Ля чужых берагоў

Альманах твораў беларускіх эміграцыйных паэтаў і пісьменьнікаў


Мастацкая проза - „Афрадыта — Ост”

Васіль Бірыч нарадзіўся 13 чэрвеня 1909 году на Меншчыне. Адбыў 8 год зьняволеньня (2 гады турмы й 6 год ссылкі ў Вяцкай губ.) як “нацдэм”. Мастацкую прозу друкаваць пачаў пад псэўдонімам “Д. Забранскі” ў 1942 годзе ў “Беларускай газэце” ў Менску (“Несантымэнтальнае падарожжа”, спыненае гітлераўскай цэнзурай, “Чорная бель” і інш.), з 1943 году друкуецца пад псэўдонімам “С. Юстапчык” (апавяданьне “Усяночная”, аповесьць “Трывога”, завязка раману “Каханы горад”, апавяданьне “Безруч”). З канца 1943 году зьяўляюцца й апавяданьні аўтарства Бірыча (“Вароты скрыпяць”, “Нявольнік Дагамэі”, “Эмігранцкая песьня”, “Афрадыта — Ост”). Асобнымі выданьнямі выйшлі толькі (пад псэўдонімам “С. Юстапчык) “Усяночная (1947) і “Каханы горад” (1948). Цяпер жыве ў Задзіночаных Штатах Амэрыкі.

У вагоне, пэўна, яшчэ можна было знайсьці вольнае месца, але ён знарок застаўся тут, пры вакне ў калідорчыку ля ўваходу. Тут было зацішней, як ні глянь. Навет калі найстрашнейшае — “крымінальполіцай, контроле” — дык і то было больш магчымасьцяў для годнага адступленьня ў той ці ў той бок — зусім далоў, ці ў іншы вагон, ці навет праз гэты, быццам па “дакумэнты”. Крыўдна-ж было-б уліпнуць цяпер, у дарозе назад, калі туды — зыйшло ўсё так гладка.

Яно праўда, як цяпер выглядае, ці варта было наагул выбірацца ў гэтае падарожжа за сьвет ды так улегцы, без аніякіх афіцыйных дазволаў і дакумэнтаў, з аднэй толькі згодаю зычлівага, як на вынятак, гаспадара-баўэра (“бавора”, як перакручваў пасвойму дзядзька Сымон гэты, такі ўсёзначэнны для ўсяго паднявольняга народу “аўслендэраў” і асабліва “остаў”, дабрародны тытул непахіснай асновы й апоры вялікай нямецкай нацыі).

Але-ж, няварта было й рыпацца. Яна — зусім зьмянілася да яго, зусім-зусім не такая. Праўда, гэта ўжо можна было-б вычуць самому з апошніх лістоў, зь іхнае неакуратнасьці і ляканічнае, казённае сухасьці мала не афіцыйных адпісак. Дык-жа яно й вычулася папраўдзе, і фактычна-ж толькі й хадзіла — праверыць і пераканацца навочна. Цяпер, здаецца, усё ясна. Застаецца толькі, прыехаўшы, спакойненька вылажыць усё ў лісьце і, бадай, канцы. Будзе прынамся лягчэй, чымся ашуквацца далей, лягчэй, як-бы ня было й балюча пры гэтым. Толькі хто ён той, дзеля каго гэтая зьмена? Можа сам Міколка — самы найлепшы, дасконны сябра? Не, баржджэй за ўсё гэны, чорны. Такі прыкры, агідны яму заўсёды псыхалёгічны тып “сэрцаеда”, а на самай рэчы — чысьцюткае вады “блатняка”. Ну, але-ж дзяўчаты ў бальшыні сваёй, здаецца, ахвочыя ліпнуць якраз на гэткіх, навет калі й ведаюць добра самі, што чакае іх такая-ж доля, як мухаў на гэтых папяровых істужках, што разьвешваюць Немцы ў хатах улетку. Дый ці такое ў гэтым ува ўсім ужо дзіва? Зусім прыродна, калі ростань такая даўгая й далёкая.

А цяпер будзе яшчэ і поўная. Поўная ростань і поўная адзінота. Яно й лепш, што поўная. Няпоўная заўсёды карціць, цягне ў гэткія вось непатрэбныя й рызыкоўныя падарожжы. І тут, ля вакна, таксама лепш, што на адзіноце. Там, у вагоне, было-б куды прыкрэй — усе-ж прыглядаліся-б і рабілі-б сваю “кантроль” угледлівымі і ўедлівымі нямецкімі вачыма. А хіба цяжка пазнаць? Навет гэтая вопратка — анцуг, што ўдружыла прыхільная “баворава” нявестка, добрая, такая малочна-мляўкая Эльза з пляча свайго мужа — цяпер жаўнера. Адразу выдае, што з чужога пляча, дарма, што зусім тутэйшы. Сядзіць на ім, мала не як на тым калку. Добра-б, каб займець собскі, зусім, на сябе шыты эўрапэйскі гарнітур — анцуг. Толькі што з таго? Навет і ў сваім анцугу не прабудзеш-жа ўвесь час зь людзьмі як рыба, змусяць-жа й разьзявіцца. А тут-жа незаўсёды навет і зразумець ухопіш, чаго заманулася таму ці іншаму гэру або фраў, ня кажучы ўжо, каб спраўна й гладка адказаць. Дый навет адзін акцэнт, вымова... А наверх, як кажнаму неспрактыкаванаму злачынцу — навіку, толькі й здаецца ўвесь час, што ўсе ўжо пазналі, ведаюць добра і толькі чакаюць на зручны мамэнт, каб выкрыць, выдаць, злавіць ненавіднага ўсім ім зладзюгу-аўслендэра, можа бандыта, прынамся — паразыта, што прыпхаўся знарок на іхны белы хлеб і аб’ядае бяз жалю й сумленьня, з горла выдзірае, аддзірае ад скупых і так іхных карткавых “абшнітаў”. Бо ня бачыць і ня хоча бачыць ніхто, як робіцца ім-жа гэты агорклы чужы хлеб, робіцца запраўды ў поце аблічча...

Не, не пабыць доўга й тут самому на адзіноце. Вось прэцца — і чаго?.. ды якраз да вакна, да ягонага вакна, як-бы не магла застацца там, дзе была... Праўда, на такія вульгарныя вызначэньні не заслугоўвае ніяк гэтая дзяўчына — маладзенькае, далікатнае, эфэмэрнае проста стварэньне. І навет прыгожая. Яшчэ ўчора адназгодна прыйшлі зь Міколкам да выснаву, што Немак прыгожых няма. Дык хіба даводзіцца перагледзіць прысуд? Ну, выняткі-ж бываюць заўсёды і ўсюды. Запраўды, вельмі прыгожая, навет бездакорна прыгожая, тонка, далікатна-квола і пры тым неяк сарамяжа прыгожая. І на твары, ва вуснах ніякага маляваньня: маладосьць і хараство не патрабуюць ані паправаў, ані ўдасканаленьняў, толькі дурная нясмачніна можа дапусьціцца да гэтага. А тут-жа чыстая Афрадыта, вось-вось із шумавіньня морскага народжаная, Афрадыта ў дзявоцтве, не — лепш — Афрадыта гімназісткаю. Бо пэўна-ж яшчэ вучаніца, хоць-бы сабе й апошніх клясаў. Пад гэтым на ўсе гузікі зашпіленым плашчом вычуваецца бранзовы форменны хвартушок, бо толькі ён пасаваў-бы да гэтага глухога каўнерыка ледзь не пад бараду, што відаць знад плашчовага каўняра. На тонкіх пальцах абедзьвюх рук, што зачапіліся за бераг неапушчанага да канца вакна — ніякіх пярсьцёнкаў: яшчэ не заручаная і можа навет не каханка. Пэўна, дрыжоная дачушка старэнькіх таты й мамы — фаті унд муті, якіх-небудзь дробных крамнікаў у сярэднявечным гатычным мястэчку... Ну, але-ж ня выпадае так доўга й пільна разглядаць усупор ды вывучаць, рабіць тую-ж “контроле вачыма”, ад якое тут сам хаваецца. І небясьпечна навет... Наагул, ці ня лепш пашукаць зусім вольнага вакна ў нейкім іншым вагоне?

...Ці ёсьць у яго агонь? Агонь то ёсьць... Вось табе і “Афрадыта-гімназістка” — адразу разьбіваецца, гасьне з гэтым “агнём” адтвараны фантазіяй вобраз. Хоць гэтыя Немкі ўсе блізу кураць, ад дзяўчатаў таксама, і да гэтага ўжо тут прывыклася. Гэта толькі дома калісь нек аж ніякава было бачыць жанчыну, дзяўчыну пагатоў курачы. Толькі адкуль яны бяруць? Гэтая-ж мусіць, паводля гадоў, яшчэ й на куртатую жаноцкую раўхэркарту, на собскую, правоў ня мае. А зацягваецца, як сталы курэц. І яе гэта навет ані ня псуе: пэўна-ж, прыгожай — усё прыгожа. Далікатны дымок добрае, даваеннае мусіць яшчэ цыгарэты дражліва казыча ягоны нюх. Сяньня і з гэтым ізноў ані не пашанцавала. На гэнай дурной і глухой станцыі — хоць-бы адзін канчар — “бычок”. Гнілая правінцыя. А што — набрацца нахабства раптам і бахнуць, каб пакінула, хоць “сорак”?

Адно, што ў ейнай мове ня знойдзеш такіх спэцыфічных і выразьлівых тэрмінаў напоў “блатных”. Хіба было-б — “фірцыг”, ці можа “оксляйн”? Бітэ, лясэн зі... Сьмех!..

А ткі праўда мусіць, што думкі могуць перадавацца наводдаль, як праз радыё. Асабліва — думкі курца курцу. Хоць тут баржджэй простая, звычайная павіннасьць узаемнай ветласьці. Але, ён курыць, ды — шчыра дзякуе: ня стала-б у яго сумленьня эксплёатаваць чужую ветлівасьць ды рабаваць людзей, асабліва цяпер, калі з гэтым так “кнап” і асабліва тут, у дарозе. Зусім ня так “кнап”, як ён можа думае, а што ў дарозе, дык у дарозе-ж усё прасьцей і лягчэй, у дарозе зусім няма патрэбы саромецца й далікаціцца. — А ёй гэта якраз падарунак на дарогу. Няхай-жа ён возьме — “нээмен зі дох”. І як тут было ўстояць перад гэтым намагальным нямецкім “дох”, дый праўда — чаго так ужо далікаціцца? То пра “сорак” думаў “бахнуць нахабствам”, а цяпер, ад цэлых ад “сту” адмаўляцца?

Пакручастым дымком дзьвюх цыгарэтаў павілася й перавілася гаворка. Лёгкая ад пачатку, як гэты дымок. А зь ёю адразу пачало гаварыцца гэтак лёгка, як із сваёй і даўна знаёмай. Пэўна-ж, прыгожай — ня толькі ўсё прыгожа, але і ўсё лёгка. І ён зусім няўзнак сабе самому неўзабаве ўцягнуўся, і ад звычайных аднаскладовых мармытаньняў пацьвярджальнага ці адмоўнага характару пачаў удавацца аж у шчырэйшыя й даўжэйшыя выказаньні, ды навет зусім гладка, зрэдку толькі ўдала і ўмела ўспамаганы ейнымі трапнымі ўстаўкамі. Гэта ўжо ня так цяжка — вольна гаварыць панямецку, навет зь ягонай моваю. Трэба толькі адкінуць зусім той “страх мовы”. А галоўнае — каб было зь кім гаварыць. Дый тое ўсё, што яна гаварыла, — разумелася таксама адразу й дарэшты. Праўда, і яна як-бы старалася тарнавацца да ягонага разуменьня, дабіраць словы, быць асабліва дабітнай. Ну, але й наагул лягчэй разумець, калі чалавек гаворыць добрай інтэлігэнтнай, літаратурнай мовай, а не якім-небудзь паганым дыялектам, як гэныя “баворы”...

...Прыгожыя мясьціны, ці-ж няпраўда — ніхт ваар? Ці ёсьць такія на ягонай бацькаўшчыне? О, так, гэта-ж адразу пазнаецца, што ён нятутэйшы. З усходу? Яна й сама так падумала адразу-ж. (Вось бачыш! Ну, але-ж хіба дарма — гэта-ж ніякае не... “крымінальполіцай, контроле”!). На ўсходзе, яна чула, таксама ёсьць вельмі прыгожыя куткі... Ці няма ў яе на ўсходзе каго... каго блізкога? На экране ягонай сьведамасьці, дзесь на заднім пляне і зь нейкім прыкрым адценьням — (зайздроства? І ўжо?) — мільганула выляксаваная постаць завадзкога “арыйца”, нейкага лейтэнанта ці як... І шле ёй лісты пра “прыгожыя куткі ўсходу”, як той гаспадароў Ганс сваёй малочна-мляўкай Эльзе... (Але-ж на пальцах няма пярсьцёнкаў, сам зацеміў адразу-ж...) — Ці ёсьць у яе хто на ўсходзе? І так, і не... Не, цяпер няма. (Аж адлягло неяк, і зьнік з экрану той франт-лейтэнант? Гэта-ж зусім, як у яго самога — цяпер няма. “Родныя душы”?) Ды хто цяперашнім часам ня ведае, ня чуў аб усходзе?

Але, ягоная бацькаўшчына прыгожая. Ды часам зусім-зусім падобная да таго, як тут. Часта — у лесе асабліва — яму здаецца, што ён у сябе дома. Праўда, часта тут бывае яшчэ прыгажэй, як дома, толькі што чужое... — Вось гэта й ня добра — чужое ня можа быць прыгожым, сваё заўсёды найпрыгажэйшае. Ну не, ён із гэтым ня можа пагадзіцца. Вось прыкладам, яна сама... (Адкуль толькі бярэцца гэтае... нахабства?). Ён шчыра мусіць сказаць, што ня бачыў яе, думаў, што зусім няма прыгожых сярод Немак (ну й цяў!). А цяпер ён гатовы прызнаць, што й на бацькаўшчыне ягонай ці знайшлася-б ёй роўная... (Вой-вой! Ну й панёс! Адкуль толькі бярэцца? Дурань, дурань, бот, боўдзіла, “ост” няшчасны!).

Яна засьмяялася, дзякуючы за камплімэнт. Не, ні засаромелася — гэта адразу здалася толькі была сарамяжнай і гімназісткаю. Мусіць, ужо прывыкшы. Каб ведаў — быў у яе адзін знаёмы, навет больш — сябра маленства... Яна абнізіла голас — айн юдэ, Жыд. Дык жаліўся ёй, як даймаюць глыбака яго камплімэнтамі, што ён непадобны да Жыда... — Але, але, ён і сам добра знае гэта на сабе: яму таксама часта спрабуюць лісьціць тым, што непадобны да “ўсходніка” (гэта, каб і яна ведала — цэлая праблема ў іх, “на ўсходзе”: падзел на “заходнікаў” і “ўсходнікаў”...). Толькі ён зусім не хацеў так... (дурань, бот). Не, і яна нічога... На нямецкіх жанчынаў і яна нявысокіх паглядаў. А што да яе асабіста, дык ейная р а с а в а я г о р д а с ь ц ь (падчыркнена) завысокая, каб яе можна было даткнуць зграбным ці нязграбным “камплімэнтам”...

Гаворка абарвалася прыкрымі яму моўчкамі. Здаецца, зарабіў. Ужо й да “расавае гордасьці” дайшло — шануйся, хлопча! А так было ўсё добра — цяпер пакрыўдзілася, пэўна. Ну але — назад у вагон... няхай ён выбачыць на часінку...

Дудачкі, “на часінку” — так ужо яе, мусіць, і бачылі... Выбачэньне-ж толькі звычайная ветласьць, павінасьць ветласьці... Усё папсаваў, сам папсаваў, ідыёта кусок! А як шкода... Якая цікавая і, відаць, глыбокая дзяўчына, ня толькі адно, што прыгожая...

Не, ткі варочаецца назад, толькі ледзь плішчачы вялізны нямецкі сутнік — кофэр. Ну, куды гэта варта, хіба ня мог ён? — Не, дзякуй, яна звыкла заўсёды сама сабе даваць рады. (Зазлавалася ткі?).

Ёй ужо высядаць на наступнай станцыі? О, не, яшчэ далёка-далёка... А кофэр — праўда, усе свае рэчы — яна прынесла, каб можна было сесьці. На ім так добра й выгадна сядзіцца, будзе й яму месца. Ну, хіба ён паважыцца цясьніць? Але тое самае намагальнае, “дох” пасадзіла поплеч зь ёю, у зусім-зусім цеснай блізіні, што адразу моцным хмелем дала ў голаў. Яна пэўна злуецца на яго, на дурнога? О не, ані. Не, проста ёй заўсёды вельмі прыкра, калі сваё паніжаюць перад чужым. І ён не павінен гэтага рабіць ні перад ёй, ні наагул. Добра?

Гаворка ўзыйшла зноў на ранейшыя рэйкі нязмушанасьці й шчырасьці. О, як умее яна цягнуць за язык, разьвязваць язык, і то зусім няўзнак. І ён выкладаў перад ёй ужо ўсё-ўсё, і пра бацькаўшчыну, і пра сябе. Пра тых... катаў. Яна чула таксама й чытала. Яна верыць, што гэта — зусім не разьдзьмутая прапаганда, як думае шмат хто з тых, што не перажылі самі. Няхай будзе пэўная — гэта яшчэ далёка ня ўсё гаворыцца й пішацца, ніякая не прапаганда. Але цяпер ужо ён разважліва спыніўся перад тым, каб не закрануць і ўсяго, што рабілі й чаго не рабілі там, “на ўсходзе”, і мала лепшыя ейныя суродзічы... Няхай, лепш не чапаць гэных пытаньняў, “расавых”, а з другога боку —блізкіх і да абсягу “крымінальполіцай”... (Усё можа быць, трэба быць пільным з усякім. І так за гэтай зюканінай зусім забыўся на гэную небясьпеку й кінуў сачыць. Можа ўліпнуць зусім, як рудая мыш... Хіба, што, яна тут, як анел-ахоўнік...).

Дык проста перайшлі на жудасьці вайны й фронту — хто гэтага ня чуў цяпер, хоць і сам можа не заўсёды бачыў? Жудасна, фурхтбар... Дый як ня бачыў? Калі-ж цяпер і тут фронт, усюды фронт. Калі-ж і цяперака во, якга, можа гакнуць і заскавытаць трывога — алярм, люфтгэфар, люфтангрыф... Праўда, што апошнімі днямі неяк сьцішылася, нат на Бэрлін каторы дзень не наляталі — пярэдых. Адпачываюць пэўна, рыхтуюцца да новых навалаў... Толькі над гэтым ня варта лішне сушыць мазгі — алярм на тое й алярм, каб ім загадзя не галовіліся, а адразу, як па галаве... І яму таксама не хацелася алярму, ані так якога-небудзь найменшага закалоту ці замарокі ў мілай такой гаворцы. Дык і ўзгаварылася пра мілае, аж пра інтымнае навет... Нек само сабой вывязалася й пра гэтае падарожжа... Ага, дык вось чаму і яна яму ўспала адразу на вока, што такая ўжо прыгожая (а ткі згадала мусіць, шэльма!). Ну-ну, няхай ён не правуецца й не саромеецца, гэта яна так, жартуе (таксама сьмела, халера!). А тая яшчэ можа адумацца, ягоная сяброўка, адумацца й зьвярнуцца назад да яго. Гэта часта бывае. Пэўна, трэба выявіць цьвёрдасьць, але й захаваць сваю вернасьць, каб умець і памякчэць, калі-б надыйшоў мамэнт. Калі толькі ён запраўды кахае. Кахаў? Гэта ўжо горш. Кахаў — гэта ўсяроўна, што й не кахаў. Няма таго, што ўжо мінулася. Ёсьць толькі тое, што ёсьць сяньня і што — поўная гарантыя — ня мінецца заўтра...

Сядзелі на кофэры поплеч, уставалі й стаялі ля вакна, таксама поплеч-цясьнютка, ізноў сядалі. І гэта ўжо неяк было так, як і трэба. П’яніла, праўда, і час-часом мацней давала ў голаў. Гаварылі ўвесь час і таксама ўвесь час курылі. Яна й гаварыла найбольш курачы, як-бы праганяла дымам словы ці словамі дым. Курыла часта, блізу бязупынна і ўсё частавала яго. Ужо й не адмаўляўся, хоць даўно, а мо й ніколі так шмат ня курыў, і гэта, разам зь ёйнай блізінёю, узбуджала яшчэ больш (балазе, хоць, што нямецкія цыгарэты, навет добрыя даваенныя, не такія моцныя). Якімі аднак сібернымі курцамі бываюць гэтыя Немкі, і такія яшчэ маладыя! Праўда, яна пакідала вялікія канчары — “бычкі”, але што-ж, калі ўсё — за вакно... Ну, гэта цяпер ужо невялікая сьмеласьць ці нахабства будзе скарыстаць із гэтага: вось, у яго ёсьць адмысловая пушачка, дык чымся выкідаць гэтулькі дабра за вакно...

Сьмяялася доўга й шчыра, дакляравала здаваць яму акуратна ўсе недакуркі ў пушачку. Дык ужо давялося прызнацца, як адразу хацеў папрасіць “сорак”. Ну й чаму гэтак не зрабіў — куды гладзейшым быў-бы пачатак, заўсёды лепш, калі першую ініцыятыву выяўляе не дзяўчына... Не, а што да гэтага, дык звычайна яна ня курыць так шмат, хоць і праўда, гэта адно зь ейных... захапленьняў, ці што, і то яшчэ бадай адмалку, калі з гэным сябром маленства... Звычайна ўсё-ж курыцца менш, не таму, каб цяжка было з даставаньнем — ані не, ёй гэта зусім лёгка (так, і ён у гэта верыць, што ёй усё лёгка) — не, наагул лёгка ня толькі ёй, а кажнай дзяўчыне, адно ўмеючы, дастаць што хаця, ня толькі цыгарэты, і навет цяперашнім часам, дый то — нічым ня рызыкуючы й не авансуючыся... Трэба толькі ўмець. Ну, а што ў дарозе — дык-жа заўсёды, як у дарозе, адны — і гэта найбольш — бязупынна ядуць, як ніколі дома, іншыя — зноў — кураць. А яна-ж казала ўжо, што гэтыя цыгарэты ёй падаравалі добрыя людзі якраз на дарогу, дык значыцца, за дарогу іх і спажыць трэба.

Стаялі цяпер ізноў ля вакна, за якім ужо западала цёплая жнівенская ноч. Пакацілася зьнічка на ня зусім яшчэ сьцямнелым, а ўжо пакрысе зорным небе. Як прыгожа, ніхт ваар? Вось яшчэ, колькі разам. Гэта-ж цяпер якраз жнівень, канец жніўня, калі яны ападаюць цэлымі дажджамі. Хіба гэтыя зьнічкі не падобныя да нас — людзей, не — ніхт? — Але, у ваднаго паэты ягонае бацькаўшчыны ёсьць прыгожы вершык аб гэтым. Ці ня можа ён успомніць і працытаваць ёй хоць крышку? Яна хацела-б толькі паслухаць, як гучыць ягоная родная мова. Калі ласка, з прыемнасьцяй. І ён прачытаў ёй Багдановічава “Глянь, як зорка у цемню ляціць” — знаў-жа паэту мала не ўсяго напамяць, як і іншых некаторых, улюблёных. Ёй падабаецца — так мілагучна (камплімэнт хіба?). Ёй навет здаецца, што яна разумее — не, вычувае тое, аб чым тут хацеў сказаць паэта. І яна — бадай з дакладнасьцяй, а ў галоўным, прынамся, зусім беспамыльна — перадала настрой і навет думку верша. Ну, ці-ж не... д’ябліца, ці-ж няпраўда?

Ці-ж няпраўда — ніхт ваар — як лёгка можна разумець чужую мову навет ня ведаючы яе, калі толькі добра разумееш чалавека? Так-так, і ён-жа вельмі добра разумее яе, хоць і зь нямецкаю моваю ў яго, папраўдзе, зусім няцікава... О не, не, зусім ня так блага, ніхт зо шлім — гэта толькі лішняя сьціпласьць. А наагул, яны ўжо, здаецца, так добра разумеюць адно аднаго, быццам даўныя й добрыя знаёмыя. А хіба не — хіба ня добрыя знаёмыя? Але, ды толькі-ж на час, на кароткі час, як тыя зьнічкі... А што ёсьць вечнага на сьвеце? Ну, усёткі... Праўда, ёсьць спосаб мець хоць нейкі працяг знаёмства. Што, як, — што ён мае наўвеце? Вельмі просты спосаб — лісты. А, гэта можна, навет цікава часам, трэба толькі зараз-жа зьмяняцца на адрасы. Якраз добра — цягнік так дарэчы спыніўся, як ведаў, проста ля гэтага ліхтара, трэба толькі выкарыстаць баржджэй. Вось — зараз — лісток зь ейнага нотэсу, няхай ён запіша тут свой адрыс, а яна яму дасьць свой. Гэ, ліханька, літары скачуць, хоць цягнік стаіць — ускруціла дзяўчына. Вось, ягоны гатовы. Яна-ж яшчэ піша — хіба такі даўгі адрыс? Не, нешта яшчэ — толькі што? Ну вось, яна сама толькі ўложыць яму ў кішэньку, і каб ня важыўся чапаць, аж пакуль не расстануцца сяньня — ці чуе ён — гэрэн зі? — Дох... — у яго не намагальнае, а толькі слаба пярэчлівае “дох”. Не, не, толькі так. І ўжо ня доўга давядзецца яму чакаць. Дый там-жа няма нічога такога, што-б магло карцець — адзін звычайнюсенькі адрыс, праўда-ж. Гэта проста ейная прыхамаць, няхай сабе капрыс, каб ня чытаць цяпер і тут, пры ёй, і ён мусіць слухацца, калі хоча, каб быў той “працяг знаёмства”.

Цягнік адыйшоў далей у ноч пасьля кароткае спынкі пад тым ліхтаром на нейкай станцыі, клумлівай — мусіць, вялікай. Ліхтар ужо прапусьціў іх і толькі міргаў яшчэ здалёку. Ды нек ня слухалася зусім, што апавядала яна пра свае нядаўныя школьныя гады — таксама сьветлыя зьнічкі на цёмным цяпер небе... Не, яна ўжо ня гімназістка, як ён быў падумаў адразу, але, праўда, школа ў яе яшчэ толькі-толькі за плячыма, мілая школа... А яму ўсё муляў і аж пёк у грудзі той “адрыс” у кішэньцы. Што там? Словы прызнаньня, надзеі, будучыні — ці насьмешка над прастарэкам, што зазнаўся — зарваўся вышэй, як прыстала? І адкуль яна ўмее так баламуціць, інтрыгаваць, гэтая — не Афрадыта, не сама д’ябліца, д’ябальска прыгожае й спрытнае чарцянё... І адкуль такая сіла загаду?

На гэнай станцыі пад ліхтаром, аказваецца, налезла шмат народу, напхнулася навет і ў іхны прыдзельчык — за тым сьпешным пісаньнем не спакмелася толькі. Цяпер іх добра прыціснулі да вакна, хоць між іх дваіх і без таго было цесна, і ці магло ўжо быць цясьней за гэтае цеснае... Вось, яна мусіць нарэшце абвесьціць яму ўрачыста — сумнае ці радаснае, хто яго ведае: ёй ужо высядаць на наступнай станцыі... Яны закураць яшчэ апошні раз. Вось цыгарыльля, разрэжацца напалам, каб і ўсё ў іх ішло напалам, праўда? А што, ён-жа казаў, што абкурыць яе? Не, ёсьць яшчэ і тыя, але гэта знарок — дзеля ўрачыстасьці мамэнту, на расстаньне — цыгарыльля. Яна курыць і цыгары, калі здараецца, наагул усё, што пападзя. Ёсьць навет і люлечка — айн пфайфхен, толькі дома. Ён ніколі ня бачыў, каб дзяўчына курыла... Дык-жа і яе ня вельмі хто бачыць із гэтым — гэта бывае толькі зрэдку, пад настрой, і калі зусім сама адна... Наагул, у яе такая павадэнцыя ў кажнай справе — ня спыняцца на аматарсьцьве, а імкнуцца як мага да стану прафэсіянала, усебакова кваліфікаванага. Чаго ён сьмяецца? Хіба курыць — гэта прафэсія? Усё на сьвеце можа быць прафэсіяй — так, так, мой хлопчыку, (адкуль раптам гэты... матчын тон? Ці не... засмаркатая была-б? Але чаму яшчэ цяплей ад яго, як запраўды ад матчыных пешчаў...)

Так, так, мой хлопчыку, — зо, зо, майн юнгэ — усё можа быць прафэсіяй, навет і само жыць, навет і... Ды ведама-ж... Лепш было-б наагул цяпер памаўчаць крыху, як і трэба заўсёды перад расстаньнем. Заўсёды, бо маўчыцца і тады, калі трэба шмат сказаць, а няможна ўжо сказаць усяго, і няма ведама, што сказаць, а што не — усё аднолькава важнае... Але, ейная праўда, няхай памаўчыцца...

Ой, — няхай ён выбачыць, яна зусім забылася — дый ён выстрымнуў сам, каштоўны такі недакурак, стрымнуў у ноч агністаю дугавінай, рассыпаючы іскры... Таксама — зьнічкі...

І раптам — у загуслай ужо цемры гэтага зусім нельга было пабачыць і прадбачыць — ейныя вусны прыціскаліся на мамэнт да ягоных, не, ня прыціскаліся — прыпячаталіся, як нешта мэталічнае і сьцюдзёнае, а сьцюдзёнасьцяй сваёй такое пякучае, як пячэцца ўзімку, вялікім марозам, настыглае зялеза клямкі, калі ўзяцца голай і цёплай рукою... Гэта было так неспадзявана, але разам із тым як-бы і ўрыхтавана, так, урыхтавана ўсім папярэдяім ходам нутранога развою пачуцьця, што — не магло ня быць. Не магло ня быць, бо й ягоныя вусны — хоць быў толькі адзін, такі кароткі мамэнт — ухапілі адказаць нек зусім аўтаматычна, рэфлекторна, бязвольна, ад самога яго зусім незалежна. Аднак, якія ліпучыя гэтыя Немкі — адразу; зрэшта, гэта агульна ведама... Толькі, што ня зусім так, як нашыя — мухамі на ліпкія істужкі... І якая д’ябальская рызыка — гэта-ж поўна народу...

Што, хлопчык, спалохаўся? І няма чаго зусім хмыліцца назад — ніхто больш ня мог ані пабачыць, ані пачуць. Фэрдункэлюнг — зацямненьне — лепшая ахова ад усякіх няпрыемнасьцяў, ня толькі з паветра, асабліва, калі яно праведзенае так гэніяльна-проста і ўнівэрсальна, як тут — зусім ніякага сьвятла. А цягніковы грукат — глушыць і ня гэта... Но-но, няхай толькі больш не тапырыць губкі (гэта няпраўда! І ўжо занадта! Адкуль-бы й магла тут пабачыць!): больш ня будзе. Толькі адзін і адзіны... Пацалунак мае найбольшую вартасьць, калі ён адзін і адзіны. Праўда, можа разам із тым — і найменшую, як наагул адзінка ў сьцягу натуральных лікаў (так, яна закаханая і ў матэматыку...). Бо за адным няма яшчэ ніякіх забавязаньняў і ніякіх вязяў, яны прыходзяць толькі за наступнымі. Адзін — як той недакурак-канчар, што стрымнуў у ноч зьнічкаю, як сама тая зьнічка...

Але, зьнічка. Бо хіба ня зьнічка гэта, калі жаўнер, забегшыся ў хату пры дарозе напіцца вады і хапаючыся, каб не адбіцца ад свае калёны, насьпех заадно цалуе й дзяўчыну, што напаіла, дзяўчыну, якую бачыць упяршыню (дый ці добра бачаць адзін аднаго ў цёмных сеначках?) І — ніколі больш не пабачыць? І яна заўсёды адкажа яму, гэтая дзяўчына, калі толькі яна — запраўды дзяўчына. І можа гэта найбольшае шчасьце на сьвеце — перажываць зьнічкі і, наагул, быць зьнічкаю... Найбольшае шчасьце навет тады, калі-б і было найбольшым няшчасьцем адначасна... Гэтак павінна быць і ў іх...

Як-жа — а “працяг знаёмства”? Но-но, рукі прэч-вэг! — ад кішэнькі, няслухмянае якое хлапчанё — яшчэ не пара! Дый што можа вычытаць у гэткай цемры? Што-ж, “працяг знаёмства” — лісты... “Белае поле, чорнае насеньне”... А пацалункі ў лістох — што-ж больш, як не звычайнюсенькая формула, зацяганы штамп, традыцыйны сымбаль бяз жывога, рэальнага зьместу й значаньня. “Цалую моцна, дасконна твой”... Ха-ха, “дасконна”, калі толькі — зьнічкі...

Ну вось, і зусім пад’яжджаецца. Няхай ён будзе такім ласкавым і падасьць ёй гэты кофэр праз вакно, а то зь ім цяпер не праціснуцца празь людзей, а спынка тут такая кароткая — добра? Ейная далонь спрытна высьлізнула зь ягонай, і толькі тут дайшло, што дагэтуль, і няма ведама, як доўга ўжо, была яна там і ў моцным узаемным сьціску. Так-жа сьлізнула й сама гаспадыня далоні, завілася, як вужака, борзьдзенька й ёмка манэўруючы да выхаду, аж пакуль можна было сачыць у крыху разьведзенай вобліскам станцыі паўцемні (...як гэта трапна ў іх мове — шлянк і шлянгэ, стройная і — зьмяя...).

Галё, ейны кофэр? Ага, вось ён (сама памалу тут із сваймі лянгзамамі, калі штурхнулася каторага крышку!). Ну й праўда, як волава — бедная дзяўчына, і што ў яе там? Ужо яна трымае? Вялікі дзякуй! Да пабачаньня! Да пабачаньня зноў — аўфвідэршаўэн! (што за іронія — якое-ж “ізноў”, калі — зьнічка?).

Ня пераймае яе ніхто, стаіць на пэроне сама і ўсьміхаецца яму — хоча яшчэ прапусьціць да канца, працягнуць зьнічкавы сьлед хіба?... Цягнік ужо няўзнак аддаў, адплываць пачынае пэрон пакрысе назад, і яна, вось-вось — і па зьнічцы...

І раптам — пахопіста ірвануўшы па ўсіх гузіках, расхрыстала плашч. Там — не, ня гімназічны хвартушок, як зманулася было напачатку, а пад левай грудзінай, мала не пад пахай, ды — адразу сьляпіцаю ў вочы — вялікімі літарамі, белым на сінім — “ОСТ”!

Дык вось нарэшце калі — запраўды — Афрадыта. Вось нарэшце калі запраўды нарадзілася, выйшла з морскага шумавіньня... — з “остам” на грудзёх... Расхрыстаная й выпрастаная, із скульптурным аж рухам узьнятае для апошняга адвітаньня рукі, зь пераможным, трыумфальным бліскам уваччу, такім самым мэталічным і сьцюдзёным, ды пякучым, якім быў той пацалунак. Афрадыта з “остам”, Афрадыта — “Ост”.

Ашаламанеў зусім, толькі талопіўся нязьмігутна ў вадплываючае, аж пакуль ня сталася зноў пуста й цёмна перад вачыма. Толькі прад зрокам душы, нутраным, стаяла ўсё на ўвесь рост, новы рост — такой, пэўна-ж, і застанецца там назаўсёды, такой і будзе ўсплываць — вынураць адтуль пасьля, каб верадзіць і трывожыць, ці — можа й так — гаіць, супакойваць, лагодзіць...

...Не, дык хто-ж гэта? Як гэта? — пачынае ўжо сьвідраваць, калі атрасалася пакрысе першае ашаламаненьне. Як гэта? Гэта-ж трэба было гэтак доўга дурыць і задурыць, надзіць і любіць, так разыйграць, каб нарэшце — “ост”!

Вось табе й разьбярыся цяпер: Афрадыта-“Ост”. Не, яшчэ-ж ня ўсё — яшчэ-ж ёсьць гэны “адрыс”, цяпер ужо можна. Цьфу, — пырхнула за вакно гэтая дурнецкая хустачка “на выпуск” із кішэнькі — ліха і зь ёй, абы “адрыс” у жмені. Толькі-ж як прачытаць, калі — хоць вока выкаль. Ага, запальнічка! Ды ня выкрасаецца ніяк — ці то, што рукі трымцяць, ці высякла бэнзына — сяньня-ж пабыла ў рабоце. Во й зусім ня крэсіць нат іскраў — хоць і яе за вакно!

Няма рады — “цярплівасьці, хлопчыку, гэдульд”, як сказала-б яна. Застаецца толькі ліхтар, які-небудзь такі, пры якім і пісалася. Чахаць на яго. Толькі баржджэй, баржджэй!

Выхінуўся больш у вакно, ледзь не пераважыўся, і ўсе думкі сусярэдзіліся на адным: ліхтар. Ліхтар. Доўга ці не — здалося, ведама, ліха колькі — цэлую вечнасьць узіраўся напружана праз наганяныя рвучкім ветрам ад руху цягніка сьлёзы. На даляглядзе сыпанулі зноў вялікім дажджом зьнічкі, жнівенскія зьнічкі. Ага, вось-вось будзе і ён, ліхтар, ліхтарык, толькі-ж далёка як ад палатна чыгункі і такі сьляпы, прыдушаны да зямлі дашком таго халернага фэрдункэлюнгу. Не, нічога не ўхапіў. Ды, балазе, зараз насунецца другі — іх цэлы цуг маячыць адзін за адным паўз чыгунку — відаць, тут нейкі вялікі “бэтрыб” — хвабрыкі... Ага, ну во, лавіць!

Так і ёсьць, роўненькая, каліграфічная навет кірыліца (цяпер ужо — ніякая неспадзеўка):

“Я — толькі жнівенская зьнічка (ну але...). Мой адрыс — прасторы сусьвету (так — лаві вецер у полі). А Немак прыгожых так-такі няма й ня бывае (пэўна-ж, калі — “ост”... Праехаў ліхтар, чакаць наступнага! Ага!) І няма — не павінна быць прыгожай Нямеччыны і нічога прыгожага, што не сваё. Бо ня бывае нічога лягчэй, як (чакай, Пятрок, Пятра, наступнага ліхтара... Ну:) паддацца і зрадзіць. А ў гэтым няма ўжо звароту, як тэй зьнічцы ў сусьветных прастор...”

(“ах” ужо не ўмясьцілася, ці абарвалася пры выдзіраньні з нотэсу).

Вось і ўсё, і ня трэба больш ліхтароў.

Ах, — не ўмясьцілася... Абарвалася — ах... І ня трэба больш ліхтароў, толькі зьнічкі, дождж зьнічак, жнівенскіх зьнічак... Лаві вецер у полі!

А было-ж яно — цёплае — поплеч, і на вуснах было — мэталічна-сьцюдзёнае, а пякучае сьцюдзёнасьцяй настыглага зялеза... Было — сваё, а не пазналася, аж пакуль — “ост”... І цяпер — навек — толькі зьнічкаю.

Дзівашто і так лёгка было разумець, гаварыць панямецку. Дзівашто і Багдановіча так — блізу пераклала. Дзівашто і магла так дурыць, абдурыць, разыйграць. “Прыгожая Немка”. “Афрадыта гімназісткаю” і ”Афрадыта — Ост”. І д’ябліца (чаму гэтага было ёй не сказаць — пра д’ябліцу і... Афрадыту?), д’ябальска-прыгожае й спрытнае чарцянё — ах!.. Не ўмясьцілася “ах”, абарвалася “ах”...

І цяпер — навек — загадкаю. Бо ці-ж не загадка — і гэтак, бездакорная ўсё-ж, як для каго, сымуляцыя Нямеччыны, і інтэлігентнасьць, ня толькі ў вонкавым (аж да эфэмэрнасьці), а запраўдная, нутраная. І маладжавасьць, гімназічнасьць пры такіх сталых абагульненьнях жыцьцёвае мудрасьці (і практыкі?), і матчын тон — “мой хлопчыку”... І вопратка (мінус “ост”, дый той — пад плашчом да апошняга мамэнту), і гэты нямецкі кофэр, цяжкі, як волава (а што ў ім?).

А “расавая гордасьць” — адкуль? (Ну, гэтую хіба пераадрасаваць можна на “остаўскі” адрыс — рэакцыя). А гэта што: “усё на сьвеце — прафэсія, навет і... ведама-ж...” Прафэсія... “зьнічкі”, “усебакова кваліфікаванае”? А гэта адкуль: “найлягчэй — паддацца і зрадзіць” — ці ня з... собскае практыкі толькі? Так, д’ябліца — “зьнічка”... Закруціла, накруціла, замяла й пакінула — з носам, з “ост”-ам і “адрысам” у “сусьветных прасторах”...

...Цягнік чамусьці доўга стаяў на нейкай маленькай станцыі. Вакно — якраз супраць лесу. Дзесь па дарозе вытрасьліся памаленьку ўсе з прыдзелу, ля вакна — ізноў зусім адзін.

Пачало разьвідняць, ясьнела пакрысе і ў прыкрасьці думак. І вывіднела такое простае й жыцьцёвае, гледзячы на сьцежку ў лесе:

Усё звычайна і ўсё так проста,
Навет дзіву даешся часам.
То спатканьне, то раптам — ростань,
Бачыш — сьцежка ізноў завілася...

Усё звычайна і ўсё так проста, як гэтыя словы ўлюбёнага паэты. Звычайны і просты й гэты лісток з нотэсу, калі паглядзець на яго простымі вачыма ў досьветным разьвідненьні (перачытаць яшчэ раз). Так, што тут такога, і чаго, і на каго верадаваць? Разгладзіць, злажыць акуратненька і — схаваць. Ага, яшчэ-ж ёсьць... сьмеху варта: канчары — “бычкі” ў пушачцы. Не, які тут сьмех, і гэта — у музэй, у паноптыкум успамінаў (як гэта завецца: сувэніры? амулеты? рэліквіі?). Ніякага сьмеху: тут-жа былі, прыкладаліся тыя самыя вусны — мэталічна-сьцюдзёныя...

Колькі іх тут? Палічыць. Толькі ўжо не разьбярэшся, каторыя ягоныя, каторыя ейныя (большыя, хіба). Няхай, усе разам. Трынаццаць. Ізноў дрэнь — чортаў лік...

Ага, стой: у яе-ж ёсьць — сам напісаў — ягоны адрыс? Можа напіша сама? Можа?

Чмыхнуў паравоз, выразна ня верачы ў гэтае “можа”. Доўга й далёка несла панад вяршалінамі дрэваў ягоны гук лясное рэха перадсьвітальнае цішы. І ці ад яго, ці ўжо ад пары, пачалі будзіцца й будзіць гэтую цішу першыя птушкі. Вось зараз прахопіцца там дзесь у нетры й пакрые ўсё сваім звонкім голасам якая-небудзь зязюля.

Можа, зязюлька, можа?

А ну, “Ку-ку, ку-ку!” Але — “куку з макам”! Адкуль табе ў жніўні абазьвецца зязюля? І яна-ж ужо ў зьнічках. А цікава, колькі накукавала-б? Можа так сама трынаццаць — чортаў лік?

Можа, зязюля, можа?

А разьвіднела ўсё больш і больш. Цяпер каб зьнічка — ужо-б і ня ўбачыў. Неба пустое ўраньні і ўдзень, якія тут зьнічкі. Неба пустое, усё — пустое...

Нехта стукнуў пальцам па плячуку. Ага, вось яно, ужо забытае: “крымінальполіцай, контроле”. І на блясе пад кляпаю — нумар: трынаццаць. Нарэшце. Што-ж — “няма лягчэй, як паддацца” — і што застаецца больш? Зьнічкай-жа ўжо — у сусьветных прасторах — анёл-ахоўнік.

Нехта, як тады, разьвітаўся на станцыі — “аўфвідэршаўэн”.

Ну няхай. Няхай сабе і крымінальполіцай, — цяпер. Бо было-ж усёткі было — аўфвідэршаўэн — да пабачаньня зноў — ізноў. Было — дык і будзе — ізноў!

Хоць і — у сусьветных прасторах.