Паліталёгія

Асноўны курс


5. Нутраная палітыка - Дэмаскапія, партыі, выбары

1. Уводзіны: адведзіны Бітбургу

Травень 1985 году — 40 гадоў пасьля нямецкай капітуляцыі, некалькі дзён да выбараў у ляндстаг Нордрайн-Вэстфаліі, фэдэральнай зямлі з найбольшым насельніцтвам, дзе жыве больш за чвэрць усіх выбарцаў. Важная рэпэтыцыя галоўных выбараў пасьля паловы тэрміну кіраваньня кааліцыі ХДЗ / ХСЗ [ Хрысьціянска-дэмакратычны зьвяз / Хрысьціянска-сацыялістычны зьвяз] і СПН [Сацыял-дэмакратычная партыя Нямеччыны] на фэдэральным узроўні. Рыхтуецца падзея міжнароднага маштабу, якая забясьпечвае ўраду ўвагу мас-мэдыяў, дае яму магчымасьць прэзэнтаваць сябе з пазытыўнага боку на ўзроўні, нашмат вышэйшым за дробязныя спрэчкі партыяў. На пачатак траўня прызначаецца чарговая канфэрэнцыя буйных заходніх індустрыйна разьвітых нацыяў; амэрыканскі прэзыдэнт Рональд Рэйган прымае запросіны фэдэральнага канцлера зьдзейсьніць па-за рамкамі эканамічнай канфэрэнцыі дзяржаўны візыт у Фэдэратыўную Рэспубліку Нямеччыну. Гэта зручны выпадак для таго, каб загладзіць тое здарэньне, калі, год таму, немцы былі выключаныя са сьвяткаваньня ўгодкаў высадкі хаўрусьнікаў у Нармандыі; зручны выпадак для амэрыканскага прэзыдэнта, каб палепшыць свой узглядна нэгатыўны імідж у Фэдэратыўнай Рэспубліцы Нямеччыне; зручны выпадак для фэдэральнага канцлера Гельмута Коля, каб прэзэнтаваць сябе дзяржаўным дзеячом сусьветнага маштабу і ў апытаньнях грамадзкай думкі зраўнацца ці нават перасягнуць папулярнасьць свайго папярэдніка на пасадзе канцлера, Гельмута Шміта. Палітыка сымбаляў, разьлічаная на грамадзкае ўспрыняцьцё.

Пачынаецца старанная падрыхтоўка. Ускладаньне вянкоў на жаўнерскіх могілках у Айфэлі (Бітбург), затым адведзіны недалёка разьмешчанай амэрыканскай базы з вайсковай вартай і пікніком на заканчэньне. Не плянуецца візыт у Дахаў ці які іншы канцэнтрацыйны лягер; бальшыня немцаў ня надта любіць, каб ёй нагадвалі пра мінуўшчыну — як ведама з апытаньняў грамадзкай думкі. На магчымую крытыку з боку груповак левай накіраванасьці, як падаецца, можна не зважаць. І бяз гэтага даводзіцца разьлічваць на мітынгі пратэсту супраць візыту Рэйгана; ім можна прыклеіць глябальную этыкетку антыамэрыканізму, для якога ў Фэдэратыўнай Рэспубліцы, нягледзячы на ўзглядна значную дыстанцыяванасьць сучаснай амэрыканскай адміністрацыі, няма вартай згадкі падставы. Апытаньні грамадзкай думкі паказваюць — з пэўнымі хістаньнямі — што амэрыканцы як народ, як нацыя надалей выклікаюць да сябе вялікія сымпатыі. Пастаноўка спэктаклю адпавядае пануючай грамадзкай думцы ў Фэдэратыўнай Рэспубліцы. Але ў плянаваньне візыту Рэйгана закрадваюцца памылкі, недастаткова зважаецца на чулыя месцы амэрыканскай грамадзкай думкі. Для сярэднестатыстычнага амэрыканца Нямеччына зьвязаная з кастрычніцкім сьвятам піва, кіслай капустай і, магчыма, «добрымі часамі», якія ён ці яна, ці сваякі і знаёмцы прабавілі ў Нямеччыне ў якасьці вайскоўцаў узброеных сілаў. Нямеччына выклікае пазытыўныя асацыяцыі; зрэшты, прыкладна кажны чацьверты амэрыканец мае нямецкія карані. Больш складанай выглядае сытуацыя ў інтэлектуальных колах паўночнага ўсходу, у Нью-Ёрку, Вашынгтоне, там, дзе фармуецца «публікаваная» думка. Тут не забытыя нацысцкі рэжым, Галакост. Рашэньне не ўлучаць у праграму візыту адведзіны Дахаў ці іншых мясьцінаў, дзе ўшаноўваецца памяць ахвяраў нацысцкага часу, ня можа ня выклікаць тут моцных пратэстаў. Калі ў дадатак высьвятляецца, што ў Бітбургу пахаваныя ня толькі «звычайныя» жаўнеры, але таксама і вайскоўцы СС, што частка пахаваных там магла нават браць удзел у масавых забойствах, магчыма, нават у ваенных злачынствах супраць амэрыканскіх жаўнераў, дык мера цярпеньня стаецца вычарпанай ня толькі для жыдоўскіх арганізацыяў, але таксама і для вэтэранскіх зьвязаў. Тэлевізія і газэты падрабязна асьвятляюць падзеі, а Белы Дом — прэзыдэнт і ягоны штаб — зьдзяйсьняюць адну недарэчнасьць за другой. Апытаньні грамадзкай думкі паказваюць, што салідная бальшыня грамадзянаў Злучаных Штатаў нэгатыўна ацэньвае заплянаваны візыт у Бітбург (у апытаньні Washington Post / АВС, напрыклад, 51 супраць 39 пры 10 адсотках тых, хто ня вызначыўся). Гэта падахвоціла групоўкі, заангажаваныя ў гэтую справу, працягнуць свае намаганьні дзеля перагляду праграмы візыту; вынікам было тое, што мас-мэдыі пачалі прысьвячаць гэтай тэме ўсё больш увагі. Палітыкам зьвязваюцца рукі. У нямецкай грамадзкасьці — згодна з апытаньнямі грамадзкай думкі — візыт у Бітбург ацэньваецца пераважна пазытыўна; з гэтай прычыны канцлеру цяжка паддацца амэрыканскім жаданьням і зьмяніць праграму. Урэшце адбываецца кампраміс — апроч візыту ў Бітбург наведаюць калі ня Дахаў, дык прынамсі Бэрген-Бэлзэн — за кошт пікніку з амэрыканскімі аддзеламі. Для немцаў гэты пункт праграмы можа падавацца трывіяльным, але «overseas» прыкладна мільён грамадзянаў ЗША — гэта электарат, які нельга недаацэньваць.

Адылі гэтая спроба ўлагодзіць крытыкаў не прыносіць беспасярэдняга посьпеху. «Нацысцкая» Нямеччына зноў ажывае ў амэрыканскіх мас-мэдыях, настроі супраць адведзінаў «нацысцкіх» могілак разгараюцца з новай сілай. Тады — трэба ўлічыць, што ў ЗША перадвыбарная барацьба ідзе амаль бесьперапынна — Гаспода прадстаўнікоў перавыбіраецца што два гады — у дыскусію ўлучаюцца дэпутаты кангрэсу. І ў Гасподзе прадстаўнікоў, і ў прэстыжным Сэнаце прапаноўваюцца рэзалюцыі, якія маюць на мэце схіліць прэзыдэнта Рэйгана да перагляду плянаў свайго падарожжа. Спачатку актыўнасьць выяўляе апазыцыя — сябры Дэмакратычнай партыі, але неўзабаве да гэтых рэзалюцыяў далучаюцца сэнатары і кангрэсмэны з рэспубліканцаў. Урэшце ў абедзьвюх гасподах кангрэсу агромная бальшыня падтрымлівае зварот да прэзыдэнта з патрабаваньнем выкрасьліць з праграмы візыту могілкі ў Бітбургу. Але прэзыдэнт не адступаецца. Ён едзе ў Нямеччыну, наведвае (менавіта ў гэтай пасьлядоўнасьці) мэмарыял у былым канцэнтрацыйным лягеры Бэрген-Бэлзэн і могілкі ў Бітбургу. Дзякуючы грунтоўным захадам, зробленым дзеля бясьпечнасьці візыту, ніякіх істотных непрыемнасьцяў не адбываецца. Дэманстрацыі пратэсту, якія, можа, і былі, застаюцца незаўважанымі, прынамсі, тэлевізійнымі камэрамі. Амэрыканскаму тэлегледачу — у жывым эфіры нядзельным ранкам — прапануецца цудоўны спэктакль. Бліц-апытаньне New York Times / CBS у панядзелкавы вечар сьведчыць пра значнае зьмяненьне настрояў; цяпер роўныя колькасьці апытаных — па 41 % — лічаць, што прэзыдэнту варта было наведваць могілкі ў Бітбургу ці што ня варта было іх наведваць. Ад дадатковага пытаньня пра падставы для першага ці другога меркаваньня яснай карціны не атрымліваецца. Толькі кажны дзясяты з усіх апытаных зьвязвае сваё меркаваньне з пахаванымі у Бітбургу вайскоўцамі СС ці са злачынствамі супроць жыдоў увогуле. А за некалькі дзён апытаньне Washington Post / ABC паведамляе, што цяпер ужо бальшыня лічыць адведзіны могілак у Бітбургу правільнымі (50 % у прыхільнікаў супраць 42 % праціўнікаў). Грамадзкая думка абярнулася. Жыдоўскія арганізацыі ЗША перайшлі на больш лагодны тон ужо ў тую нядзелю, калі адбываўся візыт, стаўленьне да адміністрацыі Рэйгана больш не пагаршаецца. Такім чынам, мас-мэдыям таксама няма больш пра што гаварыць. Яшчэ адно кароткае паведамленьне пра сэнсацыйную паразу партыі фэдэральнага канцлера на выбарах у ляндстаг Норд Райн-Вэстфаліі, і тэма Нямеччыны вычарпаная.

Такім чынам, гэты эпізод — паводле ацэнак шмат якіх палітычных назіральнікаў — з гледзішча свайго канкрэтнага зьместу становіць сабой узглядна другарадную справу — у параўнаньні з праблемамі міжнароднага ўзбраеньня, сусьветнай гаспадаркі, канфліктаў у Лібане, Нікарагуа, Паўднёвай Афрыцы ці дзе яшчэ, — якія прыцягнулі да сябе абсалютна неадэкватна вялізную ўвагу. Тым ня менш, на гэтым прыкладзе можна наглядна паказаць шэраг прынцыповых пытаньняў і праблемаў: уплыў, які вынікі апытаньняў грамадзкай думкі могуць рабіць ці не рабіць на рашэньні палітыкаў; значэньне апытаньняў як паказальніка настрою насельніцтва ў рамках «бесьперапыннай перадвыбарнай барацьбы»; функцыя арганізацыяў і аб’яднаньняў, што абараняюць інтарэсы пэўных групаў, у стварэньні грамадзкай думкі; роля мэдыяў (тэлевізіі, газэтаў) у працэсе фармаваньня, выказваньня і зьмяненьня грамадзкай думкі; і, не ў апошнюю чаргу, стабільнасьць, надзейнасьць і абгрунтаванасьць вынікаў апытаньняў грамадзкай думкі. Далей, трэба будзе заняцца пытаньнем аб тым, якім чынам фактычна адбываецца працэс волевыяўленьня ў заходніх дэмакратыях, якія магчымыя зьмяненьні вымалёўваюцца ў гэтым абсягу і як гэта ўсё стасуецца з нарматыўнымі ўяўленьнямі пра дэмакратычнае волевыяўляеньне, якія маюць характар ідэальнага тыпу. Цяпер мы разгледзім гэтыя пытаньні ў сыстэматычнай форме.

2. Дэмаскапія і грамадзкая думка

Апытаньні грамадзкай думкі — складнік заходніх дэмакратыяў

Без апытаньняў грамадзкай думкі сёньня немагчыма ўявіць палітычнае жыцьцё заходніх дэмакратыяў, перадусім ЗША і Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччыны. Відаць гэта найперш у мэдыях, якія, відавочна, прыпісваюць вынікам апытаньняў высокую інфармацыйную зьмястоўнасьць, ці, прынамсі, вышэйшую за сярэднюю забаўляльную вартасьць. Калі пакінуць пакуль у баку менш сур’ёзныя апытаньні, якія ахвотна падхопліваюць таксама і СМІ (тыповымі прыкладамі гэтага ёсьць бесьперапынна прапаноўваныя ў выглядзе кароткіх газэтных паведамленьняў вынікі дасьледаваньняў «інстытутаў Вікерта» (Wickert-Institute), якім часьцяком закідалі, што яны досыць творча абыходзяцца са зьвесткамі — і гэта нават удавалася давесьці), дык вядучыя мэдыі ў фармаваньні палітычнай думкі не абмяжоўваюцца чыста рэцэптыўнай роляй, але актыўна спрычыняюцца да вытворчасьці грамадзкіх апытаньняў праз адкрыцьцё собскіх аддзелаў апытаньняў ці празь менш ці больш рэгулярныя замовы незалежным інстытутам дасьледаваньня грамадзкай думкі. Як ужо згадвалася ўва ўводзінах, і New York Times, і Washington Post — дзьве вядучыя агульнанацыянальныя штодзённыя газэты ў ЗША — трымаюць собскія аддзелы апытаньняў, кажная ў супрацоўніцтве з адной з трох буйных тэлерадыёкампаніяў: CBS у выпадку New York Times, ABC — у выпадку Washington Post. Трэцяя кампанія, NBS, шмат гадоў супрацоўнічае з агенцыяй навінаў AP (Associated Press). У Фэдэратыўнай Рэспубліцы штодзённыя газэты пакуль не зрабілі гэткага кроку, але і ARD, і ZDF наладзілі доўгатэрміновыя кантакты з адпаведнымі арганізацыямі, перадусім дзеля асьвятленьня фэдэральных і рэгіянальных выбараў, прычым нядаўна ў гэтыя праграмы былі ўлучаныя таксама і муніцыпальныя выбары.

Зрэшты, тут адразу трэба папярэдзіць адно непаразуменьне: спаборніцтва прагнозаў-разьлікаў — то бок намаганьняў прадказаць вынік як мага хутчэй па закрыцьці выбарчых участкаў — ня мае нічога супольнага з дасьледаваньнем грамадзкай думкі. Гэтыя прагнозы-разьлікі грунтуюцца на афіцыйных падліках вынікаў у выбраных акругах (выбарчых участках), якія на падставе папярэдніх выбараў могуць разглядацца як паменшанае адлюстраваньне ўсёй Фэдэратыўнай Рэспублікі ці пэўнай фэдэральнай зямлі. Адылі межы паміж гэтым і ўласна апытаньнямі грамадзкай думкі размываюцца, калі даходзіць да аналізу вынікаў выбараў. Асабліва гэтак званыя балянсы міграцыі выбарцаў — уяўна дакладная інфармацыя аб тым, колькі выбарцаў перайшлі ад ХДЗ да СПН, ад СПН да «зялёных» і г.д., — якія складаюцца інстытутам INFAS у Бад-Годэбэргу і звычайна распаўсюджваюцца ARD ужо ў вечар дня выбараў, базуюцца фактычна на выніках грамадзкіх апытаньняў. То бок, іх датычаць — у адрозьненьне ад прагнозаў-разьлікаў — усе тыя засьцярогі што да дакладнасьці вынікаў дасьледаваньня грамадзкай думкі, якія належыць рабіць у агульным выпадку.

Тым часам як ARD абмяжоўвае сваю дзейнасьць у галіне дасьледаваньня грамадзкай думкі асьвятленьнем выбараў, на замову ZDF (дзесяць разоў на год) «Дасьледчай групай «Выбары», што мае сваю сядзібу ў Мангайме, грамадзкія апытаньні, гэтак званыя палітбаромэтры, праводзяцца амаль штомесяц. Як кажа ўжо сама назва, яны маюць на мэце бесьперапыннае вымярэньне настрояў насельніцтва. Да стабільнага набору пытаньняў пра папулярнасьць вядучых палітыкаў, пра ацэнку дзеяньняў ураду і апазыцыі, эканамічнага становішча і г.д. дадаюцца пытаньні, актуальныя для пэўнага часу — як, напрыклад, пытаньні пра візыт Рэйгана ў траўні 1985 г. Затым выбраныя вынікі апытаньняў-палітбаромэтраў, у нязьменны час (цяпер у кажны першы панядзелак месяца пасьля вечаровага выпуску перадачы «Сёньня»), прэзэнтуюцца тэлегледачу ў графічна апрацаваным выглядзе. Некаторыя штотыднёвікі таксама спарадычна паслугоўваюцца дэмаскапіяй. Гэтак, Stern і Quick замаўляюць апытаньні перадусім у гарачыя часы перадвыбарнай барацьбы, тым часам як Spiegel — не зважаючы на ўвогуле крытычнае стаўленьне да такіх рэчаў — часам замаўляе спэцыяльныя дасьледаваньні цэнтральных тэмаў, як, прыкладам, напярэдадні візыту Брэжнева пры канцы восені 1981 г. — дасьледаваньне на тэму «Мір і гонка ўзбраеньняў».

У параўнаньні з ЗША наагул можна казаць хутчэй пра стрыманую прэзэнтацыю вынікаў дасьледаваньняў грамадзкай думкі ў Нямеччыне, бо ў ЗША яны трапляюць у навіны ў найлепшы тэлевізійны час ці адлюстроўваюцца ў добрай графічнай прэзэнтацыі ў шматкалёнкавых артыкулах агульнанацыянальнай прэсы (разам зь New York Times і Washington Post уласныя апытаньні праводзяць таксама заснаваныя адно колькі гадоў таму USA Today і Los Angeles Times): гэтая розьніца паміж ЗША і ФРН мае надта глыбокія прычыны, каб яе можна было патлумачыць адно розьніцай у часе.

Пэўна, сучаснае палітычнае дасьледаваньне грамадзкай думкі ў Нямеччыне пачалося пазьней. Тым часам як у ЗША ў сярэдзіне трыццатых гадоў піянэрамі кшталту Джорджа Гелапа і Элма Роўпэра закладваліся ягоныя падваліны і, дзякуючы ўдаламу прагнозу прэзыдэнцкіх выбараў 1936 году, быў зьдзейсьнены першы вызначальны прарыў, у Нямеччыне, дакладней, Фэдэратыўнай Рэспубліцы Нямеччыне, ягонае разьвіцьцё пачалося толькі па заканчэньні другой сусьветнай вайны. Цэнтральнае становішча ў ім мела і дагэтуль мае Элізабэт Ноэле-Нойман, якая вельмі нетыповым для нямецкіх варункаў чынам зьвязала акадэмічную кар’еру ў якасьці прафэсара публіцыстыкі Майнскага ўнівэрсытэту з прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Заснаваны ёю пасьля заканчэньня вайны «Інстытут дэмаскапіі» ў Аленсбаху, што на Бодэнзэе, належыць да вядучых інстытутаў як у нацыянальным, так і ў міжнародным маштабе — і гэтаму не замінае тое, што Элізабэт Ноэле-Нойман і ейны інстытут шмат калі ўвязваліся і ўвязваюцца ў кантравэрсіі мэтадычнага, зьмястоўнага і нават беспасярэдне палітычнага характару.

Дэмаскапія — гэта штучнае слова, утворанае ад грэцкіх каранёў, якое, бадай, найлепей можна перакласьці як «агляд народу»; ягоным амэрыканскім эквівалентам ёсьць «public opinion research» — дасьледаваньне грамадзкай думкі. Пад дэмаскапіяй немцы разумеюць палітычнае дасьледаваньне грамадзкай думкі, якое пераважна робіцца на замову (камэрцыйнае) і скіроўваецца ў першую чаргу на фіксацыю настрояў і думак насельніцтва ў пэўны момант — часта гэтая фіксацыя паўтараецца праз рэгулярныя прамежкі часу. Таму вялікая ўвага аддаецца пытаньням пра папулярнасьць асобных палітыкаў і партыяў, пра ацэнку пэўных актуальных пытаньняў і пра тое, як людзі плянуюць галасаваць. Адказы на гэтыя пытаньні, як правіла, фармальным чынам клясыфікуюцца на падставе падзелу насельніцтва на пэўныя сэгмэнты, вызначаныя паводле сацыядэмаграфічных крытэраў (узроставыя группы, пол, узровень адукацыі і інш.), і падаюцца кліентам у форме табліцаў і графікаў. Каб адпавядаць сваёй практычнай мэце, гэткія апытаньні павінны рыхтавацца, праводзіцца і ацэньвацца за ўзглядна кароткі час, што вымагае высокай ступені фармалізацыі.

Дэмаскапію дапаўняе акадэмічна арганізаванае эмпірычнае сацыяльнае дасьледаваньне паліталягічнай скіраванасьці, якое — як правіла — адзначаецца больш патрабавальнай тэарэтычнай пастаноўкай пытаньняў, а ў выніку гэтага — большымі складанасьцямі пры ажыцьцяўленьні і нашмат больш працаёмкім статыстычным аналізам атрыманых дадзеных. Адылі цэнтральныя праблемы: выбар апытваных асобаў (выбар частковых пробаў) і практычнае ажыцьцяўленьне інтэрвію — тыя самыя. З прычыны розных пабочных умоваў плянаваньне расходаў і даходаў, мэтадычна пажаданае і зьдзяйсьняльнае ў дэмаскапіі і акадэмічным дасьледаваньні грамадзкай думкі, часам дае розныя вынікі. З прычыны таго, што ў Фэдэратыўнай Рэспубліцы няма акадэмічнай арганізацыі, якая магла б правесьці апытаньне грамадзянаў у маштабах усёй ФРН, нямецкае акадэмічнае дасьледаваньне для здабыцьця ўласных зьвестак ня можа абысьціся без прыватных (камэрцыйных) інстытутаў, гэтаксама як партыі, урад, мэдыі ці іншыя кліенты. Такім чынам, было б зусім няслушна праводзіць выразную мяжу паміж дэмаскапіяй і акадэмічным дасьледаваньнем; аснаватворныя праблемы мэтодыкі апытаньняў датычаць і першага, і другога. Тым ня менш, укладаньнем большых сродкаў, з аднаго боку, і старанным узважваньнем магчымых крыніцаў памылак і перакручаньняў, зь іншага боку, небясьпеку павярхоўных высноваў можна паменшыць. У гэтым стасунку акадэмічнае дасьледаваньне мае структурную перавагу. Перш як больш падрабязна заняцца мэтадычна-тэхнічнымі праблемамі дэмаскапіі і дасьледаваньня грамадзкай думкі — а гэта неабходна, каб ацаніць, наколькі надзейнымі ёсьць вынікі дэмаскапіі, у якой меры яны насамрэч адлюстроўваюць тое, што думае і адчувае сярэдні грамадзянін — разгледзім бліжэй панятак «грамадзкай думкі» і зробім першую спробу вызначыць ролю грамадзкай думкі для волевыяўленьня ў дэмакратычнай сыстэме.

Што такое «грамадзкая думка»?

Не існуе агульнапрынятай дэфініцыі панятку «грамадзкай думкі»; шмат аўтараў спрабавалі прапанаваць такую дэфініцыю, ніводная ня здолела замацавацца. Дэмаскопы кшталту Элізабэт Ноэле-Нойман сьцьвярджаюць, што іхныя досьледы выяўляюць «грамадзкую думку»; крытыкі дэмаскапіі — у Фэдэратыўнай Рэспубліцы, напрыклад, Вільгельм Геніс ужо ад сярэдзіны пяцьдзясятых гадоў і зь неаслабнай энэргічнасьцю — горача гэта аспрэчваюць. Без агульнапрынятай дэфініцыі такую спрэчку, натуральна, немагчыма разьвязаць, але спрэчкі пра ўжытак паняткаў ужо напоўнілі шмат навуковых працаў і прадвызначылі шмат дыскусіяў як на пабытовым узроўні, так і ў палітыцы — варта згадаць хаця б Нямецкую Дэмакратычную Рэспубліку, якая да сёньня, напрыклад, у штодзённай газэце Die Welt, існуе толькі як «гэтак званая» ці ўзятая ў двукосьсе. Мы ня будзем тут дэталёва разглядаць гэтую спрэчку, але невялікая рэфлексія над паняткам «грамадзкай думкі» дапаможа выявіць праблемы, зьвязаныя з дэмаскапіяй.

Дыскусія філёзафаў і тэарэтыкаў дзяржавы даўнейшых стагодзьдзяў абарачалася вакол дачыненьня тых, хто панаваў, да астатніх удзельнікаў грамадзтва, якія не спрычыняліся ці недастаткова спрычыняліся да працэсу ажыцьцяўленьня ўлады. Нямецкі сацыёляг Ганс Шпаер (1950), які за часоў Гітлера эміграваў у ЗША, аналізуючы панятак з гістарычнага гледзішча, разумее грамадзкую думку (public opinion) як «меркаваньні пра справы нацыі, якія вольна і публічна выказваюцца не прыналежнымі да ўраду людзьмі, якія пры гэтым прэтэндуюць на тое, што іхныя меркаваньні маюць права ўплываць на рашэньні, асабовы склад ці структуру свайго ўраду ці вызначаць іх». У сучаснай дэмакратыі заходняга ўзору з усеагульнымі, вольнымі і роўнымі выбарамі функцыя гэтак зразуметай грамадзкай думкі мяняецца. У прынцыпе кажны грамадзянін роўным чынам спрычыняецца да працэсу ажыцьцяўленьня ўлады (праз выбары); абраныя прадстаўнікі маюць часовыя паўнамоцтвы і могуць быць прыцягнутыя да адказу за свае пастановы. Гэта трэба разумець як ідэальную схему, а ня як эмпірычны аналіз; на Оруэлавай «Фэрме» таксама некаторыя былі «раўнейшыя» ад іншых.

Ужо не паўстае прынцыповага пытаньня аб тым, хто мае права ўдзельнічаць у вызначэньні грамадзкай думкі, пытаньне ўзьнікае хутчэй арганізацыйнае: калі, як часта і зь якой нагоды. Ці, у больш прэтэнцыёзнай фармулёўцы: у якой меры рэпрэзэнтатыўны прынцып (уся ўлада дэлегуецца дэпутатам, падпарадкаваным адно собскаму сумленьню) павінен быць дапоўнены плебісцытарнымі элемэнтамі (беспасярэдні ўдзел усіх грамадзянаў)? Гэта, натуральна, ня ёсьць чыста тэхнічна-арганізацыйнай праблемай — разьвіцьцё тэхнікі (электронны тэкст ды інтэрактыўная камунікацыя) стварыла ўсе перадумовы для таго, каб сёньня праводзіць усенародныя галасаваньні хоць штодня; толькі падлучэньне нямецкіх сем’яў да сеткі пакуль яшчэ пакідае жадаць лепшага. Такім чынам, адкрываюцца практычныя магчымасьці для ўлучэньня ў працэс вызначэньня думак звыклага грамадзяніна — ці то ў форме рэфэрэндумаў, ці то — што нашмат больш верагоднае — у форме даступнай фонавай інфармацыі для тых, хто праз выбары легітымуецца да беспасярэдняга прыняцьця рашэньняў, для дэпутатаў — што ў стане істотна зьмяніць сучасную практыку прыняцьця рашэньняў. Але спачатку вернемся да сёньняшняй дэмаскапіі і ейнай прэтэнзіі на адлюстраваньне грамадзкай думкі.

Гэтая прэтэнзія трывіяльным чынам апраўдваецца, калі выходзіць з прапанаванай Варнэрам у трыццатых гадох (амаль таўталягічнай) дэфініцыі: грамадзкая думка складаецца з рэакцыяў апытваных на адназначна сфармуляваныя выказваньні і пытаньні ўва ўмовах інтэрвію — гэта нагадвае пра дэфініцыю інтэлекта як таго, што вымяраецца тэстам на інтэлект. Ноэле-Нойман аргумэнтуе больш дыфэрэнцыявана: «Грамадзкай думкай называюць напоўненыя ўяўленьнем пра вартасьці, асабліва ўгрунтаваныя на маральных паглядах, думкі і спосабы паводзінаў, якія (калі йдзецца пра ўсталяваную згоду, напрыклад, звычай, догму) трэба публічна выказваць, каб ня трапіць у ізаляцыю; альбо, пры дынамічным, «вадкім» (T’оніс) стане, можна публічна выказваць, не трапляючы ў ізаляцыю». Прынамсі, так яна вызначыла гэты панятак у «Падручным слоўніку палітычнай культуры Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччыны» (Greifenhagen u.a. 1981, S. 271). Яна разумее гэты панятак «сацыяльна-псыхалягічна», а не «палітычна» — як датычны супольнасьці. Але карысьць ад гэтага невялікая. Для канкрэтнага аналізу палітычных падзеяў — накшталт апісанага на пачатку візыту амэрыканскага прэзыдэнта Рэйгана — гэта ня надта вялікая дапамога. У дэмакратыі заходняга ўзору наўрад ці засталіся яшчэ думкі і спосабы паводзінаў, якія трэба выказваць, каб ня трапіць у ізаляцыю. Гэта характарызуе хутчэй аўтарытарныя сыстэмы; другая Нямеччына прапануе багаты наглядны матар’ял што да гэтага (накшталт добраахвотных дадатковых зьменаў на працы дзеля пабудовы сацыялізму). Адылі тыя сацыяльна-псыхалягічныя праблемы, якія спрабуе ахапіць Ноэле-Нойман, нашмат лепей аналізаваць пры дапамозе такіх паняткаў, як нормы, вартасьці і канфармізм.

Але важным у Ноэле-Нойманавай спробе дэфініцыі ёсьць тое, што яна робіцца на эмпірычным грунце, а не вызначаецца нарматыўна — паводле філязофскай традыцыі. Гэтым яна адмяжоўваецца ад аўтараў кшталту Юргена Габэрмаса, якія ў «грамадзкасьці» і «грамадзкай думцы» бачаць «крыніцу інтэлектуальна каштоўных паглядаў», якая ёсьць такой у выніку ўплыву палітычна інфармаваных грамадзянаў, якія самастойна і рацыянальна складаюць сабе думку і рупяцца пра агульнае дабро. У сьвятле гэткіх элітных канцэпцыяў грамадзкай думкі тое, што здабывае дэмаскапія, непазьбежна мусіць падавацца чымсьці непаўнавартым, «вульгарнай думкай», як назваў гэта Геніс — выказаўшы шмат чыё меркаваньне.

Адылі гэтая спрэчка непрадуктыўная. Ці то «грамадзкая» думка, ці то «вульгарная», інфармацыю, якую прапануе дэмаскапія, трэба аналізаваць у розных дачыненьнях: з аднаго боку, з гледзішча ейнай нутраной праўдзівасьці, г.зн. у якой меры пры дапамозе наяўнага мэтадычнага інструмэнтару магчыма намаляваць праўдзівую карціну думак і настрояў усяго насельніцтва; зь іншага боку, з гледзішча ейнай вонкавай праўдзівасьці, г.зн. у якой меры ў звычайнага грамадзяніна — незалежна ад дэмаскапіі — наяўныя думкі і ацэнкі палітычных (у шырэйшым разуменьні) тэмаў, наколькі стабільныя гэтыя ацэнкі, на чым яны ўгрунтаваныя і якім уплывам яны падлеглыя. Асабліва гэты другі набор пытаньняў яўна перасягае межы тых вынікаў дасьледаваньня, якія мы сёньня можам уважаць за пэўныя. Канчатковае тлумачэньне на трывалым эмпірычным грунце, безумоўна, немагчымае; але зь іншага боку, ёсьць мноства цікавых вынікаў, у сьвятле якіх прадуктам дэмаскопаў трэба справядліва аддаць належнае.

3. Мэтады дэмаскапіі

Выбарка

Разгледзім спачатку тыя інструмэнты дэмаскопаў, якія па сутнасьці не адрозьніваюцца ад інструмэнтаў акадэмічнага эмпірычнага сацыяльнага дасьледаваньня — і якімі паслугоўваюцца таксама і пры камэрцыйным дасьледаваньні рынку. Апытаньні грамадзкай думкі грунтуюцца на выбарках, якія абдымаюць, як правіла, ад адной да дзьвюх тысячаў грамадзянаў. Шмат каму адна гэтая рэч падаецца дастатковай падставай для таго, каб не даваць веры высновам дэмаскопаў. Нягледзячы на шматлікія посьпехі дэмаскапіі ў прагназаваньні вынікаў выбараў — але было таксама і некалькі буйных няўдачаў — мэтад выбарак дылетанту падаецца ня надта надзейным. Занепакоеныя грамадзкай крытыкай — якая асабліва голасна выказвалася ў ЗША падчас прэзыдэнцкай перадвыбарнай барацьбы паміж Рэйганам і Мандэйлам у 1984 годзе, — дасьледнікі грамадзкай думкі вырашылі дакладна высьветліць гэтую акалічнасьць і запыталі 2000 выпадкова абраных грамадзянаў, ці яны лічаць, што «выбарка памерам ад 1500 да 2000 чалавек можа дакладна адлюстроўваць думку ўсяго насельніцтва, ці пры такой невялікай колькасьці асобаў гэта немагчыма». Толькі прыкладна кажны чацьверты (28 адсоткаў) — паведамляе «Roper Organization» у красавіку 1985 г. (Roper Reports 85 / 4) — адказаў на гэтае пытаньне дадатна. Але калі пытаньне пра надзейнасьць апытаньняў мэтадам выбарак сфармуляваць іначай («Roper Organization» зрабіла таксама і гэта), дык сьвет зноў выглядае для дэмаскопаў нашмат прыветнейшым. Пастаўленыя перад альтэрнатываю, ці дасьледнікі грамадзкай думкі («pollster») апытваюць тыповых, рэпрэзэнтатыўных людзей, ці яны галоўным чынам зьвяртаюцца да нязвыклых, нетыповых ці нават нетрадыцыйных, эксцэнтрычных людзей («unusual, non-typical, or even oddball types of people»), 80 адсоткаў выбралі першую альтэрнатыву, толькі сем адсоткаў — другую, тым часам як рэшта ня здолела вызначыцца («don’t know»). А на наступнае пытаньне толькі шэсьць адсоткаў апытаных абвяшчаюць, што апытаньні «толькі вельмі рэдка» бываюць дакладнымі, тым часам як 56 адсоткаў лічаць, што яны дакладныя «звычайна» ці нават «амаль заўсёды». Крытыкаў гэтыя вынікі запэўняць у перакананьні, што дасьледаваньне грамадзкай думкі адно (рэ)прадукуе тое, што яно само і ўкладае; што праз фармуляваньне пытаньняў і прапанаваныя варыянты адказаў адкрываецца шлях якім-любя маніпуляцыям. Насамрэч, залежнасьць вынікаў апытаньня ад фармуляваньня пытаньняў становіць цэнтральную праблему, якая яшчэ будзе падрабязна асьветленая, але сьпярша вернемся да праблемы выбаркі.

Што б ні думаў звычайны грамадзянін, угрунтаваныя на тэорыі верагоднасьці выбаркі, гэтак званыя выпадковыя выбаркі («random samples»), умагчымляюць узглядна дакладныя выказваньні на падставе параўнальна малой выходнай інфармацыі. Паводле матэматычнай тэорыі, атрыманая на падставе выбаркі ў 1000 чалавек лічба (напрыклад, колькасьць прыхільнікаў Рэйганава візыту ў Бітбург) можа ўтрымліваць памылку ў маштабе толькі каля плюс / мінус трох адсоткаў. Такім чынам, калі вынікі выбаркі даюць лічбу ў 51 адсотак, як у пададзеным на пачатку прыкладзе, дык «праўдзівы» паказьнік у стасунку да ўсяго насельніцтва з блізкай да пэўнасьці верагоднасьцяй складае велічыню паміж 48 і 54 адсоткамі. Гэта — чыстая тэорыя, якая выходзіць з ідэальных перадумоваў, не наяўных у практыцы, так што ў практыцы даводзіцца дапускаць большую памылку. У залежнасьці ад канкрэтнай формы ажыцьцяўленьня выбаркі верагоднасьць памылкі можа павялічвацца ў 1,5—2 разы. У дачыненьні да нашага прыкладу, такім чынам, мы можам быць пэўнымі, што ў агульнай сукупнасьці доля прыхільнікаў вагалася паміж 46 і 56 адсоткамі. Паведамленьне гэткіх верагоднасьцяў памылкі становіць заруку навуковай сумленнасьці, які строга выконваецца ў сур’ёзных мэдыях ЗША. Напрыклад, у New York Times кажнаму артыкулу, які падрабязна паведамляе пра вынікі апытаньня грамадзкай думкі, спадарожнічае «карцінка», у якой пад загалоўкам «How the poll was conducted» падаецца галоўная інфармацыя пра мэтадалягічныя падыходы. У Фэдэратыўнай Рэспубліцы намаганьні дасягнуць падобнай канвэнцыі паміж вядучымі інстытутамі дасьледаваньня грамадзкай думкі пакуль не прынесьлі плёну. З аднаго боку, гэта варта жалю, бо дзякуючы такой інфармацыі, магчыма, удалося б запабегчы празьмерным спадзяваньням на магчымасьці дэмаскапіі; зь іншага боку, гэткая інфармацыя пра мэтад, мабыць, мела б ня большы эфэкт, чымся надпіс на цыгарэтных пачках аб тым, што курэньне шкодзіць здароўю.

Аднак больш значным, бадай, ёсьць тое пярэчаньне, што верагоднасьць памылкі для кажнага асобнага пытаньня насамрэч палягае ў апісаных межах, але практычныя высновы трэба рабіць з цэлага шэрагу асобных пытаньняў, якія агулам убясьпечаныя нашмат лепей. Асаблівае значэньне выпадае (рэгулярнаму) паўтарэньню пытаньняў; у карціне (напрыклад, папулярнасьці фэдэральнага канцлера), якая паўстае на пэўным часавым адцінку, верагоднасьць памылкі значна меншая, чымся ў кажным з асобных замераў (імгненны здымак). Урэшце, трэба браць пад улік шэраг іншых крыніцаў памылак («total sampling error»), вялікай частцы якіх немагчыма даць колькасную характарыстыку, але якія ёсьць вельмі важнымі для ацэнкі якасьці дэмаскапічных вынікаў. Таксама і на гэта ў экспліцытнай форме паказваецца ў амэрыканскіх публікацыях. («In addition to sampling error, the practical difficulties of conducting any survey of public opinion may introduce other sources of error into the poll» — так гэта фармулюе New York Times.)

І тым ня менш: у якасьці грубай меры якасьці грамадзкага апытаньня гэтае чыста фармальнае вызначэньне памылкі частковай пробы ўсё-ткі прыдатнае. Між іншым, яна памяншаецца не лінійна, у залежнасьці ад велічыні выбаркі, а толькі прапарцыйна кораню з колькасьці апытаных асобаў. То бок, каб паменшыць гэтую памылку ўдвая, трэба павялічыць колькасьць апытаных у чатыры разы, а каб паменшыць яе ўвогуле да плюс / мінус аднаго адсотку, трэба апытаць 10 000 асобаў — а гэта, у пераважнай бальшыні выпадкаў, задорага і вымагае зашмат часу.

Важнейшым за простую колькасьць апытаных ёсьць мэтад, паводле якога выбіраюцца апытаныя. Спаміж навукоўцаў збольшага пануе згода што да таго, што гэта павінна адбывацца ў строгай адпаведнасьці з выпадковым прынцыпам (выпадковая выбарка), які не пакідае асобнай апытальніцы (бальшыню апытальнікаў становяць жанчыны) свабоды выбару асобы для апытаньня; адылі на практыцы паўстае яшчэ праблема кантролю выкананьня кажнага асобнага правіла. Падчас пэрсанальнага апытаньня гэта вельмі цяжка ці вымагае вялікіх выдаткаў; затое тэлефонныя апытаньні, якія стаюцца ўсё больш пашыранымі, у гэтым стасунку адкрываюць выбітныя магчымасьці для кантролю. У практычнай дэмаскапіі вельмі часта ўжываецца іншы спосаб выбару, гэтак званыя прапарцыйныя выбаркі. Пры гэтым задаюцца вылучна пэўныя прапорцыі, якія грунтуюцца на разьмеркаваньні пэўных прыкметаў (як правіла, узросту і полу) у сукупнай долі насельніцтва. Выбарка ў такім выпадку мае полавы і ўзроставы склад, узглядна падобны да складу ўсяго насельніцтва; яна ёсьць «рэпрэзэнтатыўнай» для ўсяго насельніцтва — але з пэўнасьцяй толькі што да разьмеркаваньня адпаведных прыкметаў. У межах зададзеных прапорцыяў і часам пэўнай прызначанай мясьціны ці раёну апытальніца вольная ў выбары апытваных асобаў. Гэта можа выклікаць істотныя перакручаньні, бо апытальнікі часьцей шукаюць апытваных у собскім сацыяльным асяродзьдзі.

З прычыны шматлікіх практычных цяжкасьцяў што да строгага выкананьня выпадковых выбарак быў распрацаваны шэраг мадыфікацыяў, якія робяць іхнае адрозьненьне ад акуратнай прапарцыйнай выбаркі ўзглядна нязначным. Асабліва (сусьветная) арганізацыя Гелапа, якую ў Фэдэратыўнай Рэспубліцы рэпрэзэнтуе інстытут «EMNID», і Інстытут дэмаскапіі ў Аленсбаху шмат працуюць з прапарцыйнымі выбаркамі, якія ўмагчымляюць істотную эканомію выдаткаў. Вынікі апытаньняў пра тое, за каго будуць галасаваць на выбарах, якія праводзяцца напярэдадні выбараў і для якіх існуе аб’ектыўны крытэр спраўджаньня ў форме афіцыйных вынікаў выбараў, прынамсі, у апошнія гады ў Фэдэратыўнай Рэспубліцы не выявілі істотных адрозьненьняў паміж прапарцыйнымі і выпадковымі выбаркамі; адылі ў стасунку да спэцыяльных дасьледаваньняў (у прыватнасьці гэтак званых моладзевых дасьледаваньняў, апытаньняў асобаў ува ўзросьце да 25 гадоў) выявіліся значныя разыходжаньні.

Фармуляваньне пытаньняў, шкала стаўленьня і складаньне індэксу

Гэтак сама важнымі, як і выбар апытваных асобаў, якія ў ідэальным выпадку павінны ўва ўсіх аспэктах станавіць сабой паменшанае адлюстраваньне ўсяго насельніцтва (агульней кажучы, асноўнай масы), ёсьць эфэкты фармуляваньня пытаньняў, месца асобнага пытаньня ў шэрагу і таксама камунікацыі паміж апытальнікам і апытванымі. Тут не выпадае апавядаць пра мноства сыстэматычных экспэрымэнтаў у абсягу дасьледаваньня апытаньняў. Для азнаямленьня зь імі можна даць спасылку на спэцыяльную літаратуру, напрыклад, на Schuman / Presser (1981), Belson (1981), Sudman / Bradburn (1982) і перадусім на часапіс «Public Opinion Quarterly» (POQ), афіцыйны орган «American Association of Public Opinion Research» (AAPOR), дзе ў мірным суіснаваньні аб’яднаныя акадэмічныя і камэрцыйныя выканаўцы апытаньняў. Амаль у кажным выпуску POQ можна знайсьці допісы пра дасьледаваньні дасьледаваньняў грамадзкай думкі.

Гэтая нязвыкла вялікая для навуковай дысцыпліны чульлівасьць што да ўласных мэтадаў не заўсёды была натуральнаю. Не ў апошнюю чаргу таму, што ў абсягу ацэнак і думак (у адрозьненьне ад пытаньняў пра фактычныя паводзіны, напрыклад) надзвычай цяжка знайсьці крытэры спраўджаньня слушнасьці вынікаў дэмаскапіі, дасьледнікі грамадзкай думкі доўгі час былі гатовыя папросту акцэптаваць адказы апытваных як праўдзівыя; так, ува ўсякім разе, гэта бачыў Чарльз Кенэл (1984), адзін з «айцоў» мэтодыкі інтэрвію. Пазьней, прыкладна ад сярэдзіны семдзясятых гадоў, асобныя неадназначныя вынікі, праправерка адказаў пра стаўленьне да пэўных пытаньняў пры дапамозе атрыманых іншым чынам «пацьверджаных» зьвестак прывялі да інтэнсіўных дасьледаваньняў, якія рабіліся пераважна ў двух найбуйнейшых акадэмічных цэнтрах апытаньняў у ЗША, «Survey Research Center» у Мічыгане і «National Opinion Research Center» (NORC) у Чыкага, а пасьля таксама ў Вялікабрытаніі, Нідэрляндах і Фэдэратыўнай Рэспубліцы (тут асабліва ў «Цэнтры апытаньняў, мэтадаў і дасьледаваньняў» у Мангайме, а таксама ў прыватна-камэрцыйных установах накшталт «Інфратэсту» ў Мюнхене ці ўва ўжо некалькі разоў згаданым «Інстытуце дэмаскапіі» ў Аленсбаху) і адлюстроўваліся таксама ў вышэйпамянёных спэцыяльных публікацыях. З прычыны таго, што стаўленьні і думкі індывідаў нідзе афіцыйна не рэгіструюцца (у адрозьненьне ад пераездаў, перабываньняў у больніцах і да т.п.), для гэтых дасьледаваньняў выкарыстоўваюцца гэтак званыя спліт-тэхнікі. У найпрасьцейшым выпадку гэта выглядае так: у адным апытаньні выкарыстоўваюцца дзьве вэрсіі анкеты, якія розьняцца толькі альтэрнатыўнымі фармулёўкамі аднаго пытаньня ці пасьлядоўнасьцю двух пытаньняў. Якая зь дзьвюх вэрсіяў выкарыстоўваецца ў асобным выпадку, вызначаецца чыста выпадкова. Калі абедзьве спраўджваныя фармулёўкі пытаньня эквівалентныя, паміж вынікамі абедзьвюх выбарак не павінна быць адрозьненьняў. На жаль, у шматлікіх выпадках усё-ткі выявіліся істотныя адрозьненьні, прычым нават тады, калі абодва варыянты цалкам адпавядалі традыцыйным правілам прафэсійнай тэхнікі апытаньня.

Натуральна, пытаньні нельга фармуляваць сугестыўным чынам, у тэксьце пытаньняў трэба пазьбягаць ацэначных прыметнікаў, прапанаваныя варыянты адказаў павінны прадугледжваць усе магчымыя стаўленьні, але не накладвацца адзін на адзін. Перадусім, аднак, праз фармуляваньне пытаньняў і ход канкрэтнай размовы з апытальнікам у апытванага павінна стварацца пачуцьцё таго, што ягоная цалкам асабістая думка ёсьць жаданаю і будзе прынятая нават у тым выпадку, калі яна, магчыма, супярэчыць пануючым уяўленьням. Магчымыя забабоны, скрайнія пункты гледжаньня ў дэмаскапіі мусяць мець такія самыя шанцы быць выказанымі, як і адпаведныя пануючым нормам і вартасьцям пазыцыі. Пры ўсім імкненьні да нэўтральных, узважаных фармулёвак гэта часьцяком немагчыма што да асобных пытаньняў. Напрыклад, лева- ці праварадыкальныя пагляды нельга высьветліць простым пытаньнем. Для гэтай мэты ў сацыяльнай псыхалёгіі распрацаваныя гэтак званыя шкалы стаўленьня; у адной асабліва пашыранай мэтодыцы (шкале Лікерта) апытванаму прапануецца сьпіс выказваньняў, якія яго просяць спантанна ацаніць (пагадзіцца / адхіліць). Тады з сукупнасьці гэтых рэакцыяў выводзіцца характарыстыка апытанага. Клясычным прыкладам такой шкалы стаўленьня ёсьць шкала аўтарытарызму, распрацаваная камандай дасьледнікаў пад кіраўніцтвам Тэадора Адорна пры канцы саракавых гадоў. Адылі выкарыстоўваюцца гэтак складаныя мэтады хутчэй у акадэмічным дасьледаваньні. Вельмі часта — як у акадэмічным, так і ў камэрцыйным дасьледаваньні грамадзкай думкі — гэтыя больш працаёмкія шкалы замяняюцца на складаньне індэксаў, якія ў большай ступені адзначаюцца суб’ектыўнымі прыхільнасьцямі дасьледніка, чымся кантраляванасьцяй мэтаду. Гэтак, дасьледнік можа вырашыць, напрыклад, — і падабенства гэтага выдуманага прыкладу да рэальнасьці ня ёсьць выпадковым — што найлепшым чынам леварадыкальнасьць можна вызначыць, калі запытацца, ці бярэ апытваны ўдзел у дэманстрацыях за мір, ці мае ён наклейкі ці значкі супраць атамнай энэргіі, ці чытае ён улёткі і да таго падобнае. Затым гэтая інфармацыя ўзглядна адвольна падсумоўваецца ў індэксе, і ўрэшце дэмаскоп абвяшчае, што столькі і столькі адсоткаў насельніцтва маюць леварадыкальныя схільнасьці. (Натуральна, тое самае можна зрабіць з дасьледаваньнем правага радыкалізму.) Дэмаскапічныя дасьледаваньні гэтага кшталту выклікалі — слушна — вялікую грамадзкую крытыку, але, на жаль, спарадзілі недавер да дасьледаваньня грамадзкай думкі наагул.

Не аспрэчваючы слушнасьці крытыкі ў асобным выпадку, сёньня — праз прыблізна пяцьдзясят гадоў пасьля пачатку сучаснага дасьледаваньня грамадзкай думкі — усё-ткі можна з чыстым сумленьнем канстатаваць, што цяпер існуе інструмэнтар мэтадаў і тэхнік, пры дапамозе якога можна надзейна выявіць пануючыя ўва ўсім насельніцтве думкі, стаўленьні і вартасьці. Адылі зь меркаваньняў часу і выдаткаў на практыцы часьцяком неабходныя кампрамісы, якія ў асобных выпадках могуць сур’ёзна сапсаваць надзейнасьць і праўдзівасьць вынікаў дэмаскапіі.

Праблема «хістаньняў думкі»

Але нават пры ўсёй мэтадычнай руплівасьці дэмаскапія ўразьлівая для адной праблемы, крыніцаю якой ёсьць самі апытаныя: часам немалая частка насельніцтва можа ня мець выразна акрэсьленага меркаваньня на пэўную тэму — таму што асабіста для гэтых асобаў адпаведная тэма ня мае значэньня, таму што ім бракуе дастатковай інфармацыі, таму што яны не разважалі грунтоўна пра гэтыя рэчы, не абмяркоўвалі іх зь сябрамі і знаёмымі. У гэтым выпадку нават для дэмаскопа, які працуе з усёй мэтадычнай акуратнасьцю, будзе цяжка атрымаць надзейныя дадзеныя, тым больш што шмат людзей хутчэй дадуць які-любя адказ, чымся адкрыта прызнаюць брак ведаў, уважлівасьці ці зацікаўленьня. Розныя экспэрымэнты пераканаўча пацьвердзілі існаваньне гэтай тэндэнцыі па-над культурнымі межамі. Гэтак, выдуманы палітык Франц Маер у выніку аднаго дасьледаваньня сымпатыяў да вядучых палітыкаў Фэдэратыўнай Рэспублікі атрымаў ад бальшыні апытаных дадатныя ацэнкі; у ЗША падчас аднаго экспэрымэнту выявілася, што вялікая частка апытаных была гатовая ацаніць праект закону пра сельскую гаспадарку — які хоць і існаваў рэальна, але ня быў вядомы нават многім палітычным экспэртам: значная бальшыня была згодная з гэтым праектам. Такія экспэрымэнты — ня забаўкі, ня спроба зрабіць дурня з апытванага грамадзяніна. Яны паказваюць, у якой меры апытваны схільны перафармуляваць на свой лад пастаўленае пытаньне ці прапанаванае для ацэнкі выказваньне, паставіць іх у пэўны кантэкст, абы толькі даць які-небудзь адказ. Такім чынам, для дэмаскапіі праблему становіць ня толькі неахвочы, незацікаўлены апытваны, але і той, хто любым чынам стараецца быць карысным.

Прыведзены на пачатку прыклад зь візытам Рэйгана добра адлюстроўвае гэтую зьяву. Прычынай істотнага павароту грамадзкай думкі, які адбыўся тады, была не мэтадычная ненадзейнасьць дэмаскапіі і ня значная зьмена стаўленьня насельніцтва, а ў першую чаргу тое, што вялікая частка амэрыканскага насельніцтва папросту ня мела акрэсьленага меркаваньня пра гэтае пытаньне. А чым меней акрэсьленае ці трывалае пэўнае меркаваньне, тым вышэйшая імавернасьць таго, што яно падлягае кароткатэрміновым хістаньням і вельмі моцна рэагуе на вонкавыя падзеі — у дадзеным выпадку перадусім на асьвятленьне ў мэдыях. Асацыяцыі з другой сусьветнай вайной, з Галакостам, СС і нацыстамі, амаль спрэс нэгатыўна афарбаванае асьвятленьне ў мэдыях забясьпечылі той кантэкст, у якім людзі, якія па сутнасьці ня мелі меркаваньня, лёгка маглі прыйсьці да нэгатыўнай ацэнкі; затым сам візыт, што адбываўся безь непрыемнасьцяў і новых акцыяў пратэсту, публічнае аслабленьне крытыкі з боку актыўных у гэтай справе грамадзкіх арганізацыяў забясьпечылі фон, на якім візыт выглядаў нашмат пазытыўней. Таму і ў паліталёгіі разглядаецца salience (значэннасьць) пэўнай тэмы і праблема non-attitudes, стаўленьняў і меркаваньняў, якія не існуюць рэальна ці ня ёсьць дастаткова стабільнымі ў дачыненьні да вонкавых уплываў. Палітычныя пытаньні ў вузейшым сэнсе слова многім грамадзянам нецікавыя, ня маюць дастатковай salience. З гэтай прычыны і дэмаскапічныя вынікі, якія датычаць такіх пытаньняў, могуць узглядна хутка зьмяняцца; яны малапрыдатныя для таго, каб угрунтоўваць на іх доўгатэрміновыя палітычныя рашэньні. Такім чынам, фэдэральнаму канцлеру Колю і прэзыдэнту Рэйгану добра нараілі ня ставіць рашэньне што да візыту ў Бітбург у залежнасьць ад вынікаў, атрыманых дэмаскопамі.

Дасьледаваньне грамадзкай думкі, натуральна, усьведамляе гэтыя праблемы, і ёсьць розныя прапановы што да таго, якім чынам можна аддзяліць няўпэўненых у сваёй думцы, тых, хто вагаецца, ад тых, хто мае трывалае меркаваньне. У стасунку да асобнай тэмы накшталт візыту Рэйгана магчыма нават досыць добра забясьпечыць гэта, ставячы дадатковыя пытаньні, якія выяўляюць, наколькі адпаведная тэма займае апытванага, якое значэньне яна мае асабіста для яго і г.д. Гэта, натуральна, выклікае дадатковыя выдаткі (часу і грошай). Апроч таго, у даўжэйшым апытаньні гэта можна зрабіць не для кажнай тэмы (кажнага пытаньня), бо заўсёднае паўтарэньне гэтых дадатковых пытаньняў было б занадта ўтомным для апытванага. У якасьці выйсьця прапануецца разглядаць апытваных, якія, паводле собскіх словаў, цікавяцца палітыкай, як тых, хто мае абгрунтаваную думку, як носьбітаў «інфармаванай» грамадзкай думкі.

Пошукі «кансыстэнтнай думкі»

Калі мы разглядаем грамадзкую думку, якую высьвятляюць дэмаскопы, як унёсак у працэс прыняцьця палітычных рашэньняў, да якога трэба ставіцца сур’ёзна, то бок (нарматыўна) бачым у ёй важны элемэнт для дапаўненьня і ўзбагачэньня фармальных прадстаўнічых структураў у дэмакратыі, у якім беспасярэдне ўтрымліваецца воля народу, тады мы мусім заняцца яшчэ больш глыбокім пытаньнем. Трэба ня толькі спраўдзіць, ці дастаткова абгрунтаванае меркаваньне пра асобную тэму, трэба яшчэ спраўдзіць, ці ёсьць сукупнасьць думак і ацэнак палітычных пытаньняў у дастатковай ступені кансыстэнтнай, то бок несупярэчнай сабе, і ці ўлучае яна ўяўленьне пра доўгатэрміновыя эфэкты асобных магчымых рашэньняў.

Паліталягічная дыскусія пра структуру сыстэмаў думак-меркаваньняў («belief systems») у шырокіх слаёх насельніцтва пачалася больш як дваццаць гадоў таму. Нагодай для ейнага пачатку паслужылі працы Філіпа Конвэрса (перадусім 1964), які што да ЗША зрабіў са сваіх дасьледаваньняў разам зь іншымі выснову аб тым, што вялікая частка выбарцаў ня мае трывалага меркаваньня, прычым нават да тэмаў, якія былі прадметам доўгіх і інтэнсіўных дыскусіяў паміж элітамі. Пераважная бальшыня насельніцтва ня мае абстрактнай, скіраванай на буйныя ўзаемазалежнасьці, сыстэмы суадносных паняткаў (Конвэрс ужывае для гэтага панятак ідэалёгіі, які выклікае шматстайныя асацыяцыі). Высновы, якія Конвэрс спачатку зрабіў на падставе вынікаў Мічыганскага перадвыбарнага дасьледаваньня да прэзыдэнцкіх выбараў 1956, у сваёй галоўнай тэндэнцыі зазналі новыя пераканаўчыя эмпірычныя пацьверджаньні па-над часам і культурнымі межамі, асабліва ў рамках дасьледаваньня «Political Action» (Barnes / Kaase 1979), міжнароднага параўнаўчага дасьледаваньня працэсаў удзелу ў дэмакратычных працэдурах у пяцёх заходніх дэмакратыях (Нідэрлянды, Вялікабрытанія, Аўстрыя, ЗША і Фэдэратыўная Рэспубліка Нямеччына). Ганс-Дытэр Клінгелман (у: Barnes / Kaase 1979, S. 225—226) наступным чынам падсумоўвае аб’ёмістыя дасьледаваньні гэтай праблемы:

«Эмпірычна ў міжнародным параўнаньні можна паказаць, што слой ідэолягаў, вызначаных як асобы, якія для разуменьня і для ацэнкі палітычных фэномэнаў актыўна паслугоўваюцца левай / правай ці лібэральна-кансэрватыўнай візіяй, кансыстэнтна складае менш за 10 адсоткаў насельніцтва… Колькасьць квазі-ідэолягаў, вызначаных паводле менш строгіх крытэраў, паўсюль большая, але ў ніводнай зь пяцёх краінаў не складае больш за 27 адсоткаў».

Пры гэтым важна памятаць, што панятак «ідэоляг» цытаванымі аўтарамі разумеецца дадатна: як асоба, здольная мысьліць абстрактнымі, кансыстэнтнымі самімі зь сябе катэгорыямі — ня надта ўдалы выбар панятка ў сьвятле амаль вылучна нэгатыўных асацыяцыяў, якія гэты панятак выклікае ў Фэдэратыўнай Рэспубліцы. Апроч таго, трэба яшчэ запытаць, ці той факт, што пераважная бальшыня насельніцтва ня мысьліць катэгорыямі палітолягаў, ужо ёсьць дастатковым доказам таго, што рэпрэзэнтаваныя ёй думкі і меркаваньні недастаткова зьвязаныя міжсобку, што ў іх не бярэцца пад улік істотная інфармацыя і што ў выніку яны ў малой ступені стабільныя і таму не становяць сабой добры падмурак для працэсаў прыняцьця палітычных рашэньняў. Шмат было таксама і спробаў зьняпраўдзіць першапачатныя высновы Конвэрса. Аднак гэтыя дасьледаваньні былі скіраваныя на тое — і часткова дасягнулі ў гэтым посьпеху, — каб пры дапамозе іншых мэтодык ацэнкі атрымаць больш высокую ступень пашыранасьці «ідэалягічнага» (у вышэйпамянёным сэнсе) мысьленьня, не беручы пад сумнеў нарматыўныя перадумовы самога такога спосабу разгляду. Калі ў ЗША, прыкладам, вялікая частка работнікаў («blue collar workers») галасуе за Рэйгана і супраць падтрымліванага прафсаюзамі кандыдата Ўолтэра Мандэйла — як на прэзыдэнцкіх выбарах 1984-га — дык шмат якія палітолягі схіляюцца да таго, каб кваліфікаваць гэта як ірацыянальныя паводзіны, як вынік пасьпяховай маніпуляцыі, заміж таго каб паспрабаваць без забабонаў дасьледаваць структуру сыстэмаў меркаваньняў такіх сэгмэнтаў насельніцтва.

Выбарчыя прагнозы: узьдзеяньне дэмаскапіі на выбары?

Ацэнкі таго, у якой меры дэмаскапія дапамагае ажыцьцяўленьню «большай» ці «сапраўднай» дэмакратыі, які ўплыў маюць ці павінны былі б мець вынікі апытаньняў грамадзкай думкі на палітычныя рашэньні, падзяляюцца, і спрэчкі аб гэтым напэўна будуць працягвацца. Але нават крытыкі дэмаскапіі ня могуць паўстрымацца ад спакусы зазірнуць гэтым чынам у будучыню напярэдадні выбараў. Выбарчыя прагнозы ад самага пачатку сучаснага дасьледаваньня грамадзкай думкі стаялі ў цэнтры дэмаскапіі. Посьпехі такіх ейных піянэраў, як Гелап і Роўпэр, на амэрыканскіх прэзыдэнцкіх выбарах 1936 году моцна стымулявалі разьвіцьцё дэмаскапіі, буйныя няўдачы выклікалі сур’ёзны недавер да яе. «Ватэрлоо» дэмаскапіі сталіся амэрыканскія прэзыдэнцкія выбары 1948-га, калі дасьледнікі грамадзкай думкі былі цалкам упэўненыя, што Д’юі выйграе выбары, некаторыя штодзённыя газэты ў ранішніх выпусках у дзень пасьля выбараў — давяраючы дасьледнікам грамадзкай думкі — расьпісвалі Д’юі як пераможцу, але выбарцы аддалі выяўную перавагу Трумэну. Нагэтулькі істотных памылковых прагнозаў у Фэдэратыўнай Рэспубліцы не было, але досыць часта высновы дэмаскопаў, публікаваныя напярэдадні выбараў, дужа адрозьніваліся ад сапраўдных вынікаў выбараў.

Найбольш пераканаўчым прыкладам гэтага ёсьць выбары ў Бундэстаг 1965 году. Тады дэмаскопы паведамлялі — асабліва Інстытут дэмаскапіі і Інстытут EMNID — пра драматычную гонку галава ў галаву паміж СПН і ХДЗ; маўляў, трэба сур’ёзна лічыцца з магчымасьцяй першай зьмены ўраду ў гісторыі Фэдэратыўнай Рэспублікі. Аднак Зьвяз, паводле афіцыйных вынікаў, як і на папярэдніх выбарах у 1961 годзе, апярэдзіў СПН больш як на восем адсоткаў. Тым часам як EMNID да апошняга стаяў на сваім прагнозе — па 45 адсоткаў для ХДЗ / ХСЗ з аднаго боку і СПН зь іншага, Элізабэт Ноэле-Нойман у вечар перад выбарамі абвясьціла па тэлевізіі найнавейшыя вынікі Аленсбаху — Зьвяз выйграе адзінаццаць адсоткаў, — прагноз, да якога грамадзкасьць была настолькі негатовая, што шмат хто выставіў папрок, быццам дэмаскопы не бесстароньне вымяраюць настроі ў насельніцтве, а самі — сьвядома ці несьвядома — сваімі прагнозамі стаюцца чыньнікамі палітычнага працэсу і выклікаюць зьмены настрояў. Быў выстаўлены вельмі важкі папрок у сьвядомай маніпуляцыі — дэмаскапія як інструмэнт прапаганды: прадкажы гонку плячо ў плячо, каб дзеля гэтага падалося, што існуе сур’ёзная магчымасьць зьмены ўраду, і змабілізуй тым самым абыякавых, расчараваных, схільных да пасіўнасьці выбарцаў партыі ўраду: на сацыялягічным жаргоне — самазьнішчальнае прароцтва («self destroying prophecy»). Але можна ўявіць сабе і адваротны працэс: прадкажы — напярэдадні выбараў у Бундэстаг 1983 году, — што СвДП [ = Свабодная дэмакратычная партыя] на злосьць усім скептыкам возьме вырашальны пяціадсоткавы бар’ер, каб праз гэта голас, адданы за СвДП, падаваўся дзейснай падтрымкай новаўтворанай увосень урадавай кааліцыі фэдэральнага канцлера Коля, а ня «згубленым» голасам, які можа спрычыніцца да стварэньня на фэдэральным узроўні «гесэнскіх варункаў»: прароцтва, якое само сябе спраўджвае (спраўдзіла).

Амаль немагчыма давесьці папрок у сьвядомай маніпуляцыі гэткага кшталту на падставе атрыманых дэмаскопамі вынікаў, нават калі б быў доступ да так званых сырых зьвестак, г.зн. зьвестак у тым выглядзе, які яны маюць у запоўненых анкетах. Мэтадалягічныя праблемы рознага кшталту прымушаюць узважана падыходзіць да сырых зьвестак. Тыя вынікі, якія публікуюцца ці перадаюцца замоўцу, ёсьць «апрацаванымі» зьвесткамі, а ўсеагульна абавязковых канвэнцыяў што да спосабу і аб’ёму апрацоўкі не існуе. Мерай пасьпяховасьці спосабу апрацоўкі ёсьць — заўсёды са спазьненьнем — блізіня да сапраўднага выніку выбараў. Але тое, што падчас пэўных выбараў аказалася добрым мэтадам, падчас наступных выбараў можа хутчэй перакруціць сырыя зьвесткі яшчэ больш, чым наблізіць іх да рэчаіснасьці. Гэта асабліва датычыць так званай палітычнай апрацоўкі, якую шмат якія дэмаскопы робяць у дадатак да простага дапасаваньня да пэўных дэмаграфічных прапорцыяў (кшталту ўзроставага і полавага складу). У гэтыя апрацоўкі слушна ўваходзяць ацэнкі палітычнага становішча, досьвед мінулых апытаньняў і яшчэ шмат рэчаў, якія немагчыма фармальна зафіксаваць і такім чынам зрабіць даступнымі для «аб’ектыўнай» праверкі. Пасьпяховую маніпуляцыйную стратэгію ўзору «самаспраўджвальнага прароцтва» ніякім чынам немагчыма выкрыць на падставе зьвестак, урэшце ж прагноз у значнай ступені адпавядае афіцыйным вынікам выбараў. Больш зачэпак можна знайсьці ўва ўзоры «самазьнішчальнага прароцтва», але атрымаць бесьпярэчны доказ немагчыма таксама і тут, тым больш што дэмаскопы трымаюць напагатове тэарэтычныя мадэлі тлумачэньня разыходжаньняў паміж іхнымі вынікамі і афіцыйнымі вынікамі выбараў, ад якіх, прынамсі, нельга проста так адмахнуцца.

Дэмаскопы пасьля балючых няўдачаў мінуўшчыны адгаворваюцца перадусім тым, што яны зусім не сьцьвярджаюць, быццам яны прапануюць прагнозы, прадказаньні вынікаў выбараў. Яны адно прапануюць «імгненныя здымкі» волі выбарцаў; адказнасьць за любыя зьвязаныя зь імі праекцыі на будучыню (дзень выбараў) кладзецца, такім чынам, вылучна на спажыўца дэмаскапічных вынікаў. Значыцца, калі вынікі дэмаскапіі адрозьніваюцца ад вынікаў выбараў, дык гэта праблема не дэмаскапіі, а палітыка, журналіста ды сярэднестатыстычнага грамадзяніна, які прыняў гэтыя вынікі за чыстую манэту. Гэтае абарончае цьверджаньне занадта беззаганнае для таго, каб можна было чакаць, што замоўцы апытаньняў грамадзкай думкі і шырокая грамадзкасьць паставяцца да яго сур’ёзна, дый самі дэмаскопы, бадай, ня надта ў яго вераць. Але яно мае падставу, якую трэба ўспрымаць усур’ёз.

У Фэдэратыўнай Рэспубліцы вялікую папулярнасьць мае так званае нядзельнае пытаньне: «Калі б у наступную нядзелю былі выбары ў Бундэстаг, якой партыі вы аддалі б свой голас?» З пэўнымі варыяцыямі ўсе дэмаскапічныя інстытуты выкарыстоўваюць гэтае гіпатэтычнае пытаньне, калі б яны не праводзілі апытаньня па палітычных тэмах, нават калі папярэднія выбары кагадзе адбыліся. Нядзельнае пытаньне мае ўмагчыміць бесьперапыннае вымярэньне сымпатыяў выбарцаў. Але праблема тут палягае ў тым, што пытаньне зьмяняе свой сэмантычны зьмест, свой сэнс, нават калі фармулёўка ніякім чынам не зьмяняецца, у залежнасьці ад таго, які рэальны зьмест яно мае, то бок, наколькі блізка падсунуўся фактычны тэрмін наступных выбараў. Гіпатэтычныя пытаньні ўвогуле пастаўляюць менш надзейныя зьвесткі, а ў кантэксьце галасаваньня на выбарах гэта выяўляецца ў асаблівай ступені. Калі прааналізаваць дынаміку гэтых зьвестак у часе, дык часта вельмі высокая колькасьць галасоў за апазыцыю атрымліваецца ў тыя моманты, калі рэальны выбар, за каго галасаваць, яшчэ не актуальны. Гэта можна патлумачыць тым, што ўрадавая партыя амаль непазьбежна мусіць прымаць рашэньні, якія прынамсі ў часткі ейнага электарату выклікаюць крытыку.

Для гэткіх незадаволеных выбарцаў нядзельнае пытаньне — гіпатэтычнае і таму ня маючае наступстваў — стаецца прыдатнай нагодай, каб выказаць незадаволенасьць. Але з гэтага нельга адназначна выснаваць, што гэтая — магчыма, і так толькі часовая — незадаволенасьць будзе мець практычныя вынікі (выбар апазыцыйнай партыі) пазьней. У дачыненьні да гэтага «нядзельнага пытаньня» галоўная адгаворка дэмаскопаў ува ўсіх стасунках апраўданая; яно ня можа адлюстроўваць нечага большага за імгненны стан настрояў. І пакуль наступны тэрмін выбараў ня вызначаны ды пакуль ён не падсунуўся ў аглядную будучыню, любая інтэрпрэтацыя адказаў на гэтае пытаньне як прагнозу на выбары недарэчная і як правіла ня надта цікавая для палітычнай дыскусіі, бо ў Фэдэратыўнай Рэспубліцы — падобна да ЗША, але ў адрозьненьне, прыкладам, ад Вялікабрытаніі — урад і / ці партыі ня маюць вялікай свабоды ў вызначэньні тэрміну наступных выбараў. Падзеі восені 1982-га, першы пасьпяховы канструктыўны вотум недаверу ў гісторыі Фэдэратыўнай Рэспублікі і новыя выбары, што ўрэшце адбыліся ў ягоным выніку ў сакавіку 1983-га, бадай, і ў будучыні застануцца выняткам. Аналізуючы гэты ўнікальны працэс, можна аддацца таксама і пытаньню аб тым, які ўплыў дэмаскапія сваімі вынікамі — якія грунтаваліся на нядзельным пытаньні і сьведчылі пра абсалютную бальшыню за Зьвяз — зрабіла на рашэньні СвДП і ХДЗ. Ёсьць сур’ёзныя падставы меркаваць, што гэтыя вынікі і перадусім пэўныя дэмаскопы мелі ў гэтай справе вызначальны ўплыў; адылі надзейнае з навуковага гледзішча дасьледаваньне можна будзе зрабіць толькі пазьней, калі гісторыкі таго часу атрымаюць доступ да дакумэнтаў і асабістых запісаў удзельнікаў падзеяў.

Але вернемся да прагнозаў на выбары, якія, паводле дэмаскопаў, ня ёсьць прагнозамі — прынамсі тады, калі апытаньні грамадзкай думкі занадта адрозьніваюцца ад вынікаў выбараў. У дачыненьні да апытаньняў, якія праводзяцца за ўзглядна кароткі час напярэдадні выбараў і ў якіх «нядзельнае пытаньне» замяняецца на значна больш канкрэтнае пытаньне пра галасаваньне на выбарах у канкрэтны тэрмін — звычайна з падзелам на першы і другі голас, — аргумэнт пра «імгненны здымак» значна менш пераканаўчы, перадусім тады, калі зьвесткі — як гэта робіцца бальшынёй інстытутаў — апрацоўваюцца на падставе палітычных крытэраў. Дэмаскопы любяць разважаць пра «last minute swing», пераварот меркаваньня за вельмі кароткі час перад выбарамі. Ён можа быць выкліканы — зь меншай імавернасьцяй — сапраўдным зьмяненьнем выбару альбо — што больш праўдападобна — утварэньнем фактычнага намеру да дзеяньня ў вельмі позьні момант. Тым часам як, напэўна, слушна, што істотная частка выбарцаў узглядна позна робіць свой выбар і што 10—15 адсоткаў становяць дастатковую масу, каб вырашальным чынам зьмяніць вынікі выбараў, малапраўдападобным падаецца меркаваньне, што тыя, хто ня мог вызначыцца, пераважна выберуць адну пэўную партыю, а не разьмяркуюцца паміж партыямі менш ці больш адпаведна долям, утвораным тымі, хто вызначыўся яшчэ раней. Хіба што за кароткі час да выбараў якаясьці неспадзяваная падзея паспрыяе пэўнай партыі: напрыклад, выкрыцьцё ўсходняга шпіёна на пасадзе канцлера, важкія доказы прадажнасьці якогасьці вядучага палітыка і г.д.; ці ў апытаньнях грамадзкай думкі падаецца, што прыхільнікі пэўнай партыі ня вызначыліся ці ня пэўныя ў сваёй пазыцыі, бо яны маюць спэцыфічныя прычыны, каб не выдаваць свайго сапраўднага намеру што да галасаваньня на выбарах. Сваёй — праўда, моцна аспрэчванай навукоўцамі-спэцыялістамі — тэорыяй «сьпіралі маўчаньня» Элізабэт Ноэле-Нойман паспрабавала больш агульна апісаць такія фэномэны. Паводле гэтай тэорыі, пэўны «клімат меркаваньняў» можа стацца прычынаю таго, што частка прыхільнікаў ХДЗ / ХСЗ не паказвае сваёй сапраўднай сымпатыі, бо агульны настрой у грамадзтва, асьвятленьне падзеяў у мэдыях — менавіта «клімат меркаваньняў» — супрацьстаіць ёй, бо «публічнае прызнаньне» зьнітаванае з асаблівымі выдаткамі (псыхічнымі намаганьнямі).

4. Выбарчыя сыстэмы і партыйны ляндшафт

ЗША і ФРН — параўнаньне

Дзьве вялікія традыцыйныя партыі, часам колькі разьяднаных незалежных дэпутатаў, але адсутнасьць трэцяй ці чацьвертай партыі, якая б хоць у зародку мела шанец перамагчы ў нацыянальным маштабе; такім чынам, трывалыя інстытуцыі, але адсутнасьць дэталёва распрацаваных партыйных праграмаў, абавязковых пастановаў фракцыяў пра галасаваньне так, а не інакш; кіраўнік ураду, якому для праходжаньня кажнага новага законапраекту даводзіцца спачатку шукаць бальшыню — спаміж дэпутатаў ад сваёй партыі і ад апазыцыйнай; вялікая частка насельніцтва, якая не бярэ ўдзелу ў выбарах. Гэта ключавыя словы, якія апісваюць адну з заходніх дэмакратыяў — ЗША. Высокія паказьнікі ўдзелу ў выбарах, дэталёвыя партыйныя праграмы, рашэньні фракцыяў, якія фактычна зьвязваюць асобных дэпутатаў, якія — за нешматлікімі выняткамі — забясьпечваюць кажнаму праекту ўраду сваё парлямэнцкае ўхваленьне; выбарчае права, якое забясьпечвае добрыя шанцы на праходжаньне ў парлямэнт некалькіх менш стабільных партыяў, не «цэмэнтуючы» партыйнай сыстэмы: характарыстыка іншай заходняй дэмакратыі — Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччыны. Сьпіс значных адрозьненьняў можна лёгка працягнуць: фінансаваньне партыяў (і тым самым перадвыбарнай барацьбы прэтэндэнтаў на парлямэнцкі мандат) у значнай ступені з грошай, атрыманых ад падаткаў (кампэнсацыя выдаткаў на перадвыбарную барацьбу на падставе атрыманай колькасьці галасоў) у Фэдэратыўнай Рэспубліцы — залежнасьць кандытаў ад ахвяраваньняў і собскай маёмасьці для фінансаваньня выдаткаў на перадвыбарную барацьбу ў ЗША; высокая ступень празрыстасьці і магчымасьцяў да чыннага ўдзелу ў вылучэньні кандыдатаў у ЗША («primaries») — адстароненыя ад шырокай грамадзкасьці, унутрыпартыйныя працэсы выбару ў Фэдэратыўнай Рэспубліцы.

Гэтае параўнаньне канкрэтных формаў дзьвюх дэмакратычных сыстэмаў заходняга ўзору, натуральна, ня ёсьць ані вычарпальным, ані дастаткова дакладным — для навуковага параўнаўчага аналізу сыстэмаў — у тым, што датычыць асобных названых пунктаў. Яно павінна — у якасьці ілюстрацыі — зьвярнуць нашую ўвагу на два пункты, важныя для дыскусіі пра «дэмаскапію, партыі, выбары» з той прычыны, што за разборам асобных істотных пытаньняў заўсёды стаіць аснаватворная праблема: як найлепшым чынам ажыцьцявіць асноўную ідэю дэмакратыі — раўнапраўнасьць усіх грамадзянаў ува ўсіх рашэньнях, якія датычаць супольнасьці (дзяржавы), то бок, наколькі добра функцыянуе дэмакратыя ў пэўнай краіне (Фэдэратыўнай Рэспубліцы Нямеччыне). Накід параўнаньня Фэдэратыўнай Рэспублікі і ЗША павінен ясна паказаць, што існуюць — бяз шкоды для асноўнай дэмакратычнай ідэі — разнастайныя магчымасьці інстытуцыйнай рэглямэнтацыі і вызначэньня нормаў (напрыклад, палажэньняў выбарчага права, структуры заканадаўчых органаў і г.д.), якія, адылі, трэба разглядаць у іхным нутраным кантэксьце і ў дачыненьні да наяўнага гістарычнага кантэксту, а таксама да іхнага канкрэтнага эмпірычнага афармленьня, каб рабіць слушныя выказваньні пра дабраякаснасьць і працаздольнасьць пэўнай дэмакратыі; і што таксама і на ўзроўні канкрэтных эмпірычных паказьнікаў (напрыклад, ступені ўдзелу ў выбарах, магчымасьці чыннага ўдзелу ў вылучэньні кандыдатаў) неабходна трымаць у полі зроку ўзаемадзеяньне асобных фактараў.

Мажарытарнае і прапарцыйнае выбарчае права

На ўзроўні інстытуцыйнага рэгуляваньня асаблівую значнасьць мае альтэрнатыва паміж мажарытарным і прапарцыйным выбарчым правам. Асноўны прынцып мажарытарнага выбарчага права такі — у пэўным рэгіёне (выбарчай акрузе) абіраецца той кандыдат, які зьбярэ за сябе бальшыню галасоў. Выбарцы, што належаць да гэтай акругі, пасылаюць пэўную асобу як свайго прадстаўніка ў парлямэнт, іхны голас ня мае ніякага ўплыву на выбар кандыдатаў па-за межамі гэтай акругі. Гэта прадугледжвае, што абраны такім чынам кандыдат — прынамсі, у ідэі — рэпрэзэнтуе таксама і тых выбарцаў, якія аддалі свае галасы іншаму кандыдату. Мажарытарны выбарчы прынцып такім чынам пераносіць мадэль беспасярэдняй дэмакратыі на буйныя адзінкі, у якіх сход усіх немагчымы з чыста практычных прычынаў. Пры гэткай выбарчай сыстэме ў прынцыпе можна абысьціся бяз партыяў. І на практыцы незалежнаму кандыдату пры гэтай сыстэме насамрэч нашмат лягчэй дасягнуць посьпеху. Такое мажарытарнае выбарчае права ў чыстай форме ўсталявалася ў ЗША. Уся плошча ЗША падзеленая на так званыя Congressional Districts (выбарчыя акругі), якія не перасякаюць фэдэральных межаў асобных штатаў, і зарэгістраваныя выбарцы кажнай акругі выбіраюць свайго дэпутата ў Гасподу прадстаўнікоў (толькі) на двухгадовы тэрмін. З гледзішча самой канцэпцыі і адначасова з улікам канкрэтнага гістарычнага разьвіцьця гэта ёсьць сыстэмай, якая падкрэсьлівае беспасярэднюю адказнасьць дэпутата перад ягонымі выбарцамі, і дзякуючы абмежаваньню пэрыяду паўнамоцтваў кароткім тэрмінам утрымлівае рысы канцэпцыі імпэратыўнага — г.зн. такога, які можна адклікаць — мандату. Адылі ў сёньняшняй канкрэтнай форме гэтыя прыкметы выяўляюцца менш выразна. Кароткі пэрыяд паўнамоцтваў не прыводзіць да бесьперапыннай ратацыі, сапраўды незалежныя кандыдаты ня маюць рэальных шанцаў на посьпех, але для кандыдатаў, якіх спасьцігла параза на ўнутрыпартыйных выбарах («primaries»), адкрываецца яшчэ адзін шанец — удзельнічаць у выбарах у якасьці (фармальна) незалежных кандыдатаў. У выніку таго, што партыйнай дысцыпліны ў нямецкім сэнсе слова ў ЗША няма, гэты шлях магчымы без адначаснага разрыву з партыяй, сябрамі якой былі кандыдаты. Але фактычна гэта азначае страту істотнай падтрымкі, якая альбо зьдзяйсьняецца беспасярэдне партыяй, альбо забясьпечваецца праз пасярэдніцтва партыі. Такім чынам, партыям таксама і ў амэрыканскай чыста мажарытарнай выбарчай сыстэме ні ў якім разе не выпадае другарадная роля, і беспасярэдняя адказнасьць прадстаўнікоў перад сваімі выбарцамі ў канцэптуальным праекце, безумоўна, прысутная мацней, чымся ў эмпірычнай рэчаіснасьці.

У канкурэнтнай сыстэме прапарцыйнага выбарчага права партыі, аб’яднаньні кандыдатаў становяць сабой неабходны складнік. У чыстай форме можна абысьціся без рэгіянальных аддзелаў, падлічваюцца галасы за асобныя сьпісы кандыдатаў па ўсёй тэрыторыі і месцы ў парлямэнце разьмяркоўваюцца паміж партыямі (сьпісамі) прапарцыйна гэтай колькасьці галасоў. Шляхам выбараў у якасьці прадстаўніка вызначаецца не чалавечая асоба, а арганізацыя, якая, са свайго боку, папярэдне выбрала асобаў. Такім чынам, ужо на канцэптуальным узроўні пачынаецца дэпэрсаналізацыя; робячы выбар, грамадзянін ужо не прызначае свайго намесьніка, а саступае сваю долю ўлады — якая паводле Асноўнага закону Фэдэратыўнай Рэспублікі, згодна з асноўным дэмакратычным прынцыпам, цалкам належыць народу — пэўнай арганізацыі. Гэтай інстытуцыйнай рэглямэнтацыяй ужо закладзена, што абраны паводле такой сыстэмы дэпутат структурна ў першую чаргу ёсьць прадстаўніком арганізацыі, якая яго дэлегуе, і толькі ўскосна адказвае перад выбарцамі. Патрабаваньне, каб кажны дэпутат кіраваўся адно собскім сумленьнем, як яно сфармуляванае ў Асноўным законе, безумоўна, грунтуецца на пахвальных уяўленьнях пра народнага прадстаўніка, які дбае пра ўсеагульнае дабро, але яно заразом наіўнае і ніякім чынам ня ўлічвае інстытуцыйнага ціску.

Выбарчая сыстэма Фэдэратыўнай Рэспублікі па сваёй сутнасьці ёсьць прапарцыйным выбарчым правам з рознымі мадыфікацыямі ў параўнаньні зь яго чыстай формай. На некаторыя больш тэхнічныя дэталі мы тут ня будзем зважаць, бо для структурнага аналізу яны ня маюць асаблівага значэньня. Аднак дзьве мадыфікацыі вымагаюць больш дэталёвага разгляду: па-першае, дадатковыя правілы, якія выключаюць некаторыя партыі, што бяруць удзел у выбарах, з разьмеркаваньня месцаў у парлямэнце. Паводле дзейнага сёньня выбарчага закону, які ўступіў у сілу ў 1957-м, пэўная партыя мусіць зьберці ўва ўсёй краіне прынамсі пяць адсоткаў «другіх» галасоў — пры прыблізнай колькасьці выбарцаў 40 мільёнаў гэта каля двух мільёнаў галасоў, — каб уключыцца ў разьмеркаваньне месцаў у парлямэнце, што вымагае ад малой ці новазаснаванай партыі надзвычайных мабілізацыйных высілкаў. Другая прапанаваная законам магчымасьць узяць удзел у разьмеркаваньні мандатаў, наймя дасягненьне бальшыні ў трох выбарчых акругах і тым самым атрыманьне простага мандату ад гэтых акругаў, практычна мае за перадумову хаўрус з адной зь дзьвюх вялікіх партыяў. Такі хаўрус адбыўся аднойчы, у 1957-м, паміж ХДЗ і Нямецкай партыяй (НП), калі ХДЗ адмовіўся ад вылучэньня ўласных кандыдатаў у трох выбарчых акругах роднай зямлі НП, Ніжняй Саксоніі, каб НП, набраўшы 3,4 адсотку галасоў — яшчэ раз — здолела ўвайсьці ў Бундэстаг. Мякчэйшыя формы мінімальнага бар’еру забясьпечылі былі НП і шэрагу іншых партыяў уваход у першыя два Бундэстагі пасьля выбараў 1949-га і 1953-га. У форме, дзейнай сёньня, разам з буйнымі партыямі толькі КПН [ = Камуністычная партыя Нямеччыны] (1949 — 5,7 адсотку) ды ЗВП [ = Зьвяз выгнаных і пазбаўленых правоў] (1953 — 5,9 адсотку) здолелі б трапіць у Бундэстаг.

Па-другое, прапарцыйнае выбарчае права было «пэрсаніфікаванае». Палова ўсіх дэпутатаў Бундэстагу абіраецца беспасярэдне ў 248 фэдэральных выбарчых акругах паводле чыстага мажарытарнага прынцыпу на падставе сабраных «першых галасоў». Адылі «другія галасы» вызначаюць — з улікам мінімальнага бар’еру — колькасны склад партыяў у парлямэнце (прычым часам паўстае неабходнасьць выдачы гэтак званых кампэнсацыйных мандатаў, калі партыйная прыналежнасьць кандыдатаў, абраных беспасярэдне, не адпавядае прапорцыям, атрыманым на падставе другіх галасоў). Тэрміны «першы» і «другі» голас выдаюць намер айцоў нямецкага Асноўнага закону. Яны, відавочна, хацелі ўмацаваць вобраз арыентаванага беспасярэдне на асобнага выбарца дэпутата — яму (ці ёй) выпадае першы і, такім чынам, згодна з пабытовым ужыткам мовы, важнейшы голас, — але адначасна ўнікнуць строгай рэгіянальнай прывязанасьці мажарытарнага права. Бо мажарытарная сыстэма ўтрымлівае прыпушчэньне, што блізіня да рэгіёну ёсьць заразом дамінуючым паказьнікам падабенства інтарэсаў; толькі выходзячы з гэтага галоўнага прыпушчэньня мажарытарную сыстэму можна ўважаць за справядлівую ў тым сэнсе, што розныя інтарэсы рэпрэзэнтуюцца прапарцыйна. У іншым выпадку сэгмэнты насельніцтва, злучаныя супольнымі інтарэсамі, але не сканцэнтраваныя ў межах выбарчых акругаў, стаюцца недастаткова рэпрэзэнтаванымі. Асабліва невялікія партыі, якія вызначаюцца пэўнай пашыранай ідэалёгіяй ці сьветапоглядам, накшталт лібэральнай партыі (СвДП) у Фэдэратыўнай Рэспубліцы (ці ў Вялікабрытаніі) у мажарытарнай сыстэме ня маюць рэальнага шанцу на рэпрэзэнтаванасьць, адпаведную іхнаму электарату. У пяцьдзясятыя і шэсьцьдзясятыя гады гэта зноў прывяло да палітычнага ціску на СвДП. Адэнаўэр неаднаразова пагражаў СвДП увядзеньнем мажарытарнага выбарчага права ў тым выпадку, калі лібэралы адмовяцца ад супрацоўніцтва ў тым выглядзе, як ён яго ўяўляў. З прычыны таго, што ў той час магчымасьць кааліцыі паміж СПН і СвДП сур’ёзна не разглядалася ані сацыял-дэмакратамі, ані лібэраламі, СвДП мела, з аднаго боку, невялікую свабоду дзеяньняў, зь іншага боку, пагроза гэтага кшталту не была безьзьмястоўнай, бо сацыял-дэмакраты маглі паспадзявацца на паляпшэньне сваіх пазыцыяў пры мажарытарнай выбарчай сыстэме.

Пасьля таго як СвДП сьпярша ў 1969 г. і тады яшчэ раз у 1982 г. зьмяніла партнэра па кааліцыі — што каштавала ёй істотных унутрыпартыйных канфліктаў і значных зьмяненьняў у ейным электараце — і такім чынам любая кааліцыя паміж трыма традыцыйнымі партыямі стала ня толькі тэарэтычна магчымай, але рэальна існай, імавернасьць зьмены выбарчага права моцна зьнізілася. У сьвятле сучасных — і ў параўнаньні зь іншымі заходнімі дэмакратыямі вельмі стабільных — суадносінаў сілаў паміж партыямі зьмена выбарчага права мажлівая толькі ў выніку пагадненьня паміж ХДЗ і СПН, бо яна вымагае дзьвюх трацінаў галасоў. Такая тоеснасьць інтарэсаў што да СвДП, бадай, ужо не ўсталюецца. Новае становішча магло б паўстаць, калі б празь якуюсьці няздольную ці неахвочую да кааліцыяў чацьвертую партыю — напрыклад, зялёных — усталяваўся б такі стан, калі ніякі ўрад ня будзе валодаць стабільнай бальшынёй, то бок, варункі, што ад 1983 г. існуюць у гесэнскім ляндстагу, паўтарыліся б на фэдэральным узроўні. Але нават тады зьмена выбарчага права не была б імавернаю, бо можна меркаваць, што шырокія слаі грамадзтва зрэагавалі б на зрушэньні ў суадносінах сілаў партыяў, успрыняўшы гэтую зьмену хутчэй як спробу маніпуляцыі, чымся як намаганьне праз мажарытарнае выбарчае права прыйсьці да ажыцьцяўленьня больш беспасярэдняй дэмакратыі.

Стратэгіі выбарчай барацьбы

Пануючым выбарчым правам ёсьць прапарцыйнае выбарчае права — з усімі ягонымі перавагамі і хібамі. Пры гэтым складанасьць, зьвязаная зь першым і другім галасамі, і тэрміналёгія, якая выходзіць за рамкі пабытовага разуменьня, умагчымляюць некалькі цікавых стратэгіяў перадвыбарнай барацьбы, якія, напрыклад, пасьпяхова выкарыстоўваліся падчас выбараў у Бундэстаг у 1983 годзе. Фэдэральны канцлер Коль, які кагадзе з дапамогаю СвДП і канструктыўнага вотуму недаверу ачоліў урад, зусім ня мог быць упэўненым у посьпеху на выбарах у сакавіку 1983-га. Дэмаскопы паведамлялі пра такую папулярнасьць СвДП, якая нават з улікам звыклай імавернасьці памылкі абяцала менш за пяць адсоткаў галасоў на выбарах. Шанцы ХДЗ атрымаць прыблізна 47—48 адсоткаў галасоў і такім чынам — пры выпадзеньні СвДП — абсалютную бальшыню месцаў у Бундэстагу былі, праўда, неблагімі, але гэта азначала б, з аднаго боку, узглядна невялікую і таму некамфортную бальшыню, а зь іншага боку, узмацненьне пазыцыяў унутрыпартыйных праціўнікаў. Напрыклад, прэтэнзію Франца-Ёзэфа Штраўса на пасаду віцэ-канцлера тады, верагодна, немагчыма было б адхіліць. Таму Коль быў надта зацікаўлены ў тым, каб СвДП удалося зноў увайсьці ў Бундэстаг. Не ў апошнюю чаргу на падставе досьведу выбараў 1957-га не магло быць ходу пра тое, каб адмовіцца ад выбарчых акругаў дзеля таго, каб СвДП пераадолела мінімальны бар’ер; выйсьцем сталася стратэгія «пазычаных галасоў» — ужо пасьпяхова апрабаваная ў іншай сытуацыі ў 1972-м. Яна палягае ў тым, што меншаму партнэру ў якасьці мэты для перадвыбарнай рэклямы пакідаюць — другарадны паводле звыклага разуменьня — другі голас, то бок (ускосна) спрыяюць расшчапленьню галасоў. Апытаньні грамадзкай думкі неаднаразова паказвалі, што значная частка выбарцаў — каля траціны — не ўсьведамляе тэхнічнага значэньня першага і другога голасу. Стратэгія перадвыбарнай барацьбы, скіраваная на тое, каб атрымаць другі голас — хітра прэзэнтаваны як голас другога парадку — з гэтай прычыны мае шанцы на посьпех таксама і па-за колам тых выбарцаў, якія сьвядома згаджаюцца з расшчапленьнем галасоў. Але нават для інфармаваных выбарцаў сыстэма першага і другога голасу мае перавагі. З гледзішча сацыяльнай псыхалёгіі паводзіны, неадпаведныя сапраўдным сымпатыям, робяцца лягчэйшымі, калі адначасна наяўная магчымасьць дзеяньня, адпаведная гэтым сымпатыям. Заўзятаму выбарцу ХДЗ лягчэй аддаць свой другі голас СвДП з тактычных меркаваньняў, калі адначасна ён можа выявіць сваю непахісную ляяльнасьць да ХДЗ праз адпаведны выбар першым голасам, чымся калі выбарчая сыстэма дазваляе яму выбіраць толькі адным голасам.

Гэтае тактычнае, памежнае з маніпуляцыяй выкарыстаньне своеасаблівасьцяў выбарчага права Фэдэратыўнай Рэспублікі, безумоўна, не плянавалася. Спроба забясьпечыць праз «пэрсанафікацыю» элемэнт беспасярэдняга прадстаўніцтва ў сьвятле працэсаў у Фэдэратыўнай Рэспубліцы мусіць быць прызнанаю няўдалай. Для асобнага грамадзяніна невялікая была б розьніца, калі б выбарчае права ачысьцілі ад гэтых прыдумак ды ўвялі яснае прапарцыйнае выбарчае права. Аднак істотных наступстваў трэба тады было б чакаць для ўнутрыпартыйных працэсаў прыняцьця рашэньняў; рэгіянальная зьвязанасьць простых кандыдатаў забясьпечвае прынамсі на гэтым узроўні пэўную ступень беспасярэдняй рэпрэзэнтацыі і такім чынам супрацьстаіць тэндэнцыям цэнтралізацыі.

Распрацаванае пасьля другой сусьветнай вайны выбарчае права, ува ўсякім разе, дапамагло дасягнуць фундамэнтальнай мэты, а наймя стварэньня стабільнай партыйнай сыстэмы з саліднай праўрадавай бальшынёй. Стан, падобны да Ваймарскай рэспублікі, бадай, не паўтарыцца. Разам з «эканамічным цудам» у гісторыі Фэдэратыўнай Рэспублікі адбыўся таксама цуд палітычнай стабільнасьці; у якой ступені апошнюю можна разглядаць як наступства эканамічнай стабільнасьці, мы яшчэ абмяркуем больш падрабязна. Адылі спачатку разгледзім, якім чынам паўстала партыйная сыстэма Фэдэратыўнай Рэспублікі.

Палітычныя партыі ў Фэдэратыўнай Рэспубліцы Нямеччыне

Партыйная сыстэма фэдэратыўнай Нямеччыны вось ужо амаль сорак гадоў вызначаецца дзьвюма вялікімі партыямі, сацыял-дэмакратамі (СПН) і Зьвязам ХДЗ / ХСЗ. Дарма што з фармальнага гледзішча ХДЗ і ХСЗ ёсьць дзьвюма самастойнымі партыямі, для структурнага аналізу партыяў і выбараў на фэдэральным узроўні ХСЗ усё-ткі можна разглядаць як баварскі рэгіянальны аддзел Зьвязу, бо, нягледзячы на пагрозы, якія часам гучалі цягам канфліктаў у межах Зьвязу, ХДЗ і ХСЗ дагэтуль ніколі не канкуравалі за выбарцаў і ў Бундэстагу заўсёды выступалі як адзіная фракцыя. Таму мы надалей ня будзем зважаць на гэтую істотную для аналізу варункаў усярэдзіне Зьвязу акалічнасьць і паўсюль будзем гаварыць пра ХДЗ / ХСЗ ці Зьвяз як пра адну партыю.

Калі сацыял-дэмакраты пасьля вайны адрадзіліся як партыя і маглі абаперціся на былых сяброў партыі і арганізацыйную структуру ваймарскага часу, дык Зьвяз становіць сабой наватвор, які хоць і пераняў у некаторых дачыненьнях духоўную спадчыну цэнтрысцкай партыі ваймарскай дэмакратыі, але быў запачаткаваны нашмат шырэй, як хрысьціянская міжканфэсійная партыя — разам з адноўленай цэнтрысцкай партыяй, якая, аднак, ня здолела замацавацца на палітычным рынку. У сьвятле высокай ступені стабільнасьці, якая пануе ад сярэдзіны пяцьдзясятых гадоў, сёньня лёгка забываецца, што выбары ў першы нямецкі Бундэстаг у 1949-ым самі па сабе зусім не былі адназначным паказьнікам пазьнейшай стабілізацыі. ХДЗ, які толькі пасьля гэтых выбараў, у 1950 годзе аформіўся як фэдэральная партыя, толькі трошкі апярэдззіў СПН (31,0 супраць 29,2, улучна з доляю ХСЗ — 5,8 адсотку), урадавая кааліцыя Зьвязу, СвДП і НП (Нямецкай партыі) мела толькі 208 з 402 месцаў, а Конрад Адэнаўэр быў абраны канцлерам, набраўшы акурат 202 з 402 галасоў. Вызначальным для пазьнейшай стабільнасьці партыйнай сыстэмы было тое, што ХДЗ удалося замацавацца ў якасьці кансалідуючай сілы буржуазнага лягеру. Таму праз чатары гады, на выбарах у другі Бундэстаг — пры значна больш актыўнай выбрачай кампаніі — Зьвяз атрымаў ужо 45,2 адсотку другіх галасоў. Гэтая колькасьць галасоў, каля 45 адсоткаў, і сёньня можа разглядацца як цьвёрды фундамэнт з галасоў выбарцаў, да якога ў залежнасьці ад спэцыфічных акалічнасьцяў пэўных выбараў — вядучых кандыдатаў, актуальных тэмаў, пэўных адметных падзеяў — дадаецца лішак. З гледзішча сацыяльнай структуры Зьвяз ёсьць партыяй зьнітаваных з царквою, арыентаваных на хрысьціянства слаёў насельніцтва, тым часам як сацыял-дэмакраты ў першую чаргу рэпрэзэнтуюць слой арыентаваных на прафсаюзы работнікаў. Такім чынам, вызначаную сацыяльнай структурай лінію падзелу («cleavage structure») паміж галоўнымі апорнымі групамі дзьвюх найбуйнейшых партыяў трэба разглядаць у двувымернай сыстэме каардынатаў, у якой гэтыя дзьве партыі ёсьць не дыямэтральна супрацьлеглымі, але хутчэй зьвязанымі з крайнімі пунктамі двух розных вымярэньняў — канфэсія / царкоўнасьць з аднаго боку, сацыяльны слой / блізіня да прафсаюзаў зь іншага боку. Іншай партыяй у тым ліку рэпрэзэнтуецца адпаведны супрацьлеглы полюс абодвух гэтых вымярэньняў, але гэта не становіць сабой цэнтральнага складніка ўласнай праграмы. Гэтак, Зьвяз хутчэй рэпрэзэнтуе пазыцыі, бліжэйшыя да прадпрымальнікаў (як супрацьлеглага полюсу прафсаюзаў), сацыял-дэмакраты, у ліку іншага, лібэральныя ўяўленьні, што грунтуюцца на строгім разьдзяленьні царквы і дзяржавы (што выявілася, напрыклад, у канфліктах наўкола канфэсійных школаў на ўзроўні земляў у шэсьцьдзясятых гадох, а таксама наўкола законаў пра аборты і разводы ў семдзясятых гадох).

Гэтая падвойная палярнасьць для пэўных сэгмэнтаў насельніцтва стварае праблемы вызначэньня прыналежнасьці, напрыклад, для арыентаваных на хрысьціянства работнікаў, якія ў першыя гады Фэдэратыўнай Рэспублікі яшчэ мелі адпаведнае інстытуцыйнае афармленьне ў выглядзе хрысьціянскіх прафсаюзаў. Апроч таго, не зважаючы на праграмную міжканфэсійнасьць Зьвязу, ягоныя асяродкі маюць пераважна каталіцкі характар.

У сьвятле таго, што ХДЗ удалося ўсталявацца ў якасьці буржуазнай кансалідуючай партыі хрысьціянскага кшталту, пры адначасным умацаваньні СвДП як яшчэ адной буржуазнай сілы — але лібэральнай скіраванасьці — і тэндэнцыях зьмяненьня ў сацыяльна-структурным складзе насельніцтва (бесьперапыннае зьмяншэньне долі работнікаў у працаздольным насельніцтве, ад 51 адсотку ў 1950 да 42 адсоткаў у 1980 — каля трох адсоткаў на дзесяцігодзьдзе) у сацыял-дэмакратаў былі невялікія шанцы калі-небудзь узяць удзел у ажыцьцяўленьні адміністрацыйнай улады ў якасьці партыі клясы работнікаў. Вось жа, зусім лягічным чынам, шляхам прыняцьця ў 1959 годзе «Годэсбэрскай праграмы»* быў зроблены крок да павелічэньня ўплыву СПН, ператварэньня яе ў народную партыю. Крок, які ўмагчыміў далейшае падвышэньне колькасьці зьбертых галасоў на наступных выбарах (гэта было вельмі гнутка ахарактарызаванае выразам «спадарожная тэндэнцыя»), але толькі праз стварэньне «Вялікай кааліцыі» — створанай за Курта Геарга Кісынгера ўсярэдзіне выбарчага цыклю, пры канцы 1966 г., для пераадоленьня эканамічнай крызы — і выбары 1969 г. прывёў да абраньня першага сацыял-дэмакратычнага канцлера. Адылі перадумоваю гэтага была гатовасьць СвДП увайсьці ў кааліцыю з СПН; любая магчымая кааліцыя паміж трыма партыямі Бундэстагу, такім чынам, стала магчымай таксама і практычна. Гэтаму рашэньню, аднак, папярэднічалі моцныя звадкі ўсярэдзіне СвДП, якія ўрэшце прывялі да зьмены ўнутрыпартыйнай улады (Шэль* зьмяніў Мэндэ** на пасадзе старшыні партыі) і значных стратаў у сталым электараце (у 1969 годзе СвДП набрала толькі 5,8 адсотку другіх галасоў проці 9,5 адсотку ў 1965).

Падсумоўваючы, можна сказаць наступнае: што датычыць прадстаўніцтва ў бундэстагу, мы фактычна ад 1957 году маем стабільную сыстэму з трох партыяў. У выражэньні долі галасоў гэтыя партыі ад паловы шэсьцьдзясятых гадоў валодаюць асноўным патэнцыялам (фундамэнтам) памерам каля 45 адсоткаў у выпадку Зьвязу, каля 41 адсотку ў выпадку СПН і каля 7 адсоткаў у выпадку СвДП, так што адно ўзглядна малая частка галасоў — каля 7 адсоткаў — фактычна пераразьмяркоўваецца на выбарах. Натуральна, гэтыя лічбы ёсьць адно прыблізнай ацэнкай. Яны не азначаюць зь неабходнасьцяй, што толькі 7 адсоткаў выбарцаў у прынцыпе здольныя мяняць свой выбар. Ужо ў выніку зьменаў у складзе выбарцаў (моладзь, што галасуе ўпершыню, памерлыя, хістаньні ў рэалізацыі грамадзянамі выбарчага права) узьнікае шэраг новых варыянтаў на кажных выбарах. Названыя лічбы трэба хутчэй разумець як «цьвёрдыя долі рынку», якія ў добрыя гады могуць істотна падвышацца, але ў вылучных выпадках таксама і памяншацца — падобна да доляў рынку аўтамабільных вытворцаў, дзе ад году да году толькі ў мінімальнай колькасьці выпадкаў купляньнікі аказваюцца тымі самымі.

Гэтак трывала разьмеркаваны рынак (галасоў выбарцаў) утварае кепскія ўмовы для старту новай партыі. Нягледзячы на часам пераканаўчыя дасягненьні на муніцыпальных выбарах і выбарах у ляндстагі (дзе рынкі нашмат больш гнуткія), «зялёным», што набралі 1,5 адсотка галасоў на выбарах у Бундэстаг 1980 году, удалося дасягнуць ня больш як павагі. Толькі на шмат у чым нетыповых выбарах 1983-га ім удалося з 5,6 адсотку трапіць у Бундэстаг, прычым цяпер, усярэдзіне выбарчага цыклю, падаецца вельмі сумнеўным, што ім удасца ўтрымаць гэтую долю ці нават павялічыць яе на наступных выбарах. Гэтым пытаньнем — насьмельваючыся на прагноз — мы яшчэ зоймемся пры канцы гэтага аналізу.

5. Паводзіны выбарцаў: дадзеныя, тэорыі і прагнозы

Базы дадзеных

У апошняй частцы гэтага разьдзелу мы зноў зьвернем нашую галоўную ўвагу на асобнага грамадзяніна і абмяркуем, што вызначае ягоныя паводзіны на выбарах, якія фактары бяруцца ім у разьлік пры ажыцьцяўленьні выбару. Зноў жа, вялікая частка гэтых ведаў абапертая на зьвестках апытаньняў, высновах камэрцыйных дэмаскапічных інстытутаў, але ў большай меры на выніках акадэмічных дасьледаваньняў. Альтэрнатыўны падыход прапануюць так званыя агрэгатныя дадзеныя, то бок афіцыйныя вынікі выбараў і афіцыйныя статыстычныя зьвесткі пра насельніцтва малых тэрытарыяльных адзінак — напрыклад, выбарчых акругаў ці раёнаў, — якія аналізуюцца заміж асобнага выбарца (які мае права выбару). Узаемасувязі паміж — напрыклад — велічынёй долі каталікоў у пэўнай выбарчай акрузе і колькасьцю галасоў за ХДЗ ня могуць, аднак, беззасьцярожна тлумачыцца тым, што каталікі звышпрапарцыйна часта выбіраюць ХДЗ. Гэтак, у гарадзкіх раёнах таксама можна знайсьці ўзаемасувязь паміж доляю замежных работнікаў і доляю галасоў СПН і адначасна быць пэўным таго, што гэта нічога ня кажа пра выбарчыя паводзіны (ня маючых права выбару) замежных работнікаў. Але гэткія экалягічныя карэляцыі цікавыя, з аднаго боку (самі па сабе), для характарыстыкі пэўных асяродзьдзяў, якія можна вылучыць на падставе сацыя-дэмаграфічных крытэраў, а зь іншага боку, перанясеньне на ўзровень асобнага выбарца праўдападобнае тады, калі на яго карысьць роўным чынам сьведчаць вынікі апытаньняў. Урэшце, для шэрагу асобных пытаньняў — прынамсі, у Фэдэратыўнай Рэспубліцы — можна яшчэ паслугоўвацца рэпрэзэнтатыўнай выбарчай статыстыкай. Пры захаваньні таямніцы выбараў і згодна з дакладна вызначанымі нормамі закону пэўная частка выбарцаў на кажных выбарах у Бундэстаг атрымвае выбарчыя бюлетэні, пазначаныя рознымі фарбамі, дзякуючы чаму пры падліку галасоў можна вызначыць полавую і ўзроставую прыналежнасьць. Гэта ўмагчымляе дакладныя аналізы полавай і ўзроставай спэцыфікі падчас выбараў. Для прагнастычнага разгляду сыстэмы партыяў ці шанцаў асобных партыяў гэтая статыстыка ўзроставых групаў мае вялікае значэньне. Адылі заўсёды, калі разглядаюцца ўзроставыя групы, паўстае пытаньне аб тым, ці розьніцу паміж выбарам узроставых групаў трэба хутчэй інтэрпрэтаваць як эфэкт генэрацыяў (кагортаў), ці як эфэкт жыцьцёвых цыкляў. Кажучы больш ясна: ці маладыя выбарцы звышпрапарцыйна часта абіраюць «зялёных» таму, што яны належаць да новай генэрацыі зь іншымі доўгатэрмінова-стабільнымі вартасьцямі (эфэкт кагортаў), ці таму, што яны як маладзейшыя адмаўляюць існы стан рэчаў, але пасьля фазы «буры і націску» збольшага згаджаюцца зь ім (эфэкт жыцьцёвых цыкляў)? Надзейна адказаць на гэтае пытаньне можна толькі шляхам доўгатэрміновага дасьледаваньня, цягам якога тую самую групу асобаў апытваюць шмат разоў у розны час (панэльнае дасьледаваньне). Але панэльных дасьледаваньняў, якія б абдымалі некалькі выбарчых цыкляў, на матар’яле Фэдэратыўнай Рэспублікі не рабілася. Вынікі рэпрэзэнтатыўнай выбарчай статыстыкі таму сапраўды варта разглядаць толькі як імгненныя здымкі, якія ў маладзейшых групах, пачынаючы зь семдзясятых гадоў, не паказвалі для Зьвязу надта пазытыўных вынікаў. Больш яснай ёсьць карціна полавай спэцыфікі выбарчых паводзінаў. Да канца шэсьцьдзясятых гадоў Зьвяз дасягаў значна лепшых вынікаў сярод жанчын-выбарцаў, чымся сярод мужчын, тым часам як для СПН карціна была адваротнаю. Але ў семдзясятых гадох гэтыя адрозьненьні дужа аслаблі; на выбарах 1980 году СПН упершыню — з рэлятыўнага пункту гледжаньня — трохі лепшага выніку дасягнула сярод жанчынаў, чымся сярод мужчынаў. Полавая прыналежнасьць сёньня ўжо не становіць сабой істотнай дэтэрмінанты выбару.

Падыход Мічыганскай школы

Перад абліччам шматстайнасьці дадзеных і перадусім засьцярогаў што да кажнага асобнага выніку, карысна акрэсьліць на тэарэтычным узроўні зьвязную канцэпцыю выбарчых паводзінаў, каб на ейным тле крытычна абмеркаваць асобныя падзеі. Такая канцэпцыя была распрацаваная групай дасьледнікаў, згуртаванай вакол Ангуса Кэмпбэла і пазьней Філіпа Конвэрса, у пяцьдзясятыя гады ў Інстытуце сацыяльных дасьледаваньняў Мічыганскага ўнівэрсытэту ў ЗША. Тэорыя Мічыганскай школы дагэтуль дамінуе ў акадэмічных дасьледаваньнях выбараў у ЗША, але таксама і ў Фэдэратыўнай Рэспубліцы і ў Вялікабрытаніі. Згодна зь ёю выбар перадусім вызначаецца трыма фактарамі: доўгатэрміновай прыхільнасьцяй да пэўнай партыі, так званай партыйнай ідэнтыфікацыяй, ацэнкай актуальных падчас канкрэтных выбараў аб’ектыўных пытаньняў («Issues») і кандыдатаў, якія бяруць удзел у выбарах. Праўда, на ацэнку аб’ектыўных пытаньняў і кандыдатаў, з аднаго боку, уплывае асноўная партыйная прыхільнасьць, але яны маюць таксама самастойную вагу і могуць праз гэта прывесьці да выбару, адрознага ад партыйнай ідэнтыфікацыі. Гэтым уяўленьням на сыстэмным узроўні адпавядае канцэпцыя «нармальных выбараў». Нармальныя выбары адбываюцца тады, калі партыі дасягаюць доляў галасоў, якіх можна было спадзявацца на падставе трывалых прыхільнасьцяў, г.зн. калі кароткачасовыя ўплывы не адбіваюцца на выбары за ці супраць пэўнай партыі. Калі ўдасца эмпірычна вызначыць гэтыя варункі нармальных выбараў, дык будзе створаная падстава для таго, каб высьветліць уплыў пэўных перадвыбарных тэмаў і / ці кандыдатаў. Гэтак, выбары ў Бундэстаг 1980 году сталіся нагодаю для шматлікіх спэкуляцыяў наўкола таго, ці трэба было тлумачыць благі вынік Зьвязу (44,5 адсотку другіх галасоў, г.зн. найгоршы вынік ад 1949 году) галоўным чынам тым, што ў ролі вядучага кандыдата выступаў Франц-Ёзэф Штраўс. Пасьля выбараў 1983 году вынікі 1980 году можна разглядаць як «неспадзеўку»; але ж канцэпцыя нармальных выбараў умагчымляе такі аналіз адразу пасьля пэўных выбараў — калі ўдаецца эмпірычна ажыцьцявіць гэтую канцэпцыю.

Але тут паўстаюць істотныя праблемы. У першапачатным разуменьні партыйная ідэнтыфікацыя разглядалася як пазыцыя, якую набываюць на вельмі раньнім этапе жыцьцёвага цыклю (як правіла, ужо ў бацькоўскім доме); дэмакратам ці рэспубліканцам «вырастаюць». У сьвятле праграмна нецэнтралізаванай структуры амэрыканскіх партыяў гэта яшчэ няшмат што кажа, перадусім не вызначае раз і назаўсёды стаўленьня да пэўных аб’ектыўных пытаньняў. А трое незалежных адзін ад аднога выбараў на фэдэральным узроўні (што чатыры гады абіраецца прэзыдэнт, што два гады абіраецца дэпутат Гасподы прадстаўнікоў, што шэсьць гадоў — адзін з двух сэнатараў ад адпаведнага штату), калі ўвага ў вялікай ступені скіроўваецца на асобаў, г.зн. на кандыдатаў, даюць дастатковую магчымасьць дыфэрэнцыяваных паводзінаў. Прычым гэтая дыфэрэнцыяцыя не абавязкова мусіць грунтавацца на дэталёвым асэнсаваньні асобных аб’ектыўных зьвестак, насупраць, таксама і агульныя сымпатыі могуць адыграць вызначальную ролю. У такіх сыстэмных варунках нашмат лягчэй перавесьці аналітычны, паліталягічны панятак партыйнай ідэнтыфікацыі ў простае пытаньне, якое пераважнай бальшынёй апытваных падчас агульнага апытаньня насельніцтва сапраўды ня зьвязваецца з актуальным выбарам. Ніводная са спробаў перанесьці канцэпцыю партыйнай ідэнтыфікацыі на варункі ў Фэдэратыўнай Рэспубліцы — перадусім спробы аналягічным чынам зафіксаваць гэтую ідэнтыфікацыю праз апытаньне — дасёньня ня можа разглядацца як цалкам удалая. Адылі спрэчка аб тым, чаго ўвогуле вартыя гэткім чынам здабытыя зьвесткі, вялася вельмі зацята і трывае дагэтуль. Шмат што сьведчыць пра тое, што вялікая частка апытваных ня бачыць дастатковай розьніцы паміж пытаньнямі пра партыйную ідэнтыфікацыю і пра галасаваньне на выбарах, г.зн., што значныя карэляцыі паміж партыйнай ідэнтыфікацыяй і тым, як чалавек галасуе на выбарах, якія можна выявіць у Фэдэратыўнай Рэспубліцы, хутчэй адлюстроўваюць таўталёгію, чым кідаюць сьвятло на працэс выбару. Зь іншага боку, у сьвятле высокай стабільнасьці прыхільнасьцяў выбарцаў у Фэдэратыўнай Рэспубліцы — доля выбарцаў, якія не мяняюць свайго папярэдняга рашэньня і галасуюць за СПН і ХДЗ / ХСЗ, складае ад 80 да 90 адсоткаў, — праўдападобным ёсьць беспасярэдняе прыпушчэньне, што таксама і ў Фэдэратыўнай Рэспубліцы мае сэнс гаварыць пра доўгатэрміновую прыхільнасьць да пэўнай партыі, партыйную ідэнтыфікацыю. Толькі пакуль, здаецца, не ўдалося распрацаваць адэкватнага інструмэнту для яе вымярэньня. Таму аналізы нармальных выбараў у Фэдэратыўнай Рэспубліцы, падобна да аналізаў выбарчай дынамікі ў тэлевізіі ў вечар пасьля выбараў, магчыма, забаўляльныя, але адначасна ў высокай ступені спэкуляцыйныя.

Што да аб’ектыўных пытаньняў, дык інтэнсіўна дасьледаваўся перадусім уплыў эканамічных фактараў на рашэньне выбарцаў, прытым як на макраўзроўні, праз разгляд дынамікі эканамічных паказьнікаў, з аднаго боку, і вымярэньне папулярнасьці прэзыдэнта ці фэдэральнага канцлера, зь іншага боку, так і на мікраўзроўні — на ўзроўні асобнага выбарца. Калі на узроўні ўсяго грамадзтва сукупнасьць вынікаў ёсьць сумнеўнаю і дыскусіі пра статыстычную мэтодыку, прыдатную для аналізу такой дынамікі, не спыняюцца, дык на індывідуальным узроўні, судзячы з публікацыяў апошніх гадоў, вымалёўваецца кансэнсус. У Фэдэратыўнай Рэспубліцы Нямеччыне, таксама як і ў ЗША, ацэнка эканамічнага становішча мае істотны ўплыў на рашэньне выбарца; адылі пры гэтым ацэнка асабістага эканамічнага становішча апытванага ня мае ці мае толькі другасную ролю, важнейшым хутчэй ёсьць ацэнка эканамічнага становішча ўвогуле. Паводле агульных палажэньняў тэорыі «retrospective voting» (Fiorina 1981), партыя, якая папярэдне фармавала ўрад (ці, у ЗША, папярэдні прэзыдэнт), пры пазытыўнай ацэнцы ўзнагароджваецца паўторным абраньнем, а пры нэгатыўнай ацэнцы караецца абраньнем канкурэнта. Але гэтая скіраваная ў мінуўшчыну ацэнка можа быць зьвернутая і ў будучыню, прычым аналітычны падзел паміж меркаваньнем па аб’ектыўным пытаньні («issue position») і ацэнкай кандыдата скасоўваецца. Як для амэрыканскіх прэзыдэнцкіх выбараў 1976 (Форд супраць Картэра) і 1980 (Картэр супраць Рэйгана) гадоў, так і для фэдэральных выбараў 1983 году паказьнік, які адлюстроўвае ўзглядную ацэнку выбарцамі кампэтэнцыі абодвух галоўных канкурэнтаў што да вырашэньня будучых эканамічных праблемаў (інфляцыі і беспрацоўя), аказаўся важкай дэтэрмінантай рашэньня выбарца — больш важкай, чымся зьвернутая ў мінуўшчыну ацэнка чыннасьці старога ўраду што да гэтых пунктаў. Не зважаючы на адрозьненьні ў дэталях, эмпірычныя аналізы пераканаўча пацьвердзілі значнасьць пэрцэпцыі агульнага эканамічнага становішча і кампэтэнцыі кандыдатаў / партыяў у эканамічных пытаньнях. Большыя разыходжаньні вынікаў на макраўзроўні, магчыма, абумоўленыя тым, што тут эканамічнае становішча вымяраецца квазіаб’ектыўна і ня ўлічвае працэсу апрацоўкі і тлумачэньня з боку асобнага грамадзяніна.

У рамках гэтага разьдзелу, натуральна, нельга вычарпальна апісаць шматстайныя ўдасканаленьні і мадыфікацыі мічыганскага падыходу (для глыбейшага азнаямленьня пры канцы даюцца спасылкі на літаратуру да гэтай тэмы); тым ня менш, — хоць і разумеючы, што мы, магчыма, на зашмат наважваемся — трэба сфармуляваць прынцыповае пярэчаньне супраць гэтага кірунку дасьледаваньняў. Выкарыстоўваючы магчымасьці мэтодыкі рэпрэзэнтатыўнага апытаньня, якая хутка разьвівалася ў саракавыя гады, але тым самым і акцэптуючы ўласьцівыя ёй абмежаваньні, гэты кірунак у цэнтар аналізу ставіць асобнага выбарца як ізаляванага індывіда. Аналіз вызначаюць ягоныя пагляды, вартасьці, веды, пра якія паведамляе толькі ён сам падчас апытаньня. Гэты «сацыяпсыхалягічны» падыход выключае — не абавязкова ў канцэптуальнай задуме, але, прынамсі, у практыцы эмпірычнага досьледу — сацыяльны кантэкст (сям’я, сябры, калегі з працы), які для даўнейшых клясычных дасьледаваньняў выбараў меў цэнтральнае значэньне. Група Пола Лазарсфэльда і Бэрнарда Бэрэльсана (1954) у дасьледчых праектах «Erie-County» (1940 г.) і «Elmira» (1948 г.) хоць і паслугоўвалася мэтодыкай апытаньняў, але адначасна абмежавалася невялікай рэгіянальнай адзінкай. Гэткія канкрэтныя досьледы ўмагчымляюць разгляд індывіда ў ягоных сацыяльных кантэкстах, аналіз працэсу пошукаў рашэньня ў залежнасьці ад вонкавых уплываў кшталту перадвыбарнай барацьбы і асьвятленьня падзеяў у мэдыях; адным словам, яны ўмагчымляюць сацыялягічны аналіз. Адылі пры гэтым нашмат цяжэй вызначыць ступень унівэрсальнасьці здабытых ведаў. Тое, што слушнае для мястэчка Элміра ў штаце Нью-Ёрк, не абавязкова мусіць быць слушным таксама і для Талакгасі, штат Флёрыда. Было б няправільна выстаўляць адзін падыход у якасьці альтэрнатывы другога. Тым ня менш, чароўнасьць «рэпрэзэнтатыўнасьці» ў абсягу дасьледаваньня выбараў у ЗША — і ня толькі там — прывяла да вартай жалю аднабокасьці, якая пры ўсіх заслугах мічыганскай школы спрычынілася да зьмізарненьня сацыялягічных і паліталягічных дасьледаваньняў. На шчасьце, цяпер умацоўваецца думка аб тым, што разам з дасьледаваньнямі, якія грунтуюцца на нацыянальных апытаньнях, варта аднавіць таксама і клясычныя мадэлі ў форме дасьледаваньняў асобных муніцыпальных адзінак.

Прагнозы

Дэмаскапія, партыі, выбары: на заканчэньне і ў пэўнай ступені ў якасьці позірку ў будучыню вернемся яшчэ раз да «зялёных» і да пытаньня аб тым, ці здолеюць яны на наступных выбарах — па ўсім відаць, у 1987 годзе — зноў увайсьці ў Бундэстаг. Дэмаскапіі цяжка мець дачыненьне з малымі партыямі; пры апытаньні 1 500 асобаў — звыклая выбарка — трэба зважаць на пагрэшнасьць каля плюс / мінус трох адсоткаў. То бок, калі апытаньне пакажа вынік шэсьць адсоткаў, дык гэта значыць, рэальна гледзячы, што вынік складае паміж трыма і дзевяцьма адсоткамі, а з такога выніку немагчыма выснаваць, ці атрымаюць «зялёныя» больш ці менш за пяць адсоткаў. Але складанасьць прагнозаў на выбары мы ўжо падрабязна абмеркавалі. Шэсьць адсоткаў у апытаньні 1500 асобаў — гэта з абсалютнага гледзішча акурат 90 апытаных — занадта малая лічба, каб зь яе рабіць надзейныя высновы пра характарыстыкі выбарцаў «зялёных». Але апытаньні, тым ня менш, даюць зьвесткі аб тым, як увогуле «зялёныя» ацэньваюцца грамадзянамі і праз гэта пункты апоры для высноваў аб тым, якія апытаныя могуць іх выбраць.

Дасьледаваньні выбараў у Бундэстаг 1983 году (Küchler 1985) паказваюць, што на дзіва вялікая колькасьць апытваных, ацэньваючы шэраг аб’ектыўных праблемаў, выяўляе высокую роднаснасьць собскай пазыцыі і пазыцыі, прыпісванай «зялёным». Калі зважаць адно на гэты фактар тоеснасьці інтарэсаў, «зялёныя» мусілі б дасягнуць на выбарах посьпеху ў 25—30 адсоткаў галасоў; але, відавочна, разьлікі выбарцаў адбываюцца больш складаным чынам. Хоць гэта і нельга дэталёва пацьвердзіць зьвесткамі дасьледаваньня выбараў у Бундэстаг, апроч таго, што трэба падкрэсьліць ідэнтыфікацыю з пэўнай абіранай дагэтуль партыяй (а з эмпірычнага гледзішча ход ідзе амаль вылучна пра выбарцаў СПН), таксама і ацэнка згуртаванасьці і надзейнасьці партыі як арганізацыі, відавочна, выконвае істотную ролю.

Шанцы «зялёных» замацавацца ў бундэстагу падвысяцца ў меру таго, наколькі ім, з аднаго боку, удасца ўсталявацца як партыі, упаасобку вызначыць і праўдападобна прэзэнтаваць доўгатэрміновую і плянамерную праграму сваёй чыннасьці, зь іншага боку, у меры таго, як будзе падаць папулярнасьць СПН. Першаму супрацьстаіць змаганьне паміж крыламі фундамэнталістаў і рэалістаў усярэдзіне партыі, альбо агульная ўнутрыарганізацыйная адкрытасьць, якая выяўляецца, напрыклад, у прынцыпе ратацыі і патрабаваньнях імпэратыўнага мандату. Прывабнасьць СПН — а яна, паводле дэмаскапічных зьвестак, становіць адзіную значную альтэрнатыву — залежыць з аднаго боку ад вядучага кандыдата, але яшчэ мацней — ад агульнага раскладу сілаў. Калі СПН мае ўяўна рэалістычны шанец заваяваць (адваяваць) права на фармаваньне ўраду — як на выбарах у ляндстаг у Заарляндзе, у Нордрайн-Вэстфаліі ў 1985 годзе, — дык альтэрнатыва выбіраць СПН нашмат больш прывабная, чымся калі і так ясна, што СПН прайграе — як на выбарах у Бэрліне ў 1985 годзе. Але ці мае СПН шанцы на наступных выбарах у Бундэстаг — хто ж апроч дэмаскопаў нам гэта патлумачыць?

Літаратурныя жаролы

Выкарыстаная літаратура

Barnes, Samuel / Kaase, Max u.a. 1979: Political Action — Mass Participation in Five Western Democracies, Beverly Hills.

Belson, William 1981: The Design and Understanding of Survey Questions, Aldershot (England).

Berelson, Bernard / Lazarsfeld, Paul / McPhee, William 1954: Voting — A Study of Opinion Formation in a Presidential Campaign, Chicago.

Cannell, Charles 1984: Antwortverzerrungen im Interview — Wie läßt sich die Güte der Daten verbessern?; in: ZUMA-Nachrichten 15, S. 1—17.

Converse, Philip 1964: The Nature of Belief Systems in Mass Publics; in: Apter, D.E.: Ideology and Discontent, New York.

Fiorina, Morris 1981: Retrospective Voting in American National Elections, New Haven.

Greiffenhagen, Martin und Sylvia / Praetorius, Rainer (Hrsg.) 1981: Handwörterbuch zur politischen Kultur der Bundesrepublik Deutschland, Opladen.

Küchler, Manfred 1985: Maximizing utility at the polls?; in: European Journal of Political Research.

Schuman, Howard / Presser, Stanley 1981: Questions and Answers in Attitude Surveys. Experiments on Question Form, Wording, and Context, New York.

Speier, Hans 1950: Historical Development of Public Opinion; in: American Journal of Sociology, S. 376—388.

Sudman, Seymour/Bradbum, Norman 1982: Asking Questions — A Practical Guide to Questionnaire Design, San Francisco.

Карысная літаратура

Дэмаскапія

Hennis, Wilhelm 1957: Meinungsforschung und repräsentative Demokratie, Tübingen.

Noelle-Neumann, Elisabeth 1976: Umfragen in der Massengesellschaft, Reinbek bei Hamburg.

Партыі

Beyme, Klaus von 1984: Parteien in westlichen Demokratien, München.

Kaack, Heino / Roth, Reinhold (Hrsg.) 1980: Handbuch des deutschen Parteiensystems, 2 Bde., Opladen.

Schmitt, Hermann 1987: Neue Politik in alten Parteien. Zum Verhältnis von Parteien und Gesellschaft in der BRD, Opladen.

Staritz, Dietrich (Hrsg.) 1980: Das Parteiensystem der Bundesrepublik. Geschichte — Entstehung — Entwicklung, Opladen.

Выбары

Bürklin, Wilhelm 1988: Wählerverhalten und Wertewandel, Opladen.

Jesse, Eckhardt, 1985: Wahlrecht zwischen Kontinuität und Reform. Eine Analyse der Wahlsystemdiskussion und der Wahlrechtsänderungen in der BRD 1949—1983, Düsseldorf.

Kaase, Max (Hrsg.) 1977: Wahlsoziologie heute — Analysen aus Anlaß der Bundestagswahl 1976, Heft 2 /3 der Politischen Vierteljahresschrift, Opladen.

Kaase, Max / Klingemann, Hans-Dieter 1983: Wahlen und politisches System — Analysen aus Anlaß der Bundestagswahl 1980, Opladen.

Klingemann, Hans-Dieter / Kaase, Max (Hrsg.) 1986: Wahlen und politischer Prozeß — Analysen aus Anlaß der Bundestagswahl 1983, Opladen.

Noblen, Dieter 1986: Wahlrecht und Parteiensystem, Opladen.

Oberndoerfer, Dieter / Rattinger, Hans / Schmitt, Karl (Hrsg.) 1985: Wirtschaftlicher Wandel, religiöser Wandel und Wertwandel. Folgen für das politische Verhalten in der Bundesrepublik Deutschland, Berlin.

Wenner, Ulrich 1986: Sperrklauseln im Wahlrecht der BRD, Opladen.

Зацемы рэдактара

1. «Годэсбэрская праграма» (ням. «Godesberger Programm») — партыйны дакумэнт нямецкіх сацыял-дэмакратаў, прыняты на пазачарговым зьезьдзе партыі, адбытым 13—15 лістапада 1959 г. у месьце Бад Годэсбэрг (адсюль і назоў). Дакумэнт складаўся з разьдзелаў «Асноўныя вартасьці сацыялізму», «Дзяржаўны лад», «Абарона краіны», «Эканамічны і сацыяльны парадак» і інш. У прыватнасьці, з новай партыйнай праграмы былі выключаныя ўсе ранейшыя палажэньні, заснаваныя на марксісцкай тэорыі. У эканамічнай палітыцы сацыял-дэмакраты адмовіліся ад патрабаваньня нацыяналізацыі ўсіх ключавых галін прамысловасьці. Асабліва было адзначана права прыватных уласьнікаў на сродкі вытворчасьці (фабрыкі, машыны і г.д.).

2. Гаворка ідзе пра Вальтэра Шэля (нар. 1919), буйнога нямецкага палітыка. З 1939 і да 1945 г. Вальтэр Шэль служыў у «Люфтвафэ», праз год пасьля капітуляцыі Нямеччыны ўступіў у СДП. З 1953 і да 1974 г. Шэль — дэпутат Бундэстагу, з 1961 і да 1966 г. — фэдэральны міністар эканамічнага супрацавенства, з 1974 і да 1979 г — фэдэральны прэзыдэнт Нямеччыны.

3. Маецца на ўвазе Эрых Мэндэ (1916—1998). Падчас другой сусьветнай вайны Мэндэ — лейтэнант Вэрмахту. З 1949 — сябра кіраўнічых органаў СДП, у тым самым годзе стаецца дэпутатам Бундэстагу, дзе да 1970 году прадстаўляе СДП, а з 1970 і да 1980 — ХДЗ. З 1963 і да 1966 г. — «фэдэральны міністар па агульнанямецкіх пытаньнях».