1. Легiтымнасьць i iдэнтычнасьць
На чым трымаецца грамадзтва i што ратуе яго ад заняпаду? На чым заснаваная стабiльнасьць ягонага ладу і што выклiкае ягоную нестабiльнасьць? Урэшце, што прыводзiць яго да зьменаў альбо да разбурэньня?
Значэньне прыгнёту, прымусу ці аўтарытэту або яго адсутнасьці зьяўляецца вiдавочным для тлумачэньня сужыцьця людзей у iх дагэтулешняй гiсторыi. Iх узаемныя стасункi заўсёды вызначалiся падпарадкаваньнем i падначаленасьцю. Заўсёды існавалi прыгнечаныя i прыгнятальнiкi. Грамадзтва як дачыненьне прымусу: у iм колькасьць тых, хто пануе, увесь час была меншай, чымся тых, над кiм пануюць, а матэрыяльнае становiшча залежных — як правiла, значна горшым, чымся незалежных.
Выдатная гiстарычная роля прымусу i аўтарытэту для ўзьнiкненьня i разьвiцьця грамадзкага ладу палягае акурат у тым, што грамадзтва зноў i зноў зьмяняла i ўдасканальвала свае праявы, а не свае функцыi. Натуральна, чысты прымус i непрыхаваны гвалт iснаваў i працягвае iснаваць у працэсах грамадзкай iнтэграцыi мноства людзей i каардынацыi iх дзейнасьцi. Увогуле, аўтарытэт усё ж такі сьцьвярджаў сябе толькi тады, калi ён узьнікаў хутчэй як раптоўная, псыхiчная сiла, калi ён выклiкаў хутчэй ляк i жах, пажадана на даўжэйшы час (Мoore 1982, S. 35 ff). Пры гэтым адбывалася сацыяльная дыфэрэнцыяцыя i культурнае ўдасканаленьне ажыцьцяўленьня ўлады (падзел улады, разьвiцьцё прававой дзяржавы i г.д.), а таксама людзi спасьцiглi неабходнасьць улады i навучылiся такiм чынам ухваляць аўтарытэт. «Умацаваньне веры ў вечнае iснаваньне вярхоў i нiзоў i неабходнасьць паслушэнства належыць... да найважнейшых функцыяў... дагэтулешняй культуры», — пiша Горкгаймэр ува ўводзiнах да «Дасьледзінаў аўтарытэту i сям’i» (1936).
Прыняцьцё ўлады i, такiм чынам, ейная легiтымнасьць вызначаецца загэтым як уласьцiвасьць i здольнасьць палiтычнай сыстэмы фармаваць i забесьпячаць веру ў тое, што iснуючыя iнстытуты зьяўляюцца найбольш адпаведнымi грамадзтву (Lipset 1960, S. 77). Легiтымнасьць зьмяшчае ў сабе два бакi. Улада перш-наперш мусiць легiтымаваць саму сябе, цi то праз пэўны спосаб (аўтарытарны, дэмакратычны i г.д.) ажыцьцяўленьня ўлады, цi то праз выкананьне пэўных, раней ускладзеных абавязаньняў (прыкладам, нутраная i вонкавая бясьпека, гарантыi свабоды, разьмеркаваньне маёмасьцi, павелiчэньне дабрабыту, ахова прыроды i г.д).
Больш таго, улада патрабуе, увогуле, i згоды тых, над кiм пануюць, пры гэтым адрозьнiваюць дыфузную i спэцыфiчную падтрымку (Easton 1975). Апошняя заўсёды мае месца толькі ad hoc, найчасьцей пастфактум, тым часам як першая становiць сабой своеасаблівы зародак легiтымнасьцi. Пры пэўных умовах, тлумачэньне якiх найчасьцей палягае ў паводзінах элiты, улада можа здавальняцца масавай апатыяй. Такiм чынам, легiтымнасьць не складае нi сталай, нi гарантаванай на пэўны тэрмiн уласьцiвасьцi ўлады. Яе хутчэй трэба разумець як пэрманэнтны працэс набыцьця легiтымнасьцi ў зьменлiвых эканамiчных, палiтычных i культурных умовах. У гэтым сэнсе легiтымнасьць зьяўляецца сацыяльна-псыхалягiчнаю праблемаю i, як гэткая, тэмаю культурна-палiтычных дасьледаваньняў.
Легітымнасьць выклiкае пытаньне пра аснаватворныя вартасныя арыентацыi iндывiдаў, iх пачуцьцi, веды i меркаваньнi, iх гатоўнасьць да дзеяньня i канкрэтнае стаўленьне да палiтычных сымбаляў i iнстытутаў, да палiтычнай элiты, рашэньняў i падзеяў. Таму яе эмпiрычным прадметам трэба прызнаць найперш палiтычную сьвядомасьць індывідаў. Аднак у нашым выпадку, прынамсi, з пэрспэктывы даўжэйшага часу i вялiкшых сацыяльных аб’яднаньняў, палiтычная сьвядомасьць не зьяўляецца нi iнварыянтнай, нi гамагеннай. Падлягаючы хутчэй сацыяльным пераўтварэньням i адлюстроўваючы ў iх больш цi менш дыфэрэнцыяваную сацыяльную структуру комплексных грамадзтваў, яна тым самым выяўляе iх клясавае расслаеньне i культурныя канфлiкты. Але гэта ўздымае далейшае пытаньне пра культурна-палiтычнае адзiнства грамадзкай сыстэмы, пра самаўсьведамленьне асобных iндывiдаў i, адпаведна, разнастайных сацыяльных калектываў у іх нацыянальнай прыналежнасьці. Дасьледаваньне палiтычнай культуры, такiм чынам, апрача пытаньня пра легiтымнасьць палiтычнай сыстэмы, павiнна закранаць цесна зьвязаную зь першай, але больш абсяжную праблему iдэнтычнасьцi грамадзтва, ягонага ўяўленьня пра сябе i — зь мiжнароднага гледзiшча — уяўленьня пра яго ў вачах іншых.
Увогуле, палiтычны лад у цэлым тым раней будзе прызнаны за легiтымны, чым больш непашкоджанымi застануцца найважнейшыя палiтычныя iнстытуты аўтахтоннага паходжаньня, палiтычныя традыцыi i чым лепш яны захоўваюць у сучаснасьцi iдэнтычнасьць. Такiм чынам, iдэнтычнасьць пэўнага (нацыянальнага) грамадзтва моцна залежыць ад яго палiтычнай гiсторыi. Сёньня нiводная нацыя ня ў стане захаваць у сваёй калектыўнай памяцi ўласную палiтычную гiсторыю ўва ўсёй яе сукупнасьці. Вырашальным пры гэтым стаецца наступнае: цi знойдзе нацыя адпаведную сёньняшнiм патрабаваньням iдэнтычнасьцi палiтычную традыцыю, якой яна будзе i як яна будзе суадносіцца зь iншымi. Паўстае пытаньне пра значнасьць гiстарычнай сьвядомасьцi народу i, такiм чынам, пра тое, каб шляхам праніклівага ўзiраньня ў мiнуўшчыну здабыць трывалую арыентацыю для цяперашнiх i будучых часоў. Наколькі лёгка гэта давалася Трэцяму Райху — зь ягоным, безумоўна, перакручаным разуменьнем архаiчных мiтаў, нямецкасьцi, прускага мiлiтарызму i iмпэрскай вялiкадзяржаўнасьцi — і наколькі ж цяжка гэта зрабiць у сёньняшнiх пошуках Фэдэратыўнай Рэспублiкай прыдатных i надзейных варыянтаў iдэнтычнасьцi. Для таго, каб падзеленая на дзьве часткі дзяржава магла засяродзiцца i засяроджвалася надалей у пошуках сваёй iдэнтычнасьцi, для таго, каб яна магла даць, няхай у найлепшым выпадку няпэўныя, адказы на тое, чым, уласна, зьяўляюцца «Заходняя» i «Ўсходняя» Нямеччына, неабходна ў сутнасьцi асэнсаваць шматлiкiя зломы нямецкай палiтычнай гiсторыi i пераважаючыя ў ёй аўтарытарныя (антыдэмакратычныя) традыцыi.
Аднак перш як канкрэтна выявіць палiтычную культуру на прыкладзе нямецкай палiтычнай гiсторыi, належыцца найперш вызначыцца зь яе паняцьцем.
2. Паняцьце «палiтычнай культуры»
Палiталягiчны тэрмiн «палiтычная культура» досыць хутка, дарма што адно ў 70-я гады, атрымаў распаўсюджаньне ў нашых штодзённых размовах пра палiтыку. Яго зрабiлi папулярным рух пратэсту i зьмена тэндэнцыяў. Калi ў Заходняй Нямеччыне «левыя» скардзяцца — што моўна недасканала — на «брак палiтычнай культуры» (Brüggemann 1978), маючы на ўвазе якраз брак дэмакратыi, i абвiнавачваюць у гэтым — у гiстарычным i актуальным пляне — «правых», то апошнiя, у сваю чаргу, атакуюць «левых», закiдаючы iм разбурэньне нямецкай палiтычнай культуры. «Палiтычная культура» няўзнак ператварылася ў гэткае ж шматзначнае банальнае паняцьце, як i шмат дзе ўжыванае паняцьце барацьбы. Тэрмiналягiчныя клопаты, якiмi зь нядаўнага часу ахоплены навуковыя дыскусii ў ФРН, будуць i надалей заставацца безвынiковымi, перадусiм з увагi на пераважна маралiзатарскую рыторыку палiтыкаў. Аднак ня толькi з-за гэтага.
Тут мы маем справу з тэрмiналягiчнай няяснасьцю i рэальнай гiстарычнай дэфармацыяй дачыненьняў памiж культурай i палiтыкай. Перанесены з англасаксонскага сьвету выраз «палiтычная культура» спалучае тое, што ў Нямеччыне блага сумяшчаецца. У Нямеччыне традыцыйна iснуюць антаганiстычныя стасункi памiж палiтыкай i культурай, уладай i духам. Але мы сутыкаемся i з сэмантычнай нявызначанасьцю паняцьця «культура», якое адлюстроўвае сацыяльна-гiстарычную ўзаемасувязь: «культура» ў Нямеччыне традыцыйна адмяжоўваецца ад «цывiлiзацыi». Яшчэ на пачатку гэтага стагодзьдзя нешта падобнае было сфармулявана ў энцыкляпэдыi Брокгаўза і Эфрона: «Цывiлiзацыя» ёсьць такой прыступкай разьвiцьця «чалавечага грамадзтва, на якой яно пераадолела стан барбарства i падышло да пэўнага ўпарадкаванага грамадзянскага сужыцьця; цывiлiзацыя, такiм чынам, зьяўляецца перадумоваю кажнай вышэйшай культуры». Перадумоваю для нечага iншага, вышэйшага, але ня больш за тое.
Культура супраць цывiлiзацыi i палiтыкі: нямецкая традыцыя
Норбэрт Элiяс пачынае сваё фундамэнтальнае дасьледаваньне «Аб працэсе цывiлiзацыi» (1977/1936) з паказальнага для нашай тэмы разгляду супрацьстаўленьня «культуры» i «цывiлiзацыi» ў Нямеччыне. Паняцьце цывiлiзацыi, шчыльна зьвязанае з эканамiчным, сацыяльна-культурным i палiтычным волевыяўленьнем буржуазii, яскрава дэманструе самасьвядомасьць новаўтвораных эўрапейскiх нацыянальных дзяржаваў. Яно ахоплiвае ўсё тое, што іх своеасаблівасьць i пачуцьцё ўласнай годнасьці супрацьстаўляе народам, разгляданым у якасьцi прымiтыўных цi нецывiлiзаваных: iх тэхнiчныя здольнасьцi i дасягненьнi, манеры паводзiн i формы грамадзкiх зносiн, iх навуковыя веды i сьветапогляды i г.д. Аднак, прыкладам, у Англii або Францыi «цывiлiзацыя» азначае троху iншае, чымся ў Нямеччыне. Тут «цывiлiзацыi» супрацьстаўляецца «культура» як iдэал разьвiцьця, духоўнай i душэўнай канстытуцыi: цывiлiзацыя звонку супраць культуры ўнутры. У гiсторыi нямецкага грамадзтва i нямецкай мовы «цывiлiзацыя» ў найлепшым выпадку зьяўляецца «нечым надта карысным, але ўсё ж вартасьцю другога гатунку, а наймя тым, што закранае толькi вонкавы бок людзей, толькi паверхню чалавечага iснаваньня (Elias 1977 / 1936, S. 2 u. 307 f).
У супрацьлегласьць гэтаму ў ангельскай i францускай мовах «цывiлiзацыя» тычыцца ўсiх галiн грамадзкага жыцьця i дзейнасьцi людзей; яна ў роўнай ступенi ўключае iх набыткi, iх сьвядомасьць i стасункi памiж iмi. Больш таго: паняцьце цывiлiзацыi зьяўляецца шматфункцыянальным i iнтэрнацыянальным. Яно найперш падкрэсьлiвае тое, што ёсьць або мусiць быць супольнага памiж людзьмi. Пры гэтым робiцца вiдавочнаю экспансiўная самасьвядомасьць народаў, нацыянальнае фармаваньне якiх дасягнула посьпеху нагэтулькі рана, што яны атрымалі магчымасьць несьцi сваю цывiлiзацыю ў сьвет калянiяльным шляхам.
Выразьнiм, у адваротнасьць ад гэтага, нямецкае паняцьце культуры; яно падкрэсьлiвае разьдзяленьне, адрозьненьнi, будзь яны — сьпярша — памiж сацыяльнымі групамi, будзь яны — нарэшце — памiж нацыямi. У адрозьненьне ад заходнiх краiн, у Нямеччыне доўгi час iснаваў падзел памiж нямецкамоўнай буржуазна-разначыннай iнтэлiгенцыяй: дзяржаўнымi ўрадоўцамi, сьвятарамi i выкладчыкамі — i пераважна франкамоўнай прыдворнай арыстакратыяй. Дэнацыяналiзаванаму прыдворнаму сьвету супрацьстаяць дом пастара i ўнiвэрсытэт як культурныя антыподы. Тут паўстае тая самая разначынная культура зь яе апалiтычным ладам думак i жыцьця, зарыентаваным на лютэранскае «самасузіраньне», на «чыстую духоўнасьць», на iндывiдуальныя iдэалы i культурныя здабыткi. Тут раскрываецца ведамы, беспасярэдне зьвязаны зь Лютэрам («свабода хрысьцiянiна»), дуалiзм нутраной свабоды i падпарадкаваньня вонкаваму аўтарытэту, асобы i пасады, маралi i палiтыкi або перакананьня i адказнасьцi. Тут сацыяльнае палажэньне абумовiла тую пратэстанцкую мэнтальнасьць пакаленьняў сьвятароў, настаўнiкаў i ўрадоўцаў, пра якую раньнi Маркс сказаў: «Лютэр, безумоўна, перамог прыгнёт з пакоры, паставiўшы на яго месца прыгнёт зь перакананьня. Ён разбурыў веру ў аўтарытэт, рэстаўраваўшы аўтарытэт веры... Ён вызвалiў чалавека ад вонкавай рэлiгiйнасьцi, перанёсшы рэлiгiйнасьць усярэдзiну» (1966, Bd. I, S. 24 f).
Пратэстанцка-разначынная iнтэлiгенцыя XVII i XVIII стагодзьдзяў жыла ў раздроблена-абсалютысцкай Нямеччыне, якая ў вынiку Трыццацiгадовай вайны пакутавала на абязьлюджанасьць i гаспадарчае спусташэньне. Жывучы ў параўнаўча сьцiплых матэрыяльных умовах, адкiнутая да местачковага ладу i досьведу жыцьця, інтэлігенцыя ўсюды была выключаная з грамадзкiх справаў i палiтычнай дзейнасьцi. Сваё пачуцьцё ўласнай годнасьцi, сваю досыць павольна ўзрастаючую самасьвядомасьць яна сіляла найперш з духоўных, навуковых i мастацкiх здабыткаў: «Буржуазныя элемэнты... прынамсi, мелi права самастойна «думаць i ўяўляць», але ня мелi права самастойна дзейнiчаць» (Elias 1977 / 1936, S. 21).
На зломе XVIII i XIX стагодзьдзяў утварэньне нацыяў у Заходняй Эўропе, па сутнасьцi, завяршылася, тым часам як у Нямеччыне гэты працэс пачаўся значна пазьней. У Англii i Галяндыi рана паўсталая, заможная буржуазiя дамаглася камэрцыйнага i палiтычнага посьпеху або зьлiлася з традыцыйнай элiтай. У Францыi закарузлыя станавыя структуры Ancien régime былi ў вадначасьсе разбураныя ў 1789 годзе. Рэвалюцыйная i iмпэратарская Францыя разбудоўвалася найперш як сучасная нацыя, пры гэтым пераўтварэньнi ў даўнейшых сацыяльных структурах адбывалiся цяжка i марудна. Нямеччына ў гэтым часе перажывала пэрыяды «Саюзу Гаю»[1], «Буры i нацiску», клясыкi. Тут перадусiм дзякуючы Клёпштаку, Лесынгу, Шылеру, Гётэ i Гердэру ўзьнiкае лiтаратурны рух; але не ўзьнiкае палiтычнага руху, прынамсi такога, якi быў бы здольны прывесьці да задзiночаньня нацыi.
Тое, што распачынаецца падзелам на нутраное i вонкавае, культуру i цывiлiзацыю, мараль i палiтыку, асобу i пасаду, а таксама звужэньне паняцьця палiтыкi абсягам дзяржавы i ўраду, узмацняецца i пашыраецца пад уплывам Ваймарскай клясыкi. Закладзеная ўжо ў дуалiзьме культуры i палiтыкi дэвальвацыя палiтычнага рэзка праявiлася там, дзе палiтыка была найцясьней зьяднаная зь беспасьпяховым станаўленьнем нацыi i дэмакратызацыяй Нямеччыны (параўн. Sellin 1978, S. 831 ff). Палiтычнаму як больш высокая вартасьць супрацьстаўлялася непалiтычнае. Так гэта гучыць у супольна ўкладзеных Гётэ i Шылерам «Ксэнiях»: «Марна спадзеяцеся вы, немцы, ператварыцца ў нацыю; ператварыцеся перш, вы гэта можаце, у свабодных людзей». Прынамсi назначаная тут ацэнка, што супрацьстаўляе палiтычную i непалiтычную Нямеччыну, яшчэ больш выразна выступае ў вершаваным фрагмэнце Шылера «Нямецкая велiч»: «Немец грунтуецца на ўласнай вартасьцi, асобнай ад палiтыкi... калi хiстаецца палiтычная ўлада, утвараецца ўсё больш моцны i дасканалы дух» (859). Гэтае меркаваньне iснавала ажно да нашага стагодзьдзя, насуперак усёй лiбэральнай i сацыял-дэмакратычнай крытыцы.
З уздымам буржуазii ў якасьцi носьбiта нямецкай нацыянальнай сьвядомасьцi зьмянiлася, рэч ясная, i функцыя дуалiзму культуры ды цывiлiзацыi (палiтыкi). Увогуле, паколькi адукаваная буржуазiя вызначала ўяўленьне аб немцах як аб культурнай нацыi, яна зь «пераважна сацыяльнай антытэзы зрабiла пераважна нацыянальную» (Elias 1977 / 1936, S. 38). Зьвязанае з гэтым цьверджаньне, што з такога расслоенага сацыяльнага характару разьвiлася нешта накшталт «нацыянальнага характару» немцаў, ёсьць, без сумневу, спрашчэньнем. Аднак гэты аргумэнт мае сваю эўрыстычную вартасьць, бо дазваляе зьвярнуцца да той палiтычнай субкультуры, якая, наклаўшы адбiтак на саюз буржуазнай i дабуржуазнай элiты, мела асаблiвае значэньне для гiсторыi Нямеччыны першай паловы XX стагодзьдзя.
Пагарда духу да ўлады, а культуры — да палiтыкi дасягнула сваёй кульмiнацыi ў «Разважаньнях апалiтычнага чалавека» Томаса Мана (1918). Ён рэзка выступiў супраць увядзеньня ў абсяг грамадзкага жыцьця, асаблiва ў мастацтва i культуру, палiтычных вартасьцяў i мерак. Гэта — на яго думку — было чыстым «палiтыканствам», чыстай «палiтызацыяй» або «дэмакратызацыяй усiх сэрцаў i галоваў». Усё гэта выклiкае адно «здурненьне немцаў да ўзроўню сацыяльнай i палiтычнай жывёлiны», як, абыгрываючы Арыстотэля, пiсаў Ман. «Палiтыка робiць жорсткiмi, вульгарнымi i тупымi. Зайздрасьць, нахабства, пажадлiвасьць — вось усё, чаго яна вучыць... Я не хачу парлямэнцкага i партыйнага ладу, якi выклiкае атручаньне палiтыкай усяго нацыянальнага жыцьця... Я не хачу палiтыкi. Я хачу спраўнасьцi, парадку i прыстойнасьцi» (цыт. паводле Sellin 1978, S. 860). Нават калi той самы Томас Ман пазьней у сваёй вялiкай прамове «Аб нямецкай рэспублiцы» адышоў ад сваёй iдэi, гэта, натуральна, не азначала пераадоленьня традыцыйна напружаных адносiн «культуры» i «палiтыкi».
Многiя i дагэтуль разглядаюць «культуру» як увасабленьне мастацка-духоўных вартасьцяў i практыкаў. Гэтае паняцьце нi ў якiм разе ня страцiла сваёй элiтарнай афарбоўкi. I ў нашым паняцьцi палiтыкi таксама працягваюць жыць элемэнты даўнейшага значэньня. Больш таго, нязьменным застаецца i яго момант традыцыйнай дэвальвацыі: ад палiтычных трэба заўсёды адрозьнiваць сумленныя рашэньнi.
Так, словазлучэньне «культурная палiтыка» можа раскрывацца для нас як дзяржаўнае фiнансаваньне прыгожых, але дарагiх мастацтваў. А што з палiтычнай культурай? Сёньня рэальная несумяшчальнасьць рэчаў пераносiцца на паняцьце. Пра тое, што яно ўвайшло ў мову нямецкай палiтыкі толькi нядаўна i быццам англасаксонскi iмпарт, нагадваюць нам ня толькi лякуны ў навуковым кругаглядзе, але i сама «крытычная сытуацыя з палiтычнай культурай у Нямеччыне» (О.Нэгт).
Палiтычная культура як «грамадзянская культура»: англасаксонская традыцыя
Англа-амэрыканскае паходжаньне гэтага тэрмiну, натуральна, не азначае, што палiтычная культура ў ЗША i Вялiкабрытанii зьяўляецца беспраблемнаю, хаця такое ўражаньне i ўзьнiкае часам на шляху iдэалiзацыi на ўзроўні тэарэтычных мадэляў. З другога боку, невыпадкова, што гэтае паняцьце аформiлася акурат тут, дзе яно не дало характэрнага для нямецкага прыкладу парушэньня адносiн памiж цывiлiзацыяй (палiтыкай) i культурай.
У адрозьненьне ад Прусii-Нямеччыны, iндустрыялiзацыя грамадзтва ў Вялiкабрытанii папярэднiчала яго бюракратызацыi. Памешчыкi-арыстакраты рана пачалi камэрцыялiзаваць сельскую гаспадарку, тым часам як сялянства зганялася зь зямлi i вынiшчалася. Такiм шляхам дробная зямельная шляхта (gentry) i вышэйшыя клясы сьцьвярджалi сваю эканамiчную незалежнасьць i палiтычную ciлу, адначасова, дзякуючы адзінству iнтарэсаў з гарадзкой гандлёвай i прамысловай буржуазiяй, усё болей прыпадабняючыся да апошняй. У саюзе супраць каралеўскай улады, якi стаяў на шляху разьвiцьця абсалютысцкай манархii i бюракратыi, iмклiва ўзрастаючая буржуазiя хутка ператварылася ў дамiнуючага партнэра арыстакратыi. Таму на пачатку iндустрыяльнай эпохi ўжо амаль не iснавала рэакцыйнага, варожага мадэрнiзацыi патэнцыялу, уздым буржуазii станавiўся паўсюдным працэсам, а да старога палiтычнага ладу даўно быў прышчэплены парлямэнтарызм. Гэтыя перадумовы, як i спрыяльнае геапалiтычнае становiшча, рабiлi цалкам непатрэбнай палiтыку цэнтралiзацыi i зьяднаньня. У кажным разе, Вялiкабрытанiя пачала свой шлях у мадэрнасьць як «не-дзяржаўнае грамадзтва» (Дайсан) i захавала гэты характар у вялiкай ступенi дагэтуль (параўн.: Rohe 1982 u. 1984). Дзякуючы гэтаму, аднак, сучаснае ангельскае iндустрыяльнае грамадзтва зьмяшчае ў сабе даўнейшыя формы палiтычнай сьвядомасьцi i дзейнасьцi, што iстотным чынам паўплывала на фармаваньне палiтычнай культуры, у шмат чым не падобнай да кантынэнтальна-эўрапейскай традыцыi.
Такiм чынам, пэрсаналiсцкая арыентацыя супрацьдзейнiчала як выцясьненьню з грамадзтва палiтычна-дзяржаўнай сфэры, так i ўзьнiкненьню натуральнай для кантынэнтальна-эўрапейскай дзяржаўнай культуры самадастатковай адмiнiстрацыйнай i чыноўнiцкай сыстэмы. Другой прычынай гэтага зьяўляецца ўкарэненая ў асаблiвых рэлiгiйных адносiнах маральна-палiтычная своеасаблівасьць, што глыбока паўплывала на палiтычную культуру «common man». Практычныя ўяўленьнi аб сумленнасьцi i справядлiвасьцi гралi тут традыцыйна значна большую ролю, чымся тлумачэньнi тэарэтычных праўдаў i iдэалягiчных канструкцыяў.
Напэўна, найважнейшыя элемэнты ангельскай палiтычнай культуры — гэта «civility» (палiтычная памяркоўнасьць) i «deference» (давер да ўстановаў i элiт). У якасьцi вядучых канстытуцыйна-палiтычных палажэньняў iм адпавядаюць «trusteeship» (урад як iнстытут апекаваньня) i «limited government» (што падкрэсьлiвае свабоду i абарону правоў чалавека). Гэтая «грамадзянская культура» — як Карл Роэ перакладае прапанаванае Элмандам i Вэрбам паняцьце «civic culture» — ведама, ня ёсьць апрыёры дэмакратычнай, як супрацьлеглыя ёй «дзяржаўныя культуры» — непазьбежна недэмакратычнымi. Яны арыентуюцца найперш на эфэктыўнасьць палiтычна-адмiнiстрацыйнай сыстэмы. Гэтаму спадарожнiчае акурат «тэхнiчнае» разуменьне палiтыкi, якое падкрэсьлiвае аспэкты кiраваньня i палiтычнай «вытворчасьцi» («output»), тым часам як у «не-дзяржаўных» культурах палiтыка азначае найперш грамадзкае вырашэньне праблем i разумеецца хутчэй як штодзённы, практычны лад жыцьця. Таму няма нiчога дзiўнага ў тым, што «грамадзянская культура», якой у англа-амэрыканскiм сьвеце прыпiсваецца збольшага заслуга высокай стабiльнасьцi палiтычнай сыстэмы, разглядаецца ў якасьцi асноўнай мадэлi заходняй палiтычнай культуры.
Аднак пад узьдзеяньнем «брытанскага крызысу» гэтая культура ўсё ж такi страцiла свой блiск. У сьвятле навейшых эмпiрычных дадзеных i iнтэрпрэтацыяў сёньня яе ацэньваюць значна больш дыфэрэнцыявана i крытычна (Kavanagh 1980; Rohe 1984). Навейшыя «Досьледы пяцёх краiн» (што ўключалi i Вялiкабрытанiю), прысьвечаныя палiтычным адносiнам, адзначаюць як найбольш важны вынiк тое, што ў заходнiх краiнах, дзе заўважаецца ўзрастаючая гатоўнасьць да неканвэнцыйных формаў палiтычнай актыўнасьцi, адбываюцца фундамэнтальныя палiтычна-культурныя зьмены, адрозьненьнi памiж якiмi ў параўнаных нацыях не зьяўляюцца прынцыповымi.
З другога боку, можна спаслацца на тое, што падкрэсьлена пэрсаналiсцкая палiтычная культура Вялiкабрытанii ўскладняе сацыяльна-эканамiчную мадэрнiзацыю i палiтычныя iнавацыi. «Запозьненыя» нацыi i дэмакратыi, кантынэнтальна-эўрапейскiя «дзяржаўныя» культуры зь iх арыентаваным пераважна на дзяржаву, «тэхнiчным» або «сыстэмным» разуменьнем палiтыкi становяць сабой, здаецца, значна больш рэпрэзэнтацыйны тып сучаснай палiтычнай культуры. Такая пазыцыя засноўваецца на прапанаваных Гантынгтанам (Huntington 1966) развагах наконт таго, чаму англасаксонскiя краiны патрапляюць задавальняцца параўнаўча традыцыйнай палiтычнай сыстэмай. Гэта адбылося таму, што перад пачаткам iндустрыялiзацыi ў гэтых краiнах ужо шырока праводзiлася мадэрнiзацыя сацыяльнай структуры, тым часам як кантынэнтальныя дзяржавы, асаблiва так званыя «запозьненыя» нацыi, такiя, як Нямеччына i Iталiя, на пачатку сваёй iндустрыялiзацыi знаходзiлiся пад непараўнальна большым цiскам праблем. Яны сутыкнулiся зь пiльнай патрэбай павышэньня здольнасьцi палiтычнай сыстэмы да кiраваньня, як у нутраным, так i ў вонкавым абсягу. Неадначасовасьць iндустрыялiзацыi i дэмакратызацыi можна выясьніць, такiм чынам, «ня толькi як беспасярэдні вынiк спачатнай адсталасьцi грамадзтва, але i як наступак тэндэнцыйна i тэхнiчна зразуметых культурных навацыяў. Характэрная такiм культурам арыентацыя на палiтыку (Policy-Orientierung), акцэнт, якi палягае тут на ўдзеле ў карыстаньнi aгульнадаступнымi дабротамi, пры пэўных умовах адкрывае магчымасьць часова вызвалiць ад актыўнай палiтычнай вытворчасьцi, так бы мовiць, «спажывецкi» бок палiтыкi. Гэта была магчымасьць, якой не валодалi грамадзтвы з палiтычнай культурай, арыентаванай на парадыгму штодзённага жыцьця, бо тут у прынцыпе не iснуе функцыянальнага эквiваленту патрабаваньню ўдзельнічаць у палiтыцы» (Rohe 1982, S. 591).
Такiм чынам, «тэхнiчныя» дзяржаўныя культуры сутыкалiся з праблемамi сацыяльнай iнтэграцыi, культурнай арыентацыі і iдэнтыфiкацыi, а перад «пэрсаналiсцкімі» не-дзяржаўнымі культурамі стаялі праблемы палiтычнай эфэктыўнасьці i кiраваньня, што паўставалi цалкам незалежна ад пытаньняў дэмакратыi i дасягнутай на той час ступенi сацыяльнай дэмакратызацыi. Аднак усё ж не выпадкова, што сучаснае дасьледаваньне нацыянальных палiтычных культур, зробленае з пазыцыі кампаратыўнай сацыялёгiі, пачалося ў ЗША i Вялiкабрытанii i арыентавалася ў сваiх мадэлях i нарматыўных перадумовах на ўзьнiклыя ў спэцыфiчных гiстарычных умовах палiтычныя культуры (Almond / Verba 1963; Pye / Verba 1965). З аднаго боку, аўтары гэтых раньнiх дасьледаваньняў разглядалi сябе ў якасьцi спадкаемцаў пэўнай палiтычна-iнтэлектуальнай традыцыi, якая была абумоўленая досьведам таго, што дэмакратыя змагла ў мiжваенны пэрыяд зацьвердзiцца ў ЗША i Вялiкабрытанii i была, аднак, зьнiшчаная ў Iталii i Нямеччыне пад нацiскам моцнага фашысцкага руху. З другога боку, падчас эры «халоднай вайны» — з памяркоўнай або падкрэсьлена антыкамунiстычнай пэрспэктывы — пытаньне пра прычыны палiтычнай стабiльнасьцi ператвараецца, асаблiва ў новапаўсталых краiнах Трэцяга сьвету, у першачарговую палiтычную i, як вынiк, у палiталягiчную праблему, узмоцненую звышмагутнасьцю ЗША. Аднак наўрад цi можна было агораць крызыс i працяглую палiтычную нестабiльнасьць у гэтых рэгiёнах пры дапамозе традыцыйнай канцэпцыi палiталёгii, арыентаваную на палiтычныя iнстытуты, прававыя сыстэмы i канстытуцыйны лад.
«Палiтычная культура» сёньня: рэцэпцыя i вызначэньне складанага паняцьця
На гэтым фоне варта зьвярнуцца да разгляду паняцьця «палiтычная культура», прапанаванага некалi Элмандам. «Палiтычная культура» першапачатна была ня больш як зборным паняцьцем для азначэньня палiтычных вартасных арыентацыяў, установак, iдэалёгiяў або палiтычнай сьвядомасьцi. Пры гэтым тое, што яно не супадае нi з паняцьцем агульнай культуры, нi з паняцьцем палiтычнай сыстэмы, расцэньвалася i расцэньваецца дагэтуль як яго найважнейшая аналiтычная перавага. «Палiтычная культура» iмкнецца затуліць галу памiж iндывiдам i палiтычнай сыстэмай. Гэтае паняцьце раскрывае адваротны бок улады пры разнастайных формах абагуленьня i працэсах сацыялiзацыi, што не ахапляюцца псыхалёгiяй асобы i не закранаюцца палiталягiчным макрааналiзам. «Палiтычная культура» iмкнецца ахапiць суб’ектыўную атмасфэру сыстэмы ўлады, яе абумоўленасьць пэўным гiстарычна зьменлiвым кантэкстам нацыянальных, рэгiянальных, клясавых, узроставых арыентацыяў.
Калi пры сацыялягiчна-эмпiрычным дасьледаваньні да гэтага часу і зьвярталіся да гэтага паняцьця, то найчасьцей гэта адбывалася на ўзор сталых ужо «клясычнымi», насуперак або дзякуючы ўсёй крытыцы, «Досьледаў грамадзянскай культуры» (Civic Culture-Studie, Almond / Verba 1963). Праўда, найважнейшыя параўнаўчыя аналізы досьледаў установак i ўдзелу ў палiтыцы апошнiх гадоў не ўключалi ў сябе гэтага паняцьця (параўн., напрыклад, Inglehart 1977; Verba / Nie / Kim 1978; Barnes / Kaase 1979). Яно эксплiцытна не прадстаўлена i ў «Handbook of Political Science» (8 Bde., 1975).
У «Досьледах грамадзянскай культуры» палiтычная культура вывучалася ў пэўнай ступенi з гледзiшча сыстэмнай пэрспэктывы. Такiм чынам, у гэтай працы ня быў закрануты сацыяльны базыс — асобныя iндывiды, iх патрэбы i iнтарэсы. У iх гаворка iдзе хутчэй аб функцыянальна неабходных для «выжываньня» палiтычнай сыстэмы ўстаноўках i спосабах паводзiн, а таксама i аб тых iнстытутах сацыялiзацыi i мэханiзмах трансьляцыi, празь якiя iндывiды навучаюцца «ўласным», г.зн. адэкватным палiтычнай сыстэме «грамадзянскiм ролям». Загэтым вырашальнае значэньне для стабiльнасьцi сыстэмы мае дакладнае разьмеркаваньне палiтычных арыентацыяў. Гэтыя арыентацыi адрозьнiваюцца памiж сабой, па-першае, паводле розных аб’ектных абсягаў (палiтычная сыстэма ўвогуле, яе вытворчасьць (output), прамежкавыя структуры (input) i ўласныя ролi ўдзельнiкаў палiтычнага працэсу), па-другое, паводле вiдаў самых арыентацыяў (веды, афэктыўныя сувязi, ацэнкi). Паводле ступенi iх iнтэнсiўнасьцi i складанасьцi вызначаюцца розныя тыпы палiтычнай сыстэмы. Фармаваньне тыпаў залежыць ад крытэру ўзрастаючай рацыянальнасьцi палiтычнай сьвядомасьцi i ўдзелу ў палiтыцы. Рамкi гэтага працэсу ўстанаўляюцца трыма «чыстымi» тыпамi культур: культура парафii, падданства i ўдзелу. Памiж iмi разьмяшчаююцца так званыя зьмешаныя тыпы, што спалучаюць у сабе элемэнты «чыстых». Найбольш важным са зьмешаных тыпаў аўтары лiчаць якраз «civic culture», што часта перакладаецца як «цывiльная культура», але, больш правiльна, «грамадзянская культура». Суадносiны навацыi i традыцыi тут павiнны выраўнацца, што ў пэўнай ступенi дазволiць зьмякчыць праблему «неадначаснасьцi» (Bloch 1962).
Палiтычная актыўнасьць, рацыянальнасьць i ангажаванасьць, з аднаго боку, i арыентацыя на няўдзел, пасіўнасьць i традыцыяналiзм, з другога, збалянсаваныя тут даволi тыповым чынам, чым вылучаюцца перадусiм англасаксонскiя дэмакратыi — у кажным разе, на думку аўтараў гэтых досьледаў.
Гэтай тыпалёгii i заснаваным на ёй двухмерным паняцьцi палiтычнай культуры можна закiнуць нястачу дыфэрэнцыяванасьцi i дакладнасьцi, што iстотна перашкаджае дасягненьню пажаданага прагрэсу ў назапашаньнi ведаў пры параўнаўчым дасьледаваньнi палiтычнай культуры. Далейшую канкрэтызацыю i дыфэрэнцыяцыю схемы аналiзу ня так даўно прапанаваў Каазэ (1983, S. 144 ff), пры гэтым у якасьцi прагматычнага кампрамiсу ён разглядае наступныя рэкамэндацыi:
а) арыентацыi (у сэнсе згоды, сымбалiчнай iдэнтыфiкацыi) адносна палiтычнай сыстэмы:
— палiтычная супольнасьць (нацыя),
— палiтычныя iнстытуты,
— палiтычныя элiты;
б) арыентацыi адносна структур «спажываньня»:
— палiтычныя веды i iнтарэсы,
— уключанасьць у структуры грамадзкай камунiкацыi,
— эмацыйная прывязанасьць / iдэалягiчная блiзiня да палiтычных арганiзацыяў,
— ацэнка магчымасьцяў уласнага ўплыву,
— структура сыстэмы палiтычных перакананьняў;
в) арыентацыi адносна структур «вытворчасьцi»:
— прыпiсваньне адказнасьцi за палiтычныя рашэньнi (заканадаўства, узнагароджваньне i г.д.) у разнастайных галiнах палiтыкi пэўным нацыянальным, наднацыянальным або лякальным, рэгiянальным фiгурам — веды аб працэсах прыняцьця i правядзеньня рашэньняў,
— ацэнка iнтэнсiўнасьцi гэтых працэсаў,
— вызначэньне якасьцi палiтычнай дзейнасьцi па цэнтральных палiтычных фiгурах (у парлямэнце, урадзе, адмiнiстрацыi, судовай сыстэме);
г) арыентацыi адносна ўласнай асобы:
— пачуцьцё ўласнай вартасьцi,
— давер у дачыненьнi да трэцiх асобаў («грамадзкi давер»),
— палiтычная кампэтэнцыя.
Думаецца, што разам са стаўленьнем да вартасных арыентацыяў i ўстановак, якiя характарызуюцца ў дасьледаваньнях палiтычнай культуры ў вузейшым сэнсе, можна вылучыць стаўленьне да формаў удзелу ў палiтыцы. Рацыянальныя стасункі iснуюць у такiх далёкіх палёх дзейнасьцi, як палiтычная камунiкацыя, галоснасьць, грамадзкая думка або палiтычная сымболiка (параўн.: Dittmer 1977 і 1981), а таксама, не ў апошнюю чаргу, сярод спэцыфiчных групаў носьбiтаў палiтычных субкультур. Ведама, усе датрымваюцца такiх стаўленьняў, якiя падаюцца сэнсоўнымi датуль, пакуль яны сыстэматычна могуць быць угрунтаваныя. Не прэтэндуючы на паўніню, наступная схема клясыфiкацыі прадметнага вымеру палiтычнай культуры можа разглядацца як дапаможная арыентацыя:
а) структуры палiтычнай сьвядомасьцi:
— страх, адчужанасьць / анамiя, перадузятасьць, фрустрацыя,
— мараль, рэлiгiйнасьць, (нон-)камфармiзм, ляяльнасьць,
— гiстарычная сьвядомасьць, разуменьне традыцыi, уяўленьне пра сябе / уяўленьне пра чужых,
— сындромы палiтычных установак: аўтарытарызм, этнацэнтрызм, антысэмiтызм, нацыяналiзм, мiлiтарызм, правы (левы) экстрэмiзм, антыкапiталiзм, антыкамунiзм, пацыфiзм ды iнш. (таксама: «аўтарытарны» альбо «дэмакратычны» тып асобы),
— палiтычныя iдэалёгii (у сэнсе сыстэмаў вартасьцяў, сьветапоглядаў): лiбэралiзм, кансэрватызм, сацыялiзм ды iнш.,
— актуальныя палiтычныя ўстаноўкi, веды, iнтарэсы, меркаваньнi, сувязi (параўн. вышэйзгаданую схему Каазэ);
б) формы палiтычнай дзейнасьцi:
— апатыя, пасіўнасьць,
— палiтычнае вучэньне, палiтычная сацыялiзацыя,
— канвэнцыйныя (легальныя i пазытыўна легiтымізаваныя) палiтычныя дзеяньнi (напрыклад, такiя акцыi пратэсту, як дэманстрацыi, байкоты, захопы памяшканьняў ды iнш.),
— узброены супрацiў, фiзычны гвалт, тэрарызм;
в) групы носьбiтаў:
— масы («рэпрэзэнтацыйны зрэз грамадзкай думкi»), элiты,
— вялiкiя групы з вызначанай сацыяльнай структурай (напрыклад, арыстакратыя, старая або новая сярэдняя кляса, рабочыя; каталiкi або пратэстанты; жанчыны ды iнш.),
— узроставыя групы (напрыклад, моладзь; «ваеннае пакаленьне» ды iнш.);
г) абсягi дзейнасьцi:
— побыт, жыцьцявы сьвет,
— сям’я, школа, царква, прадпрыемства, войска ды iншыя агенты сацыялiзацыi,
— партыi, грамадзянскiя iнiцыятывы, сацыяльныя рухi, мяншынi, маргiнальныя групы,
— грамадзкая думка/публічная сфэра, палiтычная камунiкацыя,
— палiтычная сымболiка,
— урад, парлямэнт, бюракратыя, правасудзьдзе.
У Нямеччыне інтарэс да вывучэньня палiтычнай культуры на пачатку меў моцныя iдэалягiчныя матывацыі. Нарматыўна-палiтычныя аспэкты разглядалiся ў якасьцi эмпiрычна-аналiтычных праблем, што натуральна для запозна здэмакратызаванага грамадзтва; аднак гэта прыводзiла да пэўных выдаткаў у эмпiрычных дасьледаваньнях. Першыя спробы ўвесьці ўва ўжытак паняцьце палiтычнай культуры былi зробленыя больш за 15 год таму. Яны выпалi на часы, што праходзiлi пад знакам зломаў i надрываў. З канцом эры Адэнаўэра i пераходнага этапу станаўленьня на палiтычнай арэне «Вялiкай каалiцыi»[2] паўстаюць палiтычныя лёзунгi «iмкненьня да большай дэмакратыi» i «лiбэральных сацыяльных рэформаў» — гэта часы, калi другое i трэцяе пакаленьнi палiтолягаў прыкладалi вялiкiя намаганьнi, каб далучыцца да мiжнародных навуковых кантактаў i адначасова адшукаць сваю ўласную iдэнтычнасьць. Аднак ня толькi палiталягiчнае дасьледаваньне канцэпцыі палiтычнай культуры не давала вынікаў. Таксама i само яе паняцьце сьпярша не фігуравала ў нашай штодзённай палiтычнай мове.
Толькi канец семдзясятых гадоў прынёс пэўныя зьмены. «Палiтычная культура» хутка робiцца папулярнай у якасьцi гутарковага выразу — i часта стаецца мiшэньню для крытыкi. Дэмакратызацыя грамадзтва, спадзяваньнi на якую не ў апошнюю чаргу несла зьмена пакаленьняў у канцы шэсьцьдзясятых гадоў, прыпынiлася, часамi пагражаючы нават абярнуцца ў сваю супрацьлегласьць. Прынамсi, «новыя левыя» разглядалi падкрэсьлена антыкамунiстычныя радыкальныя «забароны на прафэсiю», гiстэрычна афарбаваную барацьбу з тэрарызмам, складанасьцi ў асэнсаваньнi нацыянал-сацыялiстычнага мiнулага i ператварэньне новых сацыяльных рухаў пратэсту ў экстрэмiсцкiя i крымiнальныя ў якасьцi гiстарычна ўгрунтаванай нястачы крытычнай публічнасьці, лiбэральнасьці, дэмакратычнай культуры ў палiтыцы. Прыхiльнiкi iншых пазыцыяў, наадварот, папярэджвалi аб небясьпечнасьцi палiтычнай культуры. Яны малявалi вобраз «неўбясьпечанай рэспублiкi» i раскрывалi перадусiм тры месцы злому сыстэмы асноўных вартасьцяў: выцясьненьне лiбэральнай i прадстаўнiчай дэмакратыi плебiсцытарнымi i радыкальнымi iдэямi, пагроза свабодзе з боку нахілу да геданiзму, i, нарэшце, зрух мяжы памiж легітымным i нелегітымным гвалтам (Sontheimer 1979, S. 119 ff).
I ўсё ж навейшыя эмпiрычныя дасьледаваньнi сьведчаць пра тое, што стабiльнасьць палiтычнай культуры ў Нямеччыне раўнавартая з заходнiмi ўзорамi, калi ўвогуле не пераўзыходзiць iх (параўн. асаблiва: Conradt 1980). Супярэчлiвасьць iнтэрпрэтацыяў у першую чаргу робiць вiдавочным тое, што «палiтычная культура» — як i iншыя асноўныя паняцьцi нашай грамадзка-палiтычнай мовы — зьяўляецца дыскусiйным паняцьцем, нягледзячы на ўсе навуковыя вызначэньнi i ўдакладненьнi. Сёньня непрыстойна выглядае той, хто стане шкадаваць або аспрэчваць, што ў спрэчцы аб палiтычных паняцьцях таксама праяўляецца палiтыка. Няцяжка зразумець, чаму кар’ера паняцьця палiтычнай культуры пачалася толькi ў сярэдзiне семдзясятых гадоў разам з унутрыпалiтычнай актуалiзацыяй праблемы дэмакратыi, яе крытычным аналiзам i супярэчнымi ацэнкамi. Пры гэтым штодзённая папулярызацыя гэтага тэрмiну адбывалася без увагi на традыцыйнае, хаця i аслабленае напружаньне памiж «палiтыкай» i «культурай». Дэбаты, што ня так даўно вялiся палiтолягамi наконт «сэнсу i бессэнсоўнасьцi» паняцьця палiтычнай культуры, паказалi, што, па сутнасьцi, мы маем справу з двума спрэчнымi пытаньнямi: пытаньнем пра нарматыўныя падставы i пра аналiз складовых частак гэтага паняцьця.
Бясспрэчна тое, што грамадзкiя нормы i палiтычныя вартасныя арыентацыі таксама становяць сабой прадмет дасьледаваньняў палiтычнай культуры. Аднак, не такiм бясспрэчным падаецца тое, што нормы самога навукоўца граюць пэўную ролю ў працэсе дасьледаваньня i таму, адпаведна, заслугоўваюць увагi (параўн.: Gessenharter 1978). Наўрад цi можна ўсё ж аспрэчваць, што любы гiстарычны аналiз палiтычнай культуры сам адбываецца ў рамках такой, вызначанай i зададзенай, культуры. Калi ў ФРН выходным пунктам у апiсаньнях нямецкай палiтычнай культуры сталiся дэмакратычныя нормы i прынцыпы накшталт самакiраваньня або ўдзелу ў прыняцьцi рашэньняў, то i гэта не выпадкова i ня дзiўна, асаблiва зважаючы на балючы досьвед нашай ранейшай гiсторыi. Адначасова ў дачыненьнi да арыентаванага на пазытывiсцкiя навуковыя iдэалы апытаньня — найважнейшага iнструмэнту ў любым эмпiрычным дасьледаваньнi палiтычнай культуры — дапускаецца, каб яно было завязанае на дэмакратычным прынцыпе роўнасьцi, на зборным мэханiзьме «one man one vote», i, такiм чынам, на пэўных нарматыўных перадумовах. Калi ж нiводная культуралягiчная канцэпцыя ня можа быць пазбаўленая вартасных канатацыяў, то неабходна, як справядлiва канстатаваў Бэрман (у: PVS-Symposium 1982, S. 5), ня проста зьмешваць спрэчку аб адвольна ўзятых вартасных канатацыях са спрэчкай аб аналiтычнай прыдатнасьцi самога паняцьця, але найперш шукаць магчымасьцi i формы для «нарматыўнага дыялёгу» (Гесэнгартэр).
Што тычыцца пытаньня аб аналiтычнай складанасьцi паняцьця, то яно, па сутнасьцi, можа разглядацца ў двух аспэктах. З аднаго боку, iснуе папярэдне вызначанае вузейшае паняцьце, якое ўсходзiць да сваiх першапачатных пратаганiстаў, прывязвае палiтычную культуру толькi да (агрэгатных) палiтычных арыентацыяў iндывiдаў i цiкавiцца яе праявамi i рэалiзацыямi ў пэўным грамадзтве. Гэтаму супрацьстаiць больш шырокае паняцьце палiтычнай культуры, якое, бясспрэчна, валодае нязначнай выбіральнасьцю i, ведама, таксама занаходзiцца пад пагрозай стаць безаблiчным «catch-all»-тэрмiнам, што, зь iншага боку, абумовiла б яго большую блiзiню да сапраўднасьцi. Палiтычныя арыентацыi — гэта не лунаючыя ў бязважкасьцi фэномэны, яны знаходзяцца ў пэўным гiстарычна зьменлiвым кантэксьце, утвораным сацыяльнымi структурамi, iнстытуцыйнымi, сытуацыйнымi i сацыялiзацыйнымi ўмовамi; яны ўплываюць на палiтычныя адносiны, калi не эксклюзіўна, то ў сувязi зь iншымi ўперад названымi фактарамi. Хаця гэта i дазваляе адчуць аналiтычнае адрозьненьне памiж палiтычнай сьвядомасьцю i палiтычнай дзейнасьцю, аднак не выклiкае адмаўленьня ад такога вымеру палiтычнай культуры ўвогуле.
У сувязi з гэтым падаецца сэнсоўнай далейшая дыфэрэнцыяцыя палiтычных арыентацыяў i ў iншых, яшчэ не названых (вiды i аб’ектныя абсягi) аспэктах, а таксама вызначэньне адрозьненьняў памiж канкрэтнымi, актуальнымi i таксама часовымі ўстаноўкамi/меркаваньнямi, зьвязанымi з палiтычнымi падзеямi i дзеячамi, а таксама ўсеагульнымi, аснаватворнымi, больш працяглымi i абавязковымi палітычнымі вартаснымi сыстэмамi / iдэалёгiямi. Гэтае разважаньне кiруецца ня толькi даўно прынятым у выбарачных эмпiрычных дасьледаваньнях разрозьненьнем структурна-гiстарычных i кан'юнктурна-сытуацыйных фактараў (Pappi / Laumann 1974; Кааse 1977), але i разьвiвае тыя iдэi, што былi распрацаваныя пры крытычным разглядзе (асаблiва: Wacker 1979) даўнейшых, арыентаваных наўперад на псыхалёгiю асобы, дасьледаваньняў фашызму i аўтарытарызму (Fromm 1980; Adorno 1969). Нягледзячы на ўзьнiкаючыя ў працэсе дасьледаваньня цяжкасьцi i складанасьцi, што прыносiць з сабою «гнуткае», або «адкрытае» паняцьце палiтычнай культуры, iснуюць сур’ёзныя падставы для таго, каб спынiцца на iм. Яно дазваляе акрэсьлiць межы, у якiх поруч, але часта i iзалявана адзiн ад аднаго разьвiваюцца адмысловыя кiрункi дасьледаваньняў гiстарычнага мэнталiтэту, палiтычнай псыхалёгii, палiтычных дачыненьняў i сацыялiзацыi. Аднак найперш гэтае паняцьце аказваецца прыдатным для таго, каб сьвядомасьць успрыняла ўсю складанасьць i ўсёабсяжнасьць палiтычнай культуры. Такiм чынам, пад палiтычнай культурай у гэтых рамках варта разумець структуры палiтычнай сьвядомасьцi i ўзоры палiтычных адносiн, характэрных для пэўнага грамадзтва ў цэлым або для буйных сацыяльных групаў у пэўным часе або рэгiёне. З аднаго боку, яны спалучаныя з iндывiдуальнымi, зьвязанымi ў групы, арганiзацыi i г.д. жыцьцявымі гісторыямі i працэсамi сацыялiзацыi. Зь iншага боку, на iх уплываюць палiтычныя падзеi, канкрэтныя сытуацыi i жыцьцявыя ўмовы.
Палiтычная культура як структураванае ў сабе цэлае можа, у адпаведнасьцi з задачамі i iнтарэсамi дасьледаваньня, выступаць у выглядзе як залежнай, так i незалежнай пераменнай. Яна становiць незалежную пераменную, калi — як у прыкладзе з Элмандам i Вэрбам — iнтарэс дасьледнікаў найперш скiраваны на захаваньне палiтычнага ладу або на кантраляваныя палiтычныя пераўтварэньнi. Палiтычная культура ўспрымаецца як дадзенасьць i зьмяшчае ў сабе якасьцi i формы нечага накшталт «рэзэрвы стабiльнасьцi» для сыстэмы ўлады. Пры гэтым умовы ўзьнiкненьня i зьнікненьня, дынамiка, напружаньне памiж кантынуальнасьцю i зьменлiвасьцю палiтычнай культуры збольшага застаюцца ўбаку. Там, дзе палiтычная культура робiцца тэмаю дасьледаваньня, яна захоўвае статус залежнай пераменнай. У гэтым выпадку яна зьяўляецца ўжо не (частковым) вытлумачэньнем прычын развалу або стабiльнасьцi пэўных палiтычных сыстэмаў, але складае сам прадмет апiсаньня i аналiзу. У асяродку ўвагi пры гэтым знаходзіцца вывучэньне як фармальных, так i нефармальных працэсаў навучаньня палітыцы і палiтычнай сацыялiзацыi, а таксама структур сьвядомасьцi, утвораных iмi.
3. Унівэрсальныя тэмы канфлiктаў i іх структурныя прыкметы
Паняцьце палiтычнай культуры, як бы шырока яно не выкарыстоўвалася ў мiждысцыплiнарнай сфэры з iнтэграцыйнай мэтай, набывае аблiчча падставы палiталёгii толькi пры сваім дачыненьні да «палiтычнага» i праз свае канстытуцыйныя элемэнты: канфлiкты i ўзоры iх вырашэньня ў барацьбе за ўладу i «справядлiвы парадак». Дасьледаваньне палiтычнай культуры павiнна мець навiдавоку як гэтую пэрспэктыву, так i тое, што яго задача палягае ў прыраўнаньнi палiтычных сыстэмаў. Пры гэтым ужо даўно была даведзена мэтазгоднасьць вывучэньня мiкра- альбо субкультурных адрозьненьняў ня толькi ў межах пэўнага грамадзтва, але i ў кантэксьце прыраўнаньня культураў. Ня мае сэнсу абмяжоўваць дасьледаваньнi палiтычнай культуры дадзенымi нацыянальна рэпрэзэнтацыйных зрэзаў грамадзкай думкi. Гэта толькi б iмплiцытна падоўжыла жыцьцё архаiчнай фiкцыi — «нацыянальнага характару». Параўнаўчае дасьледаваньне палiтычнай культуры падрывае i пераступае нацыянальныя межы, стаўляючы пытаньне аб адрозных i супольных момантах у палiтычных (суб-) культурах розных дзяржаваў.
З гэтай пэрспэктывай зьвязаная гiпотэза аб тым, што ўнівэрсальныя структурныя прыкметы палiтычнай культуры i яе тэмы канфлiктаў, якiя стварылi падставы для гiстарычнага разьвiцьця, асаблiва ў буржуазным грамадзтве, i захавалi актуальнасьць у сваiх наступках, не залежаць наўпрост ад прасторава-клiматычных, дэмаграфiчных, сацыяльна-эканамiчных i сацыяльна-культурных адметнасьцяў. Праяўляючыся розным чынам, яны, аднак, паўсюль набылi большую або меншую значнасьць. Наступны абеглы агляд фундамэнтальных тэмаў канфлiктаў не прэтэндуе на завершанасьць, а яго пасьлядоўнасьць не зьяўляецца прынцыповаю.
Канфэсiялiзацыя палiтыкi
У агульным, але дакладным сэнсе рэлiгiя — гэта пераадоленьне чалавекам канцовага характару свайго жыцьця шляхам вытлумачэньня сябе самога і сьвету. Праявы рэлiгiйнасьцi выступаюць як культурна ўсёабсяжным, так i гiстарычна разнастайным выражэньнем «самасьцьвярджэньня сьвядомасьцi ў сьвеце ашаламляльных празераньняў i дазнаньняў» (Schmidtchen 1979, S. 20). Разам з iнстытуцыялiзацыяй рэлiгii адбываецца фармаваньне пэўнай канфэсiйнай культуры, г.зн. пэўнай сыстэмы канфэсiйнай сацыялiзацыi i камунiкацыi. Узаемадачыненьнi канфэсii i культуры, такiм чынам, не вычэрпваюцца праблемай палiтызацыi рэлiгiйных i канфэсійных пытаньняў — пошасьцю, што паўстае з канцом сярэднявечнага сьвету i разьбiцьцём хрысьцiянскага адзiнства.
Разуменьнем таго, што рэлiгiйная сацыялiзацыя ажыцьцяўляе ўзьдзеяньне на палітыку і грамадзтва, мы ў вялiкай ступенi абавязаныя дасьледаваньню Макса Вэбэра «Пратэстанцкая этыка» (1965). Вэбэр убачыў узаемасувязь памiж новай («рэфармаванай») рэлiгiйнай матывацыяй, новым ладам жыцьця i духоўна-псыхалягiчнымi запатрабаваньнямi людзей паўстаючай iндустрыяльнай эпохi. У цалкам заглыбленага ў рэальнасьць «пазбытага чараў сьвету» пратэстанта зьнiкае ўпэўненасьць у сваёй сьвятасьцi. Усё яшчэ вызначальнае — прынамсi, у эпоху Рэфармацыi — пытаньне пра вечную кунегу ён мусiў вырашаць абсалютна самастойна, выходзячы з крайняй завостранасьцi кальвiнiсцкага вучэньня аб «наканаваньнi». Тут выяўляецца «цьвярозы i пэсымiстычна афарбаваны iндывiдуалiзм» (Weber 1965, S. 12), якому не былi чужыя антыаўтарытарныя рысы.
Ён пакiнуў свой адбiтак у па-кальвiнiсцку настроеным англасаксонскiм сьвеце, аднак яго амаль немагчыма было адшукаць у буржуазнай культуры лютэранскага пратэстантызму. На месца «пакорнага грэшнiка» (Лютэр) у кальвiнiзьме прыходзiць «самасьвядомы сьвяты». Iндывiд мае толькi дзьве магчымасьцi калi не прадухiлiць, то хаця б паменшыць няпэўнасьць уласнага збавеньня — «быць судзінаю альбо прыладаю Бога». Першая адбiваецца ў «мiстычнай пачуцьцёвай культуры» зь яе пасіўнасьцю i сузiральнасьцю, якімі падкрэсьлiваецца зьвернутасьць да свайго нутранога сьвету, другая — у «аскетычным учынку». Вэбэр паказвае гэта вельмi наглядна:
«Бог кальвiнiзму патрабуе ад сваiх вернiкаў не асобных «добрых справаў», але ўзьнятай да сыстэмы чыннай сьвятасьцi. Няма i гаворкi пра каталiцкiя, чыста чалавечыя хiстаньнi памiж грахамi, каятамі, пакараньнямi, водпустамi, новымi грахамi або пра адкуплены часовымi карамi, пагашаны ласкаю царквы рахунак усяго жыцьця. Этычны досьвед чалавечага побыту пазбаўляецца неўпарадкаванасьцi ды бессыстэмнасьцi i ператвараецца ў пасьлядоўны мэтад усяго ладу жыцьця» (1965, S. 134).
Сярэднявечная аскеза ўцякала ад сьвету ў самотнасьць кляштару; пратэстанцкая аскеза зачыняла за сабою дзьверы кляштару i намагалася насыцiць сваёй мэтодыкай штодзённае сьвецкае жыцьцё» (Weber 1965, S. 165).
Гэта было вырашальнаю перадумоваю ўзьнікненьня буржуазна-капiталiстычнага сьвету. Такая ўнутрысьвецкая аскеза мела амбiвалентныя i немалаважныя наступкi ў далейшым. У бальшынi сваіх дасьледаваньняў па сацыялёгii культуры i рэлiгii Шмiтхен (1979) акрэсьлiваў пратэстанта як «тып сучаснага чалавека». Рацыяналiзацыя веры i зьнiкненьне iнстытуцыялiзаванай рэлiгiйнасьцi, з аднаго боку, вызвалiлi яго ад усёабсяжнага прымусу, аднак, з другога боку, адабралi ягоную абароненасьць i бясьпеку. Ён падобны да «вечнага вандроўнiка», шукальнiка праўды, вынаходлiвага i разам з тым непрадказальнага, да народжанага сёньняшняй эпохай «пачынальнiка тэндэнцыi» зь ягонай «эмпiрычна, без сумневу, моцнай цягай да структурызацыi». Усё гэта, тым ня менш, зьмяшчае ў сабе небясьпечны патэнцыял, нябачаны раней i разам з гэтым вельмi значны. «Страта трансцэндэнцыі», што прывяла пратэстантаў да «ўсьведамленьня татальнай iманэнтнасьцi сьвету», адначасова зрабiла iх падатнымi да праграмаў, на якiя яны маглi б — у гiстарычна абумоўленых умовах – праектаваць разнастайныя «сацыяльныя мроi аб дасканаласьцi i збавеньнi».
Аднак з усьведамленьнем iманэнтнасьцi сьвету дзеецца ня толькi дэвальвацыя тагабочнага сьвету, але і падвышэньне вартасьці грамадзтва. Цяпер палiтычная дзейнасьць у шырокім сэнсе стаецца адказнай перад грамадзтвам. У першапачатным i вузейшым сэнсе пры гэтым iдзе гаворка пра пытаньне легітымізацыі царкоўнага аўтарытэту. Яно становiцца паўсюднай сацыяльнай праблемай там, дзе з-за распаду царкоўных i грамадзкiх сыстэм вартасьцяў узьнiкаюць крызысы даверу, якiя разам зь iншымi (як у пытаньнi лiбэралiзацыi полавых адносінаў) акцыямi рэлiгiйнага пратэсту пачынаюць аказваць уцiск на палiтычны працэс. У шырокiм сэнсе, рэлiгiйныя, як i ўвогуле сацыяльныя рухi можна разглядаць у якасьцi праявы крызысу iнстытуцыяў i арыентацыяў. Паводле Шмiтхена, назiраныя ўжо больш за дзесяцiгодзьдзе (як найменш) у палiтычнай культуры Захаду «паўзучыя» крызысы законнасьцi выточна зьяўляюцца палiтычна-псыхалягiчнымi трансфармацыямi рэлiгiйнага прагненьня апраўданьня.
Бюракратызацыя палiтыкi
Гэта працэс гiстарычна зьвязаны з адносінамі памiж дзяржавай i грамадзтвам, на якi iстотна паўплываў спосаб пераходу ад фэадалiзму зь яго аграрным грамадзтвам да капiталiзму зь яго iндустрыяльным грамадзтвам. У XVI i XVII стагодзьдзях на эўрапейскiм кантынэнце, за невялiкiм выняткам (Швайцарыя, Нiдэрлянды), устанавiўся манархiчны абсалютызм. Iнакшы прыклад падае Англiя, дзе яшчэ напачатку iндустрыяльнай i дэмакратычнай эпохi стварэньне пастаяннага войска i сталай дзяржаўнай адмiнiстрацыi прывяло да ўзмацненьня здольнасьцi дзяржавы да мадэрнiзацыi («рэвалюцыя зьверху»). Гэта раней цi пазьней уплыло на бюракратызацыю палiтыкi, а разам з тым — на ўзьнiкненьне i замацаваньне ў культуры найперш тэхнiчна-рацыянальнага разуменьня палiтыкi. Дактрына дзяржавы XVIII стагодзьдзя, што абмяжоўвала функцыi бюракратыi нэўтральным выкананьнем парлямэнцкай праграмы, нi ў якiм разе не разбурала, але, хутчэй, умацоўвала гэтую тэндэнцыю. Актуальнае i па сёньняшнi дзень адрозьненьне «парлямэнцкай палiтыкi» i «апалiтычнай адмiнiстрацыi» зусiм не абясцэнiла бюракратычнага погляду на палiтыку. Якраз наадварот. Паводле пашыранай дзякуючы Максу Вэбэру iдэi рацыяналiзацыi, бюракратыя, на падставе строга фармалiзаванай «рацыянальнасьцi мэты i сродкаў» i дакумэнталiзаванага кiраваньня, ператвараецца ў найбольш рацыянальную форму выкананьня ўлады ўвогуле. Калi Англiю, вiдавочна, можна разглядаць як найважнейшы прыклад «запозьненай бюракратызацыі», наступкi якой у палiтычнай культуры гэтага «не-дзяржаўнага» грамадзтва вiдавочныя i па сёньня, то параўнаўча рана бюракратызаваная Прусiя-Нямеччына ўважаецца ў значнай ступенi за ўвасабленьне «запозьненай дэмакратыi». Побач i ў сувязi з выключным значэньнем армii i спалучанай зь ёй мiлiтарызацыi дзяржавы, адмiнiстрацыя ператвараецца ў «другое апiрышча прускай дзяржавы» (Грайфэнгаген). Абодва фактары аказалi вялiкае ўзьдзеяньне на палiтычную культуру Нямеччыны i адбiлiся на яе амбiвалентным характары. Гэта досыць выразна праяўляецца ў так званых «другасных цнотах» буржуазii, што i па сёньня складаюць вельмi прыкметныя элемэнты ў крытычным i разам карыкатурным вобразе Прусii i Нямеччыны.
Пры гэтым амбiвалентнасьць такiх «другасных цнотаў», як пакора, дбайнасьць, дысцыплiна, руплiвасьць, пунктуальнасьць, упарадкаванасьць, ашчаднасьць i г.д., трэба бачыць якраз у тым, што яны, маючы пэўны сэнс у войску i адмiнiстрацыi як падставы гiерархiчных i тэхнiчна-функцыянальных арганiзацыйных структураў, па-за межамi гэтых установаў робяцца апраўданымi толькi ў сувязi са сваiмi першапачатнымi мэтамi (параўн.: Greiffenhagen 1984; Münch 1984; Schlenke 1981).
Iдэалягiзацыя палiтыкi
З надыходам мадэрнай эпохі iдэалягiзацыя палiтыкi i грамадзтва, як паказвае гiсторыя i паходжаньне тэрмiну, ператвараецца ў праблему. Абвешчаныя буржуазным Асьветнiцтвам i Францускай рэвалюцыяй унiвэрсальныя iдэалы чалавечнасьцi i ўсеагульныя правы чалавека i грамадзянiна праклалi дарогу як iдэi самавызначэньня дзяржаўных нацыяў, так i iдэi права iндывiда на свабоду i ўдзел у дзяржаўным жыцьцi. Аднак разам з гэтым яны выклiкалi таксама контрарэвалюцыйны i кансэрватыўны рух супрацiву. Нараджэньне сучаснага нацыяналiзму, узьнiкненьне лiбэральных, дэмакратычных, сацыялiстычных i кансэрватыўных iдэяў i прынцыпаў сутыкнулася ў палiтычнай практыцы з такiмi сьветапогляднымi праграмамi i абстрактнымi iдэямi, як свабода, роўнасьць, братэрства, прагрэс i г.д. Акурат тут палягаюць крынiцы структурных зьменаў у разьвiцьцi палiтычных партыяў, якiя пачаткова былi толькі заснаванымі на адзінстве ідэалёгіі і сьветапогляду згуртаваньнямi аднадумцаў, хаця ў палітычных дыскусіях i заваявалі статус прадстаўнікоў усяго грамадзтва і супольных інтарэсаў. Як справядлiва зазначае Нойман у сваiх клясычных досьледах партыяў у Ваймарскай рэспублiцы: «Уступiць у партыю — значыць назаўсёды далучыцца да нейкай пэўнай групы i дыстанцыявацца ад нейкай iншай» (1977, S. 15). Пры гэтым гаворка iдзе ня толькi аб складаных дачыненьнях партыяў i грамадзян, але i аб аснаватворным i ўнiвэрсальным значэньнi iдэалёгii для палiтычных дыскусiяў i для фармаваньня палiтычнай культуры ў буржуазным грамадзтве ў цэлым. Разам з iдэалягiзацыяй палiтыкi паўстае той палiтычна арыентаваны «лева-правы» кантынуум, што акрэсьлiвае як расстаноўку сiлаў у парлямэнце, так i нашае, непазьбежна спрошчанае, успрыняцьце палiтыкi, асаблiва ў высокаарганiзаваных супольнасьцях. Дасьледаваньне эмпiрычных установак, мiж iншым, паказвае, што сымбалі палiтычных арыентацыяў выкарыстоўваюцца вялiкай часткай насельнiцтва заходнiх краiн для клясыфiкацыi i ацэнкi палiтычных рашэньняў, падзеяў i г.д. (Inglehart / Klingemann 1976). Аб палiтычных культурах мяркуюць выходзячы з таго, у якой ступенi яны дапускаюць, пераносяць і вытрымлiваюць зьвязаную з iнтарэсамi i абгрунтаваную iдэалягiчна палярызацыю палiтыкi.
Iдэалёгiя – гэта ня толькi найважнейшы гiстарычна-эмпiрычны аб’ект дасьледаваньня палiтычнай культуры, але i яе цэнтральнае аналiтычнае паняцьце. Яно заслугоўвае асаблiвай увагi i таму, што спараджала спрэчкi ад пачатку свайго ўзьнiкненьня (параўн.: Dierse 1982, S. 131 ff). Пад уплывам францускiх «iдэолягаў» i пад знакам новых навуковых iдэалаў — матэматычнай дакладнасьцi i эмпiрычнай даказальнасьцi — «iдэалёгiю» разумелі найперш як безацэначнае псыхалягiчнае вучэньне аб пачуцьцёвым успрыняцьцi. Але ўжо дзякуючы Напалеону, якi iмкнуўся супрацьстаяць нерэлiгiйным i лiбэральным iдэям «iдэолягаў» i прадухiлiць iх iнтэлектуальны ўплыў на сваю палiтыку, яе характар зьмяняецца. З навуковага паняцьце ператвараецца ў крытычна-палемiчнае. Гэткi стан захаваўся па сёньняшнi дзень. Адасобiўшыся ад рэчаў, якiя яно першапачаткова азначала, разгляданае намi паняцьце патроху ператваралася ў этыкетку, аднолькава прыдатную для шальмаваньня ўсiх нiбыта далёкiх ад рэальнасьцi тэорыяў i праграмаў. Паняцьце iдэалёгii так доўга захоўвала сваю нэгатыўную вартасную афарбоўку, што прыдавалася адно для таго, каб дыскрымiнаваць iдэi палiтычных працiўнiкаў.
Не зьмянiлi сытуацыi i Маркс з Энгельсам, хаця яны i надалi паняцьцю спэцыфiчны кiрунак i аналiтычнае значэньне. Яны называлi «iдэалягiчнаю» толькi такую сьвядомасьць, згодна зь якой iдэi падпарадкоўваюць сабе матэрыяльную сапраўднасьць i яе гiстарычнае разьвiцьцё, будучы незалежнымi ад iх. Такiм чынам, у Маркса i Энгельса iшла размова аб пэўнай тэорыi iдэалёгii, аб крытыцы пэўнага «спосабу разуменьня сьвядомасных фэномэнаў, але не аб самых гэтых фэномэнах» (Fetsche 1976, S. 68). Яны iмкнулiся вытлумачыць, як i чаму сьвядомасьць (Bewusstsein) ня можа быць нічым iншым, як сьвядомым бытам (bewusstes Sein), i таму «iдэалёгiя» (буржуазная) ёсьць «перакручанай сьвядомасьцю». Дыскусiя пра «няўвагу да зваротнага ўзьдзеяньня надбудовы на базыс» (Энгельс) прывяла да пашырэньня значэньня паняцьця. Для пазьнейшага разьвiцьця немарксiсцкай сацыялёгii «вырашальнае пераасэнсаваньне паняцьця iдэалёгii, iдэнтыфiкацыя «iдэалёгii i «надбудовы» адбывалася ў сувязi з дыскусіяй аб рэвiзiянiзьме дзевяцьдзясятых гадоў мінулага стагодзьдзя, што зрабiла магчымым нэўтральнае ў далейшым ужываньне «iдэалёгii» для азначэньня любых формаў тэорыi, сьвядомасьцi і г.д. I ўсё ж захоўваецца тая традыцыя, што ўспрымае паняцьце iдэалёгii хутчэй у зьмястоўна-вартасным сэнсе як адэкватнае або неадэкватнае часу мысьленьне або як затойваньне i апраўданьне сукрытых iнтарэсаў. Гэтая традыцыя па сёньняшнi дзень адлюстроўвае паўсядзённае разуменьне iдэалёгii.
У адрозьненьне ад гэтага, праводжаныя сацыяльнай псыхалёгіяй эмпiрычныя дасьледаваньнi паводзінаў і iдэалёгii выходзяць з раней фармальна вызначанага паняцьця iдэалёгii. Яно вызначае iдэалёгiю як сыстэму вартасьцяў або перакананьняў, для якой могуць быць дастасаваныя наступныя, адпаведным чынам абагульненыя, крытэры: «сыстэмны» характар або адзінства ці, інакш кажучы, узаемазалежнасьць i кагерэнтнасьць вартасных арыентацыяў; «радыюс дзеяньня» ў сэнсе ўсёабсяжнасьці i сьветапогляду; «строгая абавязковасьць» для паводзінаў iндывiда; «часавая стабiльнасьць» у адрозьненьне ад часовых установак i меркаваньняў; «групавы характар», як ён праяўляецца ў палiтычных партыях i сацыяльных рухах — «супольнасьцях, заснаваных на аднолькавых вартасьцях»; нарэшце, «рэальнае зьмесьцiва» iдэалёгii, што, як паказвае разгляд гiсторыi самога паняцьця, пастаянна складала праблему (Кlingemann 1983, S. 326 f).
Пры гэткай аналiтычнай пэрспэктыве ўвага надаецца найперш функцыi «iдэалягiчных сыстэмаў». Яна праглядаецца ў мабiлiзацыi i легiтымізацыi iндывiдуальнай цi калектыўнай палiтычнай дзейнасьцi. Пры гэтым, як вынiкае з названых крытэраў, «iдэолягам» трэба прыпiсаць ня толькi выразна арыентаваную на вартасьці сьвядомасьць i вялiкi аб’ём перапрацоўкi ды назапашаньня iнфармацыi, але таксама i здольнасьць спасьцiгаць узаемасувязі, рэдукаваць (i захоўваць) комплекснасьць i ўрэшце сутнасна ацэньваць палітыку (Lane 1962). Тым самым, аднак, мы ня толькi адмаўляемся ад крытычнага падыходу, але i вяртаемся да таго пазытывiсцкага разуменьня iдэалёгiі, аб якiм мы згадвалi на пачатку разгляду гэтага паняцьця.
Дэмакратызацыя палiтыкi
Калi разглядаць гiсторыю больш як сацыяльную, чымся нацыянальную гiсторыю, гэта дазволiць апiсаць разнастайныя заблытаныя i супярэчныя зьявы i працэсы буржуазнай ды рэвалюцыйнай эпохi — «эпохi эманцыпацыi» словамi Гайнэ — выходзячы найперш з базавых структурна-генэтычных паняцьцяў iндустрыялiзацыi i дэмакратызацыi. Калi iндустрыялiзацыя — гэта «ядро працэсу комплекснай мадэрнiзацыi» (Ландэс), пачаткам якога зьяўляецца iндустрыяльная рэвалюцыя ў Англii, то «дэмакратызацыя» дзякуючы Францускай рэвалюцыi робiцца знакам i вядучым паняцьцем для тых (не)адначасных сацыяльных, палiтычных i культурных ператварэньняў, працэс якiх, скалануўшы XIX i XX стагодзьдзi, працягваецца i па сёньняшнi дзень.
Спачатна, як ведама, слова «дэмакрат» было чыста зьневажальным антонiмам «арыстакрата». Яно знаходзiла ўжытак перадусiм у якасьцi лаянкi ў асяродзьдзі працiўнiкаў рэвалюцыi. Нават якабiнцы не iмкнулiся атаясамлiваць сябе з «дэмакратамi». Тым ня менш, наконадні рэвалюцыі 1848 году ў Нямеччыне паняцьце дэмакратыi было адаптаванае ўсiмi «прагрэсiўнымi» рухамi, што вяло да пашырэньня ягонага значэньня. Тым часам як лiбэральны канстытуцыялiзм высоўвае iдэi прадстаўнiцтва інтарэсаў, асноўных правоў, прававой дзяржаўнасьцi, падзелу ўладаў i абароны мяншыняў, радыкалы i сацыялiсты робяць нацiск на сацыяльнай роўнасьцi i самакiраваньнi (або суўдзеле ў кiраваньнi) як на перадумове эгалiтарнай дэмакратыi.
Эра рэстаўрацыi i контрарэвалюцыi, што пачалася з паражэньнем рэвалюцыi 1848 году, ня толькi падарвала веру ў лiбэральныя i дэмакратычныя iдэi, але i аслабiла дэмакратычны рух, здушыўшы або замарудзiўшы распачатыя працэсы дэмакратызацыi. Да таго моманту, калi лiбэральная буржуазiя ў Францыi i Прусii-Нямеччыне стала рэальнай грамадзкай сілай, яна цi адмаўлялася стаўляць пытаньне аб уладзе палiтычнай, цi была ня ў стане вырашыць яго на сваю карысьць.
Новая сiла, што, здавалася, была здольная паскорыць i завяршыць гэты працэс, паўстала ўзапар з рабочым рухам. Спантанны ўзрост насельнiцтва i выкліканая iндустрыяльнай рэвалюцыяй патрэба ў рабочай сiле стварылi зь безьзямельнай беднаты i найперш з кiраваных адукаванай лiбэральнай буржуазiяй працоўных-рамесьнiкаў новую клясу эўрапейскага грамадзтва: прамысловы пралетарыят. Лёзунг узьнятага пры гэтым «сацыяльнага пытаньня» стаецца цэнтральнай грамадзкай праблемай у дзяржавах, якiя раней або пазьней распачалi iндустрыялiзацыю i, павольна або iмклiва, рухалiся наперад. Паўсюднае фармаваньне рабочага руху зьвязала гэтае пытаньне, у спалучэньнi зь лiбэральнымi i дэмакратычнымi iдэямi, з патрабаваньнем сацыяльнай эманцыпацыi i палiтычнай раўнапраўнасьцi.
З прычыны таго, што прыватна-капіталістычныя сыстэмы мелі адно абмежаваную здольнасьць да разьвязаньня праблемаў, спалучаных з дэзынтэграцыйнымі тэндэнцыямі ў грамадзтве і сацыяльнымі канфліктамі, паўстала неабходнасьць умяшаньня дзяржавы, скіраванага на прадухіленьне крызысаў і зьмякчэньне канфліктаў. Такім чынам быў адкрыты шлях таму працэсу, вынікам якога стала мадэрная сацыяльная дзяржава зь ейным клопатам пра калектыўнае існаваньне і плянамерным разьмеркаваньнем сацыяльнага прадукту. Дзякуючы ўзьнікненьню прафсаюзаў, заснаваньню партыяў і аб’яднаньняў, паступальнаму пашырэньню выбарчага права і парлямэнтарызацыі дэмакратызацыя палітыкі, якая распачалася ўжо на мяжы XVIII і XIX стагодзьдзяў праз буржуазныя рухі, урэшце набыла шырэйшую базу, хоць і ні ў якім разе не непахісную, што драматычным чынам засьведчылі «крызыс лібэральнай сыстэмы і фашысцкія рухі» (Нольтэ) у першай палове XX стагодзьдзя.
Для дасьледаваньня палітычнай культуры і праблема дэмакратызацыі, зноў жа, разам з праблемай гістарычнага разьвіцьця, выклікае інтарэс з аналітычнага пункту гледжаньня, бо дасьледаваньню падлягаюць ня толькі гістарычныя працэсы дэмакратызацыі, іхныя скрыўленьні і запозьненыя наступствы, але таксама і ўнівэрсальныя, але спэцыфічныя ўстаноўкі паводзінаў і трывалыя якасьці «дэмакратычнай асобы». Адылі вельмі цяжка вызначыць гэты ідэальны тып такім чынам, каб унікнуць нарматыўна-аднабаковых абагульненьняў, каб дэфініцыя была дакладнай і тым ня менш эмпірычна зьмястоўнай. Гэтыя цяжкасьці праяўляюцца ўжо ў тым, што адпаведныя апэрацыяналізацыі[3] арыентуюцца, як правіла, на «аўтарытарную асобу», аднак «дэмакратычная асоба» ні ў якім разе не становіць ейнай пазытыўнай супрацьлегласьці. Фром (1980) і Адорна ды інш. (1950) ужо даўно паказалі больш ці менш значнае разыходжаньне паміж выяўнымі палітычнымі пазыцыямі і сукрытымі характэрнымі структурамі. Схільнасьць да аўтарытарных паводзінаў была выяўлена ня толькі сярод індывідаў, якія трымаюцца «правай» палітычнай пазыцыі і антыдэмакратычных паглядаў, але таксама і ў асобаў «левай» палітычнай арыентацыі (сяброў СПН і КПН).
Пад уплывам раньніх дасьледаваньняў з сацыяльнай псыхалёгіі антысэмітызму, аўтарытарызму і фашызму, Лясвэл у сваёй спробе дэфініцыі назваў чатыры прыкметы, якія павінны характарызаваць «дэмакратычную асобу»: (а) «адкрытае» эга; (б) плюралістычная сыстэма вартасьцяў; (в) давер да грамадзтва; (г) ураўнаважаная псыхічная структура (параўн. Berg-Schlosser 1981). Гэтыя элемэнты, аднак, пакуль застаюцца параўнальна агульнымі, прынамсі, іх нельга проста так выкарыстоўваць у эмпірычных дасьледаваньнях палітычных установак. Такія дасьледаваньні сутыкаюцца яшчэ і з праблемай таго, што апытаньні ў бальшыні выпадкаў не выходзяць за кагнітыўныя пазыцыі індывідаў. Аднак акурат для імаверных паводзінаў у экстрэмальных грамадзка-палітычных сытуацыях большае значэньне маюць, праўдападобна, глыбейшыя ўстаноўкі паводзінаў і мэнтальныя свомасьці характару. Ува ўсякім разе аказалася, што абстрактныя дэмакратычныя вартасьці здабываюць шырокае прызнаньне, але ў канкрэтнай сытуацыі хутка яго губляюць. Ведама, пазытыўнай ацэнкі заслугоўвае тое, што прыхільнасьць да дэмакратычных вартасьцяў павялічваецца разам з падвышэньнем фармальнай адукаванасьці, і ў маладзейшых узроставых групах яна больш выяўная, чымся ў старэйшых. Зь іншага боку, пра «дэмакратычную асобу» ў параўнаньні з моцна «аўтарытарнай» мы ведаем значна менш. Магчыма, гэта мае перадусім мэтадалягічныя прычыны, але, бадай, гэта паказвае таксама і на праблемы грамадзкай рэчаіснасьці і на маштаб ейнай дэмакратызацыі, як матэрыяльнай, так і сьвядомаснай.
Фашызацыя палiтыкi
Фашысцкiя рухi i рэжымы мiжваеннага часу наўрад цi можна вытлумачыць нейкай адной прычынай, але ў самым агульным сэнсе яны вынiкаюць з крызысу лiбэральнае сыстэмы i яе сацыяльна-клясавых адносінаў.
З узьнiкненьнем рабочага руху завастрыўся антаганiзм памiж iнтарэсамi капiталiстаў i рабочых. Участых на яго накладалася старая, даiндустрыяльная супярэчнасьць памiж кансэрватыўна-аграрнымi элiтамi i буржуазна-лiбэральнымi сiламi, прыхаваная іх сацыякультурным партнэрствам i палiтычным саюзам. Абодва гэтыя нявырашаныя клясавыя канфлiкты XIX стагодзьдзя сталiся цяжкай спадчынай для першай паловы XX стагодзьдзя, пагатоў, што непераадолены антаганiзм памiж iмпэрыялiстычнымi дзяржаўнымі сыстэмамі ўцягнуў Эўропу ў першую сусьветную вайну. Зь яе ўзьнiк ня толькi новы, але гэтым разам яшчэ i нецярпімы нацыяналiзм. Як рэакцыя на расiйскую кастрычнiцкую рэвалюцыю і радыкальныя лёзунгі сацыялiстаў i сацыял-дэмакратаў, шмат дзе, асабліва ў сярэднiх слаёх, пашырыўся ваяўнiчы антысацыялiзм i антыкамунiзм. Гэтыя клясы адчувалi пагрозу свайму iснаваньню адначасна з боку сучаснага індустрыяльнага капiталiзму, ягоных магутных арганiзацыяў, іх імкліва ўзрастаючай канцэнтрацыі і рацыяналізацыі. Матэрыяльныя i сацыяльна-псыхалягiчныя наступствы зацяжных грамадзка-эканамiчных крызысаў прыводзiлi таксама да агрэсiўна-антыкапiталiстычнай рэакцыi i выклікалі «панiку ў сярэдняй клясе» (Т.Гайгер), якая мела цяжкiя палiтычныя вынiкi.
Хаця фашызм i ўзьнік на глебе буржуазна-капiталiстычнай, лiбэральна-дэмакратычнай дзяржавы, уласнымi сiламi ў гэтых рамачных умовах ён ня змог бы заваяваць палiтычнай улады нiдзе ў Эўропе. Фашысцкiя рухi, што спачатна абапіраліся на мабiлiзаваныя i радыкалiзаваныя сындромам страху i пратэсту сялянскiя i дробнабуржуазныя масы, дасяглі посьпеху адно тады, калi здабылі больш цi менш адкрытую падтрымку нацыяналiстычных, кансэрватыўных, вайсковых i клерыкальных колаў. Ведама, гэтаму посьпеху iстотна паспрыяла палітычная аслабленасьць і паралюш рабочага руху, які доўгi час быў расколаты i ня здольны нi да нацыянальных, нi да iнтэрнацыянальных акцыяў салiдарнасьцi. Адно цяпер у розных частках Эўропы былi створаныя перадумовы для фашызацыi палiтыкi.
Гэты працэс у рамках гістарычнага і сыстэматычнага аналізу палітычных культураў выклікае інтарэс, зноў жа, ня толькі як праблема, зьвязаная з гістарычным разьвіцьцём ды спэцыфікай эпохі. Апроч гэтага, размова пра фашызацыю палітыкі паказвае на сукрытую небясьпеку падатлівых да фашызму, права-экстрэмісцкіх і аўтарытарных схільнасьцяў і мэнтальных структураў шырокіх, праўда, са зьменлівай сацыяльнай структурай, слаёў насельніцтва. На падставе рэакцыйнай, расісцкай ці элітарнай карціны чалавека, пачуцьця пагрозы калектыўнай і індывідуальнай ідэнтычнасьці, таксама перабольшанай пашаны да сям’і, народу і бацькаўшчыны галоўныя складнікі фашысцкай ці права-экстрэмісцкай арыентацыі складаюць перадусім антыплюралізм, аўтарытарызм, крытыка цывілізацыі, нацыяналізм і варожасьць да замежнікаў. Найбольш уплывовую да сёньня спробу выявіць «патэнцыйна антыдэмакратычны характар» пры дапамозе стандартызаванай шкалы (шкала фашызму) становіць сабой клясычнае дасьледаваньне Адорна і інш. (1950). Яго крытыкавалі з мэтадалягічнага гледзішча, а таксама знаходзілі хібы ў тэарэтычных перадумовах гэтага дасьледчага падыходу. Крытыкавалі перадусім тое, што адно псыхааналітычнай паводле сваёй сутнасьці тэорыі асобы, скіраванай на сацыялізацыю ў рамках сям’і ды аўтарытарную дэфармацыю структуры асобы ў раньнім маленстве, не стае для тлумачэньня сацыяльна рэлевантнай, сытуацыйна абумоўленай і залежнай ад кантэксту дзейнасьці (Roghmann 1966). Тое, што падчас аналізу ўмоваў «гатовасьці да прыняцьця фашызму» неабходна адрозьніваць і вылучаць сыстэматычныя сувязі паміж здабытым шляхам сацыялізацыі «стаўленьнем да мінуўшчыны» (сацыяльны і індывідуальны характар), сытуацыйным «стаўленьнем да сучаснасьці» (прыналежнасьць да групы; сацыяэканамічнае становішча) і сытуацыйна тлумачальным «стаўленьнем да будучыні» (спадзяваньні, магчымасьці выбару дзеяньня), падкрэсьліваў упаасобку Алі Вакер (1979, S.105 ff). З падобнай інтэнцыяй Гесэнгартэр (1983, S. 39 ff) выступаў за тое, каб зрабіць прадметам эмпірычна-параўнальнага дасьледаваньня аўтарытарызму розныя ўзроўні аналізу (мікраструктуру індывідуальнай сыстэмы асобы, палітычную сыстэму і грамадзкую макраструктуру) і ўзаемазалежнасьці паміж імі.
Гэтыя ўнівэрсальныя тэмы канфліктаў палітычнай культуры і яе структурныя прыкметы збольшага не належаць да дэмаскапічна ўлоўных фактараў, пры дапамозе якіх фармуецца грамадзкая думка. Паўстаўшы з кантэксту гісторыі і досьведу заходне-хрысьціянскага сьвету, яны сталі канстытуцыйнымі для індывідуальнага разуменьня палітыкі, грамадзтва, права, дзяржавы і ўласна асобы. З прычыны таго, што гэтым структурам успрыняцьця, ацэнкі і матывацыі палітыкі ўласьцівая большая ці меншая ступень унівэрсальнасьці, яны становяць сабой своеасаблівы найніжэйшы ўзровень у палітычнай культуры сфармаваных пад уплывам яе разьвіцьця народаў. Зрэшты, вызначальны ўплыў на фармаваньне канкрэтнага аблічча пэўнай нацыянальнай палітычнай культуры (культураў) робяць ня толькі прасторава-кліматычныя, дэмаграфічныя і сацыяэканамічныя варункі. Немалое значэньне мае яшчэ і тая акалічнасьць, калі і якім чынам узьнікалі і апрацоўваліся ў палітычным працэсе гэтыя тэмы канфліктаў. Зьмешчаны ніжэй нарыс разьвіцьця палітычнай культуры ў Нямеччыне можа патлумачыць гэта і ўвадначас зрабіць панятак больш навочным.
4. Палітычная культура ў Нямеччыне
Індустрыялізацыя без дэмакратызацыі: палітычная культура кайзэраўскай імпэрыі
Нямеччына на сваім шляху да мадэрнасьці менш як за сто гадоў спарадзіла чатыры такія супрацьлежныя сыстэмы ўлады, як імпэрыю кайзэра Вільгельма, Ваймарскую рэспубліку, нацыянал-сацыялістычны рэжым і Фэдэратыўную Рэспубліку. Для разуменьня сёньняшняй нямецкай палітычнай культуры гэтая акалічнасьць мае значэньне прынамсі зь дзьвюх прычынаў: Фэдэратыўная Рэспубліка не магла ці не схацела ідэнтыфікаваць сябе зь ніводнай з палітычных сыстэмаў, якія ёй папярэднічалі, тым больш што кажная зь іх паўставала зь перакрышу іншай. У той жа час галоўная рыса сыстэмы, аўтарытарна-антыдэмакратычная, пры ўсіх палітычных забурэньнях ды пераменах аказвалася дамінуючай, і яна працягвае ўплываць на палітычную культуру Фэдэратыўнай Рэспублікі; дэмакратычныя ініцыятывы, ад сялянскіх войнаў праз райнскіх якабінцаў, дарэвалюцыйны пэрыяд і рэвалюцыю 1848 году да лістападаўскай рэвалюцыі 1918—19 і рухаў супраціву ў Трэцім Райху ня здолелі запачаткаваць традыцыі.
Падчас узьнікненьня кайзэраўскай імпэрыі індустрыялізацыя йшла поўным ходам, і пры канцы гэтай эпохі Нямеччына зьдзейсьніла пераход ад аграрнай да індустрыйнай дзяржавы, але не перайшла да буржуазнай дэмакратыі. Насуперак гэтаму, у пруска-нямецкім грамадзтве зацьвердзіліся і панавалі да XX стагодзьдзя ўлучна даіндустрыйныя эліты і дадэмакратычныя вартасьці. Праўда, шпаркая індустрыялізацыя разбурыла за колькі дзесяцігодзьдзяў лад жыцьця і структуры сьвядомасьці, якія трывалі на працягу стагодзьдзяў. Аднак пачуцьцё разгубленасьці і неабароненасьці знайшло выйсьце перадусім у антыдэмакратычных рэакцыях, у мілітарызьме, нацыяналізьме, сацыялімпэрыялізьме[4], антысацыялізьме і антысэмітызьме, калі называць толькі найважнейшыя ідэалягічныя плыні таго часу.
Буржуазія была значна аслабленая палітычна ўжо ў 1848—1849 гадох, калі правалілася спроба дабіцца адначасова грамадзянскіх свабод і нацыянальнага адзінства, а ў прускім канстытуцыйным канфлікце 1862—1866 гадоў яна зазнала яшчэ адну цяжкую паразу. У віхуры захапленьня пераможнымі Бісмаркавымі войнамі з мэтай заснаваньня адзінай дзяржавы нацыянальна-лібэральнай буржуазіі падалося, што зьдзяйсьняюцца яе нацыянальна-палітычныя спадзяваньні. Кампраміс з манархіяй, хаўрус зь Бісмаркам яна разумела не як капітуляцыю, а як новы падмурак для сьцьвярджэньня сваіх інтарэсаў.
Але тое, што імпэрыя ўжо неўзабаве па гэткім бліскучым звонку заснаваньні зазнала доўгія эканамічныя крызысы, якія запачаткавалі эканамічную палітыку пратэкцыянізму, выклікала недавер да лібэралізму і ягоных уяўленьняў пра эканамічны лад і ўмагчыміла ўхваленьне нацыянал-лібэраламі закону супраць сацыялістаў, надзвычайнага закону. Гэта было падвойнай капітуляцыяй лібэралізму: перад уладай Бісмарка і перад прынцыпамі лібэральнай прававой дзяржавы. Тут замацаваўся той антыдэмакратычны сындром, які ўмагчыміў трывалы хаўрус паміж значнай часткай заможнай і адукаванай буржуазіі і даіндустрыйнымі элітамі.
У асноўным гэты сындром антыдэмакратычных установак можна схарактарызаваць пры дапамозе наступных азначэньняў:
1. Нацыяналізм. Ужо на пачатку існаваньня кайзэраўскай імпэрыі ён ператварыўся зь першапачатна «левай» у «правую», нецярпімую ідэалёгію, уласьцівую нацыянальна-лібэральнай буржуазіі. Разам з «фэадалізацыяй капіталістычнага грамадзтва ў Нямеччыне» (Кер) нацыяналізм стаўся інструмэнтам у руках элітаў для апраўданьня агрэсіі супраць вонкавых і нутраных «варагоў». Прайшоўшы праз сацыял-імпэрыялізм вільгельмаўскай эры, нацыяналізм, сацыяльнай базай якога выступае перадусім сярэдняя кляса, па першай сусьветнай вайне і Вэрсалю зазнае ўрэшце скрайнюю радыкалізацыю. На працягу гэтага часу ён убірае ў сябе антысэміцкія, культур-пэсымістычныя[5] і пангерманісцкія плыні і робіцца ядром «Нацыянальнай апазыцыі»[6], якая мае за мэту ўсталяваньне аўтарытарнай фюрэрскай дзяржавы шляхам правай рэвалюцыі.
2. Арыентацыя на «моцную» дзяржаву, вера ўва ўсемагутнасьць і нэўтральнасьць палітыкаў, якія кіруюць дзяржавай. Перадумовы для такога ўстановішча былі закладзеныя яшчэ лютэранскім разуменьнем веры і прафэсіі, а пратэстанцкая царква толькі ўзмацніла яго. Прыстасаванства і канфармізм былі пануючым узорам паглядаў і паводзінаў. У гэтым грамадзтве буржуазных падданьнікаў палітычны нонканфармізм, грамадзянская сьмеласьць, крытыка, пярэчаньне і канфлікт, калі яны ўвогуле і мелі месца, ніколі не ўважаліся за нешта натуральнае. Сутыкненьні і супярэчнасьці — абавязковыя і непазьбежныя ў індустрыйным грамадзтве на шляху мадэрнізацыі — альбо ігнараваліся і згладжваліся, альбо палітычных праціўнікаў і нязручныя мяншыні ганьбілі і выкрывалі як варагоў дзяржавы. Гэта давялося зазнаць палякам, каталіком падчас «культурнай барацьбы»[7], сацыял-дэмакратам і не ў апошнюю чаргу жыдом.
3. Пратэкцыянісцкая вычакальная пазыцыя. Сярэднія слаі грамадзтва бачылі ў разьвіцьці ў кірунку «арганізаванага капіталізму» такую ж самую пагрозу для сябе, як і ўва ўладзе картэлю буйных земляўласьнікаў і фабрыкантаў. Яны ўважалі, што ў якасьці «прадстаўнікоў і кіраўнікоў нармальнай маралі грамадзтва» (Лепсіюс) яны ў асаблівай ступені маюць права на дзяржаўную абарону і сацыяльна-пратэкцыянісцкія захады, і тым самым былі зацікаўленыя перадусім у палітычнай магутнасьці і разьмеркаваньні дабротаў.
4. Традыцыйны прускі мілітарызм. У выніку «гераічных» падзеяў войнаў у імя заснаваньня адзінай дзяржавы і без таго высокі грамадзкі прэстыж войска, ягоныя вартасьці ды жыцьцявыя формы зноў падняліся ў цане, упаасобку дзякуючы інстытуту афіцэраў запасу, які абяцаў буржуазным слаям сацыяльны ўздым і грамадзкі прэстыж. Дысцыпліна, камандаваньне і паслухмянасьць, гонар і адвага, парадак і гіерархія сталі пануючымі грамадзкімі нормамі, спаміж якіх наўрад ці маглі разьвіцца буржуазнае свабодалюбства, патрабаваньне сацыяльнай роўнасьці, гатовасьць да крытыкі і скепсыс узглядам аўтарытэтаў, здольнасьць ісьці на канфлікт і гатовасьць да кампрамісаў.
5. Антыасьветніцкія, антызаходнія, антымадэрнісцкія ўстаноўкі. Яны былі выразам глыбокай разгубленасьці ў галовах, экзыстэнцыйнага страху, пашыранага перадусім у сярэдніх і дробнабуржуазных слаях, і няпэўнай ідэнтычнасьці. У зьвязку зь вялікім крызысам буржуазнага капіталізму на пачатку трыццатых гадоў яны праявіліся напоўніцу. Сюды належыць часта апісванае заглыбленьне ў нутраны сьвет, у асабіста-непалітычную сфэру, «канстытуцыйная непрадвызначанасьць дачыненьняў надзейна абароненага нутранога і абумоўленага холадам ды абыякавасьцю вонкавага пачатку» (O.Нэгт). Аднак сюды ж належыць і так пранікліва раскрыты Эрнстам Блёхам (1962) фэномэн «неадначасовасьці».
6. У беспасярэдняй сувязі з гэтым стаіць крызысная ідэалёгія антысэмітызму, пра якую з прычыны ейнага асаблівага характару і беспрэцэдэнтных наступстваў абавязкова трэба сказаць колькі словаў. З шматстагодняй хрысьціянска-рэлігійнай варожасьці да жыдоў і ў зьвязку зь неразьвязанай дылемай, якая палягала ў прававой эманцыпацыі жыдоў і адначасна ў патрабаваньні іх самавырачэньня праз асыміляцыю, у апошняй траціне XIX стагодзьдзя ўзьнікла нацыяналістычная ідэалёгія. Крызыс буржуазнага лібэралізму, выкліканыя індустрыялізацыяй сацыяльныя зьмены ды разгубленасьць у галовах і, не ў апошнюю чаргу, псэўданатуразнаўчыя, сацыяльна-дарвінісцкія і расісцкія «вучэньні» спадарожнічалі і спрыялі гэтаму працэсу. Пасьля паразы ў першай сусьветнай вайне і перакрышу манархіі сярэдняя кляса і дробная буржуазія бачылі для сябе дзьве роўныя пагрозы — з боку буйнога капіталу і пралетарыяту. Антысэмітызм у гэты час выконваў ролю тэорыі пра казла адкупленьня, якая звальвала злыбеды часу на лібэралізм і капіталізм, сацыялізм і камунізм.
7. Антысацыялізм і антыкамунізм. Гэтая ня менш ваяўнічая ідэалёгія была скіраваная супраць рабочага руху, расколатага раней на розныя палітычныя кірункі, а падчас першай сусьветнай вайны разьяднанага і тым самым аслабленага арганізацыйна. Сацыял-дэмакраты ў кайзэраўскай імпэрыі нават пасьля скасаваньня закону супраць сацыялістаў уважаліся за «бязродных касмапалітаў» — за выняткам першай сусьветнай вайны, калі яны сьпярша былі патрэбныя бацькаўшчыне для ваенных дзеяньняў, а пры канцы яе існаваньня — каб дзякуючы «легендзе пра ўдар нажом у сьпіну»[8] зваліць на іх палітычную адказнасьць за ваенную паразу.
Гэтыя арыентацыі перадаваліся і кантраляваліся грамадзтвам празь сетку сацыялізацыйных інстытуцыяў, якія шчыльна ўзаемадзейнічалі ў адным і тым жа кірунку: сям’я, царква, народная школа, гімназія, унівэрсытэт, студэнцкія карпарацыі, вайсковая служба і прадпрыемства. У гэтым была закарэнена тая мэнтальнасьць «агрэсіўнай пакорлівасьці» (A.Miчэрліх), якая пазьней атрымала такі фатальны працяг. Гэтая палітычная культура знаходзіла сваё апірышча ў «альянсе трона й аўтарá», то бок у падтрымванай дзяржавай пратэстанцкай царкве, а таксама ў хаўрусе арыстакратычных і буржуазных элітаў, у «альянсе рыцарскай сядзібы і доменнай печы».
Гэтаму хаўрусу супрацьстаялі работнікі. Уздым сацыял-дэмакратыі, які ганьбілі і якога яшчэ задоўга да рэвалюцыі 1848 году баяліся як «чырвонага прывіда», дзякуючы закону супраць сацыялістаў быў хутчэй паскораны, чымся спынены. Ён увесь час будзіў у арыстакратыі і буржуазіі страх перад рэвалюцыяй. Зь іхнага гледзішча сацыял-дэмакраты заставаліся «ворагамі дзяржавы». Будучы ў першую чаргу аб’ектам рэпрэсіўных захадаў, яны, аднак, выкарысталі ў сваіх мэтах распачатую дзяржавай сацыяльную палітыку і ўзрост дабрабыту, пакуль яшчэ вельмі сьціплага; разам з тым пакупніцкая здольнасьць і ўзровень жыцьця нямецкіх работнікаў у кайзэраўскай Нямеччыне падвысіліся.
Рабочы рух палітычна і культурна быў менш ці больш чужы гэтаму грамадзтву і, тым ня менш, зросься зь ім. Г.Рот выкарыстаў для гэтага фэномэну трапны выраз «нэгатыўная інтэграцыя». Гэтая сытуацыя адлюстравалася ў своеасаблівай амбівалентнасьці паводзінаў рабочага руху, у якога рэвалюцыйныя спадзяваньні, скіраваныя на пераварот ці зьнішчэньне наяўнага парадку, спалучаліся з радыкалізмам на словах і палітычнай вычакальнай пазыцыяй. Кіраўнікі рабочага руху, якія нярэдка паходзілі з буржуазіі, уважалі сябе за «спадкаемцаў» буржуазнай дэмакратыі, што нагадваюць сталай цяпер рэакцыйнай буржуазіі пра ейныя былыя ідэалы асьветніцтва, гуманізму і лібэралізму. Нягледзячы на пэрманэнтнае выпаданьне з буржуазнага грамадзтва ці якраз дзякуючы яму прадстаўнікі рабочага руху прагнулі прызнаньня з боку грамадзтва: яны аніяк не хацелі «атрымаць таўро прыналежнасьці да «ніжэйшай» клясы без выхаваньня і адукацыі; таму яны сутаргава і часьцей несьвядома спрабавалі адхрысьціцца, прынамсі, ад найбольш відавочных прыкметаў клясавых адрозьненьняў, г.зн. па магчымасьці паводзілі сябе гэтак жа сама, як і іншыя… усё тыя ж маёмныя клясы, зь якімі вялася эканамічная і палітычная барацьба, у культурным стасунку прызнаваліся носьбітамі такога ладу жыцьця, які варта было пераймаць» (De Man 1926, S. 36).
У выніку таго, што сапраўднага канфлікту з культурай буржуазнага грамадзтва не адбывалася і што рабочы рух у вялікай ступені быў вымкнуты з гэтага грамадзтва, «канкурэнтная барацьба за буржуазныя «культурныя вартасьці» (Эміг) не дала вынікаў таксама (ці нават у першую чаргу) для дэмакратызацыі ўсяго грамадзтва. З узаемазалежнасьці рабочай партыі і рабочага культурнага руху паўстала палітычна-сацыяльная супольнасьць перакананьняў і ладу жыцьця, скіраваная перадусім усярэдзіну і заснаваная на адзінстве і салідарнасьці. Пры гэтым нутраны бок гэтага сацыяльнага асяродзьдзя, самазадаволеная абмежаванасьць арганізацыі рабочага руху, быў у аднолькавай ступені як умовай ягонай высокай і доўгатрывалай стабільнасьці, так і выразам ягонай грамадзкай ізаляцыі. Вонкавы ж бок гэтага асяродзьдзя, легальна-рэфармісцкая практыка сацыял-дэмакратычных прадстаўнічых органаў і абумоўлены ёю палітычны каляпс пазьнейшых гадоў, сьведчыць пра рост палітычна-культурнага ўплыву сыстэмы на рабочых: гэта быў дэмакратычна-сацыялістычны, у яго традыцыйным разуменьні, рух пратэсту; але напярэдадні першай сусьветнай вайны ягоная рэвалюцыйная сьвядомасьць была падарваная нацыяналізмам сацыялізацыяй у «вернападданьніцкім» духу, а ягоная субкультурная клясавая сьвядомасьць — верай у абарончую народную вайну.
Памiж Ваймарам i Бонам: ад радыкалiзацыi антыдэмакратычных настрояў да інавацыйных трансфармацыяў без дэмакратычнай традыцыi
Калі разьвіцьцё кайзэраўскай імпэрыі можна выразіць у фармулёўцы: індустрыялізацыя без дэмакратызацыі, дык Ваймарская рэспубліка месьціцца паміж палюсамі рэвалюцыі і контрарэвалюцыі. Кляўс Мэгерле і Пэтэр Штайнбах (1982, S. 12) апошнія па часе зьвярнулі ўвагу на тое, што «[Ваймарскую] рэспубліку ні ў якім выпадку нельга ацэньваць як загадзя вырачаную на перакрыш, з прычыны таго, што гэты экспэрымэнт ня быў прыняты масамі». Ува ўсякім разе, на карысьць гэтага сьведчыць той факт, што на выбарах у Ваймарскі нацыянальны сход у студзені 1919 г. партыі так званай Ваймарскай кааліцыі, СПН, НДП і Цэнтар, што выступалі за парлямэнцка-дэмакратычны канстытуцыйны лад, атрымалі 75% галасоў грамадзянаў, якія прыйшлі на выбары, што ўсё ж адпавядала прыкладна двум трацінам 36 мільёнаў выбарцаў. Але тады толькі завастараецца пытаньне аб тым, чаму ўжо праз 17 месяцаў, на выбарах у першы Райхстаг у чэрвені 1920 году, толькі адна траціна выбарцаў прагаласавала за партыі Ваймарскай кааліцыі. Рэспубліка страціла сваю бальшыню і ўжо не патрапіла здабыць бальшыню ізноў.
Ключавыя прыроджаныя дэфэкты Ваймарскай рэспублікі палягаюць у ейнай перадгісторыі, у працяканьні і наступствах рэвалюцыі. Цэнтральны клясавы канфлікт кайзэраўскай імпэрыі ў Ваймарскай рэспубліцы ня толькі захаваўся, ён стаў яшчэ вастрэйшым. З рэвалюцыяй, якая павінна была б стварыць новай рэспубліцы сацыяльную базу і ідэнтычнасьць, урэшце ніхто не схацеў і дагэтуль ня хоча сябе ідэнтыфікаваць. Для камуністаў і сацыялістаў яна зайшла недастаткова далёка, для правых жа, натуральна, задалёка, і нават СПН, стаўшы фактычна новай партыяй улады, у крытычных сытуацыях лічыла за лепшае вярнуцца да блізкай ёй з кайзэраўскай імпэрыі ролі апазыцыі. Парадаксальны зьбег акалічнасьцяў зь цяжкімі наступствамі: калі тыя, хто стварыў у форме Ваймарскай рэспублікі «сваю» дзяржаву, усё менш і менш былі здольныя ёй кіраваць, але і быць апазыцыяй насамрэч не хацелі, што ў канцавым выніку вылілася ў сумнеўную палітыку ўседазволенасьці, дык тых, хто ставіўся да «сыстэмы» варожа ці адстаронена, усё часьцей можна было ўбачыць на адказных пазыцыях.
Якімі б малымі ці вялікімі не прызнаваліся аб’ектыўныя і суб’ектыўныя магчымасьці дзейнічаць, якімі валодалі кіраўнікі рэвалюцыі 1918—1920 гадоў, з прычыны ейных згубных для рэспублікі наступстваў трэба прызнаць, што яна загрузла на палове шляху (Koльб). Бо хоць яна і зьмяніла палітычныя структуры, яна практычна не зьмяніла суадносінаў сілаў у грамадзтве вільгельмаўскай Нямеччыны. Памылковыя ацэнкі і недагляды з боку MSPD[9], яе адмова аслабіць уплыў OHL[10], правесьці вайскова-палітычныя рэформы і перадаць выканаўчую ўладу адказнаму перад парлямэнтам ураду, экспрапрыяваць буйныя зямельныя ўладаньні на ўсход ад Эльбы і райнскую цяжкую індустрыю, ня кажучы ўжо пра адмову ад палітычнай чысткі юстыцыі і міністэрскай бюракратыі — усё гэта разам выклікала фатальныя наступствы (Winkler 1969; Mommsen 1978).
Ува ўсякім разе, гэта зрабіла немалы ўнёсак у кантынуальнасьць антыдэмакратычнай палітычнай культуры кайзэраўскай імпэрыі і ў хуткі перакрыш «рэспублікі без рэспубліканцаў». Бо тое, што вораг рэспублікі перадусім палягае справа, як палымяна крычаў Вірт у Райхстагу пасьля забойства Эрцбэргера[11] і Ратэнаў[12], выступаючы супраць Гельфэрыха і нямецкіх нацыяналістаў, прадэманстравалі ўжо раньнія контрарэвалюцыйныя акцыі, путчы Капа-Лютвіца[13] і Гітлера, у пазыцыі войска і юстыцыі і не ў апошнюю чаргу ў паводзінах выбарцаў.
Калі вялікая частка рабочых з прычыны расчараваньня ў рэвалюцыі пераарыентавалася налева, да НСПН (Незалежная сацыял-дэмакратычная партыя Нямеччыны) альбо, пазьней, да КПН, сялянскія і буржуазныя сярэднія слаі больш і больш ссоўваліся направа, каб урэшце ў часе абвастрэньня крызысу стаць сацыяльнай базай нацыянал-сацыялістычнага руху пратэсту. Гэты працэс дэзынтэграцыі грамадзтва і палітычна-ідэалягічнай палярызацыі прымушае скіраваць позірк на палітычную арыентацыю і палітычныя паводзіны трох найважнейшых для стабільнасьці Ваймарскай рэспублікі групаў: рабочых, сярэдняй клясы і сялян.
Калі разгледзець сьпярша сацыяэканамічнае становішча гэтых трох групаў і магчымыя наступствы эканамічнага ўзьдзеяньня на іх, дык выйдзе наступны абраз (параўн. Bergmann / Megerle 1982, S. 376 ff): усе тры групы цяжка пацярпелі ад наступстваў вайны, інфляцыі і сусьветнага эканамічнага крызысу. Адылі, насуперак вельмі пашыранаму меркаваньню, галоўны цяжар ні ў якім разе ня выпаў разначынцам зь сярэдняй клясы, бо найбольшыя выпрабаваньні леглі на плечы рабочых. Але яшчэ ў горшым становішчы апыніліся сяляне, даходы якіх адставалі ад іншых групаў яшчэ перад першай сусьветнай вайной.
Параўнаньне вынікаў выбараў дазваляе вызначыць, як рана пачалася палітычная радыкалізацыя сялянскіх і буржуазных сярэдніх слаёў. Калі ў 1919 годзе вясковыя выбарцы ў старых цытадэлях кансэрватараў у значнай ступені адвярнуліся ад НННП (Нямецкай нацыянальнай народнай партыі) і далучыліся да СПН і НДП, дык ужо ў 1924 годзе кансэрватарам удалося вярнуць сабе сваіх былых выбарцаў, каб пасьля 1928 зноў згубіць іх. З пункту гледжаньня доўгатэрміновай пэрспэктывы і наяўнага стану рэчаў, НННП у якасьці кансэрватыўнай кааліцыйнай партыі не магла задаволіць прадстаўнікоў шматстайных групаў сялян, сярэдняй клясы, буйных аграраў і буйных прамыслоўцаў, а таксама іх інтарэсы. Разам з пачаткам аграрнага крызысу абвастрыліся ня толькі ўнутрыарганізацыйныя канфлікты, але таксама і прафэсійна-станавыя, рамантычна-кансэрватыўныя і нацыянальныя ідэалёгіі зазналі радыкалізацыю. Гэта пайшло на карысьць НСНРП (Нацыянал-сацыялістычнай нямецкай рабочай партыі) як «новай аграрнай партыі». Пасьля выбараў 1928 году яна зьмяніла стратэгію сваёй прапаганды і мабілізацыі выбарцаў і ў 1929-1930 гадох дасягнула вялікіх посьпехаў на вёсцы і ў мястэчках пратэстанцкай паўночнай, сярэдняй і ўсходняй Нямеччыны.
Але ў чым палягаюць матывы і прычыны росту незадаволенасьці і праваэкстрэмісцкай радыкалізацыі вялікай часткі сялянскага насельніцтва? – Найперш, безумоўна, ува ўзглядным згаленьні, зразуметым як выразная неадпаведнасьць паміж тым, што чалавеку належыць паводле ягонай самаацэнкі, і тым, чым ён фактычна валодае ў пэўнай сытуацыі ці чаго можа дасягчы. Гэта ўзмацняецца доўгатэрміновым фактарам палітычнай культуры, традыцыяналісцкай арыентацыяй усяго палітычнага аграрнага руху. Даіндустрыйныя традыцыі, прафэсійна-станавыя арыентацыі, антыпарлямэнцкія афэкты і прэтэнзія на дзяржаўную пратэкцыю пасьля 1918 году сутыкнуліся са зьмененымі грамадзкімі варункамі. Бэргман / Мэгерле нагадваюць аб тым, што пасьля зьнікненьня манархічнай дзяржавы, якая спрыяла інтэграцыі і ідэнтыфікацыі, калі сацыял-дэмакраты, якія заўсёды ўспрымаліся як пагроза, занялі вядучыя палітычныя пазыцыі і дзяржаўныя пасады, сяляне страцілі свой непрапарцыйны палітычны ўплыў.
Адылі спантаннасьць і радыкальнасьць базысных рэгіянальных сялянскіх рухаў, накіраваная ў канцавым выніку супраць арганізацыяў, якія абаранялі іхныя собскія інтарэсы, зробіцца цалкам зразумелай толькі тады, калі разгледзець сьледам за Лепсіўсам аснаватворную праблему інтэграцыі аграрнага сэктару ў сучаснае індустрыйнае грамадзтва. Жыцьцёва неабходная, на думку сялянства, прэтэнзія, паводле Лепсіюса, заўсёды палягала ў «захаваньні ягонай традыцыі і рэпрэзэнтацыі ягонай прэтэнзіі на значнасьць» (1966, S. 21) на нацыянальным узроўні. Адно дзеля гэтага ад канца 20-х гадоў эканамічныя тэндэнцыі ўспрымаліся сялянамі як прынцыповая пагроза для сялянскай субкультуры, і такое ўспрыняцьцё перарасло ў пачуцьцё, што іх выцясьняюць на ўзбочыну грамадзтва ці выцясьняюць зь яго ўвогуле: страх перад будучыняй, выйсьце зь якога, здавалася, прапанавала адно нацысцкая ідэалёгія адзінства нацыянальнага лёсу. Яна абяцала сялянскаму стану вяртаньне на адно зь вядучых месцаў.
Падобная эрозія падтачыла таксама і рамесны стан (параўн. Bergmann / Megerle 1982). Тое, што пачыналася эканамічнай незадаволенасьцю, падчас сусьветнага эканамічнага крызысу прывяло з сацыяльна-псыхалягічнага гледзішча да «панікі» (Т.Гайгер), а з палітычнага — да радыкалізацыі. Для поўнай карціны не стае толькі эканамічных прычынаў. Таксама ўзглядам усёй сярэдняй клясы як у даўнейшых, так і ў навейшых дасьледаваньнях зазначаецца роля доўгатэрміновага фактару палітычнай культуры, даіндустрыйнай і дадэмакратычнай арыентацыі вартасьцяў, якая налягала на тое, што аўтарытарная дзяржава — гарант захаваньня маёмасьці і сацыяльнага статусу. Апроч таго, працэс канцэнтрацыі вытворчасьці, які распачаўся пры канцы XIX стагодзьдзя, пасьля 1918 году атрымаў працяг і прывёў да драматычнага ўзросту асьцярогаў наконт выцясьненьня і зьнішчэньня якраз у дробнарамесным сярэднім стане, да таго ж яшчэ буржуазна-арыстакратычнае клясавае першынство, ужо перад сусьветнай вайной сумнеўнае, але заўсёды падтрымванае манархічнай дзяржавай, небясьпечна захісталася. Сацыял-дэмакраты, якіх баяліся як сьмяротнага ворага, ня толькі ўвайшлі ўва ўрад, яны нават дамовіліся да пэўнага супрацоўніцтва з часткай буржуазіі. Але дзеля гэтага сярэднія слаі пачуваліся заціснутымі паміж пралетарыятам, які набываў большае палітычнае і грамадзкае значэньне, з аднаго боку, і буржуазіяй, зь іншага боку. Нацыянальнае прыніжэньне ад паразы ў вайне і Вэрсальскай дамовы абвастрыла тэндэнцыі радыкалізацыі і антыдэмакратычную арыентацыю ня толькі старога, але таксама і новага сярэдняга стану, у самасьвядомасьць якога як бы быў убудаваны нацыяналізм як традыцыйнае апірышча дзяржавы (Лепсіюс).
Таксама і для тлумачэньня паводзінаў рабочых спроба простай эканамічнай інтэрпрэтацыі дае няшмат, бо беспасярэдняй узаемазалежнасьці паміж масавым беспрацоўем і ўзростам нацыянал-сацыялістычнага руху няма. Спасярод буйных грамадзкіх групаў не было параўнальна больш адпорнай да нацыянал-сацыялізму групы, як рабочыя. Хоць СПН як партыя, апазыцыйная кайзэраўскай імпэрыі, проста мусіла быць вядучай сілай і апорай рэспублікі, стаўленьне рабочых да Ваймарскай рэспублікі заставалася хутчэй амбівалентным, пагатоў пасьля путчу Капа, што паспрыяў іх нутраному дыстанцыяваньню ад рэспублікі, якую цяпер пачалі называць «буржуазнай».
Але тое, што бальшыня рабочых, якія пацярпелі ад эканамічных крызысаў у такой жа меры, як сярэдняя кляса і сяляне, зрадыкалізавалася вельмі нязначна, трэба тлумачыць цалкам іншай роляю палітычных арганізацыяў рабочага руху. Яны не заахвочвалі да антыдэмакратычных афэктаў і, звыш таго, здолелі прывярнуць сабе значную частку рабочых, якія ў пэрыяд рэвалюцыі схінуліся ўлева. Апроч таго, традыцыйныя арганізацыі станавіліся для рабочых, якія ніколі не адмаўляліся ад лучнасьці са сваім сацыяльным асяродзьдзем, спэцыфічнай для іх клясы сыстэмай каардынатаў. Лепсіюс абгрунтаваў гэта тым, што прадстаўнічыя арганізацыі рабочых былі беспасярэдне зьвязаныя зь іхнай субкультурай, з багатымі на традыцыі сацыяльнымі, адпачынковымі і асьветнымі ўстановамі іхнага сацыяльнага асяродзьдзя і што ў іхным выпадку спэцыфічная для асяродзьдзя ці для клясы арыентацыя была нашмат мацней інстытуцыялізаваная, чымся, напрыклад, у сярэдніх слаёў. Як і каталіцкае асяродзьдзе, сацыял-дэмакратычнае і сацыялістычнае асяродзьдзе тым самым атрымала пэўную аўтаномію ў рамках усяго грамадзтва.
Традыцыйныя схільнасьці, сацыялізацыйна-гістарычны досьвед і самаацэнка сацыяльнага становішча, прайшоўшы праз вострыя крызысы, згусьціліся ў сындром выяўных узораў арыентацыяў і паводзінаў, які проста-такі прадвызначыў ператварэньне вялікай часткі сялянскіх і буржуазных сярэдніх слаёў у базу права-экстрэмісцкага руху пратэсту. Адпавядае праўдзе цьверджаньне, што НСНРП абавязана сваім канчатковым посьпехам ня толькі гэтай базе, але, бадай, акурат яна забясьпечыла ўздым нацыянал-сацыялістаў. Бо тым часам як рабочыя, перадусім сталага веку, яшчэ заставаліся вернымі сваёй клясавай сьвядомасьці, калі карычневы тэрор ужо працяў Нямеччыну, дык студэнты, настаўнікі, унівэрсытэцкія выкладнікі, урадоўцы, службоўцы, крамнікі, рамесьнікі і сяляне вялізным грудам рушылі за свастыкай.
Каб унікнуць непаразуменьня: тут не прэзэнтуецца меркаваньне, што перамогу фашызму ў Нямеччыне трэба разумець адно як вынік раптоўнага масавага псыхозу ці лятэнтна ўласьцівага вялікай частцы насельніцтва «аўтарытарнага» або «садамазахісцкага характару», які Райх, Фром, Адорна ды інш. аналізавалі і апісвалі як прадукт ненармальнага разьвіцьця ў раньнім маленстве. Гэтаму сацыяльна-псыхалягічнаму падыходу не стае ня толькі сувязі з сучаснай сытуацыяй, але таксама і сувязі з будучыняй, празь якую тлумачыцца сытуацыя. Калі б не найбуйнейшы дагэтуль крызыс капіталізму, калі б ня ўвага і падтрымка з боку буйной індустрыі, войска і буйных земляўласьнікаў, Гітлер не завалодаў бы палітычнай уладай, аднак ён таксама не завалодаў бы ёю, каб ня слабасьць рабочага руху, расколатага ідэалягічнымі разыходжаньнямі, рознымі інтарэсамі і арыентацыямі, а таксама надзвычай памылковымі ацэнкамі стану рэчаў.
Што адбылося пасьля 1945? Ці адбылася пасьля ваеннай паразы нямецкага фашызму перамена, паступовае абнаўленьне, г.зн. дэмакратызацыя нашай палітычнай культуры? Эмпірычнае дасьледаваньне палітычнай культуры — спасылаючыся перадусім на апытаньні насельніцтва — пераважна ўспрымае гэта як адбыты факт (Conradt 1980). Але сумневы ўсё-такі прысутнічаюць. Ува ўсякім разе, у палітычных працэсах семдзясятых і восемдзясятых гадоў яны знаходзяць дастаткова шмат пацьверджаньняў.
Бадай, бліжэй да гістарычнай праўды было б выходзіць з таго, што пасьля 1945 году арыентацыі і паводзіны насельніцтва сьпярша ня дужа адрозьніваліся ад таго, чаго яно вучылася і што яно рабіла дагэтуль. У непалітычнай сфэры асабістых дачыненьняў, вяртаньне да якое адбывалася паскоранымі тэмпамі, штодзённае жыцьцё ішло пад знакам працы і адбудовы, спажываньня і рэляксацыі. Але ўсё гэта — і гэтая адстароненая ад дзяржавы і палітыкі ды нібыта вольная ад ідэалёгіі сфэра, і прышчэплены з ваймараўскіх часоў амэрыканізм, які моцна ўплываў на штодзённае жыцьцё і масавую культуру — было ўжо ў нацысцкай Нямеччыне, перадусім у трыццатыя гады, як гэта нядаўна паказаў Ганс-Дытэр Шэфэр (1982).
Адбудова пасьля 1945 году магла знайсьці апірышча, прынамсі, у непадарванай арыентацыі на эфэктыўную працу і спажываньне: «Made in Germany» заступіла месца «Тысячагадовага Райху». Парахункі зь мінуўшчынай, адбудова і новы эканамічны ўздым, паўторнае ўзбраеньне і інтэграцыя ў заходнія хаўрусьніцкія сыстэмы ёсьць знакамі дэідэалягізаванай, у значнай меры непалітычнай эры. Кантынуальнасьці амэрыканізму адпавядала ўзмоцненая існаваньнем НДР кантынуальнасьць антыкамунізму. І першая, і другая ў грамадзтве эфэктыўнай працы і спажываньня мелі і маюць свой стабільны фундамэнт, угрунтаваны пераважна на матэрыяльных вартасьцях.
Пэрспэктывы: рэспубліка на шляху пераменаў?
Калі першыя два дзесяцігодзьдзі пасьля 1945 году былі часам матэрыяльнай адбудовы, палітычнай стабільнасьці, выцясьненьня нацысцкай спадчыны і новай самазадаволенасьці, дык пэрыяд каля 1968 году вызначаецца зьменай пакаленьняў і палітычна-культурным пераломам. Вялікая кааліцыя і законы пра надзвычайнае становішча, студэнцкі рух і пазапарлямэнцкая апазыцыя на пэўны час зрабілі праблему дэмакратызацыі палітыкі і грамадзтва галоўнай тэмай заходненямецкай нутраной палітыкі. «Разьвітаньне з аўтарытарнай дэмакратыяй» падавалася неабходным і магчымым; лёзунг заклікаў: «Больш дэмакратыі!». Пытаньні палітычнай ідэнтычнасьці Фэдэратыўнай Рэспублікі, легітымнасьці ейнага палітычнага ладу і паходжаньня ейных палітычных традыцыяў упершыню зьявіліся на парадку дня. І тут выяўляецца, што «прававы і палітычны шок» (Мац) у выніку крышу або вызваленьня ад нацыянал-сацыялізму падчас зьмены пакаленьняў меў падвойныя наступствы. Насельніцтва Фэдэратыўнай Рэспублікі спачатку мела толькі слабое афэктыўнае дачыненьне да палітычнай сыстэмы, выяўна схіляючыся да палітычнай апатыі. Палітычны лад Фэдэратыўнай Рэспублікі толькі дзякуючы студэнцкаму руху ўпершыню сутыкнуўся з тым, што да яго выстаўляюць высокія маральныя патрабаваньні (Matz / Schmidtchen 1983, S. 63 ff). Праўда, гэты парыў, накіраваны на рэформу палітычнай сыстэмы, неўзабаве скончыўся нічым. Але новыя тэндэнцыі, успрынятыя як небясьпечная для жыцьця пагроза, «межы ўзросту», разбурэньне навакольнага асяродзьдзя, якое зайшло надта далёка, і неўтаймаваная эскаляцыя гонкі ўзбраеньняў трымалі грамадзтва ў руху і рабілі палітычна-грамадзкую сьвядомасьць вялікай часткі насельніцтва, перадусім маладзейшай генэрацыі, больш адчувальнай да структурных крызысаў і прававых праблемаў.
Калі на гэтым фоне ставіцца пытаньне, ці засьведчылі вынікі дасьледаваньняў грамадзкай думкі магчымасьць дэмакратызацыі заходненямецкага насельніцтва, што ў першыя пасьляваенныя гады ацэньвалася хутчэй скептычна, і калі засьведчылі, дык у якой ступені, выйдзе наступны спрошчаны абраз (да гэтай тэмы параўн. асабліва Conradt 1980; Greiffenhagen 1979 i 1984; Matz / Schmidtchen 1983; Klages / Herbert 1983; Baker ды інш. 1981; IFD-Untersuchung 1979): пры канцы семдзясятых гадоў дзевяноста адсоткаў апытаных увогуле былі задаволеныя дэмакратыяй, прычым у стаўленьні да дэмакратыі не існавала істотных адрозьненьняў паміж рознымі сацыяэканамічнымі (паводле прафэсіі, адукацыі), дэмаграфічнымі (паводле веку, полу) і палітычнымі (паводле партыі, якой аддаюць перавагу) групамі. Згодна з гэтым, у пытаньні асноваў палітычнага ладу і палітычнай сыстэмы ў Фэдэратыўнай Рэспубліцы пануе трывалая згода. Апытаньні грамадзкай думкі, такім чынам, адно пацьвердзілі тое, што мы, здаецца, ведалі і бязь іх: Бон — гэта ня Ваймар. Але наколькі моцна такая сыстэма палітычнай улады ўкаранілася ў грамадзтве, у якім семдзесят адсоткаў, праўда, уважаюць, што гэтая дзяржаўная форма для іх краіны найлепшая, аднак амаль адна пятая ня можа вызначыцца і адзінаццаць адсоткаў усё-ткі думае, што ёсьць і лепшыя? У абсалютным пераліку на дарослае насельніцтва гэта амаль пяць мільёнаў, якія складаюцца збольшага з маладых, фармальна лепей адукаваных, схільных хутчэй да левых, чымся да правых паглядаў: ці становяць яны небясьпеку для наяўнай сыстэмы, ці яны ёсьць неабходнымі дрожджамі для працэсу разьвіцьця грамадзтва і ягоных інстытуцыяў, для будучыні?
Што да найважнейшых задачаў на будучыню, тры чвэрці апытаных выказваюць давер здольнасьці нашай палітычнай сыстэмы да разьвязаньня праблемаў. Калі падчас крызысу цэнаў на нафту, застою кан'юнктуры, пры канцы канцлерства Вілі Бранта каля пятай часткі апытаных грамадзянаў яшчэ выказваліся за аднапартыйную сыстэму з моцным урадам, дык пры канцы семдзясятых колькасьць такіх ужо зьменшылася ўдвая. Фрагмэнтацыя палітычнай супольнасьці на ізаляваныя лягеры, кажнаму зь якіх уласьцівае сваё сацыякультурнае асяродзьдзе, стала нашмат меней выразнай. Перамены адбыліся таксама і што да ўдзелу альбо гатовасьці да ўдзелу ў палітыцы. Доля немцаў, якія цікавяцца палітыкай, у апошнія гады бесьперапынна падвышалася. Адылі цікавасьць да палітыкі ў параўнаньні зь іншымі жыцьцявымі пытаньнямі (сям’я, прафэсія, вольны час і да т.п.) зусім не выходзіць на першы плян. У Фэдэратыўнай Рэспубліцы, як прынята меркаваць, ёсьць каля дзесяцёх адсоткаў ангажаваных, добра інфармаваных, актыўных грамадзянаў альбо стваральнікаў грамадзкай думкі, якім супрацьстаіць прыкладна такая самая колькасьць асобаў, якія не цікавяцца палітыкай, якія кепска інфармаваныя і палітычна хутчэй абыякавыя; найбольшая частка грамадзянаў ФРН, нашмат большая за іншыя дзьве, знаходзіцца паміж гэтымі двума полюсамі.
Пры гэтым выяўляецца, што падвышэньне цікавасьці да палітыкі наўпрост суадносіцца з узмацненьнем падтрымкі найважнейшых вартасьцяў і палітычных інстытуцыяў. Палітычная актыўнасьць, якая ў Нямеччыне калісьці была паказьнікам антысыстэмнай пазыцыі, цяпер увогуле становіць працэс, які ўзмацняе палітычную сыстэму. Адстаўка Адэнаўэра, Вялікая кааліцыя, Пазапарлямэнцкая апазыцыя, зьмена ўлады ў 1969, палітычныя новаўвядзеньні сацыяльна-лібэральнай кааліцыі, вотум недаверу ў Бундэстагу, моцны грамадзкі ўдзел у перадвыбарнай барацьбе 1972 і 1976 гадоў і не ў апошнюю чаргу ўзьнікненьне грамадзкіх ініцыятываў і новых сацыяльных рухаў становяць сабой вонкавыя прыкметы большай цікавасьці насельніцтва да палітыкі і пашырэньня палітычнай камунікацыі, альбо памяншэньня палітычнага недаверу да трэціх асобаў. Так ці йнакш, доля тых, хто мяркуе, што можна свабодна выказваць сваю думку, ад пяцьдзесяцёх зь нечым адсоткаў на пачатку 1950-х гадоў за трыццаць гадоў падвысілася да восемдзесяцёх з добрым гакам адсоткаў.
Адылі ўсярэдзіне 1970-х гадоў гэтая крывая мае значны злом, што тлумачыцца ўпаасобку рэакцыяй маладзейшых людзей зь лепшай школьнай адукацыяй на пагаршэньне палітычнага клімату праз пастанову пра радыкалаў[14], забарону на прафэсію і барацьбу з тэрарыстамі. Гэты выклік для дэмакратыі паказаў, што ўвогуле ад сьвядомасьці свабоднай і прававой дзяржавы ў Фэдэратыўнай Рэспубліцы магчымы адкат. На думку апытаных, не пастанова пра радыкалаў, а паводзіны паліцыі падчас дэманстрацыяў ці крымінальны перасьлед на падставе падазрэньняў у палітычных сымпатыях абмежавалі свабоду індывіда. Прынамсі пры тагачасных унутрыпалітычных варунках занепакоенасьць магчымым пагаршэньнем узроўню жыцьця і страх перад грамадзкімі хваляваньнямі ды бракам дзяржаўнага парадку былі мацнейшыя, чымся занепакоенасьць і страх, якія будзіла пагроза асноўным дэмакратычным правам. Санкцыянаванае канстытуцыйным судом увядзеньне новага палітычнага панятку — «вораг канстытуцыі» — працягнула сумнеўную традыцыю, карані якой паўз «ворага народу» сягаюць да «ворага райху».
Нельга не адзначыць таксама і перамены ў формах і інтэнсіўнасьці ўдзелу ў палітыцы. Пры гэтым адначасова адбывалася зьмяненьне на карысьць усё больш пазытыўнага стаўленьня да розных формаў удзелу ў палітыцы і зьяўленьне новых формаў удзелу ў палітыцы, упаасобку ўзьнікненьне грамадзянскіх ініцыятываў. Калі ў 1973 годзе ўжо трэцяя частка дарослага насельніцтва была гатовая далучыцца да якой-небудзь грамадзянскай ініцыятывы, дык у канцы семдзясятых гэтая лічба дасягла прыкладна сарака адсоткаў. Мяркуюць, што на той момант у 3000 грамадзянскіх ініцыятываў былі прыцягнутыя больш як два мільёны людзей.
Спэцыялісты па эмпірычных сацыяльных дасьледаваньнях тлумачаць якасную і колькасную стабілізацыю заходненямецкай дэмакратыі, выражаную ў гэтых тэндэнцыях і настроях грамадзкай думкі, перадусім наступнымі чатырма фактарамі:
1) дасягненьні палітычнай сыстэмы, асабліва эканамічны дабрабыт;
2) зьмененая сацыяльная структура;
3) сацыялізацыя пасьляваеннага пакаленьня;
4) адсутнасьць імавернай палітычнай альтэрнатывы лібэральна-капіталістычнай сыстэме.
Адылі гэткі балянс усё ж ня можа затушаваць слабіну нямецкай палітычнай культуры. Сутыкненьне, спрэчка, канфлікт ды іншадумства ў Нямеччыне да сёньня надта часта няправільна трактуюцца, дыскрымінуюцца і часам нават паддаюцца крымінальнаму перасьледу як перашкода, калі ўвогуле не патэнцыйна разбуральная небясьпека для палітыкі і грамадзтва. Марцін Грайфэнгаген (1984, S. 65 ff) зазначыў, што гэтыя зьявы сьведчаць пра «палітычна-гістарычную спадчыну моцнага імкненьня да палітычнай аднастайнасьці». Ёй спадарожнічае недастаткова разьвітая «цярпімасьць да неаднароднасьці», няздольнасьць трываць і прымаць канфліктныя сытуацыі і супярэчнасьці як элемэнт якой-любя палітыкі. Гэтая выснова заслугоўвае на ўвагу якраз у зьвязку з патэнцыялам права-экстрэмісцкай арыентацыі, які быў дасьледаваны ў рамках праекту SINUS (каля 13 адсоткаў заходненямецкіх выбарцаў), бо да цэнтральных элемэнтаў сындрому права-экстрэмісцкай арыентацыі разам з нацыяналізмам і ксэнафобіяй належыць пагарда да перамоваў ды кампрамісаў, «пашана да прамога дзеяньня», «патрабаваньне дысцыпліны і цьвёрдасьці». Ува ўсякім разе, нельга легкадумна прыніжаць значэньне правага экстрэмізму ў Фэдэратыўнай Рэспубліцы як «нармальнай паталёгіі свабодных індустрыйных грамадзтваў» (Шоўх), пагатоў не выпадае гэтага рабіць на фоне найноўшай нямецкай гісторыі.
Дык як стаяць сёньня справы ў Фэдэратыўнай Рэспубліцы? Ці вызначае іх адбытая перамена, пасьпяховая дэмакратызацыя нашай палітычнай культуры? Ці іх вызначае «паварот» зь ягонымі нэакансэрватыўнымі і правымі нападамі на сацыяльную дзяржаву, лібэральную дэмакратыю і новыя сацыяльныя рухі (параўн. Fetscher 1983)? Высновы дваістыя, іхная ацэнка — супярэчлівая. Калі кансэрватыўныя сацыёлягі кажуць пра небясьпеку зарадыкальнага рэфармізму і замоцнай грамадзянскай актыўнасьці, зь якімі дэмакратыя ў рэшце рэшт можа ня даць сабе рады, то іхныя больш прагрэсіўныя калегі ўважаюць ціск актыўных грамадзянскіх рухаў з мэтай умацаваньня дэмакратычных асноваў грамадзтва за патрэбны і карысны (Greiffenhagen 1984, S. 72).
Ацэнкі супярэчлівыя настолькі, наколькі супярэчлівай падаецца рэчаіснасьць. Паводле сваіх собскіх выказваньняў, немцы сёньня маюцца так добра, як ніколі раней. Зь іншага боку, узрастае разгубленасьць і страх перад будучыняй. Адзін сымптом — тое, што людзі адварочваюцца ад дзяржавы, ад палітыкі ўвогуле, іншы сымптом — тое, што яны паварочваюцца да зялёных і шматлікіх рухаў пратэсту. Тым ня менш, так званыя старыя партыі (O.Шылі), здаецца, яшчэ зусім ня вычарпалі свайго патэнцыялу; гнуткасьць, інтэграцыйная сіла і здольнасьць да інавацыяў палітычнай сыстэмы і ейнай палітычнай культуры падаюцца збалянсаванымі і дзеяздольнымі. Пачаткаў дэмакратызацыі грамадзтва нельга не заўважыць, але, праўдападобна, галоўнае выпрабаваньне дэмакратыі яшчэ чакае нас наперадзе. Ува ўсякім разе, лібэральнасьць і здольнасьць вырашаць канфлікты ў заходніх немцаў пакуль яшчэ не зазнавалі выпрабаваньня, пасьля якога мы маглі сьцьвярджаць наяўнасьць у іх гэтых якасьцяў у поўным аб’ёме.
Літаратурныя жаролы
Adorno, Th. W. et al. 1969 (1950): Der autoritäre Charakter. Studien über Autorität und Vorurteil, 2 Bde., Amsterdam.
Almond, G. A. / Verba, S. 1963: The Civic Culture. Political Attitudes and Democracy in Five Nations, Princeton.
Baker, K. L. et al. 1981: Germany transformed. Political Culture and the New Politics, Cambridge / Mass.
Barnes, S. H. / Kaase, M. et al. 1979: Political Action. Mass Participation in Five Western Democracies, Beverly Hills.
Bergmann, J. / Megerle, K. 1982: Gesellschaftliche Mobilisierung und negative Partizipation. Zur Analyse der politischen Orientierung und Aktivitäten von Arbeitern, Bauern und gewerblichem Mittelstand in der Weimarer Republik; in: P. Steinbach (Hrsg.): Probleme politischer Partizipation im Modernisierungsprozeß, Stuttgart, S. 376—437.
Berg-Schlosser, D. 1981: Demokratische Persönlichkeit; in: M. Greiffenhagen et al. (Hrsg.): Handwörterbuch zur politischen Kultur der Bundesrepublik Deutschland, Opladen, S. 123—130.
Bloch, E. 1962: Erbschaft dieser Zeit, Frankfurt/M.
Brüggemann, H. et al. 1978: Über den Mangel an politischer Kultur in Deutschland, Berlin.
Conradt, D. 1980: Changing German Political Culture; in: G. A. Almond / S. Verba (eds.): The Civic Culture Revisited, Boston, S. 212—72.
Conze, W. u.a. 1972: Demokratie; in: O. Brunner / W. Conze / R. Koselleck (Hrsg.): Geschichtliche Grundbegriffe. Historisches Lexikon zur politisch-sozialen Sprache in Deutschland, Bd. l, Stuttgart, bes. S. 873 ff.
De Man, H. 1926: Der Sozialismus als Kulturbewegung, Berlin.
Dierse, U. 1982: Ideologie, in: O. Brunner / W. Conze / R. Koselleck (Hrsg.): Geschichtliche Grundbegriffe. Historisches Lexikon zur politisch-sozialen Sprache in Deutschland, Bd. 3, Stuttgart, S. 131—169.
Dittmer, L. 1981: The Comparative Analysis of Political Culture; in: ZENAF (ed.): Political Culture in the United States in the Seventies: Continuity and Change, Frankfurt/M.
1977: Political Culture and Political Symbolism. Toward a Theoretical Synthesis, in: Worid Politics, vol. 29, S. 552—583.
Dyson, K. H. 1980 a: The State Tradition in Western Europe. A Study of an Idea and Institution, Oxford.
— 1980 b: Die Ideen des Staates und der Demokratie. Ein Vergleich «staatlich verfaßtem und «nicht staatlich verfaßtem Gesellschaften; in: Der Staat, Bd. 19, S. 485—515.
Easton, D. 1975: A Re-assessment of the Concept of Political Support, in: British Journal of Pol. Sc., vol. 5, S. 435—457.
Elias, N. 1977 (1936): Über den Prozeß der Zivilisation. Soziogenetische und psychogenetische Untersuchungen, 2 Bde., Frankfurt/M.
Emig, B. 1980: Die Veredelung des Arbeiters. Die Sozialdemokratie als Kulturbewegung, Frankfurt/M.
Fenner, Chr. 1983: Politische Kultur; in: M. G. Schmidt (Hrsg.): Westliche Industriegesellschaften. Pipers Wörterbuch zur Politik, Bd. 2, München.
Fetscher, I. (Hrsg.) 1983: Neokonservatismus und «Neue Rechte». Der Angriff gegen Sozialstaat und liberale Demokratie in den Vereinigten Staaten, Westeuropa und der Bundesrepublik, München.
— (Hrsg.) 1976: Grundbegriffe des Marxismus. Eine lexikalische Einführung, Hamburg.
Fromm, E. 1980: Arbeiter und Angestellte am Vorabend des Dritten Reiches. Eine sozialpsychologische Untersuchung, Stuttgart.
Gessenharter, W. 1983: Autoritarismus; in: E. Lippert / R. Wakenhut (Hrsg.): Handwörterbuch der Politischen Psychologie, Opladen, S. 39—48.
— et al. 1978: Rechtsextremismus als normativ-praktisches Forschungsproblem, Weinheim.
Greiffenhagen, M. 1984: Vom Obrigkeitsstaat zur Demokratie: Die politische Kultur in der Bundesrepublik Deutschland; in: P. Reichel (Hrsg.): Politische Kultur in Westeuropa, Frankfurt/Bonn, S. 52—76.
— 1981: Die Aktualität Preußens. Fragen an die Bundesrepublik, Frankfurt/M.
— u. S. 1979: Ein schwieriges Vaterland. Zur politischen Kultur Deutschlands, München.
Horkheimer, M. 1936: Studien über Autorität und Familie. Forschungsberichte aus dem Institut für Sozialforschung, Paris.
Huntington, S. 1966: Political Modernization: America vs. Europe; in: Worid Politics, vol. 18, S. 378—414.
UFD-Untersuchung 1979: Demokratie-Verankerung in der Bundesrepublik Deutschland, Allensbach.
Inglehart, R. 1977: The Silent Revolution. Changing Values and Political Styles Among Western Publics, Princeton.
Klingemann, H. D. 1976: Party Identification, Ideological Preference, and the Left-Right-Dimension Among Western Mass Publics; in: I. Budge / I. Crewe / D. Farlie (eds.): Party Identification and Beyond, London.
Kaase, M. (Hrsg.) 1977: Wahlsoziologie heute. Analysen aus Anlaß der Bundestagswahl 1976, PVS Sonderh. 18.
— 1983: Sinn und Unsinn des Konzepts Politische Kultur für die vergleichende Politikforschung; in: M. Kaase / H. D. Klingemann (Hrsg.): Wahlen und politisches System: Analysen aus Anlaß der Bundestagswahl 1980, Opladen.
Kavanagh, D. 1980: Political Culture in Britain: The Decline of the Civic Culture; in: G. A. Almond / S. Verba (eds.): The Civic Culture Revisited, Boston.
Kehr, E. 1970: Der Primat der Innenpolitik, Berlin.
Klages, H. / Herbert, W. 1983: Wertorientierung und Staatsbezug. Untersuchungen zur politischen Kultur in der Bundesrepublik Deutschland, Frankfurt/M.
Klingemann, H.D. 1983: Politische Ideologie; in: M. G. Schmidt (Hrsg.): Westliche Industriegesellschaften. Pipers Wörterbuch, Bd. 2, München, S. 326—33.
Kolb, E. 1984: Die Weimarer Republik, München / Wien.
Lane, R.E. 1962: Political Ideology, New York.
Lepsius, R.M. 1966: Extremer Nationalismus, Strukturbedingungen vor der nationalsozialistischen Machtergreifung, Stuttgart.
Lipset, S. M. 1960: Political man: the social bases of politics, Garden City / New York.
Marx-Engels-Studienausgabe 1966. Hrsg. von I. Fetscher, Frankfurt/M.
Matz, U. / Schmidtchen G. 1983: Gewalt und Legitimität (Analysen zum Terrorismus, Bd. 4/1), Opladen.
Megerle, K./Steinbach P. 1982: Politische Kultur in der Krise. Neuere Beiträge zur Bestimmung der politischen Kultur in der Weimarer Republik; in: PVS-Literatur, 22. Jg., S. 123—157; 23. Jg., S. 6—26.
Mommsen, W.J. 1978: Die deutsche Revolution 1918—1920. Politische Revolution und soziale Protestbewegung, in: Geschichte und Gesellschaft, 4. Jg., S. 362—391.
Moore, B. 1982: Ungerechtigkeit. Die sozialen Ursachen von Unterordnung und Widerstand, Frankfurt/M.
Münch, P. 1984: Ordnung. Fleiß und Sparsamkeit. Texte und Dokumente zur Entstehung der «bürgerlichen Tugenden», München.
Neumann, S. 1977 (1932): Die Parteien der Weimarer Republik, Stuttgart.
Pappi, F. U. / Laumann, E.O.1974: Gesellschaftliche Wertorientierungen und politisches Verhalten; in: Zs. f. Soziologie, 3. Jg., S. 158—88.
Politische Vierteljahresschrift (Hrsg.) 1982: Dokumentation der Tagungspapiere zum Symposium Politische Kultur in Tutzing, Duisburg.
Pye, L.W. / Verba, S. (eds.) 1965: Political Culture and Political Development, Princeton.
Reichet, P. 1981: Politische Kultur der Bundesrepublik, Opladen.
(Hrsg.) 1984: Politische Kultur in Westeuropa. Bürger und Staaten in der Europäischen Gemeinschaft, Bonn / Frankfurt.
Roghmann, K. 1966: Dogmatismus und Autoritarismus, Meisenheim.
Rohe, K. 1982: Zur Typologie politischer Kulturen in westlichen Demokratien. Überlegungen am Beispiel Großbritanniens und Deutschlands; in: H. Dollinger u.a. (Hrsg.): Weltpolitik, Europagedanke, Regionalismus. Festschr. H. Gollwitzer, Münster.
— 1984: Großbritannien: Krise einer Zivilkultur?; in: P. Reichel (Hrsg.): Politische Kultur in Westeuropa. Bürger und Staaten in der Europäischen Gemeinschaft, Bonn / Frankfurt, S. 167—193.
Schäfer, H. D. 1982: Das gespaltene Bewußtsein, Frankfurt / Berlin / Wien.
Schlenke, M. 1981: Preußen. Beiträge zu einer politischen Kultur. (Preußen-Versuch einer Bilanz, atalog in fünf Bänden, Bd. 2), Reinbek bei Hamburg.
Schmidtchen, G. 1979: Was den Deutschen heilig ist. Religiöse und politische Strömungen in der Bundesrepublik Deutschland, München.
Sellin, V. 1978: Politik; in: O. Brunner / W. Conze / R. Koselleck (Hrsg.): Geschichtliche Grundbegriffe. Historisches Lexikon zur politisch-sozialen Sprache in Deutschland, Bd. IV, Stuttgart, S. 789—874.
Sontheimer, K. 1979: Die verunsicherte Republik. Die Bundesrepublik nach 30 Jähren, München.
Verba, S. / Nie, N. H. / Kim, J. 1978: Participation and Political Equality. A Seven-Nadon Comparison, Cambridge.
Wacker, A. 1979: Zur Aktualität und Relevanz klassischer psychologischer Faschismustheorien — Ein Diskussionsbeitrag; in: G. Paul/B. Schoßig (Hrsg.): Jugend und Neofaschismus. Provokation oder Identifikation? Frankfurt/M. Weber, M. 1965: Die protestantische Ethik, München/Hamburg.
Wehler, H.U. 1977: Das Deutsche Kaiserreich 1871—1918, 3. Aufl., Göttingen.
Winkler, H.J. 1969: Die Sozialdemokratie und die Revolution von 1918—19, Berlin.
Зацемы рэдактара
1. Маецца на ўвазе Гётынгенскае паэтычнае таварыства (1772—1774).
2. Вялікая кааліцыя (Die Große Koalition) – аб’яднаньне ХДЗ/ХСЗ і СПН пры ўтварэньні новага ўраду, выкліканае першым эканамічным крызысам у Заходняй Нямеччыне. На пачатку сьнежня 1966 году кіраўнік «Вялікай кааліцыі» Курт Геарг Кізынгер, прадстаўнік СПН, прэм’ер-міністар зямлі Бадэн-Вюртэнбэрг, зьмяніў Людвіга Эргарда, пераемніка Конрада Адэнаэўра. У апазыцыі новаму ўраду апынулася СвДП, але, нягледзячы на гэта, урад валодаў больш як дзьвюма трэцямі галасоў у Бундэстагу. Пры дапамозе гэтай бальшыні «Вялікай кааліцыі» ўдалося прыняць шэраг законаў. Напрыклад, былі прынятыя зьмяненьні ў закон пра надзвычайнае становішча. «Вялікая кааліцыя» пасьпяхова ператрывала забурэньні 1968 году і развалілася толькі падчас выбараў у Бундэстаг 1969 году, калі СвДН разам з СПН утварыла сацыяльна-лібэральную кааліцыю.
3. Пад «апэрацыяналізацыяй» у эмпірычных дасьледаваньнях грамадзтва разумеюць як мага больш дакладную характарыстыку спосабу дзеяньняў («апэрацыяў»), пры дапамозе якой можна вылучыць характэрныя адзнакі. Пры апытаньні, напрыклад, пад апэрацыяналізацыяй разумеюць дакладнае фармуляваньне пытаньняў разам з узорамі адказаў. Строга кажучы, да апэрацыяналізацыі таксама належыць устаноўка для інтэрвіюера прачытаць учуткі пытаньні і падабраць адказы; паколькі гэта вынікае з кантэксту само сабою, трохі недакладнае ўжываньне мовы не стварае праблемы.
4. Сацыял-імпэрыялізм (der Sozialimperialismus) — згодна з Гансам-Ульрыхам Вэлерам (Wehler, H.-U.: Sozialimperialismus. In: Imperialismus. Kiepenheuer & Witsch, Köln, Berlin, 1970, S. 83), рэакцыйная палітычная дактрына, накіраваная на неабмежаваную нацыянальнымі межамі эканамічную экспансію. Сацыял-імпэрыялізм імкнецца да таго, каб скіраваць дынаміку эканомікі, сацыяльныя і палітычныя рэсурсы на вонкавую экспансію, адцягваючы ўвагу ад нутраных недахопаў сацыяэканамічнай і палітычнай сыстэмы і кампэнсуючы іх наяўнасьць рэальнымі вынікамі сваёй экспансіі або, прынамсі, павышэньнем нацыянальна-ідэалягічнага прэстыжу краіны.
5. Культур-пэсымізм (der Kulturpessimismus) — зборнае паняцьце для пазначэньня разнастайных, пераважна распрацаваных у рамках тэорыі культурных цыкляў культурна-філязафічных і культурна-крытычных сыстэмаў, якія апісваюць сучасную стадыю працэсу культурнага разьвіцьця як адначасна прадвызначаны і немінучы працэс заняпаду.
6. «Нацыянальная апазыцыя» — супольны назоў шэрагу нямецкіх груповак і партыяў правага, праварадыкальнага ці адкрыта нацысцкага кірункаў у канцы 20-х — пачатку 30-х гг. (die Deutsche Vaterlandspartei, die Deutschnationale Volkspartei i г.д.).
7. Культурная барацьба (der Kulturkampf) — у Нямеччыне з 1871 па 1886 год палітыка ўраду Бісмарка, накіраваная на канфрантацыю з Ватыканам і ўціск каталіцкай часткі насельніцтва. Адбывалася пад лёзунгамі змаганьня за пратэстанцкую культуру і навукова-матэрыялістычны сьветагляд. З апошніх дасьледаваньняў на гэтую тэму спэцыялісты вылучаюць манаграфію Роналда Роса «The Failure of Bismarck’s Kulturkampf» (Catholic University of America Press).
8. Маецца на ўвазе распаўсюджанае пасьля першай сусьветнай вайны ў правых колах уяўленьне, што параза Нямеччыны была абумоўлена выбухам рэвалюцыі.
9. Маецца на ўвазе партыя рэфармаваных сацыял-дэмакратаў (Mehrheitssozialisten), якая пасьля расколу адзінага руху аб’яднала бальшыню апошніх. Лідэрам партыі стаў Фрыдрых Эбэрт.
10. Маецца на ўвазе «Найвышэйшае камандаваньне» (die Oberste Heeresleitung (OHL), якое ў 1914—1918 гадох узначальвалі генэралы Паўль фон Гіндэнбург і Эрых Людэндорф.
11. Гаворка йдзе пра Матыяса Эрцбэргера (1875—1921) нямецкага палітычнага дзеяча, які ў складзе нямецкай дэлегацыі падпісаў умову пра капітуляцыю Нямеччыны ў першай сусьветнай вайне. З 1919 году — міністар фінансаў у рэспубліканскім урадзе. 26 студзеня 1920 году правы экстрэміст Ольтвіг фон Гіршфэльд зьдзейсьніў спробу забойства Эрцбэргера каля будынку турмы Маабіт у Бэрліне. Злачынца падчас сьледзтва асьведчыў, што пайшоў на забойства пад уплывам пасквілю нямецкага дзеяча нацыяналістычнай арыентацыі Карла Гельфэрыха (1872—1924) «Fort mit Erzberger», назоў якога на беларускую мову можна перакласьці як «У астрозе з Эрцбэргерам». Але за год, 26 жніўня 1921 г., спроба забойства Эрцбэргера, на гэты раз зробленая двума былымі афіцэрамі, усё-такі ўдалася. Гэтаму здарэньню прысьвечаны твор нямецкага аўтара Корда Гебгарта «Der Fall des Erzberger-Mörders Heinrich Tillessen»
12. Маецца на ўвазе Вальтэр Ратэнаў (1867—1922), нямецкі прамыслоўца, палітык, пісьменьнік. З 1918 году — сябра Нямецкай Дэмакратычнай партыі, экспэрт у эканамічных пытаньнях пры ўрадзе Ваймарскай рэспублікі. 1 лютага 1922 году Ратэнаў прызначаецца міністрам замежных справаў Нямеччыны. На гэтай пасадзе 16 красавіка гэтага году ён падпісвае дамову з Савецкай Расіяй, якая паклала канец ізаляцыі Нямеччыны пасьля першай сусьветнай вайны. 24 чэрвеня 1922 году на шляху на работу ён быў забіты двума былымі афіцэрамі арганізацыі «Консул» пасьля паклёпніцкай кампаніі праварадыкальных і антысэміцкіх сілаў, якія абвінавацілі яго ў антыдзяржаўнай дзейнасьці. .
13. Путчам Капа—Лютвіца называюць падзеі, якія адбыліся 13 сакавіка 1920 году, калі морскія брыгады і некаторыя іншыя ўзброеныя групоўкі пад кіраўніцтвам генэрала Лютвіца занялі Дом ураду ў Бэрліне, а прускі палітычны дзеяч Кап абвясьціў сябе канцлерам Нямеччыны. Лічыцца найбольшым выклікам для Ваймарскай рэспублікі. Спроба перавароту правалілася, таму што войска і бюракратыя адмовіліся супрацоўнічаць з новым рэжымам, а прафсаюзы распачалі ўсеагульны страйк. У 1999 годзе ў Нямеччыне выйшаў том на 1060 старонак, у якім прадстаўленыя ўнікальныя дакумэнты ў справе путчу Капа—Лютвіца «Der Kapp-Luttwitz-Ludendorff-Putsch. Dokumente». Уклалі том гісторыкі Эрвін Конэман і Гергард Шульцэ.
14. Пастанова пра радыкалаў (ням. der Radikalenerlaß) — рашэньне фэдэральнага ўраду Нямеччыны і ўрадаў фэдэральных земляў ад 28 студзеня 1972 году пра прафэсійныя абмежаваньні для «нядобранадзейных», г.зн. неляяльных уладам асабоў. Закранула правы як паступаючых на працу, так і ўжо працуючых асобаў. Больш інфармацыі на гэты конт можна знайсьці ў дасьледаваньні Пэтэра Фёгелі «Völkerrecht und Berufsverbote in der Bundesrepublik Deutschland 1976—1992».