Гісторык з Віцебска

жыццяпіс Аляксея Сапунова

Хмяльніцкая Людміла


Спадчына і памяць

Так усёпранікальная смерць перапыніла пакутлівую старасць віцебскага гісторыка, пазбавіла ад клопатаў пра «хлеб надзённы», а разам з тым і ўратавала ад новай немінучай бяды — ярлыка «нацдэма» і «ворага народа».

Пастановай Савета народных камісараў БССР усе «рукапісы, кнігі, карціны, рэчы старажытнасці і мастацтва, якія засталіся пасля смерці А.П.Сапунова», былі абвешчаны нацыянальнай каштоўнасцю і падлягалі перадачы ў Менск у Інстытут Беларускай культуры. Інбелкультам жа выдзяляліся 300 рублёў на пахаванне, а 50% пенсіі, прызначанай гісторыку, павінны былі пакінуць за ягонай удавой[1]. Для арганізацыі пахавання з Менска прыехаў намеснік загадчыка Цэнтрархіва Міхась Мялешка, колішні студэнт Сапунова, які вучыўся ў Віцебску на археаграфічным факультэце археалагічнага інстытута.

Пахавалі Аляксея Парфенавіча на Трайчанскіх могілках, якія да нашага часу не захаваліся. Амаль адразу ж пачала працаваць камісія па разбору матэрыялаў, што засталіся пасля смерці прафесара. У яе склад увайшлі Міхась Мялешка ад Інбелкульта, Уладзімір Краснянскі ад аддзела народнай адукацыі, Даніла Васілеўскі ад работнікаў асветы і ўдава Сапунова Марыя Іпацеўна. Праз некалькі дзён Васілеўскі ў газеце «Савецкая Беларусь» змясціў нататку пра дзейнасць гэтай камісіі, у якой пісаў: «Матэрыялу, асабліва рукапісаў і здымкаў са старасвецкіх грамат засталося ад нябошчыка столькі, што камісія прапрацавала над іх учотам цэлых тры дні. Увесь матэрыял разбіты на такія групы: рукапісы: 1)друкаваныя і недрукаваныя; 2) перапіска і біаграфічныя матэрыялы; 3) бібліятэка; 4) рэчы старыны і мастацтва і т.п. Да пачатку працы камісіі Віцебскае Краязнаўчае Таварыства на сваім пасяджэнні ўхваліла ўтварыць у сябе куток А.Сапунова. Камісія пастанавіла ўтварыць куток праф. А.Сапунова ў Віцебскім аддзяленні Дзяржаўнага музэю. Дзеля гэтага прызначаны ўсе тыя рэчы абстаноўкі Сапунова, якімі ён карыстаўся ў сваім працавітым жыцці <…> Бібліятэка А.Сапунова захавалася толькі часткова: у час хваробы і голаду нябошчык прадаваў сваю бібліятэку па кнігах. Купцы і аматары куплялі ў яго найбольш ходкія кнігі; гэтым тлумачыцца тое, што ў яго бібліятэцы дужа мала кніжак па марксізму і сацыялістычнаму руху, а сустракаюцца кнігі па анархізму. Кніг зарэгістравана 577 тамоў. Найбольш каштоўны гістарычны аддзел, у якім сабраны амаль што ўсе кнігі па гісторыі Беларусі, якія выходзілі за апошнія сто гадоў. Шмат малюнкаў, здымкаў з гравюр і грамат «Віцебскай старыны», «Ракі Заходняй Дзвіны». Многа каштоўных клішэ з помнікаў беларускай старасвеччыны на Усходняй Беларусі»[2].

Спіс асабістых рэчаў, якімі карыстаўся Сапуноў «у сваім працавітым жыцці», складзены камісіяй, быў вельмі сціплым: некалькі партрэтаў і фотаздымкаў маці, брата, жонкі Марыі Іпацеўны (народжанай Талоцкай), некалькі фотаздымкаў мяжы XIX—XX ст. (выкладчыкаў Віцебскай Аляксандраўскай гімназіі, дэпутатаў Дзяржаўнай Думы ад Віцебскай губерні і г.д.), некалькі алейных палотнаў з відамі Усвятаў, Віцебска і Полацка, алейны партрэт селяніна Віцебскай губерні пэндзля мастака Кісялёва. З «інвентару адзення, абутку і інш. рэчаў» — канторка (пісьмовы стол), фатэль, дзве асабістыя пячаткі, падстаўка для пёраў, ручка, пёры і алоўкі, акуляры, лупа, кніжная разная шафа работы Сапунова (падарунак да дня нараджэння жонкі Марыі Іпацеўны), сандалі (апошнія), халат (працоўны), капялюш (саламяны), фуражка, турэцкая феска (падарунак А.С.Бірулі), ножык[3].

Мялешка забраў з сабою ў Інбелкульт біяграфічныя матэрыялы Сапунова, а таксама ненадрукаваныя рукапісы «Гісторыі г.Віцебска» і «Пісцовых кніг Веліжа, Неўля, Себежа, Езярышча, Усвята». Усё астатняе было запакавана ў пяць скрынак (у адной — рукапісныя матэрыялы, у чатырох іншых — клішэ і рэпрадукцыі прадметаў даўніны) і дзве каробкі (з фотаздымкамі), апячатана пячаткай з надпісам «Режицкого судебного пристава» і пакінута ў кватэры нябожчыка да спецыяльнага далейшага распараджэння ІБК. Былі апячатаны таксама тры шафы з кнігамі[4].

15 кастрычніка 1924 г. у Менску адбылося пасяджэнне гістарычна–археалагічнай секцыі Інбелкульта, прысвечанае памяці прафесара А.П.Сапунова. З дакладам «А.П.Сапуноў і яго навуковая дзейнасць» на ім выступіў прафесар Уладзімір Іванавіч Пічэта. Ён спыніўся на ацэнцы найбольш значных прац гісторыка і заўважыў, «што дзейнасць Аляксея Парфенавіча адзначаецца тым, што ў кожным з яго твораў вельмі многа фактаў з гістарычнага жыцця Беларусі, пра якія ніхто не ведаў». Пэўную тэндэнцыйнасць прац віцебскага гісторыка ён тлумачыў цяжкімі ўмовамі працы, створанымі вялікадзяржаўнай цэнзурай, а таксама адсутнасцю сродкаў на выданне. «Каб А.П.Сапуноў пісаў свае працы, — казаў Пічэта,— так, як ён разумеў усе гістарычныя падзеі, то спадзявацца на друк іх Аляксей Парфенавіч не мог пры строгай цэнзуры 80–х г. XIX ст. Дзякуючы гэтаму, прыходзіцца чытаць творы Аляксея Парфенавіча між радкоў і карыстацца тымі заўвагамі аўтара на дакументы, скарыстаныя для той ці іншай працы». Адзначаючы каштоўнасць перадсмяротнага твору «Гісторыя г.Віцебска», дакладчык сказаў: «Чарговае заданне ў гісторыі Беларусі — гэта вывучэнне гісторыі кожнага з гарадоў Беларусі паасобку, дзякуючы чаму «Гісторыя Віцебска», напісаная такім масцітым вучоным, якім быў А.П.Сапуноў, патрабуе хутчэйшага выдання <…> Сапуноў ніколі не паўтараў у сваіх творах чужых думак, прытрымліваючыся прыказкі «лепш сваё горшае, чым чужое лепшае». Ён пракладваў на працягу сваёй дзейнасці вехі для беларускай гісторыі, без якіх немагчыма было б ісці наперад. У творах Аляксея Парфенавіча адчуваецца свежасць матэрыялу, які будзіць навуковую думку даследчыка. У асобе А.П.Сапунова Беларусь страціла не толькі знатака краю, але і даследчыка, які стварыў эпоху ў гісторыаграфіі Беларусі. Да А.П.Сапунова гісторыя Беларусі была чысты аркуш паперы, ён адзін з першых пачаў яго запісваць. Як Ключэўскі ў Маскоўшчыне, Антановіч на Украіне, так А.Сапуноў побач з імі зрабіў эпоху ў гісторыі Беларусі. Неабходна напісаць поўную манаграфію аб жыцці і дзейнасці А.П.Сапунова, гэта будзе помнікам, адбіваючым яго заслугі перад Беларуссю і падзякай маладога пакалення за працы Аляксея Парфенавіча Сапунова, высвятляючыя мінулае жыццё, эканоміку і этнаграфію нашай краіны — Беларусі»[5].

Напісанне манаграфіі было даручана Пічэту, аднак тагачасная інтэнсіўная навуковая і грамадская дзейнасць (ён быў рэктарам і прафесарам Беларускага дзяржаўнага універсітэта, старшынёй гістарычна–археалагічнай камісіі Інбелкульта, сябрам ЦВК БССР, у 1925 г. браў удзел у з’ездзе польскіх гісторыкаў у Познані, у 1927 г. меў навуковую камандзіроўку ў Чэхаславакію, у 1928 г. удзельнічаў у міжнародным кангрэсе гісторыкаў у Осла і г.д.) не дазволілі яму адразу зрабіць гэтага. У 1930 г. Пічэта быў арыштаваны і абвінавачаны ў вялікадзяржаўным шавінізме, беларускім буржуазным нацыяналізме і празаходняй арыентацыі. Адбыўшы ссылку ў Вятцы і Варонежы, у 1935 г. яму дазволена было пераехаць у Маскву, дзе ён працаваў у ВНУ і Істытуце гісторыі АН СССР.

У Віцебску тым часам акруговы выканаўчы камітэт 21 кастрычніка 1924 г., не чакаючы асобных распараджэнняў Інбелкульта, загадаў Краснянскаму тэрмінова забраць маёмасць прафесара Сапунова з кватэры ягонай удавы і перавезці ў царкоўна–археалагічны музей, загадчыкам якога быў Уладзімір Гаўрылавіч[6]. У лістападзе 1924 г. царкоўна–археалагічны музей разам з іншымі віцебскімі зборамі ўвайшоў у склад Віцебскага аддзялення Беларускага дзяржаўнага музея (сёння — Віцебскі абласны краязнаўчы музей), і спадчына Сапунова, такім чынам, апынулася ў ягоных фондах. Як адзначалася ў дакладзе для Акруговага з’езда Саветаў, гэта былі: «а) кніг — 730 назваў; б) друкаваных твораў ягоных — 50 назваў; в) ягоных рукапісаў і сабранага ім рукапіснага матэрыялу — 200 назваў; г) рэпрадукцыі помнікаў Полацка–Віцебскай старыны — 192 назвы; д) фатаграфіі — 328 штук; е) клішэ — 245 штукі; ж) дыяпазітываў — 100 штук і інш.»[7].

Марыю Іпацеўну Сапунову хваляваў лёс тых матэрыялаў, што былі ўзяты пасля смерці мужа ў Менск. 25 студзеня 1925 г. яна звярнулася да загадчыка Віцебскага аддзялення Беларускага дзяржаўнага музея з наступнай пісьмовай заявай: «Нябожчык муж мой А.П.Сапуноў пры жыцці сваім неаднаразова выказваў жаданне, каб усе ягоныя рукапісы, ягоныя друкаваныя экзэмпляры прац, рознага кшталту рэпрадукцыі і клішэ да іх і ўвогуле ўся ягоная навуковая маёмасць не вывозілася б з г.Віцебска, застаючыся ў горадзе вечным помнікам ягонай навуковай працы на карысць роднага горада. Таму я знаходжу, што нацыяналізацыя навуковай маёмасці майго мужа і перадача яе ў Віцебскае аддзяленне Дзяржаўнага Беларускага Музея цалкам адпавядае волі нябожчыка; я ж са свайго боку вельмі прашу Вас прыняць меры да таго, каб рукапісы–аркушы «Гісторыя г.Віцебска» і прыкладзеныя да яе «Пісцовыя кнігі», матэрыялы для біяграфіі мужа і асабістая ягоная перапіска, узятыя старшынёй камісіі па нацыяналізацыі маёмасці памерлага А.П. — у Менск, былі пасля выкарыстання іх таксама вернуты ў Віцебскі Музей для захавання іх разам з навуковай і інвентарнай маёмасцю»[8]. На жаль, ні воля Сапунова, ні пажаданне ягонай удавы не былі выкананы, а наадварот, з музея ў Менск хутка былі дадаткова высланы некаторыя сапуноўскія рукапісы, пра што мы ўжо згадвалі ў раздзеле пра гісторыю стварэння «Віцебскай даўніны». Ні раней, ні пазней узятыя з Віцебска рукапісы назад ужо не вярнуліся.

Тым часам перададзеную ў музей навуковую спадчыну Сапунова пачалі пакрысе выкарыстоўваць: для чытання цыкла лекцый у падшэфнай частцы дыяпазітывы з сапуноўскай калекцыі ў часовае карыстанне браў мастак Зінові Горбавец; «камплект рэпрадукцый гістарычных і палеаграфічных здымкаў» быў перададзены з музея кабінетам Ветэрынарнага інстытута і Белпедтэхнікума, а калекцыя «рэпрадукцый па полацка–віцебскай даўніне» — Полацкаму краязнаўчаму таварыству[9]. Як бачым, шмат у каго было жаданне нешта атрымаць ад сапуноўскае спадчыны, і толькі Даніла Васілеўскі ў кастрычніку 1925 г. даслаў у музей «для захоўвання ў кутку імя Аляксея Парфенавіча» бібліяграфію Віцебшчыны, складзеную прафесарам на пачатку 1924 г. для Віцебскага краязнаўчага таварыства, архіў гэтага таварыства, «у працы якога А.П. прыняў вельмі значны ўдзел» і сшытак з матэрыяламі да гісторыі Бешанковіч, сабраныя К.Буцянёвым. «Пажадана, каб усе гэтыя рукапісы нікуды з музею не выдавалі і з Віцебску не вывазілі»,— напісаў ён у канцы свайго ліста[10].

У Віцебску прафесара Сапунова памяталі і шанавалі. На агульным сходзе Віцебскага краязнаўчага таварыства 18 кастрычніка 1924 г. У.Краснянскі прачытаў даклад «Музэйныя помнікі старадаўніх Віцебскіх Рамесніцкіх Організацыяў» і прысвяціў яго памяці Аляксея Парфенавіча. 27 красавіка 1925 г. краязнаўчым таварыствам быў арганізаваны вечар памяці Сапунова, на якім прысутнічала каля 300 чалавек, у тым ліку і ўдзельнікі першай краязнаўчай канферэнцыі, што праходзіла ў Віцебску з 25 да 27 красавіка. Кароткім уступным словам вечар распачаў старшыня Віцебскага акруговага таварыства краязнаўства Мікола Каспяровіч. Потым прафесар музычнага тэхнікума сыграў жалобны марш, пасля чаго Мікалай Багародзкі прачытаў даклад «Аляксей Парфенавіч Сапуноў і значэнне яго прац па даследаванню Віцебшчыны», у якім, апроч усяго іншага, акрэсліў і асабістыя рысы гісторыка: «Аляксей Парфенавіч жыў габінэтным працоўным жыццём, разлічваючы часам па строга азначанаму пляну, так што яго сябры й добрыя знаёмыя ведалі, што не заўсёды можна яго бачыць, нават у яго дома, хаця ён і быў дома. Пустых разгавораў ён ня любіў, забаваў не прызнаваў, да сваіх сяброў заходзіў толькі тады, калі ня было шумных сходаў і не заседжваўся пазней 9 гадзін вечару. Асабліва ажыўляўся, калі гутарка падымалася аб Беларусі, беларусах, гістарычным іх мінулым і сучасным становішчы. Ён прызнаваў асобную самастойнасць беларускае культуры, славянскую чыстакроўнасць у беларусе і трагічнае мінулае Беларусі. Гардзіўся сваім сялянскім пахаджэннем, рамяством сваіх продкаў кажамяк»[11]. Пасля заканчэння афіцыйнай часткі на вечары выступалі са спевамі студэнты музычнага тэхнікума і беларускі хор Сплендара. Спявалі «Полацк», «Каціўся вяночак», «Бульбу» і інш.[12]. Па сутнасці, гэтая імпрэза стала апошнім вялікім публічным мерапрыемствам перад дзесяцігоддзямі занядбання славутага імя гісторыка з Віцебска.

У 1932 г. Віцебскае акруговае таварыства краязнаўства было ліквідавана, а многія ягоныя сябры рэпрэсаваны. Змрочныя гады сталінізму перапынілі натуральную хаду развіцця беларускай гістарычнай навукі і нацыянальнага адраджэння, у кантэкст якога, нягледзячы на пэўныя агаворкі, так удала патрапілі шматгадовыя навуковыя напрацоўкі Аляксея Парфенавіча. Марксісцкая гістарыяграфія, засяроджаная пераважна на прадузятым асвятленні сацыяльных працэсаў у грамадстве, не мела ніякай цікавасці да прац Сапунова, які, да таго ж, меў сур’ёзныя, з яе пункту гледжання, плямы на сваёй біяграфіі.

У пасляваенны перыяд першую вялікую публікацыю пра Аляксея Сапунова зрабіла ў 1957 г. беларускі гісторык Ніна Іванаўна Дарафеенка[13]. У 1960–я г. з’явіліся публікацыі рэдактара выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» Мікалая Камінскага[14] і віцебскага краязнаўцы Аркадзя Падліпскага[15]. У 1980–я г. дзякуючы выхаду цэлага шэрагу прац, прысвечаных гісторыі краязнаўства Беларусі, імя А.П.Сапунова паволі пачало вяртацца ў беларускую навуку. У 1987 г. рашэннем Віцебскага гарвыканкама была зроблена быццам бы добрая справа: 3–я Валадарская вуліца ў горадзе перайменавана ў вуліцу Сапунова. Шкада толькі, што знайсці яе ў блытаніне ўскраінных вулак Віцебска не так проста, ды і не кожны нават карэнны жыхар тых мясцін зможа вам растлумачыць, хто такі быў гэты А.П.Сапуноў.

На канец 1980–х — пачатак 1990–х г. прыпала аднаўленне прымусова ліквідаванага беларускага краязнаўчага руху. У студзені 1991 г. пачало сваю дзейнасць Віцебскае абласное краязнаўчае аб’яднанне[16], якое 30 сакавіка 1991 г. правяло дзень ушанавання памяці А.П.Сапунова. Да гэтай падзеі быў прымеркаваны выхад цэлай серыі друкаваных матэрыялаў пра выдатнага знаўцу края, змешчаны на старонках мясцовых перыёдыкаў[17]. Там жа, зрэшты, упершыню пабачыла свет і «Кароткая характарыстыка беларуса», напісаная Сапуновым[18]. Імпрэза пачалася раніцай 30 сакавіка з паніхіды па Аляксею Парфенавічу, якая была адслужана ў Пакроўскім саборы. Адтуль жа пачалася і пешаходная экскурсія «Сапуноўскія мясціны ў Віцебску». На другую палову дня былі запланаваны Першыя Сапуноўскія чытанні, месцам правядзення якіх стаў Беларускі Акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Там жа была разгорнута выстава, падрыхтаваная па матэрыялах асабістага архіва Сапунова з фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, якая выклікала вялікую цікавасць наведвальнікаў, бо ўсе паказаныя рэчы публічна экспанаваліся ўпершыню. Выступленні мінскіх ды віцебскіх навукоўцаў і краязнаўцаў завяршыліся канцэртам беларускай народнай песеннай спадчыны ў выкананні ўдзельнікаў фальклорнага калектыву Багатырскага сельскага дома культуры Полацкага раёна, якія пазнаёмілі з купальскімі, жніўнымі, талочнымі, радзіннымі і вясельнымі песнямі ў тым выглядзе, як дагэтуль яны яшчэ гучаць у народзе. Удзельнікамі Першых Сапуноўскіх чытанняў у Віцебску быў прыняты зварот да Віцебскага гарадскога Савета народных дэпутатаў з прапановай увекавечыць памяць Аляксея Парфенавіча. Было прапанавана на месцы дома ў былым Духаўскім завулку, дзе доўгія гады жыў Сапуноў, і на будынку былой мужчынскай Аляксандраўскай гімназіі ўладкаваць мемарыяльныя знакі, а таксама надаць адной са школ Віцебска імя краязнаўцы. (У дужках заўважым, што прапановы краязнаўцаў, якія хоць і былі сустрэты з вялікай прыхільнасцю гарадскімі ўладамі, так і засталіся толькі «добрымі намерамі)».

Другія Сапуноўскія чытанні адбыліся ў Віцебску 17 чэрвеня 1995 г. і былі прысвечаны 150–годдзю з дня нараджэння М.Я.Нікіфароўскага. Прайшлі яны ў абласной бібліятэцы, і чынны ўдзел у іх арганізацыі прынялі Віцебскі абласны краязнаўчы музей і абласное аб’яднанне пазашкольнай работы з падлеткамі.

У 1995 г. у Віцебску быў створаны краязнаўчы фонд імя А.П.Сапунова, старшынёй якога стаў Аркадзь Міхайлавіч Падліпскі, аўтар кнігі пра Сапунова «Летапісец Віцебшчыны», якая выйшла ў серыі «Нашы славутыя землякі» (Мінск, 1993). Фонд займаецца папулярызацыяй дзейнасці гісторыка, а таксама рознага кшталту краязнаўчай працай. Пры ягоным садзейнічанні восенню 1999 г. у вёсцы Сакольнікі Мазалаўскага сельсавета, на месцы былога фальварка Кахоўка быў адчынены памятны знак А.П.Сапунову. Віцебскі краязнаўца Дзмітры Газін прысвяціў жыццю знакамітага гісторыка ў Кахоўцы сваю брашуру «Сапуновские сокровища» (Віцебск, 1998).

І гэта, відаць па ўсім, яшчэ не канец гісторыі жыцця Аляксея Сапунова.

[1] Савецкая Беларусь. 1924. №231. Аднак вясной 1925 г. пенсія ўдавы была зніжана з 50 да 40 рублёў па пастанове Дзяржстраха. Сябры Віцебскага таварыства краязнаўства палічылі гэта незаконным і накіравалі адпаведнае хадайніцтва ў Інбелкульт (ДАВВ, ф.1947, воп.1, спр.7, арк.30—30 адв.).

[2] Вітэкъ Д. Навуковая спадчына, пакінутая А.П.Сапуновым // Савецкая Беларусь. 1924. №238.

[3] ДАВВ, ф.1947, воп.1, спр.11, арк.71.

[4] ДАВВ, ф.1947, воп.1, спр.11, арк.65.

[5] І.Б. Сапуноў і яго навуковая дзейнасць // Савецкая Беларусь. 1924. №242.

[6] ДАВВ, ф.1947, воп.1, спр.11, арк.61, 63.

[7] ДАВВ, ф.1947, воп.1, спр.16, арк.129.

[8] ДАВВ, ф.1947, воп.1, спр.16, арк.384.

[9] Тамсама, спр.11, арк.64; спр.17, арк.12, 25.

[10] ДАВВ, ф.1947, воп.1, спр.17, арк.6.

[11] Багародзкі М. Аляксей Парфенавіч Сапуноў і значэньне яго прац па дасьледаваньню Віцебшчыны // Віцебшчына. Т.1. С.75—76.

[12] Вечар А.П.Сапунова // Віцебшчына. Т.1. С.197.

[13] Дарафеенка Н. Выдатны гісторык Віцебшчыны // Віцебскі рабочы. 1957. 26 ліпеня.

[14] Камінскі М. Аляксей Сапуноў — беларускі гісторык // Літаратура і мастацтва. 1964. 6 кастрычніка.

[15] Падліпскі А. Выдатны гісторык Віцебшчыны // Віцебскі рабочы. 1969. 9 кастрычніка; ён жа. Выдатны знаўца Віцебшчыны // Полымя. 1970. №1 і інш.

[16] Віцебскае абласное краязнаўчае аб’яднанне было ліквідавана летам 1999 г.

[17] Хмяльніцкая Л. Энцыклапедыя паўночнай Беларусі // Віцебскі рабочы. 1991. 26 сакавіка. С.4; яна ж. Апошнія гады // Віцебскі рабочы. 1991. 27, 28, 29 сакавіка; яна ж. Ён ведаў больш за нас // Витебский курьер. 1991. 23, 30 марта; 30 сакавіка — дзень ушанавання памяці А.П.Сапунова // Віцебскі рабочы. 1991. 29 сакавіка. С.1; Памяці прафесара // Віцебскі рабочы. 1991. 30 сакавіка. С.5.

[18] Сапуноў А. Кароткая характарыстыка беларуса // Віцебскі рабочы. 1991. 14 сакавіка. С.4.