Паліталёгія

Асноўны курс


Паліталёгія

1. Палiталёгiя ў Нямеччыне

Палiталёгiя пасьля 1945 году

Сёньня, калi палiтычная навука (цi палiталёгiя) трывала замацавалася сярод унiвэрсытэцкiх дысцыплiнаў, здаецца неверагодным, што палiталёгiя ў вузейшым сэнсе слова ў Нямеччыне iснуе толькi каля сарака гадоў. Першыя катадры палiталёгii былi створаны ў заходненямецкiх унiвэрсытэтах у той час, калi пасьля новага разьдзяленьня на землi пачалася фаза стварэньня Фэдэратыўнай Рэспублiкi Нямеччыны (параўн. Maier 1967, S. 192 ff). Тады гэтую дысцыплiну ўдалося ўвесьцi толькi праз значны палiтычны цiск, пераадольваючы супрацiў унiвэрсытэтаў. Шмат якiя факультэты бачылi ўва ўвядзеньнi новага прадмету бесцырымоннае ўварваньне ў iх спрадвечныя ўладаньнi: у канон навуковых дысцыплiн увайшоў прадмет, якi, вызначаючы свае тэмы, межаваўся i перакрываўся зь юрыдычнай навукай, гiсторыяй, сацыялёгiяй, часткова таксама з эканомiкай i фiлязофiяй, i які дагэтуль ня меў свайго ўласнага, спэцыфiчнага для яго мэтаду. Старыя факультэты пярэчылi, быццам усiмi пытаньнямi i праблемамi, якiя б маглi стаць прадметам палiталёгii, ужо займалiся названыя дысцыплiны. Тым, што ёй, нягледзячы на такі значны супрацiў, удалося ўтрывалiцца ў заходненямецкіх унiвэрсытэтах, палiталёгiя заўдзячваецца сваёй пачатковай назьве «навука дэмакратыi», г.зн. сваёй прыдатнасьцi да праграмы «reeducation» заходнiх хаўрусьнiкаў, перадусім амэрыканцаў, якiя спадзявалiся, што гэтая дысцыплiна будзе спрыяць фармаваньню дэмакратычнай кiруючай элiты ў Нямеччыне.

З абвастрэньнем канфлiкту памiж Усходам i Захадам i «халоднай вайной» да фронту палiталёгii, якi выкрываў нацыянал-сацыялiзм, дадаўся антыкамунiстычны фронт. Тэорыя таталiтарызму (сярод апошніх дасьледаваньняў гл. Bracher 1984, S. 34 ff), параўнаньні нацыянал-сацыялiзму i камунiзму зрабiлiся клясычным прыкладам пастаноўкi пытаньняў i праблем у пасьляваеннай заходненямецкай палiталёгii. Выставiўшы прэтэнзiю на крытычны разбор разнастайных праяваў таталiтарызму i вызначыўшы, зь iншага боку, асноўныя прынцыпы лiбэральна-плюралiстычных дэмакратыяў паводле заходняга ўзору, палiталёгiя дзякуючы яе культываваньню на акадэмiчным узроўні забясьпечыла прынцыповае ўхваленьне ўнiвэрсытэтамi новай нямецкай дэмакратыi (гл. Kastendiek 1977, паўсюль; ён жа, у: Blanke u.a. 1975, bd. I, S. 52 i наступныя). Галоўным навуковым прадметам палiталёгii ў адпаведнасьцi з гэтым стала перадача дэмакратычных ведаў i выхаваньне дэмакратыi — арыентацыя, якая яшчэ больш узмацнiлася, калi ў пяцьдзясятых гадох у школах былi ўведзеныя новыя прадметы — краязнаўства i вучэньне аб дзяржаве, — i палiталёгiя атрымала задачу рыхтаваць неабходных для выкладаньня гэтых прадметаў настаўнiкаў.

Праблемы, што спадарожнiчалi ўвядзеньню палiталёгii ўва ўнiвэрсытэты ФРН, яе — нягледзячы на яе акадэмiчнае прызнаньне, што прыйшло ў пачатку шэсьцьдзясятых гадоў — перасьледавалі яшчэ доўга: спачатку яна мела моцна выражаную пэдагагiчна-дыдактычную арыентацыю i ня мела цэнтральнага прадмету свайго дасьледаваньня, г.зн. яна дзялiла ледзь ня ўсе свае тэмы зь iншымi дысцыплiнамi. Апрача гэтага, нямецкая палiталёгiя спачатку была арыентаваная амаль выключна на нарматыўныя i iнстытуцыянальныя пытаньнi, у той час яе эмпiрычныя канцэпты заставалiся недастаткова высьветленымi: сацыяльная i палiтычная рэальнасьць згодна з палiтычнай пастаноўкай задач у пэрыяд стварэньня дысцыплiны разглядалася скрозь прызму канстытуцыйнага iдэалу, і пры iнтэнсіўнай распрацоўцы сыстэмы кiраваньня мала ўвагi надавалася грамадзкай сыстэме. Такое становiшча зьмянiлася ў шэсьцьдзясятыя гады, калi ўсё большая патрэба дзяржавы ў плянаваньнi сфармавала штосьцi накшталт адмысловага прадмету вывучэньня палiталёгii i адначасова дзякуючы разьвіцьцю мiждысцыплінарных дасьледаваньняў ранейшая бяда палiталёгii, неабходнасць дзялiць тэмы зь iншымi дысцыплiнамi, ператварылася ў яе перавагу. Яшчэ да пачатку студэнцкага руху напрыканцы шэсьцьдзясятых гадоў палiталёгiя пачала пазбаўляцца свайго агульнасьцьвярджальнага характару i стала больш адкрытай для крытычных у дачыненьні да грамадзтва пытаньняў i досьледных падыходаў, у якiх iдэал дэмакратыi супрацьстаўляўся палiтычнай i грамадзкай рэальнасьцi (параўн. Schäfer / Nedelmann 1967). У сярэдзiне семдзясятых гадоў дагэтуль бурнае разьвiцьцё дысцыплiны запаволiлася. Перадусім актыўнасьць студэнтаў у выніку пагаршэньня будучых прафэсiйных пэрспэктываў пачала спадаць, а шэраг працоўных месцаў i ўстановаў з увагі на нястачу фiнансавых сродкаў i дзеля «меркаваньняў эканоміі» зноў быў скасаваны або больш не даваў працоўных вакансіяў. Так палiталёгiя ўступiла ў другую фазу сваёй кансалiдацыi.

Традыцыi палiтычнай навукi ў Нямеччыне

Аднак толькi палiталёгiя ў вузейшым сэнсе была ўведзена ў Нямеччыне пасьля 1945 у якасьцi зусiм «новай» навуковай дысцыплiны; палiтычная навука ў больш шырокiм сэнсе мае ў Нямеччыне доўгую, няхай i шмат разоў перарываную, традыцыю. З часоў утварэньня нямецкiх тэрытарыяльных дзяржаваў на пачатку Новага часу i да канца XVIII стагодзьдзя ў Нямеччыне iснавала палiтычная навука – або адасобленая ў якасьцi палiцыйнай навукi, напрыклад, камэралiстыкi, або ўключаная, поруч з эканомiкай i этыкай, у якасьцi палiтыкi ў трыяду навук практычнай фiлязофii паводле арыстотэлеўскага ўзору (параўн. Hennis 1967, S. 122 ff, Maier 1967, S. 202 ff, ён жа 1985, паўсюль).

Працэс навукова-гiстарычнага i палiтычнага разьвiцьця ёсьць прычынай пераваротаў i зломаў традыцыі, якiя зазнала палiтычная навука ў Нямеччыне — у адрозьненьне, напрыклад, ад англасаксонскiх краiн. З пашырэньнем пазытывісцкіх установішчаў сярод асобных навук у пачатку XIX стагодзьдзя адзiнства практычнай фiлязофii, што ахоплівала этыку, эканомiку i палiтыку, было падарвана раз i назаўсёды. У гэты час нацыянальная эканомiка i сацыялёгiя, гiстарыяграфiя i геаграфiя вылучылiся як дысцыплiны з уласнымi прадметамi i ўласнымi мэтадамi. Палiтычная навука, што ўваходзiла ў агрэгатную масу практычнай фiлязофii, была — не зважаючы на нешматлiкiя выняткі — у якасьцi агульнага дзяржавазнаўства перададзеная на балянс правазнаўства, дзе яно марнела як дапаможная навука дзяржаўнага права пры навучаньнi юрыстаў i дзяржаўных урадоўцаў.

Ведама, пакручасты лёс палiтычнай навукi ў Нямеччыне ёсьць вынiкам ня толькi дыфэрэнцыяцыі ўнутры навукі i пашырэньня ў ёй пазытывісцкіх установішчаў; яго глыбейшая прычына ляжыць у палiтычнай гiсторыi: пасьля ружовых мараў дасакавіцкага пэрыяду i рэвалюцыi 48-га году станаўкая перамога бюракратычнай дзяржавы ў Нямеччыне заразом з заснаваньнем iмпэрыi Бiсмарка ператварыла грамадзянiна ў падданага. Пад свабодай нямецкая буржуазiя (у параўнаньні з шляхтай, якая ў значнай ступенi была iнтэграваная ў бюракратычную дзяржаву ў якасьцi афiцэрскага корпусу, i пакуль яшчэ слабой, незьяднанай працоўнай клясай, яна была адзінай клясай, рэальна здольнай да ажыцьцяўленьня палітычнай улады) ужо больш не разумела палiтычнае прадстаўніцтва як гарантыю дабрабыту грамадзтва i сваёй нутраной i вонкавай свабоды; за свабоду цяпер уважалася разгарненьне дзяржаўнай улады навонкi («блiскучая абарона»), бясьпека жыцьця i собскасьцi ўсярэдзiне дзяржавы («праўная дзяржаўнасьць, «непадкупныя ўрадоўцы»), а таксама магчымасьць свабоднай (у сэнсе адсутнасьці перашкодаў) эканамiчнай дзейнасьцi («нямецкая дбайнасьць»). У гэтых абставiнах палiтычная навука як акадэмiчны прадмет ужо не карысталася попытам. Скіраваная навонкi сілавая дзяржава — як пры навуковых праблемах, так i ў пытаньнях славалюбнага самавыяўленьня — падпадала пад кампэтэнцыю гiстарыяграфii (параўн. Iggers 1971, S. 86 ff; Mommsen 1967, S. 291 ff), скіраваная ўсярэдзiну праўная дзяржава — у кампэтэнцыю юрыспрудэнцыi, а эканамiчная рэпрадукцыя грамадзтва — нацыянальнай эканомiі. Памiж палiтычнай паняверкай i абыякавасьцю, непалiтычным абагаўленьнем улады i гаспадарчай прадпрымальнасьцю немцаў адбываўся заняпад палiтычнай навукі. На працягу XIX стагодзьдзя палiталёгiя ў Нямеччыне перастала iснаваць. Пасьля паразы нямецкай дзяржавы ў першай сусьветнай вайне, уцёкаў кайзэра і ўзьнікненьня Ваймарскай рэспублiкi ў 1918–1919 гадох у Нямеччыне адбылося адраджэньне акадэмiчнага палiтычнага аналiзу, які знайшоў сваё першае выражэньне ў заснаваньні Нямецкай вышэйшай палiтычнай школы (НВПШ) у Бэрлiне. Праўда, НВПШ не была ператворана ўва ўнiвэрсытэт, а служыла перадусiм павышэньню квалiфiкацыi i дадатковай адукацыi партыйных функцыянэраў. З гэтай прычыны навучаньне, якое яна прапанавала, было ў значнай ступенi прыстасавана да патрэбаў парлямэнтарызму i партыяў, і гаворка ішла найперш пра тое, якiм чынам можна вярнуць страчаную палiтычную стабiльнасьць. Тым часам унiвэрсытэты захоўвалi сваю ўспадкаваную структуру — пад уражаньнем паразы Нямеччыны яны ўсё больш арыентавалiся на пытаньнi сілавой дзяржавы, чымся прававой. На працягу ўсяго iснаваньня Ваймарскай рэспублiкi палiталёгiя заставалася аўтсайдэрам у акадэмiчным асяродзьдзі. Пасьля прыходу да ўлады нацыянал-сацыялiстаў шмат якiя навукоўцы НВПШ апыніліся на чужыне, у той час як тыя, хто застаўся, прыстасавалiся да патрабаваньняў рэжыму i пiсалi навуковыя артыкулы на тэмы дасягненьня расава абгрунтаванага нямецкага сусьветнага панаваньня.

Прадмет палiталёгii

Палiтычная навука, якая пасьля другой сусьветнай вайны ўвайшла ў кола акадэмiчных дысцыплiн, пры вызначэньнi сваiх заданьняў i свайго самаразуменьня абапіралася далёка не на беспасярэднюю, і да таго ж даўно перарваную традыцыю, i ёй давялося паспрабаваць злучыць гэтую традыцыю з дасягненьнямі прадметна арыентаванай, мэтадычна вытрыманай унівэрсальнай навукі. Эрнст Фрэнкель i Арнольд Бэргштрэсэр улiчылi гэта, вызначаючы палiтычную навуку як «iнтэграцыйную навуку» (Fraenkel 1967) або «сынаптычную навуку» (Bergstraesser 1961). Згодна з плюралістычным разуменьнем мэтадаў, яна павiнна зьбiраць, клясыфiкаваць i ацэньваць паасобныя эмпiрычныя факты i ў адпаведнасьці з нарматыўнымi тэорыямi выкарыстоўваць iх з мэтай умацаваньня стабільнасьці палiтычнай супольнасьцi.

Такая дэфiнiцыя палiталёгii перастала быць дастатковай з таго часу, як дысцыплiна — не ў апошнюю чаргу ў вынiку яе акадэмiчнай iнстытуцыялiзацыi — разьбілася на мноства адасобленых дасьледчых і праблемных кiрункаў. Найлепшы паказьнік гэтага разьвiцьця — распачатая напрыканцы шэсьцьдзясятых спэцыялiзацыя катадраў, iнстытутаў i часопiсаў. Сёньня нiводзiн палiтоляг больш ня можа спаважна прэтэндаваць на поўнае валоданьне ўсёй сукупнасьцю дысцыплiны цi нават хаця б яе галоўных аспэктаў. Дзеля гэтага прэтэнзiя на iнтэграцыю цi на сынаптычнасьць, вiдавочна, адступiла на заднi плян.

Аднак ужо тады, калi дэфiнiцыя палiталёгii як «iнтэграцыйнай» або «сынаптычнай» навукi яшчэ магла прэтэндаваць на пэўную ўнiвэрсальасьць, пытаньне аб прадмеце палiталёгii — шмат у чым iдэнтычнае з пытаньнем аб ісьце цi паняцьці палiтыкі — не было разьвязанае. Дольф Штэрнбэргер (1978) адрозьнівае тры падваліны палiтыкi: «палiталёгiка» (S. 87 ff), якую ён непарыўна зьвязваў з творам Арыстотэля, «дэманалёгiка» (S. 159 ff) , якую ён зылюстраваў прыкладамi з твораў Макiявэлi, i «эсхаталёгiка» (S. 309 ff), заснавальнiкам якой ён называе Аўгустына. Палiтычным для Арыстотэля ёсьць спосаб, якiм вольныя грамадзяне як палiтычна (не сацыяльна) роўныя арганiзоўваюць сваё сужыцьцё, не адмаўляючыся ад сваёй свабоды; для Мак’явэлi (паводле Штэрнбэргера) «палiтыка» тоесная (рэпрэсiўнай) тэхнiцы ўлады, якую ажыцьцяўляюць дэманiчныя сiлы, тым часам як у Аўгустына ў якасьці «палiтычнага» пазначаецца дасягненьне такога стану, у якiм для адных, «выратаваных», сканчаюцца ўсе злыбеды і мукі, тым часам як iншыя, «праклятыя», будуць цярпець вечныя пакуты ў пекле. Для Штэрнбэргера Арыстотэль уяўляе сабой падмурак заходняй прававой дзяржавы, тым часам як абодва iншыя палiтыкi далі тэарэтычнае абгрунтаваньне прыгнёту i нявольніцтва.

Не абавязкова падзяляць Штэрнбэргерава меркаваньне пра Арыстотэля, Мак’явэлi i Аўгустына (апошняе разраблялася, паклікаючыся на Карла Лёвiца), каб увогуле прыняць ягонае вылучэньне трох падвалінаў палiтычнага для апісальнай характарыстыкі прадметных абсягаў палiталёгii. Тым самым зьявіцца магчымасьць адасобіць адзін ад аднаго чатыры абсягі, якiя ў сваёй сукупнасьцi складаюць шматгранны прадмет палiталёгii. Гэта (1) пытаньне пра ўладу, яе здабыцьцё i ажыцьцяўленьне (уладна-аналiтычны аспэкт), (2) пытаньне пра мэханiзмы i функцыi існага палiтычнага ладу ды пра яго іманэнтны патэнцыял стабiльнасьцi i трансфармацыі (iнстытуцыянальны ды палiтычна-сацыялягiчны аспэкт), (3) зьвязанае з папярэднiм, аднак выходзячае вонкі вучэньня аб iнстытуцыях i палiтычнай сацыялёгii пытаньне пра фiлязафічна абумоўлены сэнс палiтычных iнстытуцый (палiтычна-тэлеалягiчны аспэкт), i наапошку (4) пытаньне пра рэалiзацыю палiтычных праектаў, якiя прэтэндуюць на дасягненьне свабоды i шчасьця людзей пры аснаватворным зьмяненьнi існага палітычнага ладу (эманцыпацыйна-ўтапічны аспэкт). Другое i трэцяе пытаньнi, на першы погляд, знаходзяцца міжсобку ў пэўнай блiзіні, тым часам як першае i чацьвертае пытаньнi, здаецца, уяўляюць сабой гранічныя адзнакі палiтычнага спэктру. Аднак насамрэч усе прыведзеныя тут аспэкты палiтычнага могуць спалучацца міжсобку і ўзаемадапаўняць адзiн аднаго без усякiх супярэчнасьцяў.

У адпаведнасьцi з гэтым прадмет палiталёгii (паняцьце палiтыкі) можа быць вызначаны (1) як змаганьне за ўладу — як, напрыклад, у Фукiдыда і Мак’явэлi (ня толькі, але ў тым ліку) і да Макса Вэбэра i Карла Шмiта; ён можа (2) быць эмпiрычна вызначаны як існы палiтычны лад улучна зь ягонымі iнстытуцыямi i сацыяльнымi рухамi (напрыклад, як у Tаквіля), а таксама (3) больш нарматыўна як ажыцьцяўленьне арыентаванага на ўсеагульны дабрабыт «добрага ладу», напрыклад, як у Арыстотэля і да Яахiма Рытэра i Леа Штраўса; інакш яго можна вызначыць як вялiкую гiстарычную мэту ўлучна з усiмi неабходнымi для яе дасягненьня тактычнымi крокамi i стратэгiчным плянаваньнем, як, напрыклад, у выпадку Маркса i Энгельса ды iхных вучняў i пасьлядоўнiкаў.

Падсумоўваючы гэтыя адрозныя пытаньнi i падыходы, палiталёгiю нельга назваць нi чыста нарматыўнай, нi чыста эмпiрычнай навукай, бо яна немінуча спалучае абодва моманты — няхай i ў рознай прапорцыi. У вынiку рознага акцэнтаваньня гэтых абодвух момантаў пасьля ўвядзеньня палiталёгii ў Фэдэрацыйнай Рэспубліцы Нямеччыне ўтварылiся розныя — палiталягiчна i сацыялягiчна накiраваныя — «школы». Для ўводзiнаў у структуру дысцыплiны неабходна сьпярша апiсаць розныя палiталягiчныя «школы», тады тры аснаватворныя тэарэтычныя канцэпцыi i на заканчэньне некалькi мэтадычных падыходаў.

2. Школы, тэорыi i дасьледчыя падыходы

Чатыры палiталягiчныя школы

Школы, якiя ўзьніклі і пачалі разьвiвацца ці адначасова, ці з дыстанцыяй у часе, у пэўным сэнсе прадстаўляюць парадыгму палiтыкі, прычым пад парадыгмай тут разумеецца ў сэнсе Томаса Куна — у пляне зьместу і мэтаду — унівэрсальнае і фундамэнтальнае ўяўленьне аб тым, што складае істу палiтыкі i чым абгрунтоўваецца прэтэнзiя на навуковасьць пры дасьледаваньнi пэўнай зьявы, зразуметай як палiтычнай. У вынiку адсутнасьцi ў дысцыплiне кансэнсусу наконт таго, што складае істу цi паняцьце палiтыкі ў апошняй інстанцыі, — скажам, каб толькi прывесьці прыклад, цi палiтычныя структуры вызначаюцца эканамiчнымi дачыненьнямі альбо «палiтычнае» ёсьць аўтаномным абсягам — iснуе, натуральна, разыходжаньне ў поглядах на тое, якiя мэтады найбольш прыдатныя, каб навукова сфармуляваць гэтую істу цi гэтае паняцьце палiтыкі. Наколькі ўжыткоўным паняцьце парадыгмы было для дыфэрэнцыяцыі палiталягiчных школаў, настолькі ж большую цi меншую ўвагу, якую гэтыя школы прыцягвалi да сябе ў розныя часы, нельга растлумачыць Кунавым паняцьцем парадыгмальных зьменаў, бо, гаворачы пра палiталягiчную веду, мы толькi часткова (i да таго ж нават у гэтай частцы толькі ўмоўна) гаворым у строгiм сэнсе пра навукова назапашваную веду і, апрача таго, розныя школы толькi ў абмежаваным маштабе канкуруюць за тое, каб даць найлепшае цi найбольш вытанчанае выясьненьне цi разуменьне пэўнай супольнай для ўсiх iх праблемы пры дапамозе iхных адрозных падыходаў (пра адрозьненьне памiж «выясьненьнем » i «разуменьнем» гл. von Wright 1974, S. 122 ff). Перадумовай для гэтага быў бы ў строгiм сэнсе адзiны прадметны абсяг, чаго, аднак, дысцыпліна з вышэйназваных прычынаў ня мае i ня можа мець. Навуковая канкурэнцыя памiж школамi палягае ня столькi ў тым, каб прапанаваць «найбольш вытанчаныя» ў фармальна-эстэтычным аспэкце, «найбольш усеабсяжныя» з гледзішча свайго інтэрпрэтацыйнага патэнцыялу або «найглыбшыя» ў сваiм разуменьнi праблемы падыходы (гэткая канкурэнцыя таксама ёсьць, але яна адбываецца хутчэй усярэдзiне школаў, чымся памiж iмi), колькi датычыць перадусім пытаньня аб тым, чым жа ў існасьці ёсьць палiтыка: барацьбой за ўладу, зьдзяйсьненьнем маральна добрага ладу, умацаваньнем мiру i г.д.

Так, напрыклад, заснаваная Арнольдам Бэргштрэсэрам Фрайбурская школа, насьлядуючы Арыстотэлю, вызначае вывучэньне палiтыкi як хутчэй практычную i ў меншай ступені сыстэматычную навуку. Палiталёгiя пры гэтым разуменьні мае хутчэй маральна-фiлязафічную накiраванасьць i ў меншай ступенi разумеецца як дысцыплiна, што займаецца навуковым дасьледаваньнем грамадзтва. Апошняе, паводле гэтай візіі, хутчэй справа сацыялёгii. Гэтаму супрацьстаiць Мангаймская школа, якую вызначае моцна сцыентысцкая арыентацыя пры недастаткова вялікай увазе да нарматыўных элемэнтаў. Трэба ўлiчваць, што якраз у абсягу эмпiрычнага дасьледаваньня — не зважаючы на рэцэпцыю англасаксонскай political science, якая зьдзеялася перадусiм у Мангаймскай школе — палiталёгiя атрымлівала моцныя iмпульсы ад сацыялёгii, якая ўжо валодала дыфэрэнцыяванымі падыходамі i разробленымі мэтадамі квантытатыўнага характару. Анталягiчна-нарматыўная палiталёгiя, наадварот, арыентавалася перадусім на фiлязофiю, упаасобку на плятанічна-арыстотэлеўскую традыцыю мысьленьня.

Мэтадалягічнае першынство сацыялёгiі перад палiталёгiяй выяўляецца таксама i на прыкладзе трэцяй згаданай тут, Франкфурцкай школы, якая дзякуючы сваёй крытыцы традыцыйных i сцыентысцкіх канцэпцый у сацыялёгii i дзякуючы сваёй мэтадычнай рэфлексiі над сукупнасьцю грамадзкiх дачыненьняў (параўн. Adorno u.a. 1969) рабiла i робiць вялiкi ўплыў на палiталёгiю — пераважна ў сваёй палiталягiчна рэлевантнай крытыцы сацыяльных i палiтычных дачыненьняў з пэрспэктывы iдэалаў, якiя легiтымізуюць гэтыя дачыненьні.

Ад яе на падставе ейнай больш пасьлядоўнай сувязi з практыкай, ейнай прафсаюзнай арыентацыi i мацнейшай адданасьці артадаксальна марксiсцкiм тэарэмам трэба адрозьнiваць прадстаўленую перадусiм Вольфгангам Абэндротам i Вэрнэрам Гофманам Марбурскую школу — у адваротнасьць ад Франкфурцкай школы, гэта строга палiталягiчная школа, якая, аднак, пры палiтычным раскладзе пяцьдзясятых i шэсьцьдзясятых гадоў прыцягвала да сябе далёка ня гэтулькі ўвагi, як, напрыклад, Фрайбурская школа, а калi палiтычная сытуацыя пачала спрыяць больш актыўнай рэцэпцыі ейных падыходаў, лучыла ў цень Франкфурцкай школы.

Ведама, ня кажны палiтоляг можа быць беззасьцярожна залiчаны да адной з прадстаўленых тут палiталягiчных або ўплывовых для палiталёгiі школаў. Элемэнты розных школаў часта злучаюцца ў собскую больш цi менш арыгiнальную пазыцыю. З шырокамаштабным укараненьнем паліталёгіі ў Фэдэрацыйнай Рэспубліцы «школы» таксама страцiлi свой адасоблены характар. На парадку дня зьявіліся спалучэньнi больш цi менш розных падыходаў i традыцыяў. Таму бадай што можна гаварыць пра тэндэнцыю канструяваньня iдэальных тыпаў у духу Макса Вэбэра, калі сёньня заходзіць гаворка пра школы ў апісаным вышэй сэнсе.

Тры тыпы палiталягiчных тэорыяў

Вiдавочна, больш плённай, чымся вывучэньне школаў, для ўводзiнаў у структуру палiталёгiі будзе арыентацыя на тыпы сацыялягiчных тэорыяў, якiя могуць быць апiсаныя больш канцэптуальна, чымся гэта магчыма ў выпадку пэўнай навуковай школы. Таму пры гэтым падыходзе і ў выпадку пераходу да актуальнага стану палiталягiчнай тэорыі і дасьледаваньняў не выпадае здавальняцца канстатацыяй таго, што сёньня бальшыня палiтолягаў у строгiм сэнсе ня можа быць прылiчана да якойсьці школы. Вольф-Дытэр Нар (1972) i Кляўс фон Бэймэ (1980) вылучылi тры тыпы сацыялягiчных тэорыяў, якія былі здэфініяваныя настолькі падрабязна i мелі адначасова такiя выразна акрэсьленыя межы, што бальшыню палiтолягаў можна прылiчыць да аднаго — i толькi да аднаго — з гэтых тэарэтычных тыпаў (параўн. таксама Lenk 1975, S. 49 ff, якi ў дадатак да гэтага кажа яшчэ пра тэарэтычны i тып «наiўнага эмпiрызму»). Першы тэарэтычны тып, якi Нар (1972, S. 27 f) называе ідэйнагiстарычна-эсэнцыялiсцкім, фон Бэймэ (1980) — анталягiчна-нарматыўным, вызначае — гэтаксама як i Фрайбурская школа, якую трэба прылiчыць да яго — пры спасылцы на Плятона i Арыстотэля палiтыку як вучэньне пра добрае i справядлiвае жыцьцё i падкрэсьлiвае iснаваньне пазачасавых, пераважна анталягiчна абгрунтаваных вартасьцяў i нормаў, якiя рэглямэнтуюць існаваньне абавязковых арыенцiраў па-за кантэкстам якіх-любя канкрэтных гiстарычных абставiнаў i адначасна павiнны ўяўляць сабой вядучую мэту якой-любя палiтычнай дзейнасьці. Дзеля гэтага палiталёгiя ня здольная прадукаваць навуковую веду ў вузейшым сэнсе (epistéme ў клясыфiкацыйнай мадэлi Арыстотэля); у ейным выпадку йдзецца баржджэй пра тапiчны працэс, пры якiм з дапамогай разважнага, маральна арыентаванага аналізу (phrуnesis) дасьледуюцца i ацэньваюцца розныя погляды (tуpoi) на пэўную тэму. Назавем некалькі імёнаў палiтолягаў, якiх трэба прылiчыць да гэтага тэарэтычнага тыпу: Арнольд Бэргштрэсэр i Эрык Фёгелiн, Ганна Арэнт i Iсая Бэрлiн, Леа Штраўс i Майкл Оўкшат.

Навукова-тэарэтычнай асновай другога тэарэтычнага тыпу ёсьць эпiстэмалягiчны фалібілізм[1] Карла Попэра i прымыкаючыя да яго канцэпцыі, перакананьне ў тым, што гiпотэзы нельга вэрыфікаваць, а можна толькі сфальсыфікаваць, i таму яны — пры ўмове, што яны падлягаюць фальсыфікацыі, г.зн. зьмяшчаюць умову магчымасьцi iхнага зьняпраўджаньня i не выпрацоўваюць да яго iмунiтэту — павiнны да сваёй фальсыфікацыі лiчыцца сапраўднымi (Popper 1971). Попэр прызнае навуковы статус толькi за тымі выказваньнямi, якія падлягаюць фальсыфікацыі. Тэарэтычны тып, заснаваны на гэтым, Нар (1972, S. 28 ff) назваў дэдукцыйна-эмпiрычным, фон Бэймэ (1980, S. 32 ff) — эмпiрычна-аналiтычным. Фалібілісцкі падыход Попэра прыводзіць да прынцыповага антыдагматызму, паколькі ніводнае выказваньне (апрача ўласна фалібілісцкіх фундамэнтальных гіпотэзаў) ня можа прэтэндаваць на тое, каб канчальна, раз і назаўсёды, быць праўдзівым. Сацыялёгiя гэткага тыпу наблiжаецца да таго, што мы ўяўляем пад прыродазнаўчай навукай. Колькасная вымяральнасьць, бесстароннасьць i мэтадычная пераправяральнасьць — вось iдэал сацыёлягаў i палiтолягаў, аддадзеных гэтаму тыпу. З усiх сацыялягічных тэорыяў апiсаная тут валодае найбольшай здольнасьцю прадукаваць навукова назапашваную веду. У шырэйшым сэнсе сюды ж можна прылiчыць усе бiхевiярысцкія тэорыi, а таксама сыстэмна-тэарэтычныя, функцыяналiсцкія i структуралiсцкія мадэлi. Робэрт К. Мэртан, Толкат Парсанс і Нікляс Люман, Карл В. Дойч i Дэвід Істан — найбольш ведамыя прадстаўнiкi гэтага тэарэтычнага тыпу, якi ў Нямеччыне, няма сумлеву, шырэй прадстаўлены ў сацыялёгii, чымся ў палiталёгii. Трэцi тэарэтычны тып, пры якiм у цэнтар тэарэтычных пабудоваў разам з гiстарычнасьцю сацыяльных i палiтычных фармацыяў лучае таксама i iх зьмяняльнасьць, Нар (1972, S. 30 f) называе дыялектычна-гiстарычным, фон Бэймэ (1980, S. 50) — дыялектычна-крытычным. Выхады на эканомiку (марксiзм) i на псыхааналiз (фрайдызм), бадай, найзырчэй падкрэсьлiваюць яго адрознасьць ад першага тэарэтычнага тыпу. Так, напрыклад, палiтычныя iдэi тут дасьледуюцца не з увагі на нязьменны парадак, а разумеюцца як выражэньне пэўных гiстарычных дачыненьняў, зь якiмi яны знаходзяцца ў прыхільных цi крытычных стасунках. Характарыстыкамi гэтага тыпу выступаюць — у розных прапорцыях — гермэнэўтыка i крытыка iдэалёгiі, а таксама акцэнтаваньне гiстарычнасьці i татальнасьці структураў. Д’ёрдзь Лукач i Эрнст Блёх, Жан-Поль Сартр i Гербэрт Maркузэ, Тэадор В. Адорна, Макс Горкгаймэр i Юрген Габэрмас — задзіночаныя Пэры Андэрсанам (1978) пад зборным паняцьцем «заходнi марксiзм» — прадстаўляюць гэты трэцi тэарэтычны тып.

Пры аглядзе трох тэарэтычных тыпаў, а таксама пры апiсаньнi школаў кiдаецца на вочы — прынамсі, у Нямеччыне — моцная навукова-тэарэтычная i мэтадалягiчная залежнасьць палiталёгii ад iншых дысцыплiн, — у першую чаргу ад сацыялёгii, але таксама i ад фiлязофii ды гiсторыі. Прычыны гэтага трэба шукаць перадусiм у апiсанай вышэй гiсторыi дысцыпліны ў Нямеччыне, а таксама i ў асновасяжных праблемах пры вызначэньнi прадметнага абсягу палiталёгii. У вынiку адну групу палiтолягаў прылiчаюць да культуралягiчна-ідыяграфічнай, другую, у адрозьненьне ад гэтага, — да прыродазнаўча-номатэтычнай традыцыi ў гiсторыi навукi. Вiльгельм Вiндэльбанд, якi ўвёў гэтыя паняцьцi, тым самым адрозьнiў навукi, якiя шукаюць абагульняючыя заканамернасьцi, ад навук, якiя iмкнуцца да спасьціжэньня паасобных фактаў. Палiталёгiя, якая хутчэй прыналежыць да гiсторыi, паводле Вiндэльбанда мае быць больш ідыяграфічнай, тым часам як палiталёгiя з моцнай сацыялягiчнай дамінантай хутчэй адносіцца да номатэтычных навук. Сюды ў якасьці трэцяй трэба дадаць паліталёгію, арыентаваную на клясычную практычную фiлязофiю, — яна ў якасьцi нарматыўнай навукi займае асаблiвае становішча. Прынамсi мэтадычна палiталёгiя знаходзiцца памiж усiх гэтых франтоў. Адно ажыцьцявіўшы нарыс мэтадычных падыходаў палiталёгii, мы ўвідавочнім яе собскі навуковы профiль.

Пяць дасьледчых падыходаў

Адштурхоўваючыся ад Кляўса фон Бэймэ (1980, S. 73 ff) тут варта прасачыць пяць падыходаў, якія ўжываюцца пры палiталягiчных досьледах. У фазе арганiзацыi дысцыпліны ў Нямеччыне пасьля 1945 г., калi пераход ад гiсторыі да палiталёгіі быў яшчэ вельмі расплывісты (на кагадзе заснаваныя катадры палiталёгii часта запрашалiся гiсторыкi), дамiнаваў (побач з iнстытуцыянальным) гiстарычны падыход: палiтычныя iнстытуцыi i канфлiкты, сацыяльныя рухi i структуры разглядалiся пры дапамозе мэтадаў i працэдураў, свомых гiстарычнай навуцы, г.зн. пераважна з гледзішча iхнага паходжаньня i іхнай гiсторыi. Аднак з прыняцьцём палiталёгiяй генэралізуюча-сцыентысцкіх мэтадаў i ўзрастаючай арыентацыі дысцыпліны на бiхевiярысцкія канцэпты i сыстэмна-тэарэтычныя мадэлi палiтычная i гiстарычная навука паступова пачалi разьвiвацца ў розных кiрунках, праўда, не губляючы кантакту да канца. Фундамэнтальная мэтадычная праблема, вызначальная ў стасунках абедзьвюх дысцыплін міжсобку, якая, да таго ж, выконвае пэўную ролю таксама i для кажнай з абедзьвюх дысцыплін як такіх, выкрышталізавалася ў адносінах памiж функцыяй цi структурай i храналёгiяй, а таксама ў спалучэньні iндывiдуалiзуючага i генэралізуючага / структуруючага аналізу і апiсаньня (параўн. апiсанае вышэй адрозьненьне Вiндэльбандам ідыяграфічных і номатэтычных навук), прычым дагэтуль нi гiстарычнай, нi палiтычнай цi сацыяльнай навукай не выстаўляюцца прэтэнзiі на выключнасьць. Дарма што сёньня палiталёгiя толькi часткова паслугуецца гiстарычным падыходам, няма сумлеву, што яна не абыдзецца бяз гэтага падыходу i ў будучынi — акалiчнасьць, зь якой выразна вынікае неабходнасьць разглядаць пытаньні гiстарычнай навукi разам з сацыялягiчнымі пытаньнямі (параўн. Wehler 1973, Faber / Meier 1978), як гэта робіць упаасобку француская школа «Аналаў» (параўн. Bloch u.a. 1977).

Уласна палiталягiчным мэтадам можа лiчыцца iнстытуцыянальны падыход, клясычнае вучэньне пра кiраваньне, якое было прадстаўлена такiмі палiтолягамi, як Эрнэст Баркер, Гаральд Ласкi i Карл Яахiм Фрыдрых. У цэнтры ўвагi тут апынаюцца палiтычныя iнстытуцыi, фармалiзаваныя працэсы прыняцьця рашэньняў, а таксама iх узаемадзеяньне. Аднак зь цягам часу месца хутчэй статычнага паняцьця iнстытуцыі ў палiталягiчных дэбатах пачалі інтэнсіўна займаць такiя паняцьцi, як структура, функцыя цi роля. Гэтае ўвядзеньне структуралiсцкіх, функцыяналiсцкіх ролева-тэарэтычных канцэптаў прывяло да дынамiзацыi традыцыйнага вучэньня пра iнстытуцыi. Адначасова яно было дапоўнена дасьледаваньнем групаў уплыву (decision making), якое разглядае фармаваньне палiтычных рашэньняў таксама і за кулісамі афiцыйных каналаў i працэдураў. У гэтым сэнсе клясычны інстытуцыянальны падыход, якi па-ранейшаму выконвае важную ролю ў палiталёгii, быў дапоўнены i пашыраны палiтычна-сацыялягічным падыходам (параўн. Stammer 1967, S. 330 ff).

На выясьненьне i прагназаваньне палiтычных паводзiнаў як асобных людзей, так i групаў накіраваны бiхевiярысцкі падыход, якi ў ЗША, напрыклад, прадстаўляюць Джордж Олманд, Рональд Даль i Дэвiд Iстан. Ведама, пры пазначэньні «бiхевiярысцкі» гаворка йдзе перадусім пра зборнае паняцьце, пад якiм аб’яднаныя розныя мэтадычныя прыхваткі. Супольным для ўсiх iх ёсьць сыстэматычны аналiз, абмежаваньне поля досьледу выяўна назiранымі фэномэнамi, патрабаваньне бесстароннасьцi i поўнай даказальнасьцi выказваньняў, а таксама колькаснай вымяральнасьці дадзеных. Бiхевiярысцкі падыход знаходзiцца ў выразнай апазыцыi да ўсiх нарматыўных тэорыяў, а таксама захоўвае пэўную дыстанцыю i да iнстытуцыянальнага падыходу, паколькі ягонае фундамэнтальнае мэтадычнае перакананьне ўзглядам iнстытуцыяў як такое не ўкладаецца ў рамкі строгай навуковай фармулёўкі, а можа падлягаць аналізу толькi з увагі на рэальныя паводзiны iндывiдаў. Гэты падыход, моцным месцам якога можа лiчыцца дасьледаваньне як паводзiнаў выбарцаў, так i элiтаў, — у мэтадычным стасунку найбольш разьвiты палiталягiчны падыход. Аднак дзеля свайго мэтадычнага рыгарызму, напрыклад, арыентацыі на колькасную вымяральнасьць, ён выключае з поля дасьледаваньня шэраг праблемаў, значэньне якіх у палітыцы цяжка пераацаніць.

Функцыянальна-структурны падыход мацней укаранiўся ў сацыялёгii (а таксама ў этналёгii, як, напрыклад, у Малiноўскага цi Левi-Строса), чымся ў палiталёгii; ён дасьлядуе як палiтычныя паводзiны, так і палiтычныя iнстытуцыi ў аспэкце iх узьдзеяньня на (мэханiстычна цi арганiстычна, кiбэрнэтычна цi бiялягiчна абумоўленую) звышсыстэму, прычым яе функцыянальная эфэктыўнасьць i бесьперабойнае ўзаемадзеяньне ейных частак стаецца нарматыўным складнікам у тэорыi сыстэмы: месца анталягiчных тут заступiлi функцыяналiсцкія цi сыстэмныя iмпэратывы, якiя ў выніку сваёй вылучнай арыентацыі на стабільнасьць сыстэмы напару — ува ўсякiм разе, з нарматыўнага пункту гледжаньня — уключаюць цынiчную стратэгiю сваёй легiтымацыі. Галоўнай тэарэтычнай (а таксама i практычнай, як ужо паказалi экалягiчныя дэбаты) праблемай гэтага падыходу ёсьць адрозьніваньне «сыстэмы» i «асяродзьдзя» цi, інакш кажучы, пытаньне аб тым, да якога зь іх варта залічаць iнстытуцыi i рэсурсы. Нарэшце, хутчэй спэцыфiчным для палiталягiчнага дасьледаваньня можа быць названы кампаратыўны падыход, пры якiм прыраўнаньне палiтычных структураў, iнстытуцыяў i рашэньняў выконвае функцыю субстытуту немагчымага ў палітыцы навукова кантраляванага экспэрымэнту. Пры гэтым кампаратыўны мэтад ні ў якім разе не выключае прадстаўленых уперад падыходаў і выступае, як правiла, у розных зь iмi камбiнацыях. Галоўнай праблемай кампаратыўнага падыходу ёсьць вызначэньне цi выбар прыраўноўваных міжсобку адзiнак. Гэта могуць быць палiтычна зададзеныя велiчынi, напрыклад, дзяржавы, цi геаграфiчна яўна вызначаныя рэгiёны з собскай гiсторыяй i культурай; аднак прыраўноўвацца міжсобку могуць таксама i такiя велiчынi, якiя самi сьпярша былi сканструяваныя пры дапамозе навуковых мэтадаў, — напрыклад, вылучаная на падставе пэўных сацыялягiчна рэлевантных прыкмет група насельнiцтва ў Фэдэрацыйнай Рэспубліцы Нямеччыне, Францыi, Вялiкабрытанii i ў Злучаных Штатах Амэрыкi, прычым можа вымярацца i прыраўноўвацца ейнае стаўленьне, напрыклад, да гонкі ўзбраеньняў, голаду ў Трэцiм сьвеце i г.д.

Працы, зьбертыя ў гэтай кнiзе, таксама паказваюць, што пурызм у мэтадах, якія выкарыстоўваюцца ў палiталёгii, сустракаецца вельмі рэдка (яшчэ адна прычына ўзьнікненьня шматлікіх «школаў» пасьля ўвядзеньня дысцыпліны), больш таго, пры разрабленьні пэўнай праблемы, як правiла, розныя мэтадычныя падыходы спалучаюцца міжсобку, прычым гэта зусiм не абавязкова абяртаецца мэтадычным эклектызмам, адвольнай камбiнацыяй мэтадаў згодна з адпаведнымi патрэбамi дасьледніка. Калi навуку можна вызначыць як мэтадычна праводжаную вытворчасьць ведаў пра аб’ектыўна абмежаваныя пытаньнi, то палiталёгiя, пэўна, належыць да тых навук, якiм патрабуецца незьлiчонае мноства мэтадаў, таму што межы яе прадмету зьменлiвыя i расплывiстыя.

Літаратурныя жаролы [2]

Выкарыстаная літаратура

Adorno, Theodor W. u.a. 1969: Der Positivismusstreit in der deutschen Soziologie, Neuwied/Berlin.

Anderson, Perry 1978: Über den westlichen Marxismus (aus d. Engl. v. R. Kaiser), Frankfurt/M.

Bergstraesser, Arnold 1961: Politik in Wissenschaft und Bildung, Freiburg (2. erw. Aufl. 1966).

Beyme, Klaus von 1980: Die politischen Theorien der Gegenwart. Eine Einführung, München (4. überarb. u. erg. Auflage).

Blanke, Bernhard u. a. 1975: Kritik der Politischen Wissenschaft, 2 Bde, Frankfurt / New York.

Bloch, Marc / Braudel, Fernand / Febvre, Lucien u.a. 1977: Schrift und Materie der Geschichte. Vorschlage zur systematischen Aneignung historischer Prozesse, hrsg. von C. Honegger, Frankfurt/M.

Bracher, Karl Dietrich 1984: Zeitgeschichtliche Kontroversen um Faschismus, Totalitarismus, Demokratie, München (5. veränd. und erw. Ausg.).

Faber, Karl-Georg / Meier, Christian (Hrsg.) 1978: Historische Prozesse (Beiträge zur Historik, Bd. 2), München.

Fraenkel, Ernst 1967: Die Wissenschaft von der Politik und die Gesellschaft; in: H. Schneider (Hrsg.): Aufgabe und Selbstverständnis der Politischen Wissenschaft, Darmstadt (zuerst in: Gesellschaft — Staat — Erziehung, 8. Jg., 1963).

Hennis, Wilhelm 1967: Bemerkungen zur wissenschaftsgeschichtlichen Situation der Politischen Wissenschaften; in: H. Schneider (Hrsg.): Aufgabe und Selbstverständnis der Politischen Wissenschaft, Darmstadt (zuerst in: Gesellschaft — Staat — Erziehung, 5. Jg., 1960, Heft 5).

Iggers, Georg G. 1971: Deutsche Geschichtswissenschaft, München.

Kastendiek, Hans 1977: Die Entwicklung der westdeutschen Politikwissenschaft, Frankfurt/M.

Kuhn, Thomas S. 1973: Die Struktur wissenschaftlicher Revolutionen, Frankfurt/M.

Lenk, Kurt 1975: Politische Wissenschaft. Ein Grundriss, Stuttgart.

Löwith, Karl 1953: Weltgeschichte und Heilsgeschehen. Die theologischen Voraussetzungen der Geschichtsphilosophie, Stuttgart.

Maier, Hans 1967: Zur Lage der politischen Wissenschaft in Deutschland; in: H. Schneider (Hrsg.): Aufgabe und Selbstverständnis der Politischen Wissenschaft, Darmstadt (zuerst in: Vierteljahreshefte für Zeitgeschichte, 10 Jg., 1962).

Maier, Hans 1985: Politische Wissenschaft in Deutschland. Lehre und Wirkung, München (erw. Neuausg.).

Mommsen, Hans 1967: Zum Verhältnis von Politischer Wissenschaft und Geschichtswissenschaft in Deutschland; in: H. Schneider (Hrsg.): Aufgabe und Selbstverständnis der Politischen Wissenschaft, Darmstadt (zuerst in: Vierteljahreshefte für Zeitgeschichte, 10 Jg. 1962).

Narr, Wolf-Dieter 1972: Logik der Politikwissenschaft — eine propädeutische Skizze; in: Politikwissenschaft. Eine Einführung in ihre Probleme, hrsg. von Gisela Kress und Dieter Senghaas, Frankfurt/M.

Popper, Karl R. 1971: Logik der Forschung, Tübingen (4. verb. Aufl.).

Schäfer, Gert / Nedelmann, Claus (Hrsg.) 1967: Der CDU-Staat. Analysen zur Verfassungswirklichkeit der Bundesrepublik, Frankfurt/M.

Stammer, Otto 1967: Herrschaftsordnung und Gesellschaftsstruktur. Erkenntnisobjekt und Aufgaben der politischen Soziologie; in: H. Schneider (Hrsg.): Aufgabe und Selbstverständnis der Politischen Wissenschaft, Darmstadt (zuerst in: Schmollers Jahrbuch, 71. Jg., 1951)

Stemberger, Dolf 1978: Drei Wurzeln der Politik, 2 Bde. (= Schriften II), Frankfurt/M.

Wehler, Hans-Ulrich 1973: Geschichte als Historische Sozialwissenschaft, Frankfurt/M.

Windelband, Wilhelm 1894: Geschichte und Naturwissenschaft; wiederabgedruckt in: ders.: Präludium, Tübingen 1907 (3. Aufl.).

Wright, Georg Henrik von 1974: Erklären und Verstehen, Frankfurt/M.

Карысная літаратура

Buchstein, Hubertus / Göhler, Gerhard 1986: In der Kontinuität einer < braunen > Politikwissenschaft?; in: Politische Vierteljahresschrift (PVS), 27. Jg., S. 330 ff.

Eisfeld, Rainer 1990: «Nationale» Politikwissenschaft von der Weimarer Republik zum Dritten Reich; in: PVS, 31. Jg., S. 238—264.

Günther, Klaus 1985: Politisch-soziale Analysen im Schatten von Weimar, Frankfurt/M. u.a.

Hartwich, Hans-Hermann (Hrsg.) 1987: Politikwissenschaftliche Lehre und Studium zwischen Professionalisierung und Wissenschaftsimmanenz, Opladen.

Lehnert, Detlef 1989: «Politik als Wissenschaft»: Beiträge zur Institutionalisierung einer Fachdisziplin in Forschung und Lehre der Deutschen Hochschule für Politik (1920-1933); in: PVS, 30. Jg., S. 443—465.

Lenk, Kurt 1986: Über die Geburt der «Politikwissenschaft» aus dem Geiste des Wilhelm Heinrich Riehl; in: PVS, 27. Jg., S. 252 ff.

Münkler, Herfried 1990: Von der Praxisnähe zur Praxisferne und wieder zurück: Politikwissenschaft in Frankfurt; in: Die (mindestens) zwei Sozialwissenschaften in Frankfurt und ihre Geschichte, hrsg. von Heinz Steinert, Frankfurt/M. 1990, S. 175—193.

Weyer, Johannes 1985: Politikwissenschaft im Faschismus (1933—1945): Die vergessenen zwölf Jahre; in: PVS, 26. Jg., S. 423 ff.

Зацемы рэдактара

1. Фалібілізм (ням. Fallibilismus ад лац. fallere — зьняпраўдзіць, адкінуць) — у заходняй тэорыі навукі сказы і гіпотэзы лічацца фалібэльнымі, г.зн. такімі, якія можна прынцыпова зьняпраўдзіць, калі іх нельга да канца вэрыфікаваць. Такімі лічацца ўсе атрыманыя індуктыўным шляхам сказы. Паводле Карла Попэра, навуковыя выказваньні ў прынцыпе павінны быць фалібэльныя, г.зн. падлягаць працэдуры фальсыфікацыі.

2. У кнізе прынятая нямецкая сыстэма бібліяграфічнага афармленьня выданьняў.