Паліталёгія

Асноўны курс


2. Эканоміка і палітыка - Сусьветная эканоміка.

1. Навошта патрэбны сусьветны гандаль?

«Чым вялiкшы рынак, тым больш дыфэрэнцыяваны падзел працы i тым вышэйшы прыбытак ад задзейнiчаных прадукцыйных сiлаў», — яшчэ Адам Смiт (1723—1790) сфармуляваў гэты пастулят, якi ў прынцыпе дагэтуль застаецца бясспрэчным. Гэта аднолькава датычыць як «капiталiстычных краiн», так i краiн «рэальнага сацыялiзму». Калi выходзiць з гэтага правіла i патрабаваць эканамiчна-рацыянальнага прытарнаваньня абмежаваных сродкаў вытворчасьцi, то неабходна працягваць падзел працы датуль, пакуль ён урэшце не ахопiць усяго сьвету. Кажная вытворчая адзiнка зможа тады спэцыялiзавацца на такiх таварах, пры вырабе якiх яна будзе мець адносныя — або, iнакш кажучы, «параўнальныя» — перавагi над iншымi вытворцамi, i адмовiцца ад вырабу тых тавараў, вытворчасьць якiх прыносiць ёй выдаткi параўнальна зь iншымi вытворцамi. Спэцыялiзацыя такога роду вядзе да мiжнароднага гандлю, якi нiвэлюе адпаведную перавытворчасьць або недавытворчасьць у асобных краiнах.

Такiм чынам, мы атрымалi першы адказ на пытаньне: «Навошта патрэбны сусьветны гандаль?» Ён робiць магчымым сусьветны падзел працы ў адпаведнасьцi з параўнальнымi перавагамi, у вынiку чаго кажная краiна мае магчымасьць выкарыстаць свае вытворчыя фактары ў найбольш выгадным кiрунку. Такi гандаль не зьяўляецца беспраблемным. Але перш як прыступiць да аналiзу зьвязаных зь iм праблем, мы павiнны яшчэ крыху падрабязьней разгледзець яго перавагi.

Акрамя выкарыстаньня пераваг спэцыялiзацыi, ёсьць яшчэ адна прычына, каб аддаць перавагу мiжнародным гандлёвым адносiнам: праз такi гандаль кажная краiна можа забясьпечыць сябе таварам, якi ў межах краiны можа ўвогуле не вырабляцца. Наглядным прыкладам гэтага зьяўляецца сыравiна. Не выклiкае сумненьня той факт, што ўзровень дабрабыту ў многiх краiнах сьвету адчувальна зьнiзiцца, калi ня будзе такога «дадатковага» гандлю. (Маецца на ўвазе гандаль таварамi, якiя ня могуць быць выраблены абодвума гандлёвымi партнэрамi; у супрацьлегласьць гэтаму як «субстытутыўны» пазначаецца гандаль такiмi таварамi, якiя ў прынцыпе могуць вырабляцца абодвума гандлёвымi партнэрамi.)

Вонкавы гандаль забясьпечвае паступленьне ў краiну i такiх тавараў, вытворчасьць якiх унутры краiны пакуль немагчымая, але можа быць наладжаная пасьля заканчэньня пэўнага падрыхтоўчага пэрыяду. Гэта трэцяя перавага сусьветнага гандлю. Досьвед Японii дэманструе асаблiва наглядна, пра што тут iдзе ход. Гэта краiна гадамi iмпартавала заходнiя прамысловыя вырабы i ў сябе дапрацоўвала iх. Такiм чынам можна было зэканомiць значныя сродкi, неабходныя для разьвiцьця эканомiкi, краiне ня трэба, напрыклад, самой вынаходзiць дызэльны рухавiк, бо ён прапаноўваецца на сусьветным рынку. Разьвiваючыся па тэхналягiчным стандарце пастаўляных вырабаў, краiна паступова можа ствараць уласныя асяродкi вытворчасьцi. Сёньня Японiя экспартуе тавары, якiя яна раней iмпартавала.

Чацьверты довад за мiжнародныя гандлёвыя адносiны гучыць так: мiжнароднае спаборнiцтва робiць даступным грамадзянам кажнай краiны значна шырэйшы спэктар тавараў, якi быў бы немагчымы без такога гандлю. Немцы, напрыклад, могуць пiць грэцкае вiно, насiць пэруанскiя вязаныя жакеты, езьдзiць на малалiтражных францускiх аўтамабiлях, павесiць у сваiх гасподах мараканскiя дываны. Вядома, можна было купiць аналягiчныя нямецкiя тавары, якiя, магчыма, не былi б даражэйшыя. Але патрэбы людзей такiя ж разнастайныя, як i самi людзi, i, такiм чынам, той шырокi асартымэнт тавараў, якi ўмагчымляецца сусьветным гандлем, можа лепш задаволiць дыфэрэнцыяваныя патрэбы людзей, чымся адсутнасьць такога гандлю. Акрамя таго, гандаль выклiкае новыя патрэбы людзей i пашырае затым шанцы кажнай краiны збыць свой тавар.

Гэта абумоўлiвае пятую перавагу мiжнародных таварных адносiн: паколькi кажнаму вытворчаму асяродку сусьветны гандаль адкрывае найбольшыя магчымасьцi збыту, стаецца магчымым значнае зьнiжэньне кошту кажнай адзiнкi тавару. Калi б, напрыклад, нямецкая фабрыка па вырабе турбiн была арыентавана толькi на забесьпячэньне нутранога рынку, яна не змагла б падрыхтаваць высокаквалiфiкаваныя кадры i набыць спэцыяльнае абсталяваньне. Недастатковы аб’ём заказаў не дазволiў бы разьвiць такую спэцыялiзацыю. Адпаведна, значна вышэйшым быў бы i кошт кажнай зь невялiкай колькасьцi турбiн, якiя б збывалiся толькi на нутраным рынку. Калi ж гэтаму прадпрыемству адкрыты сусьветны рынак, яно можа разьлiчваць на большы аб’ём заказаў, што дазволiць правесьцi зьнiжаючую выдаткi спэцыялiзацыю рабочай сiлы i машыннага парку.

Гэта — якраз тыя прычыны, якiя пабуджаюць як прамыслова разьвiтыя краiны, так i тыя краiны, што сталi на шлях разьвiцьця, як «капiталiстычныя», так i «сацыялiстычныя», да ўдзелу ў мiжнародных таварных адносiнах. Якiя памеры ўдзелу краiн у тавараабмене, паказана на графiку (наступная старонка). Напачатку 80-х гадоў крыху больш за 40 % усяго аб’ёму сусьветнага гандлю прыпадала на тавараабмен заходнiх iндустрыяльных краiн памiж сабою. Тут маюць месца ў асноўным «субстытутыўныя» гандлёвыя ўзаемаадносiны: у бальшыні выпадкаў увозяцца такiя тавары, якiя краiны-iмпартэры маглi б вырабляць i самi. Калi яны адмаўляюцца ад уласнай вытворчасьцi гэтых тавараў, дык гэта робiцца таму i толькi таму, што за кошт спэцыялiзацыi па iншых таварах даходы ад выкарыстоўваных вытворчых фактараў павышаюцца, а расходы памяншаюцца, да таго ж, дзякуючы iмпарту можна лепш задаволiць разнастайныя жаданьнi насельнiцтва сваёй краiны. Пры тавараабмене памiж краiнамi-экспартэрамi нафты, што сталi на шлях разьвiцьця, i заходнiмi iндустрыяльнымi краiнамi пераважаюць «дадатковыя» ўзаемаадносiны. Толькi дзесяць працэнтаў сусьветнага гандлю прыпадае на пастаўкi нафтаэкспартуючых краiн у заходнiя iндустрыяльныя дзяржавы i каля шасьцёх працэнтаў на зваротную таварную плынь.

У тавараабмене iншых краiн, што сталi на шлях разьвiцьця, з заходнiмi iндустрыяльнымi краiнамi маюць месца як субстытутыўныя, так i камплемэнтарныя (дадатковыя) узаемаадносiны. Многiя краiны, што сталi на шлях разьвiцьця, экспартуюць сёньня вырабы, якiя iмi яшчэ некалькi гадоў таму iмпартавалiся з прычыны адсутнасьцi магчымасьцi вырабляць iх унутры краiны. Паўднёвая Карэя, напрыклад, экспартуе морскiя судны, Бразылiя — станкi, Iндыя — сельскагаспадарчыя прылады, Вэнэсуэла — сталь. Графiк наглядна паказвае, што найважнейшымi гандлёвымi партнэрамi краiн, што сталi на шлях разьвiцьця, зьяўляюцца заходнiя iндустрыяльныя краiны. На гандаль памiж самiмi краiнамi, што сталi на шлях разьвiцьця, прыпадае толькi каля 3 % сусьветнага гандлю. Не на шмат вышэйшым (5,4 %) зьяўляецца паказьнік «нутранога гандлю» памiж сацыялiстычнымi «краiнамi дзяржаўнага гандлю», хоць вытворчы патэнцыял гэтай групы дзяржаваў значна вышэйшы, чым краiн, што сталi на шлях разьвiцьця. Агульны кошт сусьветнага гандлю склаў у 1982 годзе амаль 1800 млрд. даляраў ЗША, што амаль у тры разы болей за валавы нацыянальны прадукт ФРН у тым жа годзе.

За перасягаючым любыя межы рухам тавараў усё часьцей ідзе аказаньне паслугаў: арганiзацыя перавозак, страхаваньне, тэхнічнае абслугоўваньне, банкаўскiя апэрацыi. Бяз гэтага «няяўнага» гандлю немагчымы «яўны» рух тавараў. Часта ў краiнах, якiя больш iмпартуюць тавараў, чым экспартуюць, назiраецца дэфiцыт у iх «балянсе аказаньня паслугаў». Прыкладам гэтага зьяўляюцца многiя краiны, што сталi на шлях разьвiцьця. Але ёсьць выпадкi, калi лiшак у экспарце паслуг можа выкарыстоўвацца для таго, каб зьнiвэляваць дэфiцыт у тавараабмене. (Прыкладам могуць служыць Швайцарыя, Аўстрыя, Iталiя.)

Гадавы кошт плынi тавараў i паслуг за мяжу (улучна зь безнаяўнымі плацяжамі) знаходзiць сваё выражэньне ў так званым балянсе бягучых апэрацыяў краiны. Ён знаходзiць сваё адлюстраваньне ў балянсе руху мiжнароднага капiталу. Краiна, якая iмпартуе тавараў i паслугаў больш, чымся экспартуе, i чые валютныя даходы ад безнаяўных плацяжоў не пакрываюць гэтага дэфiцыту, залежыць ад крэдытаў на фiнансаваньне дэфiцыту бюджэту; такiм чынам, яна мусiць «iмпартаваць капiтал». Калi ж агульны экспарт перавышае агульны iмпарт, то стаецца магчымым прадстаўленьне крэдытаў («экспарт капiталу») iншым краiнам. З графiку вынiкае, што, напрыклад, нафтаэкспартуючыя краiны, што сталi на шлях разьвiцьця, у пачатку 80-х гадоў знаходзiлiся ў становiшчы экспартуючых капiтал. Дзякуючы экспарту нафты яны атрымлiвалi значна больш замежных грашовых паступленьняў, чымся выкарыстоўвалi на закупку замежных тавараў. Iншыя краiны, што сталi на шлях разьвiцьця, наадварот, залежалi ад iмпарту капiталу для фiнансаваньня бюджэтнага дэфiцыту. Без выкарыстаньня агульнапрызнаных плацежных сродкаў i бяз руху мiжнароднага капiталу дасягненьне сёньняшняга высокага ўзроўню сусьветнага гандлю было б немагчымым.

2. Праблемы мiжнародных эканамiчных адносiн

Перавагi мiжнародных эканамiчных адносiн могуць рэалiзавацца толькi пры ўмове, калi ўсе краiны датрымваюцца пэўных правiлаў. Кажная краiна павiнна, па-першае, узяць на сябе забавязаньне адкрыць свой нутраны рынак для канкурэнцыi з замежнымi пастаўшчыкамi. Толькi ў такiм выпадку iншаземцы будуць мець магчымасьць забясьпечваць таварамi нутраны рынак, атрымваючы за iх плацежныя сродкi гэтай краiны, i набываць за гэтыя сродкi на нутраным рынку тавары дадзенай краiны для экспарту. «Лiбэральная» гандлёвая палiтыка ўсiх краiн зьяўляецца перадумовай для таго, каб кажная краiна магла экспартаваць i спэцыялiзавацца на вырабе тых тавараў, якiя, у параўнаньнi зь iншымi, зьяўляюцца найбольш канкурэнтаздольнымi. Па-другое, кажная краiна павiнна ўзяць на сябе абавязак дбаць аб бесьперашкоднай канвэртаванасьцi ўласнай валюты ў замежную i рабiць усё магчымае, каб плацежныя сродкi, якiя выкарыстоўваюцца ў мiжнародным гандлi, ня страчвалi сваёй вартасьці. Пры выкананьнi гэтых правiлаў могуць узьнiкнуць шматлiкiя праблемы. Разгледзiм спачатку праблемы, якiя могуць узьнiкнуць у вынiку правядзеньня «лiбэральнай» гандлёвай палiтыкi.

«Лiбэральная» гандлёвая палiтыка i пратэкцыянiзм

Адкрыцьцё нутранога рынку для замежных пастаўшчыкоў, якое, з аднаго боку, азначае патэнцыйную выйгранку для народнай гаспадаркi ў цэлым, як правiла, патрабуе, з другога боку, перабудовы нутранога рынку, што можа быць зьвязана са значнымi цяжкасьцямi. Выяўленьне новых магчымасьцяў выкарыстаньня нутраных вытворчых фактараў iдзе ня так хутка. Значна хутчэй пад нацiскам iмпарту трацяцца ранейшыя магчымасьцi забясьпечыць занятасьць. У гэтым пераканалiся цяпер «старыя» iндустрыяльныя краiны Эўропы i Паўночнай Амэрыкi. Многiя зь iх традыцыйных прамысловых сэктараў цяпер пачалi барацьбу з таварамi, якiя iмпартуюцца з новых iндустрыяльных краiн (Паўднёвай Карэi, Тайваню, Ганконгу, Сынгапуру) i з краiн, якiя сталi на шлях разьвiцьця (Бразылii, Мэксыкi, Югаславii, Турцыi, Аргентыны i г.д.). Гэтыя краiны маюць параўнальныя перавагi ў вытворчасьцi такiх працаёмiстых вырабаў, як вопратка, цацкi, тавары для падарожжаў. «Старыя» прамысловыя краiны страцiлi свае перавагi ў затратах у гэтых галiнах вытворчасьцi не ў апошнюю чаргу дзякуючы высокаму ўзроўню заработнай платы, што прыводзiць да падаражэньня працаёмiстых вырабаў. Спажыўцы ў гэтых краiнах атрымалi б выгаду ад неабмежаванага ўвозу названых вырабаў, i народная гаспадарка, як адзiнае цэлае, выйграла б настолькi, наколькi б удалося вызвалiць у вынiку скарачэньня вытворчасьцi ў гэтых галiнах рабочую сiлу, сыравiну i капiтал ды выкарыстаць iх у iншых галiнах, дзе магчыма атрыманьне найбольшага прыбытку. Але гэта патрабуе дынамiчнасьцi ад прадпрымальнiкаў i мабiльнасьцi рабочай сiлы для разьвiцьця новых кiрункаў вытворчасьцi. Там, дзе гэтага не ўдаецца зрабiць адразу, узьнiкае беспрацоўе, абумоўленае неабходнасьцю прыстасаваньня да новых умоваў.

Гэтая праблема стаiць амаль перад усiмi заходнiмi iндустрыяльнымi краiнамi. Нiводная зь iх не гатовая на цяперашнi момант з гэтым замiрыцца. Таму заходнiя iндустрыяльныя краiны спрабуюць упарадкаваць i падпарадкаваць плынь iмпарту як з краiн, што сталi на шлях разьвiцьця, ды «новых» iндустрыяльных краiн, так i са «старых» iндустрыяльных краiн. Знаходлiвасьцi палiтыкаў i дзяржаўных ураднiкаў, здаецца, няма межаў. Ужо даўно ўведзены мыты як тарыфныя гандлёвыя перашкоды, а таксама вялiкая колькасьць усялякiх нетарыфных перашкодаў для гандлю. Францускi ўрад, напрыклад, патрабуе, каб мытныя апэрацыi па ўвозе пэўных вiдаў электроннай тэхнiкi праводзiлiся ў адным зь мястэчкаў паўднёвай Францыi, якi знаходзiцца далёка ад узьбярэжжа. Мытня ў гэтым гарадку малая, што стварае чэргi i вымушае пастаўшчыкоў плацiць значныя сумы за захоўваньне абкладзеных мытам тавараў на складах. Усё гэта стварае вельмi пажаданы для ўладаў эфэкт зьнеахвочваньня замежных iмпартэраў. У швальнай i абутковай прамысловасьцi, сталевытворчасьцi, выпуску грузавiкоў i iншых вырабаў многiя краiны выказалi гатоўнасьць да «добраахвотных» экспартных абмежаваньняў, каб папярэдзiць аднабакова ўведзеныя абмежаваньнi на iмпарт краiн-экспартэраў.

Агульнавядомыя вынiкi такой палiтыкi палягаюць у тым, што спажыўцом у краiнах-iмпартэрах нявыгадныя занадта высокiя цэны на ўвезеныя тавары. Краiны-iмпартэры могуць захаваць — прынамсi, на кароткi тэрмiн — традыцыйныя рабочыя месцы i адначасова прадухiлiць стварэньне ў краiнах-экспартэрах новых рабочых месцаў. Захаваныя такiм чынам рабочыя месцы на «багатай Поўначы» сусьветнага гандлю часта прыводзяць да абвастрэньня праблем занятасьцi на «бедным Поўднi». Менш вiдавочныя вынiкi такой палiтыкi палягаюць у тым, што парушаюцца правiлы мiжнароднага гандлю, у вынiку чаго пагаршаюцца ўмовы для разьвiцьця мiжнароднага падзелу працы. Трацiцца магчымасьць захаваць на працяглы тэрмiн больш прадуктыўныя рабочыя месцы з-за кароткатэрмiновай выйгранкі ў асобных краiнах.

Ад вышэйназваных выпадкаў трэба адрозьнiваць такiя, дзе ўжытыя захады што да абмежаваньня гандлю ствараюць кароткатэрмiновыя перашкоды разьвiцьцю мiжнароднага падзелу працы, але ў пэрспэктыве садзейнiчаюць яму. Гэта — як мы ўжо казалі — можа адбывацца тады, калі пэўная краіна ўжывае часовыя абарончыя захады ад больш магутнай замежнай прамысловасьці, каб пабудаваць уласную вытворчасьць, якая пасьля пэўнага падрыхтоўчага пэрыяду здолее пасьпяхова канкураваць на сусьветным рынку. Ужо Джон Ст’юарт Міль (1806—1873) адзначаў гэтую магчымасьць: «Перавага краіны ў пэўнай галіне прамысловасьці часта вынікае толькі з таго, што калісьці даўней пра гэтую галіну пачалі дбаць...». Далей ён кажа, што іншыя краіны зусім маглі б нагнаць перавагу першай краіны, і ён мяркуе, што абмежаваная ў часе палітыка заахвочвальнага мыта можа спрыяць дасягненьню гэтай мэты (Bd.2, S. 648—650).

Такім чынам, ужо адзін з клясыкаў палітэканоміі сфармуляваў аргумэнт, які некаторыя сучасныя крытыкі выкарыстоўваюць супраць яе клясычнай тэорыі. Фрыдрых Ліст працягнуў думку Джона Ст’юарта Міля. Ён падкрэсьлівае неабходнасьць часовай абароны маладой прамысловасьці ад больш магутнай замежнай канкурэнцыі, бо толькі такім спосабам можна разгарнуць «прадукцыйныя сілы» краіны, якія дазволяць нагнаць перавагу замежжа.

Гэты аргумэнт заахвочвальнага мыта адыграў вялікую ролю ня толькі ў акадэмічнай дыскусіі, але і ў практыцы эканамічнай палітыкі. Амаль усе краіны, якія калісьці адставалі ў працэсе індустрыялізацыі, абаранялі айчынную прамысловасьць, спасылаючыся на гэты аргумэнт. Так было ў дзевятнаццатым стагодзьдзі ў Нямеччыне, пасьля таго як Фрыдрых Ліст распрацаваў сваю «тэорыю прадукцыйных сілаў», і гэта ж адбывалася ў ЗША, якія праводзілі палітыку заахвочвальнага мыта пад уплывам Аляксандра Гамільтана[1]. Сёньня заходнія індустрыйна разьвітыя краіны наўрад ці могуць скарыстаць з аргумэнту заахвочвальнага мыта для абгрунтаваньня сваёй пратэкцыянісцкай гандлёвай палітыкі. Тут ідзецца ў большай ступені пра абарону «слабасьці старой прамысловасьці», чымся пра падтрымку «маладой прамысловасьці». Большае значэньне аргумэнт Ліста мае сёньня для краін, што сталі на шлях разьвіцьця. Мы яшчэ вернемся да гэтага.

Побач з праблемамi структурнага прыстасаваньня, якiя ўзьнiкаюць пры ажыцьцяўленьнi лiбэральнай палiтыкi вонкавага гандлю, паўстае i iншая праблема: залежнасьць адной краiны ад засталых. Яна ўзьнiкае як пры выкарыстаньнi iснуючых вытворчых магутнасьцяў, гэтак i пры забесьпячэньнi дабрабыту ўласнага насельнiцтва. Гэта зразумела. Калi краiна паддаецца спэцыялiзацыi ў рамках сусьветнай эканомiкi, яе вытворчыя магутнасьцi трацяць дакладную прыстасаванасьць для задавальненьня патрэбнасьцяў нутранога рынку. Цi будуць гэтыя магчымасьцi поўнасьцю задзейнічаныя, залежыць ад попыту замежжа на тавары, якiя вырабляюцца ў дадзенай краiне на экспарт. Нутраны попыт таксама ня можа быць задаволены без удзелу замежных пастаўшчыкоў. Такiм чынам, кажная краiна залежыць ад гатоўнасьцi iншых краiн набываць у яе тавары i пастаўляць свае.

Гэтая залежнасьць зьяўляецца адносна беспраблемнай, калi базуецца на ўзаемаразуменьнi i калi гандлёвыя адносiны мала палiтызаваныя. Калi нутраныя вытворцы ў адной краiне могуць прапанаваць свой прадукт больш выгадна, як iх замежныя канкурэнты, i калi патэнцыйныя пакупнiкi могуць без палiтычнага цiску выбiраць найбольш выгадныя крынiцы паставак, тады ўжо самi прыватныя iнтарэсы замежных спажыўцоў будуць спрыяць заказам у гэтай краiне. Гэта датычыцца таксама i iмпарту. Якi замежны пастаўшчык адмовiцца пастаўляць тавар у гэтую краiну, калi гэта прынясе яму прыбытак! Калi ўзаемаадносiны ўнутры краiны i за мяжой памiж удзельнiкамi рынку больш-менш ураўнаважаныя, гэта прыводзiць да «карэктнага» цэнаўтварэньня ў сусьветным гандлi. У iншых выпадках узьнiкаючыя прыватныя дзелавыя ўзаемаадносiны памiж краiнамi прыводзяць да перапляценьня iнтарэсаў, якое знаходзiць выражэньне i на палiтычным узроўнi. Чым цясьнейшае спляценьне iнтарэсаў, тым больш ствараецца магчымасьцяў палагодзiць палiтычныя канфлiкты. «Мiр праз гандаль» — так можна тэзысна выразiць сутнасьць справы.

Залежнасьць ад замежжа стаецца праблематычнай у тым выпадку, калi яна аднабаковая i/альбо калi гандлёвыя адносiны памiж краiнамi занадта палiтызаваныя. Гэта тыя выпадкi, якiя прадугледжвае тэорыя залежнасьцi. Зьвязаныя з гэтым праблемы падрабязна разгледжаныя ў разьдзеле «Трэцi сьвет...», які напісаў Франц Нушэлер. У сувязi з гэтым трэба адзначыць наступнае. Можна паспрабаваць пераадолець залежнасьць разьвiваных краiн ува ўзаемаадносiнах зь iншымi за кошт розных спосабаў: празь зьмяненьнi ў арганiзацыi сусьветнай эканомiкi, праз каапэрацыю i ўзмоцненыя намаганьнi самiх разьвiваных краiн. Многiя разьвiваныя краiны найчасьцей патрабуюць ад iндустрыяльна разьвітых дзяржаваў першага шляху; аб правамернасьцi i праблематыцы гэтых патрабаваньняў будзе сказана нiжэй. Другую магчымасьць — шлях рэгiянальнай каапэрацыi — спрабавалi выкарыстаць многiя разьвiваныя краiны, але дасягнутыя на сёньняшнi дзень вынікі не зьяўляюцца пераконлiвымi. Трэцяя магчымасьць можа мець вырашальнае значэньне. Усе разьвiваныя краiны павiнны непазьбежна ступiць на шлях структурнай перабудовы вытворчасьцi i дзякуючы ўласнаму разьвiцьцю тэхналёгiяў пераадолець iснуючыя залежнасьцi экзагеннага i структурнага характару ды дзякуючы гэтаму стварыць перадумовы для дзейснага ўдзелу ў сусьветным гандлi. У сувязi з гэтым можа быць мэтазгодным часовае недапушчэньне ў асобныя сэктары вытворчасьцi сусьветнай канкурэнцыi.

Канвэртаванасьць i стабільнасьць валюты

Апрача правiла не парушаць праз інтэрвэнцыю дзяржавы канкурэнцыю сярод прыватных вытворцаў з мэтай авалоданьня найлепшымi рынкамi збыту i заказамi, iснуе яшчэ адно правiла захаваньня дзеяздольнасьцi сусьветнай эканомiкi: гандлюючыя краiны павiнны дбаць аб канвэртаванасьцi сваiх валют i спрыяць таму, каб у ходзе мiжнароднага эканамiчнага супрацоўнiцтва плацежныя сродкi ня трацiлi сваёй вартасьці. Пад канвэртаванасьцю валюты трэба разумець тое, што гэтая валюта можа свабодна абменьвацца на валюты iншых краiн, прычым адрозьнiваюць «канвэртаванасьць для iншаземцаў» i «канвэртаванасьць для сваiх грамадзян». У першым выпадку гаворка iдзе аб праве замежных грамадзян патрабаваць ад эмiсiйнага банку абмену нутраной i замежнай валюты, у другiм выпадку маецца на ўвазе адпаведнае права айчынных грамадзян.

Наколькi важнай зьяўляецца канвэртаванасьць для разьвiцьця мiжнароднага гандлю, зразумела без тлумачэньня. Бяз права замежнага экспартэра абмяніць замежную валюту, атрыманую ў працэсе гандлю, на валюту сваёй краiны, экспартныя апэрацыi трацяць значную частку сваёй прывабнасьцi, бо выдаткi на выпуск экспартнага тавару яму даводзiцца аплочваць у валюце сваёй краiны. Гэта ж самае датычыць i айчыннага экспартэра. Згэтуль вынiкае, што пры страчваньнi канвэртаванасьцi аб’ём вонкавага гандлю адчувальна скарачаецца. Замежны экспартэр будзе ў такiм выпадку атаварваць пакупнiкоў пэўнай краiны толькi тады, калi яму ў абмен будуць прапанаваныя задавальняючыя яго тавары, якiя маюць адпаведны кошт. Без магчымасьцi такой «кампэнсацыйнай апэрацыi» яго экспартная выручка ня будзе нiчога каштаваць, i яму няма сэнсу iсьцi на такую ўгоду. Такiя выпадкi здараюцца часта.

Ня меншае значэньне для канвэртаванасьцi валюты мае стабільнасьць плацежных сродкаў, якiя выкарыстоўваюцца ў мiжнародным гандлi. Функцыi такiх плацежных сродкаў бяруць на сябе сёньня валюты найбольш iндустрыяльна разьвiтых краiн, а таксама — у пэўным сэнсе — спэцыяльныя крэдытныя лiнii Мiжнароднага валютнага фонду. Калi гэтыя краiны праводзяць у сябе iнфляцыйную палiтыку i аб’ём спэцыяльных крэдытных лiнiяў нязьмерна расшыраецца, мiжнародныя плацежныя сяродкi трацяць сваю вартасьць, што можа прывесьцi да значнага функцыянальнага разьмежаваньня ў мiжнародным эканамiчным узаемадзеяньнi. «Вядучыя валютныя краiны», чые валюты граюць цэнтральную ролю ў сусьветным гандлi (упаасобку ЗША), нясуць вялiкую адказнасьць за правядзеньне такой эканамiчнай палiтыкi, якая б нэўтралізавала iнфляцыю.

Выкананьне гэтых правiл валютнай палiтыкi можа залежаць ад нутраных эканамiчных праблемаў. Напрыклад: пры неабмежаванай канвэртаванасьцi грамадзяне могуць у любы час пераводзiць свой капiтал у замежныя краiны. Яны паспрабуюць зрабiць гэта тым хутчэй, чым вышэйшы ўзровень iнфляцыi i чым нiжэйшы, адпаведна, кошт уласнай валюты. З-за вывазу капiталу за мяжу памяншаюцца валютныя запасы, якiмi можа аплочвацца iмпарт. Дэвальвацыя ўласнай валюты, якая прадугледжваецца ў гэтай сытуацыi, робiць набыцьцё замежнай валюты даражэйшым i запавольвае адток валюты, але дае пры гэтым дадатковы iнфляцыйны iмпульс. Калi ж для ўраўнаважваньня вывезеных грошай за мяжой бяруцца валютныя крэдыты, краiна трапляе ў залежнасьць ад сваiх замежных крэдытораў. Такiм чынам, са свабоднай канвэртаванасьцю валют могуць быць зьвязаныя шматлiкiя праблемы.

Розныя кiрункi эканамiчнай палiтыкi асобных краiн пры жорсткiм абменным курсе i свабоднай канвэртаванасьцi валют могуць выклiкаць наступную праблему: распаўсюджваньне iнфляцыйнага ўзросту цэнаў, адбыванага ў адной краiне, на iншыя краiны. Калi з-за неабдуманай грашовай i падатковай палiтыкi павышаецца тэмп узросту цэнаў у краiне, узрастае попыт на iмпарт, бо ў вынiку адноснай стабiльнасьцi кошту грошай за мяжой замежныя тавары стаюцца больш «таннымi», як айчынныя. Узрост попыту на iмпарт прыводзiць у экспартуючых краiнах да павышэньня цэнаў. Краiна з высокiм узроўнем iнфляцыi «экспартуе» такiм чынам сваю iнфляцыю ў iншыя краiны i «iмпартуе» зь iх «стабiльнасьць цэнаў» дзякуючы ўзрастаючаму аб’ёму iмпарту па адносна нiзкiх цэнах. Гэта прыводзiць да выроўнiваньня тэмпу ўзросту цэнаў i да тэндэнцыi зьнiжэньня кошту плацежных сродкаў у мiжнародным руху тавараў. Пры цьвёрдых абменных курсах усе краiны, асаблiва самыя магутныя ў гандлёвых адносiнах, нясуць такiм чынам адказнасьць за падтрыманьне стабiльнасьцi мiжнародных плацежных сродкаў.

Пры гнуткiм абменным курсе небясьпека сусьветнай iнфляцыi не такая вялiкая. Узрастаючы попыт на iмпарт у краiне з высокiм узроўнем iнфляцыi выклiкае ўзрост цэнаў на замежную валюту i, адпаведна, зьнiжэньне цэнаў на валюту сваёй краiны («дэвальвацыю»), што стрымлiвае попыт на iмпарт. Краiна з высокiм узроўнем iнфляцыi вымушана ў такiм выпадку самастойна змагацца з наступствамі сваёй iнфляцыi; яна ня можа разьлiчваць на тое, што разам з таннымi iмпартнымi таварамi (у выпадку нязьменнага абменнага курсу) яна дасягне «стабiльнасьцi цэнаў». Калi ж «вядучая валютная краiна» праводзiць iнфляцыйную палiтыку, тады — як ужо было сказана — зьнiжэньне кошту яе валюты прыводзiць да мiжнароднага валютна-палiтычнага крызысу даверу, што можа дужа пашкодзiць сусьветнаму гандлю.

На гэтым мы канчаем апiсаньне праблемаў, якiя могуць узьнiкнуць пры ўжыцьцi правiлаў мiжнароднага гандлю. Усе гэтыя праблемы нiчога не мяняюць у самой сутнасьцi справы, што мiжнародны падзел працы можа прынесьцi перавагi ўсiм удзельнiкам: абмежаваныя рэсурсы можна будзе скарыстаць там, дзе яны прынясуць найбольшы даход (г.зн. авалодаць параўнальнымi перавагамi); мiжнародная канкурэнцыя адкрывае кажнай краiне выгадныя рынкi збыту i крынiцы паставак, гэтая ж канкурэнцыя вымагае распаўсюджваньня тэхнiчных ведаў i стымулюе канкурэнцыю ўнутры кажнай краiны. Але зразумела, што гэтыя перавагi зьяўляюцца толькi тады, калi гандлюючыя краiны датрымваюцца пэўных правiлаў. У асобных выпадках гэта праблематычна: узьнiкаюць праблемы структурнай перабудовы, абмяжоўваецца свабода нутранога гандлю, што можа прывесьцi да адчувальнай залежнасьцi ад замежжа. Гэта цана за нацыянальную спэцыялiзацыю ў рамках сусьветнага гандлю.

Кажная краiна спрабуе зьвесьцi да мiнiмуму гэтую цану за кошт парушэньня правiлаў мiжнароднага падзелу працы, ці шляхам стварэньня перашкодаў iмпарту або экспарту, цi праз абмежаваньне канвэртаванасьцi. Калi гэта чынiць асобная, малая краiна, шкода ад гэтага нязначная. Гэтая краiна можа карыстацца перавагамi адладжанага сусьветнага гандлю, ня плацячы за гэта поўнай цаны. Але калi ўсё большая i большая колькасьць краiнаў парушае гэтыя правiлы, то такiмi сваiмi паводзiнамi яны падрываюць арганiзацыйныя асновы мiжнароднага падзелу гандлю i шкодзяць адна адной. Некаторыя краiны стаяць перад дылемай арыштаванага. (Гэтая фiгура ўзята з прававой практыкi Злучаных Штатаў. Адзiн з арыштаваных можа купiць сабе свабоду, зраджваючы арыштаваных супольнiкаў. Але калi кажны арыштаваны паспрабуе гэта зрабiць, то ўсе зрадзяць адзiн аднаго i ўсе без вынятку будуць асуджаныя.) У мiжнародным гандлi асобная краiна можа стварыць сабе перавагi, парушыўшы агульнапрынятыя правiлы. Але калi гэтаму благому прыкладу будуць насьледаваць засталыя, то ня выйграе нiхто, а прайграюць усе, бо перастануць дзейнiчаць правiлы, дзякуючы якiм можа iснаваць мiжнародны падзел працы i ўзрастаюць даходы. Цi здарыцца такое ў мiжнародным гандлi i наколькi далёка яно зможа зайсьцi, залежыць ад ступенi ляяльнасьцi гандлюючых краiн да сыстэмы правiлаў мiжнароднага гандлю, а таксама гатоўнасьцi гэтых краiн адмовiцца ад кароткатэрмiновых нацыянальных перавагаў у асобных выпадках у iмя доўгатэрмiновых агульных перавагаў дзеяздольнага сусьветнага гандлю.

3. Уладкаваньне сусьветнага гандлю

Гандлёвыя i валютна-палiтычныя правiлы, без выкананьня якiх немагчымая дзейсная сусьветная вытворчасьць, былі пераведзеныя пасьля 1945 году на абсалютна новую аснову. Галоўную ролю ў гэтым адыгралі палiтычныя пераўтварэньнi ўва ўсім сьвеце, якiя наступiлi ў вынiку другой сусьветнай вайны. Злучаныя Штаты i Савецкi Саюз сталi вызначаць сусьветную палiтыку. Вельмi хутка высьветлiлася, што глыбокiя iдэалягiчныя рознагалосьсi памiж iмi робяць немагчымым сумеснае парадкаваньне мiжнароднага падзелу працы. А для гэтага iснавалi перадумовы: на канфэрэнцыi па сусьветным гандлi, якая адбылася ў 1948 годзе ў Гаване, бралi ўдзел i ўсходне-эўрапейскiя дзяржавы, Савецкi Саюз удзельнiчаў у перамовах аб стварэньнi адзiнай мiжнароднай валютнай сыстэмы. Але да валютнага пагадненьня ў Брэтан Вудзе Савецкi Саюз не далучыўся, i далейшыя намаганьнi што да парадкаваньня сусьветнага гандлю адбывалiся без CCCР. Разьдзяленьне на «Ўсход» i «Захад» паўплывала i на пераразьмеркаваньне сусьветнага гандлю.

У далейшым эканомiку «першага сьвету» — заходнiх iндустрыяльна разьвітых краiн — i «другога сьвету» — усходнiх iндустрыяльна разьвітых краiн — нам давядзецца разглядаць асобна. Асобны разьдзел будзе прысьвечаны ўключэньню ў мiжнародны падзел працы «трэцяга сьвету». Разглядаючы заходнiя iндустрыяльна разьвітыя дзяржавы, а таксама разьвiваныя дзяржавы, можна заўважыць яшчэ адно адрозьненьне памiж рэгiянальным i мiжнародным падзелам працы. У першым выпадку гаворка iдзе аб эканамiчнай каапэрацыi абмежаванай колькасьцi краiн, якiя належаць да аднаго рэгiёну, у другiм выпадку — аб мiжрэгiянальным супрацоўнiцтве. Як неўзабаве высьветлiцца, узаемаадносiны памiж гэтымi дзьвюма формамi каапэрацыi нi ў якiм разе не бесканфлiктныя.

Заходняя «сусьветная» эканомiка пасьля 1945 году

Само сабой зразумела, што пры аднаўленьні заходняй «сусьветнай» эканомiкi вырашальную ролю гралi ўяўленьнi Злучаных Штатаў аб яе арганiзацыi. Гэта краiна датрымвалася iдэi шматбаковага рынкавага падзелу працы ў эканомiцы i была супраць усялякай рэгiяналiзацыi i ўтварэньня блёкаў у сусьветным гандлi. Вялiкабрытанiя як другая важная сiла Захаду тады была яшчэ занадта заклапочана захаваньнем Брытанскай імпэрыі (Commоnwealth) i наогул займалася вырашэньнем уласных эканамiчных праблемаў, каб прэтэндаваць на вядучую ролю ў парадкаваньнi шматбаковых эканамiчных адносiн, а Францыя ня мела ярка выражанай традыцыi шматбаковага, рынкава-эканамiчнага складу мысьленьня. Зрэшты, палiтычная залежнасьць Заходняй Эўропы ад свайго амэрыканскага хаўрусьнiка, што яшчэ больш узмацнiлася падчас «халоднай вайны», не дазволiла ёй пратэставаць супраць правiлаў, уведзеных амэрыканскiм кiраўнiцтвам, i змусiла, такiм чынам, з пэўнай ляяльнасьцю паставiцца да гэтых правiлаў, безь якiх аднаўленьне мiжнароднага падзелу працы было б папросту немагчымым. Калi пазьней, пад знакам палiтыкi распружаньня i ўтварэньня шматполюснай структуры ўлады, амэрыканская «cold war hegemony over the non-communist portion of bipolar world» (Нойман-Уітмэн) аслабла, парушэньнi сыстэмы ўведзеных правiлаў памножылiся.

Як выглядалi гэтыя правiлы? У абсягу гандлёвай палiтыкi яны знайшлi сваё адлюстраваньне ў «Генэральным пагадненьнi аб тарыфах i гандлi» (ГАТТ, «General Agreement on Tariffs and Trade»). Гэтае пагадненьне, якое па сутнасьцi ўяўляла сабой разьдзел аб гандлёвай палiтыцы «Хартыi сусьветнага гандлю», прынятай у Гаване ў 1948 годзе, прадпiсвала ўсiм краiнам, што падпiсалi яе, прынцыпова адмовiцца ад нетарыфных перашкодаў для гандлю i паступова зьлiквiдаваць iснуючыя тарыфныя бар’еры (мыты). ГАТТ абавязвае ўсе краiны-ўдзельнiцы праводзiць лiбэральную гандлёвую палiтыку, якая паклiкана зрабiць перавагi свабоднага сусьветнага гандлю даступнымi для ўсiх. Але зьмест пагадненьня часткова ня мае прававых наступстваў, бо краiны-заснавальнiцы дбаюць аб тым, каб iх гандлёва-палiтычны сувэрэнiтэт быў як мага менш абмежаваны. У якой ступенi ўдзельнікі пагадненьня павiнны датрымвацца прадпiсаных правiлаў у канфлiктнай сытуацыi, выклiканай выкананьнем правiлаў ГАТТу i задавальненьнем нацыянальных iнтарэсаў, дазволена вырашаць самiм дзяржавам. Дамова, якая прадугледжвала б большую ўзаемаўзгодненасьць у гэтых адносiнах (напрыклад, мэханiзмы мiжнародных санкцыяў), ужо падчас стварэньня ГАТТ не знайшла б падтрымкi бальшыні. У цяперашнi час на гэта можна разьлiчваць яшчэ менш.

Параўнальна неабавязковы характар ГАТТу добра вiдаць зь няпэўнасьцi найважнейшага палажэньня: «рэжым найбольшага спрыяньня». Там сказана: «Усе перавагi, правы, iльготы i палёгкi», якiя прадастаўляюцца тавару, што вывозiцца з адной краiны-ўдзельнiцы дамовы альбо ўвозiцца ў яе, павiнны «няўхiльна i безумоўна прадастаўляцца для ўсiх аналягiчных тавараў, якiя выпускаюцца iншымi краiнамi-ўдзельнiцамi дамовы». Дыскрымiнацыя гандлёвымi партнэрамi адзiн аднаго цалкам выключаецца. Такiм чынам папярэджвалася паўтарэньне палярызацыi i рэгiяналiзацыi сусьветнага гандлю, што было характэрна для эканомiкi 30-х гадоў. Але дзеяньне вышэйназванага палажэньня абмежавана тым, што яно дазваляе стварэньне мытных саюзаў i зонаў свабоднага гандлю. Найперш Вялiкабрытанiя, якая была зацiкаўлена ў захаваньнi Брытанскай імпэрыі, ускладала спадзяваньнi на гэты вынятак з правiла. Ён дазваляе абмежаванай колькасьцi краiн гандляваць зь ёю без ажыцьцяўленьня мытных апэрацыяў, але гэта не распаўсюджваецца аўтаматычна на iншыя краiны. Пры стварэньнi ГАТТ усе спадзявалiся, што колькасьць такiх выняткаў будзе невялiкая. Як памылiлiся ў гэтым заснавальнiкi дамовы, паказала стварэньне Эўрапейскага Эканамiчнага Саюзу, Эўрапейскай зоны свабоднага гандлю i вялiкай колькасьцi iншых рэгiянальных сыстэмаў супрацоўнiцтва на Захадзе. «Raison d’ętre» усiх гэтых формаў iнтэграцыi азначае неаднолькавае стаўленьне да «чальцоў» i «нечальцоў», i, такiм чынам, парушэньне рэжыму найбольшага спрыяньня ГАТТ.

Краiны-ўдзельнiцы ГАТТу зьвязалi сябе пэўнымi ўзаемнымi забавязаньнямi, калi яны выразiлi згоду не касаваць мытных iльготаў, якiя былi выпрацаваныя i зацьверджаныя як складовая частка дамовы. Але i гэтае пагадненьне таксама зьяўлялася абмежаваным, асаблiва ў частцы так званага палажэньня аб ахоўных захадах. Калi, у прыватнасьцi, высьвятляецца, што ў вынiку зьнiжэньня мытных збораў альбо «непрадбачанага разьвiцьця» ўвоз пэўных тавараў узрастае настолькi значна, што нутраным вытворцам такiх самых альбо канкуруючых зь iмi тавараў «можа быць прынесена значная шкода альбо ўзьнiкае пагроза такой шкоды», то магчыма часовае скасаваньне панiжэньня мытных тарыфаў, праўда, пры папярэдняй кансультацыi з краiнамi-партнэрамi, iнтарэсы якiх гэтым закранаюцца. Такiм чынам, ад краiн не патрабуецца iсьцi на «падрыў рынку» з-за ляяльнага выкананьня правiлаў гульнi мiжнароднай эфэктыўнай канкурэнцыi. Але дакладнае тлумачэньне таго, што трэба разумець пад «падрывам рынку», у дамове адсутнiчае. Хутка высьветлiлася, што гэта вялiкая загана, бо такая агульная фармулёўка палажэньняў аб ахове можа выкарыстоўвацца краiнамi-ўдзельнiцамi дамовы для апраўданьня сумнеўных «ахоўных захадаў».

Нягледзячы на неабавязковасьць, якая ўласьцiва многiм палажэньням ГАТТу, апошняе адыграла дадатную ролю ў зьмяншэньнi тарыфных гандлёвых перашкодаў. Пасьля першага этапу зьнiжэньня мытных тарыфаў у Жэнэве ў 1947 годзе было заключана багата iншых шматбаковых пагадненьняў аб зьнiжэньнi мытных тарыфаў, якiя прывялi да адчувальнага зьмяншэньня сярэдняга ўзроўню мытных тарыфаў для краiн-партнэраў. Гэта прывяло таксама да частковага выраўнаньня розных ставак мытных тарыфаў i на нацыянальным узроўнi. Дзякуючы гэтаму ў 1945—1947 гадох ГАТТ унёс iстотны ўклад у ажваўленьне сусьветнага гандлю i садзейнiчаў узросту вытворчасьцi ў краiнах, якiя зьяўлялiся яго ўдзельнiцамi.

Вялiкай, дагэтуль нявырашанай праблемай ГАТТу зьяўляецца выкарыстаньне нетарыфных гандлёвых перашкодаў, якiя адыгрываюць вялiкую ролю ў практыцы гандлёвых узаемаадносiнаў краiн-удзельнiц дамовы. Далейшыя намаганьнi ГАТТу лiбэралiзаваць сусьветны гандаль павiнны сканцэнтравацца на лiквiдацыi гэтых перашкодаў.

Падобную нястачу абавязковасьцi, што iснавала ў гандлёва-палiтычных правiлах, можна паказаць i разглядаючы валютна-палiтычныя правiлы, увядзеньнем якiх у 1945 годзе была распачата спроба перабудовы заходняй эканомiкi. У асноўным гэтыя правiлы былi зацьверджаны ў 1944 годзе падчас пагадненьня ў Брэтан-Вудзе[2].

Гэтым пагадненьнем упершыню ў гiсторыi валютныя ўзаемаадносiны былi пастаўлены на дамоўную аснову. У адрозьненьне ад намаганьняў упарадкаваць сусьветны гандаль, пры гэтым тут былi створаны мультынацыянальныя арганiзацыi: Мiжнародны валютны фонд (МВФ) i Мiжнародны банк рэканструкцыi i разьвiцьця (МБРР), часам называны Сусьветным банкам. Мiжнародны валютны фонд узяў на сябе забавязаньне сачыць за выкананьнем пагадненьня ў Брэтан-Вудзе. Сусьветнаму банку была пастаўлена задача шляхам гнуткiх перамяшчэньняў капiталу паляпшаць стартавыя пазыцыi краiн, якiя ўдзельнiчаюць у мiжнароднай эфэктыўнай канкурэнцыi.

Заключэньне дамовы ў Брэтан-Вудзе было выклiкана намаганьнямi прадухiлiць паўтарэньне валютна-палiтычных забурэньняў 30-х гадоў. У той час узрост дэвальвацыi i выбарачныя абмежаваньнi канвэртаванасьцi ў значнай ступенi садзейнiчалi развалу сусьветнай эканомiкi. Таму новыя валютныя правiлы павiнны былi трымаць прынцыпова цьвёрды курс валют i гарантаваць неабмежаваную канвэртаванасьць для ўсiх бягучых фiнансавых апэрацыяў. «Прынцыпова цьвёрды» азначае, што абменны курс любой валюты на даляр ЗША альбо золата павiнен вагацца ў межах аднаго працэнту. У тым выпадку, калi выяўляецца, што з-за фундамэнтальнай неўраўнаважанасьцi ў плацежным балянсе краiны яе цьвёрда вызначаны валютны курс стаецца нерэальным, пасьля папярэдняга ўзгадненьня з МВФ можа быць распачата павелiчэньне альбо панiжэньне валютнага курсу. Такiм чынам, гаворка iдзе аб сыстэме «рухомых цьвёрдых курсаў» («adjustable peg»). Зьмяненьнi гэтых цьвёрдых курсаў дапускаюцца толькi ў выключных выпадках.

Такую сыстэму прынцыпова цьвёрдых абменных курсаў магчыма захаваць толькi тады, калi краiны-ўдзельнiцы абавязваюцца накiроўваць сваю нацыянальна-эканамiчную палiтыку ў першую чаргу на дасягненьне мiжнароднай эканамiчнай раўнавагi. У выпадку ўзьнiкненьня дэфiцыту балянсу па бягучых апэрацыях на нутраным рынку краiны трэба праводзiць такую палiтыку, якая прыводзiла б да панiжэньня макраэканамiчнага попыту, у тым лiку i на iмпарт, для таго, каб можна было зьлiквiдаваць гэты дэфiцыт без дэвальвацыi валюты. Такую палiтыку трэба ажыцьцяўляць i ў тым выпадку, калi — як у выпадку нутранога эканамiчнага спаду — неабходна стымуляваць попыт на нутраным рынку. У выпадку лiшку плацежнага балянсу на нутраным рынку неабходна праводзiць экспансiўную палiтыку, якая павышае попыт на iмпарт i стрымлiвае экспартную дзейнасьць. Гэткiя захады будуць дзейснымi i тады, калi краiна прымушана праводзiць палiтыку кан'юнктурнага стрымліваньня, напрыклад, для панiжэньня ўзроўню iнфляцыi. Унутрана-эканамiчныя мэты павiнны ўсьцяж падпарадкоўвацца задачам захаваньня вонкава-эканамiчнай раўнавагi. Але якраз гэтага i не хацелi краiны, якiя падпiсалi пагадненьне ў Брэтан-Вудзе. Дамова абяцала перавагi цьвёрдага валютнага курсу, не патрабуючы за гэта адпаведнай платы, а iменна — абмежаваньня нацыянальнай эканамiчна-палiтычнай гандлёвай свабоды цi, дакладней, прыярытэту задач падтрыманьня вонкаваэканамiчнай раўнавагi. Пагадненьне з большай рэглямэнтаванасьцю правiлаў у галiне валютнай палiтыкi папросту не знайшло б падтрымкi ў бальшыні.

Спачатку слабыя месцы дамовы не былi вiдавочныя. Краiны-ўдзельнiцы пачалi паэтапна ўстанаўляць канвэртаванасьць сваiх валют, i гэтым яны стварылi перадумовы для ўздыму сусьветнага гандлю ў 50—60-я гг. Гэтаму посьпеху спрыяла таксама магчымасьць шляхам выкарыстаньня правоў на атрыманьне крэдытаў пераадолець часовы дэфiцыт валюты. Пры сыстэме, запачаткаванай у Брэтан-Вудзе, кажная краiна валодае магчымасьцю, у залежнасьцi ад працэнту ўласнага ўнёску ў «фонд» (квоты МВФ), карыстацца валютай iншых краiн-удзельнiц дамовы. Першапачаткова гэтыя правы на крэдыт абмяжоўвалiся 200 працэнтамі ўласнай квоты, далей яна паступова павышалася. Дзякуючы гэтым крэдытам краiна мае магчымасьць пакрываць дэфiцыт плацежнага балянсу без абмежаваньня iмпарту i канвэртаванасьцi альбо дэвальвацыi валюты. Крэдыты ў суме да 25 % уласнай квоты (першапачаткова званыя «Goldtranche», калi 25 працэнтаў уласнай квоты неабходна было ўносiць у золаце) можна было атрымаць без працэнтаў. Калi ж бралiся большыя крэдыты, трэба было плацiць пэўныя працэнты, якiя былi тым вышэйшыя, чым больш памер сродкаў, узятых у крэдыт, пераўзыходзiў уласную квоту. Гэтыя працэнты былi паклiканыя перашкодзiць таму, каб дэфiцыт плацежнага балянсу працяглы час пакрываўся коштам сродкаў фонду, а дакладней — крэдытамi iншых краiн-удзельнiц. У iншым выпадку адбывалася б злоўжываньне салiдарнасьцю краiн-удзельнiц: краiны з хранiчным дэфiцытам атрымалi б магчымасьць без праблемаў выкарыстоўваць пэўную частку сукупнага нацыянальнага прадукту краiн-донараў шляхам несупыннага павелiчэньня аб’ёму iмпарту (якраз з гэтай экспартаванай часткi).

Абавязкi Мiжнароднага валютнага фонду ў выпадку, калi ў якой-небудзь краiне, што бярэ крэдыты, узьнiкае працяглы дэфiцыт плацежнага балянсу, як правiла, палягаюць у дэвальвацыi валюты гэтай краiны, памяншэньнi яе бюджэтнага дэфiцыту i карэкцыi яе палiтыкi «танных грошай». Пры гэтым стаўляецца дыягназ, што дэфiцыт плацежнага балянсу ўзьнiкае ў вынiку непрадуманай грашовай i фiскальнай палiтыкi, якая прыводзiць да высокага нутранога ўзроўню iнфляцыi i выклiкае вялiкi попыт на замежныя тавары. Захады, якiя ажыцьцяўляе ў такiм выпадку Мiжнародны валютны фонд, часта крытыкуюцца, бо ўнутры краiны яны могуць балюча ўдарыць па той частцы насельнiцтва, якая да гэтага часу атрымлівала прыбыткi ад вялiкiх дзяржаўных расходаў i спрыяльнай грашовай палiтыкi (напрыклад, атрымальнікі датацыяў i карыстальнікі дзяржаўных камунальных паслугаў, прадпрыемствы i iх супрацоўнiкi). У прынцыпе такiя ахвяры часта нельга прадухiлiць, але трэба задацца пытаньнем, наколькi рацыянальна банк выбраў захады ўзьдзеяньня i цi правiльна ён вызначыў тэрмiны яе ажыцьцяўленьня.

Побач з захадамі што да забесьпячэньня канвэртаванасьцi нацыянальных валют мiжнародная валютная сыстэма павiнна ажыцьцяўляць неабходныя захады перасьцярогi для падтрыманьня вартасьцi мiжнародных плацежных сродкаў. У тэксьце дамовы ў Брэтан-Вудзе засталося адкрытым пытаньне, якая валюта павiнна выкарыстоўвацца ў якасьцi мiжнароднага плацежнага сродку. На практыцы ў разьлiк прымаюцца толькi даляры ЗША. Пасьля 1945 году толькi амэрыканская валюта канвэртавалася ў золата, i толькi ёй быў аказаны давер выконваць функцыю мiжнароднага плацежнага сродку.

Але пры прыняцьцi фактычнага рашэньня аб выкарыстаньнi даляраў ЗША ў якасьцi мiжнароднай разьлiковай адзiнкi ды плацежнага сродку перад валютнай сыстэмай паўстала дылема: лепшае заспасабленьне сусьветнай эканомiкi такiм сродкам абмену, якi б карыстаўся ўсеагульнай павагай, магчыма толькi ў тым выпадку, калi ў амэрыканскiм плацежным балянсе ўтворыцца дэфiцыт (такiм чынам можна было б забясьпечыць сьвет далярамi); але адначасова такi дэфiцыт крые ў сабе небясьпеку, што давер да стабiльнасьцi амэрыканскай валюты будзе падарваны, i яна страцiць свае функцыi мiжнароднага плацежнага сродку.

Дылема памiж умовамi, неабходнымi для iснаваньня найважнейшага мiжнароднага плацежнага сродку, i пагрозай яму з-за стварэньня дэфiцыту плацежнага балянсу не адразу стала вiдавочнай; для пасьляваенных часоў была характэрная нястача даляраў, якую многiя лiчылi ў той час непераадольнай. Але зь цягам часу нястача даляраў перарасла ў iх наплыў. У плацежным балянсе ЗША ўтварыўся дэфiцыт, i краiна не выяўляла асаблiвага жаданьня шляхам абмежавальнай грашовай i фiскальнай палiтыкi зьменшыць гэты дэфiцыт i тым самым засьведчыць сваю адказнасьць за падтрыманьне стабiльнай вартасьцi найважнейшага мiжнароднага плацежнага сродку. Нястача канструктыўнага пачатку пагадненьня ў Брэтан-Вудзе праявiлася з усёй сваёй вiдавочнасьцю: паколькi эканамiчная палiтыка ЗША ў першую чаргу была зарыентавана на ўнутранаэканамiчныя мэты, а не на дасягненьне вонкавай раўнавагi, асновы стабiльнага курсу даляра былi падарваныя. У вынiку напрыканцы 60-х гадоў хвалi спэкуляцыяў сталi нагэтулькi вялiкiмi, што выклiкалi моцныя ўзрушэньнi на мiжнародным рынку капiталу i цалкам парушылi структуру абменнага курсу. Валютна-палiтычная нестабiльнасьць гэтых гадоў вельмi ўскладнiла далейшае разьвiцьцё сусьветнага гандлю. Урэшце сыстэма цьвёрдых абменных курсаў моцна заняпала, пакрыцьцё даляра залотам было ў 1971 годзе фармальна скасавана, i ў так званым Smithsonian agreement[3] былi вызначаныя новыя абменныя курсы, якiя iмплiкавалi дэвальвацыю даляра.

З таго часу рабiлiся шматлiкiя спробы рэфармаваньня мiжнароднай валютнай сыстэмы. У зьмяненьнях, унесеных у брэтан-вудзкае пагадненьне, было скасавана забавязаньне аб цьвёрдым валютным курсе, i кажнай краiне-ўдзельнiцы было прадастаўлена права самой свабодна вызначаць абменны курс сваёй валюты. З таго часу валютныя курсы многiх краiн сталi рухомымi. Пасьля гэтых зьменаў была зьвернута ўвага на тую акалiчнасьць, што краiны-ўдзельнiцы фонду наўрад цi ў стане пастаянна накiроўваць сваю ўнутранаэканамiчную палiтыку на выраўнаньне плацежнага балянсу i такiм чынам ствараць фундамэнт для сыстэмы стабiльных абменных курсаў. Апрача таго, ажыцьцяўлялiся спробы паставiць забесьпячэньне сусьветнай эканомiкi «грашыма» на новую аснову. З гэтай мэтай у 1969—1970 гадох быў створаны новы мiжнародны плацежны сродак — так званыя адумысловыя правы на пазычаньне (АПП). Яны былi зацьверджаныя бальшынёй у 85 % галасоў краiн-удзельнiц фонду. Кажная краiна атрымала гэтыя правы ў аб’ёме, адпаведным яе квоце. Кажная краiна магла абмяняць свае адумысловыя правы на пазычаньне на даляры альбо iншую нацыянальную валюту. Але ўвядзеньне гэтых правоў практычна не пахiснула дамiнуючай ролі даляра. У дадзены момант, як i раней, гэтая валюта зьяўляецца найважнейшым мiжнародным плацежным сродкам, якi паступова дапаўняецца iенай, швайцарскiм франкам i нямецкай маркай. Але гэта прынцыпова ня вырашыла той вышэйадзначанай дылемы мiжнароднага парадку, якi прадугледжвае наданьне нацыянальнай валюце функцыi мiжнароднага плацежнага сродку.

Як было ўжо сказана, Мiжнародны банк рэканструкцыi i разьвiцьця быў другой побач зь Мiжнародным валютным фондам (МВФ) арганiзацыяй, якая была паклiкана да жыцьця ў вынiку падпiсаньня пагадненьня ў Брэтан-Вудзе. Першапачаткова банк займаўся пераважна фiнансаваньнем аднаўленьня разбураных у гады вайны краiн Заходняй Эўропы. З 60-х гадоў яго крэдыты выдавалiся толькi разьвiваным краiнам. Сродкi для гэтага банк здабывае на мiжнародных рынках капiталу. Гэта азначае, што працэнты на выдаваныя крэдыты адпавядаюць у цэлым працэнтам на сусьветным рынку. Такiм чынам, банк не зьяўляецца дабрачыннай арганiзацыяй. Ён абавязкова павiнен зважаць на тое, каб ня страцiць давер багатых на капiтал краiн, i ня можа дазволiць сабе канфрантацыю з эмiсiйнымi банкамi i ўрадамi ЗША, Японii, Швайцарыi, ФРН або Савудаўскай Арабii. Гэта можна азначыць як «залежнасьць» банку, але трэба рэалiстычна глядзець на рэчы i разумець, што iншы стыль паводзiнаў проста немагчымы. Банк, якi трацiць давер сваiх укладчыкаў, ня мае шанцаў на далейшае iснаваньне.

Даччынай арганiзацыяй МБРР зьяўляецца «Агенцыя міжнароднага разьвіцьця» (АМР) (International Development Agency, IDA), якая разам зь Міжнароднай фінансавай карпарацыяй (МФК) (International Financial Corporation, IFC) i ўласна Сусьветным банкам (МБРР) уваходзiць у Сусьветную групу банкаў. АМР фiнансуецца зь бюджэтных сродкаў заходнiх прамыслова разьвiтых краiн-удзельнiц, асаблiва зь дзяржаўных сродкаў, выдзеленых на дапамогу разьвiваным краiнам. Крэдыты АМР iдуць на падтрымку найбольш слабаразьвiтых краiн i выдаюцца практычна ў якасьцi «падарунку» (працэнтная стаўка (збор за абслугоўваньне) складае 0,75 %, дзесяць год без пагашэньня, тэрмiн выплаты — 50 год). У гэтым выпадку, улiчваючы канкрэтныя ўмовы, можна з поўным правам гаварыць аб «дапамозе», аб’ём якой у iстотнай меры залежыць ад таго, якое значэньне надаецца аказаньню шматбаковай дапамогi разьвiцьцю iншых краiн парлямэнтамi заходнiх iндустрыяльна разьвiтых краiн i iх выбарцамі.

Разважаньнi аб заходняй сусьветнай эканомiцы пасьля 1945 году на гэтым можна скончыць. Ясна, што правiлы гульнi ў мiжнародным падзеле працы, прынятыя ў ГАТТ’е i ў Брэтан-Вудзе, былi ня вельмi дакладныя i часта парушалiся. У гэтых правiлах не былi закладзены мэханiзмы вырашэньня шэрагу iстотных пытаньняў, напрыклад, шмат няпэўнасьцяў iснуе ў палажэньні аб абмежаваньні прыватнай канкурэнцыi ў мiжнародным гандлi, якое, у сувязi з узрастаючым уплывам транснацыянальных карпарацыяў, стала сапраўднай праблемай. Заганы створанай пасьля 1945 году сыстэмы правiл прывялi ў 70-х гадох да неабходнасьцi распрацоўкi «новага парадку сусьветнай эканомiкi». Гэтае патрабаваньне выставiлi разьвіваныя краiны, якiя мелi аб гэтым пытаньнi ўяўленьнi, абсалютна адрозныя ад тых, што былi пакладзены ў аснову гандлёвага i валютнага парадку 40-х гадоў. Да гэтага пытаньня мы яшчэ вернемся. А спачатку трэба ня менш уважлiва разгледзець усходнi варыянт «сусьветнай» эканомiкi.

Усходняя «сусьветная» эканомiка пасьля 1945 году

Усходнеэўрапейскiя дзяржавы «рэальнага сацыялiзму» ня менш як «капiталiстычныя» краiны iмкнулiся да iнтэнсіфiкацыi мiждзяржаўнага падзелу працы. Яны маглi спасылацца пры гэтым на Карла Маркса, якi, як i Адам Смiт, выходзiў з таго, што iснуе шчыльная ўзаемасувязь памiж маштабам падзелу працы i разьвiцьцём прадукцыйных сiлаў.

Але мэтады, якiя выкарыстоўвалiся для дасягненьня гэтай мэты, былi прынцыпова iншымi. З марксiсцкага пункту гледжаньня, рынак зьяўляецца «анархiчным», а вытворчасьць, якая рэгулюецца прыватным iмкненьнем да нажывы, ідзе ўразрэз з «праўдзiвымі» патрэбамі чалавека. Таму перавага была аддадзена плянаваму рэгуляваньню вытворчасьцi, якое — ува ўмовах «рэальнага сацыялiзму» — павiнна ажыцьцяўляцца дзяржаўнымi органамі як абароньнікамi iнтарэсаў працоўных. Пры гэтых умовах i мiжнародны падзел працы быў магчымы толькi на плянавай аснове. Таму магчымасьцi каапэрацыi з заходнiмі прадпрыемствамi былi абмежаваныя.

Гiстарычныя ўмовы, якiя прывялi да пачатку мiжнароднага падзелу працы пад знакам сацыялiзму, былi падобныя да тых, пры якiх пасьля 1945 году ўзьнiкла заходняя «сусьветная» эканомiка. Iснавала дамiнуючая сiла, СССР, якая зьiнiцыявала ўзмоцненую каапэрацыю i склiкала канфэрэнцыю, вынiкам якой было заснаваньне 25.01.1949 у Маскве Рады эканамiчнай узаемадапамогi (РЭУ) (на Захадзе гэтая назва часта фігуруе ў скароце Comecon ад ангельскага азначэньня «Council for Mutual Economic Assistance»). Краiнамi-заснавальнiцамi былi, апрача Савецкага Саюзу, пяць усходнеэўрапейскiх дзяржаваў, якiя ў iдэалягiчных, вонкавапалiтычных i ўнутранапалiтычных адносiнах больш альбо менш залежалi ад СССР (Баўгарыя, Польшча, Румынiя, ЧССР i Вугоршчына). Пазьней да РЭУ далучылiся iншыя краiны (НДР, Мангольская Народная Рэспублiка, Куба i г.д.). Зь Югаславiяй былi ўстаноўлены асацыяваныя ўзаемаадносiны, з цэлым шэрагам разьвiваных краiн былi заключаныя спэцыяльныя пагадненьнi аб каапэрацыi.

Спачатку намаганьні разьвiваць узмоцненае эканамiчнае супрацоўнiцтва давалі малы плён. У цэлым гэта тлумачыцца тым, што меншыя краiны-ўдзельнiцы ўбачылi ў савецкай прапанове аб каапэрацыi спробу мацней прывязаць iх эканомiку да эканомiкi Савецкага Саюзу i зрэагавалi на гэта падкрэсьлiваньнем сваёй эканамiчнай незалежнасьцi. Пры тым яны маглi спаслацца на тэкст Статуту РЭУ, якi ў 1 артыкуле абвяшчаў «поўную раўнапраўнасьць» усiх краiн-удзельніц, прынцып «братняй узаемадапамогi» i «павагі да сувэрэнiтэту i нацыянальных iнтарэсаў». Пасьля 1954 году рабiлiся шматлiкiя спробы перапынiць аўтаномную дзейнасьць краiн-партнэраў i праводзiць у жыцьцё супольнае плянаваньне эканомiкi. З гэтай мэтай зь цягам часу былi створаны шматлiкiя арганiзацыi. Гэта, наўперад, так званыя Пастаянныя камiсii, якiя адказвалi за каардынаванае плянаваньне народнай гаспадаркi. Камiсii такога ж тыпу былi ўтвораны для каардынаваньня ўсiх найважнейшых галiн эканомiкi (цяжкая прамысловасьць, машынабудаваньне, лёгкая прамысловасьць, сельская гаспадарка, будаўнiцтва i г.д.), а таксама для ажыцьцяўленьня макраэканамiчных задач, такiх, як, напрыклад, стандартызацыя прадуктаў вытворчасьцi, карэкцыя статыстычнай iнфармацыi i ўрэгуляваньне валютных i фiнансавых пытаньняў. Гэтыя камiсii ў межах iх дакладна акрэсьленых паўнамоцтваў мелi права дзейнiчаць самастойна i прымаць рашэньнi, за якiя яны трымалi адказ перад Радай. Аб палiтычнай вазе гэтых Пастаянных камiсiяў сьведчыць той факт, што ў iх былi прадстаўлены мiнiстры адпаведных галiн прамысловасьцi краiн-удзельнiц РЭУ.

Да ўстановаў, якiя павiнны былi выконваць абмежаваныя каардынуючыя задачы, належалi так званыя Спэцыяльныя арганiзацыi. Яны былi створаны ў 1962 годзе рашэньнем нарады кiраўнiкоў партыяў i ўрадаў — найважнейшым органам у практычнай дзейнасьцi РЭУ. Гэтыя арганiзацыi ўяўлялi сабой нешта прынцыпова новае, бо iм быў нададзены мiжнародны статус юрыдычнай асобы. Iх задача палягала ў беспасярэднім узгадненьнi вытворчых плянаў i каардынацыi гандлёвай дзейнасьцi. Яны мелi права прымаць рашэньнi, якiя не патрабавалi зацьвярджэньня iншымi органамi РЭУ.

Для пашырэньня магчымасьцяў супрацоўнiцтва ў рамках РЭУ даволi важнае значэньне мелі зьмены статуту, зацьверджаныя ў 1967 годзе. Асноўным прынцыпам дзейнасьцi РЭУ ад таго часу стаў прынцып «зацiкаўленасьцi», якiм быў абумоўлены прынцып адзінагалоснасьцi ўва ўсiх рашэньнях i права «вэта» кажнай краiны-ўдзельнiцы. Адзінагалоснасьць патрабавалася толькi ад тых краiн-удзельнiц, якiя абвяшчалi сябе «зацiкаўленымi» ў вырашэньнi разгляданага пытаньня. Калi ж краiна заяўляла аб сваёй «незацiкаўленасьцi», то прынятыя рашэньнi альбо рэкамэндацыi яе не закраналi, але яна i ня мела права «вэта» на iх прадухiленьне. Шляхам гэтых зьмяненьняў была зроблена спроба вырашыць тую праблему, што краiны-ўдзельнiцы яўна не былi гатовыя да абмежаваньняў, якiх вымагаў ад iх плянавы дыктат. Краiны-ўдзельнiцы пастаянна блякавалi падобныя рашэньнi. Найбольш адстойвала сваё права на самастойную стратэгiю разьвiцьця Румынiя, бо асьцерагалася, што можа забавіцца разьвiцьцё яе навукаёмiстых галiн вытворчасьцi з найбольш высокай прадукцыйнасьцю працы. Такiя ж засьцярогi мелi i iншыя краiны-ўдзельнiцы з адносна нiзкiм узроўнем разьвiцьця.

Пры распрацоўцы сыстэмы iнтэнсіфiкацыi мiжнароднага падзелу працы РЭУ давялося пераканацца ў наступным: перавагi, да якiх яна iмкнецца, могуць быць дасягнутыя толькi тады, калi краiны-ўдзельнiцы будуць гатовыя да абмежаваньня сваёй свабоды дзяньняў у галіне эканамiчнай палiтыкі. У гэтым пляне няма прынцыповых адрозьненьняў памiж сыстэмай «рэальнага сацыялiзму» i «капiталiзмам». Аснавасяжнае адрозьненьне палягае ў тым, што плянава-эканамiчнае рэгуляваньне вытворчасьцi, якое практыкуецца на Ўсходзе, адмаўляе ўсякую нацыянальную спэцыялiзацыю без шырокага палiтычнага задзiночаньня, тым часам як пры рынкава-эканамiчным кiраваньнi вытворчасьцяй якраз гэта i зьяўляецца правiлам. Там, дзе прыватнае прадпрымальнiцтва мае ўсеабсяжную аўтаномiю, яго спэцыялiзацыя можа ажыцьцяўляцца i без каардынуючай дзейнасьцi на ўрадавым узроўнi, якая зьвязаная зь вялікімі выдаткамі. Гэта азначае, што пры наяўнасьцi супрацiву нацыянальных дзяржаваў абмежаваньню поля iх палiтычнай дзейнасьцi ў сыстэме рынкавых узаемаадносiнаў мiжнародны падзел працы больш эфэктыўны, чымся пры плянава-эканамiчнай сыстэме.

Нацыянальны эгаiзм i высокая ступень неабходнасьцi палiтычнай каардынацыi зьяўляюцца першай прычынай таго, што ўзровень падзелу працы памiж краiнамi-ўдзельнiцамi РЭУ доўгi час ня быў такi высокi, як у заходнiх iндустрыяльна разьвiтых краiнах. Другая прычына бачыцца ў розных узроўнях разьвiцьця краiн-партнэраў. Падзел працы памiж краiнамi з высокiм i нiзкiм узроўнем разьвiцьця зьвязаны з пастаяннымi праблемамi, бо слабаразьвiтыя краiны дабiваюцца лiквiдацыi свайго адставаньня i з гэтай мэтай патрабуюць аднабаковых саступак ад высокаразьвiтых краiн. Пры заходнiм варыянце падзелу працы гэта, напрыклад, можа азначаць патрабаваньне аднабаковых мытных саступак; ува ўсходняй сыстэме, дзе мыты маюць другараднае значэньне, такiмi саступкамi могуць быць спэцыяльныя iнвэстыцыі, выгандляваныя на дзяржаўным узроўнi, iльготныя цэны i iншыя формы пазытыўнай дыскрымiнацыi. Гэтае прадастаўленьне пераваг азначае для больш разьвiтых краiн адмаўленьне на пэўны час ад дастатку. Досьвед сьведчыць, што разьвiтыя краiны-ўдзельнiцы РЭУ вельмi нерашуча iшлi на такiя саступкi менш разьвiтым краiнам. А апошнiя, у сваю чаргу, асьцерагалiся «вызыску» з боку iншых краiн. Асаблiва румынскiя аўтары выказвалi такiя перасьцярогi, пераносячы пры гэтым марксiсцкi тэзыс аб так званым няроўным абмене на эканамiчныя ўзаемаадносiны памiж краiнамi сацыялiстычнага лягеру. РЭУ не ўдалося вырашыць тых спэцыфiчных праблемаў, што стаяць на шляху стварэньня падзелу працы памiж краiнамi з розным узроўнем разьвiцьця, i гэтыя праблемы перашкодзiлi разьвiцьцю гэтага падзелу працы.

Трэцяя прычына параўнальна нязначных посьпехаў у iнтэнсіфiкацыi мiждзяржаўнага гандлю закладзена ў самой плянавай сыстэме. Нават у асобнай краiне вельмi цяжка сплянаваць вытворчасьць так, каб не ўзьнiкала як дэфiцыту пэўных паставак, так i перапаставак тавараў. Сплянаваць адначасова ў многiх краiнах вытворчасьць так, каб пазьбегчы гэтай праблемы, практычна немагчыма. Такiм чынам, спроба плянава-эканамiчнай iнтэграцыi шэрагу народных гаспадарак натыкаецца на непераадольныя практычныя цяжкасьцi.

Аб гэтым сьведчыць, напрыклад, праблема цэнаўтварэньня ў мiжнародных эканамiчных узаемаадносiнах. Краiны-ўдзельнiцы РЭУ не валодаюць мiжнароднай сыстэмай ацэнкі, якая магла б правiльна вызначыць рэальныя эканамiчныя затраты на вытворчасьць тавараў. Таму ў гандлёвых узаемаадносiнах памiж дзяржавамi-ўдзельнiцамi РЭУ на многiя тавары ўстанаўлялiся адпаведныя цэны «капiталiстычнага» сусьветнага рынку, пры тым бралiся сярэднiя паказьнікі канкрэтных цэнаў за многiя гады. Такiм чынам нутраныя рынкi краiн-сяброў РЭУ былi iзаляваныя ад замежнагандлёвых, бо ў абодвух выпадках выкарыстоўвалiся розныя сыстэмы цэнаўтварэньня. Гэта азначае, што ў шматлiкiх выпадках не iснуе крытэраў, з дапамогай якiх можна было б больш-менш аб’ектыўна вызначыць, наколькi значнымi зьяўляюцца перавагi альбо заганы пэўнай вытворчай спэцыялiзацыi. Адсутнасьць крытэраў для ацэнкi гэтых фактараў прыводзiць да таго, што ў кажнай краiны ўзьнiкае сукрыты падазрон, што яна можа быць падманутая ў вынiку падзелу працы, як толькi яна паведамiць свае аб’ектыўныя дадзеныя. Гэта таксама стрымлівае iмклiвае разьвiцьцё плянава-эканамiчнага падзелу працы.

Чацьвертай прычынай параўнальна нiзкага ўзроўню мiждзяржаўнага падзелу працы зьяўляецца тое, што да гэтага часу не ўдалося дасягчы поўнай узаемнай канвэртаванасьцi валют краiн-удзельнiц РЭУ. Немагчыма пастаянна пакрываць узьнiкаючы дэфiцыт у гандлёвых адносiнах з пэўнай краiнай за кошт лiшкаў, якiя ствараюцца ў працэсе гандлю зь iншымi краiнамi. Вынiкам гэтага зьяўляецца тое, што гандаль абмяжоўваецца ў асноўным двухбаковымi ўзаемаадносiнамi.

Названыя прычыны тлумачаць той факт, што доля замежнага гандлю на душу насельнiцтва ўва ўсходняй «сусьветнай» эканомiцы значна нiжэйшая, чымся ў заходняй (гл.таблiцу). Гэта аднолькава тычыцца як «вялiкiх» краiнаў — СССР i ЗША, так i кажнай з малых краiн абедзьвюх эканамiчных сыстэмаў.

Доля замежнага гандлю на душу насельнiцтва (кошт экспарту i iмпарту вызначаецца ў далярах ЗША на 1982 год) - табліца толькі ў друкаванай кніжцы

Крынiца: Сусьветны банк, спавешчаньне аб сусьветным разьвiцьцi за 1984 год (уласныя разьлiкi).

З гэтага можна зрабiць вывад, што патэнцыял мiждзяржаўнага падзелу працы ўва ўсходняй «сусьветнай» эканомiцы да гэтага часу выкарыстоўваўся толькi ў нязначным аб’ёме. Мэта РЭУ палягае ў тым, каб у наступныя гады перайсьцi да шматбаковай сыстэмы разьлiкаў i iнтэнсіфiкаваць далейшае разьвiцьцё сумеснага эфэктыўнага плянаваньня замежнага гандлю.

Сыстэмы рэгiянальнага падзелу працы

Як мы пераканалiся, перавагаў, зьвязаных з замежнагандлёвай спэцыялiзацыяй, нельга атрымаць, не заплацiўшы пэўнай цаны: нутраная структура вытворчасьцi павiнна прыстасавацца да зьмяненьняў сусьветнай эканамiчнай кан’юнктуры, эканамiчная палітыка кажнай асобнай нацыянальнай дзяржавы падлегчы абмежаваньню, а нутраны рынак будзе залежаць ад вонкавага. Гэтыя праблемы можна пераадолець тым лягчэй, чым раней зацiкаўленым у гэтым краiнам удасца дасягчы ўзгодненасьцi сваiх пазыцыяў. З абмежаваньнем уласнага поля эканамічнай дзейнасьцi павышаецца магчымасьць уплыву на поле дзейнасьцi iншых краiн. Нутраныя структурныя пераўтварэньнi, выклiканыя адкрыцьцём межаў, будуць палегчаны дзякуючы магчымаму экспарту, якi паступiць у вынiку адкрыцьця межаў iншых краiн, i «залежнасьць» ператворыцца ў вонкаваэканамічную «ўзаемазалежнасьць». Такая ўзгодненасьць будзе дасягнута тым раней, чым больш гамагеннымi акажуцца краiны-ўдзельнiцы i чым больш абмежаванай акажацца iх колькасьць: гэта агульная ўмова для стварэньня рэгiянальных iнтэграцыйных сыстэмаў. У iдэальным выпадку яны будуць крокам у кiрунку да сусьветнай iнтэграцыi; у асобных краiнаў узьнiкне, такiм чынам, магчымасьць супольна зь невялiкiм лiкам краiн-партнэраў выпускаць канкурэнтаздольныя тавары i падрыхтавацца да сусьветнай канкурэнцыi. Аднак на практыцы мiжнародныя рэгiянальныя сыстэмы часта стаюцца перашкодамi для шматбаковага падзелу працы.

Найважнейшай рэгiянальнай iнтэграцыйнай сыстэмай зьяўляецца сёньня Эўрапейская Супольнасьць (ЭС), якая ўяўляе сабой арганiзацыйнае абагульненьне Эўрапейскай эканамiчнай супольнасьцi (ЭЭС), Эўрапейскай супольнасьцi вугалю i сталi (ЭСВС) i Эўрапейскай атамнай супольнасьцi (ЭAС, скарочана Эўраатам). Пагадненьнi аб стварэньнi гэтых супольнасьцяў сьпярша падпiсалi шэсьць краiн: Бэльгiя, ФРН, Францыя, Нiдэрлянды, Iталiя, Люксэмбург; пасьля далучылiся яшчэ чатыры краiны: Данiя, Iрляндыя, Аб’яднанае Каралеўства з 1.1.1973 году i Грэцыя з 1.1.1981 году. Гішпанiя i Партугалiя павiнны ўступiць у супольнасьць 1.1.1986 году.

Побач з ужо названымi агульнымi прычынамi стварэньня рэгiянальнай iнтэграцыйнай сыстэмы важную ролю ў стварэньнi Эўрапейскай Супольнасьцi адыгралi пэўныя палiтычныя матывы. Нямецкая цяжкая прамысловасьць у Руры пасьля другой сусьветнай вайны была «iнтэрнацыялiзаваная» спэцыяльным «Рурскiм» статутам. Пасьля стварэньня ФРН трэба было шукаць iншага рашэньня, якое, з аднаго боку, адпавядала б «вымаганьням бясьпечнасьцi» заходнеэўрапейскiх краiн-суседзяў i, з другога боку, спалучалася б з сувэрэнiтэтам новай дзяржавы. Рашэньне, прынятае на аснове пляну Шумана[4] ў 1951 годзе, палягала ў тым, што для гэтага мэталюргiчнага рэгiёну была створана сумесная арганiзацыя, у склад якой увайшлi шэсьць заходнеэўрапейскiх краiн (ЭСВС), якiя надалi ФРН права рэгуляваць сваю цяжкую прамысловасьць у такой ступенi, у якой бы яны лiчылi патрэбным. ЭСВС стала зародкам для ЭЭС i для ЭAС, пагадненьнi аб стварэньнi якiх былi падпiсаныя шасьцьма гадамi пазьней.

Рашэньне, эпахальнае для ўсёй Эўропы, прынятае на прапанову Вялiкабрытанii i iншых эўрапейскiх дзяржаваў, правалiлася таму, што гэтыя краiны не былi гатовыя да падобнага роду далекасяжнага аб’яднаньня ў такой ступенi, у якой ад iх патрабавалi краiны ЭС пад палiтычным кiраўнiцтвам Францыi. На аснове мытнага аб’яднаньня, якое прадугледжвала скасаваньне ўсiх мытняў памiж краiнамi-чальцамі ЭС i стварэньне супольных вонкавых мытняў, на прасторы ЭС ствараўся «супольны рынак», якi забясьпечваў свабодны рух тавараў, паслуг i капiталу. Падпiсанае ў Рыме пагадненьне аб стварэньнi ЭЭС утрымлiвае яшчэ адно ўзаемнае забавязаньне краiн-удзельнiц, а менавіта наданьне ўсiм наёмным рабочым права асёласьцi ў межах ЭЭС без усялякiх абмежаваньняў. Такiх далекасяжных мэтаў нельга дасягчы бяз пэўнай уніфікацыі заканадаўства i эканамiчнай палiтыкi краiн-удзельнiц. Таму пагадненьне аб заснаваньнi ЭЭС абавязвае краiны-ўдзельнiцы ўнiфiкаваць унутрыдзяржаўныя прававыя палажэньнi i скаардынаваць iх эканамiчную палiтыку; упаасобку кан'юнктурная палiтыка павiнна разглядацца як прадмет усеагульнай зацiкаўленасьцi. Апрача таго, дамова ў Рыме абвяшчае пэўныя кiрункi палiтыкi сфэрай кампэтэнцыi супольнасьцi i выключае iх з кампэтэнцыi нацыянальных дзяржаваў (гандлёвая, аграрная, транспартная палiтыка; палiтыка ў сфэры канкурэнцыi).

Шэраг мэтаў ЭС быў дасягнуты за надзвычай кароткi час. Гэта асаблiва тычыцца лiбэралiзацыi руху тавараў. Яе мэтай было палягчэньне функцыянальнай iнтэграцыi, якая палягае ў аб’яднаньнi нутраных рынкаў праз аўтаномны гандаль паміж прыватнымі эканамiчнымі суб’ектамі. Згодна з пагадненьнем аб утварэньнi ЭЭС неабходна было паступова, да 31.12.1969, скасаваць нутраныя мыты на вытворчую прадукцыю. Гэта задача была выканана на 18 месяцаў раней. Колькасныя абмежаваньнi на ўвоз краiнамi-заснавальнiцамi таксама ўдалося скасаваць адносна хутка, да 31.12.1961 году. Было зьлiквiдавана шмат абмежаваньняў, зьвязаных з правам асёласьцi рабочай сiлы i рухам капiталу. Дзякучы гэтым захадам што да стварэньня адзiнага рынку тавараў, працы i капiталу эканамiчны падзел працы ў межах супольнасьцi атрымаў моцны iмпульс. Гэта прывяло да структурных пераўтварэньняў, дзякуючы якiм вытворчыя фактары перагрупоўвалiся зь менш эфэктыўных у больш эфэктыўныя галiны вытворчасьцi; выклiканыя ў вынiку гэтага спрыяльныя гандлю эфэкты пасьля шматлiкiх эмпiрычных дасьледаваньняў набылi значны маштаб. Яшчэ важнейшымi зьяўляюцца дынамiчныя iнтэграцыйныя эфэкты, якiя палягаюць у ажыўленьнi канкурэнцыi, стымуляцыi тэхнiчнага прагрэсу i атрыманьнi дадатковых пераваг ад масавай вытворчасьцi, якiя ўзьнiкаюць пры расшырэньнi рынкаў.

Ведама, гаварыць аб поўнай свабодзе руху тавараў i капiталу ў межах супольнасьцi яшчэ рана. Усё яшчэ iснуюць нетарыфныя гандлёвыя абмежаваньнi, якiя грунтуюцца на разнастайных тэхнiчных i адмiнiстрацыйных рэгуляцыях. Аказалася, што лiквiдацыя гэтых перашкодаў патрабуе значна больш часу, чымся лiквiдацыя мытняў, таму што ў гэтым выпадку неабходна ўзгадняць адмiнiстрацыйную i падаткавую практыку краiн-удзельнiц.

Не на ўсiх нутраных рынках былi скасаваныя гандлёвыя абмежаваньнi ў iмя «функцыянальнай iнтэграцыi» i тым самым не былi створаныя падставы, неабходныя для стымулюючага iнтэграцыю працэсу канкурэнцыi. На некаторых рынках Заходняй Эўропы таксама пераважала дзяржаўнае рэгуляваньне, так што адзiнай магчымасьцю стварэньня арганiзацыйнай iнтэграцыi была перадача ўнутрыдзяржаўных кампэтэнцыяў кiруючым органам супольнасьцi. Паколькi палiтыка гэтых органаў што да краiн-удзельнiц накiравана на яшчэ больш шчыльную iнтэграцыю, паўстаюць арганiзацыйныя перадумовы для стварэньня (рэгуляванага) супольнага рынку.

Найважнейшым прыкладам такога вiду iнтэграцыi зьяўляецца агульнаэўрапейскi рынак прадуктаў селавой гаспадаркі. У гэтым абсягу краiны-ўдзельнiцы выкарысталi разнастайны адмiнiстрацыйны iнструмэнтар, большая частка якога была ведамая яшчэ да заснаваньня ЭС. Канфлiкты памiж краiнамi-ўдзельнiцамi ў сфэры аграрнай палiтыкi, якiя не спыняюцца i дагэтуль, усё часьцей вырашалiся за кошт спажыўцоў, а таксама пастаўшчыкоў у краiны трэцяга сьвету. Найважнейшым iнструмэнтам супольнай аграрнай палiтыкi зьяўляецца, у прыватнасьцi, павышэньне рэкамэндаваных i прамацыйных цэнаў на прадукты селавой гаспадаркі, якое доўгi час праводзiлася бяз колькаснага абмежаваньня прамацыйных забавязаньняў. Дзякуючы гэтаму павышаўся ўзровень цэнаў на нутраным рынку ня толькi для вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыi (пажаданы эфэкт павышэньня даходаў), але адначасова i для спажыўцоў (для iх яўнае памяншэньне даходаў), аб’ём вытворчасьцi ў гэты час пастаянна ўзрастаў i ўрэшце перавысiў аб’ём патрэбаў супольнасьцi. Высокi ўзровень цэнаў на супольным рынку падтрымваўся сыстэмай квотаў на ўвоз, мытамi i падаткамi на сельскагаспадарчую прадукцыю, якая ўвозiцца зь iншых краiн, i таму пастаўшчыкi больш таннай прадукцыi з трэцiх краiн мелi ўсё менш магчымасьцяў рэалiзаваць яе на рынках краiн супольнасьцi. Урэшце iм давялося канкураваць з субсыдаваным ЭС экспартам.

У аграрнай вытворчасьцi дамiнуюць так званыя гандлёва зарыентаваныя эфэкты заходнеэўрапейскай iнтэграцыi, г.зн. арыентацыя гандлёвай плынi зь месца вытворчасьцi, што патрабуе меншых коштаў, у месцы вытворчасьцi, што патрабуюць большых коштаў. У гэтым абсягу iнтэнсіфiкацыя эўрапейскага гандлю знаходзiцца ў вiдавочнай супярэчнасьцi з мэтай паляпшэньня сусьветнага падзелу працы. Таму ня дзiўна, што аграрная палiтыка ЭС iзноў i iзноў стаецца прадметам спрэчак аб гандлёвай палітыцы: пачынаючы ад «пеўнiкавай вайны» 60-х гадоў (на абмежаваньні iмпарту амэрыканскай птушыны, уведзеныя ЭС, Злучаныя Штаты адказалi абмежаваньнямi на iмпарт тавараў з ЭС) i працяглых канфлiктаў у рамках перамоваў ГАТТ’у да нядаўнiх спробаў адмiнiстрацыi Рэйгана аслабiць эўрапейскi аграрны пратэкцыянiзм. Сваёй палiтыкай у аграрным абсягу ЭС — i ня толькi яна — вiдавочна, парушае правiлы мiжнароднага падзелу працы, згодна зь якiмi вытворчасьць павiнна кiравацца параўнальнымі перавагамi.

Дасягнуты прагрэс у лiбэралiзацыi нутранога гандлю прывёў у канцы 60-х гадоў да моцнага перапляценьня нутраных рынкаў краiн ЭС. Адчувальныя абмежаваньнi дзейснасьцi нацыянальнага эканамiчна-палiтычнага iнструмэнтару — неабходная цана за больш iнтэнсiўны рэгiянальны падзел працы. На гэтай стадыi аказалася немагчымым актывiзаваць прадугледжаную дамовай ЭС каардынацыю кан’юнктурнай i разьвiвальнай палiтыкi нацыянальных дзяржаваў. Прапановы аб гэтым былi ўнесены ў канцы 1970 году экспэрымэнтальнай камiсiяй пад кiраўнiцтвам прэм’ер-мiнiстра Люксэмбургу П’ера Вэрнэра (плян Вэрнэра). Гэты плян прадугледжваў паэтапнае ажыцьцяўленьне эканамiчнага i валютнага саюзу дзяржаваў ЭС. Побач з унiфiкаваньнем рэгiянальнай i структурнай палiтыкi ды супольным вызначэньнем сярэдняга кошту дзяржаўных бюджэтаў прадугледжвалася дасягненьне цьвёрдых валютных парытэтаў памiж краiнамi-ўдзельнiцамi. У якасьцi канчатковай мэты валютнай палiтыкi было прадугледжана замянiць нацыянальную грашовую палiтыку асобных дзяржаў на супольную i ўвесьцi супольную эўрапейскую валюту. Але хутка высьветлiлася, што гэты плян быў занадта пыхаваты, каб яго можна было ажыцьцявiць у агляднай будучынi. Краiны-ўдзельнiцы былi (яшчэ?) не гатовыя пайсьцi ў адмаўленьнi ад сувэрэнiтэту нагэтулькi далёка, як гэтага патрабаваў плян Вэрнэра, якi ўва ўсiм астатнiм рабiў выключна палiтычныя вывады з ужо дасягнутага стану эканамiчнай iнтэграцыi.

Тое, што было ўрэшце дасягнута пасьля намаганьняў прадухiліць шматгадовы застой, было значна больш сьцiплым: больш цеснае валютна-палiтычнае супрацоўнiцтва ў Эўрапейскай валютнай сыстэме (ЭВС). Мэтай гэтай сыстэмы зьяўляецца панiжэньне ваганьняў валютных курсаў у межах супольнасьцi i, такiм чынам, садзейнiчаньне яшчэ большай сынхранізацыі эканамiчнага разьвiцьця яе краiн-удзельнiц. Для гэтага эмiсiйныя банкi былi абавязаныя спалучаць iнтэрвэнцыйную i ахоўную дзейнасьць. Згодна з гэтымi пагадненьнямi, абменны курс валют дзьвюх краiн-удзельнiц супольнасьцi не павiнен вагацца больш чым на ± 2,25 % (для Iталii гэты дыяпазон складае 6 %; Вялiкабрытанiя i Грэцыя не далучылiся да ЭВС). Каб мець магчымасьць трымаць валютныя курсы ў межах дапушчальных ваганьняў, эмiсiйныя банкi павiнны займацца iнтэрвэнцыямі на валютных рынках у якасьцi прадаўцоў альбо пакупнiкоў. Каб мець такую магчымасьць, яны прадастаўляюць адзiн аданаму валютныя крэдыты. Такая сыстэма можа функцыянаваць толькi тады, калi дасягнутае адносна цеснае супрацоўніцтва памiж краiнамi-ўдзельнiцамi ў галіне валютнай палітыкі. Праз аб’яднаньне ў Эўрапейскую валютную сыстэму краiны-ўдзельнiцы ўзялi на сябе абавязкi па больш цесным супрацоўнiцтве i фармальна на аснове ўзаемнага паразуменьня звузiлi межы нацыянальнага поля дзейнасьцi ў галіне валютнай дзейнасьці.

Паводле свайго значэньня ў сусьветнай эканомiцы ЭС зьяўляецца найбуйнейшым гандлёва-палiтычным блёкам Захаду. Зь цягам часу краiны сталi iмкнуцца атрымаць эксклюзіўны доступ да гэтага рынку, будзь гэта спробы фармальнага далучэньня, дамовы пра супрацоўніцтва альбо iншыя падобныя гандлёвыя пагадненьні. Так, напрыклад, шматлiкiя краiны Мiжземнамор’я заключылi з ЭС пагадненьнi аб узаемасувязях. Асаблiва спрыяльныя для свабоднага гандлю пагадненьнi iснуюць памiж ЭС i некаторымi краiнамi-ўдзельнiцамi Эўрапейскай асацыяцыi свабоднага гандлю. Узаемаадносiны памiж ЭС i краiнамi, якiя былi раней эўрапейскiмi калёнiямi, рэгулююцца пагадненьнямі аб супрацоўнiцтве, iнiцыятарамi якiх выступiлi Яундэ i Лёмэ[5].

Дзякуючы гэтаму супольнасьць як сыстэма рэгiянальнага падзелу працы набыла такую вагу, якая выходзiць далёка за межы прадугледжанага ГАТТ’ам значэньня мытных саюзаў i свабодных гандлёвых зонаў. Фактычна, выпрацаваныя ЭС гандлёвыя адносiны абнiмаюць вялiкую частку сусьветнай эканомiкi, i таму абсяг гандлю, якi трапляе пад рэжым найбольшага спрыяньня ГАТТ’у, вельмi абмежаваны.

Побач з ЭС створаны шэраг iншых рэгiянальных iнтэграцыйных сыстэмаў, да якiх у першую чаргу далучылiся разьвiваныя краiны. Найбольш ведамымi сярод iх сталi Лацiнаамэрыканская зона свабоднага гандлю, Цэнтральнаамэрыканскi супольны рынак, Андзкi пакт, Карыбская зона свабоднага гандлю, Асэанская група, Цэнтральнаафрыканскi эканамiчны саюз i Ўсходнеафрыканскi эканамiчны саюз. У цэлым досьвед гэтых iнтэграцыйных сыстэмаў расчароўвае. Нiводная зь iх да гэтага часу не дасягнула нiчога значнага, апрача асобных першапачатковых посьпехаў; многiя зь iх распалiся або практычна спынiлi сваю дзейнасьць. Прычыны гэтага тлумачацца найперш тымi асаблiвымi эканамiчнымi цяжкасьцямi, якiя стаялi перад эканамiчна менш разьвiтымi краiнамi на шляху да iнтэграцыi: транспартная iнфраструктура — элемэнтарная перадумова для iнтэнсiўнага мiждзяржаўнага тавараабмену — разьвiтая недастаткова; краiны-партнэры часта маюць аднолькавыя вытворчыя структуры, дзеля чаго iнтэнсiўны падзел працы патрабуе значных структурных пераўтварэньняў, якiя цяжка ажыцьцявiць з прычыны нiзкага жыцьцявога ўзроўню; узровень эканамiчнага разьвiцьця многiх краiн часта адрозьнiваецца настолькi, што бяз значных саступак з боку адносна больш разьвiтых краiн супрацоўнiцтва проста немагчымае, а саступкi такога роду разьвiваным краiнам зрабiць значна цяжэй, чым iндустрыяльна разьвiтым. Да таго ж, гатоўнасьць абмежаваць сваю гандлёвую свабоду ў галіне эканамічнай палітыкі разьвiваныя краiны праяўляюць яшчэ менш, чымся iндустрыяльна разьвiтыя. Гэта можна вытлумачыць ярка выражаным нацыяналiзмам, якi сфармаваўся ў краiнах «трэцяга сьвету» падчас дэкалянiзацыi. Акурат нацыяналiзм закрывае многiм краiнам шлях да ўзаемавыгаднай мiждзяржаўнай каапэрацыi.

Падзел працы памiж няроўнымi партнэрамi: разьвіваныя краiны ў сусьветнай эканомiцы

Калi краiны з розным узроўнем эканамiчнага разьвiцьця распачынаюць гандаль памiж сабой, як правiла, узьнiкаюць праблемы. Гэта характэрна як для ўсходняй сусьветнай эканамiчнай сыстэмы, так i для заходняй сыстэмы мiжнароднага падзелу працы. Тым ня менш, паколькi вялiкая колькасьць разьвiваных краiн пачынае iнтэгравацца ў заходнюю сыстэму, зьвязаныя з гэтым канфлiкты ўспрымаюцца як значна большая праблема, чымся ў аналягiчным выпадку з разьвiванымi краiнамi ўва ўсходняй «сусьветнай» эканамiчнай сыстэме.

Асноўная праблема падзелу працы памiж неаднолькава разьвiтымi краiнамi палягае ў тым, што гэты падзел працы, з аднаго боку, можа вытварыцца толькi на аснове iснуючых плюсаў і мінусаў канкурэнцыi, i, з другога боку, менш разьвiтыя краiны з поўным правам чакаюць, што вонкавы гандаль будзе садзейнiчаць iх разьвiцьцю i, такiм чынам, пераадольваньню мінусаў канкурэнцыi. Узьнiкненьне гэтай праблемы прадбачылi ўжо клясыкi нацыянальнай эканомii. Для Джона Ст’юарта Мiля рашэньне гэтай праблемы палягала ў стварэньнi «адмысловага рэжыму» для «маладой» прамысловасьцi, г.зн. у выключэньнi асобных галiн прамысловасьцi слабаразьвiтых краiн з сусьветнай канкурэнцыi на пэўны абмежаваны час, каб надаць магчымасьць гэтым галiнам разьвiваць iх «прадукцыйныя сiлы» (Фрыдрых Ліст). Але ўся нутраная прамысловасьць не павiнна выключацца з сусьветнага гандлю, бо iнакш страцiцца магчымасьць карыстацца перавагамi канкурэнцыi. З сусьветнай канкурэнцыi выключаюцца толькi тыя галiны вытворчасьцi, дзе назiраюцца мінусы, якiя пасьля заканчэньня «падрыхтоўчай фазы» могуць ператварыцца ў плюсы.

Прынцып падрыхтоўчага рэжыму нiколi не аспрэчваўся ў сыстэме заходняга сусьветнага гандлю. У iншым выпадку было б цяжка зразумець, чаму галоўны iнiцыятар гэтай сыстэмы — Злучаныя Штаты — разьвiвалi сваю ўласную вытворчасьць якраз паводле такога прынцыпу. Фармальна права на падрыхтоўчы рэжым было замацавана ГАТТ’ам у сярэдзiне 60-х гадоў, калi ў дадатку да пагадненьня аб узаемных забавязаньнях разьвiваныя краiны былi вызваленыя ад мытных збораў. Наўрад цi знойдзецца ў Трэцiм сьвеце хоць адна краiна, якая гэтае права ня выкарыстала ў сваiх iнтарэсах. Сярэднiя стаўкi мытных збораў разьвiваных краiн у некалькi разоў перавышалi стаўкi iндустрыяльна разьвiтых краiн. Апрача гэтага, многiя разьвiваныя краiны адгароджвалi свае нутраныя рынкi ад сусьветнага, выкарыстоўваючы нетарыфныя гандлёвыя перашкоды i валютныя апэрацыi.

Тое, што працэс iндустрыялiзацыi ў краiнах Трэцяга сьвету ня выйшаў за рамкi асобных першапачатковых посьпехаў, нельга растлумачыць адсутнасьцю магчымасьці ўвесьці падрыхтоўчы рэжым. Асноўныя прычыны трэба шукаць у нутраных структурах гэтых краiн: адукацыйны ўзровень працоўнай сiлы быў вельмi нiзкi, не ставала дадатнага жаданьня ўладаў яго павысiць; у аграрным сэктары захавалiся фэадальныя альбо паўфэадальныя адносiны, якiя перашкаджалi разьвiцьцю вытворчасьцi, што таксама не спрыяла стварэньню сельскагаспадарчай «даданай вартасьцi», якое б магло палегчыць iндустрыялiзацыю; не iснавала шырокага слою гатовых рызыкнуць і прафэсійна падрыхтаваных прадпрымальнiкаў, якiя разьвiвалi б далей сваю вытворчасьць; палiтычная элiта была больш зацiкаўленая ў захаваньнi сваiх даходаў-«рэнтаў» ад традыцыйных iмпартна-экспартных угодаў, чымся ў правядзеньнi рэформаў, якiя б палепшылi шанцы паступальнага працэсу разьвiцьця. У такiх умовах выбарачнае недапушчэньне на нутраны рынак замежных тавараў прыводзiла хутчэй да ўзвычаеньня атрымоўваць лёгкiя грошы дзякуючы высокiм мытным зборам, чымся да павышэньня прадукцыйнасьцi «маладой» прамысловасьцi. Iмкненьне iндустрыi захаваць гэты рэжым прыводзіла да высокага ўзроўню цэнаў на нутраным рынку, што перашкаджала разьвiцьцю канкурэнтаздольных галiн прамысловасьцi i адначасова спрыяла страце ранейшых плюсаў канкурэнцыi. Вынiкам гэтага часта была ўзрастаючая нястача валюты, не загружаная на поўную магутнасьць прамысловасьць i адначасова павелiчэньне колькасьцi беспрацоўных i часткова занятых.

Выходзячы з тэорыi Лiста, правал падрыхтоўчага рэжыму можна растлумачыць тым, што «прадукцыныя сiлы» ўнутры краiны былi занадта слабымi. Гэтаму можна запярэчыць: прадукцыйныя сiлы з прычыны сваёй структурнай залежнасьцi ня мелi магчымасьцi разьвiвацца. Гэта пярэчаньне можна лiчыць справядлiвым: яно не мяняе нiчога ў тым факце, што недаразьвiтасьць павiнна пераадольвацца ўнутры краiны, i адказнасьць за гэта нясе ў першую чаргу палiтычнае i эканамiчнае кiраўнiцтва краiнаў Трэцяга сьвету, што, само сабой, не выключае падтрымкі працэсу разьвiцьця звонку, якая мае ажыцьцяўляцца шляхам правядзеньня разумна сплянаванай палiтыкi дапамогi. Але найлепшая дапамога звонку ня зможа замянiць уласных намаганьняў краiны. Там, дзе элiта разьвiваных краiн зразумела сваю задачу, палітыка заахвочвальнага мыта была пасьпяховай. Як прыклад можна назваць Паўднёвую Карэю i Тайвань. Дзе ж, наадварот, не былi праведзеныя неабходныя структурныя пераўтварэньнi, «адлучэньне» ад сусьветнага рынку прывяло толькi да замацаваньня недаразьвiтасьцi.

Бясспрэчна, што разьвiваныя краiны сутыкаюцца з многiмi вонкавымi перашкодамi на шляху свайго разьвiцьця. Наколькi яны важнейшыя за нутраныя, дзе праходзiць мяжа памiж iмi, можна высьветлiць толькi правёўшы грунтоўнае дасьледаваньне кажнага канкрэтнага выпадку; агульныя разважаньнi тут не дапамогуць. У дыскусiях аб палiтычным разьвiцьцi ў 70-х гадох дамiнаваў тэзыс аб першынстве вонкавых перашкодаў для разьвiцьця, што, як лiчылася, былі ўкарэненыя у нутраных структурах «залежных» краiн. Модная тэорыя залежнасьцi падмацавала гэтую палемiку належнымi аргумэнтамi, UNCTAD («United Nations Conference on Trade and Development», Канфэрэнцыя ААН па гандлі і разьвіцьці) прапанавала з гэтай мэтай правесьцi адпаведны сусьветнах палiтычны форум.

У гэтай дыскусii аб выклiканых вонкаваэканамiчнымi прычынамi перашкодах разьвiцьцю сплялiся ў адно неаспрэчныя факты, недапушчальныя абагульненьнi, няправiльныя вывады, справядлiвыя патрабаваньнi, маральныя абвiнавачаньнi i дэмагагiчныя атакi. Напрыклад, бясспрэчным зьяўляецца факт, што многiя разьвiваныя краiны змушаны пераадольваць цяжкiя наступкi свайго калянiяльнага мiнулага, але вывад, што колiшнюю эксплюатацыю неабходна кампэнсаваць вялiкiмi грашовымi сумамi, зьяўляецца, з пункту гледжаньня палiтыкi разьвiцьця, беспадстаўным. Тым самым завязаны на прэтэнзіях стыль мысьленьня паралiзуе нутраныя сiлы, якiя толькi i могуць пераадолець гэтыя наступкi. Бясспрэчным зьяўляецца i тое, што рэальныя гандлёвыя суадносiны ўзроўняў iмпартных i экспартных цэнаў (Terms of Trade) для многiх тавараў першай неабходнасьцi, якiя экспартуюць разьвiваныя краiны, праходзяць цыкль, сярэдняя працягласьць якога вагаецца ад 10 да 20 год, паколькi павышэньнi i панiжэньнi цэнаў чаргуюцца памiж сабой. Але недапушчальным зьяўляецца абагульненьне, што Terms of Trade разьвiваных краiнаў доўгi час будуць iсьцi ў бок панiжэньня. Памылковым таксама зьяўляецца вывад, што неабходна прадухiляць панiжэньне рэальных цэнаў на экспартныя тавары разьвiваных краiн пры дапамозе кампэтэнтных у пытаньнях рынкавай сыстэмы мiжнародных органаў. Правiльным у сытуацыi, калi цэны на экспарт панiжаюцца, быў бы вывад, што структуру асартымэнту экспартных тавараў неабходна зьмянiць. Справядлiвым трэба прызнаць патрабаваньне разьвiваных краiн аб упарадкаваньнi мiжнародных адносiн у сфэры канкурэнцыi; яшчэ прынятая ў 1948 годзе ў Гаване «Хартыя сусьветнага гандлю» прадугледжвала гэта, але яна так i не была ратыфiкаваная.

Урэшце можна зразумець маральныя абвiнавачаньнi ў адрас «Першага сьвету» з прычыны празьмернай галечы Трэцяга свету (параўн. артыкул Франца Нушэлера ў гэтай жа кнiзе), не выклiкае зьдзiўленьня i тое, што прадстаўнiкi «Поўдня» не палохаюцца гэтых дэмагагiчных атакаў. Толькi гэты клубок з праўдзiвых аргумэнтаў, памылковых вывадаў, справядлiвых патрабаваньняў i iлюзорных летуценьняў не дапамагае тады, калi трэба знайсьцi рашэньне праблемаў у пэўных канкрэтных абсягах — i тым больш пры рэфармаваньнi сыстэмы сусьветнай эканомiкi. Галоўныя праблемы разьвiцьця выклiканы хутчэй прычынамi нутранога характару.

Разьвiваныя краiны часта самi замiнаюць частковаму задавальненьню сваiх патрабаваньняў, бо яны выстаўляюць нерэальныя i максымальныя патрабаваньнi, якiя лёгка адхiляюцца iндустрыяльна разьвiтымi краiнамі. Прыведзенае да агульнага назоўнiка патрабаваньне «Групы 77-ёх»[6] гучыць так: сусьветнае багацьце, назапашанае на «поўначы», дзякуючы няроўнаму падзелу ўлады трэба пераразьмеркаваць на карысьць «поўдня». Сусьветная эканомiка разглядаецца ў першую чаргу з пункту гледжаньня палiтыкi разьмеркаваньня, i ў iнтарэсах пераразьмеркаваньня патрабуецца рэфармаваньне мiжнародных уладных органаў. З гэтай мэтай, напрыклад, павiнны быць зьмененыя суадносiны права голасу ў Мiжнародным валютным фондзе. Вышэйшы працэнт галасоў разьвiваных краiнаў можна б было выкарыстаць для таго, каб адпаведныя крэдыты МВФ накiроўвалiся ў разьвiваныя краiны, каб стварыць новыя магчымасьцi крэдытаваньня i прывесьцi ў адпаведнасьць прызначэньне «адмысловых правоў на пазычаньне» зь фiнансаваньнем працэсу разьвiцьця. Атрымаўшы бальшыню галасоў, гэтыя краiны маглi б далей праз кампэтэнтныя ў пытаньнях рынкавай сыстэмы мiжнародныя органы паклапацiцца аб тым, каб праз рынкавыя iнтэрвэнцыi павысiць тыя цэны на сыравiну, сусьветны ўзровень якiх лiчыўся несправядлiвым, i, такiм чынам, ажыцьцявiць перамяшчэньне даходаў у экспартазалежныя краiны. Узорам арганiзацыi, якая праводзiць такую цэнавую палiтыку i займаецца адпаведнай дзейнасьцю па пераразьмеркаваньнi, зьяўляецца ОРЕС (Арганiзацыя краiнаў-экспартэраў нафты).

Патрабаваньнi такога пляну зьяўляюцца iлюзорнымi ня толькi таму, што яны выходзяць з таго, што iндустрыяльна разьвiтыя краiны пагодзяцца паставiць сябе ў нявыгадныя ўмовы пры прыняцьцi важных рашэньняў у абсягу эканамiчнай i валютнай палiтыкi. Хто памятае, як старанна пазьбягалi iндустрыяльна разьвiтыя краiны падчас заснаваньня ГАТТ’у i пагадненьня ў Брэтан-Вудзе любых фармулёвак, якiя б маглi абмежаваць iх магчымасьцi праводзiць уласныя нацыянальныя iнтарэсы, той наўрад цi зможа паверыць, што ёсьць шанцы зрэалiзаваць тыя міжнародныя пагадненьнi, якiя патрабуюць ад гэтых краiнаў згоды на пэрманэнтнае прыцiсканьне сваiх iнтарэсаў. Iлюзорнымi зьяўляюцца многiя патрабаваньнi разьвiваных краiн яшчэ i таму, што яны не ўсьведамляюць характару арганiзацыi сусьветнай эканомiкi як сыстэмы правiлаў, якая забясьпечвае магчымасьць мiжнароднага падзелу працы. Пад знакам рынкавай эканомiкi гэты падзел працы ажыцьцявiцца рэальна толькi тады, калi — як мы ўжо бачылi — будуць выконвацца правiлы мiжнароднай эфэктыўнай канкурэнцыi i такiм чынам будзе забясьпечвацца прынцып дзеяньня рынкаў, i калi будзе забясьпечвацца стабiльная вартасьць мiжнародных плацежных сродкаў.

Калi б быў задаволены пэўны шэраг патрабаваньняў «Групы 77-ёх», тады б гэтыя ўмовы функцыянаваньня прынамсi часткова страцiлi б сваё значэньне: iнтэрвэнцыi ў сусьветныя рынкi сыравiны пагражаюць парушэньнем спосабу функцыянаваньня гэтых рынкаў (прыклад: аграрныя рынкi ЭС); стварэньне новых магчымасьцяў атрыманьня крэдытаў i сумяшчэньне грашовай кампанэнты «адмысловых правоў на пазычаньне» з дапамогай для разьвiцьця — асаблiва ў спалучэньнi з патрабаваньнем аб стабiльным абменным курсе — ствараюць рызыку ўзьнiкненьня iнфляцыi ў сусьветнай эканомiцы, бо вонкаваэканамiчны нацiск на правядзеньне стабiльнай фiнансавай i фiскальнай палiтыкi будзе яшчэ больш аслаблены i тым самым будзе пастаўлена пад пытаньне стабiльная вартасьць мiжнародных плацежных сродкаў; адначасова высунутае патрабаваньне аб кiраванай дзяржавай пераарыентацыі прамысловасьці абавязкова выклiкала б у разьвiваных краiн неабходнасьць замаху на прыватна-эканамiчную асабістую адказнасьць i, такiм чынам, зьлiквiдавала б важную перадумову для забесьпячэньня функцыянаваньня рынку. Выкананьне шматлiкiх — ня ўсiх — патрабаваньняў разьвiваных краiн прывяло б хоцькi-няхоцькi да перакрышу створаную пасьля 1945 году сыстэму сусьветнай эканомiкi, заснаваную на прынцыпах рынкавай эканомiкi.

У якасьцi альтэрнатывы гэтай сыстэмы рынкавай эканамiкі можа разглядацца толькi больш цi менш плянава-эканамiчны парадак. Шматлiкiя выказваньнi членаў «Групы 77-ёх» сьведчаць аб тым, што якраз стварэньне такой сыстэмы i было задумана. Але гэта запатрабавала б ад краiнаў-удзельнiц яшчэ большага абмежаваньня нацыянальнай свабоды гандлю, чымся пры старой рынкава-эканамiчнай сыстэме, што выразна выяўляецца на прыкладзе краiн дзяржаўнага гандлю. Цяжка сабе ўявiць, што якраз разьвiваныя краiны гатовы падпарадкавацца гэтым абмежаваньням. Пра ярка выражаны нацыяналiзм гэтых краiнаў вышэй ужо ўзгадвалася. Далекасяжныя патрабаваньнi разьвiваных краiн зводзяцца да таго, каб забясьпечыць функцыянаваньне надзвычай лябiльнай сыстэмы правiлаў, якая дагэтуль робiць магчымым мiжнародны падзел працы, не ідучы пры гэтым на стварэньне альтэрнатыўнай сыстэмы. У гэтым пляне такія патрабаваньнi зьяўляюцца iлюзорнымi: iх задавальненьне прывяло б да таго, што ў вынiку захадаў для пераразьмеркаваньня здабыткаў сусьветна-эканамiчнага падзелу працы ўмовы функцыянаваньня гэтага падзелу працы страцілі б сваю сiлу. Таму ўжо загадзя нельга было разьлiчваць на тое, што ўплывовыя iндустрыяльна разьвiтыя краiны пагодзяцца з гэтымi патрабаваньнямi. Але з адхiленьнем гэтых патрабаваньняў былi адрынены i шматлiкiя справядлiвыя памкненьнi разьвiваных краiн, — такiя, як спрашчэньне доступу да рынкаў iндустрыяльна разьвiтых краiн, рэгуляваньне мiжнароднай канкурэнцыi, а таксама патрабаваньне аб павелiчэньнi капiталаўкладаньняў у эканомiку асаблiва адсталых краiнаў.

З вышэйназваных прычын разьвiваным краiнам так i не ўдалося дасягчы бальшыні сваiх мэтаў на перамовах, якiя адбывалiся падчас шасьцёх сусьветных канфэрэнцыяў па праблемах гандлю. У вынiку гэтым краiнам застаецца разьлiчваць толькi на самiх сябе. Перад iмi непазьбежна паўстае задача правесьцi аснавасяжныя зьмяненьнi iх палiтычных i сацыяльных структураў, каб стварыць умовы, пры якiх стане магчымым сацыяльна ўраўнаважанае разьвiцьцё эканомiкi. Многiя краiны «Трэцяга сьвету» i найперш бедныя на сыравiну краiны «Чацьвертага свету» ня вырашаць гэтай праблемы без замежнай дапамогi. Найважнейшай задачай разьвiтых краiн Усходу i Захаду зьяўляецца мэтанакiраваная падтрымка краiнаў, якiя намагаюцца палепшыць сваю вытворчую базу. У гэтым выпадку як нiколi важна праз аказаньне гэтай дапамогi прывесьцi ў рух самапомач — празь фiнансаваньне выдзеленымi сродкамi нутраных рэформаў у аграрным сэктары, падаткавай сыстэме, цэнавай палiтыцы альбо ў сыстэме адукацыі і выхаваньня. Падтрымка, якая аказваецца ў форме бязвыплатных субсыдыяў, павiнна ажыцьцяўляцца праз спэцыяльна створаныя для гэтага прыватныя, дзяржаўныя альбо мiжнародныя арганiзацыi. Неабходныя для гэтых мэтаў сродкi трэба зьбiраць шляхам прыватных ахвяраваньняў i, галоўным чынам, шляхам грамадзкiх прымусовых збораў (агульнаабавязковыя або спэцыяльныя падаткi). Немэтазгодна даручаць збор i разьмеркаваньне прызначаных для дапамогi сродкаў арганiзацыям, створаным для iншых мэтаў. Гэта прывядзе толькi да недзеяздольнасьцi гэтых арганiзацыяў. Было б непрадуктыўна паспрабаваць абавязаць, напрыклад, Мiжнародны валютны фонд аказваць дапамогу выключна разьвiваным краiнам. Яго задача палягае ў тым, каб ажыцьцяўляць забесьпячэньне сусьветнай эканомiкi плацежнымi сродкамi са стабiльнай вартасьцю. Наўрад цi было б мэтазгодна надаць яму функцыi арганiзацыi, якая павiнна займацца дапамогай разьвiваным краiнам.

4. Пэрспэктывы сусьветнай эканомiкi

У сярэдзiне 80-х гадоў заходняя сусьветная эканомiка знаходзiлася ў крызысе, якога не пазьбег i яе ўсходні антыпод. Узрастае лiк пратэкцыянiсцкiх нескаардынаваных дзеяньняў, якiя падрываюць прынятыя правiлы міжнароднага падзелу працы: iндустрыяльна разьвiтыя краiны спрыяюць скасаваньню экспартных самаабмежаваньняў разьвiваных краiнаў, абмяжоўваюць iх iмпарт шляхам увядзеньня квотаў, выцясьняюць з дапамогай экспартных субсыдыяў канкурэнтаздольных афэрэнтаў з сусьветнага рынку i перашкаджаюць руху капiталу. Разьвiваныя краiны абмяжоўваюць канвэртаванасьць сваiх валютаў, павялiчваюць мытныя тарыфы, якiя паклiканы выконваць абарончую ролю, спрабуюць картэляваць рынкi сыравiны. У iндустрыяльна разьвiтых краiнах парушэньню прынятых правiлаў спрыялi нявырашаныя праблемы павышэньня дабрабыту i занятасьцi, у разьвiваных краiнах панавала меркаваньне, што яны маюць права парушаць гэтыя правiлы з мэтай уласнага разьвiцьця, а то i проста з маральнага пункту гледжаньня. Парадокс гэтай сытуацыi палягае ў тым, што сучасныя праблемы, прынамсi часткова, зьяўляюцца вынiкам захадаў, з дапамогай якiх меркавалася гэтых праблем пазьбегчы. Напрыклад, калi краiны ўсё больш абмяжоўваюць абмен таварамi i капiталам зь iншымi краiнамi, каб «лепш» вырашыць уласныя эканамiчныя цяжкасьцi, яны звужаюць тым самым свае магчымасьцi збыту, а значыць, i магчымасьцi найбольш прадуктыўнай занятасьцi. Наступiў момант, калi пры вырашэньнi «дылемы арыштаванага» ў палiтыцы сусьветнага гандлю iмкненьне многiх краiн ушчамiць iнтарэсы ўсiх iншых дзеля ўласнай выгады стала вiдавочным.

Выйсьце з гэтага крызысу магчыма толькi дзякуючы сумесным намаганьням усiх краiнаў. Для гэтага патрэбна прынцыпова зьмянiць лад мысьленьня ў абсягу вонкаваэканамiчнай палiтыкi. Калi кажная краiна перастане вырашаць уласныя праблемы за кошт iншых, напрыклад, чынiць перашкоды ў доступе да свайго рынку замежным афэрэнтам альбо карыстацца саступкамi iншых краiнаў, не абмяжоўваючы сябе нi ў чым, ляяльнасьць да правiлаў падзелу працы ў сусьветнай эканомiцы зноў узрасьце. Гэта будзе неабходнай перадумовай таго, каб перавагамi такога падзелу працы маглi ў поўнай меры карыстацца ўсе краiны.

Лiтаратурныя жаролы

Выкарыстаная літаратура

List, Friedrich 1841: Das nationale System der politischen Ökonomie, Stuttgart.

Marx-Engels-Studienausgabe. Hrsg. von I. Fetscher. Bd. II: Politische Ökonomie, Frankfurt/M. 1966.

Mill, John Stuart 1921: Grundsätze der politischen Ökonomie, Jena.

Neumann-Whitman, M. von 1975: Leadership without Hegemony. Our Role in the World Economy; in: Foreign Policy, Nr. 20, S. 138 ff.

Smith, Adam 1978: Der Wohlstand der Nationen (aus dem Engl. von H. C. Recktenwald), München.

Карысная літаратура

Ali, M. El-Agran 1982: International Economic Integration, London / Basingstoke.

Bethkenhagen, Jochen / Machowski, Heinrich 1976: Integration im Rat für gegenseitige Wirtschaftshilfe. Entwicklung, Organisation, Erfolge und Grenzen, Berlin.

Berg, Hartmut 1976: Internationale Wirtschaftspolitik, Göttingen.

Blümle, G. 1982: Außenwirtschaftstheorie, Freiburg.

Bröll, Werner 1975: Comecon. Der Integrationsversuch sozialistischer Planwirtschaften, München.

Dams, Theodor 1978: Weltwirtschaft im Umbruch, Würzburg.

Donges, Juergen B. 1981: Außenwirtschafts- und Entwicklungspolitik, Berlin / Heidelberg / New York.

Gröner, Helmut / Schüller, Alfred (Hrsg.) 1978: Internationale Wirtschaftsordnung, Stuttgart / New York.

Grubel, Herbert G. 1981: International Economics. Homewood / Illinois (revised edition).

Hankel, W. 1977: Weltwirtschaft, Düsseldorf / Wien.

Harbrecht, Wolfgang 21984: Die Europäische Gemeinschaft, Stuttgart.

Hippel, Eike von 1980: Grundfragen der Weltwirtschaftsordnung, München.

Jarchow, Hans-Joachim / Rühmann, Peter 1984: Monetäre Außenwirtschaft. II. Internationale Währungspolitik, Göttingen.

Küng, Emil 1978: Weltwirtschaftspolitik, Tübingen.

Langhammer, Rolf J. / Stecher, Bernd 1980: Der Nord-Süd-Konflikt, Würzburg/ Wien.

Langhammer, Rolf J. / Spinanger, Dean 1984: Wirtschaftliche Zusammenarbeit zwischen den Entwicklungsländern. Chancen und Risiken, Tübingen.

Ochel, Wolfgang 1982: Die Entwicklungsländer in der Weltwirtschaft, Köln.

Putnam, Robert D. / Bayne, Nicholas 1985: Weltwirtschaftsgipfel im Wandel, Bonn.

Rode, Reinhard / Jacobsen, Hanns D. (Hrsg.) 1984: Wirtschaftskrieg oder Entspannung? Eine politische Bilanz der Ost-West-Wirtschaftsbeziehungen, Bonn.

Sautter, Hermann 1982: Weltwirtschaftsordnung; in: Albers, W. et al. (Hrsg.): Handwörterbuch der Wirtschaftswissenschaft, Band 9, Stuttgart usw., S. 888—898.

Vaitsos, Constantine V. 1978: Crisis in Regional Economic Cooperation (Integration) among Developing Countries: A Survey; in: World Development, Vol. 6. No. 6, Oxford, pp. 719—769.

Winter, Helmut 1976: Institutionalisierung, Methoden und Umfang der Integration im RGW, Stuttgart.

Wissenschaftlicher Beirat beim Bundesministerium für wirtschaftliche Zusammenarbeit 1978: Auf dem Weg zu einer neuen Weltwirtschaftsordnung, Stuttgart.

Зацемы рэдактара

1. Aляксандар Гамільтан (1755—1804) — амэрыканскі палітычны дзеяч, удзельнік вайны за незалежнасьць Амэрыкі. Аўтар твору «The Federalist or The New Constitution», які атрымаў сусьветнае прызнаньне.

2. Маецца на ўвазе канфэрэнцыя ў Брэтан-Вудзе (штат Нью-Гемпшыр), адбытая 22 ліпеня 1945 году. Канфэрэнцыя была прысьвечаная перабудове міжнародных фінансавых і валютных адносінаў пасьля другой сусьветнай вайны. На ёй былі прынятыя прынцыповыя рашэньні аб утварэньні Міжнароднага валютнага фонду і Сусьветнага банку. Асаблівая роля ў прыняцьці гэтых пастановаў належала прадстаўнікам Амэрыкі (упаасобку дзяржаўнамму сакратару амэрыканскага міністэрства скарбу Гараму Ўайту) і Вялікабрытаніі (брытанскаму спэцыялісту ў нацыянальнай эканоміцы Джону М. Кейнсу).

3. Smithsonian Agreement (назоў дадзены паводле месца заключэньня пагадненьня — вашынгтонскай памяткі архітэктуры Smithsonian Institution) — пагадненьне, заключанае 18 сьнежня 1971 году пасьля чатырох месяцаў перамоваў з мэтай прадухіленьня спэкуляцыйнага руху капіталу. Згодна зь ім, амэрыканскі даляр дэвальваваўся на 10 %, устанаўляліся вышэйшыя межы для ваганьня яго курсу (паміж 1 % і 2,25 %), а афіцыйны кошт золата ўзрастаў да 38 USD за унцыю. Лічыцца рэвізіяй брэтан-вудзкай міжнароднай валютнай сыстэмы.

4. Плян Шумана (назоў паходзіць ад імя яго ініцыятара — міністра замежных справаў Францыі Робэрта Шумана) — дэклярацыя францускага ўраду ад 9 траўня 1950 году пра намер аб’яднаць нямецкую і францускую сталеліцьцёвую і вугальную прамысловасьць. Меў пазытыўныя насьледкі ў справе эўрапейскай інтэграцыі, упаасобку паспрыяў заснаваньню 19 красавіка 1951 году «Эўрапейскага таварыства вугалю і сталі».

5. Маюцца на ўвазе сталіцы афрыканскіх дзяржаваў Камэруну і Тога.

6. «Група 77-ёх» (ням. ) — ініцыятыва краінаў «трэцяга сьвету» з мэтай адстойваньня сваіх правоў у сусьветнай палітыцы і эканоміцы. Узьнікла 15 чэрвеня 1964 году, калі 77 краін падпісалі ў Жэнэве «Сумесную дэклярацыю семдзесяцёх сямёх краінаў». «Група...» цесна супрацоўнічае з UNCTAD (Канфэрэнцыяй ААН па гандлі і разьвіцьці). На дадзены момант налічвае 133 краіны. Больш інфармацыі на гэты конт можна атрымаць на інтэрнэт-старонцы www.g77.org