Вячорная лiрыка

Крушына Рыгор


Увесь зборнік

* * *

Іду ў твой сьвет -- у цьвет вясны,
Іду сьпяваць, маліцца.
Хай казка роднай стараны
Жыве ў тваёй сьвятліцы.

Хай паўстае стары абраз
Далёкай ціхай вёскі,
Дзе я адчуў, пазнаў ня раз
I сум, і шчасьця ўсплёскі.

Быў на кані і пад канём,
I лёс таптаў капытам.
А я і сёньня зь ясным днём
Стаю перад выпытам.

Сябе ў архіў яшчэ ня здаў,
I часта мрою нашча.
Ты -- птушка зьбітая зь гнязда,
Цябе я з жалем лашчу.

I мне здаецца, мы з табой
Праз ноч на конях скачам.
У наш зацемнены пакой
Прыходзіць радасьць з плачам.



* * *

Мой сад увечары маркотны, задуменны,
I кветкі кволыя, пачуўшы ночы страх,
Льлюць водыр воцату і мёду -- брагі пеннай;
Перад заходам сонца гэты войстры пах.

А скрозь зьмяняюцца і хварбы і адценьні,
Пажоўклы ліст хаваецца ў гальлі.
Калі праменьні дня ў апошнім зіхаценьні --
Хмялёвай злосьцяй мацыёлы зацьвілі.

Як проста казачна ў кашлатай зеляніне,
Расьце там шэпат чараваны, звышлюдзкі.
I ўсьцяж спалохана ў паветры змрочна-сінім
Цыгаркі, запаліўшы, гасяць сьветлякі.

Ты з пожні спозьнена зьбіраешся дахаты,
Галодная, з душой засмаглай, а жывой.
Не абмінай! Заходзь у сад мой небагаты,--
Знайдзі спакой у ім
I вызнай, што я твой.



* * *

Бачу цябе я ў сваім падарожжы,
Зноў засьпяваю пад новым уражаньнем.
Мілая ў соснах, ялінах прыгожых,
Нават на ўзьлеску пасечаным, спляжаным.

Ты й на руінах, дзе шмат перажыта,
Макам цьвіцеш каля сьценаў аблупленых.
Выбегла хвалямі сьпелага жыта,
Вохным чаборам на сонечных купінах.

Бачу цябе я ў спакойных азёрах,
Бачу і там, дзе густая алешына,
Дзесьці ля дому ў садку і ў вузорах
Шматаў хусьця, што на плоце разьвешана.

Ты ў маіх вершах, як сонца у люстры,--
Не адыйшлася апошняю згубаю.
Еду на захад. I вечар -- насустрач.
I пад імглой усьміхаецца любая.

Хуткі цягнік рэжа суцем з разгону.
Зоры на чорныя шыбы нізрынуты.
Чуецца ў грукаце колаў вагону
Гутарка роднай, сынамі пакiнутай.



* * *

Агні... Вячорныя агні.
Пра іх паэты нам сьпявалі.
I я хачу ў далячыні
Пабачыць сьвету фэстывалі,

Дзе сьвецяць зоркі, як агні,
I гарадоў агні, як зоркі.
Ад шуму, дзённай сумятні
Ў маёй душы ёсьць прысмак горкі.

Агні... Вячорныя агні
Гавораць ясным зіхаценьнем,
Што адыходзяць нашы дні
Апошнім болем і цярпеньнем.



* * *

На сьцяне сацьмела фота,
Мілы твар ахутаў змрок.
Толькі ўсьмешка, як самота,
Засталася назнарок.

Таямніча выглядае
Тая ўсьмешка з вуснаў, воч...
Не сказала маладая,
А ў сабе схавала ноч.

Можа дробныя пачуцьцi
Той час дужымі былі,
Ды цьвілі ў людзкой пакуце
Ўсімі краскамі зямлі...

Гэта-ж сёньня выступае
3 даўніны паўдзённы шлях,
Па якім прайшла сьляпая
Наша радасьць без разваг,

Наша дзікая ахвота
Лашчыць сонца на траве...
На сьцяне сацьмела фота,
А усьмешка ў ім жыве.



* * *

Напэўна і забылі...
Ня плач, душа зьнібелая.
Мы на дарозе ў пыле --
I я, і астра белая.

Так, згубленая глеба,
Глухая песьня ў скрыгаце.
Мне трэба скібка хлеба,
А кветцы кропля вільгаці.

Але ці хлеба толькі?
Ісьці з пустою кайстраю?
А жаль, пакуты, болькі,
А смутак мой над астраю!

А тыя хваляваньнi,
А маладосьць прачулая!
Шуканьні і спатканьні,
I крыўднае мінулае...

А мроі, а разьлікі!
Дзіўлюся і малюся я...
O, Божа! Сьвет вялікі,
А я на ім малюсенькі.



* * *

Сьпяваюць родныя палі,
Танцуе радасьць на кіліме.
I зазіхцелі, паплылі
Праменьні колерамі ўсімі.

I мне цяпер усё адно --
Ці ў дождж, ці ў буру, ці ў завею.
Я маю добрае віно:
Цябе і верш. I я хмялею.

Радкі, як рукі падаю,
I маладосьць тваю вітаю.
Ізноў на лірыку маю
Лёг шэпат згубленага раю.

Перада мною ты стаіш,
Як Ева зь яблыкам спакусным.
I слова рве начную ціш,
I ўжо няма спакою вуснам.

Я маю добрае віно:
Цябе і верш. I я хмялею...
У снох нясу на палатно
Жывую белую лілею.



* * *

Мне пра жахі проці ночы не кажы...
Кажаны пад дахам змрочным. Капяжы
У душы людзкой, адзвоньваючы, кпяць:
Ці жыцьця экзамін вытрымаў на «пяць»?
Ці на сьпеласьць думак маеш атэстат?
Ці расьцьвіў у сэрцы лятуценьняў сад?

Навальніца, злая сьцюжа і вятры.
Зноў завяла з маем ружа да пары.
Голым смуткам пазірае куст-жабрак:
Просіць радаснага сонца і дабра.
I напэўна -- дачакаецца вясны.
А ці ўбачу я прытулак мой лясны?
Там таксама меў я свой ружовы цьвет --
Маладосьць, і сьпеў, і нераскрыты сьвет...

Вечар восеньскі трывожна вяжа сны,
I нясуць на крылах вусьціш кажаны.
Мне пра жахі проці ночы не кажы.
Я іх бачыў, перажыў... Як міражы,
Адплылі яны. Адно мне сьніцца край,
Дзе з табой я рваў зялёны май.



* * *

Маладосьць пачну гукаць.
Дзе-ж магла згубіцца?
Будзе ў памяці сьпяваць
3 даўных дзён драбніца:

Я ў матулі на руках...
Поле каля гаю.
Сіні брылік васілька
Ў каласох зрываю.

Захапленьня першы ўскрык...
Тэй парой ня ведаў,
Што пачатак песьні ўзьнік,
Добры голас дзедаў.

Слова -- жніўнае цяпло
3 подыхам духмяным
Зазьвінела, загуло
Над глухім бур'янам.

Я хачу пачуць адно
Шчасны крык дзіцяці.
На руках цябе даўно
Ў сьвет нясу, як маці.



* * *

Цябе я ня бачу даўно,
Ты зьнікла за дымнай заслонаю.
I верасень мые акно
Тваёю сьлязою салонаю.

А вецер у смутку нясе
Твой стомлены голас зь мінуўшчыны.
I словы забытыя ўсе
Гучаць за фіранкай апушчанай.

Здаецца, я поруч з табой,
Мне сьніцца вясковая вуліца
I хата з паніклай вярбой.
Далёкае прывідам туліцца.

Ноч вецьцем разгойданым тне
У звонкую шыбу. Мне мроіцца:
Ты ціха гукаеш мяне.
Ізноў нападае бяссоньніца.



* * *

Ты кладзеш свае пальцы бязрадна
На маю пасівелую скронь.
Прачытаць я хацеў-бы дакладна
Далікатную любай далонь.

На далоні запісана доля
I зазначана сьцежка жыцьця,
Што імкліва праходзіць на доле
I прастуе ў таемны працяг.

Той працяг -- нашых душаў вясельле,
Сьпеў нясказаных слоў на зямлі.
Хіба-ж сёньня мы ў зацішку селі
I зусім ад людзей адыйшлі?

Людзі блізкія нас зьвінавацяць,
Прадракаючы нейкі раскол...
Адзваніў мой гадзіньнік дванаццаць
I памалу сьвітае вакол.

А на досьвітку шчырасьці болей
I ўжо болей таго адкрыцьця --
На далоні запісана доля
I зазначана сьцежка жыцьця.



* * *

Ня згінула песьня старая,
Яе мы сьпяваем ціраз.
Пажарам пачуцьцяў згарае
Апошняя сувязь у нас.

Мужчынскае сэрца ў жаночьм
Знаходзіць прытулак, спакой.
Хвілінную радасьць мы хочам
Прадоўжыць і несьці з сабой.

I выгнаць з уласных канураў
Нястачы, няўдачы, тугу.
Я словам твой кляштар разбурыў,
Зазначыў: хачу і магу.

Хачу я забыцца пра тое,
Што восень завыла ў жыцьці.
Магу я мурожным настоем
Гарачага лета прыйсьці.

Хачу я сьмяяцца з табою,
Магу паўтарыць маладосьць...
Наш вечар акрыты зарою
Зайздросьнiкам нашым на злосьць.



* * *

Мне даруй, што я часам цяжкім
Захлынаўся у песеннай бразе.
Ахмяляўся я словам, якім
Не пакрыўдзіў цябе, не абразіў.

Уначы прачынаўся ня раз.
Чуў -- зьвініць слова роднага краю.
Мройны вобраз у далечы згас
I цяпер я нястомна шукаю.

Хай было -- перабраў, недабраў...
Можа ўсяк неспакойнаму стацца.
Дзеля шчасьця твайго і дабра
Я сьпяваю ў сьвятыні мастацтва.

Я малюся, каб слова маё
Ня было між тупых і ў загане.
А каб мела яно гастрыё
I ўшчапляла ў народзе каханьне.

Каб сьмяяцца і плакаць маглі
I, як дзеці, наўскрык захапляцца,
Каб паважна на нашай зямлі
Шанавалася творчая праца.



* * *

Маладосьць трымаю у віхровым танцы,
Адчуваю, быццам, на сваім вясельлі.
Цені блізкіх, любых нада мною ўстаньце!
Вы нязгубным згусткам на душы аселі...

Цені любых засьцяць сьвет перад вачыма.
I з гадоў мінулых сіла жарсьці зноўку
Песьняй выбухае. Паланець магчыма,
I знайсьці магчыма добрую сяброўку.

А такое шчасьце станецца ратункам.
Нашы вусны вып'юць залатыя вёсны.
Застанецца горыч над дарожным клункам,
Адгукнецца далеч -- сумны скрып калёсны.

Прыгадаем вёску, гай, палі, гасьцінец
I юнацтва наша каля ніцых лозаў.
Цяжка гэта страціць, цяжка ўсё пакінуць,
А таму ў каханьне сыплю зёлкі крозаў.



* * *

Крылатых ценяў рух няспынны,
Агеньчык сьціплы каганца.
Мне не забыцца тэй хвіліны,
Таго пачатку і канца.

Яна сядзела на услоне.
Гуло чмялём верацяно.
Тут шчасьце ў кужалю кароне,
I ніткай цягнецца яно.

Верацяно пяе зь пяшчотай,
Пра што -- сказаць я не магу.
Ды толькі часам нітка ўпотай
Мяне чапляе за нагу.

Яна сьмяецца, нітка рвецца,
Касмыль кудзелі б'е мне ў твар.
Суседзі цешацца: -- На сьвеце
Ёсьць непрададзены тавар.

На жаль, прыйшлі сваты чужыя
I на тавар далі купца.
Упалі цені крыжавыя
I згас агеньчык каганца.

Мая папрадуха ў загоне,
I не пяе верацяно.
Старая прасьніца на ўслоне
Ляжыць забытая даўно...




* * *

Пачуваюся змораным
У самоце дурной.
Смутак кружыцца воранам --
Груганом нада мной.

А прыйшла -- цешыць, радуе.
I здаецца ў той час --
Нашым шчасьцем праз радыё
Захапляецца джаз.

Мне суцеха прыязнае
Засьпявае цяпер.
Вось мой гальштук разьвязвае,
Расхінае каўнер.

Будзе лепш... Рассупонены
Гэты цесны хамут.
Зноў каханьня запоіны
Пачынаюцца тут.

Сіла хмеліцца сьвежая.
Гіне змора, тане.
Мілай цалкам належу я,
А яна толькі мне.



* * *

I я ў гадох -- не малады,
Але й цяпер дзіця натуры.
Таму пяю на ўсе лады
Ў тваім зацішшы пасьля буры.

Я увайшоў у твой спакой
I хваляваньнем сэрца ўкроіў.
Твая усьмешка, позірк твой
Мяне штурхнулі ў бездань мрояў.

Агонь дзівосны паліць зноў,
I я ў гарачцы вершаванай
Табе выказваю любоў
3 прачулым словам і пашанай.

Ты паціскаеш мне руку.
Сьмяюцца воч тваіх пралескі.
Ад іх упрочкі не ўцяку,
У іх я бачу край палескі.

Так адчуваю, пазнаю
Мой сьвет вясёлы і пануры.
На ўсе лады цяпер пяю
Ў тваім зацішшы пасьля буры.



* * *

Асьнежана лісьце каліны...
I ягады -- зь лепшых каралі --
Спынілі мой лёт сакаліны
I смуткам мяне пакаралі.

Як быццам крывёй, а ня сокам,
Увосень налітая гронка.
О, край мой, ахутаны змрокам,
Мая залатая старонка!

Вось велічны вобраз краіны,
Якую чужынцы ўкралі.
Зламаю галінку каліны:
Чырвоныя ўбачыш каралі.

Тут бацькава благаславенства
Хай станецца памятным знакам.
Ты горыч і слодыч маленства
Ізноў паспытаеш са смакам.

Прыгадваю песьню старую,
Калінка ў душы зацьвітае.
Сарву гэты цьвет, падарую
Табе, мая радасьць сьвятая.



* * *

Зацьвітае ўвесну
Маладая краска.
Залятае ў песьню
Залатая яска.

Я шукаю словы
Для цябе ласкавыя.
А ці з нашай мовы
Уцяклі цікавыя?

Уцяклі з гадамі,
3 прадзедам, прабабкаю.
Мы ў гульні згадалі --
Любу звалі жабкаю.

Так казала й маці
3 ласкаю пяшчотнаю.
Вобраз сілу страціў,
Бачу я гаротную.

Жабка ў золь гібее
Пад лазою ніцай...
Назаву цябе я
Мрояй-чараўніцай.



* * *

Вее сьнежную мякіну
Вецер за вакном...
Не пайду я, не пакіну
Твой гасьцінны дом.

Ты мне вяжаш рукавіцы,
Воўна -- чысты сьнег.
Ажылі пруткі на нітцы,
А да іх прыбег

Белы кот, і асьцярожна
Лапкаю трасе.
I няўзнак заўважыць можна --
Бела ўсё і ўсе:

Вокны сьветлыя ў паддашшы,
Сьцены, дзьверы, столь,
Я і ты, і душы нашы,
I сардэчны боль.

Гэты сьнег цяплом, вядома,
Сагравае нас.
Завіруха каля дому
Ў самы добры час.



* * *

Пад жывой паветкаю сасны
Лёгкай хмаркай кружаць камары.
I стары павук -- жыхар лясны
Нітку срэбную прадзе ўгары.

Вяжа ён шаўковую пятлю,
Ворага ў натуры пазнаю.
Сонечнае слова запалю, --
Песьню не запутае маю.



* * *

Праз адчыненыя дзьверы
Сонца ў сенцы,
I ў люстэрку паламаным
На расколіне зіхціць.

На сьцяне ў той час вясёлка --
Сэрца промняў! --
Паказалася раптоўна
I трапеча...
Мабыць знак
Незаўважанага шчасьця.



* * *

Ты сябруеш з паэтам,
Чуеш моц сэрцалова.
У цябе пад гарсэтам --
Неспакойнае слова.

Толькі выказаць цяжка,--
Ні натхненьня, ні чараў.
Непачатая пляшка
Зельля сонечных мараў.

-- Памажы мне, паэта,
Хоць да кроплі дабрацца!
-- Даражэнькая, гэта
Безнадзейная праца.

Лепш застанься сабою --
I прывабнай, і мілай.
Я цябе супакою:
Ты валодаеш сілай.

Скажаш ціхае слова,--
Адгукнецца ў паэце,
I паводкай вясновай
Пранясецца па сьвеце.



* * *

I эпоха, і новая эра,
I пагрозьлівы атамны век...
На зямлі хіба сумна і шэра?
Хоча ў космасе жыць чалавек.

Паляціць чалавек на ракеце,
Каб сабе адпачынак знайсьці
На якой-небудзь дзікай плянэце:
На Сатурне, Юпітэры ці...

Ах, якія людзей лятуценьні!
Жар імкненьняў! Да велічы крок!
А я любай праменьні і цені
Зноў заўю ў паэтычны вянок.

Я скажу ёй: Нічога ня хочу,
Толькі бачыць прыгоствы зямлі,
I твае задуменныя вочы,
Незабудкі ў якіх зацьвілі.

I глядзець, як тугім перавяслам
За плячыма спадае каса.
Застанецца спамінам нязгаслым
Наша вечна-зямная краса.



* * *

Сонца стрэшыць крыло самалёта,
Разрывае праменьняў сноп.
Хмары ўнізе, як сьнегу сумёты,
Дзе жывую душу замяло-б...

А ці хто шугане з парашутам
Ніцма ў холад, у пашчу імглы?
Жыць! Сьпяваць! I вялікім пакутам
Адказаць: Чалавек не малы.

Ёсьць у муках -- і радасьць і гора.
Гналі ўсюды нас мукі, гнялі.
I пад небам у рыку матора
Вычуваецца сіла зямлі.

Самалёта крылатыя цені
Ах, хутчэй-бы убачыць, хутчэй!
Дзесьці горад стаіць на каменьні,
Там цяпер спакайней і лягчэй.

Далеч сіняя мроі палошча.
Я ў палёце. I слова за мной.
Дзе ратунак? Дзе слынная прошча?
Ці ня ў нашай любові зямной?



* * *

Рунь -- угрунь. Дзе сьнег ляжаў нядаўна,
Вунь тырчаць зялёныя ражкі.
Ты сьмяешся быццам і забаўна,
Але сьмех твой горкі і цяжкі.

Я настрой пакутны разумею,
Бо й мяне цураецца вясна.
Змоўк ручай у кручанай завеі
I рыпіць самотная сасна.

О, напоўнены жывіцай кубак,
Зазіхці ў асьнежанай траве!
Я ўпушчу ў мой сад маіх галубак,
Хай каханьне ў сьвятасьці жыве.

I няхай расьце пачуцьцяў сіла.
Я хачу, каб зь цела і крыві
Слова створанае ўзгаласіла
I ў душы запелі салаўі.

I каб ты сьмяялася ня горка,
Пазірала сьвежа на зару,
Каб былая радасьць на вячорках
Перайшла ў сучасную пару.



* * *

Я стомлены, я хворы...
Мой сон плыве ў вакно.
У садзе белы морак
I сьнегу палатно.

I там -- як у шпіталі!
У цішыні нямой,
Як сёстры, дрэвы сталі
I гояць смутак мой.

Там яблына ў халаце
I з чыстым ручніком.
Ільдзінка пад сьняжком,
Як градусьнік у ваце.



* * *

Я гляджу засмучана
Ў недасяжнасьць далечы.
Засьпявала Случчына,
Маё сэрца палячы.

Хутары заможныя.
Вечары з гармонікам.
I вясельле кожнае
3 караваем-сонейкам.

А ўжо колькі радасьці
У багатай восені!
Як прыемна ў сад ісьці --
Мілыя запросіны.

Бэры і антонаўкі
Там глядзяць прынадаю.
Мёд ліецца з конаўкі...
Плод сасьпелы падае.

Падае і гіне ён
Каля вохнай яблыны.
Аж за мора сіняе
Вінны дух той зваблены.

У пару дзіцячую --
Яблыкі мядовыя.
Памятаю... бачу я --
Гэты скарб захоўваю.

Пах яшчэ ня зьветрыўся,
Смак той вычуваецца.
Соладзь у паветры ўся
Нада мной зьліваецца...

Позірк мой засмучаны,
Суцем жалем згушчаны.
Паўстае цень Случчыны
Вобразам мінуўшчыны.



* * *

Дзень замкнуўся колам
3 гоманам лясоў,
I з далёкім, кволым
Гулам галасоў.

А ля поля пенай
Белая імгла
Доле па калена
Ў хвойніку лягла.

Здаля выглядае
Ўсё на любату --
Быццам маладая
Скінула фату.

А бліжэй -- з калючак
Выпаўзае золь.
На душы балюча
Муляе мазоль.

Сёньня я закуты
Холадам тугі
Ў кайданы пакуты,
Ў болю ланцугі.

I хада цяжкая...
Божа, памажы!
Кветкі я шукаю
3 сонечнай мяжы.

Я шукаю слова,
Каб яно было
Зельлем і замовай
На людзкое зло.



* * *

Боль утаймаваны
I ў душы пагода.
Выплыла з туману
Сіняя лагода.

I здаецца блізкай
Тая далеч сьвету
3 высьпяванай нізкай
Словаў запавету:

Мусіш ведаць -- хто ты,
Дзе твой дом, мець сьвята,
I вясну і ўзьлёты,
I любіць заўзята.

I, як закаханы,
Лад хаваць і згоду,
Боль утаймаваны
I ў душы пагоду.



* * *

Граў наш Ян без заган.
Скрыпка сьмела лятуцела,
Бляскам цела зіхацела,
Як каштан-вылузган.

I трымцела і нямела
Ля пляча скрыпача.
Смык пачаў ча-ча-ча, --
Галасьней яна запела.

Скрыпка -- зыбка для душы.
Смутак струны ўзварушыў.
-- Ці лілі вы, ці лілі
Звон гульлівы на зямлі?



* * *

Я імкнуся... Я песьняй гару...
Бачу, цяжка ўзьняцца ўгару, --
Час прыгожае пер'е скубе...
I няма -- ні сяброў, ні цябе.

Мабыць сёньня я ў цемры густой
Каўтануў чамярыцы настой.
У грудзёх гэтак моцна пячэ,
I, як труць, успаміны яшчэ:

Недапітая чарка віна,
Незабытая сварка адна.
Жах вайны... Разбурэньне. Разгром.
I трагічна пакінуты дом.



* * *

Мне з табой у зацішку утульней.
Ты гарыш да ранішняй зары.
Выдумляеш радасныя гульні, --
Цэлы сьвет нагамі дагары.

I салодкім сэрцам у забавах
Ты стаешся. Вабіш -- ня ўстрываць!
Дыядэмай слоў наўзьдзіў ласкавых
Я пачаў цябе каранаваць.

Каралева, я на ўсё гатовы!
Праз агонь прайду і праз ваду.
Я рассыплю жомчуг нашай мовы
I цябе ў той россып прывяду.

Дарагой і непаўторнай кнігай
Маладую тайку назаву.
На вясну паказвае адліга,
На вясельле -- наша рандэву.



* * *

Ты дзяўчынай, як дзічка цьвіла.
Быў і я у галодным цьвіценьні.
Успамінаў густая смала:
Сьмецьце, смутак і цёмныя цені.

А і ў ценях -- зіхценьне сьвятла.
Не заўсёды і смутак шалее.
I суцешная сьцежка лягла
Ў сад, дзе міла сьмяюцца лілеі.

Толькі дзе гэты сад? Можа ён
Згінуў, сплыў? Мо забылася тое
Залатое, малое, сваё
I выходзім мы ў полі пустое?

Мо чужая зямля і вада --
Наш апошні жыцьцёвы закутак?
Што было -- адгуло. Не згадай!
Застануцца пачуцьці ў пакутах.

Не кажы мне нічога, маўчы!
Наша доля ня можа зьмяніцца.
Хай-жа будзе цудоўна ўначы,
I тым больш, калі ёсьць таямніца.



* * *

Ні радзімы, ні сяброў.
Зноў сябе крыжую:
Чую гоман чужакоў,
Гутарку чужую.

Горкіх думак чарнамуць,
У сашчэпе бровы...
Хочам вогнішча разьдзьмуць
3 роднае дубровы.

А расьце сьмяротны страх:
Дойдзем ці прыстанем...
Усьміхніся мне, сястра,
Брату на выгнаньні.



* * *

О, слова салодка-хмялёвае,
Схаванае ў думках маіх!
Яно мне абраз вымалёўвае,
Яно мне -- сьвятая сьвятых.

Як песьня ў царкве вялікодная,
Яно урачыста пяе.
Прыроднае, моцнае, роднае
Жыве, паліць вусны мае.

I я на няўдачы жыцьцёвыя
Гукну веснавую пару,
I слова салодка-хмялёвае
Аж тройчы, як «сьвят» паўтару:
Беларусь!
Беларусь!
Беларусь!



* * *

У Слуцку смачныя ігрушы!
Я гэтай згадкаю парушыў
Твой спакой і мой.

Бэргамоты, сапяжанкі,
Маляванкі і смалянкі,
I паненкі, і цукроўкі,
I вінёўкі, і хунтоўкі,
I яшчэ далікатэсы --
Бэры слуцкія, дзюшэсы
У красе нямой.

Ну, а яблыкі! Жытнёўкі,
I апорты, і мядоўкі,
I ранеты-наліванкі,
Манастыркі і цыганкі...
Ды антонаўкі якія!
Сакавітыя, важкія
Ў сьпелі залатой.

Прыгадаю я ўсё гэта,
Як прыгожы верш паэта,
Як твой першы пацалунак,
I апошні пачастунак,
I як вечар той.



* * *

Пад акном стакрылы клён,
Родны дом, як мілы сон.
Сьлёзы цісьне успамін,
У грудзёх кляновы клін.

Не магу ўсхапіцца ўраз,
Чорны смутак закружыў.
На сьвяты гляджу абраз...
О, Ісус мой на крыжы!

Божа, верыць памажы!
Цуд зрабі, зламі ўсё зло,
Каб дабро не ў міражы,
А ў мой край мяне вязло.

Каб-жа там ды пад акном
Мне шумеў стакрылы клён.
Чую я: самотны ён
Кліча нас у родны дом.



* * *

Учора тут прайшлі касцы,
Сьпявалі косы дружным хорам.
I ў сене -- зьвялыя званцы
3 рамонкам, люцікам, чаборам.

А краскі гэтыя жылі,
Яны цьвілі на ўцеху мілым,
Якіх прынаджвалі палі
Ісьці ў палон прыродным сілам,

Напіцца мёду з палыном
3 дзяўчынай дзесьці пад ляшчынай...
Ды вось адвозяць у гумно
Мурог і віку з канюшынай.

О, гэты могільнік травы!
Жыцьцё і тут, як на паверцы.
Дзьве на падушцы галавы,
А пад дзяружкай б'юцца сэрцы.

Маячаць шлюбныя вянцы...
I шчасьце мроіцца ў суквецьці:
На полі рвуць малыя дзеці
Жывыя сінія званцы.



* * *

Я выйду на вуліцу,
За горад пайду.
I песьня прытуліцца,
Прагоніць нуду.

I скоціцца зьнічкаю
Ў пачуцьцяў гульню.
Пад ціхай каплічкаю
Я крок прыпыню.

Тут быццам-бы дома я...
Ты, сэрца, бяры
Ўсё тое знаёмае,
Той звычай стары.

Хай сьвечка васковая
Гарыць у вакне,
Хай радасьць вясковая
Глядзіць на мяне.



* * *

Чайны домік. Ліхтары.
Тупаценьне дробнае.
Гейшы, госьці, дог стары,
Штосьці і падобнае.

I падзеі па чарзе
Ткуць фату фатальную.
Змрок з душы тваёй паўзе
Ў залю тэатральную.

Там на сцэне -- стог сьвятла.
Ах, куток Японіі!..
I далонь твая лягла
Пад маёй далоняю.

Ты сьмяешся... Што за быт?
Што за гульні з гейшамі?
У цябе інакшы спрыт,
3 чынамі хітрэйшымі.

Сёньня спаліш ты мяне,
Сонечна-вясновая.
Час сьпякоту аджане,
А ўжо з намі новая.



* * *

На чужым аўтамабілі
Мы, на жаль, свой гонар зьбілі...
Па дарозе землякі
Разьвязалі языкі:

«Ах, Італія якая!
Ад красы аж дух займае!
А у нас... балота, гразь.
Нават князь -- і той ня князь».

I сваё ўсё ганяць, плямяць...
А мне вёска наша ў памяць.
Каля стайні на гнаі
Маюць клопат вераб'і,

I ня бачаць сьвет прыгожы
За сьцяною агарожы.
А прыгожа, сапраўды!
Пушча, хвойнікі, сады.

I палі, і сенажаці,
Блонь, азёры, рэкі, гаці,
Лазьнякі і чараты...
Беларусь! Вось гэта ты!

Ты -- Мадонна! Вобраз гэты
Панясуць твае паэты,
Самародкі-мастакі,
I ў народы і ў вякі.



* * *

Глуш лясная. Цемры дзёгаць.
I маўклівыя кусты.
Зразумець кусты ня могуць,
Што тут робім -- я і ты.

Што за дзіўныя героі
Апаўночы ў гушчары!
Дзе цалуюцца абое,
Там спакойныя зьвяры.

Кожны мае свой інтэрас,
Загадаем сьмела ім:
-- Прэч ад нас на мёртвы верас,
Сьпеце ў логаве сваім!

Чуеш? Нешта зашасьцела.
Ш-ша!... Ніхто. Ні воўк, ні гад.
Толькі рукі цепляць цела,
Сьлепа поўзаюць наўгад.

I распальваюць жаданьне...
Ты ад шчасьця ня крычы.
Каля нас чарэмха ўстане
Белым прывідам начы.

Рамантычна і прыгожа!
Ды арэшнік малады
Зразумець таго ня можа,
Што загнала нас сюды.



* * *

Не пайду я нікуды --
Ў хаце вечарынка.
Любай голас малады
Вылівае скрынка.

Ах, пракляты патэфон!
Ён мяне узрушыў.
Чую бацькаўшчыны звон,
Шум старой ігрушы.

Тэй ігрушы, пад якой
Мне даўней сьпявала
Дарагая маіх мрой
Міла, але мала.

Я шкадую, што тады
Песьняў тых ня слухаў.
Любай голас малады --
Рэха завірухаў.

Так, амаль стагодзьдзя чвэрць.
Сьціхла... не сьпявае...
Але гукі душаць сьмерць,
Зноў прыйшла жывая.

3 даўніны зазваў яе,
Голасу праверка...
Плаўна кружыцца, пяе
Чорная талерка.

I з-пад голкі гул плыве,
Скрыпкай грае скрынка...
Шумна, хмельна ў галаве --
Ў хаце вечарынка.



* * *

Зноў лісты -- ўспаміны
На стале.
I самота гіне
Пры сьвятле.

Дзіва ці ня дзіва --
Цень са мной.
Хіліцца маўкліва
Волат мрой.

Чарадзейна ўпотай
Ля мяне
Лёг жывой істотай
На сьцяне.

Паўтарае тое,
Што і я...
У маім пакоі
Ёсьць сям'я:

Я, мой цень, і словы,
I лісты...
А спадзеў вясновы --
Прыйдзеш ты.



* * *

Ты ляжыш неакрытая,
Бессаромна-прынадная.
Мне чужая і ўсё-ж такі родная, --
Бо нагадваеш Случчыну.

...Вось іду я шашою-дарогаю.
I за ўзгоркамі поле шырокае,
Поле чыстае, урачыстае.
Пасяродку стаіць хутарок.

Там спатканьне з Марыляю.
Потым сьцежка вядзе нас у гай,
У лагчыну, дзе сьпелыя ягады,
Дзе на сонцы суніцы салодкія...

Раптам мары мае абрываюцца.
Чую мову чужую, нязвыклую.
Лернік-вечар у сьветлым пакойчыку
Зь іншай песьняй, з эротавым кленчаньнем...

Ты ляжыш неакрытая,
Бессаромна-прынадная...




* * *

I надумаўся вучоны,
Інкубатар ставіць ён.
Дэманструе дэман чорны
Сёньня штучны эмбрыён.

Без пачуцьцяў, без каханьня
I прыродзе насупор
3 крыкам выпаўзе і ўстане,
Як дакор, бязбожны твор.

Выйдзе вырадкам калматым
Зь інкубатарнай цішы, --
Недарэчным аўтаматам,
Без вачэй і бяз душы...

-- Не кажы, мой дабрадзею!
Ноч стаіць каля дзьвярэй.
Я ад страху ледзянею...
Абдымі мяне і грэй.

Грэй, каб я магла на сьвеце
Боль пазнаць і радасьць дзён.
Хай у змрочным габінэце
Гіне штучны эмбрыён.



* * *

3 табою мы ў лесе з куста
Сарвалі апошнюю ягаду.
Малінавы куст узрастаў
Таемнымі ценямі захаду.

-- Апошні сулад красаваў, --
Пачулі мы голас аракула...
Старая сівая сава
Паблізу у поцемках плакала.

А ты зразумець не магла,
Усьмешка твая палахлівая.
Няўжо наплывае імгла
I згубіцца радасьць маўклівая?



* * *

Залаты адвячорак купаецца ў моры.
Хвалі шумнай гульлівай вады
Падымаюць мяне, вызваляюць ад зморы;
Адчуваю -- я зноў малады.

Я ня буду сядзець пад крылом парасона,
Любавацца загарам чужых.
Сам на беразе смажаны сьпекаю соннай
Сёньня права плыўца заслужыў.

Мне пясчынкі пяшчотна пяюць аб аморы...
Вельмі проста -- прастора мая!
Залаты адвячорак купаецца ў моры,
3 адвячоркам купаюся я.



* * *

Неспакойнае хаценьне
Ёсьць душы зарніца.
Залатое зіхаценьне
Ў лятуценьнях сьніцца.

Я вясельныя вароты
Расчыняю ў словах,
Каб праехалі сіроты
На пачуцьцях новых.

Каб самотныя і ўдовы,
Дзяцюкі, дзяўчаты
Месяц мелі свой мядовы,
Песьнямі пачаты.

Вось яны, тугія лейцы!
На любоў кіруйце.
Будзе радасна ў сямейцы,
А як не -- даруйце! --

Падзялю і гора з вамі...
Болем апантаны,
Паэтычнымі радкамі
Забінтую раны.



* * *

Жыў паэт, цярпеў няўдачы
I пісаў такі закон:
Хай сьляпыя сонца бачаць,
А глухія чуюць звон.

Нёс паэт свае скрыжалі,
Верыў Слову і канаў...
Кпілі, білі, зьневажалі,
Крытык моўчкі абмінаў.

I няма яго ў народзе.
А ці ён пакінуў сьвет?
Мо наступнае стагодзьдзе
Прыгадае: Быў паэт!

Ён -- забіты і забыты,
I зьняслаўлены ў жыцьці --
Ўстане з чорнага нябыту,
Будзе ў вобразах расьці.

I пад прыскам, дзесьці ўнізе,
Ўскрыкне Фэнікс трапяткі...
Прачытаюць людзі ў кнізе
Палымяныя радкі.

Зразумеюць, што на сьвеце
Ёсьць пачуцьці без цаны,
Што кагосьці ў весьнім цьвеце
Не заўважылі яны.



* * *

На цьмянай шыбе цень грубы,
Мой цень, мой кон з вагонным гулам,
А вечар шэры і рабы
Пяе мне ціха аб мінулым.

Было -- і ў чэрвені цьвілі
Чырвоны мак і вецьце ліпаў.
I красавалі скрозь палі,
I вецер там мой цьвет рассыпаў.

А потым зьмёў і затаптаў,
Не засталося ані сьледу.
Гляджу ў вакно: і гай, і стаў,
I я ў маленства мройна еду.

У гай іду я па грыбы,
На стаў іду я вудзіць рыбу...
Ах, гэта сны! Мой цень грубы
Ў вакне жалобай лёг на шыбу.



* * *

А хіба-ж мы радасьці ня мелі?
Дзе вы, дружкі з песьняй, з караваем?
Без каханьня змрочна і ў пахмельлі,
На вятры пустым перагараем.

Адчуваем страшную самоту.
А самота ў нас не маладая,--
На аблічча ў сівер і сьпякоту
Грым гадоў упарта накладае.

I ляжаць у тых жывых барознах
Цені крыўды, прыкрасьці і злосьці...
Маладосьць прайшла па сьцежках розных,
А мінала блізкага кагосьці.



* * *

Прыйшла неспадзяванкай,
Як мара, што нязьдзейсьненая,
Як маці, як каханка --
I чыстая, і песенная.

I ўся -- краса духовая,
I пекната прыродная.
У жарсьці выбуховая,
Як бомба вадародная.

Я ў гэтым зьвязку -- частка
Раздробленага атаму.
Я вычуваю часта:
Няма канца пачатаму.

Стаецца вечным слова,
Яно здаўна няўсьцішнае.
Старое гляне новым,
А новае -- ня лішняе.

Прыйшла... У косах кветка.
I постаць -- сад расквечаны.
Як ветрык цёплы ўлетку,
Усьмешка ветлай дзеўчыны.

Паэт, ты шчасьце маеш
Багатае і дзікае,
Жывы букет трымаеш
3 бахматаю гвазьдзікаю...



* * *

Нясі хутчэй у поўным шчасьці
Твой солад сонечны, твой мёд.
Мне давялося нізка ўпасьці
I прадчуваць высокі ўзьлёт.

I зразумець, што скрозь цудоўна,
Што разам з бацькаўшчынай ты
Ўвайшла ў жыцьцё маё раптоўна,
Як вобраз велічны, сьвяты.

Ты увайшла і села поруч
3 маімі шчасьцем і бядой.
I асядае ў горле горыч...
Ёсьць песьня ў сіле маладой!..

Тваё зубастае каханьне
Бярэ за сэрца і грызе.
Пакута страшная паўстане,
Яна ў пачуцьцях на чарзе.

Мой стогн агортаецца словам,
I людзі кажуць: верш, як звон,
I толькі сябрам некаторым
Здаецца -- хворы я на скон.

Яны мне радзяць браць мікстуры,
Рэцэпты добрых дактароў.
А я інакшае натуры:
Табой паранены -- здароў.

I ня схілюся, не скаруся,
I не скажу: цябе няма.
Цьвіцеш ты краскай Беларусі,
Мяне хвалюеш не здарма.

Бо, апрача тваёй, нідзе я
Любові прагнай не знайду...
А ёсьць яшчэ адна надзея --
Не замяце гадоў завея
Маю гарачую хаду.



* * *

Як парой
Прыгадваю Кагосьці,
Дык настрой
Прыходзіць іншы ў госьці.

I зіма
Мне казачнай здаецца.
Не здарма
Ў завеях сэрца б'ецца.

I ад кроз
Пачуцьцяў моцны выбух.
Мне мароз
Кладзе вузор на шыбах --

Белы дзед
3 даўгою барадою:
Бэзу цьвет,
I папараць, і хвоі,

I чыя
Надзея паліць зоры
Бачу я
У вытканым вузоры.



* * *

Ластаўкі ў падстрэшшы ўсе,
Ты ўжо лета маеш...
Сыне мой, я ўсьцешыўся:
Добра пачынаеш!

Пачынай!.. Як спадчынай,
Кнігай карыстайся.
Сілай нерастрачанай
Мэты дамагайся.

I пяром узброены,
3 творчай прагай, з болем,
Ты праходзь з героямі
Папяровым полем.

Шчасьце захаванае
Тым, што ганарова,
Мною насьпяванае,
Ты трымаеш слова.



* * *

Ты не чапай, сястра, ня руш
Мой сьвет, што ў мроях паўставаў,
Рудая жаба сярод руж --
Жывы пялёстак хараства.

I твань зацьвілая ў вадэе
Лілею брудам не гарне.
Краса гарэзная вядзе
Да чыстай радасьці мяне.

Усё трапеча і жыве --
Матыль, і сарна, і жураў.
Зялёны конік у траве
Мне на цымбалах гімн зайграў.

I сенажаці перазвон
Мне прыгадаў мой родны край.
На струны лёг прыгожы сон...
Ня руш тых струнаў, не чапай.



* * *

Не гасеце ахвярнік жывога агню!
Вершы прыйдуць зь вяршыняў. Пачуцьці мае
Разгарну, як гармонік, на ўсю шырыню.
Хай лірычная радасьць іграе, пяе.

Тая радасьць, амытая даўнай сьлязой
I пабітая горам і градам бяды,
Расьцьвітае ў душы вінаграднай лазой
I прыносіць у слова імпэт малады.

Гэтай радасьці рады ніяк не дасі,
Нарастае натхненьне, як смага, як сьверб.
I пяру аддаецца нямала часін,
Так на полі ў пару завіхаецца серп.

Песьняру на жніве дай-жа, Божа, сабраць
Збожжа слоў залатое бяз гірсы-сьмяцьця...
Не забілі апошняга ў пушчы зубра,
Не заб'юць і ў паэзіі завязь жыцьця.

I пакута і ў розных адценьнях любоў
Шчэ жывуць, ня струціла сухая імгла.
Я ў сьвятле хараства чую музыку слоў.
Бо сымфонія радасьці перамагла.



* * *

Вечар повен паэзіі, слаўны такі,
Зь ціхім шэптам над любай і любым
Ён сутоньнем змывае твае змаршчакі --
Ты стаіш, як даўней перад шлюбам.

Змрок чаруе, зьмяняе аблічча тваё,
Зьніклі смутак і ўсьмешка крывая.
Мы зацягнем з табой ня дуэт, а трыё --
3 намі Нехта ўсім сьветам сьпявае.

Мы ня бачым Яго, адчуваем адно:
Ён між нас у любові і згодзе,
Узьнясе на вышыні, апусьціць на дно,
Ці прамовіць рашучае: годзе!

Чуеш, люба? Вячорныя звоняць званы,
Перад намі сьвятая капліца --
Сьвечкі-зоркі у небе... Міргаюць яны,
Клічуць нас спавядацца, маліцца.

Споведзь сэрца з малітвай пакутнай душы!
Вечар цепліцца, капае воскам
Ды гарачым, з агнём. Ты агню ня тушы,--
Дагарым у званох адгалоскам.



* * *

Як цудоўна на сьвеце, прыгожа!
Божа! Воляй і сілай духовай
Скіравана маё падарожжа
У жыцьцё
Пад тваёю аховай.
Праз агонь, катастрофы і страты
I праз рогат рагатага ліха
Я прыйшоў, моцнай верай узьняты,
Думкі выказаць
Горача й ціха.
Хай-жа словы мне сэрца трывожаць
I салодзяць у творчай пакуце.
Ёсьць імкненьні,
Хаценьні
I пожадзь,
I пачатак згараньня пачуцьцяў.
Пад сьвятлом разьбягаюцца цені,
А ў істоце людзкой -- таямніца.
Божа!
Ў тонкім, мастацкім спляценьні
Ёсьць такое, чаго і ня сьніцца.

................................

Чалавек безь сьвятыні -- жывёла,
Без паэзіі пуста і мёртва,
Бязь любові --
Жыцьцё сумнакволае.
Хто бяз слова,
Той сьвет не разгортваў.
Слова -- Бог.
Бог -- любоў.
Бачу слова ў любові.
А любоў на зямлі
Разьвінаецца ў слове.
Мне гавораць аб гэтым
Сумленьне і розум.
Падуладны цяпер
Лятуценьням і крозам.
Я сьпяваю краіну,
Дзе рос, гадаваўся,
Дзе -- хвала Табе, Божа, --
Я слову аддаўся,
Дзе кахаў,
Захапляўся,
Дужэў з Божай ласкі,
Рваў гаючыя травы
I любыя краскі.
Дзе на ціхай жалейцы
Іграла мне раньне,
Нявычэрпнай крыніцай
Бруіла каханьне.
А праз тыя
Жывыя,
Людзкія пачуцьці
Голас Твой
Мне ў паэзіі, Госпадзе, чуцен.



* * *

Наш бурны век ня любіць хараства.
Ён разбурае колер, формы, рысы.
А ў нас расьце мурожная трава,
Бушуюць вязы, лозы, барбарысы.

Такі раскошны, велічны абшар!
А мастакі асьлеплі, захварэлі;
Яны згасілі талент, як ліхтар...
I селі плямы мутнай акварэлі.

Наш бурны век ня любіць хараства,
Ад разбурэньня формаў песьня гіне.
Таму цяпер Хрыстовага Раства
Ня бачаць людзі чэрствыя ў краіне.

Ня бачаць людзі любасьці зямной,
Матэрыя ўсьміхаецца пачварай.
Ізноў патоп... I прыйдзе новы Ной
Наш ратаваць каўчэг з красой-ахвярай.

I я хачу з тэй ноевай сям'ёй,
Зь ягонымі шляхотнымі сынамі,
Жыць хараством, любоўю, цяплынёй
Ды абуджаць прыгожы сьвет і ў Хаме.



* * *

Засмучонае сэрца ў мальбе,
Неспакойнае чуецца штосьці.
Я сягоньня ня бачу цябе,
Я ня бачу маёй маладосьці.

А ня пойдуць на дно забыцьця
Сны, гады, гарады і прыгоды.
I вясковае -- покуць, куцьця,
Сьвяты, сватаньне, сьпеў, карагоды.

Вобраз мілы ў далёкай імгле
Не пагасьне апошняю зьнічкай.
Пачастунак на шчодрым стале
Заварожаны лямпай-газьнічкай.

Калі ласка, кісель і узвар
Зь вішняў, яблыкаў нашага саду.
Твой асьветлены ўсьмешкаю твар,
Тваё кожнае слова да ладу.

I прыгожая постаць твая,
I характар, як песьня ў Палесьсі.
Сэрца б'ецца мацней удвая, --
Твой партрэт я на сэрца павесіў.



* * *

Паўстала памятка журбы:
Гамоняць хвоі,
Бярозы, вольхі і дубы
I ўсё жывое.

Пад бураном -- яліны рух,
Як быццам, дрэўца
Трывожна хіліцца наўкруг,
Бяжыць, здаецца.

I я насустрач ёй іду...
Люблю яліну.
Я чую моцны смолкі дух,
Маю краіну.

Яліна пышнае гальлё
Нясе ў прастору...
Я пазнаю цябе здалёк,
Як пах чабору.

Які ўспамін! Настрой які
Ў адну хвіліну!
Каляды, сьвечкі, сваякі...
Люблю яліну.



* * *

Вось і вечар хутка надыйшоў.
Ацяплі зямное існаваньне...
Хай апошняй ласкай слова ўстане
Над тваёй спакутванай душой.

Да мяне ты сёньня з даўніны
Маладосьць ускрослую прынесла.
Ад стала адсунутае крэсла
Прысядае грузна ля сьцяны.

Мы выходзім з нуднага быцьця,
Мабыць доля выпала такая...
Ты сядзіш жывая, трапяткая
На маіх каленях, як дзіця.

I чытаеш верш мой, а сама
3 тых радкоў ты радасная песьня.
Сэрцам прытулілася так цесна,
Аж мяне асобнага няма.

Праз тваё трывожнае цяпло
Чую сьмех шчасьлівай і гаротнай.
Зноў ідзе на хвалі паваротнай
Тое, што калісьці адплыло.



* * *

Сьпяваеш пад пальмаю,
Спрачаешся з хвалямі.
I сонцам падпалена,
I ветрам ухвалена.

А мне, каб алешыны,
Ці вербы над рэчкаю, --
Я быў-бы усьцешаны
I песьняй, і спрэчкаю.

Мне сьніцца далёкае,
Той сьвет не раструшчаны:
Падпаскам галёкае
Юнацтва зь мінуўшчыны.

Навіта. Накручана.
Узьлёты вышынныя...
Хачу я на Случчыне
Прачнуцца крушынаю,

Каб ягады горкія
Дасьпелі да соладзі,
Каб высыпаў зоркі я
Ў дасьветчаньне моладзі.



* * *

У шаўку карункавай кашулі
Ты ляжыш, як першы пульхны сьнег...
За сьцяной суседзі ўсе паснулі,
Толькі сон да любай ня прыбег.

Ты, мая гарачая сьняжынка,
Палка паліш. Я растаў. Глядзі:
Гэта гнецца колас на дажынках
I сярпом здаецца маладзік.

Ці ня бурай кінутае зерне
Зарунела познаю вясной?..
Хто мяне да сонца зноў паверне
I ўсьміхнецца роднай стараной?

Хто мяне пяшчотаю напоіць?
Ці пытацца? Я ў тваім цяпле.
Пакланюся лёсу нізка ў пояс.
Дбае лёс. I ты мая! Але!

Ты, мая гарачая сьняжынка,
Белым болем, шчасьцем апякла.
У багаты сьвет вядзе сьцяжынка,
Хоць няма ні хаты, ні кала.



* * *

Завітаў да цябе я зарніцаю,
Ціхім гоманам роднага краю.
У пакоі над кніжнай паліцаю
Твой унутраны сьвет раскрываю.

Раптам з кнігі разгорнутай выпала
Фотакартка: ты ў ролі русалкі...
I тваё хараство мне рассыпала
У душы веснавыя фіялкі.

Ах, якое магічнае лібіла!
А я мог любавацца так мала.
Тую картку ты з рук маіх выбіла
I, схапіўшы, пасьпешна схавала.

Як струна затрымцела, тугая ўся.
I няёмка. Зьбянтэжанасьць бачу.
Прыкра мне, а я ўсё-ж усьміхаюся,
Заклінаю пустую няўдачу:

Выйдзі ўвечары белай князёўнаю,
Раскідай чараўнічыя сеці.
I забаву нясі безназоўную, --
Мы з табою дарослыя дзеці.



* * *

Залатая мая,
Непаўторная ў сьвеце!

Па вачох тваіх бачу --
Ты хочаш,
Каб цябе я сагрэў
Тым агнём,
Што жыве ў маладосьці.

Так, я ўсё разумею...
Вецер позна
Забраўся ў твой сад
I кранае лістоту,
I цьвеліць пялёсткі
Засмаглай вяргіні.

Я -- твой вецер гаючы!
Вусны зь вечнай вясны
I няскончанай песьні
У пякельнай зьнямозе
Цішком прамаўляюць:

Лі на сэрца маё
Прамяністае шчасьце.



* * *

Будзённасьць дробязная, шэрая
Расьце стракатаю ў фантазіі:
Ляжыць прыцішанай пантэраю
Прырода Афрыкі і Азіі.

Араб хавае ўсьмешку добрую
Ў мае радкі нарыфмаваныя.
Факір схіляецца над кобраю,
Вярблюдаў бачу караваны я.

I за пакорнымі вярблюдамі
Іду, спакутваны пустыняю.
Скажэце мне, якімі цудамі
Знайду ў пяску валошку сінюю?

Сьвет уяўленьняў мной ня звужаны.
За ворным полем, за разорамі
Бяруць прастору багны-лужыны,
Мой край глядзіць вачмі-азёрамі.

Глядзіць мой край на лёс выгнаньніка.
Яшчэ ня ўсё пакрыта плесьняю.
Прыходзіць доля да выбраньніка
I заручае з роднай песьняю.



* * *

Не кажы мне, што песьні няма,
Што ласкавага слова ня маю.
Я на смутку цябе сунімаў
Шалясьценьнем зялёнага маю.

Гэта-ж творчая радасьць расла.
I цяпер, бачыш, поўная восець...
Зьвяз народжаных слоў да стала
Адвячоркам натхненьне падносіць.

А яшчэ як любоў прыгарне, --
Заварушыцца песьня жывая.
Перадай толькі ноту струне,
I нямая струна засьпявае.



* * *

Архідэя, архідэя!
Ты ня з нашае старонкі.
Кветка тропікамі вее,
Ды мяне зусім ня грэе, --
Я прыгадваю рамонкі.

I сумленьне дапякае,
Аж сьляза ў вачох імгліцца.
Архідэя не благая,
Але ўсё-ж такі чужая
У маёй цяпліцы.



* * *

У нас з табой ідзе ўсё гладка, --
Здаецца так, -- і сьмех, і жарты.
Пагляд аліўкавы, упарты:
Ці запякаецца аладка?

А я, прызнацца, адчуваю --
Усё ня тое, ой ня тое!
Ты -- лятуценьне ня пустое,
Ды не з майго, з чужога краю,

Дзе танец зь лясканьнем па ляжках,
Дзе песьня з пошчакам-фальцэтам,
I піва ў кубках, піва ў пляшках
Б'е цяжкім духам, пенным цьветам.

У вольнай грубасьці баварца
Бывае людзкасьці нямала...
Як моцна ты мяне трымала
У згодзе, радасьцях і сварцы.

А ўсё-ж ня тыя і настроі,
I захапленьні, і гаворка.
3 табой мне соладка і горка,
Адно ня разам нашы мроі.



* * *

Рэйну зь Нёманам ня зьліцца
Аніколі, анідзе.
I палеская крыніца
Песьню ў Альпы не вядзе.

Родны край я не забуду...
Зноў праз боль і праз тугу
Я гляджу, дзіўлюся цуду --
Лашчыць іншую магу.

Чую бурную хвіліну,
Як мужчына і паэт.
Я тану ў твой Рэйн і гіну,
I ўсплываю ў чысты сьвет.

У вачох тваіх, бы ў люстры,
Бачу дробнага сябе.
Гэта нейкі д'ябал шустры
Там на дне мяне скрабе.

Мне балюча. Ты, арліца,
Рвеш мяне ў сваім гнязьдзе.
Кпіць душа мая ў бядзе:
Рэйну зь Нёманам ня зьліцца.



* * *

Да мяне прыходзіш ты, чужая.
Боль гудзе... Ці-ж родную пакінуў?
Я ў мінулым мілых паважаю,
Я нясу букеты успамінаў.

Лес і поле, сад і загуменьне.
Звонкі голас палкай маладосьці.
Хай былі дзіравыя кішэні,
Ды затое сэрца мела штосьці.

Чысьціня і сьціпласьць беднай хаты,
Любасьць там ня знала непагоды...
А сягоньня -- ты, твой дом багаты
I твой флірт
Пад крык апошняй моды.

На тваіх-жа вуснах латка сьмеху;
Іншых звычак, іншае маралі...
У маэстра вырвалі суцеху,
Скрыпку чарадзейную забралі.

I скрыпач бярэ тваю гітару.
Струны стогнуць, а ігра ня тая.
Перагар пачуцьцяў. 3 перагару
Ты ўстаеш -- бразготная, пустая.



* * *

Загарні паперы ў скрутак
I пакінь свой горкі смутак --
Лятуценьняў злую млосьць.
Я прыйшла... I маладосьць

Тут гарачай хваляй плешча...
Навальніца бурных пешчаў.
А няма ласкавых рук,
А няма ў забавах мук.

Я з табой цярплю няўдачу:
Твой адбой спакойны бачу.
Адыйшоўся і маўчыш,
Як галодны ў сьцюжу чыж.

Зразумела, я -- другая...
Тая верыць і чакае.
Ад яе праз акіян
Ты прынёс чабор-цім'ян.

Пахнуць бацькаўшчыны зёлкі...
На чужыне вецер золкі
Вохнасьць гэтую нідзе
Не разьвее, не зьвядзе.



* * *

На ўзьбярэжжы, дзе месца глухое,
Дзе, як кажуць, ніводнай душы --
Мы спакойна ляжалі абое.
Вецер вільгаць на целах сушыў.

Мора штосьці аб райскай старонцы
Мармытала, як бабка ў сяле...
Ах, як добра нам грэцца на сонцы!
Гэта нашая радасьць, але...

Толькі тут не бязьлюдзьдзе Палесься,
3 морскiх скалаў хто-небудзь зірне!..
Павярнулася ты і сьмяешся,
I спакусай ляжыш на сьпіне.

А купальнік скамечаны збоку
Нахіліўся кустом над табой,
Каб ня бачыла блізкае вока
Ўсяго скарбу красы маладой.



* * *

Вясёламу зборышчу донна,
Вітаючы, кідае ружы.
Гітара заходзіцца звонам,
Танцорка ў гарачым ускружжы.

Як ветразь, шугае спадніца,
Карункі зьбягаюцца пенай.
Здаецца, што лодка імчыцца
Імкліва пад бурай страшэннай.

А вочы, як зорачкі ночы,
Іх чорная золь не згасіла.
Яны зь цяплынёю жаночай,
Той позірк -- таемная сіла.

Вясновыя чары дзяўчыны!
Пачуцьцяў расьце навальнiца.
Мне хочацца з гэтай прычыны
За мачты, за рукі ўчапіцца.

I гойдацца з лодкай на хвалі,
Прызнацца прыгожай гішпанцы:
Мы зь ёй маладосьць захавалі,
Мы жарсьць замыкаем у танцы.



* * *

Капцюрыць ахвяру каршун...
Кахае яна Дон Кіхота.
Аморавы крык увушшу,
Прадоньне ўваччу і сьпякота.

Аблічча ў цудоўным сьвятле...
Зь вянком маладая сустрэне
Героя свайго. А далей --
Раздражнены бык на арэне.

Зьвярыная пожадзь, ізноў
Зьявіся, каб нэрвы трымцелі.
Ад пешчаў -- аж кроплямі кроў
На здрапаным, змораным целе.

I ўся ў захапленьні яна.
Вікторыя ў прагных намерах.
Ці ейная ў гэтым віна,
Што радасьць ідзе ад тарэра.



АПОСТАЛ КАХАНЬНЯ

Прырода Палесься
Яго напаіла
Крынічнаю песьняй,
Зарой небасхілу.

I выйшаў ён проста
Зь вясковага раньня,
Як новы апостал
Людзкога каханьня,

Такога зямнога
Жывога каханьня,
Аж болю замнога,
Трывог і згараньня.

Ці ў гэтым загана?
Ці-ж доля схлусіла?
Пад сэрца загнана
Прыгожая сіла.

Палескіх гушчараў
Ён мовы ня кінуў.
Ня страціў тых чараў
На бруку Брукліну.



ЧАРОМХАВЫ ЧАД

У жывым харасьцьве
Песьня шчасьця плыве.
Белы сад. Сьмех дзяўчат.
I чаромхавы чад.
Юр-вясна на траве.

Дзень чароўны такі
Выслаўляюць шпакі.
А дзе-ж ты, залаты?
Гоніш дзесьці плыты.
Кожны крок твой цяжкі.

Дзе прыпынак твой? Дзе-ж?
Ты, гаротны, плывеш
Ад сяброў, ад братоў
Да чужых берагоў.
А каму там пяеш?

Мо далёкай вясьне?
Мо згадаў і мяне?
Хатні лад. Белы сад.
I чаромхавы чад...
Гэта-ж сэрца кране.



ТАНЦОРКА

Людзкі натоўп стаіць сярод
Шырокай вуліцы.
Там кастаньеты сыплюць шрот,
I ў гуках чуецца:

Мая радня,
Мая сям'я,
Мая Гішпанія!
Сьпяваю я,
Танцую я, --
Але ці-ж пані я?

Ці-ж лёгкім рытмам зараблю
Віна і хлеба я?
Люблю мастацтва,
Край люблю,
Багацьцем грэбую.

I сьмех гітары загайсаў
Над сіньёрытаю.
Жалобным шалікам каса
Мая акрытая.

А весялосьць расьце ўдвая
I ў ёй я плаваю.
Сьпяваю я,
Танцую я,
Жыву забаваю.

Прыветным позіркам тваім
Мой спрыт распалены...
Ты стаўся блізкім, дарагім,
Маёй крышталінай.

Дармо схаваўся між чужых
I ўторыш воплескам.
Ты да мяне цяпер бяжыш
Праменным водбліскам.

Сьпяваю я,
Танцую я,
Гульліва-сьмелая...
Краіна ў сьнежані твая
Бяскрайня-белая.

I там таксама сонца ёсьць,
А хмары сьцелюцца,
Прайшла твая там маладосьць,
А зь ёй мяцеліца...

Цябе я песьнямі любіць
Хачу нясьпетымі,
У бубен біць,
Абцасам біць
I кастаньетамі.




РЫМЛЯНКА

Кахаць, гарэць, і зь ёю жыць,
I ў хаце мець ня наша слова.
Ці ня чуваць, што ў сэрцы сыць
Займае месца паступова.

I песьні поўдня, і віно,
Утульнасьць, мяккія пасьцелі...
А ці ня ў роспачы адно
Жывыя мары зашасьцелі?

Чаму Італія мяне
Сваёй красой зачаравала?
Чаму я ў гэтай старане
Пачуцьцяў выказаў нямала?

Гарачы сонечны настой
Плыве прастораю шырокай.
Схіліўся вобраз нада мной
Рымлянкі смуглай, чарнавокай.

Яна ўплятае ў косы-смоль
Маё ўстрывожанае сэрца.
I я ў палоне. Чую боль.
Так поўна папрыкі і перцу!

Мне горка. Вырвацца хачу
3 удушша чаду і прынады.
Крычу я лёсу-асначу:
Мне не дасі ніякай рады!

Разлад ад роздуму майго...
Мая мадонна без кароны.
Замест пшанічных пірагоў,
Яна мне варыць макароны.

Замест лагодных нашых слоў,
Яна мне «прэга» прамаўляе.
Таму я з прагаю гатоў
Паслухаць голас майго краю.

Сіньёра, радыё ўлучы!
Пастаў на ведамыя хвалі,
Каб беларусы з далячынь
Мне гаварылі і сьпявалі.

Пачую роднае, сваё --
Сьвятыя гукі нашай мовы.
Як мы шчасьлівыя ўдваёх
Былі-б, каб іншыя умовы!

Каб ты ў жытнёвыя палі
Даўней выходзіла сьпяваці,
Каб нашы звычаі былі
Не супярэчлівымі ў хаце.

На жаль, мой край табе чужы,
Мой кожны чьн -- незразумелы.
Ты пра каханьне не кажы:
3 дурноты ўзбуджаныя целы.

I гэта цягне нас на дно,
I розум жарсьцяй патаптаны.
Ці не самотнае судно
Плыве ў сівыя акіяны?

На пяцьдзесятай на вясьне
Мая душа ў трывозе тужыць.
Я бачу Бацькаўшчыну ў сьне,
Мне радыё на радасьць служыць.

Паслухаць роднае! Шрубкі
Круці, пастаў на тыя хвалі,
Каб беларусы-землякі
Мне гаварылі і сьпявалі.

Ты чуеш? Льлюцца галасы!
I ціхі шум у радыёлі.
Здаецца, жыта і аўсы
Шасьцяць сасьпелыя на полі.

Усе дарогі ў Рым вядуць, --
Старая прыказка вядома.
А можа ў Менск? У Вільню? Жмудзь?
Чаму ў Італіі, ня дома?

А дзе мой дом? Дзе сваякі?
Ці застанецца ўсё забытым?
Узяць-бы сьцежку нацянькі,
Ісьці і жыць вясковым бытам.

I цішыня, і супакой,
Бярозка, бусел ля балота...
Рымлянка, сёньня я з табой,
А заўтра -- смутак і самота.

Утоіць думкі не магу:
Тваёю песьняю сагрэты.
Але на нашым мурагу
Сьпяваюць лепшыя кабеты.

I я ім блізкі, я ім свой...
Ты толькі чар паўдзённай казкі.
Хіба на старасьці сівой
Нам разыйсьціся з добрай ласкі.



СУСЕДКА

Сьпеў тарантэлі,
Уздохі бубна...
I ўсё Ў гатэлі
Так дружалюбна.

I шум няспынны
Жыцьця і мора
Глушыў хвіліны
Людзкога гора.

А дзесьці ў скалах,
Дзе змрок лілёвы,
Душа шукала
Красу і словы.

Ці-ж вобраз высах?
Сатлелі скарбы?
На кіпарысах
Гусьцелі хварбы.

Суцішнасьць рухаў
I звон цыкадаў.
Я казку слухаў,
Я ў казку падаў.

I -- лятуценьні...
Пляту я ценi
Цяжкога лёсу
У сонца косы.

Ды апаўночы
Заплюшчу вочы.
А на сьвітаньні
Паэма ўстане.

Я ўцешны, рады:
Ізноў цыкады...
I ўжо ня казка,
А песьня-ласка!

I матылёчак
Пырхне над кветкай.
У мой пакойчык
Зірне суседка.

Свой спрыт пакажа:
-- Прыбегла з пляжа.
А вы ў пасьцелі!
Што? Лятуцелі?

Яна ў бікіні,
А я ў піжаме.
Мне жартам кіне:
-- Мяжа між намі.

Я маю дваццаць,
Вы -- двойчы з гакам...
Пачне сьмяяцца
Пытальным знакам.

I побач ляжа,
Нібы на пляжы.
Абдымкам зьвяжа
I гэтак скажа:

-- Ах, мама-тата!
Усё куртата:
Ў маім убраньні,
Жыцьці, каханьні.

А вы на сьвеце
Пазналі дзівы.
Мяне вазьмеце
Ў той сьвет праўдзівы.

I сьмех рассыпле...
Такой дзяўчыне
Паэт адчыне
Свой талент сьціплы.

Яна, як бэбі;
Дзьве зоркі ў небе,
Зара палае,
I мора грае.

Я тое раньне
Схаплю рукамі.
Вузейшай стане
Мяжа між намі.

Мы возьмем мячык
На пляж. Над морам
Гадоў дзіцячых
Гульню паўторым.

I скажуць людзі:
Блазноцтва гэта.
А з намі будзе
Пачатак лета.



ПАЭТУ-ЗЕМЛЯКУ

Карысьць ня ў золаце набытым,
Ня ў тым, што маеш кадыляк,
Не над карытам-дабрабытам
Лунае шчасьце, мой зямляк!

Ты нападаеш на калегу
I сыплеш жорсткую жарству...
Калега-ж твой пяе кунегу,
Кладзе паклоны хараству.

Ён любіць сонца, сьмех дзявочы,
I кіпарысы на паўдні.
Пяе пра вёсны, вусны, вочы
I пра вячорныя агні.

Яму й на Капры сьняцца хаты,
Лясы і качкі над вадой.
Пачуцьцяў скарб ляжыць багаты
Ў душы заўсёды маладой.

Яму і ў чорныя часіны
Ярма, няшчасьцяў і вайны
Цьвілі сьняжынкі, як язьміны,
I ён ад вершаў быў п'яны.

I ён случанкі падарунак --
Прыгожы тканы паясок,
Дарожны кій і дзедаў клунак,
I краю нашага пясок,

I з поля белыя рамонкі,
I па радзіме боль-тугу
У запаветныя балонкі
Прынёс на чыстую вагу.

Вось тут ягонае багацьце!
Такое маюць случакі!
Бярэце! Голасна чытайце
Жывыя звонкія радкі.

У іх гаворыцца адкрыта:
Паэт, свой талент ня душы!
Твой скарб ня там, на дне карыта,
А ў глыбіні людзкой душы.