1. Тлумачэньне паняцьцяў
Грамадзкая думка як наяўныя на пэўнай тэрыторыі погляды і стаўленьні да справаў, якія выклікаюць агульную зацікаўленасьць (параўн. гэтую мінімальную дэфініцыю з Löffler 1981, S. 69), зьяўляецца важным складнікам палітычнага працэсу дэмакратычных сыстэмаў усіх мадэляў.
Аднак у навуцы і ў практыцы няма кансэнсусу ў ацэнцы маштабаў і функцыі таго, што называюць грамадзкай думкай. Г.Чайлдс знайшоў у літаратуры 50 дэфініцый, такіх жа расплывістых, як і само ўжыцьцё гэтага тэрміну ў палітыцы, што амаль выключае апэрацыяналізацыю і канкрэтызацыю паняцьця. Часта здаецца, што гэта нават зручна — тым лягчэйшай стаецца крытыка сьфінксападобнага фэномэну «грамадзкая думка» альбо спасылка на яго (параўн. Noelle-Neumann 1980, S. 84). Таму тут дарэчным будзе найперш сэмантычнае тлумачэньне: «Меркаваньне супрацьстаўляецца веданьню, з аднаго боку, і няведаньню, з другога боку» (параўн. Hentig 1969, S. 19). Такім чынам, яму ўласьцівае нешта нявызначана-суб’ектыўнае, у чым — як гэта фармуляваў яшчэ Арыстотэль у сваіх «Топіцы» і «Рыторыцы» — выяўляецца стаўленьне і «сьветапогляд» таго, каму належыць меркаваньне. «Грамадзкую думку» з гістарычнага гледзішча трэба разумець як антонім прадстаўнічай, рытуалізаванай публічнай сфэры сьвецкай і царкоўнай улады ў Сярэднявеччы і як антонім сфэры ўлады, якая належала толькі манарху, альбо таемнай кабінэтнай палітыкі (arcana іmperіі). Больш за тое, паняцьце «грамадзкі», «публічны» ў юрыдычным словаўжываньні мае значэньне «агульнадаступны» (напрыклад, пры адкрытых судовых паседжаньнях) і «датычны супольнасьці і ўсеагульнага дабрабыту». Нарэшце, гэтае паняцьце акрэсьлівае межы прыватнай сфэры. Дзеля ўдакладненьня паняцьця грамадзкая думка часам прыроўніваецца да публікаванай думкі. Гэта адлюстроўвае дамінаваньне мас-мэдыяў (прэса, радыё) у камунікацыі надзвычай комплексных гіпэрграмадзтваў. Адсюль вынікае неабходнасьць дэфініцыі таго, што складае medіum. Мэдыі — гэта сродкі, інструмэнты і мэтодыкі, з дапамогай якіх адбываюцца акты камунікацыі, г.зн. акты паведамленьня ўсіх відаў. Мэдыямі могуць быць грошы альбо мова, наагул усе знакавыя сыстэмы. Адметнасьць радыё і прэсы ў тым, што яны могуць адначасна зьвяртацца да вялікай аўдыторыі (параўн. Döhn / Klöckner 1979, S. 7 ff). Але нават мову, ня кажучы пра іншыя мэдыі, нельга вызначаць як адно інструмэнт: мэдыі інтэграваныя ў гаспадарчыя, сацыяльныя і палітычныя працэсы, на якія яны ўплываюць і якія ўплываюць на іх. Гэтае азначэньне «грамадзкай думкі» і «мас-мэдыяў», якое можна зрабіць толькі на грунце агульнаграмадзкай тэорыі, выклікае спрэчкі наконт паняцьцяў, з аднаго боку, але з другога боку, умагчымляе тлумачэньне паняцьцяў шляхам эксплікацыі гэтага часта замоўчванага задняга пляну.
2. Тэорыі і мадэлі грамадзкай думкі і сродкаў масавай інфармацыі
Грамадзкая думка ў раньне лібэральным сэнсе
Тэорыі і мадэлі найлепш раскрываюцца ў іх гістарычным разьвіцьці і генэзысе. «Грамадзкая думка» і публічная сфэра наагул былі ў XVII—XVIII стагодзьдзях сацыяльнай сфэрай, у якой раньняя буржуазія пачала эманцыпавацца ад абсалютысцка-манархічнай улады. Права на легітымнасьць прызнавалася ўжо не за прызначанай Богам, прадпісанай рэлігіяй і царквой і прадстаўленай манархам нязьменнай праўдай; кіраўніцтвам да дзеяньня мусілі быць толькі прынцыпы, якія распрацоўваліся ў рацыянальнай публічнай дыскусіі адукаваных грамадзянаў. Згодна зь лібэральнымі ўяўленьнямі — як і на рынку тавараў — шляхам вольнага публічнага абмену думкамі і іх рацыянальнай праверкі ў дыскусіі паміж адукаванымі людзьмі павінен быў дасягацца аптымальны для ўсеагульнага дабрабыту вынік. Існавала ўпэўненасьць, што ў гэтай грамадзкай думцы будуць ужывацца толькі рацыянальныя аргумэнты, то бок, што ў ходзе яе пад увагу ня будуць брацца як адрозьненьні сацыяльнага статусу, так і ірацыянальныя памкненьні волі. Арганізацыйнай формай і мэдыюмам гэтай грамадзкай думкі былі «салёны», акадэміі і літаратурныя гурткі, у якіх арыстакраты, духавенства і буржуа сустракаліся, не зважаючы на станы, а таксама газэтная і асабліва часопісная справа, якая ўсьцяж разьвівалася (параўн. Habermas 1976, S. 46 ff).
Гэтая раньнебуржуазная грамадзкая думка была, з аднаго боку, альтэрнатывай існуючай манархічнай уладзе, але, зь іншага боку, яна была і альтэрнатывай уладзе наагул — замест права на прымус і ўладу прапанаваўся кансэнсус свабодна дыскутуючых грамадзянаў. Пра гэтую форму здаровага сэнсу нагадвае Габэрмас у сваёй працы «Структурнае зьмяненьне грамадзкай думкі», разглядаючы сучасную грамадзкую думку як маніпуляванае скрыўленьне першапачатнай ідэі вольнага дыскурсу, скрыўленьне, пры якім паноўнае меркаваньне, арыентаванае на рэкляму і мэркантыльныя інтарэсы, даводзіцца — праз мас-мэдыі, прыкладам, у форме publіc relatіons да грамадзкасьці як адно да пасіўнага спажыўца.
«Калі ўсур’ёз, дык дасягнуты кансэнсус, натуральна, мае няшмат супольнага з грамадзкай думкай, з аднадушнасьцю як вынікам цяжкага працэсу ўзаемнай асьветы; бо «супольны інтарэс», адзіная аснова, на якой можа негвалтоўна адбыцца рацыянальнае ўзгадненьне канкуруючых у грамадзтве меркаваньняў, зьмізарнеў акурат настолькі, наколькі за яго выдаюцца публіцыстычныя самавыяўленьні ўпрывілеяваных прыватных інтарэсаў» (Habermas 1976, S. 232).
Ідэальнае вызначэньне функцыі грамадзкай думкі, якое на грунце ідэалістычна-рацыяналістычнай антрапалёгіі («Чалавек па сваёй прыродзе добры і здольны да рацыянальнага самавызначэньня») агучвалі раньняя буржуазія і — пад уплывам ейнай традыцыі — Габэрмас, і да сёньня прысутнае ў прафэсійнай самасьвядомасьці бальшыні журналістаў, публіцыстаў і дасьледнікаў журналістыкі, якія за сваю першасную задачу ўважаюць кантроль і крытыку ўладаў, а таксама асьвету ўяўна неасьвечанай грамадзкасьці (канцэпцыя мэдыяў як чацьвертай улады).
У сучасную пару перадусім Шэльскі і Гелен вынесьлі на парадак дня тэму спрэчнасьці грамадзкай думкі, якая фармуецца ў невялікіх, элітарных, дэмакратычна не легітымаваных, аўтарытарных колах і складае канкурэнцыю парлямэнту, першаснаму органу прадстаўніцтва і артыкуляцыі волі народу. Яшчэ Кант браў пад сумнеў прэтэнзіі грамадзкай думкі: з увагі на «крывое дрэва», зь якога выразаны рэальны чалавек, які ня ёсьць выключна рацыянальным, ён меркаваў, што пасярэдніцкая функцыя грамадзкай думкі месьціцца паміж палітыкай, якая пры неабходнасьці можа вызначацца і сілай, і ідэальнай маральлю: у грамадзкім дыскурсе не-ідэальныя, не адпаведныя маралі палітычныя дзеяньні раскрываюцца як непазьбежная частка працэсу, які паддаецца гістарычна-філязофскай рэканструкцыі і з гледзішча якога нават пэўнае не-ідэальнае палітычнае дзеяньне аказваецца ўнёскам у набліжэньне да ідэальнага стану сусьветнага грамадзтва. Зважаючы на не заўсёды маральную палітычную рэальнасьць, толькі такім чынам можна легітымаваць маральныя паводзіны як рацыянальныя.
Для Гегеля грамадзкая думка, з аднаго боку, таксама становіць сабой пробны камень праўды; але заразом ён дыялектычна падкрэсьлівае ў ёй суб’ектыўна-выпадковы элемэнт чыстага меркаваньня, бо ён ужо не падзяляе тэзу аб тым, што буржуазнае грамадзтва, атрыбутам якога ёсьць грамадзкая думка, паводле эканамічнай тэорыі Сміта квазінатуральна імкнецца да гарманійнага стану самарэгуляцыі, а лічыць, што яно характарызуецца патэнцыйнай анархіяй і клясавай канфрантацыяй індывідуальных уласьніцкіх інтарэсаў, якія могуць быць урэгуляваныя і скіраваныя на ўсеагульны дабрабыт толькі ўсталяванай над буржуазным грамадзтвам дзяржавай. Згодна з гэтым, грамадзкая думка ёсьць рацыянальнай толькі ў рамках дзяржаўнай парадыгмы; у пазьнейшыя часы для абгрунтаваньня цэнзуры прэсы ў ліку іншага выкарыстоўвалася і гэтая аргумэнтацыя.
Магчымасьць адыходу цэлых грамадзтваў да дарацыянальных стадыяў разьвіцьця (нацыянал-сацыялізм), але таксама і растучыя падзел працы і сэгмэнтацыя індустрыялізаваных у высокай ступені грамадзтваў выбілі эмпірычную глебу з-пад тэарэтычных раньнелібэральных уяўленьняў аб рацыянальнай, беспасярэдняй грамадзкай думцы, якая ахоплівае ўсіх адукаваных людзей. У дадатак да гэтага, у сэкулярызаваных грамадзтвах дзейныя «праўды», на аснове якіх можа быць дасягнуты грамадзкі кансэнсус, зводзяцца да неабходнага для сацыяльнага функцыянаваньня мінімуму (якраз гэтым і абумоўленая іхная засяроджанасьць на свабодзе). З гэтай прычыны грамадзкая думка ў раньнелібэральным сэнсе, як сродак разважлівага разьвіцьця агулнапрынятых уяўленьняў пра ўсеагульны дабрабыт, у пэўнай меры страціла свой зьмест. Першапачатна рэвалюцыйная ці, прынамсі, крытычная да ўлады раньнебуржуазная мадэль грамадзкай думкі сёньня раптам стаецца аўтарытарнай, як, напрыклад, у выказваньні Геніса (1957), які мяркуе, што грамадзкая думка абмяжоўваецца меркаваньнямі найразумнейшых, наймаральнейшых і найбольш інфармаваных грамадзянаў, якія павінны змагацца за «праўду» — што б яна сабой ні ўяўляла.
Падобным чынам тэорыя грамадзкай камунікацыі, паводле Габэрмаса, таксама можа прывесьці да аўтарытарных высноваў у тым сэнсе, што грамадзяніна ў большай альбо меншай меры прымушаюць да ўдзелу ў публічным дыскурсе, хоця ён хоча засяродзіцца на прыватным жыцьці (калі праца ўвогуле пакідае яму час на гэта); яго прымушаюць да эманцыпацыі, хоць ён адносна задаволены; а ў мас-мэдыях навязваюцца (уяўна) адукацыйныя, палітычныя праграмы, тады як ён хоча забаўляцца і адпачываць ад працы.
Канцэпцыя грамадзкай думкі, арыентаваная на тэарэтычную сыстэму, і канцэпцыя грамадзкай думкі, арыентаваная на пасярэдніцтва
Каб пазьбегчы гэткіх імплікацыяў неадэкватнага пераносу тэорыі мінулых часоў на моцна зьмененыя сацыяльна-эканамічныя варункі, Люман распрацаваў праект заснаванай на тэарэтычнай сыстэме канцэпцыі фэномэну грамадзкай думкі: з прычыны звышкомплекснасьці і варыябэльнасьці сёньняшніх сацыяльных сыстэмаў чалавечае ўспрыманьне і паводзіны, таксама як і сама сыстэма, дзеля магчымасьці арыентацыі і аптымальнага самакіраваньня вымушаныя зьмяншаць гэтую комплекснасьць. Гэтая рэдукцыя ў грамадзкай думцы функцыянальна дасягаецца тым, што ў цэнтры яе ўвагі заўсёды знаходзіцца абмежаванае кола тэмаў:
«Пад «тэмамі» мы разумеем пэўныя, у большай альбо меншай меры нявызначаныя і здольныя да разьвіцьця сэнсавыя комплексы, пра якія можна гаварыць і мець аднолькавыя, але таксама і розныя меркаваньні: надвор’е, новы аўтамабіль суседа, узьяднаньне, ..., рост цэнаў... Яны ўмагчымляюць супольны зварот да ідэнтычнага сэнсу і прадухіляюць узаемнае неразуменьне паміж суразмоўцамі» (Luhmann 1974, S. 32).
Такім чынам, грамадзкая думка, кансэнсус і сацыяльная інтэграцыя цяпер рэалізуюцца толькі праз адзінства тэмаў, а не праз адзінства думак. Пры гэтым утварэньне тэмаў праходзіць тыповыя фазы, пачынаючы ад фазы лятэнтнасьці, у якой тэма вядомая толькі малому колу зацікаўленых (напрыклад, у рамках прафэсійнай дыскусіі ў пэўных спэцыялізаваных часопісах), праз публічны «прарыў» і ягоную інстытуцыялізацыю да вычарпаньня актуальнасьці тэмы ўрэшце. В.Шульц больш падрабязна, з дапамогай аналізу зьместу, эмпірычна распрацаваў фактары, якія ўдзельнічаюць у вырашэньні таго, ці «прымаецца» пэўная тэма ў грамадзкую думку і калі прымаецца, дык калі (прыкладам, сувязь з ужо ўведзенай тэмай; культурная блізіня).
Выходзячы зь іншай пэрспэктывы, а менавіта з гледзішча Арыстотэлевага разуменьня навукі і палітыкі, прадстаўнікі так званай мюнхенскай школы журналістыкі (О.Грот, Г.Вагнэр, Г.Штаркула старэйшы) прыйшлі да высновы, што ў грамадзтвах з моцна разьвітым падзелам працы сацыяльная камунікацыя магчымая толькі на аснове адмысловай сацыяльнай дыфэрэнцыяцыі мэдыяў, якія служаць (павінны служыць) толькі для перадачы думкі. Падобна таму, як мэдыі былі сканцэнтраваныя ў своеасаблівую сыстэму і партнэры па камунікацыі — зь першапачатных купак дыскутуючых на вясковым пляцу былі сканцэнтраваныя ў вялікія грамадзкія партыі і грамадзкія аб’яднаньні, якія абменьваюцца сваімі паглядамі ў мэдыях. У якасьці эмпірычнай канстатацыі, але і ў якасьці нарматыўнага патрабаваньня масавая камунікацыя тут канцэптуалізуецца як гістарычны працяг і аналяг камунікацыі сам-насам — якая даўней рэалізоўвалася, напрыклад, у форме простай аргумэнтацыі на agora грэцкага polis. Аналіз такіх беспасярэдніх камунікацыяў паказвае — паводле, напрыклад, Г.Вагнэра — што па пэўнай тэме ўтвараецца толькі абмежаваная колькасьць меркаваньняў. У вялікіх грамадзтвах гэтыя меркаваньні агучваюцца прадстаўнікамі (старшынямі партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў), так што згаданая размова на рынкавай плошчы ў маштабе ўсяго грамадзтва можа сымулявацца ў мэдыях. Натуральна, у якасьці перадумовы для гэтага неабходна, каб самі мэдыі не ставаліся партнэрамі дыскусіі, прадстаўнікамі пэўнага боку, а займаліся сваёй першаснай задачай: адлюстраваньнем пазыцыяў усіх сацыяльных партнэраў: «Масавая камунікацыя — гэта адзін са спосабаў сацыяльнай часавай камунікацыі, які зьяўляецца і выкарыстоўваецца там, дзе «натуральны сацыяльны мэдыюм — мова» — ужо ня здольны забясьпечыць паўнавартага абмену паміж усімі партнэрамі, і таму адзінства і адначаснасьць камунікацыі могуць быць дасягнутыя толькі праз трансфармацыю... размовы сучасьнікаў у апасродкаваную тэхнічнымі мэдыюмамі» (Wagner 1978, S. 136).
Аднак гэтую канцэпцыю, хай нават і вельмі вартую ўхвалы ў нарматыўным сэнсе, нельга ўжываць у якасьці эмпірычнага апісаньня сучаснага стану камунікацыі, прыкладам, у ФРН; сыстэмна-тэарэтычныя абстракцыі Люмана таксама ня здольныя цалкам раскрыць фэномэну масавай камунікацыі пры дапамозе празьмерна гладкай фармулёўкі «рэдукцыя комплекснасьці».
Падыходы, арыентаваныя на мэдыі, і падыходы, арыентаваныя на рэцыпіента
Беручы пад увагу сказанае вышэй, з гледзішча стратэгіі дасьледаваньня будзе мэтазгодна вызначыць паняцьце грамадзкай думкі на ніжэйшым узроўні навуковай генэралізацыі. У гэтым выпадку грамадзкую думку без абмежаваньня яе як думкі гіпатэтычна адукаваных людзей мы будзем разумець як, паводле Г.Шмітхена, «агрэгатны стан суаднесеных фэномэнаў — нешта, што палітычна існуе толькі ў пэўных адносінах паміж уладай і народам... Грамадзкая думка ёсьць карэлятам улады» (1959, S. 255, № 8). Грамадзкая думка ўлучае ў сябе як тое, што выяўляецца ў мас-мэдыях, так і спосабы паводзінаў, рэакцыі і настроі ўсяго насельніцтва, якія фіксуюцца праз дэмаскапію — у тым выпадку, калі яны ўтрымліваюць учынкі і выказваньні, якія пэўным чынам датычаць палітычнай сыстэмы.
Магчымыя функцыі і ўзьдзеяньні, спэцыфічныя для мас-мэдыяў, на пачатку найлепш акрэсьліць тыпалягічна: Ронэбэргер тут адрозьнівае (1) функцыю ўсталяваньня галоснасьці; (2) функцыю палітычнай сацыялізацыі; (3) функцыю кантролю ў дачыненьні да існуючай палітычнай сыстэмы; (4) агульную адукацыйную і выхаваўчую функцыю (Ronneberger 1974, S. 195—203). Дадаткова, у беспасярэдняй сувязі з палітычнай сыстэмай, рэлевантныя: рэсурсавая функцыя як прадстаўленьне інфармацыі для палітычнай сыстэмы і для шырокай грамадзкасьці, інавацыйная функцыя як рэалізацыя зьменаў у палітыцы і грамадзкасьці шляхам інтэнсіўных кампаній у мас-мэдыях; апэратыўная функцыя як ужыцьцё мэдыяў для сваіх мэтаў палітыкамі і грамадзкімі арганізацыямі («пробныя шары», кампаніі на пэўную тэму і да т.п.; параўн. Wittkämper / Bellers u.a. 1986, S. 91).
Аналізуючы ўзаемадачыненьне палітыкі, мас-мэдыяў і грамадзкай думкі — а менавіта яно найбольш цікавіць палітоляга, — трэба выходзіць з таго, што палітыка, у гэтым кантэксьце: носьбіты палітычных рашэньняў дзейнічае згодна з пэўнымі сытуацыйнымі дэфініцыямі (уяўленьнямі пра навакольны сьвет), на якія, разам з шматлікімі іншымі ўплывамі (грамадзкіх арганізацыяў, партыяў, іншых урадаў і г.д.), могуць таксама ўплываць мас-мэдыі. Бо паводле прынцыпу вызначэньня парадку дня (agenda-settіng) камунікацыйнай тэорыі важнай функцыяй асьвятленьня падзеяў у мэдыях зьяўляецца канструяваньне сацыяльныя настроі, г.зн. фармаваньне сытуацыяў шляхам акцэнтаваньня альбо замоўчваньня (settіng) пэўных тэмаў (agendas); структура ўвагі і сытуацыйныя настроі ў грамадзтве, а таксама ў сьвядомасьці носьбітаў рашэньняў, фармуюцца адпаведна з выбарам тэмаў (параўн. Shaw / McCombs 1977).
Аднак з прычыны таго, што носьбітаў рашэньняў нельга залічаць да шырокай публікі (іхная блізіня да першаснай палітычнай рэальнасьці нашмат большая, бо вялікую частку гэтай палітыкі яны робяць самі), можна прыпусьціць, што асьвятленьне падзеяў наўпрост, праз выбар тэмаў, уплывае на сытуацыйныя настроі носьбітаў рашэньняў ня толькі праз рэсурсавую функцыю; носьбіты рашэньняў могуць, паводле прынцыпу users-and-gratifіcatіon тэорыі камунікацыі (Blumler / Katz 1974), выкарыстоўваць асьвятленьне падзеяў у мэдыях для таго, каб уведваць, што ведае шырокая публіка. (З увагі на тое, што структура тэмаў у грамадзкай думцы папярэдне фармуецца, у ліку іншага, мас-мэдыямі.) Бо носьбіты рашэньняў у дэмакратычнай сыстэме павінны арыентавацца, у ліку іншага, таксама і на веды і тэматычную структуру ўвагі грамадзтва, інакш яны рызыкуюць пацярпець паразу на наступных выбарах у выніку ігнараваньня (тэматычных) інтарэсаў электарату (= агульнай аўдыторыі мас-мэдыяў). Праз гэты апасродкаваны мэханізм мэдыі ў пэўных выпадках могуць рабіць інавацыйнае ўзьдзеяньне. (Адылі носьбіты рашэньняў могуць апэратыўна выпраўляць становішча, інсцэнуючы тэмы і дзеяньні, якія тады адлюстроўваюцца ў мас-мэдыях і ў сытуацыйных настроях шырокай грамадзкасьці.)
Эмпірычныя дасьледаваньні гэтай тэмы пацьвердзілі, што мэдыі вышэйапісаным чынам зьмяняюць працэсы прыняцьця палітычных рашэньняў (напрыклад, ува ўсходняй палітыцы 1970—1973 гадоў). Пры гэтым, праўда, трэба зважаць на лятэнтнае ўзаемадзеяньне паміж журналістамі і носьбітамі рашэньняў (прынамсі, у межах Бону): мэдыі часам уплываюць на палітычных актораў толькі пасьля таго, як тыя іх як сьлед накормяць.
Да падобнай высновы, але на грунце іншай канцэпцыі, прыходзіць Ноэле-Нойман: людзі, вельмі праўдападобна, здольныя даволі дакладна ацэньваць думкі свайго асяродзьдзя з гледзішча іх падтрымкі бальшынёй ці меншынёй, баючыся апынуцца ў ізаляцыі, не рашаюцца адкрыта далучыцца да фракцыі меншыні, у выніку чаго ўсчынаецца працэс, узмоцнены мас-мэдыямі, цягам якога бальшыня свабодна выказвае свае думкі, выступае як пераможца і таму ўсё больш павялічваецца, тады як меншыня маўчыць і ў выніку гэтага ўзрастаючага маўчаньня дзейнічае экспансіўна («сьпіраль маўчаньня»), стаецца ўсё меншай. У гэтым працэсе Ноэле-Нойман знайшла пацьверджаньне выказванага яшчэ Русо і Локам меркаваньня аб тым, што грамадзкая думка палягае, у ліку іншага, у падштурхоўваньні індывідаў да пэўных паводзінаў нават супраць іх волі. Так зразуметая грамадзкая думка — гэта меркаваньне на пэўную спрэчную тэму, у падтрымку якога можна выказвацца, не трапляючы ў ізаляцыю (Noelle-Neumann 1980, S. 91).
Палітолягі і дасьледнікі журналістыкі асабліва актыўна займаліся ўзьдзеяньнем мас-мэдыяў у сувязі зь перадвыбарнай барацьбой. У гэтым абсягу вялікую ўвагу заўсёды прыцягвалі да сябе тэледэбаты паміж амэрыканскімі кандыдатамі ў прэзыдэнты як эфэктыўны сродак узьдзеяньня на публіку. Аднак няправільна было б разумець узьдзеяньне як просты мэханізм кшталту раздражненьне — рэакцыя (СМІ — публіка), яно адбываецца — калі наагул адбываецца — у апасродкаваным і фільтраваным рознымі прамежкавымі інстанцыямі выглядзе (запраграмаваныя пераменныя; параўн. Hackforth 1976, S. 121 ff). Спачатку перадвыбарная агітацыя і інфармацыя з мас-мэдыяў выбарачна ўспрымаюцца рэцыпіентам у адпаведнасьці зь ягонымі індывідуальнымі палітычнымі сымпатыямі, прычым індывіды з ужо сфармаванымі палітычнымі паглядамі найбольш здольныя супраціўляцца спробам уплыву, з той прычыны, у ліку іншага, што яны аддаюць перавагу такой інфармацыі, якая пацьвярджае іх уласную пазыцыю (эфэкт узмацненьня праз мэдыі). Калі іх настрой яшчэ можна зьмяніць, дык найхутчэй праз (сымулявана) просты асабісты кантакт, і таму перадвыбарная агітацыя ў мас-мэдыях імкнецца рэпрадукаваць гэты асабовы элемэнт (кандыдат зь сям’ёй і г.д.). Удзельнікі перадвыбарнай барацьбы зьвяртаюцца перадусім да так званых лідэраў думак (opіnіon leader), якія, лічацца, валодаюць палітычнай кампэтэнцыяй у абсягу міжасабовай камунікацыі і на гэтай падставе, нібы «брамнікі» (gate-keeper), прапускаюць і распаўсюджваюць у сваёй групе выбраную з мас-мэдыяў інфармацыю як вельмі вартую даверу, дасягаючы ня столькі зьмены меркаваньня, колькі ягонай стабілізацыі, гэтаксама як і перадвыбарная агітацыя наагул у меншай меры мае функцыю зьмяненьня думкі, чымся функцыю мабілізацыі собскіх прыхільнікаў.
Такім чынам, уплыў лідэраў думак абмежаваны, бо рэцыпіенты разам з апасродкаванай атрымліваюць інфармацыю і беспасярэдне з мас-мэдыяў, а яшчэ яны інтэграваныя ў першасныя групы (сям’я, кола сяброў і г.д.), якія маюць моцны ўплыў на меркаваньне і амартызуюць узьдзеяньне, альбо нават маніпуляцыю, з боку мас-мэдыяў. Аднак выбарачныя мэханізмы рэцыпіента што да сродку масавай інфармацыі могуць часова выключацца. Гэта адбываецца, калі (1) сродак інфармацыі тэматызуе новую праблему, да якой дагэтуль не было папярэдне сфармаваных стаўленьняў (перадусім тады, калі тэма асьвятляецца тэлебачаньнем, якое, дзякуючы ўяўна ўласьцівай яму абсалютнай аб’ектыўнасьці, карыстаецца сярод СМІ найбольшым даверам), і (2) калі рэцыпіенты апынаюцца ў сытуацыі супярэчнасьці ляяльнасьцяў (cross-pressures, напрыклад, калі патрабаваньні собскай групы сацыяльнага паходжаньня супярэчаць прафэсійным патрэбам), якія выкліканай гэтым становішчам няпэўнасьцю робяць іх больш адкрытымі што да вонкавых уплываў.
Патэнцыял узьдзеяньня мас-мэдыяў вырастае, калі (як у аўтарытарных і таталітарных сыстэмах) крыніцы інфармацыі манапалізуюцца на ўсіх сацыяльных узроўнях (міністэрства прапаганды, блёкварт[1] і да т.п.). Адылі дасьледаваньне ўзьдзеяньня СМІ наагул яшчэ знаходзіцца ў вельмі неакрэсьленым стане, што адлюстроўваюць вынікі дасьледаваньняў узьдзеяньня зьместаў масавай камунікацыі, якія паказваюць гвалт (параўн. Kunczik 1975). Ёсьць чатыры канкурэнтныя гіпотэзы, і ўсе яны, як падаецца, маюць пэўнае эмпірычнае пацьверджаньне: (1) тэзыс катарсысу, згодна зь якім успрыманьне паказаў гвалту зьмяншае імпульсы да агрэсіўных дзеяньняў; (2) тэзыс забароны, згодна зь якім паказ гвалту выклікае страх перад агрэсіяй і памяншае гатоўнасьць да агрэсіўных дзеяньняў; (3) тэзыс стымуляцыі, згодна зь якім паказ гвалту выклікае агрэсію; (4) тэзыс прызвычайваньня, згодна зь якім у рэцыпіента, які ад сталага паказу гвалту прывыкае да яго, трывала зьніжаецца тармазны парог перад ужыцьцём гвалту.
Палітычныя і сацыяльныя ўзьдзеяньні сродкаў масавай інфармацыі аналізаваліся ня толькі з гледзішча іхнага ўплыву на асобнага рэцыпіента, але таксама і з гледзішча трансфармацыі грамадзтва ў цэлым (перадусім у так званых разьвіваных краінах) з традыцыйна-аграрнага ў індустрыйна-мадэрнае ці нават постмадэрнае (гл. найперш агляд Kunczik 1979, S. 37). Асабліва вартая згадкі праца Д.Лернэра (1958), які на грунце карэляцыйна-статычных дасьледаваньняў падкрэсьліваў значэньне ўзрастаючай псыхічнай мабільнасьці і гнуткасьці насельніцтва разьвіваных краінаў, што было вынікам росту інфармаваньня жыхароў шляхам укараненьня мас-мэдыяў (перадусім радыё) як унёску ў працэс мадэрнізацыі і дынамізацыі даўней статычных грамадзтваў.
Зь іншага боку, цьверджаньні Лернэра пра эпахальную ўзаемасувязь індустрыялізацыі, урбанізацыі, пераадоленьня непісьменнасьці і ўводжаньня мас-мэдыяў эмпірычна былі пастаўленыя пад пытаньне (Алькер, Шрам). Праўдападобна, пры гэтым не была дастаткова адлюстраваная роля палітычнай сыстэмы як вызначальнай пераменнай, ад якой найперш залежаць аб’ём і дзейснасьць мас-мэдыяў у пэўнай краіне. Аднак калі ў пэўнай краіне палітычная эліта прыняла рашэньне будаваць і пашыраць сыстэму мас-мэдыяў, то ўплыў гэтай сыстэмы трэба кваліфікаваць як вялікі, таму што ў грамадзтвах на стадыі трансфармацыі ўзьнікаюць шматлікія сытуацыі, якія характарызуюцца наяўнасьцю cross-pressure і ў якіх мас-мэдыі могуць быць асабліва дзейснымі. Тут трэба адзначыць небясьпеку, якая апошнім часам абмяркоўвалася на канфэрэнцыях ЮНЭСКА: небясьпеку дамінаваньня ў разьвіваных краінах заходне-індустрыялісцкіх мас-мэдыяў, якія пагражаюць абудзіць у гэтых недастаткова разьвітых краінах сацыяльна неадэкватныя структуры сьвядомасьці і патрэбы (спажывецкія настроі ўва ўмовах галечы), што прыводзіць да выкліканага мас-мэдыямі вышэйшага ўзроўню запатрабаваньняў, які можа дэстабілізаваць палітычныя і сацыяльныя сыстэмы гэтых краінаў. Аднак запабягаць гэтым наступствам дзейнасьці СМІ дзеля захаваньня ўлады пэўных элітаў не дазваляе праводная ідэя свабоды інфармацыі.
Другі акцэнт у дасьледаваньні фактару мас-мэдыяў у працэсе сацыяльнай трансфармацыі ўтвараюць дасьледаваньні дыфузіі інавацыяў, якія рабіліся ў самых розных галінах навукі (ад аграрнай сацыялёгіі да псыхалёгіі). Праўда, у фазах прыняцьця інавацыі індывідам (азнаямленьне, зацікаўленасьць, ацэнка, апрабацыя, прыняцьцё) адназначны прыярытэт мае міжасабовая камунікацыя; але мас-мэдыі, перадусім у фазах 1 і 2, таксама адыгрываюць пэўную ролю.
Дасьледаваньне ўплыву мас-мэдыяў апошнім часам сутыкнулася зь неабходнасьцю крытычнага разгляду альтэрнатыўных падыходаў, якія — перакульваючы даўнейшую пэрспэктыву — ставяць пытаньне аб тым, што робіць з мэдыямі рэцыпіент, зразуметы як актыўны інтэрпрэтатар (прынцып users-and-gratіfіcatіon), а не аб тым, што мэдыі робяць з рэцыпіентам. З гледзішча стратэгіі дасьледаваньня з прагматычных меркаваньняў варта разьвіць абодва кірункі — як засяроджаны на рэцыпіенту, так і засяроджаны на мэдыях, — бо надзвычай імаверна і нават пацьверджана досьведам, што яны не выключаюць, а ўзаемна дапаўняюць адзін аднаго.
3. Пытаньні камунікацыйнай палітыкі
Фазы камунікацыйнай палітыкі
Значнасьць мас-мэдыяў ува ўсе часы рабіла іх прадметам палітычнага рэгуляваньня. У залежнасьці ад палітычнай сыстэмы і палітычнага сьветапогляду можна адрозьніваць наступныя магчымасьці ўмяшаньня дзяржавы, скіраванага на нарматыўнае і абумоўленае інтарэсамі рэгуляваньне арганізацыі, работы і тэхналёгіі камунікацыі (= камунікацыйнай палітыкі) (параўн. Kommunikationspolitik, in: Koszyk / Pmys 1976, S. 159–165):
Абсалютысцкая камунікацыйная палітыка (фаза 1). Гэтая палітыка ажыцьцяўляецца не легітымаванай ані дэмакратычна, ані станава («абсалютнай») уладай. Раньнюю прэсу, якая ўсьцяж разьвівалася, перадусім сіламі буржуазіі, у XVII—XVIII стагодзьдзях, абсалютысцкая палітыка разглядала як падпарадкаваную дзяржаўнаму прымату і манаполіі.
Ужо ў рамках імпэратарска-каталіцкай контрарэфармацыі XVI стагодзьдзя былі ўведзеныя папярэдняя цэнзура (1529), індэксы забароненых выданьняў (1540, 1559), а таксама абавязак дзяржаўнай канцэсіі (1570–71). Пазьней зьявіліся: магчымасьць забароны прафэсіі для журналістаў, падаткі на прэсу, абавязковы задатак, забарона імпарту, фізычныя пакараньні, турэмнае зьняволеньне і г.д. (параўн. Noelle-Neumann 1971, S. 249), так што пачатак газэтнай справы ёсьць і пачаткам барацьбы за свабоду прэсы, якая была важным патрабаваньнем усіх буржуазных рэвалюцыяў XVIII і XIX стагодзьдзяў.
Аднак буржуазія XIX стагодзьдзя, асабліва ў Нямеччыне ў выніку рэвалюцыі 1848 году і заснаваньня Бісмаркам адзінай дзяржавы ў 1870—1871 годзе, дасягнула толькі палавіністага посьпеху. Яна мусіла дзяліць уладу з арыстакратамі, пакідаючы за сабой у якасьці першаснай сфэры ўплыву эканамічную сфэру і аддаючы арыстакратам і манархіі палітычную сфэру, якая б рэглямэнтавалася толькі канстытуцыяй. У абсягу прэсы гэтая фаза, так званая канстытуцыяналісцкая камунікацыйная палітыка, прывяла да таго, што дзяржава адступіла ад сфэры СМІ, дзяржаўныя ўмяшаньні былі зьведзеныя да мінімуму (імпэрскі закон аб прэсе ад 1874 году: скасоўваецца інстытут эканамічнай канцэсіі, канфіскацыі абмяжоўваюцца строга вызначанымі рамкамі і г.д.), а буржуазіі і новапаўсталаму рабочаму руху даваліся досыць шырокія магчымасьці для свабоднага прасоўваньня сваіх выданьняў. У кантэксьце ўсеагульных сацыяльна-эканамічных працэсаў (індустрыялізацыі) гэта ўвасобілася ў моцны рост так званай масавай прэсы (Шэрль, Ульштайн, Мосэ[2]), шматлікіх партыйных газэтаў, а таксама надпартыйнай папулярнай прэсы (гэта стала магчымым, разам зь іншым, дзякуючы вынаходніцтву ў 1860 годзе рататарнага друку). Адылі разам зь нерэгуляваным, чыста лібэральным рынкам прэсы і — з 20-х гадоў — радыё паўстала заўсёдная небясьпека манапалізацыі гэтага рынку некалькімі выдаўцамі, якую перадусім ілюструе падчас Ваймарскай рэспублікі «прэсавая імпэрыя» нямецкага палітыка і выдаўца Альфрэда Гугенбэрга, які злоўжываў сваёй эканамічнай і публіцыстычнай уладай, каб рабіць на грамадзкасьць адпаведны ягоным собскім паглядам палітычны ўплыў.
Тым самым ужо ў лібэральнай Ваймарскай рэспубліцы былі закладзеныя пачаткі таталітарнай камунікацыйнай палітыкі (фаза 3), якая практыкавалася пры нацыянал-сацыялізьме пры міністру прапаганды Гёбэльсу (пры эфэктным узмацненьні новым, асабліва дзейсным у якасьці інструмэнту рытарычнага ўзьдзеяньня сродку масавай інфармацыі — радыё). Пры нямецкай таталітарнай сыстэме заданьнем СМІ, якое ставілася дзяржавай і / альбо партыяй, было ператварэньне грамадзкай сьвядомасьці ў патрэбным рэжыму духу. Для рэалізацыі гэтай мэты шырока ўжывалася практыка закрыцьця альбо значнай пераарыентацыі апазыцыйных газэтаў і часопісаў, а журналісты сілком былі аб’яднаныя ў прэсавую гасподу райху, у якую дапускаліся толькі «арыйскія» і палітычна «добранадзейныя» журналісты (паводле «Закону аб рэдактарах» ад 1 студзеня 1934 году). Тым самым усім іншым журналістам забаранялася займацца іхнай прафэсійнай дзейнасьцю. За часоў Трэцяга райху вялікая частка прэсы паступова перайшла ўва ўласнасьць НСРПН. Штодзённае асьвятленьне апошніх падзеяў цалкам рэгулявалася так званымі ўстаноўкамі міністэрства прапаганды, якія былі абавязковымі для паведамленьня навінаў і рэдакцыйных камэнтароў.
З гледзішча арганізацыі прынцыпова аналягічнай зьяўляецца камуністычная камунікацыйная палітыка, хоць яна і мае зусім іншае зьместавае напаўненьне. Паводле Леніна, прэса павінна быць калектыўным агітатарам, арганізатарам і прапагандыстам, яна павінна перавыхоўваць «масы» і дапамагаць у стварэньні новага, сацыялістычнага тыпу людзей. Камуністычная камунікацыйная палітыка спрабуе нават кіраваць міжасабовай камунікацыяй, пры дапамозе народных і рабочых карэспандэнтаў, а таксама дзякуючы забароне праслухоўваньня «заходніх радыёстанцыяў» і да т.п. Тое, што таталітарныя спробы маніпуляцыі гэткага кшталту дасягаюць адно частковага посьпеху, паказвае рух супраціву ў Трэцім райху, а ўва ўсходнім блёку — перадусім супраціў з боку групаў з традыцыйнай сацыяльнай ідэнтычнасьцю (напрыклад, каталіцызм).
Верагодна, усьведамленьне гэтай абмежаванай эфэктыўнасьці было адным з фактараў, якія падштурхнулі аўтарытарную камунікацыйную палітыку (фаза 4), як у позьняй франкісцкай Гішпаніі альбо ў Бразыліі зь яе тэхнакратычнай ваеннай дыктатурай, адмовіцца ад таталітарнай апрацоўкі грамадзтва мэдыямі і здаволіцца ляяльным да рэжыму асьвятленьнем падзеяў, межы якога акрэсьліваюцца папярэдняй і / ці наступнай цэнзурай (параўн. Koschwitz 1974, S. 132 ff).
Свабода прэсы
Таталітарная і аўтарытарная камунікацыйная палітыка, несумяшчальная з духам свабоды і канстытуцыйнасьці, а таксама наступствы чыста лібэралісцкай камунікацыйнай палітыкі, якая пакідае мэдыі на волю эканамічных прынцыпаў рынку, прывялі ў ФРН да ўсталяваньня дэмакратычнай сацыяльна адказнай камунікацыйнай палітыкі (фаза 5), у якой сыстэму СМІ належыць ахоўваць ня толькі ад дзяржаўнага ўмяшаньня, але і ад недзяржаўных, прыватна-эканамічных уладных фактараў (канцэнтрацыя прэсы), якія павінны нэўтралізавацца адмысловымі захадамі дэмакратычна легітымаванай дзяржавы. У адпаведнасьці з гэтым, артыкул 5 Асноўнага закону гарантуе ня толькі свабоду меркаваньняў і інфармацыі як правоў асобных грамадзянаў («Асноўнае права на свабоднае выказваньне думкі...; [права] ...бесьперашкодна карыстацца інфармацыяй з агульнадаступных крыніц...»), але таксама і — у адрозьненьне ад канстытуцыі Ваймарскай рэспублікі — свабоду прэсы і ўсіх іншых мэдыяў у іх цэласьці дзеля забесьпячэньня іхнага функцыянаваньня як неад’емнага інстытуту дэмакратычнай дзяржавы (параўн. Schneider 1968, S. 43 ff). Падваліны гэтай інстытуцыйнай гарантыі палягаюць у забароне папярэдняй цэнзуры, г.зн. цэнзуры зьместу мэдыяў перад іх выданьнем. Праўда, пасьля іх выданьня магчымы кантроль з боку пракуратуры на прадмет таго, ці не супярэчаць яны патрабаваньням Крымінальнага і Грамадзянскага кодэксаў (Закону аб ахове моладзі і да т.п.); наагул, бальшыня вызначэньняў артыкулу 5 мае сілу толькі з той засьцярогай, што яны дадаткова рэгулююцца асобнымі законамі. Ёсьць яшчэ законы, якія гарантуюць свабоду СМІ праз наданьне журналістам спэцыфічных праўных прывілеяў: улады адмыслова абавязаныя прадастаўляць журналістам інфармацыю; праўда, паміж двума бакамі часта ўзьнікаюць спрэчкі што да межаў гэтай інфармацыі. Адылі ў немалой колькасьці выпадкаў мэдыі гатовыя да самаабмежаваньня ў выкарыстаньні сваіх правоў (напрыклад, так было пры адмове інфармаваць грамадзкасьць падчас выкраданьня Шлеера[3]). Увогуле, мэдыі імкнуцца апераджаць дзяржаўнае ўмяшаньне ў рамках законаў і ў рамках інстытуцыйных гарантыяў, робячы ўласныя захады для самакантролю і самаабмежаваньня (прыкладам, празь Нямецкую раду ў пытаньнях СМІ). Яшчэ адным важным дапаможным сродкам для журналісцкіх расьсьледаваньняў зьяўляецца замацаванае ў п. 53 Крымінальнага кодэксу права адмовіцца сьведчыць і адказваць на пытаньні суду «пра асобу аўтара, адпраўніка альбо крыніцу публікацыі крымінальнага зьместу», што датычыць выпадку, калі наяўная публікацыя крымінальнага зьместу і рэдактар быў пакараны альбо знаходзіцца пад пагрозай пакараньня за гэтую публікацыю.
Правы мас-мэдыяў ураўнаважаныя адмысловымі абавязкамі. За імі юрыдычна замацаванае «грамадзкае заданьне» абароны справядлівых інтарэсаў - пры ўмове не раскрываць больш чымся неабходна сфэру прыватнага жыцьця, — які разам зь іншым рэалізуецца ў крытычным разглядзе ў СМІ якасьці вырабаў («таварны тэст»), у крытыцы выканаўчай і заканадаўчай уладаў, а таксама ў забесьпячэньні публічнасьці судовых працэсаў і ў крытыцы судовых пастановаў. Да заданьняў мэдыяў не ў апошнюю чаргу належыць узаемная крытыка мэдыямі адно аднаго, але законам гэта не рэгулюецца. Зь іншых абавязкаў трэба назваць наступныя: (1) распаўсюджваць навіны толькі пасьля праверкі іхнай праўдзівасьці, зьместу і паходжаньня (абавязак руплівасьці); (2) ураўнаважваць свае цьверджаньні аб фактах публікацыяй апісаньняў адпаведных фактаў з пунктаў гледжаньня супрацьлеглых бакоў, якіх гэтыя факты датычаць (як прыватных асобаў, так і грамадзкіх установаў). Праўда, рэдакцыі зноў-такі могуць дадаваць да допісу супрацьлеглага боку свой камэнтар.
Свабода сродкаў масавай інфармацыі ў ФРН зазнала сур’ёзную праверку падчас справы «Шпігеля» ў 1962 годзе, калі з прычыны публікацыяў часопісу пра зімовыя манэўры НАТО фэдэральная пракуратура загадала канфіскаваць нумар часопісу на падставе абвінавачваньня ў зрадзе Радзімы. Юрыдычны бок справы палягаў у спрэчцы аб тым, ці ёсьць зрадай Радзімы публікацыя набору фактаў, якія паасобку былі ўжо вядомыя, але пададзеныя як цэлае дазваляюць зрабіць з гэтай мазаікі новыя высновы (тэорыя мазаікі).
Адвод гэтых закідаў Канстытуцыйным судом і палітычныя наступствы справы «Шпігеля» для тагачаснага фэдэральнага міністра абароны Штраўса можна кваліфікаваць як значную перамогу свабоды СМІ ў ФРН. Нягледзячы на тое, што напачатку свабода прэсы ў Фэдэратыўнай Рэспубліцы абмяжоўвалася хаўрусьніцкай сыстэмай ліцэнзаваньня і кантролю часоў акупацыі (у тым ліку папярэдняй ды наступнай цэнзурай), але ў далейшым, дарма што некаторыя старыя выдаўцы нацыянал-сацыялістычнага часу здолелі аднавіць свае газэты, у краіне разьвілася сыстэма мас-мэдыяў з шырокім спэктрам меркаваньняў, якая ўпаасобку характарызуецца штотыднёвікамі, што маюць таксама і палітычны ўплыў (Spiegel, Die Zeit), і з прычыны адсутнасьці сталічных СМІ і слабога разьвіцьця партыйнай прэсы вызначаецца пяцьма надрэгіянальнымі газэтамі (Die Welt, Frankfurter Allgemeine, Frankfurter Rundschau, Stuttgarter Zeitung, Süddeutsche Zeitung) і масавай газэтай Bild зь вялікім накладам (параўн. Meyn 1979, S. 40).
Яшчэ адна асаблівасьць рынку камунікацый ФРН — гэта ў прынцыпе адпаведная інтарэсам грамадзтва форма арганізацыі радыёвяшчаньня і тэлебачаньня. З прычыны абмежаванай дагэтуль колькасьці свабодных частот стварэньне свабоднага рынку электронных мэдыяў, накшталт рынку ў прэсавай справе, было немагчымым (у прэсавай справе, прынамсі, кажная вялікая грамадзкая арганізацыя і кажная вялікая партыя маюць эканамічную і праўную магчымасьць выдаваць газэту альбо часопіс дзеля пашырэньня сваіх поглядаў); таму Канстытуцыйны суд 28.02.1961 году пастанавіў, што інстытуцыйная гарантыя артыкулу 5 Асноўнага закону ў гэтай сфэры заслугоўвае асаблівай увагі і што праграмы рэгіянальных станцыяў (ад Брэмэну да Баварыі), а таксама фэдэральнага Другога нямецкага тэлеканалу, «Нямецкай хвалі» і Нямецкага радыё павінны кантралявацца адмысловымі радамі, у якіх мусяць быць прадстаўленыя ўсе значныя грамадзкія групы. Пры гэтым рады Заходненямецкага радыё і Паўночнанямецкага радыё абіраюцца адпаведнымі ляндтагамі і тым самым адлюстроўваюць раскладку сілаў у гэтых прадстаўнічых органах, у той час як рады другіх станцыяў складаюцца беспасярэдне з прадстаўнікоў розных сацыяльных і палітычных груповак (царква, сацыяльныя партнэры, партыі, навука і г.д.). Гэтая юрыдычна грамадзкая форма арганізацыі мае на мэце, з аднаго боку, забесьпячэньне ў электронных СМІ плюралізму наяўных у грамадзтве думак, а з другога боку, зьмяншэньне дзяржаўнага ўплыву да мінімуму (абмежаваны праўны нагляд). Прызначэньне кантрольных радаў парлямэнтамі як дзяржаўнымі органамі, натуральна, ёсьць пагрозаю для свабоды дзяржавы, хоць дзеля апраўданьня гэтага цьвердзяць, што парлямэнты — гэта найбольш адэкватныя прадстаўнікі народу (параўн. Schlie 1979, S. 52—62).
Наступная праблема як абіраных парлямэнтамі, так і камплектаваных сацыяльнымі групамі радаў — гэта схільнасьць зацікаўленых прадстаўнікоў да як мага больш колькасна дакладнага, прапарцыйнага разьмеркаваньня этэрнага часу ўвогуле, а раз-пораз нават часу асобных праграмаў, якое мае на мэце аптымальнае прадстаўленьне собскіх паглядаў. Уплыў грамадзкіх аб’яднаньняў і партыяў пакуль не дае ходу ідэям «адваротнай прапорцыі», якая дзеля павелічэньня магчымасьцяў камунікацыйных мяншыняў да агучаньня іхных інтарэсаў прадугледжвае звышпрапарцыйны, палегчаны доступ малых групаў, зазвычай дыскрымінаваных у сацыяльнай камунікацыі, да кантрольных радаў (параўн. Politische Kommunikation, S. 122 f).
Аднак з прыняцьцём законаў аб радыё і тэлебачаньні на ўзроўні земляў — гэта варта адзначыць як пазытыўную зьяву — былі заканадаўча ўнармаваныя «асноўныя ідэі камунікацыйнай палітыкі» (Ронэбэргер), якія могуць (і павінны) быць кіраўніцтвам да дзеяньня для ўсіх сфэраў СМІ. Зь іх ліку трэба назваць (1) аўтаномію сыстэмы мас-мэдыяў (незалежнасьць ад палітыкі), што аптымізуе працэс камунікацыі ў грамадзтве і павялічвае гнуткасьць сыстэмы ў цэлым; у якасьці наступнай асноўнай ідэі выступае (2) множнасьць выказваных у мэдыях сацыяльных і палітычных пазыцыяў, якую, праўда, цяжка «замерыць», але якая, тым ня менш, становіць сабой неад’емную перадумову дэмакратычных пастановаў: наяўнасьць альтэрнатываў. Нарэшце, трэба назваць (3) асноўны прынцып збалянсаванасьці, які адпавядае плюралістычнай структуры грамадзтва і ў пэўных межах датычыць таксама і прэсы, калі яна — поруч з камэнтаваньнем палітычных падзеяў — мае выконваць сваю задачу адлюстраваньня ўсіх меркаваньняў (параўн. вышэй, а таксама Ronneberger 1978, S. 215 ff).
Гэтыя ідэі, адылі, утвараюць «зачараваны трыкутнік», бо мэты аўтаноміі і адлюстраваньня разнастайных пазыцыяў (напрыклад, праз кантрольныя рады) часткова супярэчаць адна адной, і таму ня могуць быць цалкам рэалізаваныя. Апроч таго, магчымасьць беззасьцярожнага ажыцьцяўленьня гэтых асноўных ідэяў у рэальных варунках ёсьць досыць сумнеўнай, з увагі на эканамічныя абмежаваньні мас-мэдыяў (пастанова аб падатках на электронныя СМІ на ўзроўні земляў, пераважнае фінансаваньне прэсы за кошт рэклямы).
У выніку таго, што магчымасьці дзяржаўнага рэгуляваньня сыстэмы мэдыяў альбо грамадзкага кантролю над ёй ёсьць абмежаванымі (і павінны быць абмежаванымі), з пачатку 70-х гадоў як рэха «студэнцкай рэвалюцыі» акрэсьліліся два новыя шляхі рэалізацыі вышэйназваных кіруючых ідэяў.
Рух рэдакцыйных статутаў (Redaktionsstatutenbewegung), які складаўся пераважна зь сяброў рэдакцыяў і журналістаў і пра які апошнім часам няшмат чуваць з прычыны перамены палітычных настрояў у ФРН, меў на мэце статутнае забесьпячэньне свабоды прэсы праз удзел рэдактараў у так званых рэдакцыйных прадстаўніцтвах, у прыняцьці выдавецтвамі пастановаў, якія датычаць рэдакцыяў, а таксама праз разьмежаваньне кампэтэнцыяў паміж выдаўцом, галоўным рэдактарам і аўтарам (скасаваньне правоў выдаўца на простае ўмяшаньне). Праўда, не падлягала сумневу, што выдавецтва надалей захоўвае права вызначаць асноўную палітычную пазыцыю выданьня, якое замацавана і ў заканадаўстве аб прадстаўнічых органах працаўнікоў на прадпрыемстве (абарона намеру); але ў гэтых рамках рэдакцыі давалася магчымасьць аўтаномна прымаць пастановы аб паведамленьні і камэнтаваньні інфармацыі.
Адылі зусім натуральнае пытаньне аб тым, ці можа ўзглядна малая група рэдактараў, да таго ж часта гамагенная, аднабакова палітычна арыентаваная і схільная да спэцыфічнага разуменьня прафэсіі журналіста як пастыра і настаўніка, лепш гарантаваць ажыцьцяўленьне асноўных ідэяў, тым больш што ўладальнікі друкаваных СМІ, кіруючыся эканамічнай неабходнасьцю прадаваць свае «прадукты» як мага большай колькасьці людзей, у значна большай ступені гатовыя падладзіцца пад запатрабаваньні гэтых людзей. Свабода ў справе СМІ найлепей рэалізуецца не праз «нутраную», а праз «вонкавую» свабоду прэсы, г.зн. праз рынкавую, вольную ад уплыву дзяржавы канкурэнцыю палітычна рознаскіраваных выдавецтваў (параўн. Funke / Theilen 1977).
Другі шлях — пэдагогіка мэдыяў — выходзіць з самога рэцыпіента, у якога выхаваўчымі захадамі трэба сфармаваць такія здольнасьці да актыўнага, сьвядомага абыходжаньня з СМІ, каб ён навучыўся выкарыстоўваць іх для атрыманьня аб’ектыўнай інфармацыі і складаньня ўзважанага меркаваньня (параўн. Pürer 1978, S. 80 ff). Гэта можна рабіць у нарматыўна-гуманітарнай альбо культурна-пэсымістычнай форме, паказваючы пры дапамозе крытыкі цывілізацыі і тэхналёгіі небясьпеку мас-мэдыяў увогуле (небясьпека захлынаньня інфармацыяй, псыхічнага зьнясіленьня, канфармізму ў выніку маніпуляцый і ачмурэньня ад спажываньня чыста забаўляльных праграмаў). Заснаваная на крытыцы ідэалёгіі марксісцкая пэдагогіка мэдыяў крытыкуе тыя самыя небясьпечныя моманты, як і згаданая кагадзе кансэрватыўная пэдагогіка мэдыяў, але высноўвае зь іх не адпрэчаньне СМІ ўвогуле, а адпрэчаньне толькі капіталістычнай, арыентаванай на прыбытак структуры сучаснай сыстэмы мэдыяў. Камунікацыйна-тэарэтычная канцэпцыя інфармуе рэцыпіента пра рамкавыя ўмовы і спэцыфічныя заканамернасьці сыстэмы масавай камунікацыі, каб зрабіць для яго гэтую сыстэму больш зразумелай, больш празрыстай і тым самым павысіць яе кантраляванасьць. Арыентаваная на дзеяньне пэдагогіка СМІ дзеля эманцыпацыі рэцыпіента імкнецца навучыць яго — у якасьці альтэрнатывы сыстэме мас-мэдыяў — абыходжаньню з уласнымі мэдыямі (кіно і відэа), каб у іх выражаць свае беспасярэднія патрэбы.
Канцэнтрацыя прэсы
Адной з найважнейшых праблемаў дыскусіі аб інфармацыйнай палітыцы ў 70-х гадох была канцэнтрацыя ўсё большай колькасьці газэт і часопісаў у руках усё меншай колькасьці выдаўцоў (характэрны прыклад: канцэрн Шпрынгера) і ўплыў гэтага працэсу на свабоду прэсы ў духу кагадзе згаданых трох асноўных ідэяў. Колькасьць назоваў газэт не зьяўляецца дастатковым паказьнікам для ацэнкі працэсу канцэнтрацыі, бо шмат якія газэты маюць аднолькавае «паліто» (= агульнапалітычную частку) і адрозьніваюцца толькі ў рэгіянальнай частцы, на падставе чаго В.Шуц зьвярнуўся да крытэру «публіцыстычнага адзінства», у якое аб’ядноўваюцца ўсе выдавецтвы і выдаўцы, аднолькавыя паводле істотных частак іхнага «паліто» (звычайна гэта першая і другая старонкі газэты). Хоць паказальнасьць гэтага крытэру можа быць узятая пад сумнеў (гэтак, адна і тая ж газэта ў розных рэгіёнах можа мець розныя галоўныя часткі; параўн. Pätzold / Röper 1984, S. 98 ff), высновы Шуца ўсё ж шмат што праясьняюць.
Паводле гэтага крытэру, колькасьць самастойных публіцыстычных адзінстваў зьменшылася з 225 (1954) да прыкладна 120 на пачатку 1980-х гадоў і стабілізавалася на гэтым узроўні, бо выглядае на тое, што аб’ектаў для дынамікі канцэнтрацыі больш няма. Аднак трэба ўлічваць, што колькасьць адзінстваў паменшылася ў выпадку малых газэт, але павялічылася ў выпадку буйных газэт зь вялікім накладам. Вынікам гэтага ёсьць тая спэцыфічная праблема, што на мясцовым узроўні толькі ў прыкладна трэцяй частцы нямецкіх гмінаў існуюць дзьве і больш мясцовых газэтаў (мясцовыя манаполіі).
Можна адзначыць наступныя праявы працэсу канцэнтрацыі:
«1. Аб’яднаньне даўней самастойных выдавецтваў у новую эканамічную і публіцыстычную адзінку. 2. Аб’яднаньне даўней самастойных выдавецтваў у новую эканамічную адзінку пры частковым захаваньні даўней самастойных публіцыстычных адзінак. 3. Аб’яднаньне публіцыстычных адзінак шляхам аб’яднаньня рэдакцыйнай часткі пры захаваньні даўнейшай эканамічнай самастойнасьці. 4. Частковая інтэграцыя (напрыклад, аб’яднаньні паводле публікацыі абвестак, паводле друку, паводле распаўсюджваньня)» (Mestmдcker 1978, S. 41).
Дыдэрыхс адрозьнівае канцэнтрацыю выдавецтваў (памяншэньне колькасьці выдавецтваў), канцэнтрацыю накладаў (калі большая частка накладу выдаецца малой колькасьцю выдавецтваў) і публіцыстычную канцэнтрацыю, якая, як ужо было паказана, вызначаецца колькасьцю публіцыстычных адзінак (Diederichs 1973, S. 33).
Найбуйнейшымі выдавецтвамі ФРН зьяўляюцца:
1. Axel Springer Gesellschaft für Publizistik KG, Бэрлін; 2. Bertelsmann AG, Гютэрсло; 3. Gruner+Jahr GmbH & Co. KG; 4. Heinrich Bauer KG, Гамбург; 5. Група Burda, Офэнбург; 6. Deutsche Druck- und Verlagsgesellschaft GmbH, Гамбург (прэс-голдынг СПН); 7. Georg von Holtzbrinck GmbH, Штутгарт; 8. Süddeutscher Verlag GmbH, Мюнхен; 9. Група Ganske, Гамбург; 10. Spiegel-Verlag Rudolf Augstein KG, Гамбург. У гэтых выдавецтвах і канцэнтруецца большая частка нямецкіх часопісаў.
Найважнейшымі прычынамі канцэнтрацыі ёсьць моцная канкурэнцыя і вялікія выдаткі, зь якімі зьвязаная выдавецкая дзейнасьць, і ў выніку якіх шмат хто фінансава ня можа дазволіць сабе ўтрымліваць уласную рэдакцыю зь вялікім штатам. Замест гэтага яны бяруць «паліто» газэты ў форме матрыцаў. Апроч таго, буйныя выдавецтвы, як і ўсе буйныя прадпрыемствы, дзякуючы сваёй рынкавай моцы, крэдытаздольнасьці, а таксама дзякуючы таму, што яны могуць выкарыстоўваць спэцыяльныя тарыфы і тым самым зводзіць да мінімуму рызыкі, больш канкурэнтаздольныя на рынку, чымся малыя выдавецтвы. З эканамічнай канцэнтрацыяй у прэсавай справе, паводле тэорыі рынкавай эканомікі, належыць змагацца гэтаксама, як і ў іншых сэктарах эканомікі. Паводле нямецкага права, у якасьці сродку кантролю за зьліцьцём прадпрыемстваў служыць фэдэральны антыманапольны камітэт, які ў некаторых выпадках ужо забараняў зьліцьцё інфармацыйных голдынгаў, калі яно ўяўляла пагрозу для свабоднай канкурэнцыі. У якасьці дадатковага сродку могуць выступаць адмысловыя правілы дзейнасьці для дамінуючых на рынку выдавецтваў (параўн. Mestmäcker 1978, S. 88 ff, S. 107 ff).
Аднак застаецца спрэчным пытаньне аб тым, ці эканамічная канцэнтрацыя прыводзіць, і калі так, то ў якой меры, да публіцыстычнай канцэнтрацыі ў тым сэнсе, што сродак масавай інфармацыі перастае забясьпечваць камунікацыйны абмен усіх партнэраў пэўнага грамадзтва. Гэтак, Ноэле-Нойман (1972) прыходзіць да высновы, што акурат буйныя выдавецтвы эканамічна здольныя, дзякуючы разгалінаванай інфармацыйнай і рэдакцыйнай сыстэме, аптымальным чынам забясьпечыць пасярэдніцтва паміж усімі прадстаўнікамі камунікацыі. З другога боку, дасьледнікі зафіксавалі зьмяншэньне крытычнасьці ў асьвятленьні мясцовых падзеяў у тых акругах, дзе ёсьць толькі адна газэта (M.Knoche / W.Schulz 1968), аднак пры гэтым варта паставіць пытаньне, што важнейшае: крытэр крытыкі, ці можа якраз крытэр пасярэдніцтва паміж прадстаўнікамі камунікацыі.
Глёц і Лянгенбухер, а ўсьлед за імі і СПН, спрабавалі прадухіліць такія (гіпатэтычныя) наступствы канцэнтрацыі шляхам заснаваньня рэгіянальных камітэтаў у пытаньні СМІ, склад якіх вызначаўся аналягічна складу кантрольных радаў электронных СМІ і якія павінны былі ўстанаўляць плюралізм у прэсе і кантраляваць яго захаваньне, таму што, маўляў, плюралізм СМІ ужо зьнік з прычыны працэсу канцэнтрацыі (перадусім гэта датычыць мясцовай і рэгіянальнай журналістыкі). Але і тут, зноў жа, трэба запытаць, ці не прывядзе гэта да зьяваў прапарцыяналізму, застыласьці і бюракратызацыі, якія назіраюцца на радыё і тэлебачаньні. Пагатоў камітэты ў пытаньні СМІ супярэчаць цяперашняй аргумэнтацыі СПН, якая, спасылаючыся на публіцыстычны падзел працы паміж прыватнакапіталістычнай прэсай і юрыдычна грамадзкімі радыё і тэлебачаньнем, спрабуе запабегчы пранікненьню прыватнага капіталу ў юрыдычна грамадзкую сфэру, якую ўмагчыміла разьвіцьцё так званых новых СМІ.
«Новыя СМІ»
На грунце новых тэхналягічных распрацовак (оптавалаконны кабэль; разьвіцьцё мікраэлектронікі; сэрыйная вытворчасьць мікрагабарытных назапашвальнікаў інфармацыі, так званых «чыпаў»; касьмічныя тэхналёгіі і г.д.) у ФРН на пачатку 80-х гадоў (у іншых заходніх краінах часткова значна раней) пачалося ўвядзеньне «новых мэдыяў» (дакладней, новых тэхналёгій перадачы інфармацыі), якія скасавалі тэхнічныя абмежаваньні ранейшага рынку камунікацый: абмежаваную колькасьць радыё- і тэлечастотаў (якая была прынцыповым выточным пунктам для пастановы фэдэральнага Канстытуцыйнага суду ў 1961 годзе), і празь цяпер амаль неабмежаваную колькасьць каналаў перадачы інфармацыі нанова зрабілі актуальным пытаньне аб разьмежаваньні прыватнакапіталістычнай і юрыдычна грамадзкай арганізацыйных формаў у сыстэме СМІ. Ужо тэлегазэта (відэатэкст), якая выкарыстоўвае для перадачы тэкставых паведамленьняў нябачны блянкуючы інтэрвал паміж двума тэлекадрамі, моцна павысіла магутнасьці тэлебачаньня, тым больш што рэцыпіент можа выклікаць інфармацыю, якая захоўваецца на кампутары, паводле свайго індывідуальнага жаданьня. Факсымільная газэта дазваляе раздрукоўваць тэксты з дапамогай тэлефоннай ці тэлевізійнай сеткі, а таксама тэлефаксу, які стаіць у атрымальніка (параўн. Kepplinger 1982, S. 84 f). Сыстэма тэлетэксту аб’ядноўвае для перадачы інфармацыі тэлефонную сетку, тэлефонны адаптэр (мадэм) і тэлеэкран. Але найбольшыя прарывы, якія зьліквідавалі абмежаваньні, зьвязаныя перадусім з шырокапалосным кабэлем і спадарожнікавай сувязьзю, дзякуючы якім цяпер магчымы ня толькі індывідуальны зварот да любой інфармацыі з адной альбо некалькіх кампутарных базаў, але і ўстанаўленьне інфармацыйнага кантакту і дыялёг кажнага асобнага ўдзельніка камунікацыі з кажным іншым.
Здаецца, такім чынам марксісцкая ўтопія камунікацыйнай палітыкі Брэхта, Бэн’яміна і Энцэнсбэргера, згодна зь якой належыць скасаваць разьдзяленьне адпраўніка і атрымальніка і кажны павінен мець магчымасьць пасылаць інфармацыю, стаецца ўжо рэальнасьцю ў капіталістычным грамадзтве; праўда, рэальнасьцю стаюцца таксама і небясьпекі такога «камуністычнага» стану камунікацыі з гледзішча абароны прыватнай інфармацыі і прыватнай сфэры ўвогуле (параўн. заканадаўства аб інфармацыйнай бясьпецы).
Шырокапалосны кабэль — ці то кааксіяльны мядзяны, ці то (эфэктыўнейшы) оптавалаконны — дазваляе адначасна перадаваць розныя шырока- і вузкапалосныя дадзеныя з розных перадавальнікаў на прыёмнікі і наадварот (параўн. Klein / Lauff 1981, S. 3—17). Спадарожнікі дазваляюць перадаваць тэле- і радыёперадачы на шмат прыёмнікаў у краіне і за яе межамі без прамежкавага ўлучэньня цэнтральнай наземнай станцыі прыёму. Для прыёму дастаткова толькі ўстанавіць парабалічную антэну. Згодна зь міжнароднымі пагадненьнямі ФРН атрымала права выкарыстоўваць на каляземнай арбіце спадарожнік зь пяцьма каналамі ў тэлевізійнай паласе (Bismark 1982, S. 39 f). У дадатак да гэтага, адбываецца імклівы прагрэс у галіне «пэрыфэрыйных тэхналёгіяў» (напрыклад, хатнія кампутары).
Палітычныя супярэчнасьці ў дыскусіі аб новых мэдыях узьнікаюць асабліва ў пытаньні аб тым, ці падпадае шырокапалосная тэхніка пад юрыдычнае азначэньне радыё і тэлебачаньня — «стварэньне і распаўсюджаньне праграмаў усякага кшталту, прызначанае для ўсеагульнай аўдыторыі». Відавочна, што калі рэцыпіент удзельнічае ў камунікацыі ў індывідуальным парадку, то яна, як і тэлефон, ня ёсьць радыё і тэлебачаньнем. Выходзячы з гэтага, можна ня зьвязваць шырокапалосную камунікацыю абмежавальнымі нормамі законаў аб радыё і тэлебачаньні, якія абумоўліваюць грамадзкую форму арганізацыі гэтых мэдыяў, а дазволіць яе свабоднае гаспадарчае выкарыстаньне. Апроч таго, фэдэральны Канстытуцыйны суд пастановай па тэлебачаньні ад 16.06.1981 году патлумачыў, што ў сувязі з пашырэньнем паласы частот рэгіянальныя заканадаўцы маюць права арганізоўваць радыё, тэлебачаньне і новыя СМІ таксама і ў юрыдычна прыватнай форме, аднак з інстытуцыйнай і аб’ектыўна-праўнай засьцярогай аб забесьпячэньні выкананьня «службовага абавязку» радыё і тэлебачаньня, якія павінны ўмагчымляць свабоднае фармаваньне меркаваньняў на грунце ўсебаковай інфармацыі. Спасылаючыся акурат на гэтую засьцярогу і на магчымыя нэгатыўныя наступствы «новых СМІ», грамадзкай формы іх арганізацыі дабіваліся перадусім лабісцкія групы з СПН. Таму за часоў сацыял-лібэральнай кааліцыі для пачатку былі праведзеныя некалькі пілётных кабэльных праектаў, якія мелі на мэце высьветліць прымальнасьць і эфэкты кабэльнай камунікацыі сьпярша на невялікай тэрыторыі.
У рамках агульнай крытыкі тэхнікі і растучага страху перад надмернай тэхнізацыяй, са спасылкай на замежны досьвед адзначаліся перадусім наступныя праблемы, якія пры прыватнакапіталістычнай форме арганізацыі маглі б выйсьці з-пад кантролю: (1) небясьпека захлынаньня інфармацыяй, якое зьнясільвае нэрвовую сыстэму грамадзянаў і дэзарыентуе іх; (2) узмацненьне працэсу ўтварэньня мас-мэдыйных манаполіяў (у тым ліку транснацыянальных), абумоўленае, з аднаго боку, вялікімі інвэстыцыямі ў «новыя СМІ», пасільнымі толькі для буйных і часта не зьвязаных з выдавецкай дзейнасьцю прадпрыемстваў, і з другога боку, абумоўленае магчымасьцю выцясьненьня «старых мэдыяў» (напрыклад, рэгіянальнай газэты) «новымі» (мясцовым кабэльным тэлебачаньнем), якія пагражаюць пазбавіць «старыя СМІ» даходаў ад рэклямы; (3) зьніжэньне якасьці праграмаў усіх мэдыяў (у тым ліку і юрыдычна грамадзкіх) праз канкурэнцыю паміж імі за як мага шырэйшае кола рэцыпіентаў, безь якога ня могуць абысьціся найперш СМІ з камэрцыйным фінансаваньнем і якое яны спадзяюцца спакусіць праграмамі, разьлічанымі на масавую аўдыторыю, за кошт праграмаў больш высокага ўзроўню, але для меншых частак рэцыпіентаў (адылі дасьледаваньні ў ЗША паказваюць, што забаўляльныя праграмы для шырокай публікі таксама могуць мець досыць высокі ўзровень, што б гэта ні значыла; параўн. Ratzke 1982, S. 426); (4) выцясьненьне сямейнай і міжасабовай камунікацыі, якое мае наступствам усё большую прыватызацыю сацыяльных адносінаў. Аднак дасьледаваньні ў замежжы амаль не зафіксавалі часавага павелічэньня прагляду, а толькі зрух прагляду ў бок павелічэньня спажываньня забаўляльных праграмаў. Тым ня менш, чым ніжэйшы сацыяльны слой, тым большая небясьпека надмернага «тэлеглядзеньня» для моладзі і старых, наступствам чаго ёсьць перакручанае ўспрыманьне навакольнага сьвету (стварэньне мэдыйнага сурагату сьвету; часьцейшае, нэўратычнае адчуваньне страху і г.д.). Часткова гэтыя пагрозы рэальныя. Для іх нэўтралізацыі належыць выкарыстоўваць найперш захады пэдагогікі мэдыяў. Але заразом яны нагадваюць аргумэнты, якія выстаўляліся абсалютысцкімі валадарамі супраць першых газэт: маўляў, грамадзянін яшчэ не дасьпеў да іх, газэтная інфармацыя будзе адно распальваць у чалавеку нізкія інстынкты накшталт цікаўнасьці.
Небясьпецы супрацьстаўляецца індывідуальная, эканамічная і агульнаграмадзкая патрэба ў «новых СМІ»: яны забясьпечваюць грамадзяніну прасьцейшы доступ да большага аб’ёму інфармацыі, што робіць яго лепей абароненым перад буйной бюракратыяй, зьмяншаючы ейную перавагу ў інфармаванасьці. Каб захаваць канкурэнтаздольнасьць на міжнародным узроўні, гаспадарка вымагае інтэнсіфікацыі інфармацыйных адносінаў для рацыяналізацыі вытворчасьці. Апроч таго, праз выкарыстаньне «новых СМІ» можна зьменшыць патрэбу ў кіраўнічым і дапаможным пэрсанале. Ці змогуць вызваленыя кадры скарыстаць з росту новай інфармацыйнай індустрыі, каб знайсьці занятак — гэта ўжо іншае пытаньне. Спадарожнікавая тэхніка адкрывае магчымасьць перадачы інфармацыі амаль кажнаму, незалежна ад таго, ці ўмее рэцыпіент чытаць, што асабліва важна для разьвіваных краін. Нарэшце, трэба адзначыць, што — як сьведчаць дэмаскапічныя дасьледаваньні — у тэлегледачоў ёсьць моцнае жаданьне глядзець больш забаўляльных праграм лепшай якасьці (Ratzke 1982, S. 462). Боязь таго, што новыя мэдыі выцесьняць старыя альбо наагул іх вынішчаць, дагэтуль не знайшла эмпірычных пацьверджаньняў. Перавагі старых мэдыяў часткова захоўваюцца, прыкладам, іхная стабільнасьць, а таксама большая свабода ў выбары часу і месца спажываньня друкаваных мэдыяў ад кнігі да газэты; іх жа можна чытаць нават у цягніку! Праўда, функцыянальная трансфармацыя штодзённых газэт, праўдападобна, будзе ўзмацняцца — з прычыны большай апэратыўнасьці электронных мас-мэдыяў яны будуць вымушаныя больш увагі надаваць падрабязным камэнтарам (параўн. Giott 1979). Апроч таго, гістарычны досьвед паказвае, што масавае распаўсюджаньне новых мэдыяў ніколі не ўдавалася стрымаць надоўга, тым больш што пры дапамозе спадарожнікавай тэхнікі, якую не спыняюць межы, яны могуць трапляць у ФРН з замежжа (прыкладам, зь Люксэмбургу) нават у тым выпадку, калі б тут іх забаранілі альбо моцна абмежавалі.
Усьведамленьне гэтага нарэшце схіліла крытыкаў «новых СМІ» (найперш у СПН) да згоды на іх увядзеньне таксама і ў прыватнакапіталістычнай форме, пры ўмове захаваньня грамадзкіх радыё і тэлебачаньня (тое ж самае ў пастанове прэм’ер-міністраў ад ХДЗ / ХСЗ і СПН у кастрычніку 1984 году).
Партыі і сродкі масавай інфармацыі
Ужо ў 1971 годзе на партыйным зьезьдзе, прысьвечаным сродкам масавай інфармацыі, СПН выступіла супраць прыватызацыі і камэрцыялізацыі радыё і тэлебачаньня. Апроч ужо згаданага фармаваньня камітэтаў у пытаньні СМІ (якія мусілі — у тым ліку на грунце новага закону аб статыстыцы СМІ, які належала ўвесьці, — назіраць за рынкам прэсы, своечасова выяўляць манаполію і самастойна выпраўляць аднабаковае альбо маніпуляцыйнае асьвятленьне падзеяў шляхам публікацыі контраматэрыялаў у адпаведных газэтах), СПН патрабавала ўвесьці прэвэнтыўны кантроль за зьліцьцём мэдыя-голдынгаў, а таксама забясьпечыць лепшыя інстытуцыйныя, сацыяльныя, эканамічныя і праўныя ўмовы (у тым ліку і дапамогу па старасьці) для журналістаў і няштатных супрацоўнікаў і дапоўніць іх сыстэмай журналісцкай адукацыі і павышэньня кваліфікацыі без адрыву ад вытворчасьці.
СДП рашуча выказалася супраць рэгіянальных камітэтаў у пытаньні СМІ, таму за часоў сацыял-лібэральнай кааліцыі яны не былі створаныя. Аднак у выніку супадзеньня поглядаў паміж СПН і СДП у 1974 годзе быў прыняты закон аб прэсавай статыстыцы, у 1976 быў уведзены кантроль за зьліцьцём мэдыя-голдынгаў, які прадугледжваў, што зьліцьцё мэдыя-голдынгаў з агульным абаротам больш за 25 мільёнаў нямецкіх марак можа адбывацца толькі з дазволу фэдэральнага антыманапольнага камітэту, а ў 1975 г. была прынятая папраўка да §53 Крымінальнага кодэксу, якая пашырала права журналістаў на адмову ад сьведчаньня (права на адмову адказваць на пытаньні пра інфарматараў у судзе).
ХДЗ / ХСЗ імкнецца забясьпечваць шматстайнасьць СМІ дапаможнымі захадамі эканамічнага кшталту (рацыяналізацыя, каапэрацыя паміж выдавецтвамі ў тэхнічнай сфэры, зьмяншэньне падаткаў і мытаў), каб такім чынам палегчыць эканамічнае выжываньне таксама і малым газэтам. Права выдаўца на вызначэньне публіцыстычнай арыентацыі газэты, на думку хрысьціянскіх дэмакратаў, павінна захоўвацца; у рамках гэтай арыентацыі за рэдакцыяй застаецца права фармулёўкі нюансаў, якое павінна замацоўвацца ў тарыфным пагадненьні. Канфлікты належыць разьвязваць шляхам перамоваў. За часоў свайго знаходжаньня ў апазыцыі (1969—1982) блёк ХДЗ/ХСЗ папракаў юрыдычна грамадзкія СМІ, напрыклад, у «левым ухіле»; вось жа, ён хутка схіліўся да таго, каб дапоўніць — калі не замяніць увогуле — грамадзкі прынцып арганізацыі СМІ прыватнакапіталістычнай формай арганізацыі.
4. Палітычная камунікацыя
Камунікацыя ўсярэдзіне ўсяго грамадзтва і фармаваньне грамадзкай думкі адбываюцца ня толькі праз сыстэму мас-мэдыяў. Парлямэнт, партыі, грамадзкія аб’яднаньні і не ў апошнюю чаргу грамадзянскія ініцыятывы таксама выступаюць удзельнікамі камунікацыі. Усіх разам іх можна вызначыць як «актыў грамадзтва», як кола тых, хто «стала і на грунце ўласных уяўленьняў» бярэ ўдзел у палітычным працэсе» (Dahrendorf 1974, S. 102). Актыў грамадзтва складае ня больш як 5 % насельніцтва; праўда, у часы крызысаў і напругаў яна дапаўняецца мабілізацыяй часткі пасіўных грамадзянаў, якія зазвычай толькі зрэдчас бяруць удзел у палітычным жыцьці.
У выніку таго, што бундэстаг ператварыўся ў «рабочы парлямэнт», які шляхам закрытых паседжаньняў камісіяў і пэдантычнай працы імкнецца адсочваць дзейнасьць выканаўчай улады і самастойна распрацоўваць праекты законаў, той складнік парлямэнцкай працы, які адлюстроўваецца ў паняцьці «публічны парлямэнт»: адкрытыя дэбаты на пленарных паседжаньнях у значнай меры адступілі на другі плян альбо вырадзіліся ў рытуалізаваны абмен заявамі фракцыяў. Спробай спыніць гэтую тэндэнцыю было ўвядзеньне жвавейшых, адкрытых формаў камунікацыі і форумаў, накшталт слуханьняў і спэцыяльных палажэньняў на пленарных паседжаньнях (вольная прамова, абмежаваньне часу прамовы і г.д.), якія мусілі дапоўніць інструмэнты дэпутацкага запыту і тэрміновага дэпутацкага запыту, а таксама разьдзел «Рознае». Партыі і грамадзкія аб’яднаньні павінны праз свае нутраныя мэханізмы перадачы інфармацыі (вызначэньне заданьняў на мясцовых сходах, зьезды, пастановы на гіерархічна структураваных узроўнях) забясьпечваць грамадзкую камунікацыю паміж насельніцтвам і палітычнай сыстэмай, якая, калі яна мае прымаць адэкватныя пастановы і такім чынам захоўваць сваю стабільнасьць, мусіць ведаць інтарэсы ўплывовых групаў насельніцтва і зважаць на іх. Апроч таго, партыі маюць спэцыфічны сродак фармаваньня грамадзкай думкі і ўплыву на грамадзкую думку — перадвыбарную агітацыю зь ейнымі спэцыфічнымі інфармацыйнымі тэхналёгіямі (улёткі, грамадзкія сходы і г.д.).
З прычыны таго, што камунікацыйныя каналы грамадзкіх аб’яднаньняў і партыяў прынамсі часткова і часова аказваліся «забітымі» і няздольнымі да трансьляцыі інтарэсаў пэўных групаў, на пачатку 70-х гадоў зьявіліся так званыя базысныя групы (грамадзянскія ініцыятывы), якія наўпрост, у абыход даўнейшых сродкаў камунікацыі, часам пры дапамозе экстравагантных мэтадаў (дэманстрацыі, сядзячыя дэманстрацыі і г.д.) прыцягвалі ўвагу да сваіх one-іssue-інтарэсаў (прыкладам, спыненьне пабудовы дарогі) да грамадзкасьці, каб пры супрацьстаяньні з палітычнай сыстэмай дабіцца выкананьня сваіх патрабаваньняў. У парлямэнцка-прадстаўнічай дэмакратыі гэта дазволена і нават неабходна, пакуль базысныя групы дзейнічаюць накшталт грамадзкіх аб’яднаньняў і партыяў, легітымна ўплываючы на выканаўчую ўладу. Але калі гэтыя групы спрабуюць падмяніць сабой заканадаўчыя органы, сфармаваныя шляхам свабодных выбараў, ці прынцыпова аспрэчыць іхнае права прымаць пастановы, то ўзьнікае пагроза таго, што малая частка насельніцтва, якая можа самаарганізавацца і ў дадатак умее добра «падаць» сябе грамадзкасьці, узвысіцца да статусу гаспадара над пераважнай бальшынёй прадстаўленага ў парлямэнце насельніцтва (параўн. Badura 1972, Steffani (Hrsg.) 1971, Pütz 1974).
Палітоляг і дасьледнік камунікацыі К.В.Дойч у сваёй «Палітычнай кібэрнэтыцы» паспрабаваў маштабна канцэптуалізаваць палітыку і камунікацыю. Камунікацыя паводле Дойча ўвогуле ёсьць «сацыяльнай масьцяй», якая трымае ў дзеяздольным стане арганізацыі ўсіх відаў (пачынаючы ад малой групы, сям’і, да нацыянальнай дзяржавы і далей). Палітыка — зразуметая як дзейнасьць, скіраваная мінімум на падтрыманьне жыцьцяздольнасьці (выжываньне), калі не на разьвіцьцё сыстэмы ў кірунку павышэньня комплекснасьці — у адпаведнасьці з гэтым разам зь іншымі заданьнямі мае заданьне так вылучаць, камбінаваць, запамінаць, дазаваць камунікацыйныя плыні ўнутры гэтай сыстэмы, а таксама паміж гэтай і іншымі сыстэмамі, і так кіраваць імі, каб звонку, з навакольнага сьвету прымалася і ўнутры сыстэмы адэкватна перапрацоўвалася інфармацыя, дастатковая для забесьпячэньня жыцьцёва неабходнай здольнасьці сыстэмы да рэагаваньня, але пры гэтым лішак інфармацыі не павінен перагружаць сыстэму прыняцьця пастановаў і не павінна ўзьнікаць небясьпекі страты самакантролю і сацыяльнай тоеснасьці. Праз функцыянаваньне працэсаў адваротнай сувязі, г.зн. праз унутрысыстэмнае назапашваньне прынятай звонку інфармацыі такім чынам, каб гэтая інфармацыя сама зьмяняла далейшыя паводзіны сыстэмы, сыстэма не губляе здольнасьці рэагаваць на запатрабаваньні і выклікі свайго навакольнага асяродзьдзя і тым самым захоўвае стабільнасьць у дынамічнай раўнавазе. Праўда, у якасьці перадумовы для гэтага неабходная гатоўнасьць сыстэмы да адкрытасьці навонкі, да прыёму новай інфармацыі, да навучаньня, да інавацыяў, а таксама здольнасьць пры неабходнасьці пераарыентаваць нутраныя структуры ў адпаведнасьці з імпульсамі асяродзьдзя такім чынам, каб маглі рэалізоўвацца асноўныя мэты сыстэмы, а менавіта забесьпячэньне яе трываласьці, далейшае разьвіцьцё і нутраны рост, і каб пры гэтым не даводзілася для быццам бы разьвязаньня канфліктаў паміж сыстэмай і ейным навакольным асяродзьдзем ужываць сілу, якая ёсьць антыподам апрацоўкі інфармацыі і самаўдасканаленьня і скіроўваецца толькі на зьнішчэньне іншай сыстэмы.
У гэтым сэнсе грамадзкая камунікацыя і грамадзкая думка набываюць вельмі важнае значэньне для здольнасьці грамадзтваў да самаўдасканаленьня і для іхнага нутранога росту.
Літаратурныя жаролы
Выкарыстаная літаратура
Badura, B. 1972: Bedürfnisstruktur und politisches System. Macht, Kultur und Kommunikation in «pluralistischen» Gesellschaften, Stuttgart.
Bismark, H. 1982: Neue Medientechnologien und grundgesetzliche Kommunikationsverfassung, Berlin.
Blumler, J.G. / Katz, E. (Hrsg.) 1974: The Lese of Mass Communication, Beverly Hills.
Dahrendorf, R. 1974: Aktive und passive Öffentlichkeit; in: W. R. Langenbucher: Zur Theorie der politischen Kommunikation, München, S. 97–109.
Deutsch, K. W. 1970: Politische Kybernetik, Freiburg i. Br.
Diederichs, H. H. 1973: Konzentration in den Massenmedien, München.
Döhn, L. / Klöckner, K. 1979: Medien-Lexikon, Baden-Baden.
Funke, K.D. / Theilen, E. 1977: Pressefreiheit und Mitbestimmung, Bonn / Bad Godesberg.
Giott, W. 1979: Medien im Wettstreit, Münster.
Habermas, J. 1976: Strukturwandel der Öffentlichkeit, Neuwied / Berlin.
Hackforth, J. 1976: Massenmedien und ihre Wirkung, Göttingen.
Hennis, W. 1957: Meinungsforschung und repräsentative Demokratie, Tübingen.
Hentig, H. v. 1969: Öffentliche Meinung, öffentliche Erregung, öffentliche Neugier, Göttingen.
Kepplinger, H.M. 1984: Massenkommunikation, Stuttgart.
Klein, H.H. / Lauff, W. 1981: Neue Medientechnik — neues Rundfunkrecht; in: APUZ 51.
Knoche, M. / Schulz, W. 1969: Folgen des Lokalmonopols von Tageszeitungen. Eine vergleichende Inhaltsanalyse des Lokalteils von Monopol- und Wettbewerbszeitungen; in: Publizistik 14.
Koschwitz, H. 1974: Publizistik und politisches System, München.
Koszyk, K. / Pmys, K. H. 1976: dtv-Wörterbuch zur Publizistik, München.
Kunczik, M. 1979: Massenkommunikation, Köln / Wien.
— 1975: Gewalt und Fernsehen, Köln.
Lerner, D. 1958: The Passing of Traditional Society, New York.
Löffler, M. 1981: Der Rechtsbegriff der öffentlichen Meinung; in: öffentliche Meinung und sozialer Wandel, hrsg. von H.Baier u. a., Opladen, S. 64—70.
Luhmann, N. 1974: Öffentliche Meinung; in: W. R. Langenbucher, Zur Theorie der politischen Kommunikation, München, S. 27—54.
Mestmäcker, E.-J. 1978: Medienkonzentration und Meinungsvielfalt, Baden-Baden.
Meyn, H. 1979: Massenmedien in der Bundesrepublik Deutschland, Berlin.
Noelle-Neumann, E. 1980: Die Schweigespirale, München / Zürich.
— 1972: Pressekonzentration und Meinungsbildung; in: D. Prokop (Hrsg.), Massenkommunikationsforschung, Bd. l: Produktion, Frankfurt/M.
— 1971: Pressegeschichte; in: Fischer-Lexikon Publizistik, hrsg. von E. Noelle-Neumann / W. Schulz, Frankfurt/M.
Pätzold, K. / Röper H. 1984: Neue Ansätze einer Medienkonzentrationsforschung; in: Media Perspektiven l. Politische Kommunikation 1976, Berlin.
Pürer, H. 1978: Einführung in die Publizistikwissenschaft, München.
Pütz, H. 1974: Innerparteiliche Willensbildung, Mainz.
Ratzke, D. 1982: Handbuch der Neuen Medien, Stuttgart (2. erw. u. akt. Aufl. 1984).
Ronneberger, F. 1978: Kommunikationspolitik, Teil I, Mainz.
— 1974: Die politischen Funktionen der Massenkommunikation; in: W. R. Langenbucher: Die Theorie der politischen Kommunikation, München, S.193—205.
Schlie, O. 1979: Organisation und gesellschaftliche Kontrolle des Rundfunks; in: J. Aufermann / W. Scharf / O. Schlie (Hrsg.): Fernsehen und Hörfunk in der Demokratie, Opladen.
Schmidtchen, G. 1959: Die befragte Nation, Freiburg i. Br.
Schneider, P. 1968: Pressefreiheit und Staatssicherheit, Mainz.
Schulz, W. 1976: Die Konstruktion von Realität in den Nachrichtenmedien, Freiburg / München.
Shaw, D.L. / McCombs, M. E. 1977: The Emergence of American Political Issues. The agenda-setting-function of the press, Minnesota.
Steffani, W. (Hrsg.) 1971: Parlamentarismus ohne Transparenz, Opladen.
Wagner, H. 1978: Kommunikation und Gesellschaft, Bd. l, München.
Wittkämper, G.W. / Bellers, J. u.a. 1986: Medieneinwirkung in der internationalen Politik, Bd. l, Münster.
Карысная літаратура
Becker, B. 1983: The Mass Media and Citizen Assessment of Issue Importance: A Reflection on Agenda-setting Research. In: U. Saxer (Hrsg.): Politik und Kommunikation. Neue Forschungsansätze (Schriftenreihe der Deutschen Gesellschaft für Publizistik- und Kommunikationswissenschaft. 12.), München, S. 53 bis 68.
Bellers, Jürgen 1987: Auf dem Weg in die Informationsgesellschaft: Zur sozialen und politischen Bedeutung der alten und der neuen Medien; in: PVS-Literatur, 28. Jg., Heft l, S. 18—32.
McCombs, M.E. / McLeod, J.M. 1975: The Development of Political CognitionS. In: Chaffee (Hrsg.): Political Communication. Issues and Strategies for Research (Sage Annual Review of Communication Research. 4.) Beverly Hills / London, S.21—63.
Geissler, R. 1973: Massenmedien. Basiskommunikation und Demokratie, Tübingen.
Januschek, Franz (Hrsg.) 1985: Politische Sprachwissenschaft. Zur Analyse von Sprache und kultureller Praxis, Opladen.
Kaltefleiter, W. 1982: Die neuen Medien — eine neue Chance für den Pluralismus. In: Publizistik 27, S. 493 ff.
- 1983: Politische Steuerung durch Kommunikation? In: Publizistik 28, S. 161 ff.
Langenbucher, W. R. (Hrsg.) 1979: Politik und Kommunikation. Über die öffentliche Meinungsbildung, München.
Lippmann, W. 1965: Public Opinion. New York (zuerst 1922; deutsch 1964: Die öffentliche Meinung, München).
Miller, G.R. / Burgoon, M. 1978: Persuasion Research: Review and Commentary. In: B.D. Rüben (Hrsg.): Communication Yearbook. 2, New Brunswick, S. 29—47.
Ronneberger, F. 1981: Politische Kommunikation im lokalen / regionalen Bereich. Die Bildung der demokratischen Persönlichkeit unter dem Einfluß der Massenkommunikation. In: Arbeitsgemeinschaft für Kommunikationsforschung (Hrsg.): Medienforschung /Medienpolitik (AfK-Studien. 17.), Berlin, S. 71—83.
— 1982: Neue Medien. Vorteile und Risiken für die Struktur der demokratischen Gesellschaft und den Zusammenhalt der sozialen Gruppen. Eine Literaturstudie (Schriften der Deutschen Gesellschaft für COMNET. l.), Konstanz.
Sarcinelli, Ulrich (Hrsg.) 1987: Politikvermittlung. Beiträge zur politischen Kommunikationskultur, Stuttgart.
Schulz, Winfried / Schönbach, Klaus (Hrsg.) 1983: Massenmedien und Wahlen, München.
Zoll, R. (Hrsg.) 1972: Manipulation der Meinungsbildung. Zum Problem hergestellter Öffentlichkeit, Opladen.
Зацемы рэдактара
1. Блёкварт (ням. der Blockwart) — найніжэйшая інстанцыя апарату нагляду ў гітлерскай Нямеччыне.
2. Гаворка ідзе пра трох нямецкіх выдаўцоў другой паловы XIX стагодзьдзя — Аўгуста Шэрля (яго высілкамі выдаваліся сатырычныя часопісы «Kladderadatsch» і «Simplizissimus»), Леапольда Ульштайна (апекаваўся газэтай «Berliner Lokal-Anzeiger»), Рудольфа Мосэ (заснаваў і выдаваў газэту «Berliner Tageblatt»).
3. Маецца на ўвазе захоп 5 верасьня 1977 году нямецкай тэрарыстычнай арганізацыяй «RAF» («Rote-Armee-Fraktion») прэзыдэнта фэдэральнага аб’яднаньня Зьвязу нямецкіх працадаўцаў Ганса Марціна Шлеера. Праз 45 дзён Шлеер быў знойдзены мёртвы. — Зацем рэдактара.