Паліталёгія

Асноўны курс


2. Эканоміка і палітыка - Эканоміка і палітыка

1. Прыдатнасьць Зямлі да жыцьця: даброта, над якой навісла пагроза

За апошнія дзесяць ці пятнаццаць гадоў у цэнтар палітычнага інтарэсу выбілася тэма, якая дагэтуль займала адно вельмі сьціплае месца, была для грамадзтва маргінальнаю: праблема навакольнага асяродзьдзя. Экалёгія раптам апынулася ўва ўсіх на вуснах. Зь біялягічнай дысцыпліны, якая займалася малацікавымі рэчамі накшталт біясыстэмы прэснаводнага ставу, экалёгія стала чарадзейным словам, якое пазначае адзін з найважнейшых прадметаў палітыкі. Не мінае ніводнага дня, каб у газэтах не зьяўляліся новыя трывожныя паведамленьні, зь якіх складаецца карціна безупыннага разбурэньня прыроднага асяродзьдзя.

Усё пачалося, відавочна, ад нафтавай крызы семдзясятых гадоў і пэрспэктывы межаў эканамічнага ўзросту. Выявілася пагроза прыродным падвалінам прамысловай сыстэмы, і зь цягам часу яна набывала ўсё больш выразныя абрысы. У розных абсягах усё часьцей ставалася відочным, што індустрыйная сыстэма пачала перасягаць здольнасьці прыроды да адбіцьця ейных шкодных узьдзеяньняў. Спачатку ход быў толькі пра забруджаньне навакольнага асяродзьдзя: гэта тычылася выкінутых піўных бляшанак ці цыгарэтных пачкаў і шмат каму падавалася хутчэй праблемай перабольшанага клопату пра чысьціню ці пытаньнем эфэктыўнага вывазу сьмецьця. Але неўзабаве праблема набыла пагрозьлівыя маштабы: павялічвалася колькасьць скандалаў вакол атрутнага сьмецьця; несупынна адкрываліся новыя рэчывы, некантраляванае распаўсюджваньне якіх становіць сабой небясьпеку і для людзей, і для навакольнага асяродзьдзя. Усё больш і больш відаў траплялі пад пагрозу выміраньня і насамрэч выміралі. Павялічвалася колькасьць алергічных рэакцыяў, узмацнялася выкліканая засьмячэньнем навакольнага асяродзьдзя эпідэмія раку, урэшце, зьяўляліся ўсё больш глябальныя праблемы: забруджаньне грунтовых водаў, атручваньне глебы, выміраньне лясоў. Ніхто ня ведае, якія іншыя часавыя бомбы яшчэ цікаюць.

З наіўнага пагляду гаспадарлівага чалавека прырода заўжды падавалася само сабой зразумелай базай для дзеяньня. Яна беспасярэдне наяўная, рэч, якою можна карыстацца для сваіх жыцьцявых патрэбаў, якую можна спажываць. Ногі ўнізе, а галава ўверсе, увечары цямнее, а ўраньні сьвятлее, дождж — гэта вада, а ня серкавая кісьля, паветрам можна дыхаць, а тое, што выкідваюць, неяк зьнікае, — усё гэта ёсьць элемэнтарнымі перадумовамі ўсякага жыцьця, ня толькі людзкога. Гэтыя факты звычайна разглядаюцца не як вынікі надзвычай складаных і зусім не само сабой зразумелых, калі разглядаць разьвіцьцё розных геалягічных эпохаў, працэсаў, а менавіта як «прырода», як несумнеўная наяўнасьць сьвету.

Такая пазыцыя магчымая і ў прынцыпе заўжды была рацыянальная таму, што тут — у адрозьненьне ад рухомай палітычнай ці культурнай гісторыі — на працягу жыцьця чалавека (ці нават некалькіх генэрацыяў) звычайна нічога не зьмяняецца. Авечка гэтак сама не пытаецца, ці вырасьце на тым месцы, якое яна аб’ядае, новая трава; гэтак сама ёй абыякавы лёс ейных фэкаліяў. Яна пакідае аднаўленьне першапачатнага стану самой траве, а таксама розным мікраарганізмам.

Ува ўсіх гаспадарчых дзеяньнях чалавек, як і ягоны працэс арганічнага жыцьця, выходзіць зь перадумовы, што натуральныя рамкавыя ўмовы ягонай дзейнасьці застануцца нязьменнымі. Той, хто дыхае, неўсьвядомлена закладае, што заўсёды будзе прыдатнае для дыханьня паветра. Паветра, прынцыпова непрыдатнае для дыханьня, ня можа ўявіць штодзённа-практычны розум. Толькі навуковаму разгляду адкрылася выснова, што атмасфэра Зямлі не заўсёды ўтрымлівала кісларод, што наяўны ў ёй кісларод узьнік гістарычным чынам і ягоная колькасьць мусіць несупынна падтрымлівацца праз надта складаныя біяхімічныя працэсы. Сёньня мы ведаем, што шмат такіх элемэнтарных умоваў людзкога жыцьця ня ёсьць «натуральнымі» — у сэнсе пазачасавымі, безумоўнымі, стабільнымі і наяўнымі «само сабой», г.зн. ня ёсьць «само сабой зразумелымі», а існуюць толькі ў выніку складанага балянсаваньня біясфэры. Гэтая прынцыповая веда ў сьвятле крызы навакольнага асяродзьдзя, што пачала насоўвацца, стала палітычна выбуханебясьпечнай. Мы зазнаем дзіўную неадпаведнасьць паміж тым, што можна ўведаць з экалёгіі, і тым, што чыніцца ў эканоміцы. Эканоміка, як і гаспадарча-практычная штодзённая дзейнасьць людзей, выходзіць з маўклівага прыпушчэньня, што на Зямлі існуюць «рэсурсы», г. зн. нічыйная сыравіна, якую чалавек можа выкарыстоўваць, прыстасоўваць да розных патрэбаў пры дапамозе тэхнічных інструмэнтаў. Прычым тое, што трэба думаць пра рэпрадукцыю гэтых перадумоваў, людзі, здаецца, усьведамляюць ня больш, чымся гэная авечка. Вытворчы працэс заўсёды выходзіць з таго, што існуе шэраг прыдатных для апрацоўкі прыродных умоваў, якія не ўваходзяць і не павінны ўваходзіць у эканамічныя разьлікі.

Адылі ніякай гарантыі прыдатнасьці Зямлі для таго, каб на ёй жылі людзі, няма. Калісьці яна была непрыдатнай да жыцьця, і яна зноў можа стаць такою. Ад тысячагадовага, магчыма, нават генэтычна ўкаранёнага спадзяваньня на тое, што пабочныя эфэкты людзкіх дзеяньняў будуць праглынацца дасканала ўладкаваным творам — Зямлёй, а выходныя ўмовы ўвесь час будуць узнаўляцца, сёньня трэба адмовіцца. Ужо няпраўда, што сьвет шторанку нараджаецца нанова. Чалавецтва цяпер у стане ствараць празьмерную нагрузку для амартызацыйнай здольнасьці біясфэры і такім чынам разбураць падмурак собскага жыцьця.

Якраз гэты факт у канцавым выніку дае падставу для актуальнай экалягічнай дыскусіі: досьвед гістарычна новага кшталту, досьвед таго, што матэрыяльныя дзеяньні чалавека аб’ядноўваюцца ў матэрыяльнае цэлае. Мы ведаем фатаздымкі Зямлі, зробленыя астранаўтамі: блакітная апука, касьмічны карабель, на якім мы плывем па сусьвеце. Зямля мае свой пачатак і канец, ёй можна прычыніць шкоду, але ёй няма альтэрнатывы. Самадастатковасьць, зь якою людзі ўва ўсе часы паслугоўваліся прыроднымі асновамі жыцьця, у прынцыпе падцятая; але чалавецтва вельмі далёкае ад таго, каб зрабіць з гэтага практычныя высновы. Нам трэба было б штодня пытацца сябе, адкуль бяруцца паветра да дыханьня і вада да піцьця, і куды ідуць нашыя адыходы. Нішто цяпер не «зьяўляецца» і не «зьнікае» само сабою, і нішто цяпер ня ёсьць само сабою «дадзеным». Ёсьць усе падставы, каб праяўляць недавер. У гэтым сэнсе сёньня ўжо няма прыроды.

Паміж драматызмам гэтага разуменьня і рэальнымі спробамі зрабіць зь яго практычныя высновы — агромністая неадпаведнасьць. Такім чынам, паўстае пытаньне пра тое, адкуль паходзіць моцны супраціў «экалягічнай» пераарыентацыі эканомікі. Што замінае палітычнай сыстэме адказаць на імклівую экалягічную крызу эфэктыўнымі захадамі? Адкуль той паралюш, што не дазваляе кіраўніцтву нічога зрабіць ці робіць ягоныя дзеяньні такімі маруднымі, што ўсе захады, здаецца, чыняцца запозна?

Сёньня выглядае на тое, што да клясычных заданьняў дзяржавы, г.зн. забесьпячэньня вонкавага і нутранога міру, правапарадку і сацыяльнай палітыкі, павінна далучыцца экалягічная палітыка. Гэта вымагае інструмэнтаў кіраваньня новага кшталту, і трэба пераадолець супраціў тых, каму на карысьць цяперашнія варункі. Такія рэчы звычайна не абыходзяцца без масіўнага ціску і адпаведных палітычных канфліктаў. Само прыроднае навакольнае асяродзьдзе ня можа публічна выказацца; яно мусіць мець рэчнікаў, якія будуць рабіць гэта дзеля зацікаўленасьці ў собскіх умовах жыцьця.

Далей мы падрабязна разгледзім прыродныя і палітычныя перадумовы супярэчнасьці паміж эканомікай і экалёгіяй. Мы паспрабуем разгледзець найважнейшыя канцэпцыі ў іхным гістарычным вымеры і паставіць пытаньне пра тое, перад якімі рэальнымі альтэрнатывамі мы стаім сёньня.

2. Чым ёсьць экалёгія?

Панятак «экалёгія» паходзіць з грэцкіх каранёў oikos (дом, гаспадарка) і logos (вучэньне), г.зн. даслоўна значыць «вучэньне пра гаспадарку». У гэтым сэнсе ён вельмі блізкі да панятку эканомікі, які ўтрымлівае карані oikos і nomos (кіраваньне). Назоў «экалёгія» пачаў ужывацца ад 1866 году біёлягам Эрнстам Гекелем; ён азначае вучэньне пра ўзаемадзеяньне паміж жывымі істотамі і іхным асяродзьдзем. Такім чынам, экалёгія нацэленая на вучэньне пра прыродную гаспадарку, тым часам як эканоміка нацэленая на гаспадарку людзкога грамадзтва.

Экасыстэма

Калі сёньня ў палітычных публічных выступах ідзецца пра экалёгію, то звычайна пад гэтым разумеецца прыроднае навакольнае асяродзьдзе чалавека, г. зн. прыродны падмурак ягонага жыцьця, на аснове якога ён можа здабываць сабе сродкі на існаваньне. Панятак антрапацэнтрычна звужаецца; пад «навакольным асяродзьдзем» разумеецца адно спэцыфічнае навакольнае асяродзьдзе чалавека, але не абавязкова іншых жывых істотаў.

Экалёгія, насуперак, вызначае экасыстэму як аснаватворную функцыянальную адзінку, якая абдымае арганізмы і іхнае нежывое і жывое навакольнае асяродзьдзе. Такім чынам, ейны пункт гледжаньня накіраваны не на асобны від, а на ўзаемасувязь, суплёт, які віды ўтвараюць у сваёй экасыстэме. Вырашальнай характарыстыкай прыроднай экасыстэмы ёсьць той факт, што ў ёй могуць быць вылучаныя матэрыяльныя кругавароты і энэргетычныя плыні. Асобныя рэчывы, напрыклад, атамы азоту, вадароду ці вугляроду, цыркулююць па харчовых ланцугах, г.зн., яны не «губляюцца», а могуць цягам складаных працэсаў зноў і зноў вяртацца на свае выходныя пазыцыі. Інакш справа стаіць з энэргіяй. Яна ўтварае незваротную плынь, якая ў пэўнай ступені сілкуе матэрыяльны кругаварот. Энэргія, такім чынам, павінна ўвесь час падавацца ў экасыстэму звонку. У гэтым сэнсе экасыстэма ня ёсьць замкнёнай, а мусіць быць прынцыпова «адкрытай» (параўн. уводзіны Odum / Reichholf 1980).

Адзінай крыніцай энэргіі, на якой грунтуецца прыродная экасыстэма, ёсьць Сонца; біясфэра Зямлі становіць вялікую сонечна-энэргетычную сыстэму. Незьлічоныя жывыя арганізмы, якія ў цягу эвалюцыі разьвіліся ў вялікае складанае цэлае са сваёй структурай, могуць існаваць адно дзякуючы гэтаму струмяню энэргіі. З матэрыяльнага пункту гледжаньня сыстэма ёсьць збольшага замкнёнай, але з энэргетычнага — адкрытай.

З гэтай прычыны ў сутнасьці няправільна гаварыць пра экалягічную раўнавагу. Пра гэта сьведчыць ужо тое, што адбылася эвалюцыя жыцьця, г.зн. розныя станы несупынна зьмянялі адзін аднаго. Біясфэра Зямлі, такім чынам, мае гісторыю; яна не стабільная, наадварот, у ёй адбываюцца незваротныя працэсы. І тым ня менш, выслоўе «экалягічная раўнавага» ня ёсьць прынцыпова памылковым. Мы ж можам і ў жывых арганізмах, і ў прыродных экасыстэмах назіраць, што сыстэма на працягу досыць доўгіх адцінкаў часу ў значнай ступені захоўвае сваю ідэнтычнасьць, дарма што зьмяняюцца практычна ўсе ейныя кампанэнты. Мы можам назіраць гэта ў нас саміх, напрыклад: нашае валосьсе паводле колеру, гусьціні і выгляду застаецца прыблізна такім, як раней, хоць у цягу часу ўсе асобныя валасы выпалі, а заміж іх вырасьлі новыя. Падобны стан рэчаў мы знойдзем у кліматычна стабільных рэгіёнах. Трапічныя лясы існуюць у сваёй сёньняшняй форме, магчыма, ужо мільён гадоў, дарма што кажная асобная жывая істота, натуральна, зьмянілася ў іх шмат тысячаў разоў.

Вытворчасьць і рэпрадукцыя навакольнага асяродзьдзя

Такім чынам, наагул экасыстэма мае тэндэнцыю да набыцьця і захаваньня пэўнага стану, прычым асобныя кампанэнты ў ёй кіруюць сваім пашырэньнем і ўзаемна абмяжоўваюць яго. Такім чынам, у гэтым сэнсе ход можа быць пра плыткую раўнавагу ці стацыянарны стан, гомэастатычную раўнавагу, якая вагаецца каля пэўнай ідэальнай сярэдняй велічыні, але мае таксама патэнцыял да зьмяненьня, да эвалюцыі. Бо няма гарантыі, што натуральныя хістаньні ўсярэдзіне экасыстэмы, г.зн. «выпадковыя» адхіленьні ў ёй, заўсёды будуць узаемна нівэлявацца.

Працэсы зьмяненьня ёсьць натуральнымі. Большая частка відаў і экасыстэмаў, якія калі-небудзь існавалі на Зямлі, цягам эвалюцыі жыцьця вымерлі і зьніклі. Гэта магло адбывацца досыць хутка, напрыклад, калі новы від уваходзіў ува ўжо наяўную экасыстэму і заваёўваў сабе ў ёй «нішу», жыцьцявую прастору, што заўсёды мела наступствы для ўсёй канструкцыі.

Кажны від праз свае элемэнтарныя жыцьцявыя працэсы ўплывае на сваё асяродзьдзе. Ён адцясьняе харчовых канкурэнтаў, г.зн. іншыя віды, якія прэтэндуюць на тую самую нішу; ён уплывае на віды, на якія палюе, моцна скарачаючы іхную колькасьць і прымушаючы іх да прыстасаваньня; ён сам забясьпечвае жыцьцявую прастору для відаў, якія на ім паразытуюць ці карыстаюцца ягонымі адыходамі і прадуктамі абмену рэчываў; можна нават сказаць: ён сам стварае сабе сваё навакольнае асяродзьдзе, што слушна прынамсі ў тым сэнсе, што, калі б гэтае асяродзьдзе было ўладкаванае іначай, то гэты від у ім не сустракаўся б. Зьмяненьне навакольнага асяродзьдзя, з гэтага гледзішча, ёсьць не прывілеем людзкой гаспадарчай дзейнасьці, а асноўнай рысай экалёгіі: жывыя істоты прадукуюць і мадыфікуюць сваё навакольнае асяродзьдзе.

Фактычная прычынна-выніковая ўзаемасувязь вытворчасьці і рэпрадукцыі натуральнага навакольнага асяродзьдзя чалавека сёньняшняй навуцы ведамая адно ў грубым прыбліжэньні. Шмат што яшчэ надта складанае, вымагае для свайго тлумачэньня аб’яднаньня невымернай колькасьці даных (многія зь якіх яшчэ невядомыя), так што мы, па сутнасьці, блукаем у поцемках. Асабліва наглядна гэта выяўляецца ў дыскусіі пра выміраньне лясоў. Несупынна вылучаюцца новыя падыходы, не пазбаўленыя пераканаўчасьці; але агульная прычынна-выніковая ўзаемасувязь занадта вялікая і складаная, і таму дагэтуль ня вытлумачаная.

Натуральна, асобныя віды ў экасыстэме ня «ведаюць», якія наступствы іхныя жыцьцявыя працэсы маюць для іншых відаў, г.зн. для захаваньня перадумоваў іхнага існаваньня. Тым ня менш, у выніку мы маем карціну пераплеценага цэлага, у якой можна назіраць асаблівасьці паводзінаў, надзвычай згодныя міжсобку. Як гэта вытлумачыць? Наагул адказ гучыць так: у працэсе каэвалюцыі відаў маглі выжыць толькі тыя супольнасьці жывых істот, якія не разбуралі прыродных асноваў свайго існаваньня. Але ў выніку таго, што працэс эвалюцыі адбываўся, паводле нашых мерак, вельмі павольна, не было імаверным, каб пэўны від зьмяніў профіль сваіх паводзінаў за кароткі час, — увесь час эвалюцыя вяла да аптымізацыі экасыстэмаў, якія з гледзішча пэўнага асобнага віду заўсёды падаваліся «стабільным» навакольным асяродзьдзем, з прычыны чаго «няправільныя паводзіны» досыць хутка караліся перашкодамі для выжываньня.

Роля чалавека: культурная эвалюцыя

Зьяўленьне старавечных людзей сьпярша няшмат што зьмяніла ў гэтых узаемасувязях, хоць разам з гэтым і зьявіўся надзвычай дынамічны патэнцыял зьмяненьня. Іншыя віды здатныя да «культурнай эвалюцыі» адно ў вельмі абмежаваных памерах. Некультурная, г.зн. арганічная эвалюцыя значыць, што пэўная зьмена паводзінаў, якая перадаецца наступным генэрацыям, магчымая толькі празь зьмену ўсярэдзіне генэтычнага апарату. Але гэты апарат інэртны, так што хуткасьць эвалюцыі прынцыпова ня можа быць надта высокай. Культурная эвалюцыя проці гэтага значыць, што вывучаныя спосабы паводзінаў перадаюцца нашчадкам ад генэрацыі ў генэрацыю; новы ўзор паводзінаў, такім чынам, не запамінаецца на генэтычным узроўні, а фіксуецца іншым чынам, напрыклад, у памяці ці запісах, і перадаецца пры камунікацыі.

У абмежаванай ступені перадаваць набытыя паводзіны могуць таксама і жывёлы. Але толькі чалавек зрабіў гэта галоўнай стратэгіяй выжываньня. Ягоныя мазгі і мова дазваляюць яму разьвіць культурную эвалюцыю да такіх маштабаў, што ён пачынае вызваляцца ад абмежаваньняў арганічнай эвалюцыі. У выніку гэтага зь зьяўленьнем чалавека мы зазнаем шпаркае паскарэньне эвалюцыі, якое ёсьць фармальнай перадумоваю таго, што чалавек зьмяняе стацыянарную раўнавагу біясфэры такім чынам, што паўстае пагроза пераладаваньня натуральных мэханізмаў ураўнаважаньня і амартызацыі.

Прымітыўныя грамадзтвы паляўнічых і зьбіральнікаў былі ўпісаныя ў сваё навакольнае асяродзьдзе амаль так жа, як і іншыя (драпежныя) віды. Тым ня менш, нават яны ўжо мадыфікавалі сваё натуральнае навакольнае асяродзьдзе ў досыць значнай ступені; але «разбурыць» яго ў той меры, каб праз гэта зьнішчыць асновы собскага жыцьця, пакуль яшчэ было па-за межамі іхных магчымасьцяў. Ня варта ў прынцыпе бачыць іхнае абыходжаньне з прыродай у ідылічным сьвятле. Безумоўна, адпавядае праўдзе тое, што ёсьць (ці былі) прымітыўныя грамадзтвы, якія ўмелі ўлучацца ў матэрыяльныя кругавароты і энэргетычныя плыні свайго біятопу такім чынам, што прычынна-выніковыя ўзаемасувязі ў ім прынцыпова не парушаліся. Але ёсьць таксама і адваротныя прыклады.

Участых у якасьці ўзору беражлівага абыходжаньня з прыродай называюць паўночнаамэрыканскіх індзейцаў. Іхная любоў да чалавека і расьліны проста-такі ўвайшла ў экалягічны фальклёр. Пры гэтым забываюцца, што іхныя продкі выклікалі адну з найвялікшых экалягічных катастрофаў у старавечнай гісторыі. Ёсьць сьведчаньні таго, што паляўнічыя на буйную дзічыну ў Паўночнай Амэрыцы паміж 10 000 і 7 000 да н. э. зьнішчылі ня менш як 32 віды буйных жывёлаў, чаму, відаць, спрыялі таксама кліматычныя перамены. Там жылі коні, быкі, сланы, вярблюды, антылёпы, сьвіньні і буйныя грызуны, якія ўсе зьніклі (параўн. Martin / Wright 1967; Hoffmann 1980).

Нэалітычная рэвалюцыя: земляробства і жывёлагадоўля

Тым ня менш, такія паводзіны для прымітыўных грамадзтваў не былі правілам, а хутчэй тлумачыліся выняткавай сытуацыяй, абумоўленай зьменай клімату і міграцыяй. Празь пераход да земляробства, так званую нэалітычную рэвалюцыю, што пачалася прыблізна 10000 гадоў таму, адбылося запаволеньне зьменаў натуральнага навакольнага асяродзьдзя, затое цяпер яны мелі доўгатрывалыя і важкія наступствы.

Пераход да селавой гаспадаркі азначаў, што адбыўся якасны скачок у стаўленьні чалавека да свайго натуральнага навакольнага асяродзьдзя. Сыстэма даіндустрыйнай селавой гаспадаркі энэргетычна была сыстэмай сонечнай энэргіі; матэрыяльна яна базавалася на тым, што чалавек у гэтай сыстэме зьмяняў, г.зн. дастасоўваў да сваіх патрэбаў, а таксама мадэляваў, значныя часткі натуральнай экасыстэмы. Можна вылучыць наступныя ступені:

1. Пераход да рэпрадукцыйнага выкарыстаньня расьлінаў і жывёлаў, якія раней былі прадметам паляваньня і зьбіральніцтва, г.зн., напрыклад, беражлівае стаўленьне да жывёлаў-матак, збор ураджаю без разбурэньня пладаносных расьлінаў, абачлівае і ашчаднае стаўленьне да натуральных рэсурсаў.

2. Манапалізацыя пэўных карысных расьлінаў і жывёлаў, г.зн. выключэньне харчовых канкурэнтаў шляхам праполваньня, змаганьня з шкоднікамі, абароны свойскай жывёлы ад драпежнікаў.

3. Канцэнтрацыя відаў, карысных для чалавека, г.зн. перадусім урабляньне палёў (монакультураў), зьбіраньне статкаў.

4. Мадэляваньне відаў і экасыстэмаў, г.зн. найперш выгадоўваньне ў расьлінаў і жывёлаў пэўных прыкметаў, якім людзі аддаюць перавагу (прычым гэтае «выгадоўваньне» зусім не вымагае сыстэматычнай працы, а можа быць нямэтанакіраваным пабочным эфэктам выбіральнага абыходжаньня з расьлінамі і жывёламі); зьмяненьне ўмоваў навакольнага асяродзьдзя. Тым самым ставалася магчымым вырошчаваньне пэўных расьлінаў у такіх зонах і мясьцінах, якія «паводле прыроды» былі б для іх закрытыя. Тут ідзецца пра такія захады, як паліў і асушэньне, карчаваньне, утварэньне тэрасаў, угнаеньне і г.д.

Дзеля таго што аграрныя грамадзтвы энэргетычна грунтуюцца на несупынным даплыве сонечнай энэргіі, яны ў прынцыпе могуць упісвацца ў стацыянарную экалягічную раўнавагу (што для індустрыйнага грамадзтва, паколькі ягонай энэргетычнай асновай ёсьць энэргія выкапняў, прынцыпова немагчымае ўжо з той прычыны). Тым ня менш, гэтая «раўнавага» ў аграрных грамадзтвах з экалягічнага гледзішча нашмат больш крохкая, чымся ў грамадзтвах паляўнічых і зьбіральнікаў, бо іхная прыродна-эканамічная база нашмат больш ненадзейная. У такіх грамадзтвах заўсёды існуе магчымасьць таго, што яны будуць паводзіць сябе няправільна і наробяць такой шкоды, што іхная прыродная аснова будзе разбураная.

Так, існуе шэраг сьведчаньняў наконт таго, што дзякуючы сельскагаспадарчай дзейнасьці даіндустрыйных грамадзтваў разбуралася глеба. Ведама, напрыклад, што за антычных часоў на ўзьбярэжжы Міжземнага мора былі зьнішчаныя лясы, якія там расьлі, бо была патрэбная драўніна, каб будаваць караблі. Выпасваньне празьмернай колькасьці козаў на абязьлешаных абшарах прывяло да таго, што нанова лес там ня вырас. Нарэшце, дажджы пазмывалі зямлю са схілаў. Вынікам стаўся карставы ляндшафт, наўрад ці ўжо прыдатны да сельскагаспадарчых патрэбаў. Падобныя ж працэсы адбываліся ў арашальных культурах Старавечнага Ўсходу, якія загінулі празь незваротнае забруджваньне глебаў сольлю (Hughes 1975; Kreeb 1979; Boughey 1980; Mensching 1983).

Натуральнае навакольнае асяродзьдзе, якое мы бачым сёньня на вялікіх абшарах Зямлі, у вялікай меры было мадыфікаванае празь дзейнасьць людзей у мінуўшчыне. Пры гэтым не абавязкова згадваць пра салоныя пустыні Міжрэчча ці карставыя горы Грэцыі; гэта датычыць таксама лясоў Сярэдняй Эўропы, над якімі навісла пагроза выміраньня. Чалавек цягам сваёй гісторыі ўсё ў большай ступені ставаўся фактарам навакольнага асяродзьдзя, нават геалягічным фактарам. Таму экалягічныя праблемы, разбурэньне навакольнага асяродзьдзя — гэта стары фэномэн. Тым ня менш, з узьнікненьнем індустрыйнай сыстэмы яны набылі новую якасьць, на фоне якой папярэднія праблемы падаюцца параўнаўча маргінальнымі.

Ужо тут высьвятляецца, што ня надта рацыянальна канстатаваць прынцыповую супярэчнасьць эканомікі і экалёгіі, адпаведна зь якой адна выключала б другую. Калі эканоміка ёсьць арганізацыяй гаспадаркі людзкога грамадзтва, а экалёгія, проці гэтага, зьвязаная з прыроднай гаспадаркай, дык пры разглядзе канфлікту паміж імі фармальна можа йсьціся толькі пра тое, каб правільна вызначыць іхныя ўзаемадачыненьні. Дзеля гэтага мы зьвернемся да пытаньня, чым, уласна кажучы, ёсьць эканоміка.

3. Чым ёсьць эканоміка?

У самым агульным сэнсе пад «эканамічнай» ці «гаспадарчай дзейнасьцю» можа разумецца спосаб матэрыяльнага абмену рэчываў паміж людзкім грамадзтвам і прыродай. У гэтым значэньні эканоміка вельмі блізкая да тэхнікі; аднак панятак эканомікі не абмяжоўваецца канкрэтным ноў-гаў апрацоўкі прыроды, а абдымае таксама сацыяльныя арганізацыйныя формы і адносіны абмену паміж гаспадарчымі суб’ектамі, узятыя ў колькасным вымярэньні.

Гэты панятак эканомікі шырэйшы ад таго, што ўжываецца ў эканамічнай навуцы. У сваім папулярным падручніку амэрыканскі эканаміст Сэмюэлсан (1981, S. 17) вызначае эканамічную навуку як «аналіз рашэньняў грамадзтва і ягоных удзельнікаў што да таго, якім чынам выкарыстоўваць абмежаваныя сродкі вытворчасьці, якія могуць ужывацца з альтэрнатыўнымі мэтамі... для вытворчасьці розных дабротаў і якім чынам разьмяркоўваць гэтыя даброты для цяперашняга і будучага спажываньня асобнымі індывідамі і грамадзкімі групамі. Яна дасьлядуе пажытак і страты, якія ўзьнікаюць у зьвязку з удасканаленым ужываньнем вытворчых сродкаў».

Эканамічны панятак прыроды: радовішча сыравіны і рэзэрвуар для адыходаў

У гэтай дэфініцыі прыродная экасыстэма ня згадваецца альбо згадваецца адно як «абмежаваныя сродкі вытворчасьці». Нацыянальная эканомія як навука адпрэчыла б надмернае патрабаваньне мусова зрабіць прадметам усё ўзаемадзеяньне вытворчасьці з прыродай. З гэтым заданьнем яна не дала б сабе рады, гэтаксама як экалёгія не дала б сабе рады, калі б ад яе запатрабавалі ўключыць у свой рэпэртуар увесь эканамічны комплекс. Нашыя навукі зазналі такую глыбокую дыфэрэнцыяцыю і так моцна аддаліліся адна ад адной, што ўзаемасувязі, якія існуюць зусім рэальна, ужо ня могуць успрымацца імі. Таму нашыя разважаньні тут могуць быць толькі цалкам агульнай прыроды.

Наагул можна сказаць, што эканамічная навука аднабакова разглядае натуральны абмен рэчываў, з гледзішча людзкой дзейнасьці і патрэбаў. Экасыстэма падаецца, тым самым, толькі вялікім радовішчам сыравіны, зь якога бяруцца сродкі вытворчасьці. Часткова яны маюць цану, а наймя тады, калі нехта здолеў манапалізаваць іх як сваю ўласнасьць (напрыклад, у выпадку зь зямлёй), ці калі яны ёсьць вынікам працы. Іншыя даброты ўважаюцца за бясплатныя; іх кажны можа браць столькі, колькі яму трэба. Да такіх належаць, напрыклад, кісларод у паветры ці мора. Такім чынам, ці маюць даброты цану і ці ёсьць яны тым самым «абмежаванымі», залежыць у вялікай меры ад сацыяльнай канвэнцыі; апошняя зь цягам гісторыі можа зьмяняцца.

І наадварот, натуральнае навакольнае асяродзьдзе ўважаецца за рэзэрвуар для адыходаў, куды можна выкідаць ужо непатрэбныя для эканомікі матэрыялы. Такое стаўленьне зусім ня новае, насуперак: новым ёсьць тое, што ў гэтым убачылі праблему. Такім чынам, «эканамічная» дзейнасьць так сама старая, як само чалавецтва. Эканамічная дзейнасьць — гэта антрапацэнтрычны, выходзячы з чалавека, падыход да прыроды.

Зьмяненьне навакольнага асяродзьдзя і мінімізацыя рызыкі

Сэнсам гаспадарчай дзейнасьці ёсьць зьмяненьне навакольнага асяродзьдзя людзей, пры дапамозе працы і тэхнікі, такім чынам, каб у выніку маглі здавальняцца пэўныя патрэбы. Найперш тут ідзецца пра здабыцьцё еміны, дзеля якой, калі была дасягнутая пэўная шчыльнасьць насельніцтва, людзям давялося заняцца земляробствам, што было зьвязанае зь вялізнымі ўмяшаньнямі ў натуральныя біятопы. Да гэтага трэба дадаць будаваньне дамоў, выраб вопраткі і, нарэшце, шматлікіх прадметаў спажываньня, а таксама сродкаў вытворчасьці, якія патрэбныя для таго, каб ствараць усе гэтыя прадметы. Чалавек гаспадарлівы, у выніку гэтага, ужо на першых этапах гісторыі адасабляецца ад натуральнай інтэграцыі ў сваё навакольнае асяродзьдзе, стварае сабе, больш ці менш мэтанакіравана, штучныя навакольныя асяродзьдзі і ўплывае на натуральныя ўзаемасувязі таксама і там, дзе гэта, уласна кажучы, не ўваходзіць у ягоныя намеры. Таму гаспадарчай дзейнасьці прынцыпова ўласьцівы экалягічны аспэкт, нават калі ён не ўсьведамляецца.

Адылі істотнымі адрозьненьнямі людзкога ўмяшаньня ў прыродныя ўзаемасувязі ад умяшаньня, якое зьдзяйсьняюць іншыя віды, ёсьць ягонае абыймо і тэмп зьмяненьня. Ад часу нэалітычнай рэвалюцыі адбылося ўражальнае паскарэньне пашырэньня людзкой кампэтэнцыі. На Зямлі няма хіба ніводнай тэрыторыі, якая б была недаступнай для людзей; апроч таго, яны жывуць у абсалютна розных мясцох, у лёдавых і пясчаных пустынях, у лясох і стэпах, у гарадох і на вадзе. Няма ніводнага іншага віду, які б меў такую здольнасьць да прыстасаваньня і якому была б даступная такая колькасьць розных жыцьцявых прастораў.

Такім чынам, зьмяненьне навакольнага асяродзьдзя шляхам гаспадарчай дзейнасьці чалавека ёсьць паўсюдным, татальным, і ягоныя памеры павялічваюцца. Гэты ўзрост адбываецца на некалькіх роўнях: з аднаго боку, ад нэалітычнай рэвалюцыі людзкое насельніцтва бесьперапынна расьце, з імклівым паскарэньнем ад пачатку індустрыялізацыі. Адначасна расьце спажываньне натуральных дабротаў на душу насельніцтва, г.зн. павялічваецца энэргаабарачэньне і абыймо рэчываў, якія выкарыстоўвае і спажывае асобны (сярэднестатыстычны) чалавек. Гэты надзвычайны гаспадарчы ўзрост заўдзячваецца ў вялікай ступені тэхнічным інавацыям, г.зн. пашырэньню кампэтэнцыі пры абыходжаньні з прыродай. Але гэтая кампэтэнцыя заўсёды партыкулярная. Тэхнічныя працэсы заўсёды выходзяць з таго, што пэўныя «пабочныя ўмовы» застаюцца нязьменнымі; таму яны залежаць ад бесьпярэчнага, самадастатковага існаваньня пэўных прыродных узаемасувязяў. Адзін прыклад на гэты конт:

Адной з асноўных патрэбаў чалавека ёсьць перамяшчэньне. Калі ўдаецца стварыць інструмэнт, які ўмагчымляе лёгкае, хуткае і таннае перамяшчэньне, то гэта можна зразумець як здавальненьне гэтай патрэбы. Чыгункі і, наапошку, аўтамабілі зьдзейсьнілі гэтую мрою. Канструктар аўтамабіля выкарыстаў сваю тэхнічную фантазію, каб пабудаваць хуткі, бясьпечны, просты ў выкарыстаньні і камфортны воз. Шэраг другарадных варункаў, натуральна, яго не цікавіў, а калі іх усё-ткі зьменаваць, дык гэта падасца недапушчальным умяшаньнем ува «ўласнае» тэхнічна-эканамічнае прызначэньне аўтамабіля. Гэтыя «другарадныя» ўмовы, разам зь іншымі, наступныя: шкода для іншых ад шуму і выкідных газаў, спажываньне аднаразовага, незамяняльнага скарбу — энэргіі выкапняў, урэшце, ускосныя наступствы, накшталт разразаньня ляндшафту і біятопаў іншых жывых істот дарогамі, усё больш шчыльнае запаўненьне паверхні і г.д.

Забавімся на прыкладзе выкідных газаў. Коні, якія даўней цягалі калёсы, натуральна, выпускалі ў атмасфэру свае прадукты спаленьня. Вуглякіслы газ, які яны выдыхалі, падчас глябальнага кругавароту зноў паступаў да расьлінаў, што ўлучалі яго ў сваю біямасу, якая, са свайго боку, зноў служыла кормам для коней. Такім чынам, кола было (у прыродзе) замкнёнае. Будуючы ж аўтамабілі, чалавек дзеяў так, быццам яны таксама ёсьць вынікам тысячагадовай эвалюцыі. Яны таксама выпускалі прадукты спаленьня ў атмасфэру; адылі ў ёй няма мэханізмаў, якія б маглі парупіцца пра іх натуральную перапрацоўку. Выкіды награмаджаюцца і набываюць такія хімічныя формы і канцэнтрацыі, якія становяць небясьпеку для шмат якіх жывых істотаў.

З гэтага прыкладу відаць, у чым партыкулярныя тэхнічныя і індустрыйныя ўмяшаньні ў прыродныя ўзаемасувязі розьняцца ад сапраўднага «авалоданьня прыродай» (у якасьці якой часта памылкова разумеецца тэхніка). Сапраўды дасканалая, экалягічна комплексная тэхніка не спадзявалася б на тое, што выкідныя газы будуць «як-небудзь» зьнікаць, а павінна была б ад самага пачатку пацікавіцца, на якіх перадумовах яна грунтуецца і якія неспадзяваныя эфэкты яна можа мець. Гэтак зразуметы аўтамабіль, разам зь іншым, павінен быў бы будавацца такім чынам, каб не пускаць у навакольнае асяродзьдзе іншых рэчываў, апрача тых, якія ўжо існуюць там у звычнай канцэнтрацыі.

Адылі гэтае патрабаваньне да тэхнічнага канструкту ёсьць чымсьці зусім новым. Усякая тэхніка, усякі эканамічны лад у гісторыі дзеялі так, як да сёньня дзее аўтамабільная прамысловасьць. Тое, што да глябальных экалягічных катастрофаў не дайшло ўжо даўней, зьвязана ня з тым, што ўперад браліся пад улік уплывы на навакольнае асяродзьдзе; хутчэй гэта тлумачыцца тым, што ўмяшаньні былі не такімі масіўнымі і адбываліся ня так хутка. Абедзьве гэтыя рэчы ўмагчымілі тое, што можна пачаць вучыцца на памылках, бо пакуль яшчэ гэты навучальны працэс не абавязкова будзе мець лятальныя вынікі.

Таму з экалягічнага гледзішча сапраўды новым у індустрыйнай сыстэме ёсьць ня тое, што яна ўвогуле робіць нэгатыўны ўплыў на натуральнае навакольнае асяродзьдзе, а тое, што гэты ўплыў такі велізарны і глябальны. Калі ў даіндустрыйным грамадзтве селянін (ці нават усё аграрнае грамадзтва) рабіў памылкі, гаспадарачы на зямлі, дык яны заўсёды датычылі адно абмежаванай прасторы і часта былі папраўнымі, калі выкарыстаньне зямлі спынялася. У найгоршым выпадку такі народ мусіў перасяляцца ці выміраў. Але абодва варыянты ня мелі глябальных наступстваў.

Часта можна было нават экспэрымэнтаваць, то бок вучыцца на памылках. Ведама, напрыклад, што з прычыны памылкі ў статычнай канструкцыі абрыньваліся і піраміды ў старавечным Эгіпце, і эўрапейскія сярэднявечныя саборы. Магчыма, гэта выклікала ахвяры ў адпаведных выпадках; але дойліды ў выніку маглі навучыцца, як рабіць лепей. Сёньня ў выпадку атамных электрастанцыяў, у галіне геннай тэхналёгіі і хіміі перад намі паўстаюць небясьпекі, якія скасоўваюць гэты прынцып. Тут аварыяў і абмылак нельга дапускаць ні ў якім разе, бо іначай шкода будзе занадта вялікаю. Гэтая форма мінімізацыі рызыкі грунтуецца на прынцыпе гіпатэтычнасьці, г.зн. калі ўжо на стадыі канструяваньня прагназуюцца ўсе магчымыя збоі, каб загадзя пазьбегчы іх.

Ужываньне гэтага прынцыпу гіпатэтычнасьці ў сутнасьці патрабуецца пры пабудове ўсіх тэхнічных сыстэмаў, каб той, хто мае намер увесьці новы мэтад ці новы прадукт, сьпярша давёў, што навіна ніякім чынам не спрычыніць пашкоджаньняў натуральнага навакольнага асяродзьдзя (пры гэтым трэба было б спраўдзіць і «сацыяльную сумяшчальнасьць», г.зн. сумяшчальнасьць з агульнапрынятымі грамадзкімі мэтамі).

У сутнасьці адно ў стасунку да тэхнікі і прамысловых тэхналёгіяў, якія працуюць паводле гэтага ўзору, можна гаварыць як пра падыходы з мэтай «авалодаць прыродай». Любая іншая тэхніка, якая імкнецца толькі да партыкулярных мэтаў і не зважае на глябальныя наступствы, — недасканалая і тандэнтная. Яна лёгка можа прывесьці да таго, што нэгатыўныя пабочныя зьявы, г.зн. незаплянаваныя выдаткі, нашмат перасягнуць жаданую карысьць.

Існуюць наглядныя прыклады такой тандэнтнай тэхнікі, якая прыносіць нашмат больш шкоды, чымся карысьці. Напрыклад, ведамы лёс снатворнага «Contergan», якое выклікала цяжкія генэтычныя анамаліі. За тое, каб хутчэй заснуць, людзі плацілі калецтвамі сваіх дзяцей. Актуальная сёньня праблема выміраньня лясоў таксама належыць да гэтай катэгорыі. Без сумневу, на першы погляд таньней не ачышчаць электрастанцыі і прамысловыя сыстэмы ад сярністых злучэньняў і будаваць машыны без каталізатараў. Але калі ў выніку гэтага вымруць лясы, страты будуць у шмат разоў большыя, чымся выдаткі, якіх удалося ўнікнуць.

Сёньня мы стаім на тым парозе, дзе ўжо ня можам дазволіць сабе гэткай тандэнтнай тэхнікі. Такім чынам, неабходна зьмяніць здаўна знаёмыя нам формы абыходжаньня з прыродай. Умяшаньні ў навакольнае асяродзьдзе пасьпелі дасягчы такіх маштабаў, што паўстае пагроза глябальных стратаў, якія ставяць чалавецтва на грань выжываньня. Тэхніка ў параўнаньні з тэхнікай даўнейшых часоў стала дастаткова магутнаю, каб разбураць глябальныя экалягічныя ўзаемасувязі. Ейны ўплыў перавышае тыя памеры, зь якімі біясфэра можа даць сабе рады сама. Адначасна тэхніка пакуль яшчэ такая прымітыўная, што дзее так, быццам ня можа разбурыць сваіх рамкавых умоваў. Гэтая прамежкавая стадыя складае сутнасьць сёньняшняй экалягічнай крызы.

Экалягічная крыза

Гэтая экалягічная крыза розьніцца ад экалягічных праблемаў мінуўшчыны тым, што яна набыла зусім іншыя памеры і пагражае стаць татальнаю. Асобныя экалягічныя праблемы спадарожнічалі рамесьніцкаму, а тады індустрыйнаму разьвіцьцю ад самых іхных пачаткаў. Зародкі шмат якіх зь сёньняшніх праблемаў ужо адчуваліся ў мінуўшчыне, і знаходзіліся нават іхныя частковыя разьвязаньні. Якраз тое, што гэта не дапамагло пазьбегчы сёньняшняй глябальнай крызы, паказвае, што цяпер трэба выбіраць шляхі, адрозныя ад тых, якія былі звычнымі для мінуўшчыны. Характэрнай адзнакай рэакцыі на экалягічныя праблемы ў мінуўшчыне было тое, што адыходаў не ўнікалі, а адсоўвалі ў аддаленыя месцы. Я хацеў бы праілюстраваць гэта двума прыкладамі, актуальнымі таксама і сёньня:

Забруджаньне паветра: пасьля пераходу да спаленьня выкапнёвых энэрганосьбітаў (у Нямеччыне ад XVIII стагодзьдзя, у Ангельшчыне, прынамсі, на 200 гадоў раней) пачаліся скаргі на забруджаньне паветра сажай і выпарэньнямі вугальнага попелу. Але, пакуль праблема мела эстэтычна-гігіенічны характар, для яе разьвязаньня мала што рабілася. Ад пачатку XIX стагоддзя «брудныя» фабрыкі сталі выносіць за межы гарадоў (калі пераважаў заходні вецер, іх разьмяшчалі на ўсходзе). Аднак неўзабаве паблізу прадпрыемстваў, якія выкідвалі шмат сярністых злучэньняў, пачалі назірацца парушэньні вэгетацыі, выкліканыя выкідамі, г.зн. раньняе выміраньне лясоў, а таксама перашкоды для земляробства. Для ўніканьня гэтай шкоды ад канца XIX стагодзьдзя пачалі будаваць высокія коміны, якія былі прызначаныя разьмяркоўваць выкідныя газы па вялікім прасьцягу.

Сьцёкавыя воды: утылізацыя сьцёкавых водаў традыцыйна не ўяўляла сабой вялікай праблемы. Праўда, канфлікты былі ўвесь час, напрыклад, калі вышэй па цячэньні якой-небудзь рэчкі месьцілася фарбавальня, што прамывала тканіну ў рацэ і псавала ваду, робячы шкоду спажыўцу, які месьціўся ніжэй па цячэньні. Ужо здаўна прававое ўрэгуляваньне такіх канфліктаў адбывалася згодна з прынцыпам кампэнсацыі эканамічных стратаў за кошт вінаватага. Новыя маштабы праблема набыла ў XIX стагодзьдзі, з пачаткам індустрыялізацыі і урбанізацыі. Арганічныя адыходы, асабліва фэкаліі, спачатку адводзіліся ў сьцёкавыя ямы — калі папросту ня скідваліся ў адну купу. Цьвёрдыя складнікі можна было аддаць сялянам як угнаеньне, тымчасам як вадкія праточваліся ў грунтовыя воды. Чым шчыльней была заселеная пэўная тэрыторыя, тым большым было забруджаньне грунтовых водаў, што выклікала небясьпеку эпідэміяў. Выйсьце знайшлося ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя ў форме змыўной каналізацыі. Цэнтральнае водазабесьпячэньне і каналізацыя дазволілі адвесьці разьведзеныя фэкаліі ў рэкі, дзе яны натуральным шляхам раскладаліся мікраарганізмамі. Адылі калі гарады рабіліся занадта вялікімі, натуральнай здольнасьці рэкаў да самаачышчэньня магло ўжо не ставаць. Колькасьць кіслароду ў іх памяншалася, урэшце яны гублялі раўнавагу, ставаліся сьмярдзючымі кляакамі. Як рэакцыі на гэта закладаліся палі арашэньня і будаваліся ачышчальныя сыстэмы, перавагай якіх спачатку было тое, што асадак сьцёкавых водаў мог ужывацца ў якасьці ўгнаеньня. Але ў апошнія гады сьцёкавыя воды так моцна забруджаныя хімічнымі злучэньнямі і цяжкімі мэталамі, што асадкі сьцёкавых водаў трэба перахоўваць як экалягічна небясьпечныя адыходы. Такім чынам, спроба пераадолець экалягічныя праблемы шляхам утылізацыі адыходаў, заміж таго каб парупіцца ўжо пры вытворчасьці, каб яны ўвогуле не ўзьнікалі, дазнала перакрыш.

Гэтыя прыклады паказваюць, што партыкулярнае ўмяшаньне ў прыродныя ўзаемасувязі, характэрнае для традыцыйнай тэхнікі і індустрыі, натыкаецца на свае межы. Татальны характар біясфэры робіць немагчымым яе нічым ня стрыманую эксплюатацыю. У апошнія гады асабліва заўважныя сынэргетычныя працэсы: уплывы на навакольнае асяродзьдзе, якія адбываюцца незалежна адзін ад аднаго, ізалявана, былі б узглядна бясьпечнымі, калі былі б аб’яднаныя міжсобку. Тады вялікія крызы, накшталт выміраньня лясоў, было б ужо нельга растлумачыць адной «прычынай». Узьнікаюць надзвычай комплексныя ўзаемасувязі, якія значна перасягаюць усьвядомленыя намеры іх удзельнікаў. Традыцыйная канцэпцыя эканомікі натыкаецца тым самым на свае межы.

Дзьве стратэгіі «пераадоленьня крызы»

З гледзішча экалёгіі цалкам дапушчаецца, што ў якасьці незаплянаванага наступства тэхнічна-індустрыйных мадыфікацыяў прыродных узаемасувязяў узьнікнуць станы, ня так спрыяльныя для людзкога жыцьця, як у апошнія сто тысяч гадоў. Ёсьць прынцыповая імавернасьць таго, што магчымасьці людзкой дзейнасьці, з аднаго боку, будуць дастаткова вялікімі, каб выклікаць такі менш спрыяльны ўзровень раўнавагі, але адначасна занадта абмежаванымі, каб трывала кампэнсоўваць ягоныя нэгатыўныя наступствы пры дапамозе тэхнічных захадаў. Выходзячы з хісткасьці натуральных макраўзаемасувязяў і небясьпекі таго, што натуральныя амартызацыйныя магутнасьці біясфэры могуць быць недастатковыя, магчымымі падаюцца дзьве доўгатэрміновыя стратэгіі.

Па-першае: дзейнасьць людзей сьвядома абмяжоўваецца да роўню, на якім звычныя прыродныя перадумовы могуць узнаўляцца самі сабой. Адылі гэтая стратэгія папярэдняга спраўджаньня экалягічнай сумяшчальнасьці паводле прынцыпу гіпатэтычнасьці не такая простая: трэба было б ня толькі ведаць нашмат больш пра спосаб функцыянаваньня і перапляценьня натуральных экасыстэмаў, прычым якраз для доўгіх адцінкаў часу; трэба было б таксама вызначыць, што ўважаецца за пажаданыя якасьці экасыстэмаў, апроч падтрыманьня такіх элемэнтарных парамэтраў, як клімат, колькасьць кіслароду ў паветры, трывалай нясучай здольнасьці глебы, захаваньня якасьці вады і г.д. У прынцыпе гэтая стратэгія павінна была б настойваць на тым, каб у сумнеўным выпадку не зьдзяйсьнялася ніякага ўмяшаньня, пакуль ня ўведаныя і не ацэненыя ўсе рэлевантныя і магчымыя эфэкты. Аднак можна спрагназаваць, што такі спосаб непазьбежна прывёў бы да надзвычайнага запаволеньня эканамічнага разьвіцьця, а ўрэшце, бадай, таксама і ў эканамічным сэнсе — да стану застою з толькі якаснымі інавацыямі.

Па-другое: індустрыйная сыстэма ўдасканальваецца да такой ступені, што пад тэхнічны кантроль бяруцца таксама і ейныя натуральныя перадумовы. Гэта азначае адмову ад узнаўленьня натуральных экасыстэмаў і поўную іх замену тэхнічнымі сыстэмамі, прыстасаванымі толькі да людзкіх патрэбаў. Праблема тут палягае ў тым, што пакуль толькі існуе жыцьцё па-за кантролем чалавека, зь неабходнасьцю будуць утварацца якія-небудзь экалягічныя раўнавагі. Аднак пры чыста тэхнічнай сыстэме была б вельмі высокай імавернасьць, што гэтая спантанная экалягічная раўнавага будзе не адпавядаць мэтам чалавека, а нават замінаць ім. Таму лёгіка гэтай стратэгіі прадугледжвае зьнішчэньне ўсяго жывога, што не выконвае пэўнага пажаданага заданьня, бо яно азначае патэнцыйную небясьпеку для такой раўнавагі.

Гэта гучыць больш утапічна, чымся насамрэч ёсьць, аднак акурат гэта дзеецца ў сучаснай селавой гаспадарцы, хоць яшчэ вельмі прымітыўна і ўчастых з контрапрадуктыўнымі вынікамі. Лягічным чынам гэтая стратэгія павінна была б прывесьці да таго, што чалавек будзе зьдзяйсьняць тэхнічнае кіраваньне ўсёй біясфэры — ці прынамсі той яе часткі, якая ўважаецца за жыцьцявую прастору людзей. Увесь вытворчы і спажывецкі апарат мусіў бы тады, як на касьмічнай станцыі, функцыянаваць у замкнёным коле, незалежна ад прыроднай зададзенасьці. Аднак узьнікаюць вялікія сумневы што да таго, ці будуць калі-небудзь кіраўнічыя магутнасьці чалавека дастатковымі для такога гіганцкага заданьня, ня кажучы ўжо пра тое, што ў такім грамадзтве наўрад ці могуць захоўвацца сфэры індывідуальнай свабоды, прынамсі, калі яе зьдзяйсьненьне мае матэрыяльныя наступствы.

Паноўныя тэндэнцыі ў індустрыі без сумневу ідуць, калі ім не наканавана перайсьці ў экалягічную катастрофу, у другім кірунку. Натуральна, ёсьць біёлягі, якія лічаць гэта адпаведным лёгіцы эвалюцыі. Дасканалыя вылічальныя сыстэмы і кібэрнэтычная апараты, якія возьмуць на сябе надзвычай комплексныя заданьні тэхнічнага экамэнэджмэнту, утвораць вышэйшую форму інтэлекту, чымся чалавек. Зь біялягічнага гледзішча від, якому ўвесь час не пагражаюць іншыя і які вызваляецца ад усіх прыродных абмежаваньняў, альбо сам разбурае свае асновы жыцьця, альбо зьдзяйсьняе эвалюцыйны скачок да татальнага тэхнічна-экалягічнага плянаваньня.

Першая альтэрнатыва, сьвядомае абмежаваньне на ўзроўні, адпаведным традыцыйнай экасыстэме, без сумневу, бліжэйшая да сёньняшніх уяўленьняў пра вартасьці. Але ейнай рэалізацыі супрацьстаяць сур’ёзныя палітычныя і эканамічныя праблемы. Апроч таго, нельга выключыць, што ў наступныя гады будзе перасягнуты point of no return, пасьля чаго могуць спантанна ўзьнікнуць экалягічныя станы, якія ўжо ня будуць надта спрыяльнымі для людзкога жыцьця. Таму час на такое — палітычнае — рашэньне вельмі абмежаваны.

4. Праблемы кіраваньня: рынак і дзяржава

Сутнасьць праблемы навакольнага асяродзьдзя, як мы ўбачылі, палягае ў тым, што тэхніка і індустрыя заўсёды перасьлядуюць ізаляваныя мэты і ў выніку гэтага зьдзяйсьняюць чыста партыкулярнае ўмяшаньне ў прыродныя ўзаемасувязі. Адначасна шматстайнасьць гэтых умяшаньняў, іхная паўсюднасьць і сукупная масіўнасьць аб’ядноўваюцца ў аб’ектыўныя, незаплянаваныя сукупныя эфэкты, якія прыводзяць да стратаў у прыватных вытворцаў і спажыўцоў. У прыроднай экасыстэме, а таксама пры прымітыўных яшчэ спосабах вытворчасьці, сама прырода ёсьць інстанцыяй, якая рупіцца аб тым, каб адыходы «зьнікалі» і выходныя ўмовы вытворчасьці ўвесь час узнаўляліся. Якая інстанцыя магла б выконваць гэтае заданьне ў індустрыйным грамадзтве?

Празьмернае выкарыстаньне калектыўных дабротаў

Ці мог бы гэта рабіць рынак? Мы паспрабуем разгледзець гэтае пытаньне крыху больш інтэнсіўна, падаўшы тут аргумэнт, распрацаваны амэрыканскім эколягам Гарэтам Гардынам (1968). Ён назваў яго, трошку недакладна, «The Tragedy of the Commons», трагедыя грамады.

Гардын апісвае вёску, якая супольна валодае лугам, г.зн. ён належыць грамадзе; кажны селянін мае права выганяць скаціну на гэтую пашу; але ведама, што гэта ня можа адбывацца бязьмежна, бо іначай паша будзе празьмерна эксплюатаваная і такім чынам стане непрыдатнай для ўсіх. Індывід, які разьлічвае на сваю індывідуальную карысьць, мусіць прыйсьці да наступнай высновы: калі я выганю на пашу на адну скаціну болей, чымся раней, карысьць, што з гэтага вынікае, поўніцай спадзе мне. Ведама, пры гэтым таксама ўзьнікне шкода, «нэгатыўная карысьць», але яна будзе разьмеркаваная на ўсіх, хто належыць да грамады; прычым мне самому спадзе толькі мізэрная частка. Вынік гэтых разьлікаў, такім чынам, у тым, што я змагу выйграць толькі тады, калі буду празьмерна эксплюатаваць пашу.

Дзеля таго, што так мусіць думаць кажны чалец грамады, усё больш скаціны выганяюць на пашу, і ў выніку яна непазьбежна занепадае. Дык жа гэты вынік можна прадугледзець. Індывід, які стаіць перад выбарам, ці павінен ён браць удзел у злоўжываньні пашай, будзе вымушаны ўлучыць вынік гэтага выбару ў свае разьлікі. Ён прыйдзе да высновы, што супольны інтарэс (і, такім чынам, таксама і ягоны собскі інтарэс) вымагае, каб паша не занепадала. Што ён можа зрабіць?

Прыпусьцім, што ён дзеіць «па-альтруісцку» і адмаўляецца мацней эксплюатаваць пашу: пакуль няма гарантыі, што ўсе чальцы грамады будуць дзеяць акурат так, ён такім чынам толькі робіць шкоду сабе; бо ён дае іншым магчымасьць выкарыстоўваць пашу больш, чымся ён сам, перш як яна занепадзе. Але ж самога заняпаду пашы ён, такім чынам, ня можа прадухіліць. Ён шкодзіць сабе, ня робячы пры гэтым якой-небудзь значнай карысьці супольнаму інтарэсу. Такія паводзіны для яго будуць неабдуманыя.

Таму ён стаіць перад безвыходнай дылемай. Што б ён ні рабіў, ён ня можа прадухіліць таго, што вынік будзе нерацыянальны і супрацьлежны інтарэсу грамады. Індывідуальнае паўстрыманьне ідзе на карысьць толькі прыватным інтарэсам іншых, але ня служыць супольнаму інтарэсу. Такім чынам, найбольш разумным зь ягонага боку выйсьцем будзе ўдзельнічаць у разбурэньні пашы.

Дык вось, тое, што Гардын называе трагедыяй грамады і чаго якраз датычыць дылема, якая паўстае перад індывідам што да прыроднага навакольнага асяродзьдзя, паводле сваёй структуры ёсьць асноўнай праблемай якога-любя грамадзтва і становіць сабой шырака абмяркоўваную тэму клясычнай палітычнай тэорыі. У агульным выглядзе праблему можна сфармуляваць так: індывідуальная карысьць ад пэўнага ўчынку ў бальшыні выпадкаў большая за індывідуальную долю калектыўных стратаў, зьвязаных з гэтым учынкам. Акурат гэта было прычынай, якая ў клясычных тэорыях дамовы (Гобс, Лок) падштурхоўвала індывідаў пераходзіць з прыроднага стану ў «грамадзянскі» ці палітычны стан. Тым самым мусілі ўстанавіцца нарматыўныя рамкі, якія б прывялі да таго, што супольны інтарэс быў бы ўлучаны ў індывідуальныя разьлікі.

У выпадку кажнай грамадзкай нормы (накшталт забароны забіваць ці рабаваць) дзеіць правіла, што для парушальніка нормы можа ўзьнікаць індывідуальная карысьць, тым часам як факт парушэньня гэтай нормы хоць і робіць яму як чальцу грамадзтва пэўную шкоду, але гэтая шкода меншая за беспасярэднюю карысьць ад парушэньня нормы. Гэтак, рабаўнік хоць і мусіць сам баяцца, каб яго таксама не абрабавалі, але адна гэтая боязь — шкода, значна меншая за карысьць рабаваньня. Але калі б усе ўдзельнікі грамадзтва зрабілі гэткі індывідуальны разьлік, дык сукупная шкода (і такім чынам індывідуальная шкода кажнага) была б вялізнай. Рабаўнік тады мусіў бы лічыцца зь вялікай імавернасьцю таго, што ён сам станецца ахвяраю рабунку.

Каб пазьбегчы гэтага, грамадзтвы звычайна пагражаюць санкцыямі ў выпадку парушэньня нормаў, так што да мінімальнай беспасярэдняй індывідуальнай долі ад калектыўнай шкоды дадаецца адчувальная шкода ў форме пакараньня, пагарды і г.д. Грамадзкая шкода, такім чынам, стаецца адчувальнай для індывіда; таксама і разьлік на карысьць тады вядзе да сацыяльна прымальных учынкаў.

Таму звычайна «трагедыі грамады» не адбываецца; якраз традыцыйныя грамадзтвы, якія мелі лугі ў супольнай маёмасьці, вельмі добра ведалі, як можна прадухіліць злоўжываньне імі. Такім чынам, прыклад Гардына анахранічны. Праблема, апісаная ім, зазвычай паўстае толькі тады, калі ўзьнікае патрэба ў новым правіле, калі павялічваецца абсяг дзейнасьці індывідаў, у выніку чаго ўзьнікаюць новыя магчымасьці калектыўнай шкоды, г.зн. калі, напрыклад, чалавек зьвяртаецца да новых частак прыроднага навакольнага асяродзьдзя і гэты зварот прыводзіць да новых разбурэньняў навакольнага асяродзьдзя.

Возьмем такі прыклад: праточныя воды могуць прымаць сьцёкавыя воды невялікіх селішчаў без пагаршэньня якасьці вады ніжэй па цячэньні. Але калі абыймо адыходаў надта вялікае, вады пачынае не ставаць, і таму зь ёй трэба абыходзіцца ашчадна. Тады дарэчы будзе ўвесьці абавязковыя правілы, якія прадугледжваюць пакараньне за забруджаньне вады. Дзеля таго што прадухіленьне адыходаў зьвязанае з выдаткамі, тыя, каго гэта закране, будуць індывідуальна супраціўляцца гэтаму, нават калі зь іншага боку ім пайшло б на карысьць, каб іншыя не рабілі гэтых адыходаў. Калі пратэст супраць такіх абмежаваньняў дасягае палітычнага посьпеху, устанаўляецца такі стан, які Гардын назваў трагедыяй грамады: кажны забруджвае воды, і ўрэшце ніхто больш ня мае чыстай вады.

Процілежныя стратэгіі: прыватызацыя ці рэглямэнтацыя

У прынцыпе ёсьць дзьве магчымыя рэакцыі на гэтую праблему. Найбольш элегантным разьвязаньнем будзе, безумоўна, прыватызацыя. Ніхто ня будзе выліваць сьцёкавыя воды ўва ўласную студню. Калі карыстаная даброта знаходзіцца цалкам у распараджэньні (уласнасьці) толькі адной асобы, якая можа нанесьці ёй шкоду, дык гэтай асобы будзе датычыць і сукупная карысьць, і сукупная шкода. Такім чынам, ёй трэба толькі дзейнічаць згодна са сваім рацыянальным інтарэсам, каб пазьбегчы злоўжываньня.

Адылі прыватызацыя складнікаў прыроднага навакольнага асяродзьдзя магчымая толькі ўва ўзглядна малым абыйме. Немагчыма ізаляваць міжсобку асобныя часткі прыроды так татальна, каб зь дзеяньняў, накіраваных на іх выкарыстаньне, не вынікалі эфэкты, якія закранаюць таксама і іншыя часткі. Таму фактычна прыватызацыя ніколі не бывае поўнай; шкода заўсёды наносіцца калектыўным дабротам (напрыклад, паветру). Таму выкарыстаньне прыватнай уласнасьці для вытворчых мэтаў часта набывае паразытычныя рысы. Прыватызацыя ёсьць прыдатным разьвязаньнем «праблемы грамады» толькі датуль, пакуль яе вонкашнія эфэкты настолькі невялікія, што могуць амартызавацца калектыўнымі дабротамі, ня робячы ім прыкметнай шкоды. Рамесьніцкія прадпрыемствы маглі выкідаць пэўнае абыймо сваіх адпрацаваных газаў у паветра, якім дыхае ўсё чалавецтва, не выклікаючы прыкметнай шкоды; але пачынаючы з пэўнага колькаснага павелічэньня маштабу такой дзейнасьці гэта ўжо немагчыма.

Тады патрэбная другая форма рэакцыі на праблему. Яна палягае ў палітычным рэгуляваньні абыйма і формаў, у якіх дазваляецца карыстацца калектыўнымі дабротамі навакольнага асяродзьдзя. Тут выяўляецца новае поле дзяржаўных заданьняў, якое структурна дакладна адпавядае полю падтрыманьня правапарадку. Заклікі да «сьвядомасьці» індывідаў тут цалкам бессэнсоўныя. Іх можна было б параўнаць з заклікам добраахвотна плаціць падаткі, бо тое, што робіць дзяржава, нясе карысьць для кажнага, ці з заклікам адмовіцца ад паліцыі і юстыцыі, бо кажны чалавек мусіць разумець, што ў яго собскіх інтарэсах не рабіць пэўных учынкаў.

Дагэтуль фундамэнтальнаму значэньню гэтага поля дзяржаўных заданьняў не аддалі ўсёй увагі, якая яму належыць. Міт пра рынак, які чарадзейным чынам павінен усталяваць гарманічную раўнавагу інтарэсаў і патрэбаў, засьціў той факт, што рынкавая эканоміка залежыць ад пэўных рамкавых умоваў, якія не абмяжоўваюцца захаваньнем правапарадку і забесьпячэньнем пэўных агульных вытворчых умоваў (камунікацыйных шляхоў, партоў, сыстэмы адукацыі і г.д.). Ідэалёгія рынкавай эканомікі сьцьвярджае, што ўзаемадзеяньне свабодных сілаў, калі толькі яму не замінаюць арганізацыі і дзяржаўныя ўмяшаньні, вядзе да аптымізацыі вытворчасьці і здавальненьня патрэбаў. Але гэта слушна нават не для ўсіх матар’яльных патрэбаў.

Як, напрыклад, выказаць моваю рынку патрэбу ў чыстым паветры ці ў абароне ад шуму матораў? Як рынак можа рэгуляваць выкарыстаньне вады (грунтовыя воды і сьцёкавыя воды)? Як, урэшце, рынак можа прадухіліць тое, што (доўгі час) прапануюцца шкодныя для здароўя прадукты? У гэтым ужо даўно палягаюць заданьні дзяржавы, якія можна аб’яднаць перадусім пад назвай аховы здароўя і гігіены.

Такім чынам, у прынцыпе выключана, што рынак, які грунтуецца на павелічэньні індывідуальнай карысьці, сам сабою прывядзе да аптымізацыі выкарыстаньня калектыўнымі дабротамі і да здавальненьня тых патрэбаў, якія могуць быць сфармуляваныя толькі ў рамках усяго калектыву (параўн. Kapp 1958). Чыста рынкавая эканоміка безь дзяржаўных абмежаваньняў непазьбежна прывяла б да «трагедыі грамады». Аднак гэта не азначае, што нельга выкарыстоўваць рынкавыя мэханізмы для экалягічных мэтаў як тэхніку, г.зн. паслугоўвацца імі для разрабленьня простага і ўзглядна надзейнага мэтаду кіраваньня экалягічна рэлевантнымі паводзінамі гаспадарчых суб’ектаў.

Рынкавая эканоміка прыводзіць да ўзглядна добрых вынікаў паўсюль, дзе страты і карысьць, зьвязаныя з вытворчасьцю і з выкарыстаньнем дабротаў, можна адназначна замацаваць за пэўнымі суб’ектамі. Тады кажны імкнецца аптымізаваць собскую карысьць, і як правіла, зь лепшымі вынікамі, чымся калі б гэта рабіў за яго нехта іншы. Дзяржаўная экалягічная палітыка, якая ў рамках ужо існуючай рынкавай эканомікі працуе з элемэнтамі чыстага плянаваньня, вымушаная тым самым фармуляваць гэтыя плянавыя заданьні такім чынам, каб яны спрацоўвалі ў кантэксьце рынкавай эканамічнай дзейнасьці. Бессэнсоўна ставіць на «добрую волю» ўдзельнікаў рынку; бо калі б яны дзеялі так, яны б ня мелі посьпеху на рынку і ім давялося б саступіць месца канкурэнтам, якія ўмеюць перасьледаваць свае інтарэсы больш бесцырымонна. Таму дзяржаўным захадам на карысьць аховы навакольнага асяродзьдзя заўсёды даводзіцца сутыкацца з тым, што гаспадарчыя суб’екты ніколі не імкнуцца спраўдзіць іх мэты, а ўважаюць іх за перашкоды, якія трэба абысьці.

Таму падаецца сэнсоўным загадзя фармуляваць экалягічныя законы такім чынам, каб яны былі адэкватнымі ў дачыненьні да рынку, г.зн. каб яны разам зь іншым бралі пад улік арыентаваную на павелічэньне карысьці дзейнасьць тых, на каго яна накіраваная. У ідэале неабходна зьвязаць індывідуальную і калектыўную карысьць такім чынам, каб перасьледаваньне аднаго мела вынікам таксама і рэалізацыю другога. Дзяржаўныя пастановы павінны фармулявацца так, каб яны падштурхоўвалі гаспадарчыя адзінкі да памнажэньня ўсеагульнай карысьці дзеля собскага інтарэсу. Адна з мэтаў экалягічна арыентаванай эканомікі акурат і палягае ў тым, каб разрабіць гэткія шляхі (параўн. Binswanger / Bonus / Timmermann 1980; Wicke 1982; Bonus 1983; Hartkopf/Bohne 1983/84).

Адчужальныя правы на адыходы — мадэль?

Адна з прапановаў, зробленых у зьвязку з гэтым, накіраваная на стварэньне адчужальных правоў на адыходы. У сёньняшняй практыцы правы на адыходы раздаюцца бясплатна, г.зн. органы прамысловага кантролю вызначаюць (згодна з пэўнымі нормамі законаў і працэсуальнымі інструкцыямі, накшталт «Тэхнічнай інструкцыі аб паветры»), колькі адыходаў прадпрыемства можа выпускаць у сваё навакольнае асяродзьдзе. Гэтая велічыня разьлічваецца разам зь іншым у залежнасьці ад ужо наяўнай шкоды, якую робяць старыя эмітэнты, якія ўжо маюць дазвол. Спосабу забраць дазвол у гэтых прадпрыемстваў, якія часта бываюць вельмі экалягічна небясьпечнымі, няма, або ён зьвязаны з павольнымі працэдурамі. Вынікам гэтага ёсьць ненармальны стан: шкода навакольнаму асяродзьдзю на пэўнай прасторы наносіцца высокая, але вытворчыя магутнасьці не задзейнічаныя поўніцай, бо новыя прадпрыемствы, якія б выкарыстоўвалі больш прагрэсіўную тэхніку для мінімізацыі экалягічнага забруджаньня, папросту не дапускаюцца туды.

Калі б жа правы на адыходы былі адчужальнай уласнасьцю старых, яны б мелі кошт, які б быў пэўным чынам зьвязаны з коштам тэхналёгіі для мінімізацыі экалягічнага забруджаньня. Стары эмітэнт мог бы прадаць частку сваіх «экалягічных сэртыфікатаў» новаму прадпрыемству, калі б яму ўдалося пры гэтым часткова скараціць свае адыходы. Сукупная шкода навакольнаму асяродзьдзю гэтага рэгіёну, такім чынам, не зьмянілася б, але там магло б працаваць больш прадпрыемстваў. Адначасна існаваў бы грандыёзны эканамічны стымул да разьвіцьця экалягічна бясьпечных тэхналёгіяў; бо калі б удавалася танна пазьбягаць адыходаў, дык непатрэбныя больш правы можна было б рэалізоўваць на рынку. Апроч таго, установа, якая вызначае сукупнае абыймо адыходаў на пэўнай тэрыторыі, можа ў такім выпадку паступова зьмяншаць гэтае абыймо, дзякуючы чаму можна было б палепшыць якасьць навакольнага асяродзьдзя per saldo.

Але гэтая прапанова, больш адэкватная ў дачыненьні да рынку, чымся звычная дагэтуль практыка, ня ёсьць рынкавай у строгім сэнсе слова; патрэбны яшчэ шэраг адміністрацыйных нормаў і захадаў. Дазволеная для пэўнага рэгіёну сукупная шкода павінна была б вызначацца згодна з экалягічнымі і гігіенічнымі патрабаваньнямі, і трэба было б кантраляваць выкананьне абавязковых нормаў. Пра куплю ці продаж правоў абавязкова належала б паведамляць адпаведнай установе ці рабіць запіс у пазямельнай кнізе; іначай наўрад ці ўдалося б запабегчы нелегальнаму продажу правоў. Таксама і зьмяншэньня сукупнай шкоды, напэўна, нялёгка было б дасягчы, бо пры ануляцыі (экспрапрыяцыі) наяўнага права на адыходы даводзілася б, несумненна, сутыкацца з супрацівам.

Калі ў сёньняшніх варунках высьвятляецца, што пэўнае дазволенае абыймо адыходаў больш шкоднае, чымся меркавалася, звычайна прызначаюцца пераходныя тэрміны для састарэлага абсталяваньня, якое толькі праз пэўны час павінна быць прыстасаванае да новых нормаў. Калі б жа былі «экалягічныя сэртыфікаты», кажны вытворца аўтаматычна валодаў бы «састарэлым абсталяваньнем», нават калі б яно яшчэ не было створанае. Узьнікалі б сур’ёзныя праблемы, калі б, напрыклад, такі сэртыфікат, куплены акурат дзеля пабудовы прадпрыемства, неўзабаве быў ануляваны. Магло б здарыцца так, што тады гэтага сэртыфікату было б ужо недастаткова, каб распачаць вытворчасьць. Хто гарантуе, што ў гэтых выпадках дзеля «абароны працоўных месцаў» ня будзе патрэбны часовы дазвол (які неўзабаве стане правілам)?

Яшчэ адна праблема палягае ў тым, што, уласна кажучы, немагчыма зразумець, чаму буйны забруджвальнік навакольнага асяродзьдзя, дзейнасьць якога рэглямэнтаваная законам, яшчэ і атрымлівае матэрыяльную карысьць, калі прадае гэтае права. Калі сёньня ён спыніць вытворчасьць, дазвол на вытворчасьць і разам зь ім права на адыходы губляюць моц. Калі б жа ён меў адчужальнае права на адыходы, дык якраз у гэтым выпадку ў моцна забруджаным рэгіёне ён мог бы атрымаць за яго вялікую суму.

Мэтад, з дапамогай якога можна абмінуць гэтую праблему, палягае ўва ўвядзеньні падаткаў на адыходы (параўн. напрыклад Wegehenkel 1981). Кажнае прадпрыемства, якое выпускае ў навакольнае асяродзьдзе пэўныя адыходы, павінна заплаціць за кажную адзінку гэтых адыходаў пэўную цану. Гэтая цана, натуральна, павінна прызначацца ў адміністрацыйным парадку; але гэтая цана, калі б яна была дастаткова высокай, мела б вынікам тое, што вытворчыя выдаткі наблізіліся б да сапраўдных выдаткаў, якія павінны ўключаць таксама і карыстаньне дабротамі навакольнага асяродзьдзя. Калі б падатак на адыходы арыентаваўся на гранічныя кошты экалягічных тэхналёгіяў, ён таксама мог бы прывесьці да жаданага выніку: каб вытворцы аддавалі перавагу інвэстыцыям у чысьцейшыя тэхналёгіі.

Адылі ўсе гэтыя «рынкавыя» разьвязаньні праблематычныя самі зь сябе, а таксама залежныя ад шматстайных зададзеных дзяржавай правілаў і ўмяшаньняў. Цьверджаньне, што яны дазволілі б паменшыць ступень бюракратызацыі, можна паставіць пад сумнеў добрымі аргумэнтамі. Калі б быў сам-самусенькі гамагенны адыход (напрыклад, SO2) і само-самусенькае гамагеннае прымаючае асяродзьдзе (напрыклад, паветра), дык рынкавае разьвязаньне было б досыць нескладаным і, магчыма, прынцыпова лепшым за дагэтулешнія мэтады. Але звычайна ў адыходы йдзе мноства розных рэчываў, якія могуць выклікаць разнастайныя сынэргетычныя эфэкты, да таго ж існуюць моцныя адрозьненьні паміж рэгіёнамі. Фізычна-якасныя працэсы нельга так проста адлюстраваць у рынку.

Тым ня менш, безумоўна, варта надалей працаваць над канцэпцыямі, накіраванымі на фармуляваньне экалягічных правілаў такім чынам, каб загадзя браліся пад увагу паводзіны ўдзельнікаў рынку. Але дагэтулешнія прапановы «рынкавай экалягічнай палітыкі», здаецца, грунтуюцца хутчэй на ідэалягічным самападмане, і таму павінны разглядацца з асьцярожнасьцю.

Магчыма, атамныя электрастанцыі становяць для нас узор таго, як павінна была б дзеяць прагрэсіўная экалягічная палітыка. Ува ўжываных у ядравай тэхніцы сыстэмах другаснай перапрацоўкі звычайнай зьявай, з прычыны надзвычайнай небясьпекі радыяактыўных рэчываў, ёсьць складаньне балянсаў матэрыялаў, зь якіх (зь мінімальнай недакладнасьцю) вынікае, дзе засталіся асобныя рэчывы. Падобнае правіла можна было б увесьці таксама і ў іншых галінах вытворчасьці. Трэба было б устанавіць што да канкрэтнай тэхналёгіі, колькі ўвогуле ёсьць рэчываў, якія могуць пайсьці ў адыходы, пасьля чаго пракантраляваць, дзе яны падзеліся, было б узглядна проста.

5. Ахова навакольнага асяродзьдзя і дабрабыт

Узровень жыцьця і якасьць жыцьця — палітычнае разьвязаньне

На працягу доўгага часу матэрыяльны дабрабыт разумеўся толькі ў колькасным сэнсе, як узровень жыцьця, як узровень валоданьня матэрыяльнымі дабротамі. Гэтая дэфініцыя ставалася ўсё больш недастатковаю, бо яна, насамрэч, мала гаварыла пра канкрэтныя ўмовы працы, стан здароўя і, урэшце, пра стан навакольнага асяродзьдзя. Таму пачынаючы з канца шэсьцьдзясятых гадоў была зроблена спроба знайсьці ў панятку якасьці жыцьця формулу, якая ўлічвала б усе гэтыя фактары. Аднак гэты панятак застаўся няпэўным, і даць яму цьвёрдае вызначэньне так, каб ён прыкметна розьніўся ад даўнейшага панятку ўзроўню жыцьця, у гутарковай мове не ўдалося.

Прадухіленьне адмоўнага ўплыву на навакольнае асяродзьдзе амаль заўжды мае сваю цану. Напрыклад, вытвараць электраэнэргію, не адфільтроўваючы пабочных газаў, таньней, чымся выкарыстоўваць дарагое фільтравальнае абсталяваньне. Калі адмовіцца ад аховы навакольнага асяродзьдзя, вытворчасьць абыходзіцца таньней, але гэта адбываецца за кошт забруджаньня навакольнага асяродзьдзя. Выдаткі на прадухіленьне шкоды для навакольнага асяродзьдзя, са свайго боку, уваходзяць у кошт вырабаў, зробленых паводле экалягічна чысьцейшай тэхналёгіі. Ахова навакольнага асяродзьдзя — рэч не бясплатная.

Пры рынкавай эканоміцы прынята, што гаспадарчыя суб’екты самі вырашаюць, якія патрэбы павінны задавальняцца ў першую чаргу. Хто мае пэўны даход, можа ўжыць яго на даброты, якія адпавядаюць ягонаму асабістаму прыярытэту. Гэтак, аўтааматар можа купіць сабе большую машыну і адмовіцца дзеля гэтага, напрыклад, ад большай кватэры. Тое, на што ён ужывае свой даход, ёсьць ягонай асабістай справай.

Што да экалягічных дабротаў, дык тут гэтай індывідуальнай свабоды выбару няма. Ад чыстай вады ці чыстага паветра выйграе таксама і той, хто сам, магчыма, не надае ім вялікай важкасьці і каму мілейшы быў бы больш высокі рэальны заробак; і наадварот, таму, хто асабіста быў бы гатовы адмовіцца ад часткі свайго даходу, калі б праз гэта можна было палепшыць навакольнае асяродзьдзе, даводзіцца здавольвацца кепскай якасьцю навакольнага асяродзьдзя. Вызначэньне якасьці навакольнага асяродзьдзя — гэта калектыўная справа. Яе ня можа забясьпечыць рынак, яна вымагае палітычнага выбару.

Нацыянальная ахова навакольнага асяродзьдзя і інтэрнацыянальная канкурэнцыя

Тут паўстаюць некаторыя праблемы прынцыповага характару. Так, пэўная краіна (калі іншыя ўмовы роўныя) пры слабых экалягічных нормах можа вырабляць таньнейшую прадукцыю, чымся іншая краіна, у якой экалягічныя стандарты больш высокія. Калі гэтыя краіны канкуруюць на сусьветным рынку, краіна з больш строгім экалягічным заканадаўствам у выніку гэтага мае слабейшую канкурэнтаздольнасьць, хіба што ёй удасца паменшыць выдаткі празь нешта іншае. Асабліва гэта датычыць выдаткаў на аплату працы. За здаравейшае навакольнае асяродзьдзе даводзіцца плаціць ніжэйшымі рэальнымі заробкамі ўсярэдзіне краіны. Загэтым часта немагчыма цалкам паставіць пад кантроль экалягічныя ўмовы ўсярэдзіне краіны, бо адбываюцца глябальныя, надмежавыя перасоўваньні шкодных рэчываў. Краіна, якая ў такой сытуацыі павышае нацыянальныя экалягічныя патрабаваньні, прайграе двойчы. Па-першае, яна павышае вытворчыя выдаткі і стаецца менш канкурэнтаздольнай; заразом яна ня можа ўнікнуць таго, што з-за мяжы ў яе надалей трапляюць шкодныя рэчывы. Што яшчэ горш: за мяжой тым меней зважаюць на экалягічную чысьціню собскай індустрыі, чым больш строгія законы дзейнічаюць у суседняй краіне, бо навакольнае асяродзьдзе суседкі тады можа прыняць большую долю шкодных рэчываў. Якраз дзякуючы гэтай праблеме самотныя нацыянальныя захады Нямеччыны што да забруджаньня паветра выглядаюць гэтак сумнеўна. Чым меней выкідных газаў выпускаецца тут, тым больш паветра загазоўваюць суседнія краіны. Такім чынам, паветра ў Нямеччыне значна не палепшала, тым часам як Францыя змагла адмовіцца, напрыклад, ад пераходу да ачысткі дымавых выкідаў ад сярністых злучэньняў, г.зн. змагла зрабіць таньнейшай сваю вытворчасьць.

Не ў апошнюю чаргу акурат гэты факт робіць сапраўднае паляпшэньне якасьці навакольнага асяродзьдзя ў густа населенай і разьдзеленай на малыя нацыянальныя дзяржавы Сярэдняй Эўропе надзвычайна цяжкай справай. Усе захады, прынятыя краінай у выніку доўгіх пошукаў кампрамісу, Нямеччына павінна яшчэ раз праводзіць праз галасаваньне ў Эўрапейскай Супольнасьці, дзе краіны кшталту Англіі ў меншай ступені церпяць ад імпарту шкодных рэчываў, а краіны кшталту Італіі ці Францыі маюць шкалу прыярытэтаў, у якой матэрыяльны ўзровень жыцьця стаіць вышэй за здаравейшае навакольнае асяродзьдзе.

Рэальны валавы нацыянальны прадукт без уліку паслугаў на км2 (у 1000 $, 1978; цэны на 1970) (паводле Frisch 1981, S. 162) - табліца толькі ў дкукаванай кніжцы

Тут узьнікае яшчэ адна праблема. Прырода да пэўнай ступені ў стане амартызаваць шкодныя адыходы, і таму не адразу відаць, што яны разбураюць навакольнае асяродзьдзе. Дзеля гэтага чым большая краіна, чым меншая шчыльнасьць ейнае індустрыялізацыі і чым чысьцейшая ейная структура прамысловасьці (г.зн. чым менш яна мае забруджваючай цяжкой прамысловасьці ці хіміі), тым больш адыходаў яна можа прыняць, ня мусячы ўжываць экалягічных тэхналёгіяў. Таму ў вялікай краіне патрэба рабіць дарагія экалягічныя інвэстыцыі паўстае нашмат пазьней, чымся ў малой, дужа індустрыялізаванай краіне. У выніку гэтага моцна індустрыялізаваная краіна мае горшую сытуацыю ў параўнаньні зь іншымі, якія маюць яшчэ «дармовыя» экалягічныя даброты.

У гэтым сэнсе становішча Нямеччыны выглядае асабліва кепска. Гэта павінны праілюстраваць наступныя лічбы. Яны паказваюць суадносіны валавога нацыянальнага прадукту, без уліку паслугаў, да плошчы краіны. Натуральна, гэта адно грубы паказьнік, але ўсё-ткі ён сьведчыць пра сапраўдную экалягічную шкоду ад індустрыйнай вытворчасьці; бо можна прыпусьціць, што любая вытворчасьць у пэўнай ступені мае нэгатыўныя экалягічныя наступствы.

Калі ўлічыць, якую долю межаў Бэльгіі, Нідэрляндаў і Японіі становяць моры, якія могуць прыняць шкодныя рэчывы прынамсі з паветра і зь якіх практычна не адбываецца імпарту шкодных рэчываў, дык яшчэ выразьней відаць, якім упэўненым аднаасобным лідэрам ёсьць Нямеччына ў пляне экалягічнай шкоды. Таму няма дзіва, што яна была ў Эўропе першаю краінай, у якой зьявіўся экалягічны рух і ў якой патрабаваньне зрабіць эфэктыўныя захады супраць разбурэньня навакольнага асяродзьдзя гучыць так настойліва.

Цана навакольнага асяродзьдзя і страты ад яго разбурэньня

Такім чынам, можна выразьніць два тыпы праблемаў.

Па-першае: у нацыянальных рамках неабходна знайсьці кампраміс паміж жаданьнем мець вышэйшы ўзровень жыцьця і лепшую якасьць жыцьця. Інвэстыцыі ў экалёгію могуць кампэнсавацца будучым павышэньнем прадукцыйнасьці; але ўсё роўна нельга будзе пераразьмеркаваць гэтае павышэньне для ўзросту рэальных заробкаў. Такім чынам, трэба прыняць палітычнае рашэньне, якую цану людзі гатовыя заплаціць за здаравейшае навакольнае асяродзьдзе.

Па-другое: у выпадку экалягічнага забруджаньня, прычыненага іншай краінай, захады павінны ўзгадняцца зь міжнароднай супольнасьцю, каб гэтая краіна не атрымлівала аднабаковай карысьці ад стражэйшага заканадаўства ў Нямеччыне.

Строгія экалягічныя нормы ў асобнай індустрыйна разьвітай краіне не абавязкова павінны прыводзіць да слабейшай міжнароднай канкурэнтаздольнасьці, яны могуць нават у пэрспэктыве павысіць яе. Гэта здараецца тады, калі пэўная краіна спачатку ў аднабаковым парадку робіць экалягічныя нормы больш жорсткімі, як, напрыклад, зрабіла гэта Японія ўзглядам нормаў па аўтамабільных выкідных газах. Нацыянальная індустрыя тым самым атрымлівае стымул да распрацоўкі і сэрыйнай вытворчасьці сучаснай экалягічна чыстай тэхнікі. Калі пазьней іншыя краіны робяць больш жорсткімі свае экалягічныя нормы, дык гэтая краіна мае вышэйшую канкурэнтаздольнасьць. Важкім аргумэнтам нямецкіх аўтамабільных вытворцаў супраць каталізатару выкідных газаў было тое, што Японія можа вырабляць гэтыя каталізатары таньней, і такім чынам атрымае перавагу на нямецкім рынку. Гэта клясычны прыклад таго, як экалягічныя інвэстыцыі ў пэрспэктыве могуць акупіць сябе таксама і на сусьветным рынку.

У гэтым сэнсе існуюць пэўныя падабенствы паміж сацыяльнай і экалягічнай палітыкай. Закіды супраць скарачэньня працоўнага часу, супраць паляпшэньня умоваў працы і супраць дарагіх сыстэмаў сацыяльнага страхаваньня пачынаючы з XIX стагодзьдзя заўсёды тлумачыліся тым, што яны адмоўна ўплываюць на канкурэнтаздольнасьць. Але потым высьветлілася, што, з аднаго боку, галоўныя канкурэнты не змаглі доўгі час дазволіць сабе паўстрымлівацца ад такіх захадаў; апроч таго, яны аказаліся не такімі дарагімі, як спачатку баяліся, бо яны нечакана выклікалі пазытыўныя пабочныя эфэкты накшталт вышэйшай матывацыі, меншай колькасьці браку ці большай сацыяльнай стабільнасьці.

Сучасныя індустрыйна разьвітыя краіны што да аховы навакольнага асяродзьдзя сёньня апынуліся ў становішчы, якое можна параўнаць са становішчам капіталістычных краінаў XIX стагодзьдзя што да сацыяльных пытаньняў. Выстаўленае ў той час патрабаваньне абмежаваць дзіцячую працу выклікала магутны пратэст фабрыкантаў, якія кляліся, што гэта прывядзе да страты іх пазыцыяў на сусьветным рынку, нават да крышу фабрычнай сыстэмы. Забарону дзіцячай працы давялося замацаваць у праве, яна кантралявалася і сьцьвярджалася пры дапамозе дзяржаўных інспэкцыяў фабрык. Увесь час здараліся парушэньні, а некаторыя прадпрымальнікі (асабліва ў невялікіх прадпрыемствах) абвяшчалі, што лепей спыніць вытворчасьць, чымся замірыцца з такім умяшаньнем у іхную эканамічную свабоду. Сёньня сацыяльнае заканадаўства належыць да практычна недатыкальных рамкавых умоваў вытворчасьці – ахова навакольнага асяродзьдзя яшчэ мусіць дасягчы гэтага.

6. Сацыяльныя і палітычныя рухі

Экалягічная палітыка стала ў Нямеччыне справай вялікай важнасьці. Пытаньню такой усеагульнай важнасьці, натуральна, асабліва цяжка знайсьці спэцыфічнае палітычнае прадстаўніцтва. Інтарэсы селавой гаспадаркі, напрыклад, лабіруе аграрнае лобі; натуральнае навакольнае асяродзьдзе ня можа знайсьці падобнага лобі, ягоная рэпрэзэнтацыя належыць да сфэры ўнівэрсальных палітычных мэтаў (аб праблеме дасягненьня ўнівэрсальных палітычных мэтаў параўн. Olson 1968).

Дваякая крытыка капіталізму: крытыка грамадзтва і цывілізацыі

Пры гістарычным разглядзе экалягічнай тэмы можна назіраць дзіўнае зрушэньне палітычнай сыстэмы каардынатаў. Першыя спробы палітычнай арганізацыі руху за ахову навакольнага асяродзьдзя ў Нямеччыне мы знаходзім яшчэ на пачатку нашага стагодзьдзя. У той час утварыўся так званы рух за ахову радзімы, які быў пакліканы бараніць увесь ляндшафт краіны, а ў канчальным выніку таксама і традыцыйны лад жыцьця ад тэхнічнага і індустрыйнага ператварэньня. Для гэтага руху ахова прыроды была адной з шэрагу заданьняў, да якіх належалі таксама ахова помнікаў, захаваньне народнай культуры, убраньняў і сьвятаў (параўн. Sieferle 1984).

Гэты рух быў па сутнасьці кансэрватыўны, і ягоны кансэрватызм абдымаў усе магчымыя абсягі жыцьця, ня толькі прыроднае навакольнае асяродзьдзе, але і дакапіталістычныя, дамадэрныя сацыяльныя структуры, якія таксама павінны былі захоўвацца. Кансэрватызм ні ў якім разе нельга блытаць з імкненьнем захоўваць толькі наяўны лад улады. Рух аховы радзімы, насуперак, вельмі крытычна, непрыхільна ставіўся да паноўнага status quo, толькі ўяўленьне пра пажаданыя варункі жыцьця, якім кіравалася гэтая крытыка, розьнілася ад таго, якое было характэрным для «левай» крытыкі капіталізму.

Антыкапіталізм распаўся на дзьве плыні. Сацыяльнае пытаньне, уплыў індустрыйнай сыстэмы на становішча работнікаў сталіся дзялянкай сацыял-дэмакратыі. Крытыка зьмяненьняў навакольнага асяродзьдзя і культурнага ператварэньня жыцьцявога сьвету пры дапамозе рацыяналізацыі і капіталістычна-індустрыйнай тэхнікі амаль вылучна сталася справаю кансэрватараў. Паміж абедзьвюма формамі антыкапіталізму — як «правай», так і «левай» — існавала незамірэнчая супярэчнасьць.

Прагрэсіўная крытыка грамадзтва і кансэрватыўная крытыка цывілізацыі, так мы можам скарочана назваць абодва кірункі, процістаялі адна адной і адначасна дапаўнялі адна адну. Абедзьве ўважалі культурную і грамадзкую рэчаіснасьць за кепскую, нездавальняючую, супярэчную ўяўленьням аб праўдзівым, належным жыцьці. Зьлева патрабавалі пераадолець сучасны парадак, але захаваць элемэнты асьветы, тэхнікі і індустрыі, нават узмацніць іх. Трэ было толькі зьмяніць сацыяльную форму арганізацыі індустрыйнай сыстэмы. Крытыкі справа, насупраць, хацелі вярнуцца назад, у дамадэрнасьць, г.зн. хацелі спыніць разбуральны працэс індустрыялізацыі і мадэрнізацыі. Таму грамадзкая структура мінуўшчыны бачылася імі хутчэй у ідылічным сьвятле.

Важна тое, што падзел крытыкі капіталізму на гэтыя процілежныя рухі прывёў да таго, што пэўныя тэмы для кажнага боку ставаліся тэмамі «праціўніка» і таму гэты бок больш не цікавілі. Прагрэсісты маглі ўспрымаць толькі нэгатыўныя пабочныя зьявы індустрыйнай сыстэмы, якія ўзьнікалі ў грамадзкай сфэры ў вузейшым сэнсе. Гэта дзеялася на фоне арыентацыі на «прагрэс»: тое, што было старым, аўтаматычна было і адсталым; эманцыпацыя, самавызначэньне і разгарненьне тэхнічных кампэтэнцыяў павінны былі заступіць месца традыцыі. Тым самым «кансэрвацыя» якога-любя кшталту падавалася хутчэй падазронай.

Процілежны кансэрватыўны бок бараніў праграму «арганічнай» цэласьці і адзінства прыроды і грамадзтва, індывіда і супольнасьці. Таму ў разбурэньні навакольнага асяродзьдзя індустрыяй і сучаснай селавой гаспадаркай яшчэ ён лёгка ўгледзеў адзін момант унівэрсальнага заняпаду.

Гэтая супярэчнасьць і ўзаемадапаўняльнасьць крытыкі грамадзтва і крытыкі цывілізацыі прывяла да таго, што кажны бок быў сьляпы да пэўных праблемаў, і таму сукупнасьці праблемаў ніхто ня бачыў. Абодва бакі выходзілі з утопіі перагорнутага люстэрка, у адным выпадку з праектаванай на будучыню як «прагрэс», у другім выпадку — на мінуўшчыну як «традыцыя». Гэтае перагорнутае адлюстраваньне давала карціну таго ідэальнага грамадзтва, выходзячы зь якой можна было вызначаць і крытыкаваць хібы сучаснасьці. Але ў кажным выпадку частка рэальнасьці заставалася па-за гэтай карцінай; яна заставалася ў цемры, па-за праекцыяй, і таму не было як угледзець яе таксама і ў тагачаснай рэальнасьці.

Левыя, такім чынам, не цікавіліся экалягічнымі праблемамі; яны былі тэмаю праціўніка і ў сьвятле сацыяльных праблемаў падаваліся нерэлевантнымі. Правыя, наадварот, бачылі ў левых сілу, якая ўзмацняла тыя ж самыя тэндэнцыі разбурэньня і заняпаду, якая была вінаватая таксама і ў заняпадзе натуральнага навакольнага асяродзьдзя. Тым самым яны арыентаваліся на тых, хто меў грамадзкую і палітычную ўладу, чакаючы ад іх прынамсі недапушчэньня рэвалюцыйнай пасьпешнасьці ператварэньняў. Аднак такім чынам яны выраклі свае кансэрватыўныя намеры на няўдачу; таму што ўлада зусім не намервалася дзеля аховы навакольнага асяродзьдзя адмаўляцца ад індустрыялізацыі і тэхнізацыі.

Спадзяваньне кансэрватыўнай крытыкі цывілізацыі на ўладу захоўвалася ажно да нацыянал-сацыялізму. Шмат якія абароньнікі прыроды спадзяваліся, што перамога нацыянал-сацыялістычнага руху прывядзе да зьмяненьня палітыкі індустрыялізацыі ў духу аховы навакольнага асяродзьдзя. Але яны спазналі горкае расчараваньне, бо нацыянал-сацыялісты, нягледзячы на ўсю рыторыку пра «кроў і зямлю», зьдзяйсьнялі палітыку безагляднай індустрыялізацыі і мадэрнізацыі. У рамках палітыкі аўтаркіі пачалося ўрабленьне «акіненых земляў». «Рамантычны» супраціў у імя аховы навакольнага асяродзьдзя сустракаў мала разуменьня. Адначасна, тым ня менш, узьнікла нагэтулькі шчыльная сымбалічная сувязь паміж нацыянал-сацыялізмам і кансэрватыўнай крытыкай цывілізацыі, што апошняя таксама была ўцягнутая ў яго маральную паразу.

У першыя гады існаваньня ФРН, такім чынам, не было ўжо легітымнай ідэалягічнай платформы, на якой можна было б угрунтаваць палітычны рух, які б патрабаваў узмацненьня аховы навакольнага асяродзьдзя і імкнуўся б да нарматыўнага рэгуляваньня тэхнічнага разьвіцьця на падставе крытэраў, адрозных ад крытэраў узросту. У гады «эканамічнага цуду» павышэньне матэрыяльнага ўзроўню жыцьця, разьвіцьцё сацыяльнай дзяржавы мела абсалютны прыярытэт. Сацыяльны мір, да якога так заклікалі, дзеючая сыстэма кампрамісу паміж капіталам і працай грунтаваліся на падобнасьці мэтаў у галіне прамысловай палітыкі найважнейшых сацыяльных сілаў. Ахову навакольнага асяродзьдзя, абарону ляндшафту і натуральных жыцьцявых супольнасьцяў маглі патрабаваць толькі аўтсайдэры. Але іх у атмасфэры захапленьня прагрэсам і тэхнікай, што панавала у пяцьдзясятых і шэсьцьдзясятых гадох, не ўспрымалі ўсур’ёз.

Новыя сацыяльныя і палітычныя рухі

У семдзясятыя гады, насупраць, адбылося дзіўнае пераструктураваньне палітычнай сыстэмы каардынат. Раптам стала магчымым, што такая традыцыйна «правая» тэма, як ахова навакольнага асяродзьдзя, зрабілася «левай» тэмай, тымчасам як сьпярша бяскрыўднае захапленьне тэхнікай цалкам перавандравала «направа». Чым тлумачыцца гэты зрух?

Ёсьць шэраг магчымых тлумачэньняў. Найпростшае гучыць наступным чынам: узровень здавальненьня матэрыяльных патрэбаў за папярэдні час стаў такім высокім, што цяпер імкненьне да незабруджанай прыроды, гарманічнага ляндшафту, жыцьця ў эстэтычна прывабным навакольлі змагло атрымаць розгалас. Часткова гэтае тлумачэньня зьвязанае з працэсам зьмены вартасьцяў, у выніку якога ў семдзясятыя гады грамадзкая шкала прыярытэтаў, асабліва ў маладога пакаленьня, зрушылася ў кірунку «постматэрыяльных вартасьцяў». Дбайнасьць, дысцыпліна, самакантроль з пэрспэктывы матэрыяльнай узнагароды губляюць вагу; іхнае месца заступаюць спантаннасьць, імкненьне мець больш вольнага часу, геданізм і жаданьне беспасярэдняй самарэалізацыі пры простых, відавочных варунках жыцьця, да якіх належыць таксама большая блізіня да прыроды (параўн. Inglehart 1977; Klages / Kmieciak 1979; Klipstein / Strümpel 1984).

Экалягічная тэма ўвайшла ў праграмы новых сацыяльных і палітычных рухаў, якія падарвалі традыцыйны спэктар партыяў. Паміж СПН і ХДЗ/ХСЗ аддаўна не было ніякіх істотных адрозьненьняў у стаўленьні да індустрыялізацыі, разьвіцьця навукаёмістых тэхналёгіяў, арыентацыі на экспарт і малой увагі да натуральнага навакольнага асяродзьдзя. Яшчэ ў семдзясятых гадох урад, сфармаваны СПН, праспаў маючы адбыцца пералом у экалягічнай палітыцы. Не ў апошнюю чаргу ейнае прафсаюзнае крыло прывязала яе да традыцыйных мэтаў — спрыяньню эканамічнаму ўзросту без увагі на навакольнае асяродзьдзе — так, што яна адмахвалася ад першых папераджальных сыгналаў у выглядзе грамадзянскіх ініцыятываў як проста сэктанцкіх і адарваных ад рэальнасьці.

Вырашальнае палітычнае заданьне адыходзячага дваццатага стагодзьдзя палягае ў рэфармаваньні створанай рынкавай індустрыйнай сыстэмы з мэтаю яе экалягічнай арыентацыі. Пры гэтым у першую чаргу йдзецца не пра «ідэалягічныя» ідэальныя ўяўленьні, якіх можна датрымлівацца ці не, а пра пераадоленьне рэальных праблемаў. У некаторых сфэрах улік экалягічных узаемасувязяў стаў ужо пытаньнем выжываньня. Напрыклад, калі трэба захаваць лясы ад зьнікненьня, гаворка ідзе ня толькі пра здавальненьне сэнтымэнтальных патрэбаў ці выратаваньне прасторы для адпачынку, а пра тое, каб захаваць прыродныя ўмовы людзкога жыцьця ўвогуле.

У дэмакратыі ў прынцыпе вельмі цяжка зацьвердзіць нешта, што хоць і адпавядае ўсеагульнаму інтарэсу, але вымагае ад некалькіх сацыяльных групаў ахвяраў, якія не разьмяркоўваюцца раўнамерна на ўсіх. Тады вельмі хутка ўтвараюцца эфэктыўныя кааліцыі супраціву, якія лучыць жаданьне пераваліць выдаткі на паляпшэньне агульных умоваў жыцьця на іншыя групы. Дэбаты аб увядзеньні каталізатараў выкідных газаў тут могуць служыць проста-ткі палітычнай дыдактычнай п’есай: кажны, натуральна, за лес, але нешта рабіць заўсёды павінны толькі іншыя.

З гэтага ясна, што эфэктыўнага паляпшэньня ўмоваў навакольнага асяродзьдзя можна дасягчы толькі тады, калі ўсеагульны палітычны рух выразна выставіць гэтую мэту. Эфэктыўнага экалягічнага лобі ня можа быць; увага да патрэбаў навакольнага асяродзьдзя мусіць назаўсёды стацца элемэнтарным складнікам палітычнай культуры. Ход ідзе пра выклік для дэмакратыі, бо пад пытаньне пастаўлена тое, ці ў стане яна, насуперак усяму эканамічнаму супраціву, устанавіць дастатковыя экалягічныя рамкавыя палажэньні, як гэта ўдалося ёй у выпадку заканадаўства пра сацыяльнае забесьпячэньне.

Літаратурныя жаролы

Выкарыстаная літаратура

Binswanger, H.C. / Bonus, H. / Timmermann, M. 1980: Wirtschaft und Umwelt, Stuttgart u.a.

Bonus, H. 1983: Ökologische Marktwirtschaft; in: H. Markl (Hrsg.), Natur und Geschichte, München / Wien, S. 289—328.

Boughey, A.S. 1980: Environmental Crises — Past and Present; in: L.J.Bilsky(Hrsg.), Historical Ecology, Port Washington / London, S. 9—32.

Fritsch, B. 1981: Wir werden überleben, München / Wien.

Hardin, G. 1968: The Tragedy of the Commons; in: Science, S. 1243—1248.

Hartkopf, G. / Bohne, E. 1983—84: Umweltpolitik, 2 Bde., Opladen.

Hoffmann, M. P. 1980: Prehistoric Ecological Crises; in: L. J. Bilsky (Hrsg.), Historical Ecology, Port Washington / London, S. 33—41.

Hughes, J.D. 1975: Ecology in Ancient Civilisations, Albuquerque.

Inglehart, R. 1977: The Silent Revolution, Princeton.

Kapp, K.W. 1958: Volkswirtschaftliche Kosten der Privatwirtschaft, Tübingen.

Klages, H. / Kmieciak, P. (Hrsg.) 1979: Wertwandel und gesellschaftlicher Wandel, Frankfurt/M.

Klipstein, M. v. / Strümpel, B. 1984: Der Überdruß am Überfluß, München.

Kreeb, K.H. 1979: Ökologie und menschliche Umwelt, Stuttgart.

Martin, P.S. / Wright, H.E. (Hrsg.) 1967: Pleistocene Exstinctions, New Haven.

Mensching, H.G. 1983: Die Verwüstung der Natur durch den Menschen in Historischer Zeit; in: H. Markl (Hrsg.), Natur und Geschichte, München / Wien, S. 147—170.

Odum, E.P. / Reichholf, J. 1980: Ökologie, München u.a.

Olson, M. 1968: Die Logik des kollektiven Handelns, Tübingen.

Samuelson, P.A. 1981: Volkswirtschaftslehre, 2 Bde., Köln.

Sieferle, R.P. 1984: Fortschrittsfeinde? Opposition gegen Technik und Industrie von der Romantik bis zur Gegenwart, München.

Wegehenkel, L. 1981: Marktwirtschaft und Umwelt, Tübingen.

Wicke, W. 1982: Umweltökonomie, München.

Карысная літаратура

Baumheier, R. 1990: Kommunale Umweltpolitik; in: PVS, 31. Jg., Heft 3, S. 485—496.

Birnbacher, D. (Hrsg.) 1980: Ökologie und Ethik, Stuttgart.

Brunowsky,R.D. / Wicke, L. 1984: Der Öko-Plan. Durch Umweltschutz zu neuem Wirtschaftswunder, München.

Ellis, A. / Kumar, K. (Hrsg.) 1983: Dilemmas of Liberal Democracies. Studies in Fred Hirsch’s, , London / New York.

Fetscher, I. 1980: Überlebensbedingungen der Menschheit — Zur Dialektik des Fortschritts, München.

Gorz, A. 1983: Wege ins Paradies — Thesen zur Krise, Automation und Zukunft der Arbeit, Berlin.

Hirsch, F. 1980: Die sozialen Grenzen des Wachstums, Reinbek bei Hamburg.

Huber, J. 1982: Die verlorene Unschuld der Ökologie, Frankfurt/M.

Illich, I. 1975: Selbstbegrenzung. Eine politische Kritik der Technik, Reinbek bei Hamburg.

Jänicke, M. 1979: Wie das Industriesystem von seinen Mißständen profitiert, Opladen.

Koch, R.E. / Vahrenholt, F. 1983: Die Lage der Nation. Umweltatlas der Bundesrepublik, Hamburg.

Leonhard, M. 1986: Umweltverbände. Zur Organisation von Umweltschutzinteressen in der BRD, Opladen.

Maier-Rigaud, G. 1988: Umweltpolitik in der offenen Gesellschaft, Opladen.

Mayer-Tasch, P. C. 1987: Die verseuchte Landkarte. Das grenzen-lose Versagen der internationalen Umweltpolitik, München.

Meyer-Abich, K. M. 1984: Wege zum Frieden mit der Natur, München.

Olschowy, G. (Hrsg.) 1981: Natur- und Umweltschutz in der Bundesrepublik Deutschland. Bd. l: Ökologische Grundlagen des Natur- und Umweltschutzes; Bd. 2: Eingriffe in die Umwelt und ihr Ausgleich; Bd. 3: Naturschutz, Landschaftspflege und Landschaftsplanung, Hamburg.

Schramm, E. (Hrsg.) 1984: Ökologie-Lesebuch. Ausgewählte Texte zur Entwicklung ökologischen Denkens, Frankfurt/M.

Schumacher, E.F. 1973: Small is Beautiful, London.

Strasser, J. / Traube, K. 1980: Die Zukunft des Fortschritts. Der Sozialismus und die Krise des Industrialismus, Bonn.

Trepl, L. 1983: Ökologie — eine grüne Leitwissenschaft? in: Kursbuch 74, S. 6—27.

Tudyka, K. P. (Hrsg.) 1988: Umweltpolitik in Ost- und Westeuropa, Opladen.

Ullrich, O.1980: Weltniveau. In der Sackgasse des Industriesystems, Berlin.

Wey, K.G. 1982: Umweltpolitik in Deutschland. Kurze Geschichte des Umweltschutzes in Deutschland seit 1900, Opladen.