Паліталёгія

Асноўны курс


1. Палітычная культура і палітычныя ідэі - Палітычныя ідэі ў навейшай гісторыі

1. Уводзiны

Палiтычныя iдэi i перакананьнi пачынаюць выконваць вырашальную ролю ў фармаваньнi i разьвiцьцi палiтычных iнстытуцый з таго часу, як права на ўдзел у фармаваньнi iнстытуцыяў атрымлiвае бальшыня (дарослага) насельнiцтва. Хаця папярэднiя дэмакратыi палiтычныя адносiны i абапiралiся на iдэальныя перакананьнi i рытуалы, аднак як такiя яны наўрад цi ўсьведамлялiся бальшынёй насельнiцтва i паядноўвалiся з супольнымі рэлiгiйнымi i маральнымi ўяўленьнямi i спадзяваньнямi. Станавае грамадзтва, што папярэднiчала дэмакратыi — да таго часу, як паўстала буржуазiя, а самасьвядомы iндывiд пазбавiўся повязi са сваiм станам, прафэсiяй, родам — успрымалася ў якасьцi «натуральнага». Адлюстраваньне гiерархii станаў у шматступенных нябёсах каталiцызму хаця i можа разглядацца як пацьверджаньне такога «натуральнага ладу», але наўрад цi можа ўважацца за «палiтычную iдэалёгiю». Узаемаадносiны абароны i падпарадкаваньня, што рэгулююць стасункi фэадалаў i прыгонных сялян, як i, увогуле, сюзэрэнаў i васалаў, уважаюцца за натуральныя i неабходныя, не патрабуючыя нiякай складанай iдэальнай легiтымiзацыi. Разнастайныя позьнесхалястычныя «Сумы» толькi падагульняюць i фiксуюць тое, што на працягу стагодзьдзяў было ў дачыненьнях памiж станамi вядомай рэччу. Каб не дапусьціць спыненьня дзеяньня маральных абавязаньняў, якiя для «вярхоў» вынiкалi зь iх прывiлеяванага становiшча, іх неабходна было фiксаваць пiсьмова.

Зварот да дабуржуазных часоў выкліканы толькі неабходнасьцю і мэтазгоднасьцю разьмежаваньня для разуменьня ролi палiтычных iдэяў (i iдэалёгiяў) у мадэрным сьвеце. «Дзяржава» як канцэнтрацыя палiтычнай улады ў грамадзтве i носьбiт «манаполii легiтымнага гвалту» ўзьнiкае толькi пасьля распаду фэадалiзму, складаныя ўзаемадачыненьнi i супярэчныя, перакрыжаваныя залежнасьцi якога здавалiся асьвечанаму буржуазнаму розуму хаатычнымi i неспасьцігальнымі.

У фэадальным сьвеце ўсе стасункi памiж iндывiдамi былі аднолькава «палiтычнымi». Кажная ўласнасьць мела роўным чынам i палiтычнае, i прававое значэньне. «Няма зямлi без гаспадара», — так можна сфармуляваць лёзунг фэадальнай эпохi, якi можа быць прачытаны i наадварот: «Няма гаспадара безь зямлi». Царква i фэадалы, каралi ды звычайная шляхта ўсе яны валодалi зямлёй i на гэтай падставе людзьмi, якiя былi злучаныя зь зямлёй як зь неад’емным сродкам вытворчасьцi. Гiльдыі i цэхi ў гарадох як карпарацыi валодалi правам вырабляць, а таксама весьцi гандаль, i дзякуючы гэтаму — аналягiчна зямельнай уласнасьцi — ускосна распараджалiся i людзьмi: той, хто заўсёды хацеў працаваць рамесьнiкам цi весьцi гандаль у якасьцi купца, меў магчымасьць рабiць гэта толькi праз сваё ўступленьне ў цэх або гiльдыю. Якое-небудзь «прыватнае жыцьцё» незалежнай асобы было ў тым часе невядомым. Усiх, ад караля да мясцовага пана, тычыўся прынцып: «Кароль памёр — няхай жыве кароль!», асобы былi толькi носьбiтамi «вечных» праграмаў, шчыльна зьвязаных зь iх фэадальным рангам цi ўласнасьцю. Яшчэ ў раманах Фантанэ з часоў заняпаду абшарнiкаў паноў называюць «баярамi», як i тых старых баяраў, што былi iх дзядамi i прадзедамi, безь якога-небудзь адрозьненьня. Сярэднявечныя мастакi не падпiсвалi сваіх карцiнаў, бо разумелі сябе чальцамі вытворчага калектыву. Дойлiды, што ўзводзiлi саборы, належалi да «цэху муляроў», а аўтарства фрэсак можна вызначыць толькi па самiх творах.

«Уздым буржуазii» стаўся працэсам, якi доўжыўся стагодзьдзi i адбываўся ў Эўропе надзвычай неадначасова: найбольш рана ў паўночнаiтальянскiх гарадох-дзяржавах, дзе простыя мяшчане, дзякуючы эканамiчнаму посьпеху, уздымалiся да «вялiкiх паноў», каб пасьля парадаксальным чынам зноў абярнуцца ў фэадальную гiерархiю; крыху пазьней у «вольных iмпэрскiх гарадох» Нiдэрляндаў i Англii. «Зьнiтаванасьць» узьнiклай буржуазii са «старым грамадзтвам» трывае яшчэ доўгi час. У Англii, дзе палiтычная рэвалюцыя буржуазii дазваляе — прынамсi, звонку — iснаваць фэадальным формам, адбываецца «абуржуазьніваньне» шляхцiца-земляўласьнiка i «фэадалiзацыя» буржуа; найбольш жорстка сутыкненьне «старога» i «новага» грамадзтваў праходзiць у Францыi. У iншых краiнах пераход ажыцьцяўляецца ў выглядзе рэформаў, якiя часта дазваляюць захаваць дастаткова рэшткаў фэадалiзму. Прыкладна так гэта складваецца ў Нямеччыне, дзе буржуазнае грамадзтва зь ягонай уласьнiцкай сыстэмай вартасьцяў устанаўляецца вельмi павольна: шляхам штайн-гардэнбэрскiх рэформаў (пасьля 1807 г.)*, няўдалай рэвалюцыi 1848–49 гг., «падараванай» буржуазii Бiсмаркам імпэрыi, учыненай «сацыял-дэмакратыяй» для буржуазii дэмакратычнай рэвалюцыi 1918 г. i, нарэшце, устаноўленай саюзнымi пераможцамi i прынятай нямецкім насельнiцтвам у 1945–49 гг. дэмакратыi.

Утварэньне буржуазнай сыстэмы вартасьцяў i дэмакратычных iнстытуцыяў было настолькi комплексным працэсам, што палiтычныя iдэi i iдэалёгii, якiя вызначаюць гiсторыю палітычных сутыкненьняў у XIX i XX стст., па-ранейшаму зьяўляюцца «неадначасовымi». Калi ў далейшым я буду характарызаваць дэмакратыю, лiбэралiзм, сацыялiзм, кансэрватызм i нацыяналiзм, ужо нават пытаньне, у якой чарговасьцi неабходна падаваць гэтыя iдэi i iдэалёгii, будзе складаць сабою праблему. Кансэрватызм — як пераканаўча засьведчыў Карл Мангайм (1984) — ёсьць рэакцыяй на выклiк традыцыйным вартасьцям i адносiнам, зроблены буржуазна-дэмакратычнымi рэвалюцыямi. Таму ён, на добры лад, ня можа стаяць на пачатку. Лiбэралiзм, наадварот, быў сфармуляваны — прынамсi ў той частцы, што тычыцца ягоных цэнтральных эканамiчных кампанэнтаў — «клясыкам» палiтычнай эканомii Адамам Смiтам ужо ў 1776 г., гэта значыць, яшчэ да Францускай рэвалюцыi. Накiды да ягонага прынцыпу «свабоды эканамiчных дзеяньняў» ад якога-любя ўцiску ўраду можна знайсьцi ўжо ў фiзiякратаў i Цюрго (параўн. Weulersse 1959). З другога боку, раньнiя фармулёўкi дэмакратычнай канцэпцыі зьяўляюцца ў рэвалюцыйных групоўках Англii ў XVI ст., а яшчэ раней, за часоў Рэфармацыi i Рэнэсансу, — у iтальянскiх думаньнікаў ды папярэднiкаў сацыялiзму (Томас Мюнцэр, Томас Мор, Кампанэла, левэлеры** i г.д.; параўн. Macpherson 1962).

2. Дэмакратыя

Кантынэнтальная дэмакратыя Новага часу ў сваiх раньнiх формах, якiя распрацоўвалi Русо, Дыдро, Маблi ды iншыя (параўн. Fetscher 1975), знаходзiлася пад вялiкiм уплывам антычных узораў, але адрозьнiвалася ад усiх папярэднiх тым, што выходзiла не з прывiлеяванай клясы рабаўласьнiкаў, якiя маюць даволi вольнага часу, каб прысьвяцiць усiх сябе жыцьцю для грамадзтва, але з гаспадарча самастойных грамадзян. У Англii буржуазная дэмакратыя ўзьнiкае на шляху паступовага ўмацаваньня ўлады Гасподы грамадаў, дзе засядаюць абраныя прадстаўнiкi гарадоў (гэта значыць, буржуазii) i зямель, а таксама праз пасьлядоўнае распаўсюджаньне выбарчага права. З органу, якi меў права адно разглядаць «скаргi», i грашовыя асыгнаваньнi на ўтрыманьне якога ўзрасталі вельмi павольна, парлямэнт стаецца ўрэшце рэальнай палiтычнай сiлай, i пры гэтым не лiквiдуюцца iншыя iнстытуцыi: каралеўская ўлада i Гаспода лордаў (параўн. Fetscher 1978).

Буржуазна-парлямэнцкая дэмакратыя Лока

Чым абгрунтоўвае буржуазную дэмакратыю «клясык» ангельскай буржуазii Джон Лок (параўн. Euchner 1969)? У той час, калi абароньнік традыцыйнай зьверхнасьцi каралеўскай улады сэр Робэрт Фiлмэр выводзiў права на панаваньне караля ад «патрыярхальнага ўладаньня» бацькi (у канцавым вынiку ад Адама i ягоных нашчадкаў), Лок, як i многiя iншыя буржуазныя мысьлiцелi ягонай эпохi, выстаўляе iдэю «прыроднага стану», якi папярэднiчае ўтварэньню дзяржавы. У iм жылi свабодныя людзi, якiя валодалi правам набываць уласнасьць шляхам «урабленьня». Маўляў, ад самой прыроды яны атрымалi ўва ўласнасьць толькi цела; але ўрабляючы пэўную частку «вонкавай прыроды» i надаючы ёй гэтым «iншую форму», яны прысвойвалi яе. Пакуль было дастаткова месца, нiхто не прысвойваў уласнасьцi больш, чымся гэта было патрэбна чалавеку i ягонай сям’i, людзi жылi ў мiры i ня мелi неабходнасьцi ў нейкай дзяржаўнай уладзе. Калi ж з «адкрыцьцём» грошай стала магчымым назапашваньне багацьцяў без парушэньня натуральнага права, якое забавязвае нас «не даваць прапасьцi анiчому», паўстала сацыяльная рознасьць памiж беднымi i багатымi, што прывяло да сацыяльных канфлiктаў, мiрнага ўрэгуляваньня якiх мусiць дамагацца «вышэйшая ўлада». Калi права кажнага парушаецца, неабходна «шукаць права са зброяй у руках». Але рацыянальна зразумелым i прымальным чынам гэта можа адбывацца толькi праз дамову, якая «даручае» (давярае, перадае ў «trust») асобе (або органу) забесьпячэньне мiрнага сужыцьця пры дапамозе закону i суду. Узьнiклая такiм чынам супольнасьць адначасова мае патрэбу як у вонкавай абароне, так i ў законах, якiх бы мелi трымацца службовыя асобы. На падставе гэтага грамадзяне выбiраюць парлямэнт, які валодае правам зацьвярджаць усе важныя законы i абкладаньне падаткамi, парлямэнту ж становiцца падсправаздачным (прынамсі, у пэрспэктыве) урад, якi прымае вонкавапалiтычныя рашэньнi i сочыць за выкананьнем законаў. Незалежным ад гэтага зьяўляецца судаводзтва, што мусiць быць даверана самастойным (незьмяняльным) судзьдзям.

Абгрунтаваньне Локам буржуазна-дэмакратычнай дзяржавы выходзiць з таго, што выбiраць дэпутатаў ( i быць дэпутатамi) маюць права толькi ўласьнiкi, якiя могуць самi сябе ўтрымлiваць дзякуючы сваёй маёмасьцi. Выключэньне безмаёмных падаецца Локу i ягоным пасьлядоўнiкам да XIX ст. настолькi вiдавочным, што ён ня лiчыць патрэбным гэта доўга даводзіць. Асобы без маёмасьцi ў якасьцi наёмных рабочых, як правiла, залежаць ад сваiх «гаспадароў» або «паноў», i загэтым ня здольныя быць самастойнымi палiтычнымi суб’ектамi. Паколькi доўгi час не iснавала таемнага галасаваньня, трэба было таксама асьцерагацца таго (або пагаджацца з гэтым), што гэтыя наймiты абавязкова будуць галасаваць толькi так, як iх цяперашнiя гаспадары. Калi б наймiтам было нададзенае права голасу, гэта б неадэкватна ўмацавала палiтычную вагу тых уласьнiкаў, якiя валодалi асаблiва вялiкай колькасьцю наймiтаў. Паколькi на той час — у XVII ст. — багата слугаў i лёкаяў мелi пры сабе перадусiм земляўласьнiкi са старых шляхецкiх радоў, то iх палiтычная вага (надзвычай непажаданая для ўзьнікаючай буржуазii) беспасярэдне б павышалася праз пашырэньне выбарчага права на безмаёмных асобаў.

Яшчэ менш пажаданым быў удзел у галасаваньнi тых, хто мог разьлiчваць на адкрытую падтрымку (праз парафіяльную грамаду). Iх вялiкая колькасьць магла б, напэўна, прывесьцi да значных фiнансавых выдаткаў парлямэнту. Распараджэньне ж грашыма было сапраўдным ключом да ўлады. Ангельскі кароль, якi ў XVII ст. валодаў адно невялiкiм «апаратам» кiраваньня i спагнаньня падаткаў, мог, па сутнасьцi, разьлiчваць на гатоўнасьць парлямэнту даць згоду на спагнаньне ягоных падаткаў ды iншых збораў. Такiм чынам — на думку Лока i ягоных сучасьнiкаў — быў дастаткова ўмацаваны кантроль над адмiнiстрацыяй караля, так што падсправаздачны парлямэнту ўрад iм яшчэ не разглядаўся як неабходны. Сыстэма адказных перад парлямэнтам мiнiстэрстваў (з прэм’ер-мiнiстрам de facto) утвараецца адно на працягу XVIII ст. Фармальна, аднак, на чале ўраду па-ранейшаму стаялi (i стаяць) кароль цi каралева. Ён (яна), тым ня менш, абавязаны кiраваць пры актыўным супрацоўнiцтве з кабiнэтам мiнiстраў. Так, напрыклад, i па сёньняшнi дзень тронная прамова пры адкрыцьцi паседжаньняў парлямэнту зачытваецца венцаношам, але складаецца прэм’ер-мiнiстрам. Такiм чынам можна захаваць i архаiчную формулу «the King can do no wrong», «кароль ня можа быць несправядлiвым», ня чынячы гэтым шкоды. За памылкi «каралеўскага ўраду» нясе адказнасьць яго першы дараднік — прэм’ер-мiнiстар са сваiм кабiнэтам. Бальшынёй парлямэнту ён у кажны момант можа быць адхiлены.

Буржуазна-парлямэнцкая дэмакратыя, якую мы ахарактарызавалi на прыкладзе канцэпцыi дэмакратыi Лока, у разнастайных варыянтах устаноўленая таксама i на кантынэнце. Доўгi час для яе было ўласьцiва разьмежаваньне актыўных i пасіўных носьбiтаў выбарчага права (права выбiраць i быць абраным) на падставе ўладаньня сродкамi вытворчасьцi. Часта такое абмежаваньне вызначалася пэўным узроўнем гадавога даходу або пэўнай падатковай стаўкай. Адно паступова (у Англii ў 1918 i 1928 гг.) уводзiлася «ўсеагульнае i роўнае» выбарчае права для ўсiх дарослых, пры гэтым у апошнюю чаргу яго атрымлiвалi наёмныя рабочыя i жанчыны. Наступкi пашырэньня выбарчага права асаблiва яскрава паказвае прыклад Англii: першапачатна новыя выбарцы былi досыць кансэрватыўнымi ў сваiм выбары, i працэнт выкарыстаньня iмi свайго права голасу быў значна нiжэйшым, чымся ў «старых» уладальнiкаў права голасу. На гэтай падставе, дарэчы, вядучы тэарэтык ангельскага (сацыяльнага) лiбэралiзму XIX ст. Дж.С.Мiль лiчыў, што неабходна пашыраць выбарчае права, забясьпечыўшы праз усеагульнае школьнае навучаньне адпаведны ўзровень адукацыi (Mill 1971). Бо неасьвечаныя, запалоханыя парабкi i служкi — так гучыць яго цалкам абгрунтаваны тэзыс — кiруюцца толькi выбарчымi прыхiльнасьцямi сваiх цяперашнiх гаспадароў. Падобным чынам падыходзiў да разгляду справы ў Нямеччыне i кансэрватыўны палiтык Ота фон Бiсмарк, якi — каб «асадзiць» лiбэралаў — дазволiў увесьцi «ўсеагульнае i роўнае права» на выбарах у Райхстаг. Прынамсi на пачатку захады Бiсмарка — як i ангельскiх лiбэралаў — не маглi не апраўдацца. Толькi хуткi ўзрост галасоў за сацыялiстаў на пазьнейшых выбарах у Райхстаг зьнiшчыў эфэкт усеагульнага выбарчага права, якога жадаў i на якi спадзяваўся Бiсмарк. Разам з тым у вынiку iндустрыялiзацыi i неабходнага для яе абавязковага школьнага навучаньня ўзьняўся таксама i адукацыйны ўзровень новых выбарцаў.

Да перакананых прыхiльнiкаў прадстаўнiчай дэмакратыi ў Нямеччыне належыць Iмануэль Кант. Дарма што — пасьля пакараньня яго прускiм каралём — Кант мусiў быць вельмi абачлiвым у рэлiгiйных i палiтычных пытаньнях, якiя ён закранаў у сваiх папулярных творах; аднак прынамсi «ў iдэале» ён патрабаваў прадстаўнiчай канстытуцыi, якая б надзяляла ўсiх уласьнiкаў правам выбару (i правам быць выбранымi), не скасоўваючы пры гэтым манархii. Апраўданьне Кантам выключэньня зь лiку выбарцаў безмаёмных асобаў зьяўляецца асаблiва паказальным. А менавiта, ён лiчыў, што прыняты ў натуральным праве (як i ў хрысьцiянстве) прынцып аднолькавага абыходжаньня ня тычыцца ўсiх людзей, паколькi (i пакуль) кажны мае права дабiцца незалежнага гаспадарчага iснаваньня праз дбайнасьць i ашчаднасьць. Для бальшынi сялянскага насельнiцтва на шляху такога ходу падзеяў стаяла, рэч ясная, памешчыцкая ўласнасьць, тым больш што, згодна з законам, не дазваляўся нi падзел такой маёмасьцi, нi яе продаж буржуазii. Кант усё ж выразна не ўхваляе iснаваньня такой маёмасьцi i iранiчна заўважае, што немагчыма ўявiць сабе, як шляхетныя продкi маглi здабыць гэтую ўласнасьць «собскаю працаю». Калi ўлiчваць асаблiвы статус буржуазii ў Нямеччыне, то абсалютна апраўдана, што Кант не рабiў выключэньня з выбарчага права для дзяржаўных службоўцаў (а менавiта для чыноўнiцтва, да якога належыць i прафэсура). Яны як бы залежныя не ад нейкiх «iндывiдаў», але ад грамадзтва як гэткага.

Дробнабуржуазна-эгалiтарная дэмакратыя Русо i Фiхтэ

Знакамiты абароньнік дэмакратыi на кантынэнце, Жан-Жак Русо, таксама абмяжоўвае кола выбарцаў уласьнiкамi. Аднак ён выказвае пажаданьне, каб у законапаслухмяным грамадзтве ўсе людзi па магчымасьцi валодалi дастатковай уласнасьцю на сродкi вытворчасьцi i каб абавязкам ураду было забесьпячэньне як мага шырэйшай (калi ня поўнай) роўнасьцi ў валоданьнi ўласнасьцю (Rousseau 1976). «Карысьць прыносяць толькi тыя законы, якiх няшмат». Яны выконваюцца паўсюдна толькi тады, калi нiхто ня мае гэтак шмат уласнасьцi, каб магчы «купляць» iншых людзей. Там, дзе такое магчыма, рэспублiка (дэмакратычнае грамадзтва) губляе ў «моцы» роўна столькi, колькi могуць урваць сабе багатыя iндывiды. Памiж вельмi багатымi i безмаёмнымi iдзе «распродаж свабоды». З гэтай прычыны цалкавітае зраўнаваньне ўласнасьцi, паводле Русо, становiць неадменную перадумову захаваньня i дзеяздольнасьцi дэмакратыi. Яшчэ адзiн крок далей зрабiў Ёган Готлiб Фiхтэ, якi патрабаваў ад ураду дэмакратычнага грамадзтва «прызначыць кажнаму ягоную ўласнасьць», бо толькi ў гэтым выпадку можна патрабаваць ад яго падпарадкаваньня. Гэтай мэты Фiхтэ (1800) хацеў дасягчы праз цалкам рэглямэнтаваную плянавую гаспадарку, якую ён апiсаў у сваёй «закрытай гандлёвай дзяржаве».

На прыкладзе Русо i Фiхтэ мы азнаёмiлiся з тыповымi раньнiмi прадстаўнiкамi эгалiтарна-буржуазнай дэмакратыi. Iх канцэпцыя дэмакратыi зьвязана, як правiла, зь «беспасярэднім заканадаўствам» ад імя народу, якое, аднак, у дзяржавах зь вялiкай тэрыторыяй можа быць рэалiзаванае толькi абыходным шляхам. Француская канстытуцыя 1793 г., нiколi ня спраўджаная на практыцы, прадугледжвала, напрыклад, што зацьверджаныя Нацыянальным сходам законы могуць быць уведзеныя ў моц толькi тады, калi на працягу пэўнага тэрмiну ў пэўнай колькасьцi дэпартамэнтаў мясцовыя выбарцы яўна ня выступiлi супраць iх. Беспасярэдняя дэмакратыя паўставала тут у выглядзе плебiсцытарнага кантролю або цэнзуры над заканадаўцамi ў парлямэнце.

Прадстаўнiчая i беспасярэдняя дэмакратыя

Абароньнікі прадстаўнiчай дэмакратыi выстаўлялi i выстаўляюць супраць розных формаў беспасярэдняй дэмакратыi наступныя аргумэнты:

1. Падчас пасяджэньняў у парлямэнце вырашаюцца настолькi розныя пытаньнi — ня толькi заканадаўчыя, але i кантролю над ўладай, агульныя пытаньнi нутраной i вонкавай палiтыкi — што ўсё насельнiцтва папросту ня здольнае да квалiфiкаванага вырашэньня гэтых пытаньняў. Калi ж вырашальныя пры дапамозе дэмакратычных працэдураў пытаньнi абмежаваць да невялiкай колькасьцi, тым самым узмоцніцца непадсправаздачная i некантраляваная выканаўчая ўлада. Першы аргумэнт, такiм чынам, гучыць так: брак кампэтэнтнасьцi грамадзянiна i празьмернасьць ягоных запатрабаваньняў як колькаснага, так i якаснага кшталту (швайцарскi грамадзянiн «даводзiць» гэта сваiм простым удзелам у рэфэрэндумах).

2. Толькi ў парлямэнце праблемы могуць высьвятляцца шляхам прадметных дэбатаў. Маса грамадзян-выбарцаў ня можа праводзiць такiя дыскусii памiж сабой. Аргумэнт губляе сваю пераканаўчую сiлу з таго часу, як толькi на зьмену дэбатам — або выдатным парлямэнцкiм прамовам — прыходзіць працэдура галасаваньня. Гэты аргумэнт можа сёньня апэляваць бадай што да дэбатаў i слуханьняў (hearings) у камiсiях, якiя па-ранейшаму iстотным чынам спрыяюць фармаваньню меркаваньняў парлямэнту i кантролю над урадам.

3. Народныя iнiцыятывы, усенародныя плебісцыты i г.д. заўсёды вядуць да ўсплёску эмоцыяў у спрэчных пытаньнях, што перашкаджае аб’ектыўнасьцi рашэньняў i прыводзiць да ўзмацненьня экстрэмiсцкiх пазыцыяў. У плюралiстычным жа грамадзтве, дзе iснуюць шматлiкiя адрозьненьнi ў сацыяльных iнтарэсах i перакананьнях, палiтыка можа зьдзяйсьняцца толькi на шляху кампрамiсу, а плебiсцыты, якiя распаляюць жарсьці, робяць кампрамiсы немагчымымi, разбуральна ўзьдзейнiчаюць на плюралiстычныя (лiбэральныя) дэмакратыi i на гэтай падставе мусяць быць адхiленыя або абмежаваныя некаторымі партыйна-палiтычнымi «бяскрыўднымі» пытаньнямi. Да iх, прыкладам, належаць галасаваньнi аб зьмене межаў фэдэральный зямлі, дазволенай Асноўным законам Фэдэратыўнай рэспублiкi. Як доказ небясьпечнай эмацыйнасьцi плебiсцытаў звычайна прыводзiцца рэфэрэндум аб экспрапрыяцыi каралеўскай маёмасьцi (1926), якi, зрэшты, давёў вялiкадушнасьць народу ў дачыненьнi да сваiх былых уладароў, але перадусiм праклаў дарогу да супрацоўнiцтва паміж старымі кансэрватарамі i нацыстамі (пасьля чаго нацысты выказалiся супраць экспрапрыяцыi, якую першапачатна падтрымлiвалi).

Эгалiтарная, дробнабуржуазная i беспасярэдняя дэмакратыя супрацьстаiць прадстаўнiчай, плюралiстычнай i лiбэральнай. Лiбэралiзм i дэмакратыя не абавязкова бываюць узаемазьвязаныя памiж сабою. Вялiкiя сучасныя дэмакратыi ў ЗША, Англii, Францыi i Фэдэратыўнай Рэспублiцы, тым ня менш, дэманструюць усе без вынятку рысы плюралiстычна-лiбэральных дэмакратый. Гэта азначае, што яны пагаджаюцца з сацыяльнай дыфэрэнцыяцыяй там, дзе былi зробленыя захады па зьмякчэньнi сацыяльных кантрастаў шляхам дазаванага карэктаваньня «дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту». Сёньня больш не выпадае з вытворча-тэхнiчных прычын весьцi размову і пра дробнабуржуазна-эгалiтарную дэмакратыю, хiба што толькі пра «сацыялiстычную дэмакратыю», да якой мы яшчэ зьвернемся.

Плюралiстычная i лiбэральная дэмакратыя дапускае, што ў разьвiтым клясавым грамадзтве, нягледзячы на значныя маёмасныя адрозьненьнi i супярэчнасьць iнтарэсаў, iснуе дастаткова «супольнага», каб здолець прыняць i падтрымаць дэмакратычныя ўстановы, прававую дзяржаву, партыйны плюралiзм, легiтымнасьць апазыцыi, сьветапоглядную нэўтральнасьць дзяржавы i г.д. Для гэткага прыняцьця iстотнай зьяўляецца магчымасьць легальнай зьмены ўлады, пачынаючы ад ураду i парлямэнту.

Эканамiчная тэорыя дэмакратыi Шумпэтэра i Даўнса

Тэорыя дэмакратыi, распрацаваная адно ў XX ст. Ёзэфам Шумпэтэрам (1980) i ў асноўных рысах абмаляваная Энтанi Даўнсам (1968), пасьлядоўна рэдукуе яе да «iнстытуцыйнага мэханiзму», якi праз вольную i сумленную барацьбу памiж дзьвюма (цi больш) групоўкамi палiтыкаў забясьпечвае выбарцам улiк iх пажаданьняў i патрабаваньняў. Гэтая «эканамiчная тэорыя дэмакратыi» разглядае рашэньнi выбарцаў па аналёгii з актамi куплi, а канкурэнцыю памiж палiтычнымi партыямi цi «групоўкамi палiтыкаў» — як канкурэнцыю «прапаноўцаў палiтычнага тавару». Стратэгiя партыяў тут пасьлядоўна скiраваная — як у вытворцаў тавараў — на ўзвышэньне над рынкавай кан'юнктурай (якая вызначаецца шляхам дэмаскапii). Гэта мае асаблiвае значэньне для перадвыбарнай агiтацыi, падчас якой, зрэшты, нярэдка выкарыстоўваюць тых самых агентаў, што зазвычай рэклямуюць мыйныя сродкi або зубную пасту.

Такому прыпадабненьню палiтычных выбараў да рынкавых адносiн можна, безумоўна, запярэчыць як з эканамiчнага, так i з палiтычна-этычнага гледзiшча (Bachrach 1966). Але найперш трэба прызнаць, што гэтая новая тэорыя вельмi трапна характарызуе сёньняшнюю рэальнасьць масавай дэмакратыi. З дапамогаю гэтай тэорыi можна прагназаваць стратэгiю выбарчай барацьбы малых (трэцiх) партыяў, пры гэтым здабыткi эканамiчнай навукi аказваюцца прыдатнымi на подзiў вымоўным чынам. Эканамiст, якi мысьлiць рынкавымi катэгорыямi, запярэчыць, аднак, што тут мы маем справу з вузкапалiтычнай перакручанай канкурэнцыяй. Далей ён вылучыць сур’ёзныя падставы супраць таго, што выбарцы/спажыўцы змушаныя купляць надзвычай розныя «палiтычныя пакеты»: яны, быццам бы, мусяць разам са сваёй маркай бэнзыны закупляць i сваё мыла, сваю зелянiну i сваю мэблю — як i пэўную вонкавую, навуковую, сацыяльную, культурную, абарончую палiтыку i г.д. Iм супрацьстаяць не канкуруючыя прапаноўцы разнастайных прадуктаў, а, так бы мовiць, два або тры гандлёвыя дамы, якiя прапануюць «усё». Калi ж абодва гэтыя гандлёвыя дамы яшчэ i праводзяць аднолькавую (або дасягаючую аднолькавых вынiкаў) дэмаскапiю, то iх рэклямныя прапановы i тавары робяцца ўсё больш i больш падобнымi, i выбар цяпер вызначаецца такiмi неiстотнымi акалiчнасьцямi, як здаровы колер валасоў вядучых кандыдатаў альбо iх паходжаньне з пэўнай мясцовасьцi i г.д.

Вышэй мы закранулi палiтычна-этычнае пярэчаньне, якое гучыць так: стаўленьне да грамадзянiна/выбарца як да спажыўца абмяжоўвае значэньне i вартасьць акту выбару i прынiжае ролю грамадзянiна. У Асноўным законе значыцца: «Партыi садзейнiчаюць палітычнаму волевыяўленьню насельнiцтва». Паводле эканамiчнай тэорыi дэмакратыi, было б больш карэктна выказацца так: «Партыi садзейнiчаюць рынкавым рашэньням выбарцаў/спажыўцоў пры дапамозе агульнапрынятых для такога ўзьдзеяньня мэтадаў». Гэта значыць, што на месца палітычнага волевыяўленьня, якое ўсё ж поўнасьцю вынiкала з сутнаснай аргумэнтацыi, выясьненьняў, iнфармацыi, дыскусiяў, прыходзiць узьдзеяньне выбарчай матывацыі, якая грунтуецца на несьвядомых, iрацыянальных «настроях» i не надае вялiкага значэньня сьвядомым учынкам. Такая пазыцыя не становiць нiчагусенькі новага. Усё гэта (яшчэ ў знакамiтым антычным полiсе) — выкарыстаньне для сукрытых палiтычных мэтаў эмоцыяў i крыўдаў — ажыцьцяўляла дэмагогiя; аднак новым зьяўляецца зьвядзеньне дэмакратыi да эканамiчна матываванай канкурэнцыi дзьвюх (цi больш) палiтычных груповак, прычым своекарысьлiвыя мэты скiроўваюцца нiбыта «нябачнаю рукою» (рынку) на задавальненьне (як мага большай колькасьцi або хаця б некаторых) рэальных пажаданьняў выбарцаў. Падзел на палiтыкаў-прафэсiяналаў (якiя з гэткiм жа посьпехам маглi б прапаноўваць таксама мыла або каўбаскi) i недасьведчаных грамадзян/выбарцаў дасягае ў гэтай тэорыi сваёй закончанасьцi. Самi партыi маюць значна больш патрэбы ў прафэсiйных памочнiках (дэмаскапiстах, арганiзатарах рэклямнай кампанii i г.д.), чымся ў актыўных чальцах, якiя жадаюць браць удзел у дыскусiях i вызначаць палiтычныя стандарты. Патрабаваньне арыентацыі на «дэмакратычны базыс» да сваіх дэпутатаў, якое выстаўляецца «зялёнымi», становiць сабой зразумелую рэакцыю, накiраваную на захаваньне як базысу, так i членства ў партыi. У кажным выпадку, гэтая партыя новага тыпу інакш ня хоча дзейнічаць.

Плебiсцытна-эгалiтарная i лiбэральна-плюралiстычная дэмакратыя

У якасьцi iдэальных тыпаў можна зафiксаваць дзьве розныя дэмакратычныя тэндэнцыi: першая, выходзячы з клясычнай полiснай дэмакратыi, iмкнецца абаперцiся на даволi эгалiтарны дробнабуржуазны i дробнасялянскi базыс i вылучае як аптымальную мэту адзінагалоснасьць i поўны кансэнсус; другая, арыентуючыся больш на ангельскую мадэль i пагаджаючыся з гетэрагеннасьцю насельнiцтва, клясавымi адрозьненьнямi i супярэчнасьцямi, з дапамогаю свабоднай канкурэнцыi палiтычных партыяў ды непазьбежнага кампрамiсу памiж iмi iмкнецца спрыяць несупыннаму задавальненьню пажаданьняў насельнiцтва. У сапраўднасьцi, ведама, два гэтыя «iдэальныя тыпы» выступаюць хутчэй у зьмяшаным выглядзе, як памiж сабой, так i з iдэалягiчнымi дамешкамi iншага кшталту. Прыхiльнiкi захаваньня status quo, напрыклад, клапоцяцца пра тое, каб, нягледзячы на сацыяльныя адрозьненьнi i супярэчнасьцi, пры дапамозе «iдэалягiчнага адзінства» вытварыць нешта накшталт штучнай гамагеннасьцi насельнiцтва. Найбольш ведамы тут выпадак становiць нацысцкая iдэалёгiя, што пры дапамозе тэзысу аб «народнай супольнасьцi» сьцьвярджала гармонiю памiж усiмi немцамi, пры якой быццам бы гублялi сваю значнасьць усе клясавыя супярэчнасьцi (параўн. Neumann 1977). За дэмакратычнае выяўленьне «волi» гэтай народнай супольнасьцi выдавалася засьведчаная плебiсцытам (натуральна, пры сумнеўных у прававых адносiнах умовах) «воля фюрэра». Але i не такія адыёзныя партыi ахвотна выкарыстоўвалi «нацыянальны кансэнсус» як сродак пераадоленьня або зьмякчэньня клясавых супярэчнасьцяў. Выходзячы з гэтага, падаецца не выпадковым, што нацыяналiзм паўставаў або набываў значэньне ў вынiку дэмакратычных рэвалюцыяў (i рэформаў). Першыя нацыяналiстычныя войны разгарнулiся адразу ж пасьля Францускай рэвалюцыi. Пры гэтым Францыя праз свае (напалеонаўскiя) войскi пашырала ў Эўропе ўнiвэрсальныя iдэi Свабоды, Роўнасьцi i Братэрства як найвышэйшыя нацыянальныя цноты. Раньнiя мысьлiцелi «вызвольнага руху» ў Нямеччыне прыпiсвалi падобную прагрэсiўную мiсiю ў агульнаэўрапейскiм маштабе нямецкаму народу, i Карл Маркс у 1844 г. яшчэ чакаў ад фiлязофскага нямецкага народу ўсеагульнай рэвалюцыi, якая адным махам агорне ўсе нацыі (Marx 1953 ff, Bd.1). Ведама, праз гэтае паяднаньне спадзеву на сусьветную рэвалюцыю i нацыянальнага паклiканьня Маркс нi ў якiм разе не хацеў затушаваць сацыяльных адрозьненьняў, наадварот, шляхам лiквiдацыi клясавага грамадзтва немцы павiнны былi адразу пераступiць межы буржуазнай дэмакратыi ды стварыць сапраўды свабодную i першую ў роўнасьцi супольнасьць.

Пасьля эксцэсаў таталiтарнай псэўдадэмакратыi нацызму (як i фашызму ўвогуле) i вiдавочнага крышу сацыялiстычнай утопii ў Савецкiм Саюзе бальшынi эўрапейцаў i паўночнаамэрыканцаў «лiбэральная дэмакратыя» ў 1945 г. падавалася ўсё яшчэ найлепшай (найменш благой) палiтычнай формай сужыцьця людзей у плюралiстычным (клясавым) грамадзтве. Як сацыял-дэмакратычныя, так лiбэральныя i кансэрватыўныя партыi маглi пагадзiцца з гэтай канстытуцыйнай формай i яе асноватворнай iдэяй. Сёньня — i ўжо даволi доўгi час — лiбэральная дэмакратыя як канстытуцыйны лад i сацыяльны плюралiзм як грамадзкi стан прымаюцца i бальшынёй лiдэраў iтальянскай камунiстычнай партыi. Абедзьве даўнейшыя праграмы дэмакратыi на базе гамагеннага грамадзтва дробных уласьнiкаў, каапэратараў альбо распараднікаў калектыўнай уласнасьці ў разьвiтых грамадзтвах сур’ёзна падтрымлiваюць толькi нязначныя палiтычныя сiлы. Iдэя «дэмакратычнай роўнасьцi» амаль цалкам абмежаваная статусам палiтычнага грамадзянiна, «роўныя шансы» якога ўзьдзейнiчаць на фармаваньне грамадзкага жыцьця зьяўляюцца, бадай што, вiдавочнай фiкцыяй. З гэтых прычын у так званых «дзяржавах усеагульнага дабрабыту» спрабуюць ня толькi зьменшыць для iндывiдаў цяжар эканамiчных крызысаў (працяглае беспрацоўе) i асабiстых нягодаў (хвароба, iнвалiднасьць, раньняя сьмерць кармiльца), але i да пэўнай ступенi зраўнаваць iх стартавыя магчымасьці (абавязковае навучаньне аж да вышэйшай адукацыi, стыпэндыi i г.д.).

I тым ня менш, фактычна магчымасьцi суўдзелу ў палiтычным волевыяўленьні і тым самым у фармаваньні грамадзкага жыцьця застаюцца няроўнымi. Вышэйшы маёмасны стан, большыя крыніцы даходаў і абумоўленая гэтым лепшая адукацыя ўсё яшчэ адкрываюць больш шанцаў зрэалiзаваць у заканадаўстве i ўрадавых рашэньнях уласныя iнтарэсы.

У XIX ст. як абароньнікі, так i працiўнiкi ўсеагульнага i роўнага выбарчага права доўгi час былi перакананыя ў тым, што яго ўвядзеньне хутка забясьпечыць бальшынi насельнiцтва пераразьмеркаваньне маёмасьцi ў кiрунку ўсёабсяжнай эканамiчнай роўнасьцi. Ангельскiя «чартысты» верылi, што шляхам увядзеньня ўсеагульнага выбарчага права будуць вырашаны таксама i «сацыяльныя пытаньнi». І абароньнікі, i працiўнiкi ўсеагульнага выбарчага права памылялiся. На гэты працэс зрабiлi свой уплыў формы палiтычнай арганiзацыi партыяў, а таксама нацыяналiстычныя i лiбэральныя iдэалёгii. Гэтыя iдэалёгii шырока выкарыстоўвалi сучасныя сродкi iнфармацыi, у першую чаргу прэсу, пазьней радыё i тэлебачаньне, каб прадухiлiць узьнiкненьне радыкальных памкненьняў да зьмены iснуючага стану разьмеркаваньня ўласнасьцi. Тое, што ўсё ж сталася магчымым узьнiкненьне масавых сацыялiстычных партыяў, не выклiкае зьдзiўленьня з увагi на цыклiчнае наступленьне крызысаў i адчуваную бальшынёй вясковага i рамесьнiцкага насельнiцтва разгубленасьць, выклiканую стратай апiрышча пры паскораным працэсе iндустрыялiзацыi.

3. Лiбэралiзм

Лiбэралiзм становiць сабой уласна буржуазную сацыяльную i палiтычную iдэалёгiю (параўн. Freund 1965). Ягоныя каранi сягаюць Асьветнiцтва i рацыяналiсцкага iндывiдуалiзму i часткова супадаюць з каранямі натуральнага права (улучна з абгрунтаваньнем дэмакратыi ў натуральным праве). Тым ня менш, з гледзішча гiсторыi iдэй дэмакратыя i лiбэралiзм рэзка разышлiся, каб пасьлей нанова злучыцца памiж сабою.

Чалавек як iндывiдуальны павелiчальнiк прыбытку

«Кажны сам куе сваё шчасьце», «вольную дарогу дзелавым людзям!» — так гучаць лёзунгi скiраванай на змаганьне з старым станавым грамадзтвам i ягонымі прывiлеямі раньнебуржуазнай iндывiдуалiсцкай думкi. Iдэальны прадстаўнiк фэадальнага станавага грамадзтва поўнасьцю раскрывае сябе ў сваiм стане, iдэальны сябра iдэнтыфiкуе сябе з iнтарэсамi сваiх сяброў, iдэальны буржуа, наадварот, стаiць сам за сябе. Ён усiм абавязаны сабе самому i патрабуе толькi таго, каб яму не перашкаджалi ў ягоных намаганьнях «пры свабодзе розуму наладзiць» сваё жыцьцё. Апраўданьне гэткай поўнай эманцыпацыi iндывiда ад гнятлiвых iдэалёгiяў i ўплывовых iнстытуцыяў раньнi лiбэралiзм знаходзiць, па-першае, у сьцьвярджэньнi рацыянальнай прыроды кажнага асобнага чалавека, па-другое, у эканамiчнай тэорыi Адама Смiта. Але найперш, ведама, праўдзівы сэнс iснаваньня iндывiдаў у грамадзтве трэба бачыць у iхным iндывiдуальным павелічэньні прыбытку, у дасягненьнi «як мага большага дабрабыту народу» (як мага большага шчасьця для як найбольшай колькасьцi людзей). «Добрае жыцьцё», якое, згодна з антычнай традыцыяй, яшчэ дробнабуржуазныя мысьлiцелi бачылi ў «маральным» i салiдарным жыцьцi грамадзян, ператвараецца ў жыцьцё эканамiчна пасьпяховае i, па магчымасцi, выгоднае для ўсiх. Адам Смiт выстаўляе ў 1776 г. тэзыс, што калi б усе мелi свабоду вырабляць i абменьваць свае прадукты — без анiякага ўмяшальнiцтва зьверху — то «нябачная рука» («рука рынку») забясьпечыць, каб вынiк атрымаўся з найбольшай для ўсiх карысьцю. Гэтай падставовай iдэi эканамiчнага лiбэралiзму прыхiльнiкi буржуазнага лiбэралiзму трымаюцца i па сёньняшнi дзень. Пры гэтым часта не заўважаюць, што Смiт выдатна бачыў i ценевы бок падзелу працы, што ўзьнiкае ў вынiку свабоднага разгортваньня гаспадараньня ўва ўмовах канкурэнцыi, i патрабаваў ад ураду пэўных карэктураў, праўда, нязначных. Так, ён сьцьвярджаў, што ў вынiку пажыцьцёвых заняткаў бездухоўнай i аднабаковай працай людзi так моцна iнтэлектуальна i эмацыйна спусташаюцца, што яны ня толькi робяцца неадчувальнымi да ўсiх вышэйшых формаў людзкiх уцехаў, але i няздатнымi, прыкладам, да вайсковай службы. Каб пазьбегчы такiх — непажаданых для дзяржавы i таму для ўсiх грамадзян — вынiкаў альбо скарэктаваць iх, Смiт лiчыць неабходным мiж iншым уводжаньне ўсеагульнага школьнага навучаньня, нават калi для «народнай масы» яно нiколi ня будзе такiм шырокiм, як для «вярхоў».

Падзел уладаў

У цэнтры ўсiх — ня толькi эканамiчных — лiбэральных канцэпцыяў стаiць свабода iндывiда ў сэнсе яго незалежнасьцi. Для дэмакратаў велiзарнае значэньне мае ўдзел асобы ў фармаваньнi грамадзкiх адносiн, для лiбэралаў — незалежнасьць iндывiда як у праводжаньнi сваiх гаспадарчых мэтаў, так i ў фармаваньнi сваiх маральных, рэлiгiйных i палiтычных поглядаў. Вядучай палiтычнай iдэяй лiбэралiзму загэтым ёсьць пабудова ансамблю палiтычных iнстытуцыяў, якiя празь дзяржаву гарантуюць iндывiдам усеабсяжную незалежнасьць (i незачэпнасьць). Цэнтральную ролю пры гэтым выконвае выстаўленая Мантэск’ё (1748) i вылучаная з iдэалiзаванага апiсаньня ангельскай канстытуцыi дактрына ўзаемаабмежаваньня i збалянсаванасьцi ўладаў. Калi для ангельскiх лiбэралаў абсалютная заканадаўчая кампэтэнцыя парлямэнту, пачынаючы ад «Glorios Revolution» (1688), не падлягае сумневу, на кантынэнце лiчаць за неабходнае абмежаваньне такога права праз канстытуцыю i прававы кодэкс, а пры пэўных умовах – i праз суд (як у Нямеччыне сёньня — праз фэдэральны канстытуцыйны суд). Найбольш значны тэарэтык лiбэралiзму, Джон Ст’юарт Мiль, зазначаў, што абраныя бальшынёй парлямэнты i залежныя ад парлямэнтаў урады могуць прыцiскаць частку насельнiцтва i што, зрэшты, сама гэтая бальшыня часта становiць сабой зусiм не «фактычную» бальшыню, а толькi групы, «якiя дамаглiся таго, каб iх прызналi за бальшыню» (Мill 1859). На падставе гэтага абмежаваньне ўладных паўнамоцтваў неабходнае ўсiм — у тым лiку i дэмакратычным — установам. Тымчасам як урад кантралюецца парлямэнтам або парлямэнцкай апазыцыяй, заканадаўчая дзейнасьць парлямэнту падлягае кантролю з боку суду (а ў XVIII ст. яшчэ i каралеўскага права вэта). Самi ж судовыя органы павiнны быць падсправаздачныя толькi закону i заставацца цалкам незалежнымi, дзякуючы чаму яны не павiнны стаць iнструмэнтам прыцiсканьня грамадзян парлямэнтам цi ўрадам.

Вядучыя iдэi культурнай, прававой i сацыяльнай палiтыкi

У абсягу культурнай палiтыкi лiбэралiзм выступае за аддзяленьне царквы ад дзяржавы i поўную свабоду сумленьня i меркаваньняў. Рэлiгiя становiць для яго (як i пазьней для рабочых партый) «асабiстую справу». У абсягу культуры павiнна адбывацца «вольнае спаборнiцтва» i кажны павiнен мець магчымасьць разьвiваць свае iдэальныя ўяўленьнi i праекты. Дзяржава не павiнна мяшацца ў справы рэлiгii, маралi, сьветапогляду, мастацкага густу. Iтальянскi лiбэралiзм гаворыць пра «stato neutro e agnostico», нэўтральную ўзглядам вартасьцяў i рэлiгiйных перакананьняў дзяржаву.

У рэчышчы прававой палiтыкi лiбэралы таксама распрацоўваюць уласныя канцэпцыi, што маюць сёньня вызначальны ўплыў амаль ува ўсiх заходнiх дзяржавах. Пакараньне пагражае толькi крымiнальным учынкам, а ня поглядам асобы. Крымiнальнае права прадугледжвае пакараньне толькi за пэўныя дзеяньнi, якiя прыносяць шкоду жыцьцю, здароўю або ўласнасьцi асобы (установы). Забароны дзеяньняў, якiя нiкому беспасярэдне ня шкодзяць, такiя, як абраза годнасьцi цi парнаграфiя, уважаюцца за нелiбэральныя. Дарослы грамадзянiн мусiць быць здольны вырашаць сам, што для яго добра. Дзяржава нi ў якiм разе ня можа выступаць у ролi апекуна маралi цi сьветапогляду. «Нiякая цэнзура ня можа мець месца», — так значыцца ў нямецкай канстытуцыi. Адпаведна гэтаму, выходзячы з аптымiстычнага ў сутнасьцi вобразу чалавека ў лiбэралiзьме, злачынец павiнен разглядацца ў першую чаргу як чалавек, якi кiраваўся ў сваiх сацыяльна шкодных дзеяньнях iлжывымi меркаваньнямi або перакананьнямi. Задача пакараньня на падставе гэтага палягае ў рэсацыялiзацыі. Прынцып расплаты, якi па сёньняшнi дзень iзноў i iзноў (адкрыта цi сукрыта) адстойваецца кансэрватарамi, непрыймальны для лiбэралiзму. Сацыял-лiбэралы (накшталт камунiстаў i дэмакратычных сацыялiстаў), апрача гэтага, лiчаць, што злачынствы, як правiла, вынiкаюць зь неспрыяльнасьцi сацыяльнага асяродзьдзя, i адзiна правiльнае i да канца пасьлядоўнае папярэджаньне злачынстваў палягае ў лiквiдацыi азначаных сацыяльных перадумоваў. У пэўных выпадках прымаюцца пад увагу таксама i хваравiтыя схiльнасьцi адпаведнага злачынцы. Але нi ў якiм разе нельга заяўляць пра беспасярэднюю «вiну». Большая частка лiбэралаў, ведама, не заходзiць так далёка. Бо з прызнаньнем свабоды iндывiда абавязкова спалучана i дапушчэньне ягонай адказнасьцi.

У яўным кантрасьце з сацыялiзмам большая частка лiбэралаў прызнае, што людзi «розныя па сваёй прыродзе» i iх разнароднасьць прыводзiць да розных жыцьцёвых посьпехаў, якiя, такiм чынам, у пэўнай ступенi зьяўляюцца справядлiвымi («заслужанымi»). Гэтым эканамiчныя лiбэралы апраўдваюць iснаваньне ў грамадзтве розьнiцы ўва ўласнасьцi i даходах. Праўда, iснуюць цiкавыя адхiленьнi ад гэткай канцэпцыi, перадусiм адносна спадчыннай уласнасьцi. Адзiн амэрыканскi мiльярдэр неяк прапанаваў, каб нажытая маёмасьць адыходзiла не сям’i, а перадавалася — пажыцьцёва — найлепшым на гэты час мэнэджэрам, для таго, каб яна найлепшым чынам слугавала нацыянальнай эканомiцы. Хаця падобныя перадачы маёмасьцi сёньня ў капiталiстычным сьвеце нiдзе не сустракаюцца, аднак найчасьцей якраз кампэтэнтныя мэнэджэры — замест мала ў чым абазнаных спадкаемцаў — аказваюцца на чале буйных прадпрыемстваў, многiя зь якiх да таго ж больш не знаходзяцца ў чыста сямейным уладаньнi. Аднак з прыняцьцём «прыроднай адрознасьцi» людзей i апраўдванай гэтым адрознасьцяй у лёсах можна апраўдаць таксама i пакараньне як дзяржаўны гвалт. Той, хто «па сваёй прыродзе» не валодае неабходнай здольнасьцю не выходзiць за рамкi аднолькавых для ўсiх законаў, мусiць быць для гэтага прымусова «сацыялiзаваны».

Лiбэралiзм i нацыяналiзм

Нацыяналiзм не знаходзiцца ў беспасярэдняй сувязi зь лiбэралiзмам. Эканамiчны лiбэралiзм зьяўляецца па сваёй прыродзе iнтэрнацыянальным. Ён арыентуецца на сусьветны рынак, што прапаноўвае аптымальныя на сёньняшнi дзень iнвэстыцыйныя i гандлёвыя магчымасьцi. Аднак пры пэўных вонкавых умовах iзноў i iзноў узьнiкае азначаная — ненатуральная — сувязь. Так было ў нямецкай дзяржаве, калi шляхам «рэвалюцыi зьверху» Бiсмарк «падараваў» немцам адзiную дзяржаву i праз гэта — вялiзны i адметны раўнапраўнасьцю i свабодай перамяшчэньня абшар для гаспадарчага разьвiцьця. З увагі на адносную індустрыйную адсталасьць нямецкай прамысловасьці гэта было неабходна дзеля разьвiцьця нацыянальных апякунскіх мытаў; буйная селавая гаспадарка на ўсход ад Эльбы таксама знаходзiлася ў падобным становішчы. Пазьней цяжкая прамысловасьць атрымала дзяржаўныя заказы (у галiне ўзбраеньняў), што паспрыяла ўзросту нацыяналiстычных амбiцыяў улучна да калянiяльнай палiтыкi. Калi даўнейшы лiбэралiзм пачуваўся зьвязаным хутчэй з дэмакратамi, нацыянал-лiбэралы, што адкалолiся ад iх, рушылi кансэрватыўным i нацыяналiстычным курсам ураду Бiсмарка (i ягоных наступнiкаў). Больш таго, паўстаў узрастаючы ляк перад рабочым рухам, посьпехi на выбарах якога падалiся для лiбэральнай буржуазii небясьпечнымi.

Падвядзем вынiкi: лiбэралiзм ёсьць iдэалёгiяй паўстаючай буржуазii. У палiтычным абсягу ён выяўляецца праз iдэал «minimal state», дзяржаўнай улады, якой «checks and balances», абмежаваньнi i супрацьвагi, не дазваляюць мяшацца ў жыцьцё iндывiдаў больш актыўна, чымся гэта сапраўды неабходна. Такая дзяржава, зрэшты, асуджаная на пасьлядоўны нэўтралiтэт у рэлiгiйнай, этычнай i сьветапогляднай сфэры. У эканамiчнай палiтыцы лiбэралiзм выступае ў прынцыпе за неабмежаваную гандлёвую свабоду i вольнае прадпрымальнiцтва. Месца дзяржаўнай рэглямэнтацыi, безумоўна, можа заняць добраахвотная самарэгуляцыя асобных галiнаў эканомiкi, дарма што ўперад да гэтага ставiлiся скептычна. З «свабоднай гульнi сiлаў» — так гучыць гэты тэзыс — аўтаматычна вынiкае ўсеагульны дабрабыт. Кажны iмкнецца да iндывiдуальнай максымальнай выгады i — ускосным чынам — прыносiць яе таксама сваiм суседзям i суайчыньнiкам. Гэтае патрабаваньне ўлучае ў сябе карціна чалавека ў рацыяналiзьме ды iндывiдуалiзьме. Зь цягам часу гэта прыводзiць — ня толькi ў нямецкай дзяржаве — да «ненатуральнага» самога па сабе злучэньня лiбэралiзму i нацыяналiзму, у першую чаргу на грунце iнтарэсаў абароны айчыннай iндустрыi i селавой гаспадаркi ад замежнай канкурэнцыi i ваенна-палiтычнай экспансii самой дзяржавы, якая проста i ўскосна павiнна прыносiць карысьць эканомiцы. «Пацыфiзм тэорыi свабоднага гандлю» абяртаецца пасьля ў калянiялiзм i iмпэрыялiзм Сэсiла Родса ды iншых (параўн. Marcuse 1934). Тэорыя «няроўнасьцi людзей» служыць «духоўным мастком» ад iндывiдуалiсцкага i рацыяналiсцкага лiбэралiзму да iмпэрыялiстычнай iдэалёгii. Калi для лiбэралiзму «неаднароднымi» i дзеля гэтага «нераўнацэннымi» зьяўляюцца iндывiды, то такiмi могуць быць таксама народы i расы. Калi iндывiдуальная канкурэнцыя ёсьць «справядлiваю» i вядзе да аптымалiзацыi грамадзтва, то адсюль вынiкае iмплiцытны тэзыс, што карысным i дазволеным зьяўляецца таксама i міжнароднае супернiцтва (што i праводзiцца вайсковымi, а не эканамiчнымi сродкамi). У мiжнароднай канкурэнцыi, як i ў iндывiдуальнай, мусiць «перамагчы найлепшы». Для Сэсiла Родса iм быў «белы чалавек», перадусiм брытанец.

Накiды такога пераходу ад лiбэралiзму да нацыяналiзму нi ў якiм разе не павiнны азначаць, што такое разьвiцьцё было непазьбежным або няўхiльным. Але стаецца зразумелым, што як дэмакратычныя, так i лiбэральныя тэндэнцыi пры пэўных умовах могуць спалучацца з нацыяналiстычнымi. У выпадку лiбэралiзму такi пераход далёка не «вiдавочны» i не «натуральны», бо ён пярэчыць у сутнасьцi падставовым прынцыпам рацыяналiзму i iндывiдуалiзму. Дужа ўплывовыя ў XX ст. «бiялягiзатарскiя» кампанэнты iмпэрыялiзму (расiзм) несумяшчальныя нi з дэмакратычнымi тэорыямi, нi зь лiбэралiзмам.

Пэрспэктывы

Сацыяльнымі носьбiтамі лiбэралiзму ў капiталiстычным грамадзтве былі i ёсьць у першую чаргу эканамiчна самастойныя асобы або тыя, хто спадзяецца (мае магчымасьць) зрабiцца такiмi. Гэты слой колькасна моцна скарачаецца ў ходзе iндывiдуальнага разьвiцьця i дужа прайграе ў сваiм эканамiчным значэньнi буйным акцыянэрным таварыствам, загэтым «лiбэральныя» партыi зноў i iзноў спрабуюць схiлiць да сябе i iншыя сацыяльныя слаi. Хаця частка эканамiчна несамастойнага насельнiцтва i дагэтуль яшчэ натхняецца спадзяваньнямi на незалежнасьць у будучым, але гэтага яўна недастаткова для ўмацаваньня пазыцыяў лiбэральных партыяў. Многiя лiбэралы заклапочаныя тым, каб прыцягчы да сябе традыцыйна кансэрватыўна настроенае сялянства, iншыя разглядаюць шанцы на прыцягненьне службоўцаў шляхам выкарыстаньня iдэяў як «сацыяльнай дзяржавы», так i, найперш, тых, што бароняць прававую дзяржаву. Пры гэтым у якасьцi цэнтральнага арыенцiру ў цэлым застаецца апэляцыя выключна да як мага большай iндывiдуальнай свабоды. Паколькi гэтая свабода ў нашым стагодзьдзi неаднаразова стаўлялася пад пагрозу як кансэрватыўнымi i рэакцыйнымi рэжымамi, так i тымi, што кiруюцца iдэяй «прагрэсу», па-ранейшаму iснуе прынамсi iдэалягiчная неабходнасьць у лiбэральнай арыентацыi i абароне права свабоды iндывiда.

Аднак у меру таго як iншыя партыi — напрыклад, дэмакратычна-сацыялiстычныя — таксама пачынаюць баранiць iндывiдуальнае права на свабоду, уплыў палiтычна арганiзаванага лiбэралiзму пры гэтым падае, i яго прадстаўнiкi спрабуюць забясьпечыць i пашырыць свой асабiсты ўплыў праз зблiжэньне з кансэрватыўнымi i нацыяналiстычнымi рухамі. Сёньня роля палiтычнай iдэi больш не падаецца такой адназначнай. Этыкетцы «лiбэральны» пагражае небясьпека ператварыцца ў чыста «фiрмавы знак», пад якiм крыецца зусім iншае.

4. Сацыялiзм

Вызначэньне: абагуленьне сродкаў вытворчасьцi i/або ўстанаўленьне сацыяльнай роўнасьцi

Як i ў выпадку лiбэралiзму, у цэнтры iдэалёгii сацыялiзму (Rosenberg 1971) знаходзяцца сацыяльна-эканамiчныя пытаньні. У першым выпадку iснавала перакананьне ў перавазе «свабоднай рынкавай эканомiкi», «свабоднай канкурэнцыi» пры найменшай дзяржаўнай чыннасьцi ў эканамiчнай галiне, у другім мы маем справу з патрабаваньнем «лiквiдацыi прыватнай уласнасьцi на сродкi вытворчасьцi» i з плянавым кiраваньнем эканомiкай з боку дзяржавы цi ўпаўнаважаных ёю. Калi выходзiць з вызначанай такiм чынам канцэпцыi сацыялiзму, то да яго ня мае дачыненьня цэлы шэраг аўтараў, якiх звычайна залiчваюць да «раньнiх сацыялiстаў». Нi Маблi зь Фiхтэ, нi Бабёф з Прудонам не былi «сацыялiстамi» ў сьцiслым сэнсе, бо яны выступалi толькi за роўнае разьмеркаваньне ўласнасьцi, а не за дзяржаўную ўласнасьць i плянавае вядзеньне гаспадаркi. Але ў менш сьцiслым разуменьнi гэтыя аўтары яўна ўспрымаюцца ў якасьцi групы, што iмкнулася надаць дэмакратыi салiдны падмурак i ўсеагульнае значэньне шляхам устанаўленьня (i/або захаваньня) сацыяльнай роўнасьцi. Праз раўнапраўнасьць у сэнсе фармальнай юрыдычнай роўнасьцi ўва ўсёй дзяржаве яны намагалiся дасягчы ўсеабсяжнай роўнасьцi жыцьцёвага палажэньня ўсiх чальцоў грамадзтва. Тым часам як лiбэралы абсалютызуюць патрабаваньне буржуазiяй свабоды, гэтыя аўтары абсалютызуюць i абагульняюць патрабаваньне роўнасьцi. Калi пры гэтым яшчэ Бабёфу i Фiхтэ «наданьне сродкаў вытворчасьцi ўсiм» здаецца сэнсоўнай перадумовай, то пазьнейшыя мысьлiцелi, такiя як Фур’е i перадусiм Маркс, iмкнуцца да ўводжаньня грамадзкай формы ўласнасьцi. Таму можна разрозьнiваць «эгалiтарыстаў» у шырокiм сэнсе i «сацыялiстаў» — у больш сьцiслым. Фiхтэ, Бабёф, Сэн-Сымон, Фур’е, Маркс — усе яны эгалiтарысты, але ня ўсе зь iх ёсьць сацыялiстамi, прыхiльнiкамi грамадзкай уласнасьцi на сродкi вытворчасьцi. Ведама, i права прыватнай уласнасьцi абмяжоўвалася некаторымi мысьлiцелямi, якiя не прымалi грамадзкай уласнасьцi, угрунтоўваючы гэта тым, напрыклад, што дзяржаве (цi ўраду) надавалася б права цi нават абавязак «уводзiць кажнага айца сям’i ў валоданьне ўласнасьцю», што мела б сваiм вынiкам сытуацыю, калі б уласнасьцi пазбаўлялiся нежанатыя i бязьдзетныя асобы. Аднак такое ўмяшальнiцтва ў правы прыватных уласьнiкаў (упаасобку абмежаваньне дазволу на выпуск прадукцыi) яшчэ не становiць сабой «сацыялiзму».

Сацыялiстычныя i эгалiтарныя памкненьнi масава ўзьнiкаюць у асяродзьдзi малазямельных сялянаў i, найперш, наёмных рабочых на працягу XIX стагодзьдзя. Аднак першымi значнымi тэарэтыкамi дэмакратычнага эгалiтарызму былi буржуазныя iнтэлектуалы. Яны разглядалi эгалiтарызм як неабходны наступак дэмакратыi, у чым, дарэчы, цалкам ядналiся з кансэрватыўнымi працiўнiкамi дэмакратыi. Калi сучасная дзяржава ёсьць iнструмэнтам абароны ўласьнiкаў ад пазбаўленых уласнасьцi, што адкрыта прызнаваў i Адам Смiт у «Багацьцi нацыяў», то «законапаслухмянасьць» безмаёмных грунтуецца выключна толькi на прымусе, а iх маральная «забавязанасьць» ня зможа замацавацца належным чынам. У кажным выпадку так лiчылi многiя з дробнабуржуазных дэмакратаў, пачынаючы ад Русо i Маблi.

Разьвiцьцё iндустрыяльнага капiталiзму, якое вядзе да ўсё большага пашырэньня вытворчасьцi, робiць дужа ўтапiчным устанаўленьне эгалiтарных маёмасных дачыненьняў, г.зн. стварэньне грамадзтва незалежных таваравытворцаў. Найбольш ясна гэта зразумеў Карл Маркс i таму прадказваў у будучым лiквiдацыю адносiн уласнасьцi старога тыпу, заснаваных на прыватным валоданьнi ўласнасьцю на сродкi вытворчасьцi. Тым часам як прадукцыйныя сiлы даўно набылi «грамадзкi характар», вытворчыя адносiны ўступаюць у супярэчнасьць зь iмi з прычыны свайго «прыватнага» характару.

Прадукцыйныя сiлы зьяўляюцца «грамадзкiмi», бо: 1) уключаюць створаныя вялiкай колькасьцю асобаў машыны i прылады: iнжынэр, заводзкi майстар, спэцыялiст i неквалiфiкаваны рабочы мусяць дзейнiчаць супольна, каб вытварыць гэтыя машыны i iнструмэнты; 2) для ўводу ў дзеяньне гэтых машынаў iзноў патрабуецца грамада задзiночаных i здольных да арганiзаванага супрацоўнiцтва асобаў. Калi падчас даўнейшага рамесьнiцкага тыпу вытворчасьцi як прылады, так i апрацаваная сыравiна i самi вырабы заставалiся ўва ўласнасьцi вытворцы, што мог па заканчэньнi працы прадаць гэтыя вырабы на рынку (цi то паставiць iх клiенту, якi iх заказаў), сёньня разам працуе маса безмаёмных асобаў, якiм не належаць нi прылады (машыны), нi сыравiна, нi энэргiя i гатовая прадукцыя. Гэтыя наймiты прадаюць не прадукты працы, а сваю ўласную працоўную сiлу. «Вартасьць» iхнай працы, якой больш цi менш дакладна адпавядае iхны заробак, абавязкова залежыць ад вартасьцi, якую яны з дапамогаю машынаў шляхам супольнай, арганiзаванай працы дадаюць выходнаму матэрыялу. З гэтай розьнiцы ўвогуле i ўзьнiкае як прырост капiталу, так i падатак ды зямельная рэнта, якiмi ён абкладаецца. Паводле Маркса, супярэчнасьць памiж «грамадзкiм характарам» прадукцыйных сiлаў i прыватным (iндывiдуальным) характарам дачыненьняў уласнасьцi (вытворчых адносiнаў) зьяўляецца прычынай як цыклiчных крызысаў капiталiстычнага спосабу вытворчасьцi, так i «згаленьня пралетарыяту». Паняцьце згаленьня зьяўляецца прадметам спрэчак у марксiсцкай i крытычнай лiтаратуры. Пра «абсалютнае» згаленьне кажуць, калi зь цягам часу пагаршаецца матэрыяльны стандарт жыцьця наёмных рабочых. Пры гэтым падлiкi ўскладняюцца дзеля ўключэньня ў статыстыку беспрацоўных (дачасных iнвалiдаў i г.д.). Пра «адноснае» згаленьне можна казаць тады, калi паляпшэньне матэрыяльнага забесьпячэньня залежнага ад працы па найме насельнiцтва адстае ад павелiчэньня назапашваньня капiталу i ўзросту спажываньня сярод уласьнiкаў сродкаў вытворчасьцi. Але падлічыць гэта надзвычай цяжка, упаасобку тады, калі справа тычыцца спажываньня сярод уласьнікаў (і топмэнэджэраў).

Той факт, што ўласьнiкi, цi iх упаўнаважаныя распараджаюцца iнвэстыцыямi (на якiя трацiцца большая частка прыбытку), таксама азначае — паводле Маркса — зьмяншэньне ня толькi правоў, але i ўплывовасьцi вытворцаў, якiя робяць свой унёсак ува ўсе прыбыткi. З боку сацыяльнай дактрыны каталiцызму (Nell-Breuning 1978) робяцца спробы пераадолець гэткую несправядлiвасьць праз стварэньне «вытворчай маёмасьцi ў руках наёмных рабочых». Сацыялiстычная канцэпцыя, наадварот, iмкнецца да ўтварэньня каапэратыўных прадпрыемстваў, што належаць усiм вытворцам, такiх, дзе яны самi маюць магчымасьць супольна (або праз выбраныя i адклiкваныя органы) распараджацца капiталаўкладаньнямi. Малы ўдзел у вытворчых рэсурсах не адкрывае перад рабочымi такой магчымасьцi, эмацыянальна i эканамiчна яны яшчэ больш прывязваюцца да прадпрыемства — i таму iм iзноў не ўдаецца выкарыстаць iстотную перавагу рынкавай эканомiкi!

У ходзе дыскусiяў стала ясна, што ў сваiх патрабаваньнях лiквiдацыi прыватнай уласнасьцi на сродкi вытворчасьцi сацыялiсты кiравалiся ня толькi i ня столькi жаданьнем палепшыць матэрыяльныя ўмовы жыцьця наёмных рабочых, але i воляй да стварэньня магчымасьцi дэмакратычна распараджацца iнвэстыцыямi. У меру таго, як матэрыяльная нястача рабочых — у працэсе iндустрыяльнага разьвiцьця — памяншаецца, набывае значэньне воля да дэмакратычнага распараджэньня iнвэстыцыямі. Дэмакратычныя сацыялiсты не пагаджаюцца з тым, што лёс цэлага калектыву, а часта i цэлай галiны вытворчасьцi, дзе гаспадарча дамiнуе буйное прадпрыемства, залежыць ад iндывiдуальнага рашэньня ўласьнiка або ад волi прадстаўнiкоў ананiмных акцыянэраў, тым часам як самi вытворцы на гэтым прадпрыемстве i iх асноўныя пастаўшчыкi не валодаюць правам удзелу ў яго кiраваньнi.

Стратэгii сацыяльных пераўтварэньняў: рэфармiзм, рэвалюцыянiзм, артадоксiя

На працягу гiсторыi сацыялiстычнага рабочага руху ўяўленьнi пра «рэвалюцыйнае пераўтварэньне грамадзкага ладу» i пра вобраз пасьлярэвалюцыйнага (сацыялiстычнага) грамадзтва істотна зьмяніліся. Сьпярша радыкальныя дэмакраты лiчылi — як ужо згадвалася — што пры ўстанаўленьнi ўсеагульнага i роўнага выбарчага права эгалiтарныя i сацыялiстычныя патрабаваньнi насельнiцтва абавязкова спраўдзяцца. Проста немагчыма сабе ўявiць, каб надзеленыя выбарчым правам безмаёмныя не прыклалi б усiх намаганьняў дзеля лiквiдацыi прывiлеяў уладальнiкаў сродкаў вытворчасьцi.

Такое спадзяванне было гiстарычна зьняпраўджана перамогай на выбарах Напалеона III. Гэта паказала, што iдэалягiчныя ўплывы традыцыйных фармавальнікаў грамадзкай думкi (царква, школа, войска) значна мацнейшыя, чымся дагэтуль меркавалi дэмакраты i сацыялiсты. Маркс тлумачыў паводзiны бальшынi дробнабуржуазных францускiх выбарцаў iх культурнай адсталасьцю (уплыў царквы) i iзаляванасьцю (брак агульнадзяржаўнай арганiзацыi). Звыш таго, канкурэнцыя памiж кансэрватарамi ды лiбэраламi i дыскутаваныя падчас выбарчай кампанii праблемы адцягнулi ўвагу ад пытаньняў уласнасьцi. Зьмена грамадзкага ладу не стаяла ў парадку дня для пераважнай бальшынi насельнiцтва. Уявiць яе значэньне для адзiнак бальшыня проста не магла. Пэрсаналiзацыя выбарчай барацьбы — перадусiм у ЗША i Вялiкабрытанii — паспрыяла далейшаму адцясьненьню патрабаваньняў абагуленьня на задні плян.

Зважаючы на абмежаваныя памеры палiтычнай палемiкi вакол пытаньняў, што стаяць «па гэты бок» пераўтварэньня грамадзкага ладу, некаторыя сацыялiсты (напрыклад, Прудон i пазьней сындыкалiсты) выступалi за байкатаваньне рабочымі выбараў, бо ўдзел у іх вядзе быццам бы толькi да iлюзiяў наконт значэньня партыйнай канкурэнцыi i прадстаўнiцтва народу. Праўдзiвая палiтычная ўлада знаходзiцца ў руках буйных уласьнiкаў iндустрыi, зямлi i фiнансаў, якія, будучы сапраўднымi заправiламi, стаяць за кулiсамi палiтычнай сцэны. Сындыкалiсты, чыiм найбольш ведамым, хаця i ня самым уплывовым iдэолягам быў Жорж Сарэль, прапагандавалi ў якасьцi «сродку барацьбы» не ўхiленьне ад выбараў i «заваёвы палiтычнай улады», а ўсеагульны страйк, якi рабiў бы немагчымым для ўласьнікаў распараджацца сваiмi сродкамi вытворчасьцi i адным махам аддаваў кiраваньне эканомікай у рукi прафсаюзаў (сындыкатаў). Сарэль гаварыў пра неабходны «мiт», якi б накiроўваў масы на барацьбу i сьмелае ажыцьцяўленьне якога падавалася яму ня менш «паўнавартым у маральным сэнсе», як пагоня за галасамі выбарцаў i «кааліцыйныя махлярствы» (Sorel 1981). Маральны эстэтызм Жоржа Сарэля ня мог не перакінуць iдэалягiчных масткоў, якiя пазьней дазволiлi яму адначасова ўслаўляць Ленiна i Мусалiнi, хаця за гэтую iдэалягiчную падтрымку, рэч ясная, быў удзячны толькi iтальянскi фашыст.

Унутры рабочага руху, на які наймацней паўплываў Маркс з Энгельсам, а таксама нямецкая сацыял-дэмакратыя, у 90-я гады XIX стагодзьдзя разгарнуўся канфлiкт памiж левым рэвалюцыянiзмам i правым рэвiзiянiзмам-рэфармізмам. Для зарыентаваных на лiтару марксiзму рэвалюцыйных iдэалёгiяў этапы на шляху да сацыялiзму былi ясна i дакладна вызначаныя: неабходна захапiць уладу (пры гэтым выбары абавязкова выконваюць важную ролю паказьніка ўласнай сiлы, аднак урэшце паўстаньне i грамадзянская вайна стаюцца немiнучымi), каб пасьля на падставе захопленай улады ўстанавiць «дыктатуру пралетарыяту» i абагулiць — настолькi, наколькi падказвае бягучы момант — сродкi вытворчасьцi. Абагуленьне можа таксама азначаць i каапэрацыю, але цяпер найвышэйшай формай абагуленьня ўвогуле ёсьць нацыяналiзацыя. На працягу свайго далейшага разьвiцьця дзяржава паступова адамрэ, бо нiводная кляса больш ня будзе прыцiскаць iншых. Перадумовай такога «раскладу» — у спрошчанай вульгарна-марксiсцкай канцэпцыі — была, ведама, узрастаючая пралетарызацыя грамадзтва i абсалютнае цi, прынамсi, адноснае згаленьне пралетарыяту. У вынiку канцэнтрацыi капiталу («адзiн капiталiст забiвае другіх») малой колькасьцi «магнатаў капiталу» будзе ўрэшце супрацьстаўленая велiзарная колькасьць безмаёмных. Аднак у вынiку «тэндэнцыi зьмяншэньня нормы прыбытку», што павiнна прыводзiць да стагнацыi эканамiчнага ўзросту, i ў вынiку цыклiчных крызысаў зь іх масавым беспрацоўем i нэгатыўным уплывам на рэальную заработную плату адбываецца яшчэ большае зьбядненьне. Абодва прагнозы разглядаюцца рэфармiстамi (Геарг фон Фольмар, Эдуард Бэрнштайн i iншыя) як маларэалістычныя. На iх думку, не зафiксаваўшы абсалютнай (i працэнтнай) колькасьцi эканамiчна самастойных суб’ектаў, нельга гаварыць пра зьнiжэньне рэальнай заработнай платы.

Роза Люксэмбург (1899) аспрэчвала гэтыя статыстычна падмацаваныя факты: нягледзячы на тое, што колькасьць эканамiчна самастойных суб’ектаў нiбыта застаецца стабільнай, «працягласьць жыцьця» гэтых самастойных прадпрыемстваў усё больш падае. Сапраўды, iзноў i iзноў засноўваюцца новыя фiрмы, што прабiваюцца на рынак з iнавацыйнымi прадуктамi; аднак, як толькi новы прадукт (або новая тэхнiка вытворчасьці) становiцца на канвэер, малыя прадпрыемствы iзноў выцясьняюцца з рынку буйнымi капiталiстычнымi карпарацыямi. Фрыц Штэрнбэрг (1926) вытлумачваў факт павышэньня рэальнай заработнай платы ў многiх нямецкiх рабочых тым, што яны быццам бы атрымлiваюць своеасаблівы «магарыч» дзякуючы звышпрыбыткам iндустрыялiзаванай Нямеччыны ў гандлi з маларазьвiтымi краiнамi. У.I.Ленiн (1906) у сваю чаргу зазначаў, што ў iндустрыяльных дзяржавах зьнiжэньне рэальнай заработнай платы (як i абсалютнае згаленьне) не закранае быццам бы толькi прывiлеяваную частку рабочай клясы, так званую «рабочую арыстакратыю», якая зьяўляецца сацыяльнай базай рэфармiзму i рэвiзiянiзму.

Пад рэфармiзмам разумеюць узьведзеную да адзiнай стратэгii рэфармiсцкую тактыку ў рабочым руху. На практыцы рабочыя партыi — нават калi яны перасьледуюць рэвалюцыйныя мэты — разам з тым усьцяж клапоцяцца пра рэформы, празь якiя могуць быць палепшаныя матэрыяльныя ўмовы рабочых. Так, яны выступаюць за скарачэньне працоўнага тыдня, i (пасьля пачатковай няўвагi) за страхаваньне ад беспрацоўя, хваробаў i iнвалiднасьцi, а таксама за пэнсiйнае страхаваньне. Хаця ўсе гэтыя мерапрыемствы i не лiквiдуюць залежнага становiшча рабочых, яны ўсё ж робяць яго — у выпадку неабходнасьці i падчас крызысаў — троху лепшым. Сацыялiсты-рэвалюцыянэры пры гэтым надаюць вялiкую ўвагу таму, каб рэформы гэткага кшталту разглядалiся не як мэта, а толькi як сродак. Дасягнутыя шляхам барацьбы (такой, як палiтычны страйк) рэформы павiнны ў першую чаргу павышаць самасьвядомасьць рабочага руху i праз гэта павялiчваць магчымасьць пазьнейшай рэвалюцыi. Радыкальныя рэвалюцыянэры (i анархасацыялiсты) заклапочаны тым, каб рэфармiсцкае паляпшэньне жыцьцёвага становiшча працоўных не прыпынiла iх рэвалюцыйнага разгону. Зь iх асяродзьдзя паходзiць — часам таксама прыпiсванае расiйскiм сацыялiстам — выслоўе: «Чым горш — тым лепш». Гэта азначае наступнае: чым горшае становiшча рабочай клясы, тым лепшыя пэрспэктывы рэвалюцыi. Сэнтэнцыя, якую досьвед адназначна зьняпраўджвае.

У супрацьлегласьць гэтаму рэфармiсты перакананыя, што сацыялiстычная рэвалюцыя, прынамсi, у найблiжэйшай будучынi ня можа стаяць на парадку дня i было б безразважнасьцю ня выкарыстаць магчымасьцi радыкальных рэформаў. Магчымасьцi такога роду адкрываюцца, паводле iх перакананьня, найперш там, дзе дэпутаты рабочых партыяў гатовыя да супрацоўнiцтва з дэпутатамi партыяў лiбэральнай буржуазii. З-за пастаяннай гатоўнасьцi да такога супрацоўнiцтва рэфармiзм адкiдаецца артадоксамi (марксiстамi) у нямецкай i iншых рабочых партыях.

Пад рэвiзiянiзмам разумеюць тэарэтычнае ўгрунтаваньне рэфармiзму, якое — упершыню i грунтоўна — было зьдзейсьнена Эдуардам Бэрнштайнам. Бэрнштайн — як ужо згадвалася — крытыкуе найперш вульгарна-марксiсцкiя прагнозы аб зьбядненьнi i палярызацыi грамадзтва i зьняпраўджвае iх з дапамогай статыстыкi. Выходзячы з гэтага, у пашырэньнi акцыянэрных таварыстваў i канцэрнаў ён бачыць паступовы пераход ад анархiчнага рынкавага капiталiзму да пэўнай «плянавай» гаспадарчай сыстэмы, якая ў стане пазьбегчы цяжкiх крызысаў. Нарэшце посьпехi рэформаў, патрабаваных таксама сацыял-дэмакратыяй, красамоўна даводзяць, што паступовае павышэньне стандарту жыцьця працоўных у межах iснуючага грамадзкага ладу — i дэмакратычнымi сродкамi — зьяўляецца магчымым. Iншымi словамi, Эдуард Бэрнштайн лiчыць магчымым i праўдападобным паступовы, павольны пераход ад капiталiзму да ўсё больш i больш сацыялiстычнага (цi, больш правiльна, да сацыяльна справядлiвага) грамадзкага ладу. Калi сацыялiзм, пачынаючы ад Маркса, прэтэндуе на тое, каб быць «навуковым», то ён — такi яго аргумэнт — мусiць абапiрацца на свабодны ад перадсудаў ды цьвярозы разгляд фактаў, а таксама не засяроджвацца на тых выказваньнях Маркса i Энгельса, што зьняпраўджаныя практыкай.

Спрэчка памiж артадоксiяй i рэвiзiянiзмам прывяла да барацьбы паміж плынямі амаль ува ўсiх эўрапейскiх рабочых партыях. У Францыi ўзьнiкае канфлiкт памiж радыкальна-дэмакратычным курсам Жана Жарэса i «чыстым» марксiзмам, а таксама памiж аб’яднанай сацыялiстычнай партыяй i палiтыкай Мiльерана , якi ў якасьцi мiнiстра працы ўвайшоў у буржуазны кабiнэт мiнiстраў (за што i быў выключаны з сацыялiстычнай партыi). Гатоўнасьць да ўступленьня ў каалiцыю з таго часу крытыкавалася i асуджалася як «мiльеранiзм» або «згодніцтва». Падобную пазыцыю сёньня займае ў ФРН партыя «зялёных». У абодвух выпадках адыграў сваю ролю страх перад стратай партыяй «рэвалюцыйнай iдэнтычнасьцi».

Прыблiзна з 1910 году ў нямецкай сацыял-дэмакратыi ўтвараюцца тры кiрункi. Побач з узьнiклым ужо ў 1896 годзе расколам на рэфармiстаў-рэвiзiянiстаў i артадоксаў цяпер адбываецца разыходжаньне памiж левымi i цэнтрыстамi. Артадоксы, так бы мовiць, другакроць падзяляюцца на сфармаваны Каўцкiм i ягонымi прыхiльнiкамi «цэнтар», што спалучаў рэвалюцыйную iдэалёгiю з гатоўнасьцю да рэфармiсцкай практыкi, i левае крыло (Роза Люксэмбург, Карл Лiбкнэхт, Франц Мэрынг ды iнш.), якое на практыцы строга датрымвалася рэвалюцыйна-марксiсцкіх установішчаў. Цэнтру, які знаходзіўся паміж гэтымі крыламі, датрымвалася бальшыня на партыйных зьездах. Тым часам як Бэрнштайн гаварыў, што «канцавая мэта ёсьць нiчым, рух ёсьць усiм», цэнтрысты ўсьцяж выказвалiся пра «канцавую мэту» (рэвалюцыю), аднак адмаўлялiся ад прапаганды канкрэтных крокаў у кiрунку да гэтай мэты. Ведамым стала выслоўе Карла Каўцкага: «Сацыял-дэмакратыя становiць сабой рэвалюцыйную, але ня робячую рэвалюцыi партыю». Гэтым Каўцкi хацеў зазначыць, што, маўляў, рэвалюцыйная сытуацыя ўзьнiкне толькi ў вынiку разьвiцьця капiталiстычнага спосабу вытворчасьцi. «Вялiкі абвал» (Бэбэль), «крах капiталiстычнай сыстэмы» паставiць на чале грамадзтва кiраваную сацыял-дэмакратыяй рабочую клясу. Каўцкi лiчыў таксама, што гэты час наступiць ня так хутка, i таму рабочая кляса i яго партыя павінны быць належна падрыхтаваныя да задачаў, што iх чакаюць.

У адрозьненьне ад цэнтрыстаў, левыя былi перакананыя ў тым, што партыя павiнна iсьцi наперадзе рабочай клясы i весьцi яе за сабою. Роза Люксэмбург, ведама, — у супрацьлегласьць Ленiну — выступала за добраахвотную форму прышчапленьня рэвалюцыйнай сьвядомасьцi масам i супраць аўтарытарнага кiраваньня i ўрадаваньня. Для добраахвотнага фармаваньня сьвядомасьцi — паводле яе перакананьня — вырашальным зьяўляецца практычны досьвед рабочых у клясавай барацьбе (атрыманы, напрыклад, падчас страйку, якi зь першапачатных эканамiчных прычын набывае нарэшце палiтычны вымер) або ў масавых дэманстрацыях. Сама параза ў масавай барацьбе такога кшталту навучае рабочых больш, чымся намовы нiбыта «неабмыльнага Цэнтральнага камiтэту», як гэта прапагандаваў Ленiн (Luxemburg 1918).

Ленiнская канцэпцыя партыi авангарду

Ленiн угрунтаваў сваю цэнтралiсцкую i эгалiтарную канцэпцыю «партыi новага тыпу» наступным чынам: на падставе свайго жыцьцёвага становiшча рабочыя «спантанна» дасягаюць толькi «трэйд-юнiянiсцкай» сьвядомасьцi, гэта значыць, сьвядомасьцi сваiх беспасярэдніх матэрыяльных iнтарэсаў, якiя выяўляюцца ў тым лiку i прафсаюзамi. Каб узьняць iх на вышэйшую ступень сьвядомасьцi, патрабуюцца сыстэматычныя намаганьнi, якiя могуць ажыцьцяўляцца толькi кадравай партыяй «новага тыпу». Сьпярша ў гэтую партыю ўвойдуць прадстаўнiкi буржуазнай iнтэлiгенцыi, што мелi магчымасьць — праз сваю адукацыю — авалодаць ведамi i поглядамi, неабходнымi для дасягненьня «палiтычнай клясавай сьвядомасьцi», гэта значыць, для ўсьведамленьня неабходнасьцi сацыялiстычнай рэвалюцыi. Аднак вельмi хутка ў гэтую партыю павiнны ўцягнуцца асобныя рабочыя, што набылi неабходныя веды i ўменьні ў вынiку навучаньня i вызваленьня ад беспасярэдняга вытворчага працэсу. Яны стануць — як i колiшнiя буржуазныя iнтэлектуалы — «прафэсiйнымi рэвалюцыянэрамi».

Псыхалягiчная рэфлексія Ленiна выходзіць з таго, што рабочыя будуць прыўносiць у партыю неабходную дысцыплiну (прышчэпленую iм на фабрыках), а (уперад буржуазныя) iнтэлектуалы — патрэбныя веды i iнтэлектуальныя здольнасьцi. Iнтэлектуалам бракуе дысцыплiны (Ленiн пагарджаў iнтэлектуальнай багемай старой Расii), рабочым — ведаў. Партыя новага тыпу кампэнсуе абодва дэфiцыты.

Супраць ленiнскай тэорыi партыi вельмi рана выступiла Роза Люксэмбург (1903). Разважаньням Ленiна пра (вiдавочна дадатнае) «дысцыплiнуючае ўзьдзеяньне» фабрычнай працы яна супрацьставiла тэзыс аб неправамоцнасьцi атаесамленьня добраахвотнай дысцыплiны рэвалюцыйнай рабочай партыi з прымусовай, нявольнiцкай дысцыплiнай фабрыкi i казармы. Пры гэтым Ленiн упускае фундамэнтальнае адрозьненьне памiж буржуазнай рэвалюцыяй i якабiнствам, з аднаго боку, i пралетарскай рэвалюцыяй, з другога. Тым часам як ажыцьцяўленьне чыста палiтычных мэтаў узьнікаючай буржуазii сапраўды магло праводзiцца меншынёй заангажаваных рэвалюцыянэраў, гэта супярэчыць усеахопным мэтам сацыялiстычнай рэвалюцыi (якая iмкнецца да перавароту ўсяго грамадзтва). Такiя мэты могуць быць дасягнутыя толькi пры суўдзеле ўсёй клясы, i гэты суўдзел мусiць быць дэмакратычна арганiзаваным i сьвядомым.

Праўдападобна, без уліку яснага разуменьня гэтага, у ленiнскую тэорыю партыi i рэвалюцыi быў закладзены пастулят аб адсталым характары расiйскага грамадзтва. У краiне без буйнога прамысловага пралетарыяту, з надзвычай адсталым сялянскiм насельнiцтвам нельга было i думаць пра рэвалюцыйны рух, што палягаў бы на шырокiм дэмакратычным базысе. Тут перамога рэвалюцыi была магчымая толькi шляхам сьвядомага, плянамернага i дысцыплiнаванага фармаваньня гiерархiчна пабудаванай кадравай партыi, якая магла б манiпуляваць масамi ў iнтарэсах сваёй перамогi. У 1917 годзе Ленiн з тактычных прычын вымагаў ад сваёй марксiсцкай партыi прыняцьця двух найважнейшых рашэньняў, якiя былi мала сумяшчальныя з «чыстым марксiсцкiм вучэньнем». Хаця i з ваганьнямi, дысцыплiнаваная партыя падпарадкавалася свайму «настаўнiку i правадыру».

Гэтыя рашэньнi палягалi ў наступным: неадкладны мiр з (дагэтуль шальмаваным за рэакцыйнасьць) Нямецкай i Аўстра-Вугорскай iмпэрыямi i перадача зямлi малазямельным сялянам. Другое рашэньне таксама пярэчыла прынцыповай пазыцыi марксiстаў у пытаньнi вышэйшай прадукцыйнасьцi буйных аграрных прадпрыемстваў i палiтычна пажаданага абагуленьня аграрных сродкаў вытворчасьцi. Згодна з марксiсцкiм перакананьнем, якое было сфармуляванае Розай Люксэмбург у крытыцы расiйскай рэвалюцыi, адно падзел зямлi ўтварае масавы базыс буржуазнай i дробнабуржуазнай сьвядомасьцi, якая будзе стаяць на шляху сацыялiстычнай рэвалюцыi. Фактычна толькi дзякуючы гэтым абодвум — найбольш папулярным — рашэньням, партыя Ленiна змагла атрымаць верх у кастрычнiку 1917 году i наступнай грамадзянскай вайне. Перамогi можна было дасягчы толькi з дапамогаю тактычнай гнуткасьцi гэткага кшталту. Але такая гнуткасьць вымагала як мага вышэйшай ступенi ўнутрыпартыйнай дысцыплiны i пакорлiвасьцi ў дачыненьнi да кiраўнiцтва. Дэмакратычнае волевыяўленьне, якое прыводзіць да прыняцьця падобных рашэньняў, было б занадта павольным i небясьпечным працэсам.

Калi — на працягу кароткага тэрмiну — Ленiн i сапраўды захоўваў сваю гнуткую тактыку i сваю аўтарытарную партыйную структуру, у больш працяглым часе асьцярогi Розы Люксэмбург i iншых давялі сваю апраўданасьць. З аўтарытарна кiраванай бюракратызаванай кадравай партыяй можна зрынуць i так ужо аслаблены рэжым, але немагчыма выбудаваць цалкам новае (i справядлiвае) грамадзтва. Таму вельмi хутка Ленiн быў змушаны да «тактычнага адступленьня» — «новай эканамiчнай палiтыкi» са шматлiкiмi канцэсiямi для дробных уласьнiкаў, а таксама для айчынных i замежных капiталiстаў. Пазьней Сталiну, дзякуючы адсутнасьцi актыўнай дэмакратычнай апазыцыi ў межах партыi, удалося ажыцьцявiць сваю фатальную «аграрную рэвалюцыю зьверху» (паскораную прымусовую калектывiзацыю селавой гаспадаркi), што прывяла да найцяжэйшых стратаў у савецкай гаспадарцы i нязьмерных пакутаў як вясковага, гэтак i гарадзкога насельнiцтва (Solschenizyn 1974—1976).

Сацыялiзм i нацыяналiзм

Калi лiдэр нямецкiх рабочых Фэрдынанд Ласаль (параўн. Na’aman 1970) — знаходзячыся пад узьдзеяньнем левага гегельянства — разрабляў праект «нямецкага сацыялiзму», якi павiнен быў зьдзейсьнiць «праўдзiвую дзяржаву» Гегеля на грунце пралетарскай дэмакратыi, то марксiсцкi сацыялiзм ад самага пачатку быў «iнтэрнацыяналiсцкім». Маркс выходзiў з таго, што буржуазiя ўжо праз стварэньне сусьветнага рынку ўстанавiла аб’ектыўную iнтэрнацыянальную ўзаемасувязь, якой, безумоўна, пярэчыць нацыяналiстычная iдэалёгiя. Афiцыйны нацыяналiзм буржуазii мае вартасьць для яе толькi як пробны сродак для ўстанаўленьня штучнай «клясавай гармонii». Вядучыя буржуазныя прадпрымальнiкi ў сумнеўных выпадках датрымваюцца не нацыянальных, а сваiх першачарговых клясавых iнтарэсаў. Для Маркса выразным прыкладам гэтага была падтрымка Бiсмаркам буржуазнага францускага ўраду ў ягонай барацьбе супраць Парыскай камуны ў 1871 годзе. Бiсмарк, у прыватнасьцi, прадставiў у распараджэньне вэрсальскага ўраду дачасна вызваленых францускiх ваеннапалонных i адкрыў iм уваход у горад, абложаны нямецкiмi войскамi. Салiдарнасьць пануючых клясаў у барацьбе супраць «нутранога ворага» (рэвалюцыйных масаў) была мацнейшая, чымся — нават яшчэ ня скончаная — нацыянальная вайна!

З увагі на iлюзорны i iлжывы характар буржуазнага нацыяналiзму i фактычнай еднасьцi лёсу працоўных розных нацыяў арыентацыя рабочага руху магла быць толькi iнтэрнацыянальнай. На практыцы неабходнасьць iнтэрнацыянальнага аб’яднаньня такога кшталту робiцца заўважнай у выпадках страйкаў. Напрыклад, францускiя рабочыя мелi магчымасьць змагацца супраць таго, каб штрэйкбрэхеры не былi перапраўленыя ў Англiю. Ангельскiя тэкстыльшчыкi падчас амэрыканскай грамадзянскай вайны падтрымлiвалi Паўночныя Штаты супраць рабаўладальнiкаў, нягледзячы на тое, што iх беспасярэднія iнтарэсы (iнтарэсы iмпарту бавоўны, неабходнай для брытанскай тэкстыльнай iндустрыi) знаходзiлiся на iншым баку. Тым самым яны — паводле Маркса — зрабілі значны ўнёсак у перамогу Паўночных Штатаў (i «Саюзу»).

У некаторых сваiх тэарэтычных канструкцыях Маркс i Энгельс iшлi яшчэ далей: яны вылучылi тэзыс аб тым, што пралетарская рэвалюцыя, якая праводзiць у жыцьцё сацыялiзм, можа адбывацца толькi ў выглядзе «мiжнароднай рэвалюцыi» (цi «сусьветнай рэвалюцыi», як пачалi гаварыць пазьней). Пры гэтым меркавалася, што яна мусiць перамагчы адначасова «прынамсi ў разьвiтых дзяржавах» сьвету. Маркс неаднаразова вылучаў на ролю перадавога змагара за сусьветную рэвалюцыю ангельскую рабочую клясу, «клясу, грамадзтва якога пануе на сусьветным рынку».

Да 1917 году нiхто i ня думаў пра перамогу сацыялiзму «ў адной асобна ўзятай краiне» (калi ня браць пад увагу баварскага рэфармiста Геарга фон Фольмара, якi ўжываў гэтую формулу, але ня быў нiкiм падтрыманы). Ня толькі мэта — «свабодная асацыяцыя вытворцаў», але таксама шлях да мэты — «сусьветная рэвалюцыя» — былі ў сваёй сутнасьцi «iнтэрнацыянальнымі». Нацыяналiзм, iдэалёгiя, з дапамогай якой буржуазiя iмкнулася затушаваць клясавы антаганiзм унутры грамадзтва, быў — як i любая iншая «рэакцыйная iдэалёгiя» — ворагам усiх марксiстаў з часоў Другога Iнтэрнацыяналу (ад 1883 да 1914 гг.) (Kautsky 1907).

У такiх шматнацыянальных дзяржавах, як Аўстра-Вугоршчына i Расiя, нацыяналiзм станавiў сабой з 1914 году асаблiвую праблему. Тут нацыяналiзм «пануючых» нацыяў: немцаў i вугорцаў, а таксама расiйцаў супрацьстаяў нацыяналiзму прыгнечаных нацыяў. У Аўстра-Вугоршчыне Ота Баўэр (1906 год) распрацоўваў тэорыю, якая намагалася адпавядаць усiм культурным асаблiвасьцям i ўласьцiвасьцям нацыяў i дапасаваць шматнацыянальную дзяржаву да сацыялiстычнага iнтэрнацыяналiзму. Ленiн (1914 год) бачыў у нацыяналiзьме бальшынi малых, прыгнечаных вялiкарусамi нацыяў царскай «турмы народаў» патэнцыяльнага саюзьнiка пралетарскай рэвалюцыi. Ён таксама распрацаваў фэдэрацыйную канстытуцыю пасьлярэвалюцыйнага грамадзтва, у якой выразна прадугледжвалася нават «права нацыi на аддзяленьне» ад супольнай дзяржавы. Разумеючы нацыяналiзм як патрабаваньне культурнай аўтаномii для малых народаў Ленiн, безумоўна, выступаў з жорсткай крытыкай «вялiкарускага нацыяналiзму» i шавiнiзму. Рашучае адмаўленьне панславiнiзму, якi ў яго вачах зьяўляўся iнструмэнтам улады рэакцыйнага царскага рэжыму, Ленiн, рэч ясная, пераняў у Маркса (Marx 1874—75).

У адпаведнасьцi з марксiсцкiм тэзысам пра iнтэрнацыянальны характар пострэвалюцыйнага грамадзтва, новая дзяржава атрымала назву «Саюз савецкiх сацыялiстычных рэспублiк». Нiводная асобная нацыя ня згадвалася ў назьве гэтай шматнацыянальнай дзяржавы. Першапачатна з упэўненасьцю думалі пра тое, што — пасьля пашырэньня сацыялiзму ў iншых краiнах — iншыя гаспадарствы будуць далучаныя да гэтага саюзу як новыя фэдэральныя дзяржавы. Досьвед другой сусьветнай вайны (1939—1945) i разьвiцьцё краiн, што перайшлi да сацыялiзму пасьля 1945 году, абапiраючыся на прысутнасьць Чырвонай Армii, прывялi да iншых вырашэньняў. Паўсюль, у Польшчы, Вугоршчыне, Чэхаславаччыне, Румынii i Баўгарыi (таксама — у Манголii i Паўночнай Карэi) узьнiклi палiтычна самастойныя «сацыялiстычныя дзяржавы», якiя хаця фактычна i былi моцна зьвязаныя з Савецкiм Саюзам, найперш з прычыны яго вайскова-iндустрыяльнай перавагi, аднак зь вялiкай настойлiвасьцю трымалiся свайго дзяржаўнага сувэрэнiтэту. Падчас другой сусьветнай вайны Сталiн прыйшоў да высновы, што «любосьць да бацькаўшчыны» (так званы савецкi патрыятызм) i нават «расiйскi нацыяналiзм» (пра якi заявiў Сталiн, узьняўшы ў 1945 годзе свой знакамiты крамлёўскi тост за «пераможны расiйскi народ») мабiлiзуе для абароны мацнейшыя, чымся сацыялiзм, iдэалягiчныя матывы. Другая сусьветная вайна таму афiцыйна была абвешчана «Вялiкай Айчыннай вайной», а не вайной супраць фашызму — ворага ўсяго чалавецтва, як яго падаюць у марксiсцкiх падручнiках.

Калi партыйнае кiраўнiцтва краiн «рэальнага сацыялiзму» i было здольнае здабыць пэўную ступень папулярнасьцi сярод свайго насельнiцтва, гэта адбывалася толькi дзякуючы нацыянальным лёзунгам i пэўнаму адасабленьню ад суседзяў — упаасобку ад Савецкага Саюзу.

Найбольш выразна гэта выявiлася ў Румынii. Аднак праявы падобных працэсаў можна назіраць найперш у Польшчы i ў раньнiм часе iснаваньня НДР, дзе адкрыцьцё «значэньня нацыянальнай спадчыны» прывяло да рэабiлiтацыi партыяй Прусii, Фрыдрыха Вялiкага i нават Бiсмарка. З нагоды юбілею Лютэра пачынае пазытыўна разглядацца i сам Марцiн Лютэр, нібыта гэта было «традыцыйна» прынята ў сацыялiстычнай гістарыяграфіі, нягледзячы на ягонае стаўленьне да Сялянскай вайны i Томаса Мюнцэра.

Як мы бачым, ня толькi дэмакратычныя тэорыi, але i лiбэралiзм i нават сацыялiзм уваходзiлi i ўваходзяць у разнастайныя паяднаньнi з нацыяналiзмам. Паводле раньняга Маркса, сацыялiстычна-пралетарская рэвалюцыя ў Нямеччыне паклiкана служыць таму, каб узьвесьцi адсталую нацыю на вяршыню эўрапейскай цывiлiзацыi, а ў палiтычна-iдэалягiчным аспэкце «дагнаць i перагнаць» Францыю. Нечага падобнага да 1917 году датрымваліся i многiя расiйскiя сацыялiсты i анархiсты, хаця сам Ленiн заставаўся тэарэтычна перакананым iнтэрнацыяналiстам. У праведзенай Мао Цзэ-дунам кiтайскай рэвалюцыi вялiкую ролю грала — гэта можна лёгка давесьцi, вывучаючы ягоныя прамовы i артыкулы — iдэя «дагнаць i перагнаць» разьвiтыя краiны сьвету (найперш Савецкi Саюз). Калi Савецкi Саюз вызначыўся ў iндустрыяльна-тэхнiчным пляне сваiм «спутнiкам», Мао Цзэ-дун заклiкаў да «вялiкага скачка наперад» i заснаваў «народныя камуны», што аказалася безумоўнай няўдачай, за якую народ дорага заплацiў. Таксама i сталiнскi (як да яго i ленiнскi) лёзунг, што вымагаў дагнаць i перагнаць «разьвiтыя капiталiстычныя дзяржавы па вытворчасьцi i прадукцыйнасьцi», зьмяшчаў нацыянальныя, аж да нацыяналiстычных, акцэнты, нават калi фармальна яго задача бачылася ў тым, каб давесьцi на практыцы перавагу сацыялiстычнага спосабу вытворчасьцi (што, пэўна, не ўдалося i па сёньняшнi дзень).

Такiм чынам, з усiх палiтычных iдэалёгiяў нацыяналiзм, якi найменш здатны да тэарэтычнага ўгрунтаваньня, аказваецца найбольш жыцьцяздольнай i пасьпяховай ідэалёгіяй. Мы ўбачым, што ён можа знаходзiцца ў цеснай сувязi i з кансэрватызмам.

5. Кансэрватызм

Рэактыўнае фундамэнтальнае ўстановішча кансэрватызму

Як ведама, кансэрватыўныя iдэi (i iдэалёгii) узьнiклi дзякуючы адно выклiку буржуазнай рэвалюцыi i распачатай буржуазiяй «пераацэнцы вартасьцяў». Як дэмакратычная свабода (прылучэньне ўсiх людзей да фармаваньня палiтычных адносiн), так i лiбэральны рэлятывiзм i пагатоў пастаноўка пад пытаньне эгалiтарыстамi i сацыялiстамi традыцыйнага маёмаснага ладу пагражалi прывiлеям «вышэйшых станаў» — духавенства i шляхты. Як зазначыў Карл Мангайм (1984), кансэрватыўны сьветапогляд i iдэалёгiя паўсталi з больш цi менш неўсьвядомленых традыцыяналiсцкiх перакананьняў сьпярша як адказы на дэмакратычны i лiбэральны выклiкі. Я некалi прапанаваў разглядаць надзвычай разнастайныя кансэрватыўныя iдэалёгii як шматлiкiя «рэакцыi» на выклiк, што на працягу стагодзьдзяў зьдзяйсьняе працэс дэмакратызацыi (да дэмакратычнага сацыялiзму ўлучна) (Fetscher 1983). Адрозьненьнi памiж антыдэмакратычным i антылiбэральным (такiм чынам, антыкапiталiстычным) даўнейшым кансэрватызмам, «клясычным папулiсцкiм кансэрватызмам» XIX стагодзьдзя i сёньняшнiм нэакансэрватызмам тлумачацца паступовымi зьменамi ў сацыяльнай базе гэтай iдэалёгii i зьменамi палiтычнага, сацыякультурнага i эканамiчнага парадку, якiм i чыняць супрацiў кансэрватары. Можна таксама гаварыць пра паступовае прыняцьцё кансэрватарамi пэўных «дасягненьняў» сучаснага грамадзтва: калі на пачатку яны змагалiся з дэмакратыяй i лiбэралiзмам, то пазьней імі была — змушана — прынятая дэмакратыя, i ўрэшце кансэрватары пачынаюць iдэнтыфiкаваць сябе з капiталiстычным гаспадарчым ладам i — прынамсi тады, калі ім гэта выгадна — зь лiбэралiзмам. Хаця адзнакi крайняга кансэрватызму назiраюцца таксама i ў «рэальным сацыялiзьме», аднак гэтыя апалягеты бюракратычных прывiлеяў прыкладаюць вялiкiя намаганьнi для таго, каб лiчыцца «прагрэсiўнымi», i энэргiчна адмаўляюцца ад вызначэньня iх у якасьцi «кансэрватыўных». Толькi ў сымпатыi iншых кансэрватараў з капiталiстычных краiн да гэных бюракратаў i ў стылі кiраваньня можна спасьцерагчы духоўную свайню мiж кансэрватарамi дэ факта там i многiмi намiнальнымi кансэрватарамi тут.

Аналiз сацыяльных пераўтварэньняў i палiтычных стратэгiяў

У сваiм iмкненьнi абаранiцца ад «новаўвядзеньняў» дэмакратычнай i капiталiстычнай эпохі кансэрватары — такiя, як Адам Мюлер i Франц фон Баадэр — яшчэ раней за сацыялiстаў пачалі апісваць нэгатыўныя сымптомы неўкаранёнасьцi, iзаляванасьцi i духоўнага зьбядненьня людзей, якiх дынамiка новага спосабу гаспадараньня вырывае зь iх традыцыйнага жыцьцёвага ўкладу. Франц фон Баадэр адным зь першых пачаў гаварыць пра «галечу пралетарыяту». Кансэрватыўныя рамантыкi, не прымаючы «бездухоўнасьцi» фабрычнай працы i распаўсюджванай «дзелавiтасьцi», услаўлялi даўнейшае станавае грамадзтва зь яго «пачуцьцём абароненасьцi» як iндывiда, так i традыцыйнай сям’i, якая ўва ўмовах раньняга капiталiзму ўсё больш аддалялася на заднi плян. У сваiм вылучэньні i апiсаньнi нэгатыўных аспэктаў грамадзтва гэтыя даўнейшыя кансэрватары, безумоўна, мелi рацыю. Ведама, iх тэрапэўтычныя прапановы зводзiлiся, як правiла, да рэанiмацыi даўнейшых дачыненьняў i вартасьцяў, што былi разбураныя i скасаваныя акурат дынамiчным разьвiцьцём эканомiкi i грамадзтва. Ужо рэфармацыя адабрала ў царквы яе шматлiкiя дабрачынныя ўстановы, прызначаныя для дапамогi хворым, старым i бедным. Лiбэралiзм, у сваю чаргу, лiквiдуе цэхавую сыстэму i тым самым пазбаўляе рамесьнiкаў важнага сродку самапомачы. Свабода прадпрымальнiцтва пацягнула за сабой ня толькi вытворча-тэхнiчны прагрэс, але i зьбядненьне часткi рамесьнiцкага насельнiцтва. Распрыгоньваньне сялян хаця i зьнiшчыла прыгонную залежнасьць, аднак разам з гэтым «распрыгоненыя сяляне» адчулі на сабе бязьлiтасную эканамiчную канкурэнцыю. Старая залежнасьць ад асобы (памешчыка) зьнiкла, залежнасьць ад ананiмнай стыхii рынку вымагала большай энэргii i прыводзіла да павышэньня ўраджайнасьцi глебы (i ўрэшце да iндустрыялiзацыi селавой гаспадаркi), яна ж, аднак, усё больш спрыяла расьсяляньваньню сялянства i пазбаўляла апiрышча сялянскi традыцыяналiзм.

Баронячыся ад гэтых тэндэнцыяў, даўнейшы кансэрватызм выкарыстоўваў iдэi традыцыйных вартасьцяў i сацыяльных дачыненьняў дабуржуазнага грамадзтва. У сваiх намаганьнях схiлiць да кансэрватыўных перакананьняў прынамсi частку буржуазii многiя, як, напрыклад, Эдмунд Бёрк (Edmund Burke 1790/1967) у Англii, спасылалiся на тое, што зь лiквiдацыяй на ўзор францускай рэвалюцыi шляхецкiх прывiлеяў будзе створаны прэцэдэнт для скасаваньня права ўласнасьцi ўвогуле. Калi пэўнага права (што таксама можа складаць своеасаблівую «ўласнасьць») пазбаўляецца цэлы стан, гэта i надалей будзе складаць усё большую небясьпеку для ўласнасьцi грамадзян. Iншымi словамi: дэмакратыяй (дэмакратычнай роўнасьцю) яна пачынаецца, а сацыялiзмам (сацыялiстычнай «ураўнілаўкай») канчаецца. У меру таго як — у Францыi i Нямеччыне, напрыклад — раньнi рабочы рух i ягоныя тэарэтыкi пачалi ўздымаць патрабаваньне абагуленьня сродкаў вытворчасьцi, частка буржуазii была вымушаная прыхінуцца да кансэрватызму, носьбітам якога дагэтуль была шляхта. Як звужэньне выбарчага права да меншынi ўласьнiкаў, так i канстытуцыi з усеагульным правам голасу станавiлi спробу прадухiлiць «небясьпеку» сацыялiзму.

У краiнах, дзе (як у Англii) выбарчае права ўводзiлася паступова, кансэрватыўныя палiтыкi тыпу Бэнджамiна Дызраэлi — у iнтарэсах здабыцьця максымальнай колькасьцi галасоў выбарцаў — выдавалi сябе за абароньнікаў iнтарэсаў рабочых. У адрозьненьне ад навамодных лiбэральных фабрыкантаў яны выглядалi як патрыярхальныя заступнiкi рабочых i такiм чынам сапраўды здыбывалi прыхiльнiкаў у пралетарскiх масах. «Ворагi нашых ворагаў — нашыя прыяцелi i саюзьнiкi», — так гучаў iхны лёзунг. Гэтыя першыя «папулiсцкiя» кансэрватары — як раней лiбэралы — дабiвалiся нават пашырэньня выбарчага права на неасьвечаныя слаі насельнiцтва, якое лёгка схiлялася ў бок кансэрватыўных палiтыкаў дзякуючы прэстыжу старых iмёнаў i нiмбаў кароны i герба.

Тымчасам як на кантынэнце кансэрватыўныя партыi, як правiла, скептычна i нават крытычна ставiлiся да парлямэнцкай дэмакратыi, ангельскiя кансэрватары ўзумелі прыйсьцi да згоды зь ёю. На працягу XIX стагодзьдзя партыйна-палiтычныя змаганьнi памiж кансэрватарамi i лiбэраламi вызначалi вобраз брытанскай палiтыкi. Пры гэтым кансэрватарамi былi прадстаўнiкi iнтарэсаў шляхты, што абапiралiся — як ужо згадвалася — на частку вясковага i гарадзкога пралетарыяту. У пляне эканамiчнай палiтыкi яны былi, як правiла, прыхiльнiкамi пратэкцыянiзму, тымчасам як лiбэралы (як правiла) выступалi за свабодны гандаль.

У апошнiя перад першай сусьветнай вайной гады брытанскiя лiбэралы займалi сацыял-рэфармiсцкiя пазыцыi (Лойд-Джордж), каб у барацьбе з кансэрватарамi за галасы рабочых ня страцiць сваго ўплыву на апошнiх. Са свайго боку, кансэрватызм усё болей пазбаўляўся засьцярогаў узглядам iндустрыяльнага капiталiзму, чаму iстотна паспрыяў факт, што ў Англii дзецi з шляхецкіх сем’яў, каб «замажнець», часта ступалi на шлях прадпрымальнiцтва. Заснаваная ў 1900 годзе партыя лейбарыстаў (Labour-Party) магла — згодна з брытанскай мажарытарнай выбарчай сыстэмай — увайсьцi ў парлямэнт на пачатку толькi пры падтрымцы лiбэральных дэпутатаў. Такiя «лiбэральна-лейбарысцкiя» дэпутаты былi першымi прадстаўнiкамi рабочай клясы ў Гасподзе грамадаў.

Пасьля першай сусьветнай вайны маладая лейбарысцкая партыя пацясьнiла лiбэралаў зь іх пазыцыi другой партыі. Апошнiя канчаткова страцiлi сваю значнасьць, асаблiва калi лейбарысты пачалі атрымліваць на выбарах 20 працэнтаў галасоў. Сёньня кансэрватары амаль без выняткаў перанялi прынцыпы эканамiчнага лiбэралiзму. З шляхецкага i папулiсцкага кансэрватызм ператварыўся ў капiталiстычны. У гэтым важную ролю адыграў таксама i нацыяналiзм. У якасьцi прадстаўнiкоў «нацыянальных брытанскiх iнтарэсаў» i сымпатыкаў «Empire» (а пазьней «Commonwealth») брытанскiя кансэрватары маглі i могуць па-ранейшаму выклiкаць да сябе прыхiльнасьць вялiкай часткi народных масаў. «Лякальная вайна» за адваёву Фалклэндзкiх выспаў прынесла дробнабуржуазнаму лiдэру кансэрватараў, Маргарэт Тэтчэр, нечуваны посьпех.

Трансфармацыя кансэрватызму

Сёньня да iндустрыяльнага капiталiзму больш ня маюць анiякiх засьцярогаў i на кантынэнце. Сацыяльнай базай кансэрватыўных партыяў (якiя большай часткай маюць iншы назоў: у Iталii i ФРН — «хрысьцiянскай», у Аўстрыi — «Народнай партыi») зьяўляюцца цяпер эканамiчна заможныя i незалежныя слаi, упаасобку фiнансавы сьвет, гандаль i прамысловасьць. Таму ў якасьцi сацыяльнай базы невялiкiх лібэральных партый застаецца сярэдняя кляса, рамесьнiцтва i новыя прадпрымальнiкi, а таксама частка зацiкаўленага ў сваёй кар’еры чыноўнiцтва. Для дасягненьня падтрымкі кансэрватыўных партыяў з боку бальшынi насельнiцтва выкарыстоўваюцца ня толькi такiя iдэалёгii, як нацыяналiзм, але i прапаганда аптымiстычнай эканамiчнай пэрспэктывы. Кансэрватыўныя партыі выкарыстоўваюць i ляк насельнiцтва перад камунiзмам, анархiстамi (i тэрарыстамi), а таксама робяць акцэнт на адмаўленьні ад «дзяржаўнай апекi», у культываваньні якой абвінавачваюць сацыялiстаў. Сёньня, як правiла, кансэрватары выступаюць i як абароньнікі свабоды вытворчасьці. Разам з тым кансэрватары, рэч ясная, прапагандуюць «традыцыйныя вартасьцi» — такiя, як «руплiвасьць», «ашчаднасьць», «спагаду», «надзейнасьць», «сумленнасьць», не здаючы сабе справы з таго, чаму гэтыя вартасьцi ўсё болей занепадаюць у сучасным iндустрыяльным грамадзтве зь ягонай канкурэнцыяй памiж iзаляванымi iндывiдамi, якiя павiнны «функцыянаваць» як працоўная сiла i спажыўцы (параўн. Fetscher 1983). На шляху добрасумленнага ажыцьцяўленьня названых вартасьцяў адкрыта стаiць iндывiдуальны карысьлівы разьлiк як кiруючы прынцып, як спосаб дзеяньняў, запатрабаваны эканамiчнай сыстэмай i лiбэральнай тэорыяй гаспадараньня ў якасьцi адзiна «рацыянальнага».

З увагi на цяжкасьцi фiнансаваньня сучаснай «дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту», якую кансэрватары ў Англii (i ў Фэдэратыўнай Рэспубліцы) доўгi час прымалi за апрабаваны сродак зьмяншэньня сацыяльнага напружаньня (хаця сваiм вынаходам ён абавязаны больш лейбарыстам i сацыял-дэмакратам, чымся кансэрватарам i дэмахрысьцiянам), «нэакансэрватары» пасуляюць адно рэанiмацыю даўнейшых лiбэральных дачыненьняў i традыцыйных маральных вартасьцяў. Кажны iзноў павiнен пачаць несьцi адказнасьць за сябе. Сацыялiстычная падтрымка эканамiчна слабых дэвальвуецца да разнавiду апекаваньня недзеяздольнымі. «Калектыўная самапомач» ўсё больш стаецца пустым гукам. Калi ўрады кансэрватыўнага кшталту сутыкаюцца зь неабходнасьцю скарачаць расходы, яны пачынаюць пераважна з сацыяльнай сфэры. Брытанская i амэрыканская сацыяльна-эканамiчная палiтыка нэакансэрватараў сёньня выходзiць з таго, што эканамiчны застой можа быць пераадолены толькi шляхам паляпшэньня iнвэстыцыйнага клімату для прадпрымальнiкаў — прыкладам, празь зьнiжэньне гранiчнай падаткавай стаўкi. Прыток iнвэстыцыяў — у будучынi — створыць яшчэ больш працоўных месцаў. Амэрыканскiя кансэрватары крытыкуюць сацыяльную палiтыку ФРН за занадта «цяплічныя» ўмовы для рабочых i залiшне высокiя выдаткi на заработную плату. Павiнны быць урэзаны гарантыi абароны ад неабгрунтаванага звальненьня рабочых i службоўцаў, а таксама сацыяльныя выдаткi, што створыць больш (праўда, часовых i маладаходных) працоўных месцаў.

Сказанага дастаткова, каб паказаць, што сёньняшнi кансэрватызм, як гэта вынiкае зь яго эканамiчных прынцыпаў, больш не адрозьнiваецца ад лiбэралiзму. З гэтай прычыны архiлiбэральны эканамiст Людвiг Эргард вельмi пасьлядоўна ўваходзіў у Хрысьціянска-дэмакратычны зьвяз (ХДЗ), а не ў Свабодную Дэмакратычную партыю (СДП), як ён мерыўся першапачатна. У кансэрватыўнай партыi ў яго было больш шанцаў ажыцьцявiць свае эканамiчныя погляды. «Сацыяльна зарыентаваная рынкавая эканомiка», пра якую ён некалi гаварыў Гаеку, зьяўляецца толькi новым тэрмiнам для рынкавай гаспадаркi sans phrase. Рынкавая гаспадарка ўжо сама па сабе сацыяльная. Гэтым ён, праўда, уваходзiў у супярэчнасьць з сацыяльнай дактрынай каталiцызму, якой датрымвалiся сацыяльная камiсiя ХДЗ. Паводле папскiх энцыклiк «Rerum Novarum», «Quadragesimo Anno» i «Progressio Populorum», свабодная рынкавая эканомiка «сама па сабе» нi ў якiм разе не гарантуе сацыяльна справядлiвага оптымуму. Наадварот, яна дапускае, як у грамадзтвах з рынкавай эканомiкай, так i ў маштабе ўсяго сьвету, нязносна вялiкую ступень галечы, зь якой трэба сьвядома змагацца. Наiўнае спадзяваньне Адама Смiта, якi ў 1776 годзе меркаваў, што вiдавочная эканамiчная розьніца памiж становiшчам iндыйскага i брытанскага насельнiцтва будзе хутка згладжаная ў вынiку свабоднага таваразвароту, было гэткiм жа памылковым, як i прагноз Карла Маркса, якi ў 50-х гадох мiнулага стагодзьдзя прадказваў паскораную iндустрыялiзацыю Iндыi, выходзячы з будаўнiцтва там першай чыгуначнай лiнii. Нiводная краiна пасьля Англii — нi ЗША, нi Нямеччына — не змагла правесьцi iндустрыялiзацыю без забесьпячэньня высокiх мытных збораў. Палiтычная i эканамiчная моц сёньняшнiх iндустрыяльных мэтраполiяў ускладнiла выбудову такiх мытных бар’ераў у бальшынi краiн «трэцяга сьвету». I ў iндустрыяльных дзяржавах крайняя нястача не зьнiкае аўтаматычна. У ЗША колькасьць сем’яў, што жывуць па-за «рысай беднасьцi» (poverty line), значна ўзрасла, нягледзячы на эканамiчны ўздым апошнiх гадоў.

Сёньняшняя трансфармацыя вартасьцяў: «структурна» i «вартасна» кансэрватыўнае перад абліччам крызысу iндустрыялісцкага аптымiзму, зьвязанага зь верай у «прагрэс»

Усе палiтычныя iдэалёгii, разгледжаныя намi дагэтуль, натхнялiся чаканьнем кантынуальнага гiстарычнага прагрэсу. Лiбэралы спадзявалiся на вызваленьне эканомiкi ад традыцыйных прававых, рэлiгiйных, маральных i палiтычных бар’ераў падчас iмклiвага ўзросту вытворчасьцi i на выкліканы гэтым радыкальны ўздым усеагульнага дабрабыту. Паколькi павышэньне дабрабыту цалкам атаесамлялася iмi з «прагрэсам» i iх спадзяваньнi сапраўды збывалiся — прынамсi ў эўрапейскiх дзяржавах i разьвiтых краiнах — лiбэралы верылi, што iх пагляды спраўдзяцца ў найблiжэйшым часе. Сацыялiсты, тым часам, успрымалi эканамiчны прагрэс капiталiстычнага спосабу вытворчасьцi адно як перадумову яшчэ не зрэалiзаванага вырашальнага прагрэсу, якi стане магчымым толькi пры сацыялiзьме. Яны таксама вельмi ясна ўяўлялi тыя выдаткi, што паўстаюць на шляху да прагрэсiўнага капiталiстычнага сусьветнага рынку з-за бязьлітаснай эксплюатацыi здароўя людзей, прыгнечваньня i вынiшчэньня цэлых частак насельнiцтва. Уласна, i дэмакраты, што першапачатна марылi толькi аб аднаўленьнi «антычнай парадыгмы свабоды», былi ў сутнасьцi прыхiльнiкамi iдэi прагрэсу.

Эўрапейска-паўночнаамэрыканская цывiлiзацыя разглядалася iмi як «прагрэсiўная» ў параўнаньнi з «адсталымi» даўнейшымi цывiлiзацыямi Азii, Афрыкi i Лацiнскай Амэрыкi. Калi, тым ня менш, кiнуць больш шырокі позiрк на гiсторыю iдэi прагрэсу, выявiцца, што заўсёды былi прыгнечаныя i iх ахвочыя да ўлады абароньнікі. У Францыi розьнiца ў поглядах на прагрэс у апошняй трэцi XVII стагодзьдзя выявiлася ў спрэчцы паміж «старымі» i «сучаснымі». Пры гэтым «сучасныя» сьцьвярджалi, што сучасная iм абсалютысцкая француская манархiя ў сваiх культурных здабытках нiбыта пераўзыходзiць клясычную антычнасьць. Праявы пакланеньня Людовiку XIV — «каралю-сонцу» — дасяглi свайго апагею ўва ўслаўленьнi яго як валадара, што высака ўздымаецца над паўсюдна шанаванымi ў тыя часы антычнымi ўзорамi. Працiўнiкi «сучасных» — прадстаўнiкi буйной i дробнай буржуазii i, напэўна, пры гэтым таемныя прыхiльнiкi дэмакратычнай рэспублiкi — настойвалi, насуперак гэтаму, на неперасягальнасьцi антычнай мадэлi. Таксама некаторыя прадстаўнiкi дробнабуржуазнай дэмакратыi падчас Францускай рэвалюцыi i тыя iдэалiстычныя шанавальнiкi антычнага полiсу ў Нямеччыне, што спадзявалiся нейкiм чынам вярнуцца да клясычнай Грэцыi (такiя, як Гёльдэрлiн i малады Гегель), не зьяўлялiся прыхiльнiкамi прагрэсу, але выступалi за «аднаўленьне» мiнулага як лепшага, iдэальнага стану (параўн. раньнiя творы Гегеля i iдэал Грэцыi, вызнаваны Гёльдэрлiнам).

Дынамiка дэмакратычнай рэвалюцыi, як яе апiсаў Алексыс дэ Таквiль, разам з капiталiстычным спосабам вытворчасьцi, безумоўна, прасякала перакананьне аб усеагульным прагрэсе ў сьвядомасьці яго сучасьнiкаў. Складанае паняцьце прагрэсу ўключала ў тым часе паляпшэньне матэрыяльных умоваў жыцьця i, перадусiм, культурнае i маральнае разьвiцьцё ў кiрунку да справядлiвых узаемінаў. Эканомiка i тэхнiка былi пастаўлены на службу вытворчасьцi ў мэтах палягчэньня працы i жыцьця. Зьмяншэньне кошту друку дазволiла пашыраць адукацыю, што ўрэшце прывяло да вымаганьня ад дзяржавы ўсеагульнага i абавязковага навучаньня. Мэдыцына дабiвалася перамогi за перамогай у сваёй барацьбе супраць эпiдэмiяў i захворваньняў насельнiцтва. Узрастала (хаця i нераўнамерна для розных сацыяльных клясаў) працягласьць жыцьця.

Напісаная ў 1861 годзе кніга Чарльза Дарвiна «Паходжаньне вiдаў», што хутка набыла папулярнасьць, стала наступным — пасьля разьбiцьця геацэнтрычнай карцiны сьвету Капэрнiкам, Кеплерам i Галiлеем — прынiжэньнем для чалавека i таму выклiкала трывогу ў многiх сучасьнiкаў. Аднак некаторымi, напрыклад, Эрнстам Гекелем (Ernst Haeckel 1890/1984) гэта ўважалася за чарговае сьведчаньне iдэi прагрэсу. Хiба мы дасягнулi ўсяго на шляху ад малпы да homo sapiens! Што можа перашкодзiць нам пасунуцца ў будучым яшчэ далей? Прыблізна так гучалi ягоныя разважаньнi.

Натуральна, многiя кансэрватары здаўна выказвалi што да такога «прагрэсу» свае крытычныя заўвагi. Яны, у сваю чаргу, баранiлi старыя сацыякультурныя i палiтычныя адносiны i не маглi замiрыцца з разбурэньнем традыцыйных нораваў, звычаяў, правоў i стасункаў; яны вельмi рана зьвярнулi ўвагу на зьнішчэньне прыроды прадпрыемствамi буйной прамысловасьцi, на раскладаньне сваяцкiх адносiн у вынiку ўцiску мабiльнасьцi спэцыялiзаванага i хутказьменнага грамадзтва, на страту рэлiгiйных перакананьняў у ананiмным асяродзьдзi вялiкiх гарадоў i г.д. Аднак у меру таго, як палiтычна арганiзаваныя кансэрватары зблiжалiся з буржуазнымi лiбэраламi i ўрэшце перанялi iх iдэалёгiю, яны адмаўлялiся ад сваёй крытыкi i «супрацiву прагрэсу», якi i бяз гэтага было немагчыма стрымаць. Доўгi час — да другой сусьветнай вайны – абароньнікі прыроды i краязнаўцы былi хутчэй недарэчнымi кансэрватыўнымi аўтсайдэрамi, чымся сур’ёзна ўспрыманымi крытыкамi iндустрыяльнага прагрэсу (параўн. Sieferle 1984).

Адно ў апошнiя дзесяць гадоў паступова атрымлiвае распаўсюджаньне скептыцызм адносна значнасьцi iндустрыяльнага прагрэсу для якасьцi жыцьця насельнiцтва iндустрыяльна разьвiтых дзяржаваў. Аўтары розных палiтычных i сьветапоглядных арыентацыяў сьцьвярджаюць, што страты, якiя iндустрыяльная сыстэма прычыняе прыродзе, часта больш разбуральныя, чымся карысьць, што прыносіцца ёю. Адыходы прамысловасцi, выкіды транспартных сродкаў i г.д. прычыняюць шкоду паветру, вадзе, зямлi i вядуць да гiбелi лясоў i закiсьленьня глебы. Залiшне бяздумнае ўжываньне iнсэкцыдаў, гербiцыдаў i штучных угнаеньняў аказвае адмоўны ўплыў на ўрадлiвасьць глебы. З-за лiквiдацыi — з мэтай выкарыстаньня сельскагаспадарчых камбайнаў — межаў i абгародак памiж палямi разбураюцца гняздоўi птушак i схованкі вусянёў. Экасыстэма, што ўстанаўлялася стагодзьдзямi ў пераўтворванай чалавекам прыродзе, паступова расхiстваецца. Пры гэтым здавён ведама, што ўжо i старажытныя культуры ажыцьцяўлялi фатальную эксплюатацыю прыроды i атрымалi за гэта пакараньне ў выглядзе заняпаду культурных ляндшафтаў: у Паўночнай Афрыцы, Мэсапатамii, Грэцыi i частцы Iталii яшчэ ў антычнасьцi ў вынiку несупыннага высяканьня лясоў зьнiзiлася ўрадлiвасьць глебы. Мясцовасьць, што была калiсьцi «жытнiцай», ператварылася ў пустыню. Тым ня менш, разбуральныя магчымасьцi сучаснай iндустрыi i буйной аграрнай прамысловасьцi сягаюць значна далей, чымся антычныя прыклады. Уiльям Кэп i ягоная жонка (1958) яшчэ ў трыццатыя гады адсачылi i эканамiчна вытлумачылi згубныя наступкi аграрнай iндустрыi ў ЗША. Прагненьне кароткатэрмiновай выгады прыводзiць асобных прадпрымальнiкаў да таго, што выдаткi, зьвязаныя з псаваньнем навакольнага асяродзьдзя (забруджаньне паветра, эрозiя глебы, пераўгнойваньне, атручваньне вады), немагчыма «падлiчыць», паколькi страты такога кшталту не зьяўляюцца заканамернымi, але абцяжарваюць грамадзтва. Тое, што падавалася аптымальным для прамысловасьцi, часта было згубным для ўсёй народнай гаспадаркi.

Крыху пазьней брытанскi эканамiст i сацыёляг Фрэд Хёрш (Fred Hirsch 1980) зрабіў «адкрыцьцё», што iндустрыяльнаму ўзросту сучасных спажывецкiх грамадзтваў таксама ўстаноўленыя «сацыяльныя гранiцы». Выпрацаваны гэтым грамадзтвам прынцып: кажны ў будучым атрымае ўсё больш «пазыцыйных дабротаў» i будзе забясьпечаны так, як сёньня толькi некаторыя высокааплатныя работнiкi, зьяўляецца ўнутрана супярэчным i таму няспраўджвальным. Так званыя пазыцыйныя даброты — гэта бальшыня тавараў i паслуг, колькасьць якiх наагул можа яшчэ павялiчвацца ў iндустрыяльным грамадзтве. Пад гэтым Хёрш мае на ўвазе такiя даброты, вартасьць якiх для спажыўцоў палягае ў першую чаргу ў тым, што празь iх здабываецца вышэйшы прэстыж i ўсьведамленьне сябе «больш значным, чымся iншыя». Раскошныя аўтамабiлi, замежныя падарожжы, пражываньне за горадам цi то ў прыгарадзе — «тавары» i «паслугi» гэткага кшталту ня могуць, аднак, памнажацца бязьмежна: iх вартасьць зьнiжаецца ў меру таго, як «дэмакратызуецца» доступ да iх. У выпадку з адпачынкам за мяжой, напрыклад, якраз тое, што гэта шмат хто сабе можа дазволiць, ператварае яго з прэстыжнага падарожжа ў масавы прадукт. Аднак такая жаданая даброта, як, прыкладам, пражываньне за горадам цi ў прыгарадзе, больш не зьяўляецца агульнадаступнай. Само ажыцьцяўленьне гэтых такіх жаданых мэтаў часта спрыяе зьмяншэньню iх вартасьцi. Так, «загарадныя жыхары» вымушаныя ўважаць на ўсё даўжэйшую дарогу да рабочых месцаў, i праз «былыя цiхiя прадмесьцi» пракладаецца ўсё больш шляхоў, неабходных для злучэньня цэнтру гораду з жылымi кварталамi. Аднак якраз гэтыя невычарпальныя i ўсё больш невыканальныя спадзяваньнi спрыяюць захаваньню дынамiкi гаспадарчай сыстэмы. Калi ж, у адваротным выпадку, гэтая дынамiка будзе абмяжоўвацца iнтарэсамi захаваньня прыроднага асяродзьдзя (лясоў i палёў, паветра i вады), падобныя (у тым лiку i iлюзорныя) спадзяваньнi больш ужо не паўстануць. Калi чалавецтва хоча пазьбегчы бяды, задаволеньне людзей шляхам узросту спажываньня (i чаканьне такога ўзросту) мусiць быць замененае iншымi мадэлямi задаволеньня.

У гэтай сытуацыi Эргард Эплер зрабiў прапанову адрозьнiваць два кшталты кансэрватызму: вартасны кансэрватызм, якi зьдзяйсьняе адыход ад запраграмаванай на бесьперапынны якасны ўзрост эканомiкi ў iмя чалавечай будучынi, салiдарнасьцi людзей, беражлівага стаўленьня да прыроды i ўвагi да iнтарэсаў выжываньня будучых пакаленьняў i людзей у трэцiм свеце, i структурны кансэрватызм, што — у iнтарэсах захаваньня iснуючых сацыяльна-эканамiчных структур — як i ўперад пагаджаецца з iндустрыяльным узростам за любы кошт, але вымушаны дбаць пра выпраўленьне прынесеных iм стратаў, пры гэтым, згодна зь ім, такое выпраўленьне з свайго боку «фармальна» садзейнiчае гаспадарчаму ўзросту.

Праведзенае Эплерам канцэптуальнае вырозьненьне прымаецца ня ўсiмi. Многiя прагрэсiсты адчуваюць пэўную няёмкасьць, калi iм даводзiцца супрацоўнiчаць сёньня з «вартаснымi кансэрватарамi», што — як крытычныя экасацыялiсты — iмкнуцца да зьмяненьня ладу жыцьця ў iнтарэсах захаваньня (i паляпшэньня) экасфэры. Да нядаўняга дня кансэрватары — палiтычна i сацыяльна — усьцяж былi прадстаўнiкамi прывiлеяваных мяншыняў. У кажным выпадку, такiя асобы стаялi на чале кансэрватыўных партыяў: старая земляўласьнiцкая шляхта, прадпрымальнiкi зь цяжкой прамысловасьцi i прадстаўнікі вышэйшых фiнансавых колаў. Побач зь iмi знаходзiлiся кансэрватыўна настроеныя мала- i сярэднезаможныя сяляне, рамесьнiкi i гандляры. Раней яны хінуліся да рэакцыйных палiтычных арыентацыяў. Пры гэтым часта назiралася, што многiя кансэрватыўныя тэарэтыкi вельмi рана паставiлi цалкам справядлiвы дыягназ аб разбуральным узьдзеяньнi iндустрыялiзму. Кансэрватыўныя сьветагляды i iдэалёгii зьмяшчаюць у сабе долю праўды. У меру таго, як палiтычны кансэрватызм дасягае сваёй апартунiстычнай прыстасаванасьцi да працэсу разьвiцьця, у яго губляецца гэтая доля «легiтымнай» вартасна кансэрватыўнай абачлiвасьцi.

На падставе гэтага ў апошнiя гады — ня толькi, але найперш у Фэдэрацыйнай Рэспубліцы — адбываецца вартая подзiву трансфармацыя вартасьцяў. Iдэi вартаснага кансэрватызму знаходзяць падтрымку сярод моладзi i людзей, што раней былi прыхiльнiкамi «левых», тым часам як бальшыня палiтычных кансэрватараў некрытычна ператвараецца ў «структурных кансэрватараў». Перасьцярогi эколягаў пра пагрозу гiбелi лясоў, зьнiжэньня ўрадлiвасьцi глебы, небясьпеку атручваньня водаў i г.д. паступова атрымлiваюць такую вялiкую падтрымку, што i прадстаўнiкi структурна кансэрватыўных партыяў, не жадаючы трацiць галасоў выбарцаў, мусяць выступаць прынамсi словам i шляхам асобных мерапрыемстваў за «абарону навакольнага асяродзьдзя» i адраджэньне прыроднага асяродзьдзя. Крытэр, з дапамогай якога можна ўстанавiць адрозьненьне памiж вартасна кансэрватыўнымi прыхiльнiкамi «карэкцыі курсу» i структурна кансэрватыўнымi заўзятарамi (вымушанай) абароны асяродзьдзя, складае гатоўнасьць адмовiцца ад iдэалёгii ўзросту. Для структурных кансэрватараў такi ўзрост, вiдавочна, немiнучы.

На разьлеглых i слаба заселеных абшарах Савецкага Саюзу экалягiчныя межы ўзросту вiдавочныя i адчувальныя ня так паўсюдна i выразна, як у Сярэдняй Эўропе, аднак i тут — найперш у «прыгожым» пiсьменстве — выяўляюцца зьмены пазыцыi адносна прыроды. Такiя пiсьменьнiкi, як Валянцiн Распуцiн i Вiктар Астаф’еў у сваiх «вясковых раманах» паказваюць людзей даўнейшага пакаленьня, якiя адчуваюць увесь боль разбурэньня ляндшафтаў i традыцыйнага ладу жыцьця i заклiкаюць да сумленьня сваiх дзяцей i ўнукаў, каб урэшце спынiць драпежную эксплюатацыю прыроды i, такiм чынам, свайго жыцьця. У трэцiм томе «Капiталу» (1894, S. 784) Маркс, хаця i мiмаходзь, зазначае:

«З пункту гледжаньня эканамiчна вышэйшай грамадзкай фармацыi прыватная ўласнасьць асобных iндывiдаў на земную апуку падаецца такой жа недарэчнай, як i прыватная ўласнасьць адных людзей над iншымi. Нi грамадзтва, нi народ, нi нават усе сучасныя грамадзтвы разам не зьяўляюцца ўласьнiкамi зямлi. Толькi ўсе яны зьяўляюцца яе ўладальнiкамi i яе карыстальнiкамi, i яны як boni patres familias павiнны ў палепшаным выглядзе пакiнуць яе пасьля сябе наступным пакаленьням».

З увагi на пагрозу экалягiчнай катастрофы, сёньня гаворка больш ня йдзе, вядома, пра магчымасьць перадачы ў спадчыну ў палепшаным выглядзе, але i ўвогуле пра захаваньне магчымасьцi жыць у натуральным асяродзьдзі. Савецкi лiтаратурны крытык Юры Селязьнеў (1977) у дыскусii пра раманы Распуцiна зрабiў спробу нават рэабiлiтаваць паняцьце «кансэрватыўнага»:

«Невыпадкова iдэя зьберажэньня... становiць сабой цэнтральную iдэю творчасьцi многiх нашых пiсьменьнiкаў. У гэтым ёсьць глыбокi сэнс. У нас ёсьць тое, што трэба зьберагчы, мы ўсьвядомiлi неабходнасьць гэтай iдэi. I мы абавязаны разам зь iншымi вартасьцямi захаваць духоўныя i маральныя прынцыпы, увасобленыя ў такiх спрадвечных, «кансэрватыўных» паняцьцях, як Мацi, Дом, Зямля».

У краiнах, дзе афiцыйнай iдэалёгiяй стаўся iдал прагрэсу, задача выпраўленьня курсу ў сэнсе «зьберажэньня» прыпадае выключна лiтаратуры. Аднак i ў Савецкiм Саюзе адчуваньне таго, што мы больш ня маем права гэтак жа безразважна, як i ў мiнуўшчыне, мяшацца ў прыродныя працэсы, робiцца такiм моцным i распаўсюджаным, што лiтаратурныя творы такога кшталту трапляюць пад прэвэнтыўную цэнзуру. «Трансфармацыя вартасьцяў» не cпыняецца перад межамi «сацыялiстычнага лягеру».

Літаратурныя жаролы

Выкарыстаная літаратура

Baader, F. v. 1925: Schriften zur Gesellschaftsphilosophie (geschr. 1801 ff), hrsg. v. J. Sauter, Jena.

Bachrach, P. 1966: The Theory of Democratic Elitism, Boston. Bauer, O.1906: Die Nationalitätenfrage und die Sozialdemokratie, in: Marx-Studien 2 (später Wien 1924).

Burke, E. 1967: Betrachtungen über die Französische Revolution (1790), Frankfurt/M.

Downs, A. 1968: Ökonomische Theorie der Demokratie, hrsg. v. R. Wildenmann, Tübingen.

Euchner, W. 1969: Naturrecht und Politik bei John Locke, Frankfurt / M. (2/979).

Fetscher, I. 1975: Rousseaus politische Philosophie. Zur Geschichte des demokratischen Freiheitsbegriffs, Frankfurt/M.

— 1976: Herrschaft und Emanzipation. Zur Philosophie des Bürgertums (darin: Kants bürgerlicher Reformismus), München.

— 1978: Großbritannien: Gesellschaft — Politik — Wirtschaft, Königstein / Ts.

— (Hrsg.) 1983: Neokonservative und «Neue Rechte», München.

— 1985: Überlebensbedingungen der Menschheit. Ist der Fortschritt noch zu retten?, München.

Fichte, J. G. 1800: Der geschlossene Handelsstaat; jetzt auch in: Z. Batscha / R. Saage: J. G. Fichte, Ausgewählte Schriften, Frankfurt/M. 1977.

Freund, M. (Hrsg.) 1965: Der Liberalismus, in ausgewählten Texten dargestellt und eingeleitet, Stuttgart.

Grebing, H. 1974: Aktuelle Theorien über Faschismus und Konservatismus, Stuttgart.

Haeckel, E. 1984: Die Welträtsel mit einer Einleitung von I. Fetscher, Stuttgart (Erstauflage 1890).

Hirsch, F. 1980: Soziale Grenzen des Wachstums. Eine ökonomische Analyse der Wachstumskrise, Reinbek bei Hamburg.

Kapp, K. W. 1958: Volkswirtschaftliche Kosten der Privatwirtschaft, Tübingen.

Kautsky, K. 1907: Patriotismus und Sozialdemokratie, Leipzig.

Lenin, W.I. 1906: Marxismus und Revisionismus, (Neudruck) Berlin 1948 u. ö.

1914: Über das Selbstbestimmungsrecht der Nationen, in: Werke, Bd. XX,4. Aufl.

Luxemburg, R. 1899: Sozialreform oder Revolution, in: Gesammelte Werke, Bd. l, Berlin 1970.

— 1918: Zur russischen Revolution, in: Gesammelte Werke, Bd. 4, Berlin 1974.

Macpherson, C.B. 1962: The Political Theory of Possessive Individualism, Hobbes to Locke, Oxford; dt.: Die politische Theorie des Besitzindividualismus, Frankfurt/M. 1974.

Mannheim, K. 1984: Konservatismus. Ein Beitrag zur Soziologie des Wissens, Frankfurt/M.

Marcuse, H. 1934: Der Kampf gegen den Liberalismus in der totalitären Staatsauffassung, in: Zeitschrift für Sozialgeschichte, Bd. II, Paris, S. 161—195.

Marx, K. 1844: Zur Kritik der Hegelschen Rechtsphilosophie, Einleitung, in: MEW, Bd. I (Berlin 1953 ff).

— 1871: Der Bürgerkrieg in Frankreich, Adresse des Generalrats der Internationalen Arbeiter-Association, in: MEW, Bd. 17, Berlin 1962.

— 1874 / 75: Konspekt über Bakunins «Staatlichkeit und Anarchie», in: MEW, Bd. 17, Berlin 1971.

Mill, J.S. 1859: On Liberty; dt.: Über die Freiheit, Stuttgart.

— 1971: Betrachtungen über die repräsentative Demokratie, hrsg. von K.L.Shell, Paderborn.

Montesquieu 1748: De l’Esprit des Lois, in: Śuvres Complčtes, Bd. 2, Paris; dt.: Vom Geist der Gesetze, Stuttgart 1951.

Müller, A.H. 1922: Elemente der Staatskunst (1809), Jena.

Na’aman, S. 1970: Lassalle, Hannover.

Nell-Breuning, O. v. 1978: Soziallehre der Kirche. Erläuterungen der lehramtlichen Dokumente, 2. Auflage, Wien.

Neumann, F. 1977: Behemoth. Struktur und Praxis des Nationalsozialismus 1933—44, hrsg. v. G. Schäfer, Frankfurt/M.

Rasputin, V. 1977: Abschied von Matjora, München.

Rosenberg, A. 1971: Demokratie und Sozialismus, Frankfurt/M.

Rousseau, J. J. 1765: Projet de Constitution pour la Corse, in: Śuvres Complčtes, Bd.3 (Paris 1964).

Schumpeter, J. 1980: Kapitalismus, Sozialismus und Demokratie, 5. Aufl., Bern.

Selznew, J. 1977: Die Prosa Valentin Rasputins, Rundtischgespräch der Redaktion «Voprosy Literatury», in: Kunst und Literatur 10 (1977), S. 1045 f.

Sieferle, R. P. 1984: Fortschrittsfeinde? Opposition gegen Technik und Industrie von der Romantik bis zur Gegenwart, München.

Smith, A. 1776: An Inquiry into the Nature and Causes of the Wealth of Nations; dt.: Der Wohlstand der Nationen, eine Untersuchung seiner Natur und seiner Ursachen, München 1978.

Solschenizyn, A. 1974—1976: Der Archipel Gulag I—III, Köln.

Sorel, G. 1981: Über die Gewalt, Frankfurt/M.

Stalin, J. W. 1913: Marxismus und nationale Frage (Berlin 1952 u.ö. bis 1955).

Sternberger, F. 1926: Der Imperialismus, Berlin.

Weulersse, G. 1959: La Physiocratie ŕ la fin du rčgne de Louis XV. 1770—1774, Paris.

Карысная літаратура

Alter, P. 1985: Nationalismus, Frankfurt/M.

Anderson, B. 1988: Die Erfindung der Nation, Frankfurt/M.

Buck, Ph.W. (Hrsg.) 1975: How Conservatives Think, Harmondsworth.

Fetscher, I. 1985: Karl Marx und der Marxismus. Von der Ökonomiekritik zur Weltanschauung, München.

Finley, M.J. 1980: Antike und moderne Demokratie, Stuttgart.

Gall, L. (Hrsg.) 1980: Liberalismus (2. erw. Aufl.), Königstein / Ts.

Grebing, H. 1966: Geschichte der deutschen Arbeiterbewegung, München.

Greiffenhagen, M. 1977: Das Dilemma des Konservatismus in Deutschland, München.

Kohn, H. 1962: Die Idee des Nationalismus, Frankfurt/M.

Lemberg, E. 1964: Nationalismus I. Psychologie und Geschichte; II. Soziologie und politische Pädagogik, Reinbek bei Hamburg.

Lenk, K. 1989: Deutscher Konservatismus, Frankfurt/M.

Lönne, K.-E. 1986: Politischer Katholizismus im 19. und 20. Jahrhundert, Frankfurt/M.

Moore, B. 1982: Ungerechtigkeit. Die sozialen Ursachen von Unterordnung und Widerstand, Frankfurt/M.

Pipers Handbuch der politischen Ideen, hrsg. von I. Fetscher und H. Münkler, Bd. 3, München 1985; Bd. 4, München 1986.

Schumann, H. G. (Hrsg.) 1974: Konservatismus, Köln.

Valjavec, F. 1978: Die Entstehung der politischen Strömungen in Deutschland (unveränderter Nachdruck der Erstausgabe von 1951), Kronberg / Ts.