Дарогi
Крушына Рыгор
Увесь зборнік
ДАРОГІ
Мае дарогі -- напрасткі,
Прыходзяць радасьці пасьля.
Імчацца ў сьвеце цягнікі,
У шумным руху ўся зямля.
Вада і маякоў агні,
I самалёт, і сінява...
Вядуць шляхі далячыні
Ў багацьце мрой і хараства.
Пазбыцца гора і нуды --
На крылы трэба ўзяць свой лёс.
Вакол паэзіі сьляды,
Я іх у кнігу перанёс.
I ўсім, каго бяда пячэ,
Я зычу радасных дарог.
Прызнацца, я хачу яшчэ,
Каб дарагі чытач мой мог
Знайсьці дарогі заварот
Да сьціплай лірыкі маёй,
Каб быў здароў, каб жыў сто год
3 дабром, з сумленнай чысьцінёй.
РОДНЫЯ ГУКІ
Зноў абуджаюцца родныя гукі,
Я не самотны -- натхненьне са мной.
Думка трывожная ў часе разлукі
Цягнецца звонкай ігранай струной.
Слова, што ўладна і ладна ўплялося
Ў лёс мой, жыцьцё і пачуцьці мае, --
Як на палёх пад вятрамі калосьсе,
Бурнаю хваляю сёньня ўстае.
Слова сьпявае. Палае. Чаруе.
Матчын запеў -- нясуцішны -- у ім.
Я пазнаю гэту праўду старую.
Сьвет, цэлы сьвет б'ецца ў сэрцы маім.
Хочацца добрае ў песьню укласьці!
Я перажыў колькі сьветлых гадзін.
Слова мяне ратавала ў няшчасьці
I суцяшала, што я не адзін.
Зноў я праходжу праз творчыя мукі,
I зацьвітаю вішнёвай вясной.
I абуджаюцца родныя гукі...
Я не самотны, бо слова са мной.
ДАРАГОЕ ІМЯ
Калі сэрца болем пражыцца
I ў тузе смылець пачне,
Мая думка бударажыцца,
I я чую -- лёгка мне.
Больш балючае ня мучае.
Імя Бацькаўшчыны тут,
Як чароўнае, гаючае
Дзіва-зельле, сонца, цуд.
Ці паміж людзей пачуецца,
Ці ў самоце ўскалыхне, --
Сьвята і на нашай вуліцы,
Скажам проста, у мяне.
Напамінкам імя гэтае:
Продкі -- крэўныя -- свае...
Цяплынёй яно сагрэтае,
Мне бадзёрасьць надае.
Я на момант амалоджаны,
Мрояй цешуся цішком:
Шлях далёкі і няходжаны
Зьвіты слуцкім паяском.
ВЯСЬНЯНКА
Вясна! Ці забыць хто можа
Спатканьні і спадзяваньні?
Дразды так пяюць прыгожа
Ў любоўным замілаваньні.
I вечар ступае блізка
3 бязьлюдным начным антрактам.
А хмарка цяжкая нізка
Навісла над сьветлым трактам.
Вільготнае вецер гоніць,
I пахне зямлёю квасна.
Жаўрук з жаўручыхай звоніць
Аб тым, што ім сёньня шчасна.
Напэўна, у іх вясельле.
Зьвінелі яны пад хмарай.
Пасьля на ральлі прыселі
Прытулена, моўчкі, парай.
Пакуль не найшло сутоньне
I сонца пакуль на схіле,
Закруцяцца птушкі ў звоне.
Законы вясны -- у сіле.
БЕЛАЯ ТУГА
Зарунела ярыца ў палёх,
Сад убралі вішні белым цьветам.
Родны край у згадках смуткам лёг.
Смутак стаўся лёгкім і сагрэтым.
I ня чорная, а белая туга.
Зноў мінуўшчынай зайграў гармонік.
Скрып калёсаў. Над канём дуга
Абыймала неба i сасоньнік.
Скрозь дугу я ў далеч пазіраў.
Дзесьці там -- і горад, і навука.
Адыйшлі хаціна, сад і стаў.
3 блізкімі і роднымі -- разлука.
Смутак раніць. Смутак -- войстры штых.
Праз гады пачуўся водгук сьмеху.
Я знайшоў сваё сярод чужых --
Шчасьце, слова і маю уцеху.
Можа белая туга засьне,
Сьціхне боль пакутлівай разлукі,
Бо дарогі радасныя мне
Працягнулі сонечныя рукі.
ПАД ПАЛЬМАМІ
Мая доля мяне завяла
Ня ў шынок, ня ў дрыгву, не ў багэму,
Не ў халодны пакой да стала,
Дзе рэдактар зьмярцьвіў-бы паэму.
Завяла мяне доля туды,
Дзе сьпяваюцца гімны і псальмы,
Дзе ля мора стаяць гарады,
Кіпарысы, плятаны і пальмы.
Навакол расчыняецца сьвет,
I сьпявае жывая прастора.
Нават птушка -- актор і паэт,
Толькі мовай ня нашай гавора.
Дзесьці ў садзе гукаў папугай:
-- О, бамбіна, бамбіна, чы здрова,
Гутэн таг, эўхарыста, гуд бай...
3 беларускае мовы -- ні слова.
Мне-ж хацелася-б гэтак пачуць:
-- Добры дзень, вам маё шанаваньне!
...А калі беларусы пачнуць
Па краінах турызм, вандраваньне?
ПАМПЭЯ
Трохі цярпеньня! За колькі хвілінаў
Дзесьці прыгожы адплыў краявід,
I аўтабус падкаціў да руінаў.
Весела нам усьміхаецца гід.
Групу цікаўных вядзе праз Пампэю.
Нешта тлумачыць. Ня чую яго.
Але трагэдыю я разумею,
Сам перажыў на руінах свайго
Гораду Менску, дзе цэглы гарэлі,
Бэлькі зялезныя гнуліся спрэс.
Тут і ня знойдзеш, бадай, паралелі:
Выбухі, полымя, сьмерці экспрэс.
Неба гуло. Бомбы падалі густа.
Хваля агню, нібы лява плыла,
I шаткавалася ўсё, як капуста;
Гэта другая Пампэя была.
Можа таму смутак горкласьцяй сьпее.
Зноў я ў жалобе маўкліва стаю.
Я на руінах антычнай Пампэі
Боль адчуваю і страту сваю.
У СЫЦЫЛІІ
Ты з кактуса сарвала плод
3 танюсенькімі голкамі.
Усьмешкай твой скрывіўся рот
I словы выйшлі колкімі.
Ты мне сказала: -- Не бяры!
Сыцылія гасьцінная,
Але салодкасьць унутры
Пад шорсткаю лупінаю.
Ах, асьцярожна. Я сама! --
I колецца, і хочацца,
Бярэш ты пальцамі двума,
Ружовы мякіш сочыцца.
А стрэмкі мучалі цябе,
Ты не хацела жаліцца.
Я разумеў, што боль скрабе,
Калючак не пазбавіцца.
Як ні стараўся, а дарма!
На пальчыках трымаюцца.
Я пацалункам іх вымаў,
Таксама ня вымаюцца.
ПРЫСАДАМІ
Паклон дарожанькам бясконцым.
Прайду я трохі пехатой.
Прыемна пахне цьветам, сонцам.
Лугі ў духмянасьці густой.
А прыдарожныя таполі
Паклалі цені на траву.
Пшаніца ціха шэпча ў полі,
Што я валошкі не сарву.
Іду. Ніхто не зьневажае,
Ня ганьбіць лаянкай ніхто.
Сьпякота ўпартая, чужая,
3 мяне здымае паліто.
Я ня шукаю тут падтрымкі,
Сустрэчны вецер -- песьні сват
Бярэ мяне ў свае абдымкі
I цягне лёгка ў цень прысад.
I сяду я на белы камень,
Каб адпачыць, пасьля ізноў
Ісьці, ісьці ў жывым блуканьні
Да лепшых мрой, да лепшых сноў.
ПАРЫЖ
Парыж, Парыж! --
Пяюць у кабарэце.
Краса, гарыш
У ботах і ў бэрэце.
Хусьця няма,
Табе няма спакою.
Няўжо сама
Захоплена сабою?
Сьмяецца твар...
Сарваныя фіранкі:
Краса -- тавар,
Пазорнае -- за франкі.
Парыж, Парыж, --
Заходзяцца аркестры.
Каменны крыж
На сэрцы -- у маэстры.
На скрыпцы смык
Гульліва піліць струны.
I бляск і шык
Зрываюць змрок чыгунны.
Краса -- тавар,
Пазорнае -- за франкі.
Сьмяецца твар
Аголенай вакханкі.
Усьмешка аж
У сківіцах скавыча,
Галоў віраж
Яна прынадна кліча.
Глядзяць усе --
Красуня ў зыркай пляме.
Жывой красе
Ня лёгка перад намі.
Блішчыць ня медзь,
А золата прыгожа.
Адно глядзець
Ня кожны сьветла можа
На прыгажосьць,
На чыстую натуру...
Дурная млосьць
Ідзе ад злога юру.
Парыж, Парыж, --
Пяецца ў кабарэце.
Краса -- наўзвыш.
Вы нізка не бярэце.
ЭЙФЭЛЕВА ВЕЖА
На Эйфэлевай вежы
Гуляе вецер сьвежы.
Ён тут гарэзны гаспадар,
Мне дзьме ў патыліцу і ў твар.
I проймай абыймае,
I мой настрой трымае.
Я пазіраю навакол,
Як птушка ўзьлётная на дол.
Стаю над панарамай.
За Трыюмфальнай брамай
Праз Элізэйскія Палі
Палацы, паркі паплылі,
Старое места, плошчы,
Мантмартр, кафэ, любошчы...
На вежу я высока ўзьлез,
Вачыма -- за Булёнскі лес.
А лятуценьня сіла
Мяне вышэй насіла,
Каб сэрца прыгадаць магло
Мой край і роднае сяло.
NOTRE-DAME
У Парыжы ёсьць сабор Нотр-Дам.
Хараство і веліч! Дзіва звышдзівоснае!
Як-жа вам я ў слове перадам
Захапленьне ў вобразы непераноснае?
На сьцяну ня голуб, ня жураў
I ня зьвер, а злосная пачвара ўбілася.
Страх! На Гмах сьвяты я пазіраў,
I душа мая цішком перахрысьцілася.
А пачвары -- зьлепкі мастакоў
Прамаўлялі мне, што трэба тут ачысьціцца,
Што ўвайсьці ня проста ў мірны схоў,
Як звычайна зацікаўлены ў турыстыцы.
Не дарэмна з-пад пяра Гюго
Хараство глядзела вечнай Эсмэральдаю,
I пачварны Квазімода праз яго
Званаром быў, клічам, Божаю прыладаю.
Я ўвайшоў, і адчуваў нутром:
Я пабожным чыстым пачуцьцём закрануты,
Бо Нотр-Дам ня толькі Божы Дом --
Дух Сьвяты, каменнай рызаю апрануты.
СЯРОД ЧУЖЫХ
Чорныя вочы, чорныя вочы,
I ўсюды ўсё чорнае, чорнае.
Позірк мужчыны, позірк дзявочы --
Змрок ночы, затоны вячорныя.
Мройныя вочы ветлай Чыліты
3 густой цямрынёй, а ласкавыя.
Цёплы агеньчык, сьмехам прыкрыты,
А ёсьць і зусім няцікавыя.
Чорныя вочы... Хіба я ўбачу
Блакітныя, а хоць-бы шэрыя?
Крочу паволі, проста наўдачу,
I людзкасьці, шчырасьці веру я.
Шум каля крамаў. Бачу -- заўзята
Гандлююць віном і бананамі.
Надта страката, пышна, багата
3 таварамі парассыпанымі.
Кветкі, кілімы, розныя рэчы
I людзі з чужою гаворкаю.
Іншыя песьні, месцы, сустрэчы...
Ці сталася доля мне горкаю?
РАМОНАК ТЭНЭРЫФЫ
Як стан арэшыны
Зімой асьнежаны, --
Красой застрэшаны,
Расой асьвежаны.
I нагінаецца
Сьцябламі тонкімі
Дый усьміхаецца,
Глядзіць рамонкамі.
Пялёсткі белыя,
Сардэчка жоўтае.
Аж набалелае
Пад грудзі боўтае.
I незабыўнае,
I штосьці роднае.
Ах, дрэва дзіўнае,
Увагі годнае.
Яно ўсьміхаецца,
Глядзіць рамонкамі.
Ізноў згадаецца
Мая старонка мне.
ЦЫКАДЫ
Было апаўночы.
Ужо на эстрадзе
Сьпявачка кіпела «Гранадай».
I палкія вочы
Насустрач Гранадзе.
Трашчаць кастаньеты цыкадай.
За песьняю -- скокі,
I голас гітары.
Танцорка ў гарачым запале.
А я ўжо далёкі...
Употай, праз мары,
Мне ў вочы дзьве кроплі запалі.
Сяджу лятуценна.
Маё млее цела
Ў бяссоньніцы з доўгай дарогі.
Шампанскага пена
Ў крышталі асела,
А смагу суняць няма змогі.
Здалося, у скронях
Заміж кастаньетаў
Цымбалы зьвінелі, дурэлі.
Бягу ад староньніх,
Ад высмаглых кветаў.
Ноч. Сьвежасьць. Цыкадавы трэлі.
МУЗЭЙ КУЛЬБЭНКЯНА
У Партугаліі калісьці
Жыў армянін пан Кульбэнкян.
Пачаў з таго, што боты чысьціў,
Пасьля ён браў шырэйшы плян:
Сусьветны гандаль меў на мэце,
I ў рукі золата плыло.
Зьбіраў каштоўнасьці па сьвеце,
Мастацтва ўносіла цяпло.
-- Ён крыльле славы даў армянам,--
Пра гэта кажа Лісабон.
Вякі стаяць над Кульбэнкянам,
Палац-музэй -- нязмоўчны звон.
Ён звоніць гэтакім багацьцем,
Аж цяжка словам перадаць.
Тут захапленьнем памяць гацім
I ўжо ўсяго не прыгадаць.
Гараць рубіны і тапазы,
Ляжаць раскошай дываны.
Лампады Сырыі, і вазы,
I рэчы грознай даўніны.
Ляжаць таксама манускрыпты
Сівой Арменіі пад шклом.
Гусіных пёраў чуеш скрып ты,
Калі схіліўся над сталом.
Ты чуеш голас тэй эпохі,
Гарачы подых тых вякоў.
Хацеў-бы я спыніцца трохі,
Дзівіцца працай мастакоў.
Антычнай Грэцыі манэты,
Парча, тканіна, габэлен.
Як сонцам, хараством сагрэты,
Стаю задумліва ля сьцен.
Але імклівыя хвіліны
Мінаюць шпарка па паўдні...
Вузоры дзіўныя тканіны
Як-бы ад нашае радні.
Уткана золатам калосьсе
I срэбрам вышыты цім'ян.
А можа гэта мне здалося,
Купец вялікі Кульбэнкян?
Я ўсё-ж упэўнены, тут мусіць
У скарб сусьветнае красы
Ўвайсьці і слава Беларусі:
Тканіна Слуцку -- паясы.
ПРАЗ АЛЬПЫ
3 табою менавіта
Гадзіньнік мой ня цікаў.
I час і ўсё -- забыта.
Дарога без пралікаў.
Былі ў раю і пекле.
Хвіліна за хвілінай
I -- Альпы перасеклі,
Паймчаліся далінай.
I ты са мною поруч
Цішком адно хацела,
Каб слодычная горыч
Усхвалявала цела.
Каб хваткая хвіліна
Прабегла лёгкай сарнай
I потым на ўспамінах
Не засталася марнай.
Ноч мылася туманам.
Займаўся ранак срэбны.
Шчасьлівым, закаханым
Гадзіньнік не патрэбны.
БАВАРСКІ КІРМАШ
Кастрычнік у лета сонца пазычыў
I ў Мюнхэн прынёс на кірмаш.
Цяпло і ветласьць вясёлых абліччаў,
I музыка ўсьцяж.
Сядзяць за сталом, хістаюцца ўбокі,
I песьні пяюць, і гудуць.
Літровыя куфлі нават глыбокі
Твой смутак зьвядуць.
3 пяром капялюш, штаны скураныя...
Чужое... А сьмех -- быццам наш.
I сэрца маё тугою ня ные,
Прымае кірмаш.
Баварцы ў забаве. Пеніцца піва.
Засмажаных курак ядуць.
Ядуць бяз відэльцаў нейк асабліва --
Рукамі дзяруць.
I груба, і проста. Тлустыя жарты,
Як шмалец, як горыч пітва.
Баварскі кірмаш! Славуты! Ён варты
Ў сьвятле хараства.
КАЧКI НАД РЭЙНАМ
Я песьняй запярэчу:
Ці дух мой нявідушчы?
Ня спушчаны ў пустэчу,
А пазірае ў пушчы.
Гляджу я на лагчыны
3 высокай вежы мрояў.
Сябе з тае прычыны
На добры лад настроіў.
Лятуць над Рэйнам качкі,
Яны з Палесься, мабыць.
Мяне мае зямлячкі
Гукаюць, важка вабяць.
Лятуць панізе блізка --
Я ім не паляўнічы.
Аж радасная рыска
Сьвятлее на абліччы.
Я задуменна бачу
I лес, і луг, і поле,
Мой лёс і вершаў дачу
Ў глухое навакольле.
НА СКВЭРЫ
Да мяне неспадзеў
Расчуленьне прывёў:
Ты на сквэры сядзеў
I карміў вераб'ёў.
У цябе на калена
Верабейчык прысеў.
Значыць -- добра, сумленна,
А благое ў адсеў.
I з даверам сініца
Ўсё бліжэй да цябе,
На далоні крупіцу
3 падзякай дзяўбе.
Я ня ведаю, хто ты --
Турак, грэк ці харват.
Бачу, шчодрасьць пяшчоты
Твая нарасхват.
Птушкі чуюць інстынктам,
Дзе дабро і любоў.
Тут я сэрцам раскрытым
Прытуліцца гатоў.
ПАДАРУНАК 3 ГРЭЦЫІ
Любка-галубка,
Ты з радасьці цьвіла.
Запрасіла сёньня
Мяне да стала.
Перапечкаю мяне
Частавала.
Радасьць цёплая цябе
Хвалявала.
А ці-ж гэта мала
Для мяне
У чужой далёкай
Старане?
Твой ласкавы позірк,
Пацалунак --
Даражэй
За сьціплы падарунак.
Радасьць тая
Біла аж да сьлёз.
Торбачку я з Грэцыі прывёз.
Торбачка ваўняная,
Хораша сатканая.
У яе ты будзеш класьці
Свае мроі,
Сваё шчасьце.
ЛЯБІРЫНТ
Мы на Крыце. Казкай -- Кносас.
Цуд-палац. 3 каменьня кладзь --
Лябірынт. Нас гіды просяць,
Каб ад іх не адставаць.
У блуканьні шмат паўтораў,
3 глыбіні бяда крычыць.
Безьліч цёмных калідораў,
I пакояў ня зьлічыць.
Нітак мне ня дасьць царэўна,
Я прайсьці і сам гатоў...
А твая душа напэўна
Мае тысячы кутоў.
Таямнічая заўсёды,
I таму стаю наўзбоч.
Там -- заблытаныя ходы,
Цемрай спутаная ноч.
Я загінуў-бы бязрадна
Ў гэтай спутанай начы.
Нават ніткай Арыядна
Не магла-б дапамагчы.
БЯСЕДА
Гула, як вулей пчол, тавэрна.
Сьпявалі грэкі рыбакі.
Шум узьнімаўся нейыаверна,
Праз дзьверы плыў на ўсе бакі.
Я не ахвотнік да заскокаў,
Але цікаўны да ўсяго.
Насустрач шуму. Колькі крокаў --
I ў кут, дзе стол на аднаго.
Адтуль навокал пазіраю,
Выснову робячы насьпех:
Хіба ня голас майго краю --
Вясёлы крык, прыязны сьмех?
Мяне заўважылі адразу
I запрашаюць да сябе...
Адмову прымуць за абразу
I скоса глянуць на цябе.
Я ўстаў. Чаго сядзець наўзбоччы
Самотным дзедам у кутку?
Тут да мяне рыбак падскочыў,
Бярэ ласкава пад руку.
Вядзе, як добрага суседа,
Якога ведае даўно.
У іх прасьцецкая бяседа:
Кавун, і рыба, і віно.
Я апынуўся ў цесным коле
Вясёлых простых маракоў.
Я слаўлю цёплае застольле,
П'ю за здароўе рыбакоў.
Яны пяюць хвалу Эгэю,
Відаць, багаты мелі ўлоў.
Я вычуваю, разумею.
Усьмешка кажа мне бяз слоў.
Размова вяжацца рукамі,
На тварах міміка расьце.
I зразуменьне паміж намі,
Як недамоўка у лісьце,
Як тыя кропкі, што каханьне
Стаўляе часам пасьля слоў.
Да сэнсу слабне намаганьне...
Усьмешка ветлая ізноў
Зьяўляецца і выручае,
Яна прыязна цешыць нас.
Няма журбы, турбот, адчаю...
Ідзе бяседа ў добры час.
У ЕРУСАЛІМЕ
Я прыбыў з турыстычнаю групаю
На Сьвятую Зямлю.
Я паволі за групаю тупаю,
Радасьць верай кармлю.
Гэту радасьць -- жывую, прасторную --
Ці ў жыцьці спапялім?
Горад сьвятасьці, славы і гонару,
Вечны Ерусалім!
Плошча шумная... Вузкаю вулкаю --
Шлях цярністы Хрыста.
...Храм гарыць залатою цыбулькаю.
Крыж Гальготы... Пліта...
Людзі моўчкі ў Царкве, як над помнікам
Сузіральна стаяць.
Мне хацелася палкім паломнікам
Гроб Гасподні абняць.
I ў наш век, Вялікоднай Нядзеляю,
Памаліцца ізноў,
Каб адчуць у душы цытадэляю --
Слова, Цуд і Любоў.
У САХАРЫ
Пяскі, пяскі... Пустыня.
А сэрца маё грае,
На згадках не астыне,
Пакінуты мой краю.
Руды вярблюд ступае
Маўкліва і пакорна,
I ўсьлед туга тупая.
Утомна. Цяжка. Горна.
Ён скаргі не пакажа,
Хоць на гарбе вярблюда
Рыпіць, хрыпіць паклажа,
Як доўгая прастуда.
У смутку каравану
I я свой боль утою,
I скардзіцца ня стану,
Што з торбаю пустою,
Што без вады, і ў страце...
Аазіс дзесьці блізка.
Я сэрцам там, дзе ў хаце
Была мая калыска.
А ТУТ ІНАКШ
У нас быў сьнег, калядны сьнег,
Завейны і пагодны.
Ляпілі дзеда. Санкі. Сьмех.
Сьняжкі. I гоман родны.
I ў белых шапках хата й сад,
I сьнежныя натрусы
На ўсіх кустох. Вось акурат --
У палатне гіндусы.
А вецер дрэвы ў лесе трос,
Ігліцы хвояў шкрабаў,
I тонкае гальлё бяроз,
I медзь дубоў і грабаў.
Ды матылькамі сьнег ляцеў,
I падаў белы, белы...
А тут інакш. Тут сонца, сьпеў
I кіпарыс зьнямелы.
Ні сьнегу, ні завей няма,
Ні глебы з лісьцем прэлым.
Стаіць зялёная зіма,
I толькі людзі ў белым.
У ДАМАСКУ
Сядзіць ён і курыць нязьменна,
I курчыцца зябка. Чаму?
Як быццам халодная пена
Яму замяніла чалму.
Чаму пазірае цікаўна?
Ці тоіць арабскую злосьць?
Хіба гаспадыня няўпраўна,
Ня ёсьць задаволены госьць?
Ці можа таму, што ласкава
Зірнула мне ў вочы яна?
...Якая гаркавая кава!
Здаецца, з дамешкай віна.
А можа і ўпраўду здаецца,
I кава ня кава, а мёд.
I сам гаспадар ня злуецца,
3 кальяна пачуў свой узьлёт.
Я бачу і ветласьць, і ласку.
А зброя блішчыць на сьцяне.
Я госьць паважаны ў Дамаску...
Араб усьміхаецца мне.
АЛЕКСАНДРЫТ
Дзесьці там, за морам, у Каіры
Я па шумных вуліцах хадзіў.
Заклікалі ў крамы ювэліры
I тавар паказвалі наўзьдзіў.
А спачатку кавай частавалі,
Як той дзёгаць, чорнай і густой.
Залатыя рэчы і крышталі
Выстаўлялі ўкруг перада мной.
-- Разглядай, як госьць. Чаго сьпяшацца?
Таргавацца потым, маем час.
Вось пярсьцёнак філіграннай працы,
I рубін, і дымчаты тапаз.
I яшчэ жывыя самацьветы --
Амэтыст, смарагд, аквамарын.
Магараджы, прынцы ўсяго сьвету
Падыходзяць да маіх вітрын.
Гэтак урачыста на прыняцьці
Выхваляў багаты свой тавар
У чырвонай фэсцы і халаце
Ветлівы гасьцінны гаспадар.
А чарнявы хлолчык па-арабску
Гаманіў і каву наліваў.
Гаспадар з паклонам: -- Калі ласка!
Недарэмна я сюды зазваў.
У мяне каралі, бранзалеты,
Завушніцы, брошкі для мадам,
Залатыя запінкі ў манжэты...
За цану згаворную аддам.
I гандляр араб міргнуў мне вокам:
-- Ёсьць магічны камень у мяне.
Я яго хаваю ненарокам,
Ён за якасьць хітрую ў цане.
Падышоў паважна да шуфлядкі,
Доўга і паволі адчыняў.
Там каменьчык у пярсьцёнку гладкі
Жухлым бляскам смутак наганяў.
Быў араб паслужлівым, няўтомным.
Паказаў мне свой мастацкі спрыт
3 яркай лямпай у закутку цёмным.
-- Вунь, зірні! Гарыць александрыт.
Я гляджу -- каменьчык ажывае
I цьвіце ў пярсьцёнку залатым.
Пасяродку кропля агнявая,
I гару я сам у цудзе тым.
Зьнік ужо халодны бляклы колер.
Б'е сьвятло, успыхвае яно.
Гэтак промні сыпле ў навакольле
Праз крышталь чырвонае віно.
Гэтак жар палае пад вятрамі,
Асьвятліўшы ў цемры далягляд.
Захапленьне ў ювэлірнай краме
Праняло мяне да самых пят.
Я стаяў нямы, зачараваны.
Зыркае праменьне паплыло.
На такім відовішчы зазваны
Госьць адчуў каірскае цяпло.
Горача. Нябачанае дзіва!
Камень гэты ўносіць казку ў быт.
А гандляр схіляецца пачціва,
Кажа мне: -- Але, александрыт.
Ён цудоўна зьзяе! Так прыгожа!
Гэта-ж радасьць у людзкіх руках.
А зрабіць яго ніхто ня можа,
Толькі мог стварыць яго Алах.
Вось, напрыклад, пэрлы. Жорсткі вырак!
Іх адолеў наш тэхнічны век.
Нават дыямэнты і сапфіры
Вырабляе сёньня чалавек.
Не пазнаць, які між іх праўдзівы, --
Зіхацяць аднолькава яны.
А ў александрыце -- пералівы
Буйнацьвету казачнай вясны.
Гэты камень колерам нязвычным
Хутказьменным, можа ўсіх зьдзівіць.
У сьвятле вячорным, электрычным
Зоркай пурпуровай мігаціць,
I купаецца ў чырвані рубіна.
Дзіўны дарагі александрыт
У мяне, як лямпа Аладзіна,
Толькі не заўсёды лёгкі збыт.
I яшчэ каменьчыку ўласьціва
Пабялець і мёртва замаўчаць,
Калі гора, скруха будзе хціва
Чалавека крадкам дакучаць.
Толькі што, як зорка зіхацела,
А тады -- ніякае сьвятло
Не абудзіць каменнае цела,
Каб ізноў зайграла, зацьвіло.
Уладарка гэтага пярсьцёнка
Мае часта цешыцца, глядзець.
А ў бядзе, калі жальбы пляцёнка,
Ён ня будзе весела ірдзець.
Зьнікне гора, зноў з чароўнай сілай
Заблішчыць, -- гаворыць ювэлір.
-- Не вагайся, а купляй для мілай
Гэты рэдкі ў сьвеце сувэнір.
Ад спакусы цяжка адчапіцца.
Я купіў, і гэты скарб прывёз.
-- Любая, з пярсьцёнка зараніца
Хараством узрушыць нас, наш лёс.
Электрычнай лямпай засьвяці ты,
Загарацца райскія агні.
Але што з тваім александрытам?
Ён бялёса-бэзавы, зірні.
Як-жа растлумачыць гэту зьяву?
Ці мана, ці чары сапраўды?
Не, араб ня вёў крутнёю справу,
Мы з табой нявольнікі бяды.
Страціць Бацькаўшчыну -- ці-ж ня гора?
Страціць родных -- ці-ж ня смутак-боль?
Мо таму ў пярсьцёнку згасьлі зоры,
На каменьчык быццам села моль.
ПРЫДАРОЖНЫ КУСТ
Хіба я здарожаны,
Змораны, зьнясілены?
Не!
Песьняй патрывожаны,
Шэпча куст пахілены
Мне.
Вуснамі зялёнымі --
Шумнаю лістотаю
Куст
Шэпча мне з паклонамі:
-- Захавай-жа цнотаю
Густ.
Хай гучыць мадэрнае,
А старое з плесьняю
Хай!
Хараство нязьмернае...
Дык заходзь ты з песьняю
Ў гай --
У сасновы гай,
Як у родны край.
ЖУРАВІНЫ
Выйшла ў ягады чужына,
Як на сьвята, як на фэст:
I маліна, і ажына,
I парэчка, і агрэст.
I чарніцы ёсьць на рынку,
А жаданага -- наўрад!
Я купіў-бы журавінку --
Прапануюць вінаград.
I чарэшні, і суніцы,
I гранат, і ананас,
I такое, што ня сьніцца,
Нячуванае між нас.
...Ты пазьней знайшла мясьціны,
I цябе я пахвалю.
Ах, якія журавіны!
Мне зварыла кісялю.
Кісялёк той журавінны!
Край мой родны пазнаю.
Я -- і ўдзячны, і павінны --
Бачу любую маю.
А МОЙ СЬВЕТ НЯ ЗВУЖАНЫ
На блакітным глёбусе
Шмат дарог зазначана...
Ты вандроўным робішся.
А ці гэта спадчына?
Дзед ня быў адслужаны,
I ня ведаў кволасьці.
Крочыў ён праз лужыны
Ад сяла да воласьці.
А каб сіла бралася
Таўкачом над ступаю,
Дзед даўней, здаралася,
Вёрстаў дваццаць ступае.
Вось і падарожнае:
Вёскі ўсе знаёмыя,
I шляхі да кожнае --
Блізкія, вядомыя.
А мой сьвет ня звужаны,
Моцна перайначаны.
Не вярстой праз лужыны --
Морам шлях зазначаны.
ЛЁТНАЯ ПАСАДКА
У жыцьці бывае і ня гладка,
Пашукаць ласкавых, блізкіх трэба.
Выязджаем,
Пашукаем...
Нас чакае лётная пасадка.
Ёсьць зямля і пекла, рай і неба.
Дзён няўдалых горкая дамешка
Мой настрой балюча парушае.
Ат, нічога --
Ёсьць дарога.
Суцішае боль чужая ўсьмешка
I чужая радасьць суцяшае.
Сакваяж лягчэйшы. Пухам -- рэчы.
Чуюся бадзёрым, маладым.
Шчасьце ў сьвеце!
На білеце
Мой маршрут і новыя сустрэчы,
Новая зарадка, новы ўздым.
Каб самота нэрвы не пасекла,
Каб хвароба з горам адышла --
У дарогу.
Дзякуй Богу,
Ёсьць зямля і неба, рай і пекла,
Ёсьць дабро, любоў і край цяпла.
МІСІС СЬМІТ
На тэрасу суседняга дому
Я спакойна глядзець не магу.
Прывітаньне жыцьцю маладому,
Там -- трымаюць любоў і тугу.
Ёсьць у слове маім захапленьне,
Ёсьць імкненьне да ясных разваг.
Бачу я хараство і сумленьне,
I цяжар на жаночых руках.
Маладая прыгожая дама --
Лепшы цьвет сьветларусых жанчын --
На паўдні каля мора таксама,
Але мае разьбіты спачын.
Вунь сядзіць у цяньку кіпарыса,
Побач з ёю каляска стаіць.
Хоць усьмешка -- прыветная рыса,
А няшчасьця ня можа ўтаіць.
Бо з расчыненай скрынкі Пандора
Горкіх прыкрасьцяў ссыпала ў быт.
На калясцы калючае гора:
Паўжывы вэтэран-інвалід.
Містэр Сьміт вочы сплюшчыў, трасецца,
У тупую дрымоту загруз.
Гэтак рыба варушыцца ў сетцы,
Гэтак мучыцца сонны мянтуз.
Твар пажоўклы і скрыўлены болем.
Б'е паралюш узапар сем год!
Быў брытанец калісьці вясёлым,
Лёгка зносіў вайсковы паход.
На шляхох, на палёх і ў акопе
Сьмерць круцілася, міма ішла.
I гуляў лейтэнант па Эўропе,
I пашана была, і хвала.
Па вайне не вярнуўся дахаты,
Ён у Швэцыі шчасьце знайшоў.
Ажаніўся. Пасаг той багаты:
Дом, дзьве крамы і шмат барышоў.
А яшчэ і ласкавая жонка.
Дык чаго наракаць і жадаць?
Ажно лёсу ліхая нагонка,
Пацямнела бліскучая гладзь.
Нешта шчасьце з паўгоду трывала,
Можа вынік вайны ўжо такі:
Пацягнула хвароба-навала
Прымака да сябе ў прымакі.
На калясцы калючае гора:
Містэр Сьміт -- інвалід, а наўзбоч
На яго пазірае пакора
Васількамі засмучаных воч.
Рукі млеюць. Сама даглядае...
А ў закутках пляткарства паўзе:
-- I харошая, і маладая!
Толькі ён, як мазоль на назе.
Дык ня трэба пачуцьцяў прачулых.
Каб ня ведаць пакутаў, нягод, --
Аддала-б у шпіталь, ці прытулак,
А пры добрай нагодзе -- развод.
Не зьвяліся ў жыцьці кавалеры.
Хараство іх ня вабіць, ці што?
Але марныя тыя намеры...
Не, ніхто не спакусіць, ніхто.
Місіс Сьміт, місіс Сьміт, дарагая!
Я маўчу. Гэта знак пачуцьця.
Я цішком чулым сэрцам чытаю
Вашу смутную кнігу жыцьця.
Разумею глыбока ахвяру --
Абавязак, сумленьня закон...
Я нясу вам пашану і мару,
I спагаду, і нізкі паклон.
УСЮДЫ ДАРОГІ
Усюды дарогі, дарогі, дарогі...
Бяздомны вандроўнік ня мае прыпынку.
Чужыя пад'езды, чужыя парогі,
I голас уяўны: -- Ці вернешся, сынку?
Дарогі каберцам ляглі на даліны,
На стэпы, пустэчы, на горныя лукі.
Дарогі даюць дарагія хвіліны
Шчасьлівай сустрэчы і горкай разлукі.
Мой дух неспакойны, упарты, палётны
Імкнецца ў нязнаныя пушчы і нетры.
Вунь сьцеляцца роўна асфальту палотны,
Тут -- рэйкі чыгунак, там -- трасы ў паветры.
Я сёньня ў Мадрыдзе, а заўтра ў Нью-Ёрку.
Пакіну пачуцьці па добрых краінах.
Ёсьць песьні на ўзмор'і, узьлесьсі, узгорку,
Гучаць на пяскох, на сьсівелых руінах.
А ўсё-ж наймілейшая песьня, што зроду
Я чуў ад бацькоў, і я ў тым прызнаюся:
Яна ня сьціхае на вуснах народу
Маёй сэрцагрэйнай жывой Беларусі.
Ня сьціхне яна і ў далёкай дарозе.
Я буду сьпяваць, падбіраючы словы.
Мне цёпла ў паэзіі, холадна ў прозе
I горача ў гомане роднае мовы.
Па сьвеце праменьнем кладуцца дарогі,
Расьце хараство на зямлі і на моры.
I я ў падарожжы ня маю зьнямогі,
У працы штодзённай ня ведаю зморы.
Радкі на паперы -- таксама дарогі,
На іх няпрыкметна губляюцца сілы.
Парадак жыцьця непахісны і строгі.
Дарога апошняя -- шлях да магілы.
I згадка міжвольная: бацькава хата,
Гародчык з півоняй, гарошкам і макам.
Усё гэтак міла, так ласкі багата,
I слуцкая бэра прынаджвае смакам.
У сэрцы хаваючы жаль і трывогу,
Кажу суцяшальна сабе я самому:
-- Бяду перажыў. Уцалеў, дзякуй Богу.
А можа дарога спрастуе дадому.
СУГУЧЧА
Я і ў Мюнхэне, я і ў Нью-Ёрку,
Але вершаў маіх перазвон
Ставіць простую мову-гаворку
Пад прыгожы, прыродны закон.
Як мэлёдыя песьні Міляна,
Захапляе, чаруе мяне.
I пачутае «Ой, рана-рана»
Італьянскім сугуччам кране.
Італьянскім! Гішпанскім! Францускім!
Я сваёю заву і -- жыву!
Не замкнуся нагэтулькі вузкім,
Каб Варшаву прымаць ці Маскву.
Я цябе ня цураюся, Захад.
Тваю сілу, культуру і рух
Не адкінуў пагардай-замахам.
Тут я чую скарынінскі дух.
Я і ў Мюнхэне, я і ў Нью-Ёрку,
Але мова заўсёды мая...
I на ўсходзе і захадзе я
Беларускую чую гаворку.
КАМІН
Пад восеньскі вецер сьпявае
Суровай зімы напамін.
Вясёлым цяплом ажывае
Халодны каменны камін.
3 дрывотні набраныя дровы,
Бурштынам смала на кары --
Тут водар сасновы, здаровы.
Камін, палымней, ня куры!
Расьце агнявое бацьвіньне
I горача рвецца ўгару.
Палена хто ў полымя ўкіне --
Убачыць вясну і зару.
Вясну, што прыходзіла ў госьці...
Уявіцца радасны сьвет.
А згадка пакліча кагосьці,
Якога згубіўся і сьлед.
Далёкае ў памяці ўскрыкне,
Праб'ецца жывой баразной.
Апоўначы полымя зьнікне
I попел засьне сівізной.
У ТУНДРЫ
Запрэжаныя ў сані
Прысьніліся алені.
I ты ў палярным зьзяньні
Мне села на калені.
А па іскрыстым сьнезе,
Па шарпаку й сумёце
Пад пугаю гарэзнай
Алені ў шпаркім лёце.
Зьвяры ў жывым гайсаньні.
I тундра ня ў журбоце,
I гойдаюцца сані
На сьмелым павароце.
На лыжні, на закруце
Бягуць парыўна, коса.
I добрыя пачуцьці
На сэрцы эскімоса.
Ён ведае, што пара
У цішы, цяпле, каханьні.
Ці гэта сон, ці мара?
Чуваць -- імчацца сані.
ПОРУЧ
Памаўчым з добрай думкаю,
Поруч сядзьма шчыльней.
Чорны птах нам ня крумкае,
Як даўней.
Чулі мы гругановае
I злавеснае: кра!
Кралі сэрца... Вясновае
Нехта краў.
I тады незаўважана
Маладосьць адцьвіла.
Ня была намі ўзважана
Пахвала.
А хвалілі! I цешыцца
На завузкай зямлі,
Як квахтуха -- у рэшаце,
Мы маглі.
Хоць цяпер і зьмянілася --
Сок яшчэ ў каранёх.
Пражывем Божай міласьцяй
Мы ўдваёх.
ЧАКАНЬНЕ
Чакаю. У мроях -- каханай аблічча.
Сьмяецца бярозка, паблізу якой
Стаіць прыдарожны дубок ваяўніча
3 пудовай дубінай, з галінай цяжкой.
Бярозка мне шэпча: -- Чакаеш? Ня прыйдзе...
А мой кавалер -- маладзенькі дубок
Бароніць мяне ад вятроў. Я ня ў крыўдзе,
I я ад яго не адсунуся ўбок.
А ты адыйдзі! Тут няма вам спатканьня.
-- Бярозка шаптуха, я ў зманлівых снох!
Мяне ці пакліча палеская каня,
Ці я там, забыты, чароцінкай ссох.
Але і ў сухіх чаратох шум чароўны
Я чую, і гэтак на ўзьмежку кажу:
-- Мой шлях на калдобінах, шорсткі, няроўны.
Ня я -- маё слова пяройдзе мяжу.
Мне мроіцца, сьніцца каханай аблічча
Ў таемнай жалобе, пахмурай жальбе.
Мая незабыўная песьнямі кліча
I прывідна туліць мяне да сябе.
ЗДАНЬ ВЯСНЫ
Восень точыцца тугой.
Дзе-ж вясна былая?
Мне сьляза густой імглой
Вочы засьцілае.
Я скрозь вэлюм вадзяны
Бачу твар вясёлы.
Гэта ты -- як здань вясны...
Пахнуць мацыёлы.
На блакітны мокры змрок
Падае праменьне.
У цябе, як назнарок,
Белае адзеньне
Засьвяцілася здалёк.
Я кажу Марыльцы:
-- Ты ляціш, як матылёк.
Парасонік -- крыльцы.
Гэта толькі здань вясны,
Вечар мацыёлаў,
Пах садовы і лясны,
Сны далёкіх сёлаў.
ДАВЕР
Ня гора -- толькі горачка,
А выглядае мулкім.
Цяпер твая каморачка
Зрабілася прытулкам.
I я ў тваёй каморачцы
Адпачываю трошкі.
Мне горна. Як гаворыцца,
Скрабуць на сэрцы кошкі.
Кажу табе я ў споведзі:
Няма са мной адданых.
Я не хачу на повадзе
Быць у сяброў названых.
Яны ў лісьлівай хітрасьці
Даюць наўскос парады.
Мне з памяці ня вытрасьці
Наяўнасьць іхнай здрады.
Ухмылкай рот ашчэрыцца --
Людзкая маскіроўка.
Адно магу даверыцца
Табе, мая сяброўка.
РАДАСЬЦЬ НЕ Ў САКРЭЦЕ
I саломка аб саломку трэцца,
А мы людзі, з нэрвамі, жывыя.
Дык чаго трымаць нам у сакрэце
Радасьць, што вянком вісіць на шыі.
Узьнясецца полымем саломка
Дый іскрою паляціць кастрыца.
А хіба сказаць, сьпяваць няёмка,
Што і ў нас таксама загарыцца?
Загарыцца цэлы сноп пачуцьцяў,
Не дамо і рады, не загасім.
Не заліў я жарсьць, не скаламуціў
Ні рассолам, ні віном, ні квасам.
Зло ў жыцьці мяне не заламала,
Крыўда не сагнула мае плечы.
Хоць было і прыкрасьцяў ня мала,
А я веру ў Розум чалавечы.
Зразумеюць і не пасьмяюцца
Людзі з розумам і сэрцам чулым.
Загарэўся важкі сноп пачуцьцяў --
Значыць, я ня лёг струхлелым шулам.
ДРАЗДОВЫ СЬВІСТ
Я знайшоў спакойную хвіліну
I пішу табе трывожны ліст.
Думаць пра цябе я не пакіну,
Не забуду той драздовы сьвіст.
А было: як сказана ў законе...
I дразды сьпявалі на свой лад.
Мы пасьля сядзелі на бальконе,
Што выходзіў у квяцісты сад.
А ў тым садзе дрэваў перашэпты,
Неяк-жа падгледзілі яны,
Як мы з сэрца клалі свае лепты
У скарбонку радасьцяў вясны.
Вішняў цьвет і посьвіст звонкі птушак,
А найбольш драздоў, не забывай!
Гэта срэбра чыстага гарнушак
Нам на наш вясельны каравай.
Прыязджай! Пачуцьці, як мякіну,
Зьвеяць не магу. Уваж мой ліст.
Думаць пра цябе я не пакіну,
Бо трывожыць зноў драздовы сьвіст.
ІМПЭТ НАТХНЕНЬНЯ
3 дому ня выходзячы --
Без цяпла вясновага.
Кнігі. Госьці. Родзічы.
I нічога новага.
Пішаш, а ня пішацца.
Мроіш, а ня мроіцца.
Літара ўскалышацца
Ды ў вачох патроіцца.
I натхненьне -- ціхае,
I з мікстурай лыжачка,
I на ладан дыхае
Хворым вершам кніжачка.
Не, ня дома седзячы --
Ў падарожжа новае,
Ні на што ня гледзячы,
Ды з маёю моваю.
Пішаш -- добра пішацца,
Мроіш -- верш народжаны.
Мой імпэт ня сьцішыцца,
Па зямлi праходжаны.
СЯРОД МРОЯЎ
Я ад мрояў зноў вясёлы.
Сьвет разгорнуты які!
Побач блізка -- край мой, сёлы,
Маладосьць і сваякі.
I каханая таксама,
I даўнейшыя сябры.
Залатая мабыць брама
Расчыняецца ўнутры
Маіх думак, маіх мрояў
I эмоцыяў маіх.
Я сябе на звон настроіў
I ля брамы тэй ня сьціх.
Мроі цешаць: мы расьсьцелем
Свой вузорысты дыван.
Адгукнуліся вясельлем
Скрыпка, дудка, барабан.
Чую сьпевы роднай вёскі,
Чую сьмех, вясёлы шум.
А з далёкай пагалоскі
Брудны выветрыўся тлум.
ВЯЧОРКІ
Яшчэ агонь датла ня згас,
Дымелі ў печцы галавешкі.
Разварушыла раптам нас
Загадкавасьць тваёй усьмешкі.
Усьмешка кінута на трох,
А кожны з трох быў трагікомік,
I ў дождж, і ў сьнег, і на вятрох
Прыходзіў у знаёмы домік.
Гулялі ў карты. У хлуса.
I сьмех, і выкрык: Звонкі! Крэсьці!
Твая румяная краса
Магла нас біць, круціць і трэсьці.
Мы, размаўляючы з табой,
Былі ў таемным неспакоі.
А ў печцы жар сатлеў. Адбой
Дае нам поўнач у пакоі.
Ты да дзьвярэй праводзіш трох.
Мы разьвіталіся. I пешкі
Ідзем да дому. Хто з нас мог
Пазнаць загадкавасьць усьмешкі?
СЬЦЕЖКА ДА КАХАНАЙ
Да цябе, каханая,
Сьцежка пратаптаная
Не ў альтанку цераз сад
I ня ў хату праз падворак.
Быў чульлівы лістапад
I прырожы адвячорак.
Каля рэчкі Сьвіслачы,
Рукі цёпла ціснучы,
Памятаеш, я табе
Прызнаваўся, што кахаю.
Там у восеньскай журбе
Прашапталі дрэвы з гаю
Нешта мне нясьмелае
I незразумелае.
Быў чульлівы лістапад
I прыгожы адвячорак...
Што нам хата! Што нам сад!
Што нам прыцемкам падворак!
Сьцежка не пясчаная,
Радасьцяй вянчаная.
Мы пазналі дзіўны сьвет...
Разыйшліся ў мірнай згодзе.
Я знайшоў твой чысты сьлед
Праз гады, дзесяцігодзьдзі.
У СЯМЕЙНЫМ ЛАДЗЕ
Ты сядзіш над вышыўкай цярпліва,
Шыеш дробным акуратным швом.
Наш сямейны лад ідзе шчасьліва,
Зьвязаны з каханьнем, з хараством.
Нам ня трэба нейкае парады
Сватаў, дыпляматаў і паслоў.
Паміж нас няма ніякай звады.
Я нясу цяпло суцешных слоў:
Мастакі ня гінуць у галечы,
Покуль хараство у іх жыве.
Гарнастай ня ўскінуты на плечы,
Шалік-самавяз на галаве.
Беднасьць ня прыціснула да сьценкі.
Выдумляеш моду ты сама,
Шыеш фантастычныя сукенкі, --
Гэтакіх на выстаўцы няма.
Я магу на сэрца словы класьці,
А ў цябе мастацкае шыцьцё --
Гэта макавае зерне шчасьця,
Гэта асалоджвае жыцьцё.
НА БЯЗЬЛЮДНЫМ БЕРАЗЕ
Срэбна-залаты пясочны пляж,
Зьзяе сонца на рачной касе.
I гарыць пясок. Бязьлюдна ўсьцяж.
Апаўдні палуднуюць усе.
А мы выйшлі паказаць сябе,
Паспрачацца з сонечным цяплом.
Быццам золата рука грабе
I праз пальцы сыплецца пяском.
Кажуць людзі, мудры Архімэд
Формулы выводзіў на пяску,
Пакідаў для будучыні сьлед.
I каханым гэта -- на руку.
У рацэ нам плюхацца, плысьці,
Лёгка, вольна -- плоткам наўздагон.
Даць нырца, заблытацца ў трысьці,
Выбрацца на бераг, як на ўслон.
Смаліць цела ліпеньскі загар.
Гэта маладая весялосьць
Звоніць сэрцам, як хмяльны званар.
I запал ідзе да нас, як госьць.
АПОШНIЯ РАДАСЬЦІ
Перавяслам пачуцьцяў
Душа перавязана.
Жмут лістоў. Але ў жмуце
Ня ўсё пераказана.
Я трымаю ў шуфлядзе
Лісты твае чулыя.
У ласкавым паглядзе
Сустрэчы мінулыя.
У мінулых сустрэчах
Мы мелі прыемнасьці.
Ня спынюся на рэчах,
Якія ў таемнасьці.
Гэта толькі між намі.
Апошнія радасьці
Будуць мроямі, снамі,
Уцехай на старасьці.
Перавяслам пачуцьцяў
Душа перавязана.
На жыцьцёвым маршруце
Ўсё злагадай сказана.
ІЛЮЗІЯ
Сяджу дрымотна я ў трамваі
I ўжо -- ня сон, а сапраўды
Прыгожасьць сонцам выплывае
Ў канцы вагону з грамады.
У казцы гэткія красуні:
I вочы, і выразны рот.
Як ручку белую прасуне,
Дык расступаецца народ.
Шкада адно, мне выйсьці трэба.
Зачараваны хараством,
Я паўз яе іду. О неба!
Мой позірк гасьне пад брывом.
Яна паблізу ўжо ня дзіва.
Размаляваны твар, як збан.
Ненатуральна, непраўдзіва!
Расчараваньне. Прыкры зман.
Шматок скамечанай паперы
Ў густой лістоце на кусьце
Здалёк убачыў і паверыў,
Што ружа белая цьвіце.
СКЭПТЫК
Ты мне, дружа, гаворыш:
-- Я здаволены тым, што цяпер
Мы спакойна жывем на даверы.
Чалавек чалавеку
Ў нашым краі ня вораг, ня зьвер,
I паклёп больш ня стукае ў дзьверы.
-- Памыляешся, браце!
Той паганы паклёп ня прыціх.
Горка я адчуваю зьняславу.
Ёсьць зайздросьнікі ў сьвеце,
I заўсёды і ўсюды праз іх
Толькі бачым адмоўную зьяву.
I ад іх нагаворы...
I крычаць: -- Крывапівец, буржуй!
Неаднойчы гразёй нехта лёпаў.
А згары фарызэі:
-- Укрыжуй ты яго, укрыжуй
У газэце цьвікамі паклёпаў!
На рэптыльных даносах
Падымалася хваля ілжы,
Шал атрутны грымзоліў паперу.
Гэтак чадзіла ўчора.
А ці сёньня інакш? Не кажы,
Што зьмянілася. Я не паверу.
ЧАЛАВЕК
Чалавек заўсёды чалавек.
Ён з душой прыгожай, ці нягоднік,
На зямлі трывог і небясьпек --
Будаўнік, мастак і вынаходнік.
Хіжым зьверам стаўся-б ён, але
У сабе хавае скарб вялікі:
Свой уласны сьвет, дзе на чале
Гаваркія літары і лікі.
У яго -- дабро і зло ў душы.
Ен сябе агнём ці раз дапытваў.
Свой інстынкт зьвярыны прыдушыў
Сілаю праклёнаў і малітваў.
Чалавек ня птушка, ды палёт
У яго вышэйшы, аж да зорак!
Ён бярэ пачуцьці ў пераплёт
Сотняй розных моваў і гаворак.
Чалавек заўсёды чалавек,
У сабе хавае скарб вялікі:
Хараство і свой уласны сьвет,
Гаваркія літары і лікі.
НАСТАЛЬГІЯ
Сонца, мора і слова ласкавае --
I я чуюся моцным, здаровым.
Толькі мроя ў далёкае плавае,
Усьміхаецца рэкам, дубровам.
I ля пушчы ўстае Белай вежаю,
Як маяк. Ці спакойна з гарэньнем?
Можа лёс пройдзе сьцежкай мядзьвежаю
I сваіх, дарагіх, ня сустрэнем.
Я абвеяны цёплымі крозамі;
Я ў мінулым -- на бацькавым полі.
I гамоняць дарогі бярозамі,
I смуткуюць сухія таполі.
Мроя-думка ў далёкае плавае,
Усьміхаецца рэкам, дубровам.
Там, за той пагранічнай заставаю,
Прасьпяваць не даюць маім словам.
А няўжо вольны шлях перасечаны?
Пілігрымам да прошчы імкнуся,
Да сівых курганоў старасьветчыны,
Да зямлі, што завуць Беларусяй.
КАТРЫНКА
3 білецікамі скрынка,
На скрынцы папугай.
Асіплая катрынка
Замоўкла, і няхай.
Яна ішла з журбою,
3 птушынай буркатнёй.
А дзеці ўсьлед гурбою
Падскаквалі за ёй.
«Разлуку» напявала,
А добрая рука
Капейку апускала
У шапку жабрака.
I лёс усім з паўторам
Выцягваў папугай:
«Уцеха разам з горам,
Шляхі ў далёкі край».
Мы весела, забаўна
Сьмяяліся тады.
У роднай хаце спраўна,
Нямашака бяды...
Ды енчыла катрынка,
Стагнала не дарма.
I чэрствая скарынка,
I сьлёзная зіма.
I край чужы, далёкі,
I ўцеха, i спадзеў.
Я сам -- цяжкія крокі --
Сваю катрынку ўзьдзеў.
Праходжу бераг мора
I млявых піхтаў гай.
Няўжо разлуку й гора
Прарочыў папугай?
Няўжо і мне бадзяцца,
Ня мець свайго кута?
Нярадасная праца
I на душы слата.
I сонца смаліць люта,
На вуснах сохне соль.
3 табой ідзе пакута
Ў сьпякоту, холад, золь.
Пакута -- сэрцу мука,
Галосіць і яна:
-- Разлука ты, разлука,
Чужая старана.
ДЗЬВЕ ВЯСНЫ
Даўней бацькі казалі мне:
-- У нас вясна фіялкавая.
Ты пакланіся ёй, вясьне,
Яна неабыякавая.
Яна сьмяецца раз на год
Падсьнежнікамі, прымуламі.
Другі на сёлета зварот
Малілі, а ня вымалілі.
Вясны падвойнай не спаткаць
3 вярбой, з дубцамі зрэзанымі.
На рунь ідзе, і адцьвітаць
Пачне кустамі бэзавымі.
Ты пакланіся ёй, вясьне,
Ды з песьняю вясьнянкаваю.
Яна ў Палескай старане
Ў сакавіку фіялкавая.
А завітае раз на год,
Кусты распусьціць бэзавыя,
I цэлы год на паварот
Шляхі ў наш край адрэзаныя.
Таму дзьвюх вёснаў не чакай.
Павінны быць усьцешанымі,
Што на вясьне сьмяецца гай
Бярозамі, алешынамі.
Паветра ў сонечныя дні
Аж сокамі насычанае.
I ты глыбей яго ўдыхні --
Сваё, незапазычанае.
...Мінаюць сталыя гады.
I я ў куты аддаленыя
Забраўся. I вясна -- сюды.
Цьвітуць сады міндалевыя.
А як вярнуўся да радні --
I вуліца асьнежаная,
I холад, і ў завеях дні,
I з цёплаю адзежынаю.
Але і тут ідзе на спад:
Цяпло павее сонечнае,
Пакрые белым цьветам сад.
Цьвіценьне хмельна-слодычнае...
I сёньня словы даўніны --
Нямыя, незасьведчаныя.
У гэтым годзе дзьве вясны
Сьпяваюць мне расквечаныя.
СПОЗЬНЕНАЕ ПРЫЗНАНЬНЕ
Не разумелі мы
Цудоўнага багацьця на Палесьсі,
Не вычувалі радасьці
Ад вохнай сенажаці
I ня слухалі сьпеваў прыроды:
Цьвіркуноў у траве,
Жабаў на балоце,
Зязюлі ў лесе,
Пеўняў на сяле.
Мы ня бачылі
Нашых палескіх зьвяроў:
Мядзьведзя-ласуна,
Хітрай ліскі,
Вёрткай ласкі,
Лася і сарны,
Зайца і вожыка.
Мы рыбу лавілі сецямі,
Не шкадуючы малявак.
А рыбы было -- процьма!
Зіхацелі жывым срэбрам
Шчупакі, карасі і плоткі.
I ўсё гэта нас
Не хвалявала,
Не расчульвала.
Мы нічым не захапляліся --
Ні звонам жаўрука ў полі,
Ні сьвістам салаўя ў садзе,
Ні клёкатам бусла на высокім вязе.
Дар бацькаўшчыны
Прымалі мы, як належнае,
Як натуральна звыклае.
Не цанілі.
Не заўважалі.
Не прыглядаліся.
Дразды, гракі і галкі --
Чорныя птушкі
I, здавалася нам,
Ніякай розьніцы няма.
Вароны, шпакі і вераб'і --
У шэрых сьвітках.
А ці ўсё шэрае?
А сьнягіры ў чырвоных камізэльках!
А пярэстыя берасьцянкі і сініцы!
А яшчэ жоўтагрудыя чыжы
Ды іншыя непазнаныя.
Зьвяры Палесься
I крылатыя стварэньні,
Вамі ня цікавіліся мы.
Цьвіль абыякавасьці
Пакрывала наш хатні спакой.
Мы ня чулі, ня бачылі...
Мы сьпявалі чужое, дробязнае.
УЦЕШНАЕ
Дабрадзейныя справы, учынкі прыгожыя
I братэрскія сувязі -- мне не варожыя.
У далёкіх краёх, у чужой старане
Навучылі дарогі любові мяне.
На дарогах -- сустрэчы, здарэньні цікавыя.
Разам з гэтым знаходжу ня толькі забавы я.
Бачу гора і радасьці добрых людзей,
I адказ на праблемы гарачых падзей.
Бачу я, што і шчасьце зьвінiць не падковаю,
Што той дзедавы сымбаль у змрок адышоў.
Людзі часта дарогай ідуць памылковаю
Да ідэяў, -- дарогай дурных кірмашоў.
Раса, нацыя, кляса, рэлігія, партыя
Для сяброўства хіба перашкоды упартыя?
Дык навошта пастаўлены вечны бар'ер?
А душа чалавека! А добры намер!
А спагаднай усьмешкай нядоля спатканая!
Слова ўцешнае грэе жыцьцё на зямлі.
Ёсьць здалёку сябры, а паблізу каханая.
3 цёплай ласкі -- і краскі ў душы зацьвiлi.
ХАТНІ СЫР
Край малочны. Дабрыня!
Еў сыры я ў Амстэрдаме.
Хатні сыр ім не раўня,
А яго хацеў-бы я...
Мы даўней рабілі самі.
У гліняных гладышох
Малако за дзень скісала.
А пад бэлькай у клінкох
Сыр бурштынам цьвёрдым сох,
Ён ня кроіўся, як сала.
Сыр крышылі секачом
На кавалкі, на драбочкі.
Той, галяндзкі, на вачох
Нарадзіўся галышом, --
Гэты выняты з сарочкі,
3 палатнянага клінка.
Ён крыху саланаваты.
Клапатлівая рука
Прыкладала да сырка
Смак прыемны роднай хаты.
Што за сыр! Грызі грызьма!
Тут, шкада, яго няма.
СУСЕД
Заглянуў я да суседа
3 беларускім караваем.
Ён чакаў мяне. Ён ведаў,
Што мы ў шахматы згуляем.
I згулялі, і сустрэлі
Цёплы вечар, весьні подых.
Мы пачуцьці разагрэлі
На задумных хітрых ходах.
Пешкі сьпешна -- у атаку,
Конь улукаткі ўжо скача,
А кароль маўклівы знаку
Не дае, што будзе здача.
Але чый кароль -- пабачым.
Кожны йдзе сваёй дарогай.
Праз няўдачы мы ня плачам,
Ня сьмяемся з перамогай.
Я з табой, сусед, сябрую,
Ты паходзіш з майго краю.
Не каня прайграў, ня збрую --
Дзелім лусту караваю.
СЬВІСЬЦЁЛКА
Сарваў я ў жыце каласок.
Пазногцем адшчыкнуў сьцябло,
Зрабіў з яго сьвісьцёлку.
Падзьмуў напорна --
Малое сьцятае сьцябло
Тонка засьпявала.
Ці ня кроў зялёная
Ў ім гаманіла?
Гэта было даўным-даўно,
На мяжы майго дзяцінства.
А ўжо мінула паўстагодзьдзе.
I азваўся голас тэй сьцяблінкі.
Былы жытнёвы стогн
Выпесьціў песьню
Сьпелага ўраджаю.
Я сьпяваю, я граю
Не на сьцяблінцы --
На лістох паперы.
А зялёны колас?
Цяпер -- не сарву.
Расьці сабе ў полі,
Узьнімайся налітым зернем,
Чакай свайго жніва.
БУСЛАВА ТРЫВОГА
Шасьцеў аер з трысьцём-чаротам,
Зьвінелі нудна камары.
Плач куліковы над балотам
I клёкат бусла на зары.
А час імглой той сьвет завесіў,
Расьцёрта ўсё, бы ў макатры.
Сякуць-пілуюць на Палесьсі,
Пустэчай цешацца вятры.
Цяпер ідзе мэліярацыя,
Няма дрыгвы і куліка.
А буслу сьніцца эміграцыя,
Дзе сьпевы жаб з-пад лазьняка.
I ён гняздо сваё пакіне,
I будзе горка сумаваць,
Але пачне ў чужой краіне
Зноў бусьлянятак гадаваць.
Там жыўнасьць у вільготным лесе
Пакуль што людзі не зьвялі.
Расьце спакойнае палесьсе
На тэй нязьведанай зямлі.
ШКУМАЦІК ПАМЯЦІ
Зашмулены шкумацік памяці:
Вакзал. Чыгуначны даўжэзны мост.
Вы за руку мяне трымаеце,
I мы над рэйкамі ідзем наўпрост.
Дайшлі па мосьце да сярэдзіны.
I сам ня ведаю, чаму я тут
I пачуцьцём якім заведзены.
Стаім. А ўнізе цягнікоў маршрут.
Вы штосьці горача гаворыце.
За грукатам ня чую вашых слоў.
А дзесьці гулкі рух у горадзе
I радасны наплыў вясновых сноў.
Усьцешаная тэй хвілінаю,
Мая душа сьпявала і цьвіла...
Гляджу ў мінуўшчыну глыбінную.
Хто вы? Даўно схавала вас імгла.
А можа ў згадках вы паўстанеце,
Ці разарвецца маіх думак ніць.
Зашмулены шкумацік памяці...
Я не магу чагосьці аднавіць.
МОЙ ТЫДЗЕНЬ
Панядзелак, аўторак, серада і чацьвер,
Потым пятніца прыйдзе, субота, нядзеля.
Тыдзень -- музыка ў словах. I любоў, і давер,
I прыгожа прадзецца натхненьня кудзеля.
Крута круціцца спрытнае верацяно
Нітка тонкая мрояў віецца, ня рвецца.
Сьпеў салодкі, далёкі я чую даўно,
Бачу радасьць на кожнай былінцы, на кветцы.
Добры тыдзень -- ня злыдзень. Ён сьпявае са мной.
Панядзелак, аўторак... -- лічу да нядзелі.
Пералік узьнімае мой рытмічны настрой,
Словы самі карону на верш мой надзелі.
Панядзелак, аўторак, серада і чацьвер,
А за пятніцай -- вікэнд: субота, нядзеля.
Адпачынак. У вырай. Я -- свабодны цяпер.
Я пішу дзеля шчасьця людзкога і дзеля
Тых, якія паэзію любяць маю.
Сёньня пішацца лёгка. Мой тыдзень сьпявае.
На сівую зіму ня гляджу, а пяю,
Бо трымаецца сіла ў грудзёх веснавая.
САРВАНАЯ КВЕТКА
Дзеля мяне цьвіла зямля ўся,
3 маленства мне сьпяваў абшар.
Я часта песьняй захапляўся
Ля хат сялянскіх і кашар.
Ды трапіў я ў цяжкую фазу
Майго турботнага жыцьця,
Як бэз вясны ў пустую вазу
Галінкай сьцятай бяз лісьця.
На раздарожжы золка, гразка...
А я -- на цёплым пачуцьці.
У келіх торкнутая краска
Жыве, і здольная цьвісьці.
Відаць, напоеная сьвежай
Крыштальнай вільгацяй яна.
Праменьне падае мярэжай
Скрозь шыбы вузкага вакна.
Яшчэ пялёсткі не завялі,
Яшчэ ня стомлена рука.
I я плыву на бурнай хвалі
Аж да апошняга радка.
ВЕСНАВЫ ПАРАСТАК
Няма дажджу. I сад стаіць пануры.
А зерне, пахаванае ў зямлі,
Перамагае змрочныя хаўтуры, --
Жывыя сокі ўгору паплылі.
Я над зямлёй, дагледжанай і любай,
Стаю гаспадаром. Ваду ўсплясну,
I парастак сваёй зялёнай дзюбай
Грудок праб'е, вітаючы вясну.
Праб'е грудок у радаснай трывозе,
Зірне на сьвет, зірне і на мяне,
Як першае лісьцё на вербалозе,
Маю душу ўсхвалюе, закране.
Сьцябло расьце. Зямліца ня сухая,
Удзячная любоўнай дабраце.
Пупышка на галінцы разбухае
I краскаю вясёлаю цьвіце.
Якая сіла парастка жывога!
Сябруюць пчолкі з ім і матылі...
Усякае дыханьне хваліць Бога
Пакорным існаваньнем на зямлі.
МАЛАДОЕ ЗАХАПЛЕНЬНЕ
Сена ў сані, і каня ў аглоблі.
Лейцы ў рукі. Побач -- лёс сьляпы.
У завеі белай па дарозе
Мігацелі дрэвы і слупы...
Мне тады здавалася заўсёды,
Што ў марозным полымі гару.
Сані лёгка, быццам-бы на крылах,
Узьляталі з гурбы на гару.
Я глядзеў -- задзёрысты, вясёлы, --
Як усё кулялася вакол,
Як насустрач хвоі падбягалі
I уцякалі ў сьнежны перамол.
Уцякалі хаты хутаранцаў
I зьнікала ў далечы сяло.
Так было... А потым маладое
Захапленьне з часам адплыло.
I зіма -- хлюпотная, чужая,
I даўно ў дарозе конь мой паў.
Дзе вы, сані? Адчуваю ўсё-ж я --
Радасьцяў юнацкіх не праспаў.
СПАМІЖ ЗАБЫТЫХ СЛОЎ
Бяз ветру млын стаіць маўкліва
I жорны ня гудуць.
Падзьме -- і крылы зноў імкліва
На месцы ўкруг ідуць.
Тут цяжка мне атаясаміць
Сіберныя вятры,
Якія рвуць людзкую памяць
Знадворку і знутры.
Але прайшлі нягод віхуры,
Прайшлі вятры гадоў.
I па мінуўшчыне -- хаўтуры,
I змрок забытых слоў.
Далёка дзесьці тыя словы
На памяці ляжаць.
Я ведаў тэрмін адмысловы
На нашу сенажаць.
Назваў-бы кожную расьліну --
I верас, і быльнёг,
Багун, асот, бружмель, брызгліну,
I пырнік на палёх.
Ды ўжо гады, відаць, ня тыя --
Ня круціцца жарон.
Сацьмелі словы залатыя.
I гэтакі-ж урон:
Чужы зварот, чужыя словы
Бярэм на вастрыё.
I выпадае з нашай мовы
Прыроднае, сваё.
Рамон названы маргарытай,
А вэрмутам палын.
Стаю над памяцяй разрытай,
Як той бяз ветру млын.
Я цяжка думаю, гадаю...
Спагадных слоў няма.
Была ў нас памяць маладая,
Як добрая кума.
Пякліся згадкі як аладкі,
Ня знаў я забыцьця.
Цяпер у сэрцы непаладкі,
Гаркавы смак жыцьця.
Але я ўсё-ж гатоў вучыцца,
Як пазнаваць красу.
Хай доля скочыла ваўчыцай --
Я долю панясу.
НЕДАСЯЖНЫ
Бурна шуміць акіян.
Я ў чоўне рыбацкім плыву.
Пад суровымі хвалямі --
рыба й каралі.
Нізка, пакорна
схіліў я сваю галаву
I з малітваю
вусны мае
прашапталі:
-- Божа, ратуй і даруй.
Хай ня трывожыць сумлеў.
Хараство! Веліч! Мудрасьць!
Ці-ж гэта ўсё зьмерыць?
Ці ўсё схапіць, зразумець?
Голас у страху самлеў...
I адно я імкнуся:
зьмірыцца і верыць,
Славіць Цябе і сьпяваць.
Песьня хвалюе мяне.
Я гляджу
на Твае нязьлічоныя цуды.
Што захаваў акіян!
Што за дзівосы на дне!
Вадалазам
да скарбаў даступна
ня ўсюды.
I касманаўту ня ўсё
высьветліць зорны сусьвет,
I ў ракеце яму
не ўзьляцець да Сатурна!
Першы палёт над зямлёй --
толькі пракоўзаны сьлед,
А гэрой зазнаваўся
з пагардай,
бравурна:
-- Космас агледзіў увесь.
Бога ня бачыў я там.
Аж пустым самахвальствам
крычала сумленьне.
А да зямлі паварот,
мабыць ня ведаў ён сам,
Гэта Божая міласьць
і цудам збавеньне.
Хіба-ж людзкое жыцьцё
не таямніцы пастаць?
Схамяніся душой,
у нявер'і каторы.
Бога ня бачыць ніхто, --
трэба Яго адчуваць
У сабе,
у істотах зямных,
у прасторы.
ДЗЁНЬНІК МАЛЕНСТВА
Маленства дні! Я меў свой дзёньнiк.
Пра ўсё і ўсякае пісаў:
Што ў слоік трапіў апалонік,
Што галасіў зацьвілы стаў,
Што мелі мы свае забаўкі...
Любілі плюхацца ў вадзе.
I крык і сьмех. На лытках -- п'яўкi
I плямы твані дзе-ні-дзе.
А мы, малыя, не шманалі,
Плылі па сажалцы далей.
Гарлачык белы адрывалі, --
I хутка рос пучок лілей.
У нашу хату роднай маме
Мы несьлі радасна букет.
Сьвяціла сонейка над намі
I расхінаўся добры сьвет.
Сябры і школа. Песьні. Казкі.
Калядны вечар і канькі.
Вясна з паводкай. Рунь і краскі.
Зноў басанож і -- нацянькі.
I я і брат любілі поле,
Дзе вецер торгаў за рукаў.
Старанна, чысьценька, паволі
Я ўсё ў свой дзёньнік натаваў.
Тут неабсяжная прастора!
Я зазначаў стракаты год:
I радасьць звонкую і гора,
I шмат здарэньняў і прыгод,
I шмат цікавых уяўленьняў.
Аднойчы мы пайшлі ў грыбы.
Здалося, бачылі аленяў,
Бліжэй -- пасохлыя дубы.
А нехта ў лесе моцна стукаў,
Там пошчак хвою ўпарта сек.
У таямніцы гэтых гукаў
I дзяцел жыў і чалавек.
У гушчарох гуло страхоцьце,
У шэпце дрэў хаваўся гнеў.
А корч трухлявы на балоце
Дзівосна ў цемры палымнеў.
Ваўка сустрэлі -- не пазналі.
Ці не сабака з вёскі ўцёк?
Гадалі з братам і гукалі,
А воўк глядзеў на нас здалёк.
Пайшлі на рэчку з вудай-палкай
Лавіць прынадай шчупачка.
Ажно выходзіць там русалкай
3 вады суседава дачка.
I мы зьбянтэжана стаялі...
Ужо на ўлоў няма дарог.
Глыбока нас усхвалявалі
Гарачы сорам і спалох.
Пазьней пра ўсё дазнаўся Лёнік.
-- Русалку вудзілі! -- пакпіў.
Я і яго ўпісаў у дзёньнік,
Хоць і крыві маёй папіў.
Маленства дзёньнік! Адмысловы!
Цырата-вокладка на ім.
Радкі няроўныя, а словы
Жывыя, простыя зусім.
Яны -- у кнізе рукапіснай
Пачуцьці згубленых гадоў.
А дзе сьляды тэй праўды існай?
Няма пакінутых сьлядоў.
Вайна спаліла нашу хату,
Дзіцячы рукапіс прапаў.
Шкада! вярнуць-бы гэту страту,
Каб я цяпер перачытаў.
ВАРЭНІКІ
Пражылі бацькі з сумленьнем,
I дзяды і прадзеды.
Адсьвяцілі дні праменьнем, --
Кужаль недапрадзены.
Нямінучая разлука...
А было -- старэнькая
Частавала свайго ўнука
Квасам і варэнікам.
Уздыхаючы, казала:
-- Дзеткі мае мілыя,
Сёньня пятніца. Бяз сала.
Клёцак наварыла я.
А варэнікі і з макам,
I з грачанай кашаю.
Вось панцак! Зьясі са смакам.
Малаком закрашаны.
Малачка я не шкадую,
Бо малым дазволена.
Зьмерай сілу маладую
Сьціпла, задаволена...
Разумеў унук бабулю
I ня браў скаромніны.
Еў варэнікі з цыбуляй,
Час той сёньня ўспомнены.
Не зьвялі дзесяцігодзьдзі
Пачастункі бабчыны.
I варэнік пры нагодзе
Ў памяці зазначаны
Залатым нясьцёртым сьледам,
Цёплай асалодаю.
Стаўся ўнук сьсівелым дзедам,
Звыкся з новай модаю.
Неяк хутка на чужыне
Дзеці павыросталі.
I ўжо ўнукі акружылі --
Кемныя, ня простыя.
А ці ім уцяміць тое,
Што дзядуля ведае --
Дарагое і сьвятое
Ад прабабкі беднае.
I гаворыць дзед унукам:
-- Дзеткі мае любыя,
Хай даўней згінаўся крукам,
Не баяўся згубы я.
Не бяз гонару і чэсьці
I ўсяго хвалебнага
Мог варэнікаў я зьесьці,
Выпіць квасу хлебнага.
Го! бадай, гадоў паўсотні
Як ня маю гэтага.
I цяпер адно ахвотнік
Да віна сагрэтага.
А даўней хай дзень быў горкі,
Шчасьце ўсё-ж магчымае.
Меў тады, няма гаворкі,
Смак і на нішчымнае.
Мне здаваўся, мае ўнукі,
Дзень зусім салоджаным,
Калі браў чарпак у рукі
3 квасам ахалоджаным.
Дык ня сьмейцеся над дзедам,
Што сівы, старэнькі
Прыгадаў тут за абедам
Бабчыны варэнікі.
ЗА ШКЛЯНКАЙ ВІНА
Мы ўтрох сядзелі ў рэстаране.
Пілі віно. Сказаў адзін:
-- Я ўжо стары. Маё стараньне
Ня мае радасных гадзін.
Даўней, бывала, я ня мала
Пакуты зьведаў ля сахі,
Але заўсёды моц трымала,
Хоць сам -- прысадзісты, сухі.
На плечы браў цяжкія скрыні
Пудоў па дзесяць -- ня хлушу.
Мяне любілі гаспадыні,
Хапала сіла за душу.
Я не хачу спрачацца з вамі,
Адно магу сказаць, што я
I сёньня здолеў-бы рукамі
Трымаць за рогі бугая.
-- Ха-ха! Ці ёсьць чым выхваляцца, --
Сказаў уедліва другі.
-- Пакуль віно ня зьнікне ў шклянцы,
Ты дужы, дружа дарагі.
А хто, скажы, паверыць можа,
Што маеш сілу і запал?
Вось я -- быў час -- пісаў прыгожа!
Сапраўдны інтэлектуал!
Пісаў артыкулы ў газэты.
А трапіць рукапіс чужы --
Праз адаптацыю і гэты
Ішоў у друк, у тыражы.
Кіпела сіла ў маіх творах!
Дзівіўся кожны, далі-Бог!
Зайздросьціў мне і друг і вораг,
Шмат зарабляў, і ўсё я мог.
Усё я мог купіць за грошы:
Імя, становішча і чын,
I гарнітур сабе харошы,
I хванабэрыстых жанчын.
Я лёгка кідаўся грашыма,
Мне чэк давалі напавер.
Цяпер у сэрцы -- Гірашыма.
Самотны, бедны я цяпер.
Ужо няма былога спрыту.
Як вы, і я не малады.
Ніхто ў пабітае карыта
Ня будзе цёплай ліць вады.
Ніхто і словам не згадае,
Ня скажа міла: «добры дзень».
Не пацалуе маладая,
А пакусае авадзень.
Дый той пагрэбуе напэўна,
I адляціць адразу прэч...
Сказаў жартліва ён, ці гнеўна:
-- Цяпер я хто? Пустая рэч!
Цяпер уцеха ўся за шклянкай
Благога таннага віна.
А хтосьці з жонкай, ці з каханкай...
Мне-ж -- толькі ложак і сьцяна.
Браткі, за ваша п'ю здароўе!
Згадайма дзён мінулых звон,
Як малако пілі кароўе,
А на вясельлях самагон...
Пасьля зусім раскіс прамоўца,
Пачаў ён лаяць цэлы сьвет.
А я маўчаў. I ані слоўца.
Я ўспомніў дзедаў запавет:
Сілаю не выхваляйся,
У душы хвалька душы.
3 мілаю не памыляйся,
Маеш грошы -- не грашы.
ЖЫЦЬЦЁ НА КРЫЛАХ
Маё вандроўнае жыцьцё,
Жыцьцё на колах і на крылах.
Са мной сьвятое пачуцьцё --
Любоў да блізкіх і да мілых.
Мне блізкі, родны, мілы -- той,
Хто цяплыню, людзкую шчырасьць
Ня студзіць гучнай балбатнёй,
А йдзе ў давер і ціхамірнасьць.
Я еду, плаваю, ляту,
I ўсюды чуюся, як дома.
А як наступяць на пяту, --
Маўчу, хоць і баліць, вядома.
Сяброўства з вершамі ў глушы
I ў шумным горадзе Нью-Ёрку.
Казала сэрца мне: пішы!
Я слухаў шчырую гаворку.
Пазнаў і сьвет і дзікуноў,
I ў пышных строях і паўголых...
Я ўсіх люблю. Маё ізноў
Жыцьцё на крылах і на колах.
БЛАКІТНЫЯ ШЛЯХІ
Дарогі -- наша школа,
Наш унівэрсітэт,
Шырокіх ведаў кола
I паэтычны сьвет.
Дарогі добра вучаць,
Хоць томяць часьцяком.
3 людзьмі, з прыродай лучаць,
Знаёмяць з хараством.
I як не хвалявацца --
Паміж людзей расьцеш.
I радасная праца
Без перашкод і меж.
Дарогі -- наш ратунак
Ад гора і нуды,
Найлепшы падарунак --
3 вандроўкаю гады.
I можна палагодзіць
Час добры і ліхі,
Бо самалёт праходзіць
Блакітныя шляхі.
Вунь самалёт крылаты
Пад сонцам. Назірай!
Там -- хмары быццам з ваты,
Вышэй -- блакітны край.
Блакітным краем -- раем
Прастора ў вышыні.
Дарогаю зьбіраем
Мы сонечныя дні.
I новыя сустрэчы,
Усьмешкі і цяпло.
Зьнікае сум старэчы,
Ізноў як і было.
Тэатры і музэі,
Тавэрны, кірмашы.
Мізэрнае марнее.
Мазаіка ў душы:
Пачуцьці, захапленьні,
Уражаньні і сьпеў,
I тыя лятуценьні,
Што зьдзейсьніць не пасьпеў.
Натхненьне. Зноў узьлёты
I думак матылі.
Чыгунка, самалёты
I ў моры караблі.
Наземныя дарогі,
Блакітныя шляхі.
Там гінуць ад зьнямогі
I слабасьць і грахі.
Зямляк мой, ты ў самоце,
Адчуўшы заняпад,
Глядзіш праз дзірку ў плоце
На расквітнелы сад.
А гэта -- сьвет маленькі,
Дзе можна толькі цьмець
I, як на пні апенькі,
У шэрані трухлець.
Няўжо нішто ня кліча,
I цемрай заплылі
Натхненнае аблічча
I хараство зямлі?
Дарога добра вучыць,
Настаўніца яна.
Стамляе часам, мучыць,
Пазнаная здаўна.
Навошта да парога
Прысох ты, дамасед?..
Блакітная дарога
Вядзе ў прыгожы сьвет.
ДУМКІ Ў ДАРОЗЕ
Па нашай плянэце --
Старэнькай зямлі
I ў сьмецьці і ў цьвеце
Дарогі прайшлі.
Дарога -- дар Бога.
Дарога жыцьця
Вядзе ад зямнога
Да звышпачуцьця.
А гэта я словам
Акрэсьліць хачу,
Каб цешыцца новым,
Каб жар -- уваччу.
Каб сьлёзы кіпелі --
Я выйду ізноў,
Амыты ў купелі
Народжаных слоў.
Я сёньня ў дарозе
I думкі мае
Ў пяшчотнай трывозе,
А сэрца пяе.
Бязьмежнасьць прасторы --
Зямля, акіян,
I пушчы, і горы,
I сьнег, і туман.
Дарога -- дар Бога --
На радасьць вядзе,
I толькі слабога
Трымае ў бядзе.
Слабога ня целам,
А духам. I той
Акном залацелым
Выходзіць на свой
Пусты панадворак,
Ня бачыць красы --
Ні Альпаў, ні зорак,
Ні зьзяньня расы.
Ня бачыць нічога
На месцы старым.
Яму шлях-дарога
Страшней як Нарым.
Ён бавіцца ў хаце,
Дзе ўсё пад рукой,
Дзе думка аб страце
Нясе непакой.
Інакшай праявай --
Натура мая.
Каханай, ласкавай
Суцешаны я.
Я з ёю прамерыў
Нямала дарог.
Я ў шчасьце паверыў,
Знайшоў і зьбярог.
I з горсткаю згадак
Сядаю за стол.
У хаце парадак,
Утульна вакол.
I тэлевізыйны
Стаіць апарат.
Паўзуць Апэніны,
Казьбек, Арарат,
I Кіліманджара
I шэраг хрыбтоў.
Палесься імшара
I шум чаратоў.
Пявучыя стэпы,
Стагі мурагу.
А кедры сасьлепу
Губляюць тайгу.
I тундра сівая
Пургою ў вакно.
I рыба сплывае
На цёмнае дно.
Падводная сіла --
Разьюшаны кіт.
Аж мора ўструсіла
Бялёсы блакіт.
I ў пеністай зяпе
Злуюцца маржы.
А ты на канапе
Спакойна ляжы.
Хіба ў расчуленьні
Тут можна зьмярцьвець?
Як цені, цюлені
I белы мядзьведзь.
Сумётаў заносы
I юрты тырчаць.
Да нас эскімосы
На лыжах імчаць.
Пры здымках заданьні --
Танцуе шаман...
Далёкія здані
Хавае туман.
I ўжо за хвіліну
Эгіпет, Іран.
Вярблюд бэдуіну --
Жывы талісман.
Стаіць ён, слухмяны,
I жвачку жуе.
Вядуць павіяны
Забавы свае.
I леў пазяхае,
I зэбры бягуць.
Пустыня сухая.
Пяскі. Ветракруць.
I ўсё -- няжывое,
3 экрану старчма:
Трава, краскі, хвоі...
А паху няма.
I вільгаць сухая,
3 крыніцы ня піць.
I песьня сьціхае,
I штосьці хрыпіць.
Сухія і мора
I шумны прыбой,
А тая прастора
Ня разам з табой.
Ня чуеш на вуснах
Салоны той смак.
На вязях капусных
Пражэрны сьлімак.
На полі мурашка,
Жучок і камар...
У фільмах ня цяжка
Спаткаць і пачвар.
Бывае часамі
Дурная лухта.
Мы ведаем самі,
Дзе ёсьць пекната.
На плямах мы бачым
I добрых людзей,
I ў сьвеце лядачым
Падагру падзей.
Мы бачьш аздобу
Чужой стараны,
Хваробу, жалобу
I жахі вайны.
3 гульнёй і капрызам --
Людзкія грахі.
Да нас тэлевізар
Падводзіць шляхі.
Дарога ў сьвятліцы,
Як цень на сьцяне.
Мне далеч імгліцца,
Ня ўрымсьціцца мне.
Я радасна бачу
Прачынены сьвет,
Удачу ў прыдачу --
Паэзіі цьвет.
Ізноў падарожжа,
Ізноў цягнікі.
Памілуй нас, Божа!
Я грэшнік такі:
Хачу ўвачавідкі
Пабачыць, пазнаць...
Ручай думак плыткі
Прабую сагнаць.
Я маю імкненьне,
Нястрымны імпэт
Схапіць лятуценьне,
Аб'ехаўшы сьвет.
I песьняй хачу я
I звышпачуцьцём
Пазнаць, што існуе
Жыцьцё над жыцьцём.