера ў прагрэс, якая адпавядала самасьвядомасьцi эманцыпаваных iнтэлектуалаў i грамадзянаў, была па-фiлязофску абгрунтавана фiзiякратамi Турго i Кандарсэ (1795, 1963).

Сёньняшняе паняцьце рэвалюцыi арыентуецца перш-наперш на Францускую рэвалюцыю 1789 году i Кастрычнiцкую рэвалюцыю 1917, да якiх мы зьвернемся адмыслова. Пад рэвалюцыяй разумеюць глыбiнныя палiтычныя i/або сацыяльныя зьмены, выклiканыя рухам, што «iдзе зь нiзоў». Пры гэтым парушэньне ўстаноўленага законам парадку важнейшае за больш-менш вялiкае ўжыцьцё гвалту. Гэтаму ўяўленьню аб рэвалюцыi супярэчыць паняцьце рэвалюцыi зьверху, якое Маркс i Энгельс выкарысталi для характарыстыкi ўтварэньня iмпэрыi Бiсмарка, а Сталiн — для сваёй «рэвалюцыянiзацыi сельскай гаспадаркi» (прымусовай калектывiзацыi). У першым выпадку праз «праводжаную зьверху акцыю» спраўджвалiся яўна тыя мэты, якiя ў iншых краiнах дасягалiся праз рэвалюцыю зьнiзу. Бiсмарк — прыблiзна такая аргумэнтацыя ў Маркса — «крывёй i жалезам» i пры парушэньнi законнасьцi (да прыкладу, праз парушэньне сувэрэнных правоў вэльфаў Гановэра i пазбаўленьне незалежнасьцi свабоднага імпэрскага гораду Франкфурту) заснаваў адзiную ўнiтарную нацыянальную дзяржаву, якую не маглi стварыць лiбэральна-дэмакратычныя рэвалюцыянэры ў 1848—1849 гадох. Ад рэформы гэтая акцыя адрозьнiвалася парушэньнем межаў законаў, а ад сапраўднай рэвалюцыi — дзейнымi суб’ектамi, якiя належалi не да прыгнечаных слаёў (або клясаў) грамадзтва, а да элiты зь Бiсмаркам на чале. У выпадку сталiнскай аграрнай рэвалюцыi парушэньне законнасцi дапускалася далёка не аднойчы. Пры гэтым сьцьвярджалася, што калектывiзацыя прынясе «ўмацаваньне галоўнай масы сялянства» (Сталiн, 1951).

Ад рэвалюцыi ў строгiм сэнсе трэба таксама адрозьнiваць путч (або дзяржаўны пераварот), якi спрабуе перамянiць толькi склад кiраўнiцтва, не закранаючы структуры палiтычна-прававых адносiн у грамадзтве. Пры пэўных умовах гаворка можа весьцiся таксама i пра «запуск» рэвалюцыi зьверху (як 20 лiпеня 1944 году). Аналягам гэтага можна б было назваць паўстаньне як запуск рэвалюцыi зьнiзу.

Найбольш адназначную дэфiнiцыю атрымала паняцьце рэформы — толькi частковай зьмены палiтычна-прававых або сацыяльных адносiн, якая заўсёды выходзiць «зьверху» i не суправаджаецца разбурэньнем існуючага правапарадку. Добры прыклад гэтага — грашовая рэформа ў Нямеччыне 1949 году. У той жа час штайн-гардэнбэрскiя рэформы можна вызначыць ужо амаль як «рэвалюцыю зьверху»; так цi iнакш яны разгарнулiся як усеабсяжныя структурныя зьмены, што датычылi як палiтычна-прававога ўкладу, так i сацыяльных адносiн (i перакананьняў, што легітымавалі iх).

Эвалюцыя стала папулярным паняцьцем упершыню дзякуючы працы Дарвiна «Паходжаньне вiдаў шляхам натуральнага адбору». Аднак вера ў прагрэс атрымала ўсеагульнае пашырэньне дзякуючы наўперад вынiкам францускай рэвалюцыi i перадусiм праз iмклiвы ўзрост прадукцыйных сiлаў у вынiку «прамысловай рэвалюцыi». Ува ўсiх магчымых абсягах жыцьця ад таго часу назiраецца прагрэс. Асьветніцтва XVIII стагодзьдзя ў першую чаргу прывяло да пашырэньня адукацыi («паступова народ становiцца адукаваным», Кант), i такiм чынам ад гэтага часу на першы плян выходзiць павелiчэньне вытворчасьцi i ўзмацненьне панаваньня чалавека над прыродай. Хваробы пасьпяхова перамагаюцца, эпiдэмii зьнiкаюць, жыцьцёвы ўзровень павялiчваецца, дзякуючы шматлiкiм мэханiчным прыладам жыцьцё становiцца лягчэйшым i г.д. На фоне гэтай iдэалёгii прагрэсу, вызнаванай Сэн-Сымонам, Агюстам Контам i iнш., ідэі Дарвiна таксама стымулявалі аптымiзм, зьвязаны з прагрэсам.

Адразу пасьля таго, як рэвалюцыя набывае такi адназначны (прагрэсiўны) кірунак, узьнiкае контрарэвалюцыя, якая — пры такiм жа парушэньнi законнасьцi — iмкнецца задушыць рэвалюцыю. Кансэрватарамi, ведама, гэта разглядаецца як «вяртаньне праўдзiвага правапарадку». Можна толькі з нацяжкай гаварыць аб контрарэвалюцыi як аб рэстаўрацыi па аналёгii з рэформай, бо апошняя непрымусова ажыцьцяўляецца шляхам «bargaining» (угоды). Нягледзячы на гэта, рэстаўрацыю традыцыйна ўважаюць за магчымы вынiк пасьпяхова зьдзейсьненай контрарэвалюцыi (супраць гэтага Botz 1980, S.177).

2. Гiсторыя рэвалюцыяў

«Канфэсiйныя» i «буржуазныя» рэвалюцыi

Сучасная гiстарыяграфiя лiчыць вызваленчую барацьбу Нiдэрляндаў у XVI стагодзьдзi i «слаўную рэвалюцыю» Англii ў XVII «буржуазнымi рэвалюцыямi». Для абедзьвюх была характэрна зьмена палiтычных iнстытутаў i наданьне гарантыяў рэфарматарскай плынi хрысьцiянства, якая можа разглядацца як «буржуазная форма хрысьцiянства». У той час, калi ў бальшынi нямецкiх дзяржаваў дзякуючы прынцыпу cuius regio eius religio (пачынаючы ад аўгсбурскага рэлiгiйнага мiру 1555 году) канфэсii абавязкова вызначалiся ўладай «зьверху», кальвiнiсцкiя паўночныя Нiдэрлянды ўзьнялiся супраць улады Габсбургаў. Iх вызваленчая барацьба была барацьбой супраць «законнай» улады, і ў гэтым сэнсе яна, безумоўна, мела «рэвалюцыйны» характар.

Навязваньне канфэсii палiтычнай уладай у iншых месцах нiвэлявалася наўперад правам на эмiграцыю, а пазьней — талеранцыяй канфэсiйных мяншыняў. Адзiная канфэсiя ня толькi спрыяла ўмацаваньню згуртаванасьцi грамадзянаў нямецкiх раздробленых дзяржаваў, але i прыводзiла ў Францыi — дзякуючы абсалютнай манархii i яе мiнiстрам — да жорсткiх грамадзянскiх войнаў. Таму барацьба францускiх гугенотаў (кальвiнiстаў) супраць каталiцкай цэнтралiзаванай дзяржавы можа разглядацца як няўдалая спроба рэвалюцыi, хоць у гэтым выпадку большая частка «пратэстанцкiх бунтаўнiкоў» паходзiла з магнатаў i барацьба вялася памiж «monarchie royale» i новай абсалютнай (цэнтралiзаванай) манархiяй.

Ангельскія рэвалюцыi XVI стагодзьдзя таксама яшчэ мелi адбiтак рэлiгiйнай iдэалёгii. Разам з тым у iх ужо ясна адлюстравалася ўзрастаючая эканамiчная моц буржуазii, лёнданскага Cыты. Пасьля эпохi Кромвэла, падчас якой у вынiку пакараньня сьмерцю караля эўрапейскай супольнасьцю былi ўведзены санкцыi супраць Англіі, наступiў кароткi пэрыяд рэстаўрацыi i ўрэшце «слаўная рэвалюцыя» 1688 году, чые ўплывовыя арганiзатары пасьпяхова ўнiкалi ўражаньня парушэньня законнасьцi. Пасьля ўцёкаў караля можна было меркаваць, што ён «добраахвотна» адмовiўся ад улады. Парлямэнт вызначыў, што на сталец павiнны ўзысьцi Марыя i Вiльгельм Аранскiя, хаця яны i не лiчылiся простымi каралеўскiмi нашчадкамi. Гэта была сапраўдная рэвалюцыя, паколькi цяпер парлямэнт (а не традыцыйнае спадкаемнае права) вырашаў пытаньне аб валадару трону. У гэтым знайшла выражэньне ўзрастаючая вага буржуазii i Гасподы грамадаў, якiя дасягнулi канчатковай перамогi ў барацьбе з каралеўскай уладай i Гасподай лёрдаў, i хаця барацьба доўжылася яшчэ некалькi дзясяткаў гадоў, парлямэнцкая манархiя была пабудавана.

Барацьба за незалежнасьць ангельскiх калёнiяў у Амэрыцы разглядаецца сёньня гiсторыкамi хутчэй як «амэрыканская рэвалюцыя», хаця правадыры гэтага руху спасылалiся на традыцыйныя ангельскія прынцыпы права («no taxation without representation», напрыклад) i першапачаткова дамагалiся толькi абмежаванага самакiраваньня. Стварэньне рэспублiкi ў выглядзе «Злучаных Штатаў Амэрыкi» стала рэвалюцыяй тады, калi ангельскiя перасяленцы аканчальна парвалі сувязь з брытанскай каронай (i з брытанскім парлямэнтам), адначасова даводзячы гэтым, што i дзяржавы зь вялiкай тэрыторыяй могуць атрымаць рэспублiканскую канстытуцыю. Раней жа амаль усе вядомыя тэарэтыкi дэмакратыi (тады рэспублiкай называлi тое, што мы сёньня — дэмакратыяй) былi ўпэўнены, што дэмакратычнае ўладкаваньне магчымае толькi ў адносна малых грамадзтвах. Амэрыканская дэклярацыя незалежнасьцi 1776 году дала дадатковы стымул для перадрэвалюцыйнай Францыi. У адваротным кiрунку разьвiвалiся лiбэральныя iдэi Джона Лока, чый «Другi трактат пра кіраваньне» зрабiў значны ўнёсак у кансалiдацыю верхавiны парлямэнту i канстытуцыйнай манархii ў Англii. На айцоў «American Constitution» паўплываў таксама Мантэск’ё са сваёй iдэалiзацыяй ангельскай канстытуцыi ў «Esprit des Lois» (1748).

Рэвалюцыяй, якая абумовiла наша сёньняшняе ўяўленьне аб рэвалюцыi i якая выкарыстоўваецца — рэтраспэктыўна — для больш дакладнага аналiзу ўсiх ранейшых пераваротаў, была «Вялiкая Француская рэвалюцыя» 1789 году. На гэтым цэнтральным прыкладзе пабудаваныя ў канцавым вынiку тэорыi рэвалюцыi Карла Маркса i Фрыдрыха Энгельса, а таксама Алексыса Таквiля. Паколькi француская рэвалюцыя апiсана i дасьледавана найгрунтаўней, спынiмся на ёй больш падрабязна. Зробленыя ў працэсе высновы могуць быць ужытыя — зважаючы на адпаведныя адрозьненьнi — пры аналiзе iншых рэвалюцыяў i для iх разьмежаваньня з путчам i рэформай.

Француская рэвалюцыя 1789 году

Як — за выняткам Кастрычнiцкай — i амаль усе рэвалюцыi, Француская не задумвалася як рэвалюцыя. Яе выклiкаў фiнансавы крызыс Ancien régime i — беручы пад увагу дзяржаўную палітыку — склiканьне «Генэральных штатаў». Выбарцы Генэральных штатаў апэлявалi найперш да зьбертых у «livres de doléances» (кнiзе скаргаў) нараканьняў сялянства i буржуазii ўсёй Францыi, пакуль яшчэ ў рамах iснуючага правапарадку. Крок за межы дзеючай канстытуцыi быў зроблены ў вынiку завышэньня ацэнкi галасоў «трэцяга стану» i прызнання «сувэрэнiтэту» ўсiх станаў. Палемiчны твор абата Сэеса «Што такое трэцi стан?» (1789) надаў сэнс паняцьцю буржуазнай рэвалюцыi. Бальшыня дагэтуль палiтычна бяспраўнага насельнiцтва, якая не паслухала нi духавенства, нi шляхты, наважыла стаць «нацыяй», «народам» i заявiла аб сабе як аб сапраўдным сувэрэну. З гэтым быў сумяшчальны толькi слабы канстытуцыйны манарх, i таму радыкалiзацыя сытуацыi ўключна з абвяшчэньнем рэспублiкi ў вынiку супрацiву караля страце сваёй улады была, здаецца, прадвызначана «лёгiкай» падзеяў. Сам рэвалюцыйны рух складаўся са шматлiкiх рознаскіраваных сацыяльных сiлаў. Усё яшчэ залежны ад шляхты, манарх аказаўся няздольны ажыцьцявiць неабходныя рэформы (перадусiм падатковай i фiнансавай сыстэмаў). Буржуазiя, шляхта i духавенства ад пачатку стагодзьдзя знаходзiлiся пад уплывам iдэяў Асьветніцтва. Пануючыя ў палiтычна-прававых адносiнах станы ўжо даўно не зьяўлялiся «iдэалягiчнымi гегемонамi» i самi падпадалi пад уплывы буржуазна-рацыяналiсцкіх iдэяў натуральнага права. Масы, перадусiм сялянства i гарадзкiя нiзы, жылi ўва ўмовах павальнай беднасьцi. Рэформе, што ўрэшце вылiлася ў рэвалюцыю, папярэднiчаў рэакцыйны супрацiў старых пануючых колаў, якiя ўжо адчувалi пагрозу з боку адмiнiстрацыйных рэформаў i далекасяжных плянаў абсалютысцкага манарха. Фактычна ўжо за паўтара стагодзьдзя з моманту ўстанаўленьня абсалютызму гарадзкая буржуазiя дасягнула вызначальнага эканамiчнага ўплыву. У пэўнай ступенi абсалютысцка-бюракратычная каралеўская ўлада таксама абапiралася на буйную буржуазiю (напрыклад, пры падаткаабкладаньнi i крэдытнай палiтыцы). Буржуазiя, праўдападобна, зь цягам часу ўмовiлася б з манархiяй, калi б не ўзрастаючы супрацiў i рэакцыйнае процiдзеяньне пануючых колаў.

Так узьнiк шэраг фактараў, якiя выклiкалi рэвалюцыйны рух: адсутнасьць iдэалягiчных гарантыяў для часткi пануючых колаў; палiтычная слабасьць караля, якi ня змог зьдзейсьнiць сваіх рэформаў i пераадолець супрацiў часткi рэакцыйнай шляхты; узрастаючая самасьвядомасьць буржуазii; яўная незадаволенасьць сялянства i гараджан, якая была абумоўлена эканамiчнымi прычынамi; i, нарэшце, — у якасьцi вырашальнага фактару — фiнансавыя патрэбы ўраду, якiя i прывялi да склiканьня «Генэральных штатаў» i далi магчымасьць адкрытай манiфэстацыi незадаволенасьцi.

Дынамiка рэвалюцыйнага разьвiцьця насьлядуе «iманэнтнай лёгiцы», якую ў вынiку можна назiраць i на прыкладзе iншых рэвалюцыяў. Зь першапачатнай памяркоўнасьці вырастае ўсё большая радыкальнасьць, якой узмацняецца незадаволенасьць гарадзкiх масаў (у нашым выпадку прадмесьцяў Парыжу); радыкальнасьць дасягае апагею (у фазе «terreur»); пасьля адбываецца спад, i ў «фазе кансалiдацыi» iзноў касуецца цэлы шэраг радыкальных мерапрыемстваў i iнстытутаў (так здарылася з канстытуцый 1793 году, якая не ўступiла ў сiлу, а таксама з дэцэнтралiзаванай гарадзкой дэмакратыяй «санкюлётаў»). Рэвалюцыя ў Францыi скончылася дыктатурай Напалеона i яго каранацыяй.

Барынгтан Мур (1969, S. 133) схарактарызаваў Францускую рэвалюцыю наступным чынам:

«Радыкальная рэвалюцыя была iнтэгральным складнiкам рэвалюцыi на карысьць прыватнай уласнасьцi i правоў чалавека... Антыкапiталiстычныя элемэнты ў рэвалюцыi санкюлётаў i ў пратэстах бяднейшага сялянства былi рэакцыяй на згаленьне, спрычыненае бесьперапынным пашырэньнем капiталiстычнага тыпу вытворчасьцi ў эканомiцы позьняй фазы Ancien régime i самой рэвалюцыi. Разглядаючы радыкалаў як экстрэмiсцкую хеўру, як выраджэньне лiбэральна-буржуазнай рэвалюцыi, мы супярэчым наяўным фактам. Першае без апошняга было б немагчымае. Зь цягам часу стала абсалютна ясна, што буржуазная рэвалюцыя без уцiску з боку радыкалаў не зайшла б так далёка, як гэта адбылося на самой рэчы... далёка не аднойчы тагачасныя кансэрватары рабiлi спробы запынiць рэвалюцыю».

Падобную трактоўку Францускай рэвалюцыi прапаноўваюць аўтары школы «Annales» у Францускай рэвалюцыі — Франсуа Фюрэ i Дэнi Рышэ (1968). У падзеях 1789—1794 гадоў яны бачаць складаны працэс, якi складаецца прынамсi з трох раўналежных «рэвалюцыяў»: «вэрсальскiх дэпутатаў, дробнабуржуазных i блiзкiх да iх колаў гараджан — упаасобку гэта відаць на прыкладзе Парыжу — i вясковага сялянства» (параўн. Schmitt 1980, S. 70). Да гэтага трэба дадаць iдэйную гегемонiю «philosophes», якая доўгi час падрывала ўзаконеную сiлу Ancien rйgime.

У «Фiлязофii гiсторыi» Гегеля (1837) абсалютызуецца значэньне фiлязофскага «прыгатаваньня» рэвалюцыi: мы бачым «у Францускай рэвалюцыi, што мусіць панаваць ідэя, абстрактная ідэя: паводле яе павiнна вызначацца канстытуцыя дзяржавы i яе законы...» (Werke, Bd. 19, S. 141). Аднак ужо Гегель заўважаў, што задачай ураду зьяўляецца таксама «направа, паляпшэньне ў канкрэтных формах; гэтага яны не зразумелi» (тамсама, S. 516). Такую прычынную сувязь памiж нязьдзейсьненай рэформай i рэвалюцыяй падкрэсьлiвае i «Лексыкон дзяржавы» Карла фон Ротэка i Карла Вэлькера (1848, neue Auflage Bd. 11, S. 561):

«Павольным поступам пасоўваюцца наперад нацыi. Пасоўваючыся наперад, яны зь вялiкай цяжкасьцю адкiдваюць сьмецьце мiнуўшчыны. Калi загадзя не падумаць, як пазьбегчы перашкодаў, павольная хада паступовых рэформаў зьменiцца рэвалюцыйнымi скачкамi. Тады разарвуцца кайданы, што стрымлiвалi грамадзтва, i як падчас усiх без вынятку рэвалюцыяў паўстане новая нечуваная мараль».

Карл Маркс лiчыў Францускую рэвалюцыю ўзорам «буржуазнай рэвалюцыi». Глыбiннай прычынай рэвалюцыйных зьменаў быў — паводле яго тэорыi — факт, што «вытворчыя адносiны» Ancien régime cталi занадта «цеснымi» для «прадукцыйных сiлаў» i таму мусiлi быць пераадоленыя якаснымi зьменамi. Таму суб’ектам гэтых зьменаў выступала буржуазiя, у чыёй уласнасьцi знаходзiлiся новыя важныя сродкi вытворчасьцi (мануфактуры, фабрыкi, банкi i гандлёвыя ўстановы), «хаўрусьнiкамi» была гарадзкая бедната i сялянства, вялiкая частка якога дзякуючы фэадальным адносiнам уласнасьцi паддавалася моцнаму ўцiску. У часе першай фазы рэвалюцыi — наступны тэзыс Маркса — буржуазiя патрапiла ўзначалiць рух простага народу i ў якасьцi iдэалёгii навязаць яму тэорыю ўсеагульнага вызваленьня (за «свабоду i роўнасьць»). У сапраўднасьцi амаль усе французы выйгралi ад вызваленьня прадукцыйных сiлаў з кайданоў фэадальных адносiн. Далейшы ход рэвалюцыi прывёў да абвастрэньня супярэчнасьцi памiж патрабаваньнямi гарадзкiх радыкалаў (санкюлётаў i часткова салiдарных зь iх патрабаваньнямi якабiнцаў), якiя настойвалi на рэальнай эканамiчнай роўнасьцi, i буржуазiяй, згоднай толькi на ўстанаўленьне прававой роўнасьцi i ўзаконеньне наёмнай працы. Супрацьстаяньне i сутыкненьне дзьвюх няроўных клясавых сiлаў завяршылася перамогай буржуазii, якая замiрылася з дырэкторыяй i дыктатурай Напалеона. Напалеон не зьлiквiдаваў рэвалюцыі, а стабiлiзаваў яе вынiкi, паколькi яны адпавядалi мэтам буржуазii (i сялянства).

Алексыс Таквiль яшчэ да Маркса падкрэсьлiваў кантынуальнасьць разьвіцьця ад абсалютызму да Францускай рэвалюцыi. Уздым буржуазii пачаўся ўжо пры абсалютызьме. Падчас гэтай фазы манарх са сваёй бюракратыяй (пераважна выхадцамi з буржуазii) кіравалі згодна з iнтарэсамi буйной буржуазii. У меру таго, як узрастала самасьвядомасьць буржуазii i адначасова нарастаў супрацiў старых пануючых колаў устанаўленьню поўнай раўнапраўнасьцi, буржуазiя адварочвалася ад абсалютнай манархii. Але як цесна былi зьвязаны нават самыя прагрэсiўныя прадстаўнiкi Асьветніцтва з абсалютызмам, можна ўбачыць на прыкладзе абароны Вальтэрам асьвечанага прускага манарха Фрыдрыха II i мiнiстра фiнансаў Францыi Турго. Заступалiся за асьвечаны абсалютызм, якi называлi «despotisme légal» i фiзiякраты, асноўныя носьбiты буржуазна-эканамiчных iдэяў у Францыi. Рэч у тым, што сумляючыся ў дастатковай асьвечанасьцi «простага народу», яны былi перакананы ў тым, што найлепшым кiраўнiком Францыi быў бы манарх, якога б кансультавалi добрыя навукоўцы-эканамiсты. Русо, якi стаяў на гэтай пазыцыi, ня верыў, зь iншага боку, у магчымасьць дэмакратыi ў такой вялiкай i неаднароднай у сацыяльна-эканамiчным пляне краiне, як Францыя. Адно прыклад Злучаных Штатаў Амэрыкi выявiў, напрыклад, для Маблi, рэальную магчымасьць рэспублiканскага тыпу дзяржаўнага ўладкаваньня ў Францыi.

Француская рэвалюцыя адразу выклiкала сутыкненьне супрацьлежных iнтэрпрэтацыяў, за якiмi стаялi найперш супрацьлежныя клясавыя iнтарэсы. Прыхiльнiкi Ancien régime выставiлi тэзыс, што рэвалюцыя адбылася дзякуючы iнтрыгам дэмагагiчна настроеных рэвалюцыйных iдэолягаў або, больш за тое, у вынiку змовы масонаў цi падобных «тайных таварыстваў». Эдмунд Бёрк (1790) у сваёй кансэрватыўнай крытыцы рэвалюцыi выйшаў за межы гэтай прымiтыўнай тэорыi змовы i ўбачыў у рэвалюцыi вынiк хаўрусу «грашовых мяхоў» i буржуазных iдэолягаў (адвакатаў i г.д.), якiя «нацкавалi» народ на старых валадароў, у прыватнасьцi, на землеўладальнiкаў з шляхты. Бёрк, такiм чынам, зьвязаў вытлумачэньне рэвалюцыi з падыходамі сацыялягiчнай тэорыi рэвалюцыi.

Марксава тэорыя рэвалюцыi

Марксава тэорыя рэвалюцыi спрабуе адначасова паказаць гiстарычную неабходнасьць i абмежаванасьць буржуазнай рэвалюцыi. У выступленьнi Гракха Бабёфа, якi пайшоў далей за патрабаваньні санкюлётаў і шляхам сваёй «змовы роўных» хацеў увесьцi (1796) «рэальную роўнасьць», Маркс убачыў прыкмету таго, што буржуазная рэвалюцыя ня можа задаволiць значную частку безмаёмных i што далейшы ход падзеяў павiнен прывесьцi ад «палiтычнай эманцыпацыi» да «чалавечай эманцыпацыi» (да сацыялiзму). Усе рэвалюцыйныя зьмены Маркс лiчыў праявай клясавай барацьбы. Пасьля пасьпяховага завяршэньня клясавай барацьбы памiж паўсталай буржуазiяй i пануючымi клясамi Ancien régime (шляхтай i вышэйшым духавенствам) абавязкова наступіць клясавая барацьба памiж буржуазiяй i пралетарыятам, якая будзе паступова абвастрацца ў вынiку дынамiкi капiталiстычнага разьвiцьця. У аснове гэтай барацьбы ляжыць ужо згадваная супярэчнасьць памiж «характарам прадукцыйных сiлаў» i «вытворчымi адносiнамi». Прадукцыйныя сiлы iндустрыяльнага грамадзтва носяць сацыяльны характар, г.зн. яны маюць месца дзякуючы падзелу працы i каапэрацыi сярод вялiкай колькасьцi вытворцаў, якiя пры дапамозе спэцыялiзацыi працы могуць вытварыць значна больш тавару. У адрозьненьне ад прадукцыйных сiлаў вытворчыя адносiны вызначаюцца прыватнай уласнасьцю на сродкi вытворчасьцi. Гэта азначае, што прадукты сацыяльнага разьмеркаваньня працы дастаюцца не беспасярэднім вытворцам, а асобным уласьнiкам. З гэтай супярэчнасьцi, паводле Маркса, вынiкаюць як клясавыя супярэчнасьцi, так i цыклiчныя крызысы, якiя выклiкаюцца перавытворчасьцю i нiзкай пакупной здольнасьцю спажыўцоў. Гэтыя пэрыядычна ўзьнiкаючыя забурэньнi дзякуючы вынiшчэньню (зьнiкненьню) прадукцыйных сiлаў заканамерна ператвараюцца ў крызысы. «Прапарцыйны ўзрост» сродкаў вытворчасьцi i спажывецкiх тавараў — згодна з тэзысам Маркса — не гарантуецца капiталiстычнай рынкавай эканомiкай i можа мець месца толькi пры надзвычай выдаткоўным выхадзе з крызысу i яго поўным пераадоленьнi.

Загэтым «сацыялiстычная рэвалюцыя» якасна адрозьнiваецца ад буржуазнай (палiтычнай), бо яна зьнішчае ня толькi палiтычнае ўладкаваньне, але i грамадзкi лад (адносiны ўласнасьцi). Пакуль новы (буржуазна-капiталiстычны) спосаб вытворчасьцi разьвiваўся ў рамах Ancien régime — хаця i пры пэўных абмежаваньнях — i палiтычна-прававы рэжым пачынаў адно прыстасоўвацца да яго, сацыялiстычны спосаб вытворчасьцi яшчэ толькi зараджаўся. Калi буржуазная рэвалюцыя бярэцца за «прыстасаваньне» палiтычнага i прававога парадку да грамадзкага ладу, сацыялiстычная рэвалюцыя — у адпаведнасьцi з Марксам, пры дапамозе «дыктатуры пралетарыяту» — выкарыстоўвае палiтычныя iнстытуты як сродак зьмены грамадзкага ладу. Суб’ектам рэвалюцыi можа быць толькi тая кляса, якая складае большую частку насельнiцтва iндустрыяльных капiталiстычных краiн: заводзкi пралетарыят. Маркс у сваёй тэорыi рэвалюцыi выходзiў з таго, што ў вынiку поступу iндустрыялiзацыi пралетарыят пачне граць усё большую ролю, але — заразом у стасунку да акумуляванага капiталаўласьнiкамi багацьця — ён будзе станавіцца ўсё болей бедным. Наступная выснова тэарэтыкаў марксiзму палягае ў тым, што рабочая кляса ўрэшце павiнна прыйсьцi да ўсьведамленьня неабходнасьцi рэвалюцыйнага перавароту ў кiрунку да сацыялiзму, паколькi «тэорыя атрымлiвае рэвалюцыйную сiлу, калi яна апаноўвае масы».

Калi буржуазная рэвалюцыя не выходзiла за межы нацыянальнай дзяржавы (у Нiдэрляндах, Англii, Францыi), пралетарска-сацыялiстычная — паводле Энгельса i Маркса — павiнна мець «iнтэрнацыянальны характар» i быць «сусьветнай рэвалюцыяй». У «Прынцыпах камунiзму» Энгельса гэта сьцьвярджаецца безапэляцыйна: «Цi можа адбыцца рэвалюцыя ў адной асобна ўзятай краiне? Адказ: не... Камунiстычная рэвалюцыя ня будзе нацыянальнай, яна адбудзецца ўва ўсiх цывiлiзаваных краiнах, г.зн. прынамсi ў Англii, Амэрыцы, Францыi i Нямеччыне адначасова. Яе рэалiзацыя ў кожнай гэтай краiне будзе хутчэйшай або павальнейшай у залежнасьцi ад разьвiцьця прамысловасьці, памеру дабрабыту і стану прадукцыйных сiлаў» (MEW 4, S. 374). Выходзячы з гэтых тэзысаў Энгельс у 1847 годзе чакаў паскоранага разьвiцьця рэвалюцыi ў Англii i запаволенага ў Нямеччыне.

Марксiсцкiя дэбаты аб рэвалюцыi

Той факт, што гiсторыя пайшла зусiм iншым шляхам, прымусiў марксiстаў зрабiць шматлiкiя ўдакладненьнi. Коратка схарактарызуем iх. Яшчэ сам Маркс указваў на тое, што «палярызацыя» буржуазнага грамадзтва на ўсё меншую групу «капiталаўладальнiкаў» i на большую (гамагенную?) масу пралетароў можа i не адбывацца. У «Тэорыi даданай вартасьцi» ён пiсаў: «Найбольшая надзея Мальтуса — якую ён сам лiчыў plus ou moins[1] утапiчнай — у тым, што колькасьць classe moyenne[2] будзе расьцi, а пралетарыят (рабочыя) заўсёды складацьме несумерна меншую частку ўсяго грамадзтва (хаця паводле абсалютных паказьнікаў яна можа павялiчвацца). Такi ў сапраўднасьцi шлях разьвiцьця буржуазнага грамадзтва» (MEW 26, 1, S. 57). Тым ня менш, Маркс не зрабiў з гэтых разважаньняў высноваў адносна тэорыi рэвалюцыi. Марксiсты-рэвiзiянiсты — напрыклад, Эдуард Бэрнштайн — падкрэсьлiвалi ня толькi адносны ўзрост «сярэдняй клясы», але i паступовы ўздым дабрабыту рабочых. Згэтуль вынiкала, што сацыялiстычныя мэты болей ня могуць рэалiзоўвацца шляхам усьведамленьня іх неабходнасьцi як адзiнага выйсьця з узрастаючай нястачы, але толькi на аснове маральных матываў. Замест больш цi менш гвалтоўнай (або «ажыцьцяўлянай дыктатарскiмi сродкамi») рэвалюцыi трэба праводзiць паступовыя рэформы, якiя б зрабiлi магчымым пераход да сацыялiзму. Бэрнштайну пярэчылi Роза Люксэмбург i У.I.Ленiн. Роза Люксэмбург зьвяртала ўвагу на недаўгавечнасьць самастойнага iснаваньня малых суб’ектаў эканомiкi, якiя, нягледзячы на сваю надзвычайную мабiльнасьць, як правiла, хутка паглынаюцца вялiкiмi прадпрыемствамi. Таксама i ўздым рэальнага заробку рабочых — толькi каньюктурны фэномэн, якi нiвэлюецца насталым у вынiку крызысам. У 1917 годзе Ленiн распрацаваў тэорыю «рабочай арыстакратыi», для якой — на яго думку — прадпрымальнiкi ў iндустрыяльных капiталiстычных манаполiях у вынiку iмпэрыялiстычнай эксплюатацыi i вынiкаючага згэтуль звышпрыбытку ствараюць прывiлеяваныя ўмовы. Гаворка iдзе пра «падкупленую меншыню» рабочай клясы, якая адвярнулася ад рэвалюцыйных мэтаў i стала на рэфармiсцкi шлях. Ленiн сьцьвярджаў, што такая рабочая арыстакратыя мае месца ў Англii, Францыi i Нямеччыне, гэта значыць, у тых краiнах, якiя, паводле Энгельса i Маркса, павiнны былi стаць на чале сусьветнай рэвалюцыi. Фрыц Штэрнбэрг у сваіх кнігах «Iмпэрыялiзм» (1926) i «Iмпэрыялiзм i яго крытыкi» (1929) удакладнiў ленiнскую тэорыю рабочай арыстакратыi i зьвярнуў увагу на тое, што падчас iмпэрыялiзму не меншыня, а бальшыня пралетарыяту павысiла свой дабрабыт. Такiм чынам, рэфармiзм-рэвiзiянiзм атрымаў «масавы базыс».

Пасьля таго як частка пралетарыяту iндустрыяльна разьвітых краiн, адмовiўшыся ад рэвалюцыi, перайшла на пазыцыi «згоднiцтва», iдэi сусьветнай рэвалюцыi сталi ўвасабляцца — у вачах Ленiна (1917) i яго паплечнiкаў — i знаходзiць новых хаўрусьнiкаў сярод пераважна аграрнага насельнiцтва калёнiяў i напаўкалёнiяў (сёньняшняга «Трэцяга сьвету»). Праўда, на парадку дня ў гэтых рэгiёнах стаяла яшчэ толькi «нацыянальнае вызваленьне» ад калянiялiзму (i нэакалянiялiзму), але гэтая рэвалюцыя, у якой брала ўдзел i «нацыянальная буржуазiя» (якая цярпела ад калянiяльнай эксплюатацыi i ўцiску), «аб’ектыўна» была хаўрусьнiцай пралетарска-сацыялiстычнай рэвалюцыi ў мэтраполii. Урэшце пры дапамозе гэтай «тэорыi iмпэрыялiзму» Ленiн апраўдаў i выбух сацыялiстычнай рэвалюцыi ў адносна адсталай царскай Расii. Расiя, як сьцьвярджаецца ў яго аналiзе, хоць i зьяўляецца толькi часткова iндустрыялiзаванай краiнай (месцамi, вядома, маюцца надзвычай сучасныя i буйныя прадпрыемствы, на якiх рабочыя масы прыгнятаюцца яшчэ болей), але ў вынiку моцнай залежнасьцi ад мiжнароднага фiнансавага капiталу i сваёй выключна мiлiтарысцкай палiтыкi, пастаўленай на службу вялiкадзяржаўным памкненьням, далёка не аднойчы ўступала ў антаганiзм з iмпэрскiм капiталiзмам. Такiм чынам, усе супярэчнасьцi тут дасягалi свайго апагею, што ўрэшце ўжо ў 1905 годзе прывяло да першай расійскай рэвалюцыi, а ў 1917 да Лютаўскай i Кастрычнiцкай рэвалюцыяў, якiя былi выклiканы паразай у першай сусьветнай вайне (падобна як рэвалюцыя 1905 году была спрычынена паразай у расійска-японскай вайне). Як артадаксальны марксiст, Ленiн, ведама, досыць доўгi час быў перакананы ў тым, што «пралетарская дзяржава», г.зн. панаваньне партыi бальшавiкоў, зможа ўтрымацца толькi тады, калi разьвiтыя капiталiстычныя краiны таксама зьдзейсьняць рэвалюцыю i прыйдуць на дапамогу Расii. Цэнтар сусьветнай рэвалюцыi павiнен iзноў перамясьцiцца з Расii на Захад (Ленiн, 1920).

Калi гэтай доўгачаканай рэвалюцыі не адбылося, Ленiн як прагматык улады нават i не падумаў адмовiцца ад прынцыпу панаваньня бальшавiкоў i ад сацыялiстычных мэтаў. Але ён быў прымушаны ўвесьцi «новую эканамiчную палiтыку», якая суправаджалася заснаваньнем канцэсiяў, уводам элемэнтаў рынкавай эканомiкi, улiкам iнтарэсаў уласьнiкаў i нават стварэньнем спрыяльных умоваў для замежных капiталiстычных iнвэстараў, што iзноў нiвэлявала некаторыя аспэкты сацыялiстычнага грамадзкага ладу. Незалежна i ў процiвагу сталiнскай тэорыi магчымасьцi «выбудовы сацыялiзму ў адной асобна ўзятай краiне», Леў Троцкi распрацаваў сваю тэорыю «пэрманэнтнай рэвалюцыi» (1930). Ён адзначаў, што ў такой краiне, як Расiя, рабочая кляса, пасьля таго як яна ў ходзе «буржуазных рэвалюцыяў» (1905 году i Лютаўскай 1917 году) заняла вядучае становiшча, не павiнна супакойвацца на дасягнутым, ёй трэба iмкнуцца паскорыць разьвiцьцё сацыялiзму; каб утрымаць перамогу i змагчы выбудаваць сацыялiстычнае грамадзтва, неабходна адбытую ў адной (да таго ж адсталай) краiне рэвалюцыю ператварыць у сусьветную рэвалюцыю.

«Рэальны» сацыялiзм

Карл Корш, камунiст-дысыдэнт, папракаў Ленiна, што апошні назваў «сацыялiстычным» новапаўсталы грамадзкi лад (Korsch 1974, S. 256). У сапраўднасьцi трэба гаварыць пра бюракратычны дзяржаўны капiталiзм. Лiквiдацыя ўсiх канкуруючых партыяў i поўнае зьлiцьцё партыi зь дзяржапаратам (пры Сталiну) канчаткова зрабiлi з Савецкага Саюзу таталiтарную дзяржаву, у многiх адносінах карыкатуру на чаканае Марксам сацыялiстычнае грамадзтва. Замест дыктатуры пралетарыяту (задуманай Марксам i Энгельсам як адносна дэмакратычны iнстытут) — г.зн. пераважнай бальшынi iндустрыяльнай супольнасьці — узьнiкла «дыктатура партыйнага кiраўнiцтва пад назвай пралетарыяту». З Радаў народных дэпутатаў, формы парлямэнцкай дэмакратыi, якая была паклiкана служыць рэальнаму i эфэктыўнаму волевыяўленьню насельнiцтва, вырасла бюракратычная сыстэма, якая зрабiла немагчымым рэальны ўплыў Радаў на вялiкую палiтыку. Сталiнская канстытуцыя 1936 году не зьмянiла становiшча. Толькi на месца слабых Радаў прыйшоў цалкам неўплывовы вялiзны парлямэнт, якi зацьвярджаўся партыйным кiраўнiцтвам i складаўся зь безальтэрнатыўна абраных дэпутатаў, за якіх галасавала 99% насельніцтва.

У вынiку функцыянальных зьменаў тэорыi i структурных трансфармацыяў савецкага грамадзтва пасьля другой сусьветнай вайны марксiзм(-ленiнiзм) мог зь некаторым посьпехам інструмэнтальна выкарыстоўвацца толькi пры паскораным разьвiцьцi плянавых эканомiк уперад калянiяльных i напаўкалянiяльных, адсталых аграрных краiн. Прывабнасьць марксiзму для пралетарыяту ў разьвiтых краiнах страчвалася ў меру таго, як у сьвеце станавiўся ведамым рэальны стан рэчаў у Савецкiм Саюзе i як — за выняткам вайсковай моцы — Савецкi Саюз стаў адставаць ад Захаду ў гонцы за эканамiчным прагрэсам.

Тэарэтыкi сацыялiзму i самi камунiстычныя партыi ў заходнiх iндустрыяльна разьвiтых краiнах усё болей былi прымушаны адрозьнiваць свае ўяўленьнi аб сацыялiзьме ад «рэалiзаванай у Савецкiм Саюзе мадэлi» (эўракамунiзм; Timmermann 1978). Многiя зь iх пры гэтым рашуча не прызнавалi «сацыялiстычны характар» гэтай краiны (да прыкладу, Dutschke 1974). Яны паасобку сьцьвярджалi, што лiквiдацыя прыватнай уласнасьцi на сродкi вытворчасьцi не абавязкова прыводзiць да лепшага, свабаднейшага, справядлiвейшага грамадзтва i што цэнтральнае (немiнуча бюракратычнае) плянаваньне заўсёды выклiкае буйныя эканамiчныя памылкi, перадусiм таму, што адсутнiчаюць дэмакратычны кантроль i жыцьцяздольны рынак. Шматлiкiя спробы рэформаў ясна паказалi, што адсутнасьць палiтычнай свабоды заўсёды рэзка абмяжоўвае iх. Чым далей заходзiць iндустрыялiзацыя, тым больш непрыдатнымi стаюцца старыя плянавыя мэханiзмы i тым магутней раскрываецца нястача iндывiдуальнай матывацыi i свабоды.

Рэвалюцыi i аграрнае насельнiцтва

Як тэарэтычна, так i практычна марксiсцкая тэорыя рэвалюцыi доўгi час не зьвяртала належнай увагi на аграрную праблему. Тым ня менш Маркс указваў на тое, што буржуазная рэвалюцыя ў Парыжы змагла перамагчы толькi дзякуючы таму, што яна прынесла вызваленьне францускiм сялянам ад усiх фэадальных перажыткаў i ўзаконiла прыватную ўласнасьць. Маркс таксама меркаваў, што пралетарска-сацыялiстычная рэвалюцыя павiнна прынесьцi гэтулькi ж пажытку для сялян, як у сваiм часе буржуазная. Але ўжо нямецкiя сацыял-дэмакраты мелi праблемы са сваёй тактыкай мабiлiзацыi насельнiцтва краiны — перадусiм таму, што яны некрытычна выходзiлi з таго, што ў сельскай гаспадарцы немiнуча будзе ўзмацняцца роля вялiкiх прадпрыемстваў i загэтым бальшынi сельскага насельнiцтва наканавана зьнiкненьне. I сялянства iх практычна не падтрымала.

Эдуард Давiд (1922) аспрэчваў гэты пануючы марксiсцкi погляд i адзначаў ня толькi жывучасьць, але i неабходнасьць малых i сярэднiх прадпрыемстваў у сельскай гаспадарцы. Перадусiм ён падкрэсьлiваў вялiкае значэньне iндывiдуальнай матывацыi («пачуцьця сацыяльнага абавязку работнiка») для прадукцыйнасьцi, якая ў малых прадпрыемствах можа дасягаць высокага ўзроўню. Апрача таго, Давiд падкрэсьлiваў i шкоднае экалягiчнае ўзьдзеяньне вялiкiх аграрных прадпрыемстваў, знаходзячы ў гэтым яшчэ адзiн аргумэнт супраць пануючай марксiсцкай артадоксii. А Г.Марон адзначаў, што высокаiнтэнсіўная «квiтнеючая звышкультура» Японii здольная бяз iмпарту прадуктаў харчаваньня i ўгнаеньняў пракармiць 150 чалавек з аднаго квадратнага кiлямэтру.

«У адрозьненьне ад дробнай сельскай гаспадаркi, якая заўсёды падтрымлiвала i павышала ўрадлiвасьць земляў, буйныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы паўсюль, дзе яны мелi месца ў гiсторыi, выяўлялi свой спусташальны характар. Толькi там стагодзьдзямi не зьмяншаецца ўрадлiвасьць, — кажа Лiбiг — дзе насельнiцтва, апрацоўваючы палеткi, жыве шчыльна на невялiкай тэрыторыi, дзе гараджане i рамесьнiкi раскiданых па гэтай тэрыторыi мястэчкаў разам са сваiмi парабкамi ўрабляюць свой уласны кавалак поля... Урадлiвасьць такой краiны залежыць ад рэгулярнага кругазвароту рэчываў, пры якiм усе складнiкi спажытых прадуктаў бяз стратаў вяртаюцца на поле, на якiм яны былi выраблены. Нiчога страчанага ўжо ня вернеш, i таму кажны ведае, што можа быць страчана, кажны намагаецца ўсё сабраць i захаваць. Калi ж тая самая краiна трапiць у рукi буйных землеўладальнiкаў, то на месца ўзнаўленьня прыйдзе спусташэньне. Дробны землеўладальнiк вяртае полю амаль усё тое, што i бярэ, буйны ж звозiць зерне i мяса ў вялiкiя спажывецкія цэнтры, касуючы пры гэтым перадумовы для iх узнаўленьня. Празь некаторы час яго зямля ператворыцца ў пустэльню, як, да прыкладу, рымскiя калёнii» (David 1922, S. 259).

Барынгтан Мур (1969) больш грунтоўна дасьледаваў ролю сельскага насельнiцтва ўва ўсiх рэвалюцыях, пачынаючы ад XVIII стагодзьдзя, i аспрэчваў асноўныя марксiсцкiя тэзысы. Ад Францускай рэвалюцыi найбольш выйгралi найперш заможнае сялянства i буржуазiя, якiя дужа нажылiся ў вынiку распродажу царкоўнай маёмасьцi. Адначасова гэтая частка аграрнага насельнiцтва стала рашучым няпрыяцелем радыкалаў. Параза санкюлётаў i прыхільных ім якабiнцаў, а таксама Рабэсп’ера тлумачыцца пераважна тым, што сяляне адмовiлiся забясьпечваць гарадзкое насельнiцтва хлебам па ўстаноўленых зьверху заніжаных цэнах. «Буржуазная рэвалюцыя была зьдзейсьнена санкюлётамi; але сяляне вызначылi, як далёка яна зможа зайсьцi» (Moore 1969, S. 139). Тым ня менш падрыў магутнасьцi земляўласьніцкай шляхты, якi разам зь лiквiдацыяй манархii i скасаваньнем фэадальных прывiлеяў абумовiў буржуазны характар рэвалюцыi, стаў, паводле Мура, важнай перадумовай устанаўленьня буржуазна-парлямэнцкай дэмакратыi ў Францыi. Рэстаўрацыя 1815 году на пэўны час яшчэ раз вярнула старой шляхце палiтычную сiлу, але дзякуючы няздольнасьцi шляхты злучыцца з буйной буржуазiяй яна была канчаткова страчана пасьля лiпеньскай рэвалюцыi 1830 году. З пункту гледжаньня эканамiчнага прагрэсу, рэч ясная, распродаж дзяржаўнай уласнасьцi i спрычыненае iм узмацненьне аграрнага насельнiцтва стварыла перашкоды для хуткага iндустрыйнага разьвiцьця краiны. Такiм чынам, вульгарнамарксiсцкае клiшэ аб «вызваленьнi прадукцыйных сiлаў» з дапамогай рэвалюцыi не знаходзiць свайго пацьвярджэньня.

Надзвычай няпэўнае стаўленьне сялянства да дэмакратыi назiраецца — паводле Мура — i ў XX стагодзьдзi. Заможныя сяляне, якiя адначасова зьяўляюцца выразьнiкамi сялянскiх iнтарэсаў, зусiм не зацiкаўленыя, па-першае, у дэмакратыi як гэткай. Iх хвалююць «дзейсныя гарантыi, якiя датычаць iхнай маёмасьцi i iхнага сацыяльнага становiшча ў iх уласнай вёсцы» (Мoor 1969, S.13). Найперш сяляне хочуць упэўнiцца ў тым, што ня будзе нiякай экспрапрыяцыi. Па-другое, нарастаючая капiталiзацыя сельскай гаспадаркi падрывае сялянскае землеўладаньне. Як па сутнасьцi «дакапiталiстычная група, сяляне часта (таму) выяўляюць моцныя антыкапiталiстычныя тэндэнцыi». У гэтых адносiнах сялянская зямельная маёмасьць можа ўяўляць «пагрозу для буйнога землеўладаньня... як у яго капiталiстычнай, так i ў дакапiталiстычнай форме». Зь iншага боку, яна зьяўляецца (i гэтак лiчыць бальшыня «сялянскiх партыяў» i аб’яднаньняў) «вонкавым валам, якi баронiць гэтую маёмасьць».

Бальшавiцкая рэвалюцыя змагла зь перамогай выйсьці з грамадзянскай вайны толькi дзякуючы таму, што яна дала бальшынi расiйскага сялянства зямлю, забраўшы маёнткi памешчыкаў i цара. Толькi ў тэорыi «добраахвотная» калектывiзацыя сельскай гаспадаркi, распачатая Сталiным у 1928 годзе, iзноў зьнiшчыла — пры нялюдзкіх ахвярах — гэтую iндывiдуальную ўласнасьць. Гэтае мерапрыемства прывяло да значнага заняпаду сельскагаспадарчай вытворчасьцi, i ў вынiку выклiкала масавыя мiграцыi аграрнага насельнiцтва ў гарады, а таксама памяншэньне яго колькасьцi. Сёньня i ў самiм Савецкiм Саюзе пастаўленая пад сумненьне мэтазгоднасьць прымусовай калектывiзацыi i рэабiлiтаваная альтэрнатыўная эканамiчная палiтыка Мiкалая Бухарына, радыкальна асуджаная ў свой час Сталiным.

Дзякуючы падтрымцы сялянскiх масаў перамагла таксама i кiтайская рэвалюцыя. Пры гэтым Мао Цзэ-дун мадыфiкаваў марксiсцкую тэорыю «пралетарскай рэвалюцыi», цалкам зьвёўшы пралетарскi характар рэвалюцыi да тэорыi авангарду (камунiстычнай партыi) i прызнаўшы беднае сялянства «масавым базысам» пралетарскай рэвалюцыi.

Культурныя i прамысловыя рэвалюцыі

У неспэцыфiчным i ня ў строгiм сэнсе тэрмiн «рэвалюцыя» ўжываецца таксама для абазначэньня глыбiнных зьменаў i ў iншых (ня толькi палiтычных i сацыяльных) сфэрах. Пра культурную рэвалюцыю ўжо гаварыў Ленiн, разумеючы пад ёй паскораную лiквiдацыю непiсьменнасьцi i адукацыю сялянскiх масаў. Задачамi зынiцыяванай Мао Цзэ-дунам культурнай рэвалюцыi былi глыбiнныя зьмены маральных вартасьцяў i ўстановак. З «эгаiстычных», зарыентаваных на спажыцьцё людзей плянавалi выхаваць альтруiстычных i аскетычных «камунiстаў». Мэтадамi гэтых зьменаў былi «масавая мабiлiзацыя» i «масавая iндактрынацыя». Было б больш карэктна назваць гэтую спробу iнтэнсiўнай трансфармацыi сьвядомасьцi «рэформай сьвядомасьцi», бо наўрад цi можна сьцьвярджаць, што рух iшоў «зьнiзу». Мао Цзэ-дун, у сваю чаргу, выкарыстаў паўсталую ў вынiку незадаволенасьць для ажыцьцяўленьня сваiх плянаў.

Праблематычным зьяўляецца i сам тэрмiн прамысловая рэвалюцыя, якi ўпершыню ўвёў ува ўжытак Фрыдрых Энгельс. Калi зважаць на сувязь памiж якаснымi i глыбiннымi зьменамi ў вытворчай тэхнiцы i пераўтварэньнямi ў сацыяльнай структуры, ён будзе дакладным толькi часткова. Так, напрыклад, увод паравога рухавiка на прамысловасьцi i транспарце (параход, паравоз) прывёў да зьменаў у структуры насельнiцтва, да ўзмацненьня канцэнтрацыi прамысловасьцi шляхам заснаваньня акцыянэрных таварыстваў, да павелiчэньня мабiльнасьцi рабочага насельнiцтва, да абнiжэньня цэнаў на транспарт i затым да адноснай незалежнасьцi ад рэсурсаў драўнiны i г.д. Пры вызначэньнi сувязi памiж зьменамi вытворчай тэхнiкi i сацыяльнымi пераўтварэньнямi марксiзм не заўсёды быў пасьлядоўным. У «Галечы фiлязофii» (1846) Марксам было сфармулявана наступнае часта цытаванае цьверджаньне: «Ручны млын стварыў фэадальнае грамадзтва, паравы — капiталiстычнае» (1947, S. 127), але пазьней ён, насуперак гэтаму, указваў, што выкарыстаньне ў вытворчасьцi прыродазнаўчых адкрыцьцяў залежыць ад вытворчых адносiн. Таму было б больш правiльна сказаць наступнае: фэадальнае грамадзтва дазваляе i вымагае разьвiцьця толькi ручных млыноў, капiталiстычнае — паравых. Але новыя мэтады вытворчасьцi ўзьнiкаюць па сутнасьцi ўжо ўва ўмовах старой сацыяльнай фармацыi. Зрэшты, Маркс «правочыў» ветравыя млыны позьняга Сярэднявечча (ад 1300 г.).

3. Рэформы і рэфармізм

Дзяржаўныя рэформы

Рэформамi называюць сацыяльныя, палiтычныя i эканамiчныя зьмены, якiя — без аснавасяжных пераўтварэньняў структуры — выходзяць ад кiруючых або сацыяльна прывiлеяваных колаў i падтрымлiваюцца кiраванымi i непрывiлеяванымi слаямi грамадзтва, якiм яны паклiканы прынесьцi карысьць. Прыкладамi такiх рэформаў зьяўлялiся фiнансавыя рэформы ў Францыi падчас Ancien régime, якiя — у вынiку пасьпяховага супрацiву прывiлеяваных колаў — усё болей i болей запыняліся, і ўрэшце мiнiстры фiнансаў Турго, Калён, Брыен i Нэкер атрымалi поўную паразу. Пасьпяховымi рэформамi былі рэформы ў сфэры сацыяльнага забесьпячэньня ў кайзэраўскай Нямеччыне (падтрымка iнвалiдаў, беспрацоўных, родзiчаў памерлых), мэтай якiх было таксама паляпшэньне стану здароўя рабочых сем’яў, на якi наракалi вайсковыя прызыўныя камiсii. Гэта, у сваю чаргу, прывяло да зьмяншэньня ўплыву сацыял-дэмакратыi на рабочую клясу.

Яшчэ далей зайшлі мерапрыемствы па выбудове «сацыяльнай дзяржавы» ў Швэцыi (памiж дзьвюма сусьветнымi войнамi), i ў Англii, Францыi i Нямеччыне (пасьля другой сусьветнай вайны). Дзяржава цяпер (часткова ўжо ў «New Deal» Ф.Д.Рузвэльта i перадусiм у «Great Society» Кенэдзi i Джонсана) становiцца «разьмеркавальнiкам дабрабыту», гарантыяй узбагачэньня ўсiх i кожнага. Падставай для гэтага быў таксама i сусьветны эканамiчны крызыс, якi — нават пры адсутнасьцi мэтанакiраванага ўмяшаньня ў «вольную гульню рынкавых сiлаў» — мог лёгка прывесьцi да радыкалiзацыi выбарцаў. Апрача таго, пашырэньне камунiзму пасьля другой сусьветнай вайны выклiкала ў прывiлеяванай меншынi гатовасьць шляхам рэформаў зьлiквiдаваць прычыны сацыяльнай няроўнасьцi ўва ўласнай краiне. Парадаксальным чынам Кастрычнiцкая рэвалюцыя i прынесеныя на штыхах Чырвонай армii камунiстычныя ўрады Ўсходняй Эўропы прывялi як да паляпшэньня становiшча працоўных у капiталiстычных дзяржавах, так i да эманцыпацыi рабочых у гэтых краiнах. Посьпехi камунiзму абумовiлi ў пануючых клясаў пошукi найбольш справядлiвага дзяржаўнага ўладкаваньня. Адно пасьля таго, як на Захадзе стаў вядомым змрочны ценевы бок краiн «рэальнага сацыялiзму», iмкненьне да выбудовы i захаваньня «дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту» iзноў аслабла.

Тэорыi рэформаў Бэрнштайна i Канта

Напярэдадні першай сусьветнай вайны рабочыя партыi хутчэй крытычна ставiлiся да рэформаў буржуазных урадаў. Iншай пазыцыi датрымвалiся «рэфармiсты», што, як i Геарг фон Фольмар (1891) i Эдуард Бэрнштайн (1899), уважалi рэвалюцыйную пэрспэктыву «артадоксаў» за нерэалiстычную i марылi аб «паступовым пераходзе да сацыялiзму». Бэрнштайн рэфармiсцкую тактыку i стратэгiю ўвасобiў у «рэвiзiянiсцкай тэорыi». Гэта азначае, што ён унёс карэктывы ў марксiсцкiя пастуляты, прывёўшы ў адпаведнасьць тэорыю i практыку. Ён лiчыў, што для такой партыi, як нямецкая сацыял-дэмакратыя, толькi рэфармiсцкая стратэгiя i тактыка прыдатная ў пытаньнi, як найбольш мэтазгодна выкарыстоўваць фракцыю ў Райхстагу i дэпутатаў паўднёванямецкiх ляндтагаў для спраўджаньня сваiх палiтычных мэтаў. Але вядучыя «iдэолягi» партыi (Карл Каўцкi i iнш.) цьвёрда датрымвалiся «чыстага рэвалюцыйнага вучэньня», якое было ўжо не «кiраўнiцтвам да дзеяньня», а толькi надзейным «сродкам iнтэграцыi» (Matthias 1957) разнастайных плыняў унутры партыi.

Бэрнштайн абвясьцiў вайну гэтай зьведзенай да iдэалёгii тэорыi i заклiкаў СДПН урэшце адкрыта «аб’явiць», чым яна ў сапраўднасьцi ўжо доўгi час зьяўляецца: дэмакратычный партыяй рэформаў. Такое прыстасаваньне тэорыi да неабходнай у дадзеным выпадку стратэгii i тактыкi яго крытыкi асудзiлi як «рэвiзiянiзм». Партыйныя артадоксы, а ў Расii Ленiн i яго паплечнiкi, убачылi ў гэтай карэкцыi марксiзму «баязьлівую здраду» i зьвязалi яе — як ужо згадвалася — з утварэньнем «рабочай арыстакратыi» i «бюракратыi» сярод рабочых правадыроў. Выходзячы зь пераўтварэньня сацыяльнай структуры, дзе ня спраўдзiўся нiводзін з марксiсцкiх прагнозаў (якiя рабiлiся перадусiм вульгарнымi марксiстамi), Бэрнштайн як ува ўтварэньнi акцыянэрных таварыстваў ды картэляў, так i ў нацыяналiзацыi транспарту i асобных прадпрыемстваў (напрыклад, газа-, водазабесьпячальныя службы, электрасеткi ў камунальнай маёмасьцi) убачыў адзнакi ўжо запачаткаванага руху ў кiрунку да «сацыялiзму». Капiталiстычная эканомiка болей не паддаецца крызысам. Таксама i вытворчыя адносiны паступова прыстасоўваюцца да характару прадукцыйных сiлаў, для чаго вырашальнае значэньне мае несупынны цiск рабочых партыяў i прафсаюзаў.

Калi выходзiць з Бэрнштайнавага разуменьня рэвiзiянiзму, то яго варыянтам (рэч ясная, буржуазным) можна лiчыць i палiтычную тэорыю Iмануiла Канта (параўн. Fetscher 1976). Хоць Кант i аспрэчваў легiтымнасьць Францускай рэвалюцыi, але ён усё ж называў новы канстытуцыйны парадак законным. Нiхто ня мае права стаўляць пад пытаньне законнасьць у iмя даўнейшага парадку: Кант асуджаў тэрор, але не законнае права народу на супрацiў; адначасова ён уважаў палiтычныя i сацыяльныя заваёвы Францускай рэвалюцыi за варты ўхвалы прагрэс — перадусiм у лiквiдацыi прывiлеяў шляхты (найперш буйных землеўладальнiкаў са шляхты) i ўва ўводзе рэспублiканскай прадстаўнiчай дэмакратыi. Апошняя — як на думку Канта, так i абата Сэеса — нiколькi не супярэчыць манархiчнаму дзяржаўнаму ладу.

Кант, перакананы ў моцы рацыяналiсцкіх аргумэнтаў, верыў у магчымасьць «паступова дасягаючага трону Асьветнітцва», што б паслужыла дастатковай перадумовай для негвалтоўных i законных рэформаў. Аднак павiнна быць забясьпечана «свабода слова», бо безь яе манарх i яго абкружэньне пазбавяцца сродкаў дакладнай iнфармацыi i арыентацыi. Законапаслухмяны падданы павiнен верыць у адсутнасьць ува ўлады «злой волi», але дапушчаць, што яна стаецца ўсё болей i болей асьвечанай i дасьведчанай, няздольнай нават на памылкi, было б кашчунна i нерэалiстычна. Кант быў упэўнены ў магчымасьцi правядзеньня манархiчна-бюракратычнымi ўрадамi раздробленых нямецкiх дзяржаваў прадуманай палiтыкi рэформаў. Асноўным матывам для гэтага, на яго думку, павiнен выступаць шырокараспаўсюджаны страх перад рэвалюцыяй.

Рэформы служаць, паколькi яны абавязкова выходзяць ад прывiлеяваных слаёў, перадусiм мэце прадухiленьня рэвалюцыйных паўстаньняў, выклiканых сацыяльнай незадаволенасьцю. Такiм чынам, страх перад рэвалюцыяй зьяўляецца самым надзейным сродкам распачаць рэформы. У многiх краiнах ён прывёў да мiрнай дэмакратызацыi (расшырэньне выбарчых правоў, увод прадстаўнiчай парлямэнцкай дэмакратыi i г.д.).

Але рэформы могуць лёгка перарастаць у рэвалюцыю. Наўрад цi можна сумнявацца ў тым, што iнсьпiраваная Марцiнам Лютэрам рэформа царквы прывяла ўрэшце да (напаў)буржуазнай рэвалюцыi, дарма што гэтая мэта рэфарматарам зусiм не перасьледавалася. З аслабленьнем iнстытуцыяў каталiцкай царквы i яе клеру ў пратэстанцкiх дзяржавах зьнiк «першы стан»[3]. «Усеагульнае сьвятарства»[4] можа разглядацца як дэмакратызацыя царкоўнай супольнасьцi (хаця ў лютэранстве вельмi хутка ўзьнiкла новая, цесна зьвязаная з курфюрстамi царкоўная гiерархiя). Таму няма дзiва, што незадаволенымi слаямi грамадзтва — iмпэрскiм рыцарствам, сялянствам i гарадзкой буржуазiяй — з рэфармацыi былi зроблены часткова рэвалюцыйныя палiтычныя высновы (Griewank 1969). Таксама i ў выпадку Францускай рэвалюцыi мы можам назiраць, як рэформа (што выходзiла ад караля i яго дараднікаў) перарасла ў рэвалюцыю. Можа мець месца, рэч ясная, i адваротны працэс: рэвалюцыя абяртаецца ў (значна меней глыбiнную) рэформу, што, да прыкладу, i адбылося падчас першай расiйскай рэвалюцыi 1905 году, якая скончылася заснаваньнем «Думы» (надзвычай абмежаванага ў сваёй дзейнасьці парлямэнту).

4 Рэвалюцыйны мiт i вера ў прагрэс

Рэвалюцыя: мiт i рэальнасьць

Для палiтычных рухаў вялiкае значэньне мае ня толькі рэальнае значэньне рэвалюцыйных структурных пераўтварэньняў палiтычнага ўладкаваньня i / або грамадзтва, але й «мiт рэвалюцыi». Жорж Сарэль (1907, 1981), калі троху спрасьціць, акурат у гэтым бачыў яе праўдзiвае значэньне. З гэтай прычыны ён быў рашучым працiўнiкам канцэпцыi па магчымасьцi «мiрнай рэвалюцыi» шляхам здабыцьця бальшынi галасоў у парлямэнце (што самi Маркс i Энгельс лiчылi магчымым у ЗША, Англii, Бэльгii i Францыi). З гэтай прычыны Сарэль (а да яго — Прудон) выступаў супраць удзелу ў парлямэнцкiх выбарах. Найлепшым сродкам рэвалюцыянiзацыi грамадзтва ён лiчыў усеагульны страйк — адкрытую i сумленную барацьбу клясаў, якая падштурхне буржуазiю да маральна-гераiчнага ўздыму i не дазволiць уцягнуць яе ў «парлямэнцкi крэтынiзм». Сарэль гаварыў аб «мiце ўсеагульнага страйку», якiм па сутнасьцi i выклiкаецца рэвалюцыйнае ўзрушэньне рабочай клясы. Акурат у колах iнтэлектуалаў, якiя сымпатызавалi эманцыпацыi рабочай клясы, зачараваньне гэтым мiтам (якi ня быў увязаны з тэзысам аб усеагульным страйку) адыграла важную ролю. З гэтай прычыны iмi мацней як усiмi засталымi падкрэсьлiваўся гвалтоўны, надзвычайны характар рэвалюцыйнай сытуацыi. Пазьнейшым крайнiм прыкладам абсалютызацыi рэвалюцыi як выняткавага ўчынку стала Сартрава ўслаўленьне сьвядомага i актыўнага аб’яднаньня ў рэвалюцыйным акце малых групаў, якое, аднак, iзноў i iзноў прыводзiць да ўзьнікненьня «Практычна Iнэртнага», г.зн. да ўтварэньня новых адчужаных структур. Сапраўды вызвольным, на думку Сартра, зьяўляецца толькi сам рэвалюцыйны акт, а не яго вынiк, структурнае пераўтварэньне, якое ўсё роўна нiколi ня спраўдзiцца (Sartre 1960, 1967).

Вобраз рэвалюцыйнага мiту, якi так зачараваў iнтэлектуалаў, закрануў таксама i кансэрватараў, абвастрыўшы ў iх страх перад рэвалюцыяй. У абодвух выпадках гвалт, пралiцьцё крывi i разбурэньне гралi вызначальную ролю для характарыстыкi рэвалюцыi. Цытаты з Бакунiна (1924, Bd. III, S. 80 ff) i iншых майстроў рэвалюцыйнай рыторыкi ўдала выкарыстоўвалiся для таго, каб найзмрачней абмаляваць «чырвонага прывiда».

Але ня толькi гэты эмацыйна афарбаваны мiт рэвалюцыi пярэчыў празаiчнай рэальнасьцi рэвалюцыяў; таксама не магло не спарадзiць расчараваньня няспраўджаньне пашыраных палымяных спадзяваньняў, зьвязаных з рэвалюцыяй. Толькi некаторыя рэвалюцыянэры так адкрыта i сумленна, як Ленiн, указвалi на тое, што, рэч ясная, ад рэвалюцыі i грамадзянскай вайны — у вынiку заняпаду вытворчасьцi — нястача насельнiцтва спачатку яшчэ болей павялiчыцца i што перавагi ад рэвалюцыйных пераўтварэньняў будуць адчувальныя адно значна пазьней (Lenin 1920, 1947, II, S. 765). З гэтай прычыны рэвалюцыйная прапаганда, як правiла, ня згадвала пра гэты рэалiстычны погляд. Пры гэтым павелiчэньне эканамiчнай нястачы было рэальнасьцю, тым часам як чаканае ў далейшым паляпшэньне палажэньня заставалася толькi гiпатэтычным.

Прадчуваньне гэтых акалiчнасьцяў часта прымушала вялiкую частку насельнiцтва са зьдзiўляючай абыякавасьцю ставiцца да рэвалюцыйных заклiкаў. У параўнаньнi з рэвалюцыйнымi (гвалтоўнымi) пераўтварэньнямi, рэформы заўсёды менш рызыкоўныя, перадусiм таму, што пасьля кожнага невялiкага рэфармiсцкага кроку — калi чаканы посьпех не дасягнуты цi выявiлiся нежаданыя пабочныя эфэкты — застаецца магчымасьць карэктываў. Маркс думаў, што i сацыялiстычная рэвалюцыя будзе сама сабой бесьперапынна карэгавацца i зьмяняць свой курс; але пры гэтым ён яўна недаацэньваў кансэрватыўнага характару палiтычных iнстытутаў (такiх, як арганiзаваныя партыi). Роза Люксэмбург — пры ўсёй крытыцы рэфармiзму i рэвізіянізму — адна зь першых звярнула ўвагу на небясьпеку артадаксальнай застыгласьцi i аўтарытарнага кiраўнiцтва.

Эвалюцыя i вера ў прагрэс

Як рэвалюцыянэры, так i рэфармiсты ўжо ад XVIII стагодзьдзя былi ўпэўненыя ў тым, што ў гiсторыi чалавецтва назiраецца вiдавочны прагрэс. Паводле Гегеля, «сусьветнагiстарычны дух народу» робiць усё болей доўгiя крокi ў кiрунку несупынна ўзрастаючай «сьвядомасьцi свабоды»: Усход лiчыў, што свабодным зьяўляецца толькi адзiн, Антычнасьць — што толькi некаторыя, «хрысьцiянска-германскi сьвет» — што «ўсе зьяўляюцца свабоднымi». Пасьля пашырэньня хрысьцiянства на Захадзе наступiла ўсё болей рэальнае «ўкараненьне» гэтай сьвядомасьцi ў жыцьцё. Левагегельянцы i Маркс таксама абапiралiся на канцэпцыю прагрэсу Гегеля i прагрэсiўнай буржуазii. Калi ў 1859 годзе Дарвiн апублiкаваў сваю кнiгу «Паходжаньне вiдаў шляхам натуральнага адбору», Маркс убачыў у гэтым навуковым тлумачэньнi эвалюцыi сьвету расьлiн i жывёл прыродазнаўчую перадумову сваёй уласнай тэорыi гiсторыi. Як i сам Маркс, Дарвiн здолеў абысьцiся без усякай мэтафiзычнай тэлеалёгii i давесьцi разьвiцьцё прыроды па ўзыходзячай лiнii. Тым часам як Зыгмунд Фройд называў адкрыцьцё Галiлеем эксцэнтрычнага палажэньня Зямлi ў плянэтарнай сыстэме i дарвiнскую тэорыю паходжаньня чалавека з жывёлы дзьвюма «нарцыстычнымi хваробамi», да якiх ён — шляхам доказу iснаваньня неўсьвядомленых iнстынктыўных парываў i iх сiлы ў чалавеку — прылучаў яшчэ і трэцюю, Эрнст Гекель (1868, 1920. S. 632) быў упэўнены, што тэорыя эвалюцыi дае належную падставу для зьвязанага з прагрэсам аптымiзму:

«У сваiм пасьлядоўна паступаючым разьвiцьцi ад нiжэйшых пазванковых да найвышэйшых мы бачым трыюмф чалавечай прыроды над усёй засталай прыродай. Мы гордыя тым, што так бесканцоўна далёка пераўзышлi нашых нiжэйшых жывёльных продкаў, i сіляем згэтуль глыбокую ўпэўненасьць, што i ў будучынi чалавечы род ува ўсiм i кожным будзе рушыць стаўбавой дарогай прагрэсiўнага разьвiцьця i дасягаць усё болей высокiх ступеняў духоўнай дасканаласьцi. У гэтым сэнсе тэорыя эвалюцыi ў сваім ужываньні адкрывае перад чалавецтвам велiчныя пэрспэктывы ў будучынi i здымае ўсе перасьцярогi, зьвязаныя зь яго пашырэньнем».

Адным зь першых мысьляроў, якi лiчыў праблематычнымi выключнасьць i надзвычайнасьць чалавечай прыроды, быў Русо. Ён разглядаў — як i некаторыя сучасныя антраполягi — страту прыродных iнстынктаў як вынiк бiялягiчнага дэфэкту, як своеасаблiвы першагрэх i лiчыў цывiлiзацыйны прагрэс зьявай надзвычай двузначнай, таму што ён прынёс прагрэс iндывiду, але адначасова заняпад чалавецтву (Fetscher 1975). Для Русо «чалавек разважаючы» — гэта «сапсутая жывёла». I хаця прыпiсваны Русо заклiк «назад да прыроды» нiколi ня спраўдзiўся, слушна тое, што ён уважаў «эпоху пастухоў» («барбарства») за «залатую эпоху» i як прыяцель чалавецтва жадаў запынiць разьвiцьцё на гэтым этапе. Падобныя меркаваньнi iзноў зьявiлiся ў эпоху экалягiчных крызысаў i ў многiх аспэктах прыродаспусташальнага працэсу ўзросту прамысловасьці. У некаторых аўтараў сустракаецца думка, што варожасьць да індустрыі прывядзе да патрэбы навукова-тэхнiчнай рэвалюцыi, якая затрымае i нават зьлiквiдуе (таксама i ў галіне тэхнiкі вытворчасьці) прагрэс. Таму паняцьце «рэвалюцыя» набыло зусiм новы, цалкам супярэчны ранейшаму сэнс. Калi падчас буржуазных i пралетарскiх рэвалюцыяў гаворка вялася аб паскарэньнi прагрэсу (таксама i ў галіне тэхнiкі вытворчасьці) — Маркс называў рэвалюцыi «лякаматывамi гiсторыi» — дык сэнсам экалягiчнай антыiндустрыйнай рэвалюцыi было б запыненьне прагрэсу або нават яго зьлiквiдаваньне.

Ад гэтых — дасюль iснуючых толькi як размыты сьветагляд — уяўленьняў трэба адрозьнiваць фундамэнталiсцкія, рэлiгiйныя рэвалюцыi, якiя адбылiся ў Iране i Лiбii. Сэнсам гэтых культурна-рэлiгiйных рухаў ёсьць захаваньне культурна-рэлiгiйнай iдэнтычнасьцi ад пагрозы сусьветнай гамагенiзацыi. Гэтыя рухi маюць значную прывабнасьць для зьнядоленых масаў «Трэцяга сьвету», якiм яны шляхам павышэньня самасьвядомасьцi абяцаюць вярнуць прынамсi iх чалавечую годнасьць. Пры гэтым рэлiгiйнымi фундамэнталiстамi — завадатарамі «iсламскай рэвалюцыi», як яны яе самi называюць, нi ў якiм разе не адмаўляецца сучасная тэхнiка i прамысловасьць. Аднак робiцца спроба спалучыць дасэкулярныя культурныя адносiны i iдэалёгii з адназначна дакапiталiстычнымі сацыяльнымі фармацыямі. На аснове такога ўладкаваньня грамадзтва i культуры наўрад цi можа самастойна разьвiвацца навука i сучасная тэхнiка вытворчасьці. У гэтым палягае нутраная супярэчнасьць падобных рухаў, якая зь цягам часу павiнна прывесьцi да iх заняпаду.

Апiсальнае вызначэньне рэвалюцыi i рэформы

Дарма што для клясыфiкацыi розных тыпаў рэвалюцыяў i рэформаў ня будзе дастатковай нават трохвымерная схема, я хачу паспрабаваць супаставiць міжсобку тры апiсальныя вызначэньні. Складнiкамi вызначэньня пры гэтым зьяўляюцца: (1) захаваньне або ломка iснуючых прававых нормаў (дзяржаўнага ўладкаваньня); (2) структурныя пераўтварэньнi або толькi замена кiраўнiчага складу i частковая мадыфiкацыя; (3) iнiцыяваньне пераўтварэньняў «зьверху» (пануючымi клясамi, урадам i / або парлямэнтам) або «зьнiзу» (народам, прыгнечанай нераўнапраўнай часткай насельнiцтва). Пытаньне аб гвалце або негвалтоўнасьцi пры гэтым аказваецца адносна менш рэлевантным. Пры рэвалюцыях ён, як правiла, абавязковы, тым часам як рэформы — як правiла, але не заўсёды — могуць адбывацца негвалтоўна.

Першае: рэформа — гэта зыходзячае «зьверху» пераўтварэньне сацыяльна-эканамiчных i / або культурных адносiн, якое, аднак, не пераўтварае фундамэнтальных структураў. Калi рэформа выходзiць вонкi гэтага вызначэньня, трэба гаварыць пра рэвалюцыю зьверху. Выходзячы з гэтага, я вагаўся акрэсьлiць штайн-гардэнбэрскую рэформу як «рэформу». Пераходныя зьявы бываюць размытымi. Рэформы могуць на працягу часу прыводзiць да такiх жа глыбiнных структурных зьменаў, як i рэвалюцыi. Насуперак гэтаму грашовая рэформа 1949 году ў Нямеччыне была, без сумневу, чыстай рэформай, якая — нягледзячы на ажыцьцёўленую пры гэтым кампэнсацыю шкоды, спрычыненай вайной — не закранула структуры ўласнасьцi i грамадзкага ладу.

Другое: путч або дзяржаўны пераварот — гэта гвалтоўная зьмена складу вышэйшага кiраўнiцтва, якая ўзьнiмае на вяршыню ўлады сацыяльную групу, што раней ня мела значнага ўплыву на палiтычнае / сацыяльнае кiраўнiцтва. Путч (дзяржаўны пераварот) у вынiку таксама прыводзiць да ўсёабсяжных структурных (iншага разу рэвалюцыйных) пераўтварэньняў. Так бы магло здарыцца ў тым выпадку, калi б працiўнiкi гiтлерскага рэжыму 20 лiпеня 1944 году дасягнулi посьпеху. Дзяржаўны пераварот можа перарастаць у «рэвалюцыю зьверху».

Трэцяе: паўстаньне — гэта своеасаблiвы путч зьнiзу. Яно таксама можа абяртацца ў рэвалюцыйныя пераўтварэньнi палiтычна-прававой i / або сацыяльнай структуры. Але найчасьцей паўстаньне заканчваецца адно рэформай (такiм быў вынiк задушанага вугорскага паўстаньня 1956 году), якая перамоглымi сiламi «Establishment» выкарыстоўваецца для заспакаеньня насельнiцтва (што i адбылося ў 1956 годзе ў Польшчы i ў 1968 годзе ў Францыi). Рэвалюцыя — пасьпяховая, зыходзячая «зьнiзу» спроба пераўтварыць палiтычна-прававыя i / або сацыяльныя структуры ў iнтарэсах зьнядоленых клясаў або слаёў. Пры гэтым гвалт, як правiла, грае пэўную ролю, асаблiва калi — як i трэба чакаць — пануючыя клясы пачынаюць чыніць пераўтварэньням супрацiў.

Тым часам як пры рэформах захоўваецца iснуючы канстытуцыйна-прававы парадак, пры путчы або дзяржаўным перавароце, пры паўстаньнi цi рэвалюцыi ён зьнішчаецца. Аб «праве на рэвалюцыю» можна гаварыць толькi ў гiстарычна-фiлязафічным сэнсе або ў сэнсе натуральнага права — але ня ў сэнсе канстытуцыйна гарантаванага права.

Гвалт як сродак ужываецца толькi тады, калi «другi бок» — будзь гэта пануючыя або прыгнечаныя клясы — распачынае супрацiў. Карл фон Кляўзэвiц (1832, 1980) меркаваў, што вайна адбываецца адно тады, калi той, каму яна пагражае, падрыхтаваўся да абароны; такiм жа парадкам гвалт — падчас грамадзянскай вайны — ажыцьцяўляецца адно тады, калi радыкальныя рэформы «зьверху» або рэвалюцыя «зьнiзу» натыкаюцца на супрацiў «другога боку» . Сiла супрацiву залежыць ад канкрэтных магчымасьцяў i акалiчнасьцяў. Не выпадкова рэвалюцыi мелi посьпех толькi тады, калi пануючыя клясы або слаi ўжо былi зьнясiленыя фiнансавымi цяжкасьцямi (1789 год) або паразамі ў войнах (1917, 1918 гг.).

5. «Кансэрватыўная рэвалюцыя» i адмова ад прагрэсу

«Iдэi 1914 году» i «кансэрватыўная рэвалюцыя»

Парадаксальны тэрмiн «кансэрватыўная рэвалюцыя» ўзьнiк у 1918 годзе пасьля няспраўджаных спробаў ажыцьцяўленьня ў Нямеччыне буржуазнай i сацыялiстычнай рэвалюцыяў; аднак ён можа зь некаторым правам быць вытлумачаны так званымi «iдэямi 1914 году», якiя былi распрацаваныя пэўным колам iнтэлектуалаў, каб надаць «глыбейшы сэнс» першай сусьветнай вайне i прадухiлiць «варожую прапаганду заходніх дэмакратыяў». Эканамiст Ёган Пленге ўважаў «нямецкi рух» жнiўня 1914 году за «рэвалюцыю» i сьцьвярджаў, што ад 1789 году ў сьвеце не здаралася нiчога такога, што можна было б параўнаць з «рэвалюцыяй разгарненьня i згуртаваньня ўсiх дзяржаўных сiлаў у XX стагодзьдзi ў адрозьненьне ад рэвалюцый разбуральнага вызваленьня XVIII стагодзьдзя» (Plenge 1915, S.171). Пленге, Натарп, Зомбарт і інш. распрацавалi тэорыю супярэчнасьцi памiж лiбэральна-капiталiстычнымi нацыямi Захаду i «сацыялiстычнай Нямеччынай». Адштурхоўваючыся ад яе, Освальд Шпэнглер, Эрнст Юнгер падчас Ваймарскай рэспублiкi, а пасьля i «левыя нацысты» гаварылi аб «нямецкiм сацыялiзьме», якi супрацьстаiць «мiжнароднаму марксiзму». Мёлер ван дэн Брук[5] у кнізе, выдадзенай у 1931 годзе, адзначаў, што «кажны народ мае свой уласны сацыялiзм»; у тым жа годзе выйшла з друку праца сацыёляга Ганса Фрэера «Рэвалюцыя справа». Швэд К’елен, якi адчуваў «сувязь зь нямецкiм духам», называў першую сусьветную вайну «вайной памiж 1789 i 1914 гадамi» (Kjellén 1915, S. 10).

У строгiм сэнсе «кансэрватыўнымi рэвалюцыянэрамi» зьяўлялiся тыя ж самыя працiўнiкi заходняй лiбэральнай дэмакратыi i буржуазii, якiя ў 1918 годзе не настойвалi на рэстаўрацыi даваеннай манархiчнай Нямеччыны, а заклiкалi «наперад» да «аўтарытарнай, арганiчнай дзяржавы». У радыкальных прадстаўнiкоў гэтай плынi адыход ад iдэалаў Захаду спалучаўся з адмовай ад хрысьцiянства, якое можна разглядаць у якасьцi выточнага пункту ўсiх гуманiстычных, дэмакратычных, лiбэральных i сацыялістычных тэндэнцыяў. Армiн Молер бачыў у адмове ад лiнійнага паняцьця часу сутнасьць кансэрватыўнай рэвалюцыi i тлумачыў гэта ўплывам Нiцшэ. Трэба выходзiць зь «вечнага вяртаньня падобнага», «калi мы хочам зразумець, якое значэньне слова «кансэрватыўны» набывае для кансэрватыўнай рэвалюцыi» (Моhler 1950, S. 147). Гаворка iдзе «не пра адчуваньне ўсіх без вынятку падзеяў, чаму поўнасьцю адпавядае партыя прагрэсу, а не iх працiўнiкi», але пра тэрмiн «кансэрватыўны» выключна «як зборнае паняцьце для ўсiх адмаўляючых прагрэс настрояў». Тым часам як крытыкi кансэрватыўных рэвалюцыянэраў, абвiнаваціўшы iх у «рэакцыйнасьцi», iмкнулiся аднавiць прамiнулы стан рэчаў, Мёлер ван дэн Брук, да прыкладу, быў упэўнены ў тым, «што ўсё» па сутнасьцi зусiм не зьмянiлася: «Хай людзi... i пачалi насiць абсалютна iншую вопратку i датрымвацца iншых звычаяў, але iх фундамэнтальнае стаўленьне да дабра i лiха заўсёды заставалася аднолькавым. Дасканаласьць належыць толькi абсалюту, i iндывiд атрымлівае доступ да дасканаласьцi толькi празь вяртаньне да абсалюту (цыт. паводле 1950, S. 148). Такiм чынам, прагрэсу ў гiсторыi па сутнасьцi не адбываецца. «Быць кансэрватарам, — як ляпiдарна сьцьвярджаў Мёлер ван дэн Брук, — не азначае быць прыхiльнiкам таго, што было ўчора, але ўладжваць жыцьцё выходзячы з таго, што заўсёды мае вартасьць» (тамсама, S. 149).

Але чым тады зьяўляецца «рэвалюцыйнасьць» у гэтым новым кансэрватызьме? Гэта нi ў якiм разе, як сьцьвярджае Молер, не «ўхiленьне замiнаючых поступу перашкодаў», але «выдаленьне замiнаючых жыцьцю наросткаў». «Кожная рэвалюцыя iмкнецца разарваць абмяжоўваючыя яе формы», — кажа Раўшнiнг у сваiм апiсаньнi кансэрватыўнай рэвалюцыi. Молер цытуе яшчэ аднаго аўтара, якi, разгледзеўшы этымалягiчнае значэньне слова «рэвалюцыя», кажа: «Рэвалюцыя... азначае: рэ-валюцыя, адыход назад, рэанiмацыя ранейшага стану», але iзноў абмяжоўвае значэньне гэтага тэрміну, паклiкаючыся на вобраз кулі, якi сымбалiзуе нэарэвалюцыйнае разуменьне часу (у адрозьненьне ад лiнійнага прагрэсiўна-хрысьцiянскага). «У кансэрватыўнай рэвалюцыi, — падрахоўвае Молер (1950, S.151), — жыве воля гвалтоўнага зыначаньня пэўных рэчаў, што i апраўдвае ўжыцьцё слова «рэвалюцыйны»... Цалкам не выпадкова, што гэтая формула застаецца досыць няпэўнай. «Рэвалюцыйным» у гэтым кансэрватызьме ў першую чаргу, калi не выключна, зьяўляецца форма, мэтад, а ня мэта.

Калi пераключыць увагу з гэтай размытай iдэалёгii на яе палiтычныя наступкi, можна будзе хутчэй прыйсьцi да зьмястоўнай характарыстыкi кансэрватыўнай рэвалюцыi. Гаворка iдзе пра гiерархiчна i «арганiсцка» думаючых прыхiльнiкаў статычнага i падрабязна рэглямэнтаванага грамадзкага ладу, якi ўяўляўся адпаведным нязьменнай чалавечай прыродзе i якому ў традыцыi нямецкай фiлязофii — часткова ў рамантыкаў, часткова ў кансэрватыўна зынтэрпрэтаванага Гегеля, часткова ў Нiцшэ — шукалiся апраўданьнi. Больш адназначна можна вызначыць галоўнага ворага гэтага кiрунку: гэта лiбэралiзм, Француская рэвалюцыя, iдэал роўнасьцi, правы чалавека i «капiталiстычныя эканамiчныя настроi». Уступаюць у гульню ўяўленьнi аб дзяржаўным сацыялiзьме, якiя зводзяцца да мадэрнiзаванай бюракратычнай дзяржавы на iдэалiзаваны прускi ўзор. На месца iдэалу мiрнага суiснаваньня сусьветнай супольнасьцi прыходзiць трываласьць баёвай iндывiдуальнасьцi народу. Iндывiдуалiзму сучаснасьцi супрацьстаiць «народ» або «народная супольнасьць». Ганс Фрэер пiсаў (1931, S. 39): «Тымчасам як рэвалюцыянэры мiнуўшчыны старэюць, пiльнуючыся даўнейшага кiрунку... на палёх бiтваў буржуазнага грамадзтва фармуецца рэвалюцыя справа. У ёй цяпер вiбруе намножаная сiла. У ёй цяпер пракiдаецца вялiкая наiўнасьць. У ёй цяпер назапашаная рэзэрва прадуктыўных iнстынктаў, перадумовай i запарукай якой зьяўляецца гiстарычная дзея. Тым часам як ранейшая тэма падыходзiць да канца, ...ужо ўтварыўся новы вал i ўрынаецца ў яе кiрунку». Калi Молер падкрэсьлiваў рознасьць разуменьня часу ў прыхiльнiкаў прагрэсу i кансэрватыўных рэвалюцыянэраў, Фрэер выпукляў супярэчнасьць памiж супольнiкамi па часе i прасторы[6]. XIX стагодзьдзе было стагодзьдзем клясавай барацьбы i iндывiдуалiзму, XX стане стагодзьдзем супольнасьцi народаў. Народ стаецца новым «палiтычным суб’ектам», але пакуль што ня ў сэнсе дэмакратычна набываючага дзеяздольнасьць народу, а народу як «жыцьцявой супольнасьцi». «Перадумовай існаваньня палiтычнага суб’екта» зьяўляецца, паводле Фрэера, тое, «што ў сваёй жыцьцявой прасторы ён зьяўляецца вольным i што сiлы апошняй зьяўляюцца яго сiламi: толькi тады ён стаецца здольным да гiстарычных рашэньняў. Дзяржаўны сацыялiзм... гэта тое, што выбаўляе сiлавое поле народу ад гетэрагенных рыкашэтаў iндустрыйнага грамадзтва i дзякуючы чаму народ, гаспадар свайго сьвету, стаецца палiтычным суб’ектам, суб’ектам сваёй гiсторыi» (S. 67), «жыцьцявая прастора (!), ведамая як адзiнства, стаецца воляй» (S. 69). Тое, што Молер называў «замiнаючымi жыцьцю наросткамi», Фрэер пазначаў як «гетэрагенны рыкашэт iндустрыйнага грамадзтва». Мы практычна не памылiмся, калi сьцьвердзiм, што права на iндывiдуальную свабоду ў абодвух выпадках лiчылася падрыўным фактарам, якi неабходна лiквiдаваць.

Права народу на iндывiдуальнасьць i адыход ад наiўнага ўнiвэрсалiзму

Як антытэза гэтым нэакансэрватыўным iдэям, якія з 1914 году зараджалiся ў Нямеччыне, зьявiлася тэорыя, якая неўзабаве здабыла ўсеагульнае прызнаньне. Эрнст Трэльч, да прыкладу, у сваiм эсэ «Нямецкая iдэя свабоды» (1916) выступаў — у традыцыi Гегеля — за дзяржаву iндывiдаў i бачыў свабоду наўперад у «сьвядомай i абумоўленай абавязкам адданасьцi» дзяржаве. Перанос жа гэтай «нямецкай iдэi свабоды... на ўвесь сьвет» прывядзе да ўстанаўленьня мiрнага суiснаваньня гетэрагенных культураў i дзяржаваў, што, магчыма, лепей за ўнiвэрсалiсцкую канцэпцыю, пры якой усё яшчэ iмкнуцца да гегемонii, зможа забясьпечыць мiр ува ўсiм сьвеце. «Нямецкая iдэя свабоды разам са свабодным падпарадкаваньнем зьмяшчае адначасова права на духоўную iндывiдуальнасьць i яе паўсюднае ўшанаваньне. У маштабе ўсяго сьвету гэта азначае сыстэму ўзаемапавагi i свабоднага суразьвiцьця нацыянальных адзінак, пры якiм, рэч ясная, трэба падумаць пра самаабмежаваньне, неабходнае для iснаваньня дзяржавы, i пра паўсюднае прызнаньне права на свабоднае разьвiцьцё ў гэтых межах» (Тroeltsch 1925, S. 105).

Армiн Молер, пры ўсiм падкрэсьлiваньнi ім нямецкага ўкладу ў мiжнародны характар «кансэрватыўнай рэвалюцыi», у заўвагах да ўводзiнаў у сваю кнiгу паклiкаўся на «адраджэнскія рухi ў каляровых народаў, напрыклад, у Iнданэзii i на Яве», i ўказваў на «цесную сувязь памiж нацыянальнай вызваленчай барацьбой i супрацiвам iншаземнаму наплыву шляхам ажыцьцяўленьня нацыянальнай i сацыяльнай рэвалюцыяў» (Моhler 1950, S. 20). Нават калi прыведзеныя ў рамане Дэвiда Гербэрта Лоўрэнса «The Plumed Serpent» (1926) прыклады настойлiвага звароту да культурных каранёў — германцамi «ў духу Тора, Вадана i сусьветнага Ікдразыля» або кельтамi ў «таямнiцы амялы» — палiчыць сумнеўнымi (Молер), то ўсё роўна нельга будзе не прызнаць, што этнiчныя групы i народы валодаюць правам на захаваньне сваёй культурнай iдэнтычнасьцi i што ўнiвэрсалiсцкая тэорыя эўрапейцаў, а таксама iх сусьветная цывiлiзацыя i дагэтуль зь невялiкай пашанотай ставiцца да гэтага права. Як бы нi асуджалася неправамернае ўжыцьцё словазлучэньня «кансэрватыўныя рэвалюцыянэры» для прыкрыцьця агрэсiўнай палiтыкi, iдэя, што iснуе недатыкальнае права на калектыўную iндывiдуальнасьць (i, вядома, асабiстую індывідуальнасьць, паколькi яна абавязкова будзе пярэчыцца нэакансэрватызмам), павiнна здабыць усеагульнае прызнаньне. Гэтаму, магчыма, паспрыяе законная крытыка кансэрватыўнымi рэвалюцыянэрамi наiўнага ўнiвэрсалiзму прагрэсiстаў, якiя яшчэ нiчога ўцямнага не сказалi аб дыялектыцы асьветніцтва i прагрэсу.

Літаратурныя жаролы

Выкарыстаная літаратура

Bakunin, Michael (1868) 1924: Einige Dokumente der Fraternité Internationale und der Alliance Secrčte, Gesammelte Werke Bd. III.

Bernstein, Eduard (1899) 1920: Die Voraussetzungen des Sozialismus und die Aufgaben der Sozialdemokratie, Stuttgart.

Burke, Edmund (1790) 1967: Betrachtungen über die französische Revolution, Frankfurt/M.

Condorcet, Marie-Jean-Antoine-Nicolas Caritat, Marquis de (1795) 1963: Entwurf einer historischen Darstellung der Fortschritte des menschlichen Geistes. Deutsch-französische Parallelausgabe hrsg. v. W. Aiff, Frankfurt/M.

David, Eduard (1903) 1922: Sozialismus und Landwirtschaft, Leipzig.

Fetscher, Iring 1975: Rousseaus politische Philosophie, Frankfurt/M.

— 1976: Kants bürgerlicher Reformismus; in: ders., Herrschaft und Emanzipation. Zur Philosophie des Bürgertums, München.

Freyer, Hans 1931: Revolution von rechts, Jena.

Furet, Francois / Richet, Denis 1968: Die Französische Revolution, Frankfurt/M.

Griewank, Karl 1969: Der neuzeitliche Revolutionsbegriff. Entstehung und Geschichte, Frankfurt/M.

Haeckel, Ernst (1868) 1920: Natürliche Schöpfungsgeschichte. Gemeinverständliche wissenschaftliche Vorträge über die Entwicklungslehre, Berlin / Leipzig.

Hegel, Georg Wilhelm Friedrich (1837) 1949: Vorlesungen über die Philosophie der Geschichte. Hrsg. v. Eduard Gans und Karl Hegel. Sämtliche Werke, Jubiläumsausgabe Bd.11.

Kjellén, Rudolf 1915: Die Ideen von 1914, eine weltgeschichtliche Perspektive, Leipzig.

Koselleck, Reinhart 1980: Der neuzeitliche Revolutionsbegriff als geschichtliche Kategorie; in: Reinalter 1980, S. 23 ff.

Korsch, Karl 1974: Politische Texte. Hrsg. v. Erich Gerlach und Jürgen Seifert, Frankfurt / Köln.

Lenin, W.I. (1920) 1947: Ursprünglicher Entwurf der Thesen zur Agrarfrage. In: Ausgewählte Werke, Bd. II, Moskau, S. 758—769.

Luxemburg, Rosa 1975: Politische Schriften, hrsg. und eingeleitet von Ossip K. Flechtheim, 3 Bde., Frankfurt/M.

Mohler, Armin (1950) 1972: Die konservative Revolution in Deutschland 1918-1932. Grundriß ihrer Weltanschauungen, Darmstadt.

Moore, Barrington 1969: Soziale Ursprünge von Diktatur und Demokratie. Die Rolle der Grundbesitzer und Bauern bei der Entstehung der modernen Welt, Frankfurt/M.

Natorp, Paul 1915: Krieg und Friede. Drei Reden, gehalten auf Veranstaltungen der in München im September 1915, mit einem kritischen Anhang, herausgegeben vom Dürerbund.

Plenge, Johann 1915: Der Krieg und die Volkswirtschaft, Kriegsvorträge der Universität Münster 11 / 12.

Reinalter, Helmut (Hrsg.) 1980: Revolution und Gesellschaft. Zur Entstehung des neuzeitlichen Revolutionsbegriffs (= Vergleichende Gesellschaftsgeschichte und politische Ideengeschichte der Neuzeit, Bd. l), Innsbruck.

Rotteck, Carl von / Welcker, Carl 1848: Das Staatslexikon. Encyklopädie der sämtlichen Staatswissenschaften für alle Stände, Altona.

Sartre, Jean-Paul 1967: Kritik der dialektischen Vernunft, Bd. l. Theorie der gesellschaftlichen Praxis, Reinbek bei Hamburg.

Schmitt, Eberhard 1980: War die Französische Revolution eine bürgerliche Revolution?; in: Reinalter 1980, S. 79 ff.

Sombart, Werner 1915: Händler und Helden. Patriotische Besinnungen, München / Leipzig.

Sorel, Georges (1907) 1981: Über die Gewalt, Frankfurt/M.

Spengler, Oswald 1920: Preußentum und Sozialismus, München.

Sternberg, Fritz 1926: Der Imperialismus, Berlin.

— 1929: «Der Imperialismus» und seine Kritiker, Berlin.

Timmermann, Heinz 1978: Eurokommunismus. Fakten, Analysen, Interviews, Frankfurt/M.

Troeltsch, Ernst 1925: Deutscher Geist und Westeuropa. Gesammelte kulturphilosophische Aufsätze und Reden, Tübingen (enthält u.a. «Die Ideen von 1914», «Die deutsche Idee von der Freiheit»).

Trotzki, Leo (1930) 1962: The permanent Revolution, London.

Vollmar, Georg von 1891: Rede in der Parteiversammlung vom 1.6.1891 im Eldorado zu München; in: ders.: Über die nächsten Aufgaben der deutschen Sozialdemokratie, München 1899.

Карысная літаратура

Arendt, Hannah 1974: Über die Revolution, München.

Botz, Gerhard 1980: Ansätze zu sozialwissenschaftlichen Revolutionstheorien; in: Reinalter 1980, S. 175 ff.

Dippel, Horst 1985: Die Amerikanische Revolution 1763—1787, Frankfurt/M.

Dunn, John 1974: Moderne Revolutionen, Stuttgart.

Fetscher, Iring 1982: Revolution und Widerstand; in: Christlicher Glauben und moderne Gesellschaft, Bd. 14, Freiburg i. Br.

Grab, Walter 1973: Die Französische Revolution. Texte von Marat, Mirabeau usw., München. Guilhaumou, Jacques 1989: Sprache und Politik in der Französischen Revolution, Frankfurt/M.

Kluge, Ulrich 1985: Die deutsche Revolution 1918—1919, Frankfurt/M.

Koselleck, Reinhart 1973: Kritik und Krise. Eine Studie zur Pathogenese der bürgerlichen Welt, Frankfurt/M.

— 1975: Preußen zwischen Reform und Revolution. Allgemeines Landrecht, Verwaltung und soziale Bewegung von 1791—1848, Stuttgart.

Lenk, Kurt 1973: Theorien der Revolution, München.

Lübbe, Hermann 1963: Politische Philosophie in Deutschland. Studien zu ihrer Geschichte, Basel (enthält u.a. «1914 contra 1789. Die Überwindung des 19. Jahrhunderts und die Ideen des 20. Jahrhunderts»).

Matthias, Erich 1957: Kautsky und der Kautskyanismus. Die Funktion der Ideologie in der deutschen Sozialdemokratie vor dem Ersten Weltkriege; in: I.Fetscher (Hrsg.): Marxismusstudien. Zweite Folge, Tübingen.

Münkler, Herfried / Saage, Richard (Hrsg.) 1990: Kultur und Politik. Brechungen der Fortschrittsperspektive heute, Opladen.

Reichardt, Rolf (Hrsg.) 1988: Die Französische Revolution, Würzburg.

Rosenberg, Arthur 1938: Demokratie und Sozialismus. Zur politischen Geschichte der letzten 150 Jahre, Amsterdam.

Schama, Simon 1989: Der zaudernde Citoyen — Rückschritt und Fortschritt in der Französischen Revolution, München.

Scheibert, Peter 1984: Lenin an der Macht. Das russische Volk in der Revolution 1918—1922, Weinheim.

Schröder, Hans-Christoph 1986: Die Revolutionen Englands im 17. Jahrhundert, Frankfurt/M.

Schulin, Ernst 1988: Die Französische Revolution, München.

Siemann, Wolfram 1986: Die deutsche Revolution von 1848—49, Frankfurt/M.

Teufeide, Klaus (Hrsg.) 1986: Arbeiter und Arbeiterbewegung im Vergleich, München (Sonderheft 15 der Histor. Zeitschr.).

Ulam, Adam 1985: Rußlands gescheiterte Revolutionen. Von den Dekabristen bis zu den Dissidenten, München.

Wassmund, Hans 1978: Revolutionstheorien. Eine Einführung, München.

Zapf, Wolfgang (Hrsg.) 1969: Theorien des sozialen Wandels, Köln / Berlin.

Зацемы рэдактара

1. Тут: у пэўнай ступенi (фр.)

2. сярэдняй клясы (фр.)

3. «Першым станам» у нямецкай традыцыі лічылася духавенства.

4. «Усеагульнае сьвятарства» (ням. Allgemeines Priestertum) — адзін з цэнтральных прынцыпаў пратэстанцкай царкоўнай дактрыны. Калі згодна з Старым Законам толькі сьвятар меў беспасярэдні доступ да Бога, і народ быў вымушаны наймаць сьвятара для ажыцьцяўленьня кантакту з Богам, то згодна з Новым Законам кажны вернік мае беспасярэдні доступ да Бога і можа ажыцьцяўляць абавязкі сьвятара. Няма гэткіх «актаў», якія б мог ажыцьцяўляць толькі сьвятар. Кожны можа прапаведваць і г.д. — калі, натуральна, у яго ёсьць адпаведны талент.

5. Артур Мёлер ван дэн Брук (1876—1925) — нямецкі гісторык культуры і пісьменьнік. У прамежку паміж 1904 і 1910 гг. выдаў васьмітамовы нарыс гісторыі культуры «Die Deutschen, unsere Menschengeschichte» («Немцы, гісторыя нашых людзей»). У 1905 годзе падрыхтаваў і выдаў поўны збор твораў Фёдара Дастаеўскага на нямецкай мове. Пры канцы першай сусьветнай вайны перайшоў на пазыцыі нацыяналізму (трактат «Der Preußische Stil» («Прускі стыль», 1916). У 1919 годзе выдаў кнігу «Das Recht der jüngen Völker» («Права маладых народаў»), у якой разгледзеў геапалітычныя інтарэсы Нямеччыны, Расіі і Амэрыкі і распрацаваў выразна антызаходнюю і антыімпэрыялістычную тэорыю дзяржавы. У 1923 годзе апублікаваў твор «Das dritte Reich» («Трэці райх»), назоў якога з таго часу стаўся палітычным лёзунгам нямецкага нацыянал-сацыялізму. 30 траўня 1925 пасьля нэрвовага зрыву зрабіў сабе сьмерць.

6. У арыгiнальным нямецкiм тэксьце гульня словаў: выкарыстаньне стылёва нэўтральнай лексэмы «Zeitgenossen» з нэалягiзмам «Raumgenossen», даслоўна «сучасьнiкi i супрасторнiкi».