Выбраныя творы

Крушына Рыгор


Лiрыка зь вялiкага места

ДА ЦЯБЕ, ДАРАГАЯ

Дзень нахмурыўся, плача і жаліцца.
Родзіць смутак. Сьляза на вакне.
Чую -- маці пяшчотнымі пальцамі
Ціха, прывідна лашчыць мяне.

Сэрцу мірсьціцца даўнае, роднае!
Толькі боль узрастае ўдвая:
За паўсьветам, за далеччу воднаю
Ты гаруеш, матуля мая.

Душыць крыўда... Ніякімі лекамі
Не загоіцца смутак душы.
Засьпявай нашы песьні, як некалі,
I за сына малітву скажы.

Акіянскія горка-салоныя,
Перамерыўшы мілі, вятры
Прынясуць твае словы ў зялёныя
На ўзьбярэжжы сады-гушчары.

I як толькі ізноў распагодзіцца,
Я паеду за горад, і там --
У кляновых прысадах ваколіцы --
Тваё гора сьсяку папалам.

На гадзіну пазбаўлюся негадзі
Адзіноцтва, тугі і турбот...
Паплывуць мае думкі, як лебедзі,
Да цябе, дарагая, на ўсход.

1953

ЦI ПАЧУЕ...

Ці пачуе плач выгнаньніка
Там у далечы яна?
Можа боль ад вытню праніка,
Ад крутні верацяна
Заглушае тое ўтойнае,
Што ў грудзёх тугой пяе.
Маладосьць высокамройная
Мае клопаты свае...
Я пакінуў хату бедную,
Бы няўцешную ўдаву,
I цяпер я сам ня ведаю,
Як існую, як жыву.
Празь нягоды разгубіліся
Сваякі, сябры, сям'я.
Толькі вершы пульсам біліся,
I ці раз маліўся я:
Дзякуй Богу, што занесены
На шчасьлівую зямлю.
Ды адно -- ўсім сэрцам песенным
Я няшчасную люблю,
Тую -- сёньня зрабаваную, --
На якой радзіўся, рос,
На якой знайшоў каханую
У маім заплёце кроз...
Цьвёрда, крокамі бадзёрымі
Я па вуліцы іду.
Пад мурамі-хмарадзёрамі
Валаку сваю бяду.
Набягае смутак кручаны,
Кураць пылам камяні.
Прыгадаў сады я Случчыны
I лагоду цішыні...
А ізноў над камяніцамі
Неба выдзерты шкумат.
Гэта-ж вочы любай выцьвілі
Ў злую восень акурат.
Так душа мая, прарочыца
Прышлых дзён, снуецца ў сьне.
Незнаёмы горад мрочыцца
I гамоніць галасьней.
Мне здаецца: гмахі хіляцца,
Абдымаюцца яны.
I зыходзяцца, як сківіцы,
Дзьве даўжэзныя сьцяны.
Абцугі каменнай вуліцы
Ціснуць, муляюць мяне.
Сьвет па гэтым не хвалюецца...
I жыцьцё далей імкне.

1954

БЕЛАЯ НЯВІННАСЬЦЬ

Была вясна. Былі заручаны.
I каля весьніцаў спатканьні.
I ўсё было вязьмом закручана:
Пагляд, усьмешка і прызнаньні.

Язьмін і дзеўчына. Нявінныя...
Салодка вохныя і ў белым.
Навошта гэтыя ўспаміны я
Сьпяваю часам агрубелым?

Навошта мучыцца пачуцьцямі
Высокіх чыстых парываньняў?
Маю душу закаламуцілі,
Зьвягае старасьць на выгнаньні.

Стаптаць прыгожае і добрае,
Сябе самога зьнеахвоціць.
Паўзе з закуцьця, ўецца кобраю
Нянавісьць, чорнае страхоцьце.

I разяўляе пашчу шырака
I сык чуцён з багновай тхлані:
-- Нам не патрэбна Ваша лірыка
Пра вёсны, кветкі і каханьне...

Дармо! Сьпяваю і ня слухаю
Пустых гамзатых лемантацый.
Хачу, падбіты завірухаю,
Часінку радасна сьмяяцца.

Пайду ў мой кветнік, абмінаючы
Балота, зарасьлі калючак.
Люблю я сонца, шыр і далечы,
Люблю я слова так балюча.

Яго шліфую, перасоўваю
3 радка ў радок дзеля парадку.
Ізноў гарыць півонь пунсовая,
Цьвітуць настуркі, мак і браткі.

Із гэтых кветак водыр выстаяў,
Гаючы подых Беларусі.
Яна жыве, мая квяцістая,
У жалю матчыным, у скрусе.

Жаданы час надыйдзе. Зьдзейсьніцца.
Хай ня са мной, а з маім сынам.
Стаяцьме зноў ля родных весьніцаў
Былая белая нявіннасьць.

1955

АКТОРКА

Гэта наша надзея,
3 натхненнай ігрой!
...На грудзёх архідэя,
Уквечаны строй,

Дыямэнтаў зарніца
Сузорыць яе.
Выглядае царыцай,
Вітае, пяе.

Лёгкай гліцаю песьня
Прыносіць з сабой
Смольны водыр Палесься
У затхлы пакой.

Не асфальт за сьцяною,
Ня вуліцы муць,--
Панад хатаю хвоі,
Як струны, гудуць.

У вячорным сутоньні
Ня аўтаў разьбег, --
Хлопцы поплавам коні
Вядуць на начлег.

А як хораша грае
Вясьнянкамі хор --
Беларускага краю
Пялёсткаў віхор!

Цьвет чарэмхі, бярозы
I вохнай альхі...
Я у снох не цьвярозы,
Да слоў ня глухі.

Захавала акторка
Наш родны матыў!
Мне салодка і горка,
Я ў чарах застыў.

I ўзьняты на хвалях,
Гляджу на яе --
Ў дыямэнтах, каралях
Пастушка пяе.

1955

АПОШНЯЯ РОСТАНЬ

Сумны ўспамінаецца абразок.
Наша ростань. Раніца і вазок.
I суседзі сельскія, і радня,
I мой дзядзька зь лейцамі ля каня.

Сена з канюшынаю у вазку
Пахне зелянінаю хмызьняку.
I дармо пад ботамі сьнег хрумсьціць,
Чорны грак з турботамі ўжо ляціць.

Пачынае пукацца вербалоз.
У далёкім грукаце рух калёс.
Гора палыновае да мяне
Новае, вясновае завіне.

Смагай боль выростае. I ў бядзе
У вапошняй ростані аж гудзе.
На хурманцы досьвітак назнарок,
Каб упіцца ўдосытак, цэдзіць сок.

Перадвесьняй дыхаю, п'ю імжу.
Урачыстасьць ціхая. I -- кажу:
-- Я вярнуся, родная, ў гэты край
У пару пагодную. Ты чакай...

Дзядзька лейцы кратае - рве каня.
Вее перад хатаю цяплыня.
Там ты з хусткай белаю у руцэ,
Ізь сьлязой зьнямелаю на шчацэ.

1954



ПОЗНЫМ ВЕЧАРАМ

Позным вечарам, ведаю, ў сельскай глущы
Разрастаецца вусьціш. На прызьбах нікога.
Не пабачыш ніводнай спагаднай душы,
Не пачуеш ніводнага слова людзкога.

Ты ў маркотнай зьнямозе. У хаце адна.
Запаліла сьвячу, залатую грамніцу.
Пiшаш ліст да мяне. Разумееш, аднак,--
Не патрапіць твой ліст перайсьці заграніцу.

На гарачай маліцьве складаеш радкi,
I ня свету, а мне зразумелыя рэчы --
Боль і скарга на долю, і смутак цяжкі,
I надзея на дзень увянчанай сустрэчы.

-- Дзе ты? Мой...
Гэта шчырае ўсё -- не мана.
Пацалункам пяра моцна ўціснута кропка.
У душу -- у пабітую шыбу вакна --
Урываецца сьцюжа напорна, таропка.

Мо забыцца? Ня мроіць?
I ліст да сьвячы --
На пялёстак агню... А ці страціла веру?
Гэтак, любая, верад жыцьця не лячы,
Спапяліш не пачуццi свае, а паперу.

1955

ЗГАДКА

Строгі горад, страшны Бабілён
Не згасіў гарачага натхненьня.
Спомніў тую восень... Бабы лён
Білі і трапалі ў загуменьні.

Жвавы рух дзявочых рук, грудзей;
Ляскаталі пранікі і сэрцы.
Час ішоў, як добры чарадзей...
Чар былога замстаю ня сьцерці.

Сёньня гумнаў сеннае цяпло
Захаваў я песьняю сваёю.
Акіянам поле праплыло
I прапахла сьвежаю ральлёю.

Мілы вобраз радасна узьнік,
Бо заўсёды роднае наўвеце:
Хата, пуня, хлеўчык і даржнік,
Барана і збруя пад павецяй.

I твая усьмешка, і твой сьпеў,
Сьвята маладосьці і размовы.
Мне шкада, табе я не пасьпеў
Выказаць затоеныя словы.

1955



У ЗАСМУЧАНЫХ ЭМОЦЫЯХ

Сабе дарогу песьняй сьцелячы,
Шукаю родныя мэлёдыi.
Уражаньне зь нью-ёрскай велічы
Расьце, а лірай не валодае.

Не, не натхніць мяне шум вуліцы,
Сабвэю бразганьне зялезнае!
Мур-камяніца ў неба сунецца,
Як тая вежа вялічэзная.

Ад ста паверхаў вокны волата
Схапілі сонечнае полымя.
А ці ў душы маёй, як золата,
Зайграе іскрамі вясёлымi?

Туга па бацькаўшчыне моцная,
Найбольшая ад гэтай велічы.
Іду ў засмучаных эмоцыях,
Сабе дарогу песьняй сьцелячы.

1953

ПАСЬЛЯ ПРАЦЫ

Халодным жвірам
Нiкне думак жменя.
Пясок і цэгла.
Шум і мітусьня.
Жыцьцё камечыцца
Паміж таго каменьня,
Хвабрычным дымам
Копціцца штодня.
На голым урбанізьме
Лірыка ня можа
Прыгожа,
Пышна
Краскаю цьвісьці.
Дзе сінь, зяленіва --
Маё там падарожжа.
Я пасьля працы
Ў парк люблю зайсьці.
Раскошны парк --
Мой адпачынак у Нью Ёрку
Ад пекла скрыгату,
Ад пылу і сьмяцьця.
Гарэшкамі
Гарэзную вавёрку
Я пачастую
Ўцешна, як дзіця.
Дзівоснай марай
Яву агарну:
Я ў лесе!
3 куста зьвярок
Даверліва зірне.
Паўстануць дні маленства
3 гоманам Палесься,
Да песьняў абуджаючы мяне.
Пасьля,
Увечары,
Калі ў пакоі ціха,
Як згасьне дзённы грукат
За вакном, --
Ізноў паэзія
Пачне сьпяваць і дыхаць
У снох маіх
Каханьнем,
Прыгаством.

1953



НА БРАДВЭI

Вячорнае сутоньне расьцьвіло.
У чорнае прадоньне б'е сьвятло:
Чырвонае, зялёнае,
Жоўтае ды белае.
Яно --
Чароўнае, шалёнае,
Жорсткае, трымцелае.
Адно --
Іскрыстая завея ля вітрын.
Маністамі Брадвэю на вятры
Калышуцца, ня ўсьцішацца
Зыркія вячорныя агні.
Цярушацца, мітусяцца
Зоркамi у чорнай глыбіні.

1954



АДВЯЧОРКАМ

Горад смуткам цісьне мае плечы,
Плача вечар. Горкі вецер сьвішча.
Адвячоркам чую голас нейчы
Між руінаў там, дзе папялішча.

Гэта ціхі лямант беднай маці
Па сынох, што гінуць дзесьці ў сьвеце,
Па разбуранай вайною хаце,
Па сьвятыні, кінутай у сьмецьце.

На дзядзінцы - чортава ігрышча.
А з выгнанцам ходзіць цень галечы.
Плача вечар. Горкі вецер сьвішча.
Горад смуткам цісьне мае плечы.

1955

НАД СТАЎКОМ

Над стаўком лятаюць нізка ластаўкі,
Лашчаць дзень пахмуры. Я гляджу --
Гэта-ж бо трывога крыльлем шастае
Ў набліжэньні буры і дажджу.

Прыйдзе ноч, няйначай -- з навальніцамі
I асушыць сьлёзы на зары.
Вунь цьвіце лілея. Дзіўна сьніцца мне:
Ты стаіш у белым каптуры.

Сны і ластаўкі лятаюць нізенька
Над стаўком, над пеністай бруёй.
Жаль на сэрца пацеры нанізвае,
А няма суцешніцы маёй.

1954



ЧАСIНАЙ

Вечар пляце, як павук,
Цемрадзі сетку.
Адвечнае:
Гоман у горадзе, грук,
Небясьпечнае.

Прывіды, прочкі ідзеце!
Як страшна самотным увечары
Паэтам і дзецям.

1955

ГЭТАК ЧАСТА...

Калі я адзін,
Гэтак часта бывае,
Зь мінулых гадзін
Менск зазвоніць трамваем.
У гэту пару
Так няўтульна ў пакоі.
Сабе і пяру
Не даю супакою.
Крычыць аўтабус
I падземка грукоча.
I грукат угруз
У бяссонныя ночы.
У сэрцы ляжыць
Неўгамоўнае гора.
Ня Менск, а чужы
Хмарачэплівы горад.
Кладзецца на брук
Пыл, як цьвіль на скарынку.
I гусь, i вяпрук
Няжывыя на рынку.
I сьмягне трава
У глухім панадворку.
I нельга трываць,
Як пачуеш гаворку
Сваіх землякоў.
Мроя ўспыхне і сьніцца:
Палеская зноў
Выбягае крыніца.
Кусты і блакіт --
Зеляніна і неба.
Замовы ракіт
Над сугліністай глебай.
Балота. Трысьцё.
I праз поле гасьцінец...
Ну, як пачуцьцё
Заглушыць і адкінуць?
I хочу я, ледзь
Не пазбаўлены веры,
У прышлае мець
Незамкнёныя дзьверы.

1955

АПОСТАЛ КАХАНЬНЯ

Прырода Палесься
Яго напаіла
Крынічнаю песьняй,
Зарой небасхілу.

I выйшаў ён проста
Зь вясковага раньня,
Як новы апостал
Людзкога каханьня,

Такога зямнога
Жывога каханьня,
Аж болю замнога,
Трывог і згараньня.

Ці ў гэтым загана?
Ці-ж доля схлусіла?
Пад сэрца загнана
Прыгожая сіла.

Палескіх гушчараў
Ён мовы ня кінуў.
Ня страціў тых чараў
На бруку Брукліну.

1957