34.
Нік Лок на злом галавы бег па сходах уніз, каб знайсьці Алеся Якімовіча, каторы быў тут недзе ў краме.
— Алесь, нешта дрэннага здарылася. Якраз да мяне званіў мой брат з, рэсорту.
— Што такое сталася, Нік? — насьцярожыўся Алесь.
—Твой сябра меў выпадак.
— Антон Шпак?
— Ён.
— Што за выпадак? Кажы, Нік, што сталася.
Лок адказаў не адразу:
— Ал, мне прыкра казаць табе... Твой Антон Шпак ёсьць мёртвы.
— Мёртвы? Ты, Нік, апупеў, ці што? Як?
Нік Лок коратка пераказаў тое, што чуў ад свайго брата. Сьціскаючы зубы, Якімовіч намагаўся сканцэнтраваць думкі. Уструс перашкаджаў разважаць рацыянальна. Бракавала дэталяў. Адно ведаў Алесь напэўна: Антон Шпак у ніякім выпадку ня мог налажыць сам на сябе руку. Ізноў-жа, быў ён занадта памяркоўны й асьцярожны, каб сустрэць сьмерць нейкім чынам прыпадкова. Аставалася адна магчымасьць: забойства варожай рукой. Калі яно так, дык ці трэба было мазгі мазаліць над пытаньнем зь якога боку зьявіўся забойца?
Дзесяць хвілінаў пазьней Алесь гнаў свой Олдсмабіл галоўнай шашой з Радфорду напоўнач. Сьпяшыў, ціснуў бензінную пэдаль аж да падлогі й празь люстэрка сачыў, каб не прычапіўся да яго ззаду паліцыйны хвост. Як шкада, што ня мог зрабіць той дарогі за якіх паўгадзіны! Ён уключыў радыё і знайшоў станцыю, якая рэклямавала сябе пад загалоўкам “Найнавейшыя Навіны Насамперш”. Часамі здаралася, што яна лякальнымі навінамі выпярэджвала іншыя камэрцыйныя радыёстанцыі. Вось, прыкладна, як цяпер. Звычайная крыклівая рок-музыка спынілася і нізкі, урачысты мужчынскі голас паведаміў:
— А цяпер — дзьве навіны з нашае “Найнавейшыя Навіны Насамперш”. Сяньня раніцай у ваколіцы Індыянборо, на рацэ Пома каля рэсорту Пайн Рыдж, два рыбакі знайшлі сьвежы труп, што ляжаў напалову ў мелкай вадзе з растрэсканым чэрапам. Паліцыі ўдалося ўстанавіць, што памёршым зьяўляецца беларускі пісьменьнік Антон Шпак з Радфорду. Выглядае, што рыбак упаў на валун і ўдарыўся аб яго галавой. Збоку знайшлі паламаную вуду. Паліцыя падазрае, што на Шпака нехта зрабіў напад і вядзе сьледзтва.
— А цяпер ці чулі вы такое? — вясёлай ноткай прадаўжаў голас. — Калі з паламаным напалову вудзільнам выцягнулі жылку з вады, дык адгадайце што знайшлі на кручку! А знайшлі там вясёлкавую рачную фарэль больш дзесяці кіляграмаў вагі, вось што! Прызнайцеся, гэта перавысіла навет так званае добрае шчасьце Айрышмэна: сустрэць сьмерць у той час, калі ты падчапіў на кручок такога прыгажуна!
Голас з радыёпрыёмніка ўзлаваў Алеся. І як гэты дыджэй (так у скароце тут называлі “дыскавага джакея”, — камэнтатара рознае мадэрнае музыкі), ня выдумаў яшчэ, што рыбак Шпак цягнуў вялізную рыбіну, паламаў сабе вудзільна, упаў, разьбіў галаву і тут-жа памёр? Алесь выключыў радыё. Злаваў ён на таго дыджэя яшчэ і за тое, што Беларуса назваў “уайт рашн” заміж “беларашн”. Цяпер Канадыйцы будуць рагатаць з таго “рашн фэла” (Расейца), каторы забіўся як вялізную рыбіну з ракі цягнуў. І чаго чакаць ад цемнякоў, што выдатна ўмеюць жлукціць піва й захапляцца гакеем, каб яны ведалі, прыкладам, што між Расейцамі й Беларусамі ня менш розьніцы чымся між Англічанамі й Немцамі? Ды найбольш Алесь кіпеў злосьцю на тую забойчую нікчэмную брыду, што абарвала плённае жыцьцё выдатнага суродзіча Антона Шпака. Вялізная страта для беларускага народу! Алесь ужо прыабяцаў сабе, што не пашкадуе нічога, каб знайсьці забойцу пісьменьніка.
35.
За дзьве гадзіны Алесь прыехаў у Пайн Рыдж. Ад Мэры ў кухні даведаўся, што ўсе людзі над ракой. І запраўды, Алесю здалося, што ўсе жыхары рэсорту сабраліся тут-жа побач кучы валуноў і каменьня, якую паліцыя адмежавала жоўтай істужкай. Людзі стаялі ціха, рэдка гаварылі, сачылі што робіць паліцыя. А ў тым месцы, дзе пісьменьнік разьвітаўся з жыцьцём, Алесь пабачыў двух чалалавек у цывільным і аднаго ў мундзіры, што размаўлялі, аглядалі, нешта запісвалі. Там-жа пры іх стаяў і чалавек з фотоапаратам. Белай рысай мелам па каменьнях было абведзена месца дзе, мабыць, ляжаў забіты.
Алесь падыйшоў да паліцыянта, які, даведаўшыся, хто ён, параіў пачакаць, каб высьветліць некаторыя пытаньні. І тады да Якімовіча падыйшоў малады дзяцюк, што назваў сябе рэпарцёрам з “Індыянборо стар”. Пытаньняў у гэтага юнага журналісты было шмат: Хто такі Антон Шпак? Адзінотны ці жанаты? Колькі яму гадоў? Колькі часу ў Канадзе? Чым займаўся? Пра што пісаў? Ці вы думаеце, што яго нехта забіў у гэтай дзічы? Чаму?
Ведаючы нахілы дробнае мясцовае прэсы да сэнсацыйнасьці, Алесь адказваў асьцярожна. Зусім адмовіўся выявіць свае здагадкі пра магчымага забойцу Шпака. Разам з паліцыяй паехаў да адлеглага на дзесяць міляў невялікага гораду Індыянборо. У шпітальнай трупярні паказалі яму цела забітага, сказалі, што, згодна аўтопсіі, памёр ад пабітага чэрапу й мозгу, у выніку чаго, наступіла хуткая сьмерць. Сказалі Алесю, што можа забраць цела нябожчыка для паховінаў.
У паліцыйным бюро Алесь даведаўся, што два чалавекі з Пайн Рыдж рэсорту, якія йшлі раніцай па беразе ракі, бачылі сярэдняга росту чалавека ў кашулі ў чорныя клетачкі, як ён уцякаў у гушчар з таго месца, дзе знайшлі мёртвага Шпака. Людзі здалёку выразна ня бачылі твару таго чалавека. Пераламанае вудзільна ляжала тут-жа ў вадзе ля берагу, а з кручком і жылкай змагалася вялікая рыбіна.
— Ці вы хочаце ўзяць тую рыбіну? — спыталіся ў Алеся.
Ён зірнуў на вялікага прыгажуна без асаблівай цікавасьці і параіў, каб адаслалі яго ў рэстаран Пайн Рыдж.
Паліцыя прызналася, што дагэтуль не знайшла нічога, што магло-б памагчы высьветліць якім чынам памёр Шпак. Не заўважылі навокал ніякіх сьлядоў гвалту. Адно загадкай было паломанае вудзільна, на якой спадзяюцца знайсьці адбіткі пальцаў. Усялякая дробязь паможа. Так спадзяюцца.
— А чым вы можаце дапамагчы? — спыталіся ў Алеся.
Алесь коратка выказаў думку, што Шпак быў надта асьцярожным чалавекам, які ў такі сьветлы й прыгожы дзень проста ня мог так упасьці на камень і зусім разьбіць сабе галаву. Шпак дбаў пра рыбалоўныя снасьці, з паламаным вудзільнам не пайшоў-бы на рыбу, а паламаў яго, відаць той, каго Шпак тут сустрэў, — выглядае, што забойцу, — якім мог быць адно прысланы нехта з камуністычнага логава. Ён выясьніў прычыны такога меркаваньня.
— Можаце назваць падазроных?
— Не, тымчасам не магу.
Паліцыя прыабяцала Алесю правесьці грунтоўнае сьледзтва. Калі забойца добра плянаваў сваю работу, дык, магчыма, яшчэ нехта мог бачыць падазроную асобу навокал рэсорту Пайн Рыдж. Алесь пакінуў у паліцыі свой нумар тэлефону і абяцаў паведаміць іх пра ўсё, што ўдасца яму знайсьці ў сувязі з гэтай справай.
Едучы дамоў, Алесь прыгадаў гутарку зь пісьменьнікам на мінулым тыдні. Што гэта ён сказаў пра атруту? Ага, вось што: “памятай, што найчасьцей атруту даюць ахвяры ў найпрыгажэйшай чашы”. Што, ці каго Шпак меў на думцы? Але, не, ня можа быць! Вера Мак, ягоная вялікая любоў? Можа пачаць ад яе?
Вярнуўшыся ў Радфорд, Алесь заехаўся ў Трыфты Тоні. Крама мела хутка закрыцца. Веры не знайшоў. Сказалі яму, што перад абедам наракала на галаўны боль, пайшла дадому. Пазваніў ёй. Ня было адказу.
Алесь купіў тры шматтыражныя гарадзкія газэты. Дражнілі яго загалоўкі. “Сьмерць перад вялікім уловам” — крычала адна газэта. “Дзе скончылася рыбакова шчасьце!” — жартавала іншая. “Дваццаціхунтовая фарэль і мёртвы рыбак”, — паясьняла трэцяя. Кажная зьмясьціла, — дзякуючы ўслужлівай паліцыі зь Індыянборо, — прыгожую здымку рыбіны, і аніводная — здымкі Шпака. Відаць, што прэса ня ведала адкуль яе ўзяць. Рэпарцёры нічога цікавага не маглі сказаць пра прычыны пісьменьнікавай сьмерці, дый пра самога Шпака, — што ён быў за чалавек, пра што пісаў. Пра гэта ўсё зьявілася некалькі службовых ці казённых словаў. Затое злоўленай рыбіне дасталося ого як! І што за яна, і колькі важыла, і дзе гэта яна папалася на кручок дый гэтак далей... Відаць, што паліцыя не сказала ім пра чалавека, якога заўважылі, калі ўцякаў у лес. Добра! Няхай забойца ня ведае, што яго бачылі.
Узлаваны самымі загалоўкамі, Алесь прачытаў аж тры газэтныя варыянты пра сьмерць дарагога суродзіча ды ацаніў гэныя рэпартажы як сэнсацыйнае плявузганьне гэтак званага “жоўтага журналізму”, каторы быў шырака ўжываны некалі на амэрыканскім рынку газэтамі Рандалфа Гэрста. Канадыйскія радфардзкія газэты не пазбыліся, відаць, яшчэ сваіх пялёнак.
36.
Купіўшы газэту, Капшун быццам уліп у адну галоўную навіну дня пра сьмерць Шпака, ды адразу пабег у тэлефонную будку. Джоў адазваўся адразу:
— Я чакаў цябе, не хацеў званіць у кантору.
— Добра зрабіў, — адказаў Капшун.
— Дзе й калі магу цябе пабачыць?
— Зараз-жа прыеду.
У страховачнай канторы Капшун сказаў, што едзе да кліента ды ўскочыў на трамвай. Цяпер уважна прачытаў рэпартаж пра Шпака. Няясна было, як здарыўся той “выпадак”, што прынёс Шпаку сьмерць. Нават ня было нейкай здагадкі пра забойства. Магчыма, што ўсё будзе падсўмавана на конта выпадку. “Як гэта ён яго?” — думаў Капшун пра Джова Снікі. І як тут ня ўсьміхацца, чытаючы пра вялікую рыбіну? Удачная апэрацыя ізь мёртвым пацыентам. Ці, можа, ня так?
— Дык як гэта можна забіваць чалавека ў той час, калі ён папаў найбольшую рыбіну на свой кручок? — грымучым голасам быццам дакараў Джова Капшун, калі той сустрэў яго пры дзьвярох.
— Ціхххх! Шшшшш! — папрярэдзіў Джоў.
— Окэй, раскажы што сталася.
— Я яго не забіў. Я нават да яго не даткнуўся. Усё, што я зрабіў, дык толька выцягнуў з похвы свой паляўнічы нож, а гэта для убеждения. Понимаеш? А ён, пракляты дурань, іспугаўся, давай шаг назад ды зачапіўся ці спатыкнуўся аб камень, тады ўпаў назад і мазгі сабе высадзіў. Пакуль я тут скумекаў, што случылася, дык ён у ваду скаціўся і на маіх вачох тут яму капец. Хочаш, каб табе расказаў усё астальное?
— Я-ж дзеля гэтага прыехаў. Давай спачатку.
Джоў цяпер пачаў больш дакладна: як сьлядзіў рыбака, як загадаў яму закрыць “ягоную фашыстоўскую морду”, як адабраў і паламаў вудзільна, як выцягнуў нож, каб яго “убедить”, ды пасьля, калі ўжо скончыў усё, як уцёк адтуль і вярнуўся.
— Ці ты перакананы, што ніхто цябе ня бачыў? — правяраў яго Капшун.
— Совершенно! Праўда, у папярэдні дзень я захадзіўся ў іхны рэстаран. Там было поўна людзей, ніхто на мяне не зьвярнуў увагі. Аўтамабіль свой я схаваў быў у лесе, далей ад дарогі, каб ніхто ня бачыў яго. Ня думаю, каб я пакінуў які сьлед.
— Добра. Ну а што пра паломанае вудзільна? Там адбіткаў тваіх пальцаў ня знойдуць?
— Прызнаюся, тут мая памылка была. Але як мне было ведаць, што дурань сам сабе вупусьціць мазгі? А ты не забоцься: паліцыя ня мае адбіткаў маіх пальцаў, я ня быў за крымінал нідзе ўзяты.
— Усёроўна. Паломанае вудзільна дасьць ім прычыну да сьледзтва.
— Перастань ты, няма прычыны забоціцца, — запэўніў Джоў.
— Нам папалося-бы, калі-б што якое...
— Як? Хто ім раскажа?
Настала нязручнае маўчаньне.
— Добра, — сказаў Капшун. — Толькі мы ведаем пра гэта і так яно мае астацца. Нават нашыя вярхі не павінны пра гэта чуць. Згода?
— Окэй! — згадзіўся Снікі.
— Яшчэ адно, — прадаўжаў Капшун. — Гэтыя фашыстоўскія вырадкі разьдзьмухаюць той выпадак да вялікіх разьмераў, каб зрабіць са Шпака гэроя і мучаніка, а сабе капітальчыку ў карман. На нас пальцамі пакажуць і людзі будуць распытвацца.
— Ад цябе такога не чакаў. Якая ерунда! — казаў Джоў. — Будуць падазраваць... Ну й што з таго? Няма ў іх на нас ніякіх сьветкаў і доказаў. Людзі наплююць на тую бебурнацкую балбатню. Я-ж кажу, — нечего заботиться!
Калі вяртаўся ад Снікі, Капшуну прыгадалася, што была яшчэ адна асоба: Вера Мак. Што яна зробіць? Ці будзе трымаць язык за зубамі? Калі яна закаханая ў Якімовіча, калі той яе ў нечым падазрае ды пастараецца націснуць, дык ці ня выдасьць яна яго, Капшуна? Што рабіць? — вось пытаньне. Магчыма, што дзяўчына, — калі яна ўстрывожаная ды яму давярае, — прыйдзе да яго, каб гэту справу выясьніць? А можа пацягнуць Ніну Ляскін за язык, каб што даведацца ці дзяўчына заінтрыгаваная гэтым выпадкам? Але-ж Ніне пра гэта нічога не гаварыў... Няхай так будзе. Пабачым, пачакаем.
37.
Калі Вера, дзякуючы Алесю, зблізілася з новай беларускай іміграцыяй, нярэдка давялося ёй чуць адну й тую самую апінію пра сацыялізм і камунізм, або, як яны найчасьцей называлі, бальшавізм у Савецкім Саюзе. Вусны гэтых новых Канадыйцаў казалі й паўтаралі, быццам змовіўшыся, адну думку: Маскоўшчына — гэта няволя, тэрор, масавы генацыд паняволеных народаў, бязбожніцтва, варварства, масавае прамываньне мазгоў усіх грамадзян крывадушнай марксістоўска-ленінска-сталінскай прапагандай. Коратка гаворачы, ленінская “дзяржава рабочых і сялянаў”, згодна гэтых бебурнацаў, ледзь ня пекла на зямлі. І прыгадалася Веры тая экскурсія ў Савецкі Саюз, калі ня было ў тым арганізаваным падарожжы ніякай цяплыні, а ўсё, як на заказ, толькі казённае, службовае, штатнае, калі прапаганда сустракала іх на кажным кроку, калі не далі ім нават магчымасьці сустрэцца із тымі шчасьлівымі рабочымі й сялянамі ў іхных хатах і гасьцінных сем’ях. Былі ў галаве тады пытаньні. Ніхто на іх ня мог адказаць, бо не хапала сьмеласьці, каб спытацца. А як-жа! Навошта рызыкаваць? Усе-ж адказы, — як бесканечна паўтаралі ім мудрыя палітрукі, — ужо былі апрацаваныя і самым Марксам, і ягонымі насьледнікамі. Унь як! Чаго-ж ламацца ў адчыненыя дзьверы? Трэба верыць. Калі яшчэ, пасьля такой разбуральнай вайны, гэткая магутная дзяржава не адбудавалася, дык пачакайце, дапамажыце, супольнымі сіламі адбудуем і прыйдзе той абяцаны рай. Значыцца, паводле той марксістоўскай і ленінска-сталінскай навукі, усе справы былі-б даўно вырашаныя, і сяньня ўжо быў-бы суцэльны рай у Савецкім Саюзе, толькі вось вайна, — каб на яе гаручка! — замінала. Але, усёроўна ня турбуйцеся, так усё будзе, як у тым школьным вершы дзетак вучылі: “Вот от завтрашнего дня все по плану у меня”.
А гэтта, з другога боку, людзі, якія жылі ў тым сталінскім “прыгоне”, якія страцілі сваякоў у канцлагерах, што стараліся як маглі, каб дабрабыт нейкі здабыць, якія ворагамі савецкае ўлады некалі ня былі, — а ў Заходняй Беларусі, калі іх “бацька ўсіх народаў” спад белапольскага панскага іга вызваляў, дык чырвонаармейцаў з кветкамі віталі, — гэтыя людзі цяпер аднагалосна называюць той рай пеклам. Дзьве цалкам супрацьлеглыя крайнасьці. А дзе сярэдзіна? А што, калі гэтыя бебурнацы запраўды гавораць праўду?
Ад некаторага часу Вера пачала ўважней прыслухоўвацца да тых і іншых, асабліва ўважна прыглядацца і ацэньваць палітычныя падзеі і факты, рабіць параўнаньні. Вялікую ўвагу зьвяртала і на навіны пасьля таго, як Сталіна — “карыфэя ўсіх навукаў” — зрабілі вялізным злачынцам, ліквідавалі Бэрыю, а на пярэднюю арэну вылез Мікіта кукурузьнік. І гэнай раніцай, ужо на працы, уключыла радыё з надзеяй, што пачуе нешта пра новыя палітычныя падзеі ў мэццы камунізму. Вядома-ж, ад кукурузьніка ўсяго можна было спадзявацца пасьля таго, як ён на сусьветнай арэне, у асамблеі Аб’еднаных Нацыяў у Ню-Ёрку, сваім чаравікам гэтак ворагаў сацыялізму насьмяшыў.
Гэнай раніцай казённы голас дыджэя з радыёпрыёмніка паведаміў пра сьмерць беларускага пісьменьніка Шпака. Паліцыя ня выключвала магчымасьці, што на яго нехта напаў і забіў... Гэтая вестка кальнула Веру ў самае кволае. Яна-ж дала пра Шпака дакладную справаздачу Капшуну. Ці гэта магчыма, што ён?.. А калі так, дык і ў яе нячыстыя рукі. Сказала, што баліць галава й пакінула працу, пайшла ў парк, дзе заглянула ў газэту ды разважала што рабіць. Адно ясна: яна не магла простым пытаньнем паставіць Капшуна ў кут. Небясьпечна. Наважылася пакуль што маўчаць.
Перад дзьвярмі вялізнай залі тэатру лёгкі ветрык забаўляўся сьцягамі трох народаў: Беларусі, Злучаных Штатаў і Канады. А ўнутры, над сцэнай вісеў чорнай істужкай абрамаваны мастацкі партрэт адыйшоўшага ў вечнасьць пісьменьніка. З бакоў яго — пахіленыя, з чорнымі істужкамі, бел-чырвона-белыя сьцягі. Над партрэтам вялікімі літарамі напіс: Слава Змагару за Волю! І пад нізом партрэту: Ганьба тырану! Паняволеным воля!
Заля напаўнялася. Сьпераду пасадзілі сьвятароў, прадстаўнікоў канадыйскіх уладаў, запрошаных сяброў управаў этнічных і беларускіх арганізацыяў.
Сустрэча Беларусаў Паўночнае Амэрыкі была расплянаваная на тры дні, але вось гэтая ўрачыстасьць была самай важнай і галоўнай. Зацікаўленьне забойствам Шпака павялічыла лік удзельнікаў. Вера сядзела ў трэцім радзе сьпераду. Направа ад яе пуставала Алесева крэсла, бо дзяцюк быў недзе за сцэнай і меў рабіць гутарку пра адыйшоўшага пісьменьніка. Далі яму гэтую нагоду таму, што так шмат і такі доўгі час памагаў гэнаму выдатнаму змагару за волю Беларусі. Нік Лок сядзеў зь левага боку Веры, спрабаваў нейкі жарт расказаць. Вера зірнула на яго няпрыязнымі вачмі і маўчала.
Яе зносіны з Алесем апынуліся на пункце разрыву. Рэдка сустракаліся нават на працы. Адсутнічала ня толькі ранейшая інтымнасьць. Вера адчувала, што Алесь падазраваў яе ў нейкай шкоднай сувязі зь людзьмі, што замардавалі Шпака. Яна не асьмельвалася глянуць у напоўненыя рашчараваньнем, горыччу і дакорам дзяцюковы вочы. Часта дзяўчына жадала, каб ён зьвярнуўся да яе з простым пытаньнем, але ён гэтага не зрабіў. Якія яго намеры? Няпэўнасьць і падазрэньне з боку каханага чалавека пагражала небясьпекай. Колькі разоў ужо была амаль гатовай выспавядацца перад ім, ды на рашучы крок так і не адважылася. Алесь запрасіў яе на галоўную ўрачыстасьць сустрэчы Беларусаў Паўночнае Амэрыкі. Пэўне-ж, меў на гэта прычыны. Вера не адважылася адмовіцца. Магчыма, Алесь і спадзяваўся, што дзяўчына прыйдзе да яго сама, адкрыецца, грахі свае назаве. Сканфужаная, Вера баялася зрабіць хвальшывы крок. Капшун маўчаў ад часу сьмерці Шпака. Ягонае маўчаньне мела адыёзны характар. Дзяўчына была пэўная, што за ёй наглядалі. І проста самая сьведамасьць таго, што яна нейкім чынам спрычынілася да сьмерці пісьменьніка, агарчала жыцьцё. Што рабіць? Напружаньне ўзрастала. Каб паставіць усё на добры шлях, трэба нешта зрабіць. Але што?
Калі на сцэне пачыналася праграма, дзяўчына яшчэ больш пачынала турбавацца. Цяпер ужо шкадавала, што сюды прыйшла. Калі-б пастанавіла, знайшла-бы нейкую прычыну, каб адмовіцца. Чаго-ж яна сюды зьявілася? Каб адхіліць падазрэньне? Наадварот: яна непатрэбна выстаўляе сябе на небясьпеку.
Нейкі афіцыяльны госьць прамаўляў да прысутных, выражаў спачуваньне з прычыны сьмерці Шпака. Гаварыў міністар грамадзянства, чыталі тэлеграмы. Ужо вызначылі кірунак: амаль кажны атакаваў расейска-бальшавіцкую маскоўскую кансьпірацыю, што ўжо замахнулася, каб адабраць вольнасьць усім дэмакратычным дзяржавам у сьвеце, намагаецца разбурыць хрысьціянскую маральнасьць вольнага сьвету й гэтак далей. Вера прыгадала, што ўжо недзе чытала нешта падобнае. Ці забойства Шпака толькі змусіла прамоўцаў ужо ці раз паўтаранае пра гэтак званую небясьпеку з Масквы разьдзьмухаць у шырэйшым маштабе? — разважала Вера.
Яна завайстрыла сваю ўвагу, калі на сцэну выйшаў Алесь. Ня ведала ягоных аратарскіх здольнасьцяў, хоць ужо даўно пераканалася, што ён дасканала валодаў англійскай мовай. Спакойна агледзеўшы залю, Якімовіч пачаў роўным голасам.
— Дзякую за вялікі гонар, што зрабілі мне, даўшы нагоду прамаўляць да гэтай сустрэчы. І ўзрастае смутак і боль, калі ўсьведамляю тое, што стаю тут, перад вамі, заміж вялікага сына вялікага народу, на магіле якога яшчэ не асела сьвежая зямля; чалавека, за страту якога, я пэўны, кажны з нас носіць балючую рану ў сэрцы сваім.
У яго была й добрая дыкцыя, заўважыла Вера. Алесь меў тое, чаго часам не хапае вялікім балбатуном-палітыкам: добрую позу, поўную кантролю голасу, з адпаведнымі нюансамі інтанацыі, у гэтым выпадку й нейкую дамешку ўрачыстай хаўтурнасьці з пашанай да таго, пра каго гаварыў.
— Антон Шпак, — няхай Бог дасьць яму жыцьцё вечнае! — упаў ахвярай у нашым доўгім і зацятым змаганьні супраць маскоўскіх захопнікаў нашай дарагой бацькаўшчыны. Войстра будзем адчуваць мы страту яго, бо Шпак ня быў звычайным сьмяротнікам. Шмат з вас, магчыма што бальшыня, ведае ягоную творчасьць. Таму й ня буду гаварыць пра ягоныя посьпехі ў журналістыцы ці мастацкай літаратуры, а спрабую кінуць крыху сьвятла на Антона Шпака як чалавека. Што за чалавек быў гэты надзвычайна плённы ў творчасьці й вытрывалы змагар за волю нашага паняволенага народу? Некалькі апошніх гадоў зблізілі нас. Бачыў я яго амаль кажны дзень, ці адну гадзіну праводзілі разам. Мала было ў нас праблемаў, якіх супольна мы не абмяркоўвалі. Колькі часу я яго ведаў, рэдка чуў, каб ён калі наракаў на свой нялёгкі лёс. А трэба вам ведаць, што матар’яльна быў ён вельмі бедны. Ад часу прыезду ў Канаду, жыў зь фізычнай працы, да гэтага цярпеў ад дрэннага здароўя й фізычнай слабасьці. Польскія вязьніцы й савецкія канцлягеры падарвалі, мабыць, ягоныя сілы. І ня гледзячы на гэта, ён трываў, працаваў, змагаўся, нападаў і адбіваўся. Я зьдзіўляўся зь ягонай духовай велічы, стойкай самадысцыпліны, неабмежаванай адданасьці сьвятой справе, якой прысьвячаў усе свае здольнасьці й час. Антон Шпак стаіць перад намі як памяркоўны й сьціплы ў жыцьцёвых вымаганьнях, сумленны й вялікадушны, спачувальны да тых, што ў крыўдзе й нядолі; ён-жа й чалавек цяжкой і няспыннай працы. Усё, што зрабіў для нашага й іншых паняволеных народаў заўдзячваць трэба ягонай вялікай і чыстай маралі, хрысьціянскай любові да бліжняга, вялікай веры ў Бога, які, — як верыў наш вялікі духам суродзіч, — возьме наш шматпакутны народ пад апеку Сваю. Якраз тут — у веры ў Бога Збаўцу й народ свой, у любові да бліжняга, — нараджалася крыніца сілы, вытрываласьці й посьпехаў Антона Шпака, нашага вялікага пісьменьніка. Ніколі ня гнаўся ён за матар’яльнымі багацьцямі. Вольнасьць творчасьці й справу вызваленьня бацькаўшчыны стаўляў вышэй усяго. Там, дзе іншыя, у ягоным палажэньні, звольнілі-б у працы ці вычарпаліся, Антон Шпак цягнуў з надзвычайным гартам. Шпак быў шчодры ў помачы пакрыўджаным і запрыгоненым суродзічам і бязьлітасны ў змаганьні зь ягонымі прыгнятальнікамі. Ці пісьменьнік быў задаволены плёнамі свае працы й змаганьня? Здаецца, што так. У сваіх творчых пошуках і здабытках ён асягнуў вышыні, якія наведаць рэдка каму дадзена. Гэтымі сваімі творамі, мне здаецца, ён, як ніхто іншы з нас, прыблізіў дзень развалу й зьнішчэньня пабудаванай на нянавісьці маскоўскай імпэрыі. Коратка гаворачы, Антон Шпак натхніў да змаганьня і падрыхтаваў наш народ да дня вялікага бою-расплаты й вызваленьня. Некаторыя з вас могуць спытацца: як гэта такі надзвычайна таленавіты й характарам нязвычайны чалавек ня здолеў палепшыць свайго матар’яльнага дабрабыту? Пастараюся адказаць. Нябожчык меў шматлікія прапановы з розных выдавецтваў. Усе яны мелі свае цэны і ўмовы. Агульна яны зводзіліся да таго, каб пісаў чалавек для рынку чытачоў. А рынак той, як вам ведама, — свайго роду дрыгва. Не напішаш таго, што, прыкладна, канадыйскім чытачом спадабаецца, ня будзеш мець прыбытку. Такім чынам тварэц мастацкай літаратуры мусіць ісьці на кампрамісы з гандлярамі, каб зарабіць сабе на пражыцьцё. Антон Шпак на такія кампрамісы ня мог ісьці. Мы добра ведаем сяньняшні зьвіхнуты сьвет, дзе амаль усё можна купіць за грошы. І для людзей, што думаюць адно катэгорыямі мяшчанства і нажывы, цяжка ня толькі ацаніць, але нават уявіць веліч такіх людзей, як Антон Шпак. Шматлікія з нас змагаюцца за вызваленьне Беларусі з маскоўскага каляніяльнага ярма. Наш вораг ёсьць яхідны, сільны й няміласэрны. Гэты варвар дваццатага стагодзьдзя ня лепшы за фашыстоўскую Нямеччыну. Пад ягоным загадам ёсьць вялізныя матар’яльныя і людзкія рэсурсы. Але давайце, паважаныя суродзічы, ня будзем падаць духам таму, што на ўзбраеньні нашым ёсьць наймагутнейшая зброя — гэта хрысьціянства і вера ў Бога. І сам Бог з намі. Нам і іншым паняволеным народам на падтрымку ідуць Злучаныя Штаты, Канада, Вялікая Брытанія і іншыя дэмакратычныя дзяржавы вольнага сьвету. Мы ім за гэта ўдзячныя і спадзяёмся, што яны памогуць паняволеным народам разваліць варварскую Маскоўшчыну і адбудаваць іхныя незалежныя дзяржавы.
У гэтым месцы прысутныя ўзнагародзілі Алеся гулкімі воплескамі. Ён уважна зірнуў на Веру, якая ўжо надта ніякавата адчувала сябе ў гэтым месцы й часе, прадбачачы, што найбольш небясьпечнае для яе яшчэ наперадзе. А Алесь прадаўжаў гаварыць.
— Антон Шпак быў і астаўся з намі таму, што пасееныя ім зерні ўскалосяцца вялікім плодным ураджаем для нас і наступных пакаленьняў. Шпак быў мысьліцелем, прарокам і генэралам. Голас ягоны далятаў ува ўсе куткі сьвету, дзе жывуць нашыя суродзічы, ён прабіваў зялезную заслону й бічаваў катаў і забойцаў, мадэрных варвараў. Голас ягоны не даваў супакою маскоўскім паразітам і мясцовым цівуном у іхных мяккіх крэслах у скалянізаванай Беларусі. Шпака цанілі слабыя, што патрабавалі помачы, яго на падтрымку клікалі адважныя і непакорныя, любілі яго ўсе змагары за волю й шчасьце кажнага чалавека на зямлі. Тут-жа за мяжой агенты каляніяльнае маскоўскае імпэрыі намагаліся зьвесьці Антона Шпака з выбранага ім шляху, вычарпаць ягоныя сілы рознымі інтрыгамі і правакацыямі, бамбілі яго няспынным патокам атрутнай прапаганды. Але пісьменьнік ігнараваў бальшавіцкія паклёпы, інтрыгі, змагаўся з правакацыямі. Ён натхняў і бараніў сваіх і хоць ужо нямоглы фізычна, ён, як і раней, астаўся непахісным духова. Калі ворагі ясна ўбачылі, што Шпаку ніяк ня змогуць адабраць ягонага голасу, яны яго замардавалі. Я хачу падчыркнуць, што ў мяне няма сумлеву адносна таго, хто пісьменьніка забіў. Сьледзтва прадаўжаецца. Я цалкам перакананы, што час нас апраўдае і віноўнікаў забойства Шпака пасадзяць на лаву падсудных. Няхай ня будзе для вас неспадзеўкай тое, што скажу далей. Мы даўно пазналі мэтады дзейнасьці нашых ворагаў. Таму й цяпер я магу залажыцца з вамі на сваё ўсё матар’яльнае багацьце, што вось тут між нас прысутнічаюць людзі, якія бралі ўдзел у плянаваньні забойства нашага выдатнага суродзіча.
Алесь спыніўся, павольна аглядаў залю. Гэта, як выглядала, быў ім прадуманы тактычны ход. Вера пабляднела. Ейная нявыгада павялічылася яшчэ, калі бачыла, што Нік Лок уважна пазірае на яе. У адным із задніх крэслаў чалавек із зморшчаным тварам неспакойна паварушыўся, рука ягоная сьціскала люльку на калене.
“Што зь ім? — думалі некаторыя. — Ці ён думае выклікаць каго па прозьвішчах?”
— І таму дазвольце мне, паважаныя спадарыні й спадары, сказаць гэтым людзям некалькі слоў.
Алесь ізноў крыху затрымаўся і пасьля прадаўжаў павышаным, голасам, з адыёзнай ноткай пагарды:
— Ад часу, калі Каін забіў Абэля, людзі, на працягу стагодзьдзяў, прызвычаіліся, што з розных прычынаў рука аднаго чалавека падымаецца на іншага. Аднак ніколі ў гісторыі колькасьць забойстваў ня вырасла да цяперашніх маштабаў, ніколі ня былі яны так удала плянаваныя і зарганізаваныя дый ніколі не рабіліся з матываў так нізкіх і нікчэмных. Сатана з Крамля заўзяўся, каб забіць ня менш, як душу чалавека. Каб гэта асягнуць, ён мусіў паняволіць сотні мільёнаў. Мы ня маем дакладнага ліку ахвяраў, але ведаем, што некаторыя меншыя народы ўжо Маскоўшчына зусім вынішчыла. І яна сяньня, як ніколі, прадаўжае працэс вынішчэньня людзей шляхам так званай клясавай барацьбы ды ў канцлягерах Сібіры. У самай савецкай імпэрыі ня трэба чакаць да 1984-га году, бо жахлівы лад, які прадугледзеў Джордж Орвэл, там даўно ўжо існуе.
Гэтта Алесь зноў крыху затрымаўся, агледзеў залю. Добры тактычны ход, каб павялічыць вагу таго, што мае сказаць.
— Цяпер я зьвяртаюся да тых, каторыя сьведама і ахвотна служаць маскоўскім тыранам: — вы не павінны цешыцца з таго, што не зьяўляецеся звычайнымі забойцамі. Вы ёсьць найбольш нягоднымі зь нягоднікаў і найбольш нікчэмнымі зь нікчэмных. Служыце найбольшаму варвару, які калі-небудзь існаваў таму, што падняў ён сваю закрываўленую руку на самае велічнае і сьвятое, што ёсьць у чалавецтва. Вы пазбаўленыя адвагі выступаць супраць людзей у адкрытым баі ідэяў і інтэлекту, вы баіцеся сьмела глянуць у адкрытыя вочы сумленнага й вольнага чалавека. Як чэрві, поўзаеце ў цёмных кутох, як зладзеі, ходзіце і абкрадаеце іншых начамі і, як трусы, нападаеце на добрых і сумленных людзей ззаду. За гэта вы заслужылі й будзеце ў бесканечнасьць часу насіць пагарду й ганьбу, на вас будзе ляжаць пракляцьце роду людзкога!
Шквалам сарвалася бура апладысмэнтаў і крыкі адабрэньня пачуліся з залі. Вера аж скорчылася ў сваім крэсьле і ейныя рукі, што мелі памагчы агульным апладысмэнтам на залі, дрыжэлі. Яна цяпер не магла пазіраць на чалавека, каторага, здаецца, нядаўна яшчэ моцна кахала. Гэта-ж ёй здалося, што пры ганьбаваньні прысутных “нікчэмнікаў” ягоны падняты ўказальны палец якраз быў накіраваны на яе. Не называючы прозьвішча, ён яе лаяў перад гэтай вялізнай грамадой народу. Не магло быць накш.
Раптам быццам згусьцела, высахла ў роце паветра, абліваў яе пот, пажвавеў пульс. Яна цяпер старалася нікому не глядзець у вочы. Уцякаць, уцякаць адсюль трэба! А як-жа! Многія з гэтых людзей напэўна падазраюць яе, ведаюць, што і яна магла да сьмерці Шпака спрычыніцца. Трэба абавязкава вось цяпер недзе схавацца, чым далей адсюль. Ды яна-ж ня можа проста ўстаць і ўцякаць адсюль на вачох усіх прысутных... А гэты Нік Лок збоку, як наўмысна, усё сачыў за ёю.
38.
Пасьля Алесевай прамовы была прачытаная і прынятая рэзалюцыя, якая, адзначыўшы сьмерць выдатнага пісьменьніка, асуджала каляніяльную і антыбеларускую палітыку бальшавіцкае Маскоўшчыны ў Беларусі, ганьбавала ўсходня-бэрлінскі камітэт і ягоную падрыўную дзейнасьць сярод беларускае эміграцыі, заклікала вольныя і дэмакратычныя дзяржавы падтрымаць вызвольнае змаганьне паняволенага беларускага народу супраць бальшавіцкае маскоўскае імпэрыі. Калі закрылася заслона на сцэне, Вера сказала Ніку, што пабяжыць асьвяжыцца.
— А дзе дзяўчына? — спытаўся ў Ніка Алесь, выйшаўшы з-за сцэны.
— Сказала, што пабяжыць недзе ў жаночую, асьвяжыцца. І навошта табе гэта было?
— Што такое?
— Тая гаворка да забойцаў, ці, як ты іх называеш... Навошта гэта?
— А я ўпэўнены, што нехта зь іх тут ёсьць. Прадчуваю, што скора будуць нейкія вынікі з гэтага. Як выглядала Вера, калі я прамаўляў?
— Дзіўна... Бледная, засяроджаная ў сабе... Мне здавалася, што ты яе бічаваў, і яна цярпела, дрыжэла... Ці ты яе ў чым падазраеш?
— Як ты думаеш? — сказаў Алесь. — І глянь хто тут! Галё, рыбак! Як маешся?
Побач стаяў худы, цыбаты, у джынсах і спартовай гавайскай кашулі, аброслы рыжай бародкай і доўгімі валосамі рэпарцёр маладога веку зь мясцовай, сьхільнай да розных сэнсацыяў, газэты.
— Ці ёсьць якія навіны ў справе забойства містара Шпака? — спытаўся ён у Алеся.
— Чаму-ж вы, бойсы, ня спытаецеся ў паліцыі?
— Яны многа не гавораць, адно кажуць, што сьледзтва вядуць. А з вашай гутаркі на сцэне мне здалося, што вы больш ведаеце, чымся дагэтуль адкрылі. Магчыма маеце каго на воку? Можаце падзяліцца з намі сваімі сакрэтамі? Будзьце добрым, містар Якімовіч!
— Няма дурных, містар рэпарцёр. Можа я ведаю больш, чым кажу, можа й ня ведаю. Даведаецеся, як той час настане.
— Дзякую за інфармацыю, — скрывіўся рэпарцёр і адыйшоўся.
Заля ўжо напалову апусьцела. Алесь і Нік шукалі Веру, але нідзе яе ня бачылі. Папрасілілі сяброўку, каб праверыла жаночую прыбіральню. І там Веры ня было.
— Слухай, Нік, зрабі мне ласку. Я не магу адсюль пайсьці яшчэ. Абавязкі, ведаеш... Будзь добрым хлопчыкам, паедзь да Веры на кватэру, пабач, ці яна дома. Не тэлефануй. Мне здаецца, што нешта адбываецца. Ты пагуляй у дэтэктыва. Калі што вельмі важнае, пазвані сюды, каб мяне выклікалі.
— Ты ёсьць геніяльны, мой бос, ды вельмі зычлівы й шчодры. Адразу бягу. Ці твая любоў яшчэ жыве із той прастытуткай Нінай?
— Прыкусі язык, мой хлопча! — усьміхнуўся Алесь. — Міс Ляскін ёсьць вельмі шанаванай прыгажуняй і Вера яшчэ зь ёй жыве.
— Добра, бацька, ты выйграў. Ужо бягу.
— Вось добра, сынок. Як вернешся, куплю табе чарку!
Нік вярнуўся мо паўгадзіны пазьней. Зь ягонага абыякавага твару Алесь ня зусім дагадаўся, што здарылася.
— Дзьверы замкнёныя, у пакоі няма сьвятла. Выглядае, што твая мара некуды шмыгнула. Не абвінавачвай мяне. Стаяў пад дзьвярмі, стукаў і званіў, — адрапартаваў Нік.
— І нічога?
— Няма яе, мусіць, дома.
— Дзякую табе за паслугу, Нік. Дзе-ж яна магла падзецца?
— Ты-ж казаў мне, што чакаеш нейкіх насьледкаў ад свае прамовы. Ужо маеш іх.
— Мяркуеш, што я яе спалохаў?
— Ці-ж я, малавучаны й нягодны цябе, мудры настаўнік, магу спасьцігнуць веліч твае мудрасьці? — імітаваў Нік вучня нейкага антычнага аракула.
— Перастань, жартаўнік! — ушчыкнуў яго за бок Алесь. — І што я маю цяпер рабіць?
— Давай заглянем у буфэт, можа чарка гарэлкі тваю мудрасьць ускалыхне! — запрапанаваў Нік.
Пайшлі. На залі ўжо пачынаўся канцэрт. Цяпер Якімовіч турбаваўся. Паліцыі нічога пра Веру не казаў, хаця пановаму глядзеў на яе пасьля сьмерці пісьменьніка. І ці раз у гутарках з суродзічамі абяцаў памагчы разьвязаць праблему забойства. Дзяўчына ці то проста спалохалася, ці абхітрыла яго. Прапала вельмі важнае кальцо ў ланцугу. Верыны ўцёкі ўжо ставілі яе ўцень. Калі гэта былі ўцёкі. Праўда, магло здарыцца нешта зусім іншае. Алесь нават баяўся думаць пра такое: дзяўчыну маглі схапіць бальшавіцкія агенты. Ці цяпер падняць трывогу, паведаміць паліцыю? Справа надзвычайна далікатная. Трэба асьцярожна, каб не пашылі цябе ў дурні.
На наступны дзень Алесь даведаўся ад Ніны Ляскін, што дзяўчына быццам была дома пасьля таго, як Алесь узяў яе на сустрэчу, але недзе зьнікла. У гардэробе, — казала Ніна, — зьнікла і дзяўчыніна вопратка. Калі-ж Вера не зьявілася на працу пасьля таго сьвятога Лебярдзея, калі Ніна Ляскін запэўніла Алеся, што нічога ад яе ня чула, ня мае ніякіх вестак куды яна падзелася, Алесь даў паліцыі даныя пра Веру Мак і папрасіў, каб яе знайшлі. Прычынай назваў тое, што ён дзейнічае як ейны бос з Трыфты Тоні, які шукае свае работніцы, што бяз прычыны пакінула працу.
39.
Вера выйшла з тэатру, дзе адбывалася сустрэча, амаль нікім незаўважанай. Так ёй здавалася. Затрымала першае таксі й загадала ехаць дадому. Цяпер адна ідэя кіравала ёю: уцякаць як найскарэй, далей ад вачэй людзкіх! Прыехаўшы, замкнулася ў пакоі, ня ўключала сьвятла хоць ужо зьмяркалася.
Яна завіхалася, каб захапіць з сабою самае неабходнае ў дарогу. Перапалохаў яе званок пры дзьвярох. Села на канапу, прытаіла дыханьне, прыслухоўвалася. Хто гэта можа быць? Можа Капшун? Стары басяк напэўна бег за ёю. А што будзе, калі зараз зьявіцца Ніна, пабачыць яе гэтта ў пакоі безь сьвятла й даведаецца, што яна не рэагуе нават на званок, каб некаму дзьверы адчыніць? Гэткае нешта магло здарыцца. А той нехта за дзьвярмі зноў націснуў на званок. Мінула пара хвілінаў. У калідоры пачуліся крокі, што аддаляліся. Вера падскочыла да вакна, пазірала праз шчыліну ў шторах. Так, гэта Капшун. Ён затрымаўся на ходніку, кінуў вачмі на ейнае вакно. Вера адхілілася. Трэба сьпяшыцца. Адзін хвост за ёй ужо ёсьць. Уцякаць трэба адсюль!
Якраз калі ўзялася пакаваць вопратку ў чамадан, шукаючы ў змроку сваіх дакумантаў і грошы, якіх заўсёды не хапала, зноў адазваўся пры дзьвярох званок. Вера паціху лаяла таго некага за дзьвярмі. Прайшла хвіліна. Зноў званок. Дзяўчына баялася, што гэты нехта затрымаецца за дзьвярмі даўжэй, чымся Капшун. Але неўзабаве і гэты, чуваць, пайшоў. Яна падыйшла зноў да вакна і неўзабаве пазнала свайго суседа, што быў побач яе ў тэатры на сустрэчы.
Вера выклікала таксі й паехала на чыгуначную станцыю. Якраз адыходзіў той цягнік, што ёй быў патрэбны. Якое вялікае шчасьце! Уцячэ з гэтага гораду, ад гэтых людзей, каторыя так абшмулялі, сканфузілі ейнае жыцьцё. Пэўне-ж, у тым вялікім горадзе, куды яна перабіраецца, чакаюць яе новыя неспадзеўкі. Але там ёсьць у яе сяброўка, каторая сама ўжо добра ўладзілася і Веру даўно настойліва запрашала да яе перабрацца. Купіўшы бялет, Вера, цяпер ужо зусім спакойная пасьля вялікага ранейшага хваляваньня, накіравалася ў вагон.
40.
Другі ліст ад маткі Алесь атрымаў на наступны дзень пасьля Лебярдзея. Падрыхтаваны на найгоршае, дрыжачымі пальцамі разарваў канвэрт. І ўзноў пажвавеў, здавалася, пульс крыві. Матка пісала:
Мой дарагі сынок Алесь!
Я пісала табе месяц назад і ты мусіць атрымаў ліст, бо ён назад не вярнуўся. Я ўстрывожаная. Чаму ты не адказаў? Прашу цябе, сынок дарагі, пішы да мяне, я хачу ведаць як ты жывеш.
Далей маці згадала сёе-тое з жыцьця вёскі, пасьля амаль казённае “я жыву добра”, а тады галоўнае:
Мой сынок, я дачулася, што ты там сярод нашых суайчыньнікаў робіш падрыўную варожую работу супраць нашай радзімы. Калі гэта так, дык прашу цябе не рабіць таго. Нашто крыўдзіць сваіх людзей, шкодзіць ім? Ты чуеш, Янка?
Слухай сваёй маткі і няхай Бог блаславіць цябе, сынок дарагі. Чакаю твайго адказу. Я заўсёды твая матка, зь любоўю да цябе Алена.
Алесь некалькі разоў прачытаў той ліст, напісаны на шурпатай, са школьнага сшытка, у клетачку, паперы. Ясным стала, што на матку ягоную адпаведныя ворганы робяць націск, проста зьдзекуюцца із гаротнай жанчыны. Найбольш пагражальнай была фраза: “Ты чуеш, Янка?” Янкам называўся Алесеў бацька. Маці часта клікала гэтак, калі бацьку некалі забралі й недзе замардавалі. Адылі яна ня ўжывала такой фразы кажны дзень, а адно тады, калі нейкі вялікі боль ціснуў сэрца, калі не магла ня выказаць надзвычайнай трывогі.
Алесь бачыў у гэтым лісьце руку нягоднікаў з КДБ. Матчына “просьба”, каб не рабіў шкоды сваёй “радзіме”. Значыцца, загад ад ворганаў — спыні “варожую” працу! Ну а што станецца, калі ён не паслухае ды ня спыніць? Холадна на сьпіне. Матка была заложніцай. Алесь, ейны “дарагі сынок”, капаў матцы магілу. У тую ноч Алесь ня мог заснуць, кідаўся на ложку ў бяссоньніцы, жахлівыя думкі не давалі супакою. Сьведамасьць свае бяссільнасьці там, дзе патрэбная моц духа й цела. Нават насонныя таблеткі не памагалі.
41.
Надыйшлі жахлівыя дні й ночы, ці ночы й дні — Алесь ня мог уцяміць што за чым ішло, калі што канчалася й чым ды дзе абмяжоўвалася. Найважнейшай і прыгнятаючай спанукай было жаданьне, каб пазьбегчы рэальнасьці, акунуцца недзе ў нечым іншым, як у той адной песьні нейкага “мастака” рок-н-ролу сьпяваецца: “спыніце сьвет, я хачу зьлезьці!” Але як гэта зрабіць? Пры помачы алькаголю? Калі ў міражы п’янкі пачнуць прасьвятляцца мазгі, зноў набухай поўную шклянку брыды... Так, ці не?
Калі гэта пачалося? Два ці тры дні назад? Ня прыгадваецца. Хто яго ведае... Часта званіў тэлефон. Многім сябром з працы, і нават самому Давіду Зэлману — таму самаму няспыннаму дынамо, — давялося сказаць, проста з мосту так адрэзаць, каб ня дурылі ягонай, Алесевай, галавы, каб самі адправіліся ў заслужанае імі пекла, а яго, Алеся Якімовіча, пакінулі ў супакоі. Яму гэты бізнэсавы сьвет абрыдзеў, ён апынуўся ў іншым, туманным, дзе траціш ар’ентацыю часу й месца, дзе не стаіць і не цяўкае над табою нейкі гультаяваты цяльпук ці іншая назола. А вы — усе к чорту! Я сам сабе цяпер гаспадар. Напляваць на вас усіх!
Матка, дарагая ты мая, мілая, родная! Дзесьці ў імгле нейкай яна... Плакала, калі намаўляла яго астацца, калі пакідаў яе. І гэта ейнае жахлівае: “Ты чуеш, Янка?” Роспач.
Даволі гэтых телефонных званкоў. Даволі гэтага абрыдлага сьвету. Алесь схапіў і вырваў тэлефонны провад. Во як! Цяпер перастануць дакучаць. Пастанавіўшы, што ён ужо нешта канструктыўнае зрабіў, устаў, пайшоў у пакой з ваннай, пазіраў у люстэрка. Адтуль глядзеў на яго аброслы барадою, з чырвонымі вачмі схуднелы твар. Ці гэта ён, Алесь Якімовіч? Божа мой! У пакоях няма ніякага парадку. У халадзільніку пуста. Колькі гэта часу мінула ад добрай стравы? На цэлае шчасьце яшчэ была гарэлка. Ён наліў палову шклянкі, тут-жа выпіў амаль адным глытком. Як гэта сталася, што галава такая цяжкая, ледзь не цэлую тону важыць?
Ён у піжаме. Ён-жа дома. Гэтак і добра. Навошта нешта іншае апранаць? Алесь расьсеўся ў крэсьле-гойдаўцы на бальконе. Цяпло алькаголю разьлілося па ягоным целе. Блаславёнае няведаньне рэальнасьці. Як цудоўнай і прынаднай ёсьць пустата, калі ты рэальна ня існуеш. Недзе, праўда, адчуваеш нейкія фізычныя патрэбы, функцыі і да таго падобнае... Але затое поўная духовая пустэча. Найбольшая небясьпека на сумежжы, дзе сьвітаньне пераходзіць у зьмярканьне, ці як яно там... Рэальнасьць высоўвае сваю агідную маску. Вон яе!
42.
Назойлівы стук у дзьверы і за дзьвярмі галасы. Алесь не варушыцца. Стук паўтараецца куды галасьней.
— Ал, адчыні, ты гультай! Мы ведаем, што ты дома.
Голас Ніка Лока. Алесь не адказвае.
— Ал, слухай, адчыні! Калі не адчыніш, выламім дзьверы!
— Ідзеце к чорту! Я не хачу вас бачыць. Нікога не хачу бачыць. Чаму вы, добрыя людзі, ня можаце пакінуць мяне ў супакоі? Адчапіцеся ад мяне!
— Слухай, Ал. Я ёсьць твой добры сябра Нік Лок, а са мной ёсьць яшчэ адзін твой добры сябра Анды. Мы толькі хочам з табой пагутарыць. Слухай, будзь добры хлопец, адчыні нам.
— Я казаў... А ну вас! Окэй, няхай сабе.
Алесь устаў і адамкнуў дзьверы.
— Ай, яй-яй, як гэта ты мог так зьдзекавацца над самім сабой! — жахнуўся Нік, убачыўшы змарнелага Якімовіча.
— Як гэта ты так ухітрыўся зьмяніцца? Давай руку! — усьміхнуўся Анды.
— Калі ўжо сілай улезьлі, то сядяйце. Ня буду прытварацца, што я рад вас бачыць, — сказаў Алесь.
— Ты перастань. Мы ведаем усю рэшту. Давай цяпер праверым, што і як тут у цябе, — пагаспадарску гаварыў Нік. Ён адчыніў халадзільнік і сьвіснуў. — Зірні, Анды, зусім пусты. Ці ты, Ал, пастанавіў сябе голадам замарыць? Калі гэта ты еў апошні раз?
— Ня памятаю, — пад носам буркнуў Алесь.
— Дык надзенься, хадзем, нешта зьядзём, — цягнуў Алеся Анды за руку.
— Пачакай, мой добры сябра, можа пасьля. Перш дай мне закурыць.
— Дык што гэта такое? — пытаўся Анды, калі Алесь прыкурваў. — Ці ты ня ведаеш, што так можаш сваю працу страціць?
Алесь з прысьвістам зацягнуўся дымам. Выглядала, што намагаўся ігнараваць сяброў.
— Некалі чытаў я пра гіндускіх манахаў, ці мудрацоў, — пачаў ён, не зважаючы на тое, ці яго слухаюць ці не, — ведаеце, пра гэтых, што мэдытацыяй і рэжымам ізаляцыі стараюцца спасьцігнуць Бога, ці тую ступень дасканаласьці, якая роўная Стварыцелю. Я думаў многа на гэтую тэму. Мяркую, што трэба цяжкіх намаганьняў, каб тое асягнуць, калі наагул нешта падобнае ёсьць даступным для людзей. Калі там патрэбныя вялікія намаганьні ды надзвычайная канцэнтрацыя, дык гэта не для мяне. Маё жаданьне вельмі сьціплае: пакіньце мяне на нейкі час у супакоі, забудзьцеся пра мяне, не дакучайце. Пытаешся сам сябе: ці гэта зашмат, ці гэта такое вялікае вымаганьне? Выглядае, што так... Глядзіце. Гэтта я замкнуўся, адлучыўся ад сьвету, нікому на горла ня лезу, не дакучаю. Ну й што, вы думаеце, здарылася? Усе спрабуюць выламаць мае дзьверы.
Ён спыніўся, пазяхнуў, устаў, пачаў хадзіць няроўнымі крокамі, зноў сеў.
— Максім Багдановіч некалі сказаў: “Проці цячэньня вады зможа толькі жывое паплыць, хвалі-ж ракі заўсягды цягнуць тое, што скончыла жыць”. Мяркую, што я — ані жывы, ані мёртвы, а паэт забыўся сказаць, што мае рабіць чалавек у маім палажэньні: плысьці супраць цячэньня, ці скончыць жыць...
— Давай, найперш раскажы нам, што табе дакучае, — сказаў Анды.
— Дзякую вам, бойсы, што адведалі мяне, хоць я і хацеў-бы сядзець у адзіноцтве. У гэты час я не прашу нічыёй падтрымкі. Кропка. Мушу прайсьці, ці пераплысьці многа міляў, пакуль вылезу на салідны бераг.
— Чуеце, якія важныя словы! — укінуў нецярпліва Нік. — Скажы нам, ці ты страціў розум таму, што дзяўчына ад цябе ўцякла?
Алесь нават ня зірнуў на Ніка. Памалу, быццам пра нешта разважаючы, ён выцягнуў з пачкі другую цыгарэту, закурыў. Углядаўся ў клуб дыму.
— Запраўды ня ведаю, ці мог-бы я табе нешта вытлумачыць, калі-б нават спрабаваў...
— Спрабуй!
— Баюся, што не зразумееш, хлопча.
— Пастараюся.
— Ты, мой сябра, некаторыя здарэньні ці выпадкі, ці няшчасьці мусіў-бы перажыць. Яны занадта скамплікаваныя, каб іх апісацць, ці пра іх расказаць.
— Не насядай, Нік, — раіў Анды. — Маем час.
— Ці вы, добрыя людзі, ня можаце сваімі прымітыўнымі мазгамі зразумець, што я хачу мець перапынак? Вы сілаю цягнеце мяне назад у тое барахло, што называеце жыцьцём. Я не хачу яго. Нейкі час я хачу пасядзець на плоце, прыгледзецца як валочыцца грамада разумнага народу.
— Але-ж ты руйнуеш усё, што да гэтага часу здабыў, — заўважыў Нік.
— Руйную? — скрывіўся ў твары Алесь. — Ці адпавядае тут гэткае слова, я ня ведаю. Некалі здавалася мне, што я да нечага імкнуўся, рабіў прагрэс, асабліва тады, калі пачынаў новы шлях у гэтай багатай, дзіўнай і слаба заселенай краіне. Першы раз у жыцьці, здаецца, сонца было да мяне ўсьміхнулася. У маёй дзіцячай наіўнасьці мне здавалася, што адкрыў я нейкае сваё Эльдорадо. І я — вялізны дурань, спадзяваўся, што прыйшоў нарэшце і для мяне новы пачатак. Я ўскочыў на гэтую апантаную дынамізмам карузэлю, быў захоплены ёю, памагаў іншым, каб будаваць, разьвіваць, паляпшаць і так далей. Так, сябры мае дарагія, нейкі час галава мая трашчэла ад радасьці. Не забывайцеся, што ад прыгоннага халопа ў Савецкім Саюзе і да экзэкутыўнага крэсла ў канадыйскім бізнэсе дарога даўгая, цяжкая, з многімі ўхабамі. Я прайшоў яе, меў салідныя асновы спадзявацца, што будучыню сабе ўжо запраўды, як трэба, забясьпечыў. І аднаго дня тое вялікае здарэньне было... Мяне сьцягнулі ўніз, зьвязалі. Каротка гаворачы, я апынуўся там на самым дне, дзе некалі пачынаў, з дабаўкай усьведамленьня, што я заўсёды туды належаць маю. Цяпер, — Алесь пагражальна выставіў указальны палец у бок сяброў, — ці вы сабе ўяўляеце што гэта значыць апынуцца на самым нізе, адкуль ты пачаў, без надзеі, што адтуль некалі выкарабкаешся?
— Гаворыш нейкімі загадкамі. Хто цябе і ў які ніз сьцягнуў? Ніхто! — сказаў Нік.
— Я бачу, што вы, мудрыя галовы Трыфты Тоні, усё яшчэ нічога ня скумекалі. Мусіце памятаць, што сталася за апошні месяц у мяне і ў нашай беларускай калёніі. Перш за ўсё — забойства Шпака, — няхай Бог прыйме яго на ўлоньне Сваё! Тады ўцякла некуды Вера, а цяпер гэта вось!
Алесь узяў шэрага колеру канвэрт і трымаў яго перад Нікам.
— А што гэта такое? — зацікавіўся Анды.
— Ліст ад маёй маткі. Я-ж казаў вам пра яе раней, ці-ж ня так?
— Так, ты згадваў пра яе некалі...
— І ці вы ўяўляеце, чаму яна піша? — Алесь пачаў хадзіць па пакоі, гарачыўся, павысіў голас. — Таму што ёй загадалі, вось чаму. І што яна піша? Цяпер, джэнтлемэны, паслухайце яе: яна просіць мяне, каб я перастаў працаваць тут у грамадзкіх арганізацыях сваіх суродзічаў. Праца мая тут у Канадзе сярод нашых людзей, каторыя стараюцца прыжыцца, стаць на ногі, працу здабыць, дзяцей на добрых людзей гадаваць, у сваіх сьвятынях памаліцца, вось гэтая мая праца, гэткая бясплатная работа між сваіх, яна, — чулі вы такое — супярэчыць інтарэсам бальшавіцкае дзяржавы і імі паняволенага беларускага народу. Вы, мае добрыя сябры, напэўна ўжо адгадалі ў чым справа: ліст той прадыктавалі матцы камуністычныя палітрукі. Характэрна, што й мова бюракратычна-казённая, якраз такая, якой матка мая ніколі, пішучы да мяне, не надумалася-б ужываць. Але самае важнае ў тым лісьце, што мая дарагая матка, — дай ёй, Божа, многа здароўя! — сумела мяне перасьцерагчы. Яна туды ў тэкст ліста ўставіла такую фразу, якую, — я пэўны гэтага, — яна ўжывае толькі, каб перадаць сігнал вялікае небясьпекі. Як вам гэта падабаецца? Цяпер-жа, калі жадаеце далей заглыбіцца ў гэтую справу, я магу ілюстраваць. Ёсьць тая гаргара-дзяржава. Яе тут у Канадзе называюць іранічна “расейскі мядзьведзь”. Тэрмін гэты, магчыма, некалі пасаваў да царскай Расеі, але не цяперашняга гіганта, якім загадвае бальшавіцкая мафія. Я вось гэтую бальшавіцкую імпэрыю, што цяпер яна ёсьць, прыраўняў-бы да крыважэрнага актопуса. Ён душыў-жор мой народ і радню, а цяпер ужо выцягвае шчупальцы, каб і мяне праглынуць. Ведаючы паходжаньне й характар гэтага дэмана, магу даволі дакладна прадказаць, што далей здарыцца...
Алесь спыніўся, як быццам чакаючы, каб яго заахвоцілі прадаўжаць. Мужчыны пазіралі на бледнага і ўсхваляванага сябру.
— У сваім наступным лісьце мама, пад дыктоўкай гэтага самага актопуса, будзе прасіць мяне... Не, чакайце, яна будзе апэляваць да мяне, ужываючы тыя дыктаваныя саладжавыя казённыя словы, каб я дамоў вярнуўся. Абавязкова гэтак будзе. Матка да мяне зьвернецца: вярніся, сыночак родненькі! І яшчэ ў гэным лісьце, у адпаведнай форме зьявяцца абяцаньні, — так, абавязкава абяцаньні! — што бацькаўшчына, якую яны называюць радзімай, з радасьцю прыме на ўлоньне сваё гэтага блуднага сына ды выбачыць яму ўсе грахі вялікія і малыя, каторыя ён, блукаючы па чужыне, супраць той самай радзімы нарабіў. Ды тое выбачэньне гэных нібы грахоў мае наступіць, — заўважце гэта, — толькі пасьля таго, калі я пакаюся, выбачэньня такога ў іх, нізка пакланіўшыся, папрашу. Значыцца, як усёроўна на споведзі: каюся, каюся, каюся, выбачце мне грэшнаму. Дапусьцім цяпер, што я маю намер якраз такі крок зрабіць. Бязумоўна, я не зраблю так, але ўявім сабе такую сытуацыю. За якія гэта грахі і ў каго я маю спавядацца ды выбачэньня прасіць? Але-ж, не ў каго іншага, як толькі ў маскоўскіх крыміналістаў, іхных беларускіх янычараў, значыцца тых, што паняволілі маю бацькаўшчыну, народ запрыгонілі, зрабілі жывое пекла ў ёй... Вось каго...
Алесь хістаўся, хадзіў яшчэ па пакоі.
— Але-ж прашу выбачыць, — адумаўся ён, — я загаварыўся і забыўся пра вас. Пачакайце, калі ласка.
Ён прынёс з кухні шклянкі, напоўніў іх садовай вадой зь лёдам, а ў чаркі паналіваў гарэлку.
— Прапаную, за нашае здароўе! — сказаў Алесь.
Выпілі.
— Прашу ўзяць пад увагу, што мае суродзічы выгнанцы, уключна са мной, цяпер вядуць вайну. Прызнацца трэба, дзіўная гэта вайна. Наш вораг трымае ў няволі ўсіх заложнікаў, мае вялізныя запасы амуніцыі і амаль неабмежаваныя матар’яльныя рэсурсы. Запраўды, мы ня маем амаль ніякіх шанцаў на посьпехі ў такім няроўным змаганьні, ні аднаго ў мільёне. Усёроўна мы робім рух, быццам б’ёмся, мы нават намагаемся пераконваць свой бок, што маем нейкія здабычы, пэўне-ж на ідэалягічным фроньце. Але нікога тут не абманеш. Хоць не пачуеш пра гэта ад канадыйскага міністра іміграцыі, мы — гэта значыць бальшыня нас, Беларусаў, пасьляваенная іміграцыя, — апынуліся тут з палітычных прычынаў. І ў гэтай краіне мы працуем на грамадзкім і палітычным груньце, як нейкія місіянеры. Мы апынуліся тут, каб мабілізаваць помач для пакрыўджаных, паняволеных, для тых, якіх бязбожны таталітарны і крывавы фашыстоўскі рэжым з Масквы вынішчае мільёнамі. Мы расказвалі пра лёс паняволеных нязьлічоную колькасьць разоў. Мы прасілі зразуменьня, папярэджвалі й асьцерагалі гэтую краіну й цэлы сьвет, што калі камуністычны ракавы арганізм ня будзе зьнішчаны, калі ягоны рост ня будзе стрыманы, дык ён цэлы вольны сьвет паняволіць і зьнішчыць. Ну і які з таго вынік? Сьвет, да якога зьвяртаемся, як казаў адін калега мой, цынік “бесится с жиру”, ён із паблажлівай усьмешкай глядзіць на нас, як на нейкіх дзівакоў. Ён спакойна прыглядаецца, як некаторыя народы ў камуністычным ярме ўжо душацца ў перадсьмяротных канвульсіях. Госпадзе мой, чаму Ты адвярнуў ад нас твар свой?
Амаль задыхаючыся ад такой узьнёслай рыторыкі, Алесь спыніўся, прыкурыў новую цыгарэту.
— Я ніколі не ўяўляў таго, што яно гэтак ёсьць! — голасна зьдзівіўся Нік.
— Гэта цяжка ўявіць, гэта ня гульня ў гакэй, — стараўся ўсьміхнуцца Алесь.
— А якую ролю тут Вера Мак іграе? — спытаўся Анды.
— Вера, мая любоў, — заглыбіўся ў іншы сьвет Алесь, — ідэал маіх доўгіх і нязбытых мараў, памагатая ў забойстве вялікага й выдатнага чалавека. Сымбаль чыстай і незаплямленай красы й прыгожая зьява з камуністычным чарвяком унутры сябе, мадэль скромнасьці і шпіён бяз прэтэнзіяў... Гэта, хлопцы, агульна гаворачы, вобраз дзяўчыны, пра якую мова. Я запраўды ня ведаю, ці маю права ёй дакараць. Магчыма, што яна мае нейкае апраўданьне... Цяпер-жа яна зьяўляецца адной нітачкай, якая вядзе да вырашэньня справы забойства. Аднак, магчыма, што камуністы ўжо яе прыбралі. Прызнаюся, што вобраз гэтай дзяўчыны ня месьціцца ў маёй галаве і цяпер. Выглядае, што я сустрэў дзьве дзяўчыны, адну — запраўдную, цела й кроў з усімі, як прыказка кажа, бародаўкамі; другая — твор майго ўяўленьня, сьціплая і незраўнаная ў сваёй прыгажосьці цнотка, ляля, цацанька. Калі-б зьявілася яна перада мною, засыпаў-бы яе пацалункамі і сказаў-бы ёй, што ўсё тое, што сталася раней, калі нашыя ворагі замардавалі такога выдатнага чалавека, у чым памагла ейная рука — гэта нейкі дурны капрыз ці недарэчнасьць. Існуем толькі мы з табой, Верачка, мы і нашае каханьне. Іншым разам, калі-б трапіла яна ў мае рукі, хацелася-б выціснуць зь ейнай мяккай шыі апошняе дыханьне...
Алесь так загаманіўся, акунуўшыся ў сваім пачуцьцёвым сьвеце, што, відаць, забыўся пра прысутных сяброў. Цяпер-жа ён раптоўна павярнуўся.
— А што вы тут робіце? Ці ня бачыце, што цярплю зьдзекі? — крыкнуў, быццам разьюшаны.
— Ал, спыніся, успакойся! — сказаў спакойна Анды. — Ці-ж ты ня бачыш, што мы прыйшлі, каб табе памагчы?
— Не, бойсы. Ад шчырага сэрца вам дзякую, але вашая помач гэтта непатрэбная. Я стаю над пропасьцю. Удома матку націскаюць, каб намаўляла мяне вярнуцца, значыцца проста ў рукі дэмана. А тут... Ведаеце, мне патрэбны час, каб перадумаць, падтасаваць, зрабіць падлікі мінулага. Я цяпер, у такім становішчы няздольны да жыцьця. Мушу зрабіць разьлікі з сабой, зь Верай... Бяз вашай дапамогі...
— Ты, чалавеча, ці ты здурэў зусім, ці што? — выбухнуў Нік. — Ты-ж страціш сваю працу. Зэлман казаў...
— Чакай Нік, маўчы. Выглядае, што мушу табе тлумачыць простай мовай. Слухай, мой сябра: мне абсалютна няважна, што Зэлман казаў, што нехта пра мяне думае ці кажа. Маю перад сабой праблему, якую мушу сам вырашыць і жадаю, каб мяне гэты сьвет на нейкі час пакінуў у супакоі. Будзь ласкавы, скажы Зэлману, няхай ідзе ў возера скочыць! Зрабіце мне, хлопцы, ласку, пакіньце мяне самога. Мне прыкра, але ня чуюся...
— Окэй, Нік, пойдзем, — устаў Анды. — Памятай, Ал, калі запатрабуеш помачы, толькі сыгналу ад цябе чакаем.
Калі сябры пакінулі яго, Алесь паставіў Чайкоўскага патэтычную сымфонію. Заслухаўся, загойдаўся ў сваім крэсьле-гойдаўцы. Гвалтоўны плач трос ягонае згаладалае за апошнія дні цела.
На наступны дзень зьявіўся да Якімовіча сам Давід Зэлман. Алесь быў крыху зьдзіўлены, але надта ўдзячны свайму босу за ягоную візыту. Халодным і зраўнаважаным тонам Зэлман пераконваў Алеся, каб вярнуўся неадкладна на працу. Зь некаторым намаганьнем Алесь выясьніў крамніку, што так, у цяперашнім эмацыянальным хаосе, ён зусім няздольны да ніякай працы. Паспачуваўшы яму, Зэлман намякнуў, што праца на яго ня будзе доўга чакаць і пайшоў.
43.
Неўзабаве пасьля Новага году Нік наведаў Мантрэал. У першы дзень палагоджваў бізнэс, а на другі пайшоў заглянуць у мясцовы тэатр барлеску. У сваіх тэатральных упадабаньнях Нік меў просты смак. Падабалася яму шорсткая камэдыя больш чым нейкая складаная і сур’ёзная драма, мэлядыйная апэрэта брала верх над гранд-опэрай. Часта заглядаў у барлеск.
У раньні час, калі ён прыйшоў, на залі пуставала многа крэслаў дык Нік прымасьціўся ля самай сцэны. Нейкае маладое гарлапаністае стварэньне прасьпявала пару папулярных нумароў пап-музыкі, выступаў штукар. Канфэрансье рэклямаваў гурт уежджаных, не адну вупраж знасіўшых “цудоўных маладых прыгажуняў”. Гэныя прыгажуні, што выбеглі пабрыкаць на сцэне, пад тоўстымі слоямі пудры й памады на сваіх тварах маскавалі сваю “маладосьць”.
Нік ужо пазяхаў у нейкай нудзе і разважаў, ці ўжо выйсьці, калі канфэрансье, пасьля колькіх грубых анэкдотаў пра сэкс, прапанаваў зорку атракцыі.
— А цяпер, паважаныя спадарыні й спадары, — урачыста гаварыў ён, — маю прыемнасьць прадставіць вам галоўную атракцыю сяньняшняга шову, замаскаваную цудоўную прыгажуню. Ніхто ня ведае адкуль яна ў нас зьявілася й куды пойдзе. Залежыць ад вас, ці вы тут яе затрымаеце, ці ў новую дарогу адправіце. Вось даю вам зорку — “Замаскаваную Прыгажуню”!
Бляндынка сярэднягя росту, на твары мела надзетую ружовага колеру маску. Калі павольнымі й плаўнымі рухамі пачала яна хадзіць па сцэне й распранацца пад саладжавую мэлёдыю флейты, Нік захапіўся формай надзвычайна прыгожай фігуры. Просты, без амаль заўсёды прысутнай у такіх паказах вульгарнасьці, танец. І маўчала, у захапленьні ад гожай формы на сцэне, мужчынская грамада. У рухах танцоркі пракідвалася для Ніка нейкая надзвычайная паэзія. Маладое, пругкае цела. Не, гэта яна ня з тых уежджаных прыгажуняў, што раней выбеглі на сцэну пабрыкаць. Цудоўная! — захапляўся Нік Лок.
Калі танцорка прыблізілася на край сцэны, Ніку здалося, што ён распазнаў абрысы твару яе... нейкія, недзе бачаныя. Дзяцюк пачаў уважней прыглядацца. Дзяўчына, калі зноў апынулася блізка яго, зрабіла рух, мімалётны рух распазнаньня, ці што... Ці гэта магчыма? Так, гэта мусіць быць яна, а ня хто іншы. Трэба будзе праверыць, пастанавіў Нік. Калі не асьмеліцца, ня будзе мець супакою. А навошта-ж маска? Калі на паказ выстаўляеш усё цела, за выняткам толькі эратычнай зоны, дык якая прычына, каб схаваць твар? Сарамлівасьць? Нешта іншае. Хочаш грошы зарабляць і быць інкогніто. Вось яно. Пабачым.
Нік меркаваў, што да загадчыка трупы дарэмна ісьці, прозьвішча дзяўчыны ў масцы ён, пэўне-ж, не назаве. Што аставалася? Спрабаваць заглянуць за сцэну? Рызыка невялікая. Калі прагоняць, ну дык што...
Як толькі апусьцілася занавеса, Нік шмыгнуў праз левыя дзьверы за сцэну. Ён апынуўся ў вузкім калідоры і пазіраў на некалькі дзьвярэй, мяркуючы ў каторыя пастукаць. Дзьве жанчыны з тых размаляваных і напудраных прыгажунь, што брыкалі раней на сцэне, выйшлі з аднаго пакою і Нік спытаўся ў іх дзе знайсьці “маску”. Адна зь іх паказала дзьверы якраз у той час, калі ў канцы калідору зьявіўся мускулясты выкідайла. Нік хутка адчыніў паказаныя дзьверы і ўвайшоў. Ён апынуўся ў малым пакоі, дзе ў кутку, ля камоды зь люстэркам і рознай касмэтыкай і прыладамі для прыхарошваньня валосаў і твараў якраз і ўбачыў дзяўчыну, але бяз маскі. Яна ўжо апранула сябе ў джынсы й ружовую разьлятайку. Дзяўчына павярнулася да Ніка ад люстэрка на камодзе. Устала.
— Я цябе чакала, — сказала такім тонам, быццам яна ўчора з табою бачылася.
Нік прыгадаў змарнелага, худога, рашчараванага і горам зьбітага ды зьбянтэжанага чалавека, якога бачыў пару дней назад. А вось перад ім, у роўным пульсе свайго пругкага цела, з пышнымі хвалямі валосаў, выклікам маладосьці ў прамяністых вачох стаяла Алесева цацанька, ідэал ягонага каханьня, нібыта сьціплая цнотка, за якую дзяцюка і цяпер морыць бяссоньніца.
— Ты сука! — гаркнуў на яе Нік і навотмаш правай рукой сьцебануў Веру па твары. Яна абапёрлася на верх камоды.
Ззаду скрыпнулі дзьверы і Нік азірнуўся. Здаравенны выкідайла затрымаўся ў дзьвярох.
— Джан! — зьвярнулася да яго Вера, гладзячы шчаку, якая смылела. — Гэта мой сябра. Не чапай яго!
Выкідайла выйшаў.
— Сядай, Нік, — паказала дзяўчына рухам рукі канапу.
Яе ўпэўненасьць голасу і ўсьмешка на твары зусім абяззброілі Ніка. Ён сеў.
— Цяпер, мне здаецца, што табе выпадае выясьніць тую аплявуху і зьнявагу мяне.
— Прашу цябе, Вера, выбач мне. Мяркую, ты дагадваешся, чаму я руку на цябе падняў. Я хацеў-бы пачуць выясьненьне ад цябе. Павер мне, што калі-б я нават шукаў цябе, дык ня ў гэткім тэатры ды яшчэ як нейкую зорку ў стрыптызе. Калі я цябе пазнаў, пастанавіў з табой пагаварыць. Я прыгадаў пакрыўджанага і зруйнаванага табой Алеся. Рука засьвярбела. Разумееш?
— Бачыш, дык усё-ж праўда была мая?
— Якая гэта праўда?
— Ты сказаў, што калі-б шукаў мяне, дык ня ў гэткім тэатры і не ў такой ролі. Затое я і ёсьць тут.
— Ты хочаш сказаць, што хаваешся? У масцы?
— А як ты думаеш? Але цяпер, калі ты мяне ўжо знайшоў дык няма патрэбы больш хавацца. Так ці не?
— Слухай, зайдземся ў рэстаран, там пагамонім.
— Окэй, пачакай, я надзену пальто.
Зайшліся ў суседні рэстаран і селі пры стале ў куце. Гэтта было ціха. Замовілі напіткі і па гамбургэру на кажнага. Нік уважна аглядаў дзяўчыну. Падумаць адно, у стрыптыз палезла. Якім гэта чынам? Нешта тут загадкавае. Ад каго яна хаваецца?
— Можа-б ты мне расказаў перш пра яго? — запрапанавала Вера, калі прынесьлі напіткі.
Прынаднасьць ейнага твару, як і раней, —заўважыў Нік, — амаль не аздобленая касмэтыкай, натуральная.
— Можна й так, — пачаў дзяцюк, — хоць, запраўды, ня ведаю ад чаго пачынаць. Скажу адразу самае найважнейшае: сяньня Алесь амаль зусім зруйнаваны чалавек. І найгоршае ў тым, што ён пра нічога ня дбае, адным словам напляваць яму на ўсё. У яго амаль няма грашовых сродкаў...
— Чаму ён так? І чаму ў яго няма сродкаў?
Нік уважна зазірнуў у дзяўчыніны вочы. Там, дзе калісьці было недаўменьне ці дзявочая сарамлівая прывабнасьць, цяпер вылузвалася самаўпэўненая зухаватасьць.
— Дзіўна чуць такое пытаньне ад цябе, — Нік падкрэсьліў “цябе”, — каторая сталася прычынай ягонай дэградацыі. Ён-жа не працаваў амаль ад таго часу, калі ты зьнікла.
— Чаму? Што зь ім? Давід яго выкінуў?
— Ніхто яго ня выкідаў. На працу ён не пайшоў, а зачыніўся ў сваім апартамэньце й гарэлкай пачаў залівацца. Мы ўсе намаўлялі яго, каб апамятаўся, сам Давід наведаў яго. Ён нікога не паслухаў. Казаў, што хоча, каб гэты сьвет пакінуў яго ў супакоі, у адзіноцтве, бо ён мусіць сам усё абмеркаваць, перагледзець, параацаніць. Выглядаў ён як чалавек, што вось-вось у абдымкі сьмерці наважыўся йсьці. Апроч таго ўдару, які ты яму зрабіла, быў у яго іншы крызіс. Камуністы пачалі шантажаваць яго празь ягоную бедную і запалоханую матку. І гэты другі ўдар яму, відаць, волю адабраў. Маці пісала яму пару разоў, прынагляла, каб дамоў вяртаўся.
— Аж гэтак! О, мой дарлінг, мой міленькі Алесь!
У голасе дзяўчыны турбота, а ў вачох спагада.
— І што яшчэ?
— Ён быў і, я веру, цяпер ёсьць шалёна ў цябе закаханы. Некалькі разоў, калі пра цябе была згадка ў гутарцы, ён круціўся-вярцеўся быццам чарвяк на кручку. Напінаўся, гарачыўся, так эмацыянальна цярпеў, што нам здавалася можа мець удар сэрца. Прашу цябе мне верыць, замаскаваная прыгажуня.
— Нік, будзь добры, не называй мяне гэтак.
— Выбач, мне здавалася, што ты гэта любіш.
— Не, ня люблю, ані таго, што на сцэне паказваю...
— Таму й замаскавалася?
— Так і не. Але мне не залежыць, каб людзі ведалі, што займаюся такім... мастацтвам.
Апошняе слова дзяўчына вымавіла зь нясмакам.
— Ага, мне няясна было. Дык пра што гэта мы? — Ты апавядаў як Алесь цярпеў з-за мяне.
— Чуў пра гэта зь ягоных вуснаў, Алесь меў да цябе сур’ёзныя намеры. Ты была ягонай марай, а тут аказалася, што ты ня толькі зьяўляешся спрытнай абманшчыцай, але нават нейкім чынам зьвязаная з забойствам пісьменьніка Шпака. Уяві ягоны боль. Я ня ведаю колькі ў тым праўды...
— Раскажы мне пра ягоную матку.
— Выглядае, што камуністы на яе населі. Алесь проста забівае сябе турботамі бо ня можа старой і беднай жанчыне нічым дапамагчы. Пачкі дзьве, з вопраткай, здаецца, выслаў. Загад адтуль просты і ясны: вяртайся дамоў без адвалокі!
— Мяркуеш, што ён паедзе? — спыталася Вера з трывогай у голасе.
— Ня ведаю. У такой сітуацыі, як ён цяпер знаходзіцца, дык цяжка нешта прадбачыць.
— Так хацелася-б яму памагчы, — сказала дзяўчына.
Нік ледзь не падскочыў з радасьці, схапіў яе за руку.
— Верачка, дарагая, хочаш? Скажы слова. Ты адзіная, што можаш вярнуць яго да нармальнага жыцьця.
— Так думаеш?
— Я пэўны гэтага. Праўду табе сказаць, дык ён быццам цябе зьненавідзеў. Абвінавачвае цябе за тваю долю ўва ўсіх ягоных няшчасьцях. Зь іншага боку ён кахае цябе як і раней, прападае безь цябе. Людзі кажуць, ведаеш, што каханьне й нянавісьць — блізкія сваякі. Ня ведаю. Асьмелюся сказаць, ведаючы яго добра, што ён аднаго дня спадзяецца твайго вяртаньня.
— Бедны хлапец, — шчыра й паволі сказала Вера. Яна заказала яшчэ адзін напітак, канчала свой гамбургэр.
Нік прыглядаўся ёй і думаў, ці яна апынулася ўжо ў тых учэпістых руках, якія зацягнулі яе ў сьвет распусты, зь якога няма назад дарогі.
— Мне прыкра чуць, што ён на мяне за ўсё віну звальвае. Бачыш, Нік, я таксама закаханая ў яго, як раней, а можа й больш. Справа ў тым, што цяпер яшчэ не магу да яго вярнуцца...
— Чаму не? Твая праца?
— Гэта ня ёсьць галоўнай прычынай. Ты, Нік, мяне поўнасьцю ня ведаеш. Гэта даволі скамплікаванае, цяпер ня буду выясьняць... Адно магу сказаць, што я цяпер на раздарожжы, ня зусім ведаю, што маю далей рабіць. Пэўныя рэчы патрабуюць разьвязкі. Я старалася знайсьці выхад, але тымчасам не магла.
— Што за праблемы ў цябе? Што можа быць важнейшага за тое, чымся памагчы чалавеку, каторага кахаеш?
— Нік, прашу, не насядай на мяне. Не магу сказаць... Ці ты думаеш, што я вось цяпер адразу не пабегла-бы да яго, калі-б магла? Такая, як я ёсьць цяпер, яму не змагу памагчы.
— Але-ж некалі да яго вернешся?
— Спадзяюся, Нік. Шчыра гавару.
— Скажы мне, калі ласка: ці ты яшчэ цяпер скрываешся ад паліцыі і чырвоных?
— Хто сказаў, што я скрываюся ад паліцыі і чырвоных?
— Наколькі памятаю, Алесь так сказаў. Ён нават прадугледзіў магчымасьці небясьпекі для цябе ад камуністаў.
— Аж так? Ну, можа я й скрываюся...
Наступіла маўчаньне. Нік зірнуў на гадзіньнік.
— Сьпяшыш, Нік?
— За гадзіну сядаю на аўтабус.
— Ілгун ты, Нік. Ад якога гэта часу вы, з экзэкутывы, езьдзіце аўтабусам?
— Твая праўда. Самалётам еду.
— Вось так лепш. Дык ня маеш часу?
— Для цябе часу ў мяне хопіць. Хочаш яшчэ віна?
— Я ня супраць.
Нік заказаў напіткі.
— Цяпер твая чарга. Як-жа ты знайшла такую цудоўную працу? Я ніколі не падазраваў, што ты здольная да такой, як гэта, сьціпла гаворачы, паказухі... Я-бы прысягнуў... Табе гэта падабаецца?
— Я ненавіджу гэткую працу, — скрывілася Вера. У вачох зьзяла шчырасьць. — Усе гэтыя мужчыны цябе проста праглынаюць, няведама што ўяўляюць, — у вачох такая юрлівасьць... Між іншым, як я табе спадабалася?
— Надзвычайна! Ці маю выразіць сваё захапленьне з кветкамі?
— Нік, прашу цябе, ня зьдзекуйся! Мне нялёгка. Добра, што маска...
— Дык ты хочаш быць ананімнай? Калі такую працу гэтак ненавідзіш, дык хто цябе змушае да яе?
— Ніхто, Нік, ніхто. Абставіны... Мне прыкра, Нік, шмат рэчаў не магу табе высьніць. Я паехала ў Ню-Ёрк, спадзявалася знайсьці там недзе працу ў якой канторы сакратаркай. Мела там сяброўку. Не ўдалося мне. Аказалася, што адна знаёмая працуе ў гэтым барлеску. Калі пабачыла мяне, пачала хваліць мой выгляд і раіла мне паспрабаваць стрыптыз. Я кпіла зь яе, каб адчапілася ад мяне. Яна сур’ёзна пераконвала мяне, што гэта зусім паважная прафэсія.
Нік уважна пазіраў у ейныя вочы. Ня бачыў у іх ценю хвальшу.
— Я апынулася ў цяжкім становішчы. Бяз працы, у пазыкі залезла. Даходзілі слухі, нібыта мяне шукаюць. Які-ж тут маеш выбар? Аднаго дня я лістала нейкі журнал і пабачыла жанчыну ў масцы. Голад і даўгі — не сябры. Нарадзілася ідэя... ў масцы. Сяброўка мяне завяла.
Вера спынілася.
— Ну і?
— Нік, запраўды я не прадбачыла, што там ёсьць аж так многа кандыдатак. Ніколі не ўяўляла. Ну, я меркавала, што й тут будзе завал. Калі-ж ёсьць, як відаць, такі вялізны выбар, дык ты мусіш пэўна таму энтрэпрэнеру сэксам адгадзіцца, ці што... Усё гэта мне здалося агідным.
Падалі напіткі. Вера перастала апавядаць, быццам чакаючы, каб Нік яе спанукаў.
— Дык, за тваё здароўе! — Нік падняў келіх з брэнды.
— На здароўе.
Вера ледзь памачыла вусны віном і прадаўжала.
— Калі прыйшла мая чарга, я пайшла на інтэрвю. Праўда, гэта цяжка назваць словам “інтэрвю”. Той агент намякаў, рукамі лез, можаш уявіць сабе. Здавалася мне, што памру з сораму. Я ўцякла дамоў і плакала...
І запраўды сьлёзы наплылі ў ейныя вочы. Выняла хустачку, выцерла іх. Ніку зрабілася няёмка.
— Ведаеш, — прадаўжала Вера, — усё-ж ня было выхаду. Пайшла назад і, пасьля спробаў на сцэне, мяне ўзялі.
— Прабач за пытаньне: мусіла ты яму сэксам заплаціць?
— Нік, ня ткай носа туды, дзе ня твой бізнэс... Хоць я магу з гордасьцю сказаць, што абыйшлося бяз гэтага. Цяпер твая цікавасьць ужо задаволілася?
У вачох ейных зьявілася перамога.
— І як-жа так скора ты да зоркі дабралася? — насядаў Лок.
— Але-ж ты недаверлівы , Нік. Скажу праўду: трыкі памаглі!
Яна зьдзекліва ўсьміхнулася.
— Ці магу ўсё гэта пераказаць Алесю?
— Нік, барані Божа, не рабі гэтага!
Голас ейны задрыжэў. “Добры знак”, — падумаў Нік.
— Чаму-ж ты ня хочаш, каб я твайму дарлінгу ўсё расказаў? Можа ён будзе захоплены тым, што ягоная мара ўжо зоркаю стрыптызу сталася? Можа гэтая вестачка ўваскросіць яго з дэградацыі? Га?
— Нік, навошта тут твая іронія і розныя кручкі? Я не магу гэтага зьнесьці, бо сёе-тое чула пра тваю мараль. Якое права маеш адносіцца да мяне, як нейкі судзьдзя? Ці ты ведаеш маю праблему, ці тыя абставіны, у якіх я была апынулася? Ты расказваеш пра Алеся і спачуваеш яму. Дзякую табе за тое, што ты памагаў чалавеку, якога кахаю. Але пра мяне, упікаць мне? Прабач...
Дзяўчына злавалася і ў гэнай злосьці станавілася надта прывабнай. Іншая, на яе месцы, даўно апынулася-бы між сапсутых наркотыкамі прастытутак. Запраўды, Нік набраў да яе пашаны цяпер, вось у такой адкрытай гутарцы. Алеся якраз вось такая асоба можа выцягнуць назад з дрыгвы дэградацыі.
— Прабач, Вера, я мусіў-бы крыху накш... Можа гэта нешта такое ў маім характары, што пхае, каб іншых крыўдзіць. Выбачыш мне?
— Я табе ўжо прабачыла, — зазьзяў твар Веры.
— Дзякую. Ты — надзвычайная дзяўчына. У адну хвіліну ты ўспыхнеш выбухам злосьці, а ў наступную прамянішся сонечнай усьмешкай. Гаворачы шчыра, я зайздрошчу Алесю.
— Цяпер-жа ты лісьлівы...
— Ды не... Хачу спытацца, вяртаючыся да галоўнага: запраўды ня хочаш, каб расказаў Алесю пра цябе?
— Не цяпер, Нік, прашу цябе.
— Нават не сказаць, што цябе сустрэў?
— Прашу цябе памаўчаць, Нік. Расказ пра мяне толькі прынясе яму горыч і цярпеньне. Я спадзяюся, што яго скора пабачу. Ня пытайся калі, я пастараюся. Вер, Нік, што тут мне працаваць нялёгка. Некаторыя з гэтых сук такія зайздросныя, што, каб маглі, яны-бы мяне жывой зьелі.
— Згода, Вера. Але я мушу змывацца ўжо, мне час. Нешта хачу табе запрапанаваць. Давай, зробім такі дагавор: я нічога цяпер не скажу Алесю пра цябе калі ты прыабяцаеш быць са мной у кантакце й дасі мне свой адрас. Строга, пасяброўску, Вера, кажу табе, што я гатовы табе поўнасьцю давяраць. Спадзяюся, бязумоўна, што й ты мне давяраеш. Дасі мне адрас, ці што?
— Нік, я табе давяраю і тое самае хацела табе прапанаваць. Пасяброўску, зразумела. Верыш?
— Ды што, можа хочаш, каб на біблію прысягнуў?
— Я сур’ёзна, Нік. Не жартуй. Я сур’ёзна хачу ведаць пра Алеся, прашу мяне інфармаваць. Дык давай замяняемся адрасамі.
Так і зрабілі.
— Хачу папрасіць цябе, Вера, сьпяшы да Алеся. Ён ёсьць надзвычайна цэнны, проста высакародны ды вялікадушны чалавек. Я тут не абыякавы. Цаню яго й стараюся дапамагчы яму. Запраўды турбуюся пра яго. Прашу цябе, Вера, памажы яму.
— Добра, Нік, абяцаю, — сказала Вера, калі ўжо ўсталі, каб пакінуць рэстаран. — Жадаю табе і Алесю ўсяго найлепшага. Да наступнай сустрэчы.
Яна лёгка пацалавала Ніка ў шчаку й сардэчна паціснула яму руку на разьвітаньне.
44.
Алесь гойдаўся ў сваім крэсьле й пазіраў праз вакно пакою на вуліцу. Наняў гэты пакой у свайго сябры пасьля таго, як перастаў працаваць у Трыфты Тоні. Гэтта ён праводзіў цяпер бальшыню свайго вольнага часу. У пакоі было адно неабходнае: стол, тры плястыковыя крэслы, ложак з пасьцеляй і шуфляда. Гара кнігаў займала цэлы кут. Некаторыя зь іх — у кардонавых скрынках. Кнігі й паперы беспарадкам ляжалі й на стале.
Алесь аднойчы быў урачыста пастанавіў напісаць гісторыю свайго жыцьця. Добра папацеўшы, напісаў быў ужо тры першыя разьдзелы, а аднаго дня, у прыплыве раптоўнай злосьці, выкінуў усё тое на сьметьнік. І запраўды, хто будзе цікавіцца ягонай пісанінай? Уся тая эмацыянальная жоўць, якую выліў на паперу, — мяркаваў Якімовіч, — гэта стрэл у пустое... Цяпер-жа, пачуцьцёва здраньцьвелы, Алесь доўгі час ківаўся ў сваім крэсьле, глядзеў на вуліцу.
Мог-бы ён зусім дакладна апісаць усе тыя малыя падзеі, што там адбываліся: што суседзі робяць і ў які час, якія дзеці і зь кім гуляюць, калі паліцыя начэплівае штрафныя жоўтыя бялеты на аўтамабілі, каторыя тут ставіць можна толькі ў пэўныя абмежаваныя гарадзкім правам гадзіны. Алесь прадаў свой Олдсмабіл і большасьць грошы ўжо выдаў на ўтрыманьне. Хутка павінен знайсьці працу. Нік абяцаў, што можа ўзяць яго ў Трыфты Тоні, хоць ягоная калішняя пазыцыя была ўжо занятая. Атрымаў яшчэ пару лістоў ад маткі з просьбай, каб вяртаўся на бацькаўшчыну. Бальшавіцкая пастка. Матцы памагчы ня мог, а самому ў варожую пятлю лезьці?
Часамі запрашаў яго да сябе сусед з дому Янка Кум. Запрашалі й іншыя, але Алесь да нікога не хадзіў. З Кумам, які працаваў у вялікай фірме сельскагаспадарчых машынаў, меў добрую беларускую жонку й двое дзетак, ужо выплаціў свой мураваны двухпавярховы дом, меў аўтамабіль, Алесь мог пагаварыць пра жыцьёвыя дробязі, бо ведаў гэтага добразычлівага і стараннага чалавека, які ніколі не насіў на нікога камяня за пазухай. І Алеся ён не распытваўся пра самае найбольшае, што яго балела. Гэтак выгадна было Алесю. Высьцерагаўся тых, каторыя з задаваленьнем маглі-б вярэдзіць ягоную рану.
Часта наведваў яго Нік Лок. Апошнім часам Алесь заўважыў, што ён быццам нешта скрываў, ня мог проста глядзець Якімовічу ў вочы. Аднойчы Нік спытаўся ў Алеся, як-бы ён захаваўся, калі-б Вера раптам пастукала ў дзьверы ягонага пакою. Алесь паціснуў плячыма, ня ведаў, што адказаць.
У адзін дзень Нік тэлефанаваў да яго і спытаўся, як ягонае здароўе. Абяцаў зрабіць яму неспадзеўку сяньня-ж пасьля працы. Алесь падумаў пра нейкі чарговы Нікаў жарт, на якія ён, вынаходлівы чалавек, быў заўсёды здольны. Алесь глядзеў праз вакно. Сьнег перастаў падаць і некаторыя руплівыя суседзі ўжо чысьцілі перад сваімі дамамі ходнік. Пад’ехала таксі і Алесь бачыў як Нік вылез з аўта. Зь ім вылезла нейкая жанчына ці дзяўчына апранутая ў каштанавага колеру футра й такую-ж футраную круглую шапку. Хто-ж гэта такі? Калі яны набліжаліся, Алесь распазнаў яе. Сэрца ягонае раптоўна паскорыла свой рытм. Усхвалёваны Алесь схапіўся за цыгарэту. Ужо зьмяркалася, ён уключыў сьвятло, падгладзіў коўдру на пасьцелі, зірнуў на хаос на стале. Апусьціліся рукі. “Няхай бачыць, — падумаў, — гэта-ж во якая неспадзеўка!” Пастукалі ў дзьверы.
— Калі ласка, заходзьце!
Адчыніліся дзьверы і Нік зь дзяўчынай увайшлі ў пакой. Алесь стаяў, абапёршыся на стол і не зварухнуўся. Пільным вокам аглядаў дзяўчыну.
— Добры вечар, Ал, глядзі каго я да цябе прывёў, — голасна сказаў і ўсьміхаўся Нік, пазіраючы то на Алеся, то на Веру.
Дзяўчына агледзела пакой, зрабіла крок наперад і спынілася.
— Вера, — сказаў Алесь нізкім і напружаным тонам, — ці гэта запраўды ты?
— Я спадзявалася, што ты пра мяне не забыўся, — адказала Вера дрыготкім голасам. — Можна да цябе?
— Слухай, — зьвярнуўся Нік да Алеся, — запрашай нас сесьці. Што з табой? Хадзі, Вера, давай мне сваё пальто, сядай.
Нік узяў у Веры пальто й шапку, палажыў іх на ложак, пасадзіў яе на крэсла. Алесь не крануўся зь месца.
— Дык ты вярнулася, мая кветка, — сказаў ён голасна, быццам сам да сябе.
— Дык ты незадаволены, што яна вярнулася? Прызнайся!
Алесь уважна аглядаў дзяўчыну і быццам ня чуў таго, што сказаў Нік. Настала маўчаньне. Алесь, як выглядала, нібыта існаваў у нейкім сваім, аддалёным сьвеце. Уся ўвага ягоных вачэй была сканцэнтраваная на той, якую вось ня так даўно, яму здавалася, незваротна страціў. А цяпер аглядаў яе тут-жа ў сваім пакоі, жывую, прыгожую, румяную, і ня верыў сам сабе.
— Некалі ўдома ў майго бацькі быў сад, — пачаў ён паволі апавядаць. — Было некалькі маладых яблыняў папяровак. На гэтых маладых дрэўцах вырасталі вялікія жоўтыя, во так вялічынёй з два кулакі, яблыкі. Я надта любіў яблыкі. У суседаў сад лазіў іх латашыць ну й да сваіх стараўся, як толькі дасьпявалі, першым дабрацца. А яблыкі на папяроўцы былі такія цяжкія, што сукі ламалі, дык бацька ладзіў для іх спэцыяльныя падпоры. І вось таго лета, аглядаючы часта адну папяроўку яблыню, я спасьцярог, што ўсе цяжкія, ужо пападпіраныя яблыкі яшчэ зялёныя, хоць ужо вялікія, але адзін яблык раней пачаў жаўцець. Вось, думаю сам сабе, гэты яблык ёсьць надзвычайны прыгажун і вялізны маладзец, ён раней за ўсе іншыя чамусьці сьпее, быццам для таго, каб я яго зьеў. Пакуль бацька дабярэцца, дык я ўжо і ў рот яго! Яно так і сталася. Каб бацька ці матка ня бачылі, я раз шмыгнуў у сад, сарваў той сьпелы яблык папяроўку і як найшырэй разінуўшы рот, адкусіў вялізны пахучы кавалак яго. І тут я стануў, як акамянелы, мой рот перастаў жваць. І чаму? А таму, што зь сярэдзіны таго кавалка яблыка, больш як паловы яго, каторы трымаў у сваёй руцэ, пазіраў на мяне сваёй чорнай галавой вялізны жоўты чарвяк. І сыты-ж паразіт, каб яго пранцы! Ды яшчэ, прыгадваю, выкручваецца, быццам ізь зьдзіўленьнем на мяне глядзіць. Я так узлаваўся, выплюнуў тое з роту, і гэты кавалак, каторы ў руцэ трымаў — пад ногі! Растаптаў!
— Я, мусіць, пайду, — сказаў Нік.
— Га? Ага, як хочаш...
Нік зразумеў, што Алесь быў у нейкім іншым, яму зусім недаступным сьвеце. Нават не падзякаваў яму за тое, што Веру прывёў. Ён шмыгнуў за дзьверы.
— Ну й што ты гэтым хочаш сказаць? — спыталася Алеся Вера. Яна ўважна слухала схуднелага, мізэрнага цяпер у твары, аброслага барадой Алеся. Яна сядзела на крэсьле. Алесь падыйшоў да яе, стануў насупраць, пазіраў у вочы.
— Як гэта так? Ты нічога не зразумела? Калі я, некалі, закахаўся ў цябе, адкуль мне было ведаць, што камуністычны чарвяк-паразіт сыцее ў тваім нутры? І цяпер проста сьмешна й няверагодна: нават такая думка, барані Божа, каб мне калі ў галаву цюкнула! Ані-ні! Некаторыя з маіх суродзічаў намякалі, што такая магчымасьць можа быць, яй-Богу! Што за дурань, асьлеплены каханьнем дурань зь мяне быў!
Вера схіліла галаву й ледзь стрымлівала сьлёзы.
— Дык чаго-ж маўчыш? — пытаўся ў яе Алесь.
— Алесь, мілы мой, мне прыкра, што так сталася. За тое, што я зрабіла, няма прабачэньня. Усё-ж я спадзявалася, што выслухаеш мяне, таму й прыехала...
Цяпер яна падняла галаву, і Алесь спасьцярог там сьлёзы.
— Выслухаю што, Вера? Ты мне раскажаш, якім вялікім ідэалістам ты была, як памагала ім пхаць той увесь сьвет да рэвалюцыі, ды як Мікіта кукурузьнік адчыніў табе вочы? Што ты новага можаш мне сказаць, Вера?
Голас Алесеў войстры, як брытва. У вачох — маланкі. Ледзь стрымліваўся, каб “кветку” за горла не схапіць. Колькі-ж кіпені ў сэрцы!
— Алесь, дарагі мой, я вярнулася па сваёй волі, спадзявалася, што выслухаеш мяне. Я меркавала, што ў цябе на столькі хопіць цярплівасьці, калі ўжо не пашаны да мяне...
— Добра, дзяўчына, окэй, расказвай. Пачынай. Ды даволі мяне зводзіць. Высьцерагайся гэтага. Няхай гэта будзе запраўды нешта важнае, бо...
— Ал, ты запраўды ніколі не даведаўся адкуль я паходжу, пра маіх бацькоў і маё дзяцінства нічога ня ведаеш. Калі раскажу табе, можа зразумееш...
— Я слухаю.
— Калі я была яшчэ маленькай дзяўчынкай, тут быў вялікі эканамічны крызіс. Ты пра яго чуў. Мой бацька быў бяз працы й ня было за што пражыць. Гэтаксама цярпела маса іншых. Страшная сытуацыя. Беспрацоўныя дэманстравалі, а паліцыя біла іх, разганяла бізунамі, цкавала сабакамі... наяжджала на іх коньмі. Я помню адну такую сцэну і я яе не забудуся да канца жыцьця. Было многа людзей, былі жанчыны й дзеці ў мястэчку, паліцыя разганяла дэманстрацыю рабочых. Пачалося ад крыку й кіданьня каменьнямі, а кончылася тым, што коньмі наляцелі на людзей і забілі тады, у ліку іншых, майго бацьку. Ты зразумей, што я тады была малой дзяўчынкай, мая маці трымала мяне ў сваіх руках. Калі бацьку забілі, яна была самлела, а мяне, — пасьля казалі, — людзі выратавалі спад конскіх капытоў. Маю матку ледзь аднялі ад бацькі мёртвага ўжо. Пасьля ўсіх гэтых гадоў я памятаю яго, зьбітага, што ўміраў на руках маёй маткі. І маёй матцы нядоўга асталося было жыць, за год і яна адыйшла пад ударам сэрца. Я асталася сама на гэтым сьвеце, маленькая сірата. Можаш сабе ўявіць якое мяне чакала жыцьцё. Мне памаглі добрыя людзі. Гэтак мне тады здавалася. Мясцовы рабочы клюб, як я пасьля дый запозна гэта зразумела, памагаў мне не таму, што быў натхнёны духам Самарытаніна... Людзі з таго клюбу мне ня толькі мінімальна памагалі, але мяне і выкарыстоўвалі для сваіх мэтаў. З палітычных меркаваньняў яны з майго бацькі зрабілі вялікага змагара, проста мучаніка за камуністычныя ідэалы. І для добрых людзей я быццам напамінала пра тое зло, якое капіталістычны ўрад зрабіў бедным і беспрацоўным людзём. Людзі гаварылі мне, часта прыпаміналі мне, што гэта ўрад мяне сіратой зрабіў. Я да гэтага прывыкла. І ведаеш што? Тая рэкляма, якую рабілі мне, як дачцэ вялікага змагара за справу працоўных, нават спадабалася мне. Такая, відаць, нікчэмная людзкая натура... Калі я падрасла, працавала ў рабочым клюбе ў Балтаве. Казалі, што я добрая і пільная работніца. Прыйшла навука. Я чытала, што мне давалі. Ты ведаеш іхную літаратуру, ты павінен ведаць... Яны мелі школьную праграму па суботах і нядзелях. Я навучылася чытаць і пісаць парасейску, а ад людзей яшчэ ведала і пабеларуску. Чытала многа савецкай літаратуры, пераважна Максіма Горкага. Яны, мусіць, лічылі мяне добрым матар’ялам бо нават далі магчымасьць у Савецкі Саюз зьезьдзіць.
Алесь усеўся на крэсьле насупраць Веры і ўважна прыглядаўся ейнаму твару й вачом, калі яна прадаўжала расказваць. Ня было сумлеваў у Алеся. Дзяўчына гаварыла шчыра і, магчыма, хацела цяпер перад ім выспавядацца, ці прынамсі выказацца пра некаторыя свае памылкі ў мінулым.
— Ты езьдзіла ў Савецкі Саюз? — перапытаўся ён Веру.
— Так, езьдзіла ў складзе зарганізаванай імі групы. Я табе не казала пра гэта?
— Не, не казала.
— Дык вось там яны проста паказвалі нам тыя вядомыя пацёмкінскія вёскі. Праўда, многа гаварылі пра гэройства савецкага народу, каторы перамог гітлераўскі фашызм і так далей. Ты ведаеш іхную прапаганду. Пасьля таго, як Хрушчоў выкрыў Сталіна, у нас зьявіліся іншыя думкі і пра камуністычную ўладу і пра іхных правадыроў — тую мафію, каторая сядзіць на вярхушцы. Нарадзіўся недавер да іх. Але ў сваёй далейшай працы тут у іхным клюбе ў Канадзе мае сумлевы яшчэ не перашкаджалі. Тая зьвязанасьць зь імі ад маленства, ды тая шыльда для майго забітага ў абароне працоўных бацькі, — гэта не магло прайсьці бясьсьледна. А скажы, Алесь, што-бы ты рабіў, каб быў на маім месцы?
Алесь не адказаў.
— Пасьля яны папрасілі мяне, каб я пераехала ў Радфорд. Відаць, што мне давяралі і лічылі мяне добрым работнікам.
— Цябе напэўна яны лічылі ўдарнікам, бо выслалі сюды, каб даносіла на нас?
— Не. Яны нічога такога мне не казалі. Абяцалі, што буду працаваць тут у клюбе побач із сваёй рэгулярнай нейкай працай у нейкай канторы. Ды пасьля ўжо іншае сталася.
— Я бачу. І ты даносіла на Антона Шпака?
— Я расказвала пра яго Капшуну.
— Хто такі той Капшун? Той, што цябе прыслаў да нас?
— Так.
— Хто яшчэ?
— Ягоная памочніца Ніна Ляскін, — ты яе знаеш. Жыла я зь ёй на кватэры.
— Я мусіў-бы даўно дагадацца пра гэную нягодніцу. Скажы мне, Вера, ці ты гатовая злажыць усе гэтыя прызнаньні паліцыі?
— Навошта?
— Каб знайсьці забойцу Антона Шпака.
Вера адказала не адразу. Думала.
— Ты мяркуеш, што гэта яны, значыцца Капшун і Ляскін Ніна?
— А як ты, Вера, мяркуеш? Ты даносіла таму Капшуну на Шпака. Бачылі два рыбакі над ракою, што ад таго месца, дзе Шпак ляжаў забіты, уцякаў у лясную трушчобу нейкі чалавек. Нехта-ж таго чалавека падаслаў... Усе сьляды вядуць да людзей, якія цябе прыслалі, каб на нас даносіць. А чаму ты думаеш, змусілі маю старэнькую матку, каб прынагляла мяне ехаць дадому? Чаму? Бачыш — прэсія на нас з усіх бакоў... І галоўнага ды найбольш выдатнага нашага пісьменьніка яны замардавалі. Ты ім гэта памагла зрабіць...
— Я? Алесь, даражэнькі, я ня ведала нічога пра гэта...
— Ты наіўная. Яны цябе выкарысталі. Ды я цяпер прашу толькі памагчы нам, каб выявіць тых людзей зь іхнага кодла, а там ужо паліцыя разматае клубок і забойцу Шпака знойдуць. Паможаш, Вера?
— Добра, памагу.
— І падасі паліцыі прозьвішчы ўсіх тых людзей, каторыя давалі табе інструкцыі і падаслалі да нас, і каторым ты даносіла на мяне й на Шпака?
— Окэй.
— Хочацца табе верыць, але...
— Алесь, я спадзяюся, што ты паверыш мне. Я-ж сама вярнулася да цябе, — ускочыла дзяўчына з крэсла. Устаў і Алесь. — Я-ж цябе кахаю!
— Мне здаецца, што я пачынаю разумець цябе, дарагая мая, — адыйшоўся Алесь да вакна. — Ты ёсьць дачка камуністычнага гэроя. Я тут не перагінаю дугі. Магчыма нават, што твой бацька ніколі, як сьлед, не разумеў камунізму. Ён быў звычайны добры Беларус, каторы паехаў у чужую краіну шукаць дабрабыту для сябе і сям’і. Беспрацоўны і галодны чалавек выпадкова апынуўся ў дэманстрацыі за правы працоўных на перадавой лініі. Выпадкова ці наўмысна яго забілі. Кропка. Так, напэўна, здарылася. Але-ж камуністам патрэбныя былі гэроі. Бацьку на перадавую лінію выпхнула бяда, а камуністы там завіхаліся для сваіх палітычных мэтаў. Шляхі, як казаў той, зьбегліся. Забілі бацьку, а год пасьля, зь вялікага гора адыйшла матка. Асталася сірата, дачка гэроя, што змагаўся за рабочых і быццам за камуністаў. Дык камуністы-ж мусілі цябе выкарыстаць. Ты была для іх вялікім прапагандовым капіталам. Твая прысутнасьць зьвязвала незадаволеных і галодных канадыйскіх рабочых з камуністамі пад чырвоным сьцягам. Так, Вера, усё гэта дакладна пасуе. Маніпулявалі табой наёмнікі Масквы, фашысты і забойцы ня меншыя за гітлераўскіх... Я ня маю сумлеваў, Вера, што гаворыш праўду.
— Алесь, я хачу памагчы табе. Гэта праўда, што маці пісала да цябе?
— Так, пісала. Пад дыктоўку бальшавіцкіх палітрукоў. Яны хочуць, каб я прыехаў дамоў, значыцца вярнуўся ў іхныя рукі, каб замардаваць і мяне.
— І што ты надумаўся рабіць?
— Я не магу маткі выратаваць. Яна ў іхных руках, як заложніца. Яны хочуць мяне прынадзіць голасам маткі, каб вярнуўся ў іхныя лапы. Матку вельмі шкадую і прашу Госпада Бога выбачыць мне, што я ня ўзяў яе з сабой калі бацькаўшчыну ў часе вайны пакідаў. Але-ж яна не хацела йсьці, мяне намаўляла, каб дома астаўся... Бачыш, як яно выйшла. А цяпер маскоўскія чырвоныя фашысты насілуюць маю дарагую маму, ды зьдзекуюцца над мільёнамі запрыгоненых нашых суродзічаў, а тут на эміграцыі выкарыстоўваюць такіх вось засьлепленых, як ты, каб нашых найлепшых людзей мардаваць!
Алесеў голас быў напоўнены пачуцьцём болю й нянавісьці. Вера бачыла, што гэты чалавек цяпер перад ейнымі вачмі — змарнелы, худы, мізэрны цень таго калішняга, — вясёлага, агрэсыўнага і адначасна лагоднага прыгажуна, якога колькі разоў трымала ў абдымках. І цяпер яна адно поўнасьцю ўсьведаміла, як шкадавала і кахала яго і якімі недарэчнымі шляхамі дзьве супрацьлеглыя, здаецца, палітычныя сыстэмы прывялі і Алеся, і яе ў небясьпечны тупік. І выбрацца зь яго, гэтага праклятага тупіка, пэўне-ж, можна толькі любоўю, міласэрнасьцю і абавязкава супольнымі сіламі.
— Алесь, дарагі мой, я ведаю як табе цяжка, як за матку сэрца баліць, як табе цяжка выбачыць мне за крыўду, што я табе зрабіла. Ці ты можаш мне выбачыць? Ці дазволіш мне, каб я табе памагла? Я цябе кахаю, ты ведаеш гэта. Буду старацца дабром адгадзіцца, памагчы табе...
Алесь маўчаў, думаў, пасьля твар ягоны праясьніўся ледзь-ледзь заўважнай усьмешкай.
— Верачка, дарагая мая! Я так даўно хацеў пачуць такія словы з вуснаў тваіх. Я такі задаволены, што ты вярнулася. Я так цябе кахаю, што не ўяўляю свайго жыцьця без твае ласкі й прыгажосьці.
Вера прыгарнулася да яго, указальны палец палажыла яму на вусны.
— Шшшшшшш! Маўчы!
Яны застылі ў доўгім пацалунку, забыўшыся пра сьвет.
— Ты-ж, мая кветка, не сказала мне, што ты рабіла й дзе была.
Алесь заглянуў у ейныя вочы-чараўніцы, якія, здавалася яму, неяк пасьмялелі ад таго часу, калі яе бачыў перад тымі тайнымі ўцёкамі. Але цяпер Вера, здалося яму, неяк зьбянтэжылася, можа ня ведала што яму адказаць.
— Раскажу табе неяк пасьля пра гэта. Доўгая гісторыя.
— Усё-ж ты, відаць, даволі спрытная, бо цябе нават паліцыя не магла знайсьці.
— Можа я больш спрытная, чымся ты думаў, — падміргнуўшы Алесю, жартавала Вера. — А калі ў тую паліцыю пойдзем?
— Могуць да заўтра пачакаць. Я цяпер такі задаволены што камуністы цябе не накрылі.
— А яны шукалі?
— Шукалі, вядома. Цяпер мусім адразу прыняць меры, каб яны табе не адпомсьцілі за тое, што сьветчыць маеш. Але пра гэта будзем разважаць пазьней. Цяпер-жа давай свае цудоўныя вусенкі па каторых я так зажурыўся.
У гэным гарачым абдымку новай энэргіяй і радасьцю запульсавалі два сэрцы. Сіла каханьня, нарэшце, перакрочыла апошнюю мяжу, каб зьліць іх у адно цела.
Канец