Так
Кніга паэзіі
Някляеў Уладзімір
Кы-гы
НА 20 ЛІПЕНЯ 1999 ГОДА
Народу можа засціць зрок
Без дай прычыны.
Ды бачыць Божа кожны крок
На звод Айчыны.
У вочы вам адплаты час
Зірне сурова.
Каб дзеці апраўдалі вас -
Вярніце Мову!
Няма пачаткаў і канцоў,
Усё - працяг.
Каб не ўскіпела ў жылах кроў -
Вярніце Сцяг!
Улады сверб, што вас скубе,
І славы сверб,
Пакіньце ўсё сваё сабе -
Вярніце Герб!
Дальбог, пра гэта не са зла
Малюся ў скрусе,
А каб зямля вас прыняла
На Беларусі.
СЮЖЭТ ГЕНАДЗЯ КАРПЕНКІ
Што тваё - таго табе даволі.
Ну, прынамсі, смерці і жыцця.
- Я, Валодзя, не памру ніколі,
Буду жыць ды жыць сабе... Хаця...
Ён прымоўк, як перадумаў нешта,
І, прастору сціснуўшы ў кулак:
- Не, - сказаў, - абрыдне жыць,
дык зрэшты
Можна і памерці, але так,
Каб і чэрці не касілі крыва
На тым свеце, як на мудака,
Каб і ў пекле падаваў мне піва
У штанах з лампасамі
Лука.
КЫ-ГЫ
Шалёная шаша ад Прагі да Варшавы,
Нябёсы п'е нагбом Мядзведзіца з Каўша,
І ў кожным з нас душа разбойніка Варавы -
Вясёлая гульба, віно і анаша.
З чаго гульба пайшла?.. Забылася прычына!
З таго, што ў нас жыццё - адно і на глыток!
І ў нас адна на ўсіх - навошта больш? - жанчына,
Калі адзін канец - і ўсім у той жа бок!
"А ну нам раскажы, як ты да нас блудзіла!
А ну нам пакажы кайфовае кіно!
А ну ўсё загалі!.." "Ты меней пі,вадзіла!..
Ці, калі хочаш, пі! Усё на ўсіх адно..."
Як смокча! - ах ты, б...! Як языком казыча!
Мы б не ўзялі з сабой старой якой каргі!..
"Гэй, музыку гучней, бо за вакном кыгыча,
І хто б гэта мог быць?! - кы-гы! кы-гы! кы-гы!"
А хто б ні быў - пляваць! Я сам сябе не помню!..
Забыўся, хто я ёсць!.. Крумкач? Пугач? Удод?..
І нахі-
ля-
ецца, плыве на захад поўня
Над скошанай шашой, што, як страла - на ўсход.
Вадзіла, ты куды?! Мне ў гэты бок не ўспешкі!..
Там на мяне сіло! Я выскачыў з яго!
Дык для чаго - назад?
Які язык у Гнешкі!..
Але ж не жыць было - на ўсходзе - са свайго.
Ні анашу курыць, ні піць было ў астрозе!..
Я заплаціў за ўсё! Я ўсе вярнуў даўгі!..
Ды што за птушка там - наперарэз дарозе?!
Пра што яна крычыць: "Кы-гы! Кы-гы! Кы-гы!"
Мне патакае ўсё - яна не патакае!..
І што гэта за крык,
і што гэта за знак? -
Я б разгадаў, але
кампанія такая! -
І Гнешцы ўсё адно - і хто крычыць, і як.
А гэтае "кы-гы"
заходзіцца над намі!
Як з адзіноты ўсёй! З усёй маёй тугі!
З маёй маны! З віны! Аглухлымі званамі
З расхрастанай душы: "Кы-гы! Кы-гы! Кы-гы!"
Ламае кайф, як лёс! Спыніся ты, вадзіла!..
Не спыніцца ніхто! Шалёная шаша!
І ў кожным, як віхор, віруе злая сіла,
У кожнага свая шалёная душа!
Канае ўжо мая!.. Ды блізка да Варшавы -
Світанак там! -
і ў ім
касцёльны крыж дрыжыць...
І толькі пра адно ў разбойніка Варавы
Пытае Ешуа:
"Скажы, ты хочаш жыць?.."
Пра што пытаць?.. Калі
кампанія такая!
Такая Гнешка ў нас!
Не капай на мазгі!..
А ў цёмнай вышыні, якая ўся пустая,
Няўцямнае, як Бог:
"Кы-гы, кы-гы, кы-гы..."
ВУЛІЦА ВАРШАЎСКАЙ БІТВЫ
"Зялёная вода,
Вада зеляная", -
Спявае ў застоллі сябрына хмяльная,
Што мае прыгоду,
бо мае нагоду:
Сягоння дзень бітвы дваццатага года.
Варшаўская бітва дваццатага года!
Скрываўлены шаблі за шчасце народа!
Пасеклі налева!
Пасеклі направа!
Чарга за табою, паненка Варшава!
Жалезнай рукою -
да шчасця тутэйшых!
Танцуе на белым кані Тухачэўскі!
Чатыры ў адзін у яго перавага,
Не лічачы сілы чырвонага сцяга!
А сцяг бел-чырвоны
нічый і ніякі.
Якая там Польшча! Якія палякі!?
А тыя, якія насмерць тут паўсталі,
Чаго не даруе "пілсудчыкам"
Сталін.
Не, кроў гэтай бітвы не хутка астыне:
Напоўніцца роў да краёў у Катыні,
Прадасць яшчэ Сталін варшаўскіх паўстанцаў, -
Прыпомняцца ўсім Тухачэўскага танцы.
І сам камандарм, што не знае пра гэта,
Які зваяваць яшчэ марыць паўсвета,
Чырвонаму сцягу аддаўшы ўсе сілы,
Ужо недалёка ад краю магілы...
О, колькі пабітых!
Агнём і віхурай
Касіла іх рэвалюцыйная бздура!..
Жылі б - дык спявалі б:
"Зялёная вода..." -
На вуліцы бітвы дваццатага года,
Дзе іх памінае ў застоллі,
Спявае
Сябрына хмяльная, уся маладая,
Якая не знае, што свет залівае
Раз-пораз то кроў, то вада зеляная.
ВУЛІЦА 3 МАЯ
Генерал Ерузельскі
аспрэчвае права свабоды
бунтаваць сярод тых,
хто яе не прымае.
Мы ідзём пад дажджом
праз Варшаву
па вуліцы 3 Мая.
Генерал Ерузельскі
падобны на гальштук, што з моды
хоць і выйшаў, а вузел трымае.
ПАДАРУНАК
"Жыць табе не надаела?
Не агоркнуў белы свет?.."
"Баба клопату не мела, -
Адказаў я. - Знікні, дзед".
"Слухай, ты з якога краю?
Па гаворцы чую: свой..."
"Дзед, я знаць цябе не знаю,
Рухай краем-стараной".
Ён пра Менск ды пра Нямігу...
"Дзед, калі мы землякі,
Дык трымай на памяць кнігу -
І разыдземся ўбакі".
"Не гані. Даўно прагнаны
Я ўжо ўсімі адусюль...
Тут прытулак побач танны.
Грошы маеш?"
"Ёсць пакуль".
"То пайшлі?"
"Гары ўсё гарам!.."
І ў фанерным будане,
Дзе ўся мэбля - стол ды нары,
Спавядаецца ён мне.
Ён вайной сарваны з дому -
І ўжо колькі лет і зім
Не патрэбны анікому,
Ні чужым і ні сваім.
Да мяне прыбіўся: "Слухай,
Не кідай, дапамажы..."
"Дапамог бы, бляха-муха,
Толькі чым і як, скажы?"
"Чым і як, таго не знаю,
Не прыдумаў, як і чым..."
Налівае ён да краю.
П'ём. Закусваем. Маўчым.
Ён пытае: "Зноў па поўнай?.."
Ноч. Вакзал. Свісткі. Гудкі.
Я кажу: "П'ём палюбоўна,
А бярэмся загрудкі?"
"Не, ты што! - ён косіць вокам, -
Лёс нас звёў і развядзе...
Так жыццё маё далёка,
Што няма яго нідзе.
Загрудкі мне з лёсам брацца
Страшна, ліха на яго...
Я знайду чаго баяцца
Нават, як няма чаго".
"Дык чаго ж ты ўрэшце хочаш
Ад мяне?.."
"Ты будзь. Сядзі.
Пачакай да скону ночы,
Развіднее - і ідзі.
Страх мяне, бы ў пекле, паліць.
І табе ўжо страшна?.. Што ж,
Ты мне кнігу даў на памяць -
На табе на памяць нож.
Быў я некалі гарэза...
Немцы ці бальшавікі -
Я і тых і гэтых рэзаў...
Разумееш, страх які?.."
"Колькі ж год табе, старэча?
Нават я з вайны ў гадах..."
"Вечны жыд я, чалавеча,
Вечны жыд і вечны страх..."
Я пайшоў, як развіднела,
І пытаўся ён услед:
"Жыць табе не надаела?
Не агоркнуў белы свет?
Ну, спрацівеў?! Надаела?!
Ну, скажы, скажы, скажы?!."
І пытанне крывянела
І сцякала па нажы.
ДЗЕВЯТЫ ПЛАЧ
Калі з вайны вярнуліся салдаты:
"Дайшлі, - сказаў ім маршал. - Дажылі.
Па восьмым плачы будзе плач дзевяты.
Яшчэ вам доўга плакаць на зямлі.
Віна вайны і жах яе, і страты
На мне адным, бо вы за мной ішлі.
Па восьмым плачы будзе плач дзевяты.
Яшчэ вам доўга плакаць на зямлі.
Кідайце зброю і стаўляйце хаты,
Бярыце баб, каб роду не звялі.
Па восьмым плачы будзе плач дзевяты.
Яшчэ вам доўга плакаць на зямлі".
"Пра што ён кажа? - думалі салдаты. -
Пра што ён плача?!. Мы перамаглі!.."
Па восьмым плачы будзе плач дзевяты.
Яшчэ нам доўга плакаць на зямлі.
***
уверх і ўніз шляхі
гарызантыльных
няма шляхоў
уверх і ўніз шляхі
і молаты грукочуць па кувадлах
каб у зямлі гарбелі лемяхі
ЦЫГАНКА
- Нагадаю больш, чым ёсць,
Карт не мала...
Падыходзь, маскоўскі госць!
- Як пазнала?
- Мне вы не да галавы,
Тлум народу,
Ды няўсмешлівыя вы,
Што з усходу.
***
Прымроіцца, як праз туман
У далечы змяркальнай,
У Львове
з рыбамі фантан
На плошчы прывакзальнай,
Дзе доўга-доўга, як рака,
Цякла, плыла няспынна
Да адыходу цягніка
Апошняя хвіліна,
Дзе нешта спела з нематы
І прападала ў слове
На мове той, якой ні ты,
Ні я
не зналі ў Львове,
Дзе мова тайная ў той час -
Усё адно, якая -
Між словамі не ўзнікла ў нас,
Як музыка ўзнікае,
І дзе дагэтуль, праз гады,
На словы моў таемных
Перакладаюць шум вады
Шэсць рыб.
Нямых.
Каменных.
КРЫВІНКА
Журбую - помнішся ў журбе.
Святкую - у святочнай скрусе.
О, Украіна! Я табе
І за гарою пакланюся.
Наканавана помніць двум,
Што па нялюбых не сумуюць,
Што зберагае толькі сум
Не памяць рэчы - рэч самую.
І калі б'юць наводмаш страты, -
Каб нешта зберагчы,
Цябе
Прыкусваю, саланаватую,
Нібы крывінку на губе.
НОВЫ СВЯТ
Чэславу Сенюху
Хавалі Сталіна.
Масква
Глядзіць далёка:
Драконавая
Галава
З крамлёўскім вокам.
Варшаўцы выйшлі на пляцы,
Паныла ўсталі.
- Поляки, вроде, молодцы, -
Заўважыў Сталін.
І Берыя згадзіўся:
"Да,
Все в скорби, вроде...
Оделась только б... одна
Не по погоде.
Мы стерву эту устраним..."
Як выклік,
смела
Ішла насуперак усім
Жанчына ў белым.
Лубянскі снайпер у прыцэл
Зірнуў марозна:
Адзін, другі і трэці стрэл -
На след, ды позна!
Скасіўся Берыя на след,
Пенснэ ўспацела:
"Ей-богу, Коба, это бред,
Она без тела!
А посмотреть со стороны...
Ну, польки эти!"
І Сталін уздыхнуў з труны:
"Смотри, Лаврентий...
Одна она пусть стоит двух
Московских пассий -
Опасней, если это дух,
Куда опасней!
Держать на поводке народ
Учись до гроба.
Сама свобода не живет".
"Я знаю, Коба".
Адзін, другі і трэці стрэл...
"Стреляеш плохо!.."
Лубянскі снайпер збіў прыцэл
Аж на эпоху.
Ва ўсіх часах, хоць жылы рві,
Свае законы;
Сукенка белая ў крыві -
Сцяг бел-чырвоны!
Сама свабода не жыве?..
А ў нос вам дулю!
Яшчэ тырана па Маскве
У склеп цягнулі.
Яшчэ трашчалі ў лагерах
Лесапавалы,
А ўжо імперыя па швах
Паўзла, трашчала,
І воля ўжо ўставала з тла,
Плыла, як пава...
Жанчына ў белым
і была
Сама Варшава.
АПОШНІ КАРОЛЬ
Прысніўшы Польшчу ў ложку Кацярыны,
Аднойчы ён падумаў: "О-ё-ёй,
Якія будуць жарцікі і кпіны
Па часе над каронаю маёй!.."
Ды ведаць ён не мог і палавіны
З таго ўсяго, што станецца пасля,
Што заблішчыць аздоба караля
Начным гаршком у спальні Кацярыны.
Ён хітраваў, гатовы да вянца
З імперыяй!.. Смяяўся сінявока...
Але было ўжо блізка да канца -
Да Воўчынскага шлюбу недалёка.
Бліжэла і бліжэла да вайны,
Да хуткіх шабляў, выхапленых з ножан!..
Ад мора і да мора
Польшчы сны,
Шырокія, як Кацярыны ложак.
ІНФАНТА
Яна ні там, ні тут,
яна адгэтуль воддаль,
Бо брошкай на плячы
апалены спарыш,
Бо ў рыцарскім баі загінулі абодва:
І рыцар - Белы Крыж,
І рыцар - Чорны Крыж.
Яна ні з тым, ні з тым,
бо страціла абраных,
Бо іх на люты бой заклікала сама!..
Цяпер, калі няма ніводнага з каханых,
Ёй выбіраць паміж
Нялюбымі двума.
Сыйшліся ўжо яны
ў турніры тэатральным -
Драўляныя шчыты, драўляныя мячы:
Як смешна, Божа мой!
Нібыта знак астральны,
Апалены спарыш дыміцца на плячы.
Усмешкі матылёк
прыкрыў апёк балючы,
Не ўбачаць боль яе
ні ў лахманах рабы,
Ні рыцары ў плашчах, падобных на анучы,
Што б'юцца за яе -
Пярэсты і Рабы.
Пярэсты перамог! Зламаўся меч Рабога! -
Як смешна, Божа мой!..
Яна цалуе крыж
На вернасць аднаму,
прымроіўшы другога...
Дыміцца на плячы апалены спарыш.
ПІРАТЫ
І дзень, падараваны на зямлі,
І ноч, падараваная ў нябёсах,
За небасхіл сплылі, як караблі,
Спякотны сум пакінуўшы ў матросах,
Што падымалі ветразі на іх
І ў шале страсці кіравалі ў хвалі,
І так былі шчаслівыя ў той міг,
Як ні раней, ні потым не бывалі,
Бо ні раней, ні потым не плылі,
Не баючыся, каб не патапілі,
Забыўшыся зусім, што караблі
Яны, нібы піраты, захапілі,
І ўжо спяшаць эскадры наўздагон,
І ставяцца ва ўсіх марах мярэжы,
Каб спраўдзіць справядлівасці закон,
Ва ўсім пакласці рубяжы і межы,
Каб тых дваіх злавіць, вярнуць да ўсіх,
Вяроўкамі спавіць, парваўшы снасці,
На ўсіх пароўну падзяліць той міг,
Што двое ў страсці рызыкнулі ўкрасці, -
Але пакуль шчаслівых не знайшлі,
Схаваных недзе на Галапагосах,
Ім дзень падараваны на зямлі,
Ім ноч падараваная ў нябёсах.
З ДРАНЬКО-МАЙСЮКА
Там, дзе ўжо ноч, там спяць, альбо крадуцца
Да куртызанак, што таксама спяць,
Укрытыя пялёсткамі настурцый -
І матылькі ў альковы іх ляцяць,
Каб кветкі пацалункаў рассыпаць
На губы палюбоўнікаў, на вочы,
На грудзі - што, як свечкі дзве, гараць
І паляць крыльцы матыльковай ночы...
Пад страсны шэпт спалёных бліскавіц
Сусвет начны ў любоўным ложку тоне...
Так у часы і свечак, і газніц
Было - і засталося пры неоне,
І будзе, я не ведаю, пры чым? -
Таксама, як не ведаю прычын,
Каб не аддаць - хай з кім заўгодна ў змове! -
Усё, што ёсць - за ноч адну ў алькове...
АРФА
Яна на арфе ў маладосці грала...
У шапіку цяпер (каля вакзала)
Гандлюе цацкамі... Я самалёцік "ЯК"
Купляю і пытаюся: "Ну як
Жывеш?.." Яна: "Ды ўсяк бывала...
Перажыла..."
Сям'я... І муж байбак
І п'яніца... І дзеці...
- Колькі?
- Двое.
Ды нешта ў ёй скразное, незямное,
Як арфы гук!..
- Ты знакаміты стаў...
Я не чакала...
- Сам я не чакаў...
Шыкоўна выглядаеш...
- Што ты!.. Што ты!..
Па ўсёй размове...
Соль... До, рэ... Фа, мі...
Глядзім у неба. Бачым самалёты,
Хоць там ляцяць анёлы з арфамі.
***
Стогадовай габрэйцы на "ІЛы" -
Хоць куды, каб памерці скарэй.
"Перавозім жывыя магілы, -
Мне на позірк прамовіў габрэй. -
Жменьку горкага пылу з парогу,
Дробку солі ды кварту вады.
Гэта значыць - навечна ў дарогу,
Незваротна туды, назаўжды".
Па цыгарцы мы з ім запалілі
І па чарцы кульнулі нагбом.
І маторы раз'юшана вылі,
І круціла зямлю пад крылом.
І ляцела магіла жывая,
І ўзвывала люцей і люцей
Над краінай, якая зжырае
І выплёўвае родных дзяцей.
КУРСКАЯ ДУГА
Трагедыя расійскай субмарыны...
"Як гэта так?.." - дапытваюцца фіны,
Нібыта я расійскі адмірал...
Яшчэ жыве, як здань, Саюз адзіны,
Яго легенды і яго быліны,
І доўжыцца жахлівы серыял.
Хай рухнуў Рым - стаяць яго руіны:
Афганістан, Чачня, Чарнобыль... Міны
Раскіданы сярод пяскоў і скал.
Імперыя ўсё шчэрыць зуб звярыны -
І на шляху расійскай субмарыны
Паўсюль яе скарожаны метал.
Смерць не страсеш, як страшны сон з пярыны...
Як рускаму, мне спачуваюць фіны,
І ўсюды клін - куды сябе ні кінь...
За маракоў расійскай субмарыны
Памолімся. Ва ўсіх нас Бог адзіны -
Амінь.
УЦЁКІ
"Я ўцёк з Радзімы..."
Адам Міцкевіч.
Прасцяг нябёс зацьмілі крумкачы,
І страшна стала - хоць ты ў ноч крычы,
І ён з Літвы надумаўся ўцячы,
І выбіраў краіну межавую,
А ўцёк ён - мову выбраўшы чужую.
За выбарам адным паўстаў другі:
Жытло чужое, не свае даўгі,
І ўрэшце - на чужой зямлі магіла...
Хіба яго Радзіма не любіла,
Ён быў не крэўны ёй, не дарагі?..
Дык за свае ці продкавы грахі,
Альбо па нечай патаемнай змове
З Радзімай развялі яго шляхі
У неадольным - у радзінным слове?
І да якой мужыцкае страхі
Яму вяртацца на памежнай мове
З малітваю: "Літво! Ойчызно моя..."