1. Татэм i табу: паходжаньне сымбаляў
Чалавек — iстота сымбалiчная, i якраз гэта робiць яго небясьпечным. Ён можа i, звыш таго, павiнен зважаць на тое, што: «У параўнаньнi з жывёлай, якая заўжды кажа «так» праўдзiваму iснаваньню, нават i тады, калi яна гiдзiцца i ўцякае, — чалавек зьяўляецца тым, «хто можа сказаць не», «аскетам жыцьця», вечным пратэстантам супраць любой сапраўднасьцi» (Scheler 1947, S. 51). Таму ягоная мова абстрагуецца ад прывязаных да сытуацыi выгукаў жывёл; яна ператварае рэчы, уяўленьнi i пачуцьцi ў вобразы, дае iм назоў i захоўвае тое, што ўжо адбылося або, магчыма, можа адбыцца. Наноў ператвараецца слова і ў далейшым стаецца сымбалем, якi пазначае рэчы, жывёлаў, людзей, звышчалавечыя сiлы, згадкi i чаканьнi, спадзяваньнi i пострахi. Такiя сымбалі, высечаныя ў каменi, вымаляваныя ў пячорах, ёсьць найдаўнейшымі сьведчаньнямі жыцьця чалавека.
Распаўсюджанай, калi ўвогуле не ўнiвэрсальнай сымбалiчнай зьявай лiчыцца татэмiзм: людзi атаесамляюць сябе з фантастычнымi сiламi пэўнай жывёлы — мядзьведзя, лява, арла. Ператвараючы гэтую жывёлу ў знак, вобраз, яны пераапранаюцца ў жывёлу, увасабляюць яе ў танцах, яны «робяцца» мядзьведзямi, лявамi, арламi. Такое пераўвасабленьне мае вырашальнае значэньне для ўтварэньня групы i разьвiцьця пэўнай «мы»-сьвядомасьцi. Загэтым падобная татэмная жывёла стаецца табу, недатыкальнаю: яе нельга ўпаляваць, забiць, есьцi. Пры гэтым табу пераносiцца на тых, хто, як я, як мы, гэтаксама мядзьведзi. Адначасова паўстае строга акрэсьленае адмежаваньне: мы, мядзьведзi, адрозьнiваемся ад немядзьведзяў, лявоў або арлоў. Таму стаецца ясна, што меў на ўвазе Арнольд Гелен (1956, S. 229), гаворачы пра татэмiзм: «Навочнае пераапрананьне альбо яўнае атаесамленьне сябе з пэўнай жывёлай... падчас перадгiстарычнай стадыi адно ўзьнікаючай самасьвядомасьцi было адзiнай магчымасьцю для стварэньня — i ўмацаваньня — сьвядомасьцi вузка вызначанай, аднабаковай групавой прыналежнасьцi».
Нам можа падавацца, што мы даўно ўжо ўзьнялiся над гэткага кшталту «прымiтывiзмам», аднак трэба захоўваць перасьцярогу. Як быць, уласна кажучы, з маладзёжнымi вулiчнымi бандамi ў джунглях вялiкага гораду, якiя, адпаведна пазначыўшыся, называюць сябе «тыграмi», «лявамi» або «пякельнымi анёламi», альбо з апранутымi ў сымбалі «свайго» клюбу групоўкамi фанатаў на футбольным стадыёне, якiя ў вострыя моманты пачынаюць выгукваць свае ваяўнiчыя песьнi i ўчыняць бойкi з «варожымi» групоўкамi (да якiх, скажам, належаць «быкi»)? Ведама, у бальшыні выпадкаў размова iдзе толькi пра яшчэ адну «ролю» сярод iншых; суботнi фанат-баявік на працягу астатняга тыдня застаецца непрыкметным «цывiлiзаваным» чалавекам. I ўсё ж паралелi зь першабытнымi часамi тут яўныя.
Усё гэта слушна i для прасторы палiтыкі. Сярэднявечныя радавiтыя фамiлii, а таксама сучасныя дзяржавы i нацыi, што паходзяць наўпрост са старавечнасьцi, маюць на гербах жывёл: ведамыя брытанскi леў, гальскi певень, расiйскi мядзьведзь; на фасадзе Бундэстагу адбiты арол. Толькi на вышэйшую ступень абстракцыi, не дазнаючы якасных зьменаў, паклiкаюцца iншыя сымбалі: нацыянальныя колеры i сьцягi, кукарды i крыжы, гiмны. Зь няўведаных глыбіняў усплываюць эмоцыi; антыамэрыканскiя дэманстранты спальваюць ня толькi зорны штандар, але i пудзiла цяперашняга прэзыдэнта; габрэйскiя надгробкi ўночы ўгнюшваюцца свастыкамi; у XX стагодзьдзі ў сэрцы Эўропы людзей як недачалавекаў пазначаюць зоркай Давiда. З гледзiшча сусьветнай гiсторыі яшчэ зусiм нядаўна i пад знакам крыжа перасьледавалi, выганялi, палiлi людзей i зьнiшчалi цэлыя культуры.
Выснова насоўваецца сама сабою, i можна разглядаць як поступ, як навуку з горкага дасьведчаньня тое, што перакосы, зломы i расколiны навейшай нямецкай гiсторыi падаравалi немцам, як i бальшынi iншых народаў, дыстанцыяванае стаўленьне да нацыянальных i, увогуле, да палiтычных сымбаляў. Але адначасова насоўваецца i пытаньне: цi не давядзецца нам iншага разу пашкадаваць аб страчаным? Цi не знаходзяцца беспасьпяховыя, бесьперапынныя (ratlose, rastlose) пошукi страчанай «iдэнтычнасьцi», наўрад цi магчымай у такой форме ў Францыi, Нiдэрляндах або Польшчы, у сувязi з закалотамi нямецкай гiсторыi?
2. Канфлiкт i кансэнсус: пазытыўнае значэньне палiтычных сымбаляў
Дадатнае значэньне палiтычных сымбаляў робiцца вiдавочным найперш у крызысных сытуацыях. Два прыклады могуць наглядна пацьвердзiць гэта.
У 1940 г., пасьля перамогi Нямеччыны над Францыяй, для Швайцарыi, здавалася, наступiў выключна крытычны момант, тагачасны швайцарскi галоўнакамандуючы генэрал Гізан сабраў вайсковых камандзiраў у Рутлi*, каб тут, у сьвятарным месцы, супольна злажыць урачыстую прысягу: у выпадку нямецкага ўварваньня не капiтуляваць, але, не зважаючы нi на што, баранiць альпiйскую цьвярдыню. Гэта была падзея вялiкай сымбалiчнай сiлы: кажны салдат — i кажны грамадзянiн — не пытаючыся, разумеў, што мелася на ўвазе.
Падобны сэнс мае i другi прыклад: шараговы нiдэрляндзец, якi ад 1940 да 1945 году цярпеў ад нямецкай акупацыi, наўрад цi здолеў бы з пэўнасьцю сказаць, хто ўваходзiў у перабываючы на той час у Лёндане нiдэрляндзкi ўрад у выгнаньнi. I гэта цалкам зразумела: урад, якi наўрад цi кiраваў нечым, дзейнiчаў ня вельмi прыкметна. Аднак кажны прыгадваў сабе каралеву ў выгнаньнi i яе прамовы па радыё, таму што каралева ўвасабляла сабою аранскую дынастыю, а аранская дынастыя — надзею на перамогу ў, на першы пагляд, безнадзейнай барацьбе супраць панаваньня i прыгнёту захопнiкаў.
Абодва прыклады невыпадкова зьмяшчаюць паралелi са старавечнасьцю. Бо падобна да татэмнай жывёлы, прырачэньне ў Рутлi i аранская дынастыя сымбалiзуюць мiтычны першапачатак: паходжаньне нацыi, «мы»-сьвядомасьць жыхароў Швайцарыi i Нiдэрляндаў у выглядзе акту яе ініцыяваньня. Акурат у гэтым карэнiцца палiтычная тоеснасьць. Пацьвярджэньне гэтаму — яе рэтраспэктыўны агляд.
Натуральна, паўстае пытаньне, цi ня стане тое, што магло мець сваё значэньне падчас надзвычайнага становішча, падчас бедзтваў, войнаў i канфлiктаў, нядзейным i бессэнсоўным у нармальнай сытуацыi цывiлiзаванага i мiрнага сужыцьця. Хiба сучасная дзяржава не імкнецца да ўстанаўленьня i захаваньня мiру, або, калi выказвацца больш асьцярожна: хiба яна ня мусiць быць такою? I, пагатоў, хiба ня гэта ўважаюць за адкрытае грамадзтва i свабодны палiтычны лад?
Безумоўна! Аднак якраз адкрытае грамадзтва i свабодны лад уключаюць канфлiкт як жыцьцявы элемэнт. Тут заўжды iснуе безьлiч разнастайных, часта супярэчлiвых паглядаў i iнтарэсаў, якiя падчас змаганьня за сваё пашырэньне арганiзуюцца ў грамадзкiя рухi, саюзы i партыi. Пры дэмакратыi канфлiктам зьяўляецца барацьба за бальшыню [выбарцаў] i, у вынiку, за права фармаваньня ўраду. Але ўлада заўсёды бярэцца на час: нiхто, у тым лiку i ўрад, ня мае права выстаўляць манапольных прэтэнзiяў на iсьцiну i супольнае дабро, бо толькi пры гэтай умове можна захаваць легiтымную канкурэнцыю на палiтычнай арэне i ў будучынi.
Для мiрнага вырашэньня канфлiкту, аднак, яму мусiць папярэднiчаць i пастаянна яго суправаджаць кансэнсус у сэнсе першапачатнага, сьцьверджанага супольнасьцю ўсьведамленьня адзiнства: аднадушнасьцi ў тым, што неабходна захоўваць пэўныя «правiлы гульнi» i сыстэмы працэдураў, бо iх прадпiсваюць канстытуцыя i дзяржаўнае права. Выкладнік дзяржаўнага права Ганс Кельзэн (1922) называў гэта «гiпотэзай паходжаньня» — так бы мовiць, татэмнай жывёлай у крайняй ступенi абстракцыi. Аднак абстракцыя можа не адпавядаць сапраўднасьцi; нават такое тэарэтычна пераканаўчае меркаваньне, што пры невыкананьнi правiлаў гульнi канфлiкт перарасьце ў фазу вайны, можа аказацца беспадстаўным. Патрабуецца тое, што даецца зь цяжкасьцю, напрыклад, мiнiмум даверу: «iншыя», нават калi самi маюць ня толькi ўладу, але i бальшыню галасоў, будуць датрымвацца правiлаў i ня стануць руйнаваць iх з мэтай устанаўленьня на працяглы час манаполii. Там, дзе бракуе такога даверу, застаецца па сутнасьцi толькi зацятая барацьба за манаполiю на ўладу лiтаральна любымi сродкамi. Гэта ўзьнiкае паўсюль, дзе гарызонт досьведу вызначаецца гвалтам, а палiтычная культура абумоўлена сваiм паходжаньнем, як, напрыклад, у Лацiнскай Амэрыцы (гл. Кrockow 1974).
Значэньне папярэдняга кансэнсусу для мiрнага вырашэньня канфлiкту i, такiм чынам, значэньне адзiнства i першапачатнага даверу можна рэканструяваць гіпатэтычна. Але чалавек ёсьць i будзе iстотай сымбалiчнай. Таму ня менш важным падаецца сымбалiчнае адлюстраваньне, свайго роду ўсьцяж узнаўляная ў сваiм увасабленьнi «пера-страхоўка» першапачатнага. Яна мае пэўнае або беспасярэдняе значэньне ў сучасных умовах адкрытага грамадзтва i свабоднага ладу.
Гэтая акалічнасьць дазваляе на прыкладах выявiць у навейшай гiсторыi ролю манархii. Яшчэ на пачатку нашага стагодзьдзя Эўропа, за выняткам Швайцарыi i Францыi, была кантынэнтам каралеўстваў. Бальшыня iх сёньня зьнiшчаная — а наймя там, дзе, як у Нямеччыне, Аўстра-Вугоршчыне i Расii, яны былi выразна аўтарытарнымі iнстытуцыямi. Гэта пасьлядоўны працэс, бо заўсёды там, дзе ажыцьцяўляецца ўлада, узьнiкае пагроза страты ўлады ў барацьбе за яе або ў вынiку ломкi ўладных адносiн. Любая манархiя, што ўвасабляла ўладу, у нашым часе немiнуча робiцца партыяй сярод iншых партыяў — альбо шыльдаю для пэўнай палiтычнай кан'юнктуры, зьмяненьне якой асуджае на распад i самую манархiю.
На поўначы i паўночным захадзе Эўропы некаторыя манархii, аднак, не дазналi сур’ёзных перамен. Усе падобныя выпадкi адназначна даводзяць, што вынiкам працяглага працэсу, якi ў сваiх пачатках сягае даўнiны (у Англii, прынамсi, — «Славутай рэвалюцыi» 1688 году), стала адхiленьне манархii ад улады i зьвядзеньне яе да нязначнай маргiнальнай ролi: манархiя ператварылася ў сымбалiчны iнстытут. Яна ўвасабляе паходжаньне i адзiнства нацыi безадносна да ўлады i барацьбы за яе.
Больш як стагодзьдзе таму ў сваiм ужо даўно сталым клясычным дасьледаваньнi «The English Constitution» (1867) Уолтэр Бэйджгот упершыню зрабіў адрозьненьне паміж канстытуцыйнымі элемэнтамі i iнстытуцыямі або, паводле ягоных слоў, dignified i efficient, адносiнамі годнасьцi i кiраваньня; у вольным перакладзе можна гаварыць пра iнстытуты даверу i iнстытуты ўлады. Яшчэ больш трапным, напэўна, было б праводжаньне адрозьненьня памiж iнстытутамi кансэнсусу i канфлiкту.
Было б вельмi паказальна прааналiзаваць навейшую гiсторыю i пераход ад дадэмакратычных да дэмакратычных адносiн толькi з пункту гледжаньня ўдалага або няўдалага ў сваiм часе падзелу функцыяў памiж iнстытутамі канфлiкту i кансэнсусу. У краiнах, дзе такi падзел удаўся i пры гэтым манархiя засталася ў якасьцi сымбалiчнага iнстытуту, пераход адбываўся параўнаўча гладка, без сур’ёзных стратаў або нават катастрофаў, у процiлегласьць тым краiнам, у якiх падзелу функцыяў ажыцьцявiць не ўдалося.
Натуральна, дарэмнымi будуць спэкуляцыi аб тым, як магла б працякаць навейшая нямецкая гiсторыя пры ўмове своечасова распачатага падзелу функцыяў. Тым больш выразна нямецкi прыклад выяўляе наступкi няўдачы. Чым мацней традыцыйна пануючыя, згрупаваныя вакол манархii сiлы ператваралi яе фактычна ў партыю сярод iншых партыяў, тым больш актыўна яны мусiлi займацца стварэньнем сваiх «баек пра надпартыйнасьць» — i не дапускаць да нацыянальнага кансэнсусу такiя апазыцыйныя партыi, як каталiцкi «Цэнтар» або сацыял-дэмакратаў з азначэньнямi «варагоў iмпэрыi» цi «бязродных касмапалітаў». У Ваймарскім дзяржаўным уладкаваньні падзел функцыяў таксама яшчэ ня быў праведзены. Пасадзе прэзыдэнта, як нейкаму заменьнiку кайзэра, былi нададзеныя велiзарныя ўладныя паўнамоцтвы, i зусiм заканамерна, што немцы на наступных жа выбарах абралi як заменьнiка кайзэра кайзэраўскага фэльдмаршала Паўля фон Гiндэнбурга. Нарэшце, падчас нацыянал-сацыялiзму быў пакладзены канец адпаведнаму падзелу функцыяў; «прынцып фюрэра» патрабаваў адзiнства татальнага даверу i татальнай улады.
Падзел функцыяў быў праведзены толькi Бонскай канстытуцыяй; фэдэральны прэзыдэнт — аж да нязначных рэшткаў паўнамоцтваў — вызваляецца ад пытаньняў улады i ўзводзiцца ў сымбаль, у прадстаўнiка адзiнства i кансэнсусу. Ведама, дзеля сваёй нэгатыўнай рэакцыi на канец Ваймарскай рэспублiкi аўтары канстытуцыi дапусьцiлi памылку: тэрмiн абавязкаў прэзыдэнта быў скарочаны да пяцёх гадоў. Гэта выклiкае пэўную складанасьць: як правiла, прэзыдэнт абiраецца як чалец партыi i кандыдат бальшынi пры партыйнай барацьбе; таму дзеля належнага выкананьня сваiх функцыяў ён мусiць у значнай ступенi забыцца на тое, адкуль ён прыйшоў. Капiтал даверу — прыхiльнасьць грамадзян — можа быць набыты толькi на працягу пэўнага часу, аднак вельмi хутка ўзьнiкае пытаньне перавыбараў або новых выбараў у парлямэнт.
Дарэчы будзе запытаць, як далёка сягае ўзьдзеяньне цяжару гiстарычнай спадчыны. Хiба ўсё яшчэ не застаецца моцнай спакусаю для гэтай «дэмакратычная супольнасьцi», пра якую так шмат гавораць, выключэньне з палiтычнага кансэнсусу апазыцыйных асобаў i груповак? I хiба перад абліччам злоўжываньняў i карупцыi ў сытуацыi наяўнай слабасьцi капiталу даверу ня ўздымецца нанова пасьпешлiвае «сыстэмнае пытаньне»?
3. Комплексная iдэнтычнасьць
У вынiкаючай з адмысловай праблемы немцаў пэрспэктыве першачарговым абавязкова будзе пытаньне, як такой сымбалiчнай iстоце, як чалавек, удаецца, з аднаго боку, разьвiваць «iдэнтычнасьць», акрэсьлены вобраз i трывалую сьвядомасьць сваёй прыналежнасьцi, ды, з другога боку, пазьбягаць яе, спакушаючыся забойчымi канструкцыямi «свой-чужы», у якіх сыгналы «iншабыту» ўжо актывiзавалi схiльнасьць да рэпрэсiяў i перасьледаў. Усяму гэтаму ў выключнай ступенi садзейнiчае разьвiцьцё комплекснай iдэнтычнасьцi. Тое, што маецца на ўвазе пад гэтым, мы паспрабуем цяпер акрэсьлiць.
Пры дамадэрных грамадзкiх умовах кажнаму індывіду, як правiла, надавалася выразна абмежаваная ў сацыяльным пляне iдэнтычнасьць, якая пазначалася адпаведна выяўнымі сымбалямi. Пачаткi гэтага палягаюць збольшага ўжо ў дазволах на нашэньне адпаведным чынам прадпiсанай вопраткi: насiць зброю мае права толькi шляхцiц, футра — толькi вяльможа сярэднявечнага места i г д. Пры мадэрных дачыненьнях гранiцы сьцiраюцца, бо разнастайнасьць прыналежнасьцяў робiцца тыповаю, а самі яны часта стаюцца вельмi мала або ўвогуле ня злучанымi мiжсобку. Мы ствараем сям’ю, маем — цалкам незалежна ад яе — пэўную прафэсiю, пэўнае кола сяброў, зьяўляемся жыхарамi вёскі, места, належым да пэўнай царквы, партыi, саюзу, адчуваем сябе ганзэйцамi або баварцамi, грамадзянамi дзяржавы, немцамi, эўрапейцамi, праўдападобна, яшчэ шмат кiм iншым, i ўсё гэта побач i разам адно з адным. Кажная такая прыналежнасьць паслугоўваецца спэцыфiчнымi сымбалямi, стварае ўмовы, патрабуе адданасьцi, складае частковую iдэнтычнасьць. Але нiводная не становiць для нас цэлага. Мноства частковых iдэнтычнасьцяў зь iх нярэдка адрознымi i досыць супярэчнымi нормамi, на апiсаньне якiх у нас не стае часу, павiнна збалянсаваць спэцыфічную i цяжкую задачу вытварыць зь бiяграфii характар i ўнiвэрсальную iдэнтычнасьць.
Цяжкасьць з фармаваньнем комплекснай iдэнтычнасьці адначасова становiць i яе вялiкую перавагу; яна ў дваякiм сэнсе адбiвае веру ў жыцьцё. Бо, з аднаго боку, дом нашага жыцьця хаця i псуецца, але не разбураецца, калi часам абвальваецца толькi адна з шматлiкiх падпорак, якiя яго падтрымлiваюць. З другога боку, множнасьць прыналежнасьцяў, iх сымбалiчных i нарматыўных комплексаў шляхам узаемнай рэлятывацыi забясьпечвае абарону ад таталiтарнай спакусы. У адным вымеры гэта стварае варожасьць, аднак адначасова ў другiм — пачуцьцё супольнасьцi. Ужо «нават» сымбалiчна супольная чыннасьць — будзь гэта спажываньне ежы, размова, гульня або спартовае спаборнiцтва — зьяўляецца важнай. Толькi тады, калi ўся разнастайнасьць пераплаўляецца ў адзiны стасунак «свой-чужы» — рэлiгiйны, нацыянальны, расавы, клясавы цi якi заўгодна яшчэ, — паўстае забойчае ўсілства зь яго абсалютнай iзаляцыяй.
Бясспрэчна: цi то ў дамадэрных, цi то ў мадэрных умовах чалавек усё яшчэ застаецца як пагражальнай (gefährdet), так i безабароннай перад пагрозай (gefährlich) сымбалiчнай iстотай. Ён павiнен знайсьцi крохкую раўнавагу памiж адмежаваньнем i пераадольваньнем межаў. Гэта навiдавоку ўжо ў рытуале: плямёны першабытнай культуры адначасова адведваюць, «запрыязьнiваюцца» i «залагоджваюць» адно аднаго: мужчыны выконваюць танец вайны i патрэсваюць сваiмi дзiдамi, але паперадзе iх танцуюць жанчыны i дзецi з пальмавымi галiнкамi ў руках (параўн. Eibl-Eibesfeldt 1984, S. 29 f). Калi мы назiраем такое на собскія вочы, здаецца, што за тысячагодзьдзе мала што зьмянiлася: дзяржаўнага госьця, якi з рэактыўнага самалёта ступае на чырвоны дыванок, сустракаюць грукат кананады, гром бубнаў i ганаровая варта, якая стаіць «на зважай». Пасьля, размахваючы сьцяжкамi, на дарожцы зьяўляюцца школьнiкi. I дзiця ўручае кветкi.
Літаратурныя жаролы
Выкарыстаная літаратура
Bagehot, Walter 1867: The English Constitution; dt: Die englische Verfassung, Neuwied / Beriin 1971.
Eibl-Eibesfeldt, Irenäus 1984: Krieg und Frieden aus der Sicht der Verhaltensforschung, München (überarbeitete Neuausgabe).
Gehlen, Arnold 1956: Urmensch und Spätkultur, Bonn.
Kelsen, Hans 1922: Der soziologische und der juristische Staatsbegriff, Tübingen.
Krockow, Christian Graf von 1974: Mexiko — Wirtschaft, Politik, Gesellschaft, Kultur, München.
Scheler, Max 1947: Die Stellung des Menschen im Kosmos, München.
Карысная літаратура
Forstner, Dorothea OSB 41982: Die Welt der christlichen Symbole, Innsbruck u.a.
Freud, Sigmund 1956: Totem und Tabu, Frankfurt/M.
Hartmann, Jürgen 1988: Staatszeremoniell, Köln.
Hattenhauer, Hans 1984: Deutsche Nationalsymbole. Zeichen und Bedeutung, München u.a.
Lüsebrink, Hans-Jürgen / Reichardt, Rolf 1990: Die «Bastille». Zur Symbolgeschichte von Herrschaft und Freiheit, Frankfurt/M.
Pross, Harry 1974: Politische Symbolik, Stuttgart.
Symbolen, Jahrbuch für Symbolforschung, Basel / Köln.
Зацемы рэдактара
1. Рутлі (Rütli) — местачка ў швайцарскім кантоне Уры (Uri). Клясык нямецкай літаратуры XIX стагодзьдзя Тэадор Фантанэ прысьвяціў яму аднайменны твор, а швайцарскі мастак Ёган Гайнрых Фюсьлі напісаў карціну «Прысяга ў Рутлі», якая цяпер упрыгожвае будынак цюрыхскай ратушы. Згодна з паданьнем, тут у 1291 годзе адбывалася прысяга колькіх правадыроў вызвольнага руху супраць габсбурскага панаваньня — Вальтэра Фурста, Конрада Гуна, Вэрнэра Штаўфахера і інш. на вернасьць бацькаўшчыне, ідэалам свабоды і незалежнасьці. «Прысяга ў Рутлі» адзначаецца ў Швайцарыі як нацыянальнае сьвята (прыпадае на 1 жніўня).